ВЫГНАННІКІ

Назаўтра Уладзімір склікаў баяр і ваяводаў, расказаў ім, што здарылася ўночы. I папрасіў рады, што рабіць з Гарыславай. Здзівіліся баяры-ваяводы адвазе малога княжыча. I так парадзілі свайму князю: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці. Аднаві лепей бацькаўшчыну ёй і пашлі туды разам з сынам ».

Спадабаліся Уладзіміру такія словы. Загадаў ён забраць у Гарыславы дзяцей, акрамя старэйшага сына, Ізяслава. Пасля паслаў майстроў, каб яны збудавалі ў глухой мясціне на Полаччыне гарадок. Майстры аблюбавалі мясціну ў вярхоўях ракі Свіслачы. Цэлае лета звінелі там пілы і гахалі сякеры, а нявольнікі насыпалі абарончыя валы. Да зімы на выспе сярод балоцістага абшару вырасла паселішча. Кіеўскі князь назваў яго Ізяслаўлем. У гонар старэйшага сына. I калі як след усталявалася зіма, замерзлі рэкі, Уладзімір даў знаць, што Ізяславу і Гарыславе трэба пакінуць Прадславіна.

Слугі пагрузілі на сані скарб, яшчэ на адны сані пасадзілі маці з сынам і, не даўшы ім развітацца з астатнімі дзецьмі, рушылі ў няблізкую дарогу. З маўклівага шэрага неба церусіўся снег. Сняжынкі падалі і раставалі на шчоках у Гарыславы.

— Мама, ты плачаш? — раптам спытаўся дрыготкім голасам Ізяслаў і моцна-моцна прытуліўся да матулі.

— Не, сынок, — адказала яму Гарыслава, — то не слёзы, а расталыя сняжынкі...

I адвярнула ад сына твар.

Стары дружыннік з сівой барадою горасна ўздыхаў і з усёй сілы цягнуў да сябе лейцы, стрымліваючы коней. Сані імкліва несліся з гары да бялюткага рэчышча Дняпра.

Загрузка...