Сымон чытаў:

"Адной з найпякучых праблемаў для беларускага замежнага грамадзянства зьяўляецца сяньня справа новай беларускай эмiграцыi. У насьледку страшнай разрухi нашага краю апошняй вайной - каля мiльёна беларусаў апынулася па-за межамi свае Бацькаўшчыны.

Гэта наша новая прымусовая й "дабравольная" эмiграцыя апынулася была ў абставiнах, ня маючых сабе прэцэдэнту ў гiсторыi нiводнае эмiграцыi якога-небудзь народу ў сьвеце. Ёй прыйшлося перажыць надмерна нялюдзкiя цяжкасьцi, як матэрыяльна, так i маральна ды праўна..."

I далей:

"Усё тое, што перажыла гэта наша эмiграцыя... тлумачыцца хiба тым, што нiводзiн народ, як наш, ня прывык да падобнага роду цярпеньняў. Але цярпеньнi яе яшчэ ня скончылiся..."

Далей аўтар стараецца падказаць беларусам у Амэрыцы, прынамсi, тым зарганiзаваным, якой помаччу маглi-б прысьпець сваiм няшчасным родзiчам у Эўропе. А самае галоўнае й найбольш важнае вычытаў юнак у наступным:

"Беларуская новая эмiграцыя на амэрыканскай зоне Нямеччыны знаходзiцца ня толькi што ў нявыразным, але й досыць парадаксальным становiшчы. Ёй па сяньня ня прызнаецца права нацыянальнасьцi. не дазваляецца навет тварыць сваiх асобных нацыянальных лягераў, падобна iншым нацыянальнасьцям, а мусяць таму туляцца ў разьбiтку, па суседзях - у той час, калi амэрыканскi ўрад афiцыяльна прызнае беларускi народ як нацыю".

Далей аўтар зноў раiў тое-сёе, што маглi-б зрабiць у галiне дапамогi амэрыканскiя беларусы. Вiдаць, што аўтар i група беларусаў, якiя выдалi "Беларускiя Навiны" ў Па-рыжы, бiлiся, як тая рыба аб лёд, бездапаможна прыглядаючыся вялiкай нацыянальнай катастрофе й маючы недахопам капiталу ды рознымi iншымi цяжкасьцямi зьвязаныя рукi. Заклiкi аб дапамозе да беларусаў цераз акiян падобныя былi да голасу ў пустынi, бо калi-б у Новым Сьвеце сапраўды iснавала нейкая жывая й дзеючая нацыянальная беларуская арганiзацыя, яна сама ўжо раней парупiлася-б пра тое-сёе й не чакала-б на парады з боку "Беларускiх Навiнаў".

Сымон, чытаючы газэту й крывавячы сэрцам аб няшчасьцi сваiх суродзiчаў у Нямеччыне ды iншых краiнах, ня ведаў у гэты час, што ў "Беларускiх Навiнах" ня было сказана аб самым галоўным i найбольш жахлiвым, якое выявiлася й дайшло да ягоных вушэй пасьля. Гэта палягала ў наступным: беларусы па цэлай Эўропе, а пераважна ў Нямеччыне, былi аб'ектам паляваньня бальшавiцкiх рэпатрыяцыйных мiсiяў, якiя якраз у гэты час пры дапамозе й садзейнiчаньнi заходнiх хаўрусьнiцкiх акупацыйных уладаў старалiся там, дзе людзi не хацелi дабравольна, прымусам адвезьцi пад уладу маскоўскага тырана, найчасьцей у сiбiрскiя лягеры нявольнiцкае працы ўсiх тых, каго гiтлераўская ўлада выкiнула са сваiх родных гнёздаў. Пры дапамозе амэрыканскае i ангельскае вайсковае жандармерыi бальшавiкi заладоўвалi няшчасных людзей у таварныя вагоны й пад канвоем накiроўвалi на Ўсход. Гэткiм чынам з самай Нямеччыны ўдалося iм прымусова рэпатрыяваць блiзу паўмiльёна беларусаў, як пазьней падала бальшавiцкая статыстыка.

У гэты пасьляваенны час заходнi сьвет, пераважна Злучаныя Штаты й Ангельшчына, яшчэ добра не разгадаўшы аблiчча бальшавiцкага крывапiўцы, былi мiмавольна ўдзельнiкамi найбольшага ў гiсторыi гвалту над паняволенымi Масквой народамi. Ацьверазеньне прыйшло шмат пазьней i вельмi паволi. Памылка была зроблена. Франклiн Рузвельт адышоў на той сьвет са сьведамасьцю, што належаў да найвялiкшых людзей у гiсторыi Амэрыкi хаця-б таму, што спрычынiўся да перамогi над Гiтлерам ды разумна падзялiў памiж трыма "вялiкiмi" зямную кулю на сферы ўплываў, не спасьцярогшы, што ў сiлу ўмоваў з валадаром Крамля быў партнёрам жахлiвага народабойства. Сталiн-Сосо-Джугашвiлi насалоджваўся стогнамi й енкамi безабаронных ахвяр ды сьмяяўся з таго, што абдурыў сваiх ваенных хаўрусьнiкаў.

"ПРЫЧЫНА - ВЕРАВЫЗНАНЬНЕ, НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЬ"

I

Вучнi ў клясе звычайна добра арыентуюцца, якiя хто мае посьпехi ў навуцы, i могуць часта вызначыць кожнаму месца паводле ацэнак. Калi восьмы курс Школы Падхаронжых наблiжаўся да канца й праходзiлi апошкiя экзамены, было ў групе колькi чалавек, якiя складалi лiсты кадэтаў паводле iхняй пасьпяховасьцi. Параўноўвалi адзiн лiст з другiм, спрачалiся, адстойвалi дадатныя або адмоўныя ацэнкi тых цi iншых асобаў. Звычайна найменш было сумлеваў адносна колькiх першых - усе пагаджалiся, што першым паводле пасьпяховасьцi будзе Ўсаевiч. Некалькi наступных iмёнаў таксама ня былi цяжкiмi для гаданьня, тым больш, што ацэнкi з асноўных галiнаў навучаньня былi раней вядомыя. Было яшчэ колькi невядомых, якiя старалiся прадугледзець. Сымону звычайна вызначалi самае сярэдняе месца - мiж дзесятым i дванаццатым. Самыя два апошнiя месцы прыдзялiлi хваравiтаму шляхцюку Янкоўскаму й даволi недалужнаму, найслабейшаму ад усiх Марцiнкоўскаму.

Апошнiя экзамены былi па стратэгii й арганiзацыi армii. Хшаноўскi цэлымi гадзiнамi вывучваў на памяць розныя ваенныя мудрасьцi i навет забываўся ўспамiнаць пра сваю "боскую" Марыську, а перад кожнымi экзаменамi дрыжаў i хваляваўся, быццам малое дзiця перад першым зашчыпленьнем воспы. Ягоны-ж сусед Янкоўскi ня меў такой вялiкай пiльнасьцi, хаця нямала часу прысьвячаў на паўтарэньне. Неяк аднойчы надвечар Янкоўскi папрасiў Сымона, каб праэкзаменаваў яго. Сымон, паставiўшы колькi трапных пытаньняў, хутка прыйшоў да выснаву, што шляхцюковы веды раўнялiся блiзка нулю.

- Ведаеш, пане Янкоўскi, - сказаў яму пасьля гэтага Сымон, - будзе ў нас вялiкi цуд, калi ты з гэтых прадметаў, са стратэгii й арганiзацыi армii, здасi экзамены. Ты-ж нiчога, навет самага элемэнтарнага, ня ведаеш.

- Ат, што ты дурнiцы гаворыш. Чаму я ня ведаю? - накасавурыўся хваравiты шляхцiц.

- Дык я-ж бачу.

- Ты ўжо занадта вялiкiм знахарам сябе лiчыш.

Сымон ня лiчыў патрэбным спрачацца, бо й што за разьлiк быў - даводзiць чалавеку аб тым, што ягоныя веды раўнялiся нулю, калi той сам ня ўмеў бачыць для ўсiх iншых вiдавочных рэчаў. Сымон ня ведаў, якое вялiкае рашчараваньне чакае яго i як моцна памыляўся ня толькi ён, але й усе на курсе, калi мяркавалi пра ягоныя собскiя ацэнкi.

Выпускныя школьныя цырымонii былi вызначаны на трэцяга сакавiка. Ужо пару дзён перад тым пачалi ўсе чыста гарачкава да гэтага рыхтавацца. Вайсковыя краўцы рыхтавалi мундзiры, абшываючы наплечнiкi й канцы рукавоў шырокiмi, на адзiн сантыметр, сярэбранымi паскамi. У канцылярыi школы пiсар-яфрэйтар прыгожым калiграфiчным почыркам выпiсваў школьныя пасьведкi. Ён добра ведаў ацэнкi ўсiх вучняў i ня скупiўся зь iнфармацыяй. Калi Сымону нехта сказаў, што ён атрымаў паводле пасьпяховасьцi апошняе месца з дваццацi трох чалавек восьмага курсу, то хлопец прыняў гэта за дрэнны жарт i голасна зарагатаў.

- Дык iдзi й сам запытайся, цяпер маёра ў канцылярыi няма, i пiсар табе скажа.

- Адстань, ня дуры галавы, - стараўся адчапiцца ад парады Сымон.

Але калi другi й трэцi з сяброў прыйшлi да Сымона й паўтарылi тую самую вестку, хлапец наважыўся сам праверыць i пабег у канцылярыю. Нiкога там не было, акрамя пiсара, якi канчаў выпiсваць пасведкi. На Сымонава запытаньне ён паказаў аркуш паперы, сьпiсаны прозьвiшчамi.

- Вось глядзi. Гэта ўсё я сьцягнуў зь лiсты афiцыяльных вынiкаў, якую маёр недзе трымае пад ключом. Тут паводле ацэнкаў ад першага да апошняга стаяць усе вучнi восьмага курсу.

Кiнуўшы вокам на падсунуты аркуш, Сымон спасьцярог сваё прозьвiшча на самым апошнiм месцы. Зацiкавiўшыся Янкоўскiм, вока ягонае адшукала шляхцюка на адзiнаццатым месцы. Хлапец пачуў на целе нейкую млявасьць i гарачыню, i кроў хлынула ў твар.

- Сукiн сын! Покершчык! - прамовiў празь сьцiснутыя зубы Спарыш i, пакiнуўшы пiсара з разяўленым ротам, моцна стукнуў канцылярскiмi дзьвярыма. Увесь барак ужо ведаў аб канчатковых вынiках навукi, й ацэнкi Сымона былi прадметам агульнага зацiкаўленьня.

- Пане Спарыш, - падышоў Радзiвiл, - усе вельмi зьдзiўленыя вашай няўдачай. Ня ведаюць проста, чым гэта вытлумачыць. Я вельмi спачуваю вам...

- Спачуваеце, пане Юры? Веру вам! - наўмысьля голасна, каб усе чулi, зачырванеўшыся са злосьцi, пачаў Сымон. - Але-ж я не калека, каб мне былi патрэбныя вашы спачуваньнi. Надта-ж вы велiкадушныя. Вы гаворыце - маёй "няўдачай". А я вас проста спытаю, цi думалi вы, цi хто-небудзь iншы, зь якой прычыны я атрымаў такую клясыфiкацыю? I цi гэта простая "няўдача", як кажаце, цi тут штось крыецца глыбейшае?

Сымон зрокам абвiнавальнiка-пракурора акiнуў усiх прысутных. Адказалi не адразу.

- Прычына нейкая ёсьць, але хто яго ведае... - пераступаючы з нагi на нагу, цягнуў нясьмела Юры.

- Маёр гэткiм чынам яйцы хацеў яму ўставiць! - крыкнуў насьмешлiва Шчуроўскi.

- А я вам скажу чаму, - не зважаў на апошнюю рэплiку Сымон. - Я вам скажу, чаму я атрымаў апошняе месца. Таму што я беларус! Чуеце? Таму што я беларус, мне покершчык Палiшэўскi вечна абяцаў яйцы ўстаўляць i апошняе месца даў. Што-ж вы цяпер на гэта?

- Слухай, браце, - падышоў Дэмарчык, - то яшчэ невядома...

- Ат! Кiнь ты гаварыць! Няма тут нiякай тайнiцы. Ты сам ведаеш, што карцёжнiк мне цэлы час наўмысьля праходу не даваў, чапляўся без найменшае, здавалася-б, прычыны. А фактычна прычына была самая галоўная ў маёй нацыянальнасьцi. Таму й даў апошняе месца, а Бог ведае яшчэ, што напiсаў.

- Ты гэтага ня можаш з пэўнасьцю сказаць...

- А ты можаш? Што-ж, я сьляпы цi сягоньня нарадзiўся? Чаму вы, палякi, усе такiя эгаiсты й ня хочаце прызнаць навет вiдавочных рэчаў, а ўсё стараецеся бачыць праз прызму свайго, мэтазгоднага з нацыянальнымi задачамi, уяўленьня? Тут-жа ўсё ясна, як два дадаць два - чатыры. Кожнаму з вас навет недзе ўнутры сорамна за маёра, за наўмыснае крыўджаньне чужога. Але-ж ваш эгаiзм не дазваляе на прызнаньне мае слушнасьцi.

Гэтыя жалюгодныя спробы перакананьня Сымона, што ён пакрыўджаны ня з прычыны свае нацыянальнасьцi, на тым i скончылiся. Выпускнiкi восьмага курсу, што думалi над гэтым пытаньнем, вiдаць, поўнасьцю згаджалiся зь беларусам, але ўсё-ж ня мелi адвагi голасна сваёй згоды выказаць.

Доўга Сымон мяркаваў, што рабiць. Лiчыў, як пасьля шмат пазней даведаўся, зусiм слушна, што маёр Палiшэўскi, дазволiўшы яму скончыць школу, наважыў загарадзiць далейшую кар'еру ў польскай армii з прычыны нацыянальнасьцi. Можа, ня было-б так крыўдна, калi-б хлапец быў меншым патрыётам свайго народу. Але ягоны патрыятызм сягаў аж да фанатызму. На восьмым курсе ён лiчыў сябе ледзь не амбасадарам беларускага народу. Абарона й чысьцiня беларускага iмя перавышала ў яго навет асабiсты гонар i амбiцыi, якiя ставiў заўсёды на першым месцы. Учынак Палiшэўскага лiчыў ня менш чым за вялiкую зьнявагу й аплявуху беларускаму народу, а ня толькi самому сабе.

Прыйшоўшы да такога выснаву, стараўся мяркаваць, што далей рабiць. Мог адмовiцца ад прыняцьця ступенi падхаронжага й гэтым самым выратаваць свой асабiсты й нацыянальны гонар.

"Так, гэта надзвычайная думка, - згадзiўся зь iдэяй Спарыш, - няхай бачаць, сукiны сыны. Я iм пакажу, як зьневажаць. Так i быць! Адмоўлюся!" Ужо ўстаў i хацеў бегчы шукаць Палiшэўскага, каб паведамiць аб сваiм намеры, але ў апошнюю хвiлiну стрымаўся. "А што-ж я гэтым здабуду? - прыйшло раптам у галаву. - Добра, цяпер усе пабачаць маю асабiстую вартасьць, можа, навет пацiснуць руку за такую адвагу ў абароне нацыянальнага й асабiстага гонару, але-ж калi гэта ўсё разьедзецца й трапiць у адзьдзелы, дзе нiхто амаль ня будзе ведаць аб школьных ацэнках i аб Палiшэўскiм, дык чым-жа я застануся? Iзноў радавым? Iзноў кожны апошнi капрал будзе мной загадваць ды апошнi Антак стане стукаць па плячы запанiбрата? Неяк яно тут ня тое ўсьмiхаецца. I чаму, дарэчы, калi Палiшэўскi можа крывiць душой ды вызначаць некаму апошняе месца толькi таму, што ён iншае нацыянальнасьцi, чаму тады я не магу крышку скрывiць? Можа, ён якраз таго й спадзяецца? Напэўна, што так. Знае-ж мяне, сабака, нядрэнна. Мусiць, таго й чакае. А калi так, то скула ў бок. Вось наўмысьля не адмоўлюся й прыму. А там-жа ўжо пакажацца, што рабiць. Пэўна-ж, век у гэтай праклятай армii, сярод фальшывых людзей, служыць не давядзецца".

I чым больш думаў, тым больш узмацнялася злосьць i пагарда да карцёжнiка-каманданта. Думкай гэтай нi зь кiм не падзялiўся, толькi, замкнуўшыся ў сабе, калупаўся, рыхтуючыся да заўтрашнiх урачыстасьцей.

II

Рух у бараку ўжо амаль спынiўся. Выглянцаваная подлога сьвяцiла як люстра. Быў вечар. Навучэнцы восьмага курсу канчалi глянцаваць чаравiкi, спражкi, што ззьялi золатам, пасы, пераглядалi, цi ў парадку й цi чысты iншы рыштунак. Кожны зь нецярплiвасьцю чакаў заўтрашняга дня. Янкоўскi зь вялiкай асалодай песьцiў зрокам прышытыя на мундзiры свежыя сярэбраныя стужкi i ўяўляў сябе, пэўна, адмiралам. Хшаноўскi тайком выцягнуў зь кiшэнi здымак "боскай Марыськi" й распрамянiўся ўсмешкай. Самазадаволена гудзелi ў куце покернiкi. Паводле ацэнак усе яны трапiлi на пярэднiя месцы. Зьвязны Розмарэк яшчэ раз пераканаўся, што закулiсныя хады больш паплатныя, чымся франтавыя. Дэмарчык з задаваленьнем гудзеў пад носам "Сагару", а ў галаве маячылася цёпленькая ангельская ўдоўка й выпрабавальная будучыня ў "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" ды памножаныя iм могiлкi ворагаў. Барак цiха й раўнамерна гудзеў, быццам той вуль пчолаў пасьля працавiтага гарачага летняга дня. Зацяты й гусьценькi, паганяны хуткiм ветрам шкоцкi дождж ёмка хлiстаў знадворку шыбы бараку. Каля нагрэтай печкi цёрлiся кадэты.

- Зва-а-а-жай! - загрымеў голас з ваколiцы дзьвярэй. Маёр Палiшэўскi, засопшыся, быццам паравоз, разам з дажджлiвым ветрам уварваўся ў барак i на момант спынiўся каля парога. Дваццаць тры пары вачэй упiлiся ў камандзера. Даць вольна! - загадаў маёр.

Кругленькая брухатая фiгурка пасоўвалася праходам мiж пасьцелямi, а маленькiя вочкi найперш папаўзлi па выглянцаванай падлозе, пасьля па пасьцелях, а ўжо потым пераскаквалi з твару на твар вучняў. Маёр затрымаўся каля печкi, пацёр рукi i, нешта буркнуўшы пра капрызную пагоду, пачаў пра заўтрашнi дзень.

- Глядзiце, каб усё прэзентавалася першага класу. Гэта для вас вялiкi дзень, i ня мушу паўтараць, што кожны з вас мае быць на сто працэнтаў у парадку. Што да ацэнаў, то курс скончыў зусiм добра, аднак можна было шмат лепш. Асаблiва-ж, - уталопiўся ён з грымасай у Сымона. - Спарыш i Марцiнкоўскi надта слаба выйшлi. Я спадзяваўся, што вы, браце, пастараецеся лепш. Слаба, надта-ж слаба.

Сымон стаяў каля свае пасьцелi, крокаў пяць воддаль ад печкi й нi на момант ня спускаў вачэй з маёра. Пры ягоным успамiне аб ацэнах хлапец зачырванеўся, а ў вачох засьвяцiўся злы агонь.

Маёр накiраваўся ў куток, дзе ў кучцы стаялi покернiкi, i замянiўся з iмi паўголасам колькiмi словамi. Iншыя абступiлi афiцэра, й адбылася кароткая гутарка аб заўтрашнiх урачыстасьцях ды аб вялiкiм выпускным балi, што вечарам меў адбыцца спэцыяльна для школы ў абознай кавярнi. Маёр накiраваўся павольным крокам да выхаду й спынiўся каля Сымона.

- А ты, Спарыш, яйцаў не маеш! - Тон быў фальшыва-сяброўскi. - Такi здаровы й малады зь цябе хлапец, ды аж брыдка глядзець на твае рухi й павароты. Так, яйцаў табе бракуе. I вельмi-ж слаба ты выйшаў, я не спадзяваўся такога.

- Спадар маёр, - адазваўся беларус, - усё роўна што я атрымаў, з таго й задаволены. Зрэшты... - Тут Сымон раптоўна спынiўся. Смелая думка апанавала хвiлiннай нерашучасьцю.

- Што? Што ты хацеў сказаць? - падтрымаў маёр, пераходзячы на "ты".

- Мой собскi погляд, пане маёр. Для мяне найбольш iстотным ёсьць тое, што сам ведаю сваю вартасьць, а як мяне iншыя ацэняць, тое для мяне - другараднае.

Палiшэўскi пачырванеў як бурак. На твары зьявiлася брыдкая грымаса, затанцавалi злосныя вочкi й ледзь заўважна задрыжаў падбародак. Нешта манiўся сказаць, ды ўстрымаўся й выглядаў, быццам тое дзiця, што паламала каштоўную цацку, пад абвiнавальным зрокам маткi. "Мык-пык", - буркнуў нешта невыразнае пад носам i зноў-жа пры тым услужлiвым крыку "зважай" пакiнуў барак.

- Ну, браце, - падскочыў да Сымона, выцягваючы руку, Дэмарчык, - дазволь павiншаваць цябе за такую сьмеласьць i бадзёрасьць.

- А ведаеш, - усьмiхнуўшыся й пацiснуўшы выцягнутую руку, сказаў Сымон, што я сказаў нешта зусiм супрацьлеглае сваiм паглядам. У нас, беларусаў, ёсьць такая прыказка: няхай таго пярун спалiць, хто сам сябе хвалiць.

- Але-ж ты сябе не хвалiў.

- Нельга сказаць, каб хвалiў. Зрэшты, я-б гэтага й не сказаў, калi-б Палiшэўскi быў аб'ектыўны. Ён выказаў сваю подласьць i яшчэ мае нахабства кусаць мяне, быццам той злы сабачка. Ягоная ацэнка да мяне ня прылiпне. Увесь курс ведае, што мяне наўмысьля пакрыўдзiў, толькi мо не жадае бачыць, што прычынаю - мая нацыянальнасьць.

- Маладзец! - захапляўся Дэмарчык. - За гэта, што яму сказаў, то ты поўнасьцю маладзец, маеш маё вялiкае прызнаньне.

- Па-беларуску маладзец, а па-польску ведаеш як? - жартаваў Сымон.

- Галоўнае, што гумару ня трацiш. За гэта люблю цябе, браце.

Назаўтра, пры вялiкай шумiсе, на галоўным абозным пляцы ў прысутнасьцi камандзера цэнтру палкоўнiка Мiхальскага раздавалi выпускнiкам восьмага курсу пасьведкi аб сканчэньнi Школы Падхаронжых. Сымон атрымаў пасведчаньне апошнi. Вечарам у абознай кавярнi адбыўся баль, на якi акрамя колькiх "пэстак" прыбылi й дзяўчаты з Фразэрбурга.

Спарыш у гэты дзень атрымаў другi нумар "Беларускiх Навiнаў" i быў iмi больш абрадаваны, чымся атрыманьнем пасьведкi з ваеннае школы. Гэткаму спалучэньню выпадкаў надаваў навет сымбалiчнае значэньне: клiкала яго свая родная грамада на выгнаньнi, да якой, пэўна, неўзабаве далучыцца.

III

На самым паўночным чубку Шатляндыi, над морам, на беразе пласкагор'я, ляжыць малое мястэчка Тэрсо, а на ўсход ад яго, кiлямэтраў на пяцьдзесят воддаль - Вык. Адсюль вiдаць недалёкiя Аркнэйскiя абтокi. У часе вайны было там колькi вайсковых абозаў i лётнiшча - Скiтэн Арадром. Клiмат там надта нездаровы. Халодныя вятры амаль бесьперапынна дзьмуць з боку Грэнландыi, вольна гуляюць па неўраджайным узвышшы, дажджом i зольлю вечна дакучаючы мясцовым жыхарам.

Пасьля вайны памяшчалася там Шаснаццатая самастойная панцырная брыгада, у склад якой уваходзiлi чатырнаццаты, пяты й трэцi панцырныя палкi ды шаснаццаты полк драгунаў. У сакавiку 1946 года, калi новасьпечаныя падхаронжыя з Фразэрбурга, што належалi да Другога корпуса, прыехалi сюды на часовы побыт, каб чакаць на транспарт да сваiх адзiнак у Iталiю, шаснаццатая брыгада была ў працэсе поўнага раскладу. Хутчэй нагадвала банду людзей у вайсковай вопратцы, чымся войска. Дысцыплiны ўтрымаць было нельга. У гэты час варшаўскi камунiстычны ўрад пры дапамозе брытанскага ўраду лейбарыстаў стараўся ўплываць на жаўнераў, каб вярталiся на радзiму. Брытанскi мiнiстр замежных спраў Бэвiн iшоў Варшаве на руку й ад сябе заклiкаў палякаў, каб вярталiся.

Тыя, што пакаштавалi некалi жыцьця пад бальшавiцкай уладай, слухаць не хацелi гэтых заклiкаў. Адно палякi з заходнiх земляў, што ў бальшынi трапiлi сюды пасьля вайны з нямецкага "вермахта", масамi вярталiся дадому. Афiцэры iх не намаўлялi й не перашкаджалi. Ня было зарганiзаванай прапаганды, каб устрымаць адплыў людзей пад камунiстычную ўладу.

Дысцыплiна ў войску раўнялася нулю. Жаўнеры лаялi афiцэраў, пагражалi, што калi ўсе вернуцца ў Польшчу, то iм - афiцэрам ня будзе чаго рабiць, кiм камандаваць i застануцца без вайсковага пайка. У шаснаццатым палку драгунаў здарыўся напад на сяржанта-харонжага, што быў сьмяротна ранены доўгiм нажом у плечы. Непаслухмянасьць вiдаць была на кожным кроку. Раней давалiся пропускi на водпуск у Францыю, але калi жаўнеры дэзэртавалi й больш не вярталiся ў свае адзiнкi, пропускi былi адмененыя. Службовыя сшыткi эскадронаў штодзённа перапоўненыя былi карнымi рапартамi. Афiцэры прытарноўвалi ангельскiя суровыя вайсковыя карныя правы. За непаслухмянасьць пакараны атрымаць мог да шасьцi месяцаў вайсковага лягеру зьняволеньня.

Умовы жыцьця ў абозах 16-й брыгады былi надта цяжкiмi. Да сталага дажджу й надворнае гразi далучалiся слабое харчаваньне (у той час уся Вялiкая Брытанiя жыла скупой картачнай сыстэмай) i маральная дэпрэсiя, няведамасьць будучынi. Нiхто ня дбаў аб агульным дабры, а кожны думаў над собскiм лёсам.

Пару тыдняў, што новыя падхаронжыя пражылi ў тых адзьдзелах, што распадалiся, былi для iх найбольш няпрыемнымi з часу побыту ў Ангельшчыне. Вестку аб выездзе ў Другi корпус у Iталiю сустрэлi зь вялiкай радасьцю. Каманда групай была даручана сяржанту-падхаронжаму Яворскаму, а школьныя водгукi аб выпускнiках, якiя трэба было даставiць у Другi корпус, - Юрыю Радзiвiлу. Мелi ехаць цягнiком з Выка ў Дувэр, а пасьля, пераехаўшы Ла-Манш, з Па-дэ-кале - цягнiком праз Францыю й Швайцарыю ў Iталiю. Выезд з Выка адбыўся першага красавiка ранiцою.

IV

- Апiнii*! Давайце паглядзiм апiнii! - запрапанаваў Шчуроўскi, калi, пакiнуўшы мглiстай ранiцай станцыю Вык, усе ўселiся ў вагоне. Радзiвiл зiрнуў перш на туга напакаваны, шырокi, паложаны на каленях канверт, пасьля запытальным позiркам акiнуў спадарожнiкаў. На канверце ня было пячаткi зь ляку. Быў звычайна заклеены. Пры добрым уменьнi можна было адклеiць так, што й знаку ня было-б.

* Тут - характарыстыкi.

- Давайце, пане Юры, давайце! - спанукалi iншыя.

- Я ня ведаю... мне даручана...

- Ну дык што-ж. Нiхто ведаць ня будзе.

- Давайце, пане Юры, ня будзьце-ж бабай.

- Але як-жа тут зручней далезьцi да iх? - у нерашучасьцi пытаўся "прынц".

- Я вам памагу! - i Шчуроўскi, ня пытаючыся болей, выхапiў з Радзiвiлавых рук тугi канверт ды пры дапамозе алавiка, пачаўшы з аднаго кута, асьцярожна пачаў адклейваць. Усе абступiлi яго.

- Бярыце, пане Юры, - аддаў назад "прынцу", - чытайце.

- Чыю найперш?

- Кожнаму сваю, й няхай сам чытае.

- Так не магу, бо парасьцягваеце й пасьля не пазьбiраю.

- Дык чыю?

- Можа, Спарышову, каб даведацца, чаму апошняе месца атрымаў.

- Так, давайце Спарышову.

Юры доўгiмi тонкiмi пальцамi выцягнуў Спарышоў сшытак i адгарнуў бачынку, дзе сьвежым яшчэ почыркам было напiсана колькi сказаў, што мелi стацца асноваю далейшае кар'еры беларускага юнака ў польскай армii.

Сымон, пазiраючы цераз плечы iншых, замянiўся ў слух. Навокал замоўклi.

- ..."недастаткова пiльны й зацiкаўлены вайсковымi справамi. Павольны, хваравiты й слаба вышкалены. Адчувае комплекс народнай нiжэйшасьцi. Прычыны веравызнаньне, нацыянальнасьць. Прыдатны на заступнiка камандзера зьвязу".

- Чулi вы такое? - прамовiў зьдзiўлены голас.

- Гэта сьвiнства!

- То поўная несправядлiвасьць!

Некаторыя, не паверыўшы сваiм вушам, намагалiся прысунуцца блiжэй да "прынца" й вачмi праверыць, што прачытанае сапраўды было ў сшытку. Iншыя на розныя лады выказвалi сваё зьдзiўленьне.

Сымон, будучы цэнтрам агульнае ўвагi, выслухаўшы такую непраўдападобную ацэнку, стаяў, быццам прылiпшы да падлогi, й ня ведаў, як захавацца. Нейкая гарачыня й кроў хлынулi ў твар. Пасьля першага ашаламленьня, калi розум намагаўся адгадаць поўнае значэньне прачытанага, юнакова натура перапоўнiлася вялiкай злосьцю на маёра Палiшэўскага. Ясна было, што, дазволiўшы скончыць школу, камандзер поўнасьцю загарадзiў яму дарогу прагрэсу ў армii. Заступнiк камандзера зьвязу мог быць адно падафiцэр, навет старэйшы, тым часам як камандзерам зьвяза мог быць малодшы лейтанант - звычайна першая ступень авансу падхаронжага, якому была адкрыта дарога ў афiцэрскiя рангi. Значыцца, згодна з апiнiяй, якую бралi пад асноўную ўвагу пры авансах, капралу падхаронжаму Сымону Спарышу быў наканаваны лёс застацца мiж падафiцэраў. Але юнаку навет ня гэта найбольш балела. Як-нiяк ня ў польскай армii бачыў сваю будучыню.

Найгорш укалоў яго апошнi сказ: "Адчувае комплекс народнай нiжэйшасьцi. Прычына - веравызнаньне, нацыянальнасьць". Пачаў шукаць у памяцi, дзе й калi, пры якiх выпадках даў ён Палiшэўскаму цi iншым палякам доказы "комплексу народнае нiжэйшасьцi". Здавалася-б, што чалавек, якi мае комплекс нiжэйшасьцi цi нявольнiцкае псыхiкi, у найлепшым выпадку намагаўся-б быць iмiтатарам таго, што робяць iншыя, з комплексам вышэйшасьцi, калi ўжо ня поўным падлiзаю цi падхалiмам. Мусiў-бы патрапляць iншым, саромецца свайго народу й нацыянальнага "я", а навет i самога сябе, быць верным парабкам "больш культурнага" пана. Зусiм адваротнае ўсе спасьцерагалi ў Сымона. Перш за ўсё на кожным кроку, дзе патрэбна было, дэклараваў сваю беларускасьць. Ня было ў тым стыдлiвасьцi, стрыманасьцi цi вымушанасьцi, але наадварот - ганарлiвасьць. На палякаў глядзеў, як на акупантаў свае Бацькаўшчыны. А цi-ж пакрыўджаны й абрабаваны чалавек чуе комплекс нiжэйшасьцi ў дачыненьнi да рабаўнiка. Добра ведаючы слабасьцi нацыянальнага характару й фальшывую пыху палякаў, Спарыш поўнасьцю згаджаўся з трапнай, агульна ведамай i ўсюды ў Шатляндыi паўтаранай ацэнкаю: "A Pole has manners of a king and morals of a tomcat".*

* Паляк мае каралеўскiя манеры й кацiную маральнасьць (англ.)

Палiшэўскi меў зыркае вока й заўважыў Сымонаву адасобленасьць ад iншых, ягоную ганарыстасьць, частую дэкларацыю свае беларускасьцi, чуць не наўмысную, каб прыпамiнаць палякам, што вось ён адзiн на курсе зь лiку пакрыўджаных, што заўсёды смела й адкрыта заяўляе аб сваiх правах, прыпамiнае аб народзе, якi палякi намагалiся некалi асiмiляваць i ў адносiнах да якога мелi захопнiцкiя пляны ў будучынi. Гэткая беларуская дэманстрацыйнасьць - найперш Палiшэўскаму - была косткаю ў горле, якую анiяк нельга было праглынуць. Камандзер вечна дакучаў Спарышу, адносiўся да яго ў найбольшай меры няпрыхiльна й зьняважлiва, а калi-б мог, то, магчыма. й забаранiў-бы навет чытаньне беларускае прэсы. Магчыма, сваймi дачыненьнямi хацеў зьнеахвоцiць беларускага юнака да школы, чаго добрага - выкiнуць яго наогул. Калi-ж спасьцярог, што Сымон не належаў да падлiзаў цi падхалiмаў, верна трымаў нацыянальны гонар, а на ягонае дакучаньне не браў большае ўвагi, Палiшэўскi сапраўды закiпеў i хацеў апошнi раз ды моцна ўкусiць ахвяру, якая вось да гэтага часу нiяк не давалася быць укушанай. За найлепшы сродак выбраў зьнявагу. У апiнii выказаў процiлеглае таму, што сам спасьцярог.

Седзячы асабняком у вагоне й праз запацелыя вокны пазiраючы на шкоцкую мглу, Сымон пасьля доўгiх роздумаў яшчэ больш узбагацiўся пагардай да покернiка-камандзера, якi так выразна, на ягоную думку, выказаў сваю маладушнасьць i подласьць, зьдзекуючыся маральна над безабаронным чалавекам, што адзiн на цэлым курсе адважыўся выявiць нацыянальнае няпольскае аблiчча, утрымаць нацыянальны й асабiсты гонар. Прыдзялiўшы Палiшэўскага да той самай групы, да якой залiчаў Цесьляка, Мыдлеўскага й iншых беларусаедаў-шавiнiстаў, Сымон шкадаваў народ, да якога гэтыя людзi належалi.

МАТЭРА

I

У пераходным вайсковым абозе No 202 у Анконе прыехаўшыя чакалi нядоўга. Разьяжджалiся па сваiх палках, раськiнутых па розных мясцовасьцях Iталii. Адно Сымону давялося пабыць даўжэй, пакуль атрымаў накiраваньне ў цэнтр панцырнага вышкаленьня ў Галiпалi, малой мясцовасьцi на самай падкове iтальянскага боту.

У абозе Спарыш сустрэў чалавека, аб якiм даўно ўжо забыўся. Бачыў яго апошнi раз у Ёландзе. Iдучы ад абознай брамы, Сымон накiраваўся сьцежкай мiж садовых дрэў у вялiкi двухпавярховы дом, дзе начаваў у адным з пакояў на першым паверсе. Насупраць iшоў малога росту, прыгорблены пад цяжарам вайсковага мяшка чалавек. Мундзiр ягоны быў увесь у цёмных плямах, пас брудны, спражка пачарнелая, а барада зарослая шарсьцiньнем. Сымон спасьцярог дробненькi, гарбаносы, пабiты воспавымi знакамi твар. Выдалася, што некалi й дзесьцi гэтага неахайнага чалавека бачыў цi ведаў, i раптоўна пачаў шукаць у памяцi. Мiнаючы яго, звольнiў крок й цэлы час прыглядаўся. Мiнуўшы, адвярнуўся, усё яшчэ не могучы прыгадаць. Маленькi чалавек таксама прыглядаўся да Сымона i, вiдаць, нешта мяркаваў. I тады раптоўна юнак прыпомнiў.

- Казачок! - гукнуў сяброўскiм вiтальным голасам.

- То ты... Спарыш, пане падхаронжы? - зь няпэўнасьцю прамовiў той.

- Так, то я - Спарыш. Пазнаў? Ды давай без "паноў".

- Та дэ там пiзнаў... Думаю воно так i нэ так, - гаварыў замурзаны чалавечак. - Падхаронжы вжэ зробiўся. Бачылы вы таке...

- Ну давай-жа пацiсьнем рукi. Бадай цябе лiха, дзе ты заваляўся!

Моцна пацiснулi рукi.

Казачка пазнаў Сымон дзесьцi яшчэ ў Нямеччыне ў трыццатай дывiзii. Паходзiў недзе з-пад Палтавы, а прозьвiшча й iмя ягонага юнак не ведаў. Празвалi Казачком, дый годзе. Быў гэта надзвычайна дасьцiпны й хiтры сярэдняга веку мужчына. На жыцьцё глядзеў гумарыстычным вокам i меў добрую здольнасьць перадаваць свае спасьцярогi, таксама як i невычарпальную ахвоту без канца апавядаць жарты. У трыццатай дывiзii быў запявалам. Меў зусiм прыемны рэдзенькi тэнар. На пачатку вайны быў у Чырвонай Армii. Трапiўшы ў нямецкi палон, з абозу ваеннапалонных пайшоў добраахвотнiкам ва ўкраiнскую палiцыю. Далейшы лёс закiнуў яго праз трыццатую дывiзiю аж у польскую армiю. Такiм чынам, за час вайны служыў аж у трох, калi ня больш, армiях. Аб сямейным жыцьцi Казачка мала хто ведаў.

- А ты, Казачок, жанаты? - пыталiся ў яго.

- Эх, брате мiй, та нэ одэн раз, - усьмiхаючыся, адказваў васпаваценькi палтавец.

- А дзе-ж твая жонка?

- Та дэ здыбаю, там i жiнка.

Пасьля такiх адказаў сябры не старалiся далей уваходзiць у таямнiцы ягонага сямейнага стану.

Трапiўшы ў польскую армiю, Казачок, стараючыся навучыцца новай для яго мовы, страшэнна зьдзекаваўся над ёю, ня маючы здольнасьцяў у гэтым кiрунку. Палякi, ведаючы, што ў перадваеннай Рэчы Паспалiтай былi "мнейшосьцi народовэ", ня вельмi дзiвiлiся, што прадстаўнiк такой "мнейшосьцi" ня зусiм разьбiраўся ў тонкасьцях iхнае мовы. Пры перапiсе Казачок падаў, што нарадзiўся й увесь час жыў у Каламыi. Нiкому з палякаў i ў галаву не магло прыйсьцi, што гэты жартаўлiвы чалавечак пачаў кар'еру ў Чырвонай Армii й паходзiў з Палтаўшчыны.

- То ты вжэ даўно падхаронжы? - пытаўся Казачок, прыглядаючыся Сымону.

- А вось толькi што скончыў школу ў Ангельшчыне ды еду ў адзьдзел.

- Вы бачылы таке... - дзiвiўся замурзаны жаўнер i паставiў мех побач на траве.

- Ну, а ты адкуль iдзеш i куды вядуць твае дарогi? - спытаў Сымон.

- Подывыся! - Казачок скiнуў свой зялёны берэт, i вачам падхаронжага адкрылася пляшывая, гладка абстрыжаная галава..

- Што з табой? Ты-ж не ў савецкай армii.

- Та згадай.

- Цi не ў вязнiцы ты гэта гасьцiў?

- А дэ-ж ты думаў.

- За што-ж гэта?

- Та я нэ одэн раз. Можно сказаты, што бiльшэ часу в польской армii просiдзiў у вязьнiцах.

- Ха-ха-ха! - разрагатаўся Спарыш. - Ты, мусiць, жартуеш. Ня быў-бы ты той самы стары жартаўлiвец, калi-б штукi якой не ўпароў.

- Та в цым цэла бiда, шчо нэ жартую.

- Праўда?

- Та нашчо мнэ брэхаты...

- То пахвалiся-ж хаця.

- Першы раз, а було цэ шчэ з пачатку, як достався я до цэй армii, под'iванiў у Флёрэнцыi матацыкла. Поiхаў собi без пропуску в Рым i загуляў як сьвiт. Грошы було, як гною, бо з одным напарнiком бiнзiну iтальянцом продалы. У Рымi зловiла мэнэ жандармэрыя, i шысьць мiсяцыў вiдсыдзiў...

- Эгэ, брат, то нядрэнны пачатак! Ну й што далей?

- Другi раз на мотоцыкла вжэ й дывытысь нэ хотiў. Под'iванiў та продаў вантажну машыну. Таксама богатько грошы прогуляў.

- Бачу, што ты поступ уверх рабiў, - сьмяяўся падхаронжы.

- Та цэ не всэ. Як вiдсiдзiў за машыну, так полiз на апоны, але там вжэ нэ вдалося...

- Дык пэцкаль, значыцца, зь цябе выйшаў.

Сымон сьмяяўся, хоць i ня быў пэўны, што ўкраiнец гаварыў праўду, хаця ўсё было надта праўдападобнае. Казачок бажыўся, што праўду кажа.

- А чаму-ж ты ў зладзейства кiнуўся? Раней, здаецца, ты быў зусiм парадачны чалавек.

- Лiпшэ сiдыты ў вязьнiцы, чым на фронцi, - адказаў украiнец, усьмiхаючыся. - Та всi-ж у польскай армii крадуць...

- Эгээээ, дык вось дзе яна - цэлая разгадка. Ваяваць, значыцца, не хацеў, га?

- Та за кого воюваты?

- Знаеш, што скажу табе? Ня кожны чалавек спасьцеражэ, што ты многа хiтрэйшы, чым на вока здаецца.

Сымон стаяў i, вушам ды зроку не давяраючы, прыглядаўся дзiвачна-каляровай постацi, што раптам выплыла зь ягонае мiнуўшчыны. Казачок усё ўсьмiхаўся.

- А цяпер куды йдзеш?

- Та трэба-ж iхаты дохаты.

- А дзе-ж твая хата?

- Та чорт ее батьку знае. Попытаюся, можэ, скажуць...

Разьвiтаўшыся з Казачком, Сымон дзiвiўся i ў душы сьмяяўся з маленькага васпаваценькага чалавечка, што ў польскай армii спэцыялiзаваўся ў кражах. Самымi цiкавымi былi ягоныя матывы: першы - няма за каго ваяваць, i другi - у польскай армii ўсе крадуць. Адносна апошняга Казачок перасалiў. Калi-б сказаў, што ў польскай армii крадуць уладу маючыя, г. зн. старэйшыя штабовыя афiцэры, быў-бы блiжэй да праўды. У войску хадзiла тысяча вэрсiяў аб тым, як генэралы, а мiж iх насамперш камандзер сёмай дывiзii "пряжка" Пшэўлоцкi, Сулiк, Богуш-Шышка й сьцяг iншых, шмуглявалi ў Iталiю золата з Каiра й Александрыi. Рабiлi тое пры помачы сваiх ад'ютантаў. Золата заменьвалася на лiры, а пасьля на ангельскiя фунты. Добра на гэтым нажывалiся. Акрамя гэтага былi й розныя сьпекуляцыi ў самой Iталii.

Казачок, здаецца, меў добра абгрунтаваную фiлязофiю.

II

У адлегласьцi мо трыццацi кiлямэтраў на захад ад Матолi й Сан-Базыльё, дзе ў часе вайны была база Другога корпусу - сёмая дывiзiя, ляжыць невялiкае мястэчка Матэра. Колькi большых будынкаў у часе вайны занята было войскам. Месьцiўся тут цэнтр шкаленьня артылерыi Другога корпуса. Камянiстыя, няпрыдатныя ў сельскай гаспадарцы вакольныя палi й узгоркi былi выкарыстоўваныя для мэтаў шкаленьня. Былi тут школы падхаронжых артылерыi, сувязi й пяхоты.

Пры школе падхаронжых пяхоты прыдзелены быў маёр Карпiнскi. Паходзiў зь першага палка Крэхавецкiх Уланаў. Заданьнем яго было выкладаньне ў школе ведаў аб панцырнай зброi. Карпiнскi ўважаў, што адна практычная лекцыя з танкамi вартая была дзесяцi тэарэтычных. Пасьля доўгiх стараньняў удалося яму сьцягнуць у Матэру панцырны зьвяз з Галятоне каля Галiполi. Камандзерам зьвязу быў малодшы лейтанант Плiнта - афiцэр з адзiнаццацьцю гадамi вайсковае службы. Атрымаўшы вольную руку ў выбары людзей, Плiнта для абслугi чатырох "шэрманаў" узяў дваццаць пяць чалавек, у iх лiку чатырох падхаронжых. Былi iмi наступныя: заступнiк камандзера зьвяза падхаронжы Апаля, зьвязны падхаронжы Нядзвецкi, зьвязны падхаронжы Рэмi Сварычэўскi й капрал падхаронжы Сымон Спарыш. Апошнi быў наймалодшы ад усiх як векам, так рангам i вайсковай практыкай. Як Плiнта, так i тры зьвязныя падхаронжыя, перажыўшы ў канцлягерах савецкi палон, былi старымi лiсiцамi са шматгадовай практыкай у панцырнай зброi на франтох, пачаўшы ад Тобруку аж да Балёнii. Варта паасобку пазнаёмiцца з кожным зь iх блiжэй.

Малодшы лейтанант Плiнта быў чалавекам простым, сяброўскiм i лёгкадаступным. Можна было-б спрачацца, цi ў вайсковай вопратцы больш нагадваў ён цывiльнага, чымся ў цывiльнай - вайсковага. У яго ня было строгасьцi й бравурнасьцi, што характарызуе шматлiкiх афiцэраў, асаблiва тых, што займаюцца больш шкаленьнем войска, чымся ўдзелам у баях. Жыцьцё ў зьвязе, якi ў Матэры быў адзiнкай амаль аўтаномнай, залежнай ад маёра Карпiнскага, Плiнта наладзiў амаль па-сямейнаму. Сяброўскае (хаця ў меру) стаўленьне да жаўнераў узбудзiла да яго з боку апошнiх пашану й паслухмянасьць. Калi пасьля ў зьвязе расслабла дысцыплiна, дык адно таму, што сам Плiнта, як i два падхаронжыя - Апаля й Нядзвецкi, зрэшты, як i сам маёр Карпiнскi, былi добрымi п'янiцамi. Жаўнеры часта назiралi папойкi сваiх камандзераў. Апошнiя навет не хавалiся.

Плiнта быў сярэдняга росту худым бляндынам, зь сiнiмi вачыма, чырвоным носам, звычайна заўсёды цёмным ад загару. Гадоў меў больш сарака. Добра ведаў ангельскую мову й ведамi гэтымi дзялiўся з афiцэрамi ў Матэры на вячэрнiх лекцыях, што адбывалiся два разы ў тыдзень.

Нядзьвецкi й Апаля векам раўнялiся Плiнту. Абое мелi больш чым па паўтузiна медалёў. Былi першакласнымi п'янiцамi й распуснiкамi. Бальшыню часу пасьля заняткаў праводзiлi з алькаголем i жанчынамi.

III

Мiж вышэйменаваных вырознiваўся Рэмi Сварычэўскi. З паходжаньня быў сынам буйнога абшарнiка з-пад Люблiна. У войску быў ад пачатку Другой сусьветнай вайны. Ягоная вайсковая кар'ера ледзь ня скончылася пад П'едымонтэ, дзе "шэрман", каторым ён кiраваў, дастаў проста ў лоб снарад зь нямецкае "восемдзесят васьмёркi". Увесь экiпаж танка згарэў разам з машынай. Рэмi Сварычэўскi, цяжка ранены ў жывот й левы бок, выскачыў зь вежы i страцiў прытомнасьць. Ачуняў у амэрыканскiм палявым шпiталi. Восем месяцаў праляжаў у шпiталi ў Нэапалi. Працэс аздараўленьня быў надта цяжкi й марудны. Калi нарэшце Рэмi поўнасьцю вярнуў свае сiлы й знайшоў свой адзьдзел, даведаўся ад новага камандзера, што падхаронжы зьвязны Рэмi Сварычэўскi быў забiты пад П'едэмонтэ, а яго - быццам нейкае ўвасабленьне загiнуўшага гэроя, новы камандзер разглядаў зь цiкавасьцю. Пасьля, знайшоўшы ў адзьдзеле старых знаёмых i сяброў, Рэмi меў няменшыя цяжкасьцi, калi пробаваў давесьцi, што ён - гэта ён - Сварычэўскi, а ня хто iншы. Людзi дзiвiлiся й надзiвавацца не маглi, што сьвятой памяцi падхаронжы, па якiм даўно зрабiлi памiнкi й якога ў кнiгу гэрояў запiсалi, уваскрос i зноў па зямлi ходзiць.

Сварычэўскi быў высокiм, вельмi худым бляндынам. Меў падоўжаны твар i ясна-блакiтныя вочы. Нягледзячы на цяжкiя выпрабаваньнi лёсу - няволю, хваробы, раны (меў аж чатыры адзнакi за раны), быў заўсёды вясёлым, пагодным i жартаўлiвым. У пазьнейшых часах жыцьцё навучыўся бачыць праз прызму гумару. Казаў iншым, што так лягчэй было. I жарты ягоныя былi своеасаблiвымi.

- Чаму, - казаў Сымону, зь якiм найбольш зблiзiўся й пасябраваў, - газэта, што выходзiць удзень, завецца дзёньнiк, а тая, што зьяўляецца ўночы, не завецца ночнiк? Скажы мне, калега.

Або iншы жарт:

- Цi ты чуў аб чалавеку, якi прыйшоў у краму сядзеньне для туалета купляць ды настойваў, каб прымерыць ягоны размер?

Жарты Сварычэўскага былi ў бальшынi банальнымi, не належалi да тых, што можна было-б апавядаць у салонах, дзе захоўваюцца правiлы прыстойнасьцi. Важна тое, што выдумляў iх сам, не паўтараў звычайна чутае аднекуль цi ад некага (хоць i гэтага правiла не заўсёды трымаўся), але ўсё бачанае навокал стараўся прадстаўляць у жартаўлiвым сьвятле, у крывым, сьмешным люстэрку... Чалавек гэты мог некаму выдацца пустым, забаўным аж да дзяцiннасьцi, але гэта толькi таму, хто ня ўмеў глыбей заглянуць у людзкую душу. Фактычна Рэмi быў чалавекам паважным i ня скора адкрываў тайнiцы свайго характару. Адно Сымон добра пазнаў i ацанiў яго. Ад яго-ж i здабыў жартаўлiвы, навет цынiчны падыход да жыцьця. Паколькi жыцьцё было такiм цяжкiм, няпрыемным i амаль без надзеi на паправу, дык нашто тады дарэмна сабе галаву дурыць? Цi ня лепш падыходзiць да яго з гумарам i кпiнамi?

Сымон пачаў у некаторай меры датарноўваць прынцыпы Сварычэўскага да жыцьця. Пераканаўся неўзабаве, што так было лёгка й выгадна. У глыбiнi сэрца й душы, у лябiрынтах розуму заставалiся старыя летуценьнi, адчуваньнi, iмкненьнi, старыя асновы. Але надворны выгляд i павярховасьць натуры чалавека - гэта магло быць зусiм iншае. Хiба-ж ад размалёўкi шалупiны велiкоднага яйка зьмянялася спажыўнае нутро яго?

Рэмi Сварычэўскi любiў паэзiю, пераказваў шмат вершаў на памяць. Некалi ў бацькi была багатая бiблiятэка, й сын быў абазнаны з выдатнейшымi творамi сусьветнай лiтаратуры. На гэту тэму часта гаварыў з Сымонам. Творы й пiсьменьнiкаў таксама iлюстраваў па-свойму, часта дадаючы, творачы карыкатуры. У войску быў паважным жаўнерам i добрым падафiцэрам, але не належаў да службiстаў. Асабiсты гонар ставiў вышэй выслужваньня абы-каму дзеля павышэньня рангу. Хаця быў амаль беззаганным вайскавiком паводле здатнасьцi й паводзiн, дарогу да авансаў меў закрытую. Некалi здарыўся зь iм выпадак, што шмат сьведчыў ня толькi аб другой асобе, але перадусiм аб самым Сварычэўскiм.

Школу падхаронжых скончыў у 1942 годзе. Як падхаронжы часта заглядаў у афiцэрскае казiно. Было гэта яшчэ ў Афрыцы. Камандзер вайсковае базы, беспасярэднi начальнiк Сварычэўскага - палкоўнiк Друцкi - любiў пакпiць з маладых падхаронжых. Найлепшай для гэтага нагодай былi вечары ў афiцэрскiм казiно, дзе можна было выпiць, закусiць i пажартаваць. Сядзiць, бывала, палкоўнiк Друцкi зь iншымi афiцэрамi пры стале i заўважыць маладога падхаронжага. Бярэ са стала чарку цi шклянку й шпурляе ёю ў афiцэрскага навiчка. Калi той зловiць, на залi грымiць рогат i брава, насамперш i найвыразней чуваць грымотны бас Друцкага.

Маладыя падхаронжыя ведалi несамавiты жарт палкоўнiка i старалiся лавiць шпурляныя iм чаркi цi шклянкi. Але Рэмi ня лiчыў патрэбным выстаўляцца паслухмяным цюцькам. Аднойчы, калi ўвайшоў у казiно, а Друцкi, па прынятай прывычцы, шпурнуў у яго шкляной чаркай, Сварычэўскi навет не зварухнуўся, толькi з ледзь заўважнай усьмешкай зiрнуў пад ногi на разьбiтую чарку.

- Шчанё! - раўнуў, зачырванеўшыся, палкоўнiк Друцкi.

- Словы, якiмi я спадара палкоўнiка мог-бы назваць, у добрым асяродзьдзi ня могуць быць ужытыя, - адрэзаў Рэмi наўмысьля голасна, каб пачулi ўсе афiцэры, i, як быццам нiчога не сталася, сеў каля столiка й замовiў сабе выпiўку.

Гэты выпадак дорага каштаваў Сварычэўскаму, бо палкоўнiк у ягоным службовым сшытку напiсаў, мiж iншага, наступнае: "прадстаўляецца да авансу на афiцэра з моманту дэмабiлiзацыi". Не памаглi падхаронжаму i баявыя заслугi пад Монтэ Касыно, П'едэмонтэ i ў iншых месцах. Падафiцэрам так i застаўся.

Калi аднойчы Сымон выказаўся Сварычэўскаму, што ён не паляк, а беларус, то рэакцыя была самая непрадугледжаная.

- Кажаш, што ты беларус? Браце каханы, дык чаго-ж ты журышся, што ты беларус? Хiба-ж беларусы горшыя людзi за iншых?

- Я не журуся й вельмi далёкi ад думкi, што беларусы горшыя за iншых. Наадварот, я ганаруся...

- Зусiм слушна, калега, - стукнуў Сымона па плячы Рэмi, - кожны мусiць шанаваць свой нацыянальны й асабiсты гонар. Хiба-ж мы, палякi, лепшыя за iншых?

Сымон аднёсься да такiх словаў зь недаверам. Вось за час амаль двухгадовага побыту ў польскай армii першы раз пачуў нешта арыгiнальнае, зусiм пазбаўленае той пыхi, самалюбнай фальшы, наўмыснага выстаўляньня й падвышэньня сябе ды тых, як шкоты казалi, каралеўскiх манераў i кацiнае маралi. Амаль ня верыў сваiм вушам i дзеля таго наўмысьля прадоўжыў гутарку аб нацыянальнасьцях наогул ды аб беларускай у асаблiвасьцi. Быў вельмi задаволены, калi пазнаў, што Рэмi наскрозь розьнiўся ад iншых палякаў, ня меў тых агульных, вельмi характэрных для палякаў упярэджаньняў, нярэдка зьмешаных з хваравiтым шавiнiзмам i недаацэнкай усяго чужога. Наадварот, часта ў гутарках Рэмi крытыкаваў ня толькi вайсковую верхавiну. але наогул недахопы народнага характару. Спарыш, пераканаўшыся ў шчырасьцi Сварычэўскага й выдатных асаблiвасьцях ягонае натуры, палюбiў яго, i два падхаронжыя сталiся блiзкiмi сябрамi.

Колькi слоў варта прысьвяцiць i Тадзiку, шафёру паўтаратоннага "бэдфорда", прыдзеленага да зьвязу. Быў гэта ў сярэднiм веку вельмi языкаваты й спрактыкаваны чалавек, што нiколi не дазволiў нiкому бяз прычыны наступiць сабе на нагу. Хутка ўсьведамiў сабе, што ад ягонае аўтамашыны, а значыцца, насамперш ад яго, залежная была цэлая каманда зьвязу. Залежнасьць тая выяўлялася ў частых паездках для прыемнасьцi ў суседнiя гарады Плiнты, Апалi й iншых падхаронжых. Тадзiк ведаў усё пазавугольнае жыцьцё ў Матэры, Равене, Бары й iншых месцах. Будучы старым шафёрам i нядрэнным валацугам, маючы знаёмствы сярод iншых шафёраў, што ведалi ваколiцу i ўсе чорныя справы ў гарадах, мог вам ня толькi расказаць аб тым, дзе й калi магчымасьцi былi для раманаў, але назваць i шмат асобаў, падаць цэны на розных рынках. Сам жыцьцё вёў больш вольнае, чымся iншыя радавыя жаўнеры.

Аднойчы Тадзiк наўмысьля прадэманстраваў сваю вагу й незалежнасьць. Вязучы з Бары афiцэраў i падхаронжых, гнаў машыну вельмi хутка. Стрэлка лiчнiка даходзiла да пяцiдзесяцi мiляў. Маёр Дубiнскi, што сядзеў побач Капiнскага, спасьцярогшы гэта, сказаў шафёру, што, згодна з правiламi, нельга ехаць хутчэй чымся трыццаць мiль на гадзiну. Тадзiк зачырванеўся й нiчога не сказаў, але звольнiў да дваццацi пяцi мiляў на гадзiну й ехаў так цэлую дарогу, не зважаючы нi на пагрозы, нi на просьбы пасажыраў.

IV

Маёр Карпiнскi быў дзяцюком гадоў трыццацi пяцi, сярэдняга росту, чарнявым, фiзычна добра разьвiтым. Быў заўсёды лагоднае натуры. Мала сказаць, што Карпiнскi быў наскрозь франтавiком. Аб гэтым сьведчылi чатыры шэрагi берэтак розных мэдалёў на левай грудзiне: там вiдаць былi ўсе польскiя ордэны й некалькi ангельскiх, мiж iх - "Вiкторыя Крос" - найвышэйшы ангельскi ордэн за надзвычайныя ваенныя заслугi. Шмат цiкавага апавядалi аб прыгодах Карпiнскага на фронце. А вайны бачыў ён шмат у Афрыцы й Iталii. Нiколi не сядзеў ззаду. Пад'ехаўшы, бывала, з танкамi на пярэднюю лiнiю й затрымаўшы стальныя кракадзiлы, вылазiў i пехатою, сам або ўзяўшы на дапамогу каго са смялейшых, узброены "томсанам", гранатамi й параю пiсталетаў, падпаўзаў да самых нямецкiх умацаваньняў. У гэтыя моманты Карпiнскi чуўся як у сябе дома. Небясьпека, як выдавалася тым, што маглi сачыць яго ў баях, была самым лепшым ягоным спадарожнiкам. Любiў да немцаў заскочыць унеспадзеўкi, асаблiва тады, калi фронт быў плынны. Часта ўдавалася.

Гэтак, згодна апавяданьняў, у баях перад Анконай Карпiнскi ў лiку трафеяў здабыў нямецкую штабовую легкавую аўтамашыну. Таму, што тая была пашкоджаная й некалi было напраўляць, прывязаў яе да "шэрмана" й цягнуў яе па пыльнай дарозе. Прыйшоў загад затрымацца для перагрупоўкi. На недалёкiм фронце бесьперапынна грымелi гарматы. Адкуль нi ўзяўся палкоўнiк Заорскi. Ехаў ён на джыпе ў кiрунку фронту. Прывiтаўшыся з маёрам, вельмi зацiкавiўся аўтамашынай. Пахвалiўшы маёра за такую здабычу, сказаў:

- Пане маёр, нядрэнна было-б мець мне такi лiмузiн для собскай дыспазыцыi пад рукой.

Магчыма, Заорскi (ён меў сумлеўную славу баязьлiўца, пасьля стаў камандзерам цэнтра ў Матэры, а значыцца, й беспасярэднiм зьверхнiкам Карпiнскага) мяркаваў, што гэройскi маёр ахвяруе яму аўтамабiль. Вялiкае было ягонае расчараваньне. Карпiнскi, пацягнуўшы вiна з адкаркаванай ужо бiклажкi, паказаў у кiрунку фронту й сказаў:

- Пане палкоўнiк, там лiмузiны! - зь вялiкiм нацiскам на слова "там".

Заорскi, зачырванеўшыся, праглынуў сьлiну, а Карпiнскi, адсалютаваўшы, загадаў танкам ехаць далей.

Хоць Карпiнскi быў гэроем у поўным значэньнi слова, характару быў вельмi простага й даступнага. Зь iм мог пасябраваць кожны жаўнер, не важна якога рангу. Здольнасьцi ягоныя, адылi, найбольш выяўлялiся ў ваеншчыне, бо, прыкладна, калi бальшыня войска, будучы ў Iталii, сяк-так наламалася гаварыць па-iтальянску, веды маёра ў гэтай галiне абмяжоўвалiся пару дзесяткамi слоў. З ангельскаю мовай пазьней было яшчэ горш. Ордэнамi цi вялiкiмi заслугамi маёр анiчуць не ганарыўся. Аб гэтым няхай сьведчыць адзiн выпадак, якi варта прыгадаць, хаця й прыходзiцца забегчы наперад.

Пасьля вайны й дэмабiлiзацыi Карпiнскi працаваў на вялiкай фабрыцы ў Ангельшчыне. Працу меў самую простую - падмятаў фабрыку. Аднойчы ўласьнiк фабрыкi, даведаўшыся, што ў лiку ягоных работнiкаў ёсьць носьбiт "Вiкторыi Крос", адшукаў падмятайлу й зьвярнуўся да яго з такiмi словамi:

- Слухай, мне тут твае ўланы казалi, што маеш "Вiкторыю Крос". Мне здаецца, што падмятаньне зьневажае героя. Можа-б...

- Што ён кажа? - паклiкаў Карпiнскi паляка, што апынуўся ў суседзтве. Той растлумачыў.

Гэрой з-пад Монтэ Касыно, Тобрука й Анконы, абапёршыся на мятлу, усьмiхнуўся i адказаў ангельцу:

- Дзякую, сэр, але мне й падмятаць добра. Цяжка не працую. Калi-ж каму здаецца, што гэта неганаровае й панiжаючае, дык заўтра прыйду на працу, начапiўшы на грудзi ваш мэдаль. Можа, тады ўсе будуць адносiцца да мяне з пашанай.

Тыя, што прыслухоўвалiся збоку, асаблiва-ж пара палякаў, голасна зарагаталi. Адказ быў удалы й шматвымоўны ня толькi адносна самога носьбiта "Вiкторыi Крос", але перадусiм таго, як палякi чулiся пакрыўджанымi ангельцамi. Карпiнскi лiчыў, што калi ангельцам ня сорамна было ардэнаносца "Вiкторыi Крос" паставiць на працу зь мятлою ў руках, дык чаго-ж тады меў саромецца ён сам, нядаўна ўзнагароджаны й праслаўлены, а цяпер закiнуты на вычышчэньне ангельскiх iндустрыяльных сьметнiкаў.

V

Выехаўшы з Матэры на Гравiна й зрабiўшы кiлямэтраў шэсьць, можна было ўбачыць, як адбягала ўлева ад шашы крутая дарожка. У самым нiзе схiлу кiравалася яна ў паўразваленую каменную браму й далей ужо роўна бегла да хутара цi, дакладней было-б азначыць, маёнтку - Парко Гатынi. Направа вы заўважылi-б вялiкi двухпавярховы каменны будынак, па кутах завершаны малымi круглымi вежамi. Гэта быў гаспадарскi будынак: наверсе склады, а ўнiзе - хлявы для жывёлы. Не даходзячы да яго, па левым баку былi руiны вiлы. Аб гэтым сьведчыла брама з надпiсамi на калёнах, круглыя каменныя слупы, цэлы шэраг павыбiваных ва ўзбоччы ўзгор'я каморак, зарослы ўжо басэйн - цяпер сапраўдны гадавальнiк. камароў. Побач басэйну быў кран з вадою, што пад час сьпякоты так добра служыў жыхарам руiнаў. Былi-ж iмi сябры спэцыяльнага панцырнага зьвязу, прывезенага сюды з Галятонэ на запатрабаваньне маёра Карпiнскага. У агародзе сярод алiвак вырасьлi дзьве вялiкiя палаткi для радавых. Воддаль, з другога боку за выбiтым у скале вузкаватым праходам, разьмясьцiлася асобная, таксама вялiкая палатка для падхаронжых i тут-жа побач яе малая - для Плiнты.

Танкi трымалi на двары за брамай. Новапрыбылыя былi надзвычайна задаволеныя месцам. З паўночнага боку Парко Гатынi прытулiлася да камянiстага бугра, а з паўднёвага - як вокам кiнуць аж да ледзь заўважнага блакiтнага хрыбта гор на гарызонце - зелянеў густы лес аранжавых* i алiўкавых плянтацыяў. Месца было вельмi блiзка ад цэнтру й адначасна здавалася, што знаходзiлася дзесь на бязлюдзьдзi ў Афрыцы. Да Матэры Тадзiкавым возам было пятнаццаць хвiлiн язды. Там усе вайсковыя адзiнкi падлягалi ўсiм правiлам гарнiзонных iнспэкцый. У Парко Гатынi-ж нiхто не заглядаў, акрамя маёра Карпiнскага ды ягоных сяброў. А маёр прыяжджаў не дзеля iнспэкцый, а дзеля iншых прычын. Гэтыя прычыны няцяжка было адгадаць, ведаючы, што гэройскi маёр не належаў да тых, што ганьбавалi пляшкай. Тут-жа й месца было асобнае, сказаць-бы, ледзь не ягонае собскае, дый далёкае ад гарнiзоннае вайсковае шумiхi й штодзённае службовае руцiны.

* Апельсiнавых.

Часта пасьля штодзённых службовых заняткаў, калi сонца хiлiлася на захад, Тадзiкаў "бэдфард" уздымаў вялiкую хмару пылу на крутой дарожцы, поўз вальней па схiле ды ўжо зусiм звальняў каля галоўнае, паўразваленае танкамi брамы. Карпiнскi, саскочыўшы з аўтамашыны, з партфелем пад пахай, весела здароўкаўся з сустрэчнымi жаўнерамi, празь сьцежку ў запушчаным агародзе ўзьбiраўся па прыступках у кiрунку вузкага праходу ды, перамераўшы яго шпаркiмi крокамi, убягаў у палатку да Плiнты або да падхаронжых. Пасьля вiтаньняў i супольных абменаў дзённымi навiнамi пачыналi сыпацца розныя жарты цi анэкдоты - маёр Карпiнскi iх надзвычайна любiў, - i кампанiя чатырох падхаронжых ды двух афiцэраў сядала за стол, дзе, дзякуючы Апалевай празорлiвасьцi, зьяўлялiся чарка й закуска. Апошняга хапала. Войска было добра забясьпечанае мясам i iншымi прадуктамi. Што-ж да алькаголю, дык ён найчасьцей паказваўся ў выглядзе пару пляшак з маёравага партфеля. Звычайна гэта было шкоцкае вiскi або джын, якога можна было колькi хочаш i па таннай цане купiць у афiцэрскiм казiно ў Матэры. Вiна на мясцовым рынку i ў вайсковай краме было хоць залiся.

Як правiла, Рэмi Сварычэўскi й Сымон Спарыш пiлi мала, адно для падтрымкi кампанii. Апошняя-ж чацьвёрка перакульвала чаркi, як быццам гэта была крынiчная вада з суседняга крану. Найбольш гаварыў Карпiнскi. Невычарпальнаю тэмаю былi ваенныя прыгоды. Сябе й сваё "я" трымаў заўсёды на заднiм пляне. Гутарка маёрава ў нiякiм выпадку не нагадвала самахвальства. Зусiм iншае было з Апаляй, якi пасьля маёра быў найбольш гутарлiвым i асноўную ўвагу аддаваў сабе, цi зь Нядзьвецкiм, што рэдка заставаўся ззаду. Плiнта, як i належылася, зь ветлiвасьцю гаспадара патакiваў, там-сям устаўляў пару слоў i рабiў уражаньне чалавека знуджанага, якi даўно ведае ўсё тое, што было цi мае быць за сталом сказанае. Рэмi й Сымон сядзелi моўчкi. Паклiкалi на дапамогу языкi, адно калi даводзiлася баранiцца, каб Апалева цi маёрава рука не пералiла ў iхныя чаркi.

Жаўнеры здалёк прыслухоўвалiся да гоману ў палатцы начальства й самi заглядалi ў пляшкi. Нядзьвецкi звычайна першы пераключаў тэму з ваенных прыгодаў на дзявочыя, а калi й гэтыя былi так-сяк вычарпаныя, пачыналiся песьнi. Такiя сэсii здаралiся разы тры-чатыры на тыдзень. Пазьней пастачальнiкамi алькаголю, акрамя Карпiнскага, сталi i ўсе падхаронжыя, бо як-нiяк ня выпадала-ж заўсёды пiць чужое. Апаля заўсёды зьбiраў грошы, рабiў закупы й стала трымаў у запасе колькi пляшак на "чорную гадзiну". Пасьля дзьвюх- цi трохгадзiннае выпiўкi маёр Карпiнскi ад'яжджаў Тадзiкавым аўто ў Матэру, часта ў таварыстве Апалi й Нядзьвецкага. Яны нярэдка вярталiся на базу далёка пасьля поўначы, бяз сумлеву зьведаўшы яшчэ iншыя месцы прыемнасьцi, што часамi былi й зусiм не па дарозе.

Аднойчы маёр Карпiнскi, пасьля трохгадзiннага п'янства, устаў з-за стала й голасам цьвёрдае каманды загадаў Плiнту, каб зьвяз за паўгадзiны стаяў у поўнай гатоўнасьцi на начныя практыкаваньнi. Маёр выразна хiстаўся, Плiнта й падафiцэры падзялiлiся мнагазначнымi позiркамi, але не пярэчылi. Апаля хутка перадаў загад экiпажам танкаў. Жаўнеры, сьцямiўшы, у чым рэч, чакалi, што станецца нешта нештодзённае. Пакуль сабралiся, зайшло сонца й пачало шарэць.

Маёр Карпiнскi, падсаджаны чатырма рукамi, ускарабкаўся наверх першага танка i, абхапiўшы рукамi руль гарматы, загадаў каля сябе сесьцi Плiнту й Апалю. На iншых вярхах танкаў селi рэшта падхаронжых i радавыя. Карпiнскi загадаў поўнай хуткасьцю ехаць у Матэру. Кожны танк запалiў зыркi верхнi пражэктар, што сьвяцiў найменш на дзвесьце мэтраў. Чатыры цяжкiя стальныя чарапахi, зьзяючыя доўгiмi конусамi сьвятла, пад гоман i песьнi ды п'яную балбатню маёра й спадарожнiкаў, хутка карабкалiся на стромы бугор, а пасьля, узьехаўшы на шашу, поўнай хуткасьцю накiравалiся ў гарнiзонны гарадок.

Жыхары Матэры, пачуўшы здалёк гул, цеснай сьцяной заграмадзiлi ходнiкi. Палавiна зацiкаўленых была вайскоўцамi. Панцырны зьвяз нiколi дагэтуль не заглядаў у Матэру ня толькi ў п'яным, але нат i ў цьвярозым вiдзе. Спасьцярогшы падпiтых афiцэраў i танкiстаў, гледачы смяялiся й махалi рукамi. Карпiнскi ахрыплай глоткай зацягваў уланскую песню, а Апаля, збоку размахваючы рукамi, намагаўся не заставацца ззаду. Танкi, аб'ехаўшы блёк будынкаў гарнiзоннага штабу ў цэнтры мястэчка, павярнулi налева на малы пляц перад афiцэрскiм казiно.

Адны павыходзiлi на вулiцу. Iншыя выглядалi зьверху праз вокны. П'янага маёра звалаклi з першага танку й памаглi зайсьцi ў клюб. Апаля, хiстаючыся на нагах, загадваў заварочвацца. Плiнта, пасадзiўшы Карпiнскага за сталом, вярнуўся, сваiмi сiламi ўзлез на танк i загадаў вяртацца ў Парко Гатынi.

Назаўтра ранiцою, калi Карпiнскi а восьмай гадзiне зьявiўся ў штаб гарнiзона, палкоўнiк Заорскi, што не забыўся маёравай парады, дзе здабыць нямецкiя лiмузiны, са зласьлiвай ухмылкай зьвярнуўся да ўладальнiка "Вiкторыi Крос":

- Пане маёр, чым можаце вытлумачыць учарашнюю прысутнасьць позьнiм вечарам танкаў у горадзе? Што гэта вы выраблялi?

- Праводзiлi начныя практыкаваньнi, пане палкоўнiк! - адрэзаў Карпiнскi i, не чакаючы далейшага, завярнуўся й выйшаў. Заорскi са злосьцi ледзь ня ўкусiў нiжнюю губу. На гэтым справа закончылася. Калi-ж iншыя афiцэры пыталiся Карпiнскага, чаго прыяжджалi ўчора танкi ў горад, гэрой з усмешкай адказаў:

- Хацелi, дык i прыяжджалi.

VI

Даўно перастала быць тайнiцай, што ўсе польскiя адзьдзелы ў Заходняй Эўропе, а ў iх лiку й Другi корпус Андэрса зь Iталii, мелi быць у хуткiм часе дэмабiлiзаваныя й дзеля таго насамперш перавезеныя з кантынэнту ў Ангельшчыну. Другi корпус меў быць хутка дэмабiлiзаваны не таму, што ягонага выезду зь Iталii дамагаўся Сталiнаў прадстаўнiк у Аб'яднаных Нацыях Вышынскi i не таму, што цэнтральны прэсавы ворган iтальянскай камунiстычнай партыi "Ль-Унiта" з Рыму штодзённа пiсаў аб нападах палякаў на камунiстаў i рабiў буру ў шклянцы вады, а таму, што брытанцам два гады пасьля заканчэньня вайны надакучыла харчаваць i апранаць колькi сотняў тысяч бязьдзейных жаўнераў, якiх мяркавалi выкарыстаць на рынку працы. Ды хоць справа выезду й дэмабiлiзацыi ня была ўжо тайнiцай, жыцьцё ў гарнiзоне Матэры плыло нармальна.

Напрыканцы чэрвеня Сымон атрымаў загад прывезьцi з Галiполi танкавай амунiцыi. Узяўшы пяцiтонную транспартную машыну й зьвязнога падафiцэра-шафёра, зрабiў падарожжа за тры днi. Зараз пасьля прывозу амунiцыi маёр Карпiнскi загадаў наладзiць практыкаваньнi ў полi са страляньнем.

На палёх ужо стаялi першыя сьцiрты зжатага збожжа, а дасьпелая пшанiца аж прасiлася пад серп. Дзень для практыкаваньняў выпаў даволi ветраны, хоць, як амаль заўсёды, сонечны й гарачы. Чатыры танкi з Парко Гатынi выехалi вельмi рана. На базе зьвязу застаўся сам Спарыш. Паволi зьеў сьнеданьне й пасьля вылежваўся на гарачым сонцы, а калi занадта дапякло, уцёк у цень палаткi i ўзяўся за чытаньне нейкай няцiкавай, трапiўшай пад руку, кнiжкi.

Каля гадзiны першай папаўднi ў адкрытых дзьвярох палаткi вырасла замурзаная й запыленая фiгура Сварычэўскага.

- Гэ-э-эй! А што гэта з табою? Чаго ты так рана дома? Ужо выстралялi ўсю амунiцыю? - схапiўся Сымон.

- Але дзе-ж там! Стралянiна спынена. Зрабiлi такi пажар, што спалiлi вялiзарныя абшары збожжа. Е-э-э-зус каханы, Езус! - абхапiў Рэмi рукамi галаву й апусьцiўся на пасьцелю. - Каб ты бачыў!

- Пажар? Якiм чынам?

- Ну бо гэты... Плiнта, як толькi прыехалi й паставiлi на пазыцыi танкi, даў загад заладаваць дымнымi й вызначыць мэту. Перад намi была невялiкая гара - бок ейны паверхнi мо як сьцяна добрага дома. Навокал-жа ўсюды збожжа. За гарой, як пасьля даведалiся, была ў лагчыне вёска. Занялi мы пазыцыi адлеглыя ад гары на нейкiх 1000 ярдаў. Плiнта загадаў нам страляць з наставы. Што за ёлап! Гэта-ж хапiла розуму. Я адразу спасьцярог, што ў гару ня траплю, бо, зiрнуўшы праз рулю, убачыў голае неба. Я крыху стрымаўся. Там трэба было дасканалых стральцоў, каб пацэлiлi ў тую гару, а не такiх зялёных, як ён паўсаджваў у танкi, каб навучылiся. Першыя ладункi казаў выстралiць нам, падхаронжым. Нядзьвецкi тады, доўга ня думаючы, луп! - адзiн, другi, трэцi. Я ўбачыў, што ладункi ляцяць цераз гару. Давай сваю гармату ўнiз i пачаў. Трапiў у самую сярэдзiну скалы. Значыцца, мы страляем сабе. А там, як аказалася, за гарою ўжо гарыць ад першых трох, бо Нядзьвецкi трапiў акурат у сьцiрту. Але мы нiчога аб гэтым ня ведаем i страляем далей. Выбiлi ўсе супрацьпанцырныя й па некалькi гранатаў, як раптам бачу, колькi мага сiлаў iмчыць у нашым кiрунку на белым канi Кэнсiк i махае рукамi. Ён быў адным з тых, што стаяў збоку для назiраньня. I яздок ьз яго не абы-якi - я гэта заўважыў. Як даведаўся - ён сын селянiна. Ну i як кiнецца ён да Плiнты ды як крыкне: "Спадар лейтанант! Вы страляеце, а нiхто не бачыць, што пажар людзям збожжа палiць. Там, за гарой, агонь бушуе, пекла несамавiтае!"

Плiнта зьбялеў як палатно й чаго не звар'яцеў ад страху. Зачаў тупаць у панiцы, страцiўшыся зусiм. Хлопцы кiнулiся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазьбiралiся iтальянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасьце, хата нiякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзiн, другi, трэцi, а вецер агонь па полi стралою нясе. Плiнта паслаў некалькi хлапцоў, бо ня ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мiнамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллi. Як так, то давай! - хлопцы зноў пачалi. Не прайшло й пару хвiлiн, як адзiн ладунак трапiў на ржышча, якое тут-жа ўмiг занялося полымем. Нiчога дзiўнага, бо сьпякота страшэнная. Там абы лёгкая iскра, i ўсё пайшло-б з дымам, а што гаварыць, калi некалькi фосфарных ладункаў звалiлася.

Вецер маланкаю паганяў агнём, i не агледзелiся, як полымя абняло цэлыя нiвы. Ну што-ж ты будзеш рабiць. Пабеглi мы ратаваць. Але дзе-ж там! - навет мовы ня было, каб маглi што зрабiць. Напрацавалiся, як дурнi, аж дух занiмала. Я апарыў сабе плечы й рукi, бо вопратку быў ськiнуў. Лапаты й гасьнiцы, што мы мелi, гэта - капля ў моры. Перш пачалi капаць канавы, каб агонь адгарадзiць, але што пачнём якiх сто метраў наперадзе, то за пару мiнут агонь нас дагонiць. Бачым тады, што не дамо рады. Зрэзыгнавалi ўжо зусiм з гашэньня, адно пачалi капаць канавы па баках, каб не даць пажару пашырыцца, бо спынiць яго было зусiм немагчыма. Удалося нам скiраваць яго з ветрам на суседнюю гару, дзе й пагас. Маткi мае боскiя! Ты не ўяўляеш сабе, што за велiзарныя абшары збожжа спалiлi. I то пераважна пшанiцы, ды такой сьпеленькай, што толькi на серп чакала. Як станеш на суседнiм узгорку, то пад табою чорнае мора, як вокам сягнуць. Шчасьце, што хаты не пагарэлi. А людзi пазьбягалiся з усёй ваколiцы. Iтальянкi кiнулiся ў лямант: "О мiо панэ, мiо панэ!" О хлеб мой, значыцца. Жандармэрыя наша й iтальянская, поўна iхных i нашых афiцэраў, шмат лiмузiнаў панаяжджала. Там багатых мужыкоў маса, што аддаюць зямлю ў арэнду. Для iх страта не так балючая, як для тых бедных арандатараў. Там-жа на месцы даходжаньнi, тэлефоны, тэлеграмы, я цябе... калатня будзе, якой сьвет не бачыў. Наш Плiнта бегае як звар'яваны.

- Ну й што, яны яшчэ ня скончылi?

- Скончылi, недзе ўжо едуць. Я прыехаў з Тадзiкам паўтаратонкай, а Плiнта застаўся быў ззаду для выясненьня гэнага цэлага б...

- Дзе ляжыць тая бедная вёска?

- На захад ад Мiлiёнiко. Як яна завецца - ня ведаю. Будзе адсюль кiлямэтраў сорак пяць - пяцьдзесят. Але што за прыгожая ваколiца! Шкада мне гэных людзей. Ты ведаеш, на колькi ацанiлi шкоду?

- Ну?

- На восем мiльёнаў лiраў. Цiкава, хто iх заплацiць. Хiба-ж не наш Плiнта.

- А дзе-ж быў наш самы галоўны гэрой?

- Карпiнскi?

- Так.

- Прыехаў, як пажар ужо бушаваў.

- Дык i хто-ж за гэта будзе адказным?

- Хiба-ж што не я. Плiнта цьвердзiць, што яму гарнiзонны афiцэр па справах стрэльбiшчаў вызначыў там месца, хаця ў ваколiцы ёсьць такiя дзiкiя горы, што самi просяцца...

- Але-ж там мусiла быць весела. Добра, што я не паехаў.

- Маеш шчасьце. Глянь во! - паказаў Рэмi Сымону паабсмальваныя рукi. - Я дзякую iм за такую прыемнасьць. Плiнта будзе адказваць за неасьцярожнасьць пры страляньнi, а афiцэр ад стрэльбiшчаў - за неадпаведнае месца. Як справа пойдзе ў суд, тады пазнаюць. А Плiнта кажа: "Гэта нiчога. Мы ў Рыеты, кажа, ня гэтулькi папалiлi. I ты думаеш, ангельцы далi адшкадаваньне? Анi на ногаць. Казалi iтальянцам пазвозiць збожжа, а як ня справiлiся, то маеце..."

- Я-б хацеў бачыць, каб падобнае нешта здарылася ў Ангельшчыне. Нам танкамi навет па дарогах езьдзiць не дазвалялi, каб, баранi Божа, асфальту не пашкодзiлi.

Падхаронжыя змоўклi. Рэмi курыў бесьперапынна ўжо трэцюю з чаргi сыгарэту. Сымон пазiраў на яго ды нешта мяркаваў у галаве. Паважнае аблiчча твару паступова пачало перамяняцца ў грымасу, i раптам Спарыш зарагатаў голасна й працяжна. Сьмех быў нейкай канвульсiяй, пачаўся ўнiзу ў жываце й страсануў усiм целам. Сымон ускочыў з ложка, падскакваў па палатцы, часамi аж прысядаў i, стукаючы абедзьвюма далонямi па каленях, рагатаў бесьперапынна, ажно вочы набеглi сьлязьмi, а на лбе пачалi выступаць каплi поту. Напаўдзiкi канвульсыйны грымотны сьмех ня спыняўся.

Рэмi анямеў, сачыў за Сымонам, ня ведаючы, як тое разумець.

- Што з табою? Не ў парадку што?

- Чу-га-га! Чудак ты, га-га-га! Чаго са мною, што мае быць не ў парадку. Ой не магу, га-га-га! Жывот ужо пачынае ад сьмеху балець. Дэмабiлiзацыя, казаў той, на носе, а тутака паехалi панове ў "ваенку" гуляць, па чужых пшанiчных нiвах снарадамi псяюрыць, бедным людзям збожжа палiць! Га-га-га! Яшчэ не наваявалiся, мусiць, яшчэ iм усё мала. Ах, каб вы падохлi, каб вы... га-га-га!

Рэмi стаяў у нерашучасьцi. Прыглядаючыся да Сымона, заразiўся ягоным сьмехам i пачаў таксама рагатаць з усёй сiлы. Цяпер ужо пайшло дружней. Абое глядзелi адзiн на другога й выбухалi гулкiм рогатам. Рэмi кiнуўся на ложак i пачаў з раптоўна знойдзенай весялосьцi выдрыгваць у паветры нагамi, залiваючыся ўсё новымi хвалямi сьмеху й прыгаворваючы:

- Але-ж, браце каханы, i наваявалi мы сягоньня. А няхай iх кроў залiе! Ха-ха-ха!

Невядома, як доўга трываў-бы той дзiкi рогат падхаронжых, калi-б ня грукат танкаў з панадворку. Паабсмальваныя, запыленыя й усхваляваныя танкiсты дзялiлiся мiжсобку рознымi цiкавымi эпiзодамi з таго, што здарылася. Плiнта, не аглядаючыся на нiкога, быццам злосны, пабег у сваю палатку.

- Бачыш? Вось i наш "вудз". Пад ягонай камандай нашы чарапахi атрымалi сягоньня, мусiць, апошняе баявое заданьне перад тым, пакуль пойдуць на злом. Iтальянцам доўга будзе помнiцца наша "военка" ў iхняй пшанiцы.

Сымон, слухаючы гэтыя заключныя словы Сварычэўскага, ня меў ужо фiзычнае сiлы рагатаць. Ды глянуўшы на выпадак з другога боку - з боку тых пакрыўджаных сялян - цi-ж гэта было так надта сьмешна?

VII

Мiж вучняў школы падхаронжых у Матэры сустрэў Спарыш колькi сваiх сяброў, колiшнiх менскiх кадэтаў. Надзвычайна ўзрадаваўся з такога спатканьня. Мiж iмi быў i Мiкола Дудкевiч.

- Ну, братка, расказвай, што там у Ангельшчыне, - абступiлi яго, - тут ёсьць плёткi, што хутка пераяжджаць будзем. Цi там будзем мець магчымасьць скончыць яшчэ школу?

- Школу скончыць? - усьмiхнуўся Сымон. - Забудзьцеся ўжо аб войску. Там даўно яго няма.

- А ты-ж скончыў.

- Дык разам са мною перастала iснаваць i школа. Людзi там ужо мяркавалi, як рыхтавацца да цывiльнага жыцьця пасьля дэмабiлiзацыi.

- Няўжо-ж?

- Каб я з гэтага месца ня зыйшоў.

- Цьфу на цябе. А мы тут яшчэ галовы мазолiм, каб ацэнкi добрыя дастаць i ў хвасьце не застацца.

- Дарма вы, хлопцы. Ня дурыце сабе галоваў. Войска ўжо скончылася. Будзе арганiзоўвацца нейкi быццам корпус прыстасаваньня, дзе будуць вучыць цывiльных фахаў, пэўна, як капаць вугаль у шахтах цi працаваць з лапатамi пры будовах. Вось якое войска.

- Ты не жартуеш?

- Чаго-ж маю жартаваць. Дадушы праўду кажу.

Сымонавы словы былi, быццам вядро сьцюдзёнай вады на гарачыя юнацкiя галовы сяброў. Шмат хто шкадаваў тых стараньняў, уложаных дасюль у ваенную навуку, якiя цяпер выглядалi дарэмнымi. Ад iх падхаронжы Спарыш даведаўся, як палякi, спасьцярогшы вялiкi наплыў беларусаў у афiцэрскiя школы ў Матэру, пазбылiся iх, ня прызнаўшы адукацыi пад нямецкай акупацыяй, як пасьля, на курсах, загароджвалi дарогу да экзаменаў, iншых-жа на тых экзаменах паабразалi. Некаторыя былыя менскiя кадэты, якiя вытрымалi экзамены, не пайшлi пасьля ў афiцэрскiя школы. Мiж iмi былi два найблiжэйшыя Сымонавы сябры Вiктар Караткевiч i Кастусь Дзежка.

Будучы ў Парко Гатынi й маючы вольны доступ у афiцэрскае казiно ў Матэры, Сымон часта заглядаў туды не так дзеля выпiвак, як дзеля таго, каб пазнаць, што робiцца "на вярхах". Тое, што пабачыў i пачуў, поўнасьцю пацьвердзiла ягоныя ранейшыя мяркаваньнi адносна маральнага раскладу й гнiльля, што панавала сярод афiцэрскага пэрсаналу. Найчасьцейшымi тэмамi гутарак у казiно былi грашова-спэкуляцыйныя абароты на чорных рынках. Вышэйшыя афiцэры, што мелi ад'ютантаў, выкарыстоўвалi розныя нагоды, каб, паслаўшы свайго чалавека па "службовай справе" ў Эгiпет, зрабiць сыценькi гандаль капiталам. У Эгiпце куплялi ангельскiя залатыя фунты, званыя "каштанамi", што там прадавалiся на вольным рынку. У Iталii заработкi на iх сягалi семсот працэнтаў. Атрыманыя лiры пры дапамозе ваўсковых дзейнiкаў выменьвалiся на ангельскiя папяровыя фунты.

У апошнiя часы побыту Андэрсавага корпуса ў Iталii вялiзарная колькасьць вайсковых матэрыялаў пайшла на чорны рынак. Былi гэта часы лiквiдацыi. Кожны, хто дзе быў на якiм становiшчы, што мог нешта прадаць i зарабiць, ня трацiў нагоды. Адно меншыня трапляла ў рукi вайсковае палiцыi й пад суд. Гэтак рамонтны адзьдзел базы Другога корпуса, што памяшчаўся ў Леччэ каля Таранто, зарабiў пры лiквiдацыi некалькi мiльёнаў лiр. Дзякуючы неасьцярожнасьцi iтальянца, што накупляў матораў, апонаў ды iншых матэрыялаў i прыладаў, гешэфт выйшаў наверх i цэлы пэрсанал рамонтнага адзьдзелу разам з камандзерам трапiў у ангельскую вязьнiцу.

Таму, што ведаў ангельскую мову, Сымону Спарышу даручылi адвезьцi чатыры "шэрманы" з Матэры на злом у Форлi. Для дапамогi юнак меў васьмёра людзей i Сварычэўскага. Танкi былi дастаўленыя цягнiком на аграмаднае лётнiшча ў Форлi. Сымонавы людзi, кiнуўшы вокам на амаль бязьмежную масу танкаў, панцырных машынаў, "кар'ераў" i навет звычайных транспартных машынаў, што як вокам сягнуць заграмазьдзiлi колькi квадратных кiлямэтраў лётнiшча, не маглi надзiвiцца. Нiдзе й нiколi нiхто зь iх ня бачыў у адной кучы столькi ваеннага матэрыялу. Брытанскi ўрад прадаў яго на злом Iталii. Ангельскi сяржант, што прыняў Спарышовы "шэрманы", адно вокам кiнуў на iх i падпiсаў квiт даставы. Зусiм не заглядаў усярэдзiну. А там-жа была маса матэрыялу, пачаўшы ад алiвы, сьлясарскiх прыладаў, ключоў, а канчаючы электрычнымi дынамкамi, што маглi быць па дарозе прададзеныя. Кожны танк меў дасканалае радыё. Як апавядалi мясцовыя жыхары, нямецкiя палонныя, што працавалi пры парадкаваньнi й разьбiраньнi злому на лётнiшчы, парабiлiся мiльянерамi.

Вяртаючыся назад у Галiполi-Галятонэ цягнiком, Сымон думаў аб мiнулым i цяперашнiм. Прыгадаў пачатак вайны ў 1939 годзе, калi быў малым хлапчанём i басанож бег па полi, каб прыгледзецца тром самалётам, бо-ж раней нiколi iх так шмат не бачыў разам. Цяпер-жа, пасьля вайны, ён вось завёз i здаў на злом тыя танкi, якiм прызначана было, згодна летуценьням польскiх паноў, трыюмфальна "вызваляць" Вiльню й Львоў, а мо й ягоныя родныя мясьцiны. Якое крутое, капрызнае й непрадугледжанае было жыцьцё. Некалi босы й бедны падлетак быў цяпер дасьпелым, зьведаў Эўропу, бачыў шмат баёў i лiхалецьцяў, стаў загартаваным жаўнерам. Але гэта ўсё было адно памылка лёсу - вынiк чужое гульнi. Якая-ж пацеха была з таго Сымону, што ён вось здаў на злом частку зброi, якой паны зноў хацелi паняволiць Беларусь, калi там, дома, iншыя танкi рэзалi родную зямельку й крывавiлi змучанае цела Бацькаўшчыны.

Вярнуўшыся з Галiполi, Спарыш за пару дзён далучыўся да другога транспарту, што накiроўваўся ў Ангельшчыну. Невялiкi мараплаў "Эмпаер Батл'акс" пакiнуў Нэапаль у пачатку жнiўня. Для бальшынi пасажыраў было гэта першае падарожжа пасьля вайны ў Ангельшчыну, для Сымона-ж - адно паўтарэньне ранейшага шляху. Ужо ня ехаў у чужое й няведамае, але - у даволi добра знаёмае. Прадугледзеў, чаго можна чакаць i спадзявацца ў будучынi.

ВАСЕНЬНIЯ ХМАРЫ

I

Нiзка па небасхiле плывуць васеньнiя хмары. Грозныя, бурлiвыя, цяжкiя, алавяныя. З гулам, свабодаю й размахам бушуюць у прасторы, хвалююцца й перавальваюцца цераз горы, зьвiсаюць жыватамi над далiнамi ды зь нястрыманым iмпэтам iмчацца далей i далей. Дзiка вые заходнi марскi вецер. Калоцiць верхавiнамi дрэваў, бязьлiтасна сячэ ледзяным дажджом па шэрых тонкiх сьценах вайсковых баракаў, спрытна прабягае мiж блёкаў прыгарадных паселiшчаў, абозаў ды, вырваўшыся на цьмянае прамоклае поле, паганяе далей у няведамае.

Хмары з мора вельмi неспакойныя. Рэдка дазваляюць яны ўсьмiхнуцца сонцу. Бывае, што парадзеюць, i тады вясёлы праменьчык зазiрне ў памяшканьне праз брудныя шыбы вайсковых баракаў, але ненадоўга. Наступная разбушаваная хваля прыходзiць тым першым на зьмену, закрые разьяснеўшыя нядаўна кавалкi неба ды новым змрокам зноў хлыне ў вокны шэрых будынкаў. Густыя кроплi дажджу заядла сьцебануць па чырвоных сьценах вiлаў, за iмi новыя, цяжэйшыя, сапраўдным ужо ручаём паплывуць па пачарнелых ад дыму стрэхах работнiцкiх дамоў, пачнуць уядацца ў шчылiны сьценаў сьпешна будаваных абозаў, абмываць цёмна-шэрае каменьне фармарскiх забудаваньняў.

Iмгла часта ахутае суседнiя палi й узгоркi. Зрэб'ем учэпiцца яна за ськiбы шэрае ральлi, апране суцэльнай павалокаю залiтыя вадой далiны. Бывае й так, што густой заслонай залягае цэлыя далявiды, й пiльна павiнен тады натужваць свае вочы падарожны шафёр.

Часамi заходнi бераг абтоку дыхае сухiм ветрам, i здавалася-б, што няскора прыйдзе дождж цi бура. Але найчасьцей зманлiвымi бываюць прадугледжаньнi, бо далёкая марская бура ня стрымоўваецца на гарбатых узьбярэжжах заходняга Ўэлсу, а лёгка пранiкае ў сярэднiя i ўсходнiя абшары Мiдланда, каб сьмелым жыхарам, якiм заяснела думка пагоднага "уiкэнду", адабраць нованароджаную надзею.

Жаўнеры прысьпешанымi крокамi прабягаюць тады вузкiмi цэмэнтавымi ходнiкамi мiж баракаў ды, зачынiўшы сьпешна дзьверы, зь iронiяй паўтараюць падобныя заўвагi: "Ну, нарэшце падае дождж. А так доўга-ж чакалi". Адзiн пачне тады ўсьмiхацца, iншы заапрабуе папярэднiя заўвагi моцнымi слоўцамi сяньняшнiя днi, пачне тануць ва ўспамiнах аб салодкiх, пагодных ды як жа чароўных днях iтальянскае мiнуласьцi.

Такiя ўспамiны й нараканьнi ня прыносяць найчасьцей нiякiх канкрэтных высноваў анi палягчэньня, бо адно часовае ўзварушаньне, спрычыненае няспрыяльнымi абставiнамi, i дробныя з таго дэталi зьяўляюцца iх крынiцаю. Таксама ня трываюць яны доўга, бо колiшнi ваяка, а сяньня выгнаньнiк Сярэдняе Эўропы, патрапiў прывыкнуць i зжыцца зь бясколернымi буднямi.

Алавяна-шэрымi й цяжкiмi выглядаюць ангельскiя васеньнiя хмары. Неспакойнымi й бурлiвымi, але цяглымi i, здаецца, бясконцымi. Шэрыя й бязьмежна цяжкiя днi жаўнерскага быту ў бязьдзейнасьцi. Дзесьцi ва "Уор офiс" вялiкiмi кучамi ляжаць друкi асведчаньняў, праектаў брытанскага ўраду адносна арганiзацыi й будучынi Польскага Корпусу Прыстасаваньня й Разьмяшчэньня (ПКПР). Ляжаць i набiраюць, як прывыклi казаць жаўнеры, "урадавай сiлы". Дзесьцi на зьездзе Рады ангельскiх прафсаюзаў у Брайтане голасна разьлягаюцца словы: "...Фашысты, здраднiкi радзiмы, ворагi новага ладу й сваiх народаў". У зале паседжаньняў вее забойчы ўсходнi вецер. Але шмат мiне часу, пакуль пазачыняюць вокны й дзьверы. Дзесьцi на паседжаньнях брытанска-польскiх арганiзацый чуваць: "Гэроi, баявiкi за вольнасьць! Ня даць, каб iх пакрыўдзiлi. Яны першыя, што супрацьставiлiся, яны апошнiя, што пакiнулi поле бою. Даць iм людзкiя абставiны жыцьця!"

Асведчаньнi, прамовы, бясконцыя дэбаты, пахвалы, закiды, дэклярацыi... Дзесьцi з-над Эльбы вее ўсходнi вецер...

Пры круглых сталох, у вялiкiх праветраных сонечных залях, у малых накураных кабiнэтах прадстаўнiкi розных народаў, расаў, уладаў i сьветапоглядаў праводзяць гандаль. Часта ахутаны ён таямнiчым маўчаньнем, радзей - розгаласам. Ён выдаецца сталым i бясконцым, цi адно цяпер пакуль што ня вiдаць вынiкаў.

А над Вялiкай Брытанiяй плывуць густыя, алавяныя, заходнiя марскiя хмары. Прасочваецца вада ў няшчыльныя баракi шматлiкiх абозаў. Жаўнеры сядзяць бязьдзейна. Сушацца махоркаю, гуляюць у карты. Быццам тыя хмары, плыве марудны, шэры й назойлiвы час.

Сотнi тысячаў палякаў i людзей зь iншых народаў, перад вайной зьняволеных Польшчай, у вайсковай вопратцы ступiлi на зямлю капрызнага надвор'я пад час i пасьля другой сусьветнай вайны. Паводле сацыяльнага паходжаньня жаўнерская сям'я была каляровай мазаiкай. У зялёным "батледрэсе" радавога сустрэць можна было прафэсара, iнжынера й селянiна, сумленнага й злодзея, гандляра й бандыта, саба-тажнiка-партызана й звычайнага работнiка. Iшлi, ехалi, валачылiся сюды рознымi шляхамi й розным часам. Адным сiбiрскiя лягеры й Казахстан перажыць давялося, iншым проста праз мора з Польшчы ўцякаць, трэцiм - праз Нарвэгiю, чацьвёртым - праз Францыю, пятым з абедзьвюх Амэрыкаў ахвотнiкамi ў гэту армiю ўступiць давялося. Адно тыя, з-за акiянаў, пасьля вайны хутка дамоў пасьпяшылi. Iншыя-ж мяркавалi, як выбрацца з тупiка. Сярод iх найцяжэй давялося беларусам i ўкраiнцам, землi якiх "бацька" да самых сваiх "ласкавых" грудзей прытулiў, ужо нiколi ня маючы намеру пазбыцца ахвяры.

II

Шмат жаўнераў, нягледзячы на ўзмоцненыя ўгаворы афiцэрскага корпусу, каб заставалiся на выгнаньнi, ехалi ў Польшчу пад рэжым Берута. ПКПР, што павiнен быў падрыхтаваць гэтае мора людзей да цывiльнага жыцьця, меў нялёгкае заданьне. На працягу шасьцi - васьмi гадоў бальшыня зь iх нiчога не рабiла, акрамя вайны й п'янства; iншыя зь юнакоў павырасталi на мужчынаў, адны загартавалi сваю волю й сiлы, набылi практыку: iншыя-ж здэмаралiзавалiся, зьвiхнулiся, упалi на дно жыцьця.

Праблема прытарнаваньня iх да цывiльнага жыцьця была нязвычайна цяжкой i складанай. Перанаселеная Вялiкая Брытанiя не магла ахвяраваць iм адпаведных месцаў i працы ў цывiльным жыцьцi, яна ледзь давала рады са сваiмi здэмабiлiзаванымi, магчымасьцi-ж эмiграцыi за акiян былi сьцiплымi перадусiм з прычыны недахопу транспартных сродкаў дый абмежаваных эмiграцыйных квотаў. I гэтак замкнулася шматтысячная жаўнерская маса ў шэрых, няпрылюдных, няпрыветных i сьцюдзёных вялiкiх вайсковых абозах, раськiданых па абшары брытанскiх абтокаў ад Тэрсо да Брайтана i ад Блэкпула да Сандэрланда.

Цяжкi i нявыносны, сумны й няволячы жаўнерскi быт у бязьдзейнасьцi. У некалi здысцыплiнаваныя й дасканала вышкаленыя шэрагi вояў прыносiць ён упадак дысцыплiны, маральны расклад, зьнеахвочаньне, безнаазейнасьць, мiзэрнасьць i абыякавасьць. Жаўнерам можа быць адно чалавек чыну, працы, вечна нястомнага й дзейнага духу, чалавек энэргii й руху. Пакiнь жаўнера самога сабе на нейкi час, не дай яму заданьняў, працы й занядбай дысцыплiну, дазволь на пэўныя ўплывы, i ён перастане быць жаўнерам.

Колькi месяцаў пераходнага арганiзацыйнага часу, калi шмат яшчэ было няпэўнага й нявыясненага, калi нейкiя рамесьнiцкiя курсы цi праца - рэдкая зьявiшча, а дысцыплiна амаль цалкам занядбаная, зрабiла жахлiвы ўплыў на польскую армiю, прывезеную з кантынэнту ў Ангельшчыну ў 1946-1947 годзе. Найбольш дэструктыўным дзейнiкам была няпэўная будучыня гэтых людзей. Разам зь першымi паваеннымi мiжнароднымi канфэрэнцыямi, разам з акупацыяй Беларусi, Украiны й Польшчы бальшавiкамi й замацаваньнем там камунiстычнае ўлады разьвеялiся шматлiкiя пляны й надзеi гэтых людзей. Шмат губiла сябе сваiмi-ж рукамi, iншыя апускалi галовы й трацiлi ўсякую iнiцыятыву...

III

У падафiцэрскiм бараку людзi сядзелi бязьдзейна. Сымон па абедзе прылёг на пасьцелi. Рэмi Сварычэўскi меў службу дзяжурнага. Колькi асоб, абсеўшы ў кутку стол, перакiдвалiся картамi. Надвор'е было хмарнае. У бараку панаваў змрок. Крокаў дзесяць воддаль Сымона сядзеў на пасьцелi зьвязны. Даўно кiнуўся ён у вока Спарышу. Прычынай была, пэўна, i ягоная сьпеўная, няскладная польская гутарка. Часта, быццам вада з-пад вясеньняга лёду, прабiваўся беларускi склад, характэрнае аканьне. Нягладка язык ягоны спраўляўся i з характэрнымi польскiмi сугукамi. Здавалася, што зь вялiкай натугай, гвалтам выпiханыя яны былi праз таўсты гарляк. Сымон быў амаль пэўны, што зьвязны быў беларусам. Дагэтуль ня меў нагоды даведацца. Ды i як спытацца? - думаў хлопец. Акружнай дарогай пачаць цi проста з мосту, як кажуць па-беларуску?

Да таго-ж i выглядам быў зьвязны проста выкапаным дзядзькам-селянiнам. Неяк i "батледрэс" нязграбна на iм ляжаў. Здавалася, што шэрая саматканая сьвiтка скарэй-бы гарманiравала з выглядам. Дзесьцi ў тумане памяцi захаваўся ў Сымона вобраз беларускага сейбiта, што бачыў калiсьцi ў нейкiм каляндары. Шырокi круглы твар, паморшчаны лоб, закруглены падбародак, парадзелыя сiвыя валасы, ясна-блакiтныя вочы.

- Адкуль ты, дзядзька, будзеш? - зарызыкаваў Сымон.

Зьвязны, што сядзеў побач на пасьцелi, схамянуўся, быццам-бы яго хто iголкай у мяккае месца ткнуў. Мусiць, ня верыў сваiм вушам. Азiрнуўся назад, каб пераканацца, што да яго, а не да некага iншага ззаду за плячыма адносiлася тое пытаньне.

- Цо проша?

- Пытаюся, адкуль ты, дзядзька, будзеш? - паўтарыў голасна Сымон ды дадаў цiха пад носам: - Чорт вазьмi, няўжо-ж памылiўся?

- Я ад Навагрудка. А вы таксама тамтэйшы? - пасьмялеў дзядзька.

- Эх не, я не ад Наваградка, але-ж таксама беларус. Вы-ж беларус, не?

- Я праваслаўны, дык i беларус, - адказаў дзядзька, прыйшоў ды сеў побач Сымона на пасьцелi. Язык ягоны хадзiў шмат гладзей, чымся ў польскай гутарцы.

- Дык што вы, праваслаўны - гэта-ж толькi рэлiгiя.I каталiк-жа можа быць беларусам.

- У нас удома так было, што каталiкоў лiчылi палякамi, а праваслаўных...

- ...рускiмi? - падхапiў Сымон.

- А цi-ж ня так?

- Яно-ж так. Але цi-ж гэта справядлiва?

- Хто-ж яго ведае. Усё так у галаву нам дзяўблi.

- Дзяўблi тыя, каму гэта было карысна. Маскалi казалi, што праваслаўныя гэта рускiя, а палякi чаўплi, што каталiкi - усе палякi. Дык дзе-ж тады беларусы? А ёсьць-жа такi народ, не, дзядзька?

- Дык во, панятна, што ёсьцека.

- Ну дык нам, мусiць, няпраўду старалiся казаць.

- А хто-ж тое надта ведаў. Называлiся тутэйшымi, ды ўсё.

- Праўду кажаце. Гэта таксама, каб мы забылiся, хто мы ёсьць. Навет нашай нацыянальнасьцi не памiналi.

- Цiкава вы гэта ўсё й так проста выводзiце, - адсапнуўся зьвязны. - Ну, а самi-ж адкуль?

- З Глыбоччыны.

- Ад Глыбокага.

- Недалёка. Ведаеце. Можа, былi там?

- Чуў. Меў знаёмых адтуль.

Хвiлiну памаўчалi.

- Эх, братка ты мой, сьвет цяпер так перамяшаўся. Забадзялiся-ж мы й пагубiлiся. Хто гэта ведае, што будзе... Ведаем толькi, што было. Дый цяжка-ж, цяжка, - уздыхнуў зьвязны.

- А вы даўно ў войску?

- Браток, здаецца, ужо век цэлы. Перад вайной яшчэ чынную службу адбыў. Пасьля на рэзэрву пазвалi. Змабiлiзавалi перад вайной, а тады ў плен да бальшавiкоў папаў...

Зьвязны пачаў апавядаць доўгую сваю гiсторыю. Шмат такiх цi падобных чуў Сымон раней. Седзячы побач яго, гаротнiк сумным i поўным уздыханьняў i жалю голасам апавядаў аб цяжкiх цярпеньнях у сiбiрскiх лягерох, аб тым, як з крываўкi ледзь ня скончыўся ў Казахстане, але нехта сьпiртам выратаваў. Прыгадаў пасьля й пра сям'ю. Голас ягоны пачаў дрыжаць. Мясцамi спыняўся, ня могучы гаварыць.

Сымон цярплiва слухаў i не перашкаджаў яму апавядаць. Вiдаць было, што чалавек пастанавiў адкрыць сваю душу й сэрца. Хто ведае, цi ня першага сустрэў у войску чалавека, што асьмелiўся загаварыць да яго моваю маткi. Сям'я зьвязнога, згодна з апавяданьнем, была застрэленая ў час вайны немцамi, а хата спаленая. Жонка й дачка, што па гадах мела быць сяньня дзеўкай - адзiнае са шматлiкага, але найдаражэйшае, што вязала яго з Бацькаўшчынай, - сталiся ахвярамi гiтлераўскага сьляпога тэрору. Зьвязовы ад хваляваньня гаварыў урыўкамi, а на вочы набягалi сьлёзы. Аб сямейнай трагэдыi даведаўся ня так даўно ад суседа з дому, якога сустрэў кагадзе ў войску. Вiдаць было, што насiў у сэрцы сьвежую, нiколi, можа, ня меўшую нагоды загаiцца рану.

- ...i так, браток ты мой, застаўся сягоньнiка адзiн, як палец. Ды мне-ж ужо й гады самыя лепшыя мiнулi. А тут во якое лiха прыйшло. Думалася нядаўна, што хоць дадому вернешся. Надзеiўся, што жывуць. Ажно во...

Дзядзька, здавалася, ня мог далей гаварыць. Сымон чакаў. Гледзячы на гаротнiка, балела яму сэрца. Вось гэта быў адзiн зь мiльёнаў беларусаў, што страцiлi ўсё й наперадзе бачылi адно беспрасьветную цьму й безнадзейнасьць. Выкiнутыя на чужы бераг, ня ведаючы анi людзей, анi не маючы сiл для далейшага жыцьця, страцiўшы найлепшыя гады ў службе за чужое або ў нядолi ў чужым ярме дома, кешкалiся цяпер у цемры.

- Дый варочацца-ж няма куды. Што было, тое пайшло з дымам. Мая бедненькая жоначка й дачушка. Каты са сьвету зьвялi. Куды-ж мне цяпер кiнуцца, што рабiць i з чаго пачаць? Як-жа мне тут заставацца? Ня знаю нi языка, дый гады ня тыя. А калi-б i ў Польшчу ехаць, дык ужо, мусiць, на тыя "адзысканыя" землi пасулiлi-б... Божа-ж мой, Божа! Як-жа далей быць i што рабiць?

Сьлёзы, быццам гарох, пасыпалiся з вачэй дзядзькi зьвязнога. Пакуль нязручным рухам стараўся iх выцерцi, адна сьлязiна ўпала на левыя грудзi й раздрабiлася аб востры рог адной з чатырох зорак на сiняй берэтцы. Гэта былi зоркi за раны. Побач было з паўтузiна берэтак ад iншых крыжоў i медалёў.

- Калi-б я ведаў, што вам парадзiць. Ня плачце, супакойцеся, - прамовiў зусiм непераконлiвым голасам Спарыш, i перад вачыма памяцi ягонай устала прыгорбленая, запрацаваная постаць свайго беднага гаротнага бацькi. Ня мог глядзець на сьлёзы. Прыгадаўшы родных, ведаў, што тыя стогнуць у непасiльным ярме. Дый цi толькi яны... Цэлы беларускi народ.

Сымон устаў i падышоў да вакна. На сэрца нахлынула вялiкая дэпрэсiя. Глядзеў на захмаранае неба. Думкi разбягалiся, быццам тыя неспакойныя васеньнiя брытанскiя хмары. А яны бесьперапынна й стала плылi ў няведамае.

ПАРАСТКI НА ЧУЖЫНЕ

I

Павуцiньне сувязi мiж адзiнкамi й групамi беларусаў Другога корпусу, так дбайлiва й цярплiва снаванае й сплятанае ў вадзiн клубок у Iталii, было парванае-парастрасанае зь пераездам у Ангельшчыну ўлетку 1946 году. Адзьдзелы войска паразьяжджалiся й пасялiлiся на новых месцах па цэлым абтоку. Адзiнкi й групы страцiлi сувязь. Спынiўся ня толькi працэс вышукоўваньня й выкопваньня тых, што пазашывалiся яшчэ раней i ў Iталii ня былi знойдзенымi. Трэба было найперш устанавiць i спалучыць асноўную пражу сувязi самых цьвёрдых i iнiцыятыўных, што маглi-б пасьля навокал сябе разглядацца й вышукоўваць.

Перад беларусамi стала зусiм новае, першараднае вагi пытаньне: што далей? Войска канчалася. Трэба было рупiцца аб будучынi. Так удала пiсалася пасьля ў першых радках часопiса "На шляху": "На шляху, а ня дома, стаiмо мы, выгнаныя з-пад родных стрэх вайной i чужацкай навалай. Мяркуем, дзе пайсьцi, куды кiнуцца..."

Пытаньнi "дзе пайсьцi, куды кiнуцца" лягчэй было-б вырашыць арганiзавана, грамадою. Патрэба беларускай арганiзацыi адчувалася вельмi пякуча. Гэткiм чынам iзноў пачыналася ад нiтак сувязi, супольнага кантакту. Цэнтры пры 5-й i 3-й дывiзiях былi ўтрымалiся, хаця ня мелi сувязi мiжсобку. Адшукацца дапамог старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi iнжынер Мiкола Абрамчык i рэдакцыя "Беларускiх Навiн" з Парыжу. Пры iхняй дапамозе беларусы зьвязалiся ня толькi мiжсобку, але i з саюзам украiнцаў Вялiкай Брытанii, управа якога добразычлiва аднеслася да iнiцыятараў праектаванай першай беларускай арганiзацыi ў Ангельшчыне.

II

Каля лётнiшча Боднi Эйрфiлд у правiнцыi Норфолк сканцэнтраваныя былi ўсе школы 3-й дывiзii. Вучань лiцэя Вiктар Сянькевiч налiчыў навокал сябе дваццаць трох беларусаў i пачаў аднаўляць працу, спыненую пераездам зь Iталii. Група зактывiзавалася. Адбывалiся сяброўскiя зборкi, супольна радзiлiся й пастанаўлялi пра будучыя арганiзацыйныя крокi. Устанавiлася й пiсьмовая сувязь зь беларусамi iншых адзьдзелаў. Да Сянькевiча зноў сотнямi хлынулi пiсьмы.

Дзейнiкi з "двойкi" зноў паклiкалi юнака й пыталiся, што пiшацца ў карэспандэнцыi. Вiктар адказваў, што панам з "двойкi" й так добра ведамы змест пiсьмаў. Пачалiся новыя цяжкасьцi. На Сянькевiча ад шматлiкiх палякаў пасыпалiся даносы. Давялося хлапцу разьвiтацца, ня скончыўшы школы, з навукай i ехаць у свой адзьдзел каля Лёндану. Крыху пазьней змусiлi пакiнуць працу выкладчыка ў гiмназii й прафэсара Гука.

Увосень 1946 году ва ўкраiнскай газеце "Наш клiч" зьявiўся Сянькевiчаў заклiк-артыкул. Аўтар зьвяртаўся да вайскоўцаў-беларусаў, каб адклiкалiся, вышукоўвалi iншых, арганiзоўвалi часовыя групы. Падкрэсьлiваў, што насьпеў час да ўтварэньня беларускае арганiзацыi.

III

Праз знаёмых, што мелi сувязi мiж верхавiны польскае армii, прафэсар Гук умовiўся сустрэцца з шэфам штаба генэралам Капанскiм. Мэтаю было атрыманьне афiцыяльнага вайсковага дазволу на ўтварэньне беларускае арганiзацыi самапомачы. Капанскi прыняў Гука й Сянькевiча ў кастрычнiку. Да добра абгрунтаванае й матываванае просьбы беларусаў генэрал аднёсся прыхiльна й абяцаў выдаць аб гэтым адмысловы вайсковы загад. Адылi пасьля гэтага два разы яшчэ давялося прафэсару Гуку рабiць вiзiты да генэрала Капанскага, каб папхнуць справу абяцанага загаду, што заграз дзесь у канцылярыi штабу. Вiктару Сянькевiчу, што жыў блiжэй Лёндану, восем разоў трэба было езьдзiць у сталiцу. Кожны раз ад'ютант раiў прыйсьцi заўтра. Агоркла юнаку цяганiна ўзад i ўперад, быццам тая рэдзька. Нарэшце пры дапамозе знаёмага палкоўнiка пашанцавала атрымаць вiзыту ў шэфа штабу.

Капанскi паклiкаў Вiктара ў кабiнэт i прасiў пачакаць, пакуль машынiстка напiша тую доўгачаканую й так вартасную пiсульку.

Тым часам распытваў юнака пра беларусаў, iхныя пляны на будучыню ды пра iх колькасьць у польскай армii. Тон гутаркi быў сяброўскi. Генэрала цiкавiла, дзе, на думку Сянькевiча, павiнны быць беларускiя межы. На сьценах кабiнэта вiсела шмат мапаў. Вiктар паказаў беларускiя этнаграфiчныя межы, уключыўшы Беласточчыну, Сувальшчыну й Берасьцейшчыну. Як некалi лейтананта Пшэрэмбскага, зацiкавiў Капанскага факт, што Сянькевiч быў каталiком i беларусам. Роспытам у гэтай справе адвёў колькi хвiлiн часу.

Нацiсканьне з усiх бакоў зрабiла сваё. Загад быў выданы. На просьбу прафэсара Гука капiтан Загурскi, што меў добрыя кантакты ў польскай газеце "Дзеньнiк польскi i дзеньнiк жолнежа", пастараўся, каб газэта зьмясьцiла вайсковы загад. Гэткiм чынам шмат беларусаў даведалася, што ад гэтага часу, цi былi-б яны ў наземных, паветраных цi марскiх польскiх збройных сiлах, маглi належаць да свае беларускае арганiзацыi самапомачы. Загад меў быць прачытаны i па ўсiх адзьдзелах, але шматлiкiя, нязычлiвыя беларусам афiцэры наўмысьля яго iгнаравалi.

Вiктар Сянькевiч, вярнуўшыся ў свой адзьдзел, з большай энэргiяй узяўся за працу. Быў сакратаром у батальёне й таму позьнiмi вечарамi пасьля службовых гадзiн мог карыстацца машынапiскай i рататарам. Праўда, стараўся рабiць гэта ўпотайку ад начальства.

У працы арганiзацыйнай i публiцыстычнай Вiктар быў пачаткоўцам, асаблiва калi iшла гаворка пра статут, камунiкаты й iншыя справы афармленьня. Тут на помач прыйшла дасьпеласьць i дасьведчанасьць прафэсара Гука. Стары настаўнiк i арганiзацыйны працаўнiк яшчэ з Бацькаўшчыны цешыўся, што ў асобе маладога юнака знайшоў добрую тэхнiчна-канцылярскую сiлу. Хутка зьявiўся першы нумар часопiса "На шляху", пасьля прыйшлi камунiкаты й розныя пiсьмы арганiзацыйнага характару. Быццам жаўранкi напрадвесьнi, цешыла роднае слова рассеяных суродзiчаў. Надыходзiў новы пэрыяд у жыцьцi выгнаньнiкаў. Лучылiся адзiнкi й групы, на чужой глебе паказалiся парасткi новага беларускага арганiзму.

Нягледзячы на афiцыяльны характар захадаў, шмат беларусаў не магло пазбыцца нагнанага да гэтага часу палякамi страху перад самавыяўленьнем. Арганiзаваньне йшло марудна. У кожным амаль адзьдзеле меншыя афiцэры стаўлялi розныя перашкоды. Адны застрашвалi, фабрыкавалi iнтрыгi й плёткi, iншыя адмаўлялi, трэцiя iгнаравалi просьбы iнiцыятыўных арганiзатараў, чацьвёртыя адкрыта ставiлi перашкоды й не дазвалялi анi нарадаў, анi тварэньня адзьдзелаў. Перамагаў ранейшы недавер i нялюбасьць палякаў да ўсяго чужога.

Адылi арганiзацыйнага прагрэсу беларусаў не ўдалось iм спынiць. Хутка расло новае цела. Выяўлялiся людзi, дужэў нованароджаны арганiзм. У Лондане навокал двух першых iнiцыятараў зьбiралася кiраўнiчая група. Адбывалiся паседжаньнi часовае ўправы Згуртаваньня Беларусаў у Вялiкай Брытанii, рабiлiся пляны першага агульнага зьезду, апрацоўваўся праект статуту, абмяркоўвалiся пляны куплi першага Беларускага дому.

IV

Зiмовым вечарам 1947-га году ў перапоўненай пiўнушцы лёнданскага раёну Сого пры колькiх сталах на покуцi сядзелi тры групы маладых жаўнераў. Сталы былi застаўленыя пляшкамi й шклянкамi зь пiвам. Жаўнеры ня прыглядалiся, здавалася, да каляровай публiкi, што тут зьбiралася. Таўставатая жанчына сярэднiх гадоў, перакулiўшы, вiдаць, некалькi порцый вiскi, барабанiла разбразганым пiянiнам i падпiтым голасам то цягнула "Му Johnу is over the ocean", то зноў вярталася да "Onlу Five minutes more"*.

* "Мой Джонi за акiянам", "Толькi пяць хвiлiн больш" (англ.)

Пры адным стале сядзелi Вiктар Сянькевiч, Кастусь Дзежка, Вiктар Караткевiч i Сымон Спарыш. Па суседзтву былi сябры, зь якiмi некалi пачалi супольную вандроўку з Паўночных казармаў на менскiм бруку. Ад гэтага дня мiнула два з паловаю гады. Час узбагацiў iх вялiкай практыкай, прыспорыў цярпеньняў i выкiнуў на чужы незнаёмы бераг. У сэрцах гарэў нязгасны зьнiч вялiкага каханьня да паняволенага народу. Няведаньне лёсу пакiнутых дома блiзкiх й найдаражэйшых, вечная журбота па родных, цяжкое перажытае ды няпэўнасьць заўтрашняга адлюстравалася як на iхных выглядах, так i ў духовых iстотах. За пару зь лiшнiм гадоў перажылi тое, што людзi ў нармальныя мiрныя часы праходзяць за дзесяткi, калi наогул спатыкаюць на жыцьцёвых дарогах сваiх нейкiя лiхалецьцi.

У пiўнушцы пры сталох былых менскiх кадэтаў вялiся ажыўленыя гутаркi. Шмат хто даўно мiжсобку ня сустракаўся. Заўтра мае адбыцца першы агульны зьезд Згуртаваньня Беларусаў у Вялiкай Брытанii, i гэта падзея была для iх ня толькi днём супольнае сустрэчы, але й пэўнага трыюмфу. Як-нiяк будавалi новае, пракладалi новыя шляхi на тым агульным шляху, якi некалi мае завярнуць на вызваленую Бацькаўшчыну.

Пад хмяльком дзялiлiся цяпер рознымi згадкамi зь перажытага, чутага, бачанага. Нагода-ж была першая й агульная.

- Маладзец ты, Вiктар. Адным словам, Капанскаму кажаш, межы беларускiя паказаў. Нявузка! - гаварыў Сянькевiчу Кастусь Дзежка. - За тваю працу мала цябе пахвалiць, але, мусiць, прыйдзецца й паставiць. Як ты думаеш, Сымон?

- Прапанову падтрымоўваю.

- Гэй! - паклiкаў Дзежка кельнара й замовiў чатыры вiскi.

- А ты помнiш, Кастусь, як мы ў Занеўскага твае боты ў Вiльнi на адыходзе з Бацькаўшчыны прапiлi? - прыгадаў Вiктар Караткевiч.

- I добра зрабiлi, а то чорту рагатаму Веньцю засталiся-б.

- Хапiла яму й Сымонавага кажушка.

- Ха-ха-ха! - зарагаталi дружна два Спарышовы сябры.

- Ты, мусiць, не ведаеш, Сянькевiч, пра Сымонаў кажушок. Трэба будзе табе пры нагодзе расказаць, - прыабяцаў Дзежка, а Вiктар Сянькевiч слухаў зь ветлiвай загадкавай усьмешкай.

Кельнар паставiў перад хлопцамi чатыры порцыi шкоцкага вiскi.

- Ну то, хлопцы...

- За што-ж вып'ем?

- Ты, Дзежка, прапануй.

- Сябры, як паперакульваем чаркi, то вобземлю iх, бо будзем пiць тост за нашу галоўную мэту! - прыўстаў Дзежка, а за iм i сябры.

- Добра. Дык аб гэтай мэце давай.

- Сябры! Прапаную выпiць за хуткае вызваленьне нашае Бацькаўшчыны! I давайце будзем старацца ўсiмi сiламi, каб тое вызваленьне прысьпешыць!

- За вызваленьне!

У адзiн мiг апусьцелi чаркi й адна за другой пырснулi кавалкамi дробнага шкла на падлозе ў кутку.

- Брава, хлопцы! - захапiўся Дзежка й зрокам нявiннага сустрэў устрывожаны погляд кельнара. Падхмеленая публiка прыцiхла, зацiкавiўшыся водгаласам шкла.

- А ты чаго, брат, так перапалохаўся? - гаварыў Дзежка кельнару. - За чаркi зараз плачу. Мы пiлi за вызваленьне! Разумееш? Адкуль ты можаш разумець. Ты думаеш, братка, што Гiтлер быў найгоршы, але пачакай. Ты ня ведаеш маскалёў!

V

Назаўтра вялiкая заля ў будынку на Лiндэн Гардэнс была перапоўненая жаўнерскай масай. Пазьяжджалiся з розных адзьдзелаў чужое армii, з усiх закуткаў Вялiкае Брытанii. Сабралася звыш паўтары сотнi сяброў i дэлегатаў. Было-б, пэўна, больш, калi-б не перашкоды шматлiкiх афiцэраў, якiя адмаўлялiся выдаваць пропускi на гэты, паводле iх, некарысны для польскiх iнтарэсаў зьезд. Але лёд быў праламаны. Першы зьезд Згуртаваньня Беларусаў Вялiкае Брытанii меў быць асноўнай вехай на шляху да самавыяўленьня й згуртаваньня беларусаў з польскае армii, а пасьля й iншых беларускiх эмiгрантаў у Ангельшчыне.

I гэтыя сябры й дэлегаты арганiзацыi, першыя жаўранкi першага ў гiсторыi беларускага зьезду-зьлёту ў Ангельшчыне, адчувалi ўрачыста-сьвяточны настрой дня. Як-нiяк гэта яны, сыны працоўнага беларускага народу, сяньня яшчэ жаўнеры-выгнаньнiкi, мелi палажыць трывалкiя падвалiны пад першую беларускую нацыянальна-грамадзкую арганiзацыю на гэтым iмглiстым абтоку. Вонкавай адзнакаю сьвяточнасьцi i ўрачыстасьцi была вялiкая "Пагоня" на сьцяне й засланы нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам стол прэзыдыюму.

Тыя, што гадамi ня бачылiся, доўга й сардэчна сьцiскалi рукi, знаходзiлi згубленых, здабывалi новых сяброў, сьмялелi й нанава ажывалi духам у вялiкай роднай грамадзе. Былi мiж iх тыя, што належалi да сваiх арганiзацый дома, былi й такiя, якiм нiколi не давялося быць сябрамi беларускiх гурткоў. I вось першы раз на вольнай, хоць i чужой зямлi зьехалiся яны, як вольныя людзi, каб абгаварыць i наладзiць справы, якiя ўсiм роўным цяжарам ляжаць на сэрцах. I самi радзiць, пастанаўляць будуць, супольныя раны гаiць i моцы ў далейшым змаганьнi за вызваленьне Бацькаўшчыны набiраць.

Старшыня Часовае Ўправы ЗБВБ прафэсар Гук адкрыў зьезд i цёплымi словамi вiтаў сяброў i дэлегатаў. Гаварыў з узрушэньнем, але выразна й паволi, быццам стараючыся нацешыцца сьведамасьцю гiстарычнага моманту.

- Сабралiся мы тут сягоньня, - гаварыў ветэран беларускага незалежнiцкага руху, - каб палажыць цьвёрдыя асновы пад нашу першую незалежнiцкую грамадзкую арганiзацыю ў Вялiкай Брытанii. Дзеля развагi дзьвюх асноўных праблемаў зьявiлiся мы ўсе ў Лёндан; першая зь iх - гэта праблема нас самiх, значыцца, нашага перадусiм арганiзацыйнага, а ў ня меншай меры й прыватнага, iндывiдуальнага жыцьця на чужыне, а другая - гэта праблема нашай паняволенай Бацькаўшчыны.

Мы ўсе сяньня стаiм на парозе новага й няведамага. Войска канчаецца. Мусiм iсьцi ў цывiльнае жыцьцё, выбiраць сабе месца жыхарства да часу, як мы надзеемся, ня так далёкага павароту на вольную Бацькаўшчыну. У сувязi з гэтым перад кожным з нас паўстае шмат праблемаў. Шматлiкiя зь iх кожны з нас вырашыць самастойна, але будуць i такiя, якiя лепш i з большым посьпехам вырашым супольна. Гэтае вырашэньне й дапаможа мiжсобку й будзе адной з асноўных мэтаў нашай новапаўсталай арганiзацыi.

Бацькаўшчына наша знаходзiцца сяньня ў маскоўска-бальшавiцкай няволi. Народ беларускi стогне ў непасiльным ярме маскоўскай калгаснай паншчыны, чужынцы паступова й мэтадычна эксплуатуюць ягоныя матэрыяльныя багацьцi й людзкiя рэзэрвы. Народ ня мае нiякага голасу ў справах свайго жыцьця й будучынi. За яго й ад iмя яго гавораць тыя, што яго прыгнятаюць. Бальшыня нас тут прысутных шмат цярпела пад цiскам нялюдзкай маскоўска-бальшавiцкай бязбожнай сыстэмы й дасканала ведае, цi можа ўяўляць сабе тое жахлiвае палажэньне, у якiм апынулiся нашы суродзiчы на Бацькаўшчыне.

Дзякуючы незалежным ад нас абставiнам, знаходзiмся мы на гасьцiннай ангельскай зямлi й хоць будзёншчына наша - цяжкая, будучыня - цёмная, а сэрцы нашы стала тужаць за Бацькаўшчынай, мы - вольныя людзi. Мы маем адно незаменнае й для жыцьця неабходнае, чаго ня мае паняволены народ наш: вольнасьць слова, рэлiгii, згуртаваньня, прапаганды, прыватнай собскасьцi й шмат iншых вольнасьцяў.

Такiм чынам, само палажэньне наша накладае на нас вялiкiя абавязкi. Перш за ўсё, безумоўна, як я ўжо раней успомнiў, будзем тут на зьезьдзе радзiць i абмяркоўваць, як дапамагчы самiм сабе. Грамадою гэта зробiм лягчэй i хутчэй. Але не забываймася аб нашым асноўным абавязку, гэта аб тым, што мы, як згуртаваная ўжо й сiльная адзiнка, мусiм расказаць сьвету аб здзеках над нашым народам, аб ягоным змаганьнi за вольнасьць i незалежнасьць, аб тым, што народ не жадае ўлады Масквы, што хоча сам гаспадарыць бяз прымусу крамлёўскiх чыноўнiкаў i iхных падхалiмаў. Вольны сьвет пра наш народ i ягонае вызвольнае змаганьне ведае мала або й зусiм ня чуў. Тут i ёсьць наша асноўнае заданьне: праз нашу грамадзкую й палiтычную працу, як тут, у Вялiкай Брытанii, так i ў iншых краiнах пасяленьня беларускае эмiграцыi, расказаць вольнаму дэмакратычнаму сьвету праўду аб беларускiм народзе, ягоным змаганьнi, правах дый мабiлiзаваць яму дапамогу...

Прафэсар Гук гаварыў даволi доўга. I расла, слухаючы яго, першая згуртаваная беларуская грамада ў Вялiкай Брытанii. Расла ўлiванымi ў сэрца надзеямi, сьведамасьцю сiлы ў супольнасьцi i ў рэалiзацыi агульных заданьняў i абавязкаў. Расла, будуючы першы, мо й часовы, дом на чужыне, каб спрычынiцца пазьней да пабудовы вольнага агульнанароднага. I рыхтавалася iсьцi штурмаваць недаступныя да гэтага часу чужыя ўрады, амбасады, арганiзацыi, прэсу, каб несьцi праўду пра Беларусь, каб знаёмiць чужых i прыхiльных зь лёзунгам вызваленьня, каб мабiлiзаваць паняволеным дома дапамогу. Ставiла першыя вехi на шляху сваiм, каб у будучынi не паўтарылася тое, што было ў мiнулым, i каб беларускi народ, калi прыйдзе наважальны дзень, меў за межамi вушы, што прыслухоўвалiся-б, сэрцы, што спачувалi-б, галасы, што закiнулi-б слова, i рукi, што дапамаглi-б.

Таронта, 1959-1960

Уладзiмiр Арлоў

Змагарныя шляхi Кастуся Акулы

(Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)

У кастрычнiку 1967 году эмiгранцкая газэта "Новое Русское Слово" паведамiла пра iнцыдэнт, што адбыўся ў дзень Савецкага Саюзу на сусьветнай выставе ЭКСПО-67 у Манрэалi: "Тысячы людзей сачылi за першым намесьнiкам Касыгiна - Палянскiм, якi рабiў агляд ганаровай варты, калi з боку секцыi прэсы пачуўся моцны голас, што разлёгся далёка над натоўпам: "Няхай жыве незалежная Беларусь!"... Адначасова адтуль паляцелi ўгору сотнi брашураў. Палiцэйскiя схапiлi чалавека, якi крычаў, i зацiснулi яму рот. Гэта быў беларускi пiсьменьнiк Кастусь Акула. Яго пратрымалi ў манрэальскай вязьнiцы пяць гадзiн, а ўвечары, заплацiўшы 25 даляраў штрафу "за парушэньне грамадзкага парадку", ён вярнуўся ў гатэль. I палiцыя, i судзьдзя паставiлiся да яго вельмi карэктна й зь няпрытоенаю павагай. Пра арышт Кастуся Акулы двойчы iнфармавала мясцовая й трансканадыйская тэлевiзiйная сеткi, у шмат якiх газэтах зьявiлiся разам з ягоным партрэтам паведамленьнi пра зьмест беларускай брашуры". Аўтарам працытаванай публiкацыi быў вядомы пiсьменьнiк нашага замежжа Юрка Вiцьбiч, якi не хаваў свайго захапленьня хай экстравагантным, але адначасова й мужным учынкам калегi, дзякуючы якому тысячы канадыйцаў даведалiся пра антынацыянальную палiтыку маскоўскага кiраўнiцтва, а шмат хто наагул упершыню ў жыцьцi пачуў, што ёсьць на сьвеце такая краiна - Беларусь.

Карэспандэнцыю Вiцьбiча я прачытаў недзе ў сярэдзiне 80-х, яшчэ да "перабудовы", у адной менскай кватэры, гаспадар якой, уладкаваўшы мяне нанач, трохi павагаўшыся, выцягнуў зь нетраў кнiжнае шафы колькi эмiгранцкiх выданьняў - пагартаць на сон. Дзякуючы гэткаму падарунку заснуў я толькi пад ранiцу.

Сярод тых кнiжак была i "Усякая ўсячына" Кастуся Акулы. Так адбылося маё першае знаёмства зь беларускiм пiсьменьнiкам зь берагоў Антарыё.

Потым раз-пораз трапляла да рук выдаваная спадаром Кастусём у Таронта газэта "Зважай". З кожнага нумару можна было даведацца што-небудзь такое, да чаго тагачаснай нашай "галоснасьцi" было яшчэ ой як далёка. Напрыклад - пра лёс дысiдэнта Мiхала Кукабакi, цi не адзiнага жыхара БССР, якi адкрыта пратэставаў супроць агрэсii 1968 году ў Чэхаславаччыну. Або - пра колькасьць вайсковых базаў з ядзернай зброяй, якiмi Беларусь была (дый застаецца) нашпiгаваная да такой ступенi, што ад адной згадкi пра гэта паўзе за каўнер халадок страху. Або - пра традыцыйную сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкi...

Буду шчыры: каб у тыя задушлiвыя гады, калi мы жылi пад пiльным вокам КДБ, калi пасланыя мною для хворага сэрца Ларысы Генiюш лекi iшлi па пошце з майго Полацку ў яе Зэльву два з паловаю месяцы, каб у тыя гады мне сказалi, што я буду рыхтаваць да друку творы заакiянскiх лiтаратараў-беларусаў у менскiм выдавецтве "Мастацкая лiтаратура", я ўспрыняў бы гэта як ня зусiм удалы жарт.

Але час раптам узбунтаваўся i з соннай азярыны ператварыўся ў хуткую рачную плынь, зрабiўшы немагчымае зусiм рэальным.

Завочнае знаёмства з Кастусём Акулам атрымала свой працяг улетку 1992-га, калi ён амаль праз паўстагодзьдзя вымушанага расстаньня з Бацькаўшчынай зноў ступiў на родную зямлю. Лёсу было заўгодна, каб мы пазналiся блiжэй не на шумных палiтычных мiтынгах цi зьездах, а на цiхiх вулiцах майго роднага Полацку, куды заакiянскага госьця запрасiлi сябры гарадзкога гiстарычнага клюбу "Вытокi".

Нас, палачанаў, не магла не падкупiць неўдаваная зацiкаўленасьць спадара Кастуся станам архiтэктурных помнiкаў, якiм лёсiла ўратавацца ад шалу сучасных герастратаў. Не магла не крануць шчырасьць малiтвы ў Спаса-Еўфрасiньнеўскай царкве, на рэстаўрацыю якой таронцкi госьць зрабiў ахвяраваньне. Навет яго раптоўная рэзкасьць таксама падабалася, балазе падставы для яе былi - i няздатнасьць зьвязаць двух слоў падзякi на роднай мове ў тутэйшага беларуса, якому прывезьлi ад замежных сваякоў падарунак, i нетактоўнасьць людзей, што не давалi застацца ў храме сам-насам з мошчамi сьвятой Еўфрасiньнi...

Там, на старажытным гарадзiшчы часоў Рагнеды, на замчышчы, "дзе Сафiя плыве над Дзьвiною, нiбы карабель", каля магiлы Янкi Журбы на Ксавэраўскiх могiлках, у Спасаўскiм манастыры, пад час сустрэчы з полацкiмi лiтаратарамi, я пакрысе ўведаў асноўныя вехi жыцьцёвай дарогi заакiянскага паломнiка.

Выявiлася, што Кастусь Акула - колiшнi Аляксандар Качан, якi прыйшоў на сьвет 16 лiстапада 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеi, што паблiзу ад чыгуначнай станцыi Каралеўшчына (цяпер гэта Докшыцкi раён Вiцебскай вобласьцi). Бацькi - Iгнат i Паўлiна - мелi, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей ды дванаццаць гектараў ворнай зямлi. Мацi сканала ад хваробы i была пахаваная ў Вiльнi на пачатку верасьня 1939-га (спадар Кастусь марыць знайсьцi яе магiлу i паставiць там помнiк). Бацька iмкнуўся даць сынам i дочкам асьвету.

Кастусь - будзем карыстацца цяперашнiм iмем - вучыўся сьпярша ў пачатковай польскай школцы, пасьля - у савецкай. У часе нямецкае акупацыi скончыў у Глыбокiм шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы i пасьпеў паспытаць хлеба вясковага настаўнiка. Увосень 1943-га здаў iспыты ў апошнi, восьмы кляс Вiленскай беларускай гiмназii. Пазьней, у газэце "Зважай", ён будзе прыгадваць той час: "Ззамоладу прываблiваў мяне Полацак... Раньняй восеньню 1943 году мы, тры студэнты зь Вiльнi, пастанавiлi наведаць старадаўнюю сталiцу Беларусi над Дзьвiной. Таварным цягнiком трэба было ехаць "на зайца", бо нямецкiя акупанты дазвалялi на чыгунку адно сваймi "райзэшайнамi", а ў Вiльнi здабывалi iх хiба толькi польскiя спекулянты за адпаведных разьмераў "лапуўкi". Удалося за два днi празь Дзьвiнск даехаць да Дзiсны, а там загарадзiлi нам далейшую дарогу нейкай ваеннай сьцяной... Плакаць хацелася".

Хлапцу не пашчасьцiла не толькi трапiць у Полацак, але i скончыць гiмназiю: пад час адной з паездак дадому трапiў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынiлася трыма месяцамi нямецкай вязьнiцы й месяцам канцлягеру, што быў паблiзу Камароўкi.

Чэрвень 1944-га - паступленьне добраахвотнiкам у Менскую школу камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, а праз колькi тыдняў - эвакуацыя навучальнай установы, якая так i не пасьпела афiцыйна адкрыцца. Чыгуначныя эшалёны, бамбёжкi, першыя маршы па дарогах Эўропы. Напрыканцы жнiўня таго ж году школа арганiзавана перайшла да францускiх партызанаў - макiсаў. Кастусь уступiў у 8-ю брытанскую армiю ў Iталii, браў удзел у баёх зь гiтлераўцамi на Апенiнскай паўвыспе, памяткаю аб чым засталiся ўзнагароды - ангельскi "Медаль за вайну" i "Зорка Iталii".

Вяртаньне на радзiму абяцала поўны набор сацыялiстычных радасьцяў ГУЛАГу. (Там загiнуў бацька пiсьменьнiка.) Памiж Беларусьсю, але паняволенай, i чужынаю, але свабоднай, Кастусь Акула выбраў другое.

Жыцьцё ў вольным сьвеце пачалося з польскай вайсковай школы ў Ангельшчыне. Потым - пераезд у Канаду, праца на фарме. Таронта, дзе спадар Кастусь пасялiўся з мэтаю заснаваць беларускую нацыянальную арганiзацыю. У 1948 годзе такая арганiзацыя - Згуртаваньне беларусаў Канады - была створаная, i Акулу абралi яе першым старшынём. Наперадзе чакалi грамадзкiя клопаты, палiтычныя акцыi, што мелi немалы розгалас у прэсе.

Зарабляў на жыцьцё ў прамысловых кампанiях. Ажанiўся з беларускаю Надзяй Вернай, што нарадзiла яму чацьвярых дзяцей...

I, вядома, творчая праца ў журналiстыцы i на лiтаратурным палетку, якая, па словах спадара Кастуся, давала добрую духоўную падтрымку ў нялёгкiм эмiгранцкiм быце. З 1948 да 1954 года ён рэдагаваў штомесячную газэту "Беларускi эмiгрант". Быў сябрам рэдкалегii расейскамоўнага таронтскага часопiса "Современник", супрацоўнiчаў з парыжскiм "Континентом". У 1962-м пабачыла сьвет першая кнiга.

Шмат якiя факты свайго жыцьцяпiсу Кастусь Акула дапаўняе i ўдакладняе калярытнымi й дасьцiпнымi аўтабiяграфiчнымi абразкамi пад агульнаю назвай "Россыпы", зьмешчанымi ў згаданай ужо кнiзе "Усякая ўсячына" (Таронта, 1984).

Вось першыя ўражаньнi ад польскай "паўшэхнай" школы, дзе настаўнiца спачатку на чужой, незразумелай мове дапытвалася пра "назьвiско", а потым "дала аловак ды пасадзiла на пярэдняй лаўцы... й загадала рысаваць сабачую будку".

Вось абразок "Нацыянальнасьць": "Першы раз давялося пачуць, што мы Беларусы й што мова наша беларуская пад час пярэпiсi насельнiцтва ў 1931 годзе. Два паважныя паны заселi за стол у нашай хаце, сабраўшы ўсю Качанову сям'ю, ды кажнага па чарзе пыталi iмя. I памятаю, што сарамнавата было перад такiмi важнымi ўраднiкамi замурзаны твар паказваць, але на iхнае пытаньне бойка адказаў: "Аляксандар". Ды найбольш зьдзiвiла, што бацька на пытаньне: "Нацыянальнасьць?" адказаў: "Беларус". Было мне тады шэсьць гадоў".

А вось "Паланiзацыя праз Марусю" - пра старэйшую сястру, што прыехала на вакацыi з польскае вучэльнi ў Новай Вiлейцы ды ўзялася з усiм дзявочым iмпэтам "паланiзоўваць" сям'ю, аж пакуль бацька Iгнась, паволi налiўшыся чырваньню ды падкруцiўшы вусы, не зьняў з крука папругi...

Знаёмства ў 1939-м з савецкай уладаю таксама пакiнула ў душы вечную засечку: "Першай зiмой, як вызвалiла нас ад усялякага дабра бальшавiцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмi й гаспадаркай... Бацька будзiў мяне зiмою дзесьцi а гадзiне чацвёртай ранiцай i пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кiлямэтры мястэчка...

У адзiн марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргi. Калi мяне прыперлi да клямкi, нешта кальнула ў грудзi. Я самлеў. Калi ачуняў, не мог адразу сьцямiць, дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на сьнезе, чаму так балела ў левай грудзiне? Вецер немiласэрна сьцёбаў дзьве "чырвоныя анучы" - сьцягi над дзьвярамi крамы, а вышэй iх, на вялiкiм i доўгiм чырвоным палатне, белыя лiтары крычалi: "Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство!"

Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзi, няйнакш, звярамi парабiлiся. Пакiнулi мяне, скалечанага, самлелага на сьнезе... Лекара не было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасьля пачуў я ад медычнага афiцэру Восьмай армii ў Iталii: "А дзе й калi ты рэбры паламаў?"

У "Россыпах" пiсьменьнiк зьмясьцiў i свае юначыя вершы, друкаваныя ў беларускiх газэтах у 1943-1944 гадах, калi ў Аляксандра Качана зьявiўся першы лiтаратурны псеўданiм - Мiхась Козыр. Тады-ж ён упершыню даведаўся, што такое цэнзура. Калi ў "Беларускiм голасе", якi лацiнкаю выдаваў Францiшак Аляхновiч, быў апублiкаваны верш Козыра "Прывiтаньне Вiльнi", ён прынёс семнаццацiгадоваму аўтару не ўсьцеху, а горыч: нямецкi або летувiскi цэнзар зьняў цэлую страфу:

Прывiтаньне табе, Вiльня!

Слаўны горад Крывiчоў,

Места памятак магiльных

Нашых прадзедаў, дзядоў.

Больш радасьцi падараваў паэту-пачаткоўцу апублiкаваны ў красавiку 1944-га ў газэце "Ранiца" верш "Вяльля".

Вецер цiхi, лагодна купаецца ў хвалях,

Махам крыльля пяшчотна ласкае iх гладзь.

Косы сонца ў вясновых цудоўных каралях

Рассыпаюцца ў тонь, каб з вадой пагуляць.

Плыве цiха Вяльля, поўна велiчы, казкi,

Палыскуе блакiтам чароўна ўдалi,

Вее подыхам лёгкiм, чуцьцём дзiўнай ласкi

Да радзiмае мацi, крывiцкай зямлi.

Вершы Кастусь Акула пiсаў i потым. Здаецда, найбольш атрымлiвалiся ў яго трапныя i па-добраму злыя насьледаваньнi-пародыi на рыфмаплёцтва ўлаўраных "песьняроў", што сьпявалi асанну "партыi роднай".

Апрача аўтабiяграфiчных згадак, вершаў, фельетонаў i нарысаў з жыцьця беларускай дыяспары, чытач "Усякай усячыны" знойдзе ў кнiзе камедыю ў трох дзеях "Тараканы ў саладусе", галоўныя дзейныя асобы якой паходзяць зь сялянскай сям'i Сьцяпана Пiнкевiча, што, шукаючы лепшай долi, пераяжджае ў Канаду. Мiж iншым, гэтая п'еса разьвенчвае створаны некаторымi празьмерна захопленымi айчыннымi журналiстамi мiф, паводле якога за акiянам што нi беларус - то палымяны патрыёт ды нястомны захавальнiк роднае мовы. Праз тры гады Пiнкевiчы ўжо маюць свой дом, але затое ўжо не маюць свайго прозвiшча, замянiўшы яго на Пiнк. Другая дзея пачынаецца са сцэны, калi Сьцяпанава жонка Марыля лiчыць, раскладаючы па кучках, даляры, а яе сынок Васiль (ён жа - Бiл) лётае вакол з захопленым крыкам "How much money!" ("Колькi грошай!").

I ўсё ж Кастусь Акула найперш празаiк.

"Сядзьце побач, - даверлiва зьвяртаецца ён да чытача, - падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю, як некалi Стэндаль, зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Цi мала хто мяне за маю пiсанiну дзiваком лiчыць. Вы, пэўна-ж, з адлегласьцi часу, iнакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазiрнуць у мой сьвет, а я ў ваш анiяк не магу..."

Зазiрнуўшы ў сьвет К.Акулы, вы, напэўна, не пашкадуеце. У лепшых сваiх творах пiсьменьнiк па-беларуску грунтоўны, схiльны да роздуму й чуйны да дэталi, нясьпешлiвы й паважны. Але зьнячэўку - i зноў-жа зусiм па-беларуску возьме ды напiша нешта накшталт "Запiсак Яўхiма Крайняга" з эпiграфам "Каму прысьвячаю, той сам адгадае". А прысьвячаюцца гэтыя вясёлыя замалёўкi жыхарам канадыйскага мястэчка Сторывiла, дзе (як напiсала-б савецкая прэса пра якi-небудзь наш заводзкi пасёлак) "у дружнай сям'i прадстаўнiкоў розных народаў" жывуць i беларусы. Праблемы ў сторывiльцаў, што праўда, трохi розьняцца з нашымi. Бальшавiкi, да прыкладу, запускаюць у космас штучны спадарожнiк з сабакам, а жыхарства Сторывiла - не каб разам з усiм прагрэсiўным чалавецтвам пляскаць у ладкi - распачынае змаганьне супроць зьдзекаў з жывёлiны, рыхтуе пратэст у савецкiм пасольстве ды разам са сваймi чацьвераногiмi сябрамi зьбiраецца ў зале ратушы на мiтынг, куды потым мусiць, дзеля падтрымкi патрабаваньняў - нехта запускае цэлую грамаду катоў...

Загрузка...