2. ПРЫРОДНЫЯ БАЛЬШАВІКІ

Лісты на «волю»

Адбылося так, як і павінна было адбыцца ў Савецкай краіне — ён ні ў чым не вінаваты і зноў на волі. Памылка выпраўленая. Перажытае хацелася забыць як дурны сон. Аднак ішлі дні, тыдні, і чамусьці нічога не забывалася, наадварот, у памяці ўставалі імёны і прозьвішчы, пабачанае і пачутае не давала спаць. Трэба напісаць, расказаць пра тое, што робіцца — але каму? Чарвякова даўно пахавалі, Галадзеда таксама няма, усё кіраўніцтва рэспублікі памянялася, новыя твары нічога не гаварылі… Можа, Надзеі Трэкавай, чыё прозьвішча нядаўна стала зьяўляцца на першых старонках газэт?

Ёй толькі дваццаць восем гадоў, былая швачка, і ўжо — сакратар ЦК і адначасна старшыня Вярхоўнага Савету БССР. Усё ж такі жанчына, здаецца, першая на такой пасадзе… Яна толькі што заняла кабінэт свайго папярэдніка, ворага народа, арыштаванага і расстралянага, і хутчэй за ўсё ня ведае, што адбываецца. Так, пісаць варта ёй — жанчына ня можа не зразумець чужой бяды. Узяць хоць бы выпадак з Марыяй Рабкоўскай — яе выпусьцілі пасьля году сьледзтва, але ў кватэры жылі чужыя людзі, рэчаў не было, невядома куды зьнік адзіны сын, сухоты ірвалі грудзі…

Вырашана, — Грэкавай. Ён абмакнуў пяро, падсунуў аркуш і вывеў зьверху імя і пасаду адрасата. Пра сваю справу ён ня будзе пісаць ні слова, імя і адрас пазначаць ня стане — хто яго ведае, як яно можа павярнуцца. Такога давялося пабачыць, што…

У сэктары рэгістрацыі пошты ЦК КП(б)Б ананімны ліст зарэгістравалі ў апошні дзень 1938 году, 31 сьнежня. На вуліцах ляжаў сьнег, у дамах стаялі упрыгожаныя ёлкі, да сьвяткаваньня чарговага году камуністычных перамогаў рыхтаваліся савецкія людзі. Навагодняе пасланьне ў ЦК пачыналася зусім не па-навагодняму:

«Я, як савецкі грамадзянін, лічу сваім абавязкам паведаміць Вам аб пабачаным і пачутым у Менскай турме НКВД. Каб ня быць галаслоўным і каб гэтая заява не насіла характар плёткі, я буду пазначаць прозьвішчы асобаў пацярпелых, пра якіх мне вядома».

Далей — толькі факты:

«Такушэвіч Канстанцін Мікалаевіч, білі на допытах і катавалі, яму пад пазногці запускалі галкі, зрывалі пазногці, пры катаваньні атрымаў больш чым 50 ранаў, 49 дзён ляжаў у шпіталі, пасьля катаваньняў рабілі апэрацыю на плячы. Заявіў сьледчаму, што піша хлусьню, на што сьледчы яму сказаў: «пішы, мне ўсё роўна».

Кіберніка на допытах білі. Ён сказаў сьледчаму: «Як вы мяне абвінавачваеце ў шпіянажы, я ж быў партызан». На гэта сьледчы яму сказаў: «Ах ты польская морда, а хто цябе клікаў у партызаны!»

Яноўскі Уладзімір Іванавіч. Білі і дапытвалі безупынна на працягу 15 сутак. Яго прымусілі ўцягнуць шмат нявінных людзей. Каб выклікаць пракурора, ён мусіў абвясьціць галадоўку.

Раўноўскі Мірон Максімавіч. Апраналі ўтаймавальную кашулю і супрацьгаз і білі, садзілі на робрышка крэсла, у задні праход устаўлялі ножку крэсла. Сьледчы прапаноўваў яму пісаць пра які-небудзь шпіянаж на выбар, альбо польскі, альбо японскі.

Лаймана Карла Іванавіча на допытах білі, прымушалі пісаць хлусьню. Каб выклікаць пракурора, мусіў абвясьціць галадоўку. Галадаў шэсьць дзён, але пракурора не дамогся.

Разумоўская Ганна Аронаўна — пры допытах лаялі «жыдоўская морда».

Разанава Люся. Катавалі, садзілі на так званае фашыстоўскае крэсла, гэта такое крэсла спецыяльнае, на якім чалавек трымаецца на згібах каленаў, а ўсё тулава вісіць уніз галавой. Білі, пакуль не пайшла горлам кроў. Такіх прыкладаў можна прывесьці тысячы».

Ён забыўся паставіць кропку пасьля апошняга сказу. Падобных прыкладаў можна прывесьці тысячы… Ды хто будзе чытаць пра тысячы. У яго толькі чатыры аркушы з вучнёўскага сшытку па арыфмэтыцы. Папера рыхлая і сталёвае пяро часам ірве яе, але почырк у яго разборлівы, павінны разабраць:

«Паводле расказаў вязьняў спецыяльнага корпусу, там іх прыходзілі біць у камэру, прычым прымушалі адных арыштаваных біць іншых. Прымушалі ўсю камэру аправіцца на парашу, а аднаго накрывалі коўдрай над парашай і прымушалі дыхаць на працягу некалькіх гадзінаў.

Седзячы ў камэры, мы ня раз чулі крык сьледчага: «Рукі па швах, прыступай да справы!» і пачыналася жудаснае зьбіваньне. Мы налічылі 70 удараў, жахліва было паверыць, што гэта перажывае жывы чалавек. Для зьбіваньня ўжывалі гумовыя шлангі, жгут, спэцыяльна зьвіты з электрадроту, кіі. Для катаваньняў былі стадыяльныя зэдлікі з колам, на якія садзілі людзей і разрывалі прамежнасьці паміж заднім праходам і палавым органам. Мужчын білі па палавых органах. Палілі цела папяросай, запалкамі і сьвечкай. Было электрычнае крэсла, на якое садзілі людзей».

Ён зрабіў паўзу, але забыўся на пяро, і на паперы вырасла чарнільная пляма. Так, у менскай турме цьвёрда сьледавалі запавету Леніна пра тое, што сапраўдным камуністам немагчыма стаць, не засвоіўшы ўсяго багацьця чалавечых ведаў. Тут засвоілі — ад сярэднявечнага саджаньня на кол да апошняга дасягненьня цывілізацыі — электрычнага крэсла. Няхай Грэкава ўведае ўсё пра «перадавыя» прыёмы працы камуністаў з НКВД:

«Білі «брыгадным спосабам», калі на аднаго арыштаванага налятала брыгада з 8–6 чалавек, зьбівалі да непрытомнасьці, выцягвалі ў калідор, аблівалі вадой і зноў пачыналі біць. Былі выпадкі, калі на допытах забівалі. Усяго не напісаць…»

Так, усяго не напісаць. Ён ня стаў прыводзіць іншыя прыклады і не пакінуў свайго імя. Выйшаў на засьнежаную менскую вуліцу, пайшоў на прыпынак, прыехаў у цэнтар, каб там апусьціць ліст у паштовую скрынку — і зьнік, зьліўся зь безыменнай масай былых і будучых ахвяраў.

У ЦК да ананімных лістоў ставіліся ўважліва, крытыка і самакрытыка заахвочваліся. Але гэты быў яўным паклёпам на органы і не заслугоўваў сур'ёзнай увагі. Да Надзеі Трэкавай ліст патрапіў ужо ў новым, 1939 годзе, і ад яе без усякай рэзалюцыі быў адпраўлены ў архіў, дзе і праляжаў больш за паўстаюдзьдзя, пакуль яго не прачыталі зноў…

Праўда, ня ўсе скаргі пад Новы год былі ананімныя. Некаторыя падпісваліся, як былы каваль, чырвонаармеец, міліцыянэр Райхліновіч, колішні вязень Менскай турмы НКВД.

«У лістападзе 1937 году мяне прывялі а 1-й гадзіне ночы на допыт і пачалася расправа. Я быў зьвязаны ва ўтаймавальнай кашулі і зьбіты да страты прытомнасьці. У сьнежні нада мной зрабілі інсцэніроўку абразання. А 2-й гадзіне ночы пры допыце мне прапанавалі спусьціць нагавіцы, каб зрабіць абразаньне. Я не пагадзіўся, але пасьля жорсткага зьбіваньня спусьціў нагавіцы і адзін са сьледчых выняў нож і прымусіў, каб я палавы орган паклаў на табурэтку, але я гэтага не зрабіў і тады яны схапілі мяне за палавы орган і пачапалі цягаць па пакоі да страты прытомнасьці».

Як вынікала зь ліста Райхліновіча, ня ўсе савецкія людзі сустракалі Новы год разам зь сябрамі і сваякамі — некаторыя працавалі, працягвалі будаваць камунізм. Аўтар ліста прыводзіць дэталі гэтага будаўніцтва:

«На наступны допыт на Новы год, г. зн. 1 студзеня 1938 году мяне выклікалі на допыт таксама роўна а 2-й ночы, прымусілі стаяць на зважай і адзін зь іх стаў на зэдлік і пачаў мачыцца мне ў вуха. У гэтым жа месяцы таксама а 1-й гадзіне ночы пры 30-градусным марозе пры знарок адчыненых вокнах і дзьвярах мяне распранулі да адной кашулі, налілі за каўнер 2 графіны вады і прымусілі сядзець да 2 гадзінаў раніцы. На мне абсалютна ўся вопратка зьмерзла, я зьмерз да страты прытомнасьці. Дадам, што сьледчы Высоцкі, які мяне зьбіваў і зьдзекваўся нада мною, прымушаў мяне стаяць на зважай, трымаць тоўстую кнігу эвангельля, хрысціцца і маліцца. Гэта працягвалася 6 месяцаў…»

Райхліновіча асудзілі на тры гады лагераў, празь сем месяцаў пасьля многіх скаргаў справу перагледзелі і яго вызвалілі — інвалідам, без кватэры, без сродкаў на жыцьцё. У адрозьненьне ад незьлічоных іншых ахвяраў, ён змог напісаць і паслаць сваю скаргу, яна была акуратна падшытая і праляжала ў партархівах больш за паўстагодзьдзя.

А вось паведамленьне з турмы НКВД ў прамысловым раёне Гомеля было напісанае на бланку абкаму партыі і таму, мабыць, было прачытанае ў ЦК. Тым больш, што праверка скаргі зьняволенага Цімохава праводзілася на даручэньне самога ЦК. Сакратар абкаму Жыжанкоў дакладаў: «Пра факты фізычнага альбо маральнага насільля над зьняволенымі з боку работнікаў турмы мною, шляхам абыходу камораў, было зроблена апытаньне зьняволеных, якія заявілі, што ніякіх скаргаў на дрэннае абыходжанне ня маюць. Ліст Цімохава па сутнасьці зьяўляецца ілжывым».

Аднак пасьля гэтага Жыжанкоў паведамляе пра некаторыя іншыя факты турэмнага жыцьця ў Гомелі:

«1. У каморах назіраецца неймаверная скучанасьць. Так, у жаночай каморы памерам 12 кв. мэтраў знаходзіцца 10 чалавек; мужчынская камора памерам 80–100 кв. мэтраў, утрымліваецца 114 чалавек, нары ў два ярусы. Ва ўсёй астатняй турме адсутнічаюць ложкі, зьняволеныя месьцяцца на падлозе на рэчах.

2. Адсутнічаюць лыжкі (на дзесяць чалавек адна лыжка), зусім няма кубкаў.

З. Прагулкі замест 1 гадзіны даюцца на 10 хвілінаў, разам з часам выхаду з камары і вяртання».

Зьвярнуўся ў партыйныя органы і былы начальнік Магілёўскай турмы НКВД Кісялёў, які прыводзіў дэталі рэжыму ў падначаленай яму ўстанове. Там кіраўніцтва НКВД патрабавала «даваць арыштаваным рэдкі суп і падсыпаць туды болей солі і, апроч таго, у камору, разьлічаную на 5 чалавек, сажаць 25–30, матывуючы тым, што арыштаваныя ў нас адчуваюць сябе, як у доме адпачынку, атрымліваюць добры густы і тлусты суп і сядзяць вольна, і таму сьведчаньняў ад іх ніколі не даб'есься, а пасадзіць іх чалавек 30 у камару, даць суп перасолены, а потым на допыце ня даць вады, вось тут яны будуць прызнавацца…»

І прызнаваліся — у тым ліку й тыя, каму турэмнае жыцьцё арыштаваных здавалася домам адпачынку. Дакладна невядомы лёс былых сьледчых у справе Райхліновіча, былых начальнікаў турмаў НКВД у Магілёве ды Гомелі. Дакладна вядомы лёс адрасата лістоў зь Менскай турмы НКВД Надзеі Трэкавай. Яна не адказвала на падобныя допісы і каля васьмі гадоў займала пасаду старшыні Вярхоўнага Савету БССР, была сакратаром абкаму партыі ў Расеі, да пэнсіі знаходзілася на высокай кіраўнічай рабоце ў Маскве. Яе імя ёсьць і, відаць, будзе ва ўсіх энцыкляпэдыях і даведніках па гісторыі Беларусі. Гэта будзе няпоўная гісторыя безь лістоў з турмаў НКВД БССР. Праўда, і адрас, на які пісалі свае скаргі арыштаваныя, воляй ніяк не назавеш…

Баліць чэкісцкае сэрца

— Празьмерная стомленасць, болі ў раёне сэрца, — запісвалі лекары паказаньні чарговага пацыента. Той расказваў, што апошнія пяць гадоў рэгулярна прымае душ Шарко, а таксама цыркулятарны, вэерны, дажджавы, сасновыя ванны, але ўсё роўна адчувае перастому. — Трэба берагчы сябе, таварыш наркам, Вы патрэбныя партыі. Вось выпішам рэцэпт, адпачніце, а потым зноў, калі ласка, да нас на абсьледаваньне.

Барыс Давыдавіч Берман, а такое было імя пацыента, які наведаў паліклініку санітарнага аддзелу НКВД 13 сьнежня 1937 году, больш да лекараў не прыйшоў: праз тыдзень, да 20-й гадавіны ЧК, таркам атрымаў ордэн Леніна за ўдарнае выкрыцьцё ворагаў народу ў Беларусі, а потым быў адкліканы ў Маскву, дзе ад перастомы і боляў у сэрцы лячылі куляй у патыліцу.

Але радыкальныя меры дарэчы толькі ў канцы. Абвастрэнне клясавае барацьбы вымагала мець на службе мноства здаровых двухногіх істотаў бязь пер'я — так адзін старажытны філёзаф вызначаў чалавека. І хоць партыя не зважала на чысьціню іх рук і тэмпэратуру сэрца, на чым настойваў некалі рамантычны кат-заснавальнік ЧК, пра страўнік, стан зубоў і мачапалавой сыстэмы сваіх супрацоўнікаў НКВД клапаціўся. Многія ворагі працягвалі шкодніцтва і пасьля арышту: не падпісвалі паказанняў, не прызнаваліся ў шпіянажы, не называлі саўдзельнікаў. Даводзілася працаваць дзень і ноч, каб выконваць нормы выкрыцьця ворагаў, і гэта вымагала здароўя.

За працай унутраных органаў работнікаў унутраных справаў пільна сачылі ў санітарным аддзеле адміністрацыйна-гаспадарчае ўправы НКВД. На кожнага супрацоўніка быў заведзены санжурнал, у якім падрабязна фіксавалі ўмовы службы і быту: колькі гадзін у суткі працуе, колькі разоў у дзень есьць, ці хапае ежы, ці гарачая яна, колькі сьпіць і ці глыбокі сон. На працягу верасьня 1937-га ў санчастцы НКВД БССР такім чынам абследавалі восемдзесят чатыры пацыенты, зь іх трыццаць — навабранцаў.

Большая частка папаўненьня, 22 чалавекі, ішла служыць у НКВД з арміі. Гэта былі камсамольцы, сярэдні ўзрост на момант паступленьня ў НКВД — 23 гады. Да арміі займаліся хто чым: Уладзімір Іваноў быў калгаснікам, Аляксей Папутчык вучыў дзяцей у школе, Іван Сакалоў сталярнічаў, Васіль Ісакаў слясарыў, Піліп Каралёў падбіваў балансы ў бухгальтэрыі, Леанід Альтшулер займаўся статыстыкай, Кузьма Васіленка здабываў торф… Таксама паступалі ў НКВД цывільныя асобы зь ліку тых, хто, відаць, раней дапамагаў органам на аматарскіх пачатках: журналіст Іосіф Сакалоўскі, студэнты Георгі Бібікаў, Сава Фёдарцаў, Сяргей Якавіцкі, Барыс Хвашчынскі. У ліку будучых опэрработнікаў праходзілі абсьледаваньне піянэрважатая менскай школы нумар 21 дзевятнаццацігадовая Ліза Даліжа і васямнаццацігадовы Мікалай Сяргеенка.

Ва ўсіх навабранцаў аказаўся ідэальны ўзровень ацэтону ў мачы і гемаглабіну ў крыві, востры слых і зрок, моцнае сэрца і выдатныя рэфлексы. Камісія прызнала ўсіх трыццацёх асобаў вартымі папоўніць шэрагі катаў.

Наперадзе іх чакала неблагая кар'ера: берыеўскую чыстку органаў 1938–39-га бальшыня зь іх, хутчэй за ўсё, праскочыла, бо зусім нядаўна пачала служыць. Пры Хрушчове ўсё сьпісалі на Сталіна і Берыю, а непасрэдных выканаўцаў амаль не зачапілі. Яны запоўнілі кадравыя вакансіі, якія адкрыліся пасьля выбарачнай выразкі яжоўскай пляяды катаў, і працягнулі іхную справу. Праўда, з мэдычнага пункту гледжаньня іх будучыня выглядала ня так бясхмарна, калі меркаваць паводле стану здароўя старэйшага пакаленьня катаў.

А ў тых са здароўем было няважна. Начальнік турмы ў Магілёве Іван Карнеевіч Петрусенка 1898 году нараджэньня ўзяў у рукі чэкісцкі маўзэр у 1921 годзе. У выніку ў 1937-м, як адзначыла мэдкамісія, меў «лёгкі трэмар пальцаў рук, чэрапнамазгавую інэрвацыю, пры хваляваньні — ваніты». На тры гады маладзейшы за яго Іосіф Аляксандравіч Жыдкоў не займаў кіраўнічых пасадаў у НКВД: усе дзевяць з паловай гадоў быў байцом, проста націскаў на курок. Але ўвосені 37-га мэдкамісія зафіксавала ў яго пастаянныя болі ў сэрцы, нясцерпны галаўны боль і чэрапна-мазгавую інэрвацыю. Калі начальніка турмы камісія прызнала «абмежавана прыдатным» да службы, дык насупраць прозьвішча байца стаіць вэрдыкт — «непрыдатны».

Здароўем не маглі пахваліцца нават тэхнічныя работнікі. У сакратара-машыністкі Кацярыны Навіцкай прыступы сьмеху перамяжаліся з прыпадкамі сьлёз, пасьля друкавання пратаколаў допытаў і пастановаў яна дрэнна спала; яе калега Лілія Быкоўская таксама пакутавала на нэўрастэнію.

Апошні дыягназ самы распаўсюджаны. За чатыры гады апэратыўнай працы ў органах нэўрастэнікам стаў 26-гадовы Сямён Бягун, 35-гадовы Аляксандар Жураўлёў меў такі ж дыягназ пасьля сямі гадоў службы, 37-гадовы Сямён Барысаў — пасьля адзінаццаці. Памочнік опэрупаўнаважанага Гомельскага гараддзелу 33-гадовы Дамінік Віткоўскі празь няпоўныя сем гадоў вядзення допытаў пачаў заікацца, 32-гадовы Аляксандар Драздоў за дванаццаць гадоў класавай барацьбы зарабіў нэўрастэнію другой ступені, а ягоны аднагодак Іван Колас пасьля васьмі гадоў змагання ўвогуле мусіў звольніцца з НКВД: нэрвовыя прыпадкі, эпілепсія — ворагі народу давялі…

Хіба думаў мянчук Яўсей Іасілевіч, калі ў 1926 годзе зьмяніў брытву цырульніка на карны меч партыі, што за гераічную пасаду дзяжурнага камэнданта НКВД БССР давядзецца заплаціць «галаўным болем, неспакойным сном, расстройствам харчавання, вяласьцю страўніка, палавой слабасцю, панурасцю настрою, зьніжанай працаздольнасцю» ды іншымі сімптомамі нэўрастэніі?

На гэтым фоне амаль экзотыкай выглядае дыягназ «агульнае атлусценне», ад якога пакутаваў начальнік 8 аддзялення 3 аддзелу НКВД 40-гадовы Аляксандар Васільеў.

Зрэшты, прычына гэтай хваробы таксама ў нэрвовай 17-гадовай чэкісцкай службе пацыента.

Самае дзіўнае, што якраз на нэўрастэнію — прафэсійнае захворваньне чэкістаў — супрацоўнікі НКВД увогуле ня мусілі былі пакутаваць. Так вынікае зь Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі, аўтар якой у тым самым 1937 годзе бачыў прычыны гэтага захворваньня ў «напружанай барацьбе за існаваньне» пры капіталізьме. Спрыяльнымі для нэўрастэніі лічыліся «ўмовы капіталістычнай вытворчасьці, зьвязаныя з аднастайнасцю працоўных працэсаў, адсутнасцю цікавасьці да працы, заўсёднай пагрозай беспрацоўя». Беспрацоўе пры будаўніцтве камунізму катам не пагражала, а вось працоўныя працэсы сапраўды былі аднастайныя: паставіў ворага на канвэер і бі, бі, бі…

Найлепшая прафіляктыка нэўрастэніі — сацыялістычная рэвалюцыя. Энцыкляпэдыя сьцьвярджала: «Зьнішчэньне беспрацоўя, правільнае рэгуляваньне працы і адпачынку, поўнае зьнішчэньне эмоцыяў адмоўнага характару, зьвязаных з працай на капіталістычным прадпрыемстве, і замена іх эмоцыямі станоўчымі на сацыялістычных прадпрыемствах, «Праца — справа гонару, годнасьці, справа доблесьці і геройства», пашырэньне фізкультуры і здаровых забаваў замест традыцыйных у капіталістычных краінах алкагольных эксцэсаў — вось аснова прафіляктыкі нэўрастэніі».

Калі ўсё ж занаходзіліся асобы, якія і пры сацыялізьме гублялі цікавасьць да працы ці няправільна рэгулявалі справу геройства і справу адпачынку, энцыкляпэдыя раіла «выдаленьне ад звычайных умоваў — лепш за ўсё ў дамы адпачынку, санаторыі, псыханэўралягічныя здраўніцы». У 1937 годзе санаторыяў для чэкістаў яшчэ не хапала: толькі двойчы на ўвесь санжурнал сустракаюцца адзнакі аб адпачынку ў Кіславодзку і на паўднёвым беразе Крыму.


Потым сытуацыя значна палепшылася: КГБ займеў шырокую сетку лячэбніцаў на лепшых курортах. Памятаю, годзе ў 84-м я аднойчы заблукаў на крымскім беразе і раптам пабачыў фунікулёр на тэрыторыі нейкага санаторыя.

Вароты якраз былі адчыненыя — я праскочыў за машынай, падыйшоў да кабінкі і прапанаваў апэратару рубель за дастаўку ўніз. Ён спалохана адмовіўся і паклікаў сваю начальніцу. Тая запатрабавала дакумэнты. Рэдакцыйнае пасьведчаньне «Звязды» на беларускай мове паставіла яе спачатку ў тупік, але затым яна шырока ўсьміхнулася і сказала: «А, «Звёздочка», это же наша газета!» — яўна маючы на ўвазе ваенную «Красную звезду».

Мяне даставілі на фантастычна малалюдны пляж, падзелены бэтоннымі плітамі на адрэзкі мэтраў 50–70. Выбраўшы месца, я пачаў распранацца, калі раптам ад сьцяны аддзялілася нешта бэтонападобнае і зноў запатрабавала дакумэнты. Потым ахоўнік махнуў рукой на адгароджаны ўчастак пляжу крыху далей: «Тут для начальнікаў управаў камітэту, а там для намесьнікаў, прайдзіце». Падзел мора паводле званьняў і пасадаў — несумненнае дасягненне чэкісцкай мэдыцыны, якое ў энцыкляпэдыі чамусьці ня трапіла.


Аднак у пэрыяд абвастрэння клясавае барацьбы санаторыяў для шараговых чэкістаў не хапала, а напружаньне пасьля допытаў і расстрэлаў трэба было здымаць. Як расслабляюцца супрацоўнікі, у НКВД ведалі, і таму ў мэдычную карту была ўведзеная графа «спажыванне алькаголю». Распрацоўшчыкі анкеты ўлічвалі спэцыфіку свайго кантынгенту і прапаноўвалі верагодныя адказы на гэтае пытанне: «запойнае п'янства, звыклае п'янства, напіваецца час ад часу, п'е памяркоўна, піў раней», і апошняя вэрсія адказу — «ня п'е».

Усе апытаныя ў графе «спажыванне алькаголю» сьціпла прызнаваліся, што п'юць выключна піва. Гэтак заўсёды адказваў і былы сьлесар Міхаіл Бычкоў, чэкіст з 1921 году. Увосені 1937-га мэдкамісія знайшла ў адказнага дзяжурнага па наркамату хранічны алкагалізм на фоне цяжкай нэўрастэніі. Вывад — да службы непрыдатны, тым болей што дзяжурны страціў усю адказнасць і перастаў зьяўляцца на працу. А вось Леў Тамарчанка, хоць і здымаў стрэс, як высветліла камісія, з дапамогай опіўму, змог працягнуць апэратыўную работу.

Пасьля мэдагляду змаглі вярнуцца да сваіх месцаў на чэкісцкім канвэеры былы кацельшчык Барыс Лапцёнак, шафёр у мінулым Валяр'ян Корсак, колішні памочнік машыніста Мікалай Васілеўскі, шавец Сяргей Дудзейка, а таксама былыя электразваршчык Мікалай Чатанаў, чыгуначнік Рыгор Маўчан, дарожны майстар Сяргей Зотаў і мноства іншых, на чыё рабоча-сялянскае здароўе пакуль аніяк не паўплывала спэцыфіка заняткаў.

Двухногія істоты бязь пер'я ў стане выконваць любую работу, на якую пашле партыя: у газавых каморах і кабінэтах следчых, у канцлягерах і на будоўлях. А што сэрца часам баліць — дык ворагі вінаватыя…

Пераможцы сацспаборніцтва

Супрацоўнікі КГБ любілі паўтараць: мы таксама пацярпелі ад таталітарызму, 20 тысяч чэкістаў загінулі пад час рэпрэсіяў. Сапраўды, у 1938 годзе пачалася чарговая ўнутрыпартыйная бітва павукоў у слоіку і з ласкі Сталіна берыеўцы пачалі грызьці яжоўцаў. Прычым з гэтай спэцкатэгорыяй арыштаваных следчым нічога ня трэба было выдумляць — верныя салдаты партыі былі па калені ў крыві, як і сама партыя.

Вось гісторыя былога начальніка Слуцкага гарадзкога аддзелу НКВД Тараканава, які зьяўляўся кіраўніком міжраённай сьледчай групы і ўзначальваў пошук ворагаў народа і контррэвалюцыянэраў у раёнах Слуцкай акругі, у тым ліку і Старобінскім. Пасьля арышту паказаньні аб мэтадах кіраўніцтва Тараканава давалі ягоныя падначаленыя.

Памочнік опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Шэвелеў пісаў:

«Пры допыце арыштаваных я, як і іншыя сьледчыя, прымяняў наступныя фізычныя ўзьдзеяньні: доўгая стаянка, канвэер і прысяданні. Тараканаў асабіста паказваў мне прыклад, як дапытваць, каб хутчэй прызнаваліся арыштаваныя. Я добра памятаю, як Тараканаў зайшоў да мяне, калі я дапытваў арыштаваную Сьцешыну. Калі я даклаў, што яна не прызнаецца, Тараканаў пачаў крычаць на яе, схапіў абедзьвюма рукамі за плечы і моцна пачаў трэсьці, і стаў стукаць сьпінай аб сьценку печы. Тараканаў сказаў мне болей яе ганяць і меней міндальнічаць».

У даведцы аб праверцы працы Слуцкай міжраённай сьледчай групы, складзенай у кастрычніку 1938 году, далей расшыфроўваецца гэтае «міндальнічанне». «Да арыштаваных ужываліся меры фізычнага ўзьдзеяньня, зьбіваньне арыштаваных рукамі, бутэлькай, пасадка на вугал і ножку перавернутага крэсла, скіданьне арыштаваных на падлогу, абліванне халоднай вадой і г.д.»

Опэрупаўнаважаны Шэвелеў расказаў на судзе пра яшчэ адну з асаблівасцяў рэжыму НКВД у Слуцку: «Прыкладна ў ліпені 1938-га ў мэтах найхутчэйшага выкрыцьця арыштаваных Тараканаў стварыў камэры ў КПЗ і турме. Іх рэжымнасьць палягала на тым, што замест 4–5 чалавек у камэры набівалі па 25–30 чалавек, арыштаваныя толькі стаялі.

З камораў выносілі людзей непрытомнымі. Мне асабіста давялося адкрываць рот срэбнай лыжкай арыштаванаму Далматовічу і абліваць яго вадой, каб ачуняў. У непрытомнасці з камэры вынеслі чалавекі тры-чатыры».

Падрабязнасьці рэжыму ў каморах прывёў у сваіх паказаньнях і начальнік Слуцкай турмы Крэмераў: «У каморах адсутнічалі ложкі, зьняволеных было столькі, што ім даводзілася стаяць, бо месца класціся і сядзець не было, было надзвычай душна, вельмі шмат у каго апухалі ногі». На пытаньне, колькі часу мог зьняволены вытрымаць у рэжымнай камары, начальнік турмы Крэмераў адказаў: «Я ведаю адно, што як толькі зьняволены пабудзе дні два-тры ў рэжымнай камары, дык ён ужо просіцца на допыт даваць паказанні».

Прызнанні свайго калегі дапоўніў яшчэ адзін сьледчы Слуцкага НКВД Машэнец: «На апэратыўных нарадах Тараканаў прызначаў на кожнага супрацоўніка цьвёрдыя нормы выкрыцьця трох-чатырох арыштаваных у суткі. Пасадка на вугал крэсла, допыт стоячы і фізычнае зьбіваньне ўжываліся масава ўсімі намі, сьледчымі, іначай і быць не магло, бо прызначаную норму — тры-чатыры выкрыцьці ў суткі — немагчыма выканаць пры звычайным допыце. Сьледчыя, дапытваючы такімі мэтадамі, давалі ад аднаго да трох выкрыцьцёў і былі асобныя выпадкі, калі дабіваліся па тры-чатыры выкрыцьці ў суткі, напрыклад, Шэвелеў, Лучко, Сталяроў, я і Каралёў. Былі выпадкі, калі сьледчы Пазьнякоў і яшчэ адзін сьледчы зь Менску, прозьвішча ня памятаю, давалі па пяць выпадкаў выкрыцьця ў суткі…»

Яшчэ адзін памочнік опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Галубкін на допыце засведчыў: «Мой непасрэдны кіраўнік Гласкоў заявіў, што арыштаваныя нашага раёну ўсе ідуць на расстрэл і што мы спаборнічаем з Глускім райаддзелам НКВД і мы ідзем наперадзе». Галубкін дадае яшчы адзін штрых у мэтады, якімі слуцкія чэкісты перамагалі ў гэтым д'ябальскім спаборніцтве:

«Я дапытаў арыштаванага Бялькевіча Мяфодзія Малфеевіча, узяў пратакол допыту і прынёс Гласкову. Ён прачытаў і спытаў: «А дзе шпіянаж?» Апроч таго, Бялькевіч на адно маё пытаньне назваў сваіх знаёмых. Гласкоў мне сказаў, што гэта, безумоўна, контррэвалюцыйная група, трэба будзе болей папрацаваць над зьняволеным. Я працягнуў допыт, прычым прымяняў меры фізычнага ўзьдзеяньня над Бялькевічам у выглядзе таго, што садзіў на вугал крэсла, пасьля чаго Бялькевіч прызнаўся, што зьяўляецца шпіёнам. Пратакол допыту я прынёс і аддаў Гласкову, які ў парадку карэкціроўкі перарабіў увесь пратакол, дзе названыя Бялькевічам знаёмыя сталі шпіёнамі… Я гэты пратакол даў на подпіс арыштаванаму, які падпісаў яго адразу, нічога ня кажучы».

Гуманіст з НКВД Шэвелеў, які не пашкадаваў срэбнай лыжкі, каб адкрыць сьціснуты сутаргай рот арыштаванага, таксама мусіў сьціпла прызнацца ў сваіх стаханаўскіх мэтадах, усклаўшы віну на кіраўніцтва: «Я бачыў, што Тараканаў ніякіх мераў супраць фізычнага ўзьдзеяньня пры допытах не прымае, таму таксама пачаў ужываць розныя мэтады фізычнага ўзьдзеяньня, а менавіта: дапытваў стоячы, садзіў на вугал крэсла з выцягнутай нагой і часткова выбіваў з-пад арыштаванага крэсла».

«Часткова выбіваў крэсла…» — колькі за гэтым красамоўным выразам адчуваецца жаху самога Шэвелева, спробы падаць сябе толькі выканаўцам загадаў, які да таго ж толькі «часткова» катаваў…

Лёс тых зьняволеных, хто не даваў паказаньняў, выразна засведчыў начальнік Слуцкай турмы Крэмераў: «У 1937–38 гадах было шмат выпадкаў, калі зьняволеныя са сьледзтва дастаўляліся ўжо забітымі, прозьвішчы ня памятаю. Таксама быў выпадак у чэрвені 1938 году, калі зьняволены Хаўстовіч Фадзей пасьля прыбыцьця з допыту ў турму празь 2 гадзіны памёр. Я асабіста мяркую, што Хаўстовіч быў моцна зьбіты на допыце, бо ён ішоў на допыт цалкам здаровы, а калі прыйшоў, дык празь 2 гадзіны памёр».

Нават камісія НКВД у кастрычніку 1938-га мусіла зазначыць, што зь ліку 176 правераных справаў Слуцкага НКВД больш чым сто даведак на арышт складзеныя беспадстаўна. У ліпені 1939 году Тараканава судзіў ваенны трыбунал войскаў НКВД. Ён атрымаў 10 гадоў папраўчых работ і адправіўся адбываць тэрмін у лагер, дзе, як вядома, адміністрацыя заўсёды клапацілася аб «сваіх» людзях — калі можна так сказаць, гаворачы пра нелюдзяў.

«За кіпучай чэкісцкай работай»

У адрозьненьне ад ацалелых вязьняў ГУЛАГу, якія пакінулі свае ўспаміны аб перажытым, каты мэмуараў не пісалі. А калі й пісалі, дык пра свае подзьвігі ў засьценках ня згадвалі. Між тым, архіўныя сьведчаньні пра «ўнутранае» жыцьцё НКВД існуюць — яны напісаныя катамі, якія праз іронію лёсу сталі ахвярамі. Адзін з такіх, начальнік 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу НКВД БССР Васіль Ермалаеў, дае даволі падрабязную панараму нораваў і традыцыяў, якія панавалі ў НКВД БССР у сярэдзіне 30-х гадоў. Гэты шматстаронкавы допіс патрапіў у ЦК партыі зь Менскай турмы НКВД.

«Турма абмяжоўвае паперай, — скардзіўся Ермалаеў новаму сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку. — Прасядзеўшы ў адзіночнай камэры 10 сутак, вельмі многае ўсплыло ў памяці, чаго за кіпучай чэкісцкай работай, магчыма, і не ўзгадаў бы».

Васіль Ермалаеў, член партыі з 1919 году, прыйшоў у органы ў 1924 годзе. У Беларусь з Расеі яго накіравалі ў 1935 годзе, і тут чэкісцкая кар'ера Ермалаева сапраўды «ўскіпела». Пачаў у Менску опэрупаўнаважаным, і ўжо празь некалькі месяцаў быў прызначаны начальнікам Асобага аддзяленьня кавалерыйскай дывізіі, якая фармавалася. Менш чым праз год, у кастрычніку 1936-га Ермалаеў стаў начальнікам аддзелу НКВД Лепельскай акругі, у якую ўваходзілі 4 раёны. Службу ведаў: на ўвесь СССР прагучала так званая «Лепельская справа», паводле якой нават ЦК ВКП(б) прымаў стадыяльную пастанову. Лепельская акруга лічылася памежнай, кожны другі жыхар меў сваякоў альбо знаёмых на польскім баку, і таму недахопу ў «польскіх шпіёнах» лепельскія чэкісты ня мелі.

Менш чым праз паўтары гады заслугі Ермалаева былі ацэненыя і з асабістай ласкі наркама ўнутраных справаў Бермана ён атрымаў новае падвышэньне — быў пераведзены ў Менск, у апарат НКВД БССР. Чацверты, самы жахлівы аддзел НКВД займаўся сьледзтвам, г. зн. фабрыкацыяй справаў. Ягоныя супрацоўнікі катавалі арыштаваных, складалі пратаколы допытаў, перасылалі іх на разгляд «троек» і асобых нарадаў. Апроч таго, з райаддзелаў НКВД сюды накіроўвалі свае сьледчыя справы для разгляду, вынясеньня заключэньня і далейшага накіраваньня паводле падсуднасьці. Праз аддзел напрасткі праходзілі арыштаваныя наркамы, акадэмікі, прафэсары, пісьменьнікі.

Ермалаеў, які дагэтуль выяўляў польскіх агентаў паміж сялянаў і раённай намэнклятуры, падзяліўся зь Берманам сваімі сумневамі: маўляў, у такім маштабе ніколі не працаваў. Берман, паводле сьведчаньня Ермалаева, спытаўся: «У вас калі-небудзь хістаньні былі ад генэральнай лініі партыі? — Не. — Дык астатняе прыкладзецца,» — супакоіў царкам. «Пасьля гэтага я пайшоў, сеў за стол і прыступіў да працы,» — піша Ермалаеў.

Працы хапала: неабходна было ліквідаваць завалы сьледчых справаў. На пачатак лютага 1938 году за аддзелам, дзе працавалі 54 чалавекі, налічвалася больш за 450 арыштаваных, многія зь якіх чакалі свайго лёсу год і болей. Каля 600 сьледчых справаў з пэрыфэрыі ляжалі доўгія месяцы без адказу. «Я знайшоў у аддзеле поўны развал дысцыпліны, наяўнасьць групаўшчыны на глебе маральна-бытавога разбэшчаньня,» — скардзіўся Ермалаеў. І ўдакладняў: «Сувязь зь невядомымі жанчынамі, наведаньне іх групай, выкарыстаньне для нізкіх мэтаў кансьпіратыўных кватэраў. У гэтую групу ўваходзілі Слукін, Кунцэвіч, Быхоўскі, Шэйнкман, Якімаў, Перавозчыкаў ды іншыя».

Сваіх папярэднікаў на пасадзе новы начальнік ахарактарызаваў каротка, але ёміста: «Клейнберг, які аказаўся ворагам народу — прайдзісьветам, пасьля яго Урачоў, пра якога старыя работнікі кажуць, што ён прапіў 4-ты аддзел, зачыняўся ў кабінэце штодзень з пахмельля і нікога не прымаў. Пасьля яго Волчак, які быў арыштаваны за сувязь з трацкістамі. Да майго прыезду сярод работнікаў 4-га аддзелу была ўскрытая і ліквідаваная трацкісцкая група».

Зь ліста Васіля Ермалаева паўстае яшчэ адна дэталь кіпучых чэкісцкіх будняў — узаемныя даносы:

«У аддзеле кадраў ёсьць заява, што Кунцэвіч, начальнік аддзялення ў справе царкоўнікаў і сэктантаў, у 1930 годзе заганяў адміністрацыйна сялян у калгасы, абагульняў інвэнтар аж да курэй. У гэтай заяве гаворыцца, што Кунцэвіч меў сувязь з жонкай арыштаванага і што ёй расказваў пра мужа.

Гэтыя зьвесткі я ўведаў за некалькі дзён да свайго арышту і даклаў наркаму Цанаву».

У адзіночнай камэры турмы НКВД Ермалаеў узгадаў і іншых сваіх падначаленых і даў ім шматколерныя характарыстыкі. Ён пісаў:

«У аддзеле было 8 аддзяленняў. Аддзяленне ў справах трацкістаў і правых узначальваў Шэйнкман, разбэшчаны чалавек, стары халасцяк, заляцаўся да кожнай спадніцы. Нацыянал-фашыстоўскае аддзяленне ўзначальваў Быхоўскі — садыст, маральна разбэшчаны, фанабэрысты, ганарлівы, падхалім, кар'ерыст, распусны нізкі чалавек, які інтымна жыў з многімі невядомымі жанчынамі, у тым ліку з машыністкай 4-га аддзелу. Аддзяленне ў справах эсэраў і меншавікоў узначальваў Артамонаў — п'яніца, гультай, прагульшчык. Аддзяленне абслугі савецкага апарату і рабочае класы ўзначальваў Еарбаты, які меў сумнеўныя сувязі. Аддзяленне ў справах сельскай гаспадаркі начальніка ня мела аж да выдзялення з 4-га аддзелу самастойнага сельгасаддзелу».

Ахарактарызаваўшы такім чынам частку сваіх найбліжэйшых памочнікаў — кіраўнікоў аддзяленняў, Ермалаеў перайшоў да астатніх — і зноў не пашкадаваў фарбаў. Са сваёй камэры ён пісаў ў ЦК:

«Аддзяленне ў справах моладзі ўзначальваў Слукін, распусьнік, разбэшчаны ў полавых адносінах, маральна нізкі. Выкарыстоўваў у нізкіх мэтах канспіратыўную кватэру — вадзіў туды жанчын.

Аддзяленьне ў справах царкоўнікаў, сэктантаў і былых людзей (так ў тэксьце) узначальваў Кунцэвіч, разбэшчаны ў бытавым пляне чалавек, меў шырокія сувязі на глебе палавой распусты зь невядомымі жанчынамі. Са словаў Быхоўскага мне вядома, што Кунцэвіч знаходзіўся ў сужыцьці з 15 жанчынамі толькі супрацоўніцамі наркамату. Для гэтай мэты выкарыстоўваў кватэру Слушна, дзе прымалася агентура».

Зробім паўзу ў апісаньні Садому і Гаморы, якія ўяўляў сабой НКВД БССР у 30-я гады. Зазначым, што прозьвішчы сьледчых, якія згадвае начальнік 4-га аддзелу Ермалаеў, вядомыя паводле ўспамінаў ахвяраў рэпрэсіяў — беларускіх пісьменьнікаў Станіслава Шушкевіча, Сяргея Грахоўскага, іншых. Сьледчы Быхоўскі з кампаніяй праводзілі допыты Цішкі Гартнага, Тодара Кляшторнага, вядомых прадстаўнікоў беларускай навуковай інтэлігенцыі. Не аб тым, вядома, гаворка, што высокамаральныя каты на месцы дэградаваных катавалі б ня так бязьлітасна-жорстка. Высокамаральных катаў не бывае. У Менскім НКВД працавалі самыя звычайныя супрацоўнікі.

У дакумэнтальным фільме «Дарога на Курапаты», які мы рабілі з рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім, ёсьць аповед былога вываднога Менскай турмы НКВД. Пасьля начных расстрэлаў у Курапатах іх чакаў накрыты стол з гарэлкай у сталоўцы НКВД — оргіі цягнуліся да раніцы. Глушылі сьпіртам зробленае, дзялілі гадзіньнікі ды іншыя рэчы забітых. Служба ў органах прадугледжвала адсутнасць усякіх чалавечых бар'ераў. Таму, дарэчы, не маглі разьлічваць на спагаду саслужыўцаў і арыштаваныя энкавэдысты — запраграмаваная на зьнішчэньне зграя адразу ж пажырала іх саміх…

Як вынікае з допісу Ермалаева, у НКВД БССР былі такія ж парадкі, як і ў іншых савецкіх канторах: поўнае самаўпраўства ў межах інструкцыяў, бюракратычны бедлам і неразьбярыха. «Улік у аддзеле зусім адсутнічаў, — скардзіўся нядаўні начальнік сакрэтна-паітычнага аддзелу. — Паводле паказаньняў выкрытых праходзілі звыш 2000 чалавек — ня ўлічаныя. Улік і зараз вельмі дрэнны, але ўсё ж створаная картатэка і ў ёй улічаныя асобы, якія праходзяць звыш чым у пяцістах пратаколах допытаў.

Замест практычнай дапамогі ў камплектацыі апарату асабовым складам ад былога кіраўніцтва наркамату я атрымаў адваротнае,» — скардзіўся Ермалаеў. Да моманту арышту ў студзені 1939-га ён узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел на працягу году. За гэты час, паводле ягоных словаў, апарат з 54 апэратыўнікаў зьмяніўся тры разы, ад двух да чатырох разоў зьмяняліся начальнікі аддзяленьняў. Ермалаеў пералічвае:

«Аддзяленьне ў справах трацкістаў і правых — начальніка не было, потым прызначылі Шэйнкмана, потым Ашышкевіч, потым Архангельскі, цяпер сумяшчае Тараканаў. У справе нацфашыстаў — Быхоўскі, потым Фёдараў, потым Еарбачэўскі, цяпер зноў Фёдараў. У справе эсэраў, меншавікоў — Артамонаў, потым Архангельскі, потым Палітыка, цяпер Тараканаў. У справе савецкага апарату і рабочае класы — Еарбаты, потым Лягаеў, цяпер начальніка няма. Усе прыёмы і здачы аддзяленьняў пастаянна праходзілі чамусьці насьпех і таму той, хто прымаў аддзяленьне, быў ня ў курсе ўсіх справаў і прыступаў зноў да азнаямленьня замест практычнай працы».

Многія былыя вязьні ў сваіх успамінах пішуць пра загадкавы перапынак у допытах, калі арыштаваныя месяцамі, а то часам і больш за год чакалі ў турме выкліку на допыт і вырашэньня свайго лёсу. Яны разглядаюць гэта, як адзін з мэтадаў сьледзтва. Верагодна, у некаторых выпадках так яно і было. Але ў масе сваёй, для так званых шараговых ворагаў народу паўзы паміж выклікамі на катаваньні тлумачыліся хаосам і беспарадкам унутры самога НКВД, які перажываў чарговую чыстку.

У памяці арыштаванага Ермалаева сапраўды, як ён пісаў, «усплыло многае». Але ўсплыло далёка ня ўсё.

Прынамсі, ён забыўся пра вячэру ў канцы лістапада 1938 году, на якую запрасіў да сябе ў дом калегаў…

Тайная вячэра

За сталом былі толькі свае: начальнік Магілёўскага НКВД Ягодкін, начальнік управы НКВД на Беларускай чыгунцы Марошак, начальнік 3-га аддзяленьня Віцебскага НКВД Левін. Усе прыехалі ў Менск у службовыя камандыроўкі, і ўсіх пасьля напружанага дня нарадаў ды беганіны па кабінэтах запрасіў да сябе дадому начальнік 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу НКВД БССР Ермалаеў. Выпівалі, закусвалі, абмяркоўвалі навіны. Левін частаваў цыгарэтамі з адмысловага срэбнага партсыгару, які заўсёды вазіў з сабой.

Ягодкін расказаў пра нараду начальнікаў абласных управаў НКВД, якую а 17-й гадзіне праводзіў памочнік наркама Наседкіна Стаяноўскі. Сямён Левін слухаў з асаблівай увагай, бо ягоны шэф, начальнік Віцебскай абласной управы Пётр Радноў яшчэ ўдзень выехаў у Віцебск і на нарадзе ня быў.

Стаяноўскі даў устаноўку тэрмінова выканаць усе прысуды 1-й катэгорыі (расстрэл), якія зь нейкіх прычынаў не былі зьдзейсьненыя. Акты патрабавалася аформіць задняй датай. Прычынай сьпешкі стала пастанова «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзеньні сьледзтва», якую амаль два тыдні перад тым, 17 лістапада 1938 году, прынялі ЦК ВКП(б) і СНК СССР. У канцы лістапада наркам унутраных справаў СССР Берыя нечакана загадаў спыніць выкананне ўжо вынесеных сьмяротных прысудаў і перадаваць справы асуджаных на расстрэл у суд. І пастанова, і загад былі сакрэтныя.

Пасьля лютаўскага (1938) пленуму ЦК ВКП(б) у НКВД адбываліся дзіўныя рэчы, і загад быў яшчэ адным зьвяном ланцуга, небясьпеку якога адразу зразумелі спрактыкаваныя кадры. Новаму наркаму ў Маскве патрабаваліся матэрыялы на тых, хто працаваў пры папярэдніку. Вызваленьне асуджаных, а таксама сьведчаньні, якія яны маглі даць пра катаваньні, заўсёды можна было выкарыстаць у барацьбе ўнутры партыйна-энкавэдысцкай вярхушкі. Трэба было сьпешна пазбаўляцца ад непажаданых сьведкаў.

…Ягодкін падзякаваў гаспадару за вячэру і сказаў, што адразу выяжджае ў Магілёў, каб неадкладна пачаць выкананне загаду Стаяноўскага. Сямён Левін а дзявятай вечара вярнуўся ў наркамат і зайшоў да начальніка 1-га спэцаддзелу Якава Розкіна. Той папярэдзіў, што неўзабаве перадасьць сьпісы асуджаных на расстрэл, пасьля чаго трэба будзе неадкладна выехаць у Віцебск. Сьпісы ўжо былі падрыхтаваныя, чакалі прыходу Стаяноўскага, які мусіў паставіць свой подпіс. Памочнік наркама зьявіўся каля поўначы і ў сваім кабінэце паўтарыў Левіну ўсё, што той ужо ведаў ад Ягодкіна і Розкіна. Сьпіс віцебскіх вязьняў, якіх трэба было неадкладна расстраляць, налічваў сорак адно прозьвішча. Віцебскі НКВД меў раней планы адкласьці расстрэл пяці-шасьці асуджаных для далейшай распрацоўкі справаў, але загад быў ясны і не прадугледжваў выключэньняў. Акты трэба было пазначыць 22–23-м лістапада.

Левін падараваў зьняволеным пару дзён жыцьця: зь Менску ён паехаў у Гомель да сваякоў, і ў Віцебску зьявіўся толькі 2 сьнежня. Начальнік абласнога НКВД Радноў і яго намесьнік Уласаў зьвязаліся зь Менскам па тэлефоне, дзе Стаяноўскі пацьвердзіў распараджэнне. З пачатку ліпеня 1938-га сьмяротныя прысуды ў Віцебску не выконваліся, асуджаных «першай катэгорыі» вазілі ў Менск. Але аднавіць расстрэлы — не праблема…

Не пасьпела сьціхнуць рэха стрэлаў, якімі на пачатку сьнежня 1938-га сьпешна дабівалі асуджаных па ўсёй Беларусі, як у кабінэце наркама А. Наседкіна зьявіўся новы гаспадар, Л. Цанава. У сярэдзіне месяца з Масквы ў Менск прыехала камісія НКВД СССР, якая пачала высвятляць, хто, як і чаму парушыў загад Берыі. Наступствы ня змусілі сябе чакаць. Некаторых кіраўнікоў НКВД БССР арыштавалі адразу, іншым далі пагуляць пару месяцаў на волі, як Сямёну Левіну. Спачатку яго двойчы разабралі на сходах партарганізацыі абласнога НКВД, а 5 лютага 1939-га бюро Віцебскага абкаму выключыла Левіна з партыі. Фармулёўка — за парушэньне загаду НКВД СССР у частцы выкананьня прысудаў, за ўтойваньне вядомых яму фактаў і за ўжываньне да арыштаваных фізычных мераў узьдзеяньня.

Левіна адразу не арыштавалі і ён пасьпеў, седзячы дома, у Віцебску, напісаць падрабязную заяву на дзесяці старонках. Паставіў звыклы грыф «зусім сакрэтна» і адрасаваў на імя новага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі, а копіі — Сталіну, Берыю і Цанаву.

Распавёўшы пра вячэру ў Ермалаева і ўсё, што пасьля яе адбылося, Левін абвяргаў яшчэ адзін пункт абвінавачаньня: «Асабіста я ніякіх мераў фізычнага ўзьдзеяньня ні да каго з арыштаваных не ўжываў. Згодна з загадамі Раднова і Уласава (начальнік і намесьнік начальніка Віцебскага НКВД), арыштаваных, якія адмаўляліся даваць паказаньні, прымушалі прысядаць. Гэта ў роўнай меры ўжывалася ўсімі адцзяленьнямі НКВД і трыма Асобымі органамі. Натуральна, што і ў З-м адцзяленьні гэты мэтад таксама ўжываўся, але чаму я мушу быць ахвярай і ў гэтым абвінавачваюць мяне аднаго, у той час як я сьлепа, нароўні з усімі, выконваў загады Раднова і Уласава. Навошта ж усе абвінавачаньні штучна ўскладаць на мяне? Хіба гэта бесстароньняе стаўленьне да маёй асобы?»

Далей Левін прадстаўляў сваю асобу: «Я сам 1910 году нараджэньня, сын рабочага-краўца, з 1925 году ў камсамоле, з 1931 г. кандыдат КП(б)Б і з 1937-га — член. Бацька мой, член ВКП(б) з 1918 году, з 1919 году чэкіст. Памёр у 1930 годзе на пасадзе начальніка Мазырскага абласнога аддзелу ГПУ Беларусі. Я з 18 гадоў бесперапынна працую на апэратыўнай рабоце ў органах ОГПУ-НКВД. За гэты час, за ліквідацыю шэрагу контррэвалюцыйных арганізацыяў і шпіёнскіх рэзыдэнтураў, узнагароджаны срэбным партсігарам, гадзіньнікам, зброяй і яшчэ некаторымі каштоўнымі падарункамі».

Левін запэўнівае: «Усё сваё маладое жыцьцё я аддаў справе партыі Леніна-Сталіна. Гэтаму ж прысвяціў сябе мой бацька. Я выхаваны гэтай партыяй, і калі я адзіны раз у жыцьці памыліўся, навошта так рабіць са мной, ужыўшы адразу да мяне палітычную сьмерць, няўжо я непапраўны. Зразумела — не, я ня толькі выпраўлюся, але надалей у мяне больш такіх памылак ніколі ня будзе».

Высокія адрасаты таксама палічылі, што Левіна можна выправіць. Яго заяву сьпісалі ў сакрэтны архіў асобага аддзелу ЦК, а самога патомнага чэкіста на дзесяць гадоў накіравалі ў папраўча-працоўныя лягеры. Срэбны партсігар з чэкісцкай гравіроўкай пад час арышту згодна з інструкцыяй быў канфіскаваны. Ды ў лягеры ён бы гаспадару і не спатрэбіўся…

Прыродныя бальшавікі

«Адбылася найвялікшая правакацыя ворагаў народа — гэтай банды фашыстаў, якая рабіла сваю подлую справу супраць партыі Леніна-Сталіна, народа вялікага Саюзу ССР. Гэтая банда, знаходзячыся ў турме, працягвае сваю гнюсную справу — абгаворвае невінаватых супрацоўнікаў НКВД у іх подлых намерах і справах, вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць да абгавораных ворагамі і невінаватых работнікаў НКВД шэраг мераў узьдзеяньня маральна-фізычных, у сілу якіх, ня вытрымаўшы незаслужаных пакутаў, страціўшы сілы і розум, у адчаі і цалкам несьвядома гэтыя абгавораныя павінныя былі даць сьледзтву хлусню, абгаварыўшы сябе і іншых работнікаў, спадзеючыся, што сьледзтва, аб'ектыўна правёўшы рассьледаваньне, установіць хлусню і паклёп ворагаў, і вымушаны агавор невінаватымі сябе і іншых, на падставе праверкі дакумэнтацыі і фактаў пераканаецца у паклёпе ворагаў, але сьледзтва, паверыўшы паклёпу ворагаў, зрабіла няправільныя вывады, клясыфікуючы асобныя памылкі і парушэнньні ў апэратыўна-сьледчай рабоце, зробленыя ў сілу сьляпога выкананьня дырэктываў і ўказаньняў варожага кіраўніцтва, увёўшы гэтым самым у зман і суд, які на падставе варожага паклёпу вынес мне такі суровы прыгавор, пазбаўляючы жыцьця».

Гэта самы доўгі сказ са скаргаў, які даводзілася бачыць. Ён пазначаны грыфамі «Уручыць неадкладна. Зусім тэрмінова. Абсалютна сакрэтна. Асабіста» і адрасаваны сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку. Адправіцель — дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Пётр Радноў, член ВКП(б) з 1924 году, былы член бюро абкаму партыі, ардэнаносьбіт і выхадзец зь сялянаў (адукацыя ніжэйшая). Да 19 студзеня 1939-га ён узначальваў НКВД Віцебскай вобласьці, а далучыўся да жалезнай кагорты амаль за два дзесяцігодзьдзі да таго. Але ўсё гэта было ў мінулым: заява пісалася ў камэры-адзіночцы Менскай турмы НКВД.

Новы наркам Цанава праводзіў кадравую чыстку: Раднова, як і Левіна, Наседкіна, Стаяноўскага і яшчэ групу кіраўнічых энкавэдыстаў у Беларусі абвінавацілі ў тым, што яны сумленна выконвалі свае абавязкі: афармлялі расстрэлы мінулымі датамі і катавалі арыштаваных. Супрацоўнікаў Магілёўскага НКВД Каралько, Сідарэнку, Дударава, Ціханцова і Петрусенку арыштавалі ўвогуле за дробязі — марадзёрства, крадзеж каштоўнасьцяў, рэчаў і вопраткі зьняволеных. Ішла звычайная бальшавіцкая чыстка і, натуральна, у НКВД працавалі са сваімі былымі супрацоўнікамі тымі ж унівэрсальнымі мэтадамі, якія ўжываліся супраць сялян і прафэсараў, паэтаў і чыгуначнікаў.

Плынь чэкісцкай сьвядомасьці, зафіксаваная ў лісьце Раднова, цікавая адной псыхалягічнай асаблівасьцю: і ў турме, пасьля катаваньняў галоўны кат Віцебшчыны захоўвае вернасьць НКВД. Нават гаворачы пра свой лёс, Пётр Радноў выгароджвае катаў: маўляў, подлая банда фашыстаў абгаворвае нявінных супрацоўнікаў НКВД, проста вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць меры маральна-фізычнага ўзьдзеяньня.

Прайшоўшы праз рукі сваіх калег і прызнаўшыся ва ўсіх грахах, як гэта рабілі некалі ягоныя ўласныя ахвяры, Радноў піша сакратару ЦК: «Я клянуся вам усім, сваёй дачкой 8-мі месяцаў, якую яшчэ ня бачыў, я ня быў ворагам, змоўнікам. Я вырас і выхаваны партыяй, камсамолам, Савецкай уладай. Ня дайце загінуць ад паклёпу ворагаў, малю Вас, праверце і захавайце мне жыцьцё. Я настойлівай працай выкуплю віну і злачынствы, якія зрабіў».

Радноў адхіляе абвінавачаньні ў катаваньнях арыштаваных, у стварэньні спэцрэжыму ў Віцебскай турме: «Я не даваў загаду ствараць рэжымныя камэры быццам для зьбіваньня арыштаваных, каб прымусіць іх агаварыць сябе і іншых. Камэры для зручнасьці сьледзтва былі замацаваныя паводле просьбы аддзелаў за імі і, паводле распараджэння НКВД зь Менску, была створаная агентура для асьвятленьня настрояў арыштаваных, а не для правакацыяў. У выніку наплыву арыштаваных сапраўды мелі месца парушэньні нормаў, і камэры былі перапоўненыя, сапраўды, з боку асобных агентаў была правакацыя, але мне пра гэта не казалі…»

Радноў прызнае толькі несьвядомы падлог дакумэнтаў, калі беларускія чэкісты сьпешна расстрэльвалі вязьняў насуперак загаду з Масквы: «Я паверыў, што ёсьць указанні НКВД акты складаць мінулай датай».

Сын, як ён пісаў, калгасьніка-селяніна Радноў прасіў даць яму магчымасць ударнай працай выкупіць няправільныя даты пад актамі расстрэлаў. Яго былы віцебскі падначалены, сын краўца Сямён Левін хацеў «ударнай працай у органах НКВД выправіць сваю грубую палітычную памылку». «Спадзяюся, што камуністычная партыя, якая зрабіла зь мяне бальшавіка, падыдзе да мяне чульліва, як гэтаму вучыць наш правадыр тав. Сталін, бо я ня вораг, а адданы нашай радзіме баец, які першы раз у жыцьці памыліўся». Іх менскі калега Васіль Ермалаеў таксама пісаў з камары: «Усё сьвядомае жыцьцё прысьвяціў справе партыі Леніна-Сталіна і чым бы мой лёс ні скончыўся, апроч расстрэлу, я і далейшае жыцьцё прысьвячу гэтай самай партыі — Леніна-Сталіна».

Яшчэ адзін былы супрацоўнік НКВД, менскі міліцыянэр Райхліновіч, перажыў пасьля арышту зьдзеклівыя катаваньні: яго зьбівалі ва ўтаймавальнай кашулі, аблівалі вадой на 30-градусным марозе, мачыліся ў твар, цягалі за палавы орган. Пасьля сямі месяцаў у лагеры нечакана вызвалілі. Вярнуўся ў Менск і даведаўся, што сям'ю выкінулі з хаты, рэчы прапалі. Былы кавалерыст, Райхліновіч выгадаваў каня, якога пакінулі ў міліцэйскай частцы і яму не вярталі.

Райхліновіч напісаў у райкам партыі просьбу: «Прашу ўлічыць маё цяжкае становішча, дапамагчы аднавіць здароўе, аднавіць на працы і вярнуць кватэру і каня, зь якім я спадзяюся пры першай патрэбе выступіць у абарону нашай любімай Радзімы і зьнішчыць ворагаў, якія паспрабуюць замахнуцца на нашую сьвятую тэрыторыю. Ворагі народу пахіснулі маё здароўе, але не пахіснулі маёй бальшавіцкай волі, я з прыроды народжаны бальшавіком і такім памру, памру за рабочую справу, за справу Леніна-Сталіна».

Падобных радкоў у допісах арыштаваных, асуджаных, закатаваных да паўсьмерці людзей (ня толькі чэкістаў) — безьліч. Частка клятваў у вернасьці партыі, магчыма, прадыктаваная разьлікам, але значная болынасьць — шчырае выказванне перакананьняў, наіўнай веры, што іх невінаватасьць пацвярджаецца іх вернасьцю сталінізму. Хоць яшчэ на лютаўска-сакавіцкім пленуме ЦК ВКП(б) у 1938 годзе Сталін вылучыў шэсьць умоваў пабудовы камунізму і перамогі над ворагамі, дзе даў энкавэдыстам урок лёгікі. Правадыр сказаў, у прыватнасьці, што некаторыя ворагі такія хітрыя, што спэцыяльна працуюць ударна і робяцца стаханаўцамі, выстаўляюць сябе адданымі камуністамі, каб лепш шкодзіць, і іх трэба выкрываць.

«Я сумленны сын сваёй радзімы і партыі, якой належу ўсёй сваёй сутнасьцю да скону», — запэўніваў Панамарэнку былы чэкіст, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР ад Старадароскай выбарчай акругі, а потым вязень камэры нумар 8 менскай турмы НКВД Мікалай Быстроў. Ягоная біяграфія сапраўды магла ўпрыгожыць любы падручнік гісторыі ВКП(б). «Сам я рабочы, бацька і два браты працуюць у г. Туле на збройным заводзе. У Кастрычніцкую рэвалюцыю ў лістападзе 1917-га я ўступіў у чырвонагвардзейскі латыскі атрад спэцпрызначэньня ў Смольным у Петраградзе. Браў удзел у лівідацыі белагвардзейскіх бандаў і разгоне Устаноўчага сходу. У сакавіку 1918-га разам з урадам атрад пераехаў у Маскву-Крэмль, дзе мне неаднаразова даводзілася ахоўваць кабінэт У. І. Леніна. Браў удзел у падаўленьні мецяжу анархістаў і паўстаньні левых эсэраў. Асабіста ўдзельнічаў у вызваленьні з палону левых эсэраў у Пакроўскіх казармах Ф. Э. Дзяржынскага. У траўні 1919-га я паступіў на працу ў органы ВЧК-ОГПУ, у якіх на розных апэратыўных пасадах працаваў па дзень арышту».

Быстрову паставілі ў віну якраз тое, чым ён ганарыўся. Туляк, прысланы для барацьбы з нацыянал-фашызмам у Беларусі, быў абвінавачаны ў членстве ў нацыянал-фашыстоўскай латыскай шпіёнскай арганізацыі. Пасьля арышту яго «амаль голага пасадзілі ў сыры халодны казэмат, дзе пратрымалі 82 дні. Пагражалі расплюшчыць у блін, лаялі, прымушалі пісаць хлуслівыя сьведчаньні», — з абурэньнем пералічваў Быстроў свае крыўды. І запэўніваў: «Наша бальшавіцкая партыя выхавала зь мяне страснага патрыёта нашай вялікай радзімы. Я ганарыўся сваёю краінай, гатовы ў любы момант аддаць жыцьцё за справу партыі, за справу народа».

Ленінскі вартавы зашмат дазваляў сабе. Ён, як і іншыя ягоныя калегі — «прыродныя бальшавікі», ужо ня меў такой раскошы, як права распараджацца ўласным жыцьцём. Ім распараджалася партыя.

Цанава

Самай вострай праблемай у пасляваенным Менску была жыллёвая. Казалі, кватэраў у разбураным горадзе не хапала нават супрацоўнікам НКВД. Даводзілася месяцамі чакаць чаргі ў інтэрнатах і гасьцініцах. Калі абураныя чэкісты зьвярталіся па дапамогу да свайго наркама, той карцінка разводзіў рукамі:

— Нэ магу, кацо. Як камуніст камуністу кажу: сам ня маю кватэры ў Менску.

І гэта была праўда — калі можна ўжыць такое слова ў адносінах да Лаўрэнція Цанавы, які са сьнежня 1938-га па кастрычнік 1951-га працягваў у Беларусі крывавую справу Піляра, Рапапорта, Ляплеўскага, Малчанава, Бермана, Наседкіна.


З анкеты генэрал-лейтэнанта Цанавы Л. Ф.:


1900 г.н., бацька — селянін-бядняк, адукацыя — сельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, агульнаадукацыйныя курсы ў Тыфлісе. З 1921 году на працы ў органах ЧК, пракуратуры, кампартыі Грузіі, на кіраўнічых гаспадарчых пасадах. З канца 1938-га — наркам унутраных справаў Беларусі. Пад час вайны камандаваў Асобым аддзелам Заходняга, потым Цэнтральнага франтоў, зьяўляўся намеснікам камандуючага 2-га Беларускага фронту.


…Вартаўніца адамкнула дзьверы, і я ўвайшоў у тое, пра што Цанава казаў «няма кватэры» — двухпавярховы каменны палац у лесе ў Сьцяпянцы. Столь ужо безь ляпных аздабленьняў, няма крышталёвых люстраў, карціны са сьцен перавандравалі ў музэі, зьніклі раскошныя дываны, на кухні гатуюць абеды не на трох, а больш чым на сто чалавек адразу — потым тут быў дзіцячы сад-санаторый. Няма вышэзнай агароджы, вартавых сабак, даўно здох горны казёл…

«Цанава ў Беларусі зьяўляўся фэадалам», — так ацанілі дзейнасьць былога члена бюро ЦК КП(б)Б на пленуме ў Менску, які ў ліпені 1953 году абмяркоўваў пастанову ЦК КПСС аб «шпіёне імпэрыялістычных разьведак» Лаўрэнціі Берыі. Члены беларускага ЦК выходзілі на трыбуну і выкрывалі асабістага сябра Берыі, які ў гэты час ужо знахоўдзіўся ў турме.

Варта Цанаву было трапіць пад дождж, а ў газэтах абяцалі сонца — і ён забараняў друкаваць зводку надвор'я, абураліся камуністы; безь ягонай візы нельга было зьмяшчаць рэпартажы пра футбол, які ён апякаў; вадзіцель машыны, які пасьмеў абагнаць ягоны легкавік, начаваў у пастарунку; калі інструктар гаркаму партыі прынёс яму запрашэньне на нейкі сход за нумарам 9 ці 10, Цанава патрабаваў звольніць інструктара — такі вялікі нумар зьневажаў ягоную годнасьць; наркаму назалялі камары — і на ягоны загад у Сьцяпянцы засыпалі цэлую сажалку…

Не адставалі ад гаспадара і падначаленыя. Калі ў начальніка Віцебскага ГБ Прохарава, заўзятага галубятніка, зьнік голуб, уся гарадзкая міліцыя была паднятая на ногі, ачэплены рабочы квартал, і птушку знайшлі — паміж тысячаў іншых. Цанава не даваў у крыўду свае кадры: калі ў начальніка Гарадзенскага ГБ Фралова ўзьнік канфлікт зь першым сакратаром абкаму С. Прытыцкім, дык пасаду мусіў пакінуць Прытыцкі; гэтаксама ўцякалі з рэспублікі іншыя партыйныя кіраўнікі, якіх ён неўзьлюбіў. Пра лёс беспартыйных грамадзянаў, аднак, на пленуме ня ўзгадвалі…

Пару гадоў да гэтага члены бюро ЦК КП(б)Б інакш ацэньвалі дзейнасьць Цанавы ў Беларусі. У характарыстыцы, зацверджанай на бюро, гаворыцца: «Узначальваючы МГБ БССР, т. Цанава правёў значную работу па выяўленьні і ліквідацыі шпіёнска-дывэрсійнай агентуры нямецка-фашысцкай і іншых замежных разведак, па разгрому контррэвалюцыйнага нацыяналістычнага падпольля, падпольных арганізацыяў беларуска-нямецкіх нацыяналістаў і бандыцкіх тэрарыстычных групаў. Т. Цанава ў кіраўніцтве органамі ГБ прынцыповы, патрабавальны, праяўляе вялікую настойлівасьць, працаздольнасьць, выхоўвае кадры чэкістаў у духу бальшавіцкай партыйнасці».

У 1938 годзе Берыя мяняў кадры Яжова па ўсёй краіне. Цанава некалі служыў пад ягоным кіраўніцтвам у ОГПУ Грузіі, праўда, прозьвішча ягонае тады было іншае — Джанджгава. Пры прызначэнні ў Менск, паводле расказаў самога наркама, Лаўрэнці Першы быццам параіў былому падначаленаму зьмяніць прозьвішча, маўляў, у Беларусі ня вымавяць такое прозьвішча. Пазьней, аднак, высветлілася, што прычына была іншая. Пад час грамадзянскай вайны Джанджгава камандаваў чэкісцкай часткай і скраў дзяўчыну з горнага сяла. Калі вяскоўцы пайшлі яе вызваляць, ён пасек іх з кулямёту. Узьнік страшэнны шум, трэба было прымаць меры і Берыя схаваў падначаленага. Потым яго перакінулі на гаспадарчую працу. У другой палове 30-х гадоў ён працаваў у наркамземе, намесьнікам начальніка лімонна-мандарынавага трэсту, потым начальнікам Калхідбуду.

Былы шэф, які ўзначаліў НКВД СССР, выклікаў Цанаву ў Маскву і адтуль паслаў наводзіць парадак ва ўнутраных справах Беларусі. Папярэднікі, наркамы Берман і Наседкін, пакінулі Цанаву надзвычайную спадчыну: хапун крывавым грэбнем ірваў вёску і горад, былі арыштаваныя практычна ўсе ўладальнікі высокіх кабінэтаў у Менску, прарэджаны мясцовае начальства, крытыя грузавікі ўжо больш за год па начах хадзілі на Курапаты. Не спыніўся іх паток і з прыездам у Менск Панцеляймона Панамарэнкі і Лаўрэнція Цанавы.

Ужо ў 1940-м заслугі наркама ва ўнутраных справах Беларусі былі ацэненыя першым ордэнам Леніна. Пасьля таго, як часткі Чырвонай Арміі разам з гітлераўцамі правялі парад пераможцаў у Берасьці, Цанава заняўся разгортваньнем апарату НКВД і сеткі даносчыкаў у Заходняй Беларусі. Палонныя польскія афіцэры пад аховай канвою НКВД адпраўляліся ў лягеры Поўначы, Сібіры, але найбольшая частка канцэнтравалася ў Катыні. Разьбіраліся зь Вільняй, вяліся арышты тых, хто супрацоўнічаў з польскімі ўладамі, а таксама тых, хто зь імі змагаўся — членаў розных партыяў, нацыянальных арганізацыяў, у тым ліку сваяцкай КПЗБ. Усе гэтыя апэрацыі праводзіліся пад наглядам наркама ўнутраных справаў.

Цанаву выпала і праца па чыстцы кадраў самога НКВД — многія чэкісты прайшлі праз той самы канвэер, які нядаўна раскручвалі.

Калі пачалася вайна, энкавэдысты ліхаманкава пакавалі свае архівы і перапраўлялі далей ад лініі фронту. Адных вязьняў расстрэльвалі на месцы ў турмах, іншых тэрмінова зганялі ў калены і вялі на Ўсход. Канваіры мелі загад: у «выпадку немагчымасці забяспечыць ахову кантынгенту» — расстрэльваць вязьняў на месцы. Вядомыя выпадкі, калі канваіры, махнуўшы рукой на інструкцыю, адпускалі людзей. Аднак большасць лягла ў зямлю, як гэта адбылося з каленамі арыштаваных, якіх эвакуявалі зь Літвы: толькі ля дарогі на Чэрвень былі расстраляныя многія сотні няшчасных.

Асобыя аддзелы, якімі камандаваў Цанава на Заходнім, а потым Цэнтральным франтах, працягвалі рабіць тое самае, што рабілі энкавэдысты ў мірны час: ваявалі супраць свайго народа. Супраць салдат і афіцэраў, якія патрапілі ў акружэньне, супраць тых, хто вёў «паражэнцкія размовы» — напрыклад, згадваў лёзунг аб вайне на чужой тэрыторыі і малой крывёй…

За сваю дзейнасьць Цанава быў узнагароджаны яшчэ двума ордэнамі Леніна і амаль трыццаццю іншымі ордэнамі і мэдалямі. Калі меркаваць па ўзнагародах, гераічны сьмершавец праявіў надзвычайны талент палкаводца: тры ордэны Суворава, два — Кутузава, ён атрымаў узнагароды за абарону Масквы, Каўказа, вызваленьне Варшавы і ўзяцьце Кенігсбэргу, а таксама фарсіраваў Одэр, хадзіў у рэйды з партызанамі, меў баявыя заслугі перад Манголіяй і Тувінскай рэспублікай, і, апроч таго, доблесна працаваў у тыле.

У характарыстыцы, зацверджанай бюро ЦК, гаворыцца, што Цанава «актыўна ўдзельнічаў у працы ЦК КП(б)Б у справе разьвіцьця партызанскага руху». Спэцгрупы, падрыхтаваныя НКВД, закідваліся ў нямецкі тыл для арганізацыі супраціву. Іх вызначала бязьлітаснае стаўленьне да мясцовага насельніцтва, якое спачатку не сьпяшалася на абарону савецкай улады, не хацела рызыкаваць сем'ямі, ісьці ў лес. Узаемныя падазрэньні, сачэньне адзін за адным, даносы, беспадстаўныя арышты і расстрэлы на месцы, зьдзекі над мірным насельніцтвам — усе гэтыя партыйна-энкавэдысцкія парадкі крывавай цьвільлю пакрылі партызаншчыну, густа нашпігаваную «асабістамі».

Ды пра тое дарма шукаць зьвестак у афіцыйнай гісторыі партызанскага руху. У ёй прозьвішча Цанавы нават ня згадваецца, хоць менавіта пад ягоным аўтарствам у 1949 годзе выйшла першае поўнае апісаньне партызанскага руху ў Беларусі ў двух тамах пад назвай «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков». Тэкст пісалі за наркама, вядома ж, «літрабы» — так скарочана і дакладна называлі літаратурных работнікаў, якія абслугоўвалі ласае на пісьменьніцкія лаўры начальства. У аснову кнігі быў пакладзены радасны прынцып, адлюстраваны ў наступным узоры «фальклору»:

А на нашай на гары

Вырасьлі два дубіка.

Сталін кажа ў Маскве,

Чуе ўся рэспубліка!

З прычыны бібліяграфічнай рэдкасьці выданьня прывяду некалькі назваў разьдзелаў: «Призыв товарища Сталина к всенародной Отечественной войне», «Партия большевиков — организатор всенародной борьбы и побед», «Коммунистическая партия (большевиков) Белоруссии во главе своего народа», «Колхозы — большевистская крепость», «Сталинская дружба народов Советского Союза нерушима». Было ў кнізе сказана і пра «подлое предательское лицо белорусских националистов», але толькі мімаходзь, каб не псаваць карціну ўсенароднага адзінадушша.

Сярод бесталковага нагрувашчвання прыкладаў сапраўдных і прыдуманых нямецкіх зьверстваў ды бальшавіцкага гераізму — абавязковыя напамінаньні пра тое, што беларускі народ штохвілінна адчуваў геніяльны бацькоўскі клопат вялікага Сталіна і паплечнікаў. «Выконваючы ўказанні правадыра, верныя вучні Леніна і паплечнікі таварыша Сталіна Георгі Максімавіч Малянкоў і Лаўрэнці Паўлавіч Берыя з пачатку Айчыннай вайны аказвалі велізарную практычную дапамогу ў справе арганізацыі і далейшага разгортвання партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі».

15 ліпеня 1953 году загадам Галоўліту БССР № 143 было прадпісана «канфіскаваць зь бібліятэк грамадзкага карыстання і кнігагандлю частку першую кнігі Цанавы Л. Ф. «Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў», Менск, 1950 г., 10 000 асобнікаў, 342 ст.» Канфіскацыі падлягалі і 60 000 асобнікаў двухтомніка на расейскай мове. У канцы ліпеня 1953 году зь менскага ў маскоўскі ЦК была накіраваная тэлеграма з просьбай пазбавіць Цанаву паўнамоцтваў дэпутата Вярхоўнага Савету СССР і БССР. Яшчэ праз два тыдні пленум ЦК КПБ пазбавіў паўнамоцтваў дэпутата Вярхоўнага Савету БССР і Лаўрэнція нумар адзін — Берыю.

Задоўга да гэтых падзеяў, у кастрычніку 1951-га, Цанава пакінуў Беларусь. Ён перабраўся ў Маскву, на пасаду намесьніка міністра дзяржбясьпекі Абакумава. Але затрымаўся на Лубянцы нядоўга: яго ўцягнула ў тую самую мясарубку, куды ён запіхваў іншых.

Дарэчы, комплекс будынкаў у Менску, дзе месьціцца міліцыя і КГБ, быў пабудаваны пасьля вайны пад непасрэдным кіраўніцтвам тады ўжо міністра ўнутраных справаў БССР Цанавы (у сакавіку 1946-га НКВД было перайменаванае ў МУС). Дом з гадзіньнікам насупраць таксама прызначаўся для работнікаў органаў, так што без жыльля чэкісты хадзілі нядоўга. Цанава тлумачыў такое разьмешчаньне кватэр для супрацоўнікаў спэцыфікай працы — часта даводзіцца працаваць па начах, зручна дабірацца. Некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўляліся проста з Каўказу. Расказваюць, калі залівалі фундамэнт, Цанава зьняў і кінуў туды сваю генэральскую папаху. Фундамэнт атрымаўся надзейны.

Тайна сьмерці харошых камуністаў

У другой палове 80-х, на пачатку гістарычнай галоснасьці, у беларускім друку шмат пісалі пра лёсы двух кіраўнікоў Беларусі, чыё жыцьцё абарвалася ў 1937 годзе — старшыню ЦВК Аляксандра Чарвякова і старшыню Саўнаркаму Мікалая Галадзеда. Яны ўніклі сьледзтва, суду і расстрэлу, скончыўшы самагубствам. Чэрвякоў застрэліўся у сваім кабінэце пад час XVI зьезду кампартыі Беларусі, Галадзед выкінуўся з вакна будынку НКВД у Менску пасьля арышту. Зрэшты, гэта былі вэрсіі, якія адны гісторыкі прымалі, іншыя адмаўлялі, сьцьвярджаючы, што Чарвякова застрэлілі, а Галадзеда выкінулі з вакна самі энкавэдысты. Аднак архіўныя знаходкі дазваляюць больш пэўна гаварыць пра акалічнасці сьмерці Мікалая Галадзеда.

Але спачатку — невялікае адступленьне. Газэта «Звязда», дзе я тады працаваў, пастаянна друкавала аповеды, лісты, інтэрвію пра сталінскія злачынствы ў Беларусі. Я рыхтаваў карэспандэнцыю пра рэабілітацыю ахвяраў і зьбіраў інфармацыю ў пракуратуры. Раптам мой субяседнік, тагачасны начальнік аддзела нагляду за законнасцю сьледзтва ў органах дзяржбясьпекі Іванкоў спытаў, ці бачыў я калі асабісты подпіс Яжова. Ён адчыніў грувасткі сэйф, дастаў тонкую кардонную папку з нумарам і разгарнуў.

На першай старонцы быў машынапісны тэкст — рапарт наркама ўнутраных справаў БССР Бермана наркаму Яжову з просьбай даць санкцыю на арышт члена ЦК ВКП(б) і СНК СССР, старшыні СНК БССР Галадзеда, «арганізатара і кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі». Тоўстым чорным алоўкам наўскасяк была накладзеная рэзалюцыя: «Арыштаваць». І подпіс, адзін з самых жахлівых у гісторыі камунізму — Яжоў.

Архіўна-сьледчая справа была тонкая, я перагарнуў пару старонак, але Іванкоў ужо забіраў папку, клаў яе на паліцу і зачыняў дзьверцу сэйфа. «Ня маю права, згодна з інструкцыяй, увогуле даваць Вам справу, — растлумачыў ён. — Няхай рэдакцыя зьвернецца афіцыйна з запытам, і тады — як начальства вырашыць». У рэдакцыі склалі ліст, рэдактар падпісаў і адправілі. Тым часам я паехаў да дачкі Галадзеда Валянціны Мікалаеўны Беляковай і пачаў распытваць пра падзеі лета 1937-га.

…Пастанову аб вызваленні Галадзеда ад пасады старшыні СНК БССР ягоны даўні сябар, старшыня ЦВК Чарвякоў падпісаў 30 траўня. Гэта адбылося за дзесяць дзён перад XVI зьездам КПБ(б). У першыя дні чэрвеня на Менскай партканфэрэнцыі таварышы па партыі абвінавацілі Галадзеда ў палітычнай сьлепаце, узгадалі сяброўства з «нацдэмамі»… На зьезьдзе першы сакратар ЦК Шаранговіч, які сам неўзабаве будзе арыштаваны, заявіў, што Галадзед праводзіў «праваапартуністычную практыку». У час працы зьезду газэты паведамілі пра арышт, суд і расстрэл групы вядомых ваеначальнікаў. Сярод расстраляных значылася імя камандуючага Беларускай вайсковай акругі Ераніма Убарэвіча. Яшчэ адзін знаёмы Галадзеда, былы першы сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнік, пасьпеў застрэліцца перад арыштам.

У Менску чакаць не было чаго, і Галадзед разам з жонкай і малым сынам тэрмінова выехаў у Маскву. Ён спадзяваўся на прыём у Сталіна — і той прыняў былога беларускага прэм'ера. Паводле ўспамінаў жонкі, Галадзед вярнуўся ў службовую кватэру супакоены, бадзёра чакаў новага прызначэння. Ён ня ведаў, што празь дзень пасьля ягонага ад'езду зь Менску ў Маскву выехаў наркам Берман.

Ён вёз рапарт на імя Яжова. Берман асабіста прыйшоў у знакаміты Дом на Наберажнай, дзе Галадзед меў службовую кватэру. Там жонка бачыла мужа апошні раз.

Вось што расказала дачка Галадзеда і пацьвердзілі архіўныя дакумэнты, якія тады ўдалося занайсьці. Тым часам прыйшоў адказ з пракуратуры на рэдакцыйны запыт адносна справы Галадзеда. Пракуратура паведамляла, што такой справы ня мае. Я высветліў — аказалася, вярнулі ў КГБ. Мы падрыхтавалі новы ліст і накіравалі старшыні КГБ. Праз пару тыдняў у мяне ў кабінэце зазваніў тэлефон і ветлівы голас сказаў, што КГБ нічым ня можа дапамагчы рэдакцыі, бо ніякай справы ніякага Галадзеда Мікалая Фёдаравіча ў іх няма.

Я разгубіўся — як няма?! Я ж трымаў яе ў руках! Але як сказаць пра гэта, каб не пашкодзіць дабрадзею з пракуратуры? Пасьля кароткай размовы я здабыў тэлефон тагачаснага начальніка архіву КГБ. Вынік быў той самы — нічым ня можам дапамагчы. Пайшоў у ЦК КПБ. Вось, казаў, перабудова, гістарычная галоснасць, Гарбачоў, а ў КГБ ніякага новага мысьленьня… Прайшоў некалькі кабінэтаў, дабраўся да начальніка аддзела адміністратыўных органаў Адамовіча, які курыраваў міліцыю і КГБ. Усе слухалі, абяцалі дапамогу — а як жа, чэсны быў камуніст, трэба дапамагчы.

Ішлі дні, тыдні — ніхто і ня думаў дапамагаць. Разьюшаны нахабнай хлуснёй КГБ і «дапамогай» ЦК, я пайшоў у кабінэт да тагачаснага рэдактара газэты і папрасіў дазволу пакарыстацца «вяртушкай», тэлефоннай спэцсувязьзю, дзякуючы якой намэнклятура магла зьвязвацца паміж сабой без сакратарак, хутка і надзейна. Апроч таго, зь «вяртушкі» было значна лягчэй прабіцца ў іншы горад і супрацоўнікі рэдакцыі дэмакратычна карысталіся гэтым тэлефонам.

У спэцдаведніку я адшукаў нумар тагачаснага старшыні КГБ БССР Веніяміна Балуева і набраў яго. Слухаўку паднялі адразу. Я назваўся і папрасіў дапамагчы рэдакцыі атрымаць справу Галадзеда, дадаўшы, што гэтую справу ўжо бачыў, гартаў. Балуеў адказаў у тым сэнсе, што дапамагчы ня могуць, бо існуе нейкая інструкцыя ці закон, які забараняе знаёміцца з падобнымі справамі пабочным асобам.

Я пачаў несьці нешта пра перабудову і пытацца, як у КГБ разумеюць галоснасьць. Рэдактар даўно кінуў свае паперы і слухаў наш дыялёг зь вялікай цікавасцю. Калі я паклаў слухаўку, ён сказаў: ну, цябе арыштуюць проста ў гэтым кабінэце. (У гэтым кабінэце мне давялося перажыць некалькі «прыемных» момантаў, але яны болей нагадвалі допыт ды суд, да арышту не дайшло.) З генэралам КГБ мы дамовіліся наступным чынам: мне справу не пакажуць, але адкажуць на мае пытаньні.

Я задаволена паціскаў далоні: трымайцеся, зараз я задам столькі пытаньняў, што вы мусіце пераказаць усю справу. Ад наіўнасьці мяне вылечылі праз два тыдні, калі пазванілі з КГБ і запрасілі на сустрэчу. Я ўзяў магнітафон, нататнікі і паехаў на рог тады яшчэ Ленінскага праспэкту і вуліцы Камсамольскай.

Два супрацоўнікі запрасілі ў пакой для наведнікаў. Мінімум мэблі — пусты стол, некалькі крэслаў, тэлефон, партрэт ці то Дзяржынскага, ці то Леніна на сьцяне. Адзін сеў насупраць, другі збоку. Мяне зьдзівіла, што кагэбісты прыйшлі толькі з маімі пытаннямі, безь ніякіх іншых папераў.

— Не хвалюйцеся, адкажам, але магнітафон не спатрэбіцца, — сказалі мне. Не спатрэбіліся і нататнікі. Адказы гучалі прыкладна так: на гэтае пытаньне няма інфармацыі, пра тое ў справе нічога не сказана, наступнае невядома… Я збянтэжыўся і ня ведаў, як рэагаваць на тое, што адбывалася.

— Вось і ўсё, больш нічым ня можам дапамагчы, — паведамілі мне. Мае спробы нешта запярэчыць былі сустрэтыя спакойна і ня выклікалі ніякай рэакцыі. Суразмоўцы самі пачалі задаваць пытаньні: як у рэдакцыі ставяцца да Уладзіміра Бегуна, вядомага барацьбіта зь сіянізмам, усё ж ці ня мае ён рацыі… Я выйшаў на вуліцу як абпляваны, клянучы сябе за наіўнасьць. (Праз пару гадоў, ужо ў якасьці члена парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, мне ўдалося атрымаць доступ да архіву КГБ, дзе хаваецца боль і кроў айчыннай гісторыі. З санкцыі новага кіраўніцтва КГБ супрацоўнікі прыносілі для азнаямленьня асобныя справы ахвяраў, але ніколі не паказвалі каталёгаў ці нейкага апісаньня сховішча. Дагэтуль невядома, колькі справаў, на каго, у якім стане захоўваюцца ў сутарэннях будынка, пабудаванага Цанавам. Зрэшты, як толькі пачаў праходзіць шок ад правалу жнівеньскага путчу, было заяўлена, што КГБ ня хата-чытальня, і архівы зноў сталіся недаступнымі.)

Аднак існавалі іншыя архівы, дзе захоўваліся некаторыя матэрыялы пра сьмерць Мікалая Галадзеда. У 1955 годзе, пад час хрушчоўскай адлігі, справу Галадзеда пераглядалі. У лістападзе 1955 году галоўная ваенная пракуратура на падставе той самай тонкай кардоннай папкі, якую КГБ не хацеў выпускаць з рук, зрабіла даведку, дзе гаварылася:

«У кантрольна-нагляднай справе на Галадзеда ёсьць адносіна 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у якой адзначана, што Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Менск і 21 чэрвеня выкінуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху і разьбіўся, ня даўшы ніякіх паказанняў».

У 60-я гады гісторык Уладзімір Якутаў пачаў зьбіраць матэрыял для кнігі пра Галадзеда. Ён знайшоў і папрасіў напісаць успаміны былога кансультанта паліклінікі МУС прафэсара М. Шапіру. Прафэсар пісаў:

«Мне вельмі цяжка ўспамінаць аб усіх дэталях майго знаходжання летам 1937 году ў будынку МУС, куды я быў пакліканы на кансультацыю да таварыша Галадзеда. Унізе сказалі, што трэба падняцца на другі паверх, у кабінэт да аднаго з супрацоўнікаў. У кабінэце на кушэтцы ляжаў таварыш Галадзед у надзвычай цяжкім перадсьмяротным стане. Ён толькі слаба дыхаў, ні на што не рэагаваў і нічога не казаў.

Мой агляд даў наступнае: ніякіх сьлядоў вонкавых пашкоджанняў я не знайшоў — ні пераломаў канечнасьцяў, пазваночніка альбо чэрапу. Стан хворага сьведчыў альбо аб інфаркце, інсульце, альбо ўнутрычарапным кровазьліцьці, якія вядуць да хуткай сьмерці.

Намі была зробленая спроба штучным дыханнем вярнуць т. Галадзеду хоць бы часова сьвядомасьць, але яна нічога ня дала. Праз кароткі час наступіла сьмерць.

Ніякага запісу ніхто ня вёў, але ўзялі слова, што, калі каму-небудзь скажам аб гэтым, не паздаровіцца. Але калі назаўтра па горадзе пайшлі чуткі, што Галадзед выкінуўся з вакна, я ня мог з гэтым пагадзіцца. Бо мною не было вызначана ў яго ніякага пашкоджання, што абсалютна ня ўвязвалася з расказамі аб падзенні».

Так скончыў свае ўспаміны прафэсар Шапіра. Гісторык Якутаў у 60-я гады ў сваёй кнізе пра Галадзеда нічога гэтага апублікаваць ня змог — з тае самае прычыны, зь якой КГБ хавала архіўную справу і праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерці арыштаванага. Сумневы ў самазабойстве ўскосна ўмацоўвала дачка Галадзеда Валянціна. Пад час сустрэчы яна ўспамінала:

«Што бацька пакончыў з сабой — ні я, ні маці ніколі ня верылі. Ён быў чалавекам надзвычайнай асабістай храбрасьці. Адзін мог пайсьці на перамовы з цэлай бандай, не пабаяўся выступіць супраць Малянкова, калі той граміў беларускую партарганізацыю. Ён бы ніколі нічога супраць сваёй волі не падпісаў. Таму і забілі…»

Аднак такі вывад пакідаў без адказу пытаньне: чаму? Дачка і жонка выказвалі асабістыя меркаваньні — погляд на самагубства выключна як на слабасць, недастойную сапраўднага чалавека і камуніста, быў даволі распаўсюджаны. Прафэсар Шапіра пісаў свае ўспаміны праз чвэрць стагодзьдзя (у якія ўмясьцілася вайна, барацьба з касмапалітамі і лекарамі-забойцамі). Так, Шапіра не заўважыў ніякіх сьлядоў падзеньня, але ж, як ён сам адзначае, агляд рабіўся ў кабінэце на другім паверсе — значыць, спачатку цела перанесьлі туды, і зьнешнія заўважныя сьляды маглі папросту прыбраць, паправіць. Апроч таго, сымптомы, якія прыводзіць прафэсар, паводле ацэнак спэцыялістаў, цалкам маглі быць вынікам падзеньня.

А галоўнае — каму была выгадная імгненная сьмерць Галадзеда? НКВД, які на загад Сталіна рыхтаваў чарговы адкрыты працэс, быў менш за ўсё зацікаўлены ў страце такога важкага «злачынцы», як былы старшыня СНК. «Кіраўнік антысавецкага падпольля ў Беларусі» — а менавіта такая роля адводзілася Галадзеду ў ордэры, падданым Яжовым — мог даць шмат карысных паказанняў, значна павялічыць маштабы арыштаў, а значыць — ордэнаў і шпалаў энкавэдыстам. Наўрад ці Бермана клапаціла незгаворлівасьць Галадзеда — у НКВД умелі дабівацца згоды ад самых упартых арыштаваных. Такім чынам, і Сталіну, і НКВД было выгадна вывесьці Галадзеда на адкрыты працэс.


(У выніку сьмерці Чарвякова і Галадзеда на адкрыты працэс у лютым-сакавіку 1938-га давялося выводзіць Шаранговіча, які толькі тры месяцы папрацаваў 1-м сакратаром ЦК і, ясна, ня змог пацягнуць за сабой значную сетку змоўнікаў. На працэсе роля Шаранговіча зьвялася да падтрымкі абвінавачання супраць Бухарына, які ніколі зь ім не сустракаўся і грэбліва адмовіўся ад знаёмства. У Беларусі расстрэл Шаранговіча ня выклікаў непасрэдных наступстваў, зьвязаных зь ягоным асабістым атачэньнем, ранейшымі саслужыўцамі і да т. п. Можна меркаваць, што калі б на ягоным месцы былі Чарвякоў і Галадзед, крывавае рэха іх «паказаньняў» было б большае. Хоць куды ўжо болей…)


Тым ня менш, канчатковую яснасьць маглі даць толькі дакумэнтальныя зьвесткі пра канкрэтныя абставіны сьмерці Галадзеда. Прычым зьвесткі не прамыя, якія лёгка сфальсыфікаваць, а ўскосныя — што-небудзь гаспадарчае, зьвязанае з унутранай кухняй органаў. Чаканы дакумэнт сустрэўся ў архіўных завалах недзе празь пяць гадоў пасьля першага знаёмства са справай Галадзеда.

…У 1939 годзе, праз два гады пасьля сьмерці Галадзеда, да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі зьвярнуўся былы член партыі, былы опэрупаўнаважаны НКВД БССР Аляксей Рулёў з просьбай аб рэабілітацыі і матэрыяльнай дапамозе. Ягоны ліст пераслалі новаму наркаму Цанаву, які падрыхтаваў даведку для ЦК. У ёй паведамлялася, што загадам НКВД ад 21 жніўня 1937 году Рулёў быў звольнены са службы як асоба, якая знаходзіцца пад сьледзтвам больш за два месяцы. Але ж Галадзед загінуў якраз два месяцы перад гэтай датай, значыць Рулёў быў заключаны пад варту ў дзень ягонае сьмерці.

Дакумэнт сьведчыў: «21 чэрвеня 1937 году яму (Рулёву) было даручана ахоўваць у ягоным кабінэце кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі — Галадзеда. Рулёў пакінуў пост, самавольна пайшоў, перадаверыўшы ахову маладому нявопытнаму работніку Турбіну, у выніку чаго Галадзед выкінуўся з вакна і разьбіўся насьмерць, ня даўшы паказаньняў аб сваёй контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Рулёў быў арыштаваны. У працэсе сьледзтва абвінавачаны Рулёў прызнаў, што ён, напэўна ведаючы, што яму была даручана ахова сур'ёзнага злачынцы — кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі, самавольна пайшоў з кабінэту, чым даў магчымасць злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам».

Пэўныя дэталі пераконваюць у сапраўднасьці гэтай гісторыі. Рулёва афіцыйна звольнілі з органаў дакладна ў адпаведнасьці са службовай інструкцыяй, якая дазваляла лічыць арыштаванага, але не асуджанага супрацоўніка ў штаце арганізацыі на працягу роўна двух месяцаў. Рулёў быў асуджаны і правёў у зьняволеньні паўтара гады. Калі ён выйшаў, у НКВД да яго паставіліся досыць прыязна. Бухгальтарскія дакумэнты сьведчаць, што опэрупаўнаважанаму выплацілі зарплату за ліпень-жнівень 1937-га, кампэнсацыю за нявыкарыстаны адпачынак і нават выхадную дапамогу, усяго 1999 рублёў 72 капейкі. Аднак як звольненаму з органаў у сувязі з судовай справай, яму адмовілі ў праве на пэнсію за выслугу гадоў.

У адказе Панамарэнку Цанава пісаў, што паводле інструкцыі нельга аднавіць Рулёва на працы ў НКВД і аказаць матэрыяльную дапамогу. І сапраўды, якая яшчэ дапамога, калі опэрупаўнаважаны даў магчымасць сур'ёзнаму злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам і ўнікнуць паказанняў…

Такая вось гісторыя пра былога старшыню ўраду Беларусі і час, калі шчаслівы быў той, хто перад адказам на пытанні таварышаў па партыі паспяваў пусціць кулю ў сэрца альбо выкінуцца з вакна пятага паверху.

Аднак гэта будзе няпоўная гісторыя, калі не сказаць другую частку праўды пра трагедыю Галадзеда, Чарвякова і астатніх рэабілітаваных і адноўленых у партыі дзеячоў тае эпохі, чые імёны зараз носяць вуліцы Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Непасрэднай прычынай адхілення ад пасады і арышту Галадзеда лічыцца ягоная спроба паставіць пад сумнеў вынікі чысткі беларускай партарганізацыі, якую праводзілі пад кіраўніцтвам маскоўскага пасланца Малянкова. З 59 175 камуністаў, якія налічвала КП(б)Б ў 1932 годзе, у 1937-м у партыі засталося 33 828. Галадзеда, які спалучаў веру ў партыю зь любоўю да Беларусі (у межах бальшавіцкай ідэалёгіі), гэтыя лічбы балюча ўразілі. І ён выступіў на пленуме ЦК з адчайнай, самагубнай прамовай, у якой красамоўныя як спробы абараніць выключаных з партыі, гэтак і агаворкі наконт правільнасьці партыйнага курсу.


Са стэнаграмы XII пленуму ЦК КП(б)Б:


«Галадзед: Некаторыя нашы таварышы гавораць: ачысціліся ад ворагаў і добра. Але ня ўсе ж гэта ворагі. Вось, калі гаварыў таварыш Сталін, што многія думаюць дзясяткамі тысячаў членаў партыі, аб гэтым і ў нас ідзе гаворка. Я папрасіў даць мне зьвесткі, колькі выключылі трацкістаў і іншых ворагаў. Трацкістаў выключылі 7122.

Галасы: Няправільна!

Галадзед: У 1933 пад час чысткі мы, на жаль, мала выключылі трацкістаў, выключылі іх толькі пры праверцы і абмене дакумэнтаў. Яшчэ дадаць трэба нацыяналістаў ды пару тысяч бундаўцаў, дадаць тысячы тры іншых ворагаў — шпіёнаў і іншых.

Голас зь месца: Акрамя гэтага, ёсьць шпіёны, белагвардзейцы!

Галадзед: Згодны, давайце яшчэ дадамо пяць тысяч.

Голас зь месца: Мала!

Галадзед: Давайце дзесяць тысяч на ворагаў прыкінем (шум у зале). Справа, канечне, не ў такім падліку. Але гэтае пытаньне ня дробязнае, пытаньне вельмі сур'ёзнае. Гаворка ідзе пра нацыянальную партарганізацыю…

Галасы зь месца: Правільна!

Галадзед: …дзе фармаваньне партарганізацыі справа самая адказная, дзе кожны член партыі, харошы камуніст цэніцца высока. Але ўсё ж паміж выключаных ёсьць ворагі, ёсьць і ня ворагі. Як можна жартаваць з такім пытаньнем? Мы павінны паглядзець балянс сваёй работы адносна колькаснага складу і ўмацавання КП(б)Б. І становішча такое, што амаль на 43 % скарацілася КП(б)Б.

Сакратар ЦК Валковіч: КП(б)Б усё ж мацней стала.

Галадзед: Яна павінна быць яшчэ мацней. Я не кажу, што КП(б)Б дрэнная. Я кажу, што мы, члены бюро ЦК у першую чаргу, адказваем за гэтую справу, мы дапусьцілі, што за пяць гадоў скарацілася наша партарганізацыя на 25 тысяч членаў партыі. Канечне, ёсьць паміж імі нямала ворагаў, я гэта паўтараю. А рэшта — гэта тое, што тав. Сталін называе «думаць дзясяткамі тысячаў», паводле яго ацэнкі гэта называецца глыбока антыпартыйным учынкам. Чаму мы ня можам прызнаць гэта на пленуме? Тав. Сталін вучыць нас бязьлітасна караць ворагаў, але адначасна трэба клапаціцца аб адзінках членаў партыі. Нават калі прыняць пад увагу, што за гэты час выехала нямала членаў партыі ў іншыя вобласьці, дык усё ж агульнае скарачэньне КП(б)Б, на маю думку, вельмі вялікае, чым бы яго ні тлумачылі».


Усё зьмяшалася ў гэтым выступленьні: адважная спроба абараніць паплечнікаў (не называючы імёнаў), і ашаламляльная гатоўнасьць аднесьці да ліку ворагаў тысячы людзей — нацыяналістаў, трацкістаў, белагвардзейцаў, шпіёнаў. І зусім за межамі прамовы — ня члены партыі. Для прамоўцы не існуюць ахвяры без партбілетаў. Гэта не папрок заднім днём — кіраўнік ураду ня мог ня ведаць, што на пачатак 1937-га былі выключаныя зь ліку свабодных ці жывых у дзясяткі разоў болей людзей, чымся тыя 25 тысяч партыйцаў, якіх ён абараняў.

Вось яшчэ адзін урывак са стэнаграмы таго самага пленуму:

«Сакратар ЦК Валковіч: У Лепельскім раёне ёсьць заявы з подпісамі многіх людзей з патрабаваньнем адкрыць касьцёлы, сынагогі. У Гомельскім раёне зьбіралі галасы. За закрыцьцё — 600 подпісаў, а з боку царкоўнікаў — 1700 подпісаў. Уяўляеце, якая брыдота атрымалася!

Рэпліка тав. Галадзеда: А поп адзін!

Валковіч: Поп якраз павесіўся перад гэтым, замянілі яго іншым, і той аказаўся лепшым, арганізаваў…»

Да членаў партыі нават Сталін вучыў праяўляць спагадлівасьць. Незадоўга перад пленумам, у сярэдзіне сьнежня 1936-га, Галадзед атрымаў ліст знаёмага, працаўніка гідролізнага заводу С. Міцькова, якога выключылі з партыі.

Той пісаў:

«Мікалай Фёдаравіч! Я шчыра ўсьведамляю сваю віну перад партыяй, я паступіў не як пільны бальшавік, даючы паручыцельства за брата, ня ведаючы яго сапраўдных настрояў, гэтым я мог зрабіць, а магчыма, калі б брат аказаўся шпіёнам, і зрабіў прамую дапамогу ворагу. Але я клянуся, што ня меў ніякага злога намеру, верыў у сумленнасьць і адданасьць брата савецкай краіне. Я маю зьвесткі, што брат быццам бы вызвалены З красавіка, але я яго ня бачыў і бачыць не хачу і ня ведаю, дзе ён цяпер. Нават калі ён вызвалены, гэта не здымае зь мяне адказнасьці. Я павінен несьці пакараньне. Але выключэння з партыі я не магу прыняць».

Відаць, Галадзед як член бюро ЦК уключыў ліст у парадак дня бюро. Праз два тыдні, 29 сьнежня 1936 году, бюро ЦК вынесла пастанову: «Лічыць, што няма падставаў для перагляду рашэньня ЦК КП(б)Б аб выключэнні Міцькова з партыі». Пад пастановай — і подпіс Галадзеда, які крыху перасякае лінію, што падзяляе адказы на дзьве часткі, «за» і «супраць». Я перагледзеў многія сотні картак з пастановамі бюро ЦК КП(б)Б, і ні разу ня бачыў ніводнага подпісу ў разьдзеле «супраць». Ня мець свайго голасу і сваёй думкі, фактычна адмовіцца ад сябе як ад асобы абавязвала ўжо сама пасада.

Калі ў канцы 1936-га Галадзед хаця б вынес на разгляд просьбу выключанага з партыі, якому пагражаў немінучы арышт, дык празь пяць месяцаў, у траўні 1937-га, ён ужо сам мусіў праяўляць пільнасьць. На аркушы пэрсанальнага нататніка пад грыфам «Сакрэтна» ён пісаў першаму сакратару ЦК Шаранговічу:

«Як высветлілася пры праверцы і абмене дакумэнтаў, таварыш Лук'янчык, аказваецца, састаяў у БКА (так званая Беларуская камуністычная арганізацыя). У сьвятле апошніх матэрыялаў, якія паказваюць варожую дзейнасьць шэрагу членаў БКА, я лічу немэтазгодным знаходжанне т. Лук'янчыка на пасадзе кіраўніка справаў СНК БССР і прашу Вас прыняць рашэньне бюро ЦК аб вызваленні яго з пасады». Галадзед выдатна ведаў, як разгортваюцца падзеі пасьля такой «просьбы». Тры месяцы перад тым, у лютым, ён сам дакладаў членам бюро ЦК дырэктыву ЦК ВКП(б) ад 13.02.1937: «Аб парадку арышту кіраўнікоў установаў, дырэктараў прадпрыемстваў і інжынэрна-тэхнічных работнікаў». Бюро адзінадушна пастанавіла дырэктыву «прыняць да ведама і выканання».

Подпісы Чарвякова, Галадзеда і іншых рэабілітаваных камуністаў стаяць на сотнях пастановаў бюро ЦК КП(б)Б — аб выкараненні трацкістаў, нацыяналістаў і сіяністаў, сьвятароў і шпіёнаў, белапалякаў, бундаўцаў, гаспадарчых кіраўнікоў і ўласных супрацоўнікаў. Калі яшчэ Чарвякоў і Галадзед былі пры ўладзе, ва ўсю ішоў крывавы разгул гвалтоўнай калектывізацыі, нішчыліся пісьменьнікі і акадэмікі, звар'яцеў ад катаванняў першы старшыня ЦВК Цішка Гартны… Партыя бальшавікоў спачатку атрымала іх душы, а потым запатрабавала іх крыві. Апошнімі імгненнямі жыцьця яны распарадзіліся так, каб ня даць любімай партыі ўласнаручнай асалоды забіць іх фізычна. Іх забіла сыстэма, якую яны самі будавалі, за якую галасавалі і якой дружна, разам з усімі рукапляскалі.


Са стэнаграмы XVI зьезду КП(б)Б:


«Першы сакратар ЦК Шаранговіч: Чарвякоў ня вытрымаў той крытыкі, якая разгарнулася на нашым партыйным зьезьдзе з боку членаў партыі, крытыкі вострай і абсалютна правільнай. Раз скончыў смагубствам, як кажуць, туды яму і дарога!

У зале: Сьмех і воплескі».

Загрузка...