ГНЯЗДО НА ЎЗМЕЖКУ

НАША ПЕРАМОГА

Калі з вайны вярнуўся мой парод,

Загойваў раны і падлічваў страты,—

Было адно ў нас: сорак пяты год

І наша Перамога ў сорак пятым.

Што сёння ў нас? Заводаў карпусы —

Хай пазайздросціць самы Форд багаты:

БелАЗ i МАЗ — эпохі галасы

І наша Перамога ў сорак пятым.

Вяселлямі зямля мая гудзе:

Па караваю i па сонцу ў хату.

Як бацька, полем жніўны дзень ідзе

I наша Перамога ў сорак пятым.

Касмічныя арбіты па плячы,

Вітае свет братоў маіх крылатых.

На мове зорнай — БЕЛАРУСЬ — гучыць

I паша Перамога ў сорак пятым.

Якая вышыня! — глядзі, мой сын,

З яе — шляхоў нязведаных пачатак,

Над ёй — чырвоны сцяг: на ўсе часы,

Як наша Перамога ў сорак пятым.


ПОЛЕ

Поле — не толькі зямля,

Гэта і неба, і ветрык,

І васілёк, што здаля

Свеціць душою прыветнай.

Гэта і жаўранка спеў —

Першынца хмаркі вясёлай,

Гэта надзеі пасеў,

Мудрасці жніўная школа.

Гэта i дождж, што ідзе,

Каб з ярыной паяднацца,

Гэта бяссонне людзей

І хлебадайная праца.

Поле — не поле без нас.

І перапёлкаю ў жыце

Кліча:

— У першы свой клас,

Дзеці, у поле бяжыце!


* * *

Як ад лесу, ад хат не ўцячы:

Хоць крыж-накрыж на вокнах дошкі,

Хоць здзічэла брыдзе па начы

Да астылае печы кошка,

Хоць заплёў над дзвярыма павук

Свае сеці для мух няцямкіх,

Хоць без цёплых дзіцячых рук

Іржавеюць астылыя клямкі,

Хоць Адамамі ў гарады —

Нібы ў райскі сад — з пяцісценак

Мы бяжым — прагрэсу плады

Атрасаць па спакуслівых цэнах,

Хоць па клетках глухіх камяніц

Ладзім новага лёсу пачатак,

Нібы пальцы, што з рукавіц

Паразбегліся ў норы пальчатак,

Хоць часамі носім раба

У душы i як сябру верым,

Хоць i знаем: эпохі сяўба

Зерне кідае толькі наперад,

І хоць будучыню за грош

Не збываем нікому,—

ды ўсё ж —

Пасля стрэсаў i рэвалюцый

Мы да хат яшчэ мусім вярнуцца...


ТАК I ЗАСТАЕШСЯ ЧАЛАВЕКАМ

Калі пачынаеш прыкідваць,

Колькі яшчэ не адкрыў на зямлі

Таямніц і загадан —

У кожнай расінцы,

У макулінцы кожнай,

У кожнай слязінцы...

А яшчэ дадасі, колькі там іх, сакрэтаў,

Дзе ты думкай і то не сягаў,

Бо нельга пра тое падумаць,

Чаго ты не знаў і не знаеш...

Калі ўсё гэта разам складзеш —

Хочацца богам зрабіцца,

Зразумела, міфічным,

Тым, якога няма

І з якога смяёмся,

Ды якому вядома і ўсё зразумела

На свеце...

Але тут жа згадаеш:

А колькі яшчэ застаецца

Аблогі,

Не ўзнятай нарогам,

Колькі трэба засеяць,

А потым пажаць, змалаціць...

А тут яшчэ ўчуеш:

Карова мычьщь,

Свінні рохкаюць,

Куры сакочуць,—

Трэба ўсіх накарміць, напаіць,

Бо інакш яны знацца з табой не захочуць..

Калі ўсё гэта ўспомніш —

За шапку хапаешся,

Кажушок ці куфайку —

Словам, тое, што ёсць пры даробку тваім

Ускінеш на плечы

І, адклаўшы да свята наступнага

Боскія тыя замашкі,

Неадкладную працу абрупіць бяжыш,

Бо, выходзіць, не толькі богам —

Трэба крышку пабыць чалавекам...

Так штодня, так штодня

Застаешся ім назаўсёды.


* * *

Перад судом галоўным,

Перад вялікаю стратай

Не называю віноўных,

Бо знаю: я вінаваты.

Я — вінаваты самы,

Самы пагубца галоўны,

Перад табою, хата,

Што засталася бясслоўнай.

Перад табою, мова,

Перад табою, мама,

Я не збярог ваша слова,

Я — вінаваты самы.

Я не пачуў на радзінах,

Я не спыніў па хаўтурах,

Я не сагрэў — адзінае,—

Што ад смярцей ратуе.

Я не знайшоў такое,

Каб страшным судом судзіла,

Каб не давала спакою

Адступнікам i за магілай.


ПЕСНЯ ВЕЧНАГА АРАТАГА

I кожны поле сваё ўзарэ,

Перш чым пайсці да зор...

З ненапісанага верша

Двое пас і два цені —

Полем крочым і крочым...

Дзень усё карацее,

І даўжэе шнурочак.

Конь спацелы натужна

Галавою хітае...

Век загонамі кружым —

І не знаем вяртання...

Прад зямлёй за паслугі

Я ўгінаюся крукам,

Зросся ўчэпіста з плугам —

Не разняць нашы рукі.

Баразной — грак панылы,

Нібы лес мой — з падлётам:

Неба ўзняў бы на крылах,

Ды не мае ахвоты...

Так і скача надозір

Па разорах суглею...

А ўжо ноч на парозе —

Хутка сонца датлее...

Поўня дзень мой надточыць,

Каб адолець аблогу...

Ары, ары, мой канёчак,

Да апошняга ўпрогу...


* * *

Табý супрацьлегласці — «ёсць i няма»,

«Усё ў сваёй скуры адвечнай» —

Нікому яшчэ не ўдалося зламаць,

І, зрэшты, ламаць недарэчна.

Адзіны міністр неразгаданых спраў

Дае ў невядомасць візу —

Мой розум, мой козыр між дрэў i траў...

Ды ёсць яшчэ тэлевізар.

Блакітны экран, блакітны каран —

Дзівіся i моўчкі маліся:

Кузюрка наўзе, i аэраплан

Ламае бар'еры ў высях.

Упобачкі ходзяць, ядуць i п'юць,

З жыццём гуляюць у фанты,

Нібыта ношку адну нясуць,

Крывавы Дантэс i Дантэ.

Касметыка з космасам, мітрапаліт

З метрапалітэнам зжыліся,

Як быццам яднае ix не дынаміт,

Як быццам яны сябры ўсе.

Шукаю гармонію —

нельга забыць:

Я — Розум, Адзіны, Вялікі,

Шукаю гармонію —

нельга завыць:

Я — Музыка, хоць не музыка.

«Усё ў сваёй скуры...»

Спытаю: чаму

Натура мая не збегла

У лясы? —

І палец шматзначна ўзніму...

Пачую адно: супрацьлегласць.

Спытаю: чаму адступае снег

І сонца ломіцца ў грудзі?

Пачую: вясна,—

не вялікі грэх:

Было так і, пэўна, будзе.

Хвала супрацьлегласці! Па крылу

Да палюсоў прыбіта...

Здабудзеш славу, бяссмерця імглу —

Ды зорак не зрушыш з арбіты.


НАША ПРАЎДА

Я верую, и мне не так больно...

Чэхаўская Ліка з кінафільма

«Сюжет для небольшого рассказа»

Праўда наша была сярмяжная,

Па-дзіцячы была сарамяжная,

Праўда наша — як птушка весняя:

Толькі воляю, толькі песняю,

Праўда шчырая i зычлівая,—

Гэтым праўда наша шчаслівая.

Праўда наша была бясспрэчная:

Toe ісціннае, што чалавечнае,

З праўдай мы, нібы корань з кронаю,

Кругавою жывём абаронаю,

Праўда крэўная i адзіная,—

Гэтым праўда наша праўдзівая.

Праўда наша была суровая.

Мы за праўду — на плаху галовамі,

У пятлі з Каліноўскім гінем мы,

Плацім Дальвамі і Хатынямі,

Праўда мужная і нязломная,—

Гэтым праўда і векапомная.

Векапомная і суровая,

Наша мужная і нязломная,—

Не была ты ніколі бяздомнаю.

Беларуская, ды не вузкая —

Чалавечная і праўдзівая,—

Не была ты ніколі шкадліваю.

Сарамяжная, і зычлівая,

І шчаслівая, і сярмяжная,—

Не была наша праўда прадажнаю.


ЖАЎРАНКІ

Амаль балада

Той шнур у полі быў як на пацеху:

Па ярыне — агрэх каля агрэха.

Смяяліся з Данілы нават дзеці:

То плеш, то грыва на зялёнай шчэці.

Як быццам не саха ішла загонам,

А вепрукі ўзаралі шнур ягоны.

Ды не зважаў на кепікі Даніла:

А што — калі з ім неба гаманіла?

І што — хіба не любіць ён парадак?

Зусім, брат, не,— тут проста быў выпадак...

Выпадак,— хоць зусім не выпадковы:

Нарог жытло аб'ехаў жаўрукова.

Гняздзечка з яйкамі пашкадаваў Даніла.

А цераз год такое прываліла,

Што хоць на поле не выходзь з сахою:

Ад жаўранкаў аж не было адбою.

Усе Данілаў шнур аблюбавалі

I гнёзды — ад праталін зладзьбавалі.

«Агрэх — не грэх,— зноў разважаў араты,—

Няхай смяюцца — я не вінаваты...»

I зерне ў глебу кідаў ля наседак...

А песня — напярэймы, песня — следам,

А песня — побач, з-пад мяжы, i з неба...

«Ат, i было б там з гэтых латак хлеба...» —

I пасміхаўся: слухаюць суседзі,

Хоць кожны з кпінамі агрэхі ўжо агледзеў..

Стаяў пад небам прадзед мой Даніла —

І за спіною прарасталі крылы.

І цешыўся: «Не пад'ясі ніколі,—

А песня во для ўсіх, над цэлым полем!»


АБ МАЗАЛЯХ

Век машынны пачаў забывацца,—

Век машынны, напомніць дазволь:

Што такое мазольная праца,

Што такое, урэшце, мазоль...

Колькі іх — вадзяністых, крывавых —

Распухірваецца на далані,

Аж пакуль не наб'ецца каравы,

Той, сухі, што нібыта з брані.

Той шчырун і штодзённы руплівец

Напаказ пухіром не тырчыць,

Не вылазіць з-пад скуры слівай,

Аб заслугах сваіх не крычыць.

Знаць не знаецца з пазалотай

І не дасць ён жартаўніку

Пасмяяцца: гультай за работу,

А мазоль — тут як тут — за руку.

Вось пра гэты — ходзіць пагудка,

Ад яго і прыслоўі ўсе,

Аб мазольнай нядолі чутку

Ён якраз на ўвесь свет і нясе.

Ён якраз і мазоліць вочы,

І садзіцца па доўгі язык,

Ці на пятку абновай ускочыць,

Як абношваеш чаравік.

Ды яшчэ ёсць «мазоль працоўны» —

Праз рамень перавіслы жывот,—

Гэта самы, кажуць, галоўны,

Што расце i расце з году ў год

А на той руцэ, спрацаванай

Не шукай мазалёу дарма,—

На прасмоленай, адшліфанавай

Не было іх раней i няма!

І таму прашу: век машынны,

З той рукайся заўжды даланёй,

Што ніколі мазольным аршынам

Не вымервала долі сваёй.

Бо на ёй — не таўро, не пракляцце

І зусім, брат, не мазалі,—

Гэта працы вузлы, багацце

Найчаснейшае на зямлі.


ДЗЕД

Стаптаўся кіёк дарожны,

Расплясканаю лапай ступае.

Hi стукнуць, ні грукнуць не можа,

Нячутна ідзе — як памяць.

Перасцярожна i слепа

Пыл узбівае пухлы.

Блуканняў i выраяў злепак —

Дарога — нібыта аглухла.

Не вабіць больш i не кліча

Далей загуменных прысадаў...

Хаваюцца ціха абліччы

У ракаўкі дзедавых згадак.

То прамільгне дзяўчына,

То ён — зухаваты хлопец...

Сплывае дзед аблачынай.

І ракаўкі час затопіць...


ПРЫПАР

Балада неперспектыўнай вёскі

Што ж гэта вы,

Дзядзькі і цёткі,

Дзяды і бабкі,

Прадзеды і прабабкі,—

Хіба не бачыце,

Як зарастае ў поле дарога,

Як зарастае поле сурэпкай,

Як пражэрлівы «каларадчык»

На вусах з хларафосным смуродам

(Гэты яд яму — нібы цыгарка)

На бульбоўнік выводзіць плойму —

Як і сам — жукоў паласатых,—

Іх бы трэба сабраць у вёдры

Ды спаліць, абліўшы саляркай...

Дзядзька Восіп,

Хіба не бачыш,

Як на печы, дзе грэў ты косці,

Лапушыцца, буяе крапіва,

А насенне з бярозы магільнай

Прарасло на парозе хаты...

Дзядзька Хведар,

А ты не заўважыў,

Як паехалі з селішча сцены

І газетныя моклі шпалеры,

Ад якіх ты шматкі адрываў,

Каб начную зрабіць самакрутку?

Кажуць, хаце тваёй пашэнціла:

Будзе ўжо амаль гараджанкай —

На садова-дачным участку

Будзе трускалкі есці ад пуза

І на градках лічыць гуркі...

Дзед Захар і прапрадзед Аўлас,

Ці вы бачыце, як журавель

Пахіліўся над студняй запалай,

Што капалі вы на падвор'і,

Каб нашчадкаў стагоддзі паіла?..

І паіла. А зараз не можа,

Бо вада застаялася ў зрубе,

Загнілася — няма каму піць...

Бабка Хіма, пяюха,

Ты чуеш:

Песень жніўных няма.

Толькі дружна

І натужна

Грукочуць маторы,—

Што жалезу да голасу нашага?!.

Вось таму камбайнёр і маўчыць,

Калі вечарам з поля вяртаецца,—

Знае цвёрда: не перакрычыш.

А прыедзеш дадому — якая

Будзе песня

Без поля і неба?

Песня там засталася — на полі,

Не спяваная i глухая.

Зімаваць на іржышчы будзе...

Ну а што як не перазімуе?..

Калыханкі таксама знікаюць:

На ўсю вёску — адзін унук,

Ды і той падкінуты з горада...

Вось дарога і зарастае...

А пажаць, пакасіць усё трэба,

Пакапаць усё трэба і выбраць...

Што ж вы гэта,

Дзядзькі і цёткі,

Што ж вы гэта,

Дзяды і бабкі,

Што ж вы,

Прадзеды і прабабкі,—

Што ж вы, мёртвыя —

Сорам у прыпар

На тым свеце ляжаць i лайдачыць.

Уставайце хутчэй!..

А потым —

Мы яшчэ раз па вас пагалосім.


TAKI БЬІЎ ЗНАК…

Гербы кавалі шляхта i князі,

Каб дрэва радаслоўнае адзначыць,—

Тады і слава будзе на мазі,

І справа будзе абяцаць удачу!

Пад ix аховай зборышча гуло

На сейміках ад пыхі засцянковай,

На гетмана якраз акрас было

У захудалым гербе шляхцюковым.

Не трапіў у гербоўнік гэты знак,

І на шчытах не красаваўся слынных,

І роду ён не знатнага — аднак:

Стаўляў яго першадрукар Скарына.

Гравюру тонкую выводзіла рука —

Глядзі, люд паспаліты, i кумекай:

У промнях сонца — рог маладзіка:

Як фас i профіль твару чалавека.

Адны казалі: «Гэта ноч i дзень,

Святло i цемра...»

Іншыя: «Францыску

Карцела перадаць зацьмення цень

У год, калі сустрэўся ён з калыскай...»

Мабыць, i так... Але хутчэй за ўсё

Быў маладзік хвіліны думнай знакам,

Што па начах бяссонна мы нясём

Пад спаконвечным кругам Задыяка.

А сонца — сімвал светлы пачуцця

І прамяністы поўдзень летуценняу.

Аблічча двухадзінае жыцця —

Развагі холад i агонь натхнення.

Прыгледзьцеся — заўсёды на мяжы,

Дзе сонечныя вусны, месяц ззяе:

Найперш падумай, а пасля скажы,—

І вучыць ён i перасцерагае.

Затое вочы ў сонца — нібы крык,

Яны ляцяць, як гукі роднай мовы.

І здаўся ўрэшце месяц-маладзік,

І адхінуўся, каб лунала слова!

На той выяве герб — аўтапартрэт:

Друкар Скарына ў сонечным абліччы

Дыктуе веку новы запавет,

Парушыўшы біблейскі строгі звычай.

Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі

Пайшоў у свет, зламаў маўчання крыгі.

Цябе мы — як надзею — збераглі,

Скарынінскае сонца, наша кніга!


КУПАЛА

Раздарыла сыноў сваіх...

Дастаеўскі, Міцкевіч, Біруля...

З імі голас, i зрок, i слых

Аддавала ў людзі матуля...

Раскідала зярняты свае...

Слыў чылійцам вучоным Дамейка...

Дзе, якая гнёзды віе

Аж за трыдзевяць мораў зямелька?.

Нібы крык — авансцэны абрыў...

І каб маці ўтрапёна маўчала —

Гэтак голасна ў свет гаварыў

Шверубовіч з Вільні — Качалаў...

Хтосьці зблізку забыў... Хто здалёк.

І аднойчы маці сказала:

— Ты збяры, прысаром ix, сынок,—

I тады ў людзі выйшаў Купала.


* * *

Якое малое зярнятка, а ў ім

Трывожна і чуйна космас,

Няспраўджаны, спіць, покуль воляю зім

Снуюцца завейныя кроены.

А дайце надзею вясны i цяпла —

Сузор'е выбухне раптам:

Травінка малая — правобраз крыла,

Крыло — прадчуванне галактык.

Якія мільярды ад зор да Зямлі:

Гады светлавыя — імгненнем.

Пылінкай касмічнай ляцяць караблі:

Няма — i ці будзе — збліжэнне...

A толькі скраніце арбіту Зямлі

На нейкую долю мінуты —

I хопіць, каб мігам агонь спапяліў

Ці холад планету ахутаў...

Якую ж нам тайну касмічную знаць

I мудрасць якую мець трэба,

Каб нашу Зямлю на далонях трымаць

I несці пад сонечным небам...


ПЫТАННЕ БОГУ

— Жывём — i дзякуй,

сэнк'ю,

мерсі,—

І нечага бога гнявіць:

Было б што паесці, было б што папіць —

І большага не прасі...

— А можа, той бог

сёння хоць бы ўявіць,

Што такое

мільён Хірасім?

І раптам бог адказаў: «Шкада,

Што бога няма. І вас

Здзівіць не магу. І адкрыць, як братам,

Што ядзерны ваш выбуховы запас —

Мільён Хірасім.

А гэта якраз

Амаль буду я:

нішто, пустата...»


ПІСЬМЫ

Як думы на фронт вадзілі

Салдаткі — дум камандзіры?

А так, як і пісьмы хадзілі —

Туды, у чорны агонь.

Спачатку ў цёплых руках,

Што абнімалі салдата,

Ці ў тых, маленькіх, якія

Ён браў калісьці ў далонь

І дыхаў, як на птушанятак...

За пазухай ці ў кішэні,

У сумцы ці ў торбе кужэльнай —

Дзе пешкі ішлі,

Дзе конна да станцыі дабіраліся.

Пасля цягнікамі ехалі,

Бывала, што i разміналіся

Дарогай з салдатам параненым...

А там, дзе ўжо дыхала фронтам,

Садзіліся на трохтонку.

А потым — крывавымі сцежкамі

Кароткімі перабежкамі.

Нібы патроны ў падсумку,

Паўзлі пад агнём па-пластунску.

I недзе на кропцы грымотнай,

Перад вышынёй няўзятай,

На крок ад удачы смяротнай

Траплялі ў рукі салдата...

На момант цішэлі траншэі,

На момант франты змаўкалі

Пісьмы, як птушкі, сядалі

І нешта на вуха шапталі,

І светла салдат усміхаўся,—

Вядома ж, не смерці сваёй...


СУСТРЭЧА

...умирая,

воплотиться

в пароходы,

в строчки

и в другие долгие дела.

Ул. Маякоўскі

На папялішчах i руінах Роўна

Яшчэ і напамінку не было

Taго праспекта, вуліцы галоўнай,

Яшчэ блакадай дыхала з балот.

Яшчэ ўрываўся па начах свінцова

Шал аўтаматаў у людскія сны,

Хадзіла рэха крокаў Кузняцова,

Разведчыка зняволенай вясны...—

Яна прыйшла сюды ў сорак дзевятым,

Дачка пакутнай віцебскай зямлі —

Той, што ў зямлянцы марыла пра хату,

Калі вятры завейныя гулі.

Яна прыйшла сюды — на рыштаваннях

Узняць крылата гмахі камяніц.

Праз дваццаць год ix роўна дваццаць стане —

Бяры любы аздобаю сталіц.

Змагалася Дазорцавай брыгада,—

I ў наступ з будаўніцамі ішла

Блакада сонца, радасці блакада,

Блакада ix дзявочага святла.

...Мяне сустрэў начны праспект шырокі.

Як роўны сон, над Роўна цішыня...

Ды я адчуў: я свой — не госць далёкі,—

Мяне сустрэў праспект яе імя.

I добры бог той позняе сустрэчы —

Пад ціхі шум замроеных прысад —

Тлумачыў мне тады Іван Бунечка:

— А тут во — беларускі далягляд:

Дазорцавай дамы, зямлячкі вашай,—

Ix два дзесяткі...

Раніцы святло

Мяне вяло не намяццю ўчарашняй —

Яе бяссмерце ў вокнах тых жыло.

І я паверыў — пэўна, бачыць Роўна:

Па вуліцы свайго імя што дня

Дазорцава ідзе — Любоў Пятроўна —

Туды, дзе рыштаванняў вышыня.


КВЕТКІ 41-ГА ГОДА

З выстаўкі карцін украінскай

мастачкі-самавучкі Кацярыны Бедакур,

галоўны матыў творчасці якой складалі кветкі

Чэрвень вусны соладка палыніў,

Колас мроіў прагай спарышоў.

Сорак першы год быў Кацярыне,

Сорак першы па зямлі ішоў.

Сорак першы — дата пад карцінай,

Hi грымот яшчэ, ні злых завей.

«Палявыя кветкі» — Кацярына

Гэты цуд нябесны назаве.

Вышыня, акрыленая сінькай,

Ловіць гукі таямнічых струн

З пэўнасцю, што кожная квяцінка

Мае ў небе зорную сястру.

Шлях Чумацкі, Млечны Шлях на ўзмежку

Красаваннем гоні апавіў,

Дзе пакуль што палявую сцежку

Сорак першы год не апаліў.

Неба i зямля ў адно зліліся —

Толькі не ад выбухаў яшчэ.

I палёў — яшчэ не мінных — высеў

Цішынёй — яшчэ жывой — цячэ.

Каб дыханнем кветкі-жіартаўніцы

Не сарвалі з галавы вянец,

На краёчку поля затуліцца

Мусіў незачэна-дзьмухавец.

Чыстацел, суніцы, канюшына,—

Што ні краска — да нябёсаў крон,

І нарэшце — пробліскам вышынным,

Рэхам сфер блакітных — васілёк.

А ў зеніце поля — там, на небе,—

Знак на ўсе касмічныя часы:

Два схілёных, два ў паклоне хлебным

Жытні i пшанічны — каласы.

Не ракетны, а шматкветны веер —

На вякі яе аўтапартрэт...

Сорак першы год. Пялёсткі веек.

І дрыжыць на кожнай вейцы свет.


ДАРОГАЮ МАКЕДОНІІ

Нібы козы, вінаградныя лозы

З пругкім выменем дыбяцца на падпоркі...

Вязáнкі лісця на сушылках —

У зáценьку, нібы гірлянды...

З падстрэшшаў — струкі

Ледзяшамі гарачымі...

Гармонія светлая гронак...

Філасофія тытуню...

Перцу чырвоны крык

з жоўтымі падгалоскамі...

А паміж небам i паміж зямлёй,

Як паміж сном i рэальнасцю,—

Горы

З абвалам каменнай памяці:

У алкаголь забойства,

У дым папялішчаў,

У маўчанне чырвонай крыві.


* * *

Хто ў век боегаловак і ракет

Схіляць галовы ўздумае бяздумна

Перад Зямлёй, калі ўжо ўвесь сусвет

Паўстаў на нашым скрыжаванні тлумным...

Змірыліся — зямляне, землякі,

Што трэба пакідаць сваю калыску.

Адно не знаем: застануцца з кім

Магілы мацярок i абеліскі.

Хто выйдзе ў поле з першай баразной,

Каб жаўрука шчаслівага паслухаць,

Каму ён скажа, як былой вясной

Было хоць зябка трохі, ды не глуха...

Бяры, Зямля, усё бяры ў запас —

I жніўны спеў, i сонечныя промні,—

Бо хто сагрэе, як не будзе нас,

Хто пра такія дробязі успомніць!..

Глядзіць глабальна час ракетны наш,

Хрыбет ламае звычкам непакорным.

І мы не людзі ўжо — мы экіпаж,

Што пралятае ў холадзе міжзорным.

І месіянскі ход календара

Штодня вяшчуе новага Месію,

Каб росчыркам ракетнага пяра

І раны ўсе i слёзы ўсе асіліць.

Стары-стары, наіўны белы свет,

Няўжо не пакідаеш ты надзеі

На крылах абяскрыленых газет

Зляцець туды, дзе зноў памаладзееш?..

Не трэба так, не пакідай Зямлі,

Давай, брат, разам завіхацца будзем,

Каб не ўцякаць, каб нашы караблі

Ляцелі расказаць, як добра людзям,

Як мы змаглі адолець чорны час,

Пасеяць праўды i свабоды зерне

На ўсёй Зямлі. I з гэтых зорных трас

Яе ніколі i ніхто не зверне.


* * *

Між прозвішчаў на плітах мемарыяльнага

комплексу «Прарыў» ва Ушацкім раёне

я прачытаў: «Зузёнак»...

Як гэта блізка ад мяне

І прозвішчам i сутнасцю...

Ляціць, ляціць — i не міне

Мяне той гук адсутнасцю.

Хрысціў адзін свінцовы знак

Тады Ушачу з Начаю,

Ды тое «з» было, аднак,

Мне лёсам не пазначана.

І свіст ягоны кулявы —

Як быў — навекі з Вамі ён.

Той зычны гук забралі Вы

З усіх маіх экзаменаў.

Стаю, схіліўшы галаву,

Перад каменнай кнігаю:

У гэтым прозвішчы — жывуць,

Майго дзяцінства дні гараць.

Адзіны гук... Ён не кране

Мяне сваёй астудаю.

Ён Вам — апошні — празвінеў,

I ўратаваны буду я.

Адзіны гук... I я хаджу

Над сонцам тымі сцежкамі,

Дзе Вы ўсміхаліся дажджу,

Калі ўраджаем цешыў ён.

Адзіны гук... Мне колькі жыць

Ён даў на свеце права —

Не знаю... Толькі даражыць

Мне вечна Вашай славай.

Калі ж трывога ўскалыхне

I ўстануць зноў брыгады —

Адно ў запасе i ў мяне

Ёсць «з» на той выпадак.


* * *

З веку ў век так было, з веку ў век:

Смерць шукала крывавае месіва,

Нараджала сірот i калек

То прашчой, то сякірай, то «месерам».

З веку ў век так было, з веку ў век:

Чалавек не здаваўся смерці,

Выплываў з акрываўленых рэк,

Каб кашчавую ў порах сцерці.

У агнях крыжавых, нажавых

Бараніліся людзі кагортамі:

Як жывыя супраць жывых —

Супраць мёртвых стаялі мёртвыя.

З веку ў век так было, з веку ў век:

Перамогу шукаў чалавек,

А душу i сілы бярог

Для галоўнейшай з перамог.

З веку ў век так было, з веку ў век:

Чалавек заставаўся сабою,

Перамогу шукаў чалавек

Над насіллем i над разбоем.


* * *

У часе сваім ляціш —

Не вернешся i не пакінеш.

У часе сваім сядзіш,

Як птушанё ў шкарлупіне.

Мільгаюць: май, лістапад —

Язда ў нерухомым вагоне.

Няма вяртання назад,

I будучыню не дагоніш...


* * *

Як дзіўна ўсё

I нечакана ў гэтым свеце!

Жывеш, жывеш — i раптам адкрываеш:

Кол і калона —

А яно ж,бадай,

А дно і тое...

Так — амаль адно,

Калі зірнуць у корань

І калі...

(Не-не, я тут зусім не са свайго запечка —

Но той выпадак, дзе паэт смяяўся,

Што Апалон славуты з Бельведэра

Здаецца горшым за пячны гаршчок...)

...вось проста так — па сутнасці — паставіць:

Кол i калона... Крэўныя...

I ўсё ж,

Усё ж — неверагодна!

Кол, на якім трымаецца пляцень,

І каланада, скажам, Калізея...

Мачулішча і Рым,

Пляцень і Калізей...

Неверагодна!..


РАЗВІТАННЕ КАЛІНОЎСКАГА

Хто адгадае і хто адкажа,—

Пакуль маўчыць народ,

Якая праўда на сэрца ляжа

Мне праз тысячу год?

Адно толькі знаю: бог нас накінуў.

Страшней пятлі і турмы,

Калі мы ўсё яшчэ не краіна:

То край, то ўскраіна мы.

Адно толькі знаю: паўстаць за волю —

Сваю — павінен народ.

Іначай вольным не быць ніколі.

Рэкі ўзрываюць лёд.

Шляхі не купляюць за няць капеек —

Бяруць іх жыццём сваім.

Бунт не на плошчы — у сэрцы спее

І памірае ў ім.

Пакуль застаецца з нашага стану

Хоць бы адзін жывы,

То не лічыце справу прайгранай.

Народ прад'явіць правы.


* * *

Зязюля, сівая «зегзіца»

Дагістарычных эпох,

І сёння табой ганарыцца

Расчулена можа сам бог.

Яшчэ не была ты «кукушкай»

У нашай славянскай радні,

А ўжо аб'явілася птушкай,

Што людзям адлічвае дні.

Hi нашаю, ні ўкраінкай,

Hi рускай яшчэ не была —

«Зегзіцай» раняла слязінкі,

Як шэрае пер'е з крыла.

Куваннем сваім прарочым

Ужо i тады, як з нябёс,

Ты нам адкрывала вочы

На час, на вечнасць i лес.

I верылі мы штолета

Тваім гаротным слязам,

Хоць ведалі: песню гэту

Не самка складае, а сам...

А ты, маладая «зегзіца»,

Падкідвала яйка ў гняздо

Чужое, нібы парадніцца

Хацела з чарнявым драздом,

Ці з нейкім салоўкам, ці з сойкай...

I кожны тваё насланнё

Карміў i на вылет «з-сабойку»

Апошнім даваў птушанём...

Зязюля, сівая «зегзіца» —

Жаночыя слёзы мужчын...

Паслухаеш — i праслязіцца

Сам знойдзеш паўтузін прычын.

«Ку-ку» ды «ку-ку» — адгукнецца

I памяць, i прышласці міг...

I слухаем. I здаецца:

Вяшчуеш ты долю на ўсіх.

І гэтак з налецця ў налецце

Па-беларуску з імшар:

«Ку-ку» ды «ку-ку»... І здаецца:

Зямны адгукаецца шар.

І верым, зусім па-дзіцячы,—

Такі ўжо, выходзіць, народ:

Аднойчы з намі паплачаш,

А мы будзем верыць сто год...


НА ТВАЁ, ЖЫЦЦЁ, НЕЗБАВЕННЕ...

Іх імёны — слава народная,

Іх імёны — боль на стагоддзі.

Перад вечнасцю i свабодаю:

Авакум, Пушкін, Лермантаў, Гогаль..

Больш не будзем згадваць нікога:

Хопіць іх, покуль сонца ходзіць.

Хопіць іх на тваё сумленне,

На тваё, жыццё, незбавенне.


ГОЛАС

Агнявы мой рубеж, пераправа

Ў небыццё, у бясконцы час.

Ды за мной застаецца права

Іншы раз прыходзіць да вас.

Я іду — як трава — нячутна,

Я іду — як зоры ўначы.

Ваша памяць i ваша сутнасць —

Зноў іду я: перамагчы.

Паглядзець — у сэрцы i ў вочы,

Паглядзець у душы жывых.

I калі хто адстаў ці збочыў —

Я пачую. Раней за ўсіх.


ПАСТУЛАТ ВЕРЫ КАНЦА XX СТАГОДДЗЯ

Апакáліпсіс новы адкрыты:

Пасля атакі ядзернай

Ноч цемраю першабытнай

На планету нашу асядзе.

Антарктыда атамнай эры

Ў сэрцы Азіі i Амерык.

Фракі клеркаў — чорнае з белым

Як пінгвіны заледзянелыя.

І над нашым апошнім маем

Б'ецца сонца птушкаю шэрай...

Замярзае мой шэпт, замярзае

І крычыць: «Не веру, не веру!»

Што з-пад ядзернага парасона

Не вырвуцца ўсмешкі нашы

І наўздагонку сонцу

Лісцём затрымцяць апаўшым,

З-пад веек — завейных карункаў

Вочы зірнуць папрашайна,

I празвіняць пацалункі

Стылым! ледзяшамі...

Веру — хоць формула вецер

I холад касмічны вяшчуе,—

Веру: мяне на свеце

Вусны твае адчуюць.


АДНОЙЧЫ

Любіў калісьці ў неба я глядзець —

На песеннага жаўранка ў зеніце,

Што кропачкай высвечваўся ледзь-ледзь

На промні сонца, выспелата ў жыце.

Любіў калісьці ў неба я глядзець —

На вырай развітальны i няўлоўны,—

І пачынаў паціху сам ляцець,

І сам рабіўся птушкаю бяздомнай.

І так на сэрцы горасна было,

Як быццам ты ў той песні адлятала.

І рэха з неба голасна плыло

І за лясамі глуха ападала..

Яго шукаў, знаходзіў i губеляў...

І раптам скалыхнуўся свет аднойчы,

І паплыла за выраем зямля.

І я стаяў прад ноччу. Вочы ў вочы.

І покліч жураўлінае трубы,

І той жа лес — на даляглядзе грэбень,

І той агонь пакутны ў гуках быў,

Ды толькі не было цябе ў тым небе...


* * *

Крыўды я не лічыў —

Не такога талану.

Ціха раны лячыў

Тым, што быў пастаянны:

І табе, і сабе,

І агульнаму лесу —

Як жніву і сяўбе,

Як зямлі і нябёсам...

Пастаянства — мой шчыт —

Называеш бяскрыллем...

Пастаянства граніт

Стаў цяжэй надмагілля...


* * *

A гара з гарой —

Не бяда з бядой...

Горы бачацца —

Ды не сыходзяцца,

Беды сослепу —

Гуртам водзяцца.

Горы хмурацца

Адлучоныя,

Беды журацца

Незлічоныя.

Горы хмурацца

Перад кручамі,

Беды журацца —

Неразлучный...

Дум расстайных рой

Як гара з гарой,

А бяду з бядой —

Не разліць вадой...


* * *

Ля якіх сталіц,

Дзе — сустрэча тая:

На шляху стаіш —

А дарожку пытаеш...

Не вялікі падман,

Ды была б зачэпка...

...Пераймае туман,

Дзе воду мне чэрпаў...

Ля мурожных стагоў

Глуха стынуць ночы,

Як адсутнасць таго,

Хто глядзіць у вочы.


СТУДЭНЦКАЙ ВУЛІЦЫ

Для іншых ты Студэнцкаю не станеш —

Даўно ў цябе ўжо новае імя.

А для яго — трывожна i расстайна

Твае масткі драўляныя грымяць.

Як што забыў i ўспомніць дужа хоча,

Як што згубіў — не знае толькі дзе,—

Але сюды шукаць ідзе штоночы

І ўспамінаць — адно сюды — ідзе.

Калі ў дварах аглухне брэх сабачы

І гарадок з-за аканіц-павек

Не гляне нават,— ты скажы — ці бачыш

Сутулена праходзіць чалавек.

Спыняецца — няма ў каго спытаць,

Ідзе — пытанні вырастаюць роем.

І незнарок ягоная вярста

Ca мною сустракаецца парою.

Не-не, прабач, я знаць яго не знаю,

Я толькі знаю, што яго вядзе.

Той — малады, прыгожы — заклінаю:

Сагрэй яго, не пакідай нідзе.

Гукай яго. Каб сэрцам не заснуў,

Каб не панік на сцежках адмірання —

Няхай успомніць пра сваю вясну,

Няхай успомніць пра сваё каханне.


ЗАЗІМНАЕ

Ой, пайду, прайду

полем чыстым я,

Хмарку выведу,

снягі высцелю.

Дзе па выбаях

восень бегала,

Снягі выбелю

бялей белага.

Снягі выбелю,

дружка выберу —

Пакахаю раз,

а сем выверу.

Клікну раненька

па гулянейка:

— Быць з табой нам лес,

малады Мароз!


* * *

Усё — як жыццё — выключаецца:

Сонца, вясна, квітненне...

Толькі дождж... Ідзе, не канчаецца

І ні хвіліны збавення.

І ты ўсё ідзеш. У «ніколі».

У дождж адыходзіш, як вечнасць

У стылую ноч, за якою

Hi будучыні, ні сустрэчы.


* * *

Не, пакуль на касмічным падворку,

На квадраты атак падзеленым,

Хоць адна застанецца зорка —

Застаецца мая надзея.

Столькі знаю я, столькі мне трэба

Перадаць вам, браты невядомыя,

Што тварылася ў нас, пад небам,

Што зрабіла Зямлю бяздомнаю...

І калі ў гэтым свеце горкім

Штосьці вам сказаць не паспею,

За мяне дагавораць зоркі —

Чалавека яны разумеюць.


* * *

Мой анёл-ахоўнік,

Няма такіх трывог,

Каб ix табе грахоўна

Перадаверыць мог.

Лічы сабе як хочаш,

Ды толькі мне відней:

Ты шэпчаш: «Збочыў, збочыў...»,

А я — ішоў прамей.

Наўслед маёй няўдачы

Не хмурся з-за пляча —

Няўдачу перайначу,

Перамагу адчай.

I не шапчы на вуха,

Не перасцерагай,

I скруху-векавуху

Прыспаць не памагай.

Не пералічвай крокі

I сэрца рытм i лад,

Не выдавай па крохах

Жыццё мне на пракат.

Усё бяру на плечы,

На ўласную душу,

Аб лёсе чалавечым

Апекі не прашу.

Тут, мой анёл-ахоўнік,

Абачлівасць мая,—

Тут буду я вярхоўны,

Галоўны — буду я!


* * *

Люблю той подых лета нясмелы,

Той позірк пралескавы з-за куста,

Калі асіна паружавела,

Калі бяроза на паўліста,

Калі да венікаў вунь як далёка,

Як да замуства ў шаснаццаць год,

Калі вярба, набрынялая сокам,

Скручвае дудку — вадзіць карагод,

Калі над лотаццю рогат i войкат

Жабы спраўляюць, як сто маладзіц,

I чарнакніжніцай грэшная вольха

Азы пісьмёнаў вясновых цвярдзіць,—

Люблю цябе, майскае перасяленне

Бога вайны ў перуноў чараду,

Люблю цябе, крэўнае зазямленне

Касмічных дум i касмічных душ.


* * *

Здаецца, што ўсё напачатку:

Шляхі i жыцця далягляд,

Ды час прыпляснуў пячатку:

Вяртання няма назад.

Наперад, наперад, наперад —

Да рысы, таемнай для ўсіх,

Якой ні травінцы, ні зверу,

Hi зоркам не перадасі.

Якую ты мусіш адолець,

Каб з юнымі ўсё падзяліць —

I волю, i гэту няволю

Ў свой час каляіну ўступіць...


* * *

Сыну Сярожу

У жніўні, як свята палоска,

З усходу істужка святла —

Жывая, а не пагалоска —

У куток мой паўночны прыйшла,—

Не той, што «на поўначы дзікай»,

А проста на поўнач акно,—

I сонца тут клікай не клікай —

Нічога не чуе яно...

І вось табе — шчасце якое —

Звініць на пахмурнай сцяне:

З акна — цераз два пакоі —

Прарвалася да мяне.

Ты сёння адкрыў свае дзверы,

А я не закрыў свае,—

Палоска, ды поўнаю мерай

Мне сонца сёння стае.

Палоска — вясны адгалоскам,

Усмешкаю, хітрай, тайком,

На беразе сенакосным

З русявых валос касніком —

Мабыць, на хвіліну, не болей,

Раптоўна, праз двое дзвярэй —

Злілося з ацішаным болем:

«Прыйдзі, абнадзей, абагрэй...»


ЗОРНАЯ ПРОСЬБА

Наш век да лірыкі не схільны:

Што ў небе мройным калясіць,

Дзе поўня бурбалкаю мыльнай

Загадак страчаных вісіць?

Усё там ясна, зразумела,

I ўжо да зор падаць рукой,—

Хто ж будзе іх лічыць нясмела,

Блукаючы па-пад ракой?..

Планеты вогнішчаў начлежных,

Смех сенакосных буданоў,—

Ля тэлевізараў улежна

І ўежна дрэмле ўсё даўно...

Ляцім, як мухі на скарынку,

З-пад неба зорнага дамоў:

Нашто спяваць — ад пуза «скрынка»

Дае i песень i прамоў...

Ці паскарэнне, ці старэнне?

Хутчэй ідзём ці ўсё цішэй? —

Ды ёсць пагроза стаць стварэннем,

Што зор не бачыць з-за вушэй,

I хрукнуць: «Атамы, не болей,

У тэрмаядзерным катле...»

...І зоркам не заззяць ніколі,

А толькі так вучона тлець?..

Хай неадольны час імчыцца,—

Каго — не знаю, а прашу:

Вярніце небу таямніцу,

А закаханым — іх душу.


* * *

При народе, в хороводе

Парень девушку обнял,

А девчонке стыдно стало,

Стала плакать и рыдать...

З рускай народнай песні

Цяпер усе, як паэты:

Пачуццяў сваіх не хаваюць.

Дзяўчат перад белым светам

І ціскаюць, і абнімаюць.

Вісус вусаты вісне,

Як хмель на тыніне тонкай,—

Стыдаешся, то адвярніся

І дэфеліруй з жонкай...

Абранніцы пры народзе

Рукамі хлапцоў аплятаюць...

І позіркі людзі адводзяць:

Паэзія... ды не тая...


ДЗЕТДОМАЎЦЫ

Чародкай вераб'інай

Дзяўчынкі, хлапчукі.

Палонілі машыну —

Аўтобус гарадскі.

А людзі не ўсміхаліся,

Як водзіцца заўжды,—

Маўчалі ці шапталіся,

Як ля чужой бяды...

Гарэзліва-няўтомныя,

Каленкі ў сіняках —

Сучасныя дзетдомаўцы,

Сіроты пры бацьках,—

Якія вы ўсе розныя

І як падобны ўсе...

Настаўніца пагрозліва

Вачыма гурт пасе.

Паправіць — то каўнерык,

То банцік-матылёк...

А я — вачам не веру,

А я — гляджу здалёк:

Я помню вас, дзетдомаўцы —

З агню, з-пад куль, з вайны,—

Вядомых, невядомых

Бацькоў сваіх сыны.

Вы імі ганарыліся,

Хоць i не зналі ix...

Стаіць хлапчук, жывы ліс.ток

Бацькоў сваіх чужых...

Чупрыну непакорную

Пакінуў белы госць...

I жоўтыя, i чорныя

Таксама трохі ёсць...

Хто ён? Баксёр плячысты?

Піжонскі элемент?

З машной тугою выстар?

Курсант альбо студэнт?..

Адна душа сказала б...

Ды не пачуеш ты:

Душа стаіць вакзалам,

I тлумным, i пустым.

Тут ад цябе запорамі

Замкнёны дзверы ўсе...

І маладосць заворваюць

Маршчыны пакрысе.

Каханне разбасячана,

І хто бярэ віну,

Што ў нас дамы дзіцячыя

Растуць, як у вайну?..

Прыпынак. Без прынукі

Спяшаюцца яны —

Дзетдомаўцы-унукі,

Дзетдомаўцы-сыны.

Шчабечуць, нібы птушкі,

Ажно зямля пяе —

Дзетдомаўкі-дачушкі

І ўнучкі... А чые?..

Ці злога, ці наіўнага

Кахання

гурт ідзе...

І мама калектыўная

Той ланцужок вядзе.


ДВА ПОЗІРКІ

Болей сонца не засвеціць,

Як вясной было i летам.

Хто сагрэе, хто прывеціць?

За акном — сканчэнне свету:

Ён ідзе, а я гляджу...

Замятае след завея,

І зіма — абдымкі насцеж,

Стыне сэрца і нямее...

Ах, вярнуць бы тое шчасце:

Я іду, а ёй — глядзіць...


* * *

Заснежаная леснічоўка,

На пяць вянцоў — ледзяшы.

Ні гуку... І раптам шчоўкнуў

Хтосьці ў напятай цішы.

І раз, і другі, і трэці...

Я позіркам да вершалін

Бяроз перабраў усё вецце,

Абшарыў лапы ялін.

Магчыма, злуе вавёрка,

Што ў царства яе зайшоў?

Ці клёст завіхаецца вёрткі,

Кормячы малышоў?..

А праз хвіліну якую

Я сам з сябе рагачу:

Ды гэта ж я кроплі цікую

І пульс капяжа лічу!..

Праверыў: як мой — дакладна

Ў мінуту — семдзесят пяць.

Стаю — абвяснелы і рады,

А кроплі — на снег ляцяць.

І хоць над вечар марозік

Вяртаўся ў куток лясны,

Я знаў: вясна на парозе,

Здаровы пульс у вясны!

Хай снег таўчэ ў сваёй ступе,

Пяклуецца хай зіма,

Аднак — што вясна наступіць,

Сумненняў ніякіх няма!


НА ДАРОГАХ ВЯСНЫ

Хоць яшчэ на лютаўскім замку

Сонцам назапашаная клець —

А пагорак стылую шчаку

Падстаўляе весела пагрэць.

Сочацца з-пад снегу ручайкі,

І ад вераб'інай гаманы

Зазвінеў лядзяш — марозны кій

На дарогах маладой вясны.


* * *

У віхурным покруце дзён

Па астрагале ўверх дзярэшся,

Ставіш борці, a ўсё не відзён

Рой жаданы з твайго паднябесся.

У бары ад сасны да сасны

Ходзіш з лесвіцай той сукаватай...

Сняцца борцям мядовыя сны,

Мне — гасцямі поўная хата.

І частую ўсіх весела я —

Па калейцы й гуртом — без прымусу.

Кожны госць — гэта песня мая...

Заклікаем сяброўскім хаўрусам:

Сонца, сонца,

Хадзі пад аконца:

І табе ёсць мёду

Поўная калода!..

Адлятаюць мядовыя сны,

Hi кавалачка сонца ў аконцах...

Пачакаем новай вясны —

Мёд салодкі самы на донцы.


* * *

Спрачацца аб славе не будзем —

Гісторыя дасць адказ.

Адно толькі: добрым людзям

Насцеж i дзверы i час.


НА ВЯСНУ

Вось i люты-лабагрэй

Зарыпеў ля весніц.

Кот грабецца да дзвярэй,

Стала іншай песня.

Хай пакуль i думаць грэх

Пра юрлівы марац,

А ўжо ён, абраннік стрэх,

Ходзіць з ласым тварам.

Не да печы, не да сну —

Ловіць пахі носік,

Хвост — трубою, на вясну,

Як жазло, узносіць.

Вільчык мроіцца ў цішы,

Просіць адгукнуцца,

І ўжо кошкі на душы

Кожны дзень шкрабуцца...


ПРAЗ ПЕСНЮ САЛАЎІНУЮ

Ноч радарам-поўняй

Кожны куст абмацвае:

— Хто ён, хто віноўны

За ўцечку інфармацыі?

Хто знайшоўся гэткі,

Выкрадальнік тайны,

І з якой разведкі? —

Цішыню пытае.

Закаханым вестку

Хто разнёс маланкай,

Што бягуць да ўзлеску

Ўсе на пагулянку?

Што танок заводзяць

І вясну вітаюць,

Хлопцаў карагодзяць

І ў зіму вяртаюць —

Каб зазнайкі зналі:

Ля каханых сцежак

Ходзіць побач з маем

І завейны снежань...

Хто аб веснім свяце

Ўсім шапнуў на сэрца?..

Хопіць, ночка, траціць

Клёк у паняверцы!

Стань лепш той — адзінаю,

Не чытай натацыі:

Праз песню салаўіную

Уцечка інфармацыі.


* * *

Як хочацца падпільнаваць імгненне,

Калі з пупышак выпырхнуць пялёсткі,

Ды не ўцікуеш:

ёсць прадквецця геній,

І ён не любіць лішняй агалоскі.

Ёсць геній таямніцы, і жыве ён

Пад гэтай непрыгляднаю лушчынкай,

Што знікне ўраз — і дрэва руя?авее

І над зямлёй шугае аблачынна.

Тады — усе любуйцеся! І верце

У знак наканаванасці прыроды,

У гэту квецень і ў сваё бяссмерце,

Якое тут — цяпер і назаўсёды.


ЛІПНЁВАЕ

Дзень пчэльны, сонцам поўненькі,

Звініць на цэлы свет.

Крамяныя бульбоўнікі

Аздобіў сіні цвет.

Рыпіць над полем вáгамi

Паўдзённая сухмень.

Вусы — піўцо з прысмагаю —

Пагладжвае ячмень.

Зязюля аблінялая

Задыхана ляціць:

«Дзяцей не гадавала я,—

То хто ж падасць мне піць?..»

Бусліха трызніць Афрыкай,

А бусел-целяпень

Навіны тэлеграфныя

Збірае на слупе...

Дзяжурыць ён па графіку

Ў тым, ля дратоў, гняздзе:

«Сюды б мне, кажа, Афрыку,

Як сівер загудзе...»

Папаскаю агульнаю —

З каровамі шпакі:

На лузе панагульвалі

Тугія валлякі.

Да выраю далёкага

Драчы здаюць свой крос.

Спявае i галёкае

Ліпнёвы сенакос.

Дажджы ў хмурынкі рэдзенькай

Сплываюць на хвасце.

I дзеці, як мядзведзікі,

Ў малінавым кусце.


* * *

Апошняя ў лагеры змена —

Як верасня блізкі сігнал.

І певень будзільнік свой генны

На восеньскі час перагнаў.

Распаляць касцёр піянеры,

А ты налюбуйся здаля,

Падумай, якія ёсць меры,

Каб гэтак не бегла зямля...

І выйдзеш да мудрай высновы,

І зноўку адкрыеш закон,

Што вырас той стрыжань сасновы

Для хаты тваёй без акон...

І тут не аб'явіш «вета»:

Хоць зорак вяселіцца рой,

З нябёс ападае ветах

У сэрца паўночнай парой.

Апошняе ў песні калена:

Блукае з драчом басанож...

І лета прайшло. Несумненна.

Прайшло... А не верыцца ўсё ж...


* * *

Надзея, хісткі човен мой,

Круг ратавальны,

Над бессмяротнаю турмой

Мой знак астральны.

На галактычным рубяжы,

На тым прадонні,

Дзе «жыць» выходзіць «анты-жыць»,

«Ніколі» — «сёння».

У перакуленых вірах —

Сухія смерчы,

У зрэнках зорных — зорны страх

Перад бяссмерцем.

На пералётах незямных,

На вечных трасах,

На тых спатканнях ледзяных

З сабой сам-насам,—

Адна апора тут мая:

Надзею маю,

Што сам сябе сустрэну я —

І не пазнаю.


* * *

Апошнія верасня ласкі,

Як загадзя дар за імглу.

Асеннія ціхія краскі

Цярпліва чакаюць пчалу.

Рабіну дразды асядлалі,

Галдзяць i жыруюць усмак,

Як быццам ім дальнія далі,

Разлукі i страты не ў знак.

Гукаецца ўзлессе грыбное,

А рэха ляціць яшчэ ў май.

І раптам сустрэча з вясною

Рэальнаю здасца амаль...

«Ці будзе зіма? — я пытаю.—

Ці ўжо яна даўняя быль?..»

І з кветкі: «Не знаю, не знаю...» —

Плячыма паціскаў матыль.


НАЧНОЕ ВОГНІШЧА

Калі пажніўная бярэцца

Ноч на асенні халадок,

Якім жаданым ён здаецца —

Таемны сонечны грудок.

Якім далёкім i трывожным,—

Глядзіш, як з іншае зямлі...

Мужуюць людзі — i на кожным

Даспехі-водбліскі былін.

На міг шырэе паднябессе,

Калі падкіне хто галля.

А потым вусцішна на ўзлессі

Ізноўку звузіцца зямля.

Іскрынкі ападуць шматкроп'ем,

Як пыл з касмічнага пляча...

Аб чым яны ў той светлай кроплі

Гамоняць, слухаюць, маўчаць?..

І што за людзі? Ці патрапіш

На добры час, на добры лад?

Ці раптам вылезеш нахрапам

І будзеш лішнім акурат?..

І вабіць вогнішча, i выйсці

Не дазваляе нейкі страх —

Той, першабытны, што калісьці

Згараў падушна ў злых кастрах...

Стаіш, няпэўнасцю схаваны,

Ля заімшэлага камля.

І ўсё я? — ісці наканавана:

Не грэе вогнішча здаля.

А выйдзеш з цемры — i сустрэнеш

І цеплыню, i дабрыню.

І станеш моўчкі на калені:

Паклон — людзям, паклон — агню...

Гарыць касцёр на ўзмежку лета,

Гарыць на ўзлессі, у палях —

Маленькай зоркаю сусвету

I сэнс падказвае, i шлях:

Вось так адкрыцца на дасвецці,

Так добрым словам памагчы,

Паклікаць, абагрэць, прывеціць —

Як тое вогнішча ўначы.


ШЛЯХІ

Хоць прароцтваў мы шмат налузалі

І не верыцца ў прадказанні,—

Ды жыццё павівальнымі гімнамі

Вызначала шляхоў адценні:

На дуэлях паэты гінулі,

А празаікі вар'яцелі...


* * *

«Як вершы пішуцца? — пытаюць.—

Агонь з вачэй i дым з вушэй?..»

Я ўсёй маёй не знаю тайны.

А вершы — пішуцца цішэй.

Прыходзіць верш безабаронна.

Адзін. Ні продкаў, ні радні...

Яны пасля — хістаюць троны.

Пасля пакутнай цішыні.


* * *

Настаўнікаў i прарокаў

Нямала было, ды сплыло —

І ў стылі «ампір» i «барока»,

І ў стыле «вампір» i «сіло».

Вучылі яшчэ да Скарыны,

Вучылі пазней i смялей,

У імя айца i сына

Вучылі... i гэтак далей.

Як мовы сваёй пазбыцца,

Як песню сваю забыць.

Ішоў беларус па сталіцах

I словы хаваў, як гарбы.

Бо кожнае з ix яшчэ змалку

Было ў зубаскала ў цане,—

Як кажуць, тваёю палкай

Самому ж табе па спіне.

Па д'ябальскаму тарыфу —

«Прашу, а не то задушу» —

Духоўным плацілі мы тыфам

За светлую нашу душу.

Гудзеў пахавальны форум

Сваіх брахуноў i чужых,

Сумленне забыўшы i сорам,

Не хлеб нам давалі, а жмых.

Было — ды пайшло ўсё прахам,

Засечкаю на ілбе

Усім, хто й па сёння прагне

У слова сядзець на гарбе.

Зазналі — і злых, і нахабных,

І хітруноў, і крыўляк...

«Вучыць бы»,— іх сверб неаслабны.

Вучыць бы,— вось толькі як?

Наеліся ісцін удосыць,

Наслухаліся мудрацоў.

Патрэбен слову філосаф

Сарамлівы. Як Міша Стральцоў.


* * *

Час — ён забаўнік па натуры,

Вузел такі адмысловы сплёў:

Феменізацыя літаратуры

І хімізацыя палёў...


* * *

Феномен прыроды? Генетыкі вось? —

Hi з коз, ні з аслоў, ні з кароў,

Hi з кошак — ніхто i ніколі,

а вось

Сабакі — падобны на гаспадароў.


ДЗЯЦІНСТВА БОР

Дзяцінства бор шуміць мне днём асеннім,

Вясной — смалістай песняю гудзе,

Адтуль, дзе мліва Дзед Мароз прасейваў,

Заснежанымі соснамі ідзе.

І на спатканне кліча безупынку.

На голас той і еду, і лячу...

Дзяцінства бор, прысядзем на хвілінку,

З табою на дарогу памаўчу —

Аб тым, што ўжо не вернецца ніколі:

Дзяцінства бор — прыходзіць толькі ў сне.

Бяскрыла спачувае наваколле

Апошняй старадрэвіне-сасно.

Лясіна не даклічацца лясіны,

І воды адышлі ад каранёў,

На салаўя сарока вучыць сына,

І шастае па гнёздах вараннё...


АМЯЛА

Тут яе не бачна, як няма —

На бярозе, што шуміць лісцём.

Тут бяроза без яе — сама —

Славіць лета, сонца i жыццё.

І не сніць бярозавы народ —

Белыя прысады бальшакоў,

Што спявае з ім у сто сукоў,-—

Цягне ў сто смыкоў — нахабны рот.

Пыжыцца зацята амяла,

Тайныя франты яе — тылы:

Не відно, як смокчуць са ствала

Сок чужы прысоскі амялы.

I чаканне тоіцца: вятры

Ў кронах лістабойна загудуць,—

Вось тады ўжо нечага хітрыць:

Выстаўляй на людзі бараду!

Вось тады, як трасяне мароз

І закрыюць шлях снягоў валы,—

Закрычаць з аголеных бяроз,

Бачныя — высока лес узнёс! —

Чорныя бароды амялы.


УДАЧА

Дым смуродны, дым смяротны

Па шнуры змяёй паўзе.

Што дрыжыш, рыбак залётны,

Прытаіўшыся ў лазе?

Зараз, зараз гупне выбух,

Глуха ўздыбіцца рака,

Густа вывернецца рыба

На змярцвелых плаўніках —

Лінь, уздуты, нібы мячык,

І з кляшнёй зламанай рак,

І жаданы дар удачы,

Бог віроў — стары шчупак.

Плёс, нібыта ў пене, белы

Ад аглухшай драбязы,

Гляне зрэнкамі здранцвела

Без надзеі i слязы.

Што твае адкажуць вочы?

Ці ты помніш, як вайной

Лёс галодны, лес сірочы

Трызніў рыбкай залатой? —

Што накорміць поўнай меркай

І дзяцей і ўсіх матуль,—

Толькі б выжыць, не памерці —

Голад быў страшней за куль.

Як мы бедкаліся зранку,

Слёзы елі, як гарох,

Як начамі снілі манку,

Што з нябёс не сыпаў бог.

У аерыстых канавах

Бузаваў дзіцячы лес,

I сяголеткаў-малявак,

Як удачу, кожны нёс...

Ды ці ўспомніш ты!.. Бязменам

Загайдалася рука —

«З пуд пацягне!.. Як палена»,—

Важыць хіжа шчупака.

Вуды ў груды — ані ценю

У вачах. «Глушы ды еш»,

Сам з аглушаным сумленнем

Да машыны «ўлоў» нясеш.

Што ж, трымай за жабры ўдачу

Хай падзівіцца сяло.

Я ж сваю ўсё — тую — бачу:

Пэўна, большай не было.


* * *

Гэтыя словы нашаптаў узорна-паказальны

палетак тэтраплоіднага жыта Белта

(з падвоенай колькасцю храмасомаў)

«Кіслыя азёры»

Плён дажджоў сярністых:

Ходзяць мёртва зоры

Ноччу ў хвалях чыстых.

Выбіта i ў зёлак

З-пад карэнняў глеба:

Авіяпраполак

Шлейф змяіцца з неба.

Вы i хларафосамі,

Вы i гербецыдамі,

Каб з гектара поснага

Лішні цэнтнер выдаіць.

І плыве ў крыніцы

З перуновым рыкам

Не вада-жывіца,

А вада-«арыйка»:

З чысцінёй стэрыльнай,

З чысцінёй смяротнай,—

Вы яе стварылі

Не ў жыцці гаротным...

Вы яе стварылі

У імя багацця —

Ціха прыдушылі

Рыбу ў роднай хаце:

У вірах завойных,

На вясёлых плёсах

Марсіянскіх войнаў

Ходзіць адгалосак...

Быццам той цаною

Рай зямны адведзены,

Быццам вышынёю

Стане кавал з'едзены...

Вам — і зерня сутнасць,

І мае ўраджаі ўсе,

Толькі быць атрутным

Я не пагаджаюся...

Радавыя поля,

Генералы хіміі,

Як мяне «палолі»,

Дзесьці вы не схібілі?..


МАЛЕНЬКАЕ ДАПАЎНЕННЕ ДА ТАБЛІЦЬІ МЕНДЗЯЛЕЕВА

Натварыла цудаў шмат

Хітрая прырода:

Іншым разам брата брат

Не прызнае з ходу.

Вось, напрыклад, вуглярод —

«С» — вядомы свету:

Напладзіў такіх парод —

Як герой шматдзетны.

Ёсць алмаз, i ёсць графіт,

Ёсць, нарэшце, вугаль,

А яшчэ — канцылярыт

Ходзіць гэтым кругам.

Незвычайны мінерал,

Пробы самай чыстай:

У пяхоце —

генерал,

У марфлоце —

адмірал,

А ўжо ў нас —

міністр.

Падабраў канцылярыт

Якасці алмаза:

Цвёрды, войстры.

І, як гід,

Знае ўсё, зараза.

Разане, нібы па шкле,

Адграфіць алоўкам,

Па якой табе шкале

Жыць на свеце лоўка.

На параграфы сваё

Сэрца выкладае,

Ростам з добрае цаўё

Грыфелі глытае.

Мінерал-чынадрал,

Мінерал-загадчык:

Піша, піша — як аўрал

Па пісьму назначыў.

Не жыве, a толькі ход

Задае паперам,

Як Гамер-наадварот

Нашай новай эры.

Папярыт-канцылярыт —

Горш якой хімеры —

Папяровы апетыт

Мае безразмерны.

Цыркуляры — о-го-го! —

Выдае бязбожна

Бюрапенны бог з багоў,

Бог пустапарожні.

...Вось i ўсё, што я дадаў

Ці дадаць павінны

Да табліцы, што складаў

Мендзялееў слынны.

Можа, веры не дасцё,

Але ўсё ж, дарэчы,

Папрашу на адкрыццё

Мне дыплом засведчыць.

Каб вось гэты мінерал,

Быль ці небыліцу,—

Хай лепш будзе там прагал

Выкінуць з табліцы.


З ПАДСІТКА «МІНІ-МІНЫ»…

...У прыёмнай камісіі

І не грыз ён навуку,

І бацькі не дацэнты:

Па мячы добра стукаў —

І прайшоў у студэнты.

Хоць дэкан і ўпіраўся,

Хоць кагосьці і лаяў,

Ды, нарэшце, паддаўся:

— Ах, любоў,— яна злая! —

Асабліва такая —

Да славутага спорту:

Тут сам бог не ўтрывае —

Тут залічыш і чорта!..

...На семінары па абмену вопытам

Ці то сход, ці то бяседа —

У кантору зазірні:

П'е суседка да суседа —

Старшыня да старшыні.

Брыгадзір ідзе ўпрысядку,

Выбівае з ботаў дух.

Навакол даяркі гладкай

Вывіваецца пастух...

I адзін — як цень, вядома,—

Галоўбух глядзіць на свет:

Па артыкуле якому

Пройдзе сённяшні банкет?..

Запявае гэты клопат

Песняй зычнаю свінар...

...Так над назвай «Новы вопыт»

Закрываўся семінар.


З ПАДСІТКА «МІНІ-МУЗЫ»...

...У творчай камандзіроўцы, альбо канспект нарыса пра леснікоў

Аб'ездзіўшы аб'езд,

Абшарыўшы абшары,

Каб зняць сталічны стрэс,

Да леснічоўкі шпарым.

«Сталічнай» — ні на зуб

Не суліць леснічоўка:

Аб'ездчык — сам, як дуб —

Нясе на стол «кустоўку».

А побач — шась пад гляк

Кіндзюк, прапахлы хвояй,

Кумпяк, як той смаляк —

Аж высмяг пад страхою.

Каўбаска ў пяць кругоў

З патэльні прэ аблогай.

А булак, пірагоў!

А ягад, а грыбнога!..

— Дзе ёсць ён,— я крычу,—

Рай, лепшы ад ляснога?!

Такога, брат, харчу

Не ўбачыш ты i ў бога.

Як бог, аб'ездчык лье,

Я п'ю, як бог, вядома.

I ўсе мне тут свае,

Я ў лесе — нібы дома!...

Аб'ездчык — з берагоў,

Мяне ж — не валіць змога.

А жонка — i таго,

I гэтага, i тога...

Смяецца: «Муж нядуж...»

А я, брат, не шманаю:

Цягну свой творчы гуж —

Я «матар'ял» збіраю!


НА ЮБІЛЕЙНЫМ ПАРОЗЕ

Вось і ты, нібы кліент

У цырульні слова:

Юбілейны рэцэнзент

Навастрыў аловак.

Ходзіць ззаду i вакол,

Злёгку бровы хмурыць:

Да якіх бы гэта школ

«Падагнаць натуру»?

Так паголіць, падстрыжэ

Кудзер пакручасценькі —

За Гамера даражэй

Станет для сучаснікаў!

Шыпне шыпрам раз i два,

Падшмальцуе хібы —

І ўжо там, дзе галава,

Грыўка свеціць німбам.

Намякне, што і медаль

Быў бы да аблічча —

Тут і ў класікі амаль

Сам сябе залічыш.

А пасля і на банкет

Прыйдзе першай скрыпкай,

Будзе ўзносіць твой абед

З тостамі ў прысыпку.

Тут i чорт но давядзе,

Хто ў якой выгодзе:

Ён — як рыбіна ў вадзе,

Ты — як муха ў мёдзе…


НА ДЗЕНЬ АД'ЕЗДУ

Я ў лес на развітанне не пайшоў:

Хор адгавораў ледзьве не ахрып,

Дый сам надоены пытаўся ў мурашоў:

«Чаму пад шыгаллем там засядзеўся грыб?..»

Я но пайшоў... А ўчора дожджык быў,

Няхай сабе і кволенькі зусім,—

Мабыць, на дзень ад'езду мне грыбы

Па родных баравінах церусіў...

Я не пайшоў. А з раніцы ўваччу:

Чырвона падасінавік гарыць,

Як светафор — спыніцца і адчуць:

«Куды ты едзеш, дурань, без пары...»

Вунь з-пад лісця лісічак ланцужок

Гатовы напярэймы сігануць,

А ў верасовы глянеш беражок —

Таўстушкі там — на зайздрасць сагану.

З імхоў вылазяць на паўгалавы,

Ільсняцца, нібы тыя кумпякі,

Правэнджаныя духам баравым,

Чарнявыя, як смоль, баравікі...

Я ў лес на развітанне не найшоў —

З надзеяй, што ўзрасце ён у цане:

Няхай сваёй удачы не знайшоў —

Грыбная казка застанецца мне.

Загрузка...