«14 траўня 2004 году ў Капенгагене спадкаемец дацкай кароны Яго Каралеўская Высокасьць кронпрынц Фрэдэрык (Фрэдэрык Андрэ Хенрык Хрысьціян), старэйшы сын каралевы Даніі Маргарэт ІІ і прынца Хенрыка, ажаніўся з аўстралійкай Мэры Элізабэт Дональдсан. На ўрачыстасьці былі запрошаныя 800 ганаровых гасьцей з каралеўскіх дамоў і арыстакратычных сем’яў Еўропы. Вянчаліся Фрэдэрык і Мэры ў найстаражытным кафедральным соборы Капенгагену — храме Дзевы Марыі. У гонар шлюбу былі ўведзеныя ў зварот купюры наміналам у 20 і 200 крон і маркі з партрэтамі Маладых.
Па падліках эксьпертаў, кошт вясельных мерапрыемстваў склаў $35 млн. Апроч таго, дацкі парламент вырашыў, што Данія не найлепшым чынам выглядала б перад каралеўскімі дварамі Еўропы, калі б сям’я будучага караля перабівалася на $700 тыс., якія атрымліваў ён з дзяржаўнай казны да вясельля, і сума была павялічаная да $2,4 млн. штогод.
У дзень вянчаньня Аўгусьцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах дацкай сталіцы ў карэце да замку Амаліенборг, дзе віталі ўсіх прысутных з гаўбца палацу Хрысьціяна VІІ, а ўвечары разам з гасьцямі скіраваліся за горад у замак Фрэдэнсборг. Па дарозе ім махалі сьцяжкамі дзеці, апранутыя ў строі прынцыў і прынцэс. Казка пра Папялушку здавалася явай…
…Вясельле выглядала шыкоўным нават па каралеўскіх мерках, незадаволеныя ім засталіся хіба што бяздомныя Капенгагену. Яны «адкапалі» даўні закон, па якім у Даніі падчас каралеўскіх вясельляў для жабракоў таксама ладзіліся застольлі, але ўлады пасьпяшаліся назваць гэты закон анахранізмам».