36 Славін


Прайшоў месяц. Славін прывыкаў да новага месца работы, да хатняй абстаноўкі, якая здавалася новай для яго. Першыя дні прачынаўся з думкай пра тое, што яму трэба рыхтаваць сняданак, давесці да ладу адзежу, але паднімаўся і бачыў, што сняданак ужо гатовы, што сястра адпрасавала штаны, а на спінцы крэсла вісіць свежая кашуля.

Работы было сапраўды шмат, як і абяцаў начальнік аддзялення Г арчакоў. У горадзе аператыўнае становішча было складаным. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку прыходзілі на службу да дзевяці раніцы, працавалі да сямнаццаці, потым ішлі дахаты і ў дваццаць адну гадзіну зноў прыходзілі на работу і працавалі да дзвюх-трох гадзін ночы. Такі рэжым моцна адрозніваўся ад мернага працоўнага дня ў Мар’янаўску. Але Славін не дзівіўся гэтаму. Інакш і не магло быць.

Уладзімір увечары прыйшоў дахаты а палове шостай. Маці хутка прыгатавала вячэру. Ён паеў і, седзячы на канапе, чакаў, пакуль маці і Жэня прыбіралі са стала, мылі посуд.

— Таварышы жанчыны, а я сёння першую зарплату атрымаў. — Уладзімір паклаў грошы на кухонны стол. — У гонар першага заробку, прашу вас, купіце сабе па падарунку, а то мне цяжка выбраць.

Маці пераглянулася з дачкой, выцерла рукі, узяла грошы і працягнула іх сыну:

— На, схавай. Мы з Жэняй параіліся і вырашылі, што тваю першую зар­плату трэба адкласці на вяселле, а жыць будзем на грошы, якія атрымліваем я і Жэня. Дарэчы, ты напісаў Рыце, каб яна прыязджала?

Збянтэжаны Уладзімір адказаў:

— Я ёй учора напісаў і папрасіў пакуль не звальняцца. Трэба ж кватэру знайсці, не станем жа мы з Рытай вас турбаваць.

Кватэра Славіных сапраўды складалася з двух малюсенькіх пакояў, адзін з якіх быў прахадны, і цёмнай кухні-пярэдняга пакоя.

— Як гэта турбаваць? — грозна наступіла на брата Жэня. — Паглядзі, як людзі жывуць! Многія маюць па пяць-шэсць дзяцей, а жыллё ў іх меншае за наша. Увогуле, так, мілы братка: садзіся за стол і пішы Рыце, каб неадкладна прыязджала. А наконт таго, дзе вам жыць, у нас з мамай пытанне вырашана, і ніякіх пярэчанняў мы не прымаем. Вам выдзяляецца дальні пакой, а мы з мамай змесцімся ў першым.

Рашучы выгляд сястры прымусіў Уладзіміра ўсміхнуцца.

— Чаму ты ўсміхаешся? — спытала сястра і нечакана, абхапіўшы брата за шыю, ледзь не паваліла яго. Уладзімір падхапіў Жэню, панёс у пакой, пасадзіў яе на канапу і гучна паклікаў:

— Мама, ідзі сюды!

Усміхаючыся, маці ўвайшла ў пакой і села з другога боку каля сына. Ён абняў іх за плечы і расчулена сказаў:

— Дзякуй вам, родныя мае! Хай будзе так, як вы вырашылі. Зараз жа напішу ёй ліст, хай прыязджае.

— І дапішы, — уставіла сястра, — няхай не марудзіць, а то суседскія дзяўчаткі з цябе вачэй не зводзяць, чаго добрага, адаб’юць.

Уладзімір узяў аркуш паперы, ручку, чарніліцу-невылівачку і сеў пісаць ліст. Атрымалася, што пісалі ўтрох: кожны хацеў штосьці напісаць дзяўчыне ад сябе. Потым ён сунуў пісьмо ў кішэню пінжака і пачаў збірацца.

— Куды ж ты, яшчэ на работу рана?

— А ў нас сёння камсамольскі збор, прызначаны на дзевятнаццаць гадзін, а цяпер палова.

Неўзабаве Славін выйшаў на вуліцу і весела закрочыў па тратуары. Ля першай паштовай скрыні спыніўся, апусціў у яе пісьмо і падумаў: «Вось здзівіцца Рыта: ва ўчарашнім лісце я напісаў, што шукаю жыллё, і прасіў пакуль пачакаць з ад’ездам, а ў сённяшнім прашу, каб хутчэй прыязджала».

І ён, насвістваючы, пайшоў далей. Павярнуў за вугал і, каб скараціць шлях, накіраваўся праз зарослыя травой і высокім быльнікам разваліны. У вайну гэты раён быў цалкам разбураны нямецкай авіяцыяй. Тут чамусьці нават не было часовых збудаванняў. Людзі цураліся гэтага месца. Справа ў тым, што фашысты за адну ноч ператварылі ў руіны ўсё. Мала каму ўдалося выратавацца. Уладзіміру расказвалі, што некаторыя людзі казалі, што чулі чалавечыя стогны і галасы ў гэтых руінах. Паступова гэтыя расказы абраслі такімі падрабязнасцямі і дэталямі, што ператварыліся ў легенды, і мясцовыя жыхары стараліся не бываць тут. Нават новыя хаты ў гэтым месцы пакуль не будавалі. Славін лёгка пераскокваў з адной груды цэглы на другую.

Ён быў задаволены сабой. За месяц работы на новым месцы лейтэнант асвоіўся, паспеў пасябраваць са сваімі новымі калегамі. Хлопцы яму спадабаліся: адкрытыя, прамыя, адважныя.

Славін успомніў сустрэчу са стрыечным братам Аляксеем, Купрэйчык пра прыезд Славіна даведаўся з загада пра яго прызначэнне на пасаду. Аляксей адразу ж паехаў у аддзяленне міліцыі, куды быў прызначаны Славін, і прабыў з ім амаль увесь вечар. На наступны дзень яны разам з’ездзілі на могілкі, дзе быў пахаваны Мачалаў. Пазней Уладзімір пабываў дома ў Таццяны Андрэеўны. Яны ўспаміналі свае сустрэчы падчас вайны, калі ні Уладзімір, ні Таццяна Андрэеўна не пазналі адно аднаго.

З глыбокай задуменнасці Славіна нечакана вывелі нейкія гукі. Ён прыслухаўся і здзіўлена спыніўся. Да яго данесліся галасы, пачуўся нейкі металічны ляск.

Уладзімір стаяў у нерашучасці. Зноў выразна сталі чутны галасы і скрыгат металу. «Што гэта? Тут жа няма жылля. Трэба праверыць, можа, дзеці знайшлі бомбу, якая не разарвалася, і хочуць яе разабраць?» Славін, стараючыся не шумець, накіраваўся да разбуранага цаглянага дома, адкуль даносіўся шум. Наблізіўся да праёму ў сцяне і спыніўся, чакаючы, пакуль зноў пачуе гукі, якія насцярожылі яго. Праз хвіліну зноў пачуўся металічны ўдар. Шум ішоў аднекуль знізу. Уладзімір пралез праз пралом, зрабіў некалькі крокаў і ўбачыў паўразбураную бетонную лесвіцу, што вяла ўніз, у цемру. Ён пастаяў, падумаў і пачаў асцярожна, крок за крокам, спускацца па прыступках. У адным месцы захаваліся толькі рэшткі іх, якія цудам трымаліся ля самай сцяны. Славін стаў спінай да сцяны і, шчыльна прыціскаючыся да яе, павольна і асцярожна перастаўляў ногі. Нарэшце дасягнуў лесвічнай пляцоўкі. Далей лесвіца была цэлай. Уладзімір рушыў уніз. Зараз галасы гучалі выразней, а ўдары па чымсьці металічным сталі аглушальна гучнымі. Славін зразумеў, што знаходзіцца ў склепе былога вясковага дома. Відавочна, магутныя фугасныя бомбы не ўсюды дасталі да склепа. Налева ішла доўгая цёмная штольня. Калі Славін зазірнуў туды, то ўдалечыні ўбачыў нязыркае святло. «Трэба ж, чэрці; куды забраліся», — падумаў ён, яшчэ не адпрэчваючы думку пра дзяцей, якія прыдумалі для сябе небяспечны занятак, і рушыў уздоўж правай сцяны. Вакол валяліся кавалкі бітай цэглы і тынкоўкі. Чым бліжэй ён набліжаўся да мігатлівага святла, тым ясней станавілася, што сама крыніца святла — свечка ці газавая лямпа — знаходзіцца дзесьці справа і святло ад яго пранікае ў ходню праз нейкую адтуліну ці пралом у сцяне. Калі ён падышоў, то ўбачыў, што гэта былі звычайныя дзверы што вялі ў нейкае памяшканне. У гэты момант Славін выразна пачуў галасы і зразумеў, што размаўлялі паміж сабой дарослыя. Асцярожна вызірнуў з-за выступу і тут жа адскочыў назад. Некалькі мужчын важдаліся каля сейфа, што ляжаў на падлозе і спрабавалі ломам і кавадлам адкрыць яго. «Хто яны, гэтыя мужчыны? Што робяць? Ці не гэты сейф уначы ўкралі з заводскай касы?»

Славін добра ведаў, што ў сейфе шмат грошай — зарплата работнікаў завода. Ён яшчэ раз асцярожна вызірнуў. Трое мужчын стаялі да яго спінай і, лаючыся, узломвалі сейф.

Сейф ляжаў каля процілеглай ад увахода сцяны. Недалёка ад дзвярэй на падлозе стаяла вялікая газавая лямпа, ляжала вяроўка. Славін вырашаў, што рабіць. Самае разумнае — паціху сысці і выклікаць сваіх. Уладзімір прыкінуў, што для гэтага спатрэбіцца не меней як сорак мінут. «Але за гэты час злачынцы змогуць адкрыць сейф. Магчыма, адгэтуль ёсць іншае выйсце, і яны ведаюць яго. Шукай тады ветру ў полі! Вывесці ўсіх траіх са склепа немагчыма. Яны змогуць выбраць момант і накінуцца на мяне, асабліва ў тым месцы, дзе трэба ісці па разбураных прыступках. І лейтэнант адважыўся.

Ён дастаў з кішэні пісталет і, калі мужчыны сталі зноў заганяць лом у шчыліну паміж дзверцамі і сцяной сейфа, паслаў патрон у патроннік: гук затвору патануў у ляску металу. «Парадак, — здаволена падумаў Уладзімір. — Зараз мне трэба паклапаціцца пра тое, каб яны не патушылі святло».

Тым часам невядомыя радасна загаварылі, і аператыўнік убачыў, што лом улез у шчыліну. На лом наляглі двое, пачуўся металічны скрыгат, трэск, і — дзверцы расчыніліся.

— Браткі, жывём! — усклікнуў адзін, і ўсе схіліліся над сейфам. Падлога была ніжэй за тое месца, дзе стаяў Славін. Туды вялі тры прыступкі. Уладзімір ціха спусціўся і сеў на сярэднюю прыступку. Зараз лямпа стаяла ля яго правай нагі. Ён спакойна сказаў:

— Хто сказаў, што «жывём»?

Мужчыны замерлі і, як па камандзе, павярнуліся да Славіна, які накіраваў у іх бок пісталет. Лейтэнант убачыў, як двое пацягнуліся да кішэняў пінжакоў. «Узброены, напэўна, сволачы!» — і скамандаваў:

— Рукі ўгору! Любы рух, і я страляю!

Тыя падпарадкаваліся. Славін загадаў:

— А зараз у куток, направа, марш!

Славін прымусіў іх легчы на падлогу тварам уніз. Загадаў выцягнуць рукі. Пасля гэтага падышоў да сейфа, узяў сякеру, вярнуўся да свайго месца, дзе недалёка ляжала згорнутая ў кольца вяроўка, адкруціў кавалак метраў дванаццаць і адсек яго, затым падрыхтаваў яшчэ два гэткіх жа кавалкі. Звяртаючыся да таго, які ляжаў справа і быў фізічна слабейшы за сваіх сябрукоў, сказаў:

— На калені!

Той выканаў каманду. На сцяне вырас велізарны цень чалавека, які стаяў на каленах з паднятымі рукамі.

— Папярэджваю, калі хто-небудзь з вас паварушыцца, — страляю без прамаруджвання. А ты, — Славін звярнуўся да таго, што стаяў на каленах, — цяпер возьмеш вось гэту вяроўку і моцна звяжаш таго, які ляжыць злева. — Уладзімір кінуў кавалак вяроўкі.

— А калі я не зраблю гэтага?

— Тады я ўганю ў тваю башку кулю. Зразумеў? Выконвай! — і, заўважыўшы, што той вагаецца, дадаў: — Лічу да трох! Раз, два.

— Стой! Я зраблю, што ты хочаш, — здаўся злачынец. Ён падняў з падлогі вяроўку і спытаў:

— На ногі можна падняцца?

— Уставай, але толькі не дуры!

Славін быў напагатове і ўважліва сачыў за ўсімі, асабліва за тым, які стаяў на нагах. Яму, каб дасягнуць аператыўніка, вядома, часу трэба менш, чым яго сябрам, якія ляжаць у нязручнай паставе на падлозе. Ён спытаў:

— Звязваць толькі рукі?

— Спачатку рукі. Яшчэ раз папярэджваю ўсіх: любы рух без майго дазволу для вас — смерць! Ты, доўгі, рукі пакладзі за спіну, — загадаў Славін і вычакаў, пакуль каманда будзе выканана. Потым загадаў таму, што стаяў:

— А зараз вяжы!

Той звязаў свайму напарніку рукі і выпрастаўся ў чаканні новага загаду.

— Зараз вяроўкай абвяжы яго шыю.

— Як абвязаць?

— Як дзіцяці спавіваюць, чаго прыкідваешся, быццам не разумееш?

Прайшло яшчэ некалькі мінут, і адзін злачынец ляжаў звязаны вяроўкай па руках і нагах. Затым гэтак жа быў звязаны і другі. Пасля гэтага Славін загадаў трэцяму легчы на падлогу, а сам падышоў да звязаных і праверыў вузлы. Звязаны бандыты былі дрэнна, але каб развязацца, ім трэба быў час.

Уладзімір падышоў да трэцяга, загадаў закласці рукі за спіну, галаву павярнуць налева, а сам стаў справа ад яго. Наступіў самы адказны момант: трэба было не даць злачынцу скарыстацца тым, што ў Славіна на імгненне не будзе ў руках зброі.

Лейтэнант зняў пінжак і кінуў на падлогу, узяў у левую руку вяроўку і, працягваючы трымаць палец на спускавым пісталета, сеў на злачынца. Той толькі кракнуў, але працягваў ляжаць моўчкі. Уладзімір падсунуў канец вяроўкі пад рукі, затым засунуў пісталет пад рэмень штаноў, хутка звязаў рукі бандыту. «Парадак!» — узрадаваўся Славін і адразу ж пачаў «спавіваць» невядомага. Звязаў моцна, надзейна. Гэты ўжо не быў бяспечным. Уладзімір прыняўся за другога, затым за трэцяга. Нарэшце ўсе трое «спакаваны». Абшукаўшы іх кішэні, Славін знайшоў тры пісталеты. Самага цяжкага ён пакінуў у памяшканні, а дзвюх па чарзе выцягнуў у калідор і паклаў аднаго недалёка ад дзвярэй, а другога ў канцы штольні. Звязаныя бандыты ляжалі так, што выйсце ім не было бачна. Славін загадаў ім не размаўляць, узяў лямпу і паставіў яе на падлозе калідора, якраз на паўдарогі паміж двума злачынцамі. Калі гэтыя двое і паспрабуюць падкаціцца адзін да аднаго, каб зубамі развязаць вузлы, то запаленая лямпа не дазволіць ім зблізіцца. Славін паціху накіраваўся да выхада. Выбраўся ўжо знаёмым шляхам з разбуранага дома і з хвіліну стаяў, аслеплены сонцам, што вісела на гарызонце. Калі вочы прывыклі да святла, ён пабег да вуліцы, што віднелася ўдалечыні.

На праезджай частцы спыніўся. «Хутчэй бы з’явілася якая-небудзь машына». І тым часам паказалася палутарка. Яна хутка набліжалася. «Толькі б спынілася! Толькі б спынілася!» — паўтараў пра сябе Славін. Але машына, неміласэрна дымячы, пранеслася міма. Лейтэнант ледзь не заплакаў ад прыкрасці. «А раптам і наступная машына не спыніцца?» — абпаліла яго новая думка. Уладзімір вырашыў зрабіць завалу. Кінуўся да развалін і выцягнуў на дарогу тры груды са змацаванай бетонам цэглы. Паклаў іх на праезджай частцы так, каб прымусіць вадзіцеля калі не спыніцца, то хоць бы прытармазіць. І вось з-за павароту выскачыла яшчэ адна палутарка і стала хутка набліжацца. Славін стаяў злева каля абочыны і ўжо не галасаваў, а рукой паказваў на перашкоду. Вадзіцель скінуў газ, і машына пачала павольна аб’язджаць груды. Славін ускочыў на падножку і, прад’явіўшы вадзіцелю пасведчанне, загадаў спыніцца і запатрабаваў дакументы. Узяў працягнутыя вадзіцелем пуцявы ліст і правы, потым сказаў:

— Выключыце рухавік і ідзіце са мной.

Вадзіцель моўчкі выканаў каманду і, ужо крочачы побач з дзіўным работнікам міліцыі, спытаў:

— А што такое? Куды вы мяне ведзяце?

— Слухайце мяне ўважліва. У склепе разбуранага дома я затрымаў злачынцаў. Мне тэрмінова патрэбна дапамога. Вы зараз паглядзіце, дзе я буду знаходзіцца, вернецеся да машыны і паедзеце ў аддзяленне міліцыі, скажаце там, што Славін — гэта маё прозвішча — тэрмінова просіць дапамогі. Прывезяце іх да мяне. Скажыце, каб ліхтары прыхапілі. Дакументы я вам аддам, калі вернецеся. Калі трэба, зраблю адзнаку ў вашым пуцявым лісце пра затрымку.

Яны падышлі да таго месца, дзе Славіну трэба было спускацца ўніз. Лейтэнант сказаў:

— Пакажыце ім вось гэтыя прыступкі, а цяпер хутка едзьце і памятайце, што ад вас залежыць усё.

Шафёр, скачучы па выбоінах, пабег да машыны.

Славін спусціўся ўніз і, перш чым ступіць у цёмны калідор, заплюшчыў вочы і трохі пастаяў. Хто ведае, можа, злачынцам удалося развязацца і зараз яны стаіліся ў цемры, каб напасці на свайго ворага. Дастаў пісталет, зняў яго з засцерагальніка і асцярожна вызірнуў за вугал. Пры цьмяным святле газавай лямпы ўбачыў, што той, які ляжаў бліжэй іншых да выхада, знаходзіўся на месцы. Уладзімір рушыў па калідоры. Праверыў, як трымаецца вяроўка на першым, гэта быў як раз той, які вымушаны быў звязваць сваіх сябрукоў. Ён спытаў:

— І колькі мы будзем ляжаць так?

— Колькі запатрабуецца, гэтулькі і будзеце, — цвёрда адказаў Славін, але пасля паўзы, ужо мякчэй, дадаў: — Ужо хутка.

— Слухай, а ты хто?

— Натуральна, хто — супрацоўнік крымінальнага вышуку. Славін маё прозвішча. Не чуў?

— Не, штосьці не чуў пра такога. Бачыш, усё часу не было газеты чытаць.

— Нічога. Зараз у цябе час для гэтага будзе.

Другі быў таксама звязаны надзейна, і Славін, трымаючы ў левай руцэ лямпу, а ў правай пісталет, наблізіўся да ўвахода, што вёў у памяшканне. Тут яго магла чакаць самая вялікая небяспека. Калі ў кагосьці са злачынцаў былі шанцы развязацца, то больш за ўсё ў таго, якога Славін пакінуў у памяшканні, дзе валяліся абломкі цэглы, сейф з адкрытымі выступаючымі часткамі, пра якія можна перацерці вяроўку. І калі злачынцу гэта ўдалося, то ён цяпер з таго боку, каля ўвахода, павінен стаяць з ломам ці сякерай у руках. Ад гэтай думкі Славін рукой, у якой быў заціснуты пісталет, мімаволі пачасаў галаву, як раз у тым месцы, дзе, па яго разліку, можа апусціцца лом ці сякера. Пастаяў, падумаў і ступіў у дзвярны праём. Гучна спытаў:

— Гэй, ты, ля сцяны, доўгі, чуеш мяне?

З глыбіні памяшкання пачуўся глухі голас:

— Чую.

Уладзімір спусціўся па трох прыступках і, падсвечваючы сабе лямпай, наблізіўся да злачынца. Агледзеў вяроўкі і здаволена выпрастаўся.

Аператыўнік паставіў лямпу на тое ж месца, паміж ляжачымі злачынцамі, а сам прайшоў бліжэй да прыступак і стаў чакаць. Сюды зверху трапляла святло, і Уладзімір зірнуў на гадзіннік. З таго моманту, як ён зноў спусціўся сюды, прайшло крыху больш за дзесяць мінут. Як павольна ідзе час! Вадзіцель, напэўна, яшчэ едзе да аддзялення міліцыі. Свае з’явяцца не раней чым праз паўгадзіны, і Славін падрыхтаваўся чакаць.

Прайшло яшчэ чвэрць гадзіны, і раптам зверху пачуўся нейкі шум, а яшчэ праз некалькі секунд лейтэнант выразна пачуў крокі. Хтосьці спускаўся па прыступках. Уладзімір замёр. Свой ці чужы? Занадта мала часу прайшло, работнікі міліцыі яшчэ не паспелі прыехаць.

Можа, выпадковы прахожы завярнуў у разваліны, а можа, саўдзельнік звязаных злачынцаў ідзе сюды.

Славін увесь напружыўся і, калі пачуў, што чалавек спускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, ступіў у прыцемнены кут, адкуль можна назіраць за прыступкамі.

Па асцярожных рухах і гучным дыханні зразумеў, што невядомы ў гэты момант ідзе па разбуранай частцы лесвіцы. Гэта сведчыла аб тым, што ён не быў выпадковым прахожым. Уладзімір дастаў з кішэні пісталет і, ужо каторы раз за сённяшні дзень, спусціў яго з засцерагальніка.

Вось чалавек ступіў на пляцоўку перад апошнім лесвічным пралётам і, не спыняючыся, рушыў далей. Зрабіўшы некалькі крокаў, ён нечакана вылаяўся і гучна крыкнуў:

— Гэй, вы, ахламоны, падыдзіце і пасвяціце мне!

Славін убачыў у яго ў руках невялікі рэчмяшок.

І раптам з глыбіні калідора пачуўся крык:

— Хмель, шухер! Лягавыя, змывайся!

Лейтэнант выскачыў са сваёй прыцемненай хованкі і накіраваў пісталет на невядомага:

— Ні з месца! Міліцыя!

Той шпурнуў у Славіна рэчмяшок, які пляснуўся ля ног аператыўніка, і кінуўся ўверх. Славін націснуў на спускавы кручок. Куля трапіла ў сцяну на пляцоўцы, і невядомы спыніўся. Гэта яго і выратавала. Калі б ён зрабіў яшчэ крокі два, другая куля спыніла б яго. Уладзімір загадаў:

— Рукі ўгору! Да мяне тры крокі марш! Адзін рух без майго дазволу, і я страляю!

А з калідора ўсё той жа голас крычаў:

— Не дрэйф, Хмель, ён адзін, бі з пушкі!

Невядомы з паднятымі рукамі зрабіў тры крокіу назад уніз і цяпер знаходзіўся на сярэдзіне лесвіцы.

— Так, добра. А зараз сядзь спінай да сцяны, рукі не апускай!

Злачынец, напэўна, зразумеў, што супраціўленне бескарысна, выканаў і гэты загад. Уладзімір працягваў трымаць яго пад прыцэлам. Хутка павінны з’явіцца свае, але нельга нават зірнуць на гадзіннік, каб зарыентавацца ў часе. Аператыўнік баяўся, што ў цемры ўзброены бандыт можа непрыкметна выхапіць з кішэні пісталет.

«Калі праз дзесяць мінут нашы не прыйдуць, — вырашыў Славін, — то буду раззбройваць і вязаць гэтага».

Але неўзабаве пачуў наверсе галасы, а затым шум крокаў па лесвіцы. Уладзімір зразумеў: свае. Але на ўсякі выпадак крыкнуў:

— Хто ідзе?

— Свае, Славін! Гэта я, Гарчакоў!

Яркія прамяні ліхтарыкаў уперліся ў сцяну пляцоўкі, асвяцілі чалавека з паднятымі рукамі.

— А гэта што за прывід? — здзіўлена спытаў Г арчакоў.

Славін знізу сказаў:

— Сямён Антонавіч, вазьміце ў яго ў кішэні зброю.

Гарчакоў абшукаў злачынца і сапраўды выцягнуў з кішэні пінжака наган. Падняў бандыта за каўнер і загадаў даставіць яго да машыны, а сам спытаў, звяртаючыся да Славіна:

— Усё ці яшчэ ёсць?

— Ёсць, спускайцеся.

Лейтэнант павёў сваіх па калідоры. Паказаў аднаго, другога і, нарэшце, у далёкім канцы падзямелля трэцяга. І толькі тут Гарчакоў нечакана разрагатаўся, сказаўшы:

— Ну, я вам скажу, браткі, колькі жыву, такога не бачыў!

Сейф на вяроўцы паднялі наверх, затрыманых даставілі да міліцэйскай машыны.

Лейтэнант вярнуў вадзіцелю палутаркі дакументы і падзякаваў за аказаную дапамогу.

У аддзяленні ў прысутнасці затрыманых і панятых палічылі грошы, якія, як і меркаваў Славін, былі выкрадзены мінулай ноччу з касы завода. Там было больш як мільён трыста тысяч рублёў. Той, якога Славін затрымаў апошнім, засмучана прабурчаў:

— Нішто сабе мільтон, такую суму ад нас забраў!

Гарчакоў падышоў да яго і, ледзь стрымліваючы сябе, сказаў:

— Гэтыя грошы будуць вернуты людзям, якія, не шкадуючы сіл, паднімаюць краіну з разрухі!

Злачынец скурчыўся, ён добра памятаў, як гэты велічэзны маёр там, на лесвіцы, адной рукой, як шчанюка, падняў яго за каўнер. Гарчакоў паглядзеў на яго цяжкім поглядам і спытаў:

— Колькі табе?

— Трыццаць два.

— Ваяваў?

Той адвёў у бок вочы і ціха адказаў:

— Не давялося.

— Сядзеў?

Затрыманы моўчкі кіўнуў галавой.

— Я так і думаў, — маёр вярнуўся за свой стол.


37 Маёр Гарчакоў


На наступны дзень Славін, як заўсёды, прыйшоў на службу а дзявятай гадзіне і адразу ж накіраваўся ў чырвоны куток на пяцімінутку. Увайшоў і спыніўся ад здзіўлення. На сцяне вісела «маланка». Вялікімі літарамі ўгары было напісана: «Чаму старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку лейтэнант Славін не з’явіўся на камсамольскі сход». А ніжэй расказвалася, як ён адзін, праявіўшы кемлівасць, затрымаў небяспечную ўзброеную групу бандытаў, раней неаднаразова асуджаных, якія знаходзіліся цяпер у вышуку.

Хтосьці крануў Славіна за плячо. Ён азірнуўся і ўбачыў усмешлівага Гарчакова.

— Што, паспелі сябры-камсамольцы віншаванне вывесіць? Ясна, як дзейнічаюць?

Славін усміхнуўся:

— Ясна, Сямён Антонавіч.

— Да напісанага трэба б дадаць, што гэта брація здзейсніла яшчэ чатыры аналагічныя крадзяжы, якія былі не раскрыты.

— Што, ужо прызналіся?

— А куды ім дзецца? У аднаго чыстыя бланкі працоўных кніжак, якія захоўваліся разам з грашыма ў сейфе рамонтна-механічных майстэрняў, знайшлі, у другога — звязку ключоў ад сейфа механічнага завода, у трэцяга — наган ахоўніка завода, размешчанага ў зоне, якую ты зараз абслугоўваеш. Яны гэтага ахоўніка аглушылі і забраліся ў касу. Ну, а што да чацвёртага крадзяжу, на хлебазаводзе, то двое ўжо самі прагаварыліся.

Уладзімір і не заўважыў, што ў пакоі ўжо сабраліся амаль усе супрацоўнікі. Многія, дачакаўшыся, калі начальнік адыдзе ад Славіна, падыходзілі да яго, віншавалі і паціскалі руку. Адчувалася, што ўсе былі рады за свайго новага таварыша. Падрэзаў, падкрэслена ветліва, гучна спытаў:

— Уладзімір Міхайлавіч, растлумачыце, як гэта атрымалася, што вы сядзелі ў склепе, а ўзброены бандыт — на лесвіцы? За што ён вас пазбавіў волі?

Усё засмяяліся. Рагатаў і Славін, успомніўшы ўчарашняе сваё становішча.

Гарчакоў, пляснуўшы па стале далонню, сказаў:

— Між іншым, таварышы, для кожнага з прысутных учарашнія дзеянні Славіна павінны паслужыць прыкладам тактычных дзеянняў у складаных умовах. Таму, перш чым паведаміць вам становішча, я хачу, каб Славін сам расказаў, як усё было. — Ён махнуў рукой аператыўніку: — Ідзі сюды, Уладзімір Міхайлавіч, раскажы падрабязней і растлумач, чаму ты ўчора прымаў менавіта такія рашэнні. Тады, можа, і Падрэзаў зразумее, што не заўсёды трэба злачынцу ўнізе трымаць, а самому каля ўвахода знаходзіцца.

Супрацоўнікі заўсміхаліся. І пакуль Славін, крыху збянтэжаны, прабіраўся паміж шэрагамі крэслаў да стала, маёр дадаў:

— Скажу шчыра, я прааналізаваў усе яго ўчарашнія дзеянні і не знайшоў памылкі. Толькі гэта і дазволіла яму выйсці пераможцам з няроўнай сутычкі. Таму, паўтараю, нам трэба вучыцца на ўдалых аперацыях, праведзеных нашымі таварышамі. Тады не будзе такіх выпадкаў ці, прынамсі, іх будзе менш, калі злачынец уцякае ад міліцыі на яе ж конях.

Усе ўспомнілі нядаўні выпадак, калі трое міліцыянераў даведаліся, што ў парку недалёка ад Свіслачы хаваецца злачынец, якога шукаюць. Яны прывязалі коней да плота і пачалі прачэсваць хмызняк. А злачынец падбег да коней, адвязаў аднаго і ўцёк на ім. Добра, што заўважылі і пусціліся наўздагон. Гэта прымусіла злачынцу, які дрэнна ездзіў верхам, кінуць каня і схавацца ў развалінах.

Славін, хвалюючыся, пачаў свой расказ, але паступова асвоіўся, адчуваючы, як уважліва слухаюць прысутныя, стаў гаварыць больш упэўнена. Растлумачыў, чаму спачатку пайшоў на рызыку і звязаў злачынцаў, навошта іх расцягнуў далей адзін ад аднаго, з якой мэтай у вадзіцеля забраў дакументы і чаму чацвёртага злачынцу прымусіў сядзець проста на лесвіцы з паднятымі рукамі.

Калі ён скончыў, Гарчакоў спытаў:

— Ну як, таварышы, усім ясна? Няма пытанняў? — Ён павярнуўся да Падрэзава: — І табе, Аляксей Станіслававіч, ясна?

— Так точна, таварыш маёр. Я лічу, што за затрыманне такіх «кітоў» Славін заслугоўвае заахвочвання.

— Нарэшце ты сёння ўпершыню разумную думку выказаў. А так, паколькі я здагадваўся, што ты скажаш пра гэта, то ўнёс кіраўніцтву адпаведную прапанову.


38 Старшы лейтэнант Падрэзаў


Старшы лейтэнант Падрэзаў быў старэйшы за Славіна на тры гады. Ён быў сярэдняга росту, моцны паставай, круглатвары, з вялікім мясістым носам і цяжкім квадратным падбародкам. Глядзеў ён на суразмоўцу карымі вачыма адкрыта і добразычліва, час ад часу папраўляючы густыя чорныя валасы. У кабінеце яны сядзелі са Славіным удвух, бліжэй спазналі адзін аднаго, пасябравалі. Падрэзаў быў жанаты і любіў расказваць пра сваю дачку, якой нядаўна споўніўся год.

Становішча ў зоне яго абслугоўвання было вельмі складаным. Падрэзаў ніяк не мог учапіцца за патрэбную нітачку і раскрыць хоць бы адно забойства з двух, якія, як ён сам панура бурчэў, «павіслі на яго шыі».

Славіну таксама было нялёгка. Праўда, забойстваў у яго не было, аднак вельмі турбавала нераскрытае злачынства. Невядомы напаў на дзяўчыну на ўскраіне горада за дзень да прыезду Славіна ў Мінск. Гэту справу даручылі яму. Прайшло ўжо шмат часу, а наблізіцца да раскрыцця злачынства лейтэнант пакуль не змог.

Жыхары бліжэйшай вёскі расказвалі, што ў лесе недалёка ад таго месца, дзе пазней знайшлі Лазаркевіч, яны бачылі хлопца і дзяўчыну. Прыкметы дзяўчыны і пацярпелай супадаюць. Лазаркевіч усё яшчэ знаходзілася ў цяжкім стане і размаўляць не магла. Было ясна, што дзяўчына ведае злачынцу. Пра гэта сведчыць і тое, што злачынца, відавочна, хацеў яе забіць і лічыў, што зрабіў гэта. Дзяўчына была прыкрыта галінамі, і калі б не два афіцэры, якія выпадкова праходзілі ў тым месцы і заўважылі нагу, што тырчала з-пад галін, то напэўна яна б загінула.

Цяпер Славін чакаў сяброўку Лазаркевіча — Лябедзьку Ганну, якая да гэтага цэлы месяц была ў адпачынку. Дзяўчына з’явілася ў дакладна прызна­чаны час. Чырвоная ад збянтэжанасці, яна паказала павестку і, гледзячы то на Славіна, то на Падрэзава, сказала:

— Я Лябедзька Ганна, мяне выклікалі вось па гэтай павестцы.

Славін узяў павестку і прапанаваў дзяўчыне крэсла.

— Аня, вы чулі, што здарылася з Ірай Лазаркевіч?

— Так, мне ўчора, калі я прыехала ў інтэрнат, дзяўчаты расказалі. Жах нейкі. Я адразу ж хацела ў бальніцу да яе бегчы, але мяне папярэдзілі, што яна ўсё яшчэ без памяці. Скажыце, жыць хоць яна будзе?

— Урачы кажуць, што так. Але без вока застанецца.

— Божа мой, небарака! А хто ж яе так знявечыў?

— Пакуль не знайшлі. Але абавязкова знойдзем. Думаю, што і вы дапаможаце нам у гэтым.

— Я? Чым я магу дапамагчы?

— Па-першае, я хачу, каб вы расказалі нам пра яе знаёмых — і хлопцаў, і дзяўчат.

— Пра каго я ведаю, не ўтаю.

— Ну вось і добра. — І лейтэнант прыняўся запаўняць пратакол допыту.

Допыт доўжыўся больш за дзве гадзіны.

Падрэзаў паспеў за гэты час дапытаць нейкага мужчыну, а затым з’ездзіць на Балотную станцыю, дзе ўначы сагналі грузавік, гружаны ранняй бульбай. А Славін не спяшаючыся, падрабязна запісваў усё, што мела дачыненне да пацярпелай. Ён імкнуўся як мага больш даведацца пра Лазаркевіч, звяртаючы ўвагу на прыкметы хлопцаў. Яго асабліва зацікавіла тое, што незадоўга да гэтага Ірына некалькі разоў хадзіла на танцы ў клуб будаўнікоў. Сама Лябедзька туды не хадзіла, але сцвярджала, што Ірына была з дзвюма сяброўкамі — Томай Марушка і Ленай Барадзько. Уладзімір спытаў:

— Аня, а замуж яна не збіралася выходзіць?

Дзяўчына ўсміхнулася і, зноў пачырванеўшы, адказала:

— Усе мы, дзяўчаты, замуж збіраемся выходзіць, галоўнае толькі — за каго? Наколькі я ведаю, у Іры нікога на прымеце не было.

Нарэшце допыт быў скончаны. Славін даў прачытаць пратакол, паказаў, у якіх месцах трэба падпісаць, і адпусціў дзяўчыну. Яна выйшла, а Уладзімір працягваў задуменна глядзець на пратакол.

Падрэзаў весела спытаў:

— Чаго, казак, зажурыўся? Не адчайвайся, будзеш працаваць — раскрыеш. Дарэчы, я бачу, у цябе талент шпіка ад нараджэння, так што развівай яго. У мяне дзе «мокрыя» справы, але ўсё адно я іх разблытаю.

— Разумееш, толькі што я даведаўся, што пацярпелая незадоўга да нападу разам з Барадзько і Марушкай хадзіла на танцы ў клуб будаўнікоў. А калі я дапытваў Марушку, яна мне пра гэта чамусьці нічога не сказала.

— Можа, ты не пытаў пра гэта?

— Як не пытаў? Можаш паглядзець, вось справа, тут пратакол яе допыту. Яна там прама заяўляе, што нікуды вечарамі разам з Лазаркевіч не хадзіла, а ў сапраўднасці атрымліваецца, што хадзіла, і не адзін раз. Прыйдзецца сустрэцца з гэтымі дзяўчатамі яшчэ.

— Ну давай. А я пакуль бульбянымі справамі займуся. Дарэчы, табе не хочацца варанай бульбачкі, маладзенькай, з кропчыкам?

— Ідзі ты! — Славін праглынуў сліну, уявіўшы сабе дымлівую маладую бульбу на стале.

Неўзабаве Уладзімір выйшаў з аддзялення міліцыі, глянуў на гадзіннік: шаснаццаць дваццаць. Ён вырашыў адшукаць Марушку і разабрацца: па-першае, чаму яна ўтойвала ад яго тое, што хадзіла з Лазаркевіч на танцы, а падругое, высветліць, ці знаёмілася там Ірына з кім-небудзь з хлопцаў.

Дзяўчыну ён знайшоў на рабоце. Лейтэнант нічога ў яе не стаў пытаць, а прапанаваў адпрасіцца і паехаць з ім у аддзяленне.

У кабінеце ён зноў задаў ёй некалькі пытанняў пра Лазаркевіч, а затым сказаў:

— Тамара, сярод дзяўчат ходзяць размовы, што Лазаркевіч некалькі разоў хадзіла кудысьці на танцы. Вы не ведаеце, куды яна хадзіла і з кім?

Славін спецыяльна так спытаў. Яму было неабходна ведаць, наколькі шчырая была з ім гэта бялявая, апранутая ў яркую каляровую сукенку дзяўчына.

Марушка пачырванела.

— Не, не ведаю і нават не чула пра гэта.

— Дзіўна, а мне сказалі, што вы разам з ёй некалькі разоў былі ў клубе будаўнікоў.

Гэтыя словы Уладзімір прамовіў няўпэўнена, быццам і сам сумняваўся ў сказаным.

— Я ніколі і нікуды з ёй не хадзіла і не ведаю, хто вам гэта сказаў.

— Значыць, падманваюць?

— Вядома, — паціснула плячыма дзяўчына.

Яе паводзіны насцярожылі Славіна. Нягледзячы на свой невялікі вопыт, ён ужо ведаў, што бывае такое, калі чалавек хавае не са злога намеру якуюнебудзь акалічнасць, а таму што гэта падае яго ў нявыгадным святле, ці проста лічыць, што да справы не адносіцца, але калі яму нагадваюць, то ён адразу ж кажа праўду. А тут дзяўчына ўсё адмаўляе. Што гэта? Памылка Лябедзькі? Але дзяўчына казала шчыра, у гэтым Славін не сумняваўся. Ён разумеў, што адкладаць праверку на заўтра нельга, і, зрабіўшы выгляд, што ў яго цяпер ёсць нейкая неадкладная справа, папрасіў Марушку пачакаць у аддзяленні, а калі ён вызваліцца, то яны працягнуць гутарку. Каб дзяўчына не сумавала, лейтэнант прапанаваў ёй некалькі старых часопісаў і пажартаваў:

— Таварыш старшы лейтэнант абавязаны сачыць, каб вы не сумавалі.

Падрэзаў усміхнуўся:

— З задавальненнем.

Славін выйшаў на вуліцу і паспяшаўся да трамвая. Для яго ў гэту хвіліну было самым галоўным знайсці Барадзько, якая, па словах Лябедзькі, таксама разам з Ірынай і Тамарай хадзіла на танцы.

На шчасце, дзяўчына была дома. Яна здзівілася, даведаўшыся, што да яе прыйшоў работнік міліцыі, але не спрачалася, калі ён запрасіў яе ў аддзя­ленне. Па дарозе яны маўчалі. Ля ўвахода Славін папрасіў Барадзько крыху пачакаць, а сам зазірнуў у свой кабінет, папрасіў у Марушкі прабачэння, паабяцаўшы хутка вярнуцца, і шматзначна зірнуў на Падрэзава, што азначала: «Пасядзі з ёй».

Уладзімір хутка адшукаў вольны кабінет і запрасіў туды Барадзько.

— Скажыце, Алена Пятроўна, вы колькі разоў разам з Ірынай Лазаркевіч і Марушкай Тамарай хадзілі на танцы ў клуб будаўнікоў?

Пытанне было пастаўлены ў лоб. Дзяўчына збянтэжылася, але адказала адразу ж:

— Разы чатыры, а можа, і пяць.

— Танцавалі?

— Так.

— А Лазаркевіч?

— Вядома. Мы ж для гэтага і хадзілі.

— Вас хлопцы праводзілі дахаты?

— Так, апошнія тры вечары.

Славін задумаўся, а затым сказаў:

— Лена, вы пасядзіце тут трохі, я прышлю да вас супрацоўніка, і ён запіша вашы сведчанні, а потым мы яшчэ з вамі пагутарым.

Уладзімір выклікаў у калідор Падрэзава. У паўголаса паведаў яму сітуацыю і папрасіў падрабязна дапытаць Барадзько. Сам жа зайшоў у свой кабінет, сеў за стол, паклаў перад сабой бланк пратаколу допыту, спытаў:

— Скажыце, Тамара Іванаўна, вы сапраўды нічога не блытаеце, заяўляючы, што ні разу з Лазаркевіч не хадзілі ў клуб будаўнікоў на танцы?

— Вядома, не хадзіла. Ды я ж вам пра гэта ўжо казала.

— А вы ведаеце пра адказнасць за дачу ілжывых паказанняў?

— Так, вы мяне мінулы раз, калі дапытвалі, пра гэта папярэджвалі.

— Дык вось, я вас і цяпер пра гэта папярэджваю.

Славін унёс у бланк пратаколу допыту біяграфічныя дадзеныя дзяўчыны. Даў ёй унізе распісацца, што яна папярэджана пра крымінальную адказнасць за дачу ілжывых паказанняў, паклаў ручку на стол і афіцыйна спытаў:

— Грамадзянка Марушка, следства валодае дадзенымі, што вы разам з

Лазаркевіч Ірынай Уладзіміраўнай, Барадзько Аленай Пятроўнай неаднаразова бывалі ў клубе будаўнікоў на танцах. Што вы можаце растлумачыць наконт гэтага?

Задаўшы гэта пытанне, аператыўнік тут жа запісаў яго ў пратакол допыту і з чаканнем паглядзеў на дзяўчыну. Тая пачырванела, але адказала цвёрда:

— Не, я ніколі не была ў клубе будаўнікоў на танцах і ні разу не хадзіла туды ні з Лазаркевіч, ні з Барадзько.

Гэты адказ збянтэжыў Славіна. Чаму дзяўчына так зацята адмаўляе гэта? А можа, яна штосьці ведае пра злачынства?

У кабінет зазірнуў Падрэзаў, ён даў Уладзіміру запіску, адразу ж і сышоў. Славін разгарнуў яе і прачытаў: «Май на ўвазе, Марушка прасіла Барадзько не казаць пра тое, што яны разам з пацярпелай хадзілі ў клуб будаўнікоў».

«Зразумелая рэч. — падумаў Славін, — з гэтай дзяўчынай давядзецца павазіцца. Але, напэўна, сэнс ёсць».

— Тут у аддзяленні знаходзіцца Алена Барадзько, якая пацвярджае, што яна разам з вамі і Лазаркевіч неаднаразова хадзіла ў клуб будаўнікоў. Што вы можаце растлумачыць па гэтым пытанні?

Запісаўшы гэта пытанне ў пратакол, Славін гучна і выразна зачытаў яго і паглядзеў на дзяўчыну.

— Што вы зараз скажаце? Вы бачылі, што сюды толькі што заходзіў наш супрацоўнік. Гэта ён дапытвае цяпер Барадзько. Не зразумела, на што вы спадзеяцеся. На тое, што Ірына памрэ і не скажа, хто напаў на яе? Павінен вам паведаміць, што дзяўчына будзе жыць і вось-вось загаворыць. Як вы паглядзіце ёй у вочы? Хоць. зараз у яе засталося адно вока, таму што злачынец, пра якога вы не хочаце сказаць, выбіў ёй другое.

Дзяўчына не рэагавала на гэтыя словы. Значыць, яна ці не зразумела іх сэнсу, ці ж. яна сапраўды ведае яго. Славін працягваў:

— Мы вам сёння арганізуем вочную стаўку і з Барадзько, і з Лябедзька, якія аспрэчаць вашу хлусню, што вы тады скажаце?

Дзверы ў кабінет адкрыліся, і Уладзімір злосна паглядзеў туды: «Хто можа замінаць у такі момант?» Убачыўшы, што гэта Г арчакоў, падняўся. Маёр жэстам рукі паказаў, каб ён сядзеў, і спытаў:

— Ты хутка вызвалішся?

Лейтэнант паглядзеў на дзяўчыну:

— Тамара Іванаўна, пасядзіце, калі ласка, у калідоры і заадно падумайце спакойна пра тое, што я вам толькі што сказаў.

Марушка нічога не адказала, устала і выйшла. Славін сцісла далажыў аб усім Гарчакову. Начальнік з вялікай цікавасцю выслухаў яго, а затым сказаў:

— Ясна. Значыць, ёсць хоць над чым працаваць. А я хацеў якраз пагутарыць з табой пра гэту справу. Што думаеш цяпер распачаць?

— Арганізую вочную стаўку паміж Марушкай і Барадзько.

— Гэта так, — задуменна пацерабіў вус Гарчакоў, — але ты лепш паспрабуй угаварыць дзяўчыну сказаць праўду. Калі яна сама раскажа ўсё, што ведае, то лічы, што ў цябе ёсць добры памагаты. Калі ж ты з дапамогай вочных ставак і прымусіш яе казаць, то ўсё адно разлічваць на яе дапамогу нельга. Яна будзе змушана прызнаць, што хадзіла ў клуб, і больш нічога не растлумачыць.

— Дзякуй, Сямён Антонавіч, я паспрабую зрабіць так, як вы раіце.

Г арчакоў выйшаў з кабінета. Славін вызірнуў за дзверы і запрасіў Марушку.

— Ну як, Тамара Іванаўна, вы падумалі?

Было відаць, што дзяўчына ў роздуме. Гэта абнадзеіла Уладзіміра. Ён ціха спытаў:

— Можа, вы баіцеся каго-небудзь?

Дзяўчына моўчкі кіўнула і апусціла галаву.

— Вам пагражалі?

Па шчоках дзяўчыны пакаціліся слёзы. Славін не прыспешваў яе з адказам. Ён узяў сваё крэсла, абышоў вакол стала і сеў побач з Марушкай.

— Тамара, давайце зробім так: спачатку вы мне ўсё без утойвання раскажаце, а потым мы разам падумаем, што зрабіць для вашай бяспекі. Дамовіліся?

Дзяўчына падняла галаву і паглядзела вялікімі, поўнымі слёз вачыма на лейтэнанта.

— Вы, напэўна, думаеце, што мне Ірынку не шкада? Мне яе вельмі, вельмі шкада! Мне сказалі, што яна не выжыве, і прыстрашылі, што са мной здарыцца тое ж, што і з Ірай, калі я хоць што-небудзь скажу ў міліцыі.

— Тамара, паверце мне, з вамі нічога не здарыцца, гэта я вам афіцыйна гарантую. На такія пагрозы здольныя баязлівыя і подлыя людзі, якія самі ўсяго і ўсіх баяцца. Тым больш, вы ж самі бачыце, што не толькі вы ведаеце пра клуб. Больш за тое, і даведаліся ж мы пра гэта, урэшце, не ад вас. Усё будзе добра: і Іра жыць будзе, і вінаватыя адкажуць за злачынства. Не дазволім ім на іншую дзяўчыну руку падняць.

Дзверы зноў рыпнулі, і ў кабінет увайшоў Падрэзаў. У руках ён трымаў пратакол допыту.

— Дапытаў, што далей? Вочную стаўку рабіць будзем?

Славін, гледзячы на дзяўчыну, адказаў:

— Я думаю, што вочную стаўку рабіць не трэба. Як вы лічыце, Тамара?

— Так. Я сама ўсё раскажу.

— Ясна, — сказаў Падрэзаў і выйшаў з кабінета, а Славін усміхнуўся яго слову «ясна».

Дзяўчына нечакана папрасіла:

— Таварыш Славін, а можна мы без старонніх. ну толькі ўдваіх пагаворым?

— Вядома, можна, Тамара. Вось папярэдзім майго таварыша пра гэта і пачнём гутарку.

А Падрэзаў увайшоў у кабінет і па-гаспадарску накіраваўся да свайго стала, але Славін яго спыніў:

— Аляксей Станіслававіч! Мы з Тамарай Іванаўнай параіліся і вырашылі, што нам будзе зручней пагаварыць сам-насам. Я, вядома, прашу прабачэння.

Падрэзаў зразумеў, што такое, і, зрабіўшы сур’ёзны твар, сказаў:

— Змовіліся? Хочаце мяне з уласнага кабінета выгнаць? Хочаце, каб я пайшоў на вуліцу? Проста цяпер?

Марушка разгубілася і глядзела то на Славіна, то на Падрэзава, а апошні нечакана весела скончыў:

— З задавальненнем! — і, засмяяўшыся, дадаў: — Дарма вы лічыце, дарагія таварышы, што я не знайду, чым заняцца ў такое выдатнае надвор’е. — І падміргнуў дзяўчыне: — Пайду — наведаю жонку і дзіця.

Яны засталіся адны. Марушка адразу ж пачала свой расказ:

— Гэта было яшчэ ў маі. Я выпадкова патрапіла ў клуб будаўнікоў, і мне там спадабалася. Наступны раз я запрасіла з сабой сябровак Іру і Лену. Ім там таксама спадабалася, і мы вырашылі вечарамі хадзіць туды. Неўзабаве пазнаёміліся з хлопцамі. Яны заўсёды чакалі нас каля клуба ўжо з білетамі, а пасля танцаў праводзілі дамоў. Да Іры ўвесь час заляцаўся хлопец па імі Лёня, але ў апошні вечар яны пасварыліся і разам ужо не танцавалі. Іра танцавала з нейкім высокім хлопцам. Ён быў апрануты вельмі модна і з густам. Нашы знаёмыя жартавалі, што Жора, так клікалі ў клубе Ірынінага высокага хлопца, уразіў яе моднай адзежай. Так атрымалася, што мы пасля таго вечара схадзілі ў гэты клуб яшчэ раз і яго зачынілі на рамонт. Я і Лена хадзілі з нашымі знаёмымі на танцы ў парк Горкага. Іра ж з намі туды не пайшла і жартавала: «Што мне з вамі там рабіць? У мяне зараз ёсць цікавейшы занятак, для душы».

Я лічыла, што яна сустракаецца з Жорам. І вось аднойчы яна знікла, потым мы даведаліся, што яна ў бальніцы. Неяк увечары, калі я прыйшла дамоў, каля самай брамкі мяне сустрэў Жора і спытаў, ці ведаю я, што здарылася з Ірай. Я адказала, што не толькі я, але і ўсе дзяўчаткі ведаюць пра гэта. Тады Жора дастаў фінку і зрабіў выгляд, што чысціць пазногці, а сам кажа мне: «Дзетка, калі дзе-небудзь калі-небудзь ці каму-небудзь ты скажаш хоць слоўца, з таго моманту адлічвай апошнія гадзіны свайго кароткага юнага жыцця». Я, вядома, спалохалася і кажу: «Што я, Іра ж сама ўсё скажа». А ён мне з такой злосцю прашыпеў: «Не турбуйся, не скажа, ёй ужо ніколі не ачухацца. Але калі ў міліцыі штосьці даведаюцца, дык гэта сарвецца толькі з тваіх прыгожых вуснаў. Таму, Томачка, — ён узяў мяне за падбародак, — не паўтары лёс Іры».

І ён пайшоў. Я ўсю ноч не спала, ляжала ў ложку і дрыжала. Так што не думайце, што з-за нейкага злога намеру не казала, мне страшна, вельмі страшна.

Дзяўчына заплакала, закрыўшы твар рукамі. Скрозь рыданні яна прагаварыла:

— Я таму і Лене сказала — не казаць, што мы хадзілі ў клуб будаўнікоў.

Славін наліў ёй вады.

— Тамара, а з хлопцамі, з якімі ў клубе пазнаёміліся, вы зараз сустракаецеся?

— Што вы, не! Мы ўсе вечары дома сядзім. Добра, што з Ленай побач жывём.

— Скажыце, а гэтыя хлопцы ведаюць Жору?

— З іх слоў я зразумела, што яны яго ведаюць як наведвальніка танцаў.

— Прозвішчы хлопцаў вы ведаеце?

— Не, толькі імёны. Але я ведаю, што яны працуюць на будоўлі, а жывуць у інтэрнаце па вуліцы Пугачоўскай. Мы неяк з маім знаёмым Пецем ішлі міма доўгага аднапавярховага барака, і ён сказаў, што тут яны жывуць.

— Раскажыце мне, калі ласка, як выглядае Жора.

Дзяўчына задумалася, потым, павольна вымаўляючы словы, услых пачала ўспамінаць яго прыкметы:

— З выгляду яму гады дваццаць чатыры. Рост вышэй сярэдняга, прыблізна такі, як ваш.

— Значыць, сто восемдзесят сантыметраў. А валасы?

— Валасы доўгія, цёмна-русыя з каштанавым адценнем.

— Вочы якія ў яго?

— Карыя. Густыя бровы і доўгія вейкі.

— А лоб які, падбародак?

— Лоб. такі высокі. прамы, падбародак. круглы. Так, у яго няма верхняга пярэдняга зуба. Адпусціў маленькія светлыя вусікі. І яшчэ. у яго рукі вялікія, скура чырвоная, пальцы тоўстыя з вельмі кароткімі пазногцямі.

— Не заўважылі на твары радзімак ці на руках татуіровак?

— Не, хоць. пастойце, у яго справа пад правым вокам ёсць ледзь прыкметны вертыкальны шрам. І яшчэ ў яго, напэўна, увесь час мерзнуць рукі.

Ён там у клубе, і нават тады, калі мяне ля дома падпільнаваў, рукі ўвесь час у рукавах хаваў.

— Як ён быў апрануты?

— Пінжак светла-карычневы, ледзь прыталены, штаны ярка-сіняга коле­ру, дадолу расклёшаныя, туфлі карычневыя з тупымі насамі. Мне здалося, што ён трохі горбіцца.

— У гутарцы яго не заўважылі якіх-небудзь характэрных асаблівасцей? Можа, картавіць?

— Не, кажа ён чыста па-руску, любіць гаварыць узнёсла.

— Не расказваў пра сябе што-небудзь: пра прафесію, род заняткаў, месца работы, месца жыхарства?

— Не, можа, Іры што-небудзь і казаў, а мне з Ленай — нічога.

— Дзякуй вам, Тамара. За сябе не турбуйцеся, ніхто вас і пальцам не кране. Магчыма, мне яшчэ прыйдзецца патурбаваць вас.

— Нічога. я ж разумею.

— Так, дарэчы, вам жа ісці дахаты міма вуліцы Пугачоўскай?

— Так, міма.

— Тады я вас правяду, а заадно вы мне барак пакажаце, дзе вашы знаёмыя жывуць. Адзін з іх Леанід?

— Так, з ім Іра ў першыя вечары танцавала.

— Другі — Пеця, а трэцяга, як клікаць?

— Вася. Ды пра яго вось, напэўна, Лена сказала.

— Я ж пратакол допыту не чытаў.

Яны выйшлі з аддзялення. На дварэ ўжо было цёмна. Вецер прыемна асвяжаў твар. Было ціха, толькі зрэдку чуліся сігналы аўтамашын, якія пранасіліся па цэнтральных вуліцах горада. Каб скараціць шлях, Славін павёў дзяўчыну напрасткі праз балота. Лета было сухое, і ён ужо шмат разоў хадзіў гэтай дарогай. У двары аднаго з дамоў гарэла вогнішча, адтуль даносіліся гукі гармоніка. Уладзімір падумаў: «Шкада, што цяпер няма побач са мной Рыты. Цікава, што яна адкажа на мой ліст?»

Неўзабаве яны прыйшлі на Пугачоўскую вуліцу. Барак, пра які расказвала дзяўчына, быў трэцім з краю, і Славін асвятліў яго нумар ліхтарыкам, а затым прапанаваў:

— Ну што, пайшлі далей?

Дзяўчына збянтэжылася:

— Я тут ужо і сама дайду, вы можаце не праводзіць.

Славін жартам абурыўся:

— Вы лічыце мяне дрэнным кавалерам? Ды я такога не сцярплю! Наперад!

Марушка засмяялася, і яны пайшлі далей.


39 Капітан Купрэйчык


Пасля гібелі Мачалава Аляксей не знаходзіў сабе месца. Усё валілася з рук, начамі дрэнна спаў. Толькі заплюшчыць вочы — і зноў бачыць то Пятра, які падае на снег, то змярцвела-бледны твар Тані, яе вусны, што варушыліся бязгучна. Назаўжды застанецца ў памяці Аляксея той дзень, калі няшчасце абрынулася на сям’ю Мачалава. Разам з начальнікам упраўлення і ўрачом

Аляксей паехаў у дом Пятра. Пачуўшы страшную вестку, Таццяна Андрэеўна не ўскрыкнула і не заплакала, яна павольна апусцілася на канапу і застылымі вачыма глядзела ў адну кропку. Здавалася, яна нічога не бачыць і не чуе. Уткнуўшыся ў яе калені, гучна плакала Юля. Таццяна Андрэеўна пацяжэлай рукой машынальна гладзіла яе па галаве. Разгублены і бледны Ваня стаяў каля іх. Ён хацеў адвесці і супакоіць сястру, але баяўся адысці ад маці, ведаючы, што ў яе слабое сэрца. Глядзець на ўсё гэта было невыносна цяжка. Аляксей разумеў стан Таццяны Андрэеўны. Яна ж страчвала Пятра другі раз. Юля і Ваня расказвалі, як цяжка спраўлялася з горам маці, калі атрымала пахавальную падчас вайны. У душы Купрэйчыка бурліла лютасць: чалавек, які прайшоў усю вайну, выжыў, страціў, потым зноў знайшоў сваю сям’ю і раптам загінуў у цэнтры горада ў мірны час ад рукі здрадніка і бандыта! Нават тое, што Аляксей сам здзейсніў адплату, не прыносіла яму аблягчэння.

Ён часта прыходзіў да Таццяны Андрэеўны і яе дзяцей у іх невялікую двухпакаёвую кватэру, выдзеленую ім пасля гібелі Мачалава, і падоўгу сядзеў, не знаходзячы слоў суцяшэння. Аляксей бачыў, як нечаканае гора надламала Таццяну Андрэеўну. Схуднелая, задуменная, яна гадзінамі сядзела моўчкі.

Неяк у нядзелю, калі Купрэйчык разам з жонкай былі ў Мачалавых, да яго падышоў Ваня. Высокі, чарнавокі, з упартай зморшчынай каля рота, вельмі падобны на бацьку, ён ціха сказаў:

— Аляксей Васільевіч, я хацеў бы з вамі пагаварыць. — І, не чакаючы адказу, выйшаў у суседні пакой.

Купрэйчык пайшоў следам. Янка прычыніў шчыльней дзверы і паглядзеў у вочы дзядзькі:

— Я хачу пасля школы пайсці ў міліцыю. Як вы на гэта гледзіце? — І, не даўшы Купрэйчыку нават рот раскрыць, з запалам сказаў: — Зразумейце, я абавязаны прадоўжыць справу бацькі! Я хачу змагацца з поскуддзю.

Купрэйчык абняў хлопца за плечы:

— Па-мойму, ты правільна вырашыў, Ваня. Заканчвай школу, рыхтуйся да гэтай нялёгкай працы.

У пакой увайшла Таццяна Андрэеўна. Яна адразу ж зразумела, пра што ішла гаворка, і, звяртаючыся да сына, сказала:

— Што, зноў за сваё? Спыніся зараз жа! Не пушчу я цябе ў міліцыю.

— Матуля, не крыўдзіся, але я ўпершыню ў жыцці не паслухаю цябе. Зразумей, я яшчэ пры жыцці таты так вырашыў, і ён мяне падтрымаў. А цяпер я абавязаны працаваць у міліцыі. Гэта — мэта майго жыцця.

Купрэйчыка прызначылі начальнікам аддзялення міліцыі, дзе раней працаваў Мачалаў. На плечы маладога начальніка леглі новыя клопаты.

Аляксей адчуваў, як уважліва прыглядаюцца да яго падначаленыя. Мача­лава вельмі любілі і паважалі ў аддзяленні і новага начальніка сустрэлі з некаторай насцярожанасцю. Купрэйчык разумеў, што толькі ад яго залежыць, ці будзе ён карыстацца аўтарытэтам у супрацоўнікаў. Калектыў быў добры. Дух Мачалава адчуваўся: людзей прывучаць да парадку і дысцыпліны не трэба было. Купрэйчык часта хадзіў у райкам партыі, адкрыта расказваў сакратару пра свае цяжкасці, перажыванні і сумненні. Сакратар райкама не шкадаваў часу для новага начальніка міліцыі, і гэта дапамагло яму хутчэй асвоіцца на новым месцы.

Калі ў горад нечакана прыехаў Славін, Купрэйчык прасіў начальніка ўпраўлення накіраваць яго да сябе ў аддзяленне. Але палкоўнік, даведаўшыся, што Купрэйчык і Славін стрыечныя браты, не пагадзіўся. Так і аказаліся яны ў розных аддзяленнях міліцыі, тэрыторыі абслугоўвання якіх межавалі. Аляксей і Уладзімір бачыліся даволі часта. Розніца ў гадах у іх была невялікая, ну, а адрозненне ў званні і службовае становішча вялікага значэння не мелі.

Сёння Купрэйчык вырашыў пайсці дамоў не пазней сямі вечара. Прычына была важкай: у Надзі — дзень нараджэння, і Аляксей абяцаў ёй абавязкова быць крыху раней. У госці да сябе яны запрасілі Мачалавых і Славіных.

Купрэйчык папярэдзіў свайго намесніка пра тое, што яго вечарам не будзе, апячатаў сейф і выйшаў з кабінета. У калідоры яму сустрэўся хлопец. Яго твар капітану падаўся знаёмым. Хлопец сказаў:

— Добры дзень, я да вас!

«Дык гэта ж сын Мані Жовель», — успомніў Купрэйчык.

— Гэты ты, Толя? Добры дзень!

Купрэйчык вярнуўся ў кабінет і прапанаваў хлопцу крэсла. У сэрцы болем адгукаліся нядаўнія падзеі. Маня Жовель не была датычная да дзейнасці банды Карунова, яна дапамагла супрацоўнікам міліцыі, ды і Толя ў цяжкую для Купрэйчыка хвіліну паказаў сябе малайцом, аднак бачыць цяпер яго Аляксею было цяжка. Перасіліўшы сябе, ён сказаў:

— Слухаю цябе, Толя.

— Мяне мама да вас паслала. Мяне двое хлопцаў угаворваюць сёння ўначы пайсці з імі на «справу». Яны хочуць сталовую абакрасці. Там на ноч шмат грошай застаецца.

— Хто яны?

— Суседскія. Лёнька Каламіец і Сашка Андрыеўскі. Яны хлопцы нядрэнныя, але ў Лёнькі бацька п’яніца, а яго сябар, дзядзька Вася, у сталовай гэтай працуе. Вось дзядзька Вася і падгаварыў Лёньку і Сашку. А ім страшна, таму яны мяне з сабой клічуць. Я расказаў маме. Яна мне і загадала адшукаць вас. Мама прасіла, каб Лёню і Сашу ў турму не садзілі. Яны дзеці добрыя, раней пра такія справы паміж імі нават гутаркі не было. У першы раз гэта яны задумалі.

— Я веру табе, Толя.

Купрэйчык задумаўся. Ён разумеў, што Маня давярае яму, інакш яна не адважылася б на такі крок. Разумеў капітан і Толю, якога акружаючыя яго дарослыя людзі вучылі быць утойлівым, нікому не расказваць пра тое, што ведае. І вось зараз гэты хлопец прыйшоў у міліцыю паведаміць пра крадзеж. Капітан павінен быў праявіць і такт, і разуменне.

Купрэйчык спытаў:

— А гэты дзядзька Вася збіраецца пайсці з вамі?

— Не ведаю. Але мне здаецца, што не. Ён, напэўна, хоча, каб мы выкралі грошы і аддалі яму, а ён нам за гэта заплаціць.

— Як яго прозвішча?

— Не ведаю. Пра гэта трэба ў бацькі Лёнькі спытаць, яны ж сябруюць.

— Хто яшчэ ведае дзядзьку Васю?

— Прабачце, забыўся: яго добра ведае Драбуш, сябрук Прутава, у якога вы жылі на кватэры.

Купрэйчык успомніў, як ён сядзеў у кампаніі Карунова, Прутава і яго сяброў, а ў хату нечакана разам з Драбушом зайшоў Толя Жовель. Аляксей не стрымаўся і спытаў:

— Толя, а што ты падумаў, калі мяне ўбачыў у Прутава?

— А, гэта калі мы з Драбушом па санкі прыходзілі. Мне спачатку здалося, што вы і напраўду разам з імі, але потым успомніў, што вы маме лекі прыносілі, і яшчэ тое, што праз тры дні маму выклікалі ў райвыканкам і нам дапамогу аказалі, а маіх малодшых брата і сястру ў школу-інтэрнат уладкавалі. Мы з мамай тады здагадаліся, што ўсё гэта дзякуючы вам. Я разумеў, што вы не такі, як яны. І калі вы знаходзіцеся ў іх кампаніі, то, відавочна, так трэба. Таму нічога не сказаў, вырашыў, што мне лепш памаўчаць і зрабіць выгляд, што вас не ведаю.

— Глядзі ты які! Цяміш правільна.

Капітан падзякаваў хлопцу за паведамленне і сказаў, што прыме неабходныя меры. Толя выйшаў, а Аляксей зноў успомніў Мачалава. Гэта па яго хадайніцтве шматдзетнай маці Мані Жовель была аказана дапамога.

Купрэйчык зняў трубку з апарата і запрасіў да сябе намесніка. Праз некалькі хвілін у дзвярах з’явіўся высокі падцягнуты маёр:

— Клікалі, Аляксей Васільевіч?

— Прысаджвайцеся, Марат Міхайлавіч. — Купрэйчык вагаўся, ці даручаць намесніку такую справу. Характар у маёра быў круты. Ён меркаваў, што любы чалавек, які здзейсніў нават дробнае правапарушэнне, павінен сядзець на лаве падсудных. З выгляду ахайны, Бараннік, які гаварыў заўсёды правільныя словы, на самай справе быў напышлівы, ганарысты. Да людзей ён ставіўся бяздушна, лічыў правільнай толькі сваю думку. Гэтыя якасці і адыгралі, відавочна, сваю адмоўную ролю, калі ўстала пытанне пра замену Мачалаву. Не любілі маёра і супрацоўнікі. Але цяпер іншага выйсця не было. Купрэйчык мусіў даручыць даволі далікатную справу Баранніку, падрабязна расказаў таму, навошта хлопец прыходзіў у міліцыю.

Я хачу вас папрасіць, Марат Міхайлавіч, уважліва разабрацца з гэтай справай.

— Усё ясна, Аляксей Васільевіч, гэту аперацыю я правяду асабіста. — У думках маёр ужо меркаваў, як усё гэта будзе выглядаць. Здагадваўся пра гэта і Купрэйчык. Яго намеснік нават не падумаў пра тое, каб не дапусціць крадзяжу, а хацеў схапіць дзяцей на месцы злачынства і такім чынам прадэманстраваць усім, і ў першую чаргу начальству, што Баранніка дарма не прызначылі на больш высокі пост. Твар Купрэйчыка стала хмурным, ён суха спытаў:

— Як вы думаеце дзейнічаць?

— Вельмі проста. Вазьму трох-чатырох архараўцаў, засяду каля сталовай, і, калі злачынцы вылезуць з яе з грошыкамі, мы іх і арыштуем.

— Але ж яны, Марат Міхайлавіч, не злачынцы, а дзеці. І ці варта нам з іх рабіць злачынцаў?

— Міліцыя, паважаны Аляксей Васільевіч, злачынцаў не робіць і злачынствы не спараджае.

— Калі мы, работнікі міліцыі, будзем так думаць і дзейнічаць, то будзем спараджаць ці, прынамсі, спрыяць з’яўленню злачынцаў. Таму слухайце мой загад: ваша задача ў тым, каб паслаць людзей да Каламійца і Андрыеўскага, узяць у дзяцей у прысутнасці іх бацькоў тлумачэнні. Я ўпэўнены, што яны скажуць праўду. Неабходна ўстанавіць дадзеныя гэтага дзядзькі Васі і адразу даставіць яго ў аддзяленне. Пасля гэтага мы з вамі, калі зможам даказаць яго віну ў падрыхтоўцы здзяйснення злачынства і ўцягванні дзяцей у злачынную дзейнасць, узбудзіць супраць яго крымінальную справу.

— А што будзем рабіць з мальцамі?

— Нічога. Пагутарым з імі, папярэдзім бацькоў, і хопіць.

— Як гэта хопіць? — абурыўся Бараннік і недаверліва паглядзеў на Куп­рэйчыка. — Штосьці я вас не разумею, таварыш капітан! Ці ведаеце вы, што на фронце да тых, хто патураў ворагу, ужывалі самыя строгія меры ўздзеяння, аж да крайняй?..

Дзіўны спакой ахапіў раптам звычайна гарачага Купрэйчыка. Ён працягваў глядзець на свайго намесніка, а сам чамусьці міма сваёй волі падумаў: «Трэба форму насіць, а то ўсё хаджу ў цывільным. Ён нават не ведае, што я ваяваў».

— Перастаньце, маёр, вы ж не былі на фронце. Адкуль вам ведаць, як там людзі адзін да аднаго ставіліся. Я адмяняю свой загад. — Купрэйчык убачыў на твары маёра відавочнае задавальненне. Той, відавочна, па-свойму зразумеў яго словы. — І адхіляю вас ад выканання гэтай, як вы назвалі, аперацыі і даручу яе іншаму. Вы вольныя.

Бараннік устаў і, высока трымаючы галаву, выйшаў з кабінета. Купрэйчык некалькі хвілін глядзеў на дзверы, за якімі знік намеснік, і думаў: «Канешне, не па сваёй волі ён быў далёка ад фронту, у тыле. Але як мне з ім працаваць? Як давяраць?» Капітан падняўся, выклікаў начальніка аддзялення крымінальнага вышуку і даручыў яму разабрацца са справай дзяцей.

Купрэйчык ішоў дахаты з цяжкім пачуццём незадаволенасці. «Быццам хтосьці на мяне вядро памыяў выплюхнуў», — думаў ён, крочачы па яшчэ залітай сонцам, зялёнай вуліцы.

Але праз некалькі мінут, усміхаючыся, ён увойдзе ў дом і працягне жонцы, сваёй Надзюшы, кветкі.


40 Лейтэнант Славін


У занятых людзей час заўсёды бяжыць хутка. Славіну таксама не хапала рабочага дня. Нават уначы, прыходзячы дамоў, папракаў сябе ў тым, што не паспеў чагосьці зрабіць. Ён імкнуўся як мага хутчэй давесці справу па рабаванні Лазаркевіч да канца. Устанавіў і дапытаў дзясяткі людзей з тых, хто часта бываў у клубе будаўнікоў. Амаль усе яны памяталі Жору, які для аператыўніка ўжо стаў нейкай міфічнай постаццю, бо далей яго імя справа не ішла. Ніхто не мог сказаць, хто ён і адкуль. Славін і ўчастковы інспектар Рагозін, на ўчастку якога знаходзіўся клуб будаўнікоў, разам з Марушкай і Барадзько на працягу тыдня аб’язджалі вечарамі клубы і танцавальныя пляцоўкі, але Жора як скрозь зямлю праваліўся. Славін лічыў, што падазраваемы не мог з’ехаць з горада, у адваротным выпадку навошта яму пагражаць Марушцы.

Уладзімір быў у сябе ў кабінеце, калі туды зазірнуў дзяжурны, той пажылы старшына, якога ўсё клікалі Сцяпанычам, і сказаў:

— Славін, цябе да тэлефона дзяўчына нейкая просіць.

— А сімпатычная? — весела спытаў Падрэзаў.

— Ажно душа млее, — усміхнуўся Падрэзаву старшына. — Яна спачатку цябе пытала, а я ёй сказаў, што цябе няма, і прапанаваў ёй Славіна. Яна павагалася трохі і пагадзілася.

У дзяжурным пакоі Уладзімір узяў тэлефонную трубку, якая ляжала на стале:

— Славін слухае вас!

Ён адразу ж пачуў усхваляваны дзявочы голас:

— Таварыш Славін, добры дзень! Вас турбуе Лябедзька, сяброўка Лазаркевіч, памятаеце такую?

— Вядома, памятаю, Аня, добры дзень! Слухаю вас.

— Ведаеце, я сустрэла адну дзяўчыну. Яна таксама добра ведае таго бандыта, і мне здаецца, што яе расказ вас зацікавіць.

— Дзе яна?

— Вось, побач са мной. Даць ёй трубку?

— Не, пачакаеце, як яе прозвішча?

— Сваткова.

— Імя, імя па бацьку?

— Лера. Валерыя Леанідаўна.

— Дык вось што, Аня, вы малайчына, што патэлефанавалі! Я вас вельмі прашу, прыязджайце разам з ёй сюды, у аддзяленне.

— Калі, цяпер?

— Вядома, я вас чакаю.

Было чуваць, як Лябедзька кажа пра прапанову Сватковой.

— Добра, едзем.

Паціраючы рукі, Уладзімір вярнуўся ў кабінет. Падрэзаў спытаў:

— Ну, хто там так рваўся пагаварыць?

Славін паведаміў пра званок.

— Што ж, чакай, а я пайшоў дамоў. Сёння мне наш вусаты дазволіў пабыць вечар з сям’ёй.

— Не вусаты, а Пётр Першы.

— Чаму Пётр Першы?

— А ты не звярнуў увагі, што ён вельмі падобны на цара?

— Мабыць, твая праўда. Чэснае слова, праўда! Значыць, зараз ён не вуса­ты, а Пётр Першы. Ну добра, пакуль!

— Будзь здаровы! Прывітанне Юлі.

— Дзякуй. Дарэчы, яна мне нагадвала, каб я цябе зноў да нас у госці запрасіў. Абяцала, што галубцы будуць яшчэ смачнейшыя, чым тады.

Неўзабаве ў дзверы пастукалі, і на парозе з’явілася Лябедзька.

— Можна?

— Уваходзьце, уваходзьце, Аня.

У кабінет нясмела ўвайшла Лябедзька, а за ёю цёмнавалосая мілавідная дзяўчына. Славін запрасіў іх сесці, і Лябедзька, кіўнуўшы галавой на дзяўчыну, сказала:

— Гэта Лера Сваткова. Мы з ёй знаёмыя даўно. Сёння сустрэліся, і. Ну, Лера, расказвай.

Сваткова, ледзь заікаючыся ад хвалявання, загаварыла:

— Аня мне расказала пра Іру Лазаркевіч. Дык вось, са мной магло тое ж самае здарыцца. У красавіку на танцах у Доме афіцэраў я пазнаёмілася з гэтым Жорам.

— А чаму вы думаеце, што гэта ён? — спытаў Славін.

— Ён, сапраўды ён! Усе звычкі яго, апрануты гэтак жа. Толькі ён тады ў скураным паліто хадзіў. На гэтым паліто добра бачныя перашытыя гузікі, напэўна, яго раней насіў больш худы чалавек. Ён мяне некалькі разоў праводзіў дамоў. Неяк мы загаварылі пра адзежу. Уласна, ён сам завёў гутарку на гэту тэму. На маё пытанне, дзе ён працуе, ён засмяяўся і кажа, што там, дзе маюцца прыгожыя рэчы. У гэты вечар ён мне сказаў, што калі мне патрэбна модная адзежа і абутак, то ён можа дапамагчы. Я параілася з мамай і вырашыла купіць сабе лакавыя туфлі. Калі я яму сказала пра гэта, ён засмяяўся і кажа: «Навошта ж з гарматы па вераб’ях страляць? Спытай у сябровак, каму што трэба, бяры грошы, пад’едзем на адну з маіх баз і там усё возьмем. Я ж ведаю вас, дзяўчат: варта адной з’явіцца ў новых туфлях, як усе пачнуць прыставаць да цябе, каб дастала такія ж». Не спадабалася мне тады гэта гутарка, і я перадумала купляць. Ён, напэўна, адчуў гэта, мы яшчэ разы два сустрэліся і больш не бачыліся.

— Вы яго яшчэ дзе-небудзь сустракалі?

— Бачыла. Ён разам з нейкім хлопцам аднойчы ехаў у трамваі. Я ўвайшла ў вагон, а яны ў гэты момант праходзілі міма, пра штосьці размаўлялі і весела смяяліся. Выйшлі яны з трамвая на Даўгабродскай. Перайшлі вуліцу і пайшлі ў бок Камароўкі. Калі трамвай паехаў, то я ўбачыла іх зноў. Яны ўваходзілі ў пад’езд вялікага дома.

— Вы запомнілі, у які пад’езд яны ўвайшлі?

— Так, запомніла. Я магу, калі хочаце, паказаць.

— Больш нідзе яго не сустракалі?

— Не.

— А як выглядаў яго знаёмы?

— Я яго бачыла мімаходзь, але калі б сустрэла, напэўна б пазнала. А вось Жору я запомніла добра. Калі хочаце, магу намаляваць.

— Давайце, — адказаў Славін, — паспрабуйце! Вось вам папера, аловак, уладкоўвайцеся ямчэй за сталом і пачынайце, а мы пакуль з Аняй пагутарым.

Славін сеў за стол Падрэзава, а Лябедзька ўладкавалася насупраць. Уладзімір спытаў:

— Аня, як вы думаеце, адкуль у Ірыны аказалася пяць тысяч рублёў?

— Напэўна, бацькі далі.

— Не, яны бачылі, што ў яе з’явілася больш за пяць тысяч рублёў, але што гэта за грошы — не ведаюць. Я вас хачу папрасіць, Аня, каб вы спыталі, ці не даваў хто-небудзь з дзяўчат Ірыне грошай, каб яна купіла якія-небудзь рэчы.

— Вы лічыце, што гэты бандыт прапанаваў ёй купіць штосьці?

— Так, лічу.

— Добра, я пагавару з дзяўчатамі.

— І яшчэ. Паспрабуйце знайсці як мага больш людзей, хто ведае ў твар Жору, а таксама тых, каму Ірына магла расказаць пра яго.

Рыпнулі дзверы, і Славін убачыў сястру.

— Валодзя, можна цябе на хвілінку?

Славін папрасіў у дзяўчыны прабачэння і выйшаў у калідор, а Жэня пада­ла яму лісток паперы. Ён разгарнуў яго і ўбачыў, што гэта тэлеграма. Прачытаў і радасна зірнуў на сястру:

— Значыць, прыязджае?

— Так, у сем трыццаць раніцы. Можна я пайду разам з табой яе сустракаць?

— Паглядзім. Ну, а зараз бяжы дамоў, сястрычка, рыхтуйцеся да сустрэчы, а я пайшоў працаваць.

У кабінеце Сваткова якраз скончыла маляваць.

— Усё, гатова. Паглядзіце!

Лейтэнант ужо даўно запомніў прыкметы Жоры і ўяўляў яго твар, але калі ён узяў малюнак, быў моцна здзіўлены: хлопец выглядаў менавіта так, як ён і думаў.

— Вы малайчына, Лера. У мяне да вас просьба. — Славін падышоў да свайго стала, высунуў скрыню, адшукаў там два першыя фотаздымкі маладых людзей, якія трапілі пад рукі, і паказаў іх Сватковой:

— Не маглі б вы намаляваць вось гэтых?

— Цяпер?

— Ага.

— Калі вам трэба, то калі ласка. Давайце яшчэ паперу.

І дзяўчына ўзялася за работу. Гледзячы на фатаграфіі, яна хутка намалявала мужчын. Падабенства было дзіўным. Славін з захапленнем глядзеў на малюнкі і расхвальваў дзяўчыну. А тая, радасная і крыху збянтэжаная, стаяла каля стала і не ведала, куды дзець свае рукі.

— Слухайце, Лера, калі раптам мне прыйдзецца шукаць чалавека, якога са слоў трэба будзе намаляваць, я буду звяртацца да вас. Як вы на гэта гледзіце?

— Без энтузіязму, — усміхнулася дзяўчына, — але калі спатрэбіцца, заўсёды дапамагу.

— Дамовіліся. На развітанне ў мяне да вас толькі адна просьба: калі ўбачыце Жору ці даведаецеся штосьці пра яго, патэлефануеце мне.

Дзяўчаты пайшлі, а Славін накіраваўся ў дзяжурную часць.

— Слухай, Сцяпаныч, выручы мяне. Пашлі свой грузавік за дзвюма дзяўчатамі.

— Ведаеш, хлопец, сёння ты цэлы дзень толькі і важдаешся з маладымі дзяўчатамі.

— Я ж па справе. Мне трэба з імі тэрмінова апазнанне правесці.

— Давай адрасы, бачу, што ўсё адно ад цябе не адчэпішся.

Славін хутка напісаў адрасы Барадзько і Марушкі, а сам вярнуўся ў кабінет, дастаў бланкі пратаколаў апазнання асобы па фатаграфіі і, каб менш губляць часу, калі з’явяцца дзяўчаты, пачаў запаўняць іх.

Праз паўгадзіны дзяўчаты былі дастаўлены ў аддзяленне. Першай Жору апазнала Марушка. Уладзімір паклаў перад ёй тры малюнкі. Яна зірнула на іх і адразу ткнула пальцам у той, дзе быў намаляваны Жора.

— Вось ён! Што, можа, ужо злавілі?

— Пакуль не, але зловім.

Ён хутка скончыў усе фармальнасці і запрасіў Барадзько. Дзяўчына таксама, не марудзячы, упэўнена паказала на той жа малюнак.

Аформіўшы пратакол, Славін звярнуўся да абедзвюх:

— Дзяўчаты, паглядзіце ўважліва на гэты малюнак. Можа, тут якойнебудзь дэталі нестае?

Дзяўчаты доўга глядзелі, але нічога дапоўніць не змаглі. Славін падзякаваў ім і адпусціў, а сам зноў пайшоў да старшыны.

— Сцяпаныч, як толькі з’явіцца шафёр, ты яго накіруй ва ўпраўленне. — Ён працягнуў старшыне малюнак, на якім быў намаляваны Жора. — Там ёсць дзяжурны эксперт, хай ён хутка сфатаграфуе гэты малюнак, і фатаграфіі трэба сёння ж развезці па ўсіх аддзяленнях. У тлумачэнні трэба пісаць, што гэты злачынец напаў у лесе на грамадзянку Лазаркевіч.

— Слухай, Славін, — абурыўся старшына, — ты што, думаеш, мне больш рабіць няма чаго і я буду цэлы дзень толькі твае пытанні вырашаць: то дзяўчат прывязі і адвязі іх назад, то зараз ва ўпраўленне машыну гані.

— Пачакай, Сцяпаныч, — перабіў яго лейтэнант, — прывезці дзяўчат — гэта была мая просьба, а вось што да малюнка, дык гэта — загад. І не моршчыся, сам ведаеш, што з такімі рэчамі марудзіць нельга. Ён сёння можа патрапіць у міліцыю за што-небудзь, і яго спакойна адпусцяць. Шукай тады ветру ў полі. Ясна? — Славін у душы чартыхнуўся: «Зноў гэта гарчакоўскае слова». Старшына ўжо не спрачаўся. Узяў малюнак, уважліва паглядзеў на яго, імкнучыся запомніць, і адказаў:

— Ясна, зробім.


41 Рыта


Славін, разгублены і шчаслівы, стаяў на пероне і глядзеў на натоўп прыбыўшых і тых, хто іх сустракаў. Ён баяўся прапусціць Рыту. Побач з букетам кветак стаяла Жэня. Яна таксама напружана ўзіралася ў твары дзяўчат, спрабуючы па тых рысах, якія яна запомніла на фатаграфіі, пазнаць госцю.

Уладзімір убачыў Рыту. У руках у яе былі два вялікія чамаданы. Рыта глядзела па баках і шукала яго.

Уладзімір кінуўся да яе. Абдымаючы Рыту, прашаптаў ёй на вуха:

— Нарэшце. Я так цябе чакаў, так чакаў!

Падбегла Жэня, і дзяўчаты абняліся і пацалаваліся. Чамаданы аддалі Валодзю, а самі ішлі ўсю дарогу наперадзе. Уладзімір ішоў следам і дзівіўся, як магла Рыта несці такія цяжкія чамаданы, якія нават яму адцягвалі рукі. Яны селі ў трамвай і неўзабаве былі дома.

Анастасія Георгіеўна, выціраючы шчаслівыя слёзы, гаварыла:

— Як бы мне хацелася, каб цяпер тут быў бацька!

Калі ўсе сядзелі за сталом, Уладзімір спытаў:

— Рыта, а як атрымалася ўгаварыць начальства адпусціць цябе?

— Ой, і не пытай! Цэлую баталію вытрымала, але дамаглася свайго. Праўда, наш начальнік медаддзела аказаўся малайцом. Угаворваў мяне застацца, пагражаў, што не адпусціць, а сам пісаў вышэйшаму начальству рапарты з просьбай перавесці мяне на работу ў Мінск. Калі я пра гэта даведалася перад ад’ездам, вельмі здзівілася і расчулілася. Мяне перавялі сюды, сказалі, што месца ў інтэрнаце дадуць.

Уладзімір падняўся са свайго месца:

— Вы працягвайце чаяваць, а я — на работу.

— На якую работу? — абурылася Жэня. — Чалавек толькі прыехаў, а ты ўжо кідаеш яго на волю лёсу.

— Ну, па-першае, не на волю лёсу, а на апеку родных маці і сястры, а падругое, служба ёсць служба. Тым больш, — ён, як бы апраўдваючыся, зірнуў на Рыту, — у мяне сапраўды неадкладная справа, і марудзіць нельга.

Рыта ўсміхнулася:

— Нічога мы з ім, таварышы, не зробім, хай ідзе.

Уладзімір выйшаў з дому і ледзь не бягом накіраваўся ў аддзяленне, а Сваткова была ўжо там. Славін папрасіў прабачэння за спазненне, і яны адразу ж накіраваліся да таго дома, у пад’езд якога ўваходзіў аднойчы Жора са сваім знаёмым.

Дзяўчына ўпэўнена паказала на пад’езд:

— Вось сюды яны ўвайшлі.

— Не памыляецеся?

— Не, зрокавая памяць у мяне выдатная, не ведаю чаму, але мне добра запомніўся гэты пад’езд.

— Добра. Дзякуй вам, Лера. Вы можаце ісці, а я пабуду трохі тут.

Славін прайшоў уздоўж дома, увайшоў у двор. Адчувалася, што жыхары

тут любяць парадак. Роўнымі шэрагамі былі высаджаны дрэўцы, зелянеў хмызняк, на акуратных кветніках раслі кветкі. Як і меркаваў Уладзімір, пад’езд, на які паказвала яму дзяўчына, быў прахадным. Значыць, Жора разам з сябруком мог увайсці ў яго з вуліцы і выйсці ў двор. Славін вырашыў паглядзець, ці нельга праз двор прайсці ў іншы. На яго засмучэнне высветлілася, што можна. Двор хоць і быў абнесены высокім плотам, але ў ім было некалькі вялікіх дзірак, і Жора, калі добра ведае горад, мог скарыстацца гэтым.

«Уявім горшае, — думаў старшы оперупаўнаважаны, — Жора скарыстаўся пад’ездам, каб скараціць шлях. З гэтага вынікае, што ён уваходзіць у нейкі дом паблізу. Двор мяжуе з дварамі двух дамоў, размешчаных па вуліцы Чырвонай, а там — выхад да Пугачоўскай вуліцы. Але цяпер трэба абследаваць гэты двор, а дакладней кватэры, размешчаныя ў пад’ездзе. У доме шэсць паверхаў. Трэба паглядзець, колькі ў пад’ездзе кватэр».

Ён вярнуўся да дома і ўвайшоў у пад’езд. На першым паверсе было чатыры кватэры. Уладзімір падняўся на другі паверх — таксама чатыры. Атрымлівалася, што ў пад’ездзе дваццаць чатыры кватэры.

Славін накіраваўся ў аддзяленне. Высветліў, хто з участковых упаўнаважаных абслугоўвае гэты дом, і зайшоў да Г арчакова.

Гарчакоў быў чалавекам справы. Ён выслухаў Уладзіміра і адразу ж загадаў дзяжурнаму адшукаць лейтэнанта Квашу. Кваша тым часам аказаўся ў аддзяленні і праз некалькі мінут ужо быў у кабінеце Г арчакова.

Участковы быў нізкага росту, з крывымі нагамі, а штаны-галіфэ і боты падкрэслівалі гэтыя недахопы. Але Квашу гэта ніколькі не засмучала. Ён даказваў, што народжаны для кавалерыі, і патрабаваў ад начальства, каб за ім абавязкова замацавалі каня. Працаваў Кваша добра.

Гарчакоў, тапырачы вусы, абышоў участковага і, гледзячы на яго зверху, падміргваючы Славіну, буркнуў:

— Распусціў ты, Кваша, бандзюгаў у сябе на ўчастку, распусціў... Ды і людзей не ведаеш. гэта ясна, што не ведаеш.

— Як так, таварыш маёр, людзей не ведаю? — паспрабаваў спрачацца Кваша, але начальнік перабіў яго:

— А ты не спрачайся, а то ў атэстацыі напішу, што спрачаешся з начальствам.

Кваша бачыў, што начальнік у добрым настроі, і, таксама падміргнуўшы Славіну, весела запярэчыў:

— Таварыш маёр, а я памятаю, як тыдзень назад вы, прабіраючы каттана Мальчукова, абяцалі яму ў атэстацыі напісаць, што ён да такой ступені абленаваўся, што нават перастаў спрачацца з начальствам. Падкажыце, Сямён Антонавіч, як мне быць, спрачацца з вамі ці не спрачацца?

— Я табе падкажу, я табе падкажу. — працягваў кружыць вакол падначаленага маёр. — Добрыя ў мяне супрацоўнічкі: адзін спрабуе ўспомніць, што, калі і дзе начальнік, — ён падняў указальны палец, — камусьці сказаў, іншы дайшоў да таго, што начальніка з царом параўноўвае.

Славін хмыкнуў: «Перадалі ўжо!»

— Дык гэта ж толькі знешне, таварыш маёр, — апраўдваўся ён.

— А чаму знешне? Я не пярэчыў бы на такога чалавека быць падобным і ўнутрана.

Ён падышоў да двухстворкавай шафы, адкрыў дзверцы, на якіх было прымацавана люстэрка, і, гледзячы на сваё адлюстраванне, пакручваючы вус, самазадаволена сказаў:

— А што? Сапраўды падобны! Вось калі б вы ў мяне, чэрці, гэтак жа спрытна лавілі бандзюгаў, як прыкмячаеце, на каго начальнік падобны, дык я, далібог, рады быў бы.

— Мы ж стараемся, Сямён Антонавіч, — запярэчыў Славін.

Гарчакоў адышоў ад шафы, паглядзеў на Славіна, на Квашу, сеў на крэсла, якое жаласна зарыпела пад яго шматпудовым целам, і пацяплелым голасам сказаў:

— Што праўда, то праўда, вы ў мяне, хлопцы, малайцы, стараецеся — гэта ясна. Ну, а зараз — да справы. Табе, Васіль Аляксеевіч, неабходна аказаць дапамогу Славіну. Што рабіць, ён скажа. І я цябе папрашу, не адлучаючыся ні на якія справы, выконваць яго ўказанні. Чуе маё сэрца, што Уладзімір Міхайлавіч на правільным шляху, — і, усміхаючыся, зірнуў на Славіна. — З Пятром Першым ты выдатна прымеціў. Аказваецца, я сапраўды на яго падобны. Постаць, вочы, вось толькі не памятаю, якога колеру вусы ў яго былі.

— Я таксама не памятаю. Але разгружуся трохі і абавязкова высветлю.

Твар Г арчакова зрабіўся задуменным і строгім.

— Не, браток, да разгрузкі яшчэ далёка. Наша з табой служба такая, што ўвесь час не будзе часу хапаць. Заўсёды трэба будзе кудысьці спяшацца і не заўсёды спаць давядзецца. Але што паробіш — такі лёс нам дастаўся Не мець спакою дзеля спакою іншых. Ну, добра, браткі, за работу! Ідзіце да сябе і думайце, як з тым пад’ездам разабрацца, а ў мяне праз пяць хвілін пачнецца прыём грамадзян.

Славін запрасіў Квашу да сябе ў кабінет, растлумачыў, што ад яго патрабуецца, і параіў:

— Пачні ты, Васіль, з домакіраўніцтва. Паглядзі, хто прапісаны ў гэтых кватэрах з мужчын ва ўзросце да трыццаці гадоў, высветлі, дзе і кім працуюць. Затым мы разам зробім абыход гэтых кватэр.

Кваша пайшоў. А Славін накіраваўся да дзяжурнага і папрасіў перадаць участковаму Рагозіну, калі той будзе тэлефанаваць, каб ён неадкладна прыязджаў у аддзяленне.

Дзяжурны ўсміхнуўся:

— Лічы, што я тваё заданне выканаў. Ідзі ў чацвёрты кабінет, там твой Рагозін з затрыманым разбіраецца.

Уладзімір моўчкі павярнуўся і накіраваўся ў чацвёрты кабінет, які быў выдзелены спецыяльна для ўчастковых упаўнаважаных.

Участак Рагозіна знаходзіўся ў зоне Славіна. Участковы па заданні оперупаўнаважанага пагутарыў па чарзе з тымі, хто ведаў у твар Жору. Яму ўдалося з ліку хлопцаў, якія ведалі ў твар злачынцу, стварыць пяць груп. Яны дзяжурылі ў тых месцах, дзе мог з’явіцца злачынца.

У кабінеце Рагозін размаўляў з хлопцам гадоў трынаццаці. Той сядзеў насупраць капітана і плакаў.

Участковы, убачыўшы Славіна, перапыніў гутарку і паглядзеў на яго. Славін кіўнуў галавой, каб той працягваў, і Рагозін павярнуўся да хлопца:

— Ну, што ты маўчыш? Мы ж усё адно даведаемся, дзе ты яго ўзяў. Ну, давай не цягні час, не да цябе, гавары.

Хлопец яшчэ ніжэй апусціў галаву і ледзь чутна прагаварыў:

— Украў.

— Дзе?

— У школе, трынаццатай.

Рагозін пераможна зірнуў на Славіна і растлумачыў:

— Іду праз Камароўскі рынак і бачу: паліто прадаецца, — і ён паказаў рукой на крэсла, на якім ляжала жаночае паліто з футравым каўняром.

Славін здзівіўся:

— Паліто зімовае ўлетку? Чакай, дык цяпер жа і заняткаў у школе няма. Хто, у такім разе, гэта паліто туды прынёс?

— Ніхто не прыносіў яго туды. Проста матэматычка наша там жыве. Яна мяне на пераэкзаменоўку на лета пакінула. Я сёння прыйшоў на кансультацыю, а яна, напэўна, забылася і з’ехала на «Победе» з нейкім мужчынам. Крыўда ўзяла мяне, і раптам бачу — фортачка ў яе ў акне адкрыта. Залез я туды і ўзяў у шафе гэта паліто, а потым панёс на рынак.

Хлопец яшчэ мацней заплакаў. Славін спытаў:

— У цябе бацька ёсць?

— Не, на фронце загінуў.

— А маці?

— Ёсць.

— Колькі вас, дзяцей, у яе?

— Пяць.

— Ну і што ж ты хацеў купіць на грошы, якія атрымаў бы за гэта паліто?

— Не ведаю, усім бы марожанага. і свежых булак.

Славін і Рагозін пераглянуліся. У пакоі запанавала цішыня, якая парушалася толькі ўсхліпваннем хлапчука.

Славін узяў з крэсла паліто і працягнуў яго хлопчыку:

— На, аднясі і пакладзі на месца. Будзем спадзявацца, што твая матэма­тычка яшчэ не вярнулася дахаты. І запомні: не дзеля таго, каб ты краў, твой бацька ваяваў і загінуў на фронце.

Хлопец устаў і неўцямна глядзеў на Славіна і Рагозіна.

Рагозін сказаў:

— Ну, што стаіш? Ідзі дахаты і зрабі, што табе кажуць.

Хлопец, трымаючы ў бярэмя паліто, выйшаў з кабінета. Славін і Рагозін праводзілі яго позіркам праз акно. Уладзімір паглядзеў на капітана і сказаў:

— Ёсць заданне табе. Адбяры групу дзяцей з тых, хто можа апазнаць Жору, і правер другі пад’езд дома, размешчанага побач з дваццаць трэцяй школай. Не выключана, што ён там з’яўляецца.

— А як наконт дзяжурства ў клубах і на танцпляцоўках?

— Усё застаецца па-ранейшаму.

Рагозін прамовіў «ясна» — слова, якім заразіліся ўсе супрацоўнікі аддзялення, і сышоў.

Славін падышоў да акна. У двары ішлі заняткі. Міліцыянеры конна ездзілі па крузе, трэніруючыся правільна кіраваць канём. Погляд Уладзіміра спыніўся на казлу Борку. Ён стаяў на стозе сена і, нахіліўшы галаву з доўгімі закругленымі рагамі, назіраў, як шасцёра міліцыянераў згружалі з грузавіка вялікія цюкі спрасаванага сена і з дапамогай ручной лябёдкі падавалі наверх, дзе двое супрацоўнікаў прымалі і складалі іх. Славін падумаў: «Цікава, як Борка ўзлез туды?» Пра гэтага казла расказваюць цэлую гісторыю. Раней ён быў у партызанскім атрадзе і ў міліцыю трапіў дзякуючы старшыне Сцяпанычу — былому партызану, які і прывёў яго з сабой. Кажуць, што дзе конь, там і казёл павінен быць. Так і прапісаўся Борка ў міліцэйскай стайні. Ён быў дзёрзкім і моцным казлом, да таго ж адрозніваўся кепскім характарам. Старажылы аддзялення ведалі пра гэта і калі Борка знаходзіўся непадалёку, заўсёды былі напагатове. Але цяпер там, на версе велічэзнага стога, былі навічкі, маладыя хлопцы, якія толькі што пасля службы ў войску прыйшлі ў міліцыю. Яны не ведалі крутога нораву казла і бестурботна стаялі да яго спінай ля самага краю стога. А Борка вырашыў пазнаёміць навічкоў са сваімі рагамі. Славін гэта зразумеў, але зрабіць ужо нічога не мог. Акно ў кабінеце не адкрывалася, а фортачкі не было, дый адлік часу пайшоў ужо на секунды. Борка, набіраючы хуткасць, панёсся наперад. Ён урэзаўся ў спіну крайняму міліцыянеру, той, з дзікім крыкам паляцеў уніз і трапіў прама ў кузаў грузавіка, дзе, на шчасце, яшчэ было сена. А казёл ужо нёсся да другога міліцыянера. Але той паспеў зарыентавацца, схапіў казла за рогі: на стозе пачаўся спектакль, які перапыніў заняткі на плацы і прыцягнуў да сябе ўвагу не толькі міліцыянераў, але і прахожых. Раздаўся свіст і смех. Барацьба наверсе працягвалася доўга і з пераменным поспехам.

На стог падняліся яшчэ два міліцыянеры, яны ўтрох звязалі казла і з дапа­могай усё той жа лябёдкі спусцілі ўніз.

Уладзімір адышоў ад акна. На душы ў яго было цяжка. З галавы не выходзіў хлопец, якога дапытваў Рагозін. «Чорт бы пабраў гэту вайну, якая адабрала ў многіх дзяцей бацькоў. Не, ён не быў злодзеем, гэты хлапчук. Не подласць кіравала ім, а проста неўсвядомленае жаданне мець тое, што так любяць дзеці. Ён хацеў купіць для сваіх братоў і сясцёр булак і марожанага. Мы правільна зрабілі, што не сталі афармляць матэрыялы на яго. Напэўна, ён усё зразумее», — думаў Уладзімір.


42 Участковы ўпаўнаважаны Кваша


Кваша ўжо праз дзень паклаў на стол перад Славіным спіс жыхароў пад’езда. У ім крыжыкам былі адзначаны чатыры прозвішчы.

— Яны, — патлумачыў участковы, — заслугоўваюць увагі. Людзей, якія б па ўзросце больш нам падыходзілі, у гэтых кватэрах няма.

— Дакладней, прапісанымі не лічацца, — паправіў Славін.

— Ну так, — пагадзіўся той. — Зараз, як я разумею, трэба пабываць ва ўсіх кватэрах і пагаварыць з людзьмі...

— Правільна, але спачатку давай пагутарым вось з гэтым таварышам, — і Славін падкрэсліў прозвішча «Жыркоў». — Як бачыш, ён пенсіянер. Раней працаваў у міліцыі. Так што пайшлі да яго!

Кватэра Жыркова знаходзілася на чацвёртым паверсе.

На іх стук дзверы адкрыў сухенькі дзядок. Ён уважліва глядзеў на незнаёмых людзей. Уладзімір прадставіўся і сказаў:

— Іван Леанідавіч, мы да вас па адным важным пытанні. Намі за раз­бойны напад адшукваецца чалавек, якога аднойчы бачылі, калі ён уваходзіў у гэты пад’езд. Вы не ведаеце, да каго ён мог прыходзіць?

Гаспадар задумаўся, а затым спытаў:

— Чаго ж вы стаіце, можа, лічыце, што на такое пытанне можна адразу адказаць? Праходзьце ў пакой, прысаджвайцеся, а я ўспомню. Што вам вядома пра таго, каго вы шукаеце?

Славін сцісла расказаў, што яму было вядома пра Жору. Стары ўслых пачаў думаць:

— Пада мной на трэцім паверсе жыве Хмялько Расціслаў. Яму дваццаць восем гадоў. Ваяваў. Паранены ў нагу і цяпер кульгае. Ён чалавек сур’ёзны і не стане важдацца з усякай дрэнню. Насупраць мяне — Коля Антонаў. Яму дваццаць два, таксама салідны хлопец. Працуе на інструментальным заводзе, у вольны час сядзіць за падручнікамі. Ён у інстытут збіраецца паступаць. Я нічога, акрамя добрага, пра яго сказаць не магу. У кватэрах на першым і другім паверхах мужчын маладых няма. На пятым — гэта нада мной якраз — жыве Навум Левін. Немцы падчас акупацыі расстралялі яго бацькоў. Навуму цяпер пакуль цяжка. На выхаванні ў яго дзве малодшыя сястры засталіся. Яму не да свавольстваў. На апошнім паверсе ёсць малады хлопец — Саша Крываног. У яго таксама немцы бацькоў забілі, сам цудам выратаваўся. Цяпер ён у цёткі жыве. Добрая сям’я, ды і Саша хлопец сур’ёзны, працуе, па вечарах сустракаецца з дзяўчынай з суседняга пад’езда... Скажыце, адкуль вы ўзялі, што той, з кім вы бачылі Жору, павінен жыць тут? А можа, Жора з тым хлоп­цам у госці да нейкага прыходзіў?

— Мы не выключаем гэтага, — пагадзіўся Славін.

— Ведаеце, вось мая вам парада. І паверце, дрэннай парады вам не дам. Як-ніяк больш як трыццаць гадоў я працаваў у крымінальным вышуку і ведаю, пачым фунт ліха. Дык вось, я лічу, што калі яны і маглі да каго-небудзь з жыхароў нашага пад’езда прыйсці, дык толькі да Веркі Астахавай. Жыве яна адна, на пятым паверсе ў сорак чацвёртай кватэры, дзяўчына вяртлявая, пазалетась дзіця нарадзіла. Я ў яе, памятаю, спытаў: «Вера, а хто бацька твайго Сярожкі?» А яна засмяялася і, нават не счырванеўшы, адказвае: «Дзед, ты пытанне лягчэйшае задай. Я і сама хацела б гэта ведаць». Працуе яна дзесьці ў буфеце, навар, напэўна, мае добры, таму што жыве ў дастатку, ні ў чым не мае патрэбы. Дзіця, калі ідзе на працу, да сваіх бацькоў адводзіць, якія неда­лёка адгэтуль жывуць, па вуліцы Цнянскай. У яе дома, дарэчы, часта розныя тыпы з’яўляюцца.

Калі выйшлі, у пад’ездзе Славін прапанаваў:

— Давай пад выглядам праверкі пашпартоў абыдзем кватэры, пра Астахаву з людзьмі асцярожна пагаворым, а потым і да яе зойдзем.

І яны пачалі спускацца на першы паверх. Але жыхары гэтых кватэр мала што ведалі пра тых, хто жыў на верхніх паверхах. У адной з кватэр яны заспелі маладую жанчыну. Яна адчыніла дзверы з дзіцем на руках і, убачыўшы Квашу, усміхнулася:

— А, таварыш участковы! Уваходзьце, калі ласка!

У чыстай і акуратнай кватэры яны селі на прапанаваныя крэслы, і Кваша, пакуль жанчына ў суседнім пакоі ўкладвала дзіця ў дзіцячы ложачак, сказаў Славіну:

— Гэта Галіна Максімаўна Чайкова, працуе бухгалтарам у домакіраўніцтве, я і забыўся, што яна тут жыве, зараз яна на прозвішчы мужа, — ён зазірнуў у спіс, які сам жа склаў, — Красіна. Я таму і не звярнуў увагі на яе. Два гады назад, калі яна жыла з бацькамі па вуліцы Беламорскай, іх кватэру абакралі, і я знайшоў злодзеяў. Ёй давяраць можна, яна сур’ёзны чалавек.

Чайкова ўвайшла ў пакой і прысела на краёчак канапы.

— Што гэта вас прывяло да нас, ці не збіраецца які-небудзь бандыт абрабаваць нашу кватэру?

— Усё можа быць, усё можа быць, Галіна Максімаўна, — пажартаваў Кваша, і адразу ж сур’ёзна спытаў: — Галіна Максімаўна, ці ёсць у вашым пад’ездзе людзі, якія скандаляць, замінаюць суседзям жыць ці сваю кватэру ператварылі ў месца наведвання ўсякай набрыдзі?

Жанчына адмоўна пакруціла галавой:

— Не, такіх людзей у нас у пад’ездзе няма. Хіба толькі Астахава, яна на пятым паверсе жыве. Нумар кватэры я не памятаю, але знайсці лёгка. Калі паднімецеся на пяты паверх, злева — другія дзверы. Яна — легкадумная жанчына. Да яе часта прыходзяць незнаёмыя мужчыны. Я цяпер у дэкрэтным адпачынку знаходжуся і часта яе бачу, калі яна вяртаецца з крамы. Яна туды па гарэлку ходзіць.

Славін спытаў:

— П’е часта?

— Не тое каб часта, яна для сваіх гасцей па гарэлку бегае.

— Нікога не ведаеце з тых, хто прыходзіць да яе?

— Не, на шчасце, — усміхнулася жанчына.

— Вы ў кватэру да яе ніколі не хадзілі?

— Не.

— Галіна Максімаўна, а з кім яна сябруе з суседзяў?

— Ведаеце, такога чалавека вы наўрад ці знойдзеце тут. Усе ведаюць яе як жанчыну хутчэй распусную, чым сціплую.

— Ну, а ў кватэру да яе з суседзяў хто-небудзь заходзіць?

— Не. Яе суседка — у іх на пляцоўцы дзверы побач размешчаны — мне ў мінулым месяцы скардзілася, што ў кватэры Астахавай увесь час шумяць. Я ёй тады параіла да вас, таварыш Кваша, звярнуцца. Але яна адказала, што няёмка неяк на суседзяў скардзіцца. Вы з ёй пагаварыце. Яе Варварай клічуць. Яна, можа, і бачыла, хто прыходзіць да Веры, таму што мне яна казала, што ходзяць туды не толькі ўвечары, але і днём. Калі толькі людзі працуюць?

Неўзабаве яны былі ўжо на пятым паверсе. Пастукалі ў дзверы сорак трэцяй кватэры. Адкрыла сярэдніх гадоў жанчына. На галаве ў яе былі бігудзі. Яна запрасіла супрацоўнікаў міліцыі прайсці ў кватэру, а сама, папрасіўшы прабачэння, знікла ў суседнім пакоі. Супрацоўнікі міліцыі прайшлі ў вялікі светлы пакой і селі каля стала. Кваша дастаў спіс жыхароў і моўчкі паказаў Славіну на лічбу сорак тры, дзе ўказвалася, што ў ёй пражывае сям’я з трох чалавек. Гаспадыня кватэры Сапожнікава Варвара Мікалаеўна. Уладзімір кіўком галавы падзякаваў участковаму, і той схаваў паперу ў кішэню кіцеля. Сапожнікава з’явілася перад гасцямі праз некалькі мінут. Галаву яна павязала яркай шаўковай хусткай.

Славін вырашыў быць з ёй адкрытым:

— Варвара Мікалаеўна, мы хочам з вамі пагаварыць пра вашу суседку Астахаву. Скажыце, у яе часта збіраюцца кампаніі?

Жанчына трохі збянтэжылася, не ведаючы, што сказаць.

— Варвара Мікалаеўна, гаворка ідзе не проста пра паводзіны Астахавай, а пра раскрыццё небяспечнага злачынства. Таму мы просім вас быць з намі адкрытай.

— Добра. Я і не хацела вас уводзіць у зман. Мне проста неяк ніякавата казаць пра суседку. Але калі такая справа, то разумею. Ну што вам пра яе сказаць? Памазлівая жанчынка, дзякуючы толькі адной сваёй знешнасці магла б уладкаваць як след сваё жыццё. Але яна пайшла па іншым шляху. Пастаянныя п’янкі, розныя кавалеры. Чорт ведае, што дома робіцца. Вы ведаеце, бываюць дні, што нават за гэтай тоўстай сцяной немагчыма ўседзець. Гам, крыкі, такая адборная лаянка даносіцца.

— Вы бачылі ў твар каго-небудзь з яе знаёмых?

— Бачыла, і не раз. Вы ведаеце, большасць п’янюгі, але часам бываюць хлопцы відныя, акуратныя і добра апранутыя.

Славін дастаў фатаграфіі трох малюнкаў, якія некалькі дзён назад зрабіла Сваткова.

— Паглядзіце на гэтыя малюнкі, ці не сустракалі вы падобных сярод яе гасцей?

Жанчына ўзяла намаляваныя партрэты і ўважліва прагледзела іх. Паклала назад на стол:

— Не, не ўзгадаю. Праўда, вось гэты, — яна ўзяла ліст паперы, дзе быў намаляваны Жора, — падобны на аднаго з тых, якога я пару разоў сустракала на лесвіцы і адзін раз ля ўвахода. Акуратны, сімпатычны, культурны быццам. Памятаю, як аднойчы я выходзіла з пад’езда, а ён якраз уваходзіў, спыніўся ля дзвярэй, пачакаў, пакуль я прайшла. Нават усміхнуўся прыязна.

— Не памятаеце, шраму ў яго на твары не было?

— Не, дый няёмка неяк твар незнаёмага чалавека разглядаць.

— А як ён быў апрануты?

Жанчына задумалася, а затым няўпэўнена адказала:

— Тады, калі я сустрэла яго ля ўвахода, ён быў апрануты. па-мойму, у паліто, так, сапраўды, у чорнае скураное паліто.

Славін і Кваша радасна пераглянуліся. Кваша спытаў:

— Варвара Мікалаеўна, вы кажаце, што тады быў ён у скураным паліто, а ў іншыя дні як ён быў апрануты?

— Я яго сустракала ў гарнітуры, але якога менавіта колеру, не магу сказаць, не звярнула ўвагі.

— Ён адзін быў?

— У пад’ездзе два ці тры разы бачыла з нейкім хлопцам, а вось калі сустрэла каля пад’езда, быў адзін.

— А як выглядаў яго сябар?

— Не памятаю.

— Апошні раз калі вы яго бачылі?

— Тыдні два назад.

Супрацоўнікі міліцыі падзякавалі гаспадыні, выйшлі на лесвічную пляцоўку і пачалі раіцца: заходзіць ці не заходзіць да Астахавай. Іх турбавала адно: як бы з’яўленне супрацоўнікаў міліцыі не насцярожыла Астахаву. Але і час ішоў.

— Добра, — вырашыў Уладзімір, — пайшлі да яе. Пачнём з праверкі дакументаў, затым ты як участковы ўпаўнаважаны пацікавішся, хто да яе прыходзіць і гэтак далей. Карацей, як кажуць, паглядзім, чым яна дыхае, а затым будзем думаць, што рабіць далей.

Кваша рашуча пастукаў у дзверы сорак чацвёртай кватэры. За дзвярыма — цішыня.

— Стукай зноў, — напаўголаса сказаў Славін.

Кваша яшчэ раз пастукаў кулаком у дзверы.

— Хто там? — пачуўся жаночы голас.

— Свае, адкрыйце! — запатрабаваў Кваша. Пстрыкнуў замок, дзверы з лёгкім рыпаннем адчыніліся.

На парозе стаяла маладая жанчына. З выгляду ёй можна было даць гадоў дваццаць пяць. Нават у просценькім хатнім халаціку яна выглядала прывабнай. Доўгія светлыя валасы былі сабраны ў вузел на патыліцы. Вялікія зялёныя вочы спачатку глядзелі спакойна і неяк абыякава, а калі жанчына разгледзела на Квашы міліцэйскую форму, у іх з’явіліся трывога і разгубленасць. Кваша сказаў:

— Дзень добры, я ваш участковы ўпаўнаважаны. Дазвольце ўвайсці?

— А што здарылася? — спытала жанчына, адыходзячы ад дзвярэй і прапускаючы іх. Не адказваючы, работнікі міліцыі ўвайшлі ў кватэру і спыніліся ў нерашучасці. На непрыбраным ложку ляжала жаночая бялізна. На спінцы крэсла вісела вопратка, а на сядзенні чамусьці на аркушы паперы ляжаў кавалак сметанковага масла. На запыленым акне фіранка была адарвана з аднаго боку. Яна была калісьці салатавай, а зараз выгарала, і колер яе вызначыць было цяжка. На стале стаялі дзве пустыя бутэлькі. Адна з-пад гарэлкі, дру­гая — з-пад ліманаду. Проста на абрусе ляжалі рэшткі закускі. У пакоі было светла, і Славін добра разгледзеў гаспадыню. Заўважыў, што твар яе азызлы, пад вачыма сінія кругі. Астахава была ў хатніх тапках на босыя ногі, яе панчохі віселі на дзвярной ручцы. Кваша сказаў:

— Я сёння правяраю выкананне пашпартнага рэжыму жыхарамі вашага пад’езда. Прад’явіце, калі ласка, ваш пашпарт!

Астахава моўчкі падышла да канапы, з-пад яе дастала невялікую сумачку, выняла адтуль пашпарт.

— Колькі чалавек пражывае ў гэтай кватэры?

— Я адна. і яшчэ сын мой, а больш нікога.

— Я ў вас, па-мойму, ні разу не быў?

— Так, вы ў гэтай кватэры першы раз.

Кваша раскрыў пашпарт і ўслых прачытаў:

— Астахава Вера Валяр’янаўна. Так. Дзе вы працуеце?

— У клубе будаўнікоў.

Славін, стараючыся стрымаць хваляванне, зрабіў выгляд, што яго штосьці зацікавіла там, за акном, дзе далёка ўнізе з грукатам праносіліся трамваі, аўтамашыны, спяшаліся па сваіх справах людзі. А сам увесь напружыўся, чакаючы наступнага пытання. Кваша, запісваючы дадзеныя, спытаў:

— Кім вы працуеце?

— Буфетчыцай.

— З якога часу?

— З моманту адкрыцця клуба, з сорак пятага.

— А чаму сёння не на рабоце?

— Клуб зачынілі на рамонт, зараз я працую праз дзень у сталовай на Камароўскім рынку.

Кваша знайшоў момант і паглядзеў на Славіна. У яго вачах стаяла нямое пытанне: пачынаць пра галоўнае? Славін ледзь прыкметна кіўнуў галавой. Кваша пайшоў у наступленне:

— Вера Валяр’янаўна, да вас у кватэру часта госці прыходзяць?

— Якія госці?

— Розныя, я маю на ўвазе, у першую чаргу, мужчын.

— Ну, бывае, хто-небудзь са знаёмых зойдзе, а што тут такога? Я чалавек дарослы і магу да сябе запрашаць каго захачу.

— Вядома, можаце. Я не пра гэта. Скажыце, хто ў вас учора быў?

— Учора? Ну, заходзіў знаёмы адзін.

— Хто ён? Як яго прозвішча, імя?

— Я з ім пазнаёмілася нядаўна і прозвішча не ведаю, а клічуць яго Леанідам. Ён працуе дзесьці на чыгунцы.

— А Жора ў вас даўно быў? — нечакана спытаў Славін. Ён яшчэ сам не ведаў, чаму ён гэта робіць, але дзесьці падспудна ў яго з’явілася думка, што трэба рызыкаваць і прымусіць жанчыну казаць праўду.

Астахава перапытала:

— Які Жора?

— Высокі, сімпатычны, модна апрануты. Увесну ён у скураным паліто хадзіў. Калі мяне не падводзіць памяць, вы з ім пазнаёміліся ў клубе будаўнікоў.

— А. гэты Жора? Так, даўно, ужо тыдні два прайшло, а можа, нават больш.

— Ён адзін да вас прыходзіць ці з сябрамі?

— Як калі. Некалькі разоў з ім Толя прыходзіў, а апошнія два ці тры разы ён адзін быў у мяне.

Славін падышоў амаль ушчыльную да Астахавай.

— Вера Валяр’янаўна, я загаварыўся і забыўся прадставіцца: старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Славін. Скажыце, якія рэчы ці прадметы вам дарыў Жора?

Славін спецыяльна так сцвярджальна задаў пытанне. Астахава завагалася, і гэта пераканала Уладзіміра, што ён на правільным шляху.

— Ды вы не саромейцеся, смела кажыце. Калі мы вас пра гэта пытаем, то, напэўна, штосьці нам вядома.

— Так, ён мне прадаў сёе-тое, але не дарыў.

— І што ж ён вам прадаў?

— Пярсцёнак і плашч.

— А што яшчэ?

— Больш нічога, чэснае слова.

— Пакажыце мне пярсцёнак і плашч.

— Калі ласка. — Астахава падышла да шафы і дастала светла-карычневы плашч. Славін добра памятаў, што ў Лазаркевіч злачынец забраў светлакарычневы плашч сорак шостага памеру, спытаў:

— Які памер гэтага плашча?

— Сорак шосты.

— Так, а пярсцёнак у вас дзе?

— Ды вось ён, — гаспадыня працягнула Славіну сваю правую руку, на адным з пальцаў быў залаты пярсцёнак з рубінам.

Уладзімір таксама добра памятаў, што ў пацярпелай быў менавіта такі ж пярсцёнак: залаты з рубінам. Лейтэнант спытаў:

— Вы прозвішча Жоры ведаеце?

— Не, ён не казаў.

— А што ён вам пра сябе расказваў?

— Нічога істотнага. Казаў, што на нейкай базе працуе і мае вялікія сувязі.

— А не прапаноўваў ён вам купіць у яго на базе модныя прыгожыя рэчы?

— Прапаноўваў. Казаў, што там у яго шмат замежнай вопраткі, абутку.

— Прозвішча яго сябра таксама не ведаеце?

— Ён у нас у клубе працаваў электрыкам па сумяшчальніцтве, але прозвішча я яго не ведаю.

— А яго асноўная праца?

— Я не ведаю.

— Добра, Вера Валяр’янаўна, збірайцеся і хадзем з намі.

— Куды?

— У міліцыю. Нам трэба вас дапытаць. Вазьміце з сабой плашч і пярсцё­нак, якія купілі ў Жоры.

У аддзяленні Уладзімір адразу ж прыступіў да допыту Астахавай. Тая паводзіла сябе спакойна і не вельмі засмуцілася, калі Славін запрасіў да сябе ў кабінет дваіх панятых і склаў пратакол аб тым, што ў яе забралі плашч і пярсцёнак. Калі яны зноў засталіся адны, Славін спытаў:

— Вера Валяр’янаўна, а Жора не казаў, калі зноў прыйдзе да вас?

— Ён сказаў, што з’язджае кудысьці і яго ў горадзе не будзе каля месяца. Папярэдзіў мяне, каб я рыхтавала больш грошай, і ён, як прыедзе, звозіць мяне на базу.

— Як вы думаеце, у яго, акрамя Анатоля, сябры яшчэ ёсць?

— Адкуль мне ведаць, хто з іх сябра, а хто не.

— Вам хто-небудзь з іх знаёмы?

— Нікога. Памятаю, ён і Толік запрасілі мяне з імі пайсці на возера. Я пайшла, а потым шкадавала. Там гэтулькі ў іх аказалася знаёмых, што проста жах.

Славін вырашыў пагаварыць з жанчынай адкрыта. Калі Астахава скажа Жоры пра тое, што ў яе забралі пярсцёнак і плашч, той адразу ж пра ўсё здагадаецца. Уладзімір разумеў, што з яе дапамогай будзе лягчэй злавіць злачынцу. Ён адклаў у бок паперу і загаварыў:

— Вера Валяр’янаўна, я вам адкрыю адзін сакрэт, але вы павінны пра гэта маўчаць. Зразумела?

— Вядома, зразумела, я нікому нічога не раскажу.

— Справа ў тым, што Жора — ашуканец, і не проста ашуканец, а рабаўнікашуканец. Ён знаёміцца з маладымі жанчынамі, уваходзіць да іх у давер, прапануе ім, гэтак жа як і вам прапанаваў, дапамагчы што купіць з модных рэчаў, а калі дзяўчына падрыхтоўвае грошы, нападае на сваю ахвяру і рабуе. Такім чынам ён ужо прывабіў у лес адну дзяўчыну, моцна збіў яе, забраў вялікую суму грошай, а таксама плашч і пярсцёнак, якія мы забралі ў вас, і схаваўся.

— А дзяўчына?

— Дзяўчыну кінуў у лесе, ён лічыў, што забіў яе, але, на шчасце, памыліўся, яна жывая. Я вам расказваю пра гэта, па-першае, таму, што цалкам магчыма, ён рыхтуе тое ж самае і для вас. Па-другое, я хачу, каб вы мне паверылі і дапамаглі нам яго злавіць. Ну, як, згодны?

— Калі ён бандыт, то якая можа быць гаворка, вядома, згодна. Што мне трэба рабіць?

— Пакуль нічога, — усміхнуўся лейтэнант, — сядзець у вольны ад працы час дома і чакаць яго. Калі ён з’явіцца, пра пярсцёнак і плашч — ні слова. Ён, напэўна, будзе пытаць, ці ёсць у вас грошы. Скажыце, што ёсць, але захоўваеце вы іх не дома, і дамовіцеся, што паедзеце з ім на базу на наступны дзень. Пасля таго, як ён пойдзе, вы павінны тэрмінова адшукаць мяне.

— А як я вас знайду?

Уладзімір напісаў на паперы тэлефон і працягнуў жанчыне:

— Вось вам нумар тэлефона нашага дзяжурнага. Праз яго вы і перадайце ўсё, што захочаце мне сказаць. Ну, а зараз дзякуй, вы свабодны.

Астахава пайшла, лейтэнант выклікаў Рагозіна:

— Едзь, Андрэй Міронавіч, у клуб будаўнікоў, калі там нікога не знойдзеш, звярніся ў аддзел кадраў і ўстанаві прозвішча электрыка па імені Анатоль. Ён працуе ў клубе па сумяшчальніцтве.


43 Рыта


Рыта, колькі ні ўгаворвалі яе Славіны застацца жыць у іх, настаяла на сваім і пераехала ў інтэрнат. Працавала яна ў паліклініцы. Уладзімір імкнуўся кожны дзень сустракацца з ёй, але не заўсёды гэта атрымлівалася. Добра, што дзяўчына разумела, якая праца ва Уладзіміра, і не крыўдзілася на яго.

Уладзімір быў засмучаны, што Рыта не спяшалася з вяселлем.

— Разумееш, — пераконвала яна, — я павінна тут абжыцца і стаць на ногі, я не хачу, каб пра нас турбаваліся твае мама і сястра. Таму, я цябе вельмі прашу, давай адкладзём вяселле да наступнага года.

Уладзімір гарачыўся, даказваў ёй зваротнае. Рыта не згаджалася. Супакоіўшыся, урэшце Уладзімір пагадзіўся. Аддаючы ўсяго сябе рабоце, ён часам лавіў сябе на думцы, што ў такія гадзіны Рыта адыходзіла кудысьці на задні план. Ён пачынаў лаяць сябе, але паступова зразумеў: ён кахае Рыту, але і не можа жыць без сваёй работы. Атрымлівалася так, што нават калі ён быў разам з Рытай, то часта думаў пра працу.

Вось і цяпер, калі яны стаялі на пагорку і любаваліся воднай роўняддзю Камсамольскага возера, твар Уладзіміра быў змрочным і задуменным. Рыта гэта заўважыла. Яна ўзяла яго пад руку і спытала:

— Ты што? Цябе штосьці трывожыць?

Славін сцісла расказаў пра Лазаркевіч.

— А як зараз сябе адчувае дзяўчына? — захвалявалася Рыта.

— Учора ўпершыню прыйшла да памяці. Але ўрачы пакуль не дазваляюць з ёй гаварыць. Яны нават сумняваюцца ў тым, што яна ўспомніць тое, што здарылася. Небарака, яна на ўсё жыццё застанецца інвалідам, бачыць будзе толькі адным вокам.

Ён памаўчаў трохі і, гледзячы на возера, ціха сказаў:

— Не разумею, адкуль у нас такія звяры бяруцца. Перажылі цяжкую вайну, дзяцей-сірот не пералічыць, колькі гора ўсе перанеслі. Здавалася б, людзі павінны стаць мудрэй, дабрэй адзін да аднаго. А вось такія Жоры чамусьці не пераводзяцца. Не, мне трэба хутчэй яго знайсці, толькі тады я змагу спаць спакойна!

Рыта прыціснулася да яго рукі:

— Валодзя, я баюся за цябе! Ты памятай, што ў цябе ёсць я. Не думай, не да баязлівасці цябе заклікаю, а да абдуманасці сваіх дзеянняў, да асцярожнасці.

Славін раптам засмяяўся:

— І што гэта мы з табой на такую сумную тэму загаварылі? Лепш паслухай пра нашага казла Борку. — Уладзімір расказаў пра паядынак казла з міліцыянерам.

— Ну, а што з тым хлопцам, — смеючыся, спытала Рыта, — якога ваш Борка-бандыт сапхнуў са стога?

— Парадак. Зваліўся ж ён прама ў кузаў машыны, дзе яшчэ было шмат сена. Яму зараз і мянушку прыдумалі «Казліны парашутыст», — гаварыў Славін, а сам у гэты момант думаў пра ўчастковага ўпаўнаважанага Рагозіна, які другі дзень спрабаваў устанавіць прозвішча электрыка. Клуб рамантавалі, нікога з адміністрацыі ён не знайшоў, а калі сёння з раніцы злавіў загадчыка, то аказалася, што той прозвішча электрыка не ведае. Для ўсіх у клубе ён быў Толем. Начальнік аддзела кадраў захварэў. Калі Рагозін сказаў пра гэта Славіну, ён запатрабаваў, каб Рагозін высветліў адрас кадравіка і ехаў да яго дахаты.

Уладзімір паглядзеў на гадзіннік: «Сем вечара. Ці зможа Рагозін заспець яго дома? Час бяжыць: пакуль мы разгортваемся, цалкам можа быць, што злачынец ужо заваблівае наступную ахвяру. Не, трэба яшчэ штосьці распачаць. Але што?»

Рыта заўважыла, што ён спяшаецца.

— Валодзечка, табе пара? Тады праводзь мяне.

Недалёка ад інтэрната яны рассталіся, і Славін накіраваўся ў аддзяленне. Ля ўвахода ў будынак міліцыі ён сутыкнуўся з Рагозіным. Той весела ўсміхнуўся:

— Як быццам дамовіліся мы з табой ля ганка сустрэцца.

— Ну як? — нецярпліва спытаў Уладзімір.

— Устанавіў я гэтага Толю! Дабірацца давялося за Татарскія гароды, на самую ўскраіну, але своечасова я туды паехаў. Заўтра раніцай кадравік з’язджае ў Маскву, так што пагнаў бы ты і мяне за ім у сталіцу высвятляць.

Яны ўвайшлі ў кабінет. За сталом сядзеў Падрэзаў і ўсміхаўся.

— Прывітанне! Чаго цешышся? Можа, хочаш перадаць мне прывітанне ад сваёй жонкі?

— Перадаю, але галоўнае, браткі, вось у чым: я разблытаў адну справу!

— Малайчына! — пахваліў сябра Уладзімір. — Значыць, у цябе толькі адно забойства засталося.

— Вядома. Вучыцеся, як трэба працаваць, суслікі!

Крыху пазней Уладзімір зразумеў, чаму Аляксей іранізаваў з сябе. Аказалася, што ў Койданаве на чыгуначным вакзале работнікі міліцыі за крадзеж чамадана затрымалі злодзея. Пры вобыску ў яго знайшлі пашпарт і рэчы забітага. Звязаліся з Мінскам. Падрэзаў паехаў у Койданава і прывёз затрыманага. Ужо па дарозе злачынец назваў сваё сапраўднае прозвішча і прызнаўся, што здзейсніў забойства. Вось і жартаваў Падрэзаў, разумеючы, што яго заслуга ў раскрыцці гэтага злачынства невялікая.

Рагозін паклаў на стол перад Славіным лісток паперы:

— Вось ён — Толя! Уладзімір услых прачытаў:

— Алматаў Анатоль Серафімавіч, нараджэнні 1924 года, пражывае па вуліцы Цнянскай, дом сто восемдзесят восем.

Рагозін растлумачыў:

— Ён там на кватэры жыве. Я праверыў.

— Малайчына, Андрэй Міронавіч, малайчына. Што далей рабіць будзем?

— Я лічу, што ты павінен даручыць мне ўзяць гэтага Толю пад кантроль і да з’яўлення Жоры яго не чапаць.

— Так, мабыць, правільна кажаш. Добра. За Алматава адказваеш ты. Для нас не будзе лішнім, калі мы ўстановім яго сувязі, месцы, дзе ён бывае. Хто ведае, можа, гэта стане карысным і ў вышуку Жоры?

Участковы пайшоў, а Падрэзаў сказаў:

— Пётр Першы праз дзяжурнага перадаў, каб мы да яго зайшлі.

— Ты не быў?

— Цябе чакаў.

— Пайшлі.

Гарчакоў быў у сябе. Убачыўшы аператыўнікаў, усміхнуўся і спытаў у Славіна:

— Ты, вядома, ужо чуў, як сусветна вядомы сышчык Лёша Падрэзаў імгненна раскрыў забойства?

— Чуў. Таварыш Падрэзаў абяцае ў рэспубліканскую газету напісаць, вопытам барацьбы са злачыннасцю падзяліцца. І яшчэ ён мне сказаў, што нас дваіх Пётр Першы выклікае, але я прапанаваў спачатку да вас зайсці параіцца.

— Правільна зрабілі, што зайшлі. — Гарчакоў ахвотна падтрымліваў жартаўлівую гутарку. Ён заўсёды імкнуўся знайсці вольную хвіліну, каб пагаварыць з супрацоўнікамі: з адным пажартаваць, з другім пагутарыць па шчырасці, у трэцяга пацікавіцца, як справы дома, як здароўе. У Г арча­кова была добрая памяць, ён памятаў, хто і пра што яго прасіў, імкнуўся заўсёды дапамагчы па меры магчымасці. І супрацоўнікі любілі начальніка аддзялення і давяралі яму. Цякучасці кадраў у Гарчакова не было. Многія працаўнікі міліцыі з іншых аддзяленняў пісалі рапарты з просьбай перавесці іх у падначаленне Гарчакова. Быў у яго талент кіраўніка. Вось і цяпер ён жартаваў з маладымі супрацоўнікамі, але праз некалькі мінут ужо сур’ёзна сказаў:

— Таварышы, хачу вам даручыць адно заданне. На ўскраіне горада, за апошнімі дамамі, у полі стаіць стог сена. Справа ад яго тэрыторыя трэцяга аддзялення, злева — наша.

— На нічыйнай паласе стаіць, — усміхнуўся Падрэзаў.

— Выходзіць, што так. Хлапчукі, якія ўначы пасвяць коней, сталі заўважаць, што пасля поўначы да стога сена з лесу падкрадаецца чалавек і ранкам, калі яшчэ не рассейваецца туман, сыходзіць назад у лес. Яны сцвярджаюць, што ён узброены аўтаматам.

— Сямён Антонавіч, у нас жа ёсць тры арыенціроўкі пра тое, што невядомы, пагражаючы аўтаматам, рабаваў людзей.

— Не тры, а ўжо чатыры. Гадзіну назад прыйшло паведамленне, што ён абстраляў з аўтамата саўгасную машыну, забіў вадзіцеля, галоўнага бухгалтара і маладога хлопца.

Яны везлі вялікую суму грошай, якую злачынец забраў. Месца здарэння знаходзіцца ў дваццаці кіламетрах ад гэтага стога. Цалкам верагодна, што гаворка ідзе пра аднаго і таго ж чалавека. Характэрна, што паблізу таго месца, дзе начуе невядомы, такіх рабаванняў не зарэгістравана. Я дамовіўся з начальнікам трэцяга аддзялення Купрэйчыкам. Ён таксама выдзеліць сваіх супрацоўнікаў. Лічу, што схавацца вам лепш за ўсё ў стозе і чакаць. Калі з’явіцца, браць не спяшайцеся, магчыма, ёсць сэнс даць яму заснуць. Майце на ўвазе, аўтамат — не пісталет. Таму калі ўжо страляць давядзецца, то трэба біць з блізкай адлегласці не даць яму пусціць у ход сваю зброя. Вазьміце з сабой акрамя зброі ліхтарыкі і будзьце асцярожныя. Добра б яго ўзяць жывым. Ясна?

— Ясна, таварыш маёр! Нам адпраўляцца адразу ж?

— Неадкладна. Я хачу, каб вы крыху раней апынуліся на месцы. Стог вам пакажа хлапчук, які цяпер знаходзіцца ў трэцім аддзяленні ў Купрэйчыка. Гэты хлапчук жыве там недалёка. Пасля таго, як ён пакажа стог, адвядзіце яго да бацькоў. Ясна?

— Так точна! Дазвольце ісці?

— Давайце, хлопцы.


44 Купрэйчык


Купрэйчык здагадаўся, навошта яго выклікаюць да начальніка ўпраўлення. Супрацоўнік, які патэлефанаваў капітану, сказаў, каб той узяў з сабой матэрыялы пра крадзеж са сталовай, што рыхтавалі хлапчукі. Купрэйчык успомніў і дзіўныя паводзіны свайго намесніка маёра міліцыі Баранніка, які пазбягаў сустрэч з ім, а калі выпадкова і трапляўся насустрач, то адводзіў у бок вочы. Купрэйчык думаў, што Бараннік цураецца яго з-за спрэчкі пасля гутаркі пра гэтых хлапчукоў, і не надаваў асаблівага значэння, лічачы, што пройдзе некаторы час, Бараннік астыне, і ўсё стане на месца. Але атрымаўшы загад з’явіцца з матэрыялам да начальніка ўпраўлення, Купрэйчык зразумеў, чаму намеснік апошнім часам паводзіў сябе так дзіўна.

Капітан, ледзь спраўляючыся з непрыемным пачуццём, якое вярэдзіла душу, папрасіў у начальніка крымінальнага вышуку матэрыял, паклаў яго ў старую, пашарпаную папку і паехаў дахаты пераапранацца. Ва ўпраўленне, ды яшчэ да начальства, неабходна з’яўляцца ў форме.

Начальнік упраўлення, пажылы, са стомленым бледным тварам — відавочна, цяжкая рана, атрыманая на фронце, непакоіла яго, — быў хмурны. Ён паважаў і любіў маладога рашучага капітана, які прайшоў усю вайну ў разведцы. І вось цяпер перад ім на стале ляжаў афіцыйны рапарт маёра Баранніка, які вінаваціў свайго начальніка ў палітычнай блізарукасці і ўтойванні злачынства, у абразлівым стаўленні да аўтара рапарта.

Палкоўнік разумеў, што ўсё напісанае — глупства. Але ён вельмі добра ведаў Баранніка. Самалюбівы, які любым спосабам рваўся да больш высокіх пастоў, ён, калі адмовіцца ад праверкі яго рапарта, не спыніцца на гэтым і, вядома, будзе пісаць далей. А гэта значыць, што Купрэйчыку давядзецца тлумачыць усё ў яшчэ больш высокіх інстанцыях, тузаць нервы, марнаваць дарэмна час. Начальнік упраўлення спачатку хацеў даручыць разабрацца па рапарце сваім падначаленым, але потым перадумаў і выклікаў Купрэйчыка да сябе.

Купрэйчык увайшоў у кабінет і далажыў:

— Таварыш палкоўнік, капітан Купрэйчык па вашым загадзе прыбыў!

— Дабрыдзень, Аляксей Васільевіч! Праходзіце, прысаджвайцеся і прачытайце вось гэта. — палкоўнік грэбліва, двума пальцамі ўзяў рапарт і працягнуў яго капітану.

Купрэйчык прымусіў сябе дачытаць да канца і, ледзь стрымліваючыся ад гневу, сказаў:

— Выпадак з хлапчукамі апісаны правільна, толькі матывы не тыя, а абвінавачванні ў мой адрас — безгрунтоўныя і брудныя. — Капітан паклаў перад начальнікам упраўлення матэрыялы і падрабязна далажыў аб тым, што адбылося.

Палкоўнік слухаў моўчкі, толькі па яго худым твары хутка хадзілі вужлакі, цяжкі погляд упёрся ў нейкую кропку на стале, нібы яму, пажылому чалавеку, які ніколі не баяўся глядзець праўдзе ў вочы, цяпер было сорамна перад сваім падначаленым.

Купрэйчык замоўк, і ў кабінеце наступіла цішыня. Яна зацягвалася і рабілася ўсё больш гнятлівай. Капітан, разумеючы, што любая праверка патрабуе пісьмовага тлумачэння, прапанаваў:

— Мне напісаць.

Але палкоўнік не даў яму дагаварыць:

— Не трэба. Я сам напішу. — Убачыўшы, як здзіўлена паглядзеў на яго капітан, дадаў: — Складу даведку, што разабраўся асабіста, і — справе канец. Ну, а што да Баранніка, то не дзівіцеся. Я ў яго асабістай справе бачыў, што ён не першы раз піша такія рапарты. Праўда, ніводнага рапарта з просьбай накіраваць яго на фронт не знайшоў. Мы падумаем, якую работу яму даручыць, каб ён урэшце змог справіцца з ёй.

Палкоўнік штосьці дастаў з шуфлядкі, схаваў руку за спіну, усміхаючыся абышоў стол, спыніўся каля Купрэйчыка. Капітан устаў. Працягваючы ўсміхацца, начальнік упраўлення сказаў:

— А зараз, Аляксей Васільевіч, пагаворым на прыемнейшую тэму. — І ён працягнуў Купрейчыку новыя маёрскія пагоны. — Надзявайце, вось гэтыя! Толькі што прыйшоў загад аб прысваенні вам звання маёра міліцыі. Віншую!

Купрэйчык разгубіўся і як хлапчук прамармытаў «дзякуй».

Ён выйшаў на вуліцу са змешаным пачуццём засмучэння і радасці. Здавалася, і засмучацца няма падстаў. Начальнік упраўлення ўсё зразумеў адразу ж, але ў душы Аляксея засталося непрыемнае пачуццё судакранання з ганебнасцю. Думкі пра новае званне, маёрскія пагоны адсунуліся на задні план. «Што рабіць? — думаў Купрэйчык пра свайго намесніка. — Як з ім працаваць? Адкуль у яго гэтулькі злосці, зайздрасці, нядобразычлівасці?»

Сеўшы ў палутарку, Купрэйчык, задумаўшыся, не заўважыў, як пад’ехалі да аддзялення міліцыі. Ён выйшаў з кабіны і адразу сутыкнуўся з Бараннікам. Той ад нечаканасці спыніўся і здзіўлена глядзеў на грудзі начальніка, упрыгожаныя чатырма баявымі ордэнамі і пяццю медалямі. Чаго-чаго, а гэтага, напэўна, Бараннік не чакаў. Ён лічыў Купрэйчыка выскачкам, чыімсьці любімчыкам. А перад ім стаяў баявы камандзір. Бараннік са спахмурнелым тварам моўчкі адышоў ад ганка.

Загрузка...