«НЕ ХАЧУ РАЗУЦІ РАБЫНІЧА...»

Дамовіліся Рагвалод з Варажкам, калі адбудзецца вяселле, і ваявода-сват, як на крылах, з радаснаю весткаю конна паімчаў у Кіеў.

А палачане, не адкладаючы, узяліся рыхтавацца да вялікага свята.

Аж тут, праз два тыдні, як ад'ехалі кіяне, новыя сваты завіталі ў Полацк. Гэтым разам — з Ноўгарада. Сярод іх быў сам Дабрыня — дзядзька князя Уладзіміра, родны брат яго матулі, ключніцы Малушы. Наўгародцы таксама не з пустымі рукамі заявіліся, нават больш прывезлі падарункаў, чым Яраполкавы сваты.

Быццам самых дарагіх гасцей, прыняў іх Рагвалод. Балюе, седзячы побач з полацкім князем, Дабрыня, як гарохам, ліслівымі слоўцамі сыпле, а вочы ў самога калючыя, хітрыя... Просіць нарэшце паклікаць Рагнеду.

Ступіла маладая князёўна ў святліцу. Нічога ў яе не спытаўся Дабрыня, а раіць, ледзь не загадвае, жонкаю стаць Уладзіміру.

Ды гордыя палачанкі не з тых, хто ад слоў сваіх адмаўляецца, з лёгкасцю забываецца пра абяцанае.

— Не хачу разуці рабыніча! — голасна, каб усе пачулі, адказала Дабрыню Рагнеда.

У даўніну існаваў такі звычай: калі дзяўчына ішла замуж, у знак пакорлівасці і згоды яна разувала жаніха.

Але полацкая князёўна не проста адмовіла сватам-наўгародцам, а назвала іх князя рабынічам, бо Малуша, ягоная маці, сапраўды прыслужвала княгіні Вользе — Уладзіміравай бабулі.

Заціхла музыка ў харомах полацкага ўладара. Счарнеў на галавешку твар Дабрыні. Ён даводзіўся Малушы родным братам і сам нядаўна хадзіў паднявольным.

Моўчкі ўсталі з лаваў наўгародцы і, не развітаўшыся, пакінулі святліцу.

Загрузка...