5. ЦУД УСТАВАНЬНЯ З КАЛЕНАЎ (замест эпілёгу)

Ніколі не апраўдвайся, вучыць старажытная мудрасьць: сябрам гэта не патрэбна, ворагі ўсё роўна не павераць. Пасьля адной публікацыі мне пазваніла маці і сказала: «Кінь, хопіць ужо з гэтых… А калі б гэта быў твой бацька?..» «А калі б я быў сынам «ворага народа»?..» Потым я працягваў дыялёг сам, узгадваючы папрокі і аргумэнты, якія чуў, якія мог уявіць.

Тэма патрабавала калі не апраўданняў, дык тлумачэньняў, не для сяброў альбо ворагаў — для сябе.

— Сказана: не судзіце і вас не асудзяць. А калі тваю пісаніну падняць пра розныя юбілеі савецкай улады?..

— Я за тое, каб судзілі і каб кожны атрымаў паводле грахоў сваіх. І я — таксама. Сярод маёй пісаніны была лухта, але няма даносаў. На мяне даносы былі, а ў мяне даносаў няма.

— Чаму ты ня выступіў супраць вайны ў Афганістане, хоць ўжо скончыў інстытут, меў 24 гады?

— Што я разумеў тады…

— Ты хочаш сказаць, што ўсе так сябе паводзілі? Чаму ж для Барысенкі адна мерка, а для цябе іншая?

— На сумленьні Барысенкі — жыцьці людзей. А пра сябе я хачу сказаць, што ня ўдзельнічаў у пратэстах супраць Афганістану, няважна, былі яны ў Беларусі ці не, і мне за гэта, як і за шмат што іншае, сорамна.

Вельмі цяжкае пытаньне — зь якога моманту наступае грамадзянская адказнасць? Дзе праходзіць мяжа паміж прыватным жыцьцём і саўдзелам у злачынствах, якія робяцца і ад твайго імя?.. Існуе меркаваньне, што ў таталітарнай дзяржаве маральным і сумленным можна заставацца толькі ў турме. Любая твая самая бяскрыўдная праца ўмацоўвае дзяржаву і аб'ектыўна спрыяе злу. Гісторык Юры Афанасьеў на зводлівае пытаньне, дзе ж ён быў раней, адказаў: там, дзе і ўсе — у дзярме. Супрацьлеглы падыход — немагчымасьць паўплываць на дзяржаўныя рашэньні быццам аўтаматычна здымае з грамадзянаў усю віну.

Мне здаецца, што адказ кожны павінен даваць сабе перш за ўсё сам. Формулу разьвітаньня з рабствам прапанаваў Чэхаў, які сам прад'яўляў сабе такія патрабаванні, што знаходзіў нейкія кроплі несвабоды.

І яшчэ адно практычнае назіраньне: патрабуецца час, каб з раба стаць свабодным. Гэта працэс быццам і просты, але і невытлумачальны цалкам. Што залежыць ад асяродку, што ад характару, ад генаў — ня ведаю. Андрэй Сахараў спачатку зрабіў для камуністычнага рэжыму тэрмаядзерную бомбу, якая магла ўвогуле скончыць з цывілізацыяй, а пасьля стаў адным з галоўных апанэнтаў сыстэмы. Аляксандар Салжаніцын назваў фэномэн Сахарава цудам. А як растлумачыць цуд? Больш менш цьвёрда можна гаварыць хіба пра накірунак руху: ад зла ці абыякавасці — да дабра і справядлівасці для сябе і іншых.

— І гэты шлях прывёў цябе ў КПСС у 1988-м?

— Неспазнаныя шляхі нашыя… Мой сябар, адзін з заснавальнікаў БНФ, неяк на сустрэчы з выбаршчыкамі заявіў: «Я ўступіў у дзьве арганізацыі, у якія ня мог не ўступіць: Мартыралёг Беларусі і КПСС!»

З пачатку 80-х я запісваў для сябе ўспаміны вязьняў ГУЛАГу, і ў іх расказах мінулы жах быў выразна зьмяшаны з жахам цяперашнім: а раптам усё зноў паўторыцца?..

Памятаю, як мяне скаланула першае пасьля абраньня генсекам публічнае выступленне М. Гарбачова. На ўрачыстасцях да 40-годзьдзя Перамогі ён сказаў тое, што не гаварылі ні Хрушчоў, ні Брэжнеў, ні Андропаў з Чарненкам — адзначыў выдатную ролю «Генэральнага сакратара ЦК партыі Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна». Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй.

І калі раптам гарбачоўская галоснасць прачыніла дзьверы гістарычнай праўдзе, публічныя прызнанні злачынстваў мінулага загучалі як пакаяньне і ачышчэнне, як аднаўленьне справядлівасьці, як гарантыя — не паўторыцца. І ў заяве ў партыю я напісаў тады: «хачу актыўна ўдзельнічаць у рэвалюцыйнай перабудове»…

— Ну і як удзельнічаў, актыўна?

— Партбілет адчыніў дзьверы ў архівы, і я акунуўся ў дакумэнты 30-х з галавой. Гэтую тэму тагачаснае кіраўніцтва «Звязды» падтрымлівала, і хаця за публікацыі пад рубрыкай «Гісторыя бязь белых плям» газэце часта ўлятала, але чытачы прызналі. Адным словам, працэс ішоў. Ішоў ён і па-за рамкамі газэтнай паласы.

Разам зь Зянонам Пазьняком, Маяй Кляшторнай, Віктарам Крукоўскім, Яўгенам Куліком, Міхасём Чарняўскім, Валянцінай Вяргей, Міколам Крывальцэвічам, Юрам Дракахрустам ды іншымі мы збіраліся ў пакоях Інстытуту гісторыі ці маім рэдакцыйным кабінэце і пісалі статут «Камітэта 58», які потым стаў называцца «Мартыралёг Беларусі». Нашыя дэклярацыі пра «садзеяньне палітыцы партыі», «адраджэнне ленінскіх прынцыпаў» ды «грунт XIX Усезаюзнай партканфэрэнцыі» можна знайсьці і ў дакумэнтах «Мартыралёгу», і ў першай праграме БНФ, поўная назва якога тады гучала так: «Беларускі Народны Фронт за перабудову «Адраджэнне»».

— Працьвярэзілі вас «чаромхай» на Дзяды на ўсходніх могілках!

— Каго як… Зянон і так усё разумеў, толькі ўжываў тэрмін «бюракратыя» замест «камуністы». А ў іншых яшчэ жыла вера ў парыў Гарбачова. Я пазбавіўся партбілету толькі ў 1990-м. Калегі ў газэце наладзілі нейкую пародыю на суд, шкадую, што ўвогуле пайшоў туды — і сорамна за іх, і шкада…

— А самому ня сорамна за ўступленне?

— Сорамна. Хоць і ведаю, што бяз гэтага пропуску не патрапіў бы ў архівы, ня змог бы напісаць, апублікаваць, зьняць кіно пра ахвяраў камунізму. Таксама весялей было ў пракуратуры, міліцыі ды судах, куды мяне клікалі падсудныя як сябра, а ўлады дапускалі як карэспандэнта партыйнай газэты. І ўсё ж, усё ж… Не геройскі крок, мякка кажучы. Сытуацыя даволі тыповая для пераходнага пэрыяду і для тых, хто толькі пачынаў уздымацца з каленяў.

А наконт веры — тады для мяне сорамна было б яе ня мець, не адгукнуцца на жывы голас, які ўпершыню загучаў з арэапагу мерцьвякоў і павёў да свабоды. Ахматава не саромелася называць сябе «хрушчоўкай». Калі Андрэй Сахараў гаварыў, што альтэрнатывы Гарбачову няма, гэта значыла, што няма гуманнай альтэрнатывы. Лігачовых было колькі заўгодна. Я згодны з Алесем Адамовічам: без Гарбачова кроў пры распадзе ядзернай імпэрыі была б шматкроць памножаная і хто ведае, ці ня стаў бы сам распад ядзерным…

Слезацечны газ неблагі сродак прачысткі мазгоў, але часам ня дзейнічаюць і больш моцныя сродкі. У жніўні 1991-га, пад час путчу мы з калегам, мастаком Генам Мацурам, напісалі зварот да камуністаў-супрацоўнікаў выдавецтва, дзе я тады працаваў, у якім заявілі, што ня можам больш цярпець партарганізацыю ў калектыве. Адразу падпісалі зварот чалавек дзесяць, потым лічба павялічылася. А на агульным сходзе праз пару дзён пачалося нешта няўцямнае: ня варта сьпяшацца, трэба разабрацца… Мастак Коля Шалюта ускочыў тады і зьвінячым ад напружаньня голасам закрычаў: «Што вам яшчэ трэба? Вам путчу мала?! Што вам трэба, каб зразумець?!!»

— І што ж трэба?

— Час, што мінуў пасьля путчу, выразна засведчыў існаваньне дзьвюх супрацьлеглых псыхалёгіяў або грамадзкіх лагераў: тых, хто хоча і можа зразумець урокі мінулага, і тых, хто разумець ня хоча і, думаю, ня можа. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя, менш выразная, але намнога большая, чым першыя дзьве разам узятыя: тыя, каму ўсё роўна. Унутры плыняў ідуць свае працэсы, у выніку якіх адбываецца ўзаемаабмен паміж імі, што розныя людзі называюць па-рознаму: здрадзіць прынцыпам, перафарбавацца, выздаравець.

— Чаму ж ты адмаўляеш Барысенку ў праве на выздараўленне?

— Ёсьць розьніца паміж маўчаньнем і непасрэдным удзелам у зьнішчэньні людзей. Рознае павінна быць і ўшанаваньне. У выпадку Барысенкі не хапае некалькіх зьвёнаў, якія дазволілі б пагадзіцца з тым, што пасьля XX зьезду ён стаў іншым чалавекам. Ён па-ранейшаму ўдзельнічаў у афіцыйных кампаніях ідэалягічнага цкаваньня іншадумцаў і нічога не рабіў для вяртаньня зацкаваных у 30-я гады.

Адсутнічае і яшчэ адно зьвяно. Надзейным сьведчаньнем унутранага вызваленьня ад рабства зьяўляецца гатоўнасьць адмовіцца ад таго, што дасягнуў у мінулым рабскім жыцьці. Не зважаць на свой сацыяльны статус, плюнуць на прывілеі, паставіць пад пагрозу бесклапотную будучыню сям'і, адчуць радасьць пакутаў за праўду. Ёсьць і апошяя мяжа. Мы здымалі фільм пра Курапаты пад час археалагічных раскопак, і Зянон Пазьняк, стоячы ў раскопе над рэшткамі ахвяраў, сказаў, што калі б у яго быў выбар — страляць альбо легчы ў гэтую яміну, ён ляжаў бы там.

— Што выбраў бы ты?

— Я ведаю свой сёньняшні адказ. Ёсьць нейкая паласа, на якой колькасьць ведаў, пачуцьцяў, назіраньняў пераходзіць у якасьць. Чалавек зь пераважна раба робіцца пераважна свабодным. І з гэтага моманту пазбаўляецца выбару, бо ўжо ня можа рабіць ці не рабіць пэўны крок. Драматург Аляксей Дудараў расказаў, як пазванілі яму 19 жніўня, пад час путчу, і спыталіся пра яго стаўленьне. Ён кажа: я баяўся. У мяне малая дачка. Але яшчэ больш я баяўся не сказаць, што гэта банда і я яе не баюся.

— А ты што рабіў тады, як модна пытацца?

— Якраз ня модна, па-мойму. А шкада. У адрозьненьне ад 30-х, у 91-м пад іх танкі было каму кінуцца. І гэта лепшае, што мы маглі зрабіць для памяці ахвяраў рэжыму. А горшым, на маю думку, стала тое, што мы, дакладней, маскоўскія дэмакраты ўпусьцілі шанц суду над камуністычнай ідэалёгіяй і правядзеньня люстрацыяў. У выніку — калатнеча рэстаўрацыі, местачковы таталітарызм…

— О, вось мы дабраліся да сутнасьці: ты за паляваньне на ведзьмаў, за помсту!.. А як жа дэмакратычнае чалавекалюбства, як жа «милость к падшим», як жа біблейскі запавет не судзіць?

— Паўтаруся: я за тое, каб судзілі. Не судзіць у хрысціянскім сэнсе, г. зн. дараваць — і то толькі ў маральным плане — мае права выключна ахвяра. Грамадзтва, дзяржава ня маюць і ня могуць мець такога права. Папа Рымскі дараваў турку Агджу, які рабіў на яго замах, і маліўся за яго. Што не перашкодзіла ўладам Італіі адправіць злачынцу ў турму.

Дэмакратычнае грамадзтва праз сістэму законаў, судоў і турмаў павінна жорстка абараняць сябе і свабоду сваіх грамадзянаў. З камуністычным вядзьмарствам, зь іншымі чалавеканенавісніцкімі ідэалёгіямі і арганізацыямі трэба змагацца як змагаліся з чумой і халерай. Магчыма, у будучым будзе дастаткова проста адукацыйнай прышчэпкі, сёньня ж патрэбны каранцін і санацыя. У гэтым і ёсьць чалавекалюбства.

— Многія ахвяры самі стваралі мэханізм рэпрэсіяў — ідэалягічна, арганізацыйна, юрыдычна. Многія каты станавіліся потым ахвярамі. Ты ўпэўнены, што заўсёды можна адрозьніць правага ад вінаватага, пазьбегнуць новай несправядлівасьці?

— Каб адрозьніць, трэба ведаць. Няма аднаго адказу для ўсіх. Але гэта ня значыць, што няма такога адказу ўвогуле. Трэба шукаць, вывучаць, прыводзіць факты. А меркаваньні будуць розьніцца, некаму і цяпер Ленін, Гітлер, Пол Пот куміры.

Што ж да новай несправядлівасьці… Хіба пасьля маіх публікацыяў прыяжджаў «чорны воран», людзей кідалі ў «амэрыканку», везьлі ў Курапаты? Хіба я заклікаю ставіць былых катаў, як некалі яны ахвяраў, на «канвэер», зашчымляць пальцы дзьвярыма, спаражняцца ў твар, на вачах бацькоў гвалціць дочак, жонак кідаць на пацеху ў камэру крымінальнікам? Хіба я пасылаю іх дзяўбсьці запалярны вугаль, патрабую марыць іх смагай і голадам, цкаваць сабакамі? Хіба — ды задоўга перачліваць усё, што каты тварылі над ахвярамі. Я хачу толькі аднаго: назваць іх імёны і іх учынкі.

— Але дзеля чаго? Катаў ўжо амаль не засталося. На развалінах Савецкага Саюзу ўзьніклі рэжымы з «культам асобы» ня горшымі за сталінскі. Ці мала правільных словаў было гаворана ў гісторыі, але ці пачутыя яны?

— Некаторыя словы трэба паўтараць, каб не забыцца на іх увогуле. Хто ведае, што было б, калі б час ад часу іх не паўтаралі зноў і зноў… Калі пад час вучобы ў інстытуце, а потым і пасьля заканчэння я змог сказаць «не» афіцэру КГБ, які вэрбаваў мяне на ролю няштатнага «памочніка» органаў, дык не паддацца на пасулы і пагрозы дапамог страх будучага сораму. Я ўявіў, што будзе, калі такое супрацоўніцтва адкрыецца — нават праз сто гадоў… Але яшчэ большы, чым перад будучым, ёсьць абавязак перад мінулым, перад адным яго фрагмэнтам…

— Якім?

— Апошнія сэкунды перад стрэлам… Я бачу расстрэл у Курапатах, калі ўсе просьбы аб дапамозе выплаканыя, надзеі растаптаныя, спадзяванні адкінутыя, ратунку няма й ня будзе, і каты выцягваюць свае рэвальвэры. І мне здаецца, што адзін з тых, хто ўпадзе зараз у яму, пачынае здагадвацца і раптам верыць, што праклятыя імёны назавуць хоць празь пяцьдзесят гадоў, што хоць так яны будуць адпомшчаныя, і тады на зьмярцьвелым твары зьяўляецца нешта, нешта падобнае на апошнюю ўсьмешку…

Загрузка...