З РОЗНЫХ КНІГ

ЛІСТЫ ДА ЛУ

(З Паслання XXXVII)

Я тут адзін. Мне толькі іскры свецяць

Сасновых дроў.

Снарадаў стогн і стук падкоў прыносіць вецер

З дарог-шляхоў.

Тут, на палях вайны, груган злавесна

Уначы крычыць.

І да цябе з каморкі цеснай

Мой ліст ляціць.

Мае радкі, як сімвал таямнічы

Шчаслівых дзён.

Цябе здалёк я клічу,

клічу,

клічу

Мой лепшы сон!

Яшчэ жыццё, як сэрцы нашы, не збяднела.

Жыццю — квітнець!

Ключ ад пачуццяў самых моцных, смелых

Мы будзем мець.

Любоў, адзіная на свеце, стукне ў дзверы.

О Лу, бывай!

Адна ёсць зорка ў небе —

мая надзея, вера,

Мой юны край.

Як дзіўна! Позірк твой, нібыта зорка,

Прабіў імглу.

Працяты я тваёй пакутай горкай.

Бывай, о Лу!

ПРАЛЕТАРЫЮ

Ты — у няволі без віны ніякай.

Тут сталь і медзь: ляцяць яны ў атаку.

Працуеш моўчкі ты. А за сцяной фабрычнай

Да добрых спраў

людзей прырода кліча.

Халодныя вятры ляцяць за мора —

Здзімаюць на ляту з машын і пыл, і гора.

Зямля гадуе каласы і ведаў дрэва,

Дзе спеюць для цябе

плады бунтарства, гневу.

Тваіх тапельцаў мора хуценька хавае,

А зоркі ззяюць, ясныя, над краем,

Табе ўсміхаюцца святлом надзей,

Варожаць уначы над лёсам тых людзей,

Што здабываюць хлеб надзённы

У пакутах горкіх —

клопатах бяссонных.

Каштуе мала зорак бляск? Нічога!

А кроў твая, жыццё тваё —

ці даражэй намнога?

Ты нарадзіў сыноў, падобных да багоў,

Якіх чакае цяжкі лёс бацькоў.

Тваіх дачок чакаюць смутак і турботы.

Тваіх жанок святых

скалечыла работа:

Счарнелі рукі іхнія,

яны хаваюць рукі;

Не для дзяцей тваіх, якія гнуцца крукам,

Раскоша панская вітрын!

Усё для іншых ты стварыў адзін.

Стварыў ты гарадоў нядобрых прыгажосць,

Яны забралі працу ўсю тваю, як ёсць.

I ў шахце ў ляску, у каменным бляску

Ты верыш сам сабе — па абавязку.

АПОШНІ РАЗДЗЕЛ

Рушыў на плошчу народ у той дзень:

Прыйшлі і негры, і белыя,

і жаўтатварыя людзі;

Прыйшлі рабочыя з фабрык, дзе трубы ўжо не дымелі,—

Была забастоўка.

Прыйшлі тынкоўшчыкі ў брудным адзенні,

што вапнай прапахла;

Прыйшлі мяснікі — далоні ў іх

былі запэцканыя крывёй;

I пекары з бледнымі тварамі,

абсыпанымі мукой;

Прыйшлі прыказчыкі, кінуўшы прылаўкі

на сваіх гаспадароў;

Прыйшлі суровыя жанчыны:

дзеці сядзелі ў іх на руках

Або чапляліся за спадніцы матак;

Прыйшлі і зусім няшчасныя, але дзёрзкія,

Нафарбаваныя, папудрапыя, наплоеныя;

Прыйшлі калекі: кульгавыя, бязрукія,

глуханямыя, сляпыя;

Прыйшлі нават свяшчэннікі

і некалькі дзіўных

элегантна апранутых мужчын.

I горад за межамі Плошчы мёртвым здаваўся —

Нават не ўздрыгваў, нават не дыхаў ён.

*** Ніколі змрок святла не пераможа…

Ніколі змрок святла не пераможа.

Хай вечар журыцца.

Чакайце:

Уранку зноў жыццё трывожна

Пастукае ў акно.

Да нерухомасці пагарду адчувайце!

Я акунаю рукі ў хвалі шчасця.

Загрузка...