Чалавек той, ён не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага не выглядаў, так, бадзяжнік, падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць?.. Не, ён не спытаў, у яго цыгарэта была ў левай руцэ, а правай ён паказаў, што прыпаліць хоча, пальцамі пстрыкнуў... Я палез у кішэню, каб дастаць запальнічку, я нашу яе з сабой, такую цацку, запальнічку-пісталет, на сапраўдны пісталет, на маленькі маўзер «H-S», як мне ў збройнай краме сказалі, падобную, я ў Швейцарыі цацку тую, у горадзе Зермаце, гэта амаль што ўжо Італія, дзе мафія ўсялякая, купіў, а ён з пінжака, з грудной кішэні таксама запальнічку вымае, гэткую самую, толькі большую, ня ведаю, якой сістэмы, я ў пісталетах не вялікі знаўца, і ён нібыта сустрэчна хоча даць мне прыпаліць — я, значыць, яму, а ён чамусьці мне, таму я падумаў яшчэ: «Што за цырк? Прыпылены ён, ці што?..» — а ён мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ставяць, стрэліў.
Во ё-маё...
Адразу тым, хто думае, нібы ёсьць тут — ці ад вас яно будзе там — нейкія рай або пекла, дзе па сьмерці можна кайфаваць альбо мучацца, магу сказаць, што ні раю, ні пекла няма, што наогул тут, ад вас — там, не існуе нічога, скразная, як у шкляным ліфце, пустата, і ты — дух, здань, пыл пустаты, часьцінка такая маленькая, што нават ня скажаш, якая: электрон?.. атам?.. кварк?.. — таму немагчыма ўявіць, хто ты і які, калі нават быццам бы існуеш, — а зрэшты, адчуваньне тагасьветнага ўсяго пустога ня гэткае ўжо нязвыклае, у нечым падобнае да зямнога, калі быццам бы і жывеш, ды сам пра сябе нічога ня ведаеш, а астатнім не да галавы, хто ты і які?..
Астатнія пра сябе таксама мала, ня болей, чым ты, ведаюць... Вунь паспрабуй разабрацца, чаму ён падышоў, зрабіў выгляд, нібы просіць прыпаліць, і стрэліў? Я не сустракаўся з ім раней, першы і апошні раз бачыў, — дык за што?.. Тым больш, што было гэта ня дзесьці там, дзе страляніна звыклая, ня ў Грозным або Багдадзе, а ў Мальма, на самым поўдні ціхай Швецыі.
Як я апынуўся на самым поўдні ціхай Швецыі?.. Проста. З Менску на самалёце — да Піцеру, з Піцеру — аўтобусам да Хельсінкі, пасьля — на пароме да Стакгольму, а стуль — цягніком да Мальма.
У Еўропе ўсё недалёка.
На пароме сеў у рулетку ў казіно згуляць, меў лішніх трыццаць еўра, дваццаць з якіх прайграў адразу, палову паставіўшы на 17 і палову на 21, я заўсёды першым разам стаўлю на 17 і на 21, гэта было на шостай палубе і я вырашыў, што шостая — не шанцовая, падняўся на сёмую, дзе зноў паставіў напалам на 17 і на 21, прайграў астатнюю дзесятку і мог спакойна ісьці спаць, але не пайшоў, падняў кейс над сталом, у мяне кейс быў, які выглядаў багата, скураны такі з бліскучымі, пад золата, замкамі, ніяк не падумаеш, што ў ім брытва ды транты, і я, паставіўшы кейс на край стала, шчоўкнуў адным замком і сказаў круп’е: «Мне фішак на сто тысячаў».
Гэта было не па правілах, на стол, калі фішкі купляюць, грошы кладуць, а ня кейсы ставяць, але я разьлічваў, што названая сума павінна ўразіць – і яна ўразіла. Круп’е, рабаваты швед у малінавай камізэльцы, перапытаў: «На сто тысячаў крон?..» — а я зноў шчоўкнуў замком: «Еўра...» — і ўвесь швед стаў малінавым, як ягоная камізэлька, нават рабіньне на твары не праглядвалася, ён прадыхнуў і сказаў: «У нас і стаўкі, і выйгрыш абмежаваныя».
Я спытаў: «А пройгрыш?..»
Такіх пытаньняў ніколі, колькі плаваў швед і круціў рулетку на пароме, ніхто яму, вядома ж, не задаваў, да гэткіх незразумелых, неспасьцігальных пытаньняў шведы, як і фіны з нарвежцамі, і немцы, і ўсе яны, заходнія, ніяк не падрыхтаваныя, бо наскрозь інструкцыямі прапісаныя, ва ўсім законапаслухмяныя, але логіка ёсьць логіка, яе яшчэ старажытныя грэкі прыдумалі, і логіка падказвала шведу, продкі якога вікінгамі былі і да Грэцыі даходзілі, што пройгрыш абмежаваным быць ня можа, з чаго лагічна вынікала, што і выйгрыш нельга абмежаваць, і круп’е, заблытаўшыся, мусібыць, у нелагічнай логіцы, адказаў бездапаможна: «Ня ведаю...»
Я спытаў: «А хто ведае?..» — і круп’е паклікаў яшчэ аднаго шведа, Арвіда, здаровага такога і зусім не рабога, упраўляючага казіно, які, паслухаўшы круп’е і галавой паківаўшы, паказаў мне інструкцыю, нешта накшталт правілаў гульні ў казіно «Танга», як тое казіно называлася, побач з якім быў бар «Танга» і музычны салон «Танга», і ў тых правілах па-фінску, па-шведску і па-ангельску было напісана, што найвысокая разавая стаўка ў казіно «Танга» — пяцьдзесят еўра. «А, значыць, максімальны выйгрыш… — Арвід для таго, каб зразумела ўсё стала нават такому тупому, як я, узяў у круп’е калькулятар… — 50 памнажаем на 30…
— Чаму на 30, а не на 35?
— Бо ў нашых правілах напісана на 30, а не на 35, таму маем 1500, а не 1750... І Арвід, нібы прабачаючыся, разьвёў рукамі: маўляў, калі ўсё напісана, дык пра што казаць?..
«Я не зьбіраюся выйграваць», — сказаў я Арвіду, які хоць і паслухаў круп’е і галавой паківаў на пачутае, але так нічога і не ўцяміў, і яшчэ раз я паспрабаваў расталкаваць яму, што ў казіно на шостай палубе, ня ведаю, чыё там яно і як называецца, прайграў ужо частку грошай, ды там мне ня надта глянулася, таму я тут, у казіно «Танга» хачу прайграць астатнія сто тысячаў... На гэта Арвід адказаў, што казіно на шостай палубе называецца «Халінг», як аднайменны нарвежскі народны танец. Я спытаў: «Чаму нарвежскі народны танец, а ня фінскі альбо шведскі, калі паром ходзіць паміж Хельсінкі і Стакгольмам?..» — на што Арвід, не маючы дакладнага адказу, змог прапанаваць толькі сумнеўную версію: нарвежцы зараз ва ўсёй Скандынавіі найбагатыя, дык, можа, таму... Але належыць казіно «Халінг», як і казіно «Танга», як і ўвесь паром, аднаму ўладальніку, кампаніі «Вікінг», і ён, Арвід, у казіно «Халінг» таксама за ўпраўляючага, і там побач бар «Халінг» і музычны салон «Халінг», і ўсё там гэткае самае, як і тут, толькі назвы розныя, таму ён не зусім разумее, чаму мне там не спадабалася?..
«Добра, — згадзіўся я, шчоўкнуўшы замком кейса. — Пайшлі туды».
«Там выйгрыш таксама абмежаваны», — пасунуўшыся за мной да сходняў, сумеўся Арвід замест таго, каб запатрабаваць тое, што даўно ўжо запатрабавалі б у любым з нашых казіно: адчыні, фраер, кейс і пакажы грошы. У іх, у шведаў, як і ў фінаў з немцамі, і ва ўсіх іх, заходніх, інструкцыямі прапісаных, законапаслухмяных, завядзёнка такая: калі нехта кажа, што мае сто тысячаў, дык ніякага сумневу ня можа быць у тым, што яны ў яго ёсьць, — вось у чым фокус. Ведаючы гэта, я і забаўляўся, каб скрозь усю ноч ад Хельсінкі да Стакгольму ня сумна плыць было. Каюта мая была на другой палубе, самая танная, каля дызеляў і ўсёй паромнай механікі — там нармальнаму чалавеку ноч ня вытрываць. Білеты ў такія каюты іншым разам нават задарма даюць, абы ты паплыў — і грошы ці ў барах прапіў, ці ў казіно прайграў, ці ў крамах на пароме пакінуў.
На шостай палубе ў казіно «Халінг» я зноўку, папстрыкваючы жоўта-бліскучымі, пад золата, замкамі на кейсе, тлумачыў Арвіду і гэткаму ж, як і на сёмай палубе, малінаваму з рабіньнем круп’е, толькі ўжо ня шведу, а фіну, якому прайграў нядаўна дваццатку і які зараз разяўлена маўчаў, што я хацеў бы прайграць астатнія сто тысячаў, і Арвід зноў паказваў мне інструкцыю, даводзячы, што на шостай палубе ў казіно «Халінг» правілы гэткія ж, як і на сёмай палубе ў казіно «Танга», з тымі ж абмежаваньнямі найвысокай стаўкі і максімальнага выйгрышу, а я настойліва дапытваўся, як я магу сто тысячаў ня выйграць, а прайграць, калі не магу іх паставіць, — ці мне іх проста так аддаць на разьвіцьцё нарвежскай народнай творчасьці?..
Арвіду, я гэта па выразе твару ягонага ўбачыў, ня надта спадабалася, што я хачу аддаць грошы на разьвіцьцё нарвежскай, а ня шведскай народнай творчасьці — яны ў Скандынавіі не абыякавыя адзін да аднаго. Нарвежцы болей сябруюць, як сяляне з сялянамі, з фінамі, хоць ніякія фіны не скандынавы, проста ў тым баку жывуць, і ўжо разам яны, фіны з нарвежцамі, недалюбліваюць шведаў, гарадскіх, якія з былой метраполіі паглядваюць на былыя калоніі, на сялянаў сваіх, паблажліва, асабліва на сялянаў разбагацелых — і Арвід з гэткай лёгкай іранічнай усьмешкай мімахадзь анекдот пракінуў: «Прыйшоў швед да нарвежца ў кiроўцы наймацца...»
Калі нехта з вас падумаў, што гэта пачатак анекдоту — дык не: гэта ўвесь анекдот. Я ўжо чуў яго, таму не чакаў, што там далей будзе...
Круп’е, разяўлена памаўчаўшы, раптам прапанаваў, каб я свае сто тысячаў прайграў, калі ўжо так прайграць мне закарцела, па пяцьдзесят еўра ставячы, і я для таго, каб нават такому тупому, як ён, зразумела стала, ўзяў у яго калькулятар: «Глядзі... 100000 дзелім на 50, маем 2000 — столькі разоў я павінен паставіць. Гэта ў тым выпадку, калі буду толькі прайграваць і прайграваць, а магу ж і выйграць. І калі ты рулетку будзеш няспынна круціць і круціць, а я буду толькі прайграваць і прайграваць, дык усё адно на кожную гульню спатрэбяцца хвіліны тры, ці няхай сабе ўсяго хвіліна — гэта 2000 хвілінаў. Дзелім іх на 60, маем 33 гадзіны і 333333 хвіліны ў перыядзе. Па 3 хвіліны — гэта 99 гадзінаў і 999999 у перыядзе, а паром у Стакгольме ў 9 раніцы... Дык дзе мне часу набрацца, каб столькі гуляць з табой?..»
Рабога круп’е, як мне здалося, найбольш уразіла тое, што ў перыядзе, і болей у гаворку нашу з Арвідам ён ня ўлазіў.
Арвід зьнямогся ў напружаньні скеміць, чаго я ад яго хачу, калі ён ня можа зьмяніць правілы, перапісаць інструкцыю, якую на радзе дырэктараў кампаніі зацьвердзілі, і тут у галаве ягонай нешта пстрыкнула, як у мяне замок на кейсе, гэтак «пстрык», я нават гук пачуў, Арвід выратавальна нешта ўспомніў і пазваніў нейкай Наташы, тая прыйшла і, скасіўшыся на мой кейс, спытала ў мяне па-руску:
— Панты ганяеш?..
Я да чаго пра гэта распавядаю?.. Бо падумаць пасьпеў, што мужык той, на бадзяжніка падобны, які прыпаліць папрасіў і ў лоб мне стрэліў, абрабаваць мяне, кейс мой забраць хацеў, бо таксама плыў на пароме і ўсё падгледзеў, падслухаў збоку, паверыўшы, што ў кейсе маім насамрэч сто тысячаў... Як паверыў пра сто тысячаў і той няголены чарнявец, які, калі ўжо я гарэлку ў бары выпіваў з Арвідам, падсеў да мяне і, выдаючы сябе за чачэнца, стаў плесьці, што Масхадаў, прэзідэнт Чачні, якога ён, як сябра, проста па імені называў, Аслан ды Аслан, паслаў яго ў Стакгольм, каб з Ахмедам Закаевым, прадстаўніком Масхадава на Захадзе, сустрэцца, які заўтра ў Стакгольм з Лондану прылятае, і яны будуць зброю для вайны за незалежнасьць прыкупляць. Ён ня можа, зразумела, раскрыць, дзе яны тую зброю прыкупляць будуць і ў каго, а можа сказаць толькі, што ім грошай трохі не хапае, тысячаў сто, дык Аслан даручыў яму знайсьці іх пад любыя адсоткі, вось... І чарнявец паказаў бліскучую, укладзеную ў скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, мелаваную паперу з грыфам «Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», на якой было напісана, што гэтая папера зьяўляецца дакументам, які гарантуе выплату... (тут быў пропуск для таго, каб пазначыць, каму і колькі...) адсоткаў ад сумы... (яшчэ адзін пропуск, каб праставіць суму), а выплата забясьпечваецца ўсёй маёмасьцю, нетрамі, нафтай і золатам (нібы нафта і золата — ня нетры) Рэспублікі Ічкерыя, — пад чым прэзідэнт і падпісваецца. Чарнявец прапанаваў спачатку трыста, потым пяцьсот і адразу ж, рукой махнуўшы, тысячу адсоткаў, бо надта тэрмінова патрэбныя грошы, на кейс з якімі ён усё касіўся, і мне, каб гэты жулік-аматар па-дурасьці мяне не прырэзаў, давялося выйсьці з бару і паказаць яму ў кейсе брытву фірмы «Gіllett» і пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і зялёным надпісам Belarus, а ў тым пакеце — трусы фабрыкі «Камсамолка», верным якой я застаўся, нягледзячы на віхуры пераменаў. Брытву я чарняўцу нават паспрабаваў прэзентаваць, каб пагаліўся, ды ён ня ўзяў — пакрыўджаны, як школьнік за двойку... З ім было зразумела ўсё, але той, на бадзяжніка падобны, стрэліў мне ў лоб і пайшоў сабе далей па вуліцы ціхага шведскага гораду Мальма, нават не скасіўшыся, як чарнявец ці Наташа, на мой багаты, з замкамі пад золата, кейс.
Наташа аказалася, калі па-нашаму сказаць, загадчыцай культмасавага сектару на пароме «Вікінг»: сьпявала з п’янымі фінамі і шведамі песьні ў салонах «Танга» і «Халінг». Была яна, хоць і падобнай на шведку, рускай з Выбаргу — гораду, заснаванага некалі шведамі, перададзенага пасьля фінам і ўрэшце забранага рускімі. З Выбаргу яе ўзяў замуж швед, з якім яна хутка разьвялася, а той швед, багаты, як нарвежац, сябраваў з нейкім фінам, саўладальнікам кампаніі «Вікінг», і ў залік адступнога ўладкаваў яе на паром. У шведаў з фінамі, як і ў нарвежцаў, як і ў немцаў, як і ў нас, дый паўсюль у сьвеце, дзе мне пабываць давялося, — блат ды сувязі. Скрозь у сьвеце блат ды сувязі, без якіх табе застаецца толькі посуд мыць ды вуліцу падмятаць.
— Ты хто? — спытала Наташа? — Бандыт? Ігрок? Кідала?.. Чым на жыцьцё зарабляеш?
Я ўсьміхнуўся ёй абаяльна, я ўмеў, калі жывы быў, абаяльна ўсьміхацца:
— Сваток.
— А-а...
Яна зразумела. Ведала, відаць, што ёсьць такі занятак сярод процьмы іншых: нашых нявест за багатых замежнікаў прыстройваць. Можа, і сама праз сватка прайшла.
— Ты б згуляла на руку мне... Не згуляеш — сумная ноч будзе, а нашто табе мая сумная ноч?.. Скажы яму, — кіўнуў я на Арвіда, — што ў нас пры вялікай гульні за кошт казіно наліваюць. А яны мне яшчэ і маральна вінныя: хачу прайграць — і не даюць.
Наташа зьдзівілася:
— Ты разьлічваў, што табе нальюць?
Я сказаў:
— Не ўпершыню...
На пароме гарэлка хоць і без акцызу, ды ўсё адно ў бары кілішак столькі каштуе, што лепш на рулетку паставіць. А ў «Duty-free» пляшку купіць і ў каюце побач з дызелямі піць — задыхнешся.
— Абаяльны ты жулік, — пацьвердзіла маю абаяльнасьць Наташа. — Дзіўна, што бедны.
— Грошы ёсьць, але не на прапой. На білет да Мальма.
— І па што ты туды?..
— Па сваё... Нявесту адну прыстроіў, а яна і ня думае разьлічвацца. Мусіць, думае, што за так...
Яна сапраўды ўсё зразумела і руку працягнула, назваўшыся: «Наташа», — і я назваўся: «Павал», — яна сказала: «Майго бацьку таксама Паўлам зваць», — на што я сказаў, што не таксама, бо я не Павел, а Павал, так мяне мой бацька назваў, гэтак маё імя ў пашпарце напісана, во, я паказаў ёй свой беларускі пашпарт, а яна спытала: «Ты чэх?..»
Чэх дык чэх, я ня звык з гэтым разьбірацца, я б і Павалам не называўся, няхай бы таксама Паўлам быў, але бацька настойваў, каб я заўсёды ўдакладняў, што я Павал, а не Павел, і я яму, нябожчыку, абяцаў, дык і ўдакладняю, таму што любіў яго. Ён памёр ад інсульту, ціск праз нервы зашкаліў, бо яго з работы пратурылі, ён з нацыянальнымі залётамі быў, што мне не перадалося, для мяне ўсе людзі — даяры і каровы, без нацыянальнасьці: тыя, хто доіць, і тыя, каго дояць. Але я ўсё ж спытаўся ў Наташы, бо дзіўна было, што чалавека, які беларускі пашпарт паказвае, за чэха прымаюць: «Чаму чэх, калі Павал?..» — і яна адказала: «Бо вунь Арвід — швед, таму і Арвід...»
Па адказе, дый па ўсім астатнім выглядала на тое, што мы падобныя, з чаго ўсё і пачалося... Калі б мы не былі падобныя, калі б яна не дапамагла мне раскруціць Арвіда, — які сам, бо на рабоце быў, ня піў, а ўсё расказваў, як бацька ягоны вучыў яго вызначаць, наколькі ён, калі п’е, п’яны і ці можна яму яшчэ піць, — я б не сядзеў у музычным салоне «Халінг», не скакаў бы і не сьпяваў з п’янымі шведамі і фінамі народныя танцы і песьні, не дапытваўся б ва ўсіх, чаму на пароме, які ходзіць з Фінляндыі ў Швецыю, музычны салон па-нарвежску называецца, чаго ніхто ня ведаў, а мне трэба было дазнацца, бо, калі незразумелаўка нейкая мне ў мазгі западае, дык брынчыць там і замінае, пакуль ня вытрасу, і я сьпяваў і распытваў, скакаў і распытваў — і апынуўся пад раніцу ў Наташынай каюце, выходзячы з якой, калі паром ужо прычальваў, па звычцы пашнарыў па кішэнях, дастаючы і назад засоўваючы пашпарт, парманэт, запальнічку, убачыўшы якую Наташа спытала сонна:
— У цябе пісталет?..
Мне б сказаць ёй, што гэта цацка італьянская, у Швейцарыі ў горадзе Зермаце купленая, а я сказаў, крутога з сябе строячы, сіняга нейкага, што так, пісталет, і яшчэ спытаў, як яна ўяўляе ў сёньняшнім жыцьці мужыка без пісталета?..
Наташа пацягнулася — спакусьліва гэтак, як ні шведка, ні немка не пацягнецца.
— Ты ў Мальма калі едзеш?.. Я ў Стакгольме на тыдзень застаюся, адпачынак. Сёньня занятая, а заўтра вольная... — І мы дамовіліся заўтра, калі ўжо я разбагацею, спаткацца а шостай вечару ў Мальма каля гатэлю «Хілтан».
Наташа прыгожая была. І падобная — нутром, сэрцавінай да мяне падобная, чым і вабіла, я нават прапанаваў ёй разам быць. А яна адказала, што мы ня можам быць разам, бо яна прастытутка. Знайшла прычыну...
З Арвідам мы разьвіталіся сябрамі.
— Выбіраеш, як толькі ўваходзіш у рэстаран, самую страхотную сярод усіх афіцыянтку, да якой цьвярозы і не падыйшоў бы, — распавядаў мне бацькаву навуку Арвід, — і як толькі яна пачынае табе падабацца, значыць, усё, фініш. Ты п’яны, як цэп.
— А калі, — я пытаўся, — няма страхотных?..
Тут Арвіда закліньвала: пра такую неспадзяванку бацька яму не казаў.
— Глядзі, што маю... — паказаў мне Арвід скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, у якой была бліскучая, мелаваная паперына з грыфам «Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», і ў пропускі ў тэксьце на паперыне было ўпісана, што ён, Арвід, ахвяраў на барацьбу за незалежнасьць Чачні 100000 (сто тысячаў) еўра, пра што сьведчыў подпіс прэзідэнта. Я ня стаў пытацца, дзе ён узяў сто тысячаў, каля я іх не прайграў, а спытаў, колькі гэтая паперына яму каштавала?.. Арвід адказаў, што паўсотні. І сумеўся: «Хіба ня варта?.. Калі ў рамку ўзяць, на сьцяну павесіць...» Я адказаў, што варта. Нашчадкі ганарыцца будуць.
Сыходзячы з парому, я выглядваў няголенага чарняўца, каб паціснуць яму руку і сказаць, што ён зусім ня школьнік, але ў натоўпе не знайшоў.
Пад вечар я ўжо быў у Мальма. Там раён, дзе адны магазіны ды офісы, да якога ад вакзалу хвілінаў дзесяць хады, трохкутнікам называецца — мая «нявеста» ў ім жыла. Пераканаўшыся, што па найвышэйшым класе яе прыстроіў, я, апроч налічаных адсоткаў за несвоечасовы разьлік, яшчэ і за фешэнебельнасьць накінуў. За дарогу, само сабой, палічыў, за білеты. І пра тую трыццатку, якую ў казіно прайграў, не забыўся. Бо не паехаў бы — не прайграў бы.
Я чакаў, што з разьлікам праблемы будуць, бо ў некага грошы забраць — заўсёды праблема, а «нявеста» так перапудзілася, на парозе мяне ўбачыўшы, што і ўпірацца ня стала: заплаціла столькі, колькі я сказаў. Нават трохі болей, з верхам разьлічылася — на каву з пірожным. Абы ў яе дома я каву ня піў, а хутчэй пайшоў, каб муж не застаў, які хоць і швед, але раўнівы, як грузін. Здараюцца і сярод шведаў такія. Рэдка, але здараюцца.
Можна было ехаць назад. Калі б не дамоўленасьць пра спатканьне з Наташай. Заўтра а шостай вечару каля гатэлю «Хілтан».
Багаты ўжо, я ня стаў шукаць таннага гатэлю, а ў «Хілтане» і пасяліўся. Выбраў нумар на самым высокім паверсе, адкуль, як сказаў незвычайна гаваркі для шведа парцье, што мяне пасяляў, відаць уся Еўропа. Ці, калі ня ўся Еўропа, дык уся Данія. Ці, калі ня ўся Данія, дык увесь Капенгаген. Праўда, пры сонцы.
Ліфт, які ўзносіў мяне пад нябёсы, быў цалкам шкляны. Падлога толькі не шкляная. Ды ўсё адно здавалася, што няма апоры пад нагамі, і я недзе ў пустаце, недзе нідзе... Дух, здань... Стала раптам страшна, захацелася спусьціцца — і на вакзал. Але цягнула і ўсмоктвала пустата. Я быў багаты, а Наташа была прыгожая. І падобная. Напляваць, што прастытутка.
Назаўтра, ад няма чаго рабіць да самага вечару, я зайшоў, каб час заняць, у магазін «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», дзе мне ўсунулі рэкламны прасьпект, у якім было напісана, што магазін «Triangeln» — гэта не адзін магазін, а семдзесят два магазіны ў адным, і я хадзіў з аднаго ў другі, а пасьля, ніба тых 72-х мне не хапіла, туляўся яшчэ па нейкіх буціках, купіў туфлі, касьцюм, плашч, кашулю, гульштук, бо, калі ты багаты, дык і выглядаць трэба па-багатаму, залатым пылам іскрыцца, і я ўсё новае на сябе апрануў, нічога старога ня выкінуўшы, склаўшы ўсё старое, якое яшчэ насіць ды насіць, у зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і надпісам Belarus, які прадаўшчыца яшчэ і бліскучымі стужкамі перавязала, і так я ва ўсім новым з усім старым, бліскучымі стужкамі перавязаным, з кейсам сваім іду сабе ў ціхім шведскім горадзе Мальма па вуліцы Södra Förstagatan, што значыць вуліца 1-я Паўднёвая, да гатэлю «Хілтан», каля якога праз паўгадзіны ў мяне спатканьне з прыгожай жанчынай, потым вечар у рэстаране, ноч у нумары з панарамай усёй Еўропы, дый наогул жыцьцё наперадзе, а тут падыходзіць той бадзяжнік і пальцамі пстрыкае, просячы прыпаліць, сам дастае запальнічку, на пісталет падобную, гэткую ж, як у мяне, раптам страляючы мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы круглыя знакі свае, кропкі сьвету ставяць, і я аказваюся нібы ў цалкам шкляным, ці нават у паветраным ліфце без апоры пад нагамі, дух, здань, недзе ў пустаце, недзе нідзе, — во ё-маё, Наташа...