На парозе жаўнеры абступiлi маладую iтальянку й на ўсе лады калечаць прыгожую мову Дантэ. Дзяўчына, абкружаная такой грамадой "лiбэратараў", ня ведае, што рабiць. Быццам вось-вось злоўленае ў клетку птушанё, перапалохана-трывожным зрокам аглядаецца навокал. Хто-ж iх там ведае, што ў iх у думках пад тымi жалезнымi талеркамi-шлемамi... Тым часам "лiбэратары" пацягваюць вiно са сваiх, абшытых зялёным сукном жаўнерскiх i пуцатых гаспадарскiх пляшак.

У хаце вялiкi гоман. Поўна дыму, гутаркi й смеху. Пусьцеюць пляшкi. Гаспадар пастачае новыя. На пасьцелi й на падлозе - крывавыя сляды. Тут ляжалi параненыя, тыя, што ўцяклi з разьбiтых танкаў, i тыя зь пяхоты, якiх раней прыбралi санiтарныя машыны. Паўп'янай грамадзе тыя крывавыя плямы абы-што. Цi-ж яны першыя, што такое бачылi, цi апошнiя, што яшчэ ўбачаць. Былi раней, ёсьць цяпер i будуць пасьля. А жывое тым часам мусiць жыць, моцнае - змагацца, маладое - весялiцца. Хутка зноў рухнуць у наступ. Дык i закурылi нутро хаты дымам, асушылi колькi пляшак, дый яшчэ асушаць. Стараюцца нацешыцца й красою дзявочай.

Жанчына вешаецца старому на шыю з плачам: дом яе зруйнаваны, тры асобы зь сям'i забiтыя. Церпiць i крывавiцца сэрца маткi. Гармiдар у хаце не да апiсаньня. Вiно цячэ побач з кроўю, сьмех крыжуецца з плачам, пагарда да сьмерцi - побач са страхам, пералётнасьць жаўнерскiх думак - побач з трагэдыяй разьбiтых i блiзкiх патрацiўшых.

VI

Паўзуць наперад танкi. У канавах каля дарогi шмат трупаў, цэлых i, як-бы сказаў цынiк, падзеленых на няроўныя кавалкi. Сьмярдзiць порах i гарэлае мяса, дымяцца купiны травы, й чарнеюць сьвежыя, узрытыя снарадамi канаўкi, зьвiсае пакалечанае гальлё садовых дрэў, i засьцiлаюць бельлю траву абтрэсеныя пялёсткi садовага цьвету.

Зьвяз даходзiць да хаты, дзе яшчэ апоўднi забралi ў палон двух немцаў са "спандавам". Нага раптоўным штуршком адчыняе дзьверы, а руля аўтамату, быццам тое жыгала ядавiтае гадзюкi, снуе навокал у паўцемры. Спацелы ўказальны палец лашчыць курок аўтамату: найменшы рух у сярэдзiне будынку й круглая стальная адтулiна зазьзяе полымем. Ногi з аўтаматам iдуць у пуню, адчыняюцца з працяглым галасьлiвым скрыпеньнем дзьверы. У прамежку мiж саломай чуваць нейкi рух, нехта карабкаецца. Ногi з аўтаматамi замярзаюць у чаканьнi, паказальны палец замiрае на курку скарастрэлу. З адтулiны найперш вылазiць пасiвелая лысiна, пасьля зарослы барадою звышпяцiдзесяцiгадовы твар.

- О, miа bаmbinо, miо duе рiссoli bаmbini. Тedeschi non sparare?* галосiць стары iтальянец.

* Мае дзеткi, мае два маленькiя, немцы iх не пашкадавалi. (iтал.)

- Niento раura, niеntа раurа adessо, - адказвае жаўнер, - tutti Тedeschi viа.*

* Не бойцеся, не бойцеся сяньня, усе немцы ўцяклi. (iтал.)

Нехта тыцкае старому цыгарэту. Бярэ дрыжачай рукой i асмельваецца вылезьцi наверх. За iм карабкаецца падростак-хлапчук гадоў сямi, худы й мiзэрны, як бацька цi дзед.

Няма часу. Наступаючыя iдуць далей. "Шэрманы" плююць агнём. Чуваць "спандавы" й "шмайсары". Працiўнiк бесьперапынна абкладае наступаючых зь мiнамётаў. Сымонава дружына, у лiку якой знаходзяцца сябры-кадэты Ялонскi i Ялушэвiч, вужам выходзiць з-за хаты й зiгзагамi перабягае наперад. Сымон зь Кiцынскiм мае iсьцi апошнi й яшчэ раз пазiрае з-за вугла хаты, сочыць, як пайшлi першыя, стараецца памяркаваць, адкуль немец пасылае агонь.

У гэты момант дзесяткамi вялiкiх снарадаў з "нэбэльвэрфэра" пачынае дрыжаць i енчыць паветра. Здаецца, што недзе ў зямных нетрах адчынiлася пякельная лавiна й нейкая пачвара стараецца зь вялiкiм стогнам праз вузкую шчылiну грудзей зямлi вылезьцi-выбiцца наверх. Вельмi дэмаралiзуе сэрыя стрэлаў з "нэбэльвэрфэра". "Нэбэльвэрфэр" - гэта вязка мiнамётаў, па шэсьць у кожнай батарэi. Снарады адпальваюцца электрычнасьцю й шахаўнiцай пакрываюць поле абстрэлу. Бедны той пехацiнец, што трапiць пад такi агонь. Удар паветрам пры дэтанацыi доўгiх, больш чым на мэтр, пузатых мiнаў можа прынесьцi ня менш шкоды, чымся асколкi. За адзiн раз "нэбэльвэрфэр" можа пасеяць сьмерць на паверхнi колькi гактараў плошчы. Для неакопанай пяхоты няма тады ратунку.

Сымон, пачуўшы прарэзьлiвы стогн, робiць пару крокаў назад i зноў хаваецца за рог хаты. Поле перад хатаю замяняецца ў разбушаванае, стогнучае пекла. Iдзе адна хваля, другая, трэцяя. Вось падымаецца зь зямлi Ялонскi, а за iм Ялушэвiч i паўзуць за хату. Першы ранены ў вуха, другi ў руку. Сымон глядзiць з сумам на сяброў. Няма часу словам перакiнуцца, бо "нэбэльвэрфэры" сьцiхлi й дружыновы загадвае пасоўвацца наперад.

Пры наступнай хаце гарыць стог саломы. Ад нейкага часу танкiсты атрымалi загад палiць пры фэрмах усе стагi, бо выявiлася, што пад iмi звычайна гнязьдзяцца нямецкiя аўтаматчыкi. На дзьвярах хаты вiдаць разьвешанае белае палатно, але яны зачыненыя. Сыплецца сэрыя з "томсана". Зялёныя, спацелыя фiгуры ўрываюцца ўсярэдзiну. Хвiлiна цiшынi, й насьцярожаныя крокi. Раптам ажываюць усе куткi. Цывiльныя з плачам, зьмешаным з радасьцю, кiдаюцца ў абдымкi жаўнерам. Маладыя дзяўчаты прагна туляцца да вызвольнiкаў. Нейкая таўставатая дзеўка абняла Сымона й аж падскоквае, выючы з радасьцi.

- Аsрettа, asрettа, siqnоrinа! Chе сosа?* - стараецца пазбыцца дзявочых пяшчотаў спацелы ад хуткiх перабежак Сымон.

* Пачакай, паненка! Што такое? (iтал.)

- Што гэта тут? Гарэм быў цi якое што? - пытаецца адзiн з жаўнераў, лепш ведаючы па-iтальянску. Тлумачаць, што гэта ўсе суседнiя. Схавалiся кагалам, каб мець большую адвагу ператрываць небясьпеку ды каб весялей было. Новыя акупанты ня дзiвяцца. Iм ведама, што iтальянцы наогул любяць бываць вялiкiмi групамi, кагаламi.

Iдзе ў рух вiно. Сымон прамывае прасохлае горла з тыцнутай яму ў рукi пляшкi й разглядаецца. Каля сьцяны на вока трапляе вайсковы нямецкi пляцак. Падыходзiць i пераварочвае яго нагой. Адпяразвае рамянькi й выцягвае вайсковую марынарку. Вока спасьцерагае нарукаўны шчыток з надпiсам "Летува".

Няма часу. Iзноў наперад. Войска пакiдае хату. Жаночыя галасы праводзяць яго ўсялякiмi найлепшымi пажаданьнямi. Да другога каналу адлегласьць невялiкая. Кiрунак - згрупаваньне хат. Сымон iдзе пры дарозе канаўкай, за iм валачэцца й нешта меле языком, наракаючы на вагу амунiцыi, Кiцынскi. За Кiцынскiм - зьвязны.

Дзесь наперадзе зноў адчыняюцца грудзi зямлi й рвуцца ў паветра дзесяткi снарадаў-мiнаў. Сымон падае, а за iм i амунiцыйны.

- Пасоўвайся наперад! Чаго там лёг? - крычыць зьвязны.

- Снарады лятуць, дык i лёг.

- Прасi толькi Матку Боскую, i ўсё будзе ў парадку. Я заўсёды на яе спадзяюся.

- Сьцеражонага й Бог сьцеражэ. Не рабi зь сябе гэроя там, дзе цябе б'юць, а ты адбiвацца ня можаш, - адказвае Спарыш i, то прыпадымаючыся, то падаючы, трушком перабягае наперад. Язык, быццам у гончага сабакi, вылазiць наверх зь перасохлага роту. Пот залiвае вочы. Ледзь-ледзь ловяць грудзi паветра. Пудовы "п'ят", здаецца, пацяжэў у разоў пяць.

Пасьля кароткага перапынку зноў чуваць "нэбэльвэрфэр". Страшэнны гул дэтанацыi тузае ўсё цела. Чуваць енк i стогн. Нехта паранены, яшчэ нехта iншы - забiты. Крыжуюцца ў паветры снарады. Побач затрымоўваецца трэцi зьвяз. Ня можа пасоўвацца наперад пад такiм густым абстрэлам змучаная пяхота. Крычыць-раве ззаду лейтанант - камандзер зьвязу. Адно танкi стала паўзуць наперад i сякуць з гарматаў i браўнiнгаў. Iм ня страшны "нэбэльвэрфэр".

Iзноў, прабегшы колькi крокаў, Сымон падае. Адзiн кароценькi момант, i адзiн дарагi вобраз перад вачыма, а мо цэлыя мiражы ў памяцi... Гэта там, на Бацькаўшчыне. Высокая, зялёная, пахкая канюшына. Чырваньню абсыпаныя межы, бельлю ахутаныя сады. Гаючы пах прыбраных жоўтай квеценьню лiпаў. Тысячы працавiтых пчолак роем гудуць гiмн працы. Вiшнёвы сад... Гэта там... А тут? Вясна, брутальна згвалчаная чалавекам, хараство й прыгажосьць - стаптаныя сiлай. Буйныя загоны пшанiцы спаласаваныя, парэзаныя шырокiмi гусенiцамi танкаў, падзiраўленыя снарадамi, парыжэлыя ад полымя агнямётаў. Краса й зьнiшчэньне, зьнiшчаная краса...

Але няма калi... Трэба хутчэй i далей, асьцярожна, але ўсё-ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, зьвiць новых гнёздаў, хаця-б i часовых, каб выпхнуць i дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Iзноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам i зброяй спацелыя фiгуры, хуткiм дыханьнем ловячы ў грудзi гарачае паветра. Зьнiкае iлюзiя вясны. Застаецца адно зьнiшчэньне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб зьнiшчыць тых, хто нiшчыць, каб больш ня было зьнiшчэньня.

Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокi канал. Разьведка рушыла наперад, а змучаныя людзi пазасядалi ў апусьцелых хатах на начлег.

VII

Выбiтыя з апошнiх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лiнiяў абароны, немцы былi ў агульным адступленьнi. Там-сям трымалiся малыя адзьдзелы фанатыкаў. Некаторыя-ж пераапраналiся ў цывiльнае й гэткiм чынам старалiся скрыцца ад палону. Пятая амэрыканская й Восьмая брытанская армii ўзышлi на раўнiну далiны По й сьпяшалi дарогамi да вялiкiх прамысловых цэнтраў i партоў Паўночнае Iталii. 21 красавiка 1945-га году, а гадзiне дзесятай ранiцою, адзьдзелы амэрыканцаў з захаду й палякаў з паўдзённага ўсходу сустрэлiся на цэнтральным пляцы Балёнii. Усё жывое ў горадзе вылезла на вулiцы вiтаць "лiбэратараў". Загулi дзесяткi званоў гарадзкiх сьвятыняў. У шматтысячным натоўпе зьявiлiся iтальянскiя нацыянальныя й чырвоныя камунiстычныя сьцягi. Палякi сыпанулi агнём па чырвоных сьцягах i забiлi колькi чалавек. Танкiсты выладоўвалi злосьць на камунiстах, хаця й ня тых, што паняволiлi iхнюю бацькаўшчыну.

Корпус Андэрса атрымаў загад спынiць марш. Адрэзак перанялi брытанцы.

- Бачыш iх, англiшмонаў гэтых, - наракалi жаўнеры, - як бiцца, дык iх ня было, ззаду сядзелi. А цяпер на гатовенькае, вызвольнiкаў гуляць, дык i яны знайшлiся. На джыпах плады перамогi зьбiраць рухнулi...

Ангельскiя зматарызаваныя калёны, амаль не спатыкаючы супрацiву, накiравалiся дарогамi на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там i ў Аўстрыю, да ракi Дравы, дзе пазьней запiсалiся ў гiсторыю няслаўнай выдачай бальшавiкам вялiкай казацкай армii, што памылкова палiчыла iх за прыяцеляў i хаўруснiкаў.

28 красавiка на галоўным пляцы Мiлану разбушаваны й ашалелы натоўп павесiў нагамi ўверх i доўга зьдзекаваўся над трупамi Бэнiто Мусалiнi й ягонай каханкi Кляры Петачы, якiх партызанам пашанцавала злавiць пад час уцёкаў у Швайцарыю над возерам Комо.

Напрыканцы красавiка фэльдмаршал фон Кэсэльрынг падпiсаў капiтуляцыю. Iтальянскi фронт перастаў iснаваць пару тыдняў перад канцом "тысячагадовага" Райху.

У часе заняцьця Балёнii сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзiўся кiлямэтраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалi вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе мiж Iмоляй i Балёнiяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой зьвяз "кар'ераў". Акрамя Пранука Бонка ў акцыi загiнула яшчэ чацьвёра. Але-ж была й нейкая прыбыль.Кашыбанда, вясёлы й жартаўлiвы, як i раней, прыдбаў сабе "жонку". Так называў маладую, прыгожую ды фiгурную дваццацiпаругадовую iтальянку, што прывёз з Балёнii.

- Ваенная здабыча, - жартаваў, сьмяючыся й абдымаючы дзяўчыну. - Будзе нам варыць i даглядаць нас.

- О-го! А як-жа! Здабыча, i не абы-якая! - захаплялiся сябры са зьвязу. А ўжо цi надаецца яна да гатаваньня стравы - дык гэта зусiм другараднае пытаньне.

Да чаго дзяўчына надавалася - аб тым нiхто ўголас не гаварыў. Ва ўсiх былi зусiм ндвузначныя ўсьмешкi. Камандзер зьвязу наўмысьля iгнараваў новую прыбыль i быццам не заўважаў, што ў зьвязе зьявiўся яшчэ адзiн рот.

ЗАГУБА ГЕНЭРАЛА ЕЗАВIТАВА

I

Факт назначэньня расейца Шувалава рэфэрэнтам вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе быў надзвычай цяжкiм ударам для генэрала Канстантына Езавiтава. Перажываў вельмi моцна. Нiяк не магло памясьцiцца ў галаве, што прэзыдэнт БЦР здольны на такi крок. Езавiтаў на працягу свайго жыцьця ўсе сiлы аддаваў на службу беларускаму народу. Нацыянальна-вызвольная справа была для яго заўсёды важнейшай, чымся прыватныя iнтарэсы. Пад час працы пры БЦР шмат чаго бачыў i зусiм трапна ацанiў перадусiм тое, што ўчарашнi акупант Беларусi быў пры сьмерцi. Мяркаваў, што сваёй працай, гуртаваньнем беларусаў усьцеражэ й дапаможа шмат каму з суродзiчаў захаваць жыцьцё. Ведаючы добра камандуючага БКА Кушаля й поўнасьцю яму давяраючы, верыў, што змабiлiзаваных беларусаў аддае ў добрыя рукi, што навет у крытычную хвiлiну падпалкоўнiк зробiць усё, каб выратаваць сваiх жаўнераў.

Самае крыўднае было тое, што прэзыдэнт БЦР дазволiў сабе на такую вялiкую, проста здраднiцкую нiкчэмнасьць у дачыненьнi да вельмi заслужанага змагара за волю беларускага народу. Калi-б хаця той другi быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося-б зь лёсам пагадзiцца. А то-ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.

Яшчэ ў раньняй маладосьцi, будучы на становiшчы мiнiстра вайсковых справаў Беларускае Народнае Рэспублiкi, пасьля-ж будуючы беларускае школьнiцтва ў Латвii, аддаючы ўсе сiлы ўзгадаваньню сьведамага маладога беларускага пакаленьня пад чужой акупацыяй, Езавiтаў пазнаў цану кантролю над пачуцьцямi. Для некаторых пачуцьцёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для iншых - амаль немагчымай. Генэрал ведаў, што страта самаапанаваньня была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсьведамiўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсi, вонкава, а яшчэ радзей трацiў раўнавагу. Адылi гэтым разам удар быў такi моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласьцi, што Езавiтаў даўжэйшы час ня мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоiўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзыдэнта Астроўскага граф Шувалаў зь ягонымi запасамi прадуктаў быў чалавекам больш прынадным i вартасным, генэрал прыйшоў у тупiк. Што-ж рабiць далей? I самае найважнейшае: як-жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадзтву? Гэта-ж справа ня простая. Сказаць, што Астроўскi выкiнуў яго, каб замянiць цёпленькiм маскалём, дык яно й ня выглядае так проста. Цi-ж шмат людзей ведала асноўную iстоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага, - падумаць, што Езавiтаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускiм вызвольным руху, ёсьць нейкi недарэка цi няздатнiк.

Астроўскi не манiўся распашырацца сярод зацiкаўленых прычынай, дзеля якой зрабiў зьмену на такiм важным становiшчы. Калi ня мог сказаць праўды, дык наогул лепш было прамаўчаць. Пэўна-ж, мог-бы тлумачыць, што Езавiтаў быў неэфэктоўны на сваiм становiшчы, што не стаяў на вышынi заданьня, што ў працы ягонай былi недахопы й падобнае, але Астроўскi выбраў маўчаньне. Магчыма, наўмысьля даў Езавiтаву нагоду, каб той мог уратаваць свой твар, дый ня сумляваўся ў тым, што стары заслужаны вайскавiк знойдзе шлях такога ратунку. I сапраўды, шмат перадумаўшы, генэрал Езавiтаў знайшоў ганаровы выхад з сытуацыi: зьявiлася вестка, што адмовiўся ён ад становiшча рэфэрэнта вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе з прычыны хваробы.

II

Канстантын Езавiтаў цярпеў на занядбаную правабочную грыжу. У апошнiм часе гэты анатамiчны дэфэкт пагоршыўся да тае ступенi, што ўнемагчымiў яму доўгае стаяньне, не гаворачы ўжо аб больш iнтэнсыўным хаджэньнi. Адылi стан хваробы нiяк не належаў да наглай катэгорыi, што вымагала-б безадкладнай апэрацыi.

У гарадзкiм шпiталi ў Фiнстэрвальдэ, што ляжаў прыблiзна сотню кiлямэтраў на поўдзень ад Бэрлiну, працаваў беларускi лекар Мiкола Шчорс, якi часьценька наведваў Бэрлiн, Беларускую Цэнтральную Раду й добра зьблiзiўся зь Езавiтавым. Шпiталь быў перапоўнены пераважна вайсковымi. Была добрая нагода зрабiць генэралу аперацыю пад наглядам i апекаю свайго чалавека.

Езавiтаў, цяпер пазбаўлены Астроўскiм свайго становiшча, хацеў пакiнуць Бэрлiн, дзе сваю прысутнасьць уважаў зусiм бязмэтнай. Мроiў аб тым, каб далучыцца да беларускiх адзьдзелаў у раёне Вайдэн каля колiшняй чэскай мяжы. Ясна, што ў гэткiм стане здароўя ня мог накiравацца ў вайсковыя адзьдзелы, дзе штодзённыя заняткi й розныя непрадугледжаныя выпадкi ў сувязi з ужо амаль пэўным развалам Трэцяга Райху вымагалi добрага здароўя.

- Братка, са сваёй грыжай я далёка не ўцяку, - гаварыў неаднойчы Езавiтаў Шчорсу. Генэрал меў на думцы ўцёкi ад бальшавiкоў. Усходнi фронт блiзу двух з паловаю месяцаў трымаўся на месцы й прабягаў лiнiяй Одры й Нiсы. Ад раёна Губэн, дзе былi перадавыя бальшавiцкiя пазiцыi, да Фiнстэрвальдэ было менш сотнi кiлямэтраў - такую адлегласьць танкавыя адзьдзелы маглi гуляючы прайсьцi за пару дзён. Нязьменнасьць усходняга фронту, а таксама й частыя нямецкiя гутаркi аб нейкай новай, яшчэ зусiм няведамай i жахлiвай зброi - "вундэрвафэ", што была апошняй надзеяй немцаў на перамогу, у вялiкай меры спрычынiлiся да таго, што генэрал Езавiтаў наважыўся выехаць у Фiнстэрвальдэ на апэрацыю.

Варта заўважыць, што Францiш Кушаль адраджваў генэрала ад гэтага. Калi-ж ужо Езавiтаў настойваў, дык камандуючы БКА раiў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям'я, дзе было многа вайсковых шпiталяў i (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзiлiся беларускiя вайсковыя адзьдзелы з дывiзii "Беларусь". Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на ўсходнiм фронце. Усе зацiкаўленыя, значыцца, перадусiм Езавiтаў, пасьля-ж Шчорс i Кушаль, не маглi ведаць, што бальшавiкi канчаюць сьцягваць вялiкiя запасы ваенных матэрыялаў i прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясеньнi наступ для канчатковага разгрому гiтлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзiў, што заўсёды iснавала небясьпека прарыву бальшавiкамi ўсходняга фронту й дзеля таго ў Фiнстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна - больш мо навет, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў усё-ж наважыўся мець апэрацыю ў шпiталi, дзе працаваў Шчорс...

III

Генэрал апэраваны быў 15 красавiка 1945-га году ў Гарадзкiм Шпiталi Фiнстэрвальдэ. Дзесь на чацьвёрты дзень пасьля апэрацыi бальшавiкi пачалi генэральнае наступленьне ў раёне Губэн i Кюстрын. Весткi з фронту былi супярэчныя. Немцы цьвердзiлi, што бальшавiцкi наступ правалiўся. Адылi няшмат было наiўных, што iм верылi. Гарматны гул ня толькi ня сьцiхаў, але мацнеў i прыблiжаўся.

Лекар Мiкола Шчорс, што пiльна сачыў за пацыентам, мяркаваў, што няма чаго чакаць. Неадкладна трэба было даваць нейкую раду. У месьце знаходзiўся ад'ютант Езавiтава Яневiч, што быў амаль неадступным ценем генэрала. Быў ён вучнем Езавiтава з Латвii. Мiж iмi былi ледзь не сямейныя адносiны - як у бацькi з сынам. Пад рукою працаваў i знаёмы паляк, санiтар i шафёр, якога Шчорс добра ведаў яшчэ з Варшаўскага шпiталю. Паляк належаў да тых, якiм можна было давяраць.

Згодна з загадам нямецкiх уладаў, лекар Мiкола Шчорс ня мог пакiнуць шпiталь пад пагрозаю расстрэлу. Для ратаваньня Езавiтава трэба было шукаць iншых рук.

У Шчорсавага шэфа ў гаражы стаяла аж тры аўтамабiлi. Лекар мяркаваў, што адзiн зь iх можна для такой вялiкай неабходнасьцi пазычыць, тым больш што прыгаданы шэф дзесьцi часова адсутнiчаў. Гэткiм чынам прыдбаўшы нямецкае аўта "ДКВ", давялося адно палагодзiць iншыя сьпешныя фармальнасьцi. Да iх належала перадусiм выданьне Езавiтаву (на выпадак захопу яго бальшавiкамi) фiкцыйнага дакумэнту на прозьвiшча Я-га з Гораднi. Пасьведка была выпiсаная на блянцы Беларускага Варшаўскага Камiтэту задняй датаю. Ясна, што генэрал, як i Яневiч, што быў у мундзiры лейтананта, мелi дастаткова дакументаў для немцаў. Езавiтаў быў у цывiльнай вопратцы, а свой генэральскi мундзiр трымаў у чамадане.

Два беларускiя вайскавiкi селi на заднiм сядзеньнi. Паляк запусьцiў матор. Шчорс раiў iм ехаць проста на захад i нiдзе ня спыняцца. Ня трацiлi шмат часу на разьвiтаньне, бо было надта трывожна. "ДКВ" хутка згубiлася ў агульнай хвалi машын, што паўзьлi далей ад агню з усходу.

Пару дзён пазьней Мiкола Шчорс i ягоная нарачоная ўзялi самакаты, запакавалi, што мелi найбольш неабходнага, на багажнiкi й накiравалiся на захад. Кiлямэтраў сорак на паўдзённы захад ад Фiнстэрвальдэ ў малым мястэчку Эльстэрвэрдэ Шчорс зусiм прыпадкова сустрэў на вулiцы Езавiтавага ад'ютанта Яневiча. Той паведамiў зацiкаўленаму лекару, што генэрал знаходзiцца ў нямецкiм палявым шпiталi ў гатэлi пад апекаю вайсковых лекараў. Мiкола Шчорс наведаў той шпiталь i сьцьвердзiў, што ў пацыентаў сувязi зь нядаўнiм пераездам наступiла загнаеньне раны. Тэмпература даходзiла да 38-мi градусаў.

Зь хiрургiчнага гледзiшча загнаеньне раны пасьля апэрацыi нейкiм паважным ускладненьнем не зьяўляецца: прадаўжаецца працэс гаеньня й канчальнага аздараўленьня пацыента. Агульны стан здароўя Езавiтава, як пераканаўся Шчорс, быў зусiм здавальняючы.

Генэрал Езавiтаў i Яневiч паведамiлi Шчорсу, што немцы паабяцалi iх вывезьцi ў той-жа цi заўтрашнi дзень зь iншымi хворымi нямецкiмi вайсковымi на поўдзень Нямеччыны. Шчорс у гэты час ня ведаў, што бачыўся з Езавiтавым апошнi раз.

Ажно ў 1946 годзе, сустрэўшы Яневiча ў Нюрнбэргу, лекар даведаўся, што ад'ютант пакiнуў Канстантына Езавiтава на другi дзень пасьля Шчорсавай зь iм сустрэчы, некалькi гадзiн перад прадугледжанай эвакуацыяй шпiталя. Яневiч запэўнiваў, што пакiнуў генэрала згодна зь ягоным-жа ўласным жаданьнем таму, што нямецкiя ўлады адмовiлiся ўзяць Яневiча, як поўнасьцю здаровага чалавека, у санiтарны транспарт.

Гэткiм чынам лейтанант Яневiч быў апошнiм беларусам зь Беларускае Краёвае Абароны, што бачыў Езавiтава жыывым i вольным. Што далей сталася - няцяжка ўгадаць, узяўшы на ўвагу, што Яневiч пакiнуў генэрала Езавiтава ў апецы нямецкiх шпiтальных уладаў 22 цi навет аж 23 красавiка. Больш чым праўдападобна, што перадавыя бальшавiцкiя панцырныя калёны захапiлi нямецкi санiтарны транспарт, а ў лiку яго й Езавiтава, у дарозе. Трэба прыгадаць тут, што мясцовасьць, у якой Езавiтаў быў затрымаўся ў палявым шпiталi, знаходзiлася за нейкiх пяцьдзесят кiлямэтраў на паўдзённы ўсход ад места Торгаў над Эльбай, дзе перадавыя амэрыканскiя й бальшавiцкiя танкавыя калёны спалучылiся 26 красавiка 1945-га году.

Зь вялiкай насьцярожанасьцю аднесьцiся трэба да слоў Яневiча ў сьвятле таго, што выйшла наяву зараз пасьля сканчэньня вайны. Амэрыканская контрразьведка ў Нямеччыне ўстанавiла, што лейтанант Яневiч быў савецкiм агентам. Арыштаваць яго не пасьпела, бо ўцёк. Такiм чынам, найбольш праўдападобна, што Яневiч, да якога Езавiтаў адносiўся, як бацька да сына, якому поўнасьцю i абсалютна давяраў, неадступна цэлы час быў пры Езавiтаве, пакуль выдаў яго ў бальшавiцкiя рукi. Ня выключана, што й сам Яневiч не пакiнуў Езавiтава колькi гадзiн перад эвакуацыяй шпiталя з Эльстэрвэрдэ, як пазьней казаў Шчорсу, а трапiў да бальшавiкоў, а пасьля, атрымаўшы ўзнагароду ды новыя iнструкцыi, падаўся на Захад i знаходзiўся ў Заходняй Нямеччыне пасьля вайны аж да часу, пакуль амэрыканская контрразьведка яго не асачыла.

Наступная i ўжо апошняя вестка адносна долi генэрала Езавiтава была перададзеная па бальшавiцкiм радыё дзесь напрыканцы 1945-га году. Паводле яе, "здраднiк беларускага народу й радзiмы, фашыст Канстантын Езавiтаў быў засуджаны ў Вiцебску на кару сьмерцi праз павешаньне, й прысуд быў выкананы".

Чаму якраз у Вiцебску, а ня ў Менску? Цi-ж не таму адно, каб насыпаць беларускаму народу солi на сьвежыя балючыя раны, загубiлi маскоўскiя акупанты аднаго з найбольш заслужаных народных сыноў у месцы ягонага нараджэньня?

Гэткi фiнал бурнага, працавiтага й ахвярнага жыцьця аднаго з самых перадавых сыноў беларускага народу. Страта была яшчэ больш балючая пры ўсведамленьнi таго, што яе можна было-б пазьбегчы, калi-б ня iнтрыгi некаторых самалюбных i амбiцыйна хваравiтых людзей. Дзякуючы iм Езавiтаў знайшоўся ў найбольш крытычны час у найбольш небясьпечным месцы на ваеннай шахаўнiцы Эўропы - на шляху бальшавiцкiх панцырных калёнаў, што як мага сьпяшылi на Эльбу, каб навязаць кантакт зь перадавымi амэрыканскiмi адзьдзеламi.

Памiнаючы ролю Яневiча, якi зьявiўся адно дапаможным дзейнiкам, каб даставiць генэрала ў рукi Сталiна i ад якога, урэшце, апошнiя падзеi на фронце не залежалi, нельга памiнуць таго, што маральную адказнасьць за згубу генэрала Канстантына Езавiтава прыпiсаць трэба прэзыдэнту Беларусскае Цэнтральнае Рады Радаславу Астроўскаму, якi дзеля асабiстых парахункаў замянiў генэрала Езавiтава на зусiм прыпадковага чалавека, што нiчога супольнага зь беларускiм вызвольным рухам ня меў, на расейца - палкоўнiка Шувалава.

ДЫВIЗIЯ "БЕЛАРУСЬ" ПЕРАХОДЗIЦЬ ДА АМЭРЫКАНЦАЎ

I

15 красавiка 1945-га году дывiзiя "Беларусь", папярэдне абяззброеная, атрымала загад маршыраваць з ваколiцаў Ваергамэра на чэшскi бок Судэтаў. Пасьля колькiх дзён прабываньня там маёр Гэнэфэльд папрасiў да сябе падпалкоўнiка Кушаля й аб'явiў, што, згодна з загадам вышэйшага камандаваньня, войска мае заўтра на досьвiтку вымаршыраваць на поўдзень у кiрунку Пассаў. Кушаль мае весьцi дывiзiю, i (таму што самаход забраў палкоўнiк Шувалаў) яму будзе прыдзеленая параконная брычка. Сам-жа маёр Гэнэфэльд мусiць назаўтра зьявiцца ў вышэйшым штабе ды дагонiць дывiзiю пазьней у дарозе.

- А куды-ж дывiзiя перасоўваецца? - спытаў Кушаль.

- Я таксама ведаю, як i вы, - пацiснуў плячыма Гэнэфэльд. - Мне сказалi, што далейшыя загады атрымаеце ў дарозе.

Кушаль загадаў усiм адзьдзелам, уключна з абозам, каб заўтра ранiцою а гадзiне чацьвёртай былi гатовыя да маршу. У згаданы час беларускае войска вымаршыравала шашою ў кiрунку Пассаў.

Доўгая калёна праходзiла паўз штаб дывiзii, дзе раней памяшчалiся немцы. Быў гэта вельмi прыгожы будынак пры самай шашы. Ужо здалёк, едучы на сваёй брычцы, Кушаль заўважыў, як жаўнеры выбягалi з маршавае калёны, забягалiся ў будынак i пасьля сьпешна даганялi сяброў. Параўняўшыся з будынкам, камандзер заўважыў на фронце яго вялiкую шыльду, на якой на чэскай мове было напiсана "Выгляды". Паводле знадворнага выгляду й разьмяшчэньня "Выглядаў" можна было мяркаваць, што даўней была тут нейкая санаторыя цi нешта падобнае.

Калi Кушаль загадаў хурману затрымаць конi й для цiкавасьцi забегся ў вялiкi, на колькi дзесяткаў пакояў дом, перад ягонымi вачмi ў падвале зьявiўся наступны вобраз сярод шматлiкiх паразьбiваных скрынак з гарэлкай, каньяком, вiнамi, а таксама разнаякай емiнай (сыры, шынкi, цукар i хлеб) ледзь кiваўся на нагах падпiты палкоўнiх Шувалаў, а побач яго - культурна-асьветны й прапагандовы афiцэр БКА сп-р Лобiк. Пабачыўшы Кушаля, палкоўнiк Шувалаў не бязь цяжкасьцяў намагаўся прывесьцi да паслухмянасьцi ацьвярдзелы ад п'янкi язык.

- О-о-о! Господин полковник, как хоро... хорошо, что и вас бачым. Пожалуйте-ка, просим бардзо, будьте любез... - i граф iзноў перахiлiў уверх пляшку з каньяком.

- Што гэта ў вас за пiр i зь якой нагоды? - кiваў галавой, гледзячы на ап'янелых афiцэраў, камандзер дывiзii.

- Да вот германцы кинули тут эта всё, так разве можна ведь не позаботиться о сохранении? Да скажыце, калi ласка, разве можно ли? - бацяляўся на аслабелых нагах граф.

- А-а-а, понимаю, понимаю! - пераключыўся з усьмешкай на расейшчыну беларускi падпалкоўнiк. - Да и видно, вы уж очень усердно заботитесь о сохранении.

- Да вам-то что? Вы вот ведите дивизию, а мы вас из господином Лобиком догоним. Лишь надо позаботиться об разделении этих продуктов, да и только.

Шувалаў тыцнуў Кушалю ў руку пляшку каньяку й загадаў палажыць у хурманку паўмяха цукру. Кушаль пакiнуў двух апекуноў алькагольных напiткаў i харчовых прадуктаў у падвале. Прыабяцалi яму заладаваць частку харчоў на вазы й даставiць у дывiзiю. Сапраўды харчы, дзякуючы стараньням Шувалавага кумпана Лобiка, прывезеныя былi пасьля да Кушаля. Забралi iх хурманы з хваста дывiзiйнага абозу, што затрыманыя былi Лобiкам у "Выглядах", i пасьля дагналi галоўную калёну.

Нiводнага з тых алькагольных i харчовых "попечителей" не пабачыў больш падпалкоўнiк Кушаль да канца вайны. Шувалаў некуды змыўся сам, а ягоны кумпан Лобiк ужо пасьля сканчэньня вайны выхваляўся, што ў Аўстрыi зашыўся дзесь да маладое ўдоўкi й сядзеў там, колькi яму падабалася.

- Я, братцы, быў самы апошнi жаўнер зь беларускае дывiзii, што пайшоў да амэрыканцаў у палон.

Гэткая "баёвая вытрываласьць" лейтананта Лобiка сталася пасьля прадметам жартаў у тых, якiм шмат цяжэй давялося перажываць апошнюю фазу вайны.

II

Звыш дзьвюх тысяч беларускiх жаўнераў былi цалкам на адказнасьцi падпалкоўнiка Кушаля. Пры кожным батальёне быў нямецкi капiтан у якасьцi афiцэра сувязi, апрача таго, па пяцьдзесят вельмi добра ўзброеных нямецкiх жаўнераў. Пад час маршу беларусы пераканалiся, што нямецкая армiя таяла на iхных вачох. Па дарозе валялася шмат пакiнутай немцамi зброi, вазоў з амунiцыяй i iншымi ваеннымi рэчамi. Беларусы дазбройвалiся знойдзеным.

На другi дзень маршу пад вечар дывiзiя прыйшла ў Айзенштайндорф. Тут беларусы аканчальна пераканалiся, што палажэньне на фронце трагiчнае, нямецкая армiя неарганiзавана адступае цi проста ўцякае. Аброслыя, худыя немцы групамi й па адным валачылiся дарогамi, самi, мусiць, ня ведаючы куды. Адно войскi СС яшчэ трымалiся. Яны чынiлi самасуды над здэмаралiзаванымi жаўнерамi. Можна было назiраць шмат выпадкаў вешаньня эсэсаўцамi армейскiх афiцэраў, асуджаных за дэзэрцыю. Дывiзiя "Беларусь" пасоўвалася наперад, ня ведаючы, куды й чаго. Нiякiх загадаў у часе маршу падпалкоўнiк Кушаль не атрымаў. Можна было мяркаваць, што змыўся дзесь у бясьпечнае месца й сам маёр Гэнэфэльд.

Прааналiзаваўшы крытычную сытуацыю, Кушаль наважыў далей не маршыраваць, а даў загад спынiцца ў Айзенштайндорфе i чакаць выясненьня сытуацыi. Паклiкаў да сябе нямецкiх афiцэраў сувязi й заявiў, што дывiзiя далей ня пойдзе, а калi iм гэта не адпавядае, дык яны й нямецкiя радавыя маюць вольную руку. Гэтае абвешчаньне немцам Кушаль зрабiў у прысутнасьцi свайго штабу, што складаўся з капiтана Орсiча, старшага лейтананта С. i сяржанта П. Нямецкiя афiцэры абурылiся на беларускага камандзера й пагражалi, што ён будзе за гэта сурова пакараны. Пагрозы на Кушаля зусiм не падзейнiчалi. Дывiзiя пачала разьмяшчацца па кватэрах у Айзенштайндорфё й суседнiх вёсках. Так устанавiлася ў Нямеччыне першая беларуская акупацыйная зона.

Каля поўначы на вулiцы паднялiся крыкi й лаянка на нямецкай мове. Кушаль, пачуўшы гвалтоўны стук у дзьверы свайго пакоя, усхапiўся. Калi адчынiў дзверы, у пакой убег камандзер батальёну, ранейшы капiтан Чырвонай Армii Тамiла й адзiн зь нямецкiх капiтанаў. Тамiла скардзiўся, што немцы цiшком намагалiся забраць беларускi абоз i ўцячы, але ягоныя вартаўнiкi паднялi трывогу. Вось яны цяпер i прыйшлi да Кушаля на вырашэньне справы.

Падпалкоўнiк загадаў беларускаму капiтану, каб у выпадку патрэбы зброяй баранiў абоз, але каб немцы спакойна адыйшлi зь беларускае дывiзii. Iм меў быць выдадзены двухдзённы харчовы паёк i прыдзелена колькi хурманак для харчоў i амунiцыi. Нямецкi капiтан на гэта згадзiўся, i гэтай ноччу немцы аканчальна пакiнулi беларускую дывiзiю.

Кiлямэтраў за сем ад Айзенштайндорфа знаходзiлася невялiкае мястэчка Айзенштайн Маркт. Колькi беларускiх вайскоўцаў, пераапрануўшыся ў цывiльнае, былi высланыя туды Кушалем на разьведку. Вярнуўшыся, разьведчыкi прынесьлi трывожныя весткi. У Айзенштайн Маркце стаяць вельмi добра ўзброеныя адзьдзелы СС. Немцы, пакiнуўшы дывiзiю "Беларусь", паехалi туды й паведамiлi, што беларусы ўзбунтавалiся, у вынiку чаго эсэсаўцы наважылi напасьцi на беларускую дывiзiю й зьнiшчыць яе. Адначасна разьведка паведамiла, што непадалёк знаходзiцца адна дывiзiя генэрала Ўласава.

Атрымаўшы такiя весткi, Кушаль стаў перад праблемай: або баранiцца перад эсэсаўцамi самому, маючы малыя шансы на перамогу з прычыны вельмi значнай перавагi ворага ва ўзбраеньнi, або шукаць хаўрусу з уласаўскiм адзьдзелам. З двух дрэнных выйсьцяў выбраў другое й неадкладна паехаў шукаць камандзера расейскае дывiзii. Калi зьявiўся ў штабе, сустрэў яго ад'ютант i, папрасiўшы пачакаць, пайшоў далажыць. Праз колькi часу з кабiнета выйшаў нямецкi генэрал i папрасiў Кушаля заходзiць.

Камандзер уласаўскае дывiзii генэрал Мальцаў паходзiў зь сям'i расейскае iнтэлiгенцыi. Быў чалавекам адукаваным i добра выхаваным. Сярэдняга росту, шчуплы, з густой сiвой чупрынай на галаве, жывым выразам твару, энергiчнымi рухамi, быў ён у пяцiдзесятых гадох. Гаварыў хутка й ясна.

Пазнаёмiўшыся з Кушалем, запрасiў яго сесьцi пры стале. У абшырным пакоi сялянскай хаты, акрамя Мальцава й вышэйменаванага нямецкага генэрала, было яшчэ пару малодшых афiцэраў. Немец хутка выйшаў.

- Маглi-б вы паiнфармаваць мяне аб палажэньнi на фронце, а таксама выказаць вашу думку адносна нашай сытуацыi? - пачаў Кушаль.

- Я быў-бы вельмi рады, калi-б вы маглi гэта зрабiць. Я нiчога ня ведаю, адказаў, усьмiхнуўшыся, Мальцаў.

- Што-ж вы думаеце рабiць? - пытаўся Кушаль.

- Я думаю... ды не, не. Можа, вы сказалi-б мне, што самi думаеце рабiць.

- Магу вам давяраць?

- Поўнасьцю.

- На маю думку, нiчога нам не застаецца, як прабiцца празь нямецкi фронт i далучыцца да амэрыканцаў, - ня зводзячы з Мальцава вачэй, адказаў Кушаль.

- Правiльна, зусiм правiльна, - ажывiўся Мальцаў i борзьдзенька захадзiў па пакоi. - Я вельмi рады, што вы з намi адной думкi. Цяпер скажу вам больш. Я ўжо навязаў лучнасьць з камандзерам амэрыканскага корпусу празь людзей, якiя гарамi й лясамi пераходзяць цераз фронт туды й назад. У даны час дамаўляюся аб канкрэтным месцы й часе прарыву нямецкага фронту.

- А цi ведае аб гэтым той нямецкi генэрал, якога я бачыў нядаўна тут у вас у кабiнеце?

- О, гэты, - усьмiхнуўся расеец, - ён у мяне афiцэрам сувязi зь нямецкiм штабам, ведае аб маiх плянах i салiдарызуецца з намi поўнасьцю.

- Маглi-б вашы перамоўнiкi весьцi перамовы з амэрыканцамi й ад майго iмя дзеля пераходу беларускай дывiзii?

- Ды чаму-ж не! Дзьве дывiзii - не адна. Гэта будзе яшчэ лепш. Нам лягчэй удасца.

- Дык будзьце добрыя тады...

- Абавязкова. Неадкладна загадаю. Ня турбуйцеся.

Пасьля гэтага Кушаль i Мальцаў абмяркавалi праблему супольнае абароны ў выпадку атакi эсэсаўцаў з суседняга мястэчка. Мальцаў паабяцаў, што калi эсэсаўцы нападуць на беларусаў, ён адкрые па немцах агонь з цяжкiх кулямётаў i артылерыi. На тым гутарка скончылася.

Вярнуўшыся ў сваю дывiзiю, Кушаль загадаў сабраць усiх афiцэраў i падафiцэраў. Паiнфармаваў сабраных аб палажэньнi, аб пагрозе з боку нямецкiх эсэсаўцаў ды аб сваёй умове з камандзерам уласаўскае дывiзii. Загадаў неадкладна правесьцi зборкi ў адзьдзелах i расказаць аб гэтым радавым. Быў прыемна зьдзiўлены, пабачыўшы на вопратках амаль усiх жаўнераў Ярылавы крыжы й "Пагонi" замест нямецкiх адзнакаў.

Першы батальён, што быў закватараваны найблiжэй Айзенштайн Маркта (iм камандаваў капiтан Ч.), узяў абавязак выставiць моцную палявую варту й патруляваць ваколiцы аж да самага мястэчка.

III

29 красавiка зьявiўся ў Кушаля пасланец ад Мальцава й перадаў яму лiст. Расеец прасiў беларускага камандзера, каб разам са сваiм камандным афiцэрскiм корпусам прыехаў у ягоны штаб на пiльную нараду. Беларусы не марудзiлi. Калi зьявiлiся ў Мальцава, той, спасьцярогшы беларускiя вайсковыя адзнакi на мундзiрах, сказаў:

- Вот вам, господа, и Лига наций.

Некаторыя з прысутных расейцаў усьмiхнулiся.

На супольнай нарадзе ўласаўскi камандзер падаў да ведама, што ўжо канчаткова дамовiўся з камандзерам амэрыканскага корпусу аб пераходзе цераз нямецкi фронт 30 красавiка. Абедзьве дывiзii маюць iсьцi шашой Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль, а ў часе пераходу амэрыканскiя паветраныя сiлы й артылерыя будуць абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Начальнiк штабу Мальцава прачытаў дакладны парадак маршу й плян бою, калi-б немцы спрабавалi ставiць супрацiў.

Дзень 30 красавiка быў сонечны й бязьветраны. Ранiцою абедзьве дывiзii ўпарадкавалiся ў доўгую маршавую калёну са сваiмi камандзерамi на чале кожнай i рушылi ў кiрунку Айзенштайн Маркта i Цьвiзэля. Кожны батальён дывiзii "Беларусь" нёс разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.

Пасьля трохгадзiннага маршу Кушаль пачуў ззаду сiгнал самаходу. Калi аўтамабiль параўняўся зь беларускiм камандзерам, той заўважыў у iм праз вакно таго самага нямецкага генэрала, якога кагадзе бачыў у штабе Мальцава. Самаход дасягнуў уласаўскага генэрала наперадзе, i ўся калёна затрымалася. Чакалi амаль паўгадзiны. Раптам чало адзьдзелу расейцаў завярнулася й накiравалася па шашы назад.

- Што здарылася? - спытаў Кушаль Мальцава, калi той затрымаўся каля яго.

- Мой афiцэр сувязi генэрал Ашбэрг атрымаў ад Андрэя Андрэевiча (Уласава) радыяграму паўстрымацца зь пераходам да амэрыканцаў, аж пакуль ён не загадае. Бачыце, мушу паслухацца загаду свайго начальнiка. Казаў мне iсьцi вунь у тыя вёскi, - Мальцаў паказаў на адлеглую на пару кiлямэтраў мясцовасьць на ўсход ад шашы, - там маем закватаравацца й чакаць далейшага.

- Цьфу, прападзi ты, гэткi хаўрусьнiк! - ледзь не вылаяўся беларускi падпалкоўнiк. - Давайце кiнем уласаўцаў i маршыруем самi, - сказаў свайму начальнiку штаба капiтану Орсiчу. Орсiч нiчога не адказаў.

Тым часам над доўгай калёнай войска ўверсе пачалi кружыць амэрыканскiя разведвальныя самалёты. Сытуацыя была крытычная. Небясьпечна было самiм беларусам без простай сувязi з амэрыканцамi iсьцi ў няведамае. Беларуская калёна атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалi каля дзьвюх гадзiн. Iзноў ззаду пачуўся сiгнал, i войска абмiнуў апрануты ў цывiльнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генэрала Мальцава й перадаў яму пакет. Калёна зноў спынiлася.

- Камандзер беларускае дывiзii, да генэрала Мальцава! - пачулася перададзенае па лiнii.

Кушаль з капiтанам Орсiчам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзера, заўважылi ягонае вялiкае зьнерваваньне.

- Сам ня ведаю, што рабiць, - казаў той. - З аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевiча загадвае чакаць зь пераходам фронту, а з другога - паслухайце самi.

Ад'ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць i тлумачыць загад камандзера амэрыканскага корпусу наступнага зьместу: "Расейская дывiзiя генэрала Мальцава й беларуская дывiзiя сяньня маюць перайсьцi нямецкi фронт на шашы Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль. Мая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкiя пазiцыi а гадзiне дванаццатай апаўднi. У гэтым часе пачне дзейнiчаць i авiяцыя".

- Што-ж рабiць? - пытаецца ў прысутных афiцэраў уласаўскi камандзер. Бальшыня выказваецца за пераход да амэрыканцаў. Калi-б гэтага не зрабiлi, амэрыканцы могуць зразумець падзеi, як здраду, й пачаць атакаваць з паветра. Генэрал Мальцаў канчаткова быў перакананы. Войска атрымала загад завярнуць назад i памаршыравала гэтым разам ужо без затрымак.

IV

Шаша бегла мiж гор. Па абодвух бакох яе быў вялiкi лес. Для паўстрыманьня наступу амэрыканскiх танкаў немцы пазразалi й панавальвалi ўпоперак дарогi шмат дрэваў. Апрача гэтага, шаша была замiнiраванай. Беларусы й расейцы пасоўвалiся наперад з хуткасьцю чарапахi, адцягваючы з дарогi дрэвы й разьмiнiрваючы яе.

Нямецкiя пазыцыi праходзiлi ўздоўж ракi Рэген у кiлямэтрах трох ад Цьвiзэля, дзе былi ўжо амэрыканцы. На Рэгене быў мост. Адзьдзелы беларускае дывiзii мелi выйсьцi наперад, заняць мост i ахоўваць яго, пакуль пяройдзе ўся калёна. Пасьля гэтага беларусы мелi йсьцi як задняя старожа калёны.

Рота беларускiх жаўнераў, узброеная шматлiкiмi ручнымi кулямётамi, згрупаваўшыся на краi лесу, рушыла на здабыцьцё моста, што быў адлеглы прыблiзна на паўкiлямэтра. Воддаль вiдаць быў горад Цьвiзэль. Амэрыканская артылерыя пачала абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Жаўнеры дывiзii "Беларусь" хутка перабягалi па чыстым полi. Калi ўжо зусiм прыблiзiлiся да моста, быццам з-пад зямлi вырас з паднятымi ўверх рукамi цэлы адзьдзел немцаў. Беларускi камандзер загадаў немцам разьмiнiраваць мост, а калi праца была закончаная, падафiцэр з дружынаю адвялi палонных у лес i адпусьцiлi iх.

Хаця вiдаць было, што немцы ня мелi намеру супрацiўляцца, беларускiя адзьдзелы прынялi баявы парадак. Моцныя старожы былi пастаўленыя па двух бакох моста. Уласаўцы рушылi цераз мост першыя. Калёна iх была страшэнна доўгая. Асаблiва вялiкiм быў абоз. Шматлiкiя вазы запрэжаныя былi павольнымi баварскiмi валамi, што ледзь-ледзь ступалi з нагi на нагу. Ехалi жанчыны й дзецi - сем'i жаўнераў.

На краi Цьвiзэля амэрыканскiя танкi з рулямi кулямётаў, накiраванымi на дарогу, не варажылi нiчога добрага. Каля танкаў у баявой гатоўнасьцi чакалi жаўнеры, амаль палова зь iх - чорныя.

- Кiдайце зброю! - крычалi амэрыканцы. Бальшыня так i рабiла, не марудзячы. Адзiн зь беларусаў не сьпяшыў кiдаць свае стрэльбы. Да яго падбег амэрыканскi сяржант, выхапiў стрэльбу з рук i, бразнуўшы яе вобземлю, пачаў таптаць нагамi.

Беларускi адзьдзел адведзены быў у будынак велiзарнае пустое фабрыкi. Жаўнеры, змучаныя цэладзённым маршам, сядзелi на сьцюдзёных цэмэнтовых падлогах; i шмат хто хутка засынаў.

- Камандзер дывiзii! Дзе ён ёсьць? - пачуў Кушаль праз сон i раптоўна ўсхапiўся: - тут ёсьць!

Наступаючы ляжачым на ногi, падышлi да яго два амэрыканцы, адзiн зь iх перакладчык. Папрасiлi Кушаля ў штаб камандзера амэрыканскае дывiзii. Там беларускi падпалкоўнiк спаткаў i генэрала Мальцава.

Афiцэры бяз слоў замянiлiся паглядамi, у якiх выражалiся няпэўнасьць i неспакой. Амэрыканскi афiцэр, разгарнуўшы на стале карту, тыцнуў у адно месца пальцам.

- У гэтым месцы зараз-жа пастроiце вашу дывiзiю, - загадаў Кушалю. Тое самае, паказаўшы ў другое месца карты, кiлямэтры два воддаль ад першага, загадаў i Мальцаву. Гэты факт быў довадам для падпалкоўнiка Кушаля, што генэрал Мальцаў сапраўды вёў з амэрыканцамi перамовы ад iмя беларускай дывiзii, як зусiм асобнай ад сваёй.

Праз гадзiну часу, калi сонца ўжо нiзка сьхiлiлася на захад, дывiзiя "Беларусь" стаяла ў стройным парадку на вызначаным месцы. На правым крыле кожнага батальёну быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Ззаду за войскам дымiлi кухнi абозу. Гатавалi вячэру. Неўзабаве зьявiўся амэрыканскi маёр зь перакладчыкам. Кушаль скамандаваў на "зважай" i здаў яму рапарт. Амэрыканец уважна агледзеў дывiзiю й сказаў, што яна вельмi добра прэзэнтуецца. Пасьля таго загадаў падзялiць войска на групы па пяцьдзесят чалавек у кожнай дзеля заладаваньня на транспартныя машыны, што зараз пад'едуць.

- А абоз наш? - спытаўся Кушаль, паказваючы амэрыканцу на кухнi, вазы й конi.

- Застанецца тут як наша ваенная здабыча, - адказаў амэрыканец.

З гэтага адказу беларускi камандзер зразумеў, што маюць перавезьцi iх у лягер ваеннапалонных.

Калi войска заладавалася на аўтамашыны, што неўзабаве зьявiлiся, Кушаля пасадзiлi побач шофера ў самай пярэдняй. Калёна рушыла зь месца. Ехалi гадзiны тры. Ужо зусiм на зьмярканьнi заўважыў беларускi падпалкоўнiк на полi велiзарную грамаду народу. Гэта быў зборны пункт ваеннапалонных. Стаялi на мокрай сенажацi, месцамi аж па каленi ў вадзе й гразi. Навокал быў калючы драцяны плот. Былi тут жаўнеры розных нацыянальнасьцяў: немцы, вугорцы, славакi, сербы, расейцы, палякi, грузiны й iншыя. У гэтую загарадку загналi й беларусаў.

Гэтак на мокрай сенажацi ў абозе ваеннапалонных скончылася беларуская ваенная эпапея. Трыццатая дывiзiя, пераназваная пасьля ў дывiзiю "Беларусь", двойчы згуртавала вялiкiя масы беларускiх вайскоўцаў - першы раз каля Варшавы, другi раз у Баварыi. Памiнаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкаранiцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя iмкненьнi былi целам i душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчасьлiвай дывiзii: жаданьне служыць пакрыўджанай i паняволенай Бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваiх ворагаў. Хаця першаму iмкненьню ня суджана было зьдзейсьнiцца, беларускiя вайскоўцы да канца вытрымалi бяз кровапралiцьця за чужыя iнтарэсы.

На мокрай балотнай сенажацi каля Каму беларускiя ваеннапалонныя старалiся трымацца разам. З надыходам ночы кожны хацеў неяк прымасьцiцца й заснуць. Плецакi, шынялi й людзi вязьлi ў разьмешанай гразi. Уночы выпаў густы сьнег. Пакрытая бельлю зверху, празяблая зьнiзу шматтысячная маса людзей, хто седзячы, а хто скруцiўшыся ў клубок i прылёгшы, старалася заснуць.

Пад ранiцу падпалкоўнiк Кушаль прачнуўся ад нязноснае сьцюжы. Ськiнуў зь сябе цэлую гурбу сьнегу, цёр здранцьвелыя рукi й ногi. Нягледзячы на фiзычныя нявыгады, Кушаль быў у душы задаволены тым, што лёс наканаваў яму падзялiць долю сваiх жаўнераў да канца.

V

Адылi канец гэты быў пачаткам новага. Беларусы, што добраахвотна, бяз бою перайшлi да амэрыканцаў, надзеялiся, прынамсi, на людзкiя дачыненьнi цi неадкладнае атрыманьне вольнасьцi, забыўшыся, што заакiянскi гiгант па руках i нагах быў зьвязаны ўмовай са Сталiным. Умова абавязвала амэрыканцаў выдаваць бальшавiкам усiх вайскоўцаў зь сям'i паняволеных народаў, у тым лiку й беларусаў, што так цi iнакш апынулiся на баку тых, хто ваяваў за гiтлераўскую "новую Эўропу". Амэрыканцы, абуджэньне якiх перад пагрозаю бальшавiцкае небясьпекi мела прыйсьцi на колькi гадоў пазьней, старалiся ўмову са свайго боку ганараваць.

У першым зборным абозе ваеннапалонных каля Каму, куды акрамя беларусаў трапiла й дывiзiя Мальцава, людзi ў голадзе й холадзе цярпелi больш тыдня. Пагода была капрызная, маральна-духовы стан палонных - нiжэй нуля.

Аднаго дня пасьля абеду прыехала ў абоз дваццаць амэрыканскiх транспартных аўтамашынаў. Тым, што жадалi ладавацца для пераезду ў другi абоз каля Нюрнбэргу, выдавалi вельмi скупыя харчовыя пакеты. Нiхто нiкога ня строiў у калёны й не падганяў. Галодныя палонныя, каб здабыць колькi бiсквiтаў цi пушку фасолi, самi падыходзiлi да аўтамашынаў i заладоўвалiся. Гэткiм чынам, не пранюхаўшы наперад, куды яны лезуць, вялiкая часьць беларусаў, мiж iмi й афiцэраў, трапiла на першы этап падарожжа за другi бок "жалезнае заслоны".

У вялiзарным лягеры ваеннапалонных каля Нюрнбэргу жыцьцёвыя ўмовы былi яшчэ горшымi. Абоз, вельмi глiнiсты й гразкi, абстаўлены быў моцнай вартай. Людзi кешкалiся, мясiлiся ў глiне, тапталiся, каб не акалець з холаду. Перавезьлi сюды з-пад Каму адну часьць войска. Пасьля колькiх дзён накiравалi цягнiкамi пад Вюрцбург, а адтуль - пад Майнц.

У вялiзарным лягеры каля Майнца, за дратамi й пад моцнай аховаю, было ў гэты час звыш двухсот тысяч ваеннапалонных, сярод iх шмат немцаў - афiцэраў i радавых. Тут беларусам упершыню давялося сутыкнуцца са шчупальцамi маскоўска-бальшавiцкае гiдры. У абозе было колькi сотняў падсавецкiх грамадзян, некалi вывезеных немцамi на працу ў Нямеччыне. Пасьля капiтуляцыi, перад паваротам дадому, яны заангажавалiся на помач хаўрусьнiкам, насамперш бальшавiкам у пошуках i вылоўлiваньнi як цывiльных, так i вайсковых, што не хацелi вяртацца пад панаваньне Крамля. Гэтыя людзi, прагныя помсты над немцамi, жадаючы выслужыцца амэрыканцам i бальшавiкам, апраўдаць свае собскiя вялiкiя й малыя грахi перад "бацькам", былi свайго роду "капо"* ў адносiнах да палонных. Яны рабiлi ўсё, каб пагоршыць жыцьцё й долю зьняволеных. Iм памагалi ў гэтым жыды-перакладчыкi, што служылi амэрыканцам. Зьдзекi зь людзей выражалiся найбольш у выдачах харчаваньня. Адна баханка хлеба на сто чалавек, пара пудоў сырое бульбы, для гатаваньня якое выдавалi адну палачку дрэва гэткай зброяй змагалiся з палоннымi, каб канчаткова зламаць iхны супрацiў i завабiць у бальшавiцкую пастку. Людзi грызьлi сырую бульбу, хварэлi на жываты, больш рашучыя собскiмi рукамi адбiралi сабе жыцьцё. Шматлiкiя заламвалiся. Амэрыканцы празь перакладчыкаў пыталiся, цi жадаюць ехаць "на родину". Некаторыя ўважалi, што бальшавiзм ёсьць менш страшны вораг, чымся голад, i згаджалiся. Бальшыня ўсё-ж трымалася.

* У гiтлераўскiх канцлягерах гэтак называлi чалавека, выбранага зь лiку палонных, заданьнем якога было бiцьцё й падганяньне зьняволеных. Капо звычайна стараўся выслужыцца перад гаспадарамi i надта зьдзекваўся са зьняволеных.

Тых беларусаў, што, бачачы перад сабою кашмарную бальшавiцкую бездань, ня выракалiся свайго нацыянальнага iмя, можна й трэба ўважаць за гэрояў. Гэты гэраiзм мо большы за той, якi жаўнер выказвае ў баi. Там ён выкарыстоўвае, акрамя духовых, i свае фiзычныя здольнасьцi. Тут-жа, стоячы на парозе гiбелi ад голаду, чалавек адмаўляецца вырачыся свайго найдаражэйшага, што духова вяжа яго з народным целам: нацыянальнага iмя й гонару. Супраць яго, слабога й апаганенага, змовiўся, як выглядае, цэлы сьвет. Заходнiя хаўрусьнiкi, непаiнфармаваныя аб Беларусi, несьведамыя вялiкiх цярпеньняў i крывавых змаганьняў гэраiчнага народу, памагалi бальшавiкам заганяць ваеннапалонных беларусаў, што добраахвотна перайшлi на iхны бок, у маскоўскую пастку.

Былы камандзер батальёну ў дывiзii "Беларусь" капiтан Тамiла, народжаны ў Амэрыцы i ўзгадаваны ў Беларусi, што добра ведаў ангельскую мову, шмат разоў намагаўся тлумачыць амэрыканцам, што яны робяць велiзарную крыўду пакрыўджаным - фактычна iхным сапраўдным хаўрусьнiкам. Тамiлавы словы адбiвалiся аб глухiя вушы. Адганялi яго, як карова ўлетку ў часе сьпякоты адганяе назойлiвага авадня.

Пасьля доўгiх фiзычных i духовых выпрабаваньняў палонныя беларусы апынулiся ў абозе Рэн у Францыi, а адтуль перавезеныя былi пад Шэрбург. Тут цiск на неахвотных, каб вярталiся ў Савецкi Саюз, дайшоў да кульмiнацыйнага пункту. Пасланцы генэрала Голiкава, шэфа бальшавiцкае рэпатрыяцыйнае мiсii ў Парыжы, праводзiлi допыты й дзялiлi на жадаючых i нежадаючых павароту.

У Шэрбургу "возвращенцы" атрымалi амэрыканскiя "вiндбрэйкары". На плячах кожны меў намаляваную вялiкую чырвоную зорку. Iм дазволена было хадзiць удзень у горад, i людзi iх добра ведалi. Выкарыстоўвалi гэта пры спэкуляцыi на рынках. Ад "невозвращенцев" за ськiбку хлеба адкуплiвалi прыхаванае да гэтага часу самае цэннае й найдаражэйшае - гадзiньнiкi, пярсьцёнкi цi iншае й нажывалiся ў сотнi разоў. "Возвращенцев" вельмi добра кармiлi. Рассыцелыя й аж папухлыя ад раптоўнага прыплыву тлушчаў, яны зьяўлялiся вiдавочнай насьмешкай у вачох тых, што яшчэ трывалi й адмаўлялiся ад павароту ў рукi Сталiна. Было гэткiх у Шэрбургу звыш трыста чалавек. Iх пазнавалi лёгка па выдадзеных амэрыканцамi паласатых капялюшах, гэтак званых панамах, якiя мусiлi заўсёды насiць.

Зь беларускiх афiцэраў, больш ведамых, трапiлi ў Шэрбург наступныя: падпалкоўнiк Сокал-Кутылоўскi, колiшнi камандзер брыгады падчас Слуцкага Паўстаньня, капiтан Орсiч, старшы лейтанант Кушняровiч, старшы лейтанант Сурнiн, старшы лейтанант Сасiновiч, што жахлiва дрыжэў пры самой думцы, што пападзе ў бальшавiцкiя рукi, бо раней быў маёрам у Чырвонай Армii, старшы лейтанант Зьмiтро Стэльмах, два лейтананты браты Чырко i старшы лейтанант Мiхаль. У лiку афiцэраў было й колькi iншых, менш ведамых сярод беларускага агулу.

З найбольш ведамых расейцаў у групе быў насамперш сам генэрал Мальцаў, якi некалi давяраў амэрыканцам i прывёў сваю вялiкую дывiзiю ў iхныя рукi, ды маёр Бычкоў, раней два разы Гэрой Савецкага Саюзу. У Шэрбургу двух вышэйменаваных расейцаў i падпалкоўнiка Сокал-Кутылоўскага адзьдзялiлi ад рэшты афiцэраў як асаблiва важных. Трымалi над iмi спэцыяльную варту.

Наважыўшыся, што даволi цацкацца зь "невозвращенцами", заладавалi iх у заднiя тры вагоны чыгуначнага транспарту для перавозу ў бальшавiцкую зону Нямеччыны. Транспарт прыехаў у Айзэнах - першую станцыю ў савецкай зоне. Усiх загналi ў вялiкую гестапаўскую турму, дзе днямi й начамi трывалi допыты. Там апошнi раз бачылi Сокал-Кутылоўскага, Мальцава й Бычкова, якiх некуды вывезьлi.

Рупар на вялiкiм вязьнiчным двары абвясьцiў палонным, што "родина вам простила". Неўзабаве людзi паспыталi гэтага "прощения". Бясконцыя допыты, галадоўкi, зьдзекi, пабоi, i гэта ўсё, нягледзячы на тое, што НКВД мела ўжо дакладныя iнфармацыi й сьпiскi адносна кожнага палоннага, зробленыя яшчэ раней у Францыi. Гэтак сiта бальшавiцкае палiцыi перасейвала, перабiрала, дзялiла на групы. Пасьля пары месяцаў нешчаслiвыя людзi, якiх лёс у гэту гiстарычную пару паставiў мiж двух гiгантаў, што змагалiся на сьмерць i жыцьцё, дорага заплацiлi за давер да амэрыканцаў i за тое, што верылi ў недзе на сьвеце iсную справядлiвасьць. Сьляды iхных далейшых крокаў, для шмат каго - апошнiх крокаў жыцьця, сягоньня ўжо зацёртых, шукаць трэба пры сьценах бальшавiцкiх катоўняў, на вiсельнях цi ў халодных бязьлюдных прасторах мачыхi Сiбiры.

VI

Фiналам апiсаных у гэтым разьдзеле падзеяў трэба лiчыць не апошняй важнасьцi выпадак улетку 1945 года. Калi вецер разьвеяў-разьнёс дымы апошнiх ваенных пажараў, а над пакалечанай Эўропай запанаваў супакой, прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады Радаслаў Астроўскi зазiрнуў у малы баварскi гарадок, дзе адшукаў былога камандзера дывiзii "Беларусь". Мусiць, стараючыся прадбачыць новыя плынi й кiрункi пасьляваенных хваляў i вятроў, Астроўскi замянiў сваё прозвiшча на Крывiцкi.

Нельга сказаць, каб сустрэча Крывiцкага з Кушалем была радасная цi поцiск рук пры вiтаньнi быў надта моцным. Прэзыдэнт БЦР зь вялiкай цiкавасьцю слухаў пра лёсы беларускiх жаўнераў у апошнiя днi вайны й пра тое, як масы людзей выратавалiся, перайшоўшы да амэрыканцаў. Кушаль ня мог расказаць, дый сам ня меў вестак пра тое, як шматлiкiя выратаваныя iм вайскоўцы пасьля, дзякуючы помачы амэрыканцаў, трапiлi ў бальшавiцкiя рукi.

Перад выездам прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады пакiнуў гаспадару два дыплёмы, зьмест якiх падаецца.

Першы:

"Прэзыдэнт

Беларускай Цантральнай Рады

No 85/Прс Гэкстар, 2 лiпеня 1945 г.

ДЭКРЭТ

За мужны прарыў нямецкага фронту на лiнii Айзенштайн - Цьвiзэль дня 30-га красавiка 1945-га году 1-м беларускiм нацыянальным палком пад камандаю падпалкоўнiка Ф.Кушаля, гэтым надаецца Францу Кушалю ранга ПАЛКОЎНIКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.

Р.Астроўскi

Прэзыдэнт"

Другi:

"Прэзыдэнт

Беларускай Цантральнай Рады

No 86/Прс Гэкстар, 2-га лiпеня, 1945 г.

Камандуючаму БКА

Сп. Падпалкоўнiку Кушалю

ў Амбэргу

Гэтым сьпяшаюся выказаць Вам, Сп. Палкоўнiк, сваю глыбокую падзяку за ўсе тыя мерапрыемствы, праведзеныя Вамi ў часе памiж 10-30 красавiка г. году, якiя ўратавалi нашу дывiзiю "Беларусь" перад зьнiшчэньнем яе немцамi.

Адначасна за мужны прарыў Вамi нямецкага фронту дня 30 красавiка г.г. на лiнii Айзенштайн - Цьвiзэль надаю Вам рангу ПАЛКОЎНIКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.

З глыбокай пашанай

Р.Астроўскi

Прэзыдэнт"

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

БАЛЁНIЯ - ЛЁНДАН

ЗАРОДКI

I

Калi Вiктара Сянькевiча прыдзялiлi ў другую роту сёмага батальёну трэцяе дывiзii й адразу выклiкалi ў канцылярыю на рэгiстрацыю, юнак ня зьдзiвiўся. Ведаў, што пад гэтай "рэгiстрацыяй" трэба разумець допыт вайсковае дэфэнзывы ("двойкi"). Наогул Сянькевiч пасьля сваiх прыгодаў у Францыi, калi тры разы ўдалося ашукаць сьмерць, няшмат з чаго дзiвiўся. Жыцьцё сваё заўдзячваў перадусiм боскай дапамозе, а пасьля - спрытнасьцi ног i прыпадковасьцi. Тым, што ўдалося яму колькi разоў выратавацца ад расстрэлу, нiдзе надта не хвалiўся. Быў натуры сьцiплай i стрыманай. Адылi ў сэрцы заўсёды дзякаваў Богу за ратунак i мяркаваў, што не для зьбiваньня бiбiкаў на гэтым сьвеце тры разы амаль цудам захаваў сваё жыцьцё.

Можна было-б варажыць надвое: цi ў галаве ў Сянькевiча так рана пасьля прыбыцьця ў польскую армiю ў Iталii паўстала-б думка аб пякучай неабходнасьцi арганiзаваньня сваiх суродзiчаў, калi-б ня самi палякi, дакладней гаворачы, iхныя адносiны да беларусаў. Зусiм не падазраючы гэтага, якраз палякi прысьпешылi працэс афармленьня гэткiх думак ня толькi ў Сянькевiча, але i ў шмат каго яшчэ.

Перш за ўсё Сянькевiч прыгадваў бойку ў абозе каля Нэапалю, зараз пасьля прыезду з Францыi. Беларусаў было там больш за семдзесят. Зь iмi зьблiзiлася й трымалася разам жменька ўкраiнцаў. Беларусы былi больш-менш параськiданыя па цэлым абозе, але ў палатках жылi разам. Зразумела, карысталiся мiж сабою беларускай мовай i перад палякамi ня скрывалiся. Апошнiм надакучыла слухаць "хамскую" мову, й аднойчы вечарам група iх, добра падвыпiўшы, рушыла на палатку, дзе памяшчаўся Кастусь Дзежка зь iншымi былымi менскiмi кадэтамi, каб "даць кацапам". Бойка пачалася чаравiкамi, кулакамi, вайсковымi кацялкамi ды наогул усiм, што было пад рукамi. Трывала амаль паўгадзiны. Была выклiкана вайсковая палiцыя, i пару дзесяткаў людзей, бальшыня зь iх беларусаў, была пратрыманая ноч у вайсковым арышце. У вынiку колькi беларусаў кiнулася з аднаго агню ў другi: запiсалiся на выезд i былi адасланыя ў СССР. Бальшынi-ж, што засталася, адкрылiся вочы. Ведалi, чаго чакаць ад палякаў у будучынi.

Прыгадваў Сянькевiч i першыя допыты "двойкi" ў Ёляньдзе. Ужо даўно пагадзiўся з тым, што быў у палякаў на "чорным" лiсьце. Лiчыў гэта за гонар. Дый цi толькi ён быў на тым лiсьце. Амаль усiх iншых сяброў па колькi разоў цягалi й тлумачылi iм, што яны ня беларусы. Колькi-ж гэта каштавала нэрваў i вытрываласьцi, каб часам ня страцiць кантролю, не ўзлавацца ды ня кiнуць iм у твар лiшняга, чаго пасьля шкадаваць давялося-б. Пасьля-ж iзноў прыходзiла на памяць тая школа падхаронжых у Матэры, куды былi выслалi, патрымалi зь нядзелю ды назад у адзьдзелы парассылалi, ня прызнаўшы атрыманай беларусамi за часамi нямецкае акупацыi асьветы. Дык i цяпер, калi быў прыдзелены ў трэцюю дывiзiю й атрымаў новы выклiк на "рэгiстрацыю", Вiктар ня зьдзiвiўся.

II

У канцылярыi лейтананта Пшэрэмбскага, загадчыка батальённай "двойкi", пасярод прасторнага стала, заваленага ўсякiмi паперамi, ляжаў раскрыты пэрсанальны вайсковы сшытак Вiктара Сянькевiча. Шэрая вокладка яго была шмат больш зношаная, чымся ў iншых жаўнераў - ад частага карыстаньня. На гэтую, не апошняй вартасьцi дэталь Пшэрэмбскi насамперш зьвярнуў увагу. Вiдаць, што клiентам шмат цiкавiлiся й iншыя зь пэрсаналу "двойкi". Аб гэтым сьведчыла колькi лiсткоў густа запiсаных сьледчых дадаткаў. Лейтанант Пшэрэмбскi, уважна прачытаўшы iх, не знайшоў там нiчога асаблiвага, акрамя рутынных пытаньняў i адказаў ды шаблонных справаздачаў.

Пшэрэмбскi, што паходзiў зь сям'i польскага асаднiка ў Беларусi ды перад вайною яшчэ на службе дэфэнзывы шмат займаўся зь беларускiм элемэнтам, меў у гэтай справе набiтую руку. Ведаў народ i мову, кансьпiрацыйныя шляхi й дарожкi, мэтады працы й нацыянальную псiхiку. Розьнiца мiж Сянькевiчам i ягонымi суродзiчамi перад вайной, зь якiмi даводзiлася Пшэрэмбскаму мець справы, была ў тым, што раней лейтанант мог да падазроных прымяняць агульна-ўжываную, зьверху накiнутую формулу: абвiнавацiць iх у камунiзьме, у тым, што дзеяць на шкоду польскае Рэчы Паспалiтае, загадаць некаму з агентаў, каб падкiнулi намечаным асобам камунiстычную лiтаратуру, iншым агентам - каб ператрэсьлi й знайшлi яе, дый годзе. Справа была шыта-крыта, як кажуць.

Тут-жа, у армii, ды на чужыне, было зусiм iншае. Старыя мэтады й формулы мелi вартасьць леташняга сьнегу. Быў вайсковы карны кодэкс, былi палявыя суды. Для абвiнавачаньня чалавека трэба былi нейкiя яўныя довады. Iх не ставала. Камунiзм тут ня мог быць тым конiкам, што быў дома перад вайной. Бо калi-б прышпiлiлi камунiзм аднаму, дык трэба-ж было-б пасьля шукаць каранёў, галiнаў дый навокал розных парасткаў. Гэта-ж быў-бы поўны абсурд. Ды i, урэшце, што можна было закiнуць Вiктару Сянькевiчу? Нiчога канкрэтнага адносна нейкай канспiрацыйнай дзейнасьцi ня было. Хлапец быў "на воку", дый толькi. Так, прынамсi, вынiкала зь iншых сьледчых запiсак. Пшэрэмбскаму кiнулася ў вочы зусiм нешта iншае, што, як мог дадумацца, трывожыла й ягоных сяброў з "двойкi", якiя раней апытвалi юнака: прозьвiшча, веравызнаньне й нацыянальнасьць. Якiм чынам Сянькевiч дый каталiк мог быць беларусам? Гэтага лейтанант нiяк ня мог памясьцiць у галаве.

Пшэрэмбскi любiў лiтаратуру, асаблiва гiстарычную. Генрык Сянькевiч зь ягонай трылогiяй займаў некалi цэнтральнае месца ў ягоным дзяцiнстве. Прыпамiналася старая "бабця" на фальварку, што доўгiмi асеньнiмi й зiмовымi вечарамi чытала яму з тоўстых падношаных кнiжак школьнае бiблiятэкi. Уставаў перад вачыма бравурны й голасны буян Заглоба, пранырлiвы й адважны гэрой Кмiцiц ды цэлая галерэя iншых. Любiў некалi Пшэрэмбскi аж да забыцьця ўпiвацца духовымi сокамi польскае мiнуўшчыны, так, здавалася, проста й па-майстэрску адлюстраванай вялiкiм пiсьменьнiкам. Ня дзiва, што ў сэрцы ягоным для Сянькевiча захаваны быў цёпленькi куточак. I вось тут - на табе, проста цi не зьнявага да гэнiяльнага майстры: тое самае прозьвiшча, у дадатак i каталiк, дык пры чым-жа тут беларуская нацыянальнасьць? Не. Тут недзе й некiм была зроблена памылка. Калi так, дык ужо хто як хто, але ён, Пшэрэмбскi, напэўна, нейкi недагляд зможа выправiць.

III

У канцылярыю ўвайшоў малы ростам круглатвары бляндын.

- Вiктар Сянькевiч да пана лейтананта! - адрэкамэндаваўся, ёмка стукнуўшы падковамi чаравiкаў.

Юнак, як выглядала, быў зраўнаважаны й апанаваны. У ягоным спакойным, уталопленым у твар Пшэрэмбскага позiрку ня было анi ценю неспадзеўнае баязьлiвасьцi, што характэрная шматлiкiм людзям, якiм даводзiцца лоб у лоб сустракацца з гэтак званымi рукамi кары й справядлiвасьцi.

- Прашу, сядайце, - кiўнуў лейтанант на крэсла, спачатку добра вонкава прыгледзеўшыся да "загадкi". Ня зводзячы з хлопца вачэй i лянiвым рухам касматае рукi выстукаўшы попел з даўно патухлае люлькi, ён адвалiўся на сьпiнку крэсла.

- Ваша прозьвiшча Сянькевiч?

- Так, пане лейтанант.

- Па веравызнаньнi каталiк?

- Так.

- Дык чаму-ж вас тут запiсалi беларусам?

- Таму, што я такiм ёсьць, пане лейтанант.

- Вы мне хочаце сказаць, што вы каталiк i беларус?

- Я так сказаў, пане...

- Слухайце, давайце-ж паважна. Я ня маю часу на жарты. Вы самi ведаеце, што гэта абсурд: ня было-ж каталiкоў беларусаў у Польшчы.

- Былi, пане лейтанант.

- Як то?

- Навет па афiцыяльных дадзеных польскага цэнзусу з 1931 году было шэсьцьдзесят тысяч беларусаў каталiкоў.

- Я ня ведаю, дзе й хто вам гэта сказаў. Гэта няпраўда.

- Наадварот, праўда.

- Слухайце, "стшэльцу", я з вамi ня буду спрачацца. Вы лепш паслухайце маёй рады. Я бачу, што вы маеце асьвету, зьяўляецеся чалавекам зь iнтэлiгенцыi i дзеля таго, напэўна, зразумееце мяне. Да таго-ж i прозьвiшча ваша Сянькевiч. Знаеце, хто для палякаў быў Сянькевiч?

- Чаму-ж не...

- Коратка гаворачы, вы, будучы каталiком i маючы такое прозьвiшча, ня можаце ня быць палякам. Што вам дае вашая беларускасьць? Вы гэтым загараджваеце сабе ўсюды дарогу, дый толькi. А калi вы паляк, дык вам дарога ўсюды будзе адкрытая: i да авансаў, i да навукi, i да лепшай будучынi. Прымiце па-добраму маю раду й запiшыцеся палякам.

- Не магу, - цьвёрда адказаў юнак.

- Дык хто-ж можа?

- Пане лейтанант, цi-ж вы не разумееце, што гэта справа нацыянальнага гонару?

- Вы, як Сянькевiч, мусiце быць палякам!

- Як гэта мушу?

- Я думаў, што недзе была памылка. Можа, гэта вашае ваеннае ўзгадаваньне, можа, вам "бздураў" у галаву ў акупацыйных школах напхалi. Гэта-ж ня можа быць. Гэта проста несумяшчальна: Сянькевiч, каталiк i беларус! - з грымасай заключыў Пшэрэмбскi.

Беларускi юнак зь цiкавасьцю студыяваў заклапочанага лейтананта.

- Пане лейтанант, я цяпер узрослы чалавек. Ведаю, што гавару. Успрымайце, як хочаце. Адно нiколi ня пiшыце мяне палякам, бо я iм ня ёсьць.

- Добра. Вы хочаце быць упартым. Рабiце, як уважаеце. Я вам скажу адно: мы можам пастарацца, каб вас адаслалi ў савецкую Расею. Як гэта вам будзе падабацца?

- Калi вы пачуваецеся сябрамi бальшавiкоў, дык адсылайце.

Гэткага адказу Пшэрэмбскi нiяк не спадзяваўся. Яму аж голас заняло. На момант разгубiўся й ня ведаў, што на тое сказаць. Спачатку ледзь ня кiнуўся ў гiстэрычную злосьць, але ўмiг апанаваўся. Дзесьцi ў падсьведамасьцi голас падказваў, што юнак гаворыць праўду й добра адстойвае сваё. Навет узьнiкла iскра пашаны да яго.

Пшэрэмбскi спрабаваў зайсьцi з iншага боку, угаворваць лагодненька, спачатку адводзiць на бочнае, каб пасьля з супрацьлеглага боку падыйсьцi да галоўнага. Пытаўся пра матку й бацьку, пра мову, якой дома Сянькевiч карыстаўся, пра касьцёл, якi наведваў, на якой мове ў малiтвах з Богам размаўляў. Калi выявiлася, што ў польскай, папробаваў на гэтым факце мост доказаў будаваць, але калi зноў падышоў да галоўнага, упарты беларус адным сказам адрэзаў, што польская мова ў каталiцкiх касьцёлах на гэтак званых "Крэсах" яшчэ ня была доказам таго, што ўсе каталiкi былi палякамi. Наадварот, беларускiя вернiкi чулiся пакрыўджанымi, што ня мелi свае душпастырскае апекi. Для падмацаваньня Сянькевiч прыгадаў каталiкоў iтальянцаў, французаў i гiшпанцаў i, як здалося Пшэрэмбскаму, з пэўнай дозай кпiнаў запытаўся, чаму-ж iх усiх не запiсаць палякамi.

Давялося Сянькевiча яшчэ раз запiсаць беларусам. Пасьля прайшло некалькi малаважных рутынных пытаньняў, i юнака давялося адпусьцiць. Лейтанант Пшэрэмбскi павольнымi крокамi пачаў мераць пакой, спынiўся каля стала, аднатаваўна апытальным лiсьце, што трэба Сянькевiча трымаць "на воку", пару разоў голасна сказаў "пся крэў", адзiн раз навет плюнуў у сьметнiцу ды зрабiў пэўныя перастаноўкi ў сваiх дагэтулiшнiх паглядах адносна беларусаў.

IV

У студзенi 1945 году Вiктар Сянькевiч быў прыняты ў гiмназiю трэцяй дывiзii (ДСК), што знаходзiлася ў ваколiцах Форлi. Там, на сваю радасьць, сустрэў вялiкую групу былых менскiх кадэтаў. З супольных гутарак выявiлася, што й iншыя з ахвотаю падзялялi Вiктараву думку аб патрэбе ўтварэньня нейкае беларускае арганiзацыi. Вайсковы рэгулямiн* забараняў тварэньне ў войску якiх-небудзь гурткоў. Адно, што можна было рабiць - шукаць сяброў з колiшняе афiцэрскае школы ў Менску, трымаць зь iмi сталы кантакт ды вышукоўваць у чужой армii наогул усiх беларусаў. Гэтае павучыньне сувязi ў будучынi, калi-б умовы зьмянiлiся, паслужыла-б адразу базай да ўтварэньня арганiзацыi. Гэтым група студэнтаў-беларусаў зь гiмназii й пачала займацца.

* Статут.

Сянькевiч вельмi шмат часу прысьвячаў перапiсцы зь сябрамi. Па-за школьнай навукай карэспандэнцыя паглынала ўвесь ягоны час. Лiсты, якiя пiсаў, былi наогул сяброўскiмi й простымi зместам. Юнак ведаў, што польская дэфэнзыва трымае яго на воку. Намагаўся быць асьцярожным. Пасьля колькiх месяцаў лiставаньня колькасьць сяброў-карэспандэнтаў перавысiла 250 чалавек. Калi ўлiчваць, што зь iх кожны меў кантакт, прынамсi, з двума цi трыма беларусамi, дык лiк асобаў, зь якiмi Вiктар трымаў сувязь, перасягнуў 700.

Людзi з "двойкi" хутка зацiкавiлiся масавай карэспандэнцыяй Вiктара Сянькевiча. Спачатку адно назiралi. Адылi хутка ў пакой да Вiктара прыслалi новага жыхара. Быў гэта высокi, худы, зь сiнiмi вачыма бляндын. Назваў сябе Чманевiчам. Адно ў меру цiкавiўся Вiктаравай беларускасьцю i наогул стараўся быць карэктным ды, як кажуць, ня ступаць чалавеку на пальцы.

Аднойчы Вiктар спасьцярог, што недзе зьнiкла колькi ягоных лiстоў. Свайму новаму "сябру" нiчога не сказаў, але здагадаўся, што той iх "пазычыў", каб перадаць тым, што яго прыслалi. На другi дзень пiсьмы раптам вярнулiся на старое месца. Вiктара пакуль што нiхто нiкуды ня клiкаў. У пiсьмах нiчога ня было асаблiвага, апрача хiба таго, што былi пiсаныя па-беларуску. Сянькевiч мяркаваў, што "двойцы" чапiцца да яго за карэспандэнцыю ў беларускай мове было-б нязручна. Паклiкаў сяброў i расказаў iм аб выпадку зь пiсьмамi. Пастанавiлi быць больш асьцярожнымi, а карэспадэнцыю зьнiшчаць. Вiктар падаў сваiм карэспандэнтам цывiльны iтальянскi адрас.

Лейтанант Пшэрэмбскi зноў выклiкаў Вiктара. Цiкавiўся, чаму юнак атрымоўвае такую масу пiсьмаў. Беларус адказаў, што мае вялiкую колькасьць сяброў. Пшэрэмбскi зусiм недвузначна намякнуў, што было-б шмат лепш, калi-б колькасьць сяброў-карэспандэнтаў паменшылася.

У гiмназii пятае дывiзii (КДП) была iншая група беларусаў. Арганiзатарам яе быў прафэсар Гук, што выкладаў у школе гiсторыю, той самы, якi некалi экзаменаваў у Сан-Базыльё Вiктара Караткевiча зь беларускай лiтаратуры. У групе было колькi былых менскiх кадэтаў. Прафэсар Гук трымаў кантакт з групай старэйшых беларусаў, якiя, як i ён сам, прайшлi праз савецкiя канцлягеры.

Вясною 1945 года добразычлiвы ўкраiнскi сьвятар Пятрунчык дапамог прафэсару Гуку скантактавацца з групай Сянькевiча ў гiмназii 3-й дывiзii. Новая i самая асноўная нiтка кантакту мiж дзьвюма групамi была, зусiм зразумела, немалой удачай у iмкненьнi да беларускага арганiзацыйнага жыцьця й сталася прычынаю вялiкай радасьцi ў двух беларускiх асяродках. Падрыхтоўчая праца для агульнага арганiзаваньня беларусаў у польскай армii шпарчэй пайшла наперад.

Нягледзячы на перашкоды з боку вайсковых польскiх уладаў, сетка сувязi мiж беларусамi пачала пашырацца па ўсiм Другiм корпусе. Выдатна памагалi гэтаму й два беларускiя вунiяцкiя сьвятары з Рыма - а. Сiповiч i а. Гарошка. Зь лiку турыстаў-жаўнераў у Рыме яны вышукоўвалi i вылоўлiвалi беларусаў. У сьвятароў прыежджыя беларусы сустракалiся, даведвалiся аб iншых i дзялiлiся сваймi навiнамi. Памешканьне сьвятароў служыла базай, на якую зьляталiся ўсе да гэтага часу рассыпаныя сыны Беларускай зямлi. Празь яе замацоўвалi нiцi лучнасьцi. Сюды не сягала вока польскае "двойкi", тут можна было ўволю й ад сэрца пагаварыць пра балючыя для ўсiх праблемы.

Акцыя зьбiраньня пайшла наперад яшчэ хутчэй, калi ў Парыжы пачала выходзiць газэта "Беларускiя Навiны". Гэта быў першы праменьчык надыходзячага прадвесьня. Для змораных духова беларусаў, што насiлi мундзiры хаўрусьнiцкiх жаўнераў, яна была ня толькi газэтай, але апорай i сымбалем. Быў навязаны ў Парыжы кантакт зь сябрамi Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi, перадусiм-жа з самiм старшынёй Рады БНР - iнжынерам Мiколам Абрамчыкам. Гэткiм чынам выгнанцы з паняволенай Бацькаўшчыны палажылi на чужыне зруб пад першую пасьляваенную нацыянальную грамадзкую арганiзацыю.

4 сакавiка 1946 года ў горадзе Модэна, на поўнач ад Балоньi, 5-я дывiзiя арганiзавала кiрмаш "Казюка". Беларусы ўмела выкарысталi нагоду, правёўшы там канфэрэнцыю беларускiх асяродзьдзяў трэцяй i пятай дывiзiй. Устаноўлена была тактыка дзеяньня й падзелены ролi. Кiраўнiцтва абодвума асяродкамi ў армii было даручана прафэсару Гуку. Ад гэтага часу асаблiвая ўвага зьвернутая была на праваслаўныя багаслужбы па адзьдзелах армii, дзе найлягчэй было выявiць беларусаў. Хапала адно прыслухацца да гутаркi цi польскага акцэнту, каб пад вайсковай вопраткай адшукаць беларускае сэрца. Выяўленьне беларусаў шпарка йшло наперад.

Транспарт "Беларускiх Навiнаў" з Парыжа дастаўляўся ў Рым, адтуль беларусы-вайскоўцы развозiлi iх па адзьдзелах. Намагалiся абмiнаць "двойку" й вайсковую пошту. Карысталiся цывiльнымi адрасамi прыязных iтальянцаў. Якая-ж велiзарная была радасьць атрымаць сьвежую беларускую газэту, асаблiва для тых, хто, прайшоўшы празь Сiбiр i бальшавiцкае пекла, ня мелi нагоды чытаць па-беларуску ад 1939-га году.

Мацавалася, расло й буйнела, такiм чынам, на чужыне першае арганiзаванае беларускае цела. Адно не ставала яму афармленьня, якое прыйшло крыху пазьней зь пераездам у Вялiкую Брытанiю.

ПАДАРОЖЖА СЫМОНА СПАРЫША

I

Зьвяз "кар'ераў" чацьвёртае роты семнаццатага батальёну разьмясьцiўся ў багатага фармара. Часьць войска начавала ў вялiкiм i пустым, прыбудаваным да хаты, трысьцене. Iншая памяшчалася ў палатках. Дзякуючы празорлiвасьцi колькiх жаўнераў, што яшчэ пад час акцый на фронце панацягалi таго-сяго з розных хатаў ды вазiлi ў "кар'ерах", пасьцеляў i iншага гаспадарскага дабытку было ўволю. У гэтым жаўнеры зьвязу былi больш шчасьлiвыя, чымся тыя, што ня мелi свайго транспарту. Усё, што не спатрэбiлася самiм, прадавалi.

Лячылi ваенныя раны. "Лячэньне ранаў" ужываем тут у пераносным значэньнi. Як прыгадвалася раней, у зьвязе на фронце было адно чацьвёра забiтых. Ня было цяжка параненых, якiя патрабавалi-б мэдыцынскай i шпiтальнай апекi. Лячэньнем ранаў быў адпачынак. Трэба было перадыхнуць ад вялiкай буры, якую кожнаму давялося перажыць, падзялiцца ўражаньнямi, падмацавацца фiзiчна. Найбольш часу й трацiлася на тое мацаваньне. Хiба што й слова "мацаваньне" ня зусiм трапнае, бо хiба-ж людзi мацуюцца алькаголем? А яго-ж якраз найбольш i спажывалася цяпер, дый ня простага "б'янка" цi звычайнага фармарскага "россо", а розных лiкёраў, што куплялiся ў Балёнii. У горад езьдзiлi часта, амаль штодня, бо за транспартам ня было затрымкi. Адны ехалi пагуляць, iншыя тое-сёе прадаць на чорным рынку ды купiць напiткаў.

I грошай было ўволю. Пасьля франтавой акцыi прыйшоў загад, каб усе падавалi свае матэрыяльныя страты з часу баёў. Пад "матэрыяльнымi стратамi" разумелася насамперш вопратка й абутак ды ўсякi вайсковы рыштунак. Гэтак кожны стараўся падаць як найбольшую лiсту стратаў, якiх у сапраўднасьцi зусiм ня было. Наадварот, дзе як дзе, а ў зьвязе "кар'ераў" быў прыбытак. Багаж ваенных здабычаў, перавожаных зь месца на месца з прычыны немагчымасьцi адразу iх збыць, уключаў такiя рэчы, як дарагiя хатнiя дываны, сталовае серабро, розную бiжутэрыю. Цяпер-жа адкрывалася магчымасьць прыдбаньня зусiм новых i поўных камплектаў вайсковае вопраткi й абутку. Кожны падаваў максiмальны лiк "страчаных" на фронце рэчаў. Камандзеры ня толькi глядзелi на гэта праз пальцы, але й самi тое-ж рабiлi. Выдаткi-ж пакрывалiся зь кiшэняў ангельскiх, а ня польскiх падаткоўцаў. Дык i чаму-ж не скарыстаць?

- Хiба-ж не за iх ваявалi? Яны-ж i так нас у Ялце Сталiну прадалi, здраднiкi! - Гэтак апраўдвалiся тыя, што наогул лiчылi патрэбным знаходзiць нейкае апраўданьне. Большасьць-жа бяз лiшнiх цырымонiяў i разважаньняў проста карыстала з нагоды. Гэткiм чынам таўсьцелi кiшэнi iтальянскiх спэкулянтаў у Балёнii й iншых гарадох, дзесяткi тысячаў жыхароў Апэнiнскага паўабтоку насiла "батледрэсы" й цяжкi вайсковы абутак, а жаўнеры мелi грошы на алькаголь i жанчын. Да таго-ж i надта прыгожая (сказаў бы нехта - боская) пагода спрыяла таму "мацаваньню". Як-жа было ня жыць!

Старэйшыя ваякi, што прайшлi праз ваенны агонь ад падноска ўверх па халявiне iтальянскага боту, звычайна, пахмялiўшыся, прыгадвалi самыя розныя ваенныя прыгоды.

- Помнiш, як нам горача давялося пад Порто Рэканацi? - пачынаў адзiн, сербануўшы добры глыток алькаголю.

- А пад Осiмо... - не заставаўся ззаду, каб выказацца гэроем, другi.

- Нiдзе такога вы ня бачылi, як мне ўляпiлi пад Прэдапiё, калi я з "кар'ерам" папаў у самую гушчу швабскiх пазыцыяў...

- А цi-ж вы забылiся пра Губiё?

Гэткiм ладам пачыналася няскончаная тэма. Малявалiся самыя пiкантныя дробязi баёў, якiя маглi быць, i гэройства, якога ня было; нiколi нiхто ня прыгадваў аб страху, якi апаноўвае амаль кожнага жаўнера пад час вялiкiх выпрабаваньняў. Прыпiсвалiся сабе бязьмежная адвага, хiтрасьць i вынаходлiвасьць. Расла слава ў меру пусьценьня алькагольных пляшак i множылiся тузiнамi гэроi.

Звычайна пасьля рэляцыяў аб ваенным гэройстве пераходзiлi да адвечна старой i вечна новай тэмы аб жанчынах. Тут ужо больш выхвалялi ня гэройства, а вытрываласьць. Выхвалялiся й параўноўвалi тыпы й прыгаство розных сустраканых ня толькi ў Iталii, але i ў Афрыцы й Азii жанчын. Ня ведаючы, хто гаворыць, слухач збоку мог-бы ўявiць памылкова, што чуе гутарку нейкiх арабскiх шэйхаў цi пашоў - валадароў вялiкiх гарэмаў. Аб якiх-жа тонкасьцях артыстызму каханьня толькi не распавядалася!

Характэрнае палякам перабольшваньне й перабiраньне ва ўсiм меркi тут мела самыя цьвёрдыя правы грамадзянства. Тое, што магло-б быць недаравальным у iншых, скажам, мiрных абставiнах, тут прымалася за нармальнае й штодзённае. Як-нiяк гэтыя-ж людзi, як прывыклi гаварыць у Беларусi, "не з аднае печы хлеб елi".

Пасьля шматразовага паўтараньня тых самых гiсторыяў аб гэройстве ды аб здабычах на фронце амораў па нейкiм часе лгуны самi станавiлiся першымi ахвярамi собскае маны. Былi ўжо няздольнымi адрознiць праўду ад хлусьнi, фактаў ад фантазii.

II

Сымон Спарыш трымаўся ад "гэрояў" збоку. Ня тое каб ня мог зь iмi зжыцца. Проста ня лiчыў патрэбным. Мяркаваў, што ў роце быў часовым госьцем, што будучыня прынясе нейкiя магчымасьцi iншых выбараў - цi то прадаўжэньне цывiльнае навукi, цi проста вайсковага шкаленьня. Людзi былi для яго чужымi як нацыянальнасьцю, так i рознымi зацiкаўленьнямi.Тыя-ж, убачыўшы, што хлапец быў маўклiвы, звычайна павольны й задумлiвы, вырашылi, што навiчок быў проста нейкiм дзiваком, i глядзелi на яго як на непрыналежнага да цясьнейшай кампанii. Iншыя, што менш ведалi Сымона - бо не маглi-ж яго пазнаць за кароткi час сумеснага жыцьця, - думалi, што юнак быў слабаадукаваны дый наогул маларазьвiты. Прыблiзна такога пагляду трымаўся й камандзер зьвязу. Быў гэта малажавы афiцэр, наскрозь франтавiк. З жаўнерамi жыў па-сяброўску й адносiўся да iх больш як да калегаў, чымся як да падуладных. Магчыма, ад гэтых "гэрояў" i пераняў ён пагляд адносна Сымона.

Быў прыгожы вечар пад канец красавiка. Сонца хiлiлася на захад. Шмат хто з жаўнераў, як звычайна, асушваў пляшкi. Iншыя сядзелi пры фронце хаты ды назiралi, як фiгурная гаспадарова дачка мыла пры калодзезi бялiзну, гадаючы, чаму ў яе кароткая спаднiца й цi лёгкiя подзьмухi ветру падымуць яе наступным разам на пядзю цi дзьве вышэй каленяў. Камандзер зьвязу вярнуўся з паездкi да камандзера роты на суседняй фэрме i, зайшоўшы ў трысьцен, доўга гаварыў зь людзьмi. Чулiся сьмех i жарты. Нейкi чароўны дзявочы галасок з грамафоннай кружэлкi, нядаўна прыдбанай Кашыбандам, захлiпаўся мелёдыяй раманса "Бона ноттэ".

Камандзер зьвязу паклiкаў у трысьцен Сымона.

- Прыйшоў загад вам ехаць у Ангельшчыну ў школу падхаронжых панцырнай зброi, - пачаў бязь нiякiх прадмоў афiцэр.

Сымон вытарашчыў вочы, глядзеў то на афiцэра, то на iншых падхмеленых сяброў i забыўся пра язык. У галаве мiльганула думка, цi не наважыўся лейтанант на якi няпрыемны жарт.

- Пане лейтанант, вы не жартуеце? - спытаў нарэшце. - Я-ж не прасiўся й не складаў заявы ў нiякую школу.

- Маеце сярэднюю асьвету?

- Маю.

- Вось пiсьмовы загад, што прыйшоў з батальёну ў роту, - пры гэткiх словах афiцэр падаў Сымону паперку, - захапiў яго, каб паказаць вам, бо думаў, што можаце не паверыць.

Юнак хуткiм зрокам прабег зьмест паперкi. Памылкi ня было. Ён, Сымон Спарыш, разам зь нейкiм Кiршнэрам меў першага траўня быць гатовы да выезду ў Ангельшчыну, каб паступiць на школу падхаронжых панцырнай зброi. Загад быў падпiсаны камандзерам батальёну, згодна з загадам камандзера брыгады. Разьвеялiся ў юнака сумлевы. Прачытаўшы, паволi палажыў паперку на стале перад лейтанантам.

- Ну, як? Што вы на гэта?

- Што-ж магу сказаць, пане лейтанант... загад - загадам. Трэба будзе ехаць.

- Заўтра рыхтуйцеся ў дарогу. Заглянiце да гаспадарчага падафiцэра. Ён скажа, што маеце з рэчаў здаць, а што затрымаць пры сабе. Пакiньце сваю зброю - яна вам больш непатрэбная.

- Так ёсьць, пане лейтанант! - адсалютаваў Сымон i выйшаў за напоўадчыненыя засовачныя дзьверы трысьцену. Спынiўся й задумаўся над такiм нечаканым выпадкам, што мог зьмянiць усю ягоную вайсковую кар'еру.

- I цi-ж ня дзiўна, што цяпер пачалi ўжо такiх у школу падхаронжых браць? - пачуўся з-за прачыненых дзьвярэй трысьцену голас зь вялiкiм нацiскам на "такiх".

- Мусiць, бяруць ужо й такiх, што толькi друкаванае патрапяць чытаць, адказаў поўны iронii голас лейтананта. Iншыя засьмяялiся.

Сымона. як быццам жыгалам хто джгнуў. Адкуль-жа лейтанант здабыў аб iм такую думку, калi не ад гэтых п'янiцаў? Ён жа навет i ў акцыi пры чужой роце з "п'ятам" быў. Ясна, што афiцэр ня мог ведаць анi ягоных здольнасьцяў, анi ведаў, анi як чалавека. Значыцца, тыя "гэроi-анткi", як у думках заўсёды называў iх юнак-беларус, увялi тое-сёе афiцэру ў вушы. Дык вось якiя яны былi! I цi не нацыянальнасьць тут прычынай?

Хлапец далей ня прыслухоўваўся, а павольнымi крокамi пачаў шпацыраваць вокал хаты. Калi да гэтага часу быў няпэўным, цi добра зрабiў цi не, пачуўшы й так раптоўна згадзiўшыся на той загад, што быццам неспадзяваным перуном звалiўся зь неба, то цяпер гэта размова аб iм у трысьцене канчаткова пацьвердзiла, што даў сваю згоду недарэмна. Мог-жа й адмовiцца. За гэта-ж не пакаралi-б. То-ж ня быў загад у бой iсьцi, якi сьлепа трэба было выконваць. Зрэшты, й чаму-б не паехаць? Хто ведае, цi тая ваенная навука спатрэбiцца цi не, але-ж краiна (вось дзе цымус цэлае справы), краiна, куды яго накiроўваюць... Гэта-ж - Ангельшчына. Там-жа шмат чаго пазнаеш, навучышся акрамя ваеннага. Хаця-б сабе проста задаволiць цiкавасьць i зьведаць гэтую цiкавую краiну, пазнаць народ, аб якiм так шмат чуў, чытаў i якога здалёк залiчаў да больш вартасных, чымся палякаў. Вось у чым цэлая справа. Дык ясна, што варта ехаць. Бязумоўна.

"Дык вось-жа скулу вам у бок, пшэкi вы, - адказваў Сымон у думках тым, у трысьцене. - Наўмысьля паеду. Вы зайздросьцiце й таму на мяне розныя недарэчнасьцi выдумляеце. Што-ж маю рабiць? Пiць ды па бабах лазiць з вамi, жулiкi?"

Гэткi выснаў зрабiў Сымон Спарыш адносна свайго выезду ў ваенную школу ў Ангельшчыне.

III

Кiршнэр, якога Сымон сустрэў, прыехаўшы ў батальён, аказаўся вышэйшым ростам, хударлявым, гарбаносым, вельмi гаваркiм бляндынам. Паходзiў зь Львова, аб чым сьведчыла й раптоўнасьць ды прыцiсканьне некаторых складоў у гаворцы. Спачатку Сымон думаў, што быў ён жыдком, але гэта не адпавядала праўдзе.

- Ага, то пан з чацьвёртае роты, пане кохасю, - аглядаючы Сымона, гаварыў львавяк, - дасканала, вельмi прыемна. А пан даўно складаў заяву ў школу?

- Зусiм не складаў.

- Як? Дык што-ж пан, пане кохасю, тут робiце?

- Загадам накiравалi.

- Як, як? Загадам? Што пан кажа, пане кохасю? Банальнае гэта ўсё, банальнае, кажу пану. Як то маглi пана загадам от так проста...

Сымон нiчога ня бачыў у тым банальнага. Кiршнэр асаблiва любiў тое слоўца й часта, дзе трэба й ня трэба, iм карыстаўся.

- А пан адкуль, пане кохасю?

- Зь Вiленшчыны.

- Знаў я, знаў, пане калега, многа палякаў зь Вiленшчыны. Яны так павольна й сьпеўна размаўляюць. Характэрнае гэта сьпеўнае вымаўляньне й расьцягваньне мовы для палякаў зь Вiленшчыны, пане кохасю...

- Я не паляк...

- Не?

- Беларус.

- Бялорусiн, пан повяда? Банальнае то, банальнае...

- Што-ж у тым банальнага?

- То значыць - я хацеў сказаць, што вельмi ладнае то ўсё, што пан бялорусiн. Спатыкаў я многа бялорусiнаў у польскiм войску. Ёсьць i ў нашай роце, меў знаёмых i ў iншых адзьдзелах. Там, на Вiленшчыне, мусiць, многа было бялорусiнаў?

- Бальшыня.

- Як то бальшыня? Не разумею, пане калега.

- Больш, чымся палякаў.

- Так? Цяжка верыць, пане кохасю. Польская статыстыка з 1931-га году запэўнiвала нас, што там больш як семдзесят пяць працэнтаў палякаў. Чаму-ж тады вы кажаце, што бальшыня бялорусiнаў, пане калега?

- Польская статыстыка, апрача шматлiкiх праваслаўных, падала палякамi ўсiх нашых каталiкоў. Яна далёка разьмiнулася з праўдай.

- Co pan powiada, panie kochasiu... Jak Boga kocham, nie wiedzialem tego, nie wiedzialem. Pikantny z pana typ, panie kolego. Тwierdzi pan, zе nа Wilenszczynie Вialorusinow wiekszosc i ze раnа rozkazem na podchorazowke wystael... Нm... Ваnalne to wszystko, banalne conajmniej, panie kolego...*

* Што вы гаворыце, пане кохасю... Магу пабажыцца, я гэтага ня ведаў, ня ведаў. Пiкантны вы тып, пане калега. Вы кажаце, што на Вiленшчыне беларусаў большасьць. I што на ваш загад сталi ўсе пад сьцягам... Гм... Банальна, гэта ўсё банальна, пане калега... (польск.)

Кiршнэр малоў бесьперапынна, быццам тыя сялянскiя жорны, й цмокаў ад зьдзiўленьня шырокiмi вуснамi там, дзе ня было чаму дзiвiцца. Сымону гэты палячок выдаўся сапраўды "банальным", калi ўжыць ягонае-ж любiмае слоўца. Сам стаўляў сабе пытаньнi, быццам накiраваныя да субяседнiка, i тут-жа зараз сам стараўся на iх адказаць.

У пераходным абозе каля Форлi чакалi цэлы наступны дзень. Прыехала больш кандыдатаў у школу, перадусiм - уланаў з кавалерыйскiх палкоў. Трое зьявiлiся з дванаццатага палка Ўланаў Малапольскiх, пару чалавек зь нейкага Палка Швалежэраў, пару яшчэ аднекуль. На Спарыша й Кiршнэра як пехацiнцаў глядзелi яны неяк звысоку, з той ужо даўно прынятай i традыцыйнай у iхных адзьдзелах пагардай да пяхоты, да "шэрага пехура", як маўлялi. Кiршнэр са сваёй хуткай разнамоўнасьцю i аж залiшняй балбатлiвасьцю хутка праламаў лёд i ўсiх амаль парабiў сваiмi "калегамi". Сымон, як i заўсёды, больш прыглядаўся й прыслухоўваўся ды трымаўся збоку.

IV

Кандыдатаў заладавалi ў кузаў трохтоннага "бэдфорда", яны ўселiся на бочных лаўках, а пасярод разьмясьцiлi свае клункi. Самы найстарэйшы, чэрствы з выгляду капрал быў вызначаны камандзерам групы. Кузаў, накрыты сьпераду й зьверху плахтай, адкрылi каля кабiны, каб вецер разганяў духату ўсярэдзiне. Дарога мела быць доўгая.

Стары сiваваты шафёр быў надта спрактыкаваны ў сваiм рамястве й гнаў машыну найменш па дзевяноста кiлямэтраў у гадзiну. Перад вачыма хутка прасоўвалася панарама прыгожай, вясной прыбранай краiны. Мiнулi званую залатой i славутую колiшняй вольнасьцю для мастакоў Фларэнцыю, даўгi й старажытны мост на Арно. Асфальтавая стужка шашы круцiлася й вiлася вужакаю мiж зялёных вiнаградных i садовых узбоччаў ды парыжэлых шчытоў Апенiнаў.

Пад'яжджаючы да Арэццо, увязьлi ў вялiкiм натоўпе на вулiцы. Надрываўся гудок аўтамашыны, стараючыся зрабiць канал у людзкой масе. Сьвяткавалi тут канец вайны ў Iталii. Людзi махалi рукамi й усьмiхалiся жаўнерам. На шэрых мурах будынкаў чырванелiся напiсаныя рукамi палiтычных агiтатараў клiчы. Цiкава, цi дзе ў iншай краiне Еўропы было пасьля вайны выкарыстана на пэцканьне розных клiчаў на мурах столькi чырвонай фарбы, як у Iталii.

- Глядзi, глядзiце! - паказаў на вялiкую сьцяну адзiн з уланаў. "Няхай жыве Ленiн!" - гаварылi вялiкiя чырвоныя лiтары, а побач цэлы мур цьвiў сярпамi й молатамi.

- Вось-жа й дурны макароньнiк! Навет не парупiўся даведацца, што камунiстычны прарок ужо даўно здох!

У натоўпе, акрамя нацыянальных iтальянскiх сьцягоў, лапаталi ў лёгкiм ветры й чырвоныя, бальшавiцкiя, зь сярпамi й молатамi.

- Паглядзiш на гэту цёмную масу й часта маеш уражаньне, што ў Расеi знаходзiшся. Калi-б не запярэчваў гэтаму краявiд i людзi...

- Пры такой галiце няма й дзiва. Зрэшты, ад фашызму Мусалiнi да камунiзму мосьцiк вялiкi будаваць ня трэба.

- Цiкава, цi заходнiя хаўруснiкi зьвярнулi на гэта ўвагу.

- Хто як хто, а Сталiн-то ўжо, напэўна, пра iх не забыўся.

- Скурчыя сыны, макароньнiкi праклятыя!

Наогул агульнай гутаркi было мала. Перашкаджаў гэтаму хуткi рух i гул машыны. Мясьцiнамi, дзе асфальтавая дарога была пашкоджаная й засыпаная жвiрам, аўтамабiль уздымаў за сабою вялiкi слуп пылу, што густа асядаў на прыдарожную зелень цi шэрыя будынкi. Дарога паўколам абагнула слаўнае ў гiсторыi з Ганiбалавай перамогi над рымлянамi Тразiменскае возера й праз Пэруджу, Асiж i Тэрнi зноў павярнула на поўдзень. У меру прыблiжэньня да Вечнага Гораду рух на шашы павялiчваўся. Найбольш было вайсковых транспартаў, часта мiналi цывiльныя iтальянскiя аўтобусы, а ўжо зусiм рэдка траплялiся прыватныя аўтамашыны.

На захадзе сонца Рым усьмiхнуўся вежамi сьвятыняў i сьветла-шэрымi камянiцамi. Быццам збор цацак са сьветлай слановай косьцi, раськiнуўся ён у далiне, перарэзаны вужакай Тыбру. Велiчны купал ватыканскай сьвятынi, быццам той паважны й ганаровы гаспадар, паглядаў з цэнтру на тое вялiкае скупленьне сьвятыняў, палацаў, руiнаў, а па бакох места - высокiх жыльлёвых будынкаў. Воддаль сонца песьцiла млявы шэра-блакiтны зарыс Апэнiнаў.

Цi прычынай старажытнасьць i слава Вечнага Гораду, цi тое, што "ўсе дарогi ў Рым вядуць" - нейкiм урачыстым i нявызначаным уздымам жыве чалавек, мiнаючы старажытную браму гораду. Зацiкаўлены намагаецца адшукаць утоены зьмест i адпячатак гiсторыi ў кожным сустрэнутым аб'екце, дагледзець у кожным камянi сэнс колiшняй магутнасьцi - у застылых суровых поглядах помнiкаў, у даламiтах i мармуры, адцыфраваць мiнулае ў зьедзеных часам i адноўленых старажытных сьвятынях. Воддаль налева высiцца Калiзей, й на шырокай плошчы талопiцца дзесь удаль вялiкi помнiк Вiктару Эмануэлю. Над фантанам застыў у каменi Нэптун, а на iншай плошчы сурова пазiрае бронзавы Марк Аўрэлiй. Таўкуцца па тратуарах грамады iтальянцаў, часта мiж цывiльных зелянiцца вайсковая вопратка. Вулiца бяжыць уздоўж Тыбра. За ракой адкрываюцца воку шырокiя брамы й вялiчэзны пляц Ватыкану. Толькi цяпер, прыгледзеўшыся зьблiзу, падарожны ўяўляе памеры сьвятынi Пятра й сталiцы каталiцкага сьвету. Сонца залоцiць круглы купал сьвятынi, i ўжо ў засенi ягонага ценю хаваюцца фiгуры апосталаў над высокiмi калёнамi.

Аўтамашына скручвае направа цераз мост на Тыбры й лезе на ўзгорак. Тут, абгароджаны высокiм драцяным плотам, знаходзiцца пераходны вайсковы абоз. Чаму абгароджаны дротам? Гэта-ж не абоз палонных. Адказ на гэта знаходзiце, убачыўшы вялiкую групу цывiльных, пераважна жанчын, некаторых з дзецьмi, што чакаюць пры галоўнай браме абозу. Гэта - рымская бедната, што чакае нагоды, каб падабраць крошкi з вайсковых сталоў. Гэта - нашчадкi тых самых плябэяў, што калiсь насычвалiся вiдовiшчамi катаваных Неронам хрысьцiянаў i што пасьля самi падхапiлi й разнесьлi па ўсiм сьвеце хрысьцiянскае слова з катакомбаў. Як тады, так i цяпер выцягваюць яны па хлеб рукi, як калiсьцi, так i сяньня прадаецца за грошы рымская дзявочая краса. Для iх мала што зьмянiлася. Былi калiсь на дне й засталiся сяньня. Таму й абгарадзiлi калючым дротам колькi баракаў пераходнага вайсковага абозу.

V

Рым тулiўся яшчэ ў засенi ранiцы, калi машына мчалася ўжо па Вiя Аппiя. Дзьве трацiны дарогi з-пад Балёнii ў Нэапаль ужо засталося ззаду. Аўтамабiль выбiрае дарогу на Касыно, каб яшчэ раз кiнуць вокам на мясцовасьць, дзе бушавала найгоршае пекла Другое сусьветнае вайны й дзе сьмерць скасiла тысячы сыноў беларускай, украiнскай i польскай земляў. Ужо пад'яжджаючы да кляштарнай гары з поўначы, хаця ня бачыш яе яшчэ, навокал сустракаеш кучы каменьня П'едымонтэ. Гэта калiсьцi былi хаты. Гляньце - вунь тырчыць сярод руiнаў руля разьбiтай нямецкай "пантэры"... Направа каля дарогi на раўнiне спачываюць абгарэлыя жалезныя дамавiны амэрыканскiх "шэрманаў". Там-сям сярод рознага ламацьця й папялiшчаў вiдаць пераедзеныя ўжо iржой амунiцыйныя скрынкi й лускi снарадаў.

Машына затрымоўваецца ля самага падножжа кляштарнай гары. Шафёр вылазiць з кабiны i, выцiраючы на твары пот, разглядаецца. З кузава выскокваюць i, топчучыся на месцы, распрастоўваюць ногi пасажыры. Разглядаюцца. Навокал нейкая магiльная цiшыня.

- Тут калiсьцi быў гарадок Касыно, - няведама каму паясьняе сiваваты дзядзька шафёр, паказваючы на кучу злому, цэглы й рознага ламацьця на правым баку шашы. - Зраўнялi зь зямлёю.

Вока блукае па руiнах. Пара старэнькiх жанчынаў поркаецца ў руiнах. Цяжка адрознiць, дзе былi будынкi. Там-сям ужо павылазiла наверх пустазельле. Нехта ў адным месцы зьляпiў похапкам нейкую будку. Мо якi жабрак цi пустэльнiк. Кляштарная гара панура ўталопiлася ў кучу руiнаў ля ейнага падножжа. Даволi высокая яна й зусiм недаступная з гэтага боку. На самым версе выстаўляе ўверх пацямнелыя абсмаленыя пальцы шкiлет кляштара. Зьнiзу выдаецца ён маленькiм, мiтычным i нерэальным. Можа, i ўся гiсторыя аб тым вялiкiм пекле - гэта сон? Мо й ня было тут нiякага кляштару й сьвятынi? Можа, не загiнулi тут тысячы людзей з народаў цэлага сьвету?

Вось - жывыя сведкi. Яны тут бралi ўдзел, некаторыя былi раненыя, пакiнулi на палях сьмерцi сяброў, блiзкiх, мо й родных.

- Там, збоку - далiна сьмерцi, - тлумачыць голас. - Немцы не давалi магчымасьцi падбiраць трупаў. Сьмярдзела на цэлую ваколiцу. Усялякая насякомая зараза жывiлася сьвежай крывёю й людзкiм мясам. Санiтары цi не санiтары немцы бiлi па ўсiх. Толькi ўпоцемку старалiся адшукваць раненых, i то нельга было схавацца пад асьвятляльнымi ракетамi...

Глядзiш на поўдзень i дзiвiшся. Абаронцы Монтэ Касыно мелi дасканалы абстрэл на колькi кiлямэтраў у прасторным сэктары. Глыбока, быццам тыя краты, пазалазiўшы ў каменныя бункеры, маглi, гуляючы, нiшчыць наступаючых, быццам тых зайцоў, што без аховы й прыкрыцьця апынуцца на голым шырокiм полi.

Дзесьцi з другога боку кляштарнай гары вырас шматтысячны лес белых крыжоў. Шмат зарабiлi там працавiтыя магiльшчыкi. Сакавiтае было жнiво. Ад саламяных беларускiх стрэхаў, ад украiнскiх i польскiх ляпянак вандравалi людзi праз тайгу Сiбiры, стэпы Казахстана й азiяцкiя ды афрыканскiя пустынi, каб знайсьцi супачынак тут, на скалiстым узбоччы. За што загiнулi? Думалi, што за вольнасьць... Цi-ж ведалi вы, сьвятой памяцi гэроi, што крамлёўскi тыран у той самы час душыў ужо вашы бацькаўшчыны?

Iзноў разьдзьмуў вецер макулiнкi попелу. Спрацаваная рука бедняка iтальянца дбайлiва зьмяце набок кучы лому й зраўняе руiны. Iзноў вырасьце на гэтым месцы Касыно, а на гары - грыбы манастыра й сьвятыняў. Бедны далей застанецца бедным, а пакрыўджаны й палонены не перастане трасьцi ярмом. Як стагодзьдзямi раней, бубнець будуць у малiтвах да Ўсявышняга галасы манахаў, а магiльную цiшыню навокал будзiць будуць званы сьвятыняў. Будуць i ў будучынi, як раней на працягу стагодзьдзяў, малiцца за людзкiя грахi, за памiлаваньне, за вольнасьць ад тыранii й справядлiвасьць на зямлi. Адно тысячы белых крыжоў на ўзбоччы гары маўклiва будуць стаяць, каб вечна запярэчваць марнасьцi самых вялiкiх ахвяраў для здабыцьця мiражу-вольнасьцi.

Чырвоныя макi на працягу доўгiх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымi з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлi.

Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьцi. Рогi iншага тырана ў той час расьлi й дужэлi ў iншым месцы, за iншымi мурамi. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Калiты было крынiцаю нязьлiчоных няшчасьцяў i няволяў.

VI

Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спынiлiся ў ангельскiм пераходным абозе "Лямi Кэмп", кiлямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлiвалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кiраўнiк мясцовае польскае каманды паведамiў, што маюць чакаць на прыезд iншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль i Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так i рабiлi. Ужо на наступны дзень "на зайца", гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлi, уся група накiравалася ў Нэапаль.

"ОUT OF ВOUNDS"

I

Чытачу давялося ўжо раней, калi гэроi нашы прыехалi з палону ў Францыi, пазнаёмiцца павярхоўна з гэтым прыгожым горадам. Ад таго магло застацца ўяўленьне, што Нэапаль - найцудоўнейшы горад на сьвеце. Гледзячы зьверху - яно так. Але адно зьверху. Дзеля таго загадзя перасьцерагаем, каб ня было рашчараваньняў i нараканьняў, што аўтар уводзiць у зман. Зараз вось, давайце, возьмемся за рукi, каб ня згубiцца ў людзкiм мурашнiку, ды заглянем усярэдзiну, кiнем вокам у самыя цёмныя закануркi. Аб падарожжы нашым, запэўнiваем, ня будзем шкадаваць. Пазнаёмiўшыся блiжэй з горадам, будзем мець лепшае ўяўленьне аб цэлай краiне i ейных жыхарох.

Праменьнi вясеньняга сонца ўперлiся ў воды Нэапалiтанскае затокi. На вулiцах вельмi горача. Хуткiя машыны, пераважна вайсковыя, уздымаюць за сабой слупы пылу. Вулiцы брудныя, засьмечаныя. На тратуарах мала людзей, а дзе ўбачыце цывiльных - дык трымаюцца групамi. Ня дзiвiцеся гэтаму. У iтальянцаў i грэкаў ды iншых паўдзённа-эўрапэйскiх народаў ёсьць такая прывычка трымацца й хадзiць вялiкiмi групамi. Асаблiва-ж калi iдуць знаёмых цi сваякоў адведваць адразу дзесяткамi.

Зiрнiце вунь на гэтую ў сярэднiм веку жанчыну. Яна трымае за ручкi двое малых дзетак, дзяўчынку й хлопчыка. Апранутая ў нейкую сукенку, што даўно страцiла першапачатковы колер, а цяпер наогул цяжка гадаць, якога колеру была. Доўгi час, вiдаць, не бачыла мыла й праса. Дзеткi замурзаныя. На хлапчуку адны кароценькiя штонiкi, на дзяўчынцы - нейкi рызман. Яны - босыя, а ў маткi на нагах працёртыя туфлi. Усё гэта худое i, здаецца, даўно не бачыла сонца. Матка выцягвае руку да прахожых i нешта ўвесь час манатонна паўтарае. Падыдзем блiжэй i прыслухаемся.

- Signore, uno lire per Favore, per mio bambini...* - выцягвае худую пасiнелую руку да двух вайсковых амэрыканскiх нэграў. Яны, здаецца, не заўважылi беднай. Але вось адзiн спыняецца й торкае ў выцягнутую даланю зеленаватую паперку. Жанчына ня верыць вачам. Стараецца пацалаваць чорную руку вайсковага.

* Сiньёр, адну лiру для майго ўлюбёнца, для майго дзiцяцi - (iтал.)

- Gracie, amico, molto gracie, Dio te benedice!* - вырываюцца словы падзякi.

* Дзякуй, сябра, вялiкi дзякуй, няхай блаславiць цябе Ўсявышнi! (iтал.)

У нэгра на твары ледзь заўважная ўсьмешка задаваленьня. Магчыма, што прыпомнiў галечу сваiх людзей у цесных паўразваленых кварталах Чыкага цi Сант-Люiса. Магчыма, й сам мае дома бедную старэнькую матку.

Iтальянка далей дакучае прахожым. Мо яна ўдава, мужа дзесь страцiла на вайне? Хто-ж ведае? Цывiльныя iтальянцы не зьвяртаюць на яе ўвагi. Вось вылезьлi зь лiмузiна два добра апранутыя пузатыя дзядзькi й кiруюцца ў рэстаран. Адзiн зь iх курыць дарагую цыгару. Не спасьцерагаюць выцягнутай рукi й бледных тварыкаў. Адзiн касавурыцца на жанчыну, што загарадзiла дарогу й просiць падачы. Для iх гэта бедная, вайной пакрыўджаная iстота, роўная назойлiвай мусе, якую трэба адагнаць, калi не забiць. Адзiн зь iх голасна апавядае нешта вясёлае, раптоўна абодва выбухаюць рогатам ды хаваюцда за дзьвярмi рэстарану.

Але чакайце. Хто-ж гэта тузае нас за край вайсковай кашулi? А вось ён! Бачыце? Малое замурзанае хлапчанё, гадоў мо восем цi сем. Ён босенькi i ў кароценькiх заношаных штанах. На iм вiсiць аж нiжэй за каленi расшпiлены зашмальцаваны вайсковы "батледрэс". На галаве цывiльная шапка зь вялiкiм казырком апаўзае аж на вушы й вочы, i хлопчык бруднаю рукою падцягвае яе на шыю.

- Signori, volete спаць, спаць? Volete una bella Signorina?* - прапануе мурзаты.

* Сiньёр хоча ... Хоча прыгожую сiньярыну? (iтал.)

Чуеце? Ён ужо й слова з нашай мовы ведае. Мусiць, не пяршыня яму такi занятак. Ня дзiвiцеся. Гэта дасьведчаны агент i, нягледзячы на дзiцячы век, экспарт у сваiм рамясьле.

Там дзесьцi ў бочных вулiцах чакае адна, а мо дзьве цi тры прыгажунi, для якiх гэты малы шукае клiентаў. Яму мо яшчэ дзевяць гадоў, але жыцьцёвай практыкай цi ня будзе на гадоў паўтузiна старэйшы. Заложымся з вамi, што ведае цэлы сьцяг розных таямнiцаў найбольш цёмных закануркаў Нэапалю. Не гаворачы аб тайнiцах каханьня, ведае, пэўна, дзесяткi розных прастытутак, цэны, якiя бяруць за адну вiзыту й за цэлую ноч, знае цэны на рынку й масу спэкулянтаў, гнёзды зладзеяў i крымiнальнiкаў. Хто ведае, колькi-б дала палiцыя за iнфармацыю, што мае гэты хлапчук, але-ж ня ўдасца ёй. Бо як-бы жылi тады дзесяткi сем'яў, бацькi й родныя, а мо й дзецi тых дзевак цi жанчын, што гандлююць целам, не гаворачы аб зладзеях i крымiнальнiках. Не! Хлапчанё гэта нiчога не перакажа палiцыi. Гэта пагражала-б i ягонаму iснаваньню.

Мы з вамi, ясная рэч, людзi высокамаральныя, дык нас прапанаваны малым тавар ня цiкавiць. Дадзiм яму вось пару цыгарэтаў, каб не дакучаў, бо нас цяпер цiкавiць штось iншае.

Зiрнiце вунь налева. Бачыце гэтага белага амэрыканца, якога вядуць, узяўшы пад рукi, дзьве прыгожыя паненкi? Вось ён. Прыгледзьцеся. П'янаваты. Набок апаўзла яму шапка з двума рагамi - адным сьпераду, а другiм ззаду. Ногi ягоныя няроўна неяк iдуць. Усе трое перакiдваюцца словамi й сьмяюцца. У дзевак аж грудзi пад тонкай тканiнай падскакваюць. Апранутыя-ж яны не абы-як. Вось праходзяць мiма. Чуе нос ваш пахi парфумы? Эгэ, гэта цi ня з тых лепшых, найдаражэйшых? Мо iхнi агент непадобны да таго хлопчыка, а сыты й дагледжаны...

Амэрыканец чуецца як быццам на хмарах, пад нябёсамi. Што-ж яму... Кiшэнi трашчаць лiрамi й далярамi. Гэта-ж ён зьяўляецца грамадзянiнам найбагацейшай й наймагутнейшай краiны на сьвеце - эканамiчнага гiганта й культурнага малакасоса. За даляры-ж можна купiць цi ня цэлую зруйнаваную калыску хрысьцiянска-эўрапэйскай культуры. Вось калi захоча, дык нейкi паўгалодны беспрацоўны маэстро, што гадамi студыяваў Вэрдзi, Бетховена цi Пучынi, за жменю лiраў пачысьцiць яму чаравiкi. Гэта-ж дома ў перапоўненых сьвiрнах абжыраюцца пацукi. Мо заўтра часьць таго збожжа з ласкi "Дзядзькi Сэма" будзе прызначаная для галодных у Iндыi, Афрыцы цi хаця-б сабе й тут, у Iталii. Ён магутны валадар сьвету, уласьнiк цьвёрдай гарматнай сталi й нявычарпальных запасаў харчоў. Каго зажадае - на павадку павядзе. Для галодных-жа - адно хлеб наўме.

Дык чаму-ж ня жваць гумы, ня цыркаць нiтачкай сьлiны праз трубачкай скручаныя вусны й не пазiраць на ўсё зьверху. Думаеце, ён ведае, што знаходзiцца ў сьвятынi эўрапэйскай культуры й яму балiць тое, што нашчадкi Рафаэлевых мадоннаў красу прадаюць па завуголлях? Анiчуць. Цi тое, што без скарынкi хлеба блукаюць падарожнiкi-творцы, што пайшлi сьцежкамi Мiкеланджала, Расiнi цi Паганiнi? Не. Ён любiць i захапляецца чорнымi выканальнiкамi джазу, што выводзiцца з афрыканскiх джунгляў, чытае Эрскiна Калдуэла й Джона О'Хару, калi наогул што чытае... Верх красы ў ягоным уяўленьнi - "мiльёндаляровыя" ножкi Бэты Грэйбл i прынадная фiгура Рыты Гэйварт. У газэтах нiчога ня чытае, акрамя комiксаў i спорту. Пасьля школы ўсьпеў забыцца ўжо той мiнiмум аб Шэкспiры й Лiнкольне.

Дайце дарогу! Сягоньня ён гуляе. Прыгаршчамi раськiдвае даляры й лiры. Вы, найслаўнейшыя са слаўных творцаў эўрапэйскае культуры й цывiлiзацыi, чакайце й прасiце, каб кiнуў вам скарынку ля хатнiх парогаў. Недаацэньвае ён вашых статуяў i мазаiк, галерэяў i музэяў, опер i бiблiятэк. Сяньня сiльны той, у каго трашчыць жывот, хто добра апрануты й мае туга набiты кашалёк, каму гiмн гудуць прапелеры самалётаў i хто валодае гарматнай стальлю, флотамi мараплаваў ды ў каго дома склады перапоўнены запасамi харчоў... Ня вам-жа хiба крыўдзiцца, што культура ваша не прасякнула, не прабiлася праз банкавыя вогнетрывалыя сховiшчы, напоўненыя капiталам, празь сьцены вялiкiх фабрык i складоў. Ён - гадунец культуры даляра, калi яе наогул так назваць можна. I цi-ж ягоная ў тым вiна?

II

Нiводнае iншае месца не адлюстроўвае так добра матэрыяльнага боку жыцьця людзкога, як рынак. Тут гандаль таварамi гаворыць аб дабрабыце цi аб беднасьцi народу. Асаблiва выразныя рысы матэрыяльных розьнiцаў народу пасьля вайны. Калi не лянуецеся, заглянем тады на нэапалiтанскi рынак - не таму, што самi маем нечым гандляваць, а проста каб пацiкавiцца.

Тут больш, чымся дзесь у горадзе, сустракаем вайсковых. Прадаюць спэкулянтам цыгарэты, некаторыя збываюць вайсковую вопратку, абутак. Асаблiва добра й лёгка iдуць вайсковыя коцы, ручнiкi, посьцiлкi. Як звычайна, трапляюць яны адразу ў рукi спэкулянтаў, што могуць плацiць большыя цэны. Гэта яны ўжо пасьля нажываюцца з тых, зь якiх якраз найменш трэба было-б нажывацца, - з самых найбяднейшых.

Бачым тут харчавыя прадукты, пераважна розных сартоў макароны, алiвы, муку, агароднiну й iншае. Мы харчоў ня купляем i дакладна навет ня ведаем аб разьмерах бюджэту, патрэбнага на ўтрыманьне сям'i, але з таго, што бачым i чуем мiмаходам, вiдаць, што цэны высокiя. Праходзiм праз доўгiя шэрагi лавак, на якiх прадаецца ўсялякае рызьзё. Вiдаць, што рука нэапалiтанца апустошвае шафы й куфры, каб неяк пажывiцца за кошт падношанае вопраткi. У iншых мясцох вiдаць сталовае срэбра, абразы няведамых нам мастакоў. Гэтыя прыбылi сюды, мусiць, з дамоў багацейшых цi мо ад каторых аматараў зьбiраньня мастацкiх рэчаў, якiх той самы голад прымусiў расстацца зь iмi. Калi-б хто захацеў зрабiць спiс усяго, што тут ёсьць на продаж, давялося-б цi мала папацець i шмат страцiць часу. Ад сярэбраных падсьвечнiкаў да падношаных шаўковых хусьцiнак i ад нiжняга жаночага хусьця да слаўных iтальянскiх акардэонаў чаго тут толькi няма! Усе зьвягаюць, заклiкаючы магчымых купцоў, як хто ўмее й патрапiць. Над морам гэтым, што часта павыцягвала з хаты апошняе, каб збыць i прыдбаць кавалак хлеба, ды тымi, што ахапкамi скуплiваюць вайсковыя рэчы, каб пасьля нажыцца зь бедных, нясупынна стаiць вялiкi гоман.

Вось прылiп да нас нейкi стары мужчына й выхваляе рознакалёрныя сувэнiры: розныя пацеркi, выкладаныя блiскучымi каменьчыкамi крыжыкi, здымкi Вэзувiя й нэапалiтанскага каралеўскага палацу, прыгожыя, зробленыя з рознакалёрнай плястыкi папяросьнiцы й табакеркi й яшчэ тое-сёе. Збоку хлопчык аж ахрып, выхваляючы свае цыгарэты "Нацыяналi", водар якiх падобны да смуроду бальшавiцкага "Памiра". Ён налягае на цывiльных, а ад вайсковых стараецца купiць "Плеерсы" i "Капстаны". Цана больш-менш сталая - сто лiраў за пачку з дваццацi штук. Гаворачы аб самiх грашах, варта зацемiць, што можна тут купiць якую хочаш валюту, пераважна-ж ангельскiя й амэрыканскiя папяровыя фунты й даляры. Ангельскi фунт хiстаецца ад чатырох да шасьцi сот лiраў, амэрыканскi даляр ня возьмеш нiжэй за сотню. Фунты йдуць найхутчэй пяцёркамi, а даляры дзесяткамi.

Лiры - пераважна акупацыйныя, выпушчаныя ваеннымi ўладамi, але сустракаюцца й шырокiя ды прыгожыя перадваенныя. Асаблiва ўважайце на акупацыйныя, калi гандлюеце з цывiльнымi, бо сярод вялiкае масы капiталу ў руху прыблiзна адна трэцяя - гэта фальшыўкi. Таксама пiльна сачыце за сваiмi кiшэнямi, бо лёгка можаце стацца ахвяраю спрактыкаваных спэцыялiстаў. Тут, на гэтым рынку, ясна, можаце купiць ня толькi тое, што вочы бачаць. Пэўна, палова цывiльных, якiх бачыце з пустымi рукамi, гандлюе таварам, што ходзiць на дзьвюх нагах.

Адылi найбольш сэнсацыйныя гандлёвыя абароты адбываюцца ня тут, на рынку, а ў дарагiх кавярнях цi начных клюбах. Там пераважна сярэднiя афiцэрскiя чыны й пераважна амэрыканскiя сустракаюцца з цывiльнымi, што кураць дарагiя цыгары, i мiльёны лiраў цi тысячы даляраў мяняюць сваiх уласьнiкаў. На наступны дзень цi вечар вайсковае транспартнае аўта заяжджае ў нейкi глухi завулак, i адбываецца пераладоўваньне цыгарэтаў, бэнзiны, алiвы цi апонаў у цывiльную машыну. Тая пасьля спяшыць дзесьцi ў склад, i прывезены ладунак развозiцца меншымi машынамi, а то й разносiцца ў шматлiкiя пункты для збыту рукамi меншых спэкулянтаў. Карыстае пры гэтым цэлая сетка. Найчасьцей тыя, што робяць свой iнтарэс у кавярнi цi начным клубе, курачы дарагiя цыгары й п'ючы лiкёры, рэдка бачаць сам тавар. Адно загадваюць сваiм лейтанантам, а ўдзень дзесьцi працуюць у бюро ды на паверхнi захоўваюць усе патрэбныя нормы добрага грамадзянiна.

Бывае i йнакш. Калi вайсковае аўта перакiне свой ладунак у якiм цёмным завулку цi складзе на цывiльнае, то па дарозе раптам напаткае вайсковую жандармерыю. Гэта апошняя, забраўшы тавар, акружным шляхам прадае яго iншаму спэкулянту - звычайна большай рыбцы, - а там-жа зноў i ўжо iншая, здаецца, група жандармерыi ловiць цывiльных па дарозе ды зноў канфiскуе, каб пазьней колькi разоў тое-ж самае прадаць. Ня дзiвiцеся. Гэта ня выдумка, а праўда. Гэткiя "гандлi" часта адбывалiся ў Рыме, Нэапалi, Мiлане й iншых iтальянскiх ды эўрапэйскiх гарадох. Зразумела, што з боку вайсковых спэкулянтаў, што выкарыстоўваюць тут збройную сiлу над цывiльнымi, мусiла дзейнiчаць спраўная сетка дзесяткаў людзей. Небясьпека была вялiзная, але затое-ж i мiльёны грошыкаў дармавых. Рабiлiся такiя "абароты" часта пераважна амэрыканцамi. Аб якой-небудзь маральнасьцi цi сумленнасьцi спэкулянтаў наогул, а вайсковых у асаблiвасьцi, не даводзiцца й гаварыць.

III

Iдзём вулiцай Вiя Рома. Направа ўверх пад гару цягнуцца доўгiя й вузкiя завулкi. Яны цяпер у засенi старых муроў, дарма што нядаўна прабiла поўдзень. На шэра-цёмных сьценах пры ўваходах у завулкi чарнеюць вялiкiя калы з iксамi (X) пасярэдзiне, а пад нiзом - вялiкi надпiс па-ангельску: "Оut of bounds for all military personnel" (забаронена для ўсякага вайсковага пэрсаналу). Вайсковым, значыцца, няма туды ўваходу. Там - зусiм другi сьвет, чым на Вiя Рома. Там - бяда й галеча, прастытуцыя й гнёзды зладзеяў. Там жыве чалавек, якога капiтал i вайна сьпiхнулi на самую нiжэйшую прыступку грамадзкае драбiны.

Мала хто з жаўнераў зважае на тое "аўт оф баўндс". Бывае, праўда, што загляне сюды вайсковая палiцыя ды адвядзе колькi адважных пад юрысдыкцыю палiцыйнага вайсковага сяржанта. Здараецца. Але-ж i палiцыя ведае, што немагчыма пералавiць усiх, калi-б навет i старалiся. Норы-ж там цёмныя, доўгiя й глыбокiя, сырыя й небясьпечныя. Дык i йдуць жаўнеры, пераважна з адной думкай у галаве, звычайна сьпяшаць за малым басаногiм замурзаным хлопчыкам. Хто там будзе ўвагу браць на тыя знакi...

Уваходзiм у завулак. Ён вузкi й цесны. Шэрыя сьцены муроў дзесяткi гадоў ужо, напэўна, ня нюхалi вапны цi якой фарбы. Каля самага нiзу яны падзёўбаныя, быццам паабгрызаныя, месцамi шчарбатыя, з павыпаданай цэглай, быццам шчарбатыя. Брук даўно забыўся, як выглядае мятла. Каля сьцен ляжаць кучы сьмецьця, у якiх капаюцца замурзаныя, апранутыя ў рызьзё, а то й зусiм голыя малыя дзеткi. Тырчаць дзесяткi галоваў з шырокiх паадчыняных дзьвярэй. Адтуль цягне змрокам i сырасьцю. Вось пры адных такiх дзьвярах жанчына з бязладна апалым на худыя плечы й на бледны твар валосьсем дае дзiцяцi грудзi. Малое зусiм голае. Яго не падманеш сухiмi грудзьмi. Крычыць на найвышэйшай ноце слабенькiм, ад частага плачу надарваным галаском. Матка трасе яго, каб супакоiлася, i штось крычыць на падлеткаў, што непадалёк паднялi зь нейкай прычыны вэрхал.

Туды й сюды снуюцца цёмныя ценi людзей. Пасярод вулкi курыцца малое вогнiшча. Над кароткiмi языкамi агню ў дыме стаiць на чатырох ножках рашотка. На ёй - пара гаршкоў, а побач - у адкрытых вайсковых кансервных пушках грэецца фасоля. Няцяжка пазнаць, адкуль яна: гэта - амэрыканскi "порк энд бiнс". Хто ведае, якiм шляхам сюды трапiла - мо праз рынак цi зладзейскiя кiшэнi, а магчыма, й пры пасярэднiцтве таго маленькага хлопчыка-агента. Навокал вогнiшча - згорбленыя фiгуры старых. Дзецi выглядаюць iм цераз плечы й зачаравана сочаць за пажывай у бляшанках. Паморшчаная гадамi старэчая сiняватая рука выцягвае з катла развараную, калiсьцi сушаную рыбу. Павольна пачынае кратацца й жаваць бяззубы, аброслы шчацiнаю рот. Рызман споўз зь пляча. Збоку ляжыць жабрачая кавяла, якую часамi падымае касьцiстая худая рука, каб адагнаць зьвяглiвых i назойлiвых малых.

- Вiя! А вiя! - ледзь чутна сярод агульнага вэрхалу. Дзесьцi з глыбiнi нары-завулка захлiпаецца надарванымi i паржавелымi гукамi шарманка. Вунь здалёк зблiжаюцца з раўнамерным рытмам па каменьнях дзьве цяжкiя пары жаўнерскiх чаравiкаў, а мiж iмi тупаюць дробненькiмi крокамi ня зусiм ужо новыя, але добра яшчэ ўтрыманыя жаночыя туфлi.

Быццам вiхор, пранёсься мiма нас басаногi малы хлапчук наўцёкi ад падлетка, якi нешта крычыць i лаецца на малога. Уверсе на шнурках сохне латаная бялiзна. Дзесьцi зь верхняга вакна жаночы голас клiча сына цi дачку. З кутка зноў далятае плач дзiцяцi. Чуваць гоман у шэрых цемнаватых сырых падвалах. Там цэлыя сем'i жывуць ва ўмовах, якiя цяжка было-б апiсаць.

Гэта - дно жыцьця, нара, у якую ўваход забаронены - "аўт оф баўндс". Продкi гэтых беднякоў некалi пад загадам магутнага Рыма тапталi iншыя дзяржавы й народы, вышчэрблiвалi й бурылi чужыя абаронныя муры, кiравалi моцнымi людзьмi тагачаснага сьвету. Iншыя служылi ў сваёй-жа дзяржаве нявольнiкамi, даглядалi гаспадаркi й прыслужвалi пры багатых сталах патрыцыяў. Ня так даўно ганялi па пустынi абiсiнцаў, дужалiся з грэкамi й парадавалi па вулiцах са зброяй у руках пад загадам Мусалiнi. Прыйшла новая вайна - зноў-жа ня iхняя. Тысячамi забiралi iх у палон у Афрыцы ў той час, як дзецi шукалi па сьметнiках скарынак хлеба i аранжавых шалупiнаў, а маткi, жонкi, сёстры й дочкi аддавалi апошняе на продаж за сродкi для мiзэрнага iснаваньня.

Вайна прынесла яшчэ большую галечу, сьпiхнула на яшчэ нiжэйшую прыступку. Пэўна-ж, бальшыня з гэтых пралетараў нiколi ня чула пра барадатага Маркса. Адылi сяньня рукi iхныя пэцкаюць чырвонай фарбай сярпы й молаты ды камунiстычныя клiчы па сьценах i платох цэлае краiны. Ня ведаюць, што хаця-нехаця зьяўляюцца шчупальцамi самага большага тырана, што ўслаў касьцямi мiльёнаў ахвяраў Эўропу й Азiю. Крывадушныя й зманлiвыя клiчы тыранавых служкаў не гарманiзуюцца з сэнсам казаньняў слугаў рымскага намесьнiка сьвятога Пятра. Ды хто зь iх, гэтых бедных i пакрыўджаных, ужо заўтра жадае лезьцi ў замагiльны рай? Як можа чалавек мацавацца духова, калi занадта дакучае сяньня ненакормленае й неапранутае цела?

Вунь у тысячах сьвятыняў па цэлай краiне застылi ў мармуры i ў фрэсках статуi й воблiкi, абразы й фiгуры сьвятых i самога Валадара Нябеснага. Зьзяюць у вясеньнiм сонцы купалы й вежы касьцёлаў, енчаць, заклiкаючы на малiтву, цяжкiя званы. На стварэньне сьвятыняў вякамi адкладвалася найбольшае багацьце. Вунь стальныя жаролы й шматпрапелерныя бамбавiкi зраўнялi з зямлёю кляштар й сьвятынi Монтэ Касыно. Адылi ўцалелi валадары стальных жаролаў i самалётаў, таксама як уцалелi й собсьнiкi кляштару. Першыя спажываць будуць плёны перамогi, iншыя на руiнах кляштару пабудуюць яшчэ мацнейшы й прыгажэйшы. Адно доўгiмi гадамi сьлязьмi будзе выплакваць вочы гаротная матка цi малая сiрата, гараваць будзе ўдава цi з кавёламi цягацца па жыцьцёвых сьметнiках ваенны калека.

Iншы тыран зь iншае зямлi карыстаць будзе зь нядолi найбяднейшага й найбольш пакрыўджанага, муцячы цёмную вадзiчку й заклiкаючы яго да нейкiх новых i яшчэ большых высiлкаў. Тыран нап'ецца больш крывi паняволеных, а ў новай вайне вырастуць новыя крыжы або й бязь iх ахутае зямля шмат бязыменных i загубленых.

IV

Мы, паважаны чытачу, зайшоўшы ў Нэапалiтанскi завулак i ўгледзеўшыся ў самае дно жыцьця людзкога, ня будзем плакаць па чужым горы, бо сваё цераз берагi пералiваецца. Ведаем, што родзiчы дома жывуць у такой самай, а мо й горшай галечы й што на Бацькаўшчыне рэдка знойдзеш сям'ю, што ўцалела ад вайны. Учора яшчэ ў беларускiх лясох i пушчах вецер разносiў попел зьедзеных пажарамi беларускiх вёсак, i вылi па начах над папялiшчамi ваўкi, што раней абжыралiся сьвежымi трупамi. Побач, у зямлянках, дрыжэлi ад гэтага выцьця галодныя сяляне. Вечны гаротнiк беларус парыць косьцi ў параскiданых па ўсёй Эўропе й маскоўскай Азii супольных магiлах замучаных i закатаваных, а iншы, яшчэ жывы нявольнiк на парозе сьмерцi трасе аковамi.

Загрузка...