У Мальма магазін ёсьць «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», па назьве раёну, дзе месьціцца, і ў гэтым магазіне яшчэ семдзесят два магазіны, што вельмі зручна, але я не праз тое ў Мальма бываць люблю, магазінаў паўсюль хапае, па сто ў адным, а вось такіх высозных гатэляў з фітнэс-цэнтрам на самым версе, куды цябе шкляны, нібы паветраны, ліфт падымае і скуль панарама ўсёй Еўропы адкрываецца, ці, прынамсі, панарама Капенгагену з усёй Даніяй, у Стакгольме, а тым больш у Хельсінкі, няма, і якраз таму я іншым разам у Мальма, як на поўдзень, пад’язджаю, бавячы час у фітнэс-цэнтры, гледзячы зьверху на Еўропу, — прыгожа... Стуль і замак відаць, у якім Гамлет, прынц Дацкі, вар’яцеў. Глядзіш, думаеш...
Еўропа паціху вар’яцее.
Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці сьпявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць, прынамсі, шведам, якія рускіх сюжэтаў літаратурных: нейкі князь у нечым вінаватым сябе палічыўшы, з прастытуткай надумаў ажаніцца, дык тым самым ледзьве не маральны подзьвіг зьдзейсьніў, — не прасякаюць. Ну, была прастытуткай і была. Цяпер не прастытутка. Шведы, немцы, датчане, ды ўсе яны на захадзе адносіны з целам не ўскладняюць. Аніякіх яму ланцугоў з вярыгамі, толькі песьціць яго, толькі лашчыць. Для таго і фітнэс-цэнтры з панарамай Еўропы...
З тым, што ня цела ў чалавеку, — складаней. Але і ў гэта ніхто так балюча, як у нас, ня лезе.
Прастытуткай я не абы-якой была, а прыпісанай да салону, які трымала жонка былога партыйца — таксама не абы-якога. Я ў школу хадзіла — яго ўсё па тэлевізары паказвалі. То ордэн яму чаплялі, то зорку…
Ня ведаю, колькі ў тым салоне ўсіх нас было, але, мяркую, ня менш за сотню. Прычым, мы падзяляліся нібы на касты...
Вулічных там, зразумела, не трымалі. Прастытуткі ніжэйшай касты, «дамы», прадаваліся па інтэрнэце. На сайце салону, зробленым пад рэсьпектабельны часопіс, зьмяшчаліся фотаздымкі «дам». І расказваліся пра іх усялякія казкі...
Найбольш здольных, пашколіўшы ў ніжэйшай касьце, пераводзілі ў вышэйшую — у «ледзі». Навучаныя і сексу, і мовам, і шмат чаму яшчэ, «ледзі» былі значна даражэйшым таварам. Яны пастаўляліся для ўпрыгожваньня прыёмаў, раўтаў, фуршэтаў. Іх бралі, каб яны прысутнічалі пры падпісаньні кантрактаў, у дзелавых паездках. І яны, безыменныя зоркі, мільгалі на тэлеэкранах пад час дзяржаўных, партыйных, камерцыйных тусовак. Глядзіш: стаіць прэм’ер-міністр, ці сьпікер парламенту, а побач — твая сяброўка салонная...
Панарама.
З вышэйшай касты адбіралася яшчэ і элітная. Можна сказаць, сьпецназ, які абслугоўваў былога партыйца, мужа гаспадыні салону. І выконваў ягоныя даручэньні. Праз адно з іх, апошняе, я і апынулася за мяжой.
Партыец быў з ельцынскіх, і калі да ўлады пуцінскія прыйшлі, яго пачалі выпіхваць з бізнэсу. Адзін з пуцінцаў стаў ягоным канкурэнтам у барацьбе за піцерскі порт. Нешта з канкурэнтам трэба было рабіць, але на пуцінскіх нават кілера знайсьці не ўдавалася — так іх усе баяліся. Прыкідваючы варыянты расправы, былы партыец, якому б у Галівудзе сцэнарыстам быць, прыдумаў, сярод іншых, і варыянт з маім удзелам.
У канкурэнта ягонага сын быў. Хлапчук, толькі школу скончыў... У Марыінскім тэатры, куды, панты ганяючы, прыблізна пароўну хадзілі інстытуткі і прастытуткі, дэпутаты і бандыты, я з ім і пазнаёмілася. Сутыкнулася на лесьвіцы:»Ах!..» — і сумачка выпала, і, калі я за ёй нахілілася, цыцка выглянула з дэкальтэ... Хлапчук вачэй ня мог зьвесьці з яе ружовай зрэнкі.
Я праз тэатр і музыку, праз жывапіс яго і павяла. Праз галерэі з музеямі... Ружавела, грубае слова пачуўшы, — я ўся ўмела ружавець... І ўсё бліжэй, не дазваляючы большага, да цыцкі падпускала.
Хлапчук шалеў. Цяля... І заявіў бацьку, што жэніцца. А той яму па мордзе, як і было наперад прапісана ў сцэнары.
Па тым жа сцэнары я пазнаёміла хлапчука з адным з ахоўнікаў партыйца, які выконваў даручэньні па ліквідацыі. Выдала яго за свайго брата... І той, здаровы, з мянушкай Ражон, слухаючы хлапчука, як мужык мужыка, стаў накручваць яго на подзьвіг. Маўляў, калі б нехта яму, хоць бацька, хоць брат замінаў кахаць тую, якая для яго найлепшая з усіх, ён не стрываў бы. Во гэтымі б рукамі задушыў, ці забіў бы во з гэтага пісталета... І дастаў пісталет — пад цацку, пад запальнічку зроблены. Сказаўшы хлапчуку, што гатовы дапамагчы, калі ён сам не справіцца. Хай толькі ў дом правядзе, як сябра.
Хлапчук, зусім ужо ашалелы, адказаў, што справіцца сам, і пісталета ня трэба... І паставіў бацьку ультыматум: ці той дазваляе яму ажаніцца, ці ён вешаецца. Бацька чуць яго не захацеў: «Вешайся!..»
Хлапчук павесіўся.
Гэтага ў сцэнары не было прапісана, такога не прадбачылася, як і ўсяго далейшага. Баючыся, што праз мяне раскруцяць увесь клубок, мной замянілі адну з «ледзі», купленую ў салоне для дзелавой паездкі, і адправілі на падпісаньне кантракта ў Фінляндыю. Сказаўшы, што пазьней перашлюць грошы, і каб я пару гадоў не вярталася.
Ня ведаю, чаму проста не забілі.
Прэзідэнт фірмы, якая мяне купіла, ніяк ня мог працягнуць кантракт на пастаўку ў Фінляндыю драўніны. Мне ўсё адно было, хто і чым займаецца, але тут я зьдзівілася: як жа раней яму ўдавалася нешта прадаваць, калі ў фінаў у саміх уся зямля ў лясах? Прэзідэнт растлумачыў: свой лес яны не сякуць, зьберагаюць, рускі бяруць. І, бач, мець справу з ягонай фірмай раптам заўпарціліся, сталі шукаць іншых кампаньёнаў. А гэта мільёны і мільёны, так што мне трэба пастарацца...
Заўпарціліся фіны, як аказалася, нездарма: усё прадстаўніцтва фірмы, на якую я старалася, праз дзень пасьля перамоваў арыштавалі. Разам з прэзідэнтам. Бо фірма, якой мала было мільёнаў і мільёнаў за самую драўніну, у полых ствалах дрэваў, акуратна закаркаваных выразанай сэрцавінай, гнала на захад кантрабанду. Пасьля, убачыўшы, што канал працуе надзейна, узялася за наркотыкі.
Мяне затрымалі, бо ў паперах, па якіх мяне прывезьлі, я значылася менеджэрам фірмы. І павярнулі справу да суда...
Каб за што іншае, дык у фінскую ці шведскую турму яшчэ паспрабуй сесьці: у чарзе трэба пастаяць. А за наркотыкі садзяць без чаргі, хутка і надоўга.
Я даволі добра ведала фінскую мову, бо суседзі ў Выбаргу фінамі былі, трохі горш ангельскую і шведскую — і на ўсіх мовах пыталася: у чым мая віна? Мне адказвалі, што ў несьвядомым саўдзельніцтве. Я дапытвалася, што яно такое: несьвядомае саўдзельніцтва? Мне адказвалі, што вось такое яно, як у мяне, саўдзельніцтва несьвядомае... І накручвалі за яго два гады. Якраз столькі, колькі мяне прасілі не вяртацца ў Піцер.
Выпадкова ў газеце я прачытала, што ў сувязі з пашырэньнем Еўразьвязу ад Фінляндыі патрабуюць большага кантролю на мяжы з Расіяй. І зразумела я, што такое несьвядомае саўдзельніцтва.
Дапамог мне адзін з дырэктараў сумеснай фінска-шведскай кампаніі. Нядаўні наш партнёр. Той, з якім я старалася, каб быў працягнуты кантракт. Даніэль Саламонсан, швед. Ён наўпрост спытаў, чаго я болей хачу: ці ў турму, ці за яго замуж?.. Нібыта жартам папэрэдзіўшы, што гэта амаль адно і тое ж...
Не пачуўшы жарту, я згадзілася замуж, бо мне, апрача ўсяго, і жыць не было дзе. Хіба толькі ў турме.
Даніэль наняў амерыканскага, каб не з Еўразьвязу, адваката, сьпецыяліста па справах з наркотыкамі, і той даказаў, што я ні пры чым. Я заўважыла, як перад амерыканцам фіны ня тое каб выцягнуліся ў струнку, але ўсё ж замітусіліся: о’кей... о’кей — і мне гэта, шчыра сказаць, ня надта глянулася. У нечым яно да таго, што ў нас рабілася, было падобнае... І выходзіла, што ва ўсім сьвеце так: дзе грошы, дзе сіла, там і праўда.
Афармляць нашыя адносіны Даніэль ня стаў. Ніяк. Лічылася, што мы ў грамадзянскім шлюбе. Ён перавёз мяне ў Швецыю і пасяліў у асабняку ў прыгарадзе Стакгольму, амаль што ў лесе. І кожны дзень мы хадзілі на лыжах. Уявіце: на лыжах кожны дзень. Кругамі, кругамі...
Калі Даніэля дома не было, я выбіралася ў горад. З грашыма толькі на кішэнныя расходы. На каву з пірожным.
Аднойчы ў кавярні, дзе я піла каву і ела пірожнае, зьявіўся Ражон. Я ледзь не задохлася, пірожным папірхнуўшыся... Не чакала. І не падумала, што праз Ражна мне грошы перадалі. «Канец мне», — падумала.
Грошай ніхто і не перадаваў. Ражон сказаў, што ўсьлед за мной ён пасьпеў зьбегчы, а партыйца нашага павесілі. На той жа вяроўцы, на якой павесіўся хлапчук. У тым порце, за які партыец змагаўся з канкурэнтам. Так што мне, выходзіла, ня два гады дамоў вяртацца нельга, а да новай рускай рэвалюцыі.
Ражон спытаў, што я раблю?.. Чаго засела ў лесе?.. Ён тут фірму адкрывае, дык...
Ён нічога мне ў сваёй фірме ня мог прапанаваць, апроч месца прастытуткі.
Вярнуўшыся ў лес, я сабрала ўсе лыжы, іх шмат было, пасекла і кінула ў камін. Сядзела і грэлася.
Сярод лыжаў былі «дамы» і «ледзі». А сярод «ледзі» — яшчэ і элітныя. На іх хадзіў бацька Даніэля, які нават быў некалі нейкім чэмпіёнам, і хадзіў дзед Даніэля, і прадзед... Даніэль казаў, што ўсе яны, як толькі на сьвет зьяўляліся, спачатку на лыжах хадзіць вучыліся, а пасьля ўжо так, бяз лыж.
Даніэль прыехаў, калі ўсё дагарэла. Убачыўшы друз і попел, напіўся. Потым біў мяне. Доўга, усю ноч.
Раніцай, уся ў сіняках, я сабралася ў паліцыю. У феміністычнай Швецыі сінякі на жанчыне — гэта ня ў нас на жанчыне сінякі. Дзе хто каго любіць — той таго чубіць, і няма над гэтым ні суда, ні закону. Тут над усім ёсьць і закон, і суд — і немалая сума кампенсацыі з таго, хто любіць і чубіць, калі ён ня хоча ў турму. А да ўсяго — розгалас, які паўплывае і на асабісты ягоны імідж, і на імідж кампаніі... Таму Даніэль спытаў, чаго я хачу, каб абыйсьціся без паліцыі? А адказала, што волі.
Ён згадзіўся. І, каб на волі было мне за што жыць, дапамог з работай: праз нейкага фіна, універсітэтскага сябра свайго, шышку ў кампаніі «Вікінг», уладкаваў на паром. Хоць мог закапаць у лесе — ніхто б мяне не шукаў.
Tack så mycket, Dаnіel.[*]
Спачатку я працавала ў бары, пасьля ў казіно... Старалася, уверх падымалася хутка. Зьявілася на вокладцы часопісу з рэкламай парому — і праз тую рэкламу мяне зноў знайшоў Ражон. Ён адкрыў фірму, гандляваў, вазіў кантрабанду, яму патрэбны быў свой чалавек на пароме. Я паспрабавала адмовіцца, ён паклаў мне руку на сьпіну і ціскануў пальцамі шыю. Калі я ачуняла, сказаў, што наступным разам ціскане мацней.
Два тыдні я хадзіла ў ашыйніку. Не сумняваючыся, што наступным разам Ражон мацней ціскане. Як ён з людзьмі распраўляецца, я ведала, бачыла, і ў мяне перад ім быў панічны страх. Нават перад самой сьмерцю — меншы.
Неяк на паром села адна з нашых, салонных... З білетам у люкс на восьмай палубе. Вылупілася на мяне, убачыўшы, як на здань.
У яе ў люксе мы трохі пагаварылі... Салон цяпер належыў канкурэнту нашага партыйца. А Ражон зьбег, прыхапіўшы грошы былога гаспадара. Ня ўсе, але і нямала прыхапіў, калі яго шукаюць. Вось і яе выправілі, каб паглядзела: ён нібыта ў Стакгольме...
Наступным разам я ўбачыла яе ня ў люксавай каюце, а ў паліцэйскай хроніцы. Паліцыя не магла апазнаць труп маладой жанчыны.
Перад рэйсам, на якім плыў Павал, Ражон сказаў, што з Піцера пасылаюць некага для разборак... Дык каб я ўважлівей прыглядвалася... Асабліва да тых, хто ў казіно круціцца, у барах...
Ражон стараўся на мяне страху нагнаць, каб службу пільней спаўняла, але па ўсім выглядзе ягоным, па голасе адчувалася, што і сам ён пабойваўся. Бо ведаў: калі ўжо за яго ўзяліся — не адступяць. Сур’ёзныя цяпер людзі ў Расіі.
А Павал мне глянуўся... Я люблю людзей, якія весела, гуляючы адносяцца да жыцьця. Для якіх дзень — капейчына ў кішэні. І не трасуцца яны над кожнай, і не глядзяць, колькі засталося. Як пашчасьціць, бо лёс — рулетка.
Ён шапнуў мне пад раніцу, што, калі захачу, можам быць разам. Мне гэта ўсе прапаноўваюць — хто з раніцы, хто ўвечары... Я адказала, што мы ня можам быць разам, бо я прастытутка. Нават не сказала, што былая. Ён засьмяяўся: «Дык і што?.. Ведала б ты, кім бываюць мужыкі...»
Гэтыя беларусы, асабліва жулікі, усё адно як шведы.
На Павала я і не падумала нічога, пакуль ён, зьбіраючыся ўраніцы, пісталет не дастаў, зноў яго схаваўшы хуценька... Невялікі такі, падобны на той, які Ражон хлапчуку даваў. Пад запальнічку зроблены.
Са Стакгольму Павал ехаў у Мальма, дзе ўжо болей за тыдзень па кантрабандных сваіх справах круціўся Ражон. Усё нібыта сходзілася — і я прызначыла Павалу ў Мальма спатканьне. Але назаўтра, каб даць яму шанс. Калі ён пасьпее разабрацца з Ражном, дык што ж: рулетка, лёс. І ніхто мне шыю сьціскаць ня будзе.
Я на пароме яшчэ была, калі пазваніў, як адчуўшы нешта, Ражон. Спытаў: «Ну, што?..» Я адказала, што, здаецца, прыслалі чалавека. І ён едзе ў Мальма. Заўтра ў шэсьць вечару каля гатэлю «Хілтан» я сустракаюся з ім.
Ражон хмыкнуў. У яго хмык такі — нібы ўсхрап, як у зьвера, які нажэрся і задаволены. Хутчэй за ўсё, ён і ёсьць зьвер, абліччам пад чалавека падроблены.
Мы мала пра іншых ведаем, дый пра сябе ня болей...
Мне вось што пра саму сябе незразумела: нашто я Ражну пра Павала сказала?.. Хоць яшчэ да таго, як ён хмыкнуў, падумала: а што гэта я раблю?.. Каго, як фіны лес, зьберагаю?.. І адразу ж, за імгненьне нейкае, сама перадумала сябе: калі Павал першым разабрацца не пасьпее, тады чарга Ражна. Шанс у кожнага быць павінен.
Чаму я так зрабіла?.. так падумала?.. так перадумала?..
Ня ведаю.
Па абедзе ў фітнэс-цэнтры ніхто і нічым у той дзень не займаўся, шлюбную цырымонію неадрыўна глядзелі: дацкі прынц жаніўся. На вясельле ў Капенгаген усе еўрапейскія каралі і прэзідэнты зьехаліся, у нявесты ў крэмавай сукенцы шлейф быў метраў дваццаць, адна з наведвальніц фітнэс-цэнтру, англічанка, мела некалі з прынцам нейкія адносіны, была ягонай girl-friend, дык дапытвалася ва ўсіх і ні ў каго: «Ну што ён у ёй знайшоў?.. Што ў ёй знайшоў ён, звар’яцеў?..» — пакуль я не сказала да ўсіх і да яе, што для дацкіх прынцаў вар’яцець — гэта нармальна. Англічанка заткнулася, а я глядзела на бліскуча-пералівісты шлейф нявесты, што цягнуўся па чырвонай дывановай дарожцы і быў, мусібыць, нават з космасу відаць, і гэтак зашчымела ўва мне: не было ў мяне і ніколі ня будзе вясельля ня тое што каралеўскага — аніякага. Яшчэ я думала пра тое, колькі ж адначасова ў сьвеце самага рознага адбываецца: вунь каралі з каралевамі, дзіўныя ў наш час у каронах сваіх, сабраліся, нявеста з бясконцым шлейфам і жаніх у залатых эпалетах, сьвятар у белым жабо, кветкі, бляск, этыкет, манеры, а непадалёку Ражон з Павалам кружляюць, думаючы, як ім адзін аднаго забіць, і раптам я адчула, мне здалося: з Павалам у мяне нешта можа быць. Няхай сабе не каралеўскае, але нешта можа быць, бо для яго вар’яцець — гэта нармальна. І ўжо з фітнэс-цэнтру спускаючыся, я са шклянога ліфту, да якога не прывыкнуць ніяк, бо здаецца, што вось-вось звалішся, уніз абрынешся, убачыла, як да Павала, які нетаропка, бо да шасьці паўгадзіны яшчэ заставалася, крочыў да гатэлю, а я на паўгадзіны раней спускалася, каб папярэдзіць яго, што ў шэсьць да мяне ні ў якім разе нельга падыходзіць, каб пасьля ў нас з ім, няхай не каралеўскае, але нешта ўсё ж было… — дык вось тут я і ўбачыла са шклянога, нібы паветранага, ліфту, як да Павала, ва ўсё новае, нібы на вясельле, апранутага, бо ён, мусіць, разбагацеў, падышоў чалавек, апрануты неахайна, як бадзяжнік, і папрасіў, як мне здалося, у Павала прыпаліць, а Павал дастаў пісталет, на запальнічку падобны, бо, мусібыць, усё зразумеў, першым хацеў стрэліць, але не пасьпеў, бадзяжнік апярэдзіў яго, стрэліўшы з гэткага ж пісталета, і Павал доўга, нібы не знаходзячы, куды кейс паставіць, абсядаў, падмінаючы зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам, і ўсё глядзеў усьлед бадзяжніку, які паціху, не азіраючыся, адыходзіў ад яго па Södra Förstagatan, 1-ай Паўднёвай вуліцы, у пачатку якой прамільгнуў і згубіўся ў натоўпе Ражон, які без мяне, зьвярыным нюхам сваім вынюхаў Павала і скарыстаў свой шанс, а Павал свой не скарыстаў, і, можа быць, праз мяне: я заняла яго спатканьнем, вунь як апрануўся — не на сьмерць жа...
Ліфт толькі спусьціўся, а ўжо прыехалі і «хуткая дапамога», і дзьве паліцэйскія машыны. Рабіць мне тут болей не было чаго, надзея, пакліканая каралеўскім вясельлем, казкай пра Папялушку, мільгнула і прапала, я засьпяшалася да вакзала, крайком вока назіраючы, як бадзяжніка, які не ўцякаў, не хаваўся, ішоў сабе ціха, нібы гуляючы, па вуліцы, паліцэйскія з адной машыны дагналі, зьбілі з ног, скруцілі, а паліцэйскія з другой машыны кінуліся да Павала, якога клалі ў машыну «хуткай дапамогі», і адзін паліцэйскі, у пальчатках, асьцярожна пісталет Павала з ходніка падняў, прыгледзеўся да яго, пстрыкнуў ім і паказаў другому паліцэйскаму, які сказаў: «Det är leksaken, tändaren...»[**] І ўва мне паднялося ўсё, вантробы і дыханьне — пад горла, нібы я ўніз паляцела, праваліўшыся ў шкляным ліфце, дзе не было падлогі.
[*]«Tack så mycket, Daniel!» «Вялікі дзякуй, Даніэль!» (шведск.)
[**]«Det är leksaken, tändaren…» «Цацка, запальнічка...» (шведск.)