- Мусiць, няма большых спецыялiстых ад бульбы, чымся беларусы, - дадаў Сянькевiч.

Абодва сядзелi пад дрэвам на ўскраi лесу. Навокал быў чуваць гоман iншых сяброў. Вось французы толькi што раздалi гарачую, недавараную бульбу й сыр (хутчэй нейкi камяк з тварагу, чымся сыр) на абед. Ужо тры днi трымаюцца яны пры гэтай вёсцы. Перайшлi сюды цераз галоўную дарогу. Ледзь немцы iх не спасьцераглi, хоць i было тое ўночы. Сярод макiсаў знайшоўся тут у сярэднiм веку маскалёк, якi пару дзён iмi "апекаваўся". Гэта маскалёк расказаў Вiктару Сянькевiчу, што макiсы тут наагул былi слаба актыўнымi, нiколi лiшняй адвагай не грашылi, надта ў бой ня кiнулiся-б. Адно былi пасыўнымi працiўнiкамi акупанта, хаця й зброi мелi цi мала. Вось такую работу, як, прыкладам, прыхiнуць дэзэртыраў iншых нацыянальнасьцяў, асаблiва-ж памагчы ўцекачам-палонным - гэта было па iхняй спецыяльнасьцi. Беларусы былi для iх навiною, але таму, што самi пакiнулi немцаў i прыйшлi ваяваць на гэты бок адразу сталiся прыяцелямi.

Той маскалёк расказаў Вiктару Сянькевiчу, што калi-б немцы ў гэтай вёсцы наскочылi неспадзеўкi, то трэба бегчы ў паўночны бок у лес каля гораў, дзе ёсьць вялiкая "яма", у якую льга добра схавацца. "Яма" ў будучынi выдатна памагла Вiктару Сянькевiчу ў распазнаньнi вёскi.

У той момант, трымаючы ў правай руцэ недавараную бульбiну, а ў левай камяк сыру, Сянькевiч паволi перажоўваў адно й другое ды нi аб чым надта ня думаў. Воддаль была вiдаць польная дарога, непадалёк - хаты малой вёскi. Дзень быў пагодны. Дакучалi крыху намуленыя ногi, й Вiктар пачаў меркаваць, цi ня лепш ськiнуць чаравiкi ды даць нагам адпачыць, праветрыцца. Шкарпэткi былi амаль гнiлыя. У левым чаравiку падносак адстаў ад скуры i ўбаку вiдаць была шчэрбiна. Бадзяючыся часьценька па мокрадзi, не ўсьцеражэшся ад вады. Дык Вiктар цяпер i мяркаваў, цi не паськiдаць чаравiкi й праветрыць шкарпэты. Ужо глядзеў, дзе тут побач палажыць бульбiну й той сыр ды ўзяцца разувацца, як раптам непадалёк на польнай дарозе вырас, быццам тая дамавiна, з чорным крыжом на баку нямецкi танк. За iм паўзло яшчэ некалькi. Першы зь iх неадкладна пачаў пляваць агнём.

Вiктар Сянькевiч не памятаў, калi i як сарваўся зь месца й пусьцiўся наўцёкi. Хутка натрапiў на нейкую канаву й мерыў адлегласьць, колькi меў сiлы. Побач, стараючыся не застацца ззаду, соп Каравы.

- Бяжым налева! - крыкнуў той Сянькевiчу.

- А мо лепш направа? Га?

Налева вiдаць былi нейкiя зарасьнiкi, быццам балота, а направа было сушэй. Вiктар Сянькевiч, доўга не думаючы й не зважаючы на спадарожнiка, кiнуўся направа. Па некаторым часе заўважыў, што нiхто зь iм не бяжыць. Уся група кiнулася ў тым кiрунку, куды пабег Каравы.Нямецкiя танкi, пастраляўшы ды спасьцярогшы, што ў балотныя зарасьнiкi рызыкоўна ехаць, завярнулi й паехалi сваёй дарогай. Усе аддыхнулi лягчэй. Толькi Вiктар Сянькевiч, адбегшыся ад цэлай групы, не ведаючы, што сталася, наважыў iсьцi сваёй сьцяжынай наперад. Празь нейкiх пяцьдзесят мэтраў натрапiў на дарогу. Многа ня думаючы, зiрнуў у бакi й шпарка пераскочыў яе. Прайшоўшы яшчэ мэтраў трыста, Сянькевiч пачуў галасы, што гаварылi па-нямецку. Ён бухнуў у густа зарослую канаву ды падлез пад вялiкi куст, што адначасна служыў сховiшчам ад людзей i быццам парасонам ад дажджу, якi зараз пачынаў цярушыць. Прылiп да зямлi й затаiў дыханьне, хоць у гушчары ня было чаго баяцца: цяжкавата было-б некаму спасьцерагчы малога юнака. Сянькевiч выразна чуў галасы нямецкiх артылерыстаў. Зь iхняй размовы здагадаўся, што поблiзу стаяла процiлятунская гармата. Як доўга ляжаў Вiктар сам не патрапiў-бы сказаць. З надыходам ночы асьмелiўся выкарабкацца й зашыцца ў гусьцейшыя кусты, прымасьцiцца на сушэйшым, каб праседзець там мо й цэлую ноч. Толькi цяпер намацаў у кiшэнi тую недавараную бульбiну, якую перашкодзiлi ў супакоi даесьцi нямецкiя танкi. Астылая й развадзянелая, смакам нагадвала, як здалося Сянькевiчу, мокры грыб. Але, як казаў той, кiшкi марш гралi, дык не ганьбаваў-бы й другой такой бульбiнай, калi-б знайшлася пад рукой. Каля поўначы побач прайшлi немцы. Яны голасна гутарылi i йшлi з настаўленымi ад дажджу каўнярамi ды глядзелi пад ногi, дык Вiктара й не заўважылi.

АДГАЛОСКI

I

Калi-б вы належалi да тых шчасьлiвых, што маюць час i грошы падарожнiчаць дзеля прыемнасьцi ў мiрны час, i калi-б апынулiся ў Францыi, варта было-б заглянуць i ў Эльзас. Можа, мы й ня зусiм дакладна кажам. Варта было-б заглянуць у Эльзас у тым выпадку, калi вы маеце асалоду любавацца прыгожымi краявiдамi й тым больш, калi зьяўляецеся садоўнiкам або, прынамсi, любiце сады. Тут-жа й засьцерагаемся. Калi-б вы ехалi зь Мюльгаўзэна на поўнач, варта было-б ехаць паволi, мо навет не цягнiком цi аўтамашынай, проста самакатам ды сям-там i затрымацца, каб нацешыцца й налюбавацца гэтай краiнай. Варта наведаць яе ў жнiўнi й пры добрай пагодзе.

Воддаль на колькi дзесяткаў кiлямэтраў на ўсход i на захад шашы, раўналегла да яе, расьцягнулiся апранутыя лёгкiм блакiтам ланцугi гораў. На захадзе - Вагезы, на ўсходзе - крышку далей за Рэйнам - Шварцвальд. Лёгка вышчарбленымi грабянямi вырысоўваюцца яны на спакойным, бясхмарным, залiтым сонцам гарызонце. Вы, можа, затрымаецеся на дарозе й пачнеце ўгадваць, якая адлегласьць ад аднаго да другога горнага ланцуга. Можаце лёгка памылiцца. Трэба ўзяць на ўлiк, што абодва грабянi гораў акаймляюць падоўжаную, роўную, як стол, нiзiну па абодвух баках Рэйну.

Выехаўшы з Мюльгаўзэна й пасоўваючыся ў паўночным кiрунку, якiх дзесяць пятнаццаць кiлямэтраў будзеце праязджаць праз лясы акацыяў, клёнаў, таполяў, грабаў i дубоў. Калi-ж вы беларус i пачнеце шукаць тут вольхаў цi бярозаў дарэмныя будуць шуканьнi. Мiнуўшы лясы, вы будзеце пасоўвацца па роўненькай нiзiне. Да вас будуць усьмiхацца чырвоныя й жоўтыя сьпелыя яблыкi, усялякiх родаў грушы, жоўценькiя й цёмна-сiнiя сьлiвы, а часта сустрэнеце й вялiзнае, як дуб, разложыстае галiнамi ўверсе дрэва, на якiм растуць iтальянскiя арэхi. Па баках шашы, можа, пачнеце лiчыць высокiя платы вiнаграду. Дарэмна: iх тут такая маса, што ўсялякi лiк страцiш. Цяжкiя й сытыя галiны вiнаградных ягад аж просяцца, каб iх пакаштаваць. У iншым месцы позiрк ваш затрымаецца на высокiм ураджайным полi кукурузы. У бальшынi гэта кукуруза кармавая, якую ўзiмку так любiць усякая хатняя жывёла. Там-сям натрапiце на загон пшанiцы, жыта цi бульбы, але, параўноўваючы колькасьць агульнай плошчы, занятай гэтымi культурамi, пэўна, зацiкавiцеся, цi мясцовыя жыхары часам не харчуюцца больш яблыкамi, грушамi, сьлiвамi й вiнаградам, чымся жытнiм цi пшанiчным хлебам. А вось гэтыя вялiкiя расьлiны з надта шырокiмi лiсьцямi, што цяпер мiнаеце, табака. Яе тут надта шмат.

Побач дарогi заўважыце моцныя, ужо добра зьверху пазарастаныя й амаль непрыкметныя бункеры: гэта зьвяно лiнii Мажыно. Высокiя шкiлеты жалезных слупоў трымаюць на сваiх вярхах таўстое павуцiньне электрычных правадоў. Па iх электрычная энэргiя бяжыць з электрастанцыяў з Альпаў i Вагезаў у фабрыкi й памешканьнi Мюльгаўзэна, Кольмара й Штрасбурга.

Калi-б вам пашанцавала ў залаты пагодны жнiвеньскi дзень узыйсьцi дзесь на якi ўсходнi схiл Вагезаў i кiнуць вокам на ўсход, прылiпнеце нагамi да свайго месца на доўгi час. Бо хiба-ж не захочаце налюбавацца той цудоўнай панарамай, што перад вамi раськiнецца? Пад нагамi зялёным дываном разаслаўся суцэльны сад, паперасяканы блiскучымi асфальтавымi стужкамi дарогаў. Мiж каронаў высокiх разложыстых дрэваў i сьпiчастых таполяў адрозьнiце чырвоныя стрэхi эльзаскiх вёсак; над кожнай зь iх абавязкова дамiнуе высокая вежа гатыцкай сьвятынi. Сярод гушчы зеленi вашае зыркае вока лёгка ўгледзiць высокiя комiны й цёмныя карпусы фабрыкаў Мюльгаўзэна й Кольмара. I тыя дымныя комiны, i шэрыя фабрыкi здадуцца вам зусiм не на месцы ў гэтым пладавiтым велiзарным эльзаскiм садзе. Вока хоча цешыцца зеленьню й прасторам. Грудзi з насалодаю ўцягваюць сьвежае горнае паветра, а зрок павандраваў гэтак далёка - аж да блакiтна-туманнага хрыбта Шварцвальда за Рэйнам. Вы ў такую хвiлiну зьяўляецеся шчаслiвым чалавекам i будзеце дзякаваць Творцу за тое, што маеце магчымасьць напiвацца асалодай аднаго з найпрыгажэйшых вобразаў Ягонага тварэньня.

Але вы, здаецца, знаходзiцеся не ў Вагезах, а на дарозе й наблiжаецеся да вёскi. Уязджаючы ў яе, пэўна-ж заўважыце на правым баку вялiкую статую Збавiцеля або сьв. Дзевы Марыi i, калi вы набожны чалавек, з пакораю сьхiлiце галаву. Чырванастрэхiя, крытыя дахоўкай, тынкаваныя дамы гусьценька абступiлi па абодвух баках вулiцу. Некаторыя зь iх маюць так званыя тырольскiя сьцены, iншыя-ж схавалiся - абрасьлi дзiкiм вiнаградным жываплотам.

Вы, пэўна, ужо не адну гадзiну ў падарожжы й дзеля таго спынiцеся ў мясцовай гасподзе, дзе перш за ўсё замовiце адборнага вiна, каб адагнаць смагу. Сядайце за стол i раскашуйцеся, на колькi дазваляе ваша падарожная кiшэня. Эльзасцы - народ бывалы, турыстаў ведаюць: накормяць, напояць i прыхiнуць.

II

Але мы ня турысты, кiшэнi ў нас пустыя, i час ваенны. Калi-б нам раптам i прысьнiлася, што падарожнiчаем на ўлоньнi мiрнае прыроды дзеля свае асалоды, нядоўга будзе трываць уява. Пагоднае залатое жнiвеньскае цi верасеньскае неба падняло зь няпрыяцельскiх лётнiшчаў цэлую масу ангельскiх ганчакоў "спiтфаераў" i амэрыканскiх "мiчэляў". Пэўна-ж, яны ня кружаць над эльзаскай раўнiнай, каб пры-глядацца чупрынам яблыняў, слiваў цi лiчыць зьверху платы густых вiнаграднiкаў. Шпаркiм лётам снуюць над дарогамi, пiльна сочаць усякi рух адзьдзелаў пад загадамi Трэцяга Райху, цяжкiм грукатам зь лёгкiх гарматак частуюць тых, што былi настолькi неасьцярожнымi, каб у такi сонечны й выгадны для паветраных сiл дзень асьмелiцца ўжываць мясцовыя шляхi зносiнаў.

А гарматкi тыя ня звычайныя. Яны пасылаюць ускосным ланцугом унiз рой вiсклiвых цяжкiх куляў, што пры сутычцы з цвёрдым прадметам - цi гэта садовае дрэва, нямецкая вайсковая аўтамашына, цi мякаць чалавечага цела, або навет i конiка дванаццатае роты - iрвуць аб'ект на сотнi дробных кавалкаў. Кулi тыя завуцца бом-бом, i калi адна, не дай Божа, трапiць у вас, не знойдзеце ратунку. Адно добрае - канец ваш будзе хуткi, бо надта хутка сплывеце крывёю. Дый самае грукатаньне гарматак цяжкое й дэмаралiзуючае. Навет калi й ня вы, а нейкi сусед знойдзецца пад абстрэлам, вы ўсё-ж не на жарты перапалохаецеся. Грукат той скалане вас да самай глыбiнi, моцна патрасе вашы й так ужо напружаныя, а мо й зусiм зьнячуленыя нэрвы. У той момант будзеце праклiнаць хвiлiну, калi вам уздумалася цi было загадана якраз у сонечны дзень апынуцца на гладкай эльзаскай дарозе. Мо на адзiн мiг уявiце, як слаўна было-б, калi-б побач раней яшчэ нехта нарыхтаваў ямку, каб вы маглi цяпер гоцнуць у яе й перачакаць небясьпеку. Але вам кажуць iсьцi далей, i йсьцi трэба. Бо вы-ж ня турысты, й час цяпер ваенны. Бывае, што гэтыя ганчакi апоруць вялiкую ваенную калёну. Як-жа заядла зачнуць яе рваць на дробныя кавалкi, мясiць! Хавайся, хто жывы! Эльзаскi сад, перапоўнены грукатам, узрывамi, сьвiстам, стогнамi й енкамi, замяняецца ў пекла.

Вунь далёка на захадзе ў Вагезах два штурмавiкi "спiтфаеры" дзяўбуць нешта ўжо на працягу гадзiны. Хутчэй за ўсё разбiваюць мост або нейкi доўгатрывалы абаронны пункт. Вось адзiн зь iх шырокiм лукам закружыў над мэтаю й, адляцеўшы на пару кiлямэтраў, набiраючы iмпэту, зноў прыблiжаецца да яе. Вось ужо ён далятае i, быццам той каршун, падае раптоўна на ўгледжаную здабычу. Вам здалёк здаецца, што ён зараз разаб'ецца аб горы - так нiзка прыблiзiўся да зямлi. Але не. Раптоўна пад вострым кутом адрываецца й ня мiнае дзесяцi часiнаў, як да вушэй вашых далятае перш скугольны енк, а потым глухi й адрывiсты гук цяжкога ўзрыву. Гэта "спiтфаер"-штурмавiк паслаў у аб'ект яшчэ адну бомбу. А вунь ужо й другi пачынае раптоўна падаць унiз. Другая бомба крышыць назначаны аб'ект.

Вам здаецца, што два самалёты, проста забаўляючыся, дзяўбуць здабычу. I ня дзiва. Нiдзе навокал не пабачыце нiводнага нямецкага самалёту. "Люфтваффэ" дажывае апошнiя месяцы. Ёй не хапае палiва, паветраных апаратаў, лётнiкаў. Дзеля таго й забаўляюцца ангельскiя штурмавiкi над эльзаскiм садам.

Бывае, што яны забягуцца, каб пацiкавiцца, што робiцца за Рэйнам. Там ужо забава цяжэйшая. Нямецкая супрацьлятунская артылерыя пачынае раптоўна пляваць у блакiтныя высi з дзесяткаў хуткастрэльных гарматаў. Снарады ўзлятаюць у неба й там iрвуцца на шмат дробных кавалкаў. Здаецца вам, што нехта б'е малаткамi па пустых чарапах. Немцы, вiдаць, умацоўваюцца й наважылiся баранiцца на Рэйне. Пэўна, спадзяюцца, што рака яшчэ раз выканае ролю добрае натуральнае абароны Нямеччыны з захаду, як рабiла ўжо цi раз у мiнулым.

Але вось з усходу чуваць магутны гул. Дрыжыць i стогне зямля. Гул мацнее й блiжэе. Гэта сотнi хаўрусьнiцкiх бамбавiкоў вяртаюцца з рэйду на Нямеччыну. Цяпер яны ўжо, як вокам сягнуць, пакрываюць лёгкаблакiтнае верасеньскае неба. Якая-ж iх маса! Не пералiчыш! Яны сягоньня поўныя валадары нямецкага неба, а заўтра - пераможанага нямецкага народу.

III

Можа, у мiрны час войска стаiць i школiцца на месцы ў якiмсьцi абозе цi, як яшчэ даўней, у цьвярдынi. Можа, тым, што стаяць доўгi час на адным месцы, брыдзее штодзённасьць, можа, яны хочуць даўгiх маршрутаў, зьмены месцаў, новых абставiнаў. Адылi вайною дакучае пяхотнаму жаўнеру сталая валакiта. Цэлымi месяцамi ня ведае ён утульнай цяплынi бараку, супакою рутынна-манатоннага жыцьця вайсковага вабозу. Вялiкая й бязьлiтасная ваенная машына кiдаецца iм, быццам вецер, лёганькай пярынкай. Сяньня, кладучыся спаць, ён ня ведае, дзе будзе наступны яго супачынак.

Надта цешылiся жаўнеры дванаццатай роты, калi, нарэшце, пасьля даўгой дарогi, што пачалася ад Альбрэхтаў, спынiлiся над нейкiм каналам на поўнач ад Мюльгаўзэну й даведалiся, што тут даўжэйшы час давядзецца затрымацца.

- Значыцца, мы й дома, - гаварыў нехта, усьмiхаючыся.

- Покуль што дома. Адно - покуль што... - адказаў iншы.

Бесьперапыннае падарожжа ня было адзiным няшчасьцем дванаццатай роты, што ад гэтага часу якiмсьцi загадам перамянiлася ўжо ў шостую. (Мусiць, думалi рэарганiзаваць дывiзiю.) Асноўным ворагам быў голад. Вось ужо мiнула два днi, як жаўнеры не атрымлiвалi нiякiх пайкоў. Жылi пераважна садавiнай i бульбай. Калi з Кольмару прывезьлi хлеб, людзi ўсьцешылiся, бо надарылася магчымасьць прыпомнiць, як ён смакуе.

Уявiце сабе, зь якой урачыстасьцю дзялiлi колiшнiя кадэты той "фарфлюктар". Перш трэба было падзялiцца ўсiм на групы па сем чалавек у кожнай, бо бохан хлеба выпадаў на сямёх. Гэтак сабралася сем чалавек, што накiравалi свайго найбольш даверанага сябру пайсьцi прынесьцi харчы. Пайшоў чалавек з коцам пад пахаю, а шасцёрка стаiць ззаду й чакае на ўрачыстасьць. Вяртаецца сябра i ў перакiнутым цераз плячо коцы нясе штосьцi ды аж прыгiнаецца, быццам ад цяжару вялiкага. Хлопцы сустракаюць яго сьмехам. Смяяцца-ж трэба, бо сьмех трымае цябе пры жыцьцi, гумар дадае сiлаў i вытрываласьцi.

Гэтак выбраны харчавы зь вялiкаю павагай, паволi кладзе на травiцу коц ды надта-ж асьцярожна разгортвае яго.

- Увага, хлопцы, увага! - падняўшы ўверх паказальны палец правае рукi й зрабiўшы позу, быццам той сьвятар на казаньнi, пачынае ўзьнёслым тонам. - У гэты ўрачысты момант, з ласкi самага добрага й ласкавага "фюрэра", вы маеце магчымасьць прыглядацца харчавому прадукту - гэтак званаму хлебу. Усе помняць, што такое хлеб i як яго есьцi?

З уданым зьдзiўленьнем, цесна абступiўшы харчавога, шасьцёрка маўчыць.

- Дык пытаюся яшчэ раз: цi ўсе ведаюць, што такое хлеб? Цi вы ўжо зусiм адвыклi ад яго й прывыкаць ня хочаце?

Сем пар вачэй упiваюцца ў падсохлую, чарнявую, быццам зямля, крохкую малую буханку хлеба, што ляжыць пасярод коца.

- Хлеб? - пытаецца адзiн з грымасай.

- Хлеб, кажаце? Запраўды ён?

- Гляньце, хлопцы! Далiбог, мусiць, хлеб!

- Ня можа быць!

- Як-жа не! Зiрнi вунь на гэны аб'ект. Да чаго ён падобны?

- Да цэглы.

- Эш, дурань ты. Гэта-ж хлеб!

- I хто-ж дасьць таму веры? Дай лепш панюхаем, цi запраўды ён, i тады будзем ведаць напэўна. - Гэтак сказаўшы, аўтар словаў намагаецца ўзяць баханку.

- Прэч, нячыстыя рукi! - крычыць харчавы i зноў зь вялiкай пашанай кладзе хлеб на месца. - Ёсьць якiя прапановы?

- Засушыць цэлую баханку, надзець на завостраны калочак i трымаць перад вачыма ўсiх ува ўсе часы дня й ночы, каб нiколi не забывалiся, як выглядае хлеб! - прапануе адзiн.

- Эх, братка, i зварыла-ж галава твая! Дык уночы-ж нехта ўкрадзе й зьесьць.

- Як украдзе? Вартавога паставiм!

- Дык вартавы й зьесьць, каб хутчэй варту мог скончыць i йсьцi спаць.

- Разумна гаворыш.

Усе дружна рагочуць.

- Дык ты-ж, харчавы, не марудзь надта. Дзялi ўжо.

- Усе згаджаюцца? - пытае харчавы.

- Дзялi! Дзялi! - крычаць.

- Добра, - кажа харчавы. - Воля народу - воля Бога. Калiсь Хрыстос надзялiў некалькiмi баханкамi колькi тысяч чалавек, а я-ж спадзяюся, што гэтай баханкай нас сямёх задаволю. Цьфу! Цьфу!

Харчавы быццам плюе на далонi й зь вялiкай павагаю закасвае рукавы, а хтосьцi ўжо падсоўвае яму нож. Нагiнаецца над баханкаю хлеба, вокам вымярае таўшчыню кавалкаў i пачынае рэзаць. Усе, нахiлiўшы галовы, уважна сочаць кожны рух нажа.

- Ты-ж глядзi, хаця ня крышы, - перасьцерагае нехта.

- Ня бойся. Нiводная макулiнка не змарнуецца.

Баханка ўжо парэзаная. Раптам рука з нажом павiсае ў паветры над парэзанымi кавалкамi. Харчавы вiнаватым позiркам акiдвае таварышоў.

- Ээээээ! Дык што-ж ты да сямi лiчыць не ўмееш?

- А дзе-ж ты двух падзеў?

- Браточкi, вiнаваты! - апраўдваецца харчавы з пакаяньнем. - I як гэта сталася, што пачынаў дзялiць на сем, а выйшла толькi пяць?

- Ты-ж скажы.

- А мо хто ня хоча хлеба?

- Хто не хоча хлеба? Руку ўверх!

Маўчаньне. Па тварах бегаюць усьмешкi.

- Э, браткi, - цярэбiць заклапочана галаву харчавы, - мусiць, мне давядзецца цяпер паварушыць мазгаўнiцай, як тут зь пяцi сем склеiць.

- Ну, дык хутчэй варушы, ды ўжо-ж надта не марудзь, бо зашмат мы возiмся.

Харчавы доўга мяркуе, нажом значыць палоску на кожным кавалку, пасьля адразае. Стараецца з малых кавалачкаў злажыць вялiкiя. Выходзiць нядрэнна. Амаль усе кавалкi роўныя.

- Ну, як? - пытае, акiдваючы ўсiх пераможным поглядам.

- Удала, удала! - апрабуе адзiн.

- Дзялi ўжо маргарыну! - спанукае iншы. Паўтараецца той самы працэс з маргарынай i мармалядай. Нарэшце ўсё падзелена, й кожны бярэ свой паёк.

- Ну, вось, браткi, - зноў гаворыць харчавы, - цяпер застаецца вам толькi вырашыць пытаньне, цi гэты так званы хлеб кожны з вас мае праглынуць за адзiн раз, цi захаваць кавалачак на памятку. Але гэта ўжо справа кожнага з вас паасобку.

IV

У аўторак 12 верасьня на новым месцы пастою адбылася зборка цэлага батальёну, да якога належала шостая (раней дванаццатая) рота. Толькi цяпер, ужо пасьля пераходу людзей да макiсаў i пасьля нямецкiх рэпрэсiяў, можна было заўважыць, як пахуднеў батальён.

Найбольш беднай выявiлася шостая рота, хаця й iншыя паменшалi. Тэмаю зборкi была адозва камандзера дывiзii Зiглiнга да жаўнераў. У ёй гаварылася, што ўцёклыя ў Францыi жаўнеры былi загiтаваныя й перацягнутыя на другi бок францускiмi тэрарыстамi дзеля зьнiшчэньня, што неразумным i неабдуманым крокам самi трапiлi ў варожую пастку, бо пападуць у рукi Сталiна, а там ужо ведама, што iх чакае.

Адозву чытаў той самы перакладчык, зь якiм нам давялося пазнаёмiцца раней. У прыгожа афарбаваных словах Зiглiнг выясьняў, што Нямеччына ня толькi не прайграе вайны, а што цяпер, як нiколi раней, стаiць яна на парозе канчальнай перамогi над усiмi ворагамi гэтак званай новай Эўропы й нацыянал-сацыялiстычнага ладу. Нямецкiя вучоныя працуюць над новай зброяй, якая будзе такая рэвалюцыйная й зьнiшчальная, што адразу забясьпечыць Гiтлеру перамогу. А пасьля гэткай перамогi i ўсе тыя, што верна служылi й памагалi "вялiкай Нямеччыне" ў самы цяжкi й выпрабавальны час, атрымаюць узнагароды паводле заслугаў.

Канец адозвы ў вельмi нясьцiплых выразах дакляраваў усiм розныя ўзнагароды, й выглядала, што iхныя велiчынi ўзалежнiвалiся ад ахвярнасьцi й вытрываласьцi, якую жаўнеры цяпер маюць выказаць.

Ясна было, што Зiглiнг стараўся падняць мараль ненадзейных i прыпадковых хаўрусьнiкаў Нямеччыны. Прыпадковых таму, бо вялiзарная бальшыня гэтых апранутых у нямецкiя мундзiры чужынцаў апынулася ў iх толькi дзякуючы свайму бязвыхаднаму становiшчу, а часта й капрызнай памылцы лёсу. Аднак, як прыкладам, былыя чырвонаармейцы пайшлi сюды, каб у нямецкiх лагерах ваеннапалонных не памерцi з голаду й холаду, жаўнеры БКА выбралi чужыну, каб не застацца пад бальшавiцкiм прыгонам. Школа Камандзераў БКА апынулася тут таму, бо пасьля эвакуацыi зь Менску была надзея прадаўжэньня шкаленьня i ў Гораднi, а пасьля ўжо ня было iншага выйсьця.

Была гэта, ясна, зусiм iншая група. Да яе трэба аднесьцi iшмат каго з былых палiцаяў. Сярод iх было багата добрасумленных людзей, пераважна беларусаў, якiя нiколi нiкому не зрабiлi крыўды, выконваючы службовыя абавязкi на Бацькаўшчыне. Але ў групе гэтай была маса й такiх, што апынулiся ў палiцыi дзеля нажывы й рабунку. Былi гэта пераважна палякi, якiя пасьля назвалiся беларусамi, або рознае масьцi рэнэгаты. Шмат яны зрабiлi людзям крыўды й многа вынiшчылi нявiннага беларускага народу. Людзi гэтыя, калi-б асталiся дома, сустрэлi-б заслужаную кару ад самога народу, якi нядаўна так безаглядна вынiшчалi дзеля собскай нажывы цi ў iнтарэсах варожых для беларусаў сiл.

Адозва Зiглiнга не магла дасягнуць свае мэты. Усе ўжо перасталi верыць словам немцаў. Вечны голад, нястача курыва, цёплае вопраткi - гэта рабiла самы большы ўплыў на людзей.

Трынаццаць чалавек з шостай роты было адвезена ў штаб батальёну, што знаходзiўся на другiм баку каналу. Украiнскi капiтан у прысутнасьцi двух немцаў выбраў з групы найбольш выглядных хлопцаў - дзесяцёх з трынаццацi, у тым лiку нашых двух герояў: Вiктара Караткевiча й Сымона Спарыша. Былi павыбiраныя людзi i з iншых групаў-агулам 169 чалавек. Украiнец патлумачыў, што ўсе выбраныя пойдуць на ўтварэньне аднаго баёвага батальёна. Якi гэта меў быць батальён i чым меў розьнiцца ад iншых адзiнак дывiзii, капiтан ня выясьнiў.

Фактычна канцом iснаваньня былой Школы Камандзераў БКА, цяпер шостай роты, як суцэльнай, моцна спаенай патрыятычным беларускiм духам адзiнкi трэба лiчыць сярэдзiну верасьня 1944 году. Апрача ўзятых з шостай роты дзьвюх групаў адной у канцлягер i другой у новы батальён - за пару дзён частка людзей была выслана зноў у зусiм iншы адзьдзел. Такiм чынам, у шостай роце засталася малая жменька беларусаў з колiшняй афiцэрскай школы з Менска. Рота была папоўнена чужымi з iншых адзьдзелаў. Вiдаць, такое разбiцьцё роты было немцамi добра ўплянаванае, i ўжыцьцяўленьне яго мела сваю мэту, аб якой няцяжка было дадумацца, бяручы на ўвагу кароткую гiсторыю маршу афiцэрскай школы з Менску да Эльзасу.

БАТАЛЬЁН МУРАЎЁВА

I

Шаснаццатага верасьня дзесятка хлапцоў з шостай роты ў суправодзе падафiцэра, пакiнуўшы сваiх сяброў, прайшла дарогай восем кiлямэтраў у паўдзённым кiрунку i, павярнуўшы ў бок Рэйну, зрабiла яшчэ кiлямэтры чатыры. Быў тут лес, бальшыню якога складалi ня высокiя й гонкiя дрэвы, а розныя нiзкiя кусты. Колькi баракаў стаяла ў двух шэрагах. Яны былi ў добрым стане. Дарожкi мiж баракаў, таксама як i асноўная дарога, што вяла ад асфальтавай шашы, былi заасфальтаваныя. Непадалёк, на поўнач ад баракаў, была паляна, На ёй рудзела выпаленая сонцам трава. Вiдаць, i трава ня вельмi расла на гэтым недагледжаным лапiку зямлi, хаця, выйшаўшы зь лесу, вялiкi ростам чалавек мог адразу поўнасьцю схавацца ў рослай кукурузе цi табацы. Ужо па дарозе ў вабоз хлопцы зь вялiкiм задаваленьнем заўважылi лапушыстую табаку, бульбу, яблынi й садавiну, што цяжка прыгiнала галiны дрэваў.

Хутка давялося iм цi мала скарыстаць з ураджайнай ваколiцы. Першых пару дзён пасьля прыходу ў вабоз амаль нiякiх заняткаў ня было, адно рабiлi розныя сьпiскi для картатэкi новага адзьдзелу. У вольныя хвiлiны, асаблiва надвечар, хлопцы хадзiлi па полi, дзе абладоўвалiся бульбай, садавiнай i зялёнай табакай, якую пасьля сушылi на вогнiшчах у лесе. На такiя харчы яны не надта наракалi, бо колькi-ж ужо разоў раней даводзiлася быць у шмат горшых абставiнах.

Баракi запаўнялiся войскам. Папрыходзiла па жменьцы чалавек з усiх адзьдзелаў дывiзii. Людзi былi пераважна дабраныя: маладыя векам, здаровыя, хоць перамучаныя дарогай i недаяданьнем. Хутка давялося пазнаёмiцца з афiцэрамi й даведацца, у якi адзьдзел яны трапiлi.

На той палянцы сабраўся цэлы батальён у сiле каля 600 чалавек. Усе афiцэры давалi каманды й гутарылi толькi па-расейску. Яны былi былымi чырвонаармейцамi. Ужо-ж каму як каму, а тым дзесяцi юнакам з шостай роты трэба будзе вучыцца каманды ў трэцяй мове: пасьля сваёй беларускай i чужой нямецкай прыйшла на зьмену расейская.

Маёр Мураўёў, векам гадоў каля 35, зграбны, нiштаваты з выгляду, з добра вытрэнiраванымi вайсковымi манэрамi, прыняў рапарт ад камандзера першае роты й пачаў гаварыць па-расейску. Гаварыў бязь лiшняй нацягнутасьцi, проста, адкрыта й зразумела. Вось што ў галоўным сказаў:

- Я скажу вам ясна, манiць ня маю прычыны. Нашае палажэньне цяпер няважнае. Вялiкая колькасьць нашых сяброў з дывiзii Зiглiнга, якога я асабiста ведаю, пайшла да францускiх тэрарыстаў. Яны здрадзiлi тым, зь кiм побач тры гады ваявалi. Цяпер, калi немцам прыйшлося туга, яны пакiнулi iх i пайшлi на той бок. Цi добра зрабiлi? Не!

Яны як адыходзiлi, дык, мусiць, забылiся, што гэтым сваiм крокам кладуць пляму на ўсiх тых сваiх сяброў, што застаюцца. Пайшло два батальёны цэласьцю. Апрача таго, пайшло шмат зь iншых адзьдзелаў меншымi групамi. Яны пабiлi сваiх афiцэраў i iнструктараў-немцаў. Але на францускiм баку iх зараз абяззброiлi. Яны-ж нам так напаскудзiлi, што больш i нельга было. Палажылi пляму не толькi на нас, але на ўсiх тых, што прыбылi з усходу ў Нямеччыну.

Што-ж заставалася рабiць? Зiглiнг заявiў аб гэтым здарэньнi Гiтлеру. Той, памяркаваўшы, што з дывiзii гэтай, мусiць, нiчога ня выйдзе, загадаў адаслаць яе на цяжкiя работы пры будове фартыфiкацыяў над Рэйнам.

Палажэньне было цяжкое й амаль бязвыхаднае. Я як маёр выпрасiў у Зiглiнга дазволу на ўтварэньне з часткi гэтых людзей аднаго баёвага батальёна на спробу, каб паглядзець, што з таго выйдзе. Гэта была мая добрая воля. Я даў Зiглiнгу слова, што з выбраных людзей зраблю дасканалую вайсковую адзiнку. Палкоўнiк мне дазволiў. Даў мне таксама нашых найлепшых афiцэраў, бо я веру, што вы лепш будзеце слухаць сваiх афiцэраў, чымся нямецкiх.

Мураўёву, мусiць, i ў галаву ня прыйшло, што шматлiкiя выбраныя iм людзi расейцаў, г. зн. ягоных афiцэраў, уважалi такiмi-ж самымi чужынцамi, як i немцаў.

- Цяпер я звяртаюся да вас, - працягваў украiнскi русафiл, - навет не як да жаўнераў, а проста як да людзей. Прылажэцеся вы працай i ўсiмi стараньнямi, каб дасягнуць тое, што перад сабою мы паставiлi. У вас павiнна быць яшчэ жаўнерская гордасьць. Ад вас залежыць лёс сем'яў i вашых сяброў. Або вы сваймi паводзiнамi загонiце iх у магiлу, або давядзеце, што вы можаце быць жаўнерамi. Дык дайце мне слова, што будзеце на сто працэнтаў выконваць усе загады, каб дасягнуць нашу мэту. Ну што, даяце?

- Даём! - крыкнула часьць сабраных.

- Ну, паглядзiм, - закончыў пагрозлiва маёр. - Крычаць вы таксама ўмееце, я гэта ведаю.

У голасе Мураўёва ня чулася хвальшывае ноты. Здавалася, што гаварыў шчыра й сам верыў у тое, што казаў. Адно ў тым жаўнерскiм адказе "даём" чулася нотка няпэўнасьцi, хiстаньня. Што-ж мелi рабiць? Iзноў вунь пазганялi, спрабуюць нанава ляпiць новае цi ўжо надта-ж старое, майстраваць нешта ў iмя няведама чаго. Трэба-ж неяк усё гэта перажыць. А там? Далей мо праясьнiцца, будзе вiдаць.

II

Было прыгожае верасеньскае надвячор'е. Стаяла залатая пагода. Вяла ападалi на зямлю першыя пажаўцелыя лiсткi дрэваў, ледзь-ледзь варушыў чубамi дрэваў i кустоў навакольнага лесу вецер.

Каля пятай гадзiны васемнаццаць чалавек, у тым лiку й Сымон Спарыш, рыхтавалiся трымаць варту. Раптам прыйшоў загад сабрацца цэламу батальёну. Iзноў месцам зборкi была суседняя паляна, дзе пару дзён таму назад прамаўляў маёр Мураўёў. Прыехаў вайсковы духавы аркестр. Батальён стаў у дзьве раўналеглыя калёны. Чакалi коратка.

У прысутнасьцi двух ад'ютантаў-капiтанаў i маёра Мураўёва зьявiўся палкоўнiк Зiглiнг. Быў гэта чалавек сярэдняга веку й росту, з гладка прычэсанымi цёмнымi валасамi, ледзь паднятым уверх носам, мала заўважнымi яшчэ маршчынамi на лбе. На гладка дапасаваным зялёным мундзiры вiдаць быў цэлы шэраг медалёў. Сярод iх увыдатняўся Жалезны крыж, пад iм нейкi меншы белы крыж, колькi адзнакаў за раны. На правай пярэдняй кiшэнi зiхцела вялiкая зорка, пакрытая меншай свастыкай. Абуты быў у кавалерыйскiя боты з доўгiмi выглянцаванымi халявамi.

Прыняўшы рапарт ад камандзера першае роты, госьць затрымаўся каля правага флангу адзьдзела. Чаргова вiтаўся, салютуючы й падаючы руку камандзерам ротаў. Мiж афiцэраў завязалася жывая гутарка, густа пераплятаная сьмехамi й жартамi. Вiдаць, што палкоўнiк быў прыхiльнiкам блiзкiх кантактаў са сваймi падуладнымi, добра ацэньваючы iх вартасьць для пабудовы цясьнейшага сужыцьця й зразуменьня, якое так часта патрэбна ў баёх. Ён хутка, бязь лiшняй помпы, зрабiў вакол сябе хатнюю сяброўскую атмасфэру. Аркестр, што стаяў побач, зайграў марш, пасьля колькi iншых песьняў, разам з падношанай i надта-ж ужо ўцёртай бальшавiцкай "Кацюшай". Жаўнерам было загадана сесьцi з дазволам курыць i размаўляць. Усе прынялi загад з задаваленьнем. Паселi там, дзе стаялi.

Камандзер дывiзii быў цэнтрам агульнай увагi. Сеў ён на прынесенай лаўцы, па правай руцэ пасадзiўшы Мураўёва. Навокал паселi iншыя афiцэры. У рухах i гутарцы Зiглiнга вiдаць была ўпэўненасьць i сьвядомасьць таго, што ён тут поўны гаспадар. Пару разоў пачаставаў блiжэйшых афiцэраў цыгарэтамi, гутарыў i жартаваў з iмi. Над жаўнерамi падымалiся густыя клубкi смярдзючага табачнага дыму. У большай меры быў гэта дым з недасушанай, накрадзенай вечарамi зялёнай табакi, што расла тут-жа па суседзтву.

Прайшло больш гадзiны часу. Усе ўсталi, выраўнялiся пад гучную каманду афiцэра. Штаб дывiзii адышоўся ўбок, i батальён пад гукi аркестру пачаў вымаршыроўваць у кiрунку вабозу. Палкоўнiк прыглядаўся.

Раптам нiзенька з грымотным гукам шмыгнуў над самымi чупрынамi лесу няпрыяцельскi самалёт. Ледзь здолеў нехта крыкнуць "флiгэрдэкунг" (налёт (ням.)), як усе, быццам вялiкi статак мышэй перад катом, куляючыся й падбiваючы адзiн аднаго, кiнулiся ў кусты. Самалёт маланкай праляцеў, i не пасьпелi яшчэ ўсе рассыпацца, як голасны рогат пачуўся з афiцэрскае групы. Там, дзе стаяў аркестр, ляжала на траве цэлая куча iнструмантаў, адно адзiн вялiкi барабан, вiдаць, кiнуты барабаншчыкам на хаду, ёмка кацiўся па цвёрдым мурагу воддаль ад месца зборкi. Некалькi разоў перакулiўся барабан па пожнi i, насьмяшыўшы ўсiх уволю, затрымаўся на карлаватым кусьцiку.

III

На поўнач ад вабозу, на ўскраi лесу, быў ладны кавалак выгану, дзе штодзённа праводзiлiся заняткi. Той факт, што гэны кавалак зямлi марнаваўся без карысьцi для сялян, тлумачыўся хiба тым, што тут тырчэлi добра падгнiлыя, але моцныя яшчэ карчы высечанага некалi лесу. Рэйна адгэтуль ня вiдаць было ён хаваўся дзесь далей на ўсход, за зеленьню кустоў.

Заняткi ў найбольшай меры былi баёвыя: вучылiся страляць i ўсякiх iншых хiтрасьцяў пяхотнага баёвага майстэрства. Вiдаць, на звычайную страявую муштру ня было часу. Мала яго вызначалася й на вывучэньне савецкае зброi, бо прадбачылася, што перад адыходам на фронт усяроўна выдадуць нямецкую.

Зьмянiўся адзьдзел, i зьмянiлася атмасфэра й песьнi. У модзе былi песьнi калi не савецкiя, дык, прынамсi, расейскiя. Колiшнiм сябрам зь менскае афiцэрскае школы БКА прыкра было слухаць выхваляньне Чапаева й iншае маскоўскае макароншчыны. Вiктар Караткевiч i так нiколi не сьпяваў, бо ня меў голасу. Сымон-жа надта любiў сьпяваць, адно цяпер устрымоўваўся, бо чужыя песьнi быццам тупой iржавай пiлой рэзалi дзесьцi па нэрвах, хоць часта i ў чужой мове сьпявалi аб Беларусi.

Вось чуецца, як жыдзенькi тэнар наперадзе зацягвае напеў:

"Ой там у лесу белорусском

Солдат молодой умирал..."

Яму ўтораць паўтары сотнi жаўнерскiх глотак. I далей iзноў напеў:

"Там дрались проклятые бандиты

Из первым белорусским полком..."

Песьняй, што ўсiм прыйшлася да спадобы й сьпявалася па ўсiх ротах, была наступная:

"Товарищ, товарищ, ты ходишь туда,

Скажи, с кем ухажерка гуляет моя...

По правде сказавши, товарищ ты мой,

Твоя ухажерка гуляет со мной.

Не жаль мне кареты, не жаль мне коня,

Но жалко девчонки - она молода.

Карету я справлю, коня я куплю

Такой ухажерки нигде не найду..."

Зь iншых, часьцей ужываных, трэба прыгадаць "Скакал казак через долину", што Бог ведае ад якiх казакоў узяла пачатак. Пару разоў прабавалi нашы юнакi з былой школы БКА зацягнуць "Першы зьвяз" i "Iдуць жаўнеры беларусы", але нiчога не атрымалася. Былыя палiцаi й чырвонаармейцы не маглi ведаць патрыятычных беларускiх песьняў, ды яны пераважна й сьпявалiся без напеваў, не так, як расейскiя.

Зараз пры ўваходзе ў вабоз ад галоўнай шашы з правага боку быў бункер. Пабудаваны ён быў з доўгiх круглякоў, ды зьверху й з бакоў абложаны зямлёю. У iм - двое дзьвярэй ды колькi шчылiнаў навокал. Далей, па правым баку, стаяў даволi вялiкi трысьцен. Там мясьцiлiся два кухонныя катлы, у адным варылi каву, у iншым - зупу. Варыцца, бывае, тая зупа на абед, а смурод ад канiны разносiцца ветрам па ўсёй ваколiцы.

- Што сягоньня будзе на абед? - спытае адзiн другога.

- Што-ж у цябе, братка, нос не ў парадку? Конская галёнка, брат, будзе.

- Наядзёмся канiны i - ух! Iржаць будзем, як жарэбчыкi. А як пабяжым на фронт, дык, пэўна, промаху не дамо. Трымайцеся, ворагi!

Жарты жартамi, а цi каму ўдалося-б наесьцiся канiны, каб i хацеў. У зупе той, як казалi яшчэ дома, бывала, крупiна за крупiнай ганялася з дубiнай, а наверсе пару ледзь заўважных сьвечачак конскага тлушчу можна прыкмецiць было. Даводзiлася людзям паясы яшчэ больш сьцiскаць. Недарма часта здаралася, што ў бараках адзiн ад другога апошнюю мiзэрненькую пайку хлеба краў.

IV

Напрыканцы верасьня батальён Мураўёва пачаў праводзiць тактычныя заняткi. Адбывалiся яны на падчышчаным ужо кукурузным полi, на поўнач ад бараку, на скраi лесу. Каля самага лесу быў высакаваты, на мэтры чатыры, насып. Ён быў, вiдаць, зроблены даўно для затамаваньня разводзьдзяў з Рэйна й цягнуўся ўздоўж лесу на колькi кiлямэтраў.

У адзiн прыгожы пагодны дзень праграмаю заняткаў батальёна быў наступ i атака. Меў прыехаць Зiглiнг, але не зьявiўся. Спадзяючыся ягонага прыезду, дружыновыя яшчэ загадзя падбадзёрвалi сваiх хлапцоў, каб выявiлi максiмум стараньняў i паказалi сябе найлепш вышкаленымi. Пад час практыкаваньняў мела быць ужываная вострая амунiцыя. На кожную стрэльбу было выдадзена па дваццаць ладункаў. Страляць мелi ў расстаўленыя на полi й каля насыпу мiшэнi. Выхадным пунктам наступу былi рэдкiя кусты каля зарослага густой травой ручайка на заходняй ускраiне кукурузнага поля. Увесь рух меў адбывацца ў кiрунку Рэйну, што хаваўся дзесь за лесам.

Першы наступ быў праведзены напуста. У ходэе яго шмат пакрычаць давялося камандзеру першага зьвяза, у якiм былi Сымон i Вiктар, старшаму лейтананту Рэшатаву, што ладна надарваў свой голас. Пад час другога наступу, ужо каля гадзiны дзесятай, ужывалiся вострыя патроны. Для назiраньня практыкаваньняў прыехаў маёр Мураўёў. Затрымаўся на краi поля, ззаду на левым фланзе першага зьвяза.

Жаўнеры старалiся перабягаць наперад iндывiдуальна, як i вымагалася, бо пад вялiкую траскатню стрэльбаў i кулямётаў ня чуваць было загадаў камандзераў. Часта рабiлi "флiгэрдэкунг", бо брытанскiя самалёты таксама цикавiлiся практыкаваньнямi. Не дапаўзаючы якiх трыццаць мэтраў да насыпу, усе мелi ўстаць i на маскоўска-бальшавiцкi лад, з "громким ура", у поўны рост кiнуцца ў атаку.

Сымон пiльнаваўся, каб надта ня высоўвацца наперад, але й не заставацца ў хвасьце. Каля яго падбягаў i падаў вобземлю, сапучы, як мядзьведзь, Вiктар. Прыблiжаючыся да насыпу, Сымон заўважыў, што меў яшчэ два патроны. Адзiн выстралiў, калi ўсе ўсталi й з тым "громким" кiнулiся наперад,

- Прекратить стрельбу! - пачуўся ззаду загад з колькiх афiцэрскiх глотак.

Сымон памяркаваў, што, мусiць, аднаго патрона няварта пакiдаць, а лепш пусьцiць уверх, i, хоць усе былi ўжо на насыпе й стралянiна спынiлася, ён, наставiўшы ўверх руль стрэльбы, пацiснуў курок. Не прайшло й хвiлiны, як заўважыў капiтана, што бег у ягоным кiрунку ад маёра Мураўёва.

- Ты куды страляў? - пытае Сымона афiцэр.

- Уверх.

- Ты чаму страляў уверх?

- У мяне застаўся адзiн патрон, а загадана было...

- Дурыла ты! Знаеш, што табе за гэта будзе? Валяй хутка да маёра!

Сымон пусьцiў у рух ногi. Камандзер батальёна прыблiжаўся ў ягоным кiрунку.

- Спадар маёр, па вашаму загаду...

- Ты куды страляў? - насупiўся Мураўёў.

- Уверх.

- А куды было загадана страляць? Ты... - тут маёр вылаяўся зацяжным маскоўскiм трохпавярховым матам, - сукiн сын!

Пры гэтых словах, як трымаў у правай руцэ скураныя рукавiцы, з усёй сiлы сьцебануў iмi хлапца па твары. Толькi пярэдняя стрэшка Сымонавага шлема крышку затрымала ёмкi ўдар.

- Ты знаеш, што на тым баку шмат народу пры вакопах працуе? - дзёрся Мураўёў. - А што, калi ты каго зь iх забiў? Ты разумееш гэта цi не, дурак? Каму гэта даваўся загад спынiць стральбу?

У Сымона ад страху аж павукi забегалi па сьпiне й зьнядужалi ногi.

- Зараз абяззброiць яго й адвесьцi ў бункер! - крычаў камандзер. Адправiм у працоўны лягер, а калi прыйдуць весткi з таго боку Рэйну, што ёсьць забiтыя, застрэлiм, як сабаку, перад фронтам цэлага батальёну. Забраць яго, адвесьцi!

Да Сымона падбег капрал зь ягонае-ж роты, што выконваў цяпер ролю лучнiковага. Узяў юнакову стрэльбу, пас з патранташамi й шлем ды загадаў: "Ну, пайшлi!"

Зайшоўшы ў свой барак, Сымон расказаў аб выпадку старшынi роты. Старшынёй быў добры чалавек - украiнец Налепа. Ён надта-ж па-людзку абыходзiўся з жаўнерамi роты. Дазваляў iм вечарамi хадзiць у яблыкi, табаку, бульбу. Вядома, што чалавекам з начальства, якi можа зрабiць найбольш прыкрым або прыемным аднастайнае жыцьцё жаўнера, бывае старшына роты. Налепу жаўнеры паважалi й слухалi, добра ацэньваючы лiберальнае дачыненьне да iх. Выслухаўшы Сымона, Налепа сказаў, што ня было нiчога так страшнага, як хлапец уявiў, што яго, пэўна, патрымаюць да вечара й пусьцяць. Сымон зь лягчэйшым сэрцам, падбадзёраны, павандраваў з капралам у бункер. У адной каморцы бункера сядзела чатыры чалавекi. Сымона пасадзiлi самога ў другой. Пры бункеры стаялi два вартавыя.

Сымон захапiў у бараку кнiжку i, крышку памяркаваўшы, прыйшоў да выснаву, што надта ня выпадае бедаваць, бо, пэўна, усё добра скончыцца. Узяўся за чытаньне. Але й чытаючы, колькi разоў хаця-нехаця вяртаўся да трывожнага пытаньня: "А што, калi возьмiць i застрэлiць? Чорт яму верыць, маскалюгу гэтаму!"

Яшчэ нiколi раней ня сустрэўся Сымон лоб у лоб з пытаньнем аб магчымай сьмерцi. Навет калiсь пад вагонамi пад час тога пекла ў Вiльнi, калi жыўцом гарэлi параненыя сябры, нiяк ня прыходзiла ў галаву, што яго могуць забiць. Калiсьцi й дзесьцi - а дзе дакладна, дык не патрапiў-бы й сказаць - ён пастанавiў, што не павiнен дарма прапасьцi ў гэтай вайне, а мусiць перажыць яе за ўсякую цану. Трэба-ж было яшчэ так шмат зрабiць для сваiх родных i Бацькаўшчыны. Цi-ж ён, малады, здаровы, поўны сiл, сьведамы сваёй беларускасьцi юнак, мог дараваць усе крыўды, цгго ворагi зрабiлi ягонаму народу? О, не! Сто разоў не! Як i што ён будзе рабiць - Сымон ня ведаў, ды цi й быў цяпер час над тым думаць. Галоўнае вось, каб жыцьцё захаваць, а там дзесь ужо неяк праясьнiцца й будзе вiдаць, што рабiць трэба. Дык усё й зводзiлася да захаваньня жыцьця.

I цяпер Сымон аж жахнуўся пры думцы, што так лёгка й зусiм за дурнiцу мог налажыць галавой. Але гэта былi толькi хвiлiнныя, як джала, пякучыя думкi, што хутка адыходзiлi й не пакiдалi па сабе сьледу. Ня верыў-жа юнак, што сапраўды за нейкi дурны патрон могуць яго застрэлiць.

"Вось, пэўна, настрашыць яму ўздумалася. I Налепа-ж казаў, што, пэўна, вечарам выпусьцяць, - супакойваў сябе юнак. - Але-ж чаму я такi легкадумны? Няхай-бы ён ужо згарэў, той патрон. Як быў загад спынiць стралянiну, дык чаму-ж я не паслухаў? Калi ўжо неяк тут з гэтага клопату выкарабкаюся, дык трэба будзе пiльней прыслухоўвацца да загадаў i падпарадкоўвацца. Такая-ж во бязглуздзiца й да чаго можа чалавека давесьцi".

Вiктар прынёс Сымону кацялок зупы й "фарфлюктар". Пад'еўшы, хлапец ужо больш супакоiўся й амаль цэлае паабедзьдзе чытаў. Каля шостай гадзiны прыбег да бункера дзяжурны афiцэр.

- Гэта ты сядзiш за дваццаты патрон? - спытаў Сымона.

- Я.

- Бяжы да маёра.

Перад баракам стаяла група афiцэраў. Яны пакурвалi, жартавалi. Вечар быў сонечны й цёплы. Сымон адразу спасьцярог, што ўсе афiцэры, у тым лiку й Мураўёў, былi ў добрым настроi. Гэта яму дадало шмат адвагi.

- Ты за што сядзеў? - пачаў Мураўёў.

- За сяньняшнi выстрал, - бойка адказаў хлапец, хоць дрыжыкi ўсё яшчэ бегалi па лытках.

- А ты куды страляў?

- Уверх.

- А куды было загадана страляць?

- У насып.

- Цi-ж у насып? А ня ў мiшэнi?

Усе прысутныя афiцэры змоўклi й прыслухоўвалiся. Усьмешкi бегалi па некаторых тварах.

- У мiшэнi, - згадзiўся Сымон.

- Дык вось бачыш, якая рэч... На тым баку Рэйна працуе шмат людзей пры вакопах, i толькi цяпер званiлi мне, што ёсьць адзiн паранены.

Калi-б Сымон тады меў час думаць над тым, што сказаў камандзер батальёна, дык пазнаў-бы хлусьню. Бо й як-жа, каб з такой колькасьцi людзей, ды яшчэ й дзесь далёка за тым Рэйнам, якраз ягоны, Сымонаў, нефартунны стрэл некага паранiў? Эх, ужо-ж i ня ўмеў Мураўёў выдумляць.

- Праўда, - прадаўжаў маёр, - уверх стралялi й iншыя... Але што я цяпер павiнен з табою зрабiць? Як ты думаеш? Цi, па-твойму, вiнаваты ты, цi не?

- Вiнаваты.

- Дык што я павiнен з табою зрабiць? Як пакараць? Ты прыдумай сам - якую-б ты даў сабе кару? Сымон маўчаў. Мураўёў паўтарыў пытаньне.

- Маё ўяўленьне, спадар маёр, занадта абмежаванае, каб прыдумаць сабе кару, - адпалiў Сымон.

- Эх ты, хiтрун! Ну ладна. На гэты раз дарую. Глядзi, каб у будучым слухаў загадаў. Уматвайся ў роту!

Сымон як скаблянуў адтуль у свой барак, дык аж костачкi бразджэлi.

Такая была гiсторыя з дваццатым патронам.

V

Каб блiжэй пазнаёмiцца зь людзьмi, што складалi батальён Мураўёва, варта нам, паважаны чытач, прыслухацца да адной даволi цiкавай гутаркi, якая аднойчы адбылася ў бараку другой роты, да якой належалi Сымон i Вiктар.

Каля даўгога стала сядзеў старшына роты сяржант Налепа й каля дзесятка хлапцоў, што чысьцiлi зброю, рыхтуючыся йсьцi на варту. У лiку iх з колiшняй афiцэрскай школы БКА былi Пiсаронак, Войнiк, Вiктар Караткевiч, Жылякоўскi й Сымон Спарыш. Усе iншыя служылi ў Беларусi ў палiцыi. Да iх належаў Курленя, што, паводле ягоных-жа словаў, быў калiсьцi капралам у польскiм войску, Земет - зусiм неадукаваны селянiн-паляшук, Шэмет, якому таксама варта было-б скончыць, прынамсi, пачатковую школу й якi вырозьнiваўся адно высокiм ростам i даўгiмi нагамi, ды Гвардзейчык - малажавы хлапец, што вельмi любiў парадак i чысьцiню, як у вопратцы, так i ўсюды. Гаварылi аб дробных штодзённых справах. Гутарка не вязалася.

- Але ты, Гвардзейчык, гаворыш па-расейску, якраз як паляк, - сказаў Сымон. - Можа, ты й ёсьць паляк? - спытаў ён.

Гвардзейчык ледзь заўважна пачырванеў.

- Адкуль ты ўзяў, што я гавару, як паляк? - адказаў пытаньнем.

- Акцэнт дык у цябе, братка, якраз як у паляка, што вось толькi што наламаўся па-расейску. Вось няхай-жа iншыя скажуць. - Пры гэтых словах Спарыш зiрнуў уважна на сяброў, быццам спадзяючыся iхняй падтрымкi.

- Чорт яго знае, - адказаў Гвардзейчык, - язык зьмяшаўся, й сам ня ведаеш, як гаворыш.

- Ты кажаш, - зьвярнуўся да Сымона Земет, - што ён гавора, як паляк. А ты-ж як гаворыш?

- Па-беларуску.

- Так, ты гаворыш па-беларуску... Ты сам ня ведаеш, як гаворыш.

- Ён-то ведае, - падтрымаў Сымона Вiктар. - Ён гавора па-беларуску. Але ты ведаеш? Наагул, цi ведаеш, хто ты ёсьць?

Земет натапырыўся.

- Я гавару так, як усе гавораць, а па якому...

- Ты й сам ня ведаеш, - дакончыў за яго Пiсаронак, i ўсе навокал засьмяялiся.

- Нейкай ломанай мовай, - казаў далей Земет, - пэўна-ж, i не па-беларуску. Чорт яе тую беларускую мову ведае. Гаварыць гэтак, як цяпер пiсалi ў беларускiх газэтах, дык можна й язык паламаць. Нейкi-ж дурань такое выдумаў.

- Дурань, кажаш, выдумаў? - заатакаваў Земета Вiктар Караткевiч. - Цi ведаеш ты, такi разумны, сам хто ты ёсьць?

- А цiкава, цi ведаеш, хто ты ёсьць? - памог Пiсаронак.

- Зь якога ты гэта народу?

- Як быў дома, дык казаў, што тутэйшы, а тут дык i ня ведаю, - тлумачыў паляшук.

- А цяпер, мусiць, таксама тутэйшы! - укiнуў сваю капейку Гвардзейчык.

Усе голасна зарагаталi.

- Эх, брат, дык, мусiць, твая нацыянальнасьць тады залежыць ад месца жыхарства, калi ты ўсюды тутэйшы, - рагатаў Жылякоўскi.

- Беларусь ваша... - умяшаўся Курленя. - Вы, як сядзелi там на месцы, тады, мусiць, i Беларусь будавалi, а як самiм давялося пацярпець, дык, мусiць, i нiчога не здабудзеце. Як немец устанавiў быў нейкую там Беларусь, дык тады й начальнiкаў хоць адбаўляй. Тады яны былi ласымi на гатовенькае. А саветы як ударылi, дык усе, як мышы, паразьбягалiся. Дзе-ж ваш Астроўскi? Чаму аб Кушалю нiчога ня чуваць? Дык цяпер нас, дурненькiх, ваяваць выпраўляюць, а начальнiчаць, дык iх было поўна.

Гэту тыраду Курленi падтрымлiвалi Шэмет i Земет. Варта заўважыць, што, згодна з апавяданьнямi iншых, брат Земета пайшоў у польскiя партызаны ў раёне Лiдчыны.

- А ты, мусiць, хацеў, каб Астроўскi цi Кушаль з табою пад адным вашывым коцам спалi? - адпалiў Курленю Сымон. Некаторыя засмяялiся. - Цi твой прымiтыўны розум можа хаця ўявiць клопаты тых людзей?

- А якiя-ж яны маюць клопаты? Зашылiся недзе ў спакойны куток i сядзяць, як мышы пад мятлою. Клопаты ў iх! Ня маюць чаго рабiць, дык няхай-бы хоць сюды пару слоў сказаць прыехалi.

- Але-ж, але! Чулi вы? - перадражнiваў Курленю Вiктар. - Курленя, важная пэрсона, загневаўся, што да яго Астроўскi на пацеху й падтрымку штаноў ня прыехаў.

Усе зарагаталi.

- Чаго ты смяешся, дурань ты! - Пры гэтых словах Курленя сакавiта лаяў. Старшына Налепа ад некаторага часу сядзеў на сваёй пасьцелi насупраць стала й моўчкi прыслухоўваўся да гутаркi.

- Астроўскi - вялiкi пан! - цягнуў Курленя. - Нiдзе аб iм i ня чуваць. Калi вы яго бачылi цi чулi ад яго хоць адно слова?

- Чаму-ж не, - адказаў Караткевiч, - прыязджаў да нас у Вiльню ў гiмназiю, гаварыў, i мы чулi.

- Што-ж ён вам гаварыў? - пацiкавiўся Земет.

- Ён сказаў нам коратка й ясна, - тлумачыў Сымон, - сьцеражыцеся нягоднiкаў.

Усе вельмi голасна зарагаталi. Земет узлаваўся.

- Iш ты, скалазуб! Толькi сьмяяцца, а каб што дзельнага сказаць, дык ты ня можаш, - бурчэў ён, гледзячы на Сымона.

- Так, Беларусь збудавалi, - пачаў пагардлiвым тонам Курленя, - а як прыйшлося самiм пацярпець, дык усе начальнiкi ў лес пайшлi.

- Хацелi збудаваць, чаго ня было й ня будзе, - дапамог Земет.

- Пэўна-ж, што на гэткiх дурнях, як вы, нiчога не збудуеш. Вы нiкому ня служылi, ня толькi Беларусi. Толькi й здольныя былi самагонкаю залiвацца ды людзей аграбаць! - падсыпаў жару Жылякоўскi.

- Бачыш ты, якi патрыёт знайшоўся! - апраўдваўся першы. - Калi ты стаў гэткiм? Вам, мусiць, у гэных школах у галовы дурнаты набiлi.

- Вось у тваю дык, мусiць, нiчога не наб'еш, бо зараз усё зь яе выляцiць, - адказаў Жылякоўскi.

- Слухай, Земет, i ты, Курленя, - пачаў Гвардзейчык, - ты думаеш, што гэткая дзяржава, як Беларусь, магла так хутка стаць на ногi i ўтрымацца? Калi яна атрымала дазвол на арганiзацыю свае армii? Аж напрыканцы сорак трэцяга года. А ты глянь, якiя ўжо добрыя былi пачаткi...

- Ды што ты там пустое пляцеш, - не даў Гвардзейчыку дакончыць Курленя, я сам бачыў, што выраблялi беларускiя начальнiкi. У нас быў адзiн афiцэр, якога западозрылi ў палiтычных зносiнах з бальшавiкамi. Я там дакладна ня ведаю, як тое было, але ён нас усiх хацеў немцам выдаць i ўсю вiну звалiў на нас. Добра, што памяшаў гэтай справе адзiн, што знаў усё, дык мы й засталiся жывымi, а так...

- Чакай хвiлiнку, - укiнуў слова старшына Налепа, - дык гэты афiцэр, цi хто там, пэўна, камунiст быў, няйначай. Па тваiх словах гэтак выходзiць.

- Якi-ж ён камунiст, калi быў у нас у войску? Гэта-ж было цяпер, а не пры саветах.

- Дык што-ж ты думаеш, што цяпер камунiст ня мог у войска залезьцi? трымаў сваё Налепа.

- Мусiць, Курленева галава зацеснаватая, каб такую магчымасьць мог уявiць, - засьмяяўся Караткевiч.

- Ты-ж перш казаў, што гэта там за нейкую дзяўчыну выйшла, - дапёк Курленю Гвардзейчык.

- Дзе там за дзяўчыну! За якую табе дзяўчыну...

- Ага, за якую... Ты й сам ня ведаеш, што гаворыш. Сягоньняшняе ня ведае, што ўчарашняе плявузгала. Усе голасна смяялiся з Курленi. Зьбiты з панталыку былы палiцай яшчэ спрабаваў агрызацца.

- Перастань ты, Курленя, ужо даводзiць, бо нiчога ня кемiш, - адазваўся Пiсаронак.

- Даволi вам, хлопцы, сварыцца. Для ўсiх па мэтру зямлi хопiць, - уткнуў свае пяць капеек Войнiк.

- Вось гэта дык разумна сказана.

Усе голасна засьмяялiся.

У роце даволi часта вялiся гутаркi на тэмы, зьвязаныя з Беларусьсю й беларускiмi справамi. Прычынаю была прысутнасьць юнакоў з калiшняй Школы Камандзераў БКА. Курленя, Земет i Шэмет - не адны, што вырозьнiвалiся тупасьцю й няведаньнем усяго, зьвязанага са сваёй Бацькаўшчынай i палiтычнымi справамi. Былi сотнi такiх. У роце, як i ў цэлым батальёне, было даволi ўкраiнцаў, зь якiмi беларусы нiколi не ўваходзiлi ў калiзii, дыскутуючы палiтычныя тэмы.

Украiнцы былi беларусам добрымi сябрамi. Дружба выплывала з супольнага гiстарычнага лёсу абодвух народаў, што, маючы на працягу стагодзьдзяў супольных ворагаў з захаду i ўсходу, прывыклi, зжылiся з iдэяй, што яны браты ў нядолi й адзiн другога мусяць заўсёды падтрымоўваць. Гэта ня была тая хвальшывая, некiм зьверху накiнутая, дружба. Яна мела каранi ў сiвой мiнуўшчыне i ўважалася зьявай нармальнай, прост-напраст арганiчнай, штодзённай, аб якой навет i не ўспамiналася.

VI

У палове верасьня батальён Мураўёва пакiнуў вабоз над Рэйнам i спынiўся ў адлегласьцi нейкiх 25 км на захад у вёсцы Iльгойзэрн. Гэта была вялiкая вёска, прыкладна за 15 км ад першых хрыбтоў Вагезаў. Войска разьмясьцiлася па гаспадарскiх гумнах, а дзе каму ўдалося - дык i па хатах. Сымон Сларыш у гэтым часе атрымаў новую функцыю: ён быў вызначаны канюхом. Вярнуў назад сваю каламажку й малога гнядога конiка, што калiсьцi мы ўжо бачылi ў руках у Камовiча пры выхадзе зь Менску.

Прызнацца, Сымон быў задаволены сваёй новай павiннасьцю, бо канюхi мелi, акрамя шматлiкiх клопатаў, некаторыя выгады. Да гэткiх перш за ўсё належала тое, што заўсёды былi забясьпечаныя транспартам, ня мусiлi ў маршах валачыць на плячох сваiх рэчаў, тое-сёе здабытае збоку, прыкладам, гароднiну цi садавiну, маглi прыхаваць на возе, дый на заняткi не хадзiлi рэгулярна. Сымон адно стараўся знайсьцi прычыну, чаму яго вызначылi канюхом. Падазраваў, што калi-б сам папрасiў такой функцыыi, не атрымаў-бы яе. I прычыну няцяжка было адгадаць.

Камандзерам другой роты быў капiтан Вiньнiцкi - сярэдняга веку высокi ўкраiнец, якi асаблiва нiчым не вырознiваўся. У роце былi чатыры зьвязы й камандзерам кожнага быў афiцэр. Першым зьвязам, да якога належалi Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч, загадваў старшы лейтанант Рэшатаў - расеец самай чысьцюсенькай вады. Гэта быў дробненькi ростам, круглатвары, крышку курносенькi, з малымi зласьлiвымi вочкамi былы чырвонаармеец. Рэшатаў быў вельмi рухавы й энергiчны. Калi гаварыў да каго, вочкi ягоныя, быццам два сьвярдзельчыкi, здавалася, вярцелi яго наскрозь - нiчога ад iх не схаваецца. Малы маскалёк найбольш i даўся Сымону й Вiктару ў знакi, асаблiва-ж першаму.

Трэба зацемiць, што хлопцы давалi вялiкую волю сваiм языкам, будучы часьценька зусiм неасьцярожнымi. А асьцярожнасьць была асаблiва патрэбная, проста неабходная. Яшчэ ў абозе над Рэйнам аднойчы капiтан Вiньнiцкi прыпамiнаў роце, што нiхто ня мае права выказваць свайго незадаваленьня, шырыць розныя, шкодныя Нямеччыне чуткi. "Усе вы, - казаў капiтан, - прыйшлi ў гэты батальён добраахвотнiкамi. Мы раней пыталiся тых, што ня хочуць у нас служыць, каб выявiлiся. Для iх ёсьць шмат месца ў працоўных лягерах. Калi-ж вы засталiся, дык цяпер трымайцеся й не наракайце".

Папярэджаньне было пагрозьлiвае, бязь нiякiх недаказанасьцяў. Яно, адылi, не падзейнiчала анi на Вiктара, анi на Сымона. Яны й далей давалi поўную волю языкам. Сымон даўно заўважыў, што Рэшатаў чапiўся да яго без патрэбы. У войску-ж, ведама, як трапiш свайму начальству на вока - яно будзе памятаць цябе цэлы час.

Гэтак i з крымiнальнiкам: хоць i адбудзе сваю першую кару, навет i будзе старацца паправiцца, палiцыя ўсё роўна цэлае жыцьцё будзе за iм сачыць. Калi здарыцца дзе што ў ваколiцы, яго першага правяраюць, паклiкаючы на допыты.

Рэшатаў-жа чапiўся да Сымона й Вiктара Бог ведае за што. Мо заўважыў, што iхныя языкi гладка хадзiлi, асаблiва-ж Сымонаў. Што Рэшатаў ня любiў Сымонавага языка - у гэтым юнак хутка пераканаўся. Гэтак аднойчы ў вёсцы Iльгойзэрн, хутка пасьля пераезду туды, хлапец паехаў на канi да батальённага вэтэрынара. Ня тое каб гнядому чаго не хапала цi хворы быў, але-ж вэтэрынар мусiў мець нейкi занятак, дый конi рэгулярна хадзiлi на праверку здароўя ў войску - так, як i людзi. Сымон затрымаўся ў гаспадарскiм панадворку, там, дзе кватараваў вэтэрынар, i, чакаючы яго, сядзеў на возе ды ад нечага рабiць жаваў саломiну. Вулiцаю праходзiў Стыкар i яшчэ пару вайсковых.

- А ты што тут робiш? - спытаў Спарыша Стыкар.

- Адпачываю.

- Ты, Спарыш, там будзь больш асьцярожным. Учора чуў я, як обер-лейтанант Рэшатаў казаў, што трэба будзе цябе ўсьцiшыць, бо ты незадаволены й надта шумна сябе вядзеш. Тых чатырох ужо "форт"! - пры гэтым апошнiм слове махнуў рукой. Стыкар гаварыў аб чатырох, што ў мiнулую нядзелю напiлiся гарэлкi ды, даўшы волю п'янаму ўяўленьню, зрабiлi засадку на камандзера чацвёртага зьвяза Юхневiча. Мелi намер яго забiць. Нехта, вiдаць, даказаў, бо штучка iм не ўдалася, i ўсiх чатырох выслалi ў рабочы лягер. - Так што глядзi, - асьцерагаў Стыкар канюха, - крыху стрымайся.

- А чаму-ж Рэшатаў так гаварыў?

- Ды ў сувязi з высылкай тых чатырох.

Бачыш, што вырабляецца, разважаў Сымон. Прыйшло яму ў галаву, што Рэшатаў, пэўна, меў у роце сваiх давераных людзей, якiя ўсё яму даносiлi. Гэта й ня дзiва: у батальёне iснавала шпiёнская сетка. Афiцэры ў бальшынi паходзiлi з савецкае армii, дзе начальства мела сярод байцоў заўсёды надзейныя вочы й вушы. Чаму-ж i тут не практыкаваць старых прывычак?

Сымон надта-ж ненавiдзеў таго паршывенькага, як ён называў Рэшатава. I курносенькi маскалёк, калi зьвяртаўся да канюха, дык заўсёды са зьнявагамi, прычэпкамi. Вельмi-ж злосна бегалi малыя обер-лейтанантавы вочкi й моршчыўся, падымаўся курносенькi нос.

Чысьцiць, бывала, Сымон свайго гнядога гадзiнамi цэлымi. Загадаюць. Выглянцаваць мусiш так, каб аж зьзяў. От-жа i ўелася яму тая чыстка. Блiшчыць ужо конiк з усiх бакоў - здаецца, вычысьцiў так, хоць ты вядзi на выстаўку. Прыйдзе Рэшатаў ды плясь конiку па азадку. Возьме ды пацягне, прыцiскаючы, далоньню па баках, пад жывот навет злазiць. Пасьля выме з кiшэнi чысьцюсенькую белую хусьцiнку, уважна абатрэ даланю, i... тут ужо пачынаецца. Як гэта так? Чаму на чыстай хусьцiнцы цэлая жменя пылу?

- А это что? Чистил, говоришь? Да какая же это чистка? Ты почисти как сьледует, дурака-то валять мне нечего! Давай-ка опять за работу!

З такой лютасьцю й нянавiсьцю пазiрае тады Сымон на скрыўлены обер-лейтанантаў твар, так цярэбяцца рукi. "От бы-ж i зьехаў аплявуху, - думае хлапец, але паўстрымоўваецца ў пару. - Каб ты здох, пракляты маскалюга!"

- Ну, чего стоишь? - грымiць той. - Давай-ка, поди. Берись за работу немедленно!

Сымон вурчыць, злуецца, плюе дый зноў пачынае ад конскай морды. Бывае, без малага цэлы дзень скрабе.

"I цi-ж гэта ня зьдзекi? - разважае ў думках. - Ну навошта-ж гэту падлу так скрабцi? Эх, чакай-жа ты, ня мiнеш маiх рук!" - пагражае канюх у думках Рэшатаву.

VII

Сымонава нянавiсьць падвоiлася, калi аднойчы атрымаў у апеку обер-лейтанантавага верхавога. Гэта быў вялiкi, спрытны, беглавы конь.

- Ты уже с одной разленился-то, - гаварыў Рэшатаў, - мало работаешь. Так вот тебе другая. И смотри, - пры гэтым махаў пальцам, - чтобы была чистой как следует. И не только лошадь, а и седло.

"Ах, каб ты здох, гiцаль, дзе ты на маю галаву ўзяўся!" - кляў сам сабе пад носам Спарыш.

Яшчэ колькi разоў паўтаралася гiсторыя з хустачкай i пылам з той рознiцай, што Сымон зьвяртаў цяпер найбольшую ўвагу на верхавога. Прыйшлося папацець удвая, а мо i ўтрая больш, чымся раней. Усё роўна не мог задаволiць маленькага расейца. Вычарпалася аж да дна юнакова цярпеньне. Раз неяк заўважыў, што два раменьчыкi ў сядле з правага боку, якiмi падшпiльвалася падпруга, былi надарваныя. Сымон патузаў iх, пакруцiў, надарваў яшчэ больш перагнiлыя нiткi, так што яны ледзь трымалiся.

- Чакай-жа ты, сукiн сын, хоць гэтым ды адамшчуся.

Назаўтра раненька рота выходзiла на стрэльбiшча ў Вагезы. Ужо каля шостай гадзiны Сымон меў падаць обер-лейтананту каня. У горы трэба было iсьцi больш дзьвюх гадзiн, i дзеля таго выходзiла рана. Сымон збольшага махнуў граблом i шчоткай па канi ды ўжо ўськiдаў сядло, як тут збоку пачуў крыклiвы голас расейца:

- Эй, турок ты! Что, еще не готов?

- Зараз, обер-лейтанант!

Рэшатаў стаяў i глядзеў у другi бок вулiцы, прыкурваючы цыгарэту. Там ужо iшла першая калёна войска. Яны былi не далей як на сто мэтраў ад канюха й афiцэра.

- Калi ласка, обер-лейтанант, - падаў Сымон каня.

Трымаў верхавога за аброць, аддаўшы камандзеру ў рукi павады. Той усадзiў левую нагу ў стрэмя, схапiўся абедзьвюма рукамi за сядло i, ёмка падпiхнуўшы сябе правай нагой, ужо манiўся закiнуць яе наверх, як раптам усiм цяжарам, разам з сядлом, бразнуўся вобземлю. З калёны, што бачыла ўсю гэту сцэну, загрымеў голасны рогат колькi дзесяткаў чалавек.

Конь, хутчэй адчуўшы, чымся ўбачыўшы, што яздок чамусьцi апынуўся на зямлi, зрабiў колькi крокаў убок заднiмi нагамi й левым вокам накасавурыўся на лейтананта. Рэшатаў маланкаю ўсхапiўся зь зямлi й, як разьюшаны тыгра, кiнуўся да Сымона. Нiколi хлапец не ўяўляў сабе, што ў такога маленькага чалавечка магло быць столькi кiпучай злосьцi. Аж пабляднеў ад страху.

- Ты-ы, сукин сын! Бродяга ты! - Тут маскалёк перасалiў сваю лаянку трохпавярховым маскоўскiм матам, пачынаючы недзе зь Ленiнграду, а канчаючы на Растове. - Я тебе за ето знаешь что сделаю?! Я тебя, гада, в тюрьму, в рабочий лагерь! Вот! Я уж тебя постараюсь, погоди-ка, сукин сын ты!

Юнак дрыжаў ад страху, хоць дзесьцi ў глыбiнi грудзей давiў моцны сьмех. У той момант ня мог ведаць, цi дорага абыдзецца яму гэты жарт. Тым часам Рэшатаў кiнуўся да сядла й знайшоў прычыну ўсяго няшчасьця. Уважна агледзеў раменьчыкi.

- Это когда они порвались? А?

- Учора надвечар, обер-лейтанант.

- А ты почему не зашил?

- Дык калi-ж я? Ноччу меў зашываць?

- А мне что к этому? Разве ты не знаешь своего дела? Погоди-ка, я тебя научу, сукин сын ты! Лавинский, где дружиновый Барлай?

Канюх Лавiнскi, з паходжаньня ўкраiнец, што даглядаў каня капiтана Вiньнiцкага, замiтусiўся:

- Зараз знайду, обер-лейтанант!

Пабег i за пару хвiлiн прывёў дружыновага Барлая.

- Этого негодяя, - тросься злосны Рэшатаў, паказваючы пальцам на беларуса, - посадить на пять суток в сарай на воду и хлеб и поставить караульного. Там я еще придумаю, что с ним сделать. Утром и вечером только выпускать, чтоб лошадей досмотрел, а так держать под караулом в сарае. Понял?

- Так есть, господин обер-лейтенант.

Барлай пазiраў на разьюшанага афiцэра, на ляжачае на зямлi сядло й пабляднелага, перапалоханага Сымона, стараючыся, мабыць, адгадаць, што сталася.

- А ты, Лавинский, сейчас же пришить ремни! - загадаў Рэшатаў украiнцу. Имеешь пять минут время.

- То як цэ за пяць мiнут? - пачаў той.

- Ты еще здесь? - кiнуўся да яго маскалёк. - Ступай же немедленно.

Лавiнскi падняў сядло, узяў каня й пайшоў на панадворак.

- Забирай этого негодяя! - крыкнуў афiцэр Барлаю.

- Пайшлi, - кiўнуў галавой дружыновы. Гэткiм чынам канюх Спарыш апынуўся ў пустым, высланым чыстай саломай баўэрскiм хлеўчуку. Знадворку да дзьвярэй загадалi гаспадару зрабiць прабой i прынесьцi замок. Паставiлi са стрэльбаю вартавога. Быў гэта незнаёмы Сымону хлапец з трэцяга зьвяза. Вязень не надта наракаў на свой новы быт.

- Эт, чорт з табой, - бурчэў ён, - хоць крыху адпачну. Надта-ж дакучаў голад. Прыносiлi толькi адну лусту, значыцца, паўпайка, чорнага хлеба на дзень i паўгаршка чыстай вады.

Але Рэшатаў ня выканаў пагрозы. Пратрымаў хлапца пад замком i вартаю адно дзьве пары. Параўнальна лёгка абышоўся Сымону той жарт над обер-лейтанантам. Адно яшчэ больш дакучлiвым, прычэплiвым i нязносным стаўся ад той пары малы маскалёк.

VIII

У канцы верасьня й першай палове кастрычнiка ў ваколiцы Вагезаў праводзiлiся тактычныя баявыя заняткi пры ўдзеле цэлай дывiзii. Вiдаць было, што час вышкаленьня канчаецца. Па адзьдзелах кружылi розныя плёткi аб хуткiм фронце. Адна з такiх плёткаў, прыкладам, гаварыла, што хутка "трыццатка" мае паехаць у Чэхаславаччыну цi навет i ў Югаславiю.

Маёр Мураўёў на зборцы свайго адзьдзелу акрамя колькiх шаблонных перасьцярогаў i iншых слоў для падтрыманьня маралi, паведамiў, што генэрал Уласаў вёў перамовы з камандаваньнем Вэрмахту й з самым правадыром Райху, каб з усiх усходнiх фармацыяў стварыць адну вялiкую армiю пад ягонай-жа камандаю й выслаць на Ўсходнi фронт.

Тым часам становiшча з харчаваньнем было няцiкавае.

У вёсцы Iльгойзэрн i ў суседнiм Гэмары жаўнеры панадзiлiся былi наведваць мясцовыя пякарнi. Спачатку некаторым собiла дастаць адну цi другую баханку чорнага хлеба. Адылi, калi вестка аб такой магчымасьцi абляцела пададзьдзелы, калi пры пякарнях пачалi расьцi зялёныя натоўпы, немкi, робячы вялiкiя вочы, казалi:

- Ohnе Каrtе gibts nicht.*

* Толькi па картках (ням.)

Тады некаторыя з найсьмялейшых кiнулiся зусiм на яўнае нахальства. Валачылiся па хатах i, як кажуць, проста з моста прасiлi:

- Ваuer, bitte Вrot.* - Нехта з тых-жа баўэраў хутка парупiўся данесьцi цывiльным уладам. Выйшла забарона прадаваць войску хлеб у пякарнях i ў хатах.

* Гаспадар, калi ласка, хлеба (ням.)

Давялося налягаць на садавiну й бульбу, якiя лягчэй было дастаць. Асаблiва цярпелi садовыя дрэвы й вiнаграднiкi пад час вялiкiх тактычных заняткаў. Часта бывала, што адзiн цi другi жаўнер, перабягаючы пад час заняткаў з месца на месца, заляжа пад кустом вiнаграду або на бягу пачне калацiць яблыню цi грушу. Пакуль скончацца заняткi, то аж пуп трашчыць, а ў роце аскому нагонiць.

Аднойчы на полi канюх Сымон натрапiў на цэлую кучу параськiданых i раздуваных ветрам дробных ангельскiх лятучак. Былi пiсаныя ў ангельскай i нямецкай мовах. Схаваў юнак пару штук у кiшэню й вечарам, ужо вярнуўшыся на базу, уважна прачытаў нямецкi зьмест.

Камандзер амэрыканскае армii заклiкаў нямецкiх жаўнераў здавацца ў палон. Лятучка гаварыла, што становiшча Трэцяга Райху ўжо зусiм безнадзейнае. Немцы былi бiтыя на ўсiх франтах, хаўрусьнiцкiя армii наблiжалiся хуткiм тэмпам да Рэйну, нямецкiя месты ляжалi ў руiнах. Амэрыканец раiў немцам ратаваць сваё жыцьцё, ня слухаць вар'ята фюрэра й пераходзiць у палон. Давалiся iнструкцыi, як гэта рабiць. Трэба было, увайшоўшы ў кантакт з войскам хаўрусьнiкаў, абавязкова найперш падняць уверх рукi, махаючы такой адной лятучкай, каб пераможцы ведалi, што ты не прыйшоў да iх у госьцi, ды выясьнiць, што здаешся ў палон ангельскiмi словамi: I surrender*. А там ужо будзе ўсё добра. Цябе не пакрыўдзяць i, пэўна-ж, не заб'юць.

* Здаюся (англ.)

"Маем, значыцца, й запрошаньне, - падумаў Сымон i схаваў тую лятучку ў самую найдалейшую нiжнюю кiшэню свае вопраткi. - А хто ведае? Мо й давядзецца скарыстаць з запрошаньня хутчэй, чым спадзяемся". Аб тым, што яму, канюху Сымону, давядзецца гасьцiць у амэрыканцаў цi там у каго iншага на другiм баку, хлапец ня меў сумлеваў. Толькi-ж, вядома, мо яшчэ прыйдзецца перад тым пастраляць крыху, вось хаця-б сабе ўверх, абы дзеля вачэй людзкiх...

НАБЛIЖЭНЬНЕ

I

Мапны пакой бункеру галоўнакамандуючага нямецкiмi збройнымi сiламi ярка асьветлены. Пакуль што ў iм толькi адзiн прысутны - малодшы штабовы афiцэр. Усе сьцены пакоя абвешаны мапамi. Пасярод стаiць доўгi стол, таксама засланы мапамi. Больш у пакоi няма нiякай мэблi. Афiцэр стаiць на зэдлiку каля сьцяны, у левай руцэ трымае сьпiсаны машынкаю лiст паперы i, часта на яго пазiраючы, правай рукою бярэ сьцяжкi, паўтыканыя ў розных месцах мапы, ды перасоўвае на iншыя месцы. Чырвоныя сьцяжкi са свастыкай пасярод. Яны вызначаюць крывулi тэўтонска-фашыстоўскага дыназаўра, што раптоўна ў апошнiя часы пачаў худнець i звужацца. Там, дзе стаялi сьцяжкi, гарэла зямля, людзi, жыцьцё - там быў фронт. Але цi толькi там?

Цяпер ужо ўсюды быў фронт. Вось хоць-бы выйсьцi наверх з бункеру. Што там робiцца! Пекла! Вечная трывога. Людзi днямi й начамi ня вылазяць з нораў-падвалаў. Гарыць, ломiцца, крышыцца, папялiцца шкiлет яшчэ наймагутнейшага ў сьвеце гораду. А тут унiзе, тут што-ж... спакойна. Якi-ж зманлiвы гэты спакой. А мо ўжо так перад надыходам той канчатковай, вырашальнай, нямiнучай часiны? Мо гэта ўжо дыханьне сьмерцi?

Але-ж не! Сто разоў не! Тут жыве яшчэ "ён". О, так! Гэты "ён" валодае ўсiм i ўсiмi, натхняе, кiруе, вядзе. Гэта мозг усяго, клубок, да якога вядуць усе нiткi яшчэ шматлiкiх, хоць ужо надта-ж паскубаных, зьняможаных армiй, групаў, адзьдзелаў... А яшчэ-ж "ён" кажа, што будзе такая зброя, аб якой i сьвет ня сьнiў. А слоў-жа нiколi вунь на вецер дарма ня кiдаў, з ранейшага ведама... Ого! Яшчэ пазнаюць ворагi. Яшчэ на каленях прыйдуць да яго мiласьцi й мiру прасiць. Вось абы ўжо хутчэй гатовая была гэта зброя. А тады... Ого, што будзе тады!

А тым часам...

Афiцэр у бункеры часта трэ правай даланёю бараду, мармыча, штось лае сабе пад нос. Заўсёды, як толькi дзе даводзiцца перасунуць сьцяжок на ўсходняй крывулiне ў заходнi бок цi на заходняй ва ўсходнi, голас яго мацнее, вурчыць, гаркае. Кiвае галавою. Цi-ж гэта лёгка?! Помнiць-жа ён лепшыя часы. Сьцяжкi тады перасоўвалiся ў зусiм iншых кiрунках. Дыназаўр сыцеў, таўсьцеў, выпяцiў быў свой жывот аж на прадмесьцi Масквы, лапай ледзь не зачапiў Александрыю ў Егiпце ды думаў растаптаць брытанскiя абтокi. Ох, якая-ж тады была асалода перастаўляць сьцяжкi! Разам з дыназаўрам рос i ён сам, неяк i галава падымалася вышэй дый ногi раўней хадзiлi.

А цяпер полымя дабiралася да нэрвовага цэнтру Райху. Гэта было тое самае страшнае зямное полымя, што вогненна-жалезным языком лiзала жыцьцё ня толькi выдатных ваякаў вермахта, але i ўсе славутыя фюрэравы мары-летуценьнi, спадзяваньнi. I яно было больш жахлiвае й знiшчальнае за тое полымя, што пасылала неба. Афiцэр яшчэ раз уважна праверыў усе крывулiны на сьценнай мапе, задуманы, уталопiўшыся ў мапу, пастаяў хвiлiны тры, пакiваў галавою, пасьля падыйшоў да стала й там правёў тую самую аперацыю. Тут ужо пайшло барзджэй дый вурчэньня, гарканьня таго менш было. Хутка накiраваўся да дзьвярэй, i крокi яго паглынула рэха бункернага калiдору.

II

Мiнула каля паўгадзiны. З калiдора пачалi далятаць гукi розных галасоў. Пры ўваходзе адбываўся самы грунтоўны кантроль. Рукi мацалi партфелi, правяралi дакуманты, зыркiя вочы доўга й уважна аглядалi вiзiтантаў. Нельга-ж было, каб iзноў паўтарыўся лiпеньскi дзень у Прусii.* Дый фюрэр апошнiмi часамi дзiваком нейкiм ставаўся, бачыў усюды й знаходзiў тое, чаго ня было, выдумляў непраўдападобнае, шукаў вiнаватых. Але-ж ня iм, дробным чарвям, дадзена было разгадаць тайнiцы фюрэравага мозгу. Поўзалi-ж перад iм, дык i цяпер лётаць не пачнуць. Трэба цягнуць да канца...

* Маецца на ўвазе няўдалы замах на Гiтлера, падрыхтаваны групаю нямецкiх афiцэраў.

Пасьля доўгай i дэталёвай iспытацыi язык гаркаў кароткае адрывiстае слова. Крокi мералi недаўгую ўжо адлегласьць да мапнага пакою, i ў дзьвярах вырасталi адчаканеныя постацi: маршалы, генэралы, адмiралы. То й былi тыя нiткi, што лучылiся з галоўным клубком. Гэта тыя мацаўкi-лапы спрута, што цiснуў, душыў усiх i ўсё, высмоктваў зь iх апошнiя сокi й кроў у iмя будучага панаваньня "супэрнароду", "супэрмэнаў", "вярхоўнай" арыйскай расы. Гэта тыя служакi колiшняга капрала кайзераўскiх войск, што бурыў усё старое, будаваў "новую Эўропу".

А мо яны - гэтыя маршалы, генэралы, адмiралы - ужо перасталi быць будаўнiкамi, мо сталi ўжо магiльшчыкамi? Хто-ж мог напэўна сказаць. Але-ж не! Яшчэ раз не! Ён-жа ўсё ведае, за ўсiх думае, усяго дапiльнуе. Яшчэ выведзе й прывядзе. А iм тым часам што? Хiба-ж толькi па сваiх дзялянках ды адрэзках... А там ужо ўва ўсiм галоўны - ён...

У мапным пакоi час ад часу стукаюць запяткi, сьцiскаюцца выцягнутыя рукi пры вiтаньнях, падаюць прыцiшаныя словы. Мундзiры абступаюць стол, сьцены. Вочы ўпiваюцца ў тыя пункты-сьцяжкi. Вочы звужаюцца, касурацца. Твары моршчацца. Панурыя гэта твары - яны даўно забылiся, як сьмяяцца. Заўсёды напружаныя, неспакойныя. Мяркуюць, у якiм "ён" настроi, што зробiць, загадае, як аднясецца. Цi зноў не палезе на тую найвышэйшую ноту. А мо што й пацяшальнае скажа. Недарма-ж паўзьлi з усiх канцоў, сьпяшалiся, дэнэрвавалiся. Можа... можа...

У пакоi iх ужо пару дзесяткаў. Раптам уся актыўнасьць i рух спыняюцца. Чакаюць, прыслухоўваюцца. Усе вочы ўпiваюцца ў дзьверы. Прыблiжаецца, iдзе. У дзьвярах паказваюцца чорныя варухлiвыя вусiкi, звiслая на лоб пасма валасоў, рудыя вочы. Спыняецца пара чорных выглянцаваных ботаў. Мо гэта тыя самыя боты, што калiсь падрыгвалi з захапленьня ў Камп'енскiм лесе ў дзень капiтуляцыi Францыi? Побач - два рослыя ценi. Ногi на момант затрымлiваюцца, вочы хутка паўзуць па ўсiх прысутных, i пасьля ўжо ногi прыблiжаюцца да цэнтру стала.

Фюрэр, мусiць, ня ў гумaры. На твары ў яго цень. Галава то апускаецца над настольнай мапай, то падымаецца, павяртаючыся ў той бок, да каго гаворыць. Палец блудзiць па крывулiнах. Чуваць рапарты, пытаньнi, перапытваньнi. Часам у тым пакоi так глуха, што, калi-б вочы не бачылi, падумаў-бы, што тут нiкога няма. Але ў гэты момант якраз найбольш напружана працуюць мазгi прысутных. Стараюцца ўгадаць, што "ён" думае, што зробiць, скажа цi спытае наступнае. Усе вочы ўпiваюцца ў ягоны твар, стараюцца злавiць найменш заўважны цень думак. С;мяротная цiшыня. Толькi час ад часу шаргануць па цэменце падковы ботаў або пачуецца нясьмелы кашаль цi прытоенае дыханьне.

Ня так шмат часу патрэбна ўжо фюрэру: мо пару месяцаў, паўгода, у найгоршым выпадку год. Ужо Лёндан стогне пад агнём "V-2", супраць якое англiчане не ведаюць абароны. Але ж гэта адно пачатак. Што ж ракеты "V-2" у параўнаньнi з той зброяй, што мае на думцы фюрэр i над якой дзень i ноч працуюць найбольш вартасныя нямецкiя мазгi! Абы час дазволiў, абы ўсё не развалiлася, ня скрышылася. Цяпер усё асноўнае й зводзiцца да здабыцьця часу. Дык за любую цану трэба ўтрымацца, загарадзiць, ня пусьцiць.

На мапе, бывае, акрамя фюрэравага пальца зьявiцца побач i iншы, што ўслужлiва стараецца дапамагчы першаму. I вось фюрэраў палец даязджае ў сваю чаргу й на эльзаскi адрэзак, тыцкае на тую далiну мiж Вагезамi й Альпамi.

- А як сытуацыя тут? - чуецца хрыплаваты голас.

- Калi-б можна... - пачынае iншы.

- Тут вельмi важны адрэзак, - перабiвае яго той першы, - тут працiўнiк будзе старацца прарвацца любой цаною, бо гэта асноўны падыход да Рэйну з паўдня.

- Не дапусьцiць яго! Галоўная абаронная лiнiя на Рэйне мусiць яшчэ лепш умацавацца. Якое цяпер становiшча?

- Наступ ворага затрыманы. Фронт статычны. Акцыi зводзяцца да разьведак. Працiўнiк падцягвае вялiкiя сiлы, запасы, рыхтуецца да наступу. Адзьдзелы нашы аслабленыя, змучаныя ад доўгага адступленьня з паўдзённай Францыi й патрабуюць перагрупоўкi.

- Якi стан рэзэрваў? - гаркае фюрэр. Другi голас называе колькi адзьдзелаў.

- Ёсьць там i трыццатая пяхотная расейская дывiзiя, - заканчвае ён.

- У якiм стане?

- Канчае вышкаленьне.

- Даць яе супраць французаў. Матэрыял гэта другарадны, але, умела пакамандаваўшы, можна яго добра выкарыстаць. Французам яны павiнны даць рады. Неадкладна дайце дыспазыцыi ў гэтым кiрунку.

Фюрэраў палец пасоўваецца на поўдзень, да Iталii.

За пару гадзiнаў з Воўчага Логава зашыфраваныя загады паляцелi ва ўсе канцы, у меншыя воўчыя логавы. Ляцiць той голас па дроцiку i ў штаб трыццатай. I там ужо выпрастоўваецца шыя й плечы дзяжурнага афiцэра, пачынаецца рух у штабе. Стукаюць падковы, гаркаюцца ў тэлефонныя трубкi загады, бразгаюць дзьверы. Галоўны загад дзелiцца на кавалачкi, на дзесяткi, сотнi меншых. I далей ужо, у самых меншых адзьдзелах, ён яшчэ больш драбiцца, ажно пакуль, як той кiй у муравейнiку, не спрычынiцца да агульнага, гарачкавага руху. А там ужо, гэтым разам з самых нiзоў, ад самых найменшых выканальнiкаў, чуюцца сакавiтыя камэнтарыi, заўвагi. Дый якiя-ж цiкавыя яны бываюць...

III

У пакойчыку, пры цьмяным сьвятле маленькай лямпы, Вiктар Караткевiч даўно выводзiў свае храпунскiя рулады. Ня было тут нiякiх пасьцеляў - усё жыцьцё адбывалася на падлозе. Побач Вiктара, прылёгшы на сеньнiку, аблакацiўшыся на правую руку, Сымон прыглядаўся да тройкi сяброў, што гулялi ў вачко, а то зноў вяртаўся да свайго занятку - набiваньня табакаю папяросных гiльзаў. Ужо амаль даехаў да сотнi. Табакi ўдалося прыдбаць ад баўэра. Стараўся хлопец зрабiць запас на будучыню. Трое ўкраiнцаў - Лавiнскi, Антаненка й Панамарэнка - так загулялiся ў карты, што забылiся аб часе й iснаваньнi.

Раптоўна й хутка адчынiлiся дзьверы, й дзяжурны падафiцэр крыкнуў:

- Алярм! Хуценька пакаваць усё да самага найменшага. Прыгатовiць конi й хурманкi. Не марудзiць! Няма часу!

Шах-барах-бам. Пачаўся грукат, рух, суматоха. Чулiся сакавiтыя слоўцы з прычыны страты тае цi iншае рэчы. Беганiна на двары, запраганьне коней, ладаваньне ўсякай усячыны. Нарэшце ўсё гатова, й пачынаецца чаканьне аж да ранiцы. Жаўнеры ў поўнай гатоўнасьцi апошнi раз кладуцца, дзе хто пападзе, стараюцца схапiць крышку сну.

А гадзiне чацьвёртай над ранiцай войска пакiнула Iльгойзэрн i накiравалася на тую самую дарогу, якой калiсьцi прыйшло з Францыi. Iзноў прыйшлi днi й ночы ў маршы, з адпачынкам - дзе й як давядзецца.

20 лiстапада ў лiку iншых адзьдзелаў дывiзii батальён Мураўёва наблiзiўся да вёскi Гальфiнгэн, непадалёк Альткiрха. Цэлую ноч выразна чулася рэха гарматаў з захаду. Агонь гарматных залпаў частымi проблiскамi асьвятляў заходнi гарызонт. Цярушыў дробненькi густы ыазойлiвы дожджык.

А другой гадзiне ночы прыбылыя ў вёску Гальфiнгэн жаўнеры разьмясьцiлiся па гаспадарскiх пунях. Схапiўшы колькi мага сну, ужо каля гадзiны дзясятай ранiцою войска было на нагах. Атрымалi прадукты, новенькiя нямецкiя стрэльбы, амунiцыю. Кожная рота, акрамя бальшавiцкiх кулямётаў i мiнамётаў, прывезеных зь Беларусi, атрымала па чатыры супрацьтанкавыя панцырфаўсты. Тут-жа, напагатове, коратка было й выясьнена, як iх ужываць. Справа зусiм просьценькая, здаецца. Трымаеш панцырфаўст пад пахай, уважаючы, каб канец трубкi тырчаў на пядзi тры ззаду, каб у часе стрэлу ня ўдарыла ў цябе полымя, - а там ужо толькi прыцэлiўся ды прыцiснуў курок.

Зараэ пасьля паўдня на нямецкiх аўтамашынах войска выехала на фронт. Пад вечар пакiнуў вёску й вабоз разам з кухнямi. Жаўнеры надзеялiся, што мо нарэшце перастануць ужо кармiць iх канiнай, тым больш што бачылi, як ад фронту нямецкiя жаўнеры гналi табуны чырвоных эльзаскiх кароў.

Вабоз з кухнямi затрымаўся на паляне сярод лесу, на ўсход ад вёскi Асбах, што цераз рэчку межавала з Альткiрхам. Але нядоўга давялося яму там быць. На наступны дзень, пад цяжкiм мiнамётным агнём працiўнiка, вялiкая частка вабозу пакiнула паляну й вярнулася назад у Гальфiнгэн.

Ужо надвечар таго самага дня пачалi зьяўляцца першыя ўцекачы з фронту, што апавядалi пра баявое хрышчэньне.

IV

- Ты ведаеш, братка, ну i наваяваў-жа я, - апавядаў Вiктар Сымону.

- Гэта ўчорака нас як забралi адсюль на машынах, дык завезьлi аж на другi бок Альткiрха. Высадзiлi й давай фармаваць. Чуем там за нейкiм узгоркам стралянiну, але рэдкую. Кажуць нам туды йсьцi. Наш зьвязовы, гэты сабака Рэшатаў, сам ня йдзе на першы агонь сустракаць працiўнiка, а выпраўляе нас ды сам ззаду пляцецца. Мне загадалi несьцi амунiцыю да "дзегцярова". Ну што-ж, думаю, можа, з "дзегцяровым" будзе зручней, чым са стрэльбаю. Але-ж, каб цябе халерачкi, цяжкавата трошкi. Трэба гэтую качаргу на плячы тарабанiць дый дзьве скрынi амунiцыi, дык i нялёгка, чорт вазьмi. Як-жа тут, думаю, даць сабе рады? Iдзём так дарогай шнуркамi па абодва бакi каля канаваў, каб у выпадку чаго зручней скрыцца было, а я ўсё думаю, як бы тут з гэтым цяжарам палагодзiць. Аж тут проста мне быццам на падмогу каля дарогi пакiнуты дзiцячы возiк бокам ляжыць...

- Якi возiк?

- Дзiцячы, звычайны дзiцячы возiк на чатырох калёсцах i ў добрым стане навет.

- Што ты кажаш...

- Сапраўды, - запэўнiваў недаверлiвага сябру Вiктар. - Вось дык, думаю, шчасьце. Я цап за яго, палажыў скрынкi з амунiцыяй, стрэльбу й пхну яго сабе па дарозе, быццам нi ў чым не бывала. Iншыя толькi паглядаюць на мяне, пальцамi сябрам паказваюць ды рагочуць. А мне што? Я iду, як на тым парадзе, быццам баба з дзiцём па гарадзкой вулiцы, ды пасьвiстваю.

- Ха-ха-ха! - рагатаў Сымон.

- Iдуць, знаеш, немцы ад фронту. Эсэсманы пераважна, старыя, аброслыя, паперакiдаўшы зброю цераз плечы, плятуцца. А я пытаюся ў iх - wie gehts?* А яны, братка, як ашчэрылiся на мяне, як зачалi злосна лаяць, зьелi-б, здаецца...

* Як маецеся? (ням.)

- Ну ў цябе-ж розуму хапiла. Гэта-ж уявiце толькi: тыя, пэўна, у азадак добра ад амэрыканцаў дасталi, а тут вось па дарозе нейкi блазан iдзе зь дзiцячым возiкам перад сабою й пытаецца - wie gehts. Гэта-ж, братка, зьнявага проста...

- Ну i заелiся-ж былi. Я думаў, што каторы аплявушыць кiнецца.

- Табе толькi заставалася яшчэ спаднiцу бабскую надзець ды хусьцiнку павязаць - можа-б, тады амэрыканцы ў госьцi прынялi...

- Якiя амэрыканцы?

- Як то якiя? А хто-ж там на другiм баку?

- Дзе там амэрыканцы! Французы на другiм баку, вось хто. Кажуць навет, што чужаземны легiён, брат. Я-ж, пэўна, не разабраўся яшчэ, нiкога не бачыў, але-ж iншыя кажуць.

- Чужаземны легiён, кажуць?

- Няўжо-ж...

- Дык там-жа крымiнальнiкi з усяго сьвету...

- А чорт iх ведае, братка, хто там. Зрэшты, можа, яшчэ даведаемся й пабачым. Але цяпер слухай-жа, што было далей.

- Ну, расказвай.

- Мiнулi мы першы ўзгорак з правага боку каля дарогi. Там бачыў я нямецкiя гаўбiцы - акапаныя стаялi. Ажно падыходзiм пад нейкую вёску (гэта была Балерсдорф на захад ад Альткiрха). Загадана нам легчы й сачыць, што наперадзе робiцца. Вiдаць з правага боку пры дарозе касьцельная вежа, там цi не назiральнiк артылерыйны сядзеў толькi. Заўважылi нашы нейкiх падазроных людзей, рух наперадзе. "Давай, - кажа дружыновы, - папробуем". Чуваць было таксама воддаль каля дарогi ў кустах, як танкi равуць. Нашы кулямётчыкi давай псяюрыць па кустах, а мiнамётчыкi - мiны пускаць у ход. Але-ж, братка, доўга й чакаць не давялося. Мусiць, з таго боку добра нас угледзелi, асаблiва з той касьцельнай вежы. Як сьцягнулi мы на сябе агонь, ратуначку няма. Французы як прыпсяюрылi па тым узгорку, што мы мiнулi з правага боку каля дарогi, дык гаўбiцы нямецкiя ажно ўверх падскокваюць. Найгорш, што й нiдзе схавацца няма, каб хаця дзе якую ямку выкапалi. Так нам прысмажылi, што я аж увесь са страху пачаў калацiцца. Братка ты мой, я й сам ня ведаю дакладна, як i што сталася пасьля. Ня помню, калi я пастанавiў уцякаць i цi наагул я пастанаўляў. Мусiць, ногi самi мяне адтуль панесьлi. Адно апамятаўся тады, як ужо пару кiлямэтраў назад зрабiў i перад Рэшатавым апынуўся.

- Як гэта - перад Рэшатавым? Дык ён так далёка застаўся ззаду?

- Так, братка. Ён зусiм з намi не хадзiў. З падафiцэрамi наперад пхнуў, а сам ззаду застаўся, маскалюга пракляты.

- Дык якi зь яго тады камандзер? Цi Вiньнiцкi яму дазволiў? Гэта-ж камандзеры зьвязаў на першыя пазыцыi разам з войскам мусяць iсьцi.

- Кажу табе, што з намi не пайшоў, а ззаду застаўся.

- Вось якi ваяка, значыцца.

- Ён ваяка толькi з канюхамi, а не на фронце.

- Ну добра, расказвай далей.

- Дык тут i пачалося самае цiкавейшае. Як пабачыў мяне й iншых Рэшатаў ды як запенiўся, як пачаў раўцi, то я думаў, што застрэлiць на месцы. "Караткевiч! - раве на мяне. - Дэзэртыр ты! Дзе твая зброя, амунiцыя? Як ты сьмеў усё на полi пакiнуць?!" Але-ж i запенiўся. Я не на жарты перапалохаўся. I ведаеш што? Загадвае мне, каб я йшоў назад i ўсю мною пакiнутую амунiцыю й стрэльбу прынёс. Я тлумачыў, што там ужо нiкога з нашых няма, бо й сам-жа ён бачыў, што ўсе паўцякалi, дык нiчога не памагае. "Iдзi! - раве. - Прынясi назад стрэльбу й амунiцыю, а то застрэлю зараз, як сабаку". Штож было рабiць? Мне прыйшло ў галаву, што цi ад Рэшатава кулю дастаць, цi ад французаў, дык фактычна няма рознiцы. Ня мог я сказаць, што ня выканаю загаду. Дык i паплёўся я назад па тую амунiцыю, iзноў мне аж той дзiцячы возiк прыпомнiўся. У канцы канцоў, - думаю, - як ужо траплю да французаў у палон, дык таксама не прайграю. Тут надыходзiў ужо й вечар, дык, думаю, пакуль дайду, то й сьцямнеецца. Iду, й лыткi мае ад страху дрыжаць. Дзе пабачу якi куст цi якi цень - хоць тых ценяў i ня было, бо дробны дожджык iмжыў, - дык мне здаецца, што за кожным француз сядзiць. Iзноў-жа - як я туды зайшоў, як знайшоў тое месца, як прыцягнуў назад тую амунiцыю з возiкам, дык i сам ня цямлю. Адно што, здаецца, каб другi раз мне так нехта загадаў, дык i не пайшоў-бы. Вось, браце, як я ваяваў. Можаш сабе ўявiць.

- Як той ваяка Швэйк.

- Падобна.

Караткевiч змоўк. Гутарка адбывалася надвечар другога дня пасьля Вiктаравых прыгодаў, у Гальфiнгэне на сене ў пунi.

- А што там чуваць пра вынiкi баёў iншых? - спытаў пасьля кароткага маўчаньня Сымон.

- Якiя там наагул баi! Нашы людзi, братка, наагул баёў унiкаюць. Ужо дзе калi прыпруць i выхаду няма, дык адбiваюцца.

- Дык усе, значыцца, так, як ты, адразу драпака смарганулi?

- Ды ня ўсе. Былi сутычкi ў iншых. Але ўсе адступiлi. На заходнiм прадмесьцi Альткiрха, ужо пазьней ноччу, першая наша рота адзiн танк францускi зьнiшчыла, але такiх паважнейшых i большых баёў ня было, адно сутычкi. Нашы ўцякаюць, бо папраўдзе дык i ваяваць няма чым. Ну як ты затрымаеш танкi? Кулаком? На адну роту далi па чатыры панцырфаўсты. Дык добра-ж, калi яшчэ пападзеш, а то й напуста пусьцiш каторы. Дык i ўцякалi. Колькi ўжо ў палон да французаў папалася...

- I ў палон ужо?

- О, так. Ужо многiх не далiчылiся.

- Дык дзе-ж цяпер нашае войска?

- Ужо на гэтым баку Альткiрха, па гэтым беразе рэчкi ў вёсцы Асбах загадана вакопвацца. Увесь батальён тут.

- Слухай, а чаму-ж ты аж сюды прыбег? Цi над табою добрае сэрца Рэшатава зьмiлавалася ды адпусьцiў цябе на адпачынак?

- Смяешся? Уцёк я, вот i ўсё.

- А ты знаеш, што цябе чакае, як зловяць?

- Дык я-ж пры сваiм абозе. Што-ж яны зробяць? Адпачну й пайду назад.

- Але-ж зь цябе й ваяка. Ты-ж без загаду, самадумам нiчога не павiнен рабiць. Што ты - маленькi, цi што?

- Ат, - махнуў рукою Вiктар, - неяк будзе. Вось давай лепш пасьпiм, а тады буду бачыць, што рабiць. Можа, Рэшатаў навет i ня ведае, што я тут...

- Як то ня ведае?

- Мо ўжо думае, што я да французаў папаўся. Не аднаго-ж мяне не стае.

- Ну, глядзi. Не кажы, што я цябе не папярэдзiў.

Але змучаны Вiктар, выпрастаўшыся на сене, ужо драмаў. Сымон перастаў яго турбаваць. Знадворку чуваць было конскае хрупаньне й частае фырканьне, а з захаду лёгкi восеньскi вецер часьценька прыносiў глухi гул гарматаў. Сымон лёг каля сябры i, перадумаўшы ўсё расказанае Вiктарам, заснуў.

V

Прыйшла ў вабоз у Гальфiнгэн вестка, што два францускiя танкi заехалi назад у вёску Гаймсбрун i, заняўшы пазыцыi на могiльнiку пры шашы, перасеклi адну з галоўных артэрыяў сувязi фронту з тылам. Вёска Гаймсбрун ляжала ў адлегласьцi трох кiлямэтраў проста на поўнач ад Гальфiнгэна i кiлямэтраў восем на захад ад Мюльгаўзэна. Лiнiя фронту, што бегла па рэчцы Iл ад швайцарскай мяжы ды лукам абгiнала з захаду Мюльгаўзэн, зусiм блiзка падыходзiла да Гаймсбруна. Танкi выканалi зручны манэўр, адрэзаўшы адзiн шлях сувязi й даставаў. Ня было нiякай мовы аб праезьдзе немцамi дарогай цераз Гаймсбрун на фронт.

Шаша лёгкай дугой абгiнала могiльнiк. Адзiн танк, заняўшы пазыцыю на адным краi, сачыў за дарогай на поўдзень, другi-ж, стаўшы на другiм баку, - за дарогай на поўнач. Тут-жа, насупраць могiльнiку, на другiм баку вулiцы, стаяў касьцёл. На званiцу паслалi французы пару кулямётчыкаў, што назiралi за дарогамi, а пры дапамозе пераноснага радыё паведамлялi танкiстам унiзе аб усякiм руху, што адбываўся на шашы. У той дзень, 24 лiстапада, калi немцы наважылi зьлiквiдаваць няпрыяцельскiя танкi, у вабоз канюхоў у вёску Гальфiнгэн зьявiўся Вiтвiцкi. Ён прыйшоў мабiлiзаваць канюхоў для выкананьня баявога заданьня. Сабраў восем чалавек, у iх лiку й нашых двух гэрояў, уручыў iм два панцырфаўсты, кулямёт, i такi баявы адзьдзел накiраваўся ў Гаймсбрун.

Хто-ж быў Вiтвiцкi? У нашай аповесьцi ён i выступае ўсяго адзiн раз, але варта зь iм блiжэй пазнаёмiцца хаця-б таму, што гэты вырадак пакiнуў крывавыя сьляды й папялiшчы па ўсёй Глыбоччыне. Доўга не забудуцца пра яго сяляне Глыбоцкае акругi як пра аднаго зь перадавых гiтлераўскiх катаў-нелюдзяў.

Пасьля сьмерцi будаўнiка Вэрсальскае Польшчы маршала Пiлсудзкага ў 1935 годзе польскiя акупанты Заходняе Беларусi наважылiся замацаваць памяць "дарагога маршалка" на Вiленшчыне пабудовай на казённы кошт сотнi пачатковых школаў, параськiданых па ўсiм Вiленскiм ваяводзтве. Адна такая сямiкласная школа iмя Пiлсудзкага - двухпавярховы шэры цагляны будынак - вырасла й на станцыi Каралеўшчына. Пад школу быў адведзены вялiкi пляц, навокал абгароджаны плотам. З заходняга боку, крокаў на пяцьдзесят воддаль ад школы, вырасла абабiтая шалёўкамi малая трохпакаёвая хатка, крытая гонтам. Гэта было памяшканьне для школьнага вартаўнiка.

Вiктар Караткевiч i Сымон Спарыш пачалi наведваць новую школу ад пятае клясы. Апрача шматлiкiх дзяцей мясцовых польскiх ураднiкаў, чыгуначнiкаў, асаднiкаў i панкоў, што вучылiся тут, амаль палова дзяцей былi беларусы з навакольных вёсак. I ў гэтай школе Сымону й Вiктару першы раз давялося сустрэцца з Вiтвiцкiм. Як школьнiкi сустракаюцца з вартаўнiком? Проста бачаць яго дый часамi ўцякаюць ад яго, калi ўлезуць, дзе забаронена, а той выганяе. Так i нашы два гэроi ведалi Вiтвiцкага адно з выгляду. Фiзiяномiяй сваёй ён належаў да людзей, пабачыўшы якiх, не забудзецеся нiколi. Перадусiм - нос. Што гэта за нос! Гарбаты й даўгi, як сланоў хобат, тырчаў ён далёка наперад на вузкiм твары й плоскай галаве. Блiзенька носу з двух бакоў сядзела пара зялёна-рудых вачэй. Доўгiя хвалiстыя валасы ападалi аж на шыю. Трэба прыгадаць i густа зморшчаны, ня зусiм нiзкi лоб ды асаблiва-ж вусны: рот быў вузкi, а вусны таўстыя. Калi Вiтвiцкi гаварыў, то здавалася вам, што голас дзесь выходзiць з даўгога гарбатага носу-хобата, а таўстыя кароткiя вусны вось так адно для гульнi неяк дзiўна скручваюцца ў трубку, каб не пахвалiцца, што за iм разьмясьцiлiся падобныя да конскiх iклы й калаваты, быццам маленькае палена, язык.

Асаблiва Сымон цiкавiўся тым носам-хобатам. Бывала, iдучы зь верхняга паверху на двор на перапынак, здалёк заўважыць Вiтвiцкага каля знадворных дзьвярэй i вялiкага вакна. Той звычайна пабрыньквае ў правай руцэ вялiкiм званком, прыглядаецца, як вучнi выходзяць на двор. Сымон, бывала, зойдзе збоку ды так угледзiцца ў нос-хобат, што нарэшце й сам вартаўнiк заўважыць ды, жартуючы, сыкне на хлапца, каб напалохаць. Гаварыў Вiтвiцкi хутка, адрывiста й неяк зусiм не так, як мясцовыя палякi. Здавалася, што польскiя словы вымаўляе зь вялiкай цяжкасьцю.

Вiтвiцкi ажанiўся зь беларускай дзяўчынай зь недалёкiх Мiхалёў, дзяцей ня меў i, пэўна-ж, сядзеў-бы й працаваў пры школе яшчэ доўгi час, калi-б ня прыход бальшавiкоў. Раптоўна Вiтвiцкi прапаў. Гаварылi людзi навокал, што быццам трапiў у вязьнiцу ў Бярэзьвечах, дзе ў былым кляштары над возерам бальшавiкi трымалi сотнi людзей. Гаварылi ўсяк, але напэўна нiхто ня ведаў. Дый хто там надта цiкавiўся былым школьным вартаўнiком. Пагутарылi й хутка змоўклi.

Адно з прыходам гiтлераўскiх акупантаў выявiлася, што Вiтвiцкi сапраўды сядзеў у Бярэзьвецкай вязьнiцы, што за польскiм часам працаваў на карысьць нямецкае разьведкi й што быў зьвернуты ў Нямеччыну бальшавiкамi пад час вымены людзей, якая адбылася ў 1940 годзе мiж Масквою й Бэрлiнам, калi Сталiн i Гiтлер былi добрымi хаўрусьнiкамi. Калi ў 1941 годзе былы шпiён Вiтвiцкi зьявiўся ў Глыбокiм, дык шмат хто пэўна не пазнаў-бы колiшняга школьнага вартаўнiка з Каралеўшчыны, калi-б не тая сталая прыкмета - нос-хобат. Гэтым разам i дэкарацыя была iншая. Цяпер Вiтвiцкi ўжо прыехаў сюды гаспадарыць. Гэты былы вартаўнiк заняў пачэснае месца нямецкага школьнага шэфа й iнспэктара на Глыбоцкую акругу. Якiм прыхiльнiкам беларусаў быў Вiтвiцкi, няхай сьведчыць хаця-б адзiн першакласнае вагi ў школьных справах факт, што на беларускага акруговага школьнага iнспектара ён трымаў ведамага няпрыяцеля беларусаў маскаля Субботiна, якi навет на школьных вучнёўскiх пасьведках падпiсваў сваё прозвiшча з падвойным "б" i "т".

Было-б яшчэ паўбяды, каб былы шпiён Вiтвiцкi абмежаваўся адно школьнымi справамi ў акрузе. Адылi ўлада ягоная, як i ўсiх гiтлераўцаў-акупантаў, была неабмежаваная. Школьны шэф, на вялiкае няшчасьце загнаных у гэтто жыдоў i беларускага насельнiцтва Глыбоччыны, выкарыстоўваў тую ўладу поўнасьцю.

Кожны жыд з гэтто, калi iшоў вулiцаю ў калёне на працу ды здалёк заўважыў немца, мусiў здымаць шапку й кланяцца. Шматлiкiя немцы, асаблiва мясцовыя працаўнiкi цывiльнай улады, ня бралi таго на ўвагу. Iнакш было зь Вiтвiцкiм. Баранi Божа, пападзiся яму пад руку жыд, што iшоў па ходнiку, замест па бруку, або што ня ськiнуў перад iм шапкi - застрэлiць на месцы. I колькi-ж было такiх выпадкаў. Ведалi ў Глыбокiм яго ўсе жыды й баялiся як агню. Добра было, калi Вiтвiцкi iшоў па вулiцы ў ярка-зялёным мундзiры цывiльнага ўраднiка. Тады жыд мог убачыць яго здалёк i ў пару дрыжачай спрацаванай рукой ськiнуць шапку. Бяда, што ён часьценька хадзiў у цывiльнай вопратцы. Казалi некаторыя, якiя ведалi гэтага вырадка блiжэй, што рабiў ён гэта наўмысьля. Iдучы апранутым у цывiльнае, Вiтвiцкi заўсёды трымаў у кiшэнi напагатове "люгэр". Сустрэўшы калёну жыдоў на вулiцы ды заўважыўшы, што некаторыя ня ўсьпелi яму пакланiцца, ня мiне яе, каб не пакiнуць на бруку пару трупаў.

Зь мясцовых гарадзкiх польскiх басякоў усякае масьцi арганiзаваў Вiтвiцкi адзьдзел, што трымаў варту каля будынку нямецкага камiсарыяту ў Глыбокiм. Было iх звыш сарака. Усе выводзiлiся з гарадзкое польскае басоты, гатовай на ўсё за адпаведную заплату. Чаму-ж з польскiх басякоў? - спытаў-бы нехта. Хiба-ж ня было ў горадзе цi навокал ахвотных хлапцоў зь беларускае моладзi?

Усё гэта сталася не прыпадкова. Немцы, згодна зьверху накiнутага пляну цi iнструкцыяў, паслугоўвалiся адкiдкамi грамадзтва зь ненавiснай беларускаму насельнiцтву польскай басоты. Яны ведалi, што тая здольная была на ўсе брудныя справы. Дый патрэбная-ж была немцам нязгода й грызьня мiж мясцовым беларускiм i малымi рэшткамi польскага насельнiцтва. У агульны нямецкi плян, дзеля таго, уваходзiла польская басота, сюды- ж пэўна належаў i маскаль iнспэктар Субботiн; бабскiя брыгады прастытутак-полек, што, быццам тыя мухi гной, абселi акруговы камiсарыят, нямецкую жандармерыю, СД i паасобных, важных у адмiнiстрацыi немцаў; палякi ў чорнай палiцыi й iншыя.

Вiтвiцкi з бандай польскай басоты хутка даўся ў знакi беларусам навокал Глыбокага, асаблiва ўздоўж чыгункi Полацак - Маладэчна. Ён здабыў сабе пару пакiнутых бальшавiкамi транспартных аўтамабiляў, прыдбаў чэскую зброю й часьценька выязджаў на паляваньне. Ясна, не называў таго паляваньнем, а рэйдамi супраць чырвоных партызанаў. Бяда ў тым, што нi камандзер, нi адзьдзел басякоў нiчым ня выявiлiся як змагары супраць бальшавiцкiх групаў. Затое колькi-ж яны папалiлi й абрабавалi вёсак уздоўж успомненай чыгункi, дый цi толькi каля яе!

Выедуць, бывала, на тыдзень цi два. Дзесь знойдуць на чыгунцы мiну. Значыцца, трэба-ж знайсьцi й вiнаватых. Дзе яны там будуць ганяцца за сапраўднымi злачынцамi! Лягчэй спалiць суседнюю адну цi другую вёску. Так i глядзiш, як абкружаць яе, пазганяюць у пуню ўсiх малых, старых бацькоў i матак ды ўсiх жыўцом спаляць. Пазьдзекаваўшыся ўволю над маладымi дзяўчатамi, аддадуць iх пасьля разам з хлапцамi ў адпаведнае месца й рукi, каб накiраваць на нявольнiцкую працу ў Нямеччыну. Такiя оргii, дзе цякла самагонка й кроў, адны гарэлi жыўцом, а iншыя былi гвалчанымi, Вiтвiцкi надта-ж любiў. Пасядзеўшы ў Глыбокiм пару месяцаў пры "школьных справах", былы вартаўнiк выяжджаў са сваёй групай на правiнцыю, каб пiць, душыць, забiваць, гвалцiць, палiць. "Ваякi" не адставалi ад камандзера. Выезды былi даволi пэрыядычныя.

Пра зьдзекi Вiтвiцкага над беларускiм жыхарствам Глыбоччыны можна было-б, сабраўшы тысячы фактаў i праслухаўшы сьведкаў, напiсаць вялiкую асобную працу. Гэта ня ёсьць наша мэта. У няслаўных шэрагах гiтлераўскiх катаў нашай акрываўленай Бацькаўшчыны Вiтвiцкi заняў адно зь перадавых месцаў. Мы толькi коратка абмежавалiся ўспамiнам пра Вiтвiцкага таму, што тэма гэта разьмiнаецца з нашым асноўным апавяданьнем, i хацелi чытача хоць збольшага пазнаёмiць з аблiччам чалавека, якога мы пакiнулi ў таварыстве васьмi канюхоў на дарозе з Гальфiнгэна ў вёску Гаймсбрун, дзе чакаюць iх два францускiя танкi й пара кулямётчыкаў на касьцельнай званiцы. Дык i вернемся цяпер да iх.

VI

Маленькая група пакiнула Гальфiнгэн ранiцою каля гадзiны дзевятай. Iмжыў дробненькi дожджык, вецер хутка гнаў хмары й гнуў абголеныя ўжо восеньню дрэвы. Дарога ў Гаймсбрун была пустая.

На самым перадзе малой баёвой групы, што павольна йшла дарогай, тырчаў хобат-нос Вiтвiцкага. Побач дрыпалi два жаўнеры з панцырфаўстамi на плячох. Наступным iшоў кулямётчык, амунiцыйныя, а ў самым хвасьце, неахвотна стаўляючы ногi, цягнулiся Вiктар з Сымонам. На плячох несьлi стрэльбы, якiя празывалi "качэргамi".

- Ну, што-ж, папаўся? Га? - сьмяяўся зь Вiктара Сымон. - З аднаго фронту ўцёк, дык хоць на другi трапiш.

- Вязе мне, брат, - усмiхнуўся таварыш, - нiяк ня выкручуся.

- Можа, зь цябе ваяку яшчэ й зробiм. Як ты думаеш?

- Зь мяне-то яшчэ, але-ж i ты не калека. Га-га-га... Нарэшце выцягнулi й цябе. Паваюй крыху, годзе канюхом быць.

- Але адкуль, ты думаеш, гэты сабака ўзяўся? Ты думаеш, ён пазнаў нас?

- Пэўна-ж, пазнаў. Ён раз пабачыць чалавека й помнiць заўсёды. А нас-жа бачыў ня раз на настаўнiцкiх курсах дый пасьля. Чаму-б яму не пазнаць. Мусiць, недзе пры нашай дывiзii прыляпiўшыся быў, нячысьцiк.

- Цi ты калi сьнiў, як мы яшчэ ў пяты клас дома хадзiлi, што некалi нас школьны стораж у бой павядзе?

- Дажылiся гонару, што й гаварыць! - адказаў не адразу Вiктар.

Гутарка ня клеiлася. Вычувалася нейкая далёка схованая, але яўна прысутная трывога. Баявое заданьне, што стаяла перад групай, як-нiяк было цяжкое й складанае. Варта не забывацца, што некаторыя канюхi нiколi раней не бралi ўдзелу ў баёх. Працiўнiк, што пры дапамозе двух танкаў заблакаваў дарогу, кожную хвiлiну спадзяваўся немцаў i, пэўна-ж, сачыў усе падходы. Седзячы на званiцы, французы маглi далёка навокал бачыць усё праз бiноклi. Дажджлiвая пагода прыйшла канюхам на помач. Маглi падысьцi зусiм блiзка незаўважанымi, хоць элемэнт раптоўнае атакi быў выключаны, бо працiўнiк быў падрыхтаваны на ўсялякiя неспадзеўкi.

Увайшоўшы ў вёску й мiнуўшы колькi двароў, Вiтвiцкi затрымаў групу. Паясьнiў сытуацыю й плян, якiм шляхам адзьдзел меў зьлiквiдаваць францускiя танкi. Воддаль, ледзь заўважна празь iмглiсты дожджык, чарнелi невялiкiя дрэвы на могiльнiку й побач цераз вулiцу направа - касьцельная вежа. Вiтвiцкi гаварыў адно аб танках, нiчога аб кулямётчыках на вежы не ўспамiнаў. Нiхто ня ведаў аб iх. Паводле пляна, сам ён з кулямётчыкам i адным панцырфаўстам меў iсьцi наперадзе. Далей iшоў яшчэ адзiн жаўнер з панцырфаўстам. Двое са стрэльбамi мелi йсьцi паўз агароды з правага боку вулiцы, а двое зь левага дзеля дапамогi цэнтру з флянгаў.

Гэтак хутка разьмяркаваўшы людзей, група, ужо гатовая да бою, рушыла наперад. Вiтвiцкi з кулямётчыкамi, амунiцыйным i панцырфаўстамi пасоўваўся асьцярожна каля сьцен хатаў на вулiцы. Вёска была зусiм мёртвай. Сымон з Вiктарам накiравалiся паўз агароды з правага боку. Яны сачылi за вулiцай, а мо не найменш i за агароднiнай ды якой садавiнай.

- Ну, куды цябе пагнала? Хадзi хутчэй! - спанукаў Сымон сябру, якi заскочыў пад яблыню, каб паглядзець, цi не захаваўся дзе якi познi ападак.

- А табе куды спяшацца? Бяжы, як хочаш.

- Але-ж калi ўжо ня хочаш бiцца, дык хаця ўдаваць мусiш. А то што будзе, як пабачыць Вiтвiцкi?

Хлопцы, туляючыся паўз гаспадарскiя будынкi й пераскокваючы цераз платы, паволi пасоўвалiся наперад. Затрымалiся, паслухалi. Мёртвая цiшыня. Iзноў кранулiся наперад. Раптам са званiцы зарагатаў кулямёт. Хутка пасьля гэтага на вулiцы пачуўся крык. Сымон i Вiктар кiнулiся туды, каб пабачыць, што сталася. Выбегшы з двара, спасьцераглi, як два жаўнеры цягнулi параненага. Папалi яму ў нагу.

- На, трымай гэтую балдавешку, - аддаў адзiн зь iх Вiктару панцырфаўст.

- Што там сталася?

- Як сыпануў вунь са званiцы, дык i хавацца ня было дзе.

- Дзе ранiлi?

- У нагу.

З боку могiльнiка чуваць была перастрэлка. Вiтвiцкi, вiдаць, спрабаваў адбiвацца, але ручны аўтамат не раўня быў кулямётам танкавым i тым, са званiцы. Хутка паказаўся й ён ды, махнуўшы ўсiм рукой, загадаў iсьцi назад у Гальфiнгэн. Параненаму сяк-так перавязалi вышэй калена нагу, палажылi на захопленую ў адным панадворку кароткую драбiнку, што служыла за ношкi. Дарога назад выдавалася шмат цяжэйшай, бо трэба было валачыць параненага.

Тое, чаго не змаглi зрабiць канюхi пад камандаю Вiтвiцкага, зрабiў нямецкi танк "Тыгр" на наступны дзень. Ён прыехаў дзесь ззаду й адно ўспеў паказацца ў Гаймсбрун, як абодва "шэрманы" кiнулiся наўцёкi. Ведама, "шэрман" "тыгру" не раўня, i ў такiх выпадках тым, што сядзяць у "шэрмане", добра мець зручнага шафёра. "Тыгр" дагнаў i спалiў аднаго, а другi ўцёк у бок фронту. Дарога праз Гаймсбрун iзноў была адкрытая.

ЧАЛАВЕК, ЯКОГА НЕМЦЫ НЕ МАГЛI ЗАСТРЭЛIЦЬ

I

Вiктар Сянькевiч пастанавiў шукаць нейкага прытулку. Ноч была дажджыстая. Малады юнак палохаўся кугаканьня соваў i iншых лясных жыхароў, але найбольш баяўся немцаў. Не ўгадаеш, дзе можаш на iх наткнуцца. Здавалася Вiктару, што прырода й людзi - усе разам змовiлiся супраць яго. Змочаны, дрыжучы ад холаду, галодны, ён ледзь цягнуў ногi, наўздагад выбраўшы кiрунак. Заўсёды, зрабiўшы колькi крокаў, затрымоўваўся, прыслухоўваўся ўважна навакольным гукам i ўпiваўся зрокам у цемру, хочучы супакоiць сябе, што небясьпека аднiкуль не пагражае. Ня надта верыў Вiктар, што ў чужым лесе, у нейкiх няведамых гарах ды ў дажджлiвую ноч удасца знайсьцi нейкi прытулак. Калi-б тады нехта й папытаў яго, якi прытулак меў наўвеце, пэўна, не патрапiў-бы адказаць. Абы што-небудзь: хату якую, пастухову будку або навет нейкую сухую нару - усё было-б добра, адно каб схавацца ад гэтага праклятага настырлiвага дажджу, што да касьцей прабiраў зябам. Колькi разоў здалося Сянькевiчу, што непадалёк пачулiся людзкiя галасы, i ўжо ўяўленьне малявала сiлуэты немцаў. Затрымоўваўся, устрывожаны, на месцы й з палёгкай уздыхаў, калi побач ня бачыў ворага.

Над ранiцай выйшаў на скрай лесу й непадалёк, цераз поле, убачыў будынкi. Па змучаным бяссоньнiцай твары прабег цень задаваленьня. Пастанавiў iсьцi ў вёску. У самай крайняй хаце сустрэлi Вiктара зь недаверам i пытаньнем. Сям'я складалася з сярэдняга векам чорнага тоўстага мужчыны, ягонай хударлявай жонкi й дзяўчынкi, векам каля гадоў дзесяцi.

Вiктар, як умеў, так пытаўся, цi ёсьць у вёсцы немцы. Гаспадар некалькi разоў хiтнуў галавой у знак запярэчаньня. Толькi калi Сянькевiч даў яму зразумець, што ён ня немец i што ўцёк да макiсаў, твар у француза праясьнеў, i ён паглядзеў на юнака больш прыхiльна. Ноздры Вiктаравага носа казытаў пах нейкай стравы, а вочы, здавалася-б, каб маглi, дык умiг зьелi-б толькi што пачатую баханку белага хлеба на стале. Ён ужо быў i наважыўся папрасiць есьцi, але гаспадар папярэдзiў, сказаўшы iсьцi разам зь дзяўчынкай, якая завядэе Вiктара ў добрыя рукi да макiсаў.

Хата, у якую прывяла Сянькевiча дзяўчынка, знаходзiлася ў адлегласьцi мо паўкiлямэтра ад галоўнай дарогi. Гаспадыня была палячкай, а муж ейны, як пасьля выявiлася, шэфам правiнцыйнай партызанкi. Нiштаватая з выгляду, гадоў трыццацi, жанчына была даволi гаваркая. Вiктар даведаўся ад палячкi, што ён ужо другi, якi прыйшоў прасiць "азылю". Першы быў нейкi паляк, якi, згодна словаў гаспадынi, саскочыў з нямецкага аўта ды ўцёк сюды да партызанаў. Паляк называўся Зэмбэк, i гаспадыня хутка Вiктара зь iм пазнаёмiла. Быў гэта сярэдняга росту бляндын, даволi ветлiвы й бесклапотнай натуры сiлезьняк. Гаварыў дыялектам Сiлезii.

Перш за ўсё Вiктар зьвярнуў самую асноўную ўвагу на яду, якой палячка наставiла цэлы стол. Было там мяса й бульба, малако й белы хлеб i шмат iншага. Пасьля колькi-дзённай галадоўкi юнак накiнуўся на яду, й на працягу нейкай паўгадзiны для яго нiчога на сьвеце, акрамя стала са стравамi, не iснавала. Аж павесялеў хлапец, адсапнуўшы пасьля ежы. Другое, што ўсьцешыла Вiктара, гэта тое, што ў хаце знайшлося тое-сёе з цывiльнай вопраткi. Гэткiм чынам, ськiнуўшы зь сябе ўсё мокрае i вашывае, Вiктар прасiў гаспадыню, каб спалiла нямецкую вопратку разам з вошамi, якiх, пэўна, было там сотнi. Хоць яно ня ўсё так пасавала, як хлапцу хацелася-б, усё-ж таўсты й цёплы сiнi свэтар, а таксама суконныя штаны й шэры падношаны гарнiтур былi не найгоршай здабычай, бяручы на ўвагу, што дасталiся з ласкi добрых людзей. Для пакрыцьця галавы атрымаў Вiктар зусiм на сваю меру капялюш з даволi высокай стрэшкай. Ён нiколi ня мог падазраваць, што высокая стрэшка капелюша некалi ўратуе яму жыцьцё. Паляк i беларус былi адведзеныя ў лес. Тут iм, як казалi французы, амаль зусiм ня будзе пагражаць небясьпека. Атрымалi па некалькi коцаў для спаньня, i кожны дзень прыносiлi iм есьцi. Дэзэртыры спадзявалiся, што гэтак выгадна, у лясной яме пад прыкрыцьцём галiнаў, пралежваючы цэлыя днi й спажываючы чужыя харчы, дачакаюцца прыходу хаўрусьнiкаў. На вялiкi жаль, гэтак не сталася.

II

Прайшло некалькi дзён. Аднойчы ва ўмоўлены час нiхто ня прынёс яды. Наагул нiхто не паказаўся да гадзiны пятае. Уцекачы здагадалiся, што нешта не ў парадку. Дзень быў дажджлiвы й вельмi ветраны. Раптам пачулi шмат людзкiх галасоў i заўважылi сярод дрэваў, даволi далёка яшчэ, нямецкiх жаўнераў, што йшлi шнурам са зброяй напагатове. Гэта быў адзьдзел, што ачышчаў лес ад партызанаў. Уцекачы кiнулiся бегчы, пакiнуўшы ў сваiм мярлогу кацялкi, коцы й iншыя драбнiцы. Немцы не заўважылi ўцекачоў, толькi, знайшоўшы iхны сьвежы мярлог, не маглi разгадаць, як гэта так сталася, што здабыча ўцякла з-пад носу. Сянькевiч i Зэмбэк, зашыўшыся ў гушчар, прасядзелi да позьняй ночы. Дождж ня пераставаў. Хлопцы пастанавiлi йсьцi далей. Вылезшы з гушчару, накiравалiся да той хаты, дзе Вiктар упяршыню навязаў лучнасьць з французамi. Прайшлi адно пару сот мэтраў, як збоку пачулася вострае: "Гальт!" Наскочылi на нямецкi патруль. Колькi мага силаў у нагах, двойка рванула назад. За плячыма зарагатала аўтаматычная зброя. Пад час уцёкаў Вiктар Сянькевiч згубiў Зэмбэка. Упацёмку, моцна перапалоханы, Вiктар бег туды, куды ногi кiравалi. Галоўнае было - бегчы, чым далей ад куляў, ад немцаў...

Па дарозе Сянькевiч натрапiў на нейкую глыбокую канаву, напоўненую вадой. Па каленi ў вадзе прасядзеў там колькi хвiлiн, пасьля памаленьку, амаль вобмацкам, асьцярожна, каб не рабiць шуму, Вiктар цi то плыў, цi то йшоў, абы як надалей хаця ад вартаўнiкоў. Нарэшце ўдалося выкарабкацца з вады. Увесь мокры ў нiжняй палавiне, заглыбiўся зноў у лес. Жывячыся арэхамi, ягадамi й сьлiмакамi, удалося Сянькевiчу праседзець там пару дзён. Адылi надта пачынаў дакучаць голад. Навокал нiчагусенькi ня было чуваць: нi стрэлаў, нi галасоў. Здавалася юнаку, што ўсё замерла цi прытаiлася й чакала на ягоны наступны крок. Навет совы й тыя прыцiхлi.

Вiктар ня мог ведаць, што сталася. Мяркаваў, што, мабыць, немцы адступiлi й запанавала мiжфрантавая цiшыня. Нейкая сiла зноў пхала юнака наперад. Ды ўжо й нястачы цярпеў вялiкiя: трэба было чаго-небудзь добра пад'есьцi й падсушыць вопратку.

III

Вiктар выйшаў зь лесу й накiраваўся ў вёску. Зiрнуў на свой ручны гадзiньнiк, якi добра трымаў час, нягледзячы навет на тое, што быў замочаны пад час уцёкаў i боцьканьня ў вадзе. Была адзiнаццатая гадзiна. Юнак прыгадаў, што была гэта нядзеля. Прайшоўшы пару сотняў мэтраў, пабачыў тую самую хату, дзе першы раз заглянуў да французаў i адкуль яго накiравалi да палячкi. Стаў як укапаны i думаў, што рабiць. Iсьцi цi ня йсьцi? Аглянуўшыся навокал i ня ўбачыўшы нiдзе немцаў, iшоў далей па аўсянiшчы. Заўважыўшы па дарозе адзiнокi сноп аўса, што, быццам сiрата, ляжаў на апусьцелай нiве, Вiктар, як сялянскi сын, навет па прывычцы, бязь лiшняй думкi ўзяў сноп пад паху. Ужо наблiжаўся да хаты, як раптам перад носам заварушылiся нямецкiя жаўнеры. Было iх там каля сотнi, калi ня больш. Сядзелi ў вакопах i, зразумелая рэч, даўно бачылi Сянькевiча. Хлапец на адзiн дроб часiны захiстаўся ў сваёй хадзьбе. Зусiм не разгубiўшыся, ён маланкава пастанавiў, што трэба ўдаваць нейкага сына францускага селянiна, што йдзе наведаць свайго дзядзьку дзесь далей каля дарогi. Немцы Вiктара не зачапiлi, а ён стараўся выглядаць зусiм бесклапотным i навет крыху здзiўленым, што пабачыў у адным месцы столькi жаўнераў.

Калi ўвайшоў у хату, тоўсты чорны мужчына й ягоная хударлявая жонка адразу пазналi ранейшага наведвальнiка, хоць цяпер ён быў у цывiльнай вопратцы. На тварах iхных адбiўся вялiкi перапалох. Француз зь няскрыванай трывогай махаў рукой, паказваючы на дзьверы. Сянькевiч зiрнуў на гаспадыню й папрасiў хлеба й малака, але тая дала зразумець, што ня можа яго цяпер кармiць. Нiчога не заставалася, як адно пакiнуць хату. Выйшаўшы на двор, Вiктар ужо павярнуў направа й наважыў iсьцi да палячкi, але не зрабiў i пяцi крокаў, як пачуў ззаду шурпаты голас: "Наlt, Меnsch!"* Быццам ня чуючы таго голасу, iшоў далей. Раптам за самай сьпiной пачуў выстрал. Стаў i азiрнуўся. Да яго падышлi тры немцы.

* Стой! (ням.)

- Хто ты такi? - спытаў адзiн зь iх.

- Я жыву ў суседняй вёсцы i йду да майго дзядзькi, што жыве там каля дарогi.

Вiктару здавалася, што так сказаў, але й сам ня верыў, бо гаварыў нейкай француска-нямецкай мешанiнай, якую жаўнеры няведама цi разумелi. Бязумоўна, што-б хлапец там нi казаў, ня мела-б яно вялiкае вагi. На яго гаркнулi, а адзiн штурхануў рулём стрэльбы ў плечы, й павялi ў пуню, дзе была каманда нямецкага адзьдзелу. Прывёўшы, пачалi шукаць зброi. Знайшлi ўсе Вiктаравы дакуманты, пiсаныя ў нямецкай мове. Пачырванелi ад злосьцi, а сяржант з васпаватым тварам, плюнуўшы Вiктару проста ў вочы й лаючы яго мянушкай дэзэртыра, сабакi, здраднiка й Бог ведае яшчэ чым, пачаў аплявушваць юнака дзьвюмя рукамi.

Забралi ад Вiктара гадзiньнiк, усе дакуманты, здымкi, навет хустачку. Пазванiлi некуды, й за хвiлiн дзесяць прыехалi два афiцэры. Шмат з хлапцом не цацкалiся: проста загадалi адвесьцi мэтраў сто ад будынкаў i расстраляць. Заданьне было даручана двум жаўнерам. Адзiн зь iх насадзiў штык на стрэльбу i, ударыўшы Вiктара прыкладам у азадак, гаркнуў, каб выходзiў. Нiчога не заставалася, як падпарадкавацца загадам. Выходзячы, схапiў з полкi сваю хустачку й пару франкаў, што ляжалi побач. Чаму гэта зрабiў - сам ня ведаў. Немцы, быццам не дагледзеўшы, ня ўзялi таго на ўвагу.

Iшлi па польнай дарозе - Вiктар сьпераду, а два немцы ззаду. Зрабiўшы крокаў дваццаць, Сянькевiч пачуў недзе касьцельныя званы. Магчыма, што яму здалося. Апошнiя перажываньнi, хваляваньне, цяперашняя ледзь не панiка перад нямiнучай сьмерцю дый ранейшы голад, фiзычная слабасьць, вычарпаньне - усё гэта магло выдатна спрычынiцца да ўяўленых званоў. Званы чулiся, як здалося Вiктару, зусiм выразна. Разам з гэтым ва ўяўленьнi вырас зморшчаны, заклапочаны твар маткi, а дзесь вышэй над гэтым усiм - воблiк Бога. У адну тую хвiлiну Вiктар Сянькевiч заглянуў у раньнюю сваю маладосьць i ў будучыню, якая вось мае скончыцца за пару хвiлiн. Пасьля здавалася, што ў момант гэты перажыў раптам некалькi гадоў. Нейкi падсьведамы голас падказаў: уцякай направа!

Вiктар азiрнуўся назад, а немец, цiснучы штыком у сьпiну, крычаў:

- Schnell, du verfluchte Schweinehund! Marsch!*

* Хутчэй, праклятая свiньня! Марш! (ням.)

Непадалёк, з правага боку, пачынаўся лес, зь левага-ж быў абгароджаны калючым дротам гарод. Юнак незаўважна зусiм пацiснуў на правы бок дарогi, а немец, спасьцярогшы гэта, яшчэ раз поркнуў штыком у плечы. Прайшлi так мэтраў з дваццаць. Вiктар, сочачы прыблiжэньне свайго канца, мераючы апошнiя крокi на гэтым сьвеце, цьвёрда наважыў, што не называцца яму больш беларусам, калi, як тая авечка, паслухмяна дазволiць сябе застрэлiць. Колькi меў сiлы, раптам iрвануў направа.

Пырскнуў агонь з аўтамата. Наступна пачуўся крык, i Вiктар падсьведама ведаў, што за iм бягуць. Кулi сьвiсталi каля вушэй, але неяк зручна iх абмiнаў, зiгзагамi перабягаючы мiж дрэваў. Нешта сарвала з галавы капялюш. Ужо шмат пазьней мясцовыя французы, знайшоўшы прастрэлены капялюш, шукалi па лесе ягоны труп, будучы пэўнымi, што немцы юнака застрэлiлi. Пасьля дзесяцi цi больш хвiлiн бегу Сянькевiч упаў зьняможаны. У галаве паказалiся сотнi рознакалёрных зорак, здавалася, што лёгкiя вось i глядзi як разарвуць грудзi, два цяжкiя малаткi бiлi ў скронi. Адкрыўшы рот, зь вялiкiмi цяжкасьцямi ён стараўся злавiць паветра. Воддаль чулiся нямецкiя галасы.

IV

Калi яны сьцiхлi, а Сянькевiч крыху адпачыў, наважыўся iсьцi далей. Было ўжо па абедзе. Па нейкай раськiданай чыгунцы выбраўся зь лесу й пайшоў полем. Чаму iшоў, чаму не сядзеў на месцы? - на гэтае пытаньне ня змог-бы адказаць ня толькi ў той час, але й нiколi пазьней у сваiм жыцьцi. Магчыма, што поўнасьцю ня змог перанесьцi ўдару таго моманту, калi немцы вялi яго на расстрэл, калi так нечакана стаў на парозе сьмерцi... Магчыма, што цяпер яшчэ ня верыў, што ён жывы й цэлы. Як-нiяк, а за гэных паўгадзiны цi болей ад часу, калi, знайшоўшы ягоныя дакуманты, пачаў аплявушваць яго нямецкi сяржант у пунi, аж да часу, калi, уцёкшы ад нямецкiх жаўнераў, прытаiўся ў лесе, Вiктар перажыў адразу некалькi гадоў. Калi-б юнак здольны быў рацыянальна думаць, першае, што пастанавiў-бы адразу пасьля ўцёкаў, было-б пасядзець, ахаладзець, адпачыць i добра абмеркаваць наступны крок. Замест таго Вiктар зусiм бязь нiякае развагi ўстаў i пайшоў.

Каля гадзiны пятай па абедзе, зрабiўшы кiлямэтры найменш чатыры, пабачыў ён воддаль нейкую вёску й туды накiраваўся. Здавалася, што яму зусiм не рабiла розьнiцы, цi там будуць немцы, цi хто iншы. I толькi падышоў да першае хаты, як прымецiў нямецкага жаўнера з бiноклямi ў руках. Гэты цэлы час немец сачыў за Вiктарам i чакаў ягонага прыблiжэньня. Уцякаць ня было куды, дык Вiктар абыякава накiраваўся ў хату. Там былi тры дзяўчыны ў школьным веку й старая, што, як здалося Сянькевiчу, была iхняй маткай. Першае, што спытаўся Вiктар, гэта - цi далёка былi "Аmericains". Яму адказалi, што амэрыканцы былi зусiм недалёка, што фактычна тут цяпер прабягала нямецкая франтавая лiнiя - самыя перадавыя пазыцыi. Вiктар папрасiў есьцi, й яму адно пасьпелi даць два яблыкi, як у хату ўвалiлiся тры немцы: два радавыя й адзiн падафiцэр. Радавыя ўмiг схапiлi Сянькевiча за рукi, а падафiцэр стаў крычаць на ўсю глотку:

- Ты, пракляты "швайнэгунд"! Ты думаеш, што ты раз уцёк ад нашых, што цябе не застрэлiлi, дык iзноў уцячэш?! Ты пракляты "унтэрмэнш", дэзэртыр! Марш! Застрэлiць яго зараз-жа, як сабаку!

Адзiн з жаўнераў пры гэткiх падафiцэравых словах ляснуў замком.

- Ня тут! Ня тут! Du verfluchte Mensch!* Вядзi на двор ды адыйдзiся якiх мэтраў пяцьдзесят ад будынкаў.

* Ты, пракляты! (ням.)

- Jawohl, Herr Feldvebel!* - гаркнуў адзiн з жаўнераў, а Сянькевiч, папхнуты магутным штуршком руля ад стрэльбы, ледзь носам не занурыў каля парогу. - М-ааа-р-р-р-рш! - крыкнуў ззаду немец. Калi Вiктар кiнуў вокам навокал, выйшаўшы з хаты, у яго ня было найменшай надзеi на ратунак. Нiдзе анi кусьцiка, анi дрэўца - вялiкi роўны луг. Тут каб i ўцякаць пачаў, каб i страўсавы ногi меў, дык цяжка лiчыць было на посьпех. Але дапамога прыйшла, адкуль Сянькевiч зусiм яе не спадзяваўся. Адышлiся ня больш як мэтраў трыццаць; Вiктар - iдучы наперадзе, а два немцы ззаду. Раптам навокал пасыпалiся снарады.

* Слухаюся, гер фэльдфэбэль! (ням.)

- Нinliegen!* - крыкнулi абодва немцы й прыляглi да зямлi.

* Кладзiся! (ням.)

Сянькевiч, з маланкавай хуткасьцю пастанавiўшы выкарыстаць момант, прасiў Бога, каб дадаў сiлы ў нагах. Ён нырцом кiнуўся праз узрывы й енк снарадаў. Толькi пасьля Вiктар мяркаваў, што амэрыканцы, пабачыўшы, як два немцы вялi нейкую цывiльную асобу на расстрэл, наўмысьля адкрылi агонь з мiнамётаў. Так i не спасьцярог, што сталася з двумя жаўнерамi, якiя мелi быць ягонымi экзекутарамi - цi засталiся ляжаць, цi даганялi, цi былi пакалечаныя амэрыканскiм агнём. Адышоў кiлямэтры тры ў кiрунку гор. Быў у такiм стане фiзычнага й духоўнага напружаньня, што ўсё навокал пачало здавацца яму паўрэальным. Два разы стаяў на парозе сьмерцi й выратаваўся. Сьведамасьць адмаўлялася гэтаму верыць. Замiж таго, каб цяпер узяць нейкiя меры асьцярожнасьцi, каб зрабiць выснавы, паставiць тую кропку над "i", Сянькевiч, быццам наўмысьля, яшчэ раз выклiкаў на выпрабаваньне свой лёс. Тое, што зь iм нядаўна два разы сталася, выдавалася яму па-за межамi ўсялякай заканамернасьцi, рэальнасьцi, навет лёгiкi. Быццам учадзелы, колiшнi менскi кадэт цяпер зусiм, як кажуць, не шманаў, што зь iм далей будзе. Iшоў наперад i ня ведаў куды, быццам у iмгле...

Загрузка...