Спрэчцы, аб якой пойдзе гаворка, на момант напісаньня гэтых радкоў ўжо каля сямі гадоў. У сьнежні 1987 году газэта «Звязда» пачала адкрытую размову пра злачынствы сталіншчыны ў Беларусі. За «круглым сталом» сабраліся вязьні ГУЛАГу пісьменьнікі Ян Скрыган і Сяргей Грахоўскі, прыйшоў філёзаф Уладзімір Конан, даслаў свае лагерныя ўспаміны краязнаўца Міхаіл Мельнікаў, у якасьці «раздражняльніка» быў запрошаны вядомы сваімі камуністычнымі перакананьнямі філёзаф Віктар Боўт.
Ужо з гэтай першай публікацыі «Узяць з гісторыі агонь» (22 сьнежня 1987 г.) адразу паўстала праблема катаў і ахвяраў. Прывяду вытрымку з той гутаркі:
«У. Конан: Павінна быць нейкая гістарычная адказнасць за свае дзеяньні. У 30-я гады ў «Ліме» друкаваліся пратаколы партсходаў. Вась даклад са сходу 25 красавіка 1937 году, які рабіў намесьнік старшыні праўлення Саюзу пісьменьнікаў Александровіч. Іван Аляксеевіч Скрыган і Сяргей Грахоўскі яго памятаюць. Цытую: «Жылуновіч — Цішка Гартны — гэта закончаны, закляты вораг беларускага народу; Зарэцкі працягваў тыя ж самыя ідэі, што і Жылуновіч. Сымон Баранавых — кулак, юродзівы бандыт…» і гэтак далей. Дацэнт В. Барысенка ў «акадэмічных артыкулах» 1936 году называў М. Гарэцкага «нацыянал-фашыстам», а Я. Коласа — прапагандыстам «містыкі» і «буржуазнага нацыяналізму». Што было рабіць пасьля гэтага адпаведнаму органу?
Рэпліка: Публічны данос!»
Пасьля публікацыі ў рэдакцыю пайшлі лісты, званілі, прыходзілі ахвяры камуністычнага рэжыму ды іх дзеці. Іх допісы, расказы сталі зьяўляцца на старонках газэты. Быў надрукаваны і ліст Усевалада Ігнатавіча Мазура.
Помню высакароднасць, помню подласьць
«Звязда», 27 сакавіка 1988 г.
Глыбокім болем адазваліся ў маёй душы артыкул «Узяць з гісторыі агонь…» і водгукі чытачоў на яго. У артыкуле нядобрым словам успамінаецца літаратар В. Барысенка, які ў сваіх опусах 30-х гадоў ачарніў М. Гарэцкага і Я. Коласа. Пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні выдатнага беларускага літаратара і ганеньнях на народнага песьняра. Барысенка зламаў жыцьцё і іншым сумленным людзям. Сярод іх — два блізкія мне чалавекі — бацька Ігнат Мікалаевіч Мазур і Марта Іванаўна Калінічэнка.
У 20-я гады яны працавалі настаўнікамі ў Менску і адначасова падрыхтавалі хрэстаматыю «Чырвоная зьмена», якая вытрымала некалькі выданняў. У 1936 годзе Барысенка сфабрыкаваў такі паклёп на гэтую кніжку, што Марта Іванаўна была асуджаная на 5 гадоў зьняволеньня. Бацьку, члена РКП(б) з 1918 году, удзельніка грамадзянскай вайны, выключылі з партыі.
Аб характары «рэцэнзіі» можна меркаваць па такім прыкладзе. У падручніку быў зьмешчаны артыкул аб тубэркулёзе — наколькі ён небяспечны, як засцерагацца ад такой цяжкай хваробы. Адзначалася, што тубэркулёз распаўсюджаны ў Беларусі значна больш, чым на Украіне, у Францыі, Італіі, Нямеччыне. Парткамісія ў 1936 годзе і слухаць не хацела довадаў бацькі аб тым, што трывожныя лічбы прыводзіліся на ІХ зьездзе КП(б)Б і апублікаваныя ў газэтах, і што надрукаваныя яны ў хрэстаматыі дзеля таго, каб школьнікі былі інфармаваныя наконт гэтай хваробы.
— Не, — кідалі яму, — вы жадаеце перакрэсьліць дасягненьні Савецкай улады па ахове здароўя.
Выключэньне з партыі нанесла бацьку страшэнны ўдар, ён доўга хварэў. Але на гэтым ня скончыліся ягоныя пакуты. Як ні цяжка ўспамінаць, у першы ж дзень вайны, у ноч на 23 чэрвеня 1941 году, бацьку арыштавалі. Ніякія абвінавачаньні не прад'яўляліся.
Па сьпісах выклікалі чарговую групу зняволеных і кудысьці адводзілі. Настала і бацькава чарга. Пад аховай павялі за горад. Канваіры зьдзекваліся: «Вось і вас пусьцім у расход, а самі пойдзем да вашых жонак». Выйшлі на магілёўскую шашу, у прыдарожнай яме ўбачылі целы расстраляных…
Зрабілі яшчэ некалькі крокаў і раптам начальнік канвою падае каманду: «Стой!» У 1946 бацька расказваў, што ў яго ад гэтай каманды сэрца як абарвалася. Камандзір зьвярнуўся да калёны:
— Я атрымаў загад расстраляць вас як ворагаў народу. Аднак адчуў шчырасць і разгубленасьць вашых размоваў. Ня верыцца мне, што вы — ворагі. Таму ідзіце да нашых, на ўсход…
Усю вайну бацька быў на фронце, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, мэдалямі. Пасьля вайны бацька часта ўспамінаў таго малодшага лейтэнанта, які захаваў жыцьцё яму і некалькім дзясяткам іншых зьняволеных.
Гараваў, што ня ведаў ягонага прозьвішча, каб нізка пакланіцца яму ў ногі…
А паклёпнік Барысенка? Яго стараньні былі кім трэба ацэненыя, ён хутка ўзьляцеў у гару і да сваіх апошніх дзён займаў высокую кіраўнічую пасаду ў беларускай літаратуразнаўчай навуцы. Быў на вышыні да самай сьмерці ў 1984 годзе, калі яму споўнілася 80 гадоў.
Вячаслаў Мазур
Ад аўтара
Так заканчваўся гэты, адзін з многіх водгукаў на публікацыю гутаркі «Узяць з гісторыі агонь». Ён меў працяг. Пасьля папераджальнага званка ад дырэктара Інстытуту літаратуры В. Каваленкі з абвяржэньнем прыйшла супрацоўніца інстытуту, дачка В. Барысенкі С. Забродская. Пасьля праверкі, перапіскі з архівамі была надрукаваная падборка матэрыялаў, якую адкрываў ліст С. Забродскай. Пулікацыя называлася
«Закрытая» рэцэнзія
«Звязда», 31 ліпеня 1988 г.
…Мой бацька, акадэмік АН БССР В. В. Барысенка, абвінавачваецца ў «ачарненьні» М. Гарэцкага і Я. Коласа і сцвярджаецца, што «пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні выдатнага беларускага літаратара і народнага песьняра». Сапраўды, В. В. Барысенка ў 1936 г. рэзка пісаў пра творчасьць М. Гарэцкага, дапускаючы ідэйна-палітычныя абвінавачаньні, і, вядома ж, памыляўся.
Але пісаў ён пасьля таго, як М. Гарэцкі быў ужо рэпрэсаваны. Такая акалічнасьць не апраўдвае майго бацьку, але сказаць, як гэта робіць У. Мазур, што яго артыкул непасрэдна дачыніўся да гібелі М. Гарэцкага, будзе няпраўдай. Тады, на жаль, пра М. Гарэцкага ў такім духу пісалі многія.
Адносна ж Якуба Коласа У. Мазур зусім ня мае рацыі ў сваіх абвінавачаньнях, кідаецца ў вочы іх бяздоказнасьць, бо няма ніводнай спасылкі ні на дакумэнты, ні на друкаваныя матэрыялы. Калі б так было на самой справе, як піша У. Мазур, то ў майго бацькі не ўстанавілася б добрых дзелавых і прыязных асабістых адносін зь віцэ-прэзыдэнтам АН БССР Я. Коласам, калі бацька працаваў шмат гадоў у падначаленьні Я. Коласа на пасадзе дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР…
Прычынай усіх трагічных падзеяў у жыцьці бацькі У. Мазур лічыць рэцэнзію, якую «сфабрыкаваў» В. Барысенка, але спасылкі на рэцэнзію няма, не сказана, па якіх фактах можна меркаваць, што такая рэцэнзія існавала наогул.
У. Мазур вядзе размову пра вельмі горкія і трагічныя факты ў жыцьці народа і канкрэтных людзей і таму фактычная дакладная доказнасьць мае маральную ацэнку. Бяздоказнасьць абвінавачаньняў і безапэляцыйны тон выказвання аўтара нататкі непрыемна ўражваюць. Зварот жа да канкрэтных крыніц, на якія ўказвае У. Мазур, фактычна пацвярджае безадказнасьць У. Мазура ў асвятленьні падзеяў, пра якія ён узяўся разважаць. Ён нават не паклапаціўся праверыць гэтыя крыніцы.
Сапраўды, хрэстаматыя «Чырвоная зьмена», падрыхтаваная М. Калінічэнкай і І. Мазурам, выйшла ў Менску ў 1925 г. З 1925 па 1930 гг. яна была перавыдадзеная 8 разоў. Але артыкула аб тубэркулёзе, за які быццам зьведалі такія цяжкія спагнаньні ўкладальнікі, ні ў адным выданні гэтага падручніка ніколі не было. Як ніколі не было і рэцэнзіі В. Барысенкі на гэтую кнігу. І гэта зразумела: наогул ці варта пісаць рэцэнзію на падручнік праз шэсьць гадоў пасьля яго апошняга, восьмага перавыдання?!
На хрэстаматыю «Чырвоная зьмена» былі напісаныя тры рэцэнзіі. Адна зь іх («Звязда», 14 жніўня 1929 г.) — рэзка адмоўная. Аўтар, В. Хмялеўская, ставіла пытанне аб карэнным пераглядзе падручніка, сумнявалася ў карысьці яго для вучняў, патрабавала выпраўлення грубых памылак. Артыкул аб тубэркулёзе, які ў якасьці прыкладу «характару» рэцэнзіі В. Барысенкі на хрэстаматыю «Чырвоная зьмена» прыводзіць У. Мазур, змешчаны ў другой хрэстаматыі. Але склалі яе І. Мазур і К. Шапялевіч. Гэта чытанка для 3-га году навучання «Чырвоная Беларусь». Выдавалася ў Менску ў 1925, 1927, 1928, 1929 гг.
У выданнях 1925, 1927 гг. гэтай кнігі ў канцы артыкула аб тубэркулёзе прыводзяцца дзьве параўнальныя табліцы. У адной прыводзіцца лік хворых на сухоты ў БССР на кожную 1000 насельніцтва ў 1923 і 1924 гг. у гарадах і вясковых мясцовасцях. У другой табліцы Беларусь параўноўваецца зь Фінляндыяй, Нямеччынай і Англіяй. Параўнанняў з Украінай і Францыяй, як і ніякіх тлумачэньняў аб прычыне значна большага распаўсюджвання тубэркулёзу ў Беларусі, як сцвярджае У. Мазур, у падручніку няма. Табліцы зьмешчаныя толькі ў двух выданнях — 1925 і 1927 гг. У астатніх табліцы ўжо адсутнічаюць.
Такім чынам, па сцвярджэнню У. Мазура, В. Барысенка напісаў рэцэнзію ў 1936 годзе на выданне падручніка «Чырвоная Беларусь» 1925 або 1927 гг. нягледзячы на тое, што ён перавыдаваўся і ў 1928 і ў 1929 гг. перагледжаным і папраўленым?! А пасьля рэцэнзіі В. Барысенкі, быццам бы, М. Калінічэнку асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, хоць яна ніякага дачынення да хрэстаматыі «Чырвоная Беларусь» ніколі ня мела. Дарэчы, другі складальнік «Чырвонай Беларусі» К. Шапялевіч працягваў выдаваць падручнікі аж да 1963 г.
Час патрабуе аб'ектыўна ўзнавіць трагічныя падзеі 30-х гадоў, назваць сваімі імёнамі высакароднасць і подласць.
Але нельга пры гэтым карыстацца неправеранымі нагаворамі і недабразычлівымі чуткамі, бо гэта абражае само пачуццё высакародзтва. Вядома, В. В. Барысенка быў чалавекам свайго часу, яго крытычнай творчасьці ўласцівыя пэўныя недахопы і ўпушчэньні, абумоўленыя характарам гэтага часу. Але перакананая: няма правоў у У. Мазура, дацэнта, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР, члена КПСС з 1945 г., вэтэрана Айчыннай вайны падаваць факты ў скажоным выглядзе, беспадстаўна публічна зьневажаць і вінаваціць В. В. Барысенку ў паклёпніцтве, які, як і бацька У. Мазура, якому я спачуваю за перажытыя пакуты, з самага пачатку Вялікай Айчынай вайны і да яе канца знаходзіўся на фронце, быў паранены, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчынай вайны ІІ ступені, мэдалямі.
С. Забродская, супрацоўнік Інстытуту
літаратуры імя Я. Купалы АН БССР
Ад рэдакцыі. Як паказала праверка, С. Забродская мае рацыю, сцвярджаючы, што рэцэнзія В. Барысенкі на творы І. Мазура нідзе не была апублікаваная. Гэта была так званая закрытая рэцэнзія, якая ішла мэтавым прызначэннем у пэрсанальную альбо крымінальную (каму як пашанцуе) справу.
Закрыты — ад магчымага абвяржэння, асуджэння з боку сумленных калег і знаёмых, нават дзяцей, — рэцэнзэнт добра ведаў, што патрабавалася даказаць і мог не абцяжарваць сябе пошукам ісьціны.
Многія падобным закрытым спосабам ня толькі ўратавалі свае жыцьці, але і зрабілі службовую, навуковую кар'еру, трапілі ў энцыкляпэдыі і хрэстаматыі…
Публічнасьць сапраўды патрабуе дакладнасьці і доказнасьці. Што ж, адкрыем раней надзейна закрытае.
Чытачы самі змогуць зрабіць вывады, пазнаёміўшыся сёння з тэкстам рэцэнзіі В. Барысенкі (друкуем яе зь некаторымі скарачэньнямі), якую рэдакцыя атрымала з Цэнтральнага партыйнага архіву Інстытуту марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС.
Рэцэнзія
на чытанку «Чырвоная зьмена» для другога году навучання і на чытанку «Чырвоная Беларусь» для трэцяга году навучаньня 1925 году выпуску, укладальнікі І. Мазур, М. Калінічэнка.
…Асноўная частка мастацкага матэрыялу па сваёй тэматыцы зьвязаная з паказам вёскі. Сялянства бярэцца як нешта цэлае, адзінае і падаецца без канкрэтнай класавай дыферэнцыяцыі. У чытанцы ніводнага разу не ўпамінаецца слова «кулак», не паказваецца вобраз кулака як драпежніка.
Самае цэнтральнае месца займае разьдзел «Прырода і багацьці нашага краю», у якім цераз адпаведна падабраныя нарысы, навэлы і апавяданьні і вершы прапагандуецца прышчэпаўская палітыка ў галіне сельскай гаспадаркі. Аўтар у якасьці ідэалаў для беларускай вёскі ставіць «казачную старонку» Данію. «Год 75 таму назад у дзяржаве Даніі, — чытаем мы ў чытанцы, — былі, напрыклад, такія зямельныя парадкі, як у нас зараз: тое ж трохпольле. Але гэтыя парадкі былі зьмененыя, тады сельская гаспадарка Даніі стала хутка папраўляцца».
Атаясаміўшы ўмовы жыцьця 75 год таму назад працоўных мас сялянства Даніі з умовамі жыцьця працоўнага сялянства пры дыктатуры пралетарыяту ў Беларусі і гэтым, вядома, закрэсліўшы ўсё, што прынесла з сабой пралетарская рэвалюцыя працоўным масам вёскі, аўтар чытанкі ў слашчава-сэнтымэнтальных танах, як гэта ўласьціва нацдэмаўскім пісакам, адкрыта папулярызуе мары нацдэмаў і іх рэстаўратарскія ідэалы. «Ёсць на сьвеце, — піша са сьлязьмі на вачах І. Мазур, — невялікая старонка, якая здаецца кожнаму беларускаму селяніну надзвычай прыгожай, але зрабіць такой сваю старонку цяпер пакуль што ён ня можа. Пэўна, Данія — старонка дробнай гаспадаркі, дзе селянін на 4–6 дзесяцінах жыве ня горш за самага лепшага гаспадара».
(Насупраць гэтай цытаты на палях рэцэнзіі ў 1936 г. нехта абураны адзначыў «И это написано!» — А. Л.)
Мабыць для таго, каб абгрунтаваць, што самы бедны селянін Даніі жыве лепш за «нашага гаспадара», І. Мазур прыводзіць табліцу зь лічбамі, у якой сцвярджае, што лік сухотных у Беларусі з году ў год расьце (у 1923 г. — 18 805; у 1924 — 30 546 чалавек) і што Беларусь па вельмі вялікай лічбе сьмярцей ад сухот займае першае месца ў сьвеце. Палітычная сутнасьць арыентацыі нацдэму на кулацка-буржуазную Данію ўсім відавочная і не патрабуе тлумачэньняў. Але аўтар чытанкі ня толькі шкадуе, што пакуль Савецкая Беларусь не падобная на капіталістычную Данію, а імкнецца паказаць шляхі і сродкі ператварэньня Беларусі ў капіталістычную Данію, а менавіта — шлях хутарызацыі. Ідэалізуючы кулацкія гаспадаркі, аўтар чытанкі, каб утаіць сапраўдную контррэвалюцыйную нацдэмаўскую сутнасьць прышчэпаўскай палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі, становіцца на шлях бессаромнай фальсіфікацыі савецкіх законаў. «Дзеля гэтага новы закон Савецкай улады, — кажа Мазур, — які дазваляе селяніну выходзіць на пасёлкі, можа вельмі далёка пасунуць наша земляробства і наогул, сельскую гаспадарку».
Мастацкі тэкст спэцыяльна падабраны ў такім пляне, каб на ім выхоўваць і распальваць у вучня рэакцыйныя ўласьніцкія інстынкты і жаданьні, каб выхоўваць любоў і прывязанасць да сваёй палоскі, хаткі, коніка і дапатопных сродкаў апрацоўкі зямлі. З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца творы Коласа, Гартнага, Бядулі («Новая зямля» і інш.).
Характарызуючы мінулае і сучаснае Савецкай Беларусі, аўтары ў цэлым шэрагу яркіх артыкулаў раскрываюць і паказваюць жудасныя ўмовы жыцьця працоўных мас Беларусі. Але побач з гэтым у чытанках мы маем цэлы шэраг нарысаў, напісаных аўтарамі падручнікаў, у якіх замест паказу гераічнага змаганьня працоўных мас Беларусі пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі папулярызуецца нацыяналістычны міф аб Кастусю Каліноўскім, як легендарным герою, змагару за справу прыгнечаных мас беларускага сялянства. У цэлым шэрагу вершаў мы маем ярка выказаную нацыяналістычную рамантызацыю фэадальнага мінулага. У гэтых вершах мінулае Беларусі эпохі фэадалізму расцэньваецца І. Мазурам як «залаты век».
У чытанках галоўным чынам выкарыстоўваюцца творы беларускіх пісьменьнікаў зь ярка выражанымі ўпадніцкімі і нацдэмаўскімі настроямі. Нават больш таго, шырока прадстаўлены творы вядомага нацыянал-фашыста Алеся Гаруна, які, як вядома, у пэрыяд грамадзянскай вайны заядла змагаўся супраць дыктатуры пралетарыяту і зь Беларусі выехаў разам зь Пілсудскім.
Ацэнкі артыкулаў I. Мазура (часопіс «Асьвета», 1925-1929 гады), на маю думку, павінны давацца ў неадрыўнай сувязі зь дзейнасцю I. Мазура як рэдактара часопіса «Асьвета» на працягу пяці год. Вядома, што на старонках гэтага часопіса Баліцкі, будучы наркамам асьветы, разьвіваў і абгрунтоўваў асноўныя ўстаноўкі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў пытаньнях народнай асьветы. Артыкулы Мазура носяць характар інфармацыі, але, нягледзячы на рэвалюцыйную фразэалёгію, выконвалі функцыю папулярызацыі паасобных мерапрыемстваў, якія праводзіліся часам па ўказцы Баліцкага.
Узяць артыкул «Інтэрнацыянальнае выхаванне ў школе». У асноўным правільна вызначаюцца задачы інтэрнацыянальнага выхавання. Але побач з творамі такіх пісьменьнікаў, як Бедны, Безыменскі, Горкі, Александровіч і г. д., якія сапраўды садзейнічаюць выхаванню вучняў у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму, даюцца такія творы як «Панская сучка» Гарэцкага, вершы нацыянал-фашыста Гаруна, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча.
Ацэньваючы літаратурную прадукцыю І. Мазура ў цэлым, мы павінны зрабіць наступныя вывады: як у асноўных яго працах, так і паасобных артыкулах знаходзяць сваё яскравае выяўленне ўстаноўкі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў галіне культурна-нацыянальнага будаўніцтва і ў галіне аграрных пытаньняў. Школьныя чытанкі, укладзеныя І. Мазурам, зьяўляюцца па сваёй палітычнай накіраванасьці варожымі і шкоднымі. Артыкулы, зьмешчаныя ў часопісе «Асьвета», ня толькі не накіраваныя на выкрыцьцё нацыянал-дэмакратызму, а ў паасобных выпадках выконваюць функцыю папулярызацыі нацдэмаўскіх установак і таксама зьяўляюцца шкоднымі.
Барысенка В. В. 9.06.1936 году.
(Прышчэпаў Д. Ф. (1897–1940), наркамзем БССР (1924–1929); Баліцкі А. В. (1891–1937), наркам асьветы БССР (1926–1929), — пастановай калегіі ОГПУ ад 18.03.1931 былі зьняволеныя ў канцлагер на 10 гадоў кожны. 14 чэрвеня 1988 г. Судовая калегія Вярхоўнага Суда БССР адмяніла пастанову калегіі ОГПУ адносна Прышчэпава і Балцкага за адсутнасьцю ў іх дзеяньнях складу злачынства.)
Роздум замест эпілёгу
Час лечыць?
Зрываць покрыва нематы з падзеяў нават паўвекавой даўнасьці — быццам зьдзіраць прысохлы бінт з крыватачывай раны нашай гісторыі.
Баліць усім — ахвярам, катам, іх памагатым, нам, хто сёньня ўглядаецца ў мінулае, спрабуе зразумець яго ўрокі.
Але боль гэты — гаючы, калі ў аснове яго праўда. Яна дапамагае зжываць, выкарчоўваць сталіншчыну з псыхікі, звычак, паводзін. Мэтадалёгія навешваньня ярлыкоў і стварэння вобразу ворага, якую яскрава дэманструюць архіўныя дакумэнты, на жаль, яшчэ ня ўсімі здадзеная ў архіў.
У 1955 годзе пераглядалася справа І. Мазура, які цудам застаўся жывы, і былі запатрабаваныя тлумачэньні аўтара закрытай рэцэнзіі, у той час дырэктара Інстытуту літаратуры і мовы АН БССР В. Барысенкі. Ён пісаў:
«У 1936 годзе я даў водгук на школьныя хрэстаматыі, складзеныя І. Мазурам у суаўтарстве з К. Шапялевіч і М. Калінічэнка. У маім водгуку асноўны націск зроблены на матэрыялах з жыцьця вёскі. У ацэнках я дапусьціў, як мне ўяўляецца цяпер, антыгістарычны падыход. У ацэнцы я падышоў з пазыцыяў 1936 г., калі пісаўся мой водгук, а не з пазыцыяў 1926 г., калі пісалася рэцэнзуемая кніга. Вядома, што ва ўмовах Беларусі 1936 год быў годам вострай барацьбы з буржуазнымі нацыяналістамі, барацьбы за ліквідацыю вынікаў іх варожай дзейнасьці ў органах сельскай гаспадаркі, якую нацыяналісты імкнуліся пусьціць па шляху капіталістычнага разьвіцьця, асьветы, нацыянальнай культуры і г. д.
Пад уплывам гэтай канкрэтнай абстаноўкі я расцаніў тады зьмешчаныя матэрыялы, якія выступалі за пасёлкі, як прапаганду прышчэпаўскай, г. зн. нацдэмаўскай палітыкі. У кнігах пісалася пра 1926 г., калі высяленьне на пасёлкі праводзілася па закону, што тады дзейнічаў. І, зразумела, прапаганда гэтага мерапрыемства не заключала ў сябе нічога недазволенага.
Значыць, дадзеная мной ацэнка гэтых матэрыялаў была антынавуковай, а, значыць, няправільнай. Разглядаць і трактаваць іх як прапаганду «прышчэпаўшчыны» няма падставаў».
Якія тут камэнтары патрэбныя? Кідаецца ў вочы, як умела падводзіцца «аб'ектыўная» база пад вымушанае апраўданьне: палітычнае абвінавачаньне — прысуд 1936 году — у 1955 кваліфікуецца як «антыгістарычны падыход». Многае са сваіх прац В. Барысенка, Л. Бэндэ, Я. Бранштэйн і іншыя крытыкі і літаратуразнаўцы 30-х гадоў хацелі б аб'явіць чыста навуковымі памылкамі…
С. Забродская абвяргае сьцьвярджэньні У. Мазура аб тым, што «пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні М. Гарэцкага і ганеньнях на Я. Коласа» як цалкам беспадстаўнае. Гэта ня так. Творы Купалы і Коласа «прасякнутыя ідэямі нацыяналізму і ўпадніцтва», «Колас ідэалізуе моцную кулацкую гаспадарку і ўласнасьць наогул», «выступае як дробнабуржуазны пісьменнік»… Такіх і падобных ацэнак творчасьці песьняра розных пэрыядаў нямала ў артыкулах В. Барысенкі (гл. Беларуская савецкая літаратура. Літаратурная хрэстаматыя для ІХ і Х класаў. Менск, 1935; часопіс «Полымя рэвалюцыі» № 2–3, 1933 г. і інш.).
А што датычыць М. Гарэцкага… Можна, аказваецца, і ў 1988 годзе спрабаваць дзяліць маральнасьць на дзьве часткі: адна да арышту, другая пасьля. Але народная мараль ва ўсе часы сьцьвярджала: ляжачага ня б'юць. Тым больш — хеўрай. М. Гарэцкі, як вядома, загінуў у 1939 годзе і палітычныя абвінавачаньні ў ягоны адрас, зь якімі В. Барысенка выступаў у друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялі выратаваньню пісьменьніка. У 1937 годзе, знаходзячыся ў ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз і пайшоў на катаргу…
Гэткі ж лёс напаткаў Прышчэпава і Баліцкага. Прышчэпаў у жніўні 1937 г., пасьля датэрміновага вызвалення, быў паўторна арыштаваны «з-за зноў адкрыўшыхся акалічнасьцяў», этапаваны з Магадана ў Менск і ў лістападзе 1939 г. асуджаны да расстрэлу. Прысуд не прывялі ў выкананне з-за сьмерці асуджанага. У справе Баліцкага 25.09.37 г. таксама «адкрыліся новыя акалічнасці» і пасьля катаваньняў (сьледзтва вёў опэрупаўнаважаны НКВД Быхоўскі, сам у 1939 годзе асуджаны за зьдзекі над вязьнямі) 30 лістапада 1937 г. ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны на наступны дзень. Зусім магчыма, нечыя «закрытыя» сьведчаньні дапамаглі «адкрываць новыя акалічнасці»…
…Мы ведаем — будучыня за праўдай. І ў нас павінна хапіць сіл, мужнасьці і мудрасьці не адвярнуцца, не адступіць у пошуку ісціны, якой бы трагічнай, балючай для нас асабіста яна ні была. Узіраючыся ў дзень учарашні, мы задаём сабе самае надзённае пытаньне: як жыць сёньня?
Гісторыя адказвае: жыць так, каб не было сорамна ні перад бацькамі і дзядамі, якія зрабілі рэвалюцыю і перамаглі фашызм, ні перад уласнымі дзецьмі і ўнукамі.
А. Лукашук «Звязда»,
31 ліпеня 1988 г.
Ад аўтара
Гэтая публікацыя ледзь не сарвалася па маёй уласнай віне. Якраз напярэдадні яе выхаду ў сьвет я ўдзельнічаў у нарадзе журналістаў, якую праводзіў загадчык ідэалагічнага аддзелу ЦК КПБ С. Паўлаў, вядомы жандар беларускай прэсы. Адзін з запрошаных, рэдактар маладзёжнай газэты, хвастаў, як ён выкрыў антысавецкаю правакацыю. Да яго зьвярнуўся хлопчык, які зь сябрамі цікавіўся жыцьцём паўночнаамэрыканскіх індзейцаў, і папрасіў расказаць пра іх групу ў газэце — яны хочуць аб'яднацца з аднадумцамі, перапісвацца з індзейцамі, расказваць пра гэта ў прэсе.
— Разумееце, што атрымліваецца, — наліваўся голас прамоўцы радаснай урачыстасцю, — гэта ж яны хацелі працягнуць меркаваньне, што Беларусь таксама рэзэрвацыя!..
Мяне як шылам ткнулі, настолькі дакладна ход думкі пільнага газэтчыка паўтараў абвінаваўчую мэтадалёгію Барысенкі. Я ўстаў і пачаў з гэтай жахлівай аднатыпнасці мыслення, згадаў падрыхтаваную да друку рэцэнзію Барысенкі, а калі загаварыў пра дэсталінізацыю сьвядомасьці, партідэоляг стаў перабіваць, я агрызацца і справа скончылася скандалам з крыкамі і пагрозамі. (Адзіны з паўсотні калег, хто паспрабаваў тады суцішыць партыйнага хама, што ўвайшоў у звыклы разносны рэж, быў Генадзь Бураўкін, тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё.)
Тым ня менш публікацыя выйшла. Пытаньне «як жыць?» у перадапошнім сказе майго камэнтару было пастаўлена правільна. А вось адказ добра сведчыць, якая блытаніна яшчэ была тады ў галаве, як, дарэчы, і навокал. Рэабілітацыя ахвяраў ішла пад кіраўніцтвам КПСС, прафесійныя атэісты праводзілі магічныя апэрацыі з душамі забітых і аднаўлялі іх у партыі, а грамадзтва рукапляскала і вярталася «наперад да Леніна».
Праз год пасьля публікацыі «Закрытай рэцэнзіі» высветлілася, што я памыляўся ня толькі з адказам «як жыць», але і з заключным словам як жанрам — да эпілёгу ў справе Барысенкі было яшчэ далёка. 1 верасня 1989 году газэта «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла артыкул Віктара Каваленка прысвечаны В. Барысенку і маёй публікацыі.
Дзе віна, дзе бяда…
Перадавых людзей краіны радуе, што інтэнсіўна паглыбляюцца працэсы перабудовы. Дэмакратызацыя вядзе да зьмены палітычных структур, што абяцае фармаваньне новага, сапраўды гуманістычнага аблічча сацыялізму. Ідзе барацьба за новую сацыялістычную якасьць народнай сьвядомасьці. З гэтай мэтай сёньня строга «дапытваецца» мінулае, высвятляюцца абставіны і шляхі, якія прывялі да трагедыі сталінізму. Крывавая рэпрэсіўная сістэма жорстка ламала чалавечыя лёсы, асуджала мільёны людзей на пакуты і зьдзек.
І зусім зразумела, што каб разабрацца ў сацыяльнай, ідэйнай і маральнай сутнасьці падзеяў таго часу, патрэбен іх аб'ектыўны і глыбокі аналіз. І ў гэтай надзвычай важнай і адказнай справе ня можа быць дробязяў, бо самі факты мінулага яшчэ крывавяць трагічнай памяцьцю, будзяць вострыя ўспаміны пра перажытае. Тут пасьпешлівасьць ці недастаткова пільная ўвага да сукупнасьці ўсіх фактаў больш чым шкодная. У дадзеным выпадку, як ні пры якай, бадай, іншай нагодзе, праўда мае адкрыта маральнае і палітычнае выяўленьне.
Рэспубліканскім друкам усьлед за ўсесаюзным прароблена немалая праца па факталягічным і маральна-палітычным узнаўленьні праўды страшнага мінулага.
27 сакавіка 1988 году газэта «Звязда» зьмясьціла допіс заслужанага работніка вышэйшай школы БССР У. Мазура «Помню высакароднасць, помню подласць», у якім ён згадваў пра лёс свайго бацькі І. Мазура, рэпрэсаванага ў гады сталінскага беззаконьня. Згадваў, вядома, з апраўданым гневам і абурэньнем, імкнучыся знайсьці адказы на трывожныя, няясныя пытаньні: як такое магло здарыцца і хто вінаваты?
У масавых людзкіх трагедыях пэрыяду культу асобы, як гэта цяпер усім вядома, ёсьць канкрэтныя віноўнікі, акрамя І. Сталіна. Іх імёны ўсё шырэй і шырэй называюцца ў друку, што заканамерна. Аднак тут несумненна патрабуюцца асьцярожнасьць, дакладнасьць, строгі індывідуальны падыход і вычарпальная ацэнка, пільная ўзважанасць усіх фактаў, бо інакш можна выклікаць новую несправядлівасьць і жорсткасьць.
Асаблівасьць выступленьня У. Мазура таксама ў тым, што ён робіць спробу знайсьці канкрэтных віноўнікаў няшчасця сваёй сям'і. У допісе такім канкрэтным віноўнікам называецца літаратуразнаўца і крытык В. Барысенка, пазьней акадэмік АН БССР, які шмат гадоў, у тым ліку і пасьля XX зьезду КПСС, займаў пасаду дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. Прычым, у допісе У. Мазура прама гаворыцца, што В. Барысенка атрымаў высокія званьні за беспрынцыпную палітычную пазыцыю ў 30-х гадах, за напісаньне рэцэнзіі зь несправядлівымі палітычнымі абвінавачаньнямі аўтараў хрэстаматыі «Чырвоная зьмена» І. Мазура і М. Калінічэнкі.
Пасьля публікацыі У. Мазура «Помню высакароднасць, помню подласць» у «Звяздзе» ад 31 ліпеня 1988 году выступіла дачка Барысенкі С. Забродская, якая пісала, што абвінавачаньні супраць яе бацькі перабольшаныя і што згаданай У. Мазурам рэцэнзіі не існуе. Аказалася, што рэцэнзія была «закрытай» і таму ў друку не зьяўлялася. Гэтую рэцэнзію ў скарочаным варыянце газэта апублікавала ў тым жа нумары з камэнтарамі А. Лукашука, які адназначна і безагаворачна падтрымаў непасрэдную вінаватасьць В. Барысенкі ў рэпрэсіях супраць І. Мазура, М. Калінічэнкі, а таксама — Д. Прышчэпава, A. Баліцкага і іншых.
Азнаямленьне з гэтымі матэрыяламі адносна асобы B. Барысенкі не пераканалі мяне ў дастатковай аб'ектыўнасці вывадаў, зробленых на іх падставе. На маю думку, у дадзеным выпадку патрэбны больш глыбокі і акуратны аналіз сітуацыі і больш уважлівы ўлік фактаў, зьвязаных зь біяграфіяй В. Барысенкі.
Вядома, В. Барысенка вінаваты перш за ўсё ў тым, што ён напісаў такую рэцэнзію, незалежна ад таго, шчыра ён памыляўся ці ня шчыра. Гэта бясспрэчна падрывае яго аўтарытэт як чалавека і вучонага, далучае да тых сіл, якія ў часы культу асобы Сталіна тварылі беззаконьне. Можна дапусьціць таксама, што закрытая рэцэнзія В. Барысенкі магла быць выкарыстаная некім для ўзмацнення рэпрэсіўных акцыяў супраць канкрэтных людзей. Але ня будзем забывацца ў такім выпадку, што гэта ўсяго толькі наша меркаваньне, толькі дапушчэньне. Пакуль што няма рэальных фактаў, якія дазвалялі б прасачыць уплыў рэцэнзіі на трагічны лёс канкрэтных людзей. Вядома, заўсёды можна сказаць, што яна для такой мэты і пісалася. Але гэта будзе абстрактная пасылка, бо застануцца многія супярэчнасці, фактычныя несупадзеньні. Прынамсі, адкрытых заклікаў да расправы з кім-небудзь у рэцэнзіі няма.
Застаецца невядомым, таксама, у якой ступені выкарыстоўвалася і наогул ці выкарыстоўвалася рэцэнзія В. Барысенкі ў палітычных абвінаваўчых справах І. Мазура, М. Калінічэнкі, тым больш Д. Прышчэпава, А. Баліцкага і іншых. Тут узьнікае нямала сумневаў. Так, М. Калінічэнка сапраўды была рэпрэсаваная. Але ў другім допісе, зьмешчаным у «Ліме» 19 жніўня 1988 году, сам У. Мазур піша ўжо, што М. Калінічэнка была арыштаваная як «жонка нацдэма», хоць у першым допісе «Помню высакароднасць, помню подласць» у арышце М. Калінічэнкі прама вінаваціў В. Барысенку. «У 1936 г., — сцвярджаецца ў першым допісе, — Барысенка сфабрыкаваў такі паклёп на гэту кніжку (хрэстаматыя «Чырвоная зьмена» — В. К.), што Марта Іванаўна была асуджаная на 5 гадоў зьняволеньня». Кідаецца ў вочы, што ў рэцэнзіі В. Барысенкі прозьвішча М. Калінічэнкі ўвогуле ня згадваецца. Газэта «Звязда» чамусьці зьмясьціла рэцэнзію В. Барысенкі пад загалоўкам «Рэцэнзія на чытанкі «Чырвоная зьмена» і «Чырвоная Беларусь» (1925 году выпуску, укладальнікі І. Мазур і М. Калінічэнка)», хоць на самой справе ў машынапісе яна мае загаловак «Рэцэнзія на працы І. Мазура». Прозьвішча М. Калінічэнкі не прысутнічае ў тэксьце рэцэнзіі.
У падмене загалоўка газэтай ня будзем бачыць нейкі зламысны намер. Але факт застаецца фактам: у выніку недагляду — скажам так — віна В. Барысенкі штучна павялічваецца.
Сёньня, калі мы ведаем пра жорсткую няўмольнасць рэпрэсіўнай машыны, зьвяртае на сябе ўвагу і такая важная акалічнасць, якую наўрад ці можна паставіць у прамую віну В. Барысенку: рэцэнзію В. Барысенка напісаў у 1936 годзе, а І. Мазур быў арыштаваны толькі на першы дзень вайны. І тут сумненьне: калі б менавіта гэтая рэцэнзія служыла прамым і адзіным доказам «віны» І. Мазура, наўрад ці органы ГПУ сталі б марудзіць. Дарэчы, у рэцэнзіі В. Барысенкі былі і станоўчыя ацэнкі прац І. Мазура, хоць і выказаныя дэкляратыўна, але публікуючы рэцэнзію, газэта чамусьці скараціла іх. Мы не бяромся сцвярджаць, што станоўчыя выказваньні аўтара рэцэнзіі маглі хоць неяк зьмякчыць лёс І. Мазура, але калі яны апушчаны, пазыцыя Барысенкі выглядае яшчэ больш аднабакова нэгатыўнай, чым яна была на самай справе.
Так, І. Мазур і М. Калінічэнка выключаліся з партыі, але зноў цяжка сказаць, наколькі да гэтага непасрэдна дачынілася рэцэнзія В. Барысенкі. Прынамсі, В. Барысенка быў ня першы, хто несправядліва ацаніў хрэстаматыю «Чырвоная зьмена». Чытанкі, аўтарамі якіх былі М. Калінічэнка і І. Мазур, у тым ліку хрэстаматыя «Чырвоная зьмена», падвяргаліся палітычнаму разносу ў друку ўжо з 1929 году. Як прыклад, можна назваць бібліяграфічны водгук В. Хмялеўскай «Чым кормяць нашых вучняў. Аб кнізе «Чырвоная зьмена» («Звязда», 14 жніўня 1929 году) і артыкул Л. Талмачова «Разрыў з жыццём. Кулацкая ідэалёгія ў школьных падручніках» («Чырвоная зьмена», 5–6 кастрычніка 1929 году). Такім чынам В. Барысенка быў, прынамсі, трэцяй, а не першай асобай у шэрагу ганіцелей аўтараў хрэстаматыі «Чырвоная зьмена».
Некалькі дзіўным і не зусім зразумелым зьяўляецца і такі факт. Прымаючы да друку выступленьне С. Забродскай, супрацоўнікі газэты «Звязда» не сказалі ёй, што рэцэнзія ўсё ж існуе, хоць ведалі пра гэта. Калі б С. Забродская мела патрэбную інфармацыю, яна, напэўна, устрымалася б ад выступленьня ў газэце. Але яе выступленьне надрукавалі — і эфэкт атрымаўся «вялікі». Толькі ці да месца нават самы маленькі лоўчы азарт у такіх справах?
Вельмі істотным упушчэньнем у камэнтарах А. Лукашука «Роздум замест эпілёгу» зьяўляецца, на мой погляд, тое, што ён нідзе не гаворыць, што погляды і ацэнкі, выказаныя ў закрытай рэцэнзіі В. Барысенкі, былі агульнапрынятымі ў друку 30-х гадоў і адлюстроўвалі афіцыйную лінію савецкіх і партыйных органаў. Сапраўды, у рэцэнзіі згадваюцца з адмоўным значэньнем прозьвішчы Д. Прышчэпава і А. Баліцкага, але ж вядома, што гэтыя прозьвішчы хаяліся ва ўсім друку ўжо з канца 20-х гадоў. З камэнтароў жа А. Лукашука можна зрабіць вывад, што ініцыятыва ў нападках на Д. Прышчэпава і А. Баліцкага належала В. Барысенку. І Д. Прышчэпаў, і А. Баліцкі былі ўжо даўно арыштаваныя і на ўсю моц працавала ўжо магутная сыстэма падаўленьня ўсяго сумленнага, цьвяроза-рэалістычнага, мудрага, самастойна мыслячага, што было ў народзе. Немагчымай стала і сумленная ацэнка сучасных людзей. Навошта гуляць у хованкі: не В. Барысенка і нават ня першы сакратар ЦК КПБ вызначаў тады, як характарызаваць дзейнасьць Д. Прышчэпава. Тут усё ўжо было прадвызначана. Не згадаць пра гэта — значыць у нейкай ступені адступіць ад праўды жыцьця і гісторыі. Супрацоўнікі «Звязды» не захацелі нават заглянуць у БелСЭ, дзе прозьвішчы Д. Прышчэпава і А. Баліцкага нават ня згадваюцца. А гэта ж нядаўні час, 70-я гады. Няўжо і ў гэтым вінаваты В. Барысенка?
У той час ніхто ня мог пісаць станоўча таксама пра К. Каліноўскага і А. Гаруна, бо афіцыйная ацэнка іх грамадзкай і літаратурнай дзейнасьці была рэзка адмоўная.
Але недастаткова аб'ектыўнае асьвятленьне асобы В. Барысенкі ў матэрыялах, зьмешчаных у газэце «Звязда», выявілася ня толькі ў тым, што ў іх не даецца характарыстыка агульнага фону ідэйнага і духоўнага жыцьця сярэдзіны 30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, што А. Лукашук зусім не гаворыць, якім быў і як паводзіў сябе В. Барысенка пасьля XX зьезду КПСС. Аўтар камэнтароў не захацеў нічога высьвятляць па лініі пазьнейшых грамадзянскіх паводзін В. Барысенкі. А гэта надзвычай важна. Як вядома, у сьвятле палітыкі і ідэалогіі XX зьезду партыі зусім неаднолькава глядзіцца, прыкладам, грамадзянскае і маральнае аблічча з аднаго боку М. Хрушчова і А. Мікаяна, а з другога — Л. Кагановіча, Г. Малянкова і В. Молатава. Што датычыць асобы В. Барысенкі, то ўсе, хто ведаў яго і працаваў разам зь ім, могуць засведчыць, што ён зь вялікай радасцю ўспрыняў ідэі XX зьезду КПСС, шчыра вітаў усе перамены ў эканамічным, сацыяльным і культурным жыцьці краіны і — што самае галоўнае — сам працаваў мэтанакіравана і актыўна ў духу новага часу. Будучы доўгі час, да 1973 году, на пасадзе дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, ён сьмела і рашуча падтрымліваў сумленныя навуковыя пошукі супрацоўнікаў, шмат зрабіў, каб ў Інстытуце літаратуры і ва ўсім беларускім літаратуразнаўстве панавала здаровая маральная атмасфэра, якая садзейнічала б разьвіцьцю самастойнай думкі, непрыняцьцю вульгарна-сацыялягічных спрашчэньняў у літаратуразнаўчых ацэнках.
Гэта ён у пачатку 60-х гадоў публічна сказаў тагачаснаму сакратару ЦК КПБ па ідэалёгіі, які любіў каманду ў культурнай палітыцы: «Вы ідзеце да перамен, як Швэйк на фронт». Прызнаем, што нават сёньня ня кожны самы шчыры прыхільнік перабудовы асьмеліцца на такое. Для нас сёньня павінна быць вельмі важна, што В. Барысенка быў чалавекам, які ўсьведамляў свае памылкі і імкнуўся калі ня выправіць іх, то, прынамсі, не паўтарыць.
Так, В. Барысенка ў 30-я гады разам зь іншымі літаратуразнаўцамі даваў несправядлівыя, ідэйна скажоныя ацэнкі дзейнасьці і творчасьці К. Каліноўскага, А. Гаруна і М. Гарэцкага. Але ён пазьней рашуча адмовіўся ад гэтых ацэнак. І гэта шмат гаворыць у яго карысьць. У «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), якая стваралася пры яго творчым удзеле і пад яго навуковым кіраўніцтвам, дзейнасьць і творчасьць К. Каліноўскага, А. Гаруна і М. Гарэцкага ацэнена зусім інакш. Пра М. Гарэцкага ў «Гісторыі…» зьмешчаны асобны разьдзел, у якім у адрас пісьменьніка справядліва не сказана ўжо ніводнага самага бяскрыўднага крытычнага слова. Асобны артыкул аб'ектыўнага зьместу быў падрыхтаваны тады і пра творчасьць А. Гаруна, але ён ня быў зьмешчаны ў «Гісторыі…» па прычыне, якая не залежала ад жаданьня В. Барысенкі.
Б. Сарноў у артыкуле «Пра «маўчальнікаў» і «першых вучняў»», аналізуючы як гераічныя, так і трусьлівыя лёсы многіх людзей у перыяд культу асобы і застою, робіць, на мой погляд, хоць і вымушаны, маральна ўступлівы, але гістарычна непазьбежны вывад: «У рэшце рэшт важна ня тое, якім ты быў сорак, ці трыццаць, ці дваццаць, і нават дзесяць гадоў назад. Важна, які ты цяпер.
Вядома, карані сёньняшніх паводзін людзей вядуць у іх мінулае. Але «водападзел» праходзіць не між тымі, хто «грэшны», і тымі, хто «без граху», а між тымі, каму падабаўся, каго задавальняў мінулы час, і тымі, каму было тады моташна, невыносна». («Огонек», 1989, № 16, с. 30).
В. Барысенку таксама было «моташна, невыносна», пра што сьведчыць яго жыцьцёвая лінія пасьля XX зьезду партыі.
Вядома, нельга спрашчаць маральны і грамадзянскі зьмест асобы В. Барысенкі, зыходзячы толькі з аднаго станоўчага і прывабнага, што было ў ім. Бясспрэчна, ён быў чалавекам свайго часу і разам са сваім часам пераадольваў цяжар фальшывых установак, стэрэатыпных прадпісанняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых кан'юнктурных адрачэньняў. Здаралася, што і пасьля XX зьезду КПСС у яго выступленнях трапляліся пасьпешлівыя і неапраўданыя ацэнкі і вывады, зробленыя на падставе старых, няплённых тэарэтычных канонаў. Так, напрыклад, ён незаслужана асуджаў некаторыя творы В. Быкава, выступаў з нападкамі ў ходзе афіцыйна разьвязанай кампаніі супраць рамана Б. Пастарнака «Доктар Жывата», як і многія тагачасныя крытыкі і пісьменьнікі. Памыляўся ён часам і ў падборы кадраў. І ўсё ж тое станоўчае і карыснае, што было зроблена В. Барысенкам для разьвіцьця беларускай літаратуры, беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, не павінна быць забыта ці закрэсьлена, нават калі мы пры гэтым справядліва асуджаем яго памылкі.
Віктар Каваленка
Ад аўтара
Адказ-абвяржэньне В. Каваленкі стаў для мяне нечаканасьцю. Прайшло больш за год пасьля публікацыі «Закрытай рэцэнзіі», і перамены за гэты час адбыліся такія, як за дзесяцігодзьдзі.
Ужо ў «барацьбе за сацыялістычную якасьць народнай сьвядомасьці» ЦК КПБ і мясцовая паліцэйшчына справілі свой шабаш на Дзяды, ужо з газэт выкідвалі рэдактараў, якія занадта «інтэнсіўна паглыблялі працэсы перабудовы». На БНФ, «Талаку» ды іншых нефармалаў са старонак «Политического собеседника», «Вечернего Минска», іншых выданьняў абрынуліся патокі хлусьні, якую рыхтавалі як партыйныя органы, гэтак і газэтныя халуі. (Нагнятаўся псыхоз. Двое саслужыўцаў па «Звяздзе», заўважыўшы «нефармальных» гасьцей у маім кабінэце, ня вытрымалі, пабеглі і пазванілі ў КГБ. З пільнымі калегамі ў калектыве па-ранейшаму віталіся.)
На гэтым фоне газэта «Літаратура і мастацтва» заставалася ці не адзіным выданнем, якое пасьлядоўна супрацьстаяла злавоннай Вандэі. Галоўны рэдактар Анатоль Вярцінскі добра трымаў удар, рэдакцыя з адвагай адстойвала прынцыпы маральнай журналістыкі. Палемізаваць зь «ЛіМам», далібог, не хацелася.
Артыкул В. Каваленкі быў зьмешчаны на апошняй старонцы штотыднёвіка пад рубрыкай «Ліст у рэдакцыю». На адваротным баку старонкі пад рубрыкай «З паэтычнай пошты» былі надрукаваныя іншыя лісты ў рэдакцыю — вершы чытачоў пра Курапаты. «Праз хвіліну мяне расстраляюць», — так, ад першай асобы, з краю курапацкага рва пачынаўся верш Алеся Жыгунова:
…Нас, магчыма, пасьля апраўдаюць,
Толькі ўсё гэта будзе пасьля.
А пакуль на крывавым дасьвецьці
Просім літасьці ў катаў дарма.
А пакуль справядлівасьці ў сьвеце,
У цэлым сьвеце ні кроплі няма.
Не адказваць было немагчыма.
Дырэктар літаратуры
На пачатку 60-х гадоў група беларускіх пісьменьнікаў у часе творчай паездкі наведала Нарыльск. Для некаторых — Сяргея Грахоўскага, Яна Скрыгана, гэта было ня першае падарожжа на Поўнач, але першае без канвою, сабак, звычайнага «крок налева-направа — страляем». На літаратурных вечарынах гасьцей абступалі шматлікія землякі. Пасьля вызвалення зь лягераў многім не было да каго вяртацца ў Беларусь — сем'і загінулі, сваякі адракліся…
— А ці ведае хто Васіля Барысенка? — запытаўся адзін з былых вязьняў.
— У Менску ёсьць крытык Барысенка…
— Гэта мой родны брат. Прозвішча толькі зьмяніў…
Да нядаўняга часу імя акадэміка, заслужанага дзеяча навукі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, шматгадовага дырэктара Інстытуту літаратуры сустракалася выключна ў станоўчым кантэксце. У шэрагу публікацыяў у «Звяздзе» (1987–88 г.) згадваліся акалічнасці шляху крытыка да навуковых вяршынь, якія раней замоўчваліся… 1 верасьня 1989 году ў палеміку ўступіў крытык Віктар Каваленка.
Чаму члену-карэспандэнту АН, заслужанаму дзеячу навукі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі, цяперашняму дырэктару Інстытуту літаратуры спатрэбіўся адзін год і адзін месяц, каб выступіць у абарону свайго былога кіраўніка і настаўніка? Прачнуўся інстытуцкі патрыятызм? Адкрыліся новыя факты, якія дазваляюць іначай ацаніць паводзіны Барысенкі? Ці трынаццацімесячная паўза і выбар другога выданьня для адказу спатрэбіліся, каб чытачы ня ведалі або забыліся пра зьмест папярэдніх матэрыялаў?…
Лепш за ўсё, каб чытачы самі параўналі публікацыі. Непрыемна адказваць на папрокі ва ўяўных скажэньнях, палемізаваць з вывадамі накшталт таго, што ўдакладненая рэдакцыяй назва рэцэнзіі штучна павялічвае віну Барысенкі. Яго віну ня так проста павялічыць. І што можна запярэчыць апанэнту, які лічыць: раз Барысенка быў ажно трэцім, хто крытыкаваў чытанкі, дык гэта мяняе справу. У прынцыпе, канешне, мяняе: дабіваць ахвяру — горш. В. Каваленка, несумненна, разьлічваў на адваротны эфэкт гэтага факту. Але ня трэба раўняць выступленьне ў друку 1929 году і спэцводгук 1936-га. Апошні, апроч ацэнкі чытанак, выносіў прысуд літаратурнай, рэдактарскай дзейнасьці І. Мазура ў цэлым: «Як у асноўных яго працах, так і паасобных артыкулах знаходзяць сваё яскравае ўяўленьне ўстаноўкі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў галіне культурна-нацыянальнага будаўніцтва і ў галіне аграрных пытаньняў. Школьныя чытанкі, укладзеныя Мазурам, зьяўляюцца па сваёй палітычнай накіраванасьці варожымі і шкоднымі…»
Як можна сёньня, ведаючы пра махавік рэпрэсіяў у сярэдзіне 30-х, усур'ёз пісаць пра вышэйпрыведзены тэкст, што «адкрытых заклікаў да расправы з кім-небудзь у рэцэнзіі няма» і яе «нэгатыўная» роля ў лёсе І. Мазура — ня больш чым «абстрактная пасылка»? І. Мазур бачыў папку са сваёй «справай» — іншых доказаў віны, апрача рэцэнзіі, там няма…
Ня хочацца губляць час на высьвятленьне экстралінгвістычных фактараў — пафас ліста В. Каваленкі далёка выходзіць за рамкі гэтай канкрэтнай спрэчкі. Фактычна размова ідзе пра вельмі балючую для нашага грамадзтва праблему гістарычнай адказнасьці чалавека за свае дзеяньні. Ці, як жорстка сфармуляваў Васіль Быкаў, — праблему катаў і ахвяраў.
Адкрыцьцё закрытай рэцэнзіі Барысенкі — да болю рэдкая спроба на строга дакумэнтальнай аснове паставіць пытаньне аб маральнай адказнасьці аднаго з тых, чыімі намаганьнямі круцілася крывавая сталінская мясарубка. Таму прынцыпова важна разабрацца нават не з адвакацкімі абвінавачаньнямі ў «лоўчым азарце», «новай несправядлівасьці і жорсткасці», а ў сістэме аргумэнтацыі артыкула «Дзе віна, дзе бяда…» Сканцэнтравана сваю пазыцыю В. Каваленка тлумачыць так:
«Недастаткова аб'ектыўнае асьвятленьне асобы В. Барысенкі ў газэце «Звязда» выявілася ня толькі ў тым, што не даецца характарыстыка агульнага фону ідэйнага і духоўнага жыцьця сярэдзіны 30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, якім быў і як паводзіў сябе В. Барысенка пасьля XX зьезду КПСС».
Сэнс першай пасылкі гранічна празрысты: ва ўсім вінаватыя абставіны. Дарэчы, цяперашні дырэктар Інстытуту ў такіх разважаньнях зусім не арыгінальны. Менавіта так, «уплывам канкрэтнай абстаноўкі», тлумачыў сваю рэцэнзію сам Барысенка ў 1955 годзе (гл. вышэй). Гэтае тлумачэньне было надрукаванае, так што «характарыстыка агульнага фону» ў газэце даецца, да таго ж — зь першых вуснаў. Іншая справа, як да «фону» ставіцца — як да індульгенцыі, што робяць два дырэктары розных пакаленьняў, ці як да жыцьця, у якім заўсёды ёсьць месца для чалавечага выбару.
Выбар быў. І ёсьць, і будзе. Адмаўляць яго — значыць адмаўляць тых, хто выступаў супраць сталінскіх парадкаў, ня здрадзіў сабе, захаваў годнасьць і трапіў у Курапаты; тых, хто расплочваўся за сумленнасьць дзесяцігодзьдзямі чорнай работы на лесапавалах і ў шахтах; тых, нарэшце, хто выбраў немату, якая спапяляла ўнутры… Правамернай бачыцца і мяжа паміж тымі, хто падпісаў несправядлівыя паказаньні ў няволі, і тымі, хто страціў чалавечае аблічча і рабіў кар'еру, займаючы месцы таленавітых, здольных, сумленных.
Міф аб усеагульным удзеле ў злачынствах (як і аб роўнай адказнасьці) — абразьлівы і зьдзеклівы. Хоць гнюсная сіла маральных вырадкаў узрасла пры Сталіне ў шмат разоў — не яны вызначалі духоўнае аблічча народа. І калі мы ганебна мала ведаем пра супраціў сталіншчыне, яго формы, яго пакутнікаў і герояў, дык гэта таму, што тыран іх баяўся і ненавідзеў. Яны, іх дзеці гінулі першымі.
«Асцярожнасць, дакладнасьць, строгі індывідуальны падыход…» — пералічвае В. Каваленка свае патрабаваньні да гістарычнага рассьледаваньня і ўжывае ў адносінах да Барысенкі падыход самы што ні ёсьць масавы, настойліва падкрэсліваючы, што у сваіх паводзінах той ня быў адзінокі. «Разам зь іншымі літаратуразнаўцамі і крытыкамі даваў несправядлівыя, ідэйна скажоныя ацэнкі… Незаслужана асуджаў, як і многія тагачасныя крытыкі і пісьменьнікі…» і да т. п. Па-першае, масавасьць гвалту над ісьцінай не здымае асабістай адказнасьці з вучонага (калі ён вучоны). Па-другое — не было адно толькі «многіх іншых».
Пад час расправы з сотнямі вучоных, пісьменьнікаў права «караць і мілаваць» манапалізавала пэўная група, у якую ўваходзілі Барысенка, Бранштэйн, Бэндэ, Вольскі, Канакоцін, Клімковіч, Кучар, Модаль… Іх ацэнкі рабілі «надвор'е», зь іх ліку сьледчыя выбіралі аўтараў рэцэнзіяў-прысудаў.
Ня варта, і тут можна пагадзіцца з В. Каваленкам, перабольшваць ролю гэтых асобаў. Яны нярэдка толькі паслухмяна выконвалі волю іншых. Аднак нельга і прымяншаць, бо гэта была роля памагатых катаў. І дацэнт Барысенка выступаў у ролі не проста «аднаго з многіх» падручных. Подпіс дэкана літаратурнага факультэта Менскага педінстытуту (з 1932 г.), дырэктара Інстытуту літаратуры і мовы (з верасьня 1937 г.) важыў больш, чым меркаваньне «неаступененага» крытыка без высокай пасады.
Дацэнта пабойваліся нават калегі па заплечнаму літаратуразнаўству: 30 чэрвеня 1937-га ў «Ліме» з'явіўся яго артыкул «Вораг пад маскай крытыка», прысвечаны член-карэспандэнту АН БССР Я. Бранштэйну. Той быў арыштаваны і праз год, у маі 1938-га, растраляны. З цягам часу, пакуль паплечнікі зыходзілі са сцэны, аўтарытэт Барысенкі ўзрос настолькі, што яго пільныя выступленні, як сведчыць у манаграфіі «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20–30 гады» М. Мушынскі, ўспрымаліся як кіраўніцтва да дзеяння нават такімі катамі беларускай літаратуры, як Бэндэ!..
У 1971 годзе, у «Весцях АН БССР», віншуючы акадэміка з 75-годдзем, В. Каваленка сцвярджаў, што «ўжо ў даваенны час склалася творчае аблічча В. В. Барысенкі як вучонага-літаратара… Валодаючы глыбокімі ведамі, вострым пачуцьцём ісціны, вялікімі творчымі здольнасцямі, цьвёрдай ідэйнай перакананасьцю, Васіль Васілевіч шмат зрабіў для выпрацоўкі правільнай генеральнай лініі беларускай літаратурнай навукі і крытыкі.»
Зараз у «Ліме» В. Каваленка запэўнівае, што будучы акадэмік пры гэтым адчуваў сябе «моташна і невыносна». Няйначай, «вострае пачуцьцё ісціны» вінаватае, што ў вясёлым жанры крытычнай стральбы па бездапаможных жывых мішэнях два згаданыя далікатныя перажываньні праяўляліся як азарт варашылаўскага стралка ў спалучэнні з учэпістасьцю яжоўскага сьледчага.
Вялікія творчыя здольнасьці ў выпрацоўцы генеральнай лініі Барысенка прадэманстраваў ужо ў першай сваёй значнай працы «Нацдэмаўская літаратуразнаўчая метадалогія М. Гарэцкага». Вось некалькі фраз з адной толькі старонкі (з 39 падобных):
«М. Гарэцкі, адзін з найбольш відных нацдэмаў, добра вядомы сваёй шкодніцкай контррэвалюцыйнай дзейнасьцю… зьяўляецца найбольш яркім і тыповым прадстаўніком буржуазнага літаратуразнаўства на Беларусі. Робячы стаўку на адрыў Савецкай Беларусі ад саюзу сацыялістычных рэспублік, робячы стаўку на рэстаўрацыю капіталізму ў нашай краіне, на ператварэньне яе ў калёнію імпэрыялістычных дзяржаваў, нацдэмы… праводзілі шкодніцкую дзейнасьць, накіраваную на падрыхтоўку інтэрвэнцыі, на ўмацаваньне і ўзмацненьне кулацтва… Уся гэтая тэарэтычная і практычная дзейнасьць М. Гарэцкага падпарадкаваная задачам рэалізацыі вышэйазначаных мной палітычных установак беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму».
Нават кароткі ланцуг тагачасных палітычных установак кан'юнктурнае літаратуразнаўства ў асобах асабліва верных служак рабіла яшчэ карацейшым, больш задушлівым. У якасьці камэнтара да працытаванага ўрыўку можна паўтарыць радкі з леташняй публікацыі «Звязды»:
«М. Гарэцкі, як вядома, загінуў у 1939 годзе, і палітычныя абвінавачаньні, зь якімі В. Барысенка выступаў у друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялі выратаванню пісьменьніка. У 1937 годзе, у ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз і пайшоў на катаргу…»
В. Каваленка папракае аўтара гэтых радкоў у тым, што не захацеў нічога высьвятляць пра далейшыя грамадзянскія паводзіны Барысенкі. Можа, В. Каваленка вядзе размову пра пасьляваенныя выступленні Барысенкі з красамоўнымі назвамі «Шкодны дакумэнт (аб нацыяналістычных скажэньнях у праграмах па беларускай літаратуры для ВНУ)»; «Супраць нізкапаклонства перад буржуазнай культурай»; «Супраць касмапалітызму ў літаратуразнаўстве» і да т. п.? Не. Гаворка ідзе пра паводзіны пасьля XX зьезду партыі.
Тут — другі прынцыповы пункт апоры публікацыі «Дзе віна, дзе бяда…» «Для нас сёньня павінна быць вельмі важна, — указвае В. Каваленка, — што В. Барысенка быў чалавекам, які ўсьведамляў свае памылкі і імкнуўся калі ня выправіць іх, то, прынамсі, не паўтарыць».
Дапусьцім, неяк удасца заплюшчыць вочы на зьніжэньне маральнага крытэрыю да такой ступені, што лічыцца ўжо нармальным не выпраўляць уласныя «памылкі» (нармалёвы сынонім для плённай працы прафэсара на НКВД, праўда?). Але ж празь некалькі абзацаў В. Каваленка сам аўтарытэтна сьведчыць, што і пасьля XX зьезду Васіль Васілевіч застаўся верны сваёй генэральнай лініі — «традыцыям фальшывых установак, стэрэатыпных прадпісаньняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых кан'юнктурных адрачэньняў». (Далібог, сынаніміка В. Каваленкі сапраўды захапляе, асабліва дагмат пра «неапраўданыя кан'юнктурныя адрачэнні» — гэта ці не адмову ад роднага брата і зьмену прозьвішча мае на ўвазе аўтар? Хоць не, гаворка ж пра пасьлязьездаўскія часы, значыць, намёк тут на нейкую іншую здраду.) В. Каваленка сам расшыфроўвае некаторыя захапленьні Барысенкі пасьля XX зьезду: асуджаў творчасьць В. Быкава, выступаў з нападкамі на Б. Пастарнака, «памыляўся» ў кадравай палітыцы.
Чаго В. Каваленку не хапае ў гэтым паслужным сьпісе? Удзелу ў фізычным зьнішчэньні іншадумцаў? Дык з ідэямі XX зьезду распраўляліся параўнальна бяскроўна. На сваёй дзялянцы дырэктар Інстытуту літаратуры не пускаў (ці не хадайнічаў, каб пусьцілі) заняць свае законныя месцы ў духоўнай спадчыне З. Астапенку, М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, С. Дарожнага, В. Каваля, Л. Калюгу, Т. Кляшторнага, Ю. Лявоннага, В. Маракова, Б. Мікуліча, А. Мрыя, Р. Мурашку, Я. Нёманскага, В. Сташэўскага, Ю. Таўбіна, У. Хадыку, В. Шашалевіча… На дзесяцігодзьдзі была адтэрмінаваная рэабілітацыя «Нашай Нівы» — якраз на артыкулы Барысенкі спасылаліся Абэцэдарскі і іншыя магільшчыкі сапраўднай гісторыі. Пад арыштам трымалася і творчасьць клясыка нацыянальнай літаратуры Максіма Гарэцкага — на што ў дырэктара, верагодна, былі і асабістыя прычыны.
У 1957 годзе зьявілася манаграфія Барысенкі «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя». Гэта адзіная кніга дырэктара, дзе на вокладцы няма прозьвішча суаўтара — хаця, на думку некаторых даследчыкаў, суаўтар існуе і тут. У аснове падыходу манаграфіі — ацэнка Францішка Багушэвіча ў «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага. Той самай, якую Барысенка збэсьціў на пачатку «навуковай» дзейнасьці. Факт не застаўся незаўважаным, і ў 1958 годзе ў літаратурных колах стала вядомая эпіграма Сяргея Грахоўскага «Вучоны флюгер»:
Спачатку ганіў, лаяў, выкрываў
Паэта-клясыка, яго дачку і брата
І вось за гэта атрымаў
Дыплём і стаўку кандыдата.
А дачакаўся зручнае пары,
Пачаў хваліць нябожчыка-паэта.
Усё перавярнуўшы дагары,
Убіўся ён у дактары,
Але застаўся прайдзісьветам.
(Паэт расказваў, калі на стол дырэктара незаўважна паклалі зборнік з эпіграмай, той разадраў кніжку і шпурнуў у кут…)
У манаграфіі Барысенкі можна знайсьці спасылку нават на Бэндэ. На Гарэцкага — няма. Няма асобнага разьдзела пра Гарэцкага ў акадэмічнай «Истории белорусской советской литературы». Барысенка не дапусьціў выдатнага мастака слова ні ў адно з 19-ці перавыданьняў школьнага падручніка беларускай літаратуры, аўтарам якога, разам з В. Івашыным, зьяўляўся…
У артыкуле «Дзе віна, дзе бяда…» пазыцыя ў абарону Барысенкі грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсіх быць як «многія іншыя», і асабістая перабудова пасьля XX зьезду. Для ўстойлівасьці патрабуецца заўсёды трэці пункт апоры, у дадзеным выпадку — ў рэальным жыцьці. Яго няма. Не было ў 30-я гады адных толькі «многіх іншых», не было годных грамадзянскіх паводзін пасьля XX зьезду. Вядома, за дзесяцігодзьдзі дырэктарства немагчыма не зрабіць нешта карыснае для Інстытуту і супрацоўнікаў. Але хіба ня быў акадэмік больш чым шчодра аддзячаны за гэта — уладай, акладам, ганарарамі, ляўрэацтвам, хвалебнымі артыкуламі ў друку і энцыкляпэдыях?
Ня так даўно ў Інстытуце літаратуры рабілі захады, каб перавыдаць доктарскую працу Барысенкі. Што ж, відаць сотні твораў рэпрэсаванай беларускай літаратуры могуць пачакаць, як чакалі паўстагодзьдзя і больш. Пачакаем — не прывыкаць — і мы. Але калі так неабходна перавыдаць акадэміка Барысенку, дык гэта павінна быць сапраўды акадэмічнае выданьне. З усімі без выключэньня працамі, з дакладнымі зьвесткамі пра лёс паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў, якія патрапілі на вастрыё ягонага пяра. Пажадана было б хоць пералічыць рэпрасаваныя творы, якія, дзякуючы акадэміку, ня ўбачылі сьвет альбо былі пушчаны пад нож цэнзара. Варта прывезці цэлыя вершы і асобныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, якія, пад кіраўніцтвам дырэктара, былі выкінутыя з акадэмічных выданьняў народных паэтаў, а сьляды вівісэкцыі замецены — ні спасылкі, ні шматкроп'я. А ў навуковым камэнтары да акадэмічнага выданьня Барысенкі хацелася б прачытаць не юбілейныя абстракцыі накшталт «мэтанакіраванай і актыўнай працы ў духу новага часу», а аргумэнтаваны разбор таго, што ў інстытуце было зроблена дзякуючы, а што — насуперак намэнклятурнаму рэкардсмэну, які ўзначальваў установу з 1937 па 1973 гады.
Ёмістае, відаць, атрымаецца выданьне. Але навуковая спадчына «старэйшыны беларускага літаратуразнаўства», як велічалі Барысенку некаторыя вучні, зойме там няшмат месца. Ступень доктара навук, званьні прафэсара, членкара і акадэміка фактычна прысвоеныя — унікальны выпадак — за адну адзіную самастойную працу, да таго ж пабудаваную на чужой канцэпцыі. Творчы архіў Барысенкі, перададзены на захаваньне ў акадэмічную бібліятэку, складаюць ня рукапісы, планы, перапіска і да таго падобныя матэрыялы навуковай альбо асьветніцкай дзейнасьці, а… ганаровыя граматы.
Дзеля паўнаты ў акадэмічнае выданьне Барысенкі варта ўключыць лісткі з апошняй анкеты асабістай справы, якую акадэмік запаўняў незадоўга да сьмерці. У графу «сямейнае становішча» дрыготкай рукой упершыню за паўстагодзьдзя ўпісана: «брат Мікалай, жыве і працуе ў Нарыльску…»
Запазьніўся запіс ці не — вырашаць брату. А чытачы пасьля знаёмства з усімі матэрыяламі разьбяруцца: дзе віна, дзе бяда, а дзе — сам колішні дырэктар літаратуры.
І дзе мы самі?…
Аляксандар Лукашук
«Звязда», 26 верасьня 1989 г.
Ад аўтара
Дзе мы самі — пытаньне да самога сябе… Для адказу на яго амаль непрыдатны чужы досьвед, трэба самому абдзіраць калені, каб падняцца зь іх.
У 1990 годзе мяне абралі членам Камісіі пры Вярхоўным Савеце, якая займалася правамі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта аблегчыла здабыванне матэрыялаў у архівах, зьявілася больш магчымасьцяў дапамагаць ахвярам і іх дзецям у рэабілітацыі, вяртаньні маёмасьці, знаёмстве са справамі іх закатаваных бацькоў. З падтрымкай дэпутатаў апазыцыі БНФ Сяргея Навумчыка, Галіны Сямдзянавай, удалося паскорыць рэабілітацыю праваабаронцы зь Беларусі Міхаіла Кукабакі, які ў 60–80 гады правёў 17 гадоў у турмах, лагерах, вар'ятнях. Праўда, амаль нічога не ўдавалася зрабіць у дачыненні да катаў — сыстэма абараняла іх насьмерць.
Раз-пораз у архіўных дакумэнтах, зь якімі я працаваў, мільгала імя Барысенкі, але пасьля палемікі зь Віктарам Каваленкам мне здавалася, што тэма вычарпаная. Так яно і выглядала, пакуль амаль празь пяць гадоў — цэлую эпоху, калі памянялася нават карта Эўропы! — я не раскрыў «ЛІМ» за 1 красавіка 1994 г. і не пабачыў, што памыляўся… Быццам у адказ на колішнюю разгубленасьць дырэктара Інстытуту літаратуры, які ці то сьцьвярджаў, ці пытаўся «Дзе віна, дзе бяда…» супрацоўнік таго ж інстытуту Уладзімір Казьбярук удакладняў:
І віна, і бяда…
Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня і пераацэнкі мінуўшчыны. І добра, калі бяруцца за гэтую справу людзі кампэтэнтныя і сумленныя. А калі не хапае ці адной, ці другой якасьці? Тады мы становімся сьведкамі розных маніпуляцыяў. Так можна сказаць і пра цэлыя этапы або эпохі гісторыі народа наогул, і пра ацэнку дзейнасьці паасобных людзей.
У мінулыя гады зьявіўся шэраг публікацыяў, у якіх без уліку канкрэтных абставін ацэньваліся чалавечыя якасьці і навуковая дзейнасьць былога дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы нацыянальнай Акадэміі Навук Васіля Васілевіча Барысенкі. Думаецца, настала пара спакойна, разважліва зірнуць на колішнія супярэчлівыя падзеі з адлегласьці, з улікам усяго нашага вопыту і па часьці абвінавачанняў, і па часьці апраўданняў. Тут давядзецца аглядвацца на дзьве даўнія публікацыі: на артыкул В. Каваленкі «Дзе віна, дзе бяда…» і разносна-пагромны адказ A. Лукашука «Дырэктар літаратуры». Нагадаю, што B. Каваленка зрабіў спробу пры характарыстыцы В. Барысенкі вельмі ўзважана і пасьлядоўна, з усёй сур'ёзнасьцю ўлічваць незвычайную складанасьць сытуацыі ў 30-я гады. У той жа час А. Лукашук паставіў В. Барысенку побач з Л. Бэндэ і абвінаваціў яго амаль што не ва ўсіх бедах, якія ў 30-я гады наваліліся на нашую літаратуру, на многіх яе прадстаўнікоў. Ён безапэляцыйна адкінуў думку пра неабходнасьць улічваць агульны фон ідэйнага і духоўнага жыцьця 30-х гадоў.
Пад занавес свайго палемічнага выступлення А. Лукашук падагульняе: «У артыкуле «Дзе віна, дзе бяда…» пазыцыя ў абарону Барысенкі грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсіх быць як многія іншыя, і асабістая перабудова пасьля XX зьезду. Для ўстойлівасьці патрабуецца заўсёды трэці пункт апоры, у дадзеным выпадку — у рэальным жыцьці. Яго няма. Не было ў 30-я гады адно толькі «многіх іншых», не было грамадзянскіх паводзін пасьля XX зьезду».
Мы ўсё ж такі паспрабуем пашукаць і «многіх іншых» у перадваенныя і нават пасьляваенныя гады, і «пункт апоры» «у рэальным жыцьці» ў пасьлясталінскую эпоху. Яшчэ ў 1930 г., у 11 і 12 нумарах часопіса «Маладняк» быў апублікаваны артыкул Цішкі Гартнага «Нацыянал-дэмакраты за «працай»» (гл. часопіс «Спадчына», 1991, № 4 і 5). Тут няшчадна выкрываліся нацдэмы — тады яшчэ жывыя людзі, якія, як мы сёньня ведаем, верай і праўдай служылі беларускаму народу, разьвівалі і ўзбагачалі нацыянальную культуру, літаратуру, навуку. Такой публікацыяй Ц. Гартны дыскрэдытаваў сябе вельмі моцна.
У пачатку 30-х гадоў у часопісе «Узвышша» малады Пятро Глебка ў артыкуле «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай» дзяліўся такімі перакананьнямі, за якія сёньня можна было б надзяліць аўтара рознымі ня надта салодкімі эпітэтамі. Тады ўжо набірала сілы тая вакханалія, якая ў сярэдзіне 30-х гадоў пацягнула ў сваё балота ўсе слаі грамадзтва, у тым ліку і інжынэраў чалавечых душ. А калі хто захоча пацікавіцца, што, як і дзе адбывалася, то хай пачытае хаця б справаздачу аб сходзе пісьменьнікаў БССР («ЛІМ», 20 сакавіка 1937) або інфармацыю аб партыйным сходзе ў СП («ЛІМ», 25 сакавіка 1937). Дастаткова багатая інфармацыя зьмешчаная і ў іншых нумарах «Ліма», у «Звяздзе» ды і ў любым пэрыядычным выданьні. І калі б кіравацца крытэрыямі высокай сённяшняй прынцыповасці, то што трэба было б пісаць пра Ц. Гартнага, П. Глебку, П. Броўку, А. Александровіча (якому і ў тыя часы даставалася добра), А. Куляшова, 3. Бядулю, К. Крапіву, А. Астрэйку? І ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам (пра апошняга нават у пасляваенны пэрыяд).
20 жніўня 1993 г. у «Ліме», у артыкуле «Таўро — касмапаліт. Гісторыя адной палітычнай кампаніі» У. Семянюк расказаў пра бясслаўную кампанію барацьбы з касмапалітызмам у канцы 40-х гадоў. І зноў замільгалі знаёмыя прозьвішчы пісьменьнікаў (тых і «нашых»).
Адбывалася такая кампанія на маёй памяці. У прыватнасці, 2 сакавіка 1949 г. у газэце «Сталинская молодежь» зьявіўся артыкул Ю. Пшыркова «До конца разоблачить критиков-космополитов!», дзе бескампрамісна выкрывалася шкоднае племя бязродных касмапалітаў і сярод іх — Лука Бэндэ і Леў Бараг.
Першы зь іх у той час страціў свой злавесны ўплыў, і яго можна было не баяцца. А другі? Я слухаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ягоныя лекцыі па фальклёры. Ня проста адказаць на пытаньне, што ў гэтых лекцыях больш прыцягвала — эрудыцыя выкладчыка ці натхненне. Яны арганічна спалучаліся. І ці ня той аўтарытэт, якім карыстаўся Леў Рыгоравіч, калоў у вочы некаторым ягоным менш адораным калегам на філфаку? Л. Барагу давялося разьвітацца з унівэрсытэтам.
Ці варта сёньня ўсіх пералічаных і іншых пісьменьнікаў так безапэляцыйна выкрэсліваць з гісторыі літаратуры за тагачасныя выступленьні ў друку і на сходах, за ўдзел у паляванні на ведзьмаў эпохі перамоглага сацыялізму? Тым больш, што многія зь іх і самі потым адпакутавалі за свае грахі. Хоць здаралася, што былі і слушныя выступленьні. Так, М. Ларчанка яшчэ да вайны пісаў пра беспрынцыпнасьць і хамэлеонства А. Кучара.
Ну, а цяпер пра тое, ці былі «пункты апоры» ў «рэальным жыцьці» ў 50–80 гады. Тут давядзецца спасылацца на факты і падзеі, сьведкам якіх я зьяўляўся сам. Знаў я Васіля Васілевіча з 1952 г., а працаваў у Інстытуце літаратуры зь лютага 1959 г. Вядома, як і кожны кіраўнік, ён мог камусьці ў нечым не дагадзіць. Але заўсёды там, дзе гэта было магчыма, ён абараняў сваіх супрацоўнікаў ад празьмерна пільных партыйных чыноўнікаў і ідэалягічных наглядчыкаў. І тут я паспрабую прывесці пару канкрэтных прыкладаў.
Неяк з рэкамэндацыі Н. Перкіна на работу ў інстытут трапіў філёзаф па адукацыі Л. Гаранін, які адразу ж паказаў добрую эрудыцыю. Аднак даволі хутка кампэтэнтныя органы паведамілі дырэктару, што новы навуковы супрацоўнік быў калісьці членам партыі, але за актыўны пратэст супраць расправы над удзельнікамі вэнгерскай рэвалюцыі 1956 г. быў выключаны з партыі і адсядзеў 5 гадоў. Вядома, для гэтых зьвестак у аўтабіяграфіі месца не хапіла.
Як успрыняў такую неардынарную інфармацыю В. Барысенка? Па ўсіх тагачасных нормах і традыцыях ён абавязаны быў бы зьняць з работы чалавека, які, паступаючы на працу ў ідэалягічны акадэмічны інстытут, схаваў пра сябе такія зьвесткі. І калі б Лявонція Якаўлевіча адправілі з Інстытуту, то ніякі суд, ніякі прафсаюз нават не спрабаваў бы заступіцца за яго. А ва ўсіх інстанцыях лічылася б, што В. Барысенка выканаў свой партыйны, грамадзянскі і патрыятычны доўг. Аднак на гэты раз ён даверу партыі не апраўдаў.
Звычайна В. Барысенка, вырашаючы нейкія справы, ня надта цікавіўся думкай сакратара партарганізацыі. Але пра тую навіну ён адразу паведаміў парторгу. Вырашылі разам — рабіць выгляд, быццам нічога ня здарылася. І толькі папярэдзілі самога Л. Гараніна, што з боку дырэкцыі яму нічога не пагражае. Н. Перкін, які даведаўся пра ўсё некалькі пазьней, таксама быў на баку Лявонція Якаўлевіча. Л. Гаранін і сёньня працуе ў інстытуце, і я спадзяюся, што ён не пакрыўдзіцца на мяне за маю інфармацыю.
Але гэта ня ўсё. У інстытуце завялося занадта многа ідэйнай «распусты». Партыйную лінію «крывілі» член партыі A. Мальдзіс, беспартыйны В. Каваленка. А былі ж яшчэ «нацыяналіст» М. Прашковіч, непакорлівы, непрыручлівы B. Зайцаў, якога перад гэтым звольнілі з працы ў Ленінградзкім унівэрсытэце.
Высокае-найвышэйшае начальства такога цярпець доўга не магло. І хоць акадэміку В. Барысенку ня так многа часу заставалася да сямідзесяцігадовага юбілею, але яго адправілі ў адстаўку. І адразу ж пад пэрсанальным кіраўніцтвам і наглядам сакратара парткаму АН БССР былі звольненыя з работы М. Прашковіч і В. Зайцаў.
Мне ўспамінаецца адно пасяджэньне бюро Аддзяленьня грамадзкіх навук АН БССР, на якім я выпадкова прысутнічаў. Адзін з членаў бюро, колішні партыйны функцыянэр, прапанаваў прыставіць да Інстытуту літаратуры афіцыйнага наглядчыка-кантралёра, каб не дапускаць больш скрыўлення партыйнае лініі. Супраць гэтага вельмі рэзка выступіў В. Барысенка, хоць ён і прызнаваў, што асобныя навуковыя супрацоўнікі дапускаюць ідэйныя памылкі. Самакрытыка была тады ў модзе.
В. Барысенка шмат гадоў працаваў дырэктарам Інстытуту літаратуры імя Я. Купалы. Ён сабраў працаздольны і кваліфікаваны калектыў, прыкладаючы шмат намаганьняў для таго, каб той калектыў не расколваўся ўнутранымі канфліктамі. Калі зьявілася ў друку чатырохтомная «Гісторыя беларускай літаратуры», у дырэктара была магчымасць вылучыць яе на Дзяржаўную прэмію. Але ён адмовіўся, бо ўсіх аўтараў уключыць у сьпіс ляўрэатаў ня мог бы. Выдзяляючы адных і абыходзячы другіх, унёс бы ў калектыў разлад. Перш за ўсё ляўрэацтва на гэтым этапе абмінула яго самога, хоць ён меў права на такое званьне ў першую чаргу.
Сёньня Васіля Васілевіча добрым словам у друку ўспамінаюць якраз тыя, каго найбольш у свой час публічна крытыкавалі за ідэйнае шкодніцтва. Калісьці А. Мальдзіс надрукаваў пра Барысенку ўспаміны пад загалоўкам «Як бацька вялікай сям'і». Загаловак зусім апраўданы, бо колішні шматгадовы дырэктар Інстытуту дбаў перш за ўсё аб тым, каб у калектыве заўсёды панавала атмасфэра ўзаемаразумення і ўзаемападтрымкі. А пра самога А. Мальдзіса калісьці аўтар адной ананімнай паэмы пісаў, што той сваімі публікацыямі «падарваў марксісцкі базіс».
Бясспрэчна, В. Барысенка ажыцьцяўляў партыйную лінію і ня мог дазволіць выпускаць пад грыфам Інстытуту ці ў падручніках нейкія недастаткова вывераныя ў ідэйных адносінах думкі або меркаваньні. Але надта ж наіўна гучыць абвінавачаньне ў тым, што ён не разглядаў у сваіх падручніках творчасьці таго ці іншага клясыка літаратуры.
Такія справы залежалі не ад пажаданняў нейкага навукоўца хоць бы з найвышэйшымі званьнямі, вырашаліся яны не ў Інстытутах літаратуры або пэдагогікі, не ў Міністэрстве асьветы і нават не на ўзроўні загадчыкаў адпаведных аддзелаў ЦК КПБ.
Сёньня, вяртаючыся памяцьцю да падзеяў далёкіх і трывожных 30-х гадоў, мы ня маем права забываць, што абставіны жыцьця прымушалі ўсіх, незалежна ад іх перакананняў, прыстасоўвацца да воўчых законаў, якія абуджалі ў многіх нечалавечыя інстынкты. Толькі пасьля сьмерці Сталіна грамадзяне Краіны Саветаў маглі сябе адчуваць людзьмі, якіх проста так, ні за што не пацягнуць у цёмную машыну. Да дэмакратыі было яшчэ вельмі далёка, але ўжо не даводзілася за месца пад сонцам шукаць і выкрываць вакол сябе ворагаў, шкоднікаў, трацкістаў, дывэрсантаў, шпіёнаў. У новых умовах В. Барысенка жыў і дзейнічаў як чалавек сумленны, дабразычлівы і спагадлівы.
Уладзімір Казьбярук
Ад аўтара
Празрысты намёк на недахоп у мяне кампэтэнтнасьці альбо сумленнасьці ня надта пакрыўдзіў. Факты для «Дырэктара літаратуры» я зьбіраў і правяраў сам у архівах, бібліятэках, кансультаваўся ў спэцыялістаў, перачытаў творы «героя». Вельмі карысным аказалася знаёмства з картатэкай да бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», які Адам Мальдзіс тады яшчэ толькі рыхтаваў да друку. Гэтая сапраўды фундамэнтальная праца, пры ўсіх яе вымушаных кан'юнктурных агаворках — найлепшы на сёньня павадыр па ГУЛАГу беларускай літаратуры, які знаёміць зь вязьнямі і ахоўнікамі. Многае далі б некаторыя яго пэрсанажы, каб назаўсёды зьніклі зьвесткі пра іх «творчасць» — ды часам напісанае ўсё ж такі застаецца.
У выступленьні У. Казьберука быццам не адмаўлялася віна В. Барысенкі ў арыштах і зьнішчэньні людзей ў 30-я гады. Але і не заўважалася. Аўтар засяродзіўся выключна на аргумэнтах у абарону свайго былога дырэктара і ўвогуле забыўся на ахвяраў. Іх немы крык, іх боль, іх праўда ігнараваліся, як і дзесяцігодзьдзі да гэтага. Іх зноў ня чулі, ня бачылі, ім зноў тыцкалі ў твар: вас няма, ясна?..
Адказ у «Літаратуру і мастацтва» пісаўся з халоднай ярасьцю.
Дырэктар літаратуры і яго заступнікі
…Абарона незаслужана пакрыўджанага — сьвятая справа. Чым, аднак, мяне моцна ўражваюць апанэнты — вучоныя-літаратуразнаўцы, дык гэта нетаропкасцю, зь якой яны выступаюць на баку ісьціны. В. Каваленку спатрэбіўся адзін год і адзін месяц, каб выказаць сваё меркаваньне наконт маіх публікацыяў, У. Казьберуку — ужо чатыры гады з паловай. Калі так пойдзе далей, дык працяг размовы будзе ў наступным тысячагодзьдзі.
Зрэшты, я ўпэўнены, што размова пра катаў і ахвяраў будзе ісьці яшчэ доўга. Хаця б з адной прычыны: каты не панесьлі ніякага пакараньня, ахвяры дагэтуль застаюцца ахвярамі. Ведаю гэта па сваёй працы ў якасьці сябра «Мартыралёгу Беларусі» і члена Камісіі пры Вярхоўным Савеце ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Існуючая ўлада абараняе былых катаў, бо ёй патрэбныя каты новыя. Стаўленьне грамадзтва — апатыя і абыякавасць, дастаткова паглядзець на Курапаты, дзе дагэтуль няма ня тое што помніка — простай агароджы, як гэта мае быць на могілках.
У сваім выступленні «з адлегласці» У. Казьбярук, тым ня менш, паўтарае старую аргумэнтацыю В. Каваленкі: В. Барысенка паводзіў сябе у 30-я гады як і многія іншыя (вінаваты «агульны фон»), а потым, пасьля XX зьезду ён перавыхаваўся і надалей быў сьціплым і сумленным вучоным і арганізатарам навукі. Для пацьвярджэньня першага тэзысу прыводзіцца стос прозьвішчаў беларускіх пісьменьнікаў, якія, на думку У. Казьберука, паводзілі сябе так як В. Барысенка.
«Ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам», — папярэджвае аб пагрозьлівай небясьпецы аўтар.
Дык можа ўжо час нашым вучоным адмовіцца ад звычкі гаварыць толькі прыемнае? І паспрабаваць перайсьці да праўдзівага? Тады, дарэчы, ніводнаму сумленнаму і кампэтэнтнаму дасьледніку ў галаву ня прыйдзе ставіць на адну дошку няштатнага супрацоўніка органаў, чые спэцдопісы падшываліся ў сьледчую справу, і Купалу з Коласам, растаптаных з дапамогай «літаратуразнаўцаў ад НКВД». І не шкадаваць трэба, што акадэмічная «Гісторыя беларускай літаратуры», выдадзеная пад кіраўніцтвам В. Барысенкі, не ўдастоеная дзяржаўнай прэміі, а пісаць сапраўдную трагічную гісторыю беларускай літаратуры са скалечанымі і зьнявечанымі лёсамі яе лепшых творцаў. Дзякаваць Богу, такія дасьледаваньні робяцца. Пра гэта сьведчаць, дарэчы, і шмат якія публікацыі «Ліма». Але робяцца ня ўсімі і не пра ўсіх.
В. Барысенка — зусім не «адзін з многіх іншых», на чым так акцэнтуюць увагу яго абаронцы (быццам гэты аргумэнт магічна здымае пытаньне адказнасці). І справа ня толькі ў тым, што асабістая творчая, навуковая спадчына намэнклятурнага заіла блізкая да нуля, што не перашкодзіла яму атрымаць усе магчымыя званьні і выгоды. Пасада дэкана літфакультэту Менскага пэдінстытуту (з 1932), а потым дырэктара Інстытуту літаратуры АН БССР (з 1937 па 1973 г.) надавала яго «крытычным» артыкулам сапраўды забойную сілу. Яго баяліся і ў яго вучыліся калегі па заплечным літаратуразнаўстве, яго «закрытыя рэцэнзіі» калечылі лёсы. Невыпадкова менавіта яго вылучыў з пагромнай каманды 30-х гадоў Уладзімір Конан у самай першай публікацыі аб сталіншчыне ў Беларусі ў «Звяздзе» («Узяць з гісторыі агонь», 22 снежня 1987).
Пасьля таго ў рэдакцыю прыйшоў сын адной з ахвяраў В. Барысенкі, У. Мазур, было апублікавана яго пісьмо «Помню высакароднасць, помню подласць» («Звязда», 27 сакавіка 1988). Бацька, Ігнат Мазур, аўтар чытанак для школьнікаў, пасьля іх разгрому Барысенкам быў выключаны з партыі, хаваўся, быў арыштаваны і адпраўлены на расстрэл — выратаваў яго цуд.
У рэдакцыю з абвяржэньнем зьвярнулася дачка Барысенкі, супрацоўніца Інстытуту літаратуры. У выніку карпатлівай праверкі быў надрукаваны матэрыял «Закрытая рэцэнзія» («Звязда», 31 ліпеня 1988). У. Казбярук гэтую публікацыю ня згадвае. Ці не таму, што яна юрыдычна доказна сведчыць аб асабістай канкрэтнай віне Барысенкі.
Прывяду яшчэ адзін дакумэнт з Нацыянальнага архіву Беларусі, які ніколі не друкаваўся.
«З вызначэння Судовай Калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР па пратэсту пракуратуры на пастанову Асобай Нарады пры НКВД СССР ад 5.08.1939 г., па якой асуджаны Замоцін Іван Іванавіч, 1873 г. н., акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, — на 8 гадоў папраўча-працоўных лягераў.
У якасьці доказу шкодніцкай дзейнасьці Замоціна да справы былі далучаныя рэцэнзіі на шэраг яго прац і акты Камісіі АН БССР, у якіх адзначалася, што навуковыя працы Замоціна прапагандуюць буржуазную ідэалогію, беларускі нацыяналізм і расейскі вялікадзяржаўны шавінізм, што паводле свайго зьместу гэтыя працы зьяўляюцца палітычна шкоднымі.
У працэсе дадатковай праверкі экспэртная камісія дала заключэньне аб тым, што працы акадэміка Замоціна ўяўляюць несумненную навуковую каштоўнасьць, а вывады Камісіі АН БССР і рэцэнзэнтаў у 1938 г. зьяўляюцца неабгрунтаванымі і няслушнымі.
Барысенка В. В., які ганьбаваў раней навуковыя працы Замоціна, цяпер працуе дырэктарам Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР, у сваім водгуку аб Замоціне, напісаным у 1956 г., адзначае, што Замоціна ён ведаў на працягу 10 гадоў толькі са станоўчага боку».
Іван Іванавіч Замоцін загінуў у лагеры ў траўні 1942-га. У «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», першы том якой выйшаў у 1993-м, у артыкуле Л. С. Савік непасрэдны ўдзел Барысенкі ў зьнішчэньні людзей адлюстраваны наступным чынам: «У некаторых артыкулах і рэцэнзіях 1930–40-х гадоў аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму». (Дарэчы, цераспалосіца падыходаў у гэтым, несумненна, цікавым выданьні такая, што міжволі думаеш, што час для праўдзівай гісторыі ўсё ж яшчэ не настаў — занадта блізкае мінулае ўчэпіста трымае шмат якіх аўтараў.)
«Вучоны флюгер», як ахрысьціў В. Барысенку ў сваёй вядомай эпіграме Сяргей Грахоўскі, ў 50-я гады, ды і пазней, трымаўся строга па ветру. У публікацыі «Дырэктар літаратуры» прыводзяцца тлумачэньні дырэктара аб справе І. Мазура, датаваныя 1955 годам, калі той вымушана прызнаецца ў зьдзейсьненым. Дарма ў іх шукаць намёк на пакаяньне — усё тая ж спасылка на «агульны фон», якую зараз, нібы ваду ў ступе, таўкуць яго заступнікі. Я перапісваўся, сустракаўся з ахвярамі акадэміка, іх дзецьмі. Ні разу не пацікавіўся гэты, па вызначэньню У. Казьберука, «сумленны, добразычлівы і спагадлівы» чалавек далейшым лёсам арыштаваных, а потым рэабілітаваных людзей, іх сем'яў. Як амаль нічога не зрабіў для вяртаньня ў літаратуру дзясяткаў імёнаў закатаваных ў 30-я гады пісьменьнікаў і іх твораў.
Не хачу паўтараць аргумэнтацыю і факты, якія выкладзеныя ў маіх публікацыях 1987–89 гадоў. У. Казьбярук называе іх «разносна-пагромнымі». Хаця б ў чыста філалагічных мэтах, дзеля правільнага ўжываньня складаных прыметнікаў у будучым, раю апанэнту пачытаць В. Барысенку. Напрыклад, яго першую значную працу «Нацдэмаўская літаратуразнаўчая мэтадалёгія М. Гарэцкага». Ці пасляваенныя выступленьні «Шкодны дакумэнт (аб нацыяналістычных скажэньнях у праграмах па беларускай літаратуры для ВНУ)», «Супраць нізкапаклонства перад буржуазнай культурай», «Супраць касмапалітызму ў літаратуразнаўстве». Гэтыя ды іншыя опусы можна знайсьці ў акадэмічнай бібліятэцы — калі, канечне, заступнікі Барысенкі не ўзялі на ўзбраеньне няўдалы вопыт Лукаша Бэндэ (у такім выпадку магу ахвяраваць некалькі сваіх копіяў).
Цішэй, на думку заступнікаў, трэба называць імёны памагатых катаў, больш «добразычліва» корпацца ў архівах, заплюшчыць вочы і закрыць вушы, каб ня чуць разьюшанага бою крытычнай зграі…
На шчасце, так думаюць ня ўсе. Пасьля публікацыі артыкула «Дырэктар літаратуры» з падтрымкай званілі многія, у тым ліку былыя падначаленыя Барысенкі — супрацоўнікі Інстытуту. Пазваніў і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Мы зь ім не былі знаёмыя. Янкоўскі расказаў, як у 1938 годзе на сустрэчы са студэнтамі-завочнікамі Барысенку перадалі запіску з пытаньнем пра Кузьму Чорнага — дзе ён, як, ці піша. Барысенка падняў запіску, абшарыў залю поглядам.
— Чорны — хай ён там счарнее, дзе ён чарнее…
Потым цэлая група, узгадваў Янкоўскі, шнырыла па інстытуце, шукала аўтара крамольнага пытаньня.
Пашанцавала чалавеку, сярод мноства завочнікаў яго почырк не ўстанавілі. Ужо ў 80-х, калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» паводле прапановы Інстытуту літаратуры спрабавалі перавыдаць творы Барысенкі, Янкоўскі, як член рэдкалегіі зборніка, рэзка выступіў супраць перавыданьня. Праз два тыдні пасьля нашай тэлефоннай размовы яго не стала…
Сьведкаў амаль не засталося. Ці ня гэтая акалічнасць сёньня падштурхоўвае некаторых супрацоўнікаў Інстытуту літаратуры аберагаць асобу акадэміка. Зразумелая настойлівасьць дачкі (не забудземся толькі, што і ў ахвяраў былі дзеці). Можна вытлумачыць, зрэшты, і ўдзячнасьць былых падначаленых, якім В. Барысенка асабіста не зрабіў нічога дрэннага, дапамагаў (будзем памятаць, аднак, што так склалася далёка не ва ўсіх). Немагчыма, і я пісаў пра гэта, амаль 40 гадоў узначальваць установу і не зрабіць нічога карыснага для людзей і для справы.
Але няўжо ж Барысенка мала быў аддзячаны за сваё служэньне — пасадай, кватэрамі, званьнем акадэміка, элегантнымі фармулёўкамі ў энцыкляпэдыях, спакойным жыцьцём сваёй сям'і (калі адкінуць арыштаванага брата, ад якога адрокся, нават зьмяніў сваё прозьвішча)?..
Аказваецца — мала. Аказваецца, трэба яшчэ нешта — добрую памяць.
І гэта самы галоўны і абнадзейваючы вывад з нашай шматгадовай палемікі. Ніхто не забароніць блізкім і знаёмым памятаць пра добрае, што было ў чалавеку. Але ня ўдасца выкрасліць зь людзкой памяці і зло, якое ён нёс і якое засталося беспакараным.
Не магу не пагадзіцца з думкай, якой пачынае свой артыкул У. Казбярук: «Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня і пераацэнкі мінуўшчыны. І добра, калі бяруцца за гэтую справу людзі кампэтэнтныя і сумленныя. А калі не хапае ці адной, ці другой якасьці? Мы тады становімся сьведкамі розных маніпуляцыяў». Далібог, сапраўды так. Асабліва, калі не хапае адразу абедзьвюх згаданых якасьцяў.
Аляксандар Лукашук
«ЛІМ», 9 верасьня 1994 г.
Заўчасны постскрыптум
На момант друкаваньня гэтай кнігі ў беларускіх газэтах і часопісах, якія выдаюцца нацыянальнымі творчымі саюзамі, працягваюць зьяўляцца — за аўтарытэтнымі подпісамі — чарговыя публікацыі ў абарону «дырэктара літаратуры». Я ня маю што дадаць да ўжо сказанага, хоць мог бы прывесьці новыя архіўныя факты. Выглядае, рэч зусім ня ў фактах.
…А мы яшчэ пытаемся, што з намі адбываецца.