Ражон

Я ў прыгарадзе нарадзіўся, у сельгаспасёлку. Пры любым горадзе такія пасёлкі ёсьць, і кожны, хто там жыве, з маленства ведае, што нарадзіўся ён і жыве для таго, каб біцца з гарадскімі. Штовечар сядалі мы ў электрычку і ехалі ці ў парк, ці на дыскатэку, дзе, доўга не чакаючы, каб да ночы дамоў вярнуцца, усчынялі бойку. Нам было ўсё адно, каго і за што біць, і часьцей, чым мы іх, гарадскія, сабраўшыся, білі нас, але нам гэта толькі дадавала злосьці. Назаўтра, абмыўшыся ад крыві, мы зноў сядалі ў вагон электрычкі і ехалі, каб біцца насьмерць. Мы ні пра што ня думалі, нас вабіла небясьпека, рызыка, нам быў у асалоду сам пах бойкі, а ў газетах пра нас пісалі, што мы — сацыяльная праблема.

Неяк па тэлебачаньні пра нас дыскусію завялі, і адзін прафесар сказаў, я запомніў, што мы б’ёмся, несьвядома адваёўваючы сабе жыцьцёвую прастору, занятую тымі, каму яна за так дасталася. Я зразумеў, што меў на ўвазе прафесар: гэта як некаму выпадае каралём нарадзіцца, а некаму біцца і біцца, каб пры каралеўскай кухні, ці пры канюшні служыць.

З дзяцінства, апроч таго, што біўся і мяне білі, і быў заўсёды галодны, я вось што яшчэ запомніў. З арміі Лёнік, суседаў сын, вярнуўся, і сусед пеўня, каб да стала засекчы, злавіў. Таптаўся з пеўнем на дрывотні, ніяк сякеру ня мог знайсьці, на жонку крычаў, што тая падзела некуды, а Лёнік сказаў, што ня трэба сякеры. Узяў пеўня з бацькавых рук — і чык па шыі рабром далоні, нібы сякеркай. Галава пад калоду адляцела, а Лёнік абыякава, нават лянотна рукі абцёр адну аб адну, пеўня кінуўшы, які пабег па двары без галавы, крывёю з горла ва ўсе бакі пырскаючы...

Я пакляўся сабе, што навучуся гэтак, як Лёнік... Так, каб галава адлятала, па шыі біць, і так абыякава, лянотна рукі абціраць.

Пакляўся і навучыўся. У секцыю каратэ пайшоў, у арміі ў сьпецназ узялі, намахаўся і сякеркамі, і лапаткамі... Чалавеку галаву так проста, як пеўню, без лапаткі ці сякеркі не адбіць, тут неймаверная сіла і хуткасьць удару патрэбныя. Жылісты чалавек. Асабліва мужык, баба не такая.

Зрэшты, што мужык, што баба — шыйныя пазванкі ва ўсіх з касьцей. І ўжо іх я, руку набіваючы, натрушчыў. Балазе было каму і дзе, паўсюль ваявалі.

Калі б у сьпецназе плацілі нармальна, можна было б далей служыць. Але не плацілі.

Адслужыўшы, паспрабаваў у спорце патузацца, ды там пасьля сапраўдных боек пах ня той. Потам пахне, не крывёй. Таму згадзіўся, калі прапанавалі іншую работу.

Новы рускі, які наняў мяне ў ахову, быў ніякі ня новы, стары партыец. З найвышэйшай касты. З тых, хто і распачаў дзяльбу, падзяліўшы краіну так, што ўсё, што было ў ёй на зямлі і пад зямлёй, ім дасталося. А потым яны кляліся, што зусім ня гэтага хацелі — проста так выйшла. Але не інакш, бач, выйшла, а менавіта так. З чым не маглі зьмірыцца тыя, хто да дзялёжкі стаў падбірацца пазьней.

Пад час, калі ў Крамлі піцерскія заверхаводзілі, маскоўскія даўно ўжо ўсё падзялілі. У газетах пісаць пачалі, што нельга дапусьціць перадзелу, бо гэта дэстабілізацыя, інфляцыя і ўсё такое. Адразу ж кожнаму, хто быў хоць з нейкімі мазгамі, зразумела стала, што пачаўся перадзел. У Крамлі сабралі ўсіх, хто раней нахапаў, сказалі: «Мы ня будзем вас чапаць. Пры ўмове, што той, хто нахапаў на метале, укладвае грошы ў металургію, хто на нафце — у нафтаздабычу, хто на зброі — у армію...» — і так па ўсім сьпісе. Так яны быццам бы хітра прыдумалі, як грошы нахапаныя забраць. Ну, ня ўсе, хоць колькі-небудзь — нібыта з клопатам пра краіну.

Знайшлі дурных...

Старых піцерскіх заадно з маскоўскімі прэсавалі, не зважаючы на зямляцтва. Мой партыец таксама на той сходцы быў. Ім сказалі, яны паслухалі, галовамі паківалі: маўляў, згодныя. Але ніхто, зразумела, ні капейчыны не аддаў. Наадварот, зноўку ўсе гэтак грэбсьці заўвіхаліся, нібы сваё не дабралі. Тады і стала самай большай чаргой у Піцеры чарга на могілкі. Як і ў Маскве.

За піцерскі порт было некалькі войнаў, і калі пачалася новая, партыец сказаў мне, што трэба ня толькі бараніцца, але і нападаць. Зубы паказваць, каб ня думалі, што яны ў яго павыпадалі. Карацей, каб я набраў людзей. Групу ліквідацыі.

Я падабраў групу з сямёх. Разам са мной — васьмёра, на дзьве машыны. Чатырох сваіх сьпецназаўскіх узяў, трох сельгаспасёлкаўскіх... На рабоце не прадыхнуць было, не пасьпяваў рукі абціраць.

Партыйца зноў запаважалі, адступацца ад яго, здалося, пачалі — і раптам ледзь ня кончылі. Ды яшчэ праз сваіх.

Жонка ягоная бардэль трымала, салонам яго называючы. Некалькі прастытутак гаспадара абслугоўвалі, у яго на пасылках былі. Такія — не падступіся. Гонар паказвалі. Свой прастытуцкі, але гонар. «Мы не ў бардэлі, мы ў салоне». Я паспрабаваў з адной, з Ляляй, танклявай такой... Яна мне: «Ты паглядзі на сябе, кабан!..»

Сучка.

Якраз у нанятай для яе кватэры на Васільеўскім у партыйца і пальнулі. З дому насупраць, Ляля ў спальні акно не зашторыла. Куля зрэзала ланцужок, на якім шторная ручка вісела, зрэкашэціла. Так што партыец выпадкова ўратаваўся — і даручыў мне разабрацца.

А ў чым разьбірацца?.. Сучка. Перакупілі, працавала на некага. Трэба было астатнім паказаць, што за такое бывае.

Я сказаў гаспадыні, каб у той жа кватэры на Васільеўскім склікала прастытуцкі сход. Увесь іх блядскі сьпецназ сабрала, як яны самі сябе называлі. Паставіў Лялю перад усімі і, калі ўжо яны сьпецназ, — чык па шыі! Шыя ў яе, як у курыцы, была, і Ляля, мусіць, яшчэ ўбачыць пасьпела, як галава ў яе адляцела, і пабегла за ёй, за галавой без галавы, па ўсёй кватэры крывёй пырскаючы...

Эфектна выйшла. Не пападалі, прытомнасьць страціўшы, толькі гаспадыня і Наташа, якую я тады і запрыкмеціў. Яна ня стала, як Ляля, ламацца. Ды ўсё яны шоўкавымі сталі.

Нешта ў Наташы мяне вабіла. Яна была прастытуткай — і ў той жа час не. Я разумею, што такога не бывае, але ў ёй вось такое было.

Ня ведаю, што гэта, і як растлумачыць... Мігценьне... Я хацеў нават прапанаваць ёй жыць са мной. Якраз перад тым, як гаспадар падкінуў нам работу на пару. Пасьля якой было ўжо не да мігценьня.

Мы дазналіся, хто з канкурэнтаў заказаў партыйца, але таго, былога гэбіста, не ўдавалася паваліць. Ледзь ня армію меў, моцна стаяў. Тады партыец і прыдумаў, як разабрацца з ім праз ягонага сына. Падрабязны план напісаў для мяне і Наташы, якая павінна была так хлапчука накруціць, каб ці сам ён бацьку кончыў, ці мяне ў дом правёў.

План мне ня глянуўся, кіно нейкае. А хлапчук спадабаўся. Нават шкада было, калі павесіўся...

Забаўны ён быў. Я пісталет яму даю, каб ён, як мужык, за сябе пастаяў, і ён нібыта згодны бацьку прышыць, каб з Наташай быць, ды раптам кажа: «Вы пісталет мне падшукайце, каб несапраўдным выглядаў, на цацачны паходзіў. Каб я думаў, што гэта гульня...»

Я прынёс яму невялічкі, італьянскі, на запальнічку падобны, ён і яго ня ўзяў... Так пісталецік той у мяне і застаўся. Нашу яго з сабой, ніхто ня думае, што сапраўдны.

А хлапчук вяроўкай абыйшоўся...

У бацькі ягонага ў ахове мой аднакашнік армейскі, былы сьпецназавец, служыў, які мяне папярэдзіў, што гаспадар, як толькі сына пахаваў, адразу ў Маскву паехаў. Каб давесьці там, што партыец даўно ўжо ўсім замінае. І давёў, з ім згадзіліся. Так што чакай, сказаў аднакашнік, гасьцей. Ці саскоквай, каб мы адзін аднаго не пастралялі.

Я ня стаў чакаць. Перад тым, як саскочыць, пачысьціў партыйца. Ламануў, можна сказаць, партыйную касу. Праз гэта мяне і пачалі даставаць за мяжой: вярні не сваё.

Хрэн вам. Чаму яно не маё, а ваша? Вы што: каралямі нарадзіліся?..

Дома мне не выпадала жыць. Хіба што зусім нядоўга.

У Стакгольм я падаўся, бо там у мяне свой чалавек быў. А ў яго — свой адвакат, які дапамог офіс купіць, фірму адкрыць. Параіў хоць аднаго шведа на нейкі час на работу ўзяць. Я ўзяў беспрацоўнага, адвакат журналіста знайшоў, які напісаў, што я ствараю у Швецыі новыя рабочыя месцы. Не на іхнім жыву, на сваім, ды яшчэ ім ад мяне перападае. На такіх людзей іначай, чым на звычайных імігрантаў ды бежанцаў, якіх карміць трэба, глядзяць.

Да тых, хто з грашыма, паўсюль адносіны, як да людзей, якія з грашыма. Да іншых — іншыя. Яно было так, ёсьць і будзе.

А швед мой, зарплату адрабляючы, наркату з Капенгагену вазіў. Яму дадуць — ён павёз. Ня ведаючы, што вязе. Апошнім разам яго ў Мальма ледзь не павязалі, і я паехаў туды, каб пашчупаць, што там і як.

Наркатой у Скандынавіі здаўна афрыканцы з азіятамі займаюцца. Пераважна яны. Яшчэ цыганы. Але ўсё болей і болей тавару пачало ісьці ў Еўропу з Сярэдняй Азіі праз Расію — і сур’ёзна падключыліся нашы. Мой чалавек у Стакгольме быў якраз адным з іх.

Ён сказаў мне, каб швед зьнік. Бо, калі ўжо на яго выйшлі, дык усё адно павяжуць. А ў якой ён фірме працуе, хто дапамог фірму адкрыць?.. Як толькі гэта высьветліцца — нам сядзець.

Я і сам сумневу ня меў, што, калі яго возьмуць, швед усіх здасьць. Наш бы дык яшчэ круціў, выдумляў нешта: ня ведаю, не маё. Каля аптэкі знайшоў, думаў, што вітаміны. А швед раскажа ўсё, як на споведзі. Ды ня толькі швед — хоць фін, хоць немец, хоць нарвежац. Законапаслухмяныя.

Адвакат мой неяк завёў мяне ў суд. Для практычных, можна сказаць, заняткаў. Каб лепей я шурупіў, у якім сьвеце цяпер жыву. Ён на судзе дзеда бараніў, які атруціў ката. Мазгі ў ката паехалі: па начах мяўкаў, драпаўся, спаць не даваў. Дзед трываў-трываў — няе вытрываў. Дык сьведкі ўсе, суседзі, падчыстую яго здавалі. Расказвалі, як ката ён мучыў. «На матузку, — адна суседка паказвала, — гуляць вядзе, і матузок тузае, тузае...»

Усе глядзелі на таго дзеда, як на садыста кончанага.

Пасьля гэта па газетах пайшло, па тэлебачаньні... У нас людзей штодня канчаюць — і нічога. А тут ката атруціў — на ўсю Швецыю скандал.

Хоць і ў іх, здараецца, страляюць... Прэм’ера нейкага некалі забілі. Пры мне бабу, якая міністрам была, завалілі. Падышоў мужык у краме — і заваліў. Без прычыны, дык нават не судзілі. Прызналі, што ненармальны, калі без прычыны.

А прычына была... Не хадзі, калі ты міністр, па крамах. У нас ніводнага міністра ў краме ня кончылі.

У Мальма ў гатэлі «Хілтан» я на апошнім паверсе, на самай верхатуры пасяліўся. Адкуль, як парцье сказаў, ці ня ўся Еўропа відаць. Ці ўся Данія. Альбо, ва ўсякім разе, Капенгаген. З якога швед наркату вазіў...

Гледзячы ўраніцы на Еўропу, якой за туманам не відаць было, я прыкідваў, як мне найлацьвей са шведам абыйсьціся. Каб зьнік, як туман.

Нічога талковага не прыдумвалася. Спусьціўшыся ў рэстаран пасьнедаць, я пазваніў Наташы. Яна сказала пра пасланца з Піцеру, які едзе ў Мальма. З якім дамовілася яна спаткацца заўтра а шостай вечару каля гатэлю «Хілтан».

Ты думаеш, як зрабіць так, каб зьнік нехта. А нехта думае, як зрабіць так, каб зьнік ты. Жыцьцё ідзе, усё нармальна.

За суседні стол, дзьве поўныя талеркі рыбы і мяса прыцягнуўшы, хлапчына худобны прысеў, да якога афіцыянт падышоў і пачаў дапытвацца, у якіх апартаментах той жыве? Не з-за таго, думаю, дапытвацца пачаў, што хлапчына гару ежы набраў, а таму, што не выглядаў ён на тутэйшага пастаяльца. Ня гэтак ён глядзеўся, як чалавек, які спусьціўся са сваіх апартаментаў на сьняданак у рэстаране гатэлю «Хілтан». Нават куртку зашмальцаваную, відавочна з сэкэнд хэнду, ня зьняў. Бадзяжнік.

Ён назваў афіцыянту нумар пакою — аднаго з самых дарагіх у гатэлі. З якога ці няе ўся Еўропа відаць. Афіцыянт не паверыў і пайшоў удакладняць... Заазіраўшыся па баках, хлапчына выбіраў момант, каб зьбегчы.

Не назваў бы ён нумар — няхай бы бег. Але ён назваў, і нумар гэты быў напісаны на маёй гасьцявой візітоўцы. На той, якую ўчора выдаў мне парцье.

Мяне насьцярожваюць любыя, а тым больш такія супадзеньні. У кожнага свой вопыт — і ў мяне свой. Пры маёй рабоце я пераканаўся: калі хочаш жывым быць, не дапускай думкі, што выпадковае адбываецца выпадкова. Нечым яно абумоўлена. Шукай, чым. І як мага хутчэй шукай, бо можаш не пасьпець.

Хлапчына падняўся, я кінуў праз стол: «Сядзі!..» Ён перапудзіўся ад нечаканкі, хоць і ня надта. Зноў сеў і, што мяне зьдзівіла, стаў есьці.

Калі афіцыянт вярнуўся з малайцом са службы бясьпекі, я падазваў іх і сказаў, што жыву ў названым нумары, а за суседнім сталом сьнедае мой госьць, за якога я плачу. І працягнуў афіцыянту візітоўку...

Ніхто ў мяне не спытаў: чаму мой госьць сьнедае за суседнім сталом? Калі плацяць, дык няхай сьнедае за суседнім. Можа, прынята ў нас паасобку сьнедаць, каб з самай раніцы адзін адным не раздражняцца.

Як і на пастаяльца «Хілтану», так і на пасланца з Піцеру хлапчына, апрануты бадзяжнікам, быў мала падобны. Проста ніяк не падобны. Дый ня мог пасланец пасьпець сюды, праехаўшы чвэрць Швецыі — паром толькі што ў Стакгольме прычаліў. І не пасылаюць такіх, але... Ён назваў нумар нібыта наўмысна для мяне. Неверагодная, надта вялікая выпадковасьць.

Зьеўшы ўсё, што прынёс, госьць мой яшчэ раз схадзіў да шведскага стала і набраў столькі ж. Ён быў меншы за мяне разы ў тры, куды яно ў яго лезла?.. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што ён даўно ўжо не хлапчына — гэткі падвысахлы мужычок, які на хлапчука выглядае. Нарэшце ён наеўся, я ўстаў і ўзяў яго пад локаць: «Пайшлі пакажу, дзе жывеш».

Ён пайшоў, ледзьве ногі цягнучы... Не таму, што аб’еўся, ён наогул быў вялы.

Аказалася, беларус. З Ваўкавыску, я і ня ведаў, што такі горад ёсьць. З назвай, нібы ваўкі ў ім выюць... Ён там барацьбітом нейкім быў, змагаўся за нешта. Як яны, такія вялыя, там змагаюцца?..

І я не зразумеў: за што? Каб Расія, ён сказаў, не заняла Беларусь. А нашто Расіі Беларусь займаць, калі Беларусь і так Расія?..

Звалі яго Сьвятаславам. Такое беларускае імя — у Расіі не пачуеш. Сьвятая слава, сьвяты абавязак, сьвятая айчына... Наслухаўся я гэтага ў войску — чуць ня мог.

Ён падышоў да акна ў маім нумары і глядзеў доўга. «Там недзе, — за туман паказаў, — замак, дзе Гамлет жыў, павінен быць».

Я спытаў: «Ну і што?..» — і ён уздыхнуў, у туман углядаючыся: «А тое, што Шэксьпір…»

«Што Шэксьпір?..»

«А тое…»

«Што тое?..»

«Калі б у нас быў Шэксьпір, дык была б і гісторыя… Усё было б інакш…»

«Што інакш?..»

«Усё…»

Што ў іх магло быць інакш, калі мы разам у Савецкім Саюзе былі? А калі мы разам у Савецкім Саюзе былі, дык пры чым Шэксьпір?..

Гаварыў ён, трохі заікаючыся: «У нас бы-быў… дык бы-бы-ла б…» Мянушку б яму якую, дык Бабыб самае тое было б. Я так і сказаў: «Давай Бабыбам называць цябе буду, на Сьвятаслава ты не выглядаеш», — і ён кіўнуў, галавы ад акна ў тумане не павярнуўшы: «Называй…»

У сьвятле ваконным, хоць і туманным, я разгледзеў, што ён старэйшы за мяне — і тым ня менш называй яго, як хочаш… І толькі цяпер ён спытаў: «А цябе як называць?»

«Ражном».

«Ражном дык Ражном…»

Не, на разборкі такіх не пасылаюць. Нечым ён на таго піцерскага хлапчука, які павесіўся, быў падобны. Толькі падстарэлы... Дык я і падумаў: можа, яго скарыстаць?.. Не адразу падумаў, а тады, калі ён сказаў, што рабіць зьбіраецца.

Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску, потым у Менску жыў, дзе ганялі яго за барацьбу, у каталажку садзілі. З работы пратурылі... Шукаючы, дзе прытуліцца і на кавалак хлеба зарабіць, ён вярнуўся ў Ваўкавыск. Бацькі памерлі, хату адразу па іх сьмерці ён за капейкі прадаў, прытуліўся ў брата стрыечнага. Уладкаваўся на пошту, дзе брат паштарыў — і абодвух іх выгналі, хоць на ўсю пошту толькі і паштароў было, што ён ды брат. Звольнілі іх праз тое, што яны ў пікет сталі: ён брата, які прытуліў яго і дапамог яму работу знайсьці, у пікет зацягнуў, каб таго на пару з ім выгналі! І дзеля чаго зацягнуў, каб выгналі?.. Каб вуліцы Суворава ў Ваўкавыску не было, не хацеў ён газеты на вуліцу Суворава насіць.

У мяне таксама ёсьць брат стрыечны, на гісторыю запалы, дык ён неяк расказаў мне, які бяздарны быў паход Суворава праз Альпы, дзе без аніякага толку процьма людзей загінула, памарозілася… Але ж напляваць на тое, бо калі яно было? Так што я зноў ня ўцяміў: «Пры чым Сувораў?..»

Адусюль выгнаны, Бабыб ня ведаў, як далей быць, і нехта яму сказаў, што беларусаў, якія змагаюцца, за мяжой прымаюць. Адразу ўсё ім даюць.

Пазычыўшы грошы ў брата, які прадаў паўхаты і гатовы быў, мусібыць, прадаць апошняе, каб толькі ад яго пазбавіцца, ён купіў тур па Скандынавіі, прыехаў — ніхто і нічога ня даў. Апроч месца ў лагеры для бежанцаў. Але цяпер і таго ня стала: яму адмовілі ў палітычным прытулку і ён падпаў пад дэпартацыю. Таму зьбег з лагеру, надумаўшы ці падпаліць што-небудзь, ці ўзарваць, ці нават каго-небудзь забіць, каб ці сесьці ў турму, ці ў клініку патрапіць для псіхічна хворых. Абы дахаты не вяртацца. А падпаліць што-небудзь ці забіць некага надумаў, бо, калі проста ўкрасьці, ці яшчэ ўтварыць што-небудзь такое, ня цяжкае, дык не пасадзяць, усё адно дэпартуюць.

Зусім выпадкова, рэчы падносячы, ён пабываў у нейкай клініцы для псіхаў, там хораша. Жывуць шведы, на галаву хворыя, так, як беларусам, на галаву здаровым, і ня сьнілася.

Ён ня быў хворым, не. Я ведаў такіх людзей, яны нібы ня самі жывуць на сьвеце. Быццам нехта іх жыць змушае. Такіх пасылаюць на такое, на што іншага не пашлеш. Іншы, не такі, ня пойдзе. З такіх вярбуюць сьмяротнікаў, каб зрабіць з іх жывыя міны.

Вось я і ўзважваў: на пасланца яго скарыстаць, калі сам ён не пасланец, ці на шведа?..

Я дапускаў яшчэ, што ён можа быць пасланцам, але ўжо толькі з-за звычкі нічога магчымага, хай нават самага неверагоднага, не выключаць. Выключыць можна было толькі тое, што ён швед.

Пасланца, калі ён пасланец, можна перакупіць… Я сказаў яму, што, калі ўжо наважыўся ён некага кончыць, дык магу прапанаваць, каго… Ён не зьдзівіўся, а мяне зьдзівіў, коратка кінуўшы, ад акна не павярнуўшыся:

— Толькі не жанчыну.

Я дык хоць бы павярнуўся… І спытаў бы найперш не пра тое, каго? — пра што ён па сутнасьці спытаўся, — а пра тое, за колькі?.. Дый хто заўгодна іншы павярнуўся б і пра тое самае спытаўся…

І чаму толькі не жанчыну? Якая розьніца?.. Шведа ці рускага — розьніца, за рускага ў Швецыі меней дадуць.

Я сказаў, што не жанчыну. Спытаў, што ён за гэта, апроч шведскай псіхушкі ці турмы, хоча? Ён адказаў, што вінен брату за палову хаты...

Надта спадабаўся яму, як некалі хлапчуку піцерскаму, пісталет. Праз тое, што маленькі, на цацачны падобны. «З яго страляць, як гуляць. Сам не паверыш, што…»

Бабыб не дагаварыў: што?..

Кілераў такіх не бывае. Які з яго пасланец?.. Кончаны бабыб. «Ражон, — зьдзівіўся я з самога сябе, — з кім ты зьвязаўся? Мазгі табе адбіла?..»

Я ўзяў яго ззаду за шыю — у яго вочы на лоб узьлезьлі, я умею так за шыю браць, каб на лоб вочы ўзлазілі:

— А двух заб’еш? За двух будзеш мець, як за цэлую хату.

Ён паспрабаў крутнуць галавой, ня змог, але паспрабаваў: «Не».

— Тады ўсё, — разьняў я пальцы і падштурхнуў яго да дзьвярэй. — Вымятайся.

Ён не выходзіў. Стаяў каля дзьвярэй, паціраючы шыю і сьціскаючы павекі, намагаючыся вочы вярнуць у вачніцы. Пасьля сказаў неяк па-дзіцячы, як папрасіў на цукеркі:

— Слухай, дай мне каго-небудзь забіць. Не дасі, дык заб’ю цябе. Ны ведаю як, але заб’ю.

Апроч, як у дзяцей, гэткія жаласьлівыя да саміх сябе інтанацыі яшчэ ў блатных пракідваюцца. «Падла буду, зямлю буду жэрці, брат…» — а ў самога шыла ў рукаве.

Забіць мяне ён ны мог ні пры якім раскладзе, і ўсё ж, многае пабачыўшы і зьведаўшы ў жыцьці, я ведаў і тое, што такое зацятасьць. Перада мной — з вылезлымі на лоб вачыма і дзіцячымі размовамі — стаяў зацяты мужычок. А значыць, калі не ў гэтую хвіліну, дык у наступную — здольны на ўсё. Не скарыстаць такога было б памылкай…

З пасланцам з Піцеру яму ня справіцца. Калі адтуль паслалі чалавека, дык такога, які тузін бабыбаў пакладзе.

Я ўжо ледзь не надумаўся ўзяць яго з сабой у Капенгаген, на шведа скарыстаць, калі яму ўсё адно, каго забіваць, абы не жанчыну. І ў Капенгагене, у адрозьненьне ад Мальма, я з ім не засьвечваўся: у рэстаране з ім ня сьнедаў, за госьця свайго не выдаваў… Але ён, нібыта ўгадаўшы, пра што я думаю, мяне апярэдзіў:

— У Данію не паеду. Тут я хоць на нейкіх правах, а там на ніякіх.

На якіх ён тут правах?..

Не праз тое, што ён упёрся, а з-за таго, што яшчэ ня склалася ва ўсіх дэталях схема разборак са шведам і пасланцам, я паехаў у Капенгаген, да заўтра пакінуўшы свайго госьця ў нумары гатэлю «Хілтан», скуль адкрывалася панарама ўсёй Еўропы.

Назаўтра, вярнуўшыся ў Мальма і сьпяшаючы, бо ўжо была палова на шостую, да гатэлю, я з натоўпу каля фантану ўбачыў Бабыба, які падыходзіў да нейкага ўсяго бліскучага фацэта з пакетам, і па тым, як ён не бачком, не азіраючыся, а рашуча і ўпэўнена крочыў, я адчуў, што зараз нешта адбудзецца, але ня думаў, што яны, фацэт з Бабыбам, сышоўшыся, схопяцца за пісталеты — і Бабыб, як яно ні дзіўна, пасьпее стрэліць першым. Гэта насамрэч дзіва, што ён пасьпеў стрэліць першым, бо Наташа ў фацэце з пакетам, якога заваліў Бабыб, пазнала піцерскага пасланца…

Вось табе і Бабыб.

З вакзалу, дзе, калоцячыся, бо ўсё бачыла на свае вочы, чакала мяне Наташа, я патэлефанаваў свайму адвакату ў Стакгольм і сказаў, што для яго ў Мальма ёсьць работа.


Загрузка...