БЕСТЫЯРЫЙ АБО КАРТЭЖ АРФЕЯ

Элеміру Буржу

(1911)

ЧАРАПАХА

Чароўнай Фракіяй я захапіўся шчыра,

— Звініць пад пальцамі маімі ліра.

I цягнуцца жывёлы, якія маюць слых,

Да ліры-чарапахі —

да выдумак маіх.

КОНЬ

Мае настойлівыя мары сплятуцца з грываю тваёй,

Фурманам добрым лёс мой будзе на калясніцы залатой;

Нацягне лейцы зухавата верш-кур’ер

I з месца — ўся паээія ў кар’ер.

ТЫБЕЦКАЯ КАЗА

Тыбецкая шэрсць і руно залатое

Язону скруцілі жыццё маладое.

I ўсё гэта золата я не зраўняю

З касою дзяўчыны, якую кахаю.

КОТКА

Я дому свайму пажадаць гатоў

Разважную жонку — без лішніх слоў,

Котку, што ціха на кніжках ляжыць,

На ўсе поры года — адданых сяброў,

Бо не магу без сяброў я жыць.

ЛЕЎ

Няшчаснае стварэнне, леў!

Як каралі, ты змізарнеў.

I сёння толькі ў Гамбургу, здаецца,

Ты раскашэльваешся ў клетцы.

ЗАЯЦ

Не будзь, як эаяц той, юрлівы,

Ці палюбоўнік палахлівы.

Хай мозг працуе з сэрцам згодны

I, як зайчыха, будзе плодны.

ТРУСІК

Я з ім пазнаёміўся ўчора

I ўзяў бы, жывога, з ахвотай,

Але ён жыве ля чабору

У даліне Краіны Пяшчоты.

ВЯРБЛЮД

Сваіх вярблюдаў чатырох

Наўючыўшы, дзівак дон Педра

Аб’ехаў свет і ў суш не спетраў.

I я б, дальбог, такое змог,

Каб меў вярблюдаў чатырох.

МЫШ

Вы — мышы часу, дні мае прыгожыя,

Згрызаеце жыццё — і дзе ўсё дзелася…

Пражыў я дваццаць восем год, о божа мой!

На жаль, не так пражыў, як бы хацелася.

СЛОН

Мой скарб — маё слова. Калі захачу,

Яно ў мяне — бівень слана з Малаі.

За тленны пурпур славы плачу

Мелодыяй слова — цана не малая!

ВУСЕНЬ

Праца — і багацце, і Парнас.

Дык працуйце ж, бедныя паэты!

Вусень тчэ і стане ў пэўны час

Матыльком — шыкоўным франтам лета.

МУХА

Нашы мухі песенькам паўночным

Навучыліся ў нарвежскіх шхерах

I зюэюкаць дзень і ноч ахвочы

Аб прынцэсах снежных і хімерах.

БЛЫХА

Блохі, сябры, як і ўсе палюбоўніцы,

Кроў нашу п’юць прагавіта, напоўніцу.

Ты не адолеў кахання спакусу —

Будзь жа гатовы да свербу і ўкусу.

КОНІК

Чуеце? Стракоча звонкі конік,

Кліча на абед святога Жана.

Хай мая паэзія ўжо сёння

Будзе пірам для людзей жаданым!

ДЭЛЬФІН

Дэльфін гуляе ў цёплым моры,

Ды хвалі горкія, як гора.

Ці мне ўсміхнецца шчасце новае?

Ды не! Жыццё пакуль суровае!

МЕДУЗА

Медузы, вы — няшчасныя галовы

З шавялюрамі ліловымі!

Вам падабаюцца штормы-буры,

І я ў захапленні ад вашай натуры.

РАК

Без радасці жыццё, без асалоды,

Няўпэўненасць ва ўсім — хто ж будзе рад?

Як ракі-небаракі, мы заўсёды

Усё ў пяту, усё — назад, назад.

КАРП

У брудпых сажалках між асакі

Вы размнажаецеся два вякі —

Ідылія балотная, буколіка…

О, здыхата б на вас, на меланхолікаў!

ГОЛУБ

Голуб, ты мудрым каханнем вядомы,

Зачацце даў Хрысту самому.

I я закаханы ў Марыю адну,

Дапамажы мне жаніцца,

ану!

ПАЎЛІН

Ідзе паўлін праз двор і сад,

I хвост дзівосны ззяе над дарогай:

Здаваўся б прыгажэйшым ён намнога,

Калі б закрыў свой голы зад.

ІБІС

Ведаю, кану я ў вечнасць адразу,

Мне не пазбегнуць магілы…

Навошта ж лацінская, мёртвая назва

Драчыку-птушцы з далёкага Ніла?

Загрузка...