Вёска Альбрэхтаў, як i тысячы iншых прускiх вёсак, мела высланую гладкiмi камянямi вулiцу, свой "гастгаўз" (у дадзеным выпадку "Рэшкэ гастгаўз"), сваю стараватую мураваную лютэранскую сьвятыню зь вялiкiм пляцам каля яе, школу, дзе размясьцiлiся таксама нашы жаўнеры, ну i ясна - колькi дзесятак гаспадарак.

Вёска Альбрэхтаў, пэўна-ж, мела сваю гiсторыю й традыцыi, мо й свой характэрны дыялект i сваiх баб-плётак ды наагул усё, што складае вясковае жыцьцё. Гэтымi дэталямi новапрыбылыя жаўнеры ня цiкавiлiся, а каб i цiкавiлiся, дык што з таго? Час iм на тое не пазваляў. Затое iх абыходзiла ўсё, што беспасярэдна адносiлася да iх, а да гэтага ў самую першую чаргу належалi дачыненьнi да iх прускiх баўэраў i наагул мясцовых немцаў. Трэба-ж не забывацца, што першы раз у сваiм жыцьцi апынулiся яны ў нямецкай вёсцы й тут мелi сустрэцца з карэннымi жыхарамi, што не насiлi вайсковых мундзiраў.

Гэтак, у самы першы дзень побыту ў Альбрэхтаў, калi была зробленая зборка, зьвязовы Турн яшчэ раз, адно з шмат большым нацiскам паўтарыў i прыпомнiў тое шнайдараўскае "кайн Руслянд", што iм так ужо ўелася ў памяць. Турн сказаў, што яны ўжо цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, што Нямеччына гэта не Расея i што ўсiх рэчаў, якiя можна там - у Расеi, тут нельга рабiць. Пад гэтым разумеў, што ў Расеi можна красьцi, можа, й забiваць, а тут - у Нямеччыне, усяго гэтага рабiць нельга. Не адзiн з юнакоў пачырванеў ад злосьцi, яшчэ раз слухаючы тую зьнявагу. Але што-ж зробiш?

Калi малы Лабуня, неяк iдучы па вулiцы, кiнуў вокам на яблыкi, што сваiм цяжарам зьгiналi сукi шматлiкiх дрэваў у садзе аднаго баўэра, то навокал, адкуль нi вазьмiся, сабралася група малых падросткаў-немцаў, што махалi кулакамi й пагражалi яму, быццам злодзею. Вiдаць, дзецi былi ўжо навучаныя старэйшымi. Беларусы адразу заўважылi, што, дзе-б яны нi павярнулiся, цi то на вулiцы, цi ў загуменьнi, iх сачыла не адна пара вачэй - быццам разбойнiкаў цi зладзюгаў, якiм нiяк нельга было давяраць. Ясна, што такiя "добрасуседзкiя" дачыненьнi выклiкалi са свайго боку й нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да немцаў. Варожасьць да сваiх афiцэраў i падафiцэраў, што нарадзiлася пад Варшавай цi яшчэ раней, цяпер паглыбiлася i ўгрунтавалася ў сэрцах маладых беларускiх патрыётаў пры сутычцы з прусакамi.

Ужо на другi дзень немалая частка роты пашла на вясковы пляц на страявыя заняткi, а iншым было загадана йсьцi да баўэраў на працу. Сымон i Вiктар пайшлi касiць жыта да гаспадара, у якога затрымалася рота. Iшло цяжкавата. Па-першае, яны былi амаль галодныя. Кожны касец ведае, што на чорнай каве й кавалку хлеба надта не накосiш. Нязручныя цяжкiя нямецкiя косы з крывымi касавiдламi нiяк не спрыялi працы. На далонях хутка паднялiся чырвоныя, набеглыя крывёю мазалi. Разам з Сымонам i Вiктарам працаваў на полi паляк, што служыў у баўэра ўжо пяць год. Ён разгаварыўшыся, наракаў на немцаў i свой дрэнны лёс. Каля абедняе пары касцы зусiм аслаблi. Калi вярнулiся на абед, Турн спытаў:

- Ну, як працавалася? Не лянiлiся?

- Працавалася так сабе. З пустым жыватом надта-ж цяжка касiць, - адказаў Сымон.

- Як гэта? - насупiўся зьвязовы. - Што, ты ранiцай не атрымаў кавы цi хлеба не маеш?

- Я пiў каву, але на вадзiчцы надта не накосiш. Цьвярдзейшым чым-небудзь на такую працу пасiлкавацца трэба.

- Альфонс! - клiкнуў гаспадара зьвязовы Штык, што быў прыкамандыраваны да роты ў вёсцы. - Гэтыя два пойдуць да цябе на абед.

Баўэр быў ужо выхiлiў галаву цераз адкрытае акно й сам, мусiць, хацеў клiкаць работнiкаў на абед.

- Спарыш! - гукнуў Сымона Турн. - Аддай каму свой кацялок, каб прынёс тваю абеднюю порцыю зупы, вечарам зьясi. Абед у немца складаўся з кавалачка мяса, аблiтага сосам, тоўчанай жменькi бульбы, тоненькай ськiбачкi хлеба й кубка масьлянкi. Умясьцiўшы той скупы абед у жываце ды яшчэ наверх уплёўшы порцыю гарохавае зупы, прынесенай з жаўнерскае кухнi, Сымон i Вiктар зусiм нядрэнна падсiлкавалiся. Пасьля паўдня зноў пайшлi ў поле вязаць снапы. Працавалi паволi, шмат гаварылi, але не стаялi. Дзень быў сьпякотны, ды надта й перапрацоўвацца ня было для каго. Пад вечар прыйшоў гаспадар i, агледзеўшы зьвязаныя снапы, сказаў, што малавата зрабiлi й каб iшлi дадому. Было тое незадоўга перад канцом працы, й хлопцы здагадалiся, што прусак адсылае iх загадзя, каб ня даць вячэры. Вiктар з Сымонам, вярнуўшыся, заселi зь iншымi сябрамi гуляць у "ачко" i так прагулялi той час да вячэры. Даводзiлася iм працаваць яшчэ пару дзён у таго Рэшкэ, што меў гасподу. Калi хлопцы прыйшлi на абед, гаспадар - пузаценькi пяцiдзесяцiгадовы падсiвелы немец, загадаў мыцца ў хляве, а пасьля казаў яшчэ звазiць дровы. Юнакi моцна пакрыўдзiлiся й сакавiта лаялiся, iдучы дадому.

IV

Яшчэ на Бацькаўшчыне давялося Сымону аднойчы пазнаёмiцца з адным беларусам, што меў прэтэнзii быць пiсьменьнiкам, дый сапраўды тое-сёе пiсаў i там-сям друкаваўся. За часоў нямецкае акупацыi працаваў нейкiм малым канторшчыкам пры Генэральным Камiсарыяце, дзе й сталаваўся. Гэта быў, сьцiпла гаворачы, немафiл. У кожным нямецкiм учынку бачыў штось асаблiвае, вартае насьледаваньня. Здаецца, што й сапраўды ўважаў немцаў за вышэйшую расу "гэрэнфольк". Сымон быў перакананы, што навет i самога сябе той пiсьменьнiк уважаў за iстоту, якая немцам далёка не раўня.

- Ты паглядзi на немцаў вунь, - гаварыў неяк Сымону пiсьменьнiк, - вось дык культурны народ. Гэта цi бачыў хто! Хаджу на абед у сталоўку Генэральнага Камiсарыяту. Дык што ты думаеш? Ня толькi чысьценька з талерак ядуць, што нiводнай макулiнкi не марнуюць, але ўжо калi йдзе аб хлеб, дык, глядзiш - i ўчарашнiя чорствыя скарыначкi падчысьцяць ды яшчэ й крошачкi пазбiраюць. Вось гэта дык культура! Гэта дык народ!

Сымону пазьней часьценька прыгадвалiся тыя словы. Мо й трэба з пашанаю адносiцца да эканомнасьцi й ашчаднасьцi, - думаў Сымон, - ды часамi ня толькi варта, але прост-напраст неабходна. Адно калi йшла гаворка пра тую пiсьменьнiкаву заўвагу адносна немцаў, дык Сымон дабачваўся там i нечага iншага. Будучы ў Прусii, заўважыў ненармальную нямецкую скупасьць. Адна рэч, калi казаць пра нямецкую скупасьць у дачыненьнi да чужых, але-ж яна, скупасьць гэтая, не абмяжоўвалася толькi чужымi, абымаючы ўсiх - у тым лiку й сваiх нямецкiх жаўнераў. Нiколi, прыкладна, не давялося Сымону бачыць, каб нейкi нямецкi баўэр пачаставаў цi хаця-б даў што-небудзь свайму нямецкаму жаўнеру. Тут вайсковыя не хадзiлi так па вёсках, жабруючы й просячы: "Матка, яйка, матка, шпэк", як гэта рабiлi ў Беларусi.

Праўда, былi розныя гiтлераўскiя строгiя правы аб падатках, усё ў кожнага баўэра было праверана й падлiчана - i жывёла, i маёмасьць, i цэлы дабытак. Але-ж тое было i ў Беларусi, куды ў большай меры экспляатаванае акупантам.

Як ужо тыя акупанты нi душылi бедных беларускiх сялян, якiм ужо не ставала самiм не толькi хлеба, а часамi й бульбы. У найцяжэйшыя ваенныя часы беларусам нiяк нельга было раўняцда да прускiх баўэраў. I зноў у Сымонавай памяцi ўваскрасала доўгая, здавалася, бясконцая, худая, абарваная калёна шкiлетаў палонных з Чырвонае Армii. Калёна мiнае Сымонавую вёску. Сялянкi, панабiраўшы ў пелены што было ў хаце пад рукою - скарынкi цi акрайцы хлеба, вараную бульбу, выходзяць да дарогi й шпурляюць яду ў калёну. Чуваць крыкi палонных, яны кiдаюцца кучамi на яду, сьмерць косiць бедных людзей жалезьзем зь нямецкiх аўтаматаў.

Беларусы, самi бедныя, абрабаваныя, ледзь не жабракi, дзялiлiся з беднымi людзьмi апошнiмi кавалкамi хлеба, а хто й таго ўжо ня меў - бульбiнай. I цi зрабiлi-б гэтак нямецкiя баўэры? Сымон быў перакананы, што не. Гэта - народ без душы, без спачуваньня.

З гэткага параўнаньня прыходзiла юнаку ў галаву думка, што народ ягоны быў адным з найлепшых, найбольш гасьцiнных, спагадных у бядзе. Меў вялiкае, гуманнае, поўнае хрысьцiянскае любовi сэрца. Яно абымала полымем каханьня ня толькi сваiх родных дзяцей - беларусаў. Войны паказалi, што навет жаўнер акупанта, калi ён быў галодны й папрасiў у беларускага селянiна кавалак хлеба, дый цi толькi хлеба, нiколi не адыходзiў ад дзьвярэй з пустымi рукамi. I магчыма, што беларускi народ якраз за такую сваю дабрату так шмат пацярпеў на працягу цэлае гiсторыi ад iншых. Мо ён быў зашмат даверлiвы, занадта добры, цераз меру спагадны.

Нараканьнi прускiх баўэраў, што быццам беларусы iх аб'ядаюць, а ня едуць на фронт, былi зусiм недарэчныя. Па-першае, жаўнеры хадзiлi паўгалодныя. Ужо як тады будзе на фронце, думаў цi адзiн зь iх, калi тут, дзе павiнны быць нармальныя даставы, даводзiцца галадаваць. Па-другое, калi вы хочаце, каб вас баранiлi, разважалi беларусы, дык хаця накармiць галодных выпадала-б. Iншыя, у злосьцi на немцаў, кiдалiся ў крайнасьцi.

- Чакайце, вы, швабы! - пагражалi немцам. - Хоць ня з нашых рук, але дастанеце вы хутка. Вам бальшавiкi пакажуць, дзе ракi зiмуюць!

V

У кожнай сям'i - гаворыць народная мудрасьць - бывае паршывая авечка. Знайшлася адна i ў дванаццатай роце. Даўно заўважылi сябры, што Курэц меў зладзейскiя прывычкi. Гэта быў чарнявы, вастраносы, з зялёнымi вачыма, слабой iнтэлiгентнасьцi хлапчук. Ужо цi раз бачылi, як ён то там то сям, бывае, якую малапатрэбную рэч у кiшэню суне. Мо яна й нiколi яму не прыйдзе ва ўжытак, але ўсё-ж сьцiбне, от так - толькi з прывычкi. Дык i ня дзiва, што ў Альбрэхтаў адзiн цi другi ў роце заўважыў: глядзi, як Курэц вунь носам водзiць. Ужо цi не наважыў ён там што налева зрабiць...

I калi здарылася гiсторыя з гуркамi, то ўсе адразу падазравалi Курца, хоць не шмат хто ў яго тыя гуркi бачыў.

Было гэтак. У баўэра, у якога рота затрымалася ў пунi, на панадворку, тут-жа каля вулiцы й калодзезя, расьлi гуркi. Гэта быў малы, трохкутны, абгароджаны частаколам, лапiк. Ведама, як немец выкарыстоўвае кожную пядзю зямлi. Тут-жа й выгадна было, ня трэба здалёк ваду на палiўку прыносiць адразу каля студнi. Усе былi заўважылi тыя гуркi, што, як парсюкi, ляжалi на малых лешках. Уночы звычайна стаяў тут-жа вартавы. Гэтак было i ў тую ноч, калi гуркi прапалi. Ранiцою некаторыя зь немалым зьдзiўленьнем пабачылi, што бальшыня гуркоў зьнiкла мiнулае ночы, а на лехах засталiся сьляды панабiваных цьвiкамi падноскаў вайсковых чаравiкаў ды паломанае калiўе.

Як-жа тут знойдзеш злодзея? Вартавыя нiчога ня бачылi (i як-жа маглi не бачыць?!), нiхто да пакражы не прызнаваўся. Колькi нi рабiў скандалу баўэр, колькi нi муштраваў цэлую роту нямецкi падафiцэр, нiхто пра гуркi нiчога ня ведаў. Ды i з самой роты, ясна, бальшыня нiчога ня ведала, а тыя, што ведалi, маўчалi.

- Няхай сабе, калi ў нас i ёсьць злодзей, дык ён наш. Нашто дазваляць немцам каб каралi яго, - мяркавалi некаторыя. Гэта былi ўголас выказаныя думкi бальшынi роты.

Як i раней, пры страйку за "фарфлюктарам", рота выказала поўную салiдарнасьць. Няхай i шмат хто думаў пра Курца, былi-ж i такiя, што ведалi дый разам спажывалi, але нiхто не паказаў пальцам. Колькi-ж за гэта прыйшлося ўсiм, падаючы й падымаючыся, пабегаць па полi, колькi немцу давялося дзерцi глотку. Злодзея так i ня выкрылi.

Пасьля нейкае нядзелi побыту ў Альбрэхтаў прыйшла ў адзьдзел вестка, што цэлая трыццатая дывiзiя будзе перакiнутая ў Францыю. Адзьдзелы ад'язджалi чаргова, ладуючыся на цягнiк на станцыi Розэнбэрг. Неяк аднойчы пад вечар прыйшоў у дванаццатую роту загад падрыхтавацца да ад'езду. Рыхтавалiся дацямна й чакалi. Позна вечарам загад быў адклiканы. Яшчэ чатыры днi затрымалiся на месцы.

VI

Зараз на загуменьнi на скошаным жытнiшчы адбывалiся заняткi. Гэта былi самыя элемэнтарныя вайсковыя практыкаваньнi. Вучылi маршыраваць роўным крокам, паварочвацца, салютаваць, трымаць у розных позах зброю. Звычайна заняткi праводзiў нямецкi зьвязовы Штык. Каманда ўжывалася нямецкая, а не беларуская як у Менску, i ня ўсе добра цямiлi нямецкую мову. Звычайна перакладчыкам служыў Вечка, высокi чарнявы худы хлапец з-пад Баранавiчаў. Штык дзялiў роту на зьвязы, даваў беларускiм зьвязовым iнструкцыi, каб праводзiлi тыя самыя практыкаваньнi ў сваiх зьвязах, а сам хадзiў i наглядаў. Амаль кожны дзень з роты выдзялялi каля пяцi чалавек, якiя пасылалiся на працу да нямецкiх сялян.

Часьценька заняткi ў роце праводзiў шэф Кацынскi. Выпадае пазнаёмiцца зь iм крышку блiжэй. Гэта быў "фольксдойч" (фактычна паляк) з Быдгошчы. Гаспадарчы падафiцэр дванаццатае роты сяржант Грамыка служыў разам зь iм у польскiх уланах у Грудзёндзу, дзе Кацынскi адбыў 18 гадоў. Лёгка было заўважыць у яго вайсковыя ўхваткi. Шэф насiў боты з кароценькiмi халяўкамi i нагадваў, як здавалася Сымону, то жолуд, завостраны зьверху, то, iншым разам, растапыраны камель зношанай мятлы. Мо да гэтага крыху спрычынялiся адтапыраныя нiзы мундзiра, востры вялiкi нос цi навет i тая ўланская, вельмi характэрная хада. Росту Кацынскi быў высокага. Падоўжаны твар быў сьпераду закончаны даўгiм шылаватым носам. Шпарка й злосна пазiраючы на ўсе бакi, верцячыся навокал, быццам тыя сьвярдзёлкi, бегалi нясупынна маленькiя вочы. Цяжка было разрозьнiць, цi Кацынскi сьмяяўся, цi моршчыўся ад злосьцi. А мова! Што гэта за мова! Калi пачынаў камандаваць, то вусны яго плявалi несупынным ручаём словаў нямецкiх, польскiх i чыста мазурскiх.

Бывала зранку, пасьля сьнеданьня, службовы зробiць зборку ўсёй роты i паставiць у тры шэрагi. Кацынскi стаiць воддаль i прыглядаецца. Прыняўшы ад падафiцэра рапарт, фэльдфэбэль пачынае:

- Асhtung! Gerade aus! Rownaj, rownaj! Таm, psiakrew, bzusek do tylu! Jesce, jesce! Verfluchte Mensch, wieviel mal muss ich sagen?!*

* Увага! Раўняйся, раўняйся! Там, пся крэў, жывот назад! Яшчэ, яшчэ! Колькi я павiнен табе таўчы?! (ням. i польск.)

Калi той, што не схаваў жывот - "bzusek do tylu", не зьвярнуў належнае ўвагi на "фольксдойчавы" словы, Кацынскi падбягаў да вiнаватага рэкрута, браў абедзьвюма рукамi яго сьпераду за плечы ды правым каленам з усёй сiлы пхнуў у жывот. Ясна, пхнуў ён не шкадуючы, так што гаспадару жывата ўжо не хацелася высоўвацца задалёка наперад круглай часткай свайго тулава. Калi пасьля сакавiтае лаянкi Кацынскi выраўняе ўсе тры шэрагi i калi побач няма старшага лейтананта камандзера роты Петрыка, ён iдзе павольна перад фронтам i прыглядаецца да кожнага паасобку. Баранi Божа, калi ў цябе незашпiлены гузiк або брудныя чаравiкi. Ой i дастанецца-ж! Звычайна спаганяў усю злосьць на Мулагу.

Бывае-ж амаль у кожнай роце адзiн найбольш неахайны й недалужны, а з прычыны гэтага - звычайна "ахвярны казёл". Гэткi знайшоўся i ў дванаццатай. Мулага быў цi не найбольшы за ўсiх ростам. Здавалася, што ён слаба панаваў над часткамi свайго цела. Ня было агульнай каардынацыi, гармонii. Хадзiў, быццам складаны з кавалкаў. Дый цi толькi хадзiў. Усё рабiў ня так, як належылася маладому й рухаваму хлапцу.

- Вы ведаеце што? - жартаваў адзiн зь сяброў. - Сяньня прачнуўся я й гляджу: Мулагаў азадак ужо стаiць на варце, а галава яшчэ сьпiць.

Мулага хутка стаўся пасьмешышчам роты. Што-б нi рабiў, усё выходзiла быццам не сваймi рукамi. Калi й гаварыў, то здавалася, што язык адмаўляўся яго слухаць. I найбольш караны быў за сваю павольнасьць. У той час, калi ўсе ўжо пасьнедаюць, апрануцца, пачысьцяцца й павыходзяць на зборку, Мулага яшчэ толькi канчае есьцi. Ня тое што многа любiў есьцi, калi было што, бо й росту быў вялiкага й патрабаваў, але надта-ж паволi варушыў пры ядзе ськiвiцамi. Здаралася, што прыбяжыць на зборку з выпушчанай наверх нiжням кашуляй або без аднае цi дзьвюх брызентавых халявак, якiмi абкручвалiся й зашпiльвалiся каля чаравiкаў нiжнiя канцы нагавiцаў.

Спынiцца "фольксдойч" перад Мулагам i ўвесь, пачырванеўшы, як бурак, аж анямее ад злосьцi.

- Мulaha! - раўне на ўсю глотку фэльдфэбэль. - Verfluchte Mensch! Наst du keine Zeit Ordnung zu machen? Вiдзiш там то дзеўко? - пакажа Кацынскi пальцам на суседняе дрэўца. - Forwaerts maarsch! - Мулага бяжыць па-маленьку. - Lauf, lauf, Mensch! Schnell, schnell!* - раве ўсьлед Кацынскi, Мулага паскорыць крок.

* Мулага! Ах ты, пракляты! Няма часу навесьцi парадак? Наперад марш! Гэй ты! Бяжы, бяжы! Хутчэй, хутчэй! (ням.)

- Нinlegen!* - загадвае шэф.

* Кладзiся! (ням.)

Мулага падае.

- Auf!* - камандуе фэльдфэбэль.

* Падымайся! (ням.)

Мулага падымаецца.

- Нinlegen! Аuf! Hinlegen! Auf! Links marsch! Schnell, schnell! Hinlegen! Auf! Zurueck marsch! Hinlegen! Auf!*

* Кладзiся! Падымайся! Кладзiся! Падымайся! Налева! Хутчэй, хутчэй! Кладзiся! Падымайся! Назад марш! Кладзiся! Падымайся! (ням.)

Каманды Кацынскага - падаць i падымацца на бягу - так хутка чаргуюцца, што Мулага ня ўсьпее легчы, як ужо мусiць уставаць. Фэльдфэбэль наўмысьля накiруе рэкрута ў якую брудную лужыну цi каўдобiну. Спачатку ўся рота прыглядаецца гэнаму караньню Мулагi з насьмешкамi й задаваленьнем. Паволi сьмех сьцiхае, й на шматлiкiх тварах зьяўляецца цень сымпатыi да адсталага сябры. Нiкому не падабаюцца зьдзекi "фольксдойча" Кацынскага, якога ў роце нiхто ня любiў.

Пасьля такой муштры Кацынскi звычайна пашле змучанага, спочанага, зусiм забруджанага ў гразь Мулагу ў гаспадарскi панадворак з загадам вычысьцiцца й зьявiцца назад, быццам нованароджанаму, за дзесяць хвiлiн. У такiм кароткiм часе загад выканаць немагчыма. Калi Мулага спозьнiцца, атрымае другую кару, iншага характару. Адылi нiякiя кары Мулагу не памагалi. Назаўтра паўтаралася тое самае, што было сяньня. Дык i ня дзiва, што насьмешкi над адсталым сябрам з боку самых навет надаедлiвых прыелiся. Паступова пачыналi ўважаць нармальнымi ўсе Мулагавы ненармальнасьцi.

VII

Аднойчы вечарам Вiктар Караткевiч i Бука, вярнуўшыся з працы ад баўэра, голасна хвалiлiся ўсiм, хто хацеў слухаць, што яны сяньня надта добра наелiся.

- Калi-б так кармiлi, - гаварылi абое, - то бязь нiякiх цырымонiяў згадзiлiся-б быць у немцаў парабкамi да канца вайны.

Хлопцы, папрыносiўшы з кухнi чорную каву, пасядалi ў пунi кожны ля сваiх клункаў i пасьцеляў ды бралiся за вячэру. Заяву Букi й Вiктара прынялi па-рознаму.

- Гэта вы сказалi, што гатовы быць парабкамi? - зьдзiўлена папытаў Сымон. - Дзiўлюся. Я ведаю, што, пакуль трымаю ў руках стрэльбу, датуль буду чалавекам. А як пакiну, тады хто ведае...

- Праўду Спарыш кажа, - падтрымаў Сымона Шытко. - У сяньняшнi час стрэльбы кiдаць няварта.

Прысутныя паволi ажывiлiся. Пачулiся з усiх бакоў галасы. У спрэчцы вырозьнiвалiся тры групы: адны падтрымлiвалi Сымона, другiя баранiлi Буку, якога падтрымлiваў Халяўка, рэдка адзывалiся Каранькевiч i Будрэвiч. Трэцяя група спачатку маўчала.

- Гаворыце вы шмат усе, - пачуўся голас прадстаўнiка трэцяй групы Качановiча, - але што з таго, калi мала робiце...

- А што-ж рабiць, па-твойму?

- Ты, спартсмэн, можаш пакiнуць свае дурныя абзацы, бо нiкому яны не патрэбныя, - упiкнуў нехта Качановiча. Чаму яго называлi спартсмэнам няведама. Мо таму, што быў высокi ды вельмi рухавы.

- Але чаму вы, хлопцы, як галодныя, - баранiўся Бука, - чаму вы тады гэтага ня скажыце? Чаму тады кожны з вас вурчыць i злуецца? Чаму ты, Спарыш, тады не зьясi сваёй стрэльбы замест хлеба?

Некаторыя засьмяялiся.

- Думкi аб стрэльбе тады, пэўна, у галаву не прыходзяць, - працягваў Бука. - Цяпер дык вы ўсе гаворыце, усе Спарыша падтрымлiваеце, а тады дык не адзiн кажа, што гатоў мундзiр ськiнуць i за хлеб працаваць.

- Трэба й зброя, й хлеб, - сьцвердзiў Каханчык. - Возьмем хаця-б сабе такi прыклад, няхай i гiстарычны. Як Напалеон стаяў у Альпах ды жаўнеры яго галадалi, яны-ж не пакiнулi зброi й не пайшлi зарабляць на хлеб. Напалеон сказаў: вунь хлеб, iдзеце й заваюйце. Яны пайшлi й заваявалi.

Гутаркi на гэтую тэму цягнулiся доўга, бо аж да гадзiны адзiнаццатай вечара. Шмат было й дзяцiнна-наiўнага й проста недарэчнага ў iх. Нехта ўспомнiў i тое, што ўсе ўжо iх пакiнулi (пад гэным "усе" разумелася перадусiм Беларуская Цэнтральная Рада) i што справа была кепская, бо без правадыра можна лёгка загiнуць.

- Правадыр сярод нас знойдзецца, - запэўнiў Жылякоўскi.

- Мы цяпер, хлопцы, ваюем якраз так, як калiсьцi палякi йшлi разам з Напалеонам, - укiнуў сваё Вiктар.

- А ты, Караткевiч, лепш маўчаў-бы, бо ты свайго голасу ня маеш, накiнуўся на яго Бука. - Цягнеш то за адных, то за другiх. Ваяка гэткi знайшоўся. Ваюем, кажа. Дзе-ж гэта ты ваюеш, браце шаноўны? Вунь, каб пачуў порах, то нябось як тая мыш пад мятлу ўцякаў-бы.

У канцы ўжо нiхто не падтрымлiваў Букi.

- Як гэта, хлопцы, Бука мог быць у Крывiчах асьветным афiцэрам? Гэта-ж трагэдыя была, - сьмяяўся зь яго Сымон. - Куды-б гэта ён завёў i чаго навучыў-бы тых людзей? Падумайце-ж толькi. Вось дзе-б цярпела Беларусь!

Будучы ў Альбрэхтаў, Кастусю Дзежку яшчэ раз давялося сустрэць свайго бацьку. Валачыўся ён пры абозе ўцекачоў, што ехаў у Розэнбэрг. Вабоз складаўся са сваякоў людзей, што служылi ў войску. Стары Дзежка яшчэ больш пастарэў за гэты час. Вось што расказаў ён Кастусю й сябрам:

- Калi ехалi мы празь вёскi Прусii, немцы адносiлiсяда нас вельмi дрэнна. Глядзелi на нас, як на людзей нiжэйшых, сьвiней якiх. Заходжу аднойчы ў хату i прашу вады. Вунь iдзi, - паказвае мне баба помпу на панадворку. А чым-жа, пытаюся, - пiць? Рукой, кажа. Ну й злосьць-жа мяне ўзяла. Проста-напраста лiчыць нас за жывёлу. Што я тады раблю? Як прыязджаю дзе ў вёску цi ў горад, адразу здымаю кашулю й б'ю вошы. Гэта iм за кару. Няхай прыглядаюцца.

Хлопцы зарагаталi.

- Цяпер-жа сытуацыя паправiлася, - закончыў стары Дзежка, - едзем у Розэнбэрг, а там нас будуць вызначаць на працу да гаспадароў.

23 жнiўня 1944 года адзьдзел пакiнуў Альбрзхтаў i накiраваўся ў Розэнбэрг, каб заладоўвацца на цягнiк дзеля паездкi ў Францыю.

ПАДАРОЖЖА Ў ФРАНЦЫЮ

I

Нехта недзе зрабiў вялiкую памылку, загадаўшы перакiнуць трыццатую дывiзiю з Усходняй Прусii ў Францыю. Можа, пасьля асоба цi асобы, адказныя за тое, i плявалi сабе ў бароды за такi промах, калi пабачылi, да чаго тое прывяло. Ды было позна. Мо да пастановы спрычынiлiся пэўныя мяркаваньнi, але калi такiя й былi, то, пэўна-ж, яны не палягалi на разьлiку на найбольшую баёвую выдайнасьць дывiзii ў будучынi. Хiба-ж немцы ня ведалi, што для жаўнераў трыццатае дывiзii - беларусаў, украiнцаў, расейцаў i палякаў, найбольш небясьпечным ворагам быў бальшавiзм? Хiба-ж яны не прадугледжвалi, што ў змаганьнi з Чырвонай Армiяй мала каторы зь iх дастаўся-б жыўцом у бальшавiцкiя рукi?

Людзi, што пазналi й добра адчулi панаваньне Сталiна, мелi ўсе прычыны на сьвеце, каб змагацца супраць бальшавiкоў да апошняга патрону, навет ведаючы, што на другiм баку могуць быць iхныя браты, нявышкаленыя й сiлай загнаныя ў савецкiя шэрагi. Адылi ў iх ня было нiводнае прычыны, каб змагацца супраць заходнiх хаўрусьнiкаў. Хiба-ж за нямецкi чэрствы хлеб i той "фарфлюктар", хiба-ж за спаленыя немцамi вёскi, гвалчаных жанчын, за бацькоў, старых i дзяцей? Не, нiводнай прычыны да змаганьня з заходнiмi хаўрусьнiкамi ў iх ня было. Таму й дзiўным выдаваўся загад, паводле якога дывiзiя была накiраваная ў Францыю.

Ня ўсе жаўнеры адразу й поўнасьцю ўсьведамiлi, што загад гэны быў быццам Богам пасланым збаўленьнем. Мо некаторыя й нiколi таго не спасьцераглi, хаця, як чытач пазьней пабачыць, амаль усе скарысталi пасьля з нагоды, каб апынуцца на другiм баку, дастацца ў вольны сьвет. Дый чаму-ж было ня скарыстаць?

II

Эшалён, на якi заладавалiся адзьдзелы 4-га палка, мiнуўшы Торунь, Франкфурт-над-Одрай, праязджаў праз паўднёвыя прадмесьцi Бэрлiну. Тут першы раз на чыгуначнай станцыi была супрацьлятунская трывога. Зараз-жа ўсе цягнiкi пакiдалi станцыю, не так як у Вiльнi - дзе чакалi на няпрыяцельскiя бомбы.

На чыгунцы сустракалiся работнiкi з Усходу. Жаўнеры, праязджаючы, кiдалi iм цыгарэты, на якiя тыя прагна накiдвалiся. Усходнiя работнiкi часта вiдаць былi i на палях. Цi ў адным месцы жанчыны зграбалi й зьбiралi рукамi жытнiя каласкi. Немцы старалiся не пакiнуць на полi на змарнаваньне нiводнага зярнятка. Паабапал чыгункi там-сям тырчэлi рэдкiя сасновыя лясы, а спрактыкаванае сялянскае вока адразу заўважыла, што бедныя ўраджаi далi ў гэтым годзе пясчаныя глебы Саксонii. На другi дзень пад вечар, мiнуўшы Вiттэнбэрг, цягнiк на даўжэйшы час затрымаўся ў Ляйпцыгу.

Сымон быў прыдзелены да батальённай кухнi. Мусiў дапiльнаваць, каб былi дровы, вада, каб на час была распаленая кухня, ды наагул быў на загадах у кухара Вальтэра. Каля Сымона тоўкся й Вiктар. Абодва разьмясьцiлiся на адной з каламажак, што стаялi на адкрытых плятформах. Верх зацягнулi маскавальнымi палаткамi, званымi "пляндэкамi", пазатыкалi ўсе дзiркi й шчэлкi зь пярэдняга боку, каб не прадзьмуваў вецер, а ў сярэдзiне ўладзiлi ненайгоршы мярлог. Тут-жа збоку была й кухня, якую Сымон даглядаў, а Вiктар тое-сёе памагаў.

Кухар Вальтэр - гэта сярэдняга веку карлаваты немец, якi, як сам хвалiўся, перад вайной працаваў дзесь у рэстаране. Мо ён i не працаваў у нiякiм рэстаране, бо, каб зварыць якую вайсковую гарохавую зупу, ня трэба было шмат умець, але-ж калi кухар Вальтэр гаварыў сваiм жаўнерам, што некалi працаваў у рэстаране, дык тады й няўдалая зупа навет лепш смакавала, бо Вальтэр як-нiяк быў прафэсiянальным кухарам, што дадавала смаку. Мо Вальтэр быў кухарам проста таму, што ўсе пазыцыi ў трыццатай дывiзii, дзе варылiся цi раздавалiся харчы, былi абсаджаныя немцамi - гэта таксама магчыма. Хто там надта ўваходзiў у такiя дробязi. Галоўнае, што Вальтэр варыў, а як варыў, дык гэта ўжо зусiм iншая справа. Галодная кiшка ўсё стравiць.

Дык хлопцы й прывыклi да Вальтэра, часьценька гаварылi й жартавалi зь iм. I кухар сам быў, здавалася, нядрэнны чалавек, на нiкога ня гаркаў i часьцей усьмiхаўся, чым хмылiўся, што, як вядома, было рэдкасьцю сярод вайсковых немцаў. Гэтак i пад час пастою цягнiка ў Ляйпцыгу каля Вальтэра сабралася група хлапцоў. Гутарылi аб паляках. Кухар цьвердзiў, што палякi - гэта зусiм не народ, што яны не маюць нiякай Бацькаўшчыны, што як тая скула сядзяць на нямецкiм баку. Даводзiў, што палякi паўсталi толькi пасьля 1918 года на нямецкiх землях. Адным словам, гаварыў аб паляках так, як мог гаварыць аб iх кожны немец-шавiнiст. Ад Вальтэра хлопцы даведалiся, што восьмага жнiўня палякi распачалi ў Варшаве паўстаньне, што ад немцаў моцна дасталося iм у скуру i што Варшава цяпер зусiм зруйнаваная. Паводле кухара, палякi распачалi паўстаньне, надзеючыся на хуткую падтрымку бальшавiкоў, каб захапiць уладу ў свае рукi.

Нямецкi стары чыгуначнiк апавядаў, што дзесьцi наперадзе была чыгуначная катастрофа - стукнулiся два цягнiкi - i таму гэтаму эшалёну давялося так доўга чакаць. Чыгуначнiк папрасiў у Вальтэра закурыць i скардзiўся, што ў Нямеччыне цяпер вельмi цяжка з куравам. На месяц даводзiлася скурваць ня больш чым адну пачку махоркi.

На наступны дзень ехалi праз Ваймар, Эрфурт i Айзэнах у кiрунку на Франкфурт-над-Майнам. Учарашнi манатонны краявiд замянiўся ўзгоркамi, далiнамi, густа пакрытымi садамi. Каля кожнай дарогi цяжка зьвiсалi пад вагою пладоў сукi садовых дрэваў. Месты Турынгii танулi ў зеленi садоў i таполяў. Кiдалiся ў вочы сьпiчастыя гатыцкiя сьвятынi, чырвоныя чарапiчныя дахi будынкаў, кветкi пры дамах, дагледжаныя агародчыкi. Усё гэта тварыла нязьмерна прыгожы малюнак прыроды Турынгii. Яна ўсьмiхалася цёпламу жнiвеньскаму сонцу, натхняла чалавека жыцьцём, радасьцю i хараством, быццам тысячамi галасоў старалася запярэчыць, што вунь не так далёка - на ўсiх канцах гiтлераўскае iмпэрыi - пануе сьмерць i знiшчэньне.

III

У Герстунгэн цягнiк коратка затрымаўся. З правага боку, на суседнiм чыгуначным палотнiшчы, стаяў эшалён з варшаўскiмi ўцекачамi. Гэта былi пераважна старыя й маладыя жанчыны ды дзецi. На схудзелых тварах утрывалiўся цяжкi адпячатак вайны. Цярпелi з голаду. У кожны таварны вагон было ўпакавана па 50 чалавек. Хлопцы даведалiся, што пакiнулi яны Прагу й Варшаву ў мiнулую нядзелю. Уцекачы пацьвердзiлi весткi, што места было поўнасьцю зруйнаванае й спаленае. Але змаганьне паўстанцаў прадаўжалася. Немцы вывозiлi ўсiх, хто трапляўся iм пад рукi.

Сымон аж жахнуўся, прыглядаючыся да руiнаў Франкфурта-над-Майнам. Як вокам сягнуць па правым баку чыгункi калiсь быў вялiзны горад - сяньня там засталiся папялiшчы. Толькi высокая, ведамая па ўсiм сьвеце франкфурцкая гатыцкая катэдра, як быццам той помнiк над магiлай, стаяла цэлай. Высокай сьпiчастай вежай, нiбыта пальцам, паказвала яна ў неба, можа, хочучы зьвярнуць увагу Нябеснага Валадара на тыя спустошаньнi й сьмерць, што адбывалiся ў зямным пекле.

Блiжэй, побач самой чыгункi, ня было руiнаў. Тут уся зямля была падзеленая на маленькiя лапiкi, што зелянiлiся агароднiнай. На кожным кавалачку стаяла маленькая будка, дзе, пэўна-ж, гаспадары трымалi свае агароднiцкiя прылады, а мо й самi бавiлi якi час. Толькi ў адным такiм агародчыку заўважыў Сымон згорбленага старога, што корпаўся з матыкай мiж градак. Наагул людзей нiдзе ня было вiдаць. Цi-ж Франкфурт сапраўды замянiўся ў могiльнiк?

IV

- Спарыш! Спарыш! Уставай! - пачуў Сымон праз сон.

- Чаго?

- Пара хлапцоў будзiць, каб кухню дагледзiлi.

- Добра, ужо зараз.

Сымон выкарабкаўся паволi з свайго мярлогу на каламажцы й абтрасаў салому, што там-сям папрыставала да вопраткi. Гэта клiкаў яго службовы падафiцэр Гуць.

- Ку-у-ка-а-ры-ку-у-у-у-у, - пачулася тоненькiм голасам.

- Цiкава, якога пеўнiка сьпеў мы чуем, - голасна думаў, пацягваючыся, Сымон. - Можа, францускага? Як вы думаеце, спадар Гуць?

- Хутчэй усяго што францускага, - адказаў той.

Сымон разбудзiў хлапцоў, якiм чарга была даглядаць за кухняй, заспанымi вачыма паглядзеў на ахутаныя iмглою дамы нейкага гораду ды зноў палез у цёплы яшчэ мярлог. Але ўжо больш ня мог спаць. Паволi пачалi прачынацца навокал. Па голаснай гутарцы хлапцоў з суседняга вагону дадумаўся, што нехта зь iх зрабiў ужо экскурсiю ў блiжэйшы сад i на ўвесь голас хвалiў смачныя сьпелыя яблыкi. Быў гэта голас самага выдатнага "садоўнiка" Курца.

"Садоўнiк" у гэты момант меў, пэўна-ж, шмат сяброў, бо чуваць было, як не адзiн прасiў яго, каб падзялiўся здабычай.

Калi Сымон, па некаторым часе, iзноў выкарабкаўся з хурманкi, пабачыў навокал сябе вялiкi паўразбураны горад. Зь левага боку чыгункi ляжаў густа зрыты бомбамi могiльнiк, там-сям тырчэлi павыкiданыя наверх косьцi, пахiлiлiся на бакi або зусiм павалiлiся надмагiльныя помнiкi.

- Навет i мерцьвякам супакою не даюць. Вось дык шэльмы, - вурчаў сам да сябе Сымон.

Побач цягнiка работнiкi папраўлялi пашкоджаныя бамбардзiроўкай шляхi чыгунак. Далей на левым баку вiдаць былi шматлiкiя комiны фабрыкаў. Там-жа высiлася ў праменьнях узыходзячага сонца вострая высокая вежа сьвятынi. Гэта быў Штрасбург - Эльзас, паводле таго-ж кухара Вальтэра - усё яшчэ Нямеччына.

Iзноў рушыў цягнiк i мкнуў проста на поўдзень. Побач чыгункi раськiнулiся паласатыя шырокiя палеткi, найчасьцей засаджаныя кукурузай, засеяныя пшанiцай, радзей бульбай, а найбольш - з садовымi дрэвамi й вiнаграднiкамi. Направа сонца залацiла вяршынi Вагезаў. Прыгожа ў iхных падножжах раськiнулiся шматлiкiя вёскi. Раўнiна - быццам стол. Сымон заўважыў, праяжджаючы праз станцыi, што людзi з выгляду былi тут нейкiя iншыя, ня зусiм мо такiя, як немцы, дык прыйшоў да выснаву, што, пэўна, цi не французы.

А гадзiне дзевятай ранiцы праехалi праз Кольмар, апаўднi мiнулi Мюльгаўзэн i адтуль накiравалiся на захад.

Цягнiк даўжэйшы час стаяў перад семафорам станцыi Альткiрх. З блiжэйшага домiку жанчына вынесла поўную кашолку сьпелых яблык. Колiшнiя палiцаi, быццам тыгры, напалi на здабычу. Паналадоўвалi сабе поўныя кiшэнi, так што тым, якiя на колькi хвiлiн падасьпелi пазьней, не засталося нiчога. Жанчына стаяла побач i, усьмiхаючыся, прыглядалася, як палiцаi душылiся за яблыкамi. Пабегла ў хату i зноў вярнулася з поўным кошыкам, ва ўзнагароду, што пабачыла тую самую штурханiну.

Пад вечар, каля гадзiны шостай, цягнiк прыехаў у Бэльфорт, першы, навет паводле кухара Вальтэра, ужо зусiм францускi горад. I мо таму, што ўязджалi ў Францыю, перад прыездам яшчэ кожны жаўнер атрымаў па шэсьцьдзесят штук патронаў да стрэльбы:

- Ну, братка, цяпер ужо й дадзём! Трымайцеся, французы! - жартаваў адзiн, пакуючы амунiцыю ў патранташы.

Колькi ўжо даводзiлася хлапцам бачыць разбураных i зьнiшчаных гарадоў, але пабачыўшы руiны Бэльфорту, яны аж жахнулiся. Места так было ўсеяна ямамi ад бомбаў, што, здавалася-б, не знайшоў мiж iмi цэлага няўшкоджанага лапiка, каб чалавеку льга было сесьцi. Станцыi ў горадзе ня было. Навет чыгунка й тая праходзiла па зусiм сьвежым насыпе. Паперакульваныя паравозы, вагоны, абгарэлыя руiны будынкаў, уся дашчэнту ўзараная бомбамi зямля - вось гэта быў вобраз Бэльфорту, што кiнуўся новапрыежджым у вочы.

Яшчэ таго самага вечару, праехаўшы чарапашным ходам колькi кiлямэтраў, цягнiк затрымаўся ў малой мясцовасьцi. На станцыi транспарт стаяў каля дзьвюх гадзiнаў, пасьля адыйшоў крыху назад i затрымаўся сярод поля нанач. Навокал была пастаўлена моцная варта. Тлумачылi гэта тым, што ноччу ехаць было нельга з прычыны вялiкай небясьпекi з боку францускiх партызанаў, званых макiсамi.

Ранiцою (а гэта была нядзеля) Сымон, прачнуўшыся, памыўся ў суседняй рэчцы i памог нанасiць у кухню вады. У гэны час з захаду надыйшоў ваенны транспарт, што затрымаўся побач. Гэта быў адзьдзел з трыццатае дывiзii, якi, паводле апавяданьняў, даехаў быў на нейкiх 70 кiлямэтраў да нармандзкага фронту, як раптам атрымаў загад вяртацца назад.

Шмат чаго апавядалi паяжджане. Паводле iх, у Францыi становiшча было кепскае з прычыны сiльнай, узмоцненай хаўрусьнiкамi партызанкi. Нейкая казацкая вайсковая адзiнка пайшла на лiквiдацыю макiсаў у гарах i сама была зусiм зьлiквiдаваная. У другiм месцы - апавядалi далей - адзiн транспарт з трыццатай дывiзii спынiўся нанач блiзка нейкай станцыi. Там чыгунка праходзiла праз адкрыты тунэль, вышыня якога дасягала месцамi дзесяцi мэтраў, мераючы ад узроўню чыгуначных рэек. Ноччу наляцелi амэрыканскiя самалёты й так закiдалi эшалён бомбамi, што жывымi выйшла адтуль усяго дзесяць чалавек.

Цiкава, хто так дакладна падлiчыў гэную дзесятку. Вiдаць, што перапалох меў вялiкiя вочы, а плеткары - надта-ж даўгiя языкi й нядрэннае ўяўленьне. Лiшнiм было-б сумлявацца, аднак, што ў гэных апавяданьнях была доза праўды. Вайна тут, як вiдаць, не абмяжоўвалася толькi да асноўнага фронту. Фронт быў i ззаду, як i ў Беларусi, дык i трэба было быць падрыхтаванаму на найгоршае, на ўсякiя неспадзеўкi.

Хлопцы з дванаццатай роты сустрэлi ў гэным транспарце Мельнiка, што калiсьцi быў пры школе камандзераў БКА, а цяпер - у трэцiм батальёне. Ён застаўся ў чыне афiцэра. Мельнiк апавядаў, што ў iхным батальёне, як i ў першым, кожная рота мела беларускага й нямецкага афiцэра. Не адзiн з дванаццатай роты пытаўся сябе, чаму яны ня мелi свайго афiцэра. I ўжо каму як каму, але iхняй-жа роце, колiшняй афiцэрскай школе, трэба было-б мець беларускага камандзера. I, вiдаць, было тое зусiм не прыпадковым. Мо гэта мсьцiлiся на iх цяпер за тую салiдарнасьць, выказаную аднойчы так дружна i ўдала пры страйку за харчы, а iншым разам - пасьля пакрадзеных у прускага баўэра агуркоў. Хто-ж мог ведаць...

У нядзелю днём давялося нашым хлапцам блiжэй пазнаёмiцца з французамi. Побач чыгункi з правага боку працякала невялiкая плыткая рэчка. Дзень быў спякотны й парны. Шмат хто пайшоў купацца. Каля паўдня пазыходзiлася шмат французаў, старых i маладых, хлапцоў i дзяўчат. Хоць нiхто ня ведаў мовы, там-сям бачныя былi ўсьмешкi, размахваньне рук, пры дапамозе якiх тлумачылася тое, чаго ня змог язык. Кiнулася новапрыехаўшым у вочы й сьмеласьць дзяўчат. Дзе-б вы бачылi ў Беларусi, каб узрослыя дзяўчаты так вось проста бязь нiякага сораму прыходзiлi туды, дзе купалiся жаўнеры? А тут-жа во былi побач, усялякiх выглядаў i ростаў. Што-ж, калi языка ня было. Навет i самы галоўны флiртаўнiк Кастусь Дзежка стаяў бязрадным.

БЭЗАНСОН - ВАЛЬДАГОН

I

Раньнiмi гадзiнамi 28 жнiўня 1944 году жыхары францускага гораду Бэзансон, што ляжыць на паўночна-заходнiх сьхiлах Альпаў, зь вялiкiм зацiкаўленьнем прыглядалiся да даўгой калёны войск, што, пакiнуўшы чыгуначную станцыю, пасоўвалася вулiцамi ва ўсходнiм кiрунку. Жыхары Бэзансону бачылi вайсковыя мундзiры, пэўна-ж, ня першы раз, i сам факт таго, што ў горадзе зьявiлася новае войска, ня спрычынiўся-б да вялiкага зацiкаўленьня iм. Адно, што гэтае войска, усё пяхотнае, выдавалася iм зусiм iншым, чымся тое, што бачылi дагэтуль. Найбольш цiкавасьцi выклiкала не самая людзкая калёна, але тое, што цягнулася ў хвасьце за ёю: маленькiя ў параўнаньнi зь мясцовымi конiкi, што хуткiм дробненькiм крокам цягнулi такiя-ж малыя каламажкi з падвойнымi аглоблямi й дугамi. Французам найбольш дзiўнымi выдалiся тыя дугi - бачылi iх першы раз у жыцьцi. I чатырохколавыя вазы пабудаваныя былi зусiм iнакш, чым iхныя, францускiя, але ўжо-ж гэныя малыя конiкi сваёй пародай нiяк не маглi быць сваякамi iхным францускiм цяжкiм цяглавым коням.

Дык i ня дзiва тады, што амаль усе аддавалi асноўную ўвагу коннаму вабозу. Ён быў прадметам гутарак i пераважна насьмешак. Апошнiя плылi ня толькi на адрас самых вайскоўцаў i iх хурманак, што йшлi ў гэным часе па вулiцы, але i на адрас "бошаў" - немцаў. I як-жа было не сьмяяцца з будаўнiкоў "новай Эўропы", якiя даваявалiся да таго, што паклiкалi на дапамогу адзьдзелы, якiя так выразна рэпрэзентавалiся перад варожым насельнiцтвам такiм выдатна-сваеасаблiвым транспартам? Хутка прыйдзе iм канец - так, напэўна, заключылi французы свае выснавы з тых назiраньняў.

Вестка пра гэтае дзiўнае войска хутка разжляцелася па Бэзансоне й суседнiх вёсках, найперш тых, што ляжалi побач шашы ў Вальдагон. Спынiўшыся на часовы адпачынак у наступнай за горадам вёсцы, жаўнеры заглянулi ў шматлiкiя крамы. Тыя, што ўжо нейкiм чынам прыдбалi франкi, накiнулiся на вiно. Крамнiкi надта неахвотна бралi ў заплату нямецкiя маркi. Дый чаму-ж мелi-б браць? Яны зусiм справядлiва варажылi, што днi нямецкага панаваньня былi палiчаныя. А пасьля што ты будзеш рабiць з маркамi?

Не адзiн крамнiк усьпеў ужо распытацца й даведацца, дарма што жаўнеры ня ведалi францускае мовы, пра iхную нацыянальнасьць.

- Нон алеман? - пытаўся крамнiк, паказваючы пальцам на прысутнага жаўнера. Той па нейкiм часе здагадваўся, што, мусiць, пытаюцца, якой ён нацыянальнасьцi.

- Но, нон алеман, - адказваў. - Я - белорусьен, рус блянк, - тлумачыў.

- Рус блянк? - кiваў зь цiкавасьцi галавой крамнiк.

Хто ведае, цi ня думаў, што жаўнеры гэтыя былi белымi расейцамi, у адрозненьне ад чырвоных. Пасьля мо ў галаве ягонай узнiклi iншыя, зьвязаныя з гэным пытаньнi, на якiя не ўдалося-б здабыць ад гэтых людзей адказу.

- Шпрэхэн зi дойч? - пытаўся крамнiка жаўнер. Француз з запярэчаньнем кiваў галавой, што па-нямецку не разумее. На гэтым звычайна гутарка канчалася. Жаўнер паказваў пальцам на палiцы тое, што хацеў купiць, зь цяжкасьцю дагадваўся аб цане, iзноў-жа паклiкаючы на дапамогу рукi, i, заплацiўшы, выходзiў.

II

Асфальтавая, добра дагледжаная шаша вiлася па гарах i ўзгорках, часта разьдзяляючы падгорныя зарасьнiкi й лясы, месцамi рэжучы горныя скалы. Прадугледжваючы магчымасьцi нечаканае засадкi з боку партызанаў, была выдзеленая й высланая на фронт калёны пярэдняя старожа ў сiле адной дружыны. Яна йшла са зброяй напагатове. Заўсёды трымалася на адлегласьцi зрокавага кантакту з галоўнай калёнай. Такая-ж самая старожа замыкала калёну ззаду. Хоць войска было больш двух батальёнаў i непраўдападобным магло здавацца, што французы кiнуцца ў ясны дзень на змаганьне з такой сiлаю, меры асьцярожнасьцi былi нармальнымi ў чужой няпрыяцельскай тэрыторыi.

Конiкам, асаблiва ўзьбiраючыся пад горы, даводзiлася цяжкавата. Наагул падарожжа было вольнае й маруднае. Дакучала сьпякота. Дарога пуставала. Рэдка праедзе ў заходнiм кiрунку вайсковая аўтамашына.

Першую ноч пасьля Бэзансону адзьдзел затрымаўся пры дарозе на чыстым полi. Ноччу разбудзiў жаўнераў густы лiвень. Спалi пад наскора пабудаванымi палаткамi. Кожны меў трохкутны густы й непрамакальны кавалак матэрыялу, званы "пляндэкай", або проста маскiроўкай. Па самай сярэдзiне яе была прарэзаная падоўжаная адтулiна, у якую ўсоўвалася галава ў выпадку, калi маскiроўка апраналася. Канцы-ж зашпiльвалiся навокал каля пояса. Калi трэба было пабудаваць палатку, чатыры жаўнеры складалi свае трыкутнiкi-маскiроўкi, прымацоўвалi нiжнiя канцы матузамi да паўбiваных у зямлю калочкаў, i было гатовае "памяшканьне", дзе, хоць у цеснаце, магло памясьцiцца чатыры ўдзельнiкi. Дый спаць было цяплей. Трэба прызнаць, што выдумаў гэныя маскiроўкi нехта надта практычны, бо служылi яны дзьвюм мэтам: для апрананьня й для аховы ад ападаў у часе адпачынкаў.

Жаўнеры трыццатае дывiзii зь вялiкай цiкавасьцю прыглядалiся да францускiх гарадоў i вёсак. Найбольш дзiўным выдалася iм вялiкая колькасьць гандлёвых рэкламных шыльдаў. У Беларусi гэтулькi ня было. Цэлыя франты крамаў былi размалёваны й пазавешаны рэклямамi. Рэдка дзе пуставаў кавалак сьцяны. Сымону яшчэ раней, прыкладам, вельмi дзiўным выдаўся нейкi вялiкi надпiс, што займаў цэлую сьцяну сялянскай пунi ў прыдарожнай фэрме. Гэтая рэкляма была-б проста дзiвам у Беларусi. У тым знадворным выглядзе краiны жаўнеры й бачылi найперш асноўную розьнiцу мiж Францыяй i iхняй Бацькаўшчынай.

Хлопцаў з дванаццатай роты апанавала нейкая абыякавасьць. Рэдка былi чуваць гутаркi. Калi дзе пад час маршу пры дарозе напаткалася яблыня, абкiдвалi яе з усiх бакоў палкамi й хутка падбiралi ападкi. Немцы не глядзелi скоса й ня крычалi ўжо, што тут "кайн Руслянд".

III

На другi дзень пад вечар адзьдзел прыйшоў у мясцовасьць Вальдагон i затрымаўся на адпачынак у бараках. Быў тут вялiкi й выгадны вайсковы вабоз, прыгожа расплянаваны на плоскай падгорнай раўнiне. Вiдаць было, што ня быў ён на скорую руку пабудаваны вайною, а, мабыць, раней.

Было тут i некалькi кухняў, i сталовых, i заля са сцэнаю, дзе, пэўна, некалi забаўлялi вайскавiкоў мастацкiя гурткi, i лазьнi, i маса розных будынкаў, што служылi складамi, i наагул усё неабходнае для вайсковага жыцьця.Проста на поўнач ад вайсковага вабозу знаходзiўся вялiкi кавалак поля для вайсковых шкаленьняў. Там былi стрэльбiшчы й палi практыкаваньняў, плошчаю мо на пяцьдзесят квадратных кiлямэтраў.

Дванаццатая рота разьмясьцiлася ў двух суседнiх бараках. Зь вялiкiм задавальненьнем некаторыя заўважылi, што на жалезных ложках былi сьвежапанапiханыя сеньнiкi. Цi адзiн ужо, кiнуўшы збоку сваю зброю й вайсковыя клункi, зь вялiкай насалодай выпрастаўся на пасьцелi, адчуваючы прыемную мяккасьць сена. Прыемнасьць трывала каротка. Прыйшоў загад, што ўсе без вынятку неадкладна павiнны здаць усю амунiцыю. Гэткi нязвычайны загад зацiкавiў не аднаго. Пачалiся адразу здагадкi й роспыты. I няведама дакладна, хто й адкуль прынёс тую вестку, мо навет яна раней яшчэ трапiла ў адзьдзел, што затрымаўся цяпер у Вальдагоне, - цяжка было ўстанавiць. Адно, што калi немцы загадалi здаць амунiцыю, дык тут-жа адразу знайшлося й паясьненьне: адзьдзелы з трыццатае дывiзii ў шматлiкiх месцах i нярэдка масава пераходзiлi ў горы да францускiх макiсаў. Паясьненьне было зусiм рацыянальнае. Усе адразу паверылi.

Характэрнай была настойлiвасьць немцаў, каб нiхто не пакiнуў пры сабе нiводнага патрону. Мусiлi здаць якраз па шэсьцьдзесят штук, колькi былi раней атрымалi. Бяда была тым, што па дарозе згубiлi адзiн цi пару патронаў. Як-жа ты давядзеш немцу, што згубiў?

Загад аб здачы амунiцыi лiшнi раз пацьвердзiў, што немцы не давяралi беларусам. Каму было малавата довадаў да гэтага часу, той цяпер канчаткова пераканаўся. Думкi аб уцёках у горы да макiсаў былi ўжо ў некаторых юнакоў з дванаццатае роты й раней, амаль зь першага дня прыезду ў Францыю. Цяпер-жа, калi прыходзiлi з усiх куткоў чуткi, што беларускiя адзьдзелы пераходзiлi да французаў, зьявiўся штуршок, падахвочаньне, прыйшла й сьмеласьць. Iдэi пачалi крышталiзавацца. Быў грунт для зьдзяйсьненьня задуманага. Хiба-ж тыя колькi дзесяткаў нямецкiх афiцэраў ды падафiцэраў маглi стаць перашкодай пры зрэалiзаваньнi пляна? Асноўнае - трэба было здабыцца на тую сьмеласьць, уплянаваць, а там ужо неяк пойдзе.

IV

Даўно сьцiх шум у бараку. Людзi, што ўжо два месяцы не спалi пад страхою будынку, акамянелi моцным сном. Некаторыя працяжна храплi. Толькi Сымон зусiм ня спаў. У галаве маячылiся розныя думкi, уражаньнi, успамiны. Перш за ўсё прыгадаў, што гэта быў вечар 29 жнiўня - роўна два месяцы з таго часу, калi афiцэрская школа пакiнула Менск.

Вось ён i цяпер бачыць сябе, як мерыць крокамi менскi запылены брук. Плечы давiць цяжкi жаўнерскi хатуль, едкi пыл душыць горла. Ён Сымон Спарыш, пакiдае за сабою сэрца Беларусi - Менск. Уся iстота моўчкi пратэстуе супраць такога нечаканага гвалту. Ён усхваляваны. Ногi быццам адмаўляюцца ступаць наперад. Маршыруе маўклiвы, апусьцiўшы галаву. Як-жа выразна нарысаваўся ў памяцi ягонай гэты момант, той памятны нешчасьлiвы дзень! Дзе гэта ён спынiцца? Цi ў той абяцанай Турнам Гораднi?

Ажно вось прайшло роўна два месяцы, й за гэты час лiхi лёс закiнуў яго зь сябрамi за тысячы кiлямэтраў ад дарагой радзiмы, на другi канец Эўропы, аж у негасьцiнныя францускiя Альпы. Чаго тут апынуўся? Што тут мае рабiць? Ваяваць? За каго? Ягоная-ж Бацькаўшчына й так ужо страчаная. Вораг даўно вунь зьдзекуецца над гаротным народам. Пакiнуў адзiн, пайшоў другi, а гвалт i зьдзекi надалей прадаўжаюцца. Толькi зьмянiлiся крывавыя катнiя рукi. Значыцца, ужо страцiў усё найдаражэйшае - Бацькаўшчыну й сям'ю. Адно засталася свая галава. I як-бы тады было, калi-б i гэта апошняе давялося трацiць? Цi мае ваяваць за немцаў супраць французаў, што таксама, як i беларусы, цярпелi пад панаваньнем нялюдзкага акупанта? Тое-ж было-б запярэчаньнем усялякай лёгiкi. Адносна гэтага ня было нiякiх сумлеваў. Ён даўно разьмежаваў ворагаў ад прыяцеляў. Бунтарны дух нiяк ня мог пагадзiцца, што мусiць выконваць загады тых, якiх ненавiдзеў. Неяк прыйшлi на памяць радкi верша, што ўлажыў некалi, будучы шчэ ў Вiльнi:

Павесiм немцаў на вяроўку

I скуру пасмамi здзяром,

А бальшавiцкаму звяругу

Сякерай голаў адсячом.

Сымон i раней ня думаў вешаць усiх немцаў, адно тых, што зьдзекавалiся над ягоным народам, самых асноўных гiтлераўскiх катаў, што палiлi беларускiя вёскi, жанчын, дзяцей. Дый вершык той злажыўся ў яго зусiм бязь нiякiх разумовых намаганьняў, а проста спрычынены быў мо аж надмерным патрыятызмам i нянавiсьцю да ўсiх ворагаў Бацькаўшчыны, перадусiм бальшавiкоў i гiтлераўцаў.

Вось i цяпер гэны вершык прыгадаўся. Як там ужо будзе з вешаньнем немцаў, думаў Сымон, але-ж у горы да францускiх партызанаў то скаблянуць можна. Ёсьць усе магчымасьцi. Дык i чаму-ж не скарыстаць? I Сымон аж заварушыўся на пасьцелi ад такой новай, маласпадзяванай думкi. Крыху дзiвiўся, чаму гэта раней такая добрая iдэя ня прыйшла. Але-ж i цяпер яшчэ ня позна. Там трэба будзе з тым-сiм пагаварыць, супольна абмеркаваць. А мо й ня толькi ў яго аднаго такая думка ёсьць, мо i ў каго iншага? Дык тады мо й разам? Варта падумаць больш глыбей, абмеркаваць усе "за" i "супраць", як кажуць. Гэта-ж бо такi важны жыцьцёвы крок меў бы быць. Дый ня толькi важны, але й небясьпечны. Асаблiва-ж небясьпечны. Крыху рызыкоўна, бо й краiна чужая ды няведамая. Але якая-ж iншая магчымасьць ратунку? Жыцьцё-ж належыць да адважных i сiльных духам.

Прыгадалася Сымону, што да гэтага часу анi ён, анi сябры ягоныя - нiхто не даваў вайсковае прысягi. Спарыш не ўважаў прысягу, як некаторыя iншыя, за чыстую фармальнасьць. Прысяга для яго была таксама нечым большым, чымся ўрачыстая дэкларатыўнасьць. Яна абазначала поўнае адданьне, без рэзэрву, без павароту, усяе свае духовай й фiзычнае iстоты на службу Бацькаўшчыне, народу. Магло пасьля прыйсьцi Бог ведае што - раз дадзеная прысяга для Сымона былаб сьвятым правам i абавязкам на цэлае жыцьцё.

Лежачы ў Вальдагоне ў бараку на пасьцелi, Сымон пастанавiў злажыць прысягу на вернасьць Бацькаўшчыне. Лiчыў, што час i месца зусiм ня горшае, чымся якое iншае. Дагэтуль - дарма што пайшоў у беларускую армiю - нiхто не парупiўся зь яго й пару сотняў iншых сяброў узяць прысягi. Тут-жа чалавек стаяў на парозе няведамага, цёмнага, небясьпечнага. Хто ведае, што можа стацца, куды лёс закiне. Што-б у будучынi зь iм, Сымонам, нi здарылася, якiя-б нi давялося рабiць фармальнасьцi, куды-б нi давялося трапiць - няхай Бог i Бацькаўшчына ведае, што ягоная ўрачыстая прысяга ёсьць сьвятым словам, абавязкам, вехаю дарожнай, якая будзе накiроўваць яго ў будучынi. "Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, - шапталi ў цемнаце вусны, - дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькi Табе. Колькi ў мяне стане сiл, здольнасьцяў, здароўя - усё аддам для Твайго дабра. Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткi маёй, на нявiнную кроў маiх суродзiчаў, на памяць загiнуўшых нязьлiчоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерцi. Калi-б я сьведама адрокся тут прырэчанага - няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамi гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны".

Аж сьлёзы пакацiлiся з вачэй, Сымон так сябе ўзрушыў, так усхваляваўся, што толькi цяпер, пасьля даньня волi сэрцу й душы, пасьля прысягi, супакоiўся. Незадоўга ўжо спаў моцным i спакойным сном.

V

Ранiцою, пасьля скупога сьнеданьня й атрыманьня ўсёй, учора здадзенай, амунiцыi назад, даўгая шэра-зялёная калёна накiравалася проста на поўнач. Дзень быў сонечны й душны. Маршыравалi павольна. Пераначаваўшы па дарозе яшчэ адну ноч, на другi дзень дайшлi да рэчкi Дуб, што плыла лагчынай, з абодвух бакоў абмежаванай гарамi. Войска павярнула шашой на ўсход. Сымон цэлы час iшоў моўчкi i ўсё песьцiў тую неспадзяваную думку аб уцёках у горы, што ўчора так раптоўна стрэлiла яму ў галаву.

- Што-ж ты так нос павесiў, быццам-бы бацьку ў магiлу пахаваў? - пачуў бас каля левага вуха. Гэта быў Вiктар.

- Ведаеш, я й сам думаў з табой парадзiцца, але раней пастанавiў яшчэ перадумаць i абмеркаваць. Таму й нос, як ты кажаш, павесiў. Цi ня варта было-б смаргануць нам у горы?

- Як гэта ў горы? - зьдзiвiўся той.

- Звычайна. - Сымон азiрнуўся навокал, цi хто не прыслухоўваецца.

- Да францускiх партызанаў, - дакончыў амаль шэптам.

Вiктар ня выказаў зьдзiўленьня. Добрых некалькi хвiлiн iшоў побач, нiчога не адказваючы, ды, здавалася, перажоўваў такую новую iдэю.

- Га? Што ты думаеш? - перапытаў Сымон.

- Цяжка так адразу сказаць. Там няведама, дзе й да каго трапiш, мовы францускай не знаеш... Ды хто яго ведае. Надта-ж рызыкоўна.

- Я ведаю, што рызыкоўна. Небясьпека вялiкая як з боку адных, так i другiх. Але падумай, як-жа тут далей быць? Паўгалодныя цэлы час жывём. Пачакаўшы-ж, пакуль прыйдзе фронт, у такое пекла трапiш, што сам Бог ведае, як удасца ўцалець. А выжыць трэба было-б за ўсялякую цану. Не за таўстапузых швабаў, а за сваю Бацькаўшчыну мы йшлi ваяваць.

- Гэта лiшнiм i гаварыць... Ведаю, што ваяваць няма за каго. Можа, й варта было-б уцячы. Толькi трэба было-б абдумаць, як гэта зрабiць...

- Дык вось давай i абдумаем.

- А як ты думаеш уцякаць - нам дваiм цi ўсiм гуртам?

- Лепш было-б усiм гуртам, гэта ясна. Калi-б пасьля дзе й трапiлася небясьпека, дык лягчэй было-б. Ды каб i да французаў цэлая сiла людзей прыйшла, дык больш лiчылiся-б. А то пару чалавек - чорт ведае каму можна ў рукi папасьцiся.

- Трэба лiчыць на ўсё, навет на самае найгоршае.

- Вось-жа пра тое i йдзе. Варта было-б пагутарыць з блiжэйшымi хлапцамi й паглядзець, што яны думаюць. Мо хто яшчэ знойдзецца.

Памаўчалi.

- Слухай, - распачаў зноў Сымон, - пад час абедняга перапынку давай парадзiмся з Кастусём i некаторымi iншымi. Пабачым, што яны аб гэтым думаюць. Калi-ж нiхто ня знойдзецца для кампанii, дык смарганём удвух.

- Няхай будзе й так, - згадзiўся Вiктар. - Толькi-ж калi-б давялося нам удвух, то як i калi гэта зрабiць?

- Няма нiчога лягчэйшага. Адышоўся набок у кусьцiкi, быццам дзеля патрэбы, пачакаў, пакуль усе пяройдуць, а там i гайда...

- Так проста?

- Нiчога ня можа быць прасьцейшага. Немцы навет не заўважаць да наступнай. зборкi, а тая будзе ўжо аж надвечар, як затрымаюцца.

VI

Вiктар Сянькевiч у апiсаны намi час быў юнаком сярэдняга росту, даволi мiзэрнага выгляду. Першае ўражаньне ад яго складвалася мiж тым зусiм памылковае. Можна было-б падумаць, пэўна, што гэта лагодны, добрай натуры чалавек, зусiм ня здольны на больш паважныя нейкiя рэчы. Мо да гэтага спрычынiлася ягоная паўдзiцячая ўсьмешка цi павольна-лянiвая гутарка - цяжка сказаць. Магло здавацца, што перад вамi стаiць зусiм яшчэ зялёненькi хлопчык. Тут якраз можна было найбольш памылiцца. Вiктар розумам i практыкай быў вельмi дасьпелы, пранырлiвы, вынаходлiвы. Меў моцную сiлу волi й гарачае патрыятычнае сэрца. Але зь Вiктарам нам часьценька давядзецца бачыцца ў будучынi. Чытач сам яшчэ пераканаецца ў трапнасьцi нашай характарыстыкi.

Думка аб уцёках, што паўстала пераважна ў Вальдагоне, нарадзiлася ў шматлiкiх галовах. Некаторыя, схамянуўшыся, разважыўшы з усiх бакоў гэту новую iдэю, спакойненька адлажылi яе цi адсунулi ў нейкi бочны куточак мазгоў, бо былi баязьлiўцамi й навет голасна перад сабою не асьмельвалiся прызнацца, што ў iхных галовах магла паўстаць такая сьмелая iдэя. Iншыя-ж, адразу спасьцярогшы новае, ухапiлiся за яго й пачалi думаць i дзеяць. Да такiх, акрамя Сымона Спарыша, зусiм незалежна ад яго належалi Кастусь Дзежка, Рак, Лабун i Вiктар Сянькевiч. Было, ведамая рэч, i шмат iншых, больш пасiўных. Успамiнаем прозьвiшчы чатырох толькi таму, бо яны зьяўлялiся афiцыйным, але нелегальным камiтэтам уцёкаў, якi завязаўся сам сабой ужо ў Вальдагоне. Камiтэт гэты, галавою якога фактычна быў Кастусь Дзежка, пастанавiў, пасьля шматлiкiх гутарак зь сябрамi, прыступiць да арганiзацыi пераходу на другi бок. Варта тут яшчэ зацемiць, што чытач ужо, бяз сумлеву, заўважыў, што ў камiтэт не ўвайшоў нiводзiн беларускi падафiцэр, хоць iх было ў роце чатыры. Адылi ўсе яны былi другараднае, а мо й нiжэйшае якасьцi. Былыя кадэты хутка спасьцераглi, што немцы сьведама не далi ў роту нiкога зь першаклясных падафiцэраў беларусаў. Гэтым i тлумачылася, што сярод iнiцыятараў уцёкаў iх ня было.

Камiтэт першым чынам пастанавiў уплянаваць месца й час пераходу ды сагiтаваць цэлую дванаццатую роту й тыя суседнiя роты, якiя ўдасца. Былi надзеi на ўдачы ў сваёй роце, асаблiва прыгадваючы ранейшую салiдарнасьць i дружнасьць.

Далёка ня ўсе сябры згаджалiся на пераход да макiсаў. У некаторых не ставала адвагi, iншыя-ж не пагаджалiся з плянам папярэдняга перастраляньня немцаў. Найбольш разыходжаньняў было адносна апошняга. Прадугледзiлася, што немцы пры помсьце могуць зьлiквiдаваць многа самых перадавых беларусаў, якiя застануцца ў iхных руках. Урэшце, урадзiлi немцаў не страляць, толькi асьцерагчы, каб устрымалiся з рэпрэсiямi. Таму што людзi ня ведалi канкрэтна, дзе яны знаходзiлiся, як далёка ад нямецкае мяжы, трэба было неадкладна здабыць iнфармацыi. Асаблiва важным было ведаць, цi далёка быў ад Нямеччыны адзьдзел, якi пасоўваўся ва ўсходнiм кiрунку шашой у катлавiне рэчкi Дуб. Трэба было бачыць карту. Камiтэт даручыў гэтую справу Вiктару Сянькевiчу.

Вiктар Сянькевiч, што выглядаў надта мiзэрна й меў на нагах страшна дакучлiвыя мазалi, пажалiўся камандзеру роты Петрыку, што далей iсьцi ня можа. Петрык зьлiтаваўся й папрасiў двух старэйшых афiцэраў, што ехалi на чале калёны ў аўтамабiлi, каб узялi "iнвалiда". Сянькевiчу толькi таго й трэба было. Прысеўшы ззаду на аўце, на сваю вялiкую пацеху, Вiктар спасьцярог i карту, што адзiн з афiцэраў трымаў на каленях. Адным вокам удалося Сянькевiчу заўважыць вызначаную чырвоным алавiком трасу маршу, але дакладней ня мог спасьцерагчы нi мясцовасьцяў, нi нямецкае мяжы. Афiцэры - абодва былi са штаба Зiглiнга - амаль забылiся аб iснаваньнi "iнвалiда". Зiрнуўшы на карту, капiтан павесiў мапнiк на плячо i ўзяўся закурваць. Сянькевiч увесь замянiўся ў вочы. Хутка спасьцярог, што калёна была блiзка нямецкае мяжы (фактычна мяжы Эльзаса), i ўжо на перапынку, калi войска затрымалася на адпачынак, зьлезшы з аўта, паведамiў Кастусю Дзежку й iншым сябрам камiтэту аб вынiках разьведкi. Было пастаноўлена ўцякаць тае-ж ночы, адкiнуўшы канчатковы плян страляньня немцаў. На канчальную пастанову здабылiся ўжо позна папаўднi.

VII

Пад час абедняга перапынку Сымон i Вiктар Караткевiч выявiлi сваю думку Кастусю Дзежку. Той пахвалiў iдэю, але настойваў, што ўцякаць трэба гуртам. Заўважыў, што думка такая ёсьць i ў шматлiкiх iншых, але канчаткова зарганiзаванага i ўплянаванага нечага яшчэ ня было (адбывалася гэта перад разьведкай Вiктара Сянькевiча). Iншыя сябры, да якiх зьвярнулiся Сымон i Вiктар Караткевiч, былi зусiм ненаважанымi й больш выпытвалiся, чымся радзiлi.

Мо тутака два нашы гэроi занадта пагарачылiся. Маглi-б пачакаць, больш разьнюхаць, разважыць, iншых намовiць. Ды й ня шмат трэба было каго намаўляць. Камiтэт працаваў па зьвязах, усюды праводзiлася агiтацыя. Была зроблена сувязь зь iншымi ротамi, й там пачалася прапаганда, але, як пасьля выявiлася, яна ня прынесла жаданых вынiкаў.

Сымон асаблiва падкрэслiваў той факт, што цяпер мiналi спрыяльную тэрыторыю, што праходзiў час, якi трэба выкарыстаць, i што пасьля мо ня будзе такой добрай нагоды. Такiм чынам Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч пастанавiлi ўцякаць у той-жа дзень удвух пры першай лепшай нагодзе. Сымон меў першы адысьцiся на левы бок дарогi ў кусты, быццам для патрэбы, перачакаць, пакуль цэлая калёна пяройдзе, а там ужо - i ў горы. Мясцовасьць добра падыходзiла. Горы высокiмi скаламi засланялi паўночны бок. Такiм самым спосабам, прайшоўшы яшчэ мо пару сотняў мэтраў, меў змыцца й Вiктар Караткевiч. Бязумоўна, усю зброю й амунiцыю мелi захапiць з сабою.

VIII

Рэчка вялiкiм лукам выгнулася ў паўдзённым кiрунку, а побач яе бегла чыгунка. Толькi шаша не палегла тут побач рэчкi, а прасьцяком адскочыла ад яе на паўтара кiлямэтра на поўнач ды апаясвала самыя падножжы гор. Зараз-жа побач дарогi зь левага боку былi густыя кусты, пасьля ў кiрунку гор цягнулася на мэтраў сотню шырокая паласа сенажацi, там-жа зноў пачыналiся густыя горныя зарасьнiкi. Самi горы былi з лагоднымi ўзбоччамi й нявысокiя. Сымон кiнуў вокам направа й налева, памяркаваў i наважыўся. Была ўжо гадзiна чацьвёртая цi больш папаўднi. Неба зацягвалася хмарамi, немiласэрна парыла. Можна было лёгка ўгадаць, што прыйдзе дождж, калi ня бура. Дзесь далёка на захадзе пагражаў гром.

- Слухай, Вiктар, тут!

Вiктар разгледзеўся.

- Ужо цяпер?

- А чаго чакаць? Ты зараз-жа падрыхтуйся, не зявай. Там за некалькi дзясяткаў мэтраў шмыгнеш i ты.

- Я гатовы. Хiба-ж ты не парадзiш мне хатуля забiраць, каб немцы пыталiся, куды йду.

- Добра, няма часу на жарты. Глядзi адно, як пачуеш у лесе мой голас, то адклiкнiся, каб мы, баранi Божа, ня згубiлiся.

- Добра, iдзi ўжо.

Сымон паправiў за поясам сваю гранату, якую пазаўчора ўдалося яму знайсьцi ў Вальдагоне, агледзеў патранташы, стрэльбу й павольным крокам адыйшоў на левы бок дарогi, паплёўшыся ў кусты. Палажыў на траву стрэльбу, наўмысьля, каб усе бачылi, адшпiлiў пояс з патранташамi й прысеў за кустом. Якраз праязджаў на самакаце зьвязовы Штык, што бачыў Сымона й не зьвярнуў на яго вялiкай увагi. Жаўнеры часьценька па дарозе адыходзiлiся ў кусты.

Таму, што Сымонава рота iшла пры хвасьце калёны, доўга не давялося чакаць. Хутка хвост схаваўся на загiбе дарогi. Сымон хуценька зiрнуў, цi нiкога няма на дарозе, i шпаркiмi крокамi кiнуўся пад горы цераз паласу сенажацi. Адно некалькi крокаў дзялiла яго ад падгорных зарасьнiкаў, як раптам з таго боку, дзе нядаўна знiкла калёна, высунулася нямецкая вайсковая аўтамашына. Мiж Сымонам i ёй было мо паўкiлямэтра адлегласьцi.

У кузаве ехалi жаўнеры Вэрмахту. За першай паказалася другая й трэцяя.

Хаця Спарыш моцна ўстрывожыўся, але ў панiку ня кiнуўся. Яму выпадала або тут-жа на месцы прылегчы на голай выкашанай сенажацi ды варажыць на тое, што немцы яго не заўважылi, або дабегчы тых колькi крокаў да кустоў. Мо да часу, пакуль дабяжыць, немцы яго й заўважаць. Але няўжо-ж кiнуцца за iм у кусты? Сымон думаў маланкай i наважыўся дабегчы да кустоў. Прысьпяшыўшы як мага кроку й прыгнуўшыся, ён нарэшце грымнуўся нiцма цэлай сваёй постацьцю на першыя зарасьнiкi. Трапiў, мусiць, на нейкiя калючкi, што, быццам кацiнымi кiпцюрамi, дзёрнулi яму ўздоўж твару. Гвалтоўна бiлася сэрца, цяжка дыхалi грудзi. Сымон баяўся зварухнуцца. "Бачылi цi не? Няўжо-ж бачылi? А вось тады мне пападзецца".

Крышку падняў галаву, павярнуў яе направа ў кiрунку дарогi й сачыў за тымi трыма машынамi. Яны затрымалiся. Сымону новая хваля крывi хлынула ў галаву. Ужо яму здалося, што вось-вось пачнуць саскокваць з машын жаўнеры й гнацца, шукаць яго, Сымона, па лесе. Але нiчога падобнага не сталася. Машыны пастаялi нейкiх пару хвiлiн няведама чаго й зноў рушылi. Юнак устаў i ледзь выблытаўся з густых калючых галiнак. Правёў правай рукой па твары й пабачыў на далонi кроў.

- Каб цябе лiха! - прамармытаў.

Часу нельга было трацiць. Хутка заглыбiўся ў зарасьнiкi, якiя зараз замянiлiся сярэдняга росту дрэвамi. Пад нагамi шалясьцела леташняе лiсьце. Затрымаўся, заладаваў стрэльбу, наставiў бясьпечнiк i трымаў яе напагатове. Уважна разглядаючыся навокал, а перадусiм у правы бок, яшчэ прайшоў колькi крокаў i пачаў клiкаць свайго сябру:

- Вi-i-i-i-i-i-ктар!

Рэха гулка раскацiлася на ўсе бакi. Адказу ня было. Сымон гукнуў яшчэ колькi разоў. Тое самае. Вецер моцна скалатнуў вершалiнамi лесу. Сонца схавалася за хмарай.

Збочча гары раптоўна падымалася, й Сымон не бязь цяжкасьцяў крочыў наперад. Часта хапаўся за камлi дрэваў, каб не спатыкнуцца й не скацiцца назад. Iшоў цi, дакладней сказаць, лез мо хвiлiн пятнаццаць. Дрэвы зноў парадзелi й замянiлiся нiзкiмi кустамi. Уверсе вецер хутка гнаў хмары на ўсход, Яшчэ колькi хвiлiн, i пачнецца дождж. Сымон ня мог зразумець, што сталася зь Вiктарам. Няўжо-ж не асьмелiўся?

Адзiнокая аса, узбуджаная, вiдаць, раптоўнай зьменай пагоды, а мо й нечаканым наведвальнiкам, дробнымi кружкамi замiтусiлася над Сымонавым шлемам, быццам выбiраючы месца, дзе ўкусiць, i джгнула яго ў шыю.

- Ах, каб цябе нячыстая! - вылаяўся ўцякач.

Першыя рэдкiя й цяжкiя кроплi дажджу пасыпалiся на чупрыны кустоў. Сымон, выбраўшыся на плоскi гарызантальны хрыбет горкi, падаўся ў правы бок, асьцярожна ступаючы наперад. Хутка апынуўся над самым краем стромай сьцяны. Прысеў, схаваўшыся за куст. Тое, што пабачыў унiзе, адразу выясьнiла яму ўсю сытуацыю.

Пад нагамi яго ляжала вялiкая мясцовасьць. Як пасьля даведаўся называлася Клерваль. Дарога раптоўна загнула налева якраз там, дзе Сымон, уцякаючы, убачыў тры нямецкiя аўтамашыны. Вiктар таму й не мог уцячы. Бок гары з усходу быў надта стромы, а калi-б i не, дык Вiктар Караткевiч ня мог-бы ўцячы ад свае калёны ў мястэчку. Сымон разглядаў мост на рэчцы, чыгунку, што праходзiла ля самага падножжа гары, шашу, якая, перабегшы на паўдзённы бок рэчкi, стужкай абкружыла даволi шырокую далiну ва ўсходнiм кiрунку. Дарога была пустая. Сымонавай калёны ўжо ня было вiдаць. Толькi ў мястэчку затрымалiся на вулiцы тры хурманкi. Па нейкiм часе зь дзьвярэй крамаў выйшла колькi зялёных фiгурак. Яны селi на каламажкi, якiя трушком пакацiлiся па шашы.

IX

Сымон сядзеў, разглядаўся й разважаў. У сэрца пачала ўкрадацца трывога. Уцячы - гэта адно, але што цяпер рабiць? Трэба было наважыцца й то хутка. Куды кiнуцца? Дый як-жа гэта аднаму быць? Бязвыхаднасьць раптам ярка адлюстравалася ў Спарышовым уяўленьнi. Зрок блудзiў перш па далёкай дарозе, па стрэхах мястэчка й пасьля спынiўся каля правай рукi, якой юнак быў падпёршыся. На шыракаватай, можа, на сантымэтр цэлы, выхаджанай мурашкамi сьцежачцы Сымон заўважыў вялiкую чорную мурашку, што цягнула ў колькi раз большы за сябе кавалак сухога дрэва. Учапiўшыся за яго пярэднiмi лапамi, яна паволi рухалася задам.

Спарыш на момант забыўся аб сваiх турботах i зацiкавiўся працавiтым жыхаром лясоў i палёў. Асаблiва цiкава назiраць было, як мурашка старалася перавалачы свой багаж на другi бок таўставатай галiнкi, што ляжала поперак ейнай сьцежачкi. Праз той вузенькi праход, што мурашкi вытачылi пад галiнкай, кавалак дрэва не пралазiў. Пасьля пары няўдалых спробаў мурашка выпаўзла сама, адапхнула дрэва назад, колькi разоў абабегла навокал яго, быццам мяркуючы, што рабiць далей, ды хутка зноў узялася за працу, каб перацягнуць ладунак цераз бар'ер. Але як нi чаплялася заднiмi лапкамi за галiнку й як нi натужвала ўсе свае сiлы - нiчога не выходзiла. Iзноў абабегла навокал багажу, мяркуючы, якi тут знайсьцi ратунак.

Сымон сачыў тое мураўiнае змаганьне з захапленьнем. На момант i забыўся, што сам знаходзiцца ў большым клопаце й небясьпецы. Цэлую ўвагу аддаў малой iстоце. Гэтак калiсьцi любiў сачыць мурашак i ў дзяцiнстве. Дый хто-ж ня любiць назiраць за тымi працаўнямi. Адчуваў Сымон i нейкае задаваленьне з мураўiнага клопату - мо ад той сьвядомасьцi, што ня толькi ён адзiн у бядзе, але што i ўсё iншае ў прыродзе працуе, змагаецца й церпiць.

"I мог-бы-ж я памагчы ёй, - думаў хлапец, - але вось-жа няхай сама зробiць, а я буду збоку сядзець, сачыць i сьмяяцца. Няхай мурашка пазнае, якi лёгкi на гэтым сьвеце хлеб".

Тым часам мурашка наважылася, мусiць, пераправiцца цераз папярэчную галiнку iншым спосабам. Стаўшы раўналегла да свайго падоўжанага кавалка дрэва, яна пярэднiмi лапамi падапхнула адзiн ягоны канец уверх, так што ладунак ускосна лёг на бок галiны. Пасьля, адышоўшыся крыху назад, ухапiлася за заднi канец i зь вялiкаю натугаю папхнула ўвесь цяжар уверх. Кавалак дрэва перакулiўся на другi бок галiнкi.

Мурашка, вiдаць, узрадавалася, адскочыла назад i шпарка кiнулася ў левы бок, каб самой пералезьцi на другi бок праз той вузенькi праход пад галiнкай. Мусiць, ашчаджала сiлы й сама не хацела пералазiць цераз верх без патрэбы. Сымон дзiвiўся - колькi мудрасьцi цi мо толькi памяркоўнага iнстынкту мела маленькая працавiтая iстота.

Мурашка зноў хапiла кавалак дрэва пярэднiмi лапкамi й пачала цягнуць паволi, як раней. Але тут Сымон наўмысьля паставiў ёй на той вузенькай сьцежачцы вялiкi шырокi свой палец. Мурашка, кiнуўшы ладунак, абгледзела перашкоду i ўжо старалася, мусiць, разгледзець, як абысьцi яе, бо кiнулася крышку ўбок, хоць там дарожку загароджвалi сухiя сцёблы травы. Шкада Сымону стала раптам мурашкi. Ён прыняў палец i зь вялiкiм спачуваньнем уздыхнуў: "Эх, братка ты мой, мурашка. Дзiвяцца й людзi з тваёй працавiтасьцi й цярпеньня. Але ня ведаеш ты нашай горкай долi. Што й казаць! Ведала-б - дык i не пазайздросьцiла!"

Юнак адчуў вялiкi прылiў жалю й змагаўся са сьлязамi. Так i паплакаў-бы, здаецца, уволю й пажалiўся-б навет той мурашцы, бо ня было-ж каму. Але Спарыш не плакаў, хоць i сядзеў на вяршынi гары сам, хоць нiхто й не падгледзеў-бы. Сьлёзы лiчыў адзнакаю слабасьцi, а яму-ж нельга было цяпер быць слабым, старой сьлязьлiвай бабай. Трэба было мацавацца, гартавацца й ходацца зь лёсам.

Сымон вярнуўся да сваiх папярэднiх думак. "Уцёк-то ўцёк, - разважаў Спарыш. - Але што-ж далей? Цi чакаць ночы, цi цяпер куды йсьцi? Дый куды? Невядомая мясцовасьць, мова, людзi. I дзе-ж былi тыя макiсы? Казалi, што недалёка тут у ваколiцы ёсьць, але-ж гэта мяне не грэе. А што будзе, як пападуся ў рукi немцам? Яно-ж таксама магчыма. Ды мо гэткi канец i найверагоднейшы. Гэта-ж тут каля самай дарогi, не абы-што табе. I што-ж тут рабiць?"

У гэты час неба густым цяжкiм дажджом лiнула на Сымона зьверху. Засланiўся галiнкамi куста, але яны нiчога не памагалi. Так вось пабудзь пад такiм дажджом, дык хутка прамокнеш, а пасьля дзе высушышся?

"Трэба-ж нагвалт на нешта наважыцца. Не магу так вось сядзець, - разважаў Сымон. - А мо каб пайсьцi дый дагнаць вабоз? Пэўна-ж, далёка не ад'ехалiся. Цi гэта ня будзе небясьпечна? Мо ўжо даведалiся, што мяне няма? Але якi-ж iншы выхад? Мо там як вытлумачуся, а мо маёй адсутнасьцi й не заўважылi, а калi й спасьцераглi, дык можна будзе неяк выясьнiць, апраўдацца, сказаць, што проста дзеля патрэбы застаўся, цi яшчэ што выдумаць. Але што? I цi павераць? Дык што рабiць? Эх, што будзе, тое няхай будзе!"

Пры гэтай думцы Сымон махнуў рукой: буду даганяць!

Хуценька падняўся й, стулiўшы плечы, каб дождж не лiў за каўнер, падаўся назад тымi самымi сьлядамi, якiмi прыйшоў. У лесе схаваўся пад страхой верхнiх густых лiсьцяў. Менш дакучаў дождж. Хутка перабег тую паласу сенажацi й зноў апынуўся на шашы. Перш упэўнiўшыся, што нiкога няма на дарозе, на хаду разладаваў стрэльбу. Хуткiм крокам iшоў па правым баку. У Клервалi вулiцы сьвяцiлi пусткай, жывой душы ня вiдаць было. Сымон мiнуў масток i ўжо плянаваў, як гэта будзе тлумачыць сваю адсутнасьць. А тлумачыць, пэўна-ж, прыйдзецца.

Х

Першая гвалтоўная хваля лiўня мiнула. Церушыў дробненькi гусьценькi дожджык. Сымон не зважаў. Каб толькi ўсяго й было бяды - дажджу. Прайшоўшы нейкiх пару кiлямэтраў, заўважыў насупраць аўтамашыну. Гэта была легкавая даўгая вайсковая машына, у якой езьдзiлi штабовыя афiцэры. Яна прыблiзiлася, звольнiла, затрымалася. Сьпераду сядзеў шафёр, а ззаду - палкоўнiк з капiтанам. Сымон адсалютаваў.

- Што ты робiш адзiн тут на дарозе й зь якога ты адзьдзелу? - гаркнуў палкоўнiк на Спарыша па-нямецку.

- Я з трыццатай дывiзii, спадар палкоўнiк. Мой адзьдзел пайшоў наперадзе, вы, пэўна, бачылi па дарозе...

- Я, яволь, - кiўнуў галавой афiцэр.

- ...а я крыху адстаў ззаду й стараюся дагнаць.

Афiцэр нiчога не адказаў, уважна сьвiдруючы Спарыша вачыма. Махнуў шафёру рукой, i машына памчалася далей. Сымон паскорыў крокi.

Маршыраваў больш дзьвюх гадзiн. Дарога была зусiм пустая. Яшчэ адзiн раз праехала невялiкая калёна нямецкiх вайсковых аўтамашынаў у заходнiм кiрунку. Пасажыры iх, здавалася, са зьдзiўленьнем кiнулi вокам на адзiнокага ўзброенага жаўнера на дарозе.

Трывога павялiчвалася ў Сымонавым сэрцы па меры наблiжэньня да свайго адзьдзелу. "А што будзе, калi прычэпяцца немцы? Што мяне чакае?" - думаў ён. Але пастановы ўжо не зьмянiў. У выпадку найгоршага разьлiчваў, што памогуць, заступяцца сябры. Шаша зноў накiравалася цераз мост на рэчцы Дуб i перакiнулася на паўночны яе бок. Воддаль хлопец заўважыў свой вабоз. Затрымаўся ён на шырокай лагчыне мiж шашой i рэчкаю. Канюхi, парасстаўляўшы каламажкi ля самага берагу рэчкi, ужо павыпрагалi й даглядалi коней, жаўнеры-ж мiтусiлiся навокал сваiх ужо дзе-нiдзе пабудаваных палатак. Шмат зь iх, пасабiраўшыся групамi, пераважна пры хурманках, над чымсьцi радзiлi.

Сымона здалёк заўважыў Вiктар i выбег насустрач.

- Ну як, уцёк? - сьмяяўся ён.

- Няхай цябе чорт, такога сябру! - скрывiўся Спарыш.

- Дык а што-ж я меў рабiць, калi там зараз вёска натрапiлася?

- Ведаю, добра ўжо... Не патрабуеш апраўдвацца.

- Ты й добра зрабiў, што вярнуўся.

- Пыталiся пра мяне?

- Штык пытаўся. Я сказаў, што ты дзеля патрэбы застаўся. Iдзi зараз да яго замэльдуйся.

Сымон так i зрабiў.

- А што-ж з табой? Дзе ты так доўга бадзяўся? - спытаў немец, зырка ўталопiўшыся ў яго.

- Застаўся крышку ззаду, адпачыў. Пасьля дождж зачаў падаць, дык пад кустом перачакаў, - тлумачыў спакойна Спарыш.

- Так? А ня ведаеш, дзе Сiткоўскi й Камар?

- Не, ня ведаю, - адказаў хлапец. Ён зараз здагадаўся, што гэтыя хлапцы ўцяклi пасьля яго, i ў той момант iм пазайздросьцiў толькi таму, што ягоныя ўцёкi не ўдалiся. Здавалася Сымону, што зьвязовы Штык здагадаўся, дзе ён быў i што сталася з двума, аб якiх пытаўся. Ягоны, здавалася, i твар гаварыў: "Ты-ж мяне, братка, стараешся вакол пальца абвесьцi, але-ж я ведаю, дзе ты, даражэнькi, быў". I толькi чакаў Спарыш, як вось-вось Штык скажа: "Ты лгун! Ты ў горы ўцякаў, ды не ўдалося. Забраць яго! Зараз расстраляем перад фронтам адзьдзелу". I калi Штыкова правая рука палезла ў кабуру, у Сымона дзесьцi каля каленаў пачалi бегаць мурашкi.

- Трымайце, трымайце яго! - крыкнуў Штык i выняў з кабуры "люгера".

Двое хлапцоў колькi крокаў воддаль трымалi добра адпасенага падцёлачка. Штык падышоў i, прыставiўшы рулю пiсталета ў самы бычкоў лоб, стрэлiў. Хлопцы адскочылiся, бычок гоцнуўся вобземлю, задрыпаўшы нагамi.

- Голад быў у Нямеччыне, дык хоць мо чужога пад'ядзём, - сказаў адзiн з тых, што трымалi падцёлачка, сочачы ягоныя перадсмяротныя ўздрыгi.

- А фiгу бачыў, дружа мой? - зарагатаў другi. - Немцы мяса зьядуць, капыткi нам дадуць... - зацягнуў ён на матыў "Если завтра война".

Штык, пачакаўшы пару хвiлiн i ўпэўнiўшыся, што падцёлак застрэлены, уважна агледзеў "люгер" i палажыў яго ў кабуру.

- Бяжы да кухнi памагаць абразаць бульбу!

Сымону ня трэба было двойчы паўтараць.

Кастусь Дзежка вельмi ўзрадаваўся, знайшоўшы Спарыша пры кухнi. Ён расказаў, што ўсе радзiлi над уцёкамi ў горы ноччу, што вялася агiтацыя. Пастанова была пэўная.

- А як будзе з табою? - папытаў Сымона. Той адказаў не адразу.

- Ня ведаю яшчэ. Бачыш, вось я толькi вярнуўся з адных уцёкаў.

- Дык ты не марудзь, а памазгуй там у сваёй башцэ ды скажы мне. Я хачу, каб ты й Караткевiч, каб мы ўсе пайшлi разам.

- Добра, падумаю, - паабяцаў Сымон, шпурнуўшы абрэзанай бульбiнай у вялiкi кацёл.

ПЕРАХОД ДА МАКIСАЎ

I

Дрэва вольнасьцi час-ад-часу мусiць быць адсьвежана крывёй патрыётаў i тыранаў. Гэта - натуральнае яго ўгнаеньне", - пiсаў да палкоўнiка Смiта, зяця прэзыдэнта Адамса, аўтар амэрыканскае "Дэклярацыi аб незалежнасьцi", будаўнiк Злучаных Штатаў, архiтэкт вольнасьцi й дэмакратыi - Томас Джэфэрсон.

Кроў няслаўных i зьненавiджаных тыранаў пралiваецца ў ахвяру новых i лепшых iдэяў; кроў змагароў за лепшыя iдэi родзiць вольнасьць, шчасьце, справядлiвасьць. Але колькi-ж крывi пралiваецца зусiм бяз мэты, хiба толькi для насычаньня ненармальных, нялюдзкiх iнстынктаў тыранаў...

Калi ў раньнюю пару другой сусьветнай вайны нямецкiя карныя адзьдзелы збурылi чэскую вёску Лiдыцэ й спалiлi жыўцом усiх яе жыхароў мужскога роду, дамэтныя й палiтычна разумныя чэхi раструбiлi аб гэтым зьверстве па цэлым сьвеце, здабываючы вялiкi палiтычны капiтал. Чэхi мелi за межамi спагадлiвыя сэрцы, што спачувалi, пiльныя вушы, што прыслухоўвалiся, прыязныя рукi, што сьпяшылi iм на дапамогу.

За час другой сусьветнай вайны акупантамi ў Беларусi былi разбураныя тысячы вёсак, жыўцом папалена iх насельнiцтва. Крышылася, папялiлася, гарэла, стагнала, енчыла шматпакутная Крывiччына-Беларусь. У пякельна-вогненных муках уздымалiся пад неба, клiчучы на ратунак i на помсту Ўсемагутнага, бясьсiльныя абамлелыя рукi беларускай маткi, жыўцом душылiся дымам i гарэлi ў полымях пажараў няшчасныя нявiнныя дзеткi.

Надлюдзкiя цярпеньнi гаротнага народу не ўзбагацiлi беларускага палiтычнага капiталу за межамi. Ня было там вушэй, што прыслухоўвалiся, зычлiвых сэрцаў, што спачувалi, сяброўскiх хрысьцiянскiх рук, што пасьпяшылi-б на дапамогу. Беларусь за межамi была няведамай, недасьледаванай белай плямай на мапе, чужой правiнцыяй. Рэха народных iмкненьняў заглушана было грымотамi змаганьня за беларускую зямельку двух паразiтаў-драпежнiкаў.

А ў сталiцах заходнiх дэмакратычных краiнаў зьдзiчэлыя ў сваёй прагавiтасьцi груганы - польскiя абшарнiкi, вайсковыя асаднiкi, крывадушныя ксяндзы, ураднiкi й iншая шляхоцкая й панская дробязь, што дваццаць гадоў жыравалi на беларускiм целе, рыхтавалi тым часам нашаму народу новыя аковы. Белыя расейцы - папы, чарнасоценцы, усякай масьцi няслаўныя нашчадкi Мураўёва-Вешацеля - з другога боку майстравалi яшчэ мацнейшае, больш удушлiвае й цясьнейшае ярмо. Адны й другiя чакалi добрае нагоды. I знаходзiлi ў заходнiм сьвеце сымпатыi й падтрымку для сваiх захопнiцкiх плянаў i пасяганьняў на чужое.

Цяжкiмi ёсьць пачаткi змаганьня за незалежнасьць без агульнага ўздыму, калi полымя сьвядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапiла яшчэ цэлы народ. Колькi-ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гiсторыю нашай краiны, пачынаючы хаця-б ад Кастуся Калiноўскага. Колькi дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага гэройства, колькi неўзнагароджаных цярпеньняў, а з другога боку - нявыкарыстаных магчымасьцяў!

Катаклiзм Другой Сусьветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускi народ. Побач зь нязьлiчонымi стратамi ў ваеннай завiрусе расьлi й множылiся ладныя шэрагi новых змагароў за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адбываўся прысьпешаны працэс вырастаньня й гартаваньня новага беларускага сына - змагара за будучае шчасьце народу. Падрастала й гартавалася ў школах i нацыянальных арганiзацыях моладзь, што высока ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг i крыж Ярылы, сьмела крочыла на змаганьне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гiстарычныя часы, прасякла бязьмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народу ляжыць толькi ў сваiх собскiх сiлах. Як не хацелася таго акупантам, зерне iмкненьня да волi й самастанаўленьня аб сваiм лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.

Юнакi, што ў чэрвенi 1944 году зьехалiся ў Менск у Школу Камандзераў БКА, прыйшлi добраахвотнiкамi, каб ваяваць за вялiкую й несьмяротную iдэю, iмя якой - вольнасьць i незалежнасьць Беларусi. Маладыя гады, калi фармуюцца погляды й характары людзей, калi яны, быццам тая губка, што ўбiрае ў сябе ваду, насычвалiся ведамi й нацыянальнай сьведамасьцю, - гэтыя гады пражылi яны пад час вайны. Акрамя нармальнае навукi ў сярэднiх школах, дзе гадавалiся на добрых сыноў i сьвядомых грамадзянаў Бацькаўшчыны, мелi магчымасьць сачыць, як на iхных вачах рабiлася гiсторыя. Назiралi, як прыблуды-чужынцы тузалi на кускi, нiшчылi ўсё роднае, жывое, як з аднаго боку гiтлераўцы праводзiлi ў практыку iдэю Нiцшэ - "сiла ёсьць права, а права ёсьць сiла", а з другога боку расейцы яшчэ раз практыкавалi iдэi Iвана Грознага, Пятра Першага й Мураўёва-Вешацеля.

Якое-ж тады дзiва, што нянавiсьць да ворагаў-прыгнятальнiкаў, чужых прыблудаў i эксплуататараў радзiла ў сэрцах бязьмежную любоў i адданасьць да пакрыўджанае Бацькаўшчыны, радзiла патрыятызм, што часьценька пераходзiў аж у фанатызм? Iмкненьнi свае й адданасьць у службе для Бацькаўшчыны выказвалi энтузiязмам у вайсковай навуцы. Iхныя патрыятычныя пачуцьцi i любоў да ўсяго роднага ў штодзённай жыцьцёвай практыцы выказвалася даверам да сваiх родзiчаў, што йшлi тым самым шляхам; вялiкая й шляхотная iдэя, за якую прыйшлi змагацца, узносiла сэрцы iхныя вышэй за ўсякiя зямныя iнтрыгi, махлярства й зло. Зялёныя яшчэ ў практычным будзённым жыцьцi юнакi, лунаючы ў вялiкiх вышынях на крыльлях чыстае iдэйнасьцi, што скiравала iхныя крокi ў Менск, часта-густа ня ведалi аб розных практычных i варожых перашкодах, якiя лёс i лiхалецьце стаўлялi на iхным цяжкiм шляху.

Колькi-ж разоў прыйшлося гэтым юнакам падаць на шляху дзеля свае неспрактыкаванасьцi. Колькi разоў падымацца й зноў падаць! Лёс, як наўмысьля, ставiў розныя выпрабаваньнi. Гэты суровы лёс быў найлепшай школай. I слабыя памiж iмi падалi й больш не ўставалi. А самыя моцныя, што мелi найлепшыя задаткi ў сваiх характарах, мацнелi й мужнелi, раслi шчэ больш духова i фiзычна. А за тымi моцнымi падцягвалiся, падраўноўвалi шэрагi й слабейшыя. Такiм чынам, абсалютная большасьць трывала, вучылася, набiрала практыкi, дасьведчаньня й сiлы. А гэтай апошняй найбольш было трэба для беларускага народу. Гэтую простую праўду юнакi пазналi хутка. Сiла ў еднасьцi. Дзе еднасьць - там сiла!

Калi ўжо пакiнуць убаку iншыя прычыны, дзеля якiх юнакi пачалi хутка ненавiдзець сваiх нямецкiх iнструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз з поўнай сьвядомасьцю падчыркнуць: усе яны, бяз вынятку, прыйшлi ў армiю добраахвотнiкамi й прыйшлi змагацца за iдэю, а не за нямецкi хлеб. Калi паўстала думка аб пераходзе да францускiх макiсаў, то кожны разважаў, што калi прыйшоў добраахвотнiкам, дык i адысьцi можа сам, калi захоча. Наверх усяго, мяркавалi яны, прыйшлi-ж у беларускую армiю, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускi народ, а не за нямецкi. Дык i за што-ж мелi змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыi, калi цэлая Беларусь была зноў у бальшавiцкiм ярме? Цi ня лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў? I якiя прэтэнзii маглi мець да iх немцы за такi цi iншы паступак? Яны-ж ня былi наёмнiкамi.

Ужо ў той час ясна вiдаць было, што немцы вайну прайграюць. Логiка падказвала, што ўсякая кропля крывi, пралiтая на гэтым баку фронту, будзе дарэмная. Тым часам, перайшоўшы на другi бок, можна будзе зрабiць шмат чаго добрага для Бацькаўшчыны. А праца для Беларусi, змаганьне за яе вызваленьне i - у канцы - само вызваленьне й было iхняй мэтай.

II

Цэлы падвячорак 31 жнiўня, значыцца, таго самага дня, калi Сымон Спарыш вярнуўся са сваiх няўдалых уцёкаў у горы, iмжыў дробненькi густы дожджык. Хмары нiзка навiсьлi над гарызонтам, лахматымi жыватамi чапалiся за вышэйшыя вяршынi гораў. Пахаладнела. Там-сям яшчэ завiдна, бо вечарам было забаронена, жаўнеры параскладалi вогнiшчы. Кожнаму дасталося па глытку сьпiрту зь вячэрай. Здагадалiся, што сьпiрт паходзiў дзесьцi з францускага складу, бо немцы-ж чужым свайго алькаголю не раздавалi.

Адзьдзел быў разьмешчаны на шырокiм лузе даўжынёю каля двух кiлямэтраў, мiж шашою i рэчкаю. Каля самай рэчкi стаялi хурманкi й конi. Паабапал шашы вырас лес палатак. З паўночнага боку дарогi была нявысокая гара, зарослая густаватым хмызьняком. Лепшага месца для пераходу на другi бок нiхто й выдумаць ня мог-бы.

Дзесь па гадзiне адзiнаццатай, калi ўжо, як здавалася, усё ў абозе спала, толькi хрупалi й пырхалi конi, з палаткi дванаццатае роты вылезьлi дзьве постацi. У руках адной быў ручны кулямёт "дзегцяроў", другая тарабанiла дзьве скрынкi амунiцыi. Яны iшлi прыгнуўшыся, моўчкi, асьцярожна ступаючы ў кiрунку дарогi. Вартавыя, што паволi шпацыравалi па дарозе, кiўнулi iм галовамi, i двойка зьнiкла ў цемры ў кiрунку гор.

Мiнаў час. Была ўжо поўнач.

Раптам з таго кiрунку ў гарах, куды накiравалася двойка, пачулiся густыя кулямётныя стрэлы. Адна сэрыя, другая, трэцяя... Сьцiхне i зноў. Вартавы з дванаццатай роты i зь iншых па суседзтву стрэлiлi па пару разоў уверх на трывогу. Як быццам на агульную каманду, у абозе вырасла, ледзь не з-пад зямлi, вялiкая маса людзей. Падскоквалi ўверх малыя палаткi. Людзi былi апранутыя й трымалi зброю ў руках. Гэта былi тыя, што ня спалi, а, прытаiўшыся, чакалi ўмоўленага сыгналу. Маючы з сабой зброю, захапiўшы емiну й неабходныя рэчы, усе яны кiнулiся бегчы ў кiрунку гары, адкуль было чутно яшчэ тарахценьне "дзегцярова".

- Партызаны! Партызаны! - чулася навокал.

Камандзер роты старшы лейтанант Петрык i ўсе нямецкiя iнструктары начавалi ў палатках па суседзтву. Калi Петрык пачуў стрэлы перш у гарах, пасьля ад вартавых i зараз-жа гоман i рух у абозе, ён хуценька ўсхапiўся, насунуў боты, накiнуў мундзiр i выглянуў на двор. Бачыў, як жаўнеры беглi ў кiрунку гары, чуў крык "партызаны".

"Але-ж то файнае войска, - падумаў ён, - так хутка пачулi небясьпеку й самi бягуць на змаганьне з партызанамi". Дзеючы больш пад iмпульсамi, чымся з развагай, ён хутка схапiў зброю, шлем i, клiкнуўшы падафiцэраў, каб не заставалiся ззаду, кiнуўся ў ведамым нам ужо кiрунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусiм без майго ведама кiнулася ў бок стралянiны? Адкуль такi энтузiязм да наступу?

Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы цi прабегшы блiзу кiлямэтр праз падгорныя хмызнякi, рэдкiя дрэвы, ён апынуўся на нейкiм узбоччы сярод сваiх жаўнераў. За iм, засопшыся, цягнуўся й нямецкi iнструктар Будкэ. Толькi Кацынскi, што пры пачатку трывогi зьбiраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылi, што яны абкружаныя з усiх бакоў суцэльнай сьцяной жаўнераў. Юнакi трымалi зброю напагатове.

- Злажыце зброю! - загадаў моцны ўпэўнены голас, i два чалавекi наблiзiлiся да немцаў. Тыя не супрацiўлялiся, толькi яшчэ зь нейкай зьбянтэжанасьцю, быццам вушам ня верачы, пазiралi навокал.

- Лейтанант Петрык, - пачаў той-жа цьвёрды голас, - мы ўсе, якiх тут бачыце, сяньня наважылi пакiнуць нямецкую армiю й перайсьцi да францускiх партызанаў...

- Чаму? - вырвалася раптам у лейтананта.

- Самая галоўная прычына, калi хочаце ведаць, гэта тое, што мы пайшлi ў беларускую армiю, а не ў нямецкую. Мы пайшлi змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкi "фарфлюктар", i былi добраахвотнiкамi. Думаю, што мы добраахвотнiкамi можам i адыйсьцi, i вы, немцы, не павiнны за гэта крыўдзiцца. Зразумела вам усё?

- Яволь, - адказаў ужо слабейшым i больш нясьмелым голасам афiцэр. Ён азiраўся навокал, быццам зьнячэўку злоўлены ў пастку зьвярок. У гэты момант яму менш абыходзiла прычына ўцёкаў жаўнераў, чымся трывога аб сваiм далейшым лёсе. Пробаваў угадаць, што зь iм зробяць: цi адпусьцяць, цi застрэляць. Дарма трывожыўся Петрык. Жаўнеры ня мелi на яго злосьцi, бо нiякае крыўды iм не зрабiў. Быў найбольш бясколерным нямецкiм афiцэрам, якога колiшнiм кадэтам давялося пазнаць пад час кароткае вайсковае кар'еры. Гэта быў процiлеглы полюс да таго зьненавiджанага Шнайдара. Заўсёды трымаўся быццам ззаду, а калi й даводзiлася мець дачыненьнi з жаўнерамi - меў iх колькi разоў кожны дзень - то быў вельмi талерантным. Хлопцы яго за гэта паважалi. Калi-ж ходзiць аб зьвязовых Будкэ й Кацынскiм, то на гэтых шмат хто хацеў бы налажыць руку. Але трэба было браць увагу на тое, што ззаду засталiся сябры, якiя маглi-б пасьля пацярпець за лiквiдацыю немцаў. Дык найвыгадней было ўсiх трох адпусьцiць назад.

- Вы цяпер пойдзеце назад i слухайце ўважна, што вам скажу, - гаварыў Кастусь Дзежка. - Ня сьмейце рабiць нiякiх рэпрэсiяў за наш пераход да французаў на тых, што з вамi засталiся. Яны за гэта не нясуць адказнасьцi. Калi-ж вы станеце караць нашых людзей, дык памятайце, што мы дачуемся й вас знойдзем.

Апошнiя словы былi вымаўлены пагрозьлiвым тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву.

- Мы хочам, каб вы далi слова, што ня будзеце рабiць рэпрэсiяў, настойваў Дзежка.

Петрык нейкi час маўчаў i пазiраў на другiх немцаў, быццам хацеў спытаць, цi даваць такое слова.

- Дык што? Даеце слова?

- Я-ж афiцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне... - мармытаў немец.

- Вы можаце гаварыць як чалавек.

- Што-ж, як чалавек я ня буду старацца рэпрэсаваць...

- А вы? - спытаў Дзежка ў Будкэ й "фольксдойча" Кацынскага.

- Я нiкога не зачаплю, - пасьпяшыў Будкэ.

- I я тэз... - вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.

- Вельмi добра. Такiмi мы заўсёды хацелi вас, немцаў, бачыць, каб з вамi часам як зь людзьмi льга было пагаварыць. А то найчасьцей вы захоўвалiся й паводзiлiся, як зьвяры. А цяпер... - тут Дзежка хапiў аўтаматы немцаў, павымаў зь iх магазыны з амунiцыяй i перадаў зброю ўласьнiкам, - можаце iсьцi назад. I памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце iсьцi.

У шчыльным кругу зрабiўся праход, i немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакiнулi месца збору.

- Я-б iх пусьцiў, гадаўё гэткае! - пагражаў голас.

- Пастраляў-бы, вось што!

- Вось разумнiк знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталiся? Цi, можа, прыпомнiць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы iх, ты страляў-бы сваiх.

- А-ах!

- Вось табе й а-ах!

Раптам усе загаварылi. Пачалiся нарады - як i што?

- Увага! - гукнуў Дзежка. - Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць i цёмна iсьцi, дый хто ведае, куды можна трапiць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды зь сiлаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кiлямэтраў ад галоўнае дарогi, дзе затрымаемся да свiтаньня. Там ужо будзем бачыць.

Шнурком i групамi малы адзьдзел пералез гару, якая была нявысокая, i паволi зыйшоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, ня больш, хаця шматлiкiя варажылi, што мусiла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, адзьдзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, а пасьля крыху на поўнач. Каля другое гадзiны ночы пачаўся страшэнны лiвень. Далей iсьцi было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызьняк, пастанавiлi спынiцца. Людзi былi стомленыя ад няпрывычнага хаджэньня па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамi пад нагамi - жаўнеры, стулiўшыся пад дрэвамi, старалiся заснуць i перачакаць ноч.

III

Уночы хтосьцi моцна тузануў Сымона за нагу. Ён спаў пад нацягнутай на трох калочках трохкутнай маскiроўкай.

- Эй, Сымон! - забубнеў голас да соннага хлапца. - Ты ня ранены?

- Га? Чаго,ты?

- Ты ня ранены?

Сымон ня зразу ўпрытомнеў, чаго ад яго хацелi. Так моцна спаў, што ня чуў нiякай стралялiны, а зусiм забыўся аб тым. што сябры ўцякалi ў горы.

- Што ты, здурэў? - крыкнуў ён злосна. - Якое ранены й чаго ранены? Уматывайся к чорту й не перашкаджай спаць!

Калi ён разбудзiўся ранiцай, заўважыў, што ўжо мусiла быць шмат пазьней, чымся звычайна, калi ўставала рота. Хутка стаў карабкацца з-пад свайго, нацягнутага на тры палачкi, маскавальнага трыкутнiка. Таўхануў пасярэдзiне палатно, i вада лiнула яму за шыю. Гэта ноччу дождж налiў на версе маскiроўкi маленькую сажалку.

- Вось, каб цябе нячыстая! - вылаяўся.

Лёгкi туман пакрываў далiну рэчкi. Пацягваючыся й расчэсваючы буйныя валасы, Сымон аглядаўся навокал. Абуў чаравiкi, апрануў мундзiр i схапiў кацялок, каб пайсьцi зачэрпнуць з рэчкi вады й памыцца. Але тут вельмi дзiўнай раптоўна выдалася навакольная цiшыня.

"Дзе-ж гэта ўсё падзелася? Што яны робяць?"

Заглянуў побач пад Вiктараў трыкутнiк. Сябра ўжо быў устаўшы.

"Дзе-ж ён мог быць?"

Воддаль заўважыў цыбатага Янкоўскага. Ён належаў да тых, што заўсёды i ўсюды плёўся ў хвасьце й атрымаў мянушку "недаробленага". Быў гэта сярэдняга росту тонкi юнак, з даўгой шыяй, адвiслымi вушамi, прышчаватым тварам. Найбольш ненармальнымi былi ягоныя, падобныя да дзьвюх мяцёлак, чорныя густыя бровы, што тырчэлi наўскасяк i ўверх. Янкоўскi корпаўся каля сваiх рэчаў. За iм заўважыў Сымон i малога Жука.

- Гэй, Янкоўскi! Скажы мне, дзе гэта ўсе нашы падзелiся? - гукнуў Сымон.

- А што, ты ня чуў?

- Што чуў?

- Ноччу бальшыня пайшла ў горы.

- Iдзi ты...

- Праўду кажу.

- У горы пайшлi? А як-жа то мяне пакiнулi?

I цяпер толькi прыпомнiў хлапец, як учора Дзежка прапанаваў iсьцi разам i як позьнiм вечарам ён адмовiўся ды, прымасьцiўшыся побач Вiктара Караткевiча, палез пад свой трыкутнiк i ноч пераспаў, нiчога ня чуючы.

- Дык, як то? Усе пайшлi й толькi цябе пакiнулi? - перапытаўся Спарыш Янкоўскага.

- Шмат вунь засталося. Хто каля вазоў сабраўся, а iншыя сваймi справамi займаюцца.

Зь iмглы высунулася шырокая сутулаватая фiгура Вiктара Караткевiча. Ён, мусiць, быў каля хурманак, адкуль чуваць быў гоман, але нiчога ня было вiдаць.

- Ты ўжо ўстаў? Я не хацеў цябе будзiць, бо сягоньня пабудкi ня было. Ты чуў, што сталася?

- Крыху чуў.

- А мы, брат, так i празявалi.

- Бачыш, што выйшла. Колькi людзей уцякло?

- Цяжка iх палiчыць, але выглядае, што палавiна нашай роты й шмат зь iншых ротаў.

- А хто з нашых беларускiх падафiцэраў?

- Грамыка й Гуць.

- Малайцы хоць за тое, што адважылiся. Ты слухай, а дзе нашыя швабы?

- Бачыў Штыка, як мiтусiўся каля свае палаткi. Iншых ня бачыў. Хтосьцi казаў, што Петрык паехаў раненька на канi, мусiць, цi ня ў полк...

- Такая справа.

Абодва памаўчалi.

- Чорт вазьмi, - з заклапочаньнем церабiў каля правага вуха Сымон, - хто ведае, што з гэтага выйдзе. Нiколi ня ведаеш, што швабы могуць зрабiць. Мо лепш было ўжо ўсiм смаргануць разам. А што там каля кухнi робiцца?

- Дымiць, вiдаць.

- Дык мо варта падыйсьцi туды, каб кавы хаця якой дастаць?

Хлопцы ўзялi кацялкi й пайшлi да кухнi. Выдавалi каву. Вальтэр быў хмарны й зь нiкiм у гутарку ня ўваходзiў. Навокал групкамi стаялi жаўнеры й на розныя лады камэнтавалi наглыя падзеi. З гутарак вiдаць была агульная няпэўнасьць што да будучынi. Усе з непакоем чакалi далейшых выпадкаў.

IV

Празь нейкiя паўгадзiны тое, што засталося з дванаццатай роты й iншых адзiнак, якiя начавалi на лузе, заварушылася. Вымаршыроўвалi ў далейшую дарогу. Пасьля пару гадзiнаў маршу зноў пачаўся густы лiвень. Затрымалiся ў вёсцы й перачакалi яго, пахаваўшыся, дзе хто мог - хто пад страху, хто пад дрэвы.

Як толькi спынiўся дождж, зьявiлiся лейтанант Петрык, Кацынскi й Будкэ. Першы быў на канi, два апошнiя - на самакатах. Зь iмi, таксама конна, быў нейкi незнаёмы лейтанант. Гэта быў перакладчык са штабу батальёна. Калi рэшткi дванаццатае роты сталi ў трох шэрагах, як было загадана, на зборку, аказалася, што лiк паменшыўся напалову. Перакладчык пачаў да жаўнераў па-расейску:

- Сягоньня шмат з вашых сяброў уцякло ў горы. Яны прылучацца да францускiх тэрарыстых i пасьля пападуць у рукi ангельцаў, якiя адашлюць iх Сталiну, згодна заключанай умовы. Вашых сяброў чакае дрэнны лёс, калi не пагiбель. Цяпер скажыце - а з вас некаторыя пэўна ведаюць - чаму яны гэта зрабiлi? Цi iм было дрэнна ў нас? Цi есьцi мала? Або, можа, яны мелi iншую мэту? Можа, мелi зь кiм сувязь? Тут маўчаць ня трэба. Пэўна, з вас нехта хоць адзiн ды ведае прычыны.

Адзьдзел маўчаў.

- Яшчэ раз прашу, хто ведае прычыны дэзэрцыi вашых сяброў, сказаць нам аб iх.

- Ну дык кажы, чаго-ж iх баiшся, - голасам i таўхялём пад бок заахвочваў сусед Каханчыка. Гэты апошнi быў адным з найбольш рослых, сьмелых i разважных у роце. Расейскi перакладчык заўважыў рух ягонага суседа.

- Вы што знаеце? - падскочыў да Каханчыка. Усе немцы пазiралi на хлапца з запытаньнем.

- А што ведаю, тое магу сказаць, - пачаў сьмела, аглянуўшыся на сяброў, Каханчык. - Як толькi мы прыехалi ў Нямеччыну цi яшчэ ў Прусiю, дык немцы адразу пачалi нам дапякаць, што тут вам "кайн Руслянд", сталi абзываць дурнямi й тым падобнымi, адным словам, зьневажаць, колькi ня трэба. А мы-ж вунь прыйшлi ў Менск ахвотнiкамi, дык нам i не падабалася, што як тых "кнэхтаў" нас трактуюць. Ды хаця-ж, каб толькi не падабалася... Мы-ж людзi зь сярэдняй асьветай. Думалi, што немцы гэта на ўвагу возьмуць. Афiцэрская школа як-нiяк... Ажна тутака адносiлiся, казаў той, не як да хаўрусьнiкаў, якiя прыйшлi добраахвотнiкамi ў войска, а быццам як да нейкага быдла, што сiлком пазьбiралi, цi што... Што да ежы, то я адно пра сябе скажу: мне хапала...

- Мала было! - крыкнуў голас, набраўшы сьмеласьцi.

- Есьцi нiколi не хапала! - памог iншы.

Самы большы ядун Мулага не далажыў свайго слова, бо калi-б i адкрыў рот, каб што сказаць, маглi-б высьмяяць. Да выказваньняў Каханчыка тое-сёе далажылi iншыя. Усё зводзiлася да таго, што немцы трактавалi колiшнюю школу камандзераў БКА не па-людзку, адносiлiся як да "унтэрмэншаў", што агоркла-абрыдла гэнае "кайн Руслянд" i iншае. Адылi аб сапраўднай прычыне пераходу сяброў iхных да французаў нiхто й не заiкнуўся. Бо хто-ж мог быць настолькi сьмелым, каб вытлумачыць гiтлераўцам, што беларусам, якiя пайшлi ваяваць за шляхотную iдэю, было не па дарозе зь iмi, што вучнi Школы Камандзераў БКА даўно i надта-ж падрабязна вывучылi iх, ведалi, што чакае iх у будучынi, калi-б засталiся побач гiтлераўцаў... Хто-ж мог сказаць немцам, што вайну яны ўжо прайгралi? Дый цi варта было?

Цiкава было-б збоку назiраць, як, слухаючы трапныя простыя заўвагi, хаця i ў перакладзе лейтананта, i немцы наплывалi з твараў крывёй. Гэта-ж мо нiводнаму зь iх не даводзiлася раней слухаць, каб чужынцы адкрыта iх крытыкавалi, дый што самае горшае - яны, нядаўнiя паны Эўропы, стаялi, бязрадна апусьцiўшы рукi, i мусiлi слухаць. Цi адзiн зь iх, паводле ранейшых прывычак, выхапiў-бы аўтамат i пачаў-бы касiць сьвiнцом тых "унтэрмэншаў". Але-ж самi адчувалi, што знаходзiлiся на дрыгве. Iх было мала, а войска ўсё чужое. I дзеля таго злавалi яшчэ больш, усьведамiўшы сваю бясьсiльнасьць. Цi адзiн мо абяцаў сабе ў думках, што адпомсьцiць за гэта "унтэрмэншам" у будучынi.

Нейкi час пазьней дванаццатая рота перайшла пару кiлямэтраў наперад, дзе сабраўся цэлы адзьдзел у сiле каля двух батальёнаў, цi таго, што засталося з учарашнiх двух батальёнаў. На невялiкай вясковай плошчы стаяла жменя афiцэраў перад фронтам пастаўленага чатырохкутнiкам адзьдзелу, i зноў гаварыў перакладчык, паясьняючы й пашыраючы тое, што сказаў яму старэйшы афiцэр. Яшчэ раз страшыў, што ўцёкшыя да тэрарыстаў беларусы пападуць у рукi Сталiна i г. д. Пераконваў, што Нямеччына ў нiякiм выпадку вайны не прайграе, бо гэтага навет i быць ня можа. Толькi, чаму быць ня можа - перакладчык ня вытлумачыў. Вiдаць, i сам ня верыў у тое, што гаварыў.

- Эх ты, братка, махаеш ты нам перад носам старым пудзiлам i старымi абяцанкамi. А папытаўся-б хто, цi каторы табе паверыць... - камэнтаваў голас у другiм шэрагу дванаццатай роты.

Ужо ў часе гэтай батальённай зборкi хлопцы заўважылi, што ў першым зьвязе бракавала яшчэ чатырох чалавек, якiя ранiцою былi на першай зборцы. Значыцца, махнулi ў горы. Вiктар iзноў намаўляў Сымона, але калега адмовiўся.

У гэты-ж самы дзень, калi, прайшоўшы некалькi кiлямэтраў, адзьдзел спынiўся на абед, Сымон зь Вiктарам адшукалi афiцэра-перакладчыка, якому яшчэ з большымi дэталямi расказалi аб прычынах незадаваленьня i ўцёкаў беларусаў. Гаварыў найбольш Сымон, а сябра слухаў i час-ад-часу дакладаў слова.

Паўтарыўшы сказанае раней сябрамi, Сымон успомнiў яшчэ аб непашанотных адносiнах немцаў да беларускiх афiцэраў i пасьля даў два прыклады, як Кацынскi спрычынiўся да незадаваленьня жаўнераў, а ўрэшце й да ўцёкаў. Гэтымi прыкладамi былi сяржант Грамыка й зьвязовы Гуць.

Грамыка служыў яшчэ разам з Кацынскiм у польскiх "уланах" у Быдгашчы. Няведама чаму Кацынскi мсьцiўся на даўным знаёмым. Адно ўсе бачылi яго нялюдзкiя й зьняважлiвыя дачыненьнi да беларускага сяржанта. А Грамыка як-нiяк быў шанаваны ў роце. Ён быў рослы, разважны дый не належаў да тых, што абы-каму дадуць над сабой верх трымаць. "Фольксдойч", зрабiўшы беларусу шмат непрыемнасьцей, у Прусii даў яму функцыю загадчыка канюхоў, гэткiм чынам фактычна адзьдзялiўшы ад роты.

Гуць у Менску быў гаспадарскiм падафiцэрам школы. Адзiн з найбольш гарачых патрыётаў, ён быў вясёлым i жартаўлiвым хлапцом. Усе юнакi паважалi яго як старэйшага, дасьведчанага й сяброўскага. "Фольксдойч" Кацынскi адабраў у Гуця па дарозе ў Францыю пiсталет i вызначыў зьвязовага на сталую працу пры кухнi. Такiм чынам, Гуць з харчовага падафiцэра колiшняй афiцэрскай школы стаўся памочнiкам кухара Вальтэра. Ён ня мог браць удзелу ў палявых занятках роты.

Абодва падафiцэры не маглi дараваць вялiкае крыўды й чакалi на нагоду. Калi прыйшла магчымасьць, яны адны зь першых пайшлi да французаў.

Сымон расказаў перакладчыку i аб тым бунце за "фарфлюктар" па дарозе зь Цеханава ва Ўсходнюю Прусiю. Расеец, выслухаўшы ўсё ўважна, запэўнiў Сымона й Вiктара, што ў штабе батальёна аб гэткiх несамавiтых выхадках Кацынскага ня ведалi, i ён мяркаваў, што як шэф Кацынскi, так i ўсе нямецкiя iнструктары дванаццатай роты будуць зьмененыя. Сам перакладчык, як хлопцы ўцямiлi з гутаркi з iм, быў колiшнiм афiцэрам Чырвонае Армii. Яны ня прывязвалi вялiкае вагi да ягоных мяркаваньняў, бо i ён-жа, пэўна, ня спрыяў беларусам больш, чымся тыя гiтлераўцы.

Пасьля пераходу сяброў да макiсаў, гутарак з афiцэрамi й частага ўжываньня пудзiла Сталiна тыя, што засталiся ў дванаццатай роце, не варажылi сабе добрае будучынi. Шматлiкiя чакалi, што немцы яшчэ пакажуць свой акрываўлены жалезны кулак. У якой форме ён выявiцца - цi ў форме працоўных лягероў, цi экзекуцыяў - дагадваўся, як хто мог. Ня было нiчога пэўнага, й кожны стараўся адганяць ад сябе найбольш чорныя думкi. Гэта было надзвычайна цяжка.

Калiшняя весялосьць роты, што вынiкала зь сьвядомасьцi ейнай сiлы, аснованай на салiдарнасьцi, што цi раз ужо была дэманстраваная й вытрымала iспыты перад немцамi, беспаваротна зьнiкла. Рэшткi адзьдзелу ўзышлi на самы небясьпечны адрэзак вандроўнага шляху. Небясьпечным ён быў таму, бо былi перакананымi, што ня мiнуць iм кары з боку немцаў, дый нiчога парадзiць, каб запабегчы таму, не маглi. Трэба было аддацца волi лёсу й спадзявацца найлепшага.

Калi-б вучнi колiшняе афiцэрскае школы БКА ведалi поўную сытуацыю, былi-б яшчэ больш трывожнымi. Хаця да вушэй даходзiлi такiя-сякiя весткi аб пераходах да макiсаў iншых адзьдзелаў з трыццатае дывiзii, мала хто навет дагадваўся аб разьмерах дэзэрцыяў. У катлавiне ракi Дуб, пачынаючы ад Монтбэльярд i Бэльфорт, сягаючы на поўначы да Бэзуль i на захадзе на Доль, па дарогах i чыгунках пасоўвалiся, гэтым разам ужо на ўсход, элемэнты трыццатае дывiзii. Амаль ня было дня, каб з таго цi iншага адзьдзелу людзi не далучалiся да французаў. Дэзэрцыi сталiся масавымi. Але пераходы малых групаў былi нiчым у параўнаньнi з пераходам цэлага трэцяга батальёну, што пакiнуў немцаў на захад ад Бэзансону, непадалёк Доль. Фактычна й нельга сказаць, што пакiнуў немцаў, бо большасьць нямецкiх афiцэраў была беларусамi зьлiквiдаваная. Камандны склад трэцяга батальёна ў бальшынi складаўся зь беларусаў. Пераход да французаў быў плянаваны й добра арганiзаваны.

РЭПРЭСII Й АХВЯРЫ

I

Немцы заўважылi сваю памылку запозна. Палягала яна ў накiраваньнi трыццатай дывiзii ў Францыю. Беларусы хутка спасьцераглi, хто iхныя хаўрусьнiкi, й не хацелi ваяваць побач гiтлераўцаў. Найбольш дзiвiла немцаў тое, што за выключэньнем колькiх арганiзаваных пераходаў ня менш людзей уцякала ў горы малымi групкамi. Значыцца, бязь нiякага кiраваньня, без падказваньня зьверху, зусiм без агiтацыi людзi пакiдалi вайсковыя шэрагi. Выглядала, што думка была агульная. Пагражала небясьпека, што калi-б затрымацца адзьдзелам трыццатае дывiзii ў Францыi даўжэйшы час, дык бальшыня пяройдзе да макiсаў. Трэба было думаць аб контрмерах.

У iнтарэсе немцаў было, каб адцягнуць адзьдзелы трыццатае дывiзii з Францыi ў Немяччыну. Гэта якраз супадала з плянамi камандаваньня. З-пад Марсэля пасоўвалася амэрыканская армiя, у складзе якое быў першы францускi корпус г. зв. Вольнай Францыi. Стратэгiчна для абароны найбольш прыдатным быў хрыбет Вагезаў i францускiх Альпаў. Трэба было ўмацаваць, абсадзiць войскам далiну ракi Дуб, раёны ад Дэль на швейцарскай мяжы й праз Бэльфорт на поўнач. Гэта мела быць абаронная лiнiя перад Рэйнам. Такiм чынам трыццатую дывiзiю трэба было адцягнуць у Эльзас, якi немцы лiчылi Нямеччынай.

Каб спынiць уцёкi беларусаў у Францыi, трыццатая дывiзiя была абяззброеная. Працэс арыштаў афiцэраў i абяззброеньня дывiзii цягнуўся больш тыдня ў пачатку верасьня. Галоўная хваля арыштаў афiцэраў адбылася зараз пасьля арганiзаванага пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дзеяньне было скаардынаванае па ўсiх раськiданых на вялiкiх адлегласьцях адзьдзелах. Вывезьлi iх перш у лягер за Рэйн, пасьля ў канцэнтрацыйны лягер у Дахаў. Даносчыкi, iнтрыганты й звычайныя нелюдзi мелi тут важкае слова. Найбольш шкоды беларусам прынесьлi расейцы, што былi абселi вярхi каля палкоўнiка Зiглiнга.

Амаль па ўсiх адзьдзелах карысталiся немцы выпрабаванай тэхнiкай раззбраеньня. Звычайна людзям, якiя мала што падазравалi, хаця й былi неспакойныя, загадвалася перад абедам цi перад вячэрай вычысьцiць зброю й паставiць яе цi то ў роўныя шэрагi, цi ў копкi, у залежнасьцi, дзе гэта адбывалася - на полi цi ў абозе. Калi жаўнеры, паабедаўшы, вярталiся ад кухнi, зброi на папярэднiм месцы не знаходзiлi. Часьцей маглi навокал заўважыць узброеныя нямецкiя палiцыйныя адзьдзелы. Гэткiм чынам абкружаныя, яны чакалi са страхам i трывогаю, пакуль камандзеры павыбiраюць часьць людзей для адпраўкi ў Нямеччыну на нявольнiцкую працу. Вялiкая маса беларусаў трапiла гэткiм чынам на будову вакопаў на другiм баку Рэйна, у Дахаў, на будовы чыгунак, на фабрыкi й iншыя варштаты нявольнiцкай працы гiтлераўскага Райха.

II

Капiтан Вiталi Мiкула быў узяты немцамi й расейцамi на вока ад часу той памятнай эльбiнскай канфэрэнцыi. Вучнi калiшняй менскай школы БКА бачылi яго апошнi раз на цягнiку, калi падарожнiчаў адным эшалёнам разам зь iмi з Усходняй Прусii ў Францыю. Ужо пасьля, калi шматлiкiя наважылiся ўцякаць да макiсаў, кадэты шкадавалi, што ня было пры iх капiтана Мiкулы, якi змог-бы пакiраваць i павесьцi. Нiхто зь iх ня ведаў аб лёсе шэфа штаба Беларускае Краёвае Абароны. Капiтан Вiталi Мiкула быў, зараз пасьля прыезду ў Францыю, назначаны камандзерам зьвязу ў першай роце шостага батальёна. Ротай камандаваў немец, а заступнiкам ягоным быў расеец. Гэтак Мiкулу спiхнулi на камандзера адзiнкi, якой мог бы, у выпадку неабходнасьцi, камандаваць старэйшы падафiцэр.

Мiкула, спасьцярогшы сваю дэградацыю, стараўся неаднаразова навязаць кантакт зь Беларускай Цэнтральнай Радай або штабам БКА. Адылi, пасьля шматлiкiх захадаў, прыйшоў да выснаву, што яго наўмысьля старалiся iзаляваць ад беларускай вайсковай верхавiны, тлумачылi, што ня ведаюць, дзе ёсьць БЦР i штаб БКА, ды давалi iншыя ўнiклiвыя адказы. Гэткiм чынам, капiтан Мiкула ня мог прабiць варожае яму сьцяны Зiглiнгавага штабу трыццатае дывiзii. Расейцы дбалi, каб гэты перадавы й адзiн з найвыдатнейшых беларускiх афiцэраў i патрыётаў, раз трапiўшы ў пастку, ня ўцёк зь яе.

Мiкула быў арыштаваны адным зь першых, зараз-жа пасьля пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дэпартаваны ў канцлягер каля Карльсругэ, прабыў там больш месяца, а пасьля быў адасланы ў Дахаў. У лiку нязьлiчоных тысячаў iншых ахвяраў дахаўскiя газавыя крэматорыi спапялiлi й Вiталiя Мiкулу добрага чалавека, выдатнага беларуса й высокаквалiфiкаванага афiцэра, якiх у беларусаў было так няшмат.

Шырока вядомым ёсьць сярод iншых народаў абразок, як адзiн немец адпраўляў свайго сына ў войска. Казаў бацька юнаку: "Сынок, калi трэба будзе загiнуць за Нямеччыну, iдзi наперад сьмела. Памятай, аднак, каб вораг дорага заплацiў за тваё жыцьцё. Бо ня будзе для твайго бацькi большай крыўды, а для народу большае няславы, калi ты загiнеш задарма".

Шмат беларускiх афiцэраў, а перадусiм адзiн з найвызначнейшых зь iх капiтан Вiталi Мiкула - не загiнуў у Дахаў задарма. Адылi страта для беларускага народу была надта балючай.

III

З дванаццатай роты дзьвюмя групамi накiравалi немцы ў канцлягеры дванаццаць чалавек, у iх лiку й ведамага чытачу Мулагу. Зброю й iншае вайсковае знарадзьдзе загадалi пакiнуць у роце. Дазволiлi забраць толькi па адным коцу й прылады да ежы ды вопратку й абутак. Новыя нявольнiкi былi завезеныя ў лягер каля Карльсругэ, дзе будавалi новую чыгунку. Спалi ў канюшнi, елi раз у дзень, гадавалi вошы й ледзь валачылi на працы ногi. У гэтым лягеры была вялiкая група, звыш тысячы рэпрэсаваных з трыццатае дывiзii. Былi сярод iх расейцы, немцы, татары, iншыя азiяты, пераважна ўзбекi, што некалi трапiлi ў трыццатую дывiзiю зь нямецкага палону. 80 працэнтаў усiх складалi беларусы.

ГРУПА ГРАМЫКI Ў МАКIСАЎ

I

Сяржант Грамыка мог быць добрым загадчыкам канюхоў, добрым сябрам i нядрэнным жаўнерам, але, як выявiлася пасьля на шкоду цэлае групы дванаццатае роты, што адыjшла ад немцаў у ваколiцы мястэчка Клерваль i якую мы ад гэтага часу будзем называць групай Грамыкi, з; яго быў дрэнны камандзер.

Каманду-ж яму даверылi ранiцою пасьля тае ночы з 31-га жнiўня на 1-га верасьня, калi больш паўсотнi былых кадэтаў, сяк-так задрамаўшы на ўзбоччы гары, задаволенымi былi, што нарэшце разьвiднела й можна будзе неяк рухацца далей. Сяржант Грамыка быў найстарэйшы векам (меў 37 год) i рангам. Выбар яго на камандзера быў зусiм лягiчным.

Група йшла краем лесу, усё больш адыходзячы ад галоўнае дарогi. Дзень быў хмарны, але дождж перастаў яшчэ над раньнем. Пастаноўлена было шукаць кантакту з французамi. Вычувалася нейкая крыўда да тых сяброў з дванаццатай роты, што не пайшлi разам у горы, а засталiся зь немцамi. Адылi ня было часу крыўдаваць, а трэба было думаць аб сабе, перадусiм-жа аб забясьпечаньнi будучынi, здабыцьцi нейкай пэўнасьцi, грунту пад нагамi. Маршыравалi аж да гадзiны другой па абедзе, выбiраючы лягчэйшыя сьцежкi й дарожкi ды асьцярожна сочачы, цi ня вiдаць якой вёскi. Пазнаходзiлася больш сяброў, што давалi аб сабе знаць адзiночным стрэлам уверх. Ежы ў групе ня было нiякай, але зброi хапала. Была ў кожнага стрэльба, два кулямёты, былi й гранаты. Па абедзе назьбiралася звыш сямiдзесяцi чалавек.

На ўскраi лесу пярэднiя заўважылi вёску, i ўсё спынiлася. Пачалi радзiцца, што рабiць. Трэба было разьведаць, цi ў вёсцы ёсьць немцы. Воддаль чуваць быў грукат аўтамашын. Няведама было таксама, як да беларусаў аднясуцца французы. Самае-ж горшае - у групе Грамыкi ня было нiводнага чалавека, што добра ведаў-бы францускую мову. На вялiкае шчасьце, па некалькi словаў ведалi Лабун i Рак. Супольнымi сiламi яны маглi-б неяк паразумецца. Iх i выбралi для навязаньня кантакту. Разам з Грамыкам накiравалiся ў вёску, а група заняла баёвыя становiшчы на ўскраi лесу й чакала больш гадзiны.

- Вiдаць, што французы надта-ж асьцярожныя. Пакуль абмацваюць ды пытаюць, - камэнтаваў Дзежка, паглядаючы ўсё на рог хаты, за якiм ужо даўненька схавалiся тры фiгуры сяброў.

- А можа, нiкога дома няма? - адазваўся iншы.

- Слушна кажаш. Можа, у цэлай вёсцы нiкога няма дома. Вось башка твая зварыла.

- Калi ў хуткiм часе ня вернуцца, бадай, давядзецца нам iсьцi шукаць iх.

- Няйначай.

З-за кута крайняй хаты, адлеглай ад занятых групай пазыцыяў ня больш чымся на трыста мэтраў, паказалiся тры вайсковыя фiгуры ў суправодзе двух цывiльных. Яны хутка прыблiжалiся. Усе iшлi спакойна, адно Лабун махаў правай рукою, паказваючы на ўскрай лесу, пасьля далей назад, недзе на небакрай, мусiць, стараючыся французам расказаць, адкуль прыйшлi беларусы.

Французы зь вялiкай асьцярожнасьцю, але й з задаваленьнем прынялi беларусаў да сваёй сям'i змагароў супраць супольнага ворага. Двух цывiльных, што паўголасам заменьвалiся мiж сабою незразумелымi словамi, завялi ўсю групу ў даволi вялiкую будынiну непадалёк вёскi й сказалi чакаць, пакуль не прынясуць ежы. За паўгадзiны прытарабанiлi дзьве скрынi з хлебам i сырам. Былыя менскiя кадэты надта былi радыя, што нарэшце быў пастаўлены першы крок, зьвязаныя першыя нiткi з новым сьветам. Тым часам сама сьведамасьць таго, што чалавек сядзеў пад страхою ў сухiм месцы й мог што-небудзь улажыць у пусты жывот, падбадзёрыла й падтрымала не аднаго з iх.

II

Хутка пасьля навязаньня кантакту з макiсамi Грамыка згадзiўся аддаць французам зброю. Узамен за гэта французы забавязалiся кармiць i трымаць беларусаў у бясьпечных месцах аж да прыходу амэрыканцаў. Гэта сьведчыла, што мясцовыя адзьдзелы макiсаў не плянавалi нiякiх важных ваенных дзеяньняў у задах нямецкага фронту, бо калi-б што хацелi рабiць, пэўна-ж, людзi былi-б iм патрэбныя ў вялiкiх колькасьцях.

Гэткая ўмова Грамыкi выклiкала ў групе вялiкую буру. Французы пакiнулi толькi чатыры стрэльбы й некалькi гранатаў. Некаторыя лiчылi гэта поўнай капiтуляцыяй. Былi цяпер на ласцы й няласцы ў францускiх партызанаў. Найгорш балела тое, што зрабiў гэта добраахвотна ўсiмi выбраны чалавек, якому даручылi свой лёс. Выявiлася ў далейшым, што Грамыка ня здольны быў да нiякага кiраваньня. Некаторыя беларусы падазравалi французаў, што з прыходам амэрыканцаў яны мелi намер аддаць iм беларусаў як сваiх палонных.

Надыйшлi днi вандроўкi. Пераходзiлi з аднаго месца ў другое. Францускiя праваднiкi - лучнiковыя вадзiлi беларусаў па лясах, хаваючы iх ад нямецкiх вайсковых адзьдзелаў. Адна вёска не магла пракармiць столькi людзей доўгi час. Вадзiлi таму па розных вёсках, прычым у бальшынi выпадкаў беларусы ў вёсках зусiм не паказвалiся, а начавалi дзесь па суседзтву. Удзень, ведаючы, што немцаў навокал няма, людзi сьмялелi, заходзiлi навет у хаты, дзе даставалi гарачыя стравы. Як маглi, так старалiся паразумецца з французамi на мiгi. Колькi кiлямэтраў зрабiлi беларусы пад час тае вандроўкi - цяжка сказаць. Хадзiлi начамi й днямi, але ў асноўным круцiлiся па тых самых мясцовасьцях.

III

Асноўная сутычка беларусаў зь немцамi адбылася зусiм неспадзявана. Было гэта ў вёсцы, дзе начавалi ўжо пару дзён. Перад абедам французы сабралi цэлую групу на вулiцы й пачалi пералiчваць. Мелi выдаваць яду. Гэта адбывалася напрыканцы вёскi. Зусiм неспадзявана з-за загiбу вулiцы паказаўся нямецкi "тыгр", а за iм яшчэ некалькi. Нямецкiя танкiсты, пабачыўшы групу людзей на вулiцы ў нямецкай вопратцы, падумалi, што натрапiлi на свой адзьдзел, i першы танк звольнiў. Думалi, магчыма, што ад сваiх удасца здабыць якiя-небудзь iнфармацыi.

Беларусы-ж ведалi, што гэта не "свае", i ў першы момант вельмi здзiвiлiся, якiм гэта чынам немцы змаглi незаўважаныя пераехаць праз цэлую партызанскую вёску й так неўспадзеўку злавiць iх на вулiцы. Вiдаць было, што макiсы часьценька рабiлi тое-сёе бяз самых элемэнтарных мераў асьцярожнасьцi. Магчыма, што камандзер мясцовага iхняга зьвяна быў больш аматарам, чымся жаўнерам.

Думаць было некалi. Усё, што жывое й мела здаровыя ногi, кiнулася наўцёкi. У баку гораў быў высокi мураваны плот, якi трэба было пераскокваць. Як яго ўдалося пераскочыць, мала хто памятаў. Людзi ня беглi, а проста ляцелi. Зараз-жа за вёскай была высокая й стромая гара. Туды ўсё й накiравалася. Трэба было перабегчы шырокi луг. Танкi адкрылi агонь, але ў нiкога не трапiлi. Колькi чалавек, схаваўшыся за муры будынкаў, спрабавалi адбiцца гранатамi. Немцы, дадумаўшыся, што гэта партызанская вёска, пачалi бiць па ёй з гарматаў. Знiшчылi сем хат. Беларусы не маглi ня толькi змагацца наагул, але навет баранiцца. Што-ж мелi зрабiць з чатырма стрэльбамi супраць танкаў?

На суседняй гары прасядзелi рэшту дня й цэлую ноч. Усе французы паўцякалi зь вёскi. Ужо на другi дзень ранiцою павялi беларусаў у iншую мясцовасьць.

Група Грамыкi вычувала, што наблiжаецца фронт. Хадзiлi адно начамi й мусiлi быць шмат больш асьцярожнымi. Увесь раён, па якiм блукалi, воджаныя й укрываныя макiсамi, быў вельмi лясiсты й гарысты. Пагода, на вялiкае шчасьце, трымалася добра. Рэдка былi дажджы, й часьцей выглядала сонца.

Адно пачалi дакучаць вошы. Доўгiмi гадзiнамi, калi не было пагрозы ад немцаў, былыя менскiя кадэты займалiся вынiшчэньнем дакучлiвага ворага. Адны, здзеўшы кашулi, клалi iх на камень i бiлi другiм камянём зьверху. Другiя-ж знаходзiлi большую забаўнасьць, палюючы па швах i па рубчыках.

IV

- Але ты ведаеш, мусiць, дарма хваляць французаў як добрых кухараў, казаў Вiктар Сянькевiч Лабуну, якi сядзеў побач. - Яны-ж бульбу ня ўмеюць зварыць. Сыраватую прынесьлi.

- Я спасьцярог, што яны ня сцэджваюць, як звараць, а так i пакiдаюць у гарачай вадзе. Пасьля выцягваюць i адразу ядуць. Таму яна й ёсьць такая вадзянiстая, - спасьцярог Лабун.

Загрузка...