ПАД ЦЕНЕМ КАМЕННАГА ЛЕСУ Лісткі з амерыканскага блакноту

ШТО ЎЗЯЦЬ

Што мне запомніцца на гэтым двары?

У калодцы бярозавай два тапары.

Церабілі на пару, цясалі на пару —

Вянцы смалістыя ім да твару.

Жменька зярнят — прынада нясушкам,

Ля іх — верабей, праныра-зладзюяжа:

Схопіць, ускочыць на градку дроў —

Бы кроплю глыне:

— Будзь здароў!

— Будзь здароў!..

Багі чысціні: рукамыйнік стары

Ды венік... Здаецца, i ўсё на двары.

А што мне ўзяць

з двара гэтага ў свет?

На жоўтым пясочку мамін след.


У НОЧ УРАГАНУ ПА IMEHI ГЛОРЫЯ

Мяне разбудзіць вецер незямны,

Прадказаны, паказаны, фатальны,—

Taм — што ўвысь шыбуюць валуны,

Так! — што дождж сячэ гарызантальна.

За тыдзень каментатары крычаць —

Ахрып дынамік, змогся тэлевізар:

З кватэры не вылазь, хоць i смяльчак,

I не хадзі, крый божа, па карнізе.

Мяне ўначы разбудзіць ураган,

Што па-жаночы — Глорыяй — завецца,

I ў нейкі чорны, нібы смерць, прагал

Мой светлы сон раптоўна абарвецца.

A ў гэтым сне быў Дзмітрый Кавалёў,

Паэт з душой крынічнай. I спаткацца

Нам выпала вось так — між каралёў

I між міністраў самых розных нацый —

Вось гэтых, Аб'яднаных, што ў хаўрус

З'яднаць i нам, паэтам, не ўдалося.

З-пад нашай Веткі — рускі беларус —

Ён прыклад даць хацеў уласным лёсам...

I хоць пагрозы раздзіраюць свет,

Ды сёння ў кволым i наіўным свеце,

Як гаварыў яшчэ адзін паэт,

Пануе стылы цар — пануе вецер.

Вось ён ідзе, віхурыцца, ляціць —

За кожную секунду сорак метраў...

А я не сплю — мне іншы смерч карціць,

Што выбухнуць імкнецца з іншых нетраў.

І пестуюць яго, i па суду

Ён не праходзіць між забойцаў брудных,

Падкормку ў яслі з долараў кладуць —

Па дваццаць пяць мільёнаў у секунду...

Амерыка, ты Глорыю ўсур'ёз

На трагедыйны п'едэстал узносіш.

А ты не бачыла нявыплаканых слёз

Тых мацярок, што ў полымі галосяць?

Ты лічыш за трагедыю, што ток

Не паступае сёння ў халадзільнік,

Што вецер збіў страху i знёс флагшток,—

А ты па мінным полі не хадзіла?..

Тады пакінь крычаць пра валуны,

Пра дождж,

што ўтульнасць патрывожыў тлумам,

Б'юць у Хатыні памяці званы —

Дык памаўчы. Тут лепш адно — падумаць.


АБ CIMBAЛAX

A. Е. Гурыновічу

Ёсць сімвалаў шмат у будынку ААН.

Галоўны (зямлі суцяшэнне) —

Сячэ паралелі мерыдыян,

Нібыта кругі мішэні.

Нібыта хтосьці ўзяў пад прыцэл

Усе кантыненты агулам...

Ды міру галінка ў добрай руцэ

Абдымкамі свет агарнула.

На гэты сімвал, планета, глядзі

Ды нішчы ваенныя базы...

А побач — сімвал яшчэ адзін,—

Яго не раскусіш адразу.

Трохколерна пляма паўзе па сцяне —

Бела, чырвона i чорна...

А як гэта ўсё пагражае вайне?

Пакутам людскім незлічоным?..

Адзін дыпламат перагледзеў тамы

I знак напалову разважыў:

Белыя — захад, чырвоныя — мы...

А плямы, што свецяцца сажай?..

Не змог адказаць ён... А як тады мне

Расчомацца з гэтай акрасай?

Ці то катаклізму, пароль па сцяне,

Ці то — чалавецтва расы?..

Такі, выходзіць, і сімвал, як свет,—

Расплывісты і размыты.

Хаосам назваў гэту з'яву паэт

I плюралізмам — палітык.

Вось ён — з чарговай прамовай ідзе —

Славесных баёў гладыятар,

Рыбку лавіць у мутнай вадзе

Спец i вялікі аматар.

Знешне трыбун, а знутры блюдаліз,—

Ён сімвала гэтага варты:

Яму i патрэбен якраз плюралізм —

Бясформнасць ідэй і партый.

Такія ў аддзяку за харч і пітво

Хто ў хоры цягне, хто сола.

Машну набіваюць — і што ім твой

Свет недакладны і кволы?

Пішчыць у вушах тым, хто ўкраў парасё

І ён — як «Лавіце зладзея!..» —

Крычыць:

«Плюралізм!» — і плюе на ўсё

Спраўляючы баль Асмадзея.

Метал i працэнты — вось вера, i бог,

І сімвал, i просьба на твары:

Прадасца да цэнта — купіце яго,

Не грэбуйце танным таварам!

Купляюць усё i ўсё прадаюць,

Каб лад зберагчы заляжалы,—

Ракеты над светам злавесна ўстаюць,

І сыкаюць вострыя джалы.

Ды грозна ўзнімае планета кулак,

І пад імжой плюралізму

Сонца ўзыходзіць — адзінства знак

Міру і сацыялізму!

І сімвал савецкі

народам шляхі

На пляцы ААН вызначае:

«Перакуём на лемяхі

Мячы!» —

I пакончым з мячамі!


НЬЮ-ЙОРКУ З ПРЫЧЫНЫ ЗНАЁМСТВА

Стаіш на далані каменнай,

Сам, як спічастая скала.

Звісае смог, равуць сірэны,

Нябёс — хаця б на паўкрыла...

Яны з паштовак, небаскробы,

Ляцяць узнёсла, лёгка так...

А я пачуўся з імі побач,

Як той распляснуты пятак...

Ты ганарышся Уол-стрытам —

Што значыць: вуліца-сцяна,—

А ты скажы: людзям адкрыта

У вочы ці глядзіць яна?

Не чуў я штосьці... Толькі знаю:

Яе нутро — як чортаў вір,—

Kaго закруціць, хто ўсплывае,

І ўсіх гняце адзін кумір.

Імя яму — вялікі бізнес.

І ў ім вялікіх не зашмат,—

Да ix, уверх, паўзі, грабіся...

А хто каму тут родны брат?

Перагрызуць гарляк, як моркву,

Загоняць у банкруцкі хлеў,—

Не быў бы, містэр, ты Ньо-Йоркам,

Калі б характар іншы меў.

І людны ты, i адзінокі,

Змяшаў народ, ды не з'яднаў.

Хто ты i дзе твае вытокі? —

Душа не знае ні адна.

Якога племені i роду? —

Hi міфаў, ні былін, ні саг.

Ёсць, кажуць, статуя Свабоды,

Ды ў факеле агонь зачах...


БЯРОЗКІ НА ЧАЦВЁРТАЙ АВЕНЮ

Бярозкі на Чацвёртай авеню,

З якога вы павыбеглі агню?

Адкуль уратаваліся і ўсе,

Бяздомныя, паселі на страсе?..

І чую, як бярозкі з вышыні

Мне шэпчуць: «Ты на пас, браток, зірні

Ад гáры мы ўжо дыхаем ледзь-ледзь,

Не тое каб шумець ды зелянець...

Лісцінкі — як на пальцах палічыць,

Сціскаюць стан бетонныя лычы.

Каб не яны, даўно б цераз карніз

Зляцелі ад жыцця такога ўніз...»

Хто ж домаўласнік той ці домаўпраў,

Што вас зняволіў i да рук прыбраў?

«А вось ён, у басэйне, як мядзведзь,

А мы над ім павінны тут шумець,—

Зацеяў на страсе дамашні рай

І зацягнуў з пяці бярозак гай...»

Што ж, ясна мне: машэннік альбо туз

З прыродаю наладжвае саюз,

Здароўе папраўляе, што ад спраў

І чорных махінацый падарваў...

Эх, каб не чортаў суверэнітэт,

Цябе я спёр бы з неба, прайдзісвет!..

Шкада, што не магу... Таму крычу

Бярозкам: «Плюньце ў твар свайму хрычу,

Злязайце да мяне! Змяцём брыду —

Я вас у гай над Начай завяду.

Там з вамі я перазнаёмлю ўсіх —

Ад мурашоў да зайцаў i ласіх.

А з дрэвамі вы самі ў добры час

Шаптаць пачнеце — зразумеюць вас.

Грыбы і ягады пачнеце гадаваць,

Каб і мяне калі пачаставаць...»

...Ідуць за мной бярозкі — след у след...

Калі паедзем? Тэта наш сакрэт.

Заставы ўсе, таможні абагнём...

Сюды ж — i фота нават не прышлём!


ПТУШКІ І БОМБЫ

Сёння на кожнага жыхара планеты

прыходзіцца ўсяго толькі 25 птушак

i ажно 3 тоны выбуховых рэчываў

(у трацілавым эквіваленце).

З газет

«Хопіць, напартызанілі,

Кубы, В'етнамы, Танзаніі!» —

Раскашуйся, планета, у зацені:

Ракетнымі засадзілі лясамі,

Паясамі нейтроннымі падперазалі —

«Ёсць рэчы важнейшыя за мір»,— сказалі

Атамныя дызайнеры,

Дыназаўры цывілізацыі.

Ёсць, зразумела, важнейшыя —

Для вас, для сейфа з мільярдамі...

І што вам да нейкай

Вясенне-клейкай

Гаркавай алешыны,

На якой гняздуецца салавейка,

Што вам песня яго, калі з пагардаю

Мроіце: свет да крыла вашага

Мегатоннаю бомбай падвешаны...

Дваццаць пяць птушак?

І мала?!

На кожнага абарыгена?

Сантымент едзе на сантыменце!

Сумненняў рой умомант патушым,

Дзікунскія выправім гены,—

Радуйцеся і трыумфуйце, душы:

Ёсць на кожную з вас

Выбуховы трохтонны запас

У трацілавым эквіваленце!

Во гэта — музыка,

Гэта рот,

Калі грымне ў касмічным ашчэры!

Хай потап, хай сусветны пераварот

І хаос дажыццёвай эры,—

Толькі б рабскае племя,

Быдлячы род

Адпрэчыць

Ад камуністычнай веры!

— Спыніцеся, паны! —

Крылу я.—

Гісторыю не павернеш:

Не кабыла каўбойская,

Каб зацугляць i прышпорваць...

І зямля за мной:

— Хоць маўчу —

Я —

адзіная ў вас,

І няма таго зерня,

Каб пасеяць і зноў я вырасла

На палетках міжзорных.

Мы згаджаемся з ёй:

Ёсць і ў нас найваяшейшыя рэчы,

Толькі мір перад імі — не пятак на размен.

І не бомбай пазначаны лес чалавечы.

«Мір, свабода i роўнасць!» —

Палымнее на нашых сцягах.

Не ступені крылатых ракет —

Салаўіныя песні на дванаццаць кален

Абуджаюць нам вольны шлях.

Птушка ў сэрцы

І сонца ў руках!



ПІРОГІ І «ПІРАГÍ»

Гісторьіка-геаграфічная антыбалада

Плыў бяздомны Калумб Хрыстафор,

Плыў — атожылак Іудзеі,

Плыў, бо чуў начамі ад зор:

Ёсць зямля — Хрыстафора надзея.

Распіналі вяхры на крыжах,

Нібы ветразь па мачце, Калумба.

Плыў i плыў — праз голад і жах,

Плыў — да мэты сваёй паглумнай.

Плыў i плыў, каб адкрыць неўспадзеў

«Новы свет» на дарозе індыйскай.

І адзначылі інкі той дзень

Чорнай плямай на сонечным дыску.

Але ўсё ж да «крылатых пірог»

Выплывалі індзейцаў пірогі

І наіўна верылі: бог

Пасылае гасцей да пapoгa...

Плыў Калумб, удачы Хрыстос,

Хрыстафор, новай эры Месія,—

Каб i ўпоперак i наўпрост

«Новы свет» стагоддзі мясілі —

Капытамі разбояў i змоў,

Вераломства, крывавых пагромаў,

Таўкачамі замоў i прамоў,

Каркаломнага віскі i рому.

Так мясілі, каб цеста ў дзяжы,

Што Амерыкай сёння завецца,

Падышло да тае мяжы,

Дзе ўжо рэйхману[1] недзе падзецца.

І пухірыцца ён, i пукчыць,

І булькоча з акцёрскім акцэнтам,

І расце — i радзіцца крычыць! —

На дражджах, як бы на працэнтах.

Сам вылазіць — аж клёпкі трашчаць! —

На лапату ды ў печ з той дзежкі:

Вось пірог вам — «рэйхманам» зваць,

І пампушачкі — рэйхманешкі.

Ешце ўсмак над ваяцкі спіч

І цыгаркай «Паларыс» дыміце,

А сумленне — няхай паспіць

Парсюком пры поўным карыце.

Не падняць ад абжорства зады,

Падыхае душа пакрыёма...

Быццам новае печыва —

ды

Патыхае дужа знаёма.

Як закройшчык адзін гаварыў,

Моду гэтак мяняюць: у бочку

Усе кідай, а праз год — дагары

Стаў — i модныя возьмеш сарочкі.

Ці не тое ж i з гэтым агнём,

На якім выпякаецца «рэйхман»:

Мода сталася рэтра-днём,

Новы стыль — перавернутым рэйхам...

Гэй, Калумб Хрыстафор,

Чым глядзець,

Як твой свет безнадзейна старэе,

Я б на месцы тваім — за тапор

Ды шчапаць, ды крышыць свае рэі!

Хай бы інкам была Зямля:

Нам пірогі плылі б напярэймы.

Не шукаў бы Амерыку я,

Каб у ёй нараджаўся рэйхман.



ЖАНОЧЫ ПАРТРЭТ У РАМЦЫ ДЗВЯРЭЙ

America the first! (Альбо: «Americans the first!») —

вокліч ці не caмага лепшага тону ў Амерыцы,—

пры пасадцы на параход альбо ў самалёт —

ніякай чаргі i ніякай увагі да іншых,

нават пры выкананні гімнаў пры сустрэчы гасцей:

«Амерыка першая!» («Амерыканцы першыя!»)

Маленькая радасць: «Тhаnк you»[2],—

Што значыць адно толькі «Дзякуй»,—

За простую цеплыню:

«Праходзьце»,— паказваю знакам.

Спыніўся за мною паток,

Што ў дзверы лез дзелавіта,—

Не ўрок, a ўвагі шматок

Да светам забытай, забітай.

Амерыка, пачакай —

Хай пройдзе гэта жанчына,

Няхай пранясе свой адчай,

Як гэты мяшок за плячыма.

У ім — яе дом, i пасцель,

І калыханкі, i доля,

І шчэбет яе дзяцей,

Якіх не будзе ніколі.

Bag-woman[3], жанчына-мяшок...—

Амерыка, як ты часта

І трапна, пад сыты смяшок,

Умееш зняважыць няшчасных...

Я чую: «Жыццё — не калач,

Затое свабода: як хочаш

Жыві i смейся...»

Прабач,—

Амерыка, глянь ёй у вочы...

Не можаш?.. «Не хочаш глядзець?»

Во гэта да ісціны бліжай,

І мне лягчэй зразумець,

Дзе твой, Амерыка, стрыжань...

Па вуліцах-стрытах не раз

З табой мы ішлі, i ні трошкі

Не лгаў я, што ў Мінску ў нас

Пабачыш страйнейшыя ножкі.

З усмешкай тлумачыла ты

Адсутнасць ножак прыгожых:

«Яны ў башмачках залатых,

I пешкі хадзіць ім няможна:

З такімі — нясуць на руках,

З такімі — вязуць у машынах...»

...Я ўсё прачытаў у вачах

Бяздомнай, пакутнай жанчыны.

І як ж а тут з ёю, скажы,

Нам быць — з незнаёмкаю нашай,

Што ў парку ноч праляжыць

І дзень праблукае нашча?..

«Тhank you»,— прашаптала яна,

Не верачы ў знак увагі...

Людзей шуганула сцяна,

А мы з ёй — стаім, як бадзягі...

Сляды былой пекнаты

Зарылі крутыя маршчыны...

Амерыка, ці не ты

У вобліку гэтай жанчыны?


* * *

Амерыка спяшаецца,

Стаеннікі равуць —

Бензінныя, бляшаныя —

Наперагонкі пруць.

З нутра — клубамі пошасць,

Як стануць газаваць...

Машына не раскоша,

А сродак выжываць.

На ўсе чатыры колы —

Ажно асфальт кіпіць,—

Каб не застацца голым —

Паспець, перахапіць!..

То маркі знакамітыя —

І «Кадзілак», i «Форд»,

То гнутыя, разбітыя,

Як старасці рэкорд...

А ўзбоч, у дымнай гары,

Амаль не без штаноў

Спацелым цугам шпараць

Натоўпы бегуноў.

Гарцуе мільянерша,

Бяжыць на службу клерк —

Няхай сабе но першы,

Ды вырваўся з калек.

Жывыя механізмы

Нa спінах з рэчмяшком:

Інфаркт не лепшы бізнес,

Таму — шуруй трушком.

Мільгаюць ногі-спіцы,

Ідзе зацяты крос:

Усім патрэбен біцэпс —

Біць канкурэнту ў нос.

Амерыка ў хандрозе

Ад бізнесных бацыл:

Не ўпасці б на дарозе

І не аддаць канцы...

Нутро з прыскокам грэе

I дужа хоча жыць,—

Амерыка старэе,

Амерыка бяжыць...


ГАЛАСЫ

Колькі ix — Эй-бі-сі, Сі-бі-эс, Бі-бі-сі —

He злічыць галасоў, падгалоскаў.

A ў кожнага на языку не адна,

а нібы дзесяткі Расій,

I ўсе чырвоныя, да апоніняй палоскі...

Галасы — распінаюцца: кожны прарок i зух —

Схаваўшыся за ракетны штыкетнік:

Хвалі эфіру шавеляцца i паўзуць

Чарвямі па целе планеты.

А яно яшчэ цёплае, i б'юцца ў скронь

Блакітныя рэкі,

І раўніны зялёную падстаўляюць далонь

Пад ліўні, як пад жоўтую дробязь калекі...

І яшчэ не выбіта планеты імя

На камені надмагільным:

«Год нулявы — год апошні. ЗЯМЛЯ».

І сонца яшчэ ўзнімаецца гімнам.

Узыдзе яно, як здарыцца, i тады,

Над мёртвымі раўнінамі i лясамі.

І не будзе каму аплакаць людскія сляды,—

Галасы, галасіце самі...

Галасы... Эй-бі-сі, Сі-бі-эс, Бі-бі-сі,

Дайце хвіліну маўчання —

Не тую, каб вечную памяць прасіць,

Не жалобную ў час развітання,—

Дайце, дайце тую хвіліну,

Што маўчаннем ударыць:

— Людзі!

Я — апошняя.

А загіну —

Іншай не будзе.


Д'ЯБАЛЬСКІ МАТЫЎ

Будзе, будзе апошні падман —

Здрыганецца юдоль зямная:

Я такі напішу раман,

Што ніхто сам сябе не пазнае.

Будзе змей абаронцам людзей,

А герой — у вярыгах разбойных.

Будзе слёзы ліць ліхадзей

На палях забойстваў i войнаў.

Будзе маці сына люляць,

Што расце да крытычнай масы.

Будзе першынца Першынцам зваць,

Будзе гулькаць ён атамным басам.

Будзе воўк бараніць ваўка

За сталом Раз'яднаных Нацый,

Будзе «за» залатая рука

Паслухмяна, як штык, узнімацца.

Будзе задам наперад хадзіць

Скамарох з галівудскім рэхам,

Да варот будзе з бомбай рабіць,

Як у рэгбі з мячыкам, рэйды...

Кажуць, хоча зямля быць святой,—

Дык не будзе — не будзе ніколі!..

Буду я ў містэрыі той

Раздаваць, як рахункі, ролі.

Будзе ўсё там з майго пляча,

А пашыта — па вашай фігуры.

Будзе свет у пустыні крычаць

І смяяцца на ўласных хаўтурах.


ПЛЮС 32 ПА ФАРЭНГЕЙТУ

Стала ўжо збітым стэрэатыпам

амерыканская «флэш-смайл» —

усмешка-«ўспышка»...

Заўважце, як бадзёрацца

Перш чым у вір скакаць,

Ці з кім дужэйшым борацца,

Ці ноччу здань гукаць,

Ці ў лузе заарканіць

Брыклівага каня...

Смяшок-амерыканец

Бравадзе той —радня.

То сам сабе галёкне,

То сябру рагатне:

Пабачце ўсе, як лёгка

I як не страшна мне.

Смяяцца тут умеюць

I трэніруюць твар,

Каб ззяў, як на Брадвеі

Рэкламаю тавар.

Усмешка не даецца

Па долару за цэнт,

Усмешка прадаецца,

Каб вырасці ў працэнт.

Смяюцца канкурэнты —

Інакш зляціш за борт,

Смяюцца прэзідэнты,

Смяюцца бог i чорт:

«Як бізнесна ў кішэні!»

«О'кеу»[4] i «Very much»![5]

Хоць душыць галашэнне —

Высільвайся, не плач!

Бо хто табе gаверыць,

Як пусціш слёзы тут? —

Яно не для Амерык,

Каб выбаўляць з пакут.

Тут не да спачуванняў —

Тут барышы спярша.

На кропцы замярзання

Тутэйшая душа...

А ўсмешкі — як агенты

З-пад хворага крыла,

Калі па Фарэнгейту

«Плюс трыццаць два» цяпла —

Што значыць: «Нуль па Цэльсію.

I свет — больш не лакей...»

Амерыка, не смейся...—

Ці ўсё ў цябе «о'кеу»,

Калі наўкол народы

Скідаюць гнёту груз,

Плаціць не хочуць подаць —

Працэнт за твой «саюз»,

З якога ела булкі,

Тлусцела ты даўно...

Не спіцца? Штосьці мулка?..

Вось тое i яно...

Як рагатнеш нервова —

Спытацца мне карціць:

Ці ўсё ў цябе здарова —

У целе i ў касці?..


СУСТРЭЧА З ПЕЎНЕМ

У цэнтры Нью-Йорка з музейнай цішы

Ён выскачыў раптам насустрач:

Як дзве журавінкі, вачэй спарышы,

Гарласты, задзірысты, шустры,

Чырвоныя грудкі, грабеньчык гарыць,

Як полымя лямпы-газнічкі...

А толькі ж учора мы з ім на двары

Зярнят пералічвалі знічкі:

З Мачулішча ўсіх пасклікаў ён курэй,

Я сыпаў за жменяю жменю...

I тут бы сыпнуў, ды, браток, зразумей:

Не маю ў Нью-Йорку ячменю...

Глядзіць на мяне...

— Ну, здарова, стрыгун!

А ён плечукамі паціскаў:

— Прабач, ды па-вашаму я — ні гу-гу,

Дакладней: як ты па-англійску...

Скажу, што не дужа ў ёй моцны i я,

Каб доўгі разводзіць дыспут...

Стаю тут, a ў джунглях далёкіх — сям'я,—

Вунь, бачыш, Маркізскія выспы?..

Зірнуў я на карту: ляжыць акіян —

Блакітны, Вялікі i Ціхі,

А ў цэнтры яго — астраўкоў каляя,

Закінутых нейкім ліхам...

Як быццам на двор акіянскі зярнят

Сыпнуў хто курам са ступы...

— Ды як жа адтуль ты сюды акурат

Даплыў, даляцеў ці датупаў?

— Ды, кажуць, калісьці і хтосьці мяне

На дыспут вучоны засватаў.

А быў я, напэўна, у добрай цане —

Пакінулі тут — экспанатам...

Вось так і стаю за шкляною сцяной

З муляжнаю зграяй у згодзе...

— Дык што ж ты тут пылішся?!

Пойдзем са мной:

І ў нас акадэмію знойдзем!

Пры голасе гэткім i гэткім хвасце

Меў тэму б і вёў бы палеміку.

У нас бы ў вучоных даўно ўжо тлусцеў —

Членкорам, а то й акадэмікам!..

Збірайся хутчэй — не сумуй, як цямнік

За тоўстай сцяною астрожнай.

— Дык я ж экспанат, цвёрда ўзяты на ўлік,

Ды плюс нежывы,— мне няможна...

— Ну што ж, разумею,— служыць можна й тут

Вучонай справе цвярозай,

Адно, каб, пакінуўшы Галівуд,

Палітыкі мелі розум...

Давай з-за вітрыны ўзляцім па страху

І не кукарэкнем — а грымнем

Аб тым, што мудрэйшымі быць крыху

І прэзідэнты павінны!..


«MIC НЬО-ЙОРК»

Вывозіць — іх прызванне —

Адкіды з гарадоў.

Іх «Міс Нью-Йорк» назвалі

Сказаў пасол Шэльдоў.

Машыны-смеццявозы,

Індустрыя хлам'я,—

Раве матор з пагрозай:

«Што — як заглухну я?

Ці раптам забастоўка:

«Міс» будуць не ў страі?

Тут — а ж казаць нялоўка —

Пагрузніце ў гнаі...»

Я слухаў гэты голас,

Што вуліцу гайдаў,

І думаў невясёла:

«Каб толькі ў тым бяда...»

Вам, «міс», за ўсе старанні

Пасад між гордых муз!..

А хто вывозіць стане

З грамадства бруд і друз?

Як з прагнаю нажывай,

Глынуць гатовай свет

І вырваць з бедных жылы

Пад перазвон манет?..

Тут статуя Свабоды —

Пагаслы ваш маяк —

Што высветліць народу?..

А з беспрацоўем як?..

Духоўныя трушчобы

Хто будзе вымятаць,

Дзе хіжыя мікробы

Прывыклі кроў смактаць?..

Каб вычысціць завалы

Мазгоў i чорных душ —

Тут «Міс Нью-Йорк» замала,

Сусветны трэба душ!..

Не-не, я не назола,

Но падбухторшчык я:

Свая ў вас кока-кола

I галава свая,

Свае сцягі i плошчы,

Багі,

Канфуцыі...—

Шапну пад часу пошчак:

Нішто так не палошча,

Як

Рэ-ва-лю-цы-я.


ПЯШКОМ ДА ЗОРАК, АЛЬБО МАРШ МІРУ

Нашто ж на зямлі

Сваркі i звадкі, боль i горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?

М. Багдановіч

Дарога надзею грэе,

Ідзём — аж іскрыцца жвір.

Дарога — як латарэя...

Ды пройгрыш — не наш кумір.

А дзе адкрыецца мэта,

За даляглядам якім —

Мы скажам сытаму свету

І сёння, і праз вякі:

На сто Еўроп i Амерык —

Мы люстра вашай віны,

Мы вашы петыцыянеры

Перад вачыма вайны.

Мы ёй над зямлёю праносім

Петыцыю нашу — праклён.

Мы ў нелюдзяў міру не просім,

Ды сам не прыходзіць ён.

Дарозе служым ахвярна —

Ахвярнікі цёмных згрызот:

Каб грыб не вырас пачварны,

Трымаем зорны паход.

Нас толькі жменька — не многа,

Каб зрушыць мільярды людзей,

Ды зорная наша дарога

Да зорнага міру вядзе —

І людзі аднойчы пачуюць!..

Мы свету ўсяму відны:

Для Бруклінаў i для Мачулішч —

І сонца, і зоркі адны...

Ад зорных войнаў залогам

Сэрцы свае мы кладзём.

Як Млечным Шляхам — дарогай

Да зорак пяшком ідзём.


ХЭЛОЎ, БІЗНЕС!

Дзяды і прадзеды казалі «Добры дзень»,

Дабра жадаючы на добрую сустрэчу.

«Паклон» і «Прывітанне!..» — У людзей

Заўсёды ўсё было па-чалавечы.

«Здарова, браце!» — бацька мой гукаў,

Каб на здароўе быў сусед багаты.

А хто знаёмства з Езусам шукаў —

Яшчэ казаў і «Пахвалёны ў хату»,..

Нямала зычных воклічаў i тут,

Яны такія ж, як i ў нас прыблізна.

Але праз тлумны прывітанняў гуд

Мне чуецца адно: «А як твой бізнес?»

Калі ты ў сіле і ідзеш у рост:

Працэнты наганяеш на працэнты —

Усе ляцяць з вітаннямі наўпрост,

Каб ветліва абставіць канкурэнтаў.

Той за руку трасе, як цягне трос:

Аж на нагах не ўстоіш — захістае,

Калі ж жанчына ты i спраўны бос —

Дык чмокне ў шчочку i сваю падставіць.

Той коціцца — абдымкі наразлёт:

Здаецца, задушыць гатоў, бамбіза...

A заўтра будзе ўсё наадварот:

На языку i на абліччы — лёд,

Бо ты ўжо труп, бо прагарэў твой бізнес...

Вітаюцца — як запускаюць трал,

Каб выцягнуць улоў за пацалунак,—

Такі аднакалейны рытуал,

Такі адналінейны накірунак...

«Хэлоў! — Як бізнес?», тое ж i «Здароў!» —

Амерыканскі афарызм крылаты.

І перад ім — ні блізкіх, ні сяброў,

І «Добры дзень» — як «Бізнес вам у хату».


КРОПЛЯ

Упала кропелька чырвоная на дол —

I ножык, бог кухонны, не заўважыў,

I нават палец заўтра не адкажа:

То быў парэз ці гэта быў укол,—

I нехта пройдзе за святочны стол,

Пакіне шумна след свой нехлямяжы,

I ў бруд затопча кроплю, i наляжа

На закусь пад размовы пра футбол...

Бязгучна ўпала кропелька крыві

I не сказала: «Тайну но гняві...»

Яна маўчала, як маўчыць сусвет,

A ў ёй крычала будучыня наша:

Мільён галактык, сонцаў i планет

Упала ў небыццё з крывавай чашы...


З НЕАДАСЛАНАГА ПІСЬМА

Жыву ў цяпле, табе пакінуў восень,

Але і тут, на гэты бок зямлі,

Усё ў табе злілося, як у лесе,

Гукаюць родны бераг караблі.

Юнацтва май, і жнівень мацярынства,

І снежань крыўд,— усё, усё з табой,

Мая і супрацьлегласць, i адзінства,

Мой радасны і мой пакутны боль,

Мая свабода i мая няволя,

Мой жаўранак над свежаю раллёй,

Маіх дарог расстайная таполя

I поле гравітацыі маёй.


* * *

Я на гэтым сусветным базары,

Як у сівер на золкім юры,

I апора адзіная зараз —

Голас твой,— гавары, гавары...

Цераз моры i кантыненты

Ён ляціць — як надзеі птах,—

Што міністры i што прэзідэнты,

Што яму гэты блазенскі жах

Перад чынам i перад кар'ерай,

Перад шанцам плюхнуцца ўніз,—

У яго ёсць свае намеры:

Прыляцеў i сеў на карніз,

Потым скокнуў i крыльцамі ў шыбу

Пазваніў i пачаў шчабятаць,—

I якія граніцы маглі быць,

Каб стрымаць яго i пераняць?! —

Калі ён так спяшаўся, так верыў,

Што пачую, вазьму на руку:

— Гаварунчык, разбойнічак шэры,

Пашапчы i дыхні на шчаку...

Затрапечацца сэрца, заные:

Дзе там песні блукаюць мае?

Як там займішчы нашы грыбныя?

Што там шпак на бярозе пяе?..

Адляцеў? Ах, прабач, што забыўся

Там жа час адлятаць, сапраўды...

Я прашу: паспяшайся, не збіся

І на сэрцы развей халады.

Вось табе спадарожнік адданы —

Голас мой...

І пайшлі стрымгалоў,

І ляцяць над сівым акіянам

Два крылатыя птахі дамоў...


* * *

Асенняе шматкроп'е журавоў

Злятае ў вечнасць са старонак неба,

Пакінуўшы шматзначна без правоў

Пражыты дзень, як парастак без глебы.

А заўтрашні? Як прачытаць яго?

Хто разгадае тайныя пісьмёны,

Што праступаюць з дальніх берагоў,

Тым развітальным крыкам заімглёных?

Мінулае рукі не падае,

А будучае дзесьці за вякамі.

Апошні клін у небе растае,

Жыццё маё смяротна рассякае...


* * *

І грэх, здаецца, не такі вялікі —

Ці гэткае ўчыняе белы свет,—

А ўсё ўваччу празаікі-заікі

І гаманкі — да прыкрага — паэт...

Вакацыі ўлівалі нам вакцыну

Бадзёрасці, i не было тугі.

І песеньку «Чатыры капуцыны»

Спявалі самадзейнасці багі.

І што з ix возьмеш?! — Здадзены залікі —

I едуць — паглядзець ды пахадзіць,

I кожны гэткі юны i вялікі —

Ім «несть числа»... A геній быў адзін.

Ён i сказаў: «А мне пляваць»...— I плюнуў,

Калі з разгону ў ветравое шкло

Стараніў верабей. А ён чыгунна

Сказаў «Пляваць...», насупіўніы чало.

I ўсе маўчалі, бо па нейкай мерцы

Ён нрава меў... Адно не ўцяміў я:

Ці ён пра смерць, ці пра сваё бяссмерце,

Ці гэта ён сказаў пра вераб'я?..

А потым узарвалася маўчанне,

Як быццам i нічога не было,—

Стараліся, наперабой крычалі:

Два раманісты — пра рэцэпты чаю,

Паэт — пра рыфмы звонкае крыло...

Даўно ўжо тое адшумела лета.

Далека ўсё — за перавалам гор...

A геній наш? А ён плюе дагэтуль.

I мы — жывём... А хтосьці ж ТАМ памёр?..


* * *

Мы — багі, несмяротныя мы

У вачах матылькоў-аднадзёнак,

І наш смех — землятрусаў грамы,

А дыханне — віхур мільёны.

Пыл світальны змахне матылёк

З крыльцаў кволых — і круг замкнецца.

Як у новы сусвет кожны крок,

Кожны рух наш яму здаецца...

А «багі» шукаюць багоў —

Для сябе, бо ўпэўніцца хочуць:

Як жа свет гэты — без берагоў?

Як жа час — без дня i без ночы?

Нехта ж ёсць, каб адмерваць усё?

Нехта ж столькі загадак пакінуў?..

Ix пакутны цяжар мы нясём,—

Пачакай, матылёк, хвіліну...


РЫХТУЮЧЫСЯ ДА ВЫСТУПЛЕННЯ У ААН

Калісьці тата з дзядзькам Якімам

Любілі вечарам над газетай

Памазгаваць: шляхамі якімі

Пакутная нойдзе наша планета.

Склады складалі, як сена пласцілі,

І ў стог скідалі мудрыя словы,

І ў Асамблею, як пожняй, хадзілі

Рабіць сусветныя высновы.

І што на форуме тым Вышынскі

У вочы рэзаў панам буржуям,

Чыталі, бы смакавалі шынку,

Казалі: «Здорава ёи ix свяжуе!..»

Яшчэ казалі мудроную фразу:

«Ён дыпламат без падрыхтоўкі.—

I паяснялі: — Прамову адразу

Любую скажа — i ў цэль, i з толкам...»

I самі тут жа свой суд вяршылі

Над бомбай атамнай, над разбоем:

«На нас палезуць — зламаюць шыю

I галаву не захопяць з сабою...»

Даўно мачулінскія дыпламаты

Спяць пад бярозай, пад шум зялёны...

I раптам чую з той вечнай хаты:

«Васіль, паксціся: які Зуёнак?.-.»

«Што ж я — аглух тут?!

Сказаў — i хопіць..

«Ды дзе ты бачыў,— не разумею,

Каб аж з Мачулішча трапіў хлопец

На генеральскую асамблею...»

I тата дзядзьку паправіў шчыра:

«На Генеральную»...

I замоўклі...

Не маюць веры, што з ix кумірам

Магу зраўняцца без падрыхтоўкі...

I я не веру ў свой дыпламацкі,

Як бы сказаць тут, узлёт ці геній,

Хоць стос паперак гартаю хвацка,

Цытаты поўнаю сею жменяй...

Не так і проста вузлы развязваць

Намёкаў хітрых i тайных формул...

А мне б з мачулінскай нашай базы

Ударыць праўдай — прамой, адборнай...

Не вераць тата i дзядзька паперкам.

I ix маўчанне я разумею:

«З імі, відаць, не адкрыеш Амерыку,

Хоць i патрапіў на Асамблею...»


СЛОВА Ў АДКАЗ АНГЛІЙСКАМУ ДЫПЛАМАТУ НА ДЫСКУСІІ АБ ФАЛКЛЕНДСКІХ АСТРАВАХ

Помню расфарбоўку школьнай карты:

Быў Англа-Егіпецкі Судан

Паласаты, нібы ў арыштанта

Світку ўзяў, каб ахінуць свой стан.

Паласа зялёная жагнала

Жоўтую пустыню наўскасы:

Паўзямлі за кратамі трымала

Англія ў нядаўнія часы.

Ды патрэслі вольныя віхуры

Самы дальні, што ні ёсць, куток:

Збеглася шагрэневахо скурай

Вялікабрытанія ў шматок.

Ні калоній, ні дамініёнаў,

Ні былой імперыі марской,

Што заакіянскія мільёны

Вудзіла — аж бліскалі луской.

Ёсць Судан на карце і Егіпет —

І прысоскі «англа...» больш няма...

Сэр, ці ўсё смакуеш пірагі ты,

Што пякла калонія-турма?..

Пэўна ж так, бо колькі маеш спрыту,

Круціш словам, як падробкай маг,

Па апошнім валаску нібыта,

Плачаш па Фалклендскіх астравах.

Нібы за саломінку ўхапіўся,

За друзок заморскае зямлі.

Хопіць, сэр, кажу табе: змірыся,

Аддавай,— не столькі аддалі!..

Не ў твой бок глядзіць граніца тая.

Просіць гаспадар — ідзі дамоў.

Сэр, прарэхі ўсе не залатаеш

Латкамі Фалклендскіх астравоў...

Кроплю адміральскую з нагоды

Выпі рому ды кладзіся спаць.

Зразумей: надзею на свабоду

I ў малой зямлі не адабраць.


«БАЦЬКІ» I «ДЗЕЦІ»

Корпус прэсы цісне, як пад прэсам,

Інтэрв'ю ў газетную калонку,

Адгалоскі хронікі пярэстай

З прэс-рэлізаў злізвае ўдагонку.

Ход падзей i думак барануе,

Бараноў сенсацыяй частуе,

Потым набіваецца ў піўную,

Цэдзіць брагу сонечна-густую

I талкуе пра пустыя рэчы:

Хто каму i як наставіў рожкі,

Пра недааголеныя плечы,

Пра паходку i пра ножкі трошкі...

Змахвае навінаў павуціну,

Што са свету знесены па нітцы,—

Сапраўды ж: хоць раз бацькі павінны

На дзяцей-няўдаліцаў забыцца...


ЦАРКОЎНЫ БАЛЬ У НЬЮ-ДЖЭРСІ

У царкве святой

Круглы год — застой:

Ці спявай псалмы,

Ці шыбай грамы,—

Як аглух прыход:

Не ідзе народ.

Не ідзе — хоць плач,

Хоць пускайся ўскач...

Тут і ўздумаў поп:

«Ну а што было б?..

Ну а што — калі б?..

З чортам — мы змаглі б

I каб статак мець,

Каб звінела медзь,

Каб не звёўся чмур,

Поп адкрыў карчму.

Пры царкве прыдзел

Пеклам загудзеў...

Я ў царкве той быў.

Хоць не чорт рабы

І не д'ябал я —

Слыў за салаўя:

Горла песняй драў,

Піў настоі траў,

Калі б быў з чарцей —

Браў бы што й мацней...

Валам паства прэ —

Поп усіх бярэ:

Хрысціянін ёсць,

Мусульманін ёсць,

Ёсць i іудзей,—

Словам, шмат людзей...

А за карчмара

Выбраў ліхвяра —

Чорта, што ў Гудзон

Выкінуў амвон,

Сам жа — у царкве,

Быццам бог, жыве.

Водзіць скокаў рэй

Ля святых дзвярэй.

Старыя i малыя

У шэйку круцяць шыі.

Гандляр кладзецца лістам

З гандляркай чэша твіста.

Дзе чарка — там i вэрхал:

Аж крыж трасецца зверху

І дзве рукі ўзнімае:

«Што ж мне но наліваюць?

Весяліцца чорт,

Б'е ў піцці рэкорд,—

Хай жыве карчмар

І яго тавар!..


МАГЧЫМАСЦІ

Пагляд на праблему вачыма з беспрацоўнай чаргі

Ёсць баечка, як босам

Зрабіцца хтосьці змог:

Хадзіў спачатку босы,

А зараз — цар i бог.

Маўляў, у нас дзяржава

Магчымасцей для ўсіх,

На ўсё ты маеш права —

Адно лаві свой міг.

Вось так i ладзіш «ловы»,

Пакуль туман сплыве

I прарасце выснова

Аднойчы ў галаве:

— Сядзіш не ў тым трамваі,

Пустая галава:

Магчымасці ты маеш,

Ды дзе яны, не знаеш,—

І ёсць, але — няма...

Нібы ў кішэні кукіш,

Магчымасці твае:

І поліўкі не купіш,

Як цэнта не стае....

Заўсёды той таўсцее,

Каму зганяць бы тлушч,

А той, хто быў не ў целе,

Той сохне, нібы хрушч...

Магчымасці — пароўну,

А грошы — хто сабе:

І клерк, i Сэм галоўны

У сваю кішэнь грабе...

Такая панацэя,

Такая тут дзяльба:

Багаты багацее,

А беднаму — труба...


ШУКАЮ БОГШУ

Амерыка ўлюбёная ў музеі,—

Я гэту схільнасць сведчу і хвалю:

Ідуць — сустрэцца з ценем Калізея,

Ці моўчкі пазайздросціць каралю —

Людовіку якому альбо Карлу,

Ці зазірнуць у экзатычны кут...

Хаджу i я. Але шукаю маржа

Вачыма негра ці індзейца тут...

Няма. I не ідуць сюды ніколі...

Няўжо не вабіць экспанатны рай?

Ды тут жа ix жыццё, былая воля:

То Афрыка, то інкаў даўні край...

Бязродныя, сумуюць экспанаты,

Hi крэўных твараў тут, ні гаманы...

Затое белых — аж ці не занадта.

Miж« ix i я — б'ю ў памяці званы...

I ўсё карціць: а раптам побач з Босхам,

Альбо з Радэнам, ці яшчэ там з кім

Славуты майстар — палачанін Богша —

Гукне па дапамогу праз вякі...

Украдзены рукою заграбастай,

Ніхто не знае, дзе з вайны асеў

Крыж Ефрасінні Полацкай, што майстар

Адштукаваў — як гімн самой красе.

Фашыст-зладзей зрабіў яго трафеем,—

I кажуць, крыж сюды закінуў лес...

Магчыма ўсё... Во — паглядзі: Ракфелер

Паў-Афрыкі, напэўна, перавёз...

Шукаю Богшу i гукаю Богшу...

Малюся Апалону:

— Блаславі

I абысці дапамажы мне, божа,

Музей — твой храм на поце i крыві...


СТРОФЫ НА ДУБОВЫХ ЛICTAX

Амерыка смяецца: «Сантымент!..»

Амерыка не любіць сантыментаў...

Ды кепікам цана — ламаны цэнт:

Я з іншых, як гавораць, кантынентаў...

Дубовая галінка на стале:

Тры жалуды i тры лісты разныя...

Ад скрухі тут бы азалеў, але —

Гляджу на ix, калі душа заные,

I грэюся, як ля цяпельца, я,

Што ўзяў з сабой i што дамоў вяртае...

Тры жалуды i тры лісты, сям'я,—

Як наша тройца, хоць i не святая:

Айцец, i сын, i дух наш добры — ты,—

Не раз'яднаць ні дням, ні далячыням...

Шумяць дубровай нашай тры лісты,

Тры жалуды звіняць мне аб Айчыне.


МАЎЧАННЕ

Калі гняце маўчання хмара,

Я толькі голас твой хачу —

Хоць рэха даўняе — пачуць,—

I ты вяртаешся, як мара.

Няма адказу на пытанне —

Яшчэ надзея грэе нас.

Няма пытання на адказ —

Лічы, згарэла ўсё, дазвання...



ДВА ЗАПІСЫ З ГАЛЕРЭІ МАСТАЦТВА Ў ВАШЫНГТОНЕ

1.

Я хацеў бы прыйсці з табой, Валя,

У гэтыя бязлюдныя залы,

Дзе, сустрэўшыся, душы з жалем

Глядзяць праз вякоў перавалы.

Глядзяць маўкліва, нібыта

З нейкай забытай сцэны.

Нібыта цвікі, забіты

Позіркі іх у сцены.

Пакутна прыгадваюць штосьці

І — незнаёмцы-суседзі —

Як іншапланетныя госці,

Збіраюць нектар агледзін,

Уздыхаў i захапленняў,

Наіўных, часцей — прытворных,—

Пакуль не ўпадзе на калені

Жывая душа перад зорнай.

І тады незнаёмка гэта

Зрывае аковы часу,

Ідзе — да жывой — з партрэта,

Дзе векавала сам-насам.

І ўзносіць пачуццяў прыбоі

Цераз вякоў перавалы...

...Я хацеў бы прыйсці з табою

У гэты шматлюдныя залы.

2. Адрачэнне

Не веру слову. Слова — толькі гук.

А ісціна — бязгучная, як памяць.

Глядзіць тварэнне геніяльных рук,

Глядзіць Мадонна— i Хатынню наліць...


КОТ ВАСЬКА

Клікалі Васькам-катом,—

Дражнілка гадоў дзіцячых...

Нарэшце, жыву з хвастом

(І дзве хвасціхі ў прыдачу!)...

Хвост — ён так сабе, хлюст:

Ні мух адагнаць, ні прыкрыцца

Хвасціхі ж — някепскі густ

У амерыканскай сталіцы!..

Так і віюцца за мной

Па галерэі мастацтва.

Глянеш — дык о-ё-ёй! —

Ці драпнуць? Ці прывітацца?..

Падумаеш грэшна не раз:

Быццам сышлі з карціны...

Мадонны! Які багам аз

Вас у музей падкінуў?..

Кажаце, ЦРУ?

Маэстра іменем бога?..

Ад сораму ледзь не гару:

Не знаў мастака такога...

Ну што ж, папоўнім крыху

Запас, як гавораць, культурны..

I ўсё ж — далей ад граху,

Далей ад красы агентурнай...

Цікуюць дзяўчаты сляды,

Ды так i не вызнаць, здаецца,

Навошта прыйшоў я сюды,

З кім патаемна сустрэцца...

Чаму да карцін сігануў,

Якое маю задание?..

Нязлосна я падмігнуў

Хвасдіхам на развітанне...

Але ж: прыгажуні... З такой

Прайсці б беражком Патамака.

Палюбавацца ракой

I вершам лірычна паплакаць...

Ды іншы ў дзяўчат інтарэс,

І трэба збірацца паціху,—

Не ў тыя настроі палез...

Дзякуй за хвост, хвасціхі!..

Вы заставайцеся тут,

А я засумую горка,

Хоць ёсць яшчэ хвост на маршрут:

Ён давядзе да Нью-Йорка.

Машына бярэ разгон,—

Гэй, расступіцеся, Штаты,

Дарогу дай, Вашынгтон:

Кот Васька едзе хвастаты!


ЖАРТ ПРА ЧАСОВАГА ДЫПЛАМАТА

Канцэнтрат — i друг і брат

Мне ў дарозе дальняй:

Суп кіпіць — i дыпламат

У найлепшым стане!

А заварыш чабарку

З роднага залесся —

З прапагандай пад руку,

Ворагі, не лезьце!

Хоць сухі закон у нас,

Ды чабор ускружыць

Галаву, калі за раз

Вып'еш тузін кружак.

Кожны дзень грамы прамоў

Выдаём буржуям...

Ды ўжо час: пара дамоў,—

Праца там сумуе...

Сувеніры ўсім знайшоў —

Грэе суцяшэнне...

Едзеш — з лёгкаю душой,

З чыстаю кішэняй.


НАД АКІЯНАМ

Ляцім — сусвет пад бокам.

І недзе блізка ён —

Сам бог. Глядзіць — ні ў воку:

Закон для ўсіх закон.

Стараецца трымацца:

А як жа — дух святы...

«А можа, без авацый,

А проста так — на ты?..»

І бог — зусім не п'яны —

Сказаў — хоць і буржуй:

— Не грэх над акіянам...

І я: «Не грэх»,— кажу.

Згадзіліся на гэтым,

Бо трэба ж праясніць:

Ляцім над белым светам,

А дзе i як тут жыць?..

— Тут іншыя законы,—

Сказаў паважна бог —

I сам наліў па поўнай...

Адмовіць я не мог.

— За кошт аэрафлота

Ды па маёй цане —

Глыні. I ўся турбота.

Адказнасць — на мяне...

Глынуў, навокал глянуў —

I ўсім глынуць памог...

Ляцім над акіянам.

Над намі — толькі бог.


РАЗВІТАЛЬНАЕ

Я з неба гляджу, як анёл,

На грэшных віроў тваіх заверці...

І добрае, і насланнё —

Не тоне бязгучна ў памяці.

Не раз, пэўна, буду і я

Ісці да цябе напамінам:

Ёсць людзі, i ёсць зямля,

I выжыць яны павінны.

Усё зразумей, Нью-Йорк,—

Для гэтага і сустракаліся,

Хоць дзень мой чаканнем прагорк

І дома — мяне зачакаліся.

У дружбе сардэчнай з табой

На ростані мы не кляліся.

Жыві, Нью-Йорк, сам сабой.

А я — уразаюся ў высі.

I слёз развітальных няма.

Хоць можна было б i расчуліцца...

Бывай — i руку трымай.

А мне ўжо — відно Мачулішча!


* * *

Змые ўсё навальнічнай паводкай

Час — і думы, і кнігі, і мары.

Прашумяць ля дарогі кароткай

Першацветных палян пажары.

Ні вясны, ні зімы, ні лета.

Нават восень прыйсці не захоча...

Застанецца адно — над сусветам

Мацярок нашых ціхія вочы...

Загрузка...