* * *
Пaкуль хаджу па гэтай зямлі —
Нішто мне шляхоў не зачэрніць:
Ёсць вехі і знакі, што лёс мой вялі,—
Сутнасці вызначэнне.
Любая бяда для мяне паўбяды,
Во дваццаць другога чэрвеня
Стаіць двайніком за плячыма заўжды —
Пакут i слёз вызначэнне.
Прайшло праз дзяцінства ваенных дарог
Вогненнае перасячэнне.
Са мной— найвялікшая з Перамог —
Мужнасці вызначэнне.
І так, і гэтак дратуюць гады.
І свет наш — не з мёдам пчэльнік,—
За праўду стой, не муці вады —
Нязломнасці вызначэнне.
То сонцам адорыць, то градам паб'е
Ніву маю пад карэнне,—
Жыццё, я за ўсё удзячны табе —
Песні маёй вызначэнне.
Хоць поўдзень высока, ды ўжо на страсе
Мільгнуў мой прамень вячэрні:
Жніўё для парасткаў новых засей —
Няспыннасці вызначэнне.
Ад слова і памяці роднай зямлі
Мяне не грызло адрачэнне,—
І продкі са мной і нашчадкі былі —
Веры маёй вызначэнне.
І сыну бацькоўскі мой запавет,
Апошні наказ, даручэнне:
З імем Радзімы выходзіць у свет —
Будучыні вызначэнне.