3.


Астравец глядзіць у будучыню. Крыху пра нялёгкую работу міліцыі. Адкуль бярэцца адчай? Работа павінна прыносіць радасць. Армія ў пяцьсот трыццаць педагогаў. Неўміручы працэнт паспяховасці. У гасцях у Максіма Логвінавіча. Амаль як ва «Узнятай цаліне»

Раніцай у гасцініцы мяне абудзіла галасістае петушынае кукарэканне. Густа брахалі сабакі. Нехта, выганяючы на пашу карову, смачна кляў: «Куды ты, каб цябе ваўкі разарвалі і даесці не маглі, каб ты самагонкай даілася і не магла раздаіцца…»

Астравец — у дарозе. Адна яго нага — у мінулым, у вёсцы, другая — у будучым, у горадзе.

Якім будзе яно, гэта будучае?

Іду ў горпасялковы Савет, да «мэра» Астраўца Владлена Алфеевіча Філатава. Шчаслівае супадзенне: у ягоным кабінеце — архітэктар раёна Уладзімір Кірылавіч Парахонька.

— Сёння ў Астраўцы жыве каля чатырох тысяч чалавек, — пачынае Владлен Алфеевіч. — Здаецца, не так і многа. Але ж у канцы мінулага стагоддзя іх было ўсяго сто семдзесят шэсць. У пасёлку — больш сямісот жылых дамоў. Штогодна будуецца каля васьмідзесяці кватэр, да сарака індывідуальных дамоў. Да трыццацігоддзя Перамогі адкрыем у парку помнік воінам Савецкай Арміі і партызанам. Каля былога млына робім вялікае возера. Будзе на ім лодачная станцыя. А ў старым млыне адкрыем рэстаран «Паплавок».

— Чаму абавязкова «Паплавок»? «Паплаўкі» ёсць усюды, ужо аскоміну набілі. Хай будзе, скажам, «Чортаў млын». І абстаўце яго адпаведна.

— Ну, няхай сабе і «Чортаў млын»… А потым пачнем рэканструкцыю цэнтра, — Владлен Алфеевіч разгортвае праектны план. — Вось тут, дзе цяпер драўляныя домікі, узнімуцца сяміпавярховыя жылыя дамы, гандлёвы цэнтр, праляжа бульвар. На цэнтральнай плошчы пабудуем адміністрацыйны будынак, кінатэатр, крыху воддаль — гасцініцу на сто месц. Мяркуем, што ў Астраўцы будзе жыць каля дзесяці тысяч чалавек.

— Не густа. Ды і чаму сяміпавярховыя дамы? Ні ў пяць, ні ў дзевяць, як кажуць, паверхаў. Не то з ліфтам, не то без яго. І ці не думаеце вы, што гэты план, мякка кажучы, адстане ад жыцця? Ён не прадугледжвае ў цэнтры свабодныя плошчы. Мы ж не ведаем, што і як захочуць тут будаваць нашы нашчадкі.

— Гэтак архітэктары спланавалі, — Владлен Алфеевіч ківае ў бок Уладзіміра Кірылавіча.

— А што я? — крыўдуе архітэктар. — Так склалі ў Гродне.

— А як справы з генпланамі для іншых населеных пунктаў?

— Пакуль што маем такія планы толькі для Страчанкі і Слабодкі. Спраектавалі жылы квартал у Вароне. Канчаем генплан для Гервят. Усяго ў раёне мяркуем пакінуць дваццаць адзін калгасны цэнтр ды яшчэ трынаццаць вёсак з абмежаваным развіццём.

— Ці не замала? Па Беларусі з дваццаці шасці тысяч сельскіх населеных пунктаў вылучана больш трох тысяч. Гэта значыць, прыкладна кожны дзевяты. У Астравецкім раёне каля чатырохсот шасцідзесяці населеных пунктаў. Падзяліце на дваццаць адзін. Атрымоўваецца больш дваццаці. А суцэльных жа палёў тут мала. Усё лясамі размежавана. Ці не далёка будзе людзям ездзіць на работу?

— Хто яго ведае, — спрабуе абараняцца раённы архітэктар. — Сярод гэтых чатырохсот шасцідзесяці пунктаў — многа асобных хутароў. Больш, чым у іншых раёнах. Ды і цяжка нам нешта планаваць. Тут ёсць калгас — тут ён ужо далучыўся да суседняга. Колькі разоў мяняліся межы сельсаветаў…

— А пакуль няма планаў, калгаснікі будуюць, як хочацца. Уздоўж шумных дарог. Адзін ставіць дом ганкам да вуліцы, другі — ганкам у двор… Ды і навошта абавязкова зносіць усе хутары і сядзібы? Стаіць сядзіба на ўзбоччы, не перашкаджае трактарам — можна, падрамантаваўшы, адкрыць калгасны дом адпачынку, летні піянерскі лагер, майстэрню для народных умельцаў. Скажам, у Турлах. Цудоўны мураваны палац з каланадай у стылі класіцызму. Помнік архітэктуры. Калісьці Котвічы туды перавезлі рэнесансныя ляпныя ўпрыгожанні з ніжняга віленскага замка. Зрабілі мазаічную падлогу, якая значыцца ў многіх даведніках. Вакол старыя прысады. Ідэальнае месца для дома адпачынку.

— Ужо няма палаца ў Турлах. Былы старшыня міхалішскага калгаса Уланоўскі разабраў па цэглу. Паркет спалілі на кармакухні.

— А варнянскі ансамбль? Гэта ж адзіны ў Беларусі выпадак «тыпавой» сельскай забудовы XVІІІ стагоддзя. Унікальны архітэктурны комплекс!

— Не ведаю. Генплан па Варнянах яшчэ не закончаны. А пра помнікі архітэктуры лепш спытайце ў Вольгі Іванаўны Карсюк. Яна старшыня раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

— Ну а як ідзе падрыхтоўка да пяцісотгоддзя Астраўца? — пытаюся на развітанне ў Владлена Алфеевіча.

— Памаленьку ідзе. Рыхтуецца вечар, выстаўка. А што б вы са свайго боку прапанавалі? Вы ж «адкрылі» нам гэты юбілей…

— Можна было б запрасіць на свята прадстаўнікоў Астраўцоў і Востраваў з Расійскай федэрацыі, Украіны, Літвы, Польшчы, устанавіць з імі пабрацімства. Пабрацімства паселішчаў, што пачыналіся на «востраве».

Твар старшыні смутнее:

— Дзе на ўсё гэта ўзяць грошы…

Неўзабаве ў кабінеце Вольгі Ціханаўны Глушковай, сакратара райвыканкома, жанчыны энергічнай і дзелавой, мы размаўлялі з Вольгай Іванаўнай Карсюк. Як пра старшыню Астравецкага сельскага Савета я чуў пра яе многа добрага. Як пра старшыню раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў — больш дрэннае. Вярнуўшыся з экспедыцыі на Астравеччыну, работнікі акадэмічнага «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» здзіўляліся, што яна не ведае нават, колькі ў раёне абеліскаў у гонар загінуўшых воінаў. Слаба чытаюцца лекцыі, збіраюцца членскія ўзносы. Нішто з помнікаў у раёне не ахоўваецца, не рэстаўруецца, не папулярызуецца. Гаварыць пры гэтай сустрэчы прыйшлося пераважна мне. Пра тое, што закінута сядзіба ў Дубніках, куды да сваіх сваякоў Мінэйкаў часта прыязджаў Генрык Сянкевіч. Тут ён адпачываў сярод лясоў, прыйшоў да тэмы рамана «Патоп». Тут, каля былога палаца, знаходзяцца старадаўнія лёхі, дзе, як кажа легенда (мне яе паведаміў з Маладзечна былы наборшчык друкарні палітаддзела Варнянскай МТС Мікалай Лазар), шведскія войскі пры адступленні затапілі ў балоце некалькі бочак з залатнікамі… Пра пахілы дубовы крыж, пастаўлены ля былога маёнтка Анеліна ў гонар паўстанцаў 1863 года, Кастуся Каліноўскага, які, кажа легенда, прыязджаў сюды да сваёй нарачонай… Пра камень у Альгінянах з надпісам: «Тут ляжыць Фёдар Старасельскі. Жыў год 80. Памёр у 1612 годзе». Гэты надпіс пачаў каваць сабе пры жыцці бацька, закончыў жа сын, які праз гады цудам вярнуўся з татарскага палону… Пра высокамастацкі абраз XV стагоддзя, што, зроблены на дубовай дошцы, захоўваецца ў гудагайскім касцёле… Пра міхалішскі перыяд работы славутага італьянскага скульптара Перэці…

Вольга Іванаўна згодна ківае галавой. Але асаблівага энтузіязму ў яе вачах няма. Не ляжыць у яе, відаць, душа да гэтай грамадскай нагрузкі. І тут нічога не зробіш. Грамадскія арганізацыі таму і грамадскія, што трымаюцца на сапраўднай чалавечай апантанасці. Як раённае Таварыства аховы прыроды, якое ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкома Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Створаны два заказнікі — каля Астраўца і Кямелішак. Зімой дзічына добра падкормліваецца. За апошнія гады ўзрасло пагалоўе ласёў і дзікіх свіней. У ціхіх затоках на Віліі і Страчанцы пасяліліся бабры. А ў балотах ля Вераб’ёў сталі зімаваць дзікія качкі. Сакратар таварыства, былы партызан з Чэрвеншчыны Адам Рыгоравіч Красоўскі носам чуе браканьераў. Бывае, вядома, гуртам заб’юць лася, спусцяць у рэчку аміячную ваду або высекуць уздоўж Лошы вербалозы. Але, як правіла, вінаватага спасцігае заслужаная кара. Выкарчаваў жыхар Ізабеліна каля дзесяці кустоў бэзу — аштрафавалі на пяцьдзесят рублёў. Зламаў шафёр у Гервятах грушку — прымусілі спецыяльна прыехаць да гаспадара і папрасіць прабачэння. Таму і слава пра таварыства ідзе далёка за межы раёна.

Выйшаўшы з райвыканкома, выпадкам сустрэў аднаго з актывістаў Таварыства аховы прыроды інспектара міліцыі Часлава Людвікавіча Чарняўскага. Вольным часам ён прападае ў лесе. Не столькі палюе, колькі любуецца хараством, вывучае звычкі дзікіх звяроў.

З Чэсем Чарняўскім мы даўнія сябры. Разам хадзілі ў школу, разам жылі тады ў «інтэрнаце» пані Адэлі, адзінокай манашкі-тэрціяркі. Яна няспынна папікала нас у бязбожнасці, страшыла пякельнымі карамі, а калі гэта не дзейнічала, наўмысна стала рана выключаць электрасвятло. Сама кладзецца спаць — і мы павінны. Прыйдзе згрызеная касцельнымі згрызотамі або сваркамі з братам — і на нас спаганяе сваю злосць. І не толькі злосць. Пачалі знікаць сала і каўбаса, паднесеныя нам на тыдзень з дому. «То коці, дзяткі, коці, жэбы іх д’яблі взелі», — супакойвала яна нас. Але Чэсь, самы назіральны з нашай тройцы, хутка высачыў сапраўднага «ката»…

— Бачыш, у цябе ўжо тады былі задаткі следчага, — жартую, успамінаючы той канфуз нашай гаспадыні. — Ты ж, здаецца, вучыўся ва ўлікова-фінансавым тэхнікуме, потым працаваў у банку, казалі, быў старшынёй калгаса ў Лошы… Не шкадуеш, што змяніў прафесію, пайшоў у міліцыю?

— Ведаеш, не шкадую. На маёй галаве цяпер барацьба з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці — ОБХСС называецца. Без банкаўскай загартоўкі, без старшынёўства ў калгасе, мусіць, не змог бы цяпер рабіць. А так прыедзеш куды-небудзь: той рахуначак падайце, тут у вас сальда, прабачце, ліпавае. Памятаю, ляснічы з Гервяцкага лясніцтва Міндрык падняў вэрхал: укралі чатырыста рублёў. ІІрыехаў, гляджу: адчынены сейф. Ніхто не прызнаецца. Але чую — нешта не так. Пачаў капацца ў ведамасцях на зарплату, выклікаць людзей. Працавалі, пытаюся, на падкормцы? Не. За грошы распісваліся? Не. Тут мы і выкрылі сардэчнага. Пяць год атрымаў.

— Відаць жа, бываюць цікавыя выпадкі, прыходзіцца і жыццём рызыкаваць? — настройваю Чэся на дэтэктыўную хвалю.

— Цяпер рэдка. А раней, калі працаваў у крымінальным вышуку, усякае бывала. Аднойчы на хутары нехта праз дзверы застрэліў старога. Не хацеў адчыняць, значыць. Слядоў ніякіх. Праўда, людзі казалі, што па наваколлі ездзілі цыганы. Высачылі мы іх у Свіры. Акружылі дом. Мне выпала зайсці ў дзверы. Заходжу і не віджу, што адзін цыган выскачыў цераз акно і пабег на могілкі, а ўсе нашы кінуліся за ім. А ў хаце чацвёра мужчын, хлапец бегае. Акружылі мяне, нешта даказваюць, гяргечуць. Бачу, адзін міргае, знак камусьці за маёй спіной падае. Крутнуўся — стаіць хлапец з узнятай сякерай. Выбіў сякеру. Тут на мяне і наваліліся. Добра, што свае падаспелі. Злавілі мы забойцаў, прызналіся яны, як старога праз замочную шчыліну забілі… З цыганамі ў мяне наогул даўняя «дружба». Адну ашуканку, якая прадавала падробленае золата, лётаў браць аж у Малдавію — яе нам вільнюскія калегі дапамаглі выследзіць. Каб ты ведаў, як кляла мяне ў самалёце…

— Ты б апісаў усё гэта…

— Няма часу. А пісаць — то ў раёнцы пісалі. Праўда, пра іншы выпадак. Аднойчы ў Страчанцы паспрачаліся двое суседзяў. Адзін пырнуў другога нажом у шыю. Суседзі зашчапілі бандзюгу знадворку на кручок, але ў хату лезці баяцца… Паведамілі мне, прыязджаю, праўда, у грамадзянскім, але з пісталетам у кішэні. Разбіў, стаўшы на дровы, акно. Гляджу, бандзюга бегае па хаце з нажом. Хто палезе — заб’ю, крычыць. Кінь нож, Адам, спакойна кажу яму, а я пакладу пісталет, абыдземся без крыві, кажу. А ён не здаецца, шпурляе ў мяне чым папала. Жанчыны лямантуюць на вуліцы: не лезь, начальнічак, можа, дзеткі маеш, дык асіроціш, прыб’е цябе. Тут нехта здагадаўся адцягнуць яго ўвагу, пачаў калаціць у дзверы. Адам аглянуўся. Я — скок у хату праз акно, паваліў яго, выбіў нож, звязаў рукі. А бабы на вуліцы ледзь не з кулакамі лезуць да сваіх мужыкоў: як прыйдзеш п’яны, то ты, халера, герой, чалавек аж з раёна мусіў прыехаць, а ты што?.. Потым экспертыза ўстанавіла, што ў яго буйнае вар’яцтва. Небяспечны для грамадства, адным словам.

— Значыць, цікава?

— Цікава — не тое слова, — на высокім Чэсевым ілбе збіраюцца задуменныя складкі. — Пакуль што патрэбная гэта работа. І цяжкая. Акрамя ўсяго я яшчэ і сакратар нашай партарганізацыі. А ў ёй дваццаць шэсць чалавек. Той запусціў вучобу, у таго не ладзіцца з сям’ёй. Транспарту няма. Жулікі на «Волгах», а мы за імі на папутных. З кватэрамі тугавата: даюць у першую чаргу спецыялістам, а мы нібы і не спецыялісты. Ды і жонкі не заўсёды разумеюць, нашто нам вечна ганяцца па вёсках. Адзіная радасць — у раёне стала нібы зацішней. У міліцыю цяпер прыходзяць маладыя, адукаваныя хлопцы. Вазьмі ўчастковага з Міхалішак, Мікалая Гушчу. Завочна вучыцца на юрфаку універсітэта. Строгі такі. Засячэ, што нехта ў рабочы час п’е ў «Вецярку», адразу звоніць на работу: вылічце з зарплаты!

— Ну і памагае?

— Слабавата. З «Вецярка» ўцякаюць у кафэ «Пад кустамі». Прыходзіцца яму там шукаць… Ты ўжо прабач мяне, — спахапіўся Чарняўскі, глянуўшы на гадзіннік. — Мяне павінен чакаць адзін растратчык. А ўвогуле трэба было б пасядзець.

— У астравецкай турме?

— Не, што ты, — збянтэжыўся, не зразумеўшы жарту, Чэсь. — У нас сваёй турмы няма. У Вільнюс возім. Толькі КПЗ засталася. Я меў на ўвазе: пасядзець за вячэрай. І не «Пад кустамі». У нашай «Ёлачцы». Адзначым сустрэчу.

— Прыйдзецца.

Развітаўшыся, іду ў раённую бібліятэку. Цікава знайсці нумар «Астравецкай праўды», дзе пісалі пра адзінаборства Чарняўскага з бандытам. Але аказваецца, што раёнка ёсць толькі за самыя апошнія гады. Ранейшыя гадавікі адпраўлены ў макулатуру. А што, калі некаму спатрэбіцца звярнуцца да гэтага летапісу раённага жыцця? Ехаць у Мінск, у Ленінку?

— Цесна ў нас, — апраўдваецца загадчыца бібліятэкі Яніна Мураўская. — Бачыце: стары драўляны домік, наскрозь правяваецца вятрамі. І кніг у нас усяго трыццаць сем тысяч на тысячу восемсот чытачоў.

— А ці памятаеце, калі ў нас былі ўсяго тры тысячы кніг і месціліся мы ў драўляным катушку, дзе цяпер дзяжурны прадмаг? — адзываецца з абанемента Ніна Лаўрэнцьеўна Атосіна. Яна нязменна працуе ў бібліятэцы ўжо каля трыццаці год. Сотні тысяч кніг прайшлі праз яе рукі.

— Чаму ж не памятаць. Яшчэ бралі ў вас па чарзе, усяго на адну ноч, адзіны экземпляр «Маладой гвардыі», зачытаны да дзірак. А то збіраліся каля адзінага стала і чыталі ўслых «Рыбакову хату».

Цяпер у чытальнай зале з дзесяць сталоў. Паліцы з часопісамі, картатэкі. Добра аформленыя стэнды. І — хоць бы адна жывая чытацкая душа. Чаму?

— Не ідуць! — злосна паблісквае акулярамі загадчыца. — Нядаўна мы падрыхтавалі пушкінскі вечар, развучылі вершы, урыўкі з «Барыса Гадунова». Дык, не паверыце, сарвалася мерапрыемства. Сабраць канферэнцыю чытачоў — цэлая праблема.

— Канферэнцыю… А вы шукаеце новыя метады работы?

— Калі тут да новых метадаў, — загадчыца зрываецца ледзь не на адчайны плач. — Столькі цяпер увялі справаздач! Апошні месяц былі на ўборцы, запусцілі ўсю метадычную работу. Ды і хто такі малады спецыяліст? Закончыць бібліятэчны факультэт інстытута, а атрымоўвае ўсяго восемдзесят пяць рублёў, толькі на дванаццаць рублёў больш, чым бібліятэкарка пасля дзесяці класаў. Жыве на прыватнай кватэры, перспектывы ніякай. На адным энтузіязме далёка не заедзеш. Таму і не хочуць з раёна ісці ў бібліятэкары і культработнікі. Прыязджаюць пераважна з іншых раёнаў. Адпрацуе такая тры гады і ўцякае. Я таксама ўцяку! Абавязкова ўцяку! У Смаргонь ці Мядзель, бліжэй да родзічаў… Вы прабачце ўжо, што я так разнервавалася. Набалела даўно…

Назаўтра раніцай Астравец расцвіў кветкамі. Амаль ад кожнай школы на выстаўку, прыўрочаную да жнівеньскай нарады настаўнікаў, неслі вяргіні, астры, гладыёлусы. Вялізныя букеты, цэлыя бярэмы. Навошта столькі? Хай бы лепш красаваліся на клумбах. І дзе гарантыя, што вынікі конкурсу будуць падведзены аб’ектыўна? Адзін педагог мне задаволена прызнаўся, што «ягоны» букет назбіраны па агародчыках вяскоўцаў.

У фае Дома культуры бачу даўно знаёмыя, блізкія твары. Сціплая, энергічная, падцягнутая Каіса Яўгеньеўна Гарына, якая адкрывала нам веліч Талстога і прыгажосць Тургенева. Соф’я Сяргееўна Алейнік, калісьці першая піянерважатая Гудагайскай школы і аб’ект бандыцкага праследавання, а цяпер матэматык. Яе муж, крыху аскетычны Мікалай Канстанцінавіч Алейнік, былы партызан. Нас ён калісьці цярпліва вучыў чарчэнню. Праўдалюб і філосаф Мікалай Іванавіч Пырачкін, якому нядаўна прысвоілі заслужанага настаўніка. Дзве аднолькава рухавыя — нягледзячы на паўнаватасць — астравецкія «беларускі» — Ганна Іванаўна Герт і Ганна Мікітаўна Ігнатовіч. Па слядах Ганны Мікітаўны, выдатніцы народнай асветы, пайшло ўжо некалькі выпускніц, якія вярнуліся ў раён. Трыццаць два гады яна выкладае родную мову і літаратуру, з іх дваццаць сем — на Астравеччыне. Выкладчык фізкультуры Здзіслаў Здзіслававіч Шырынскі. Яго вучні, напрыклад, Караліна Пятровіч, заваёўвалі першынство СССР у розных відах спорту. Калісьці ён паказваў нам пасведчанне асобы, прабітае фашысцкай куляй — яна толькі крыху не дайшла да сэрца. Здзіслаў Здзіслававіч штурмаваў Варшаву, родны горад сваёй маці, знаёмай з самім Ф. Э. Дзяржынскім. А бацька Шырынскага быў відным рэвалюцыянерам і военачальнікам, начальнікам Цэнтральнага архіва Чырвонай Арміі.

Шкада, што ў гэтым святочным натоўпе ўжо не ўбачу твару Івана Дамінікавіча Карабца. Ураджэнец вёскі Задворнікі, ён яшчэ да рэвалюцыі выехаў у Піцер, там, як пісаў мне перад смерцю ў лістах, некалькі разоў бачыў Леніна. Пасля вайны вярнуўся на радзіму і вёў у нас матэматыку. Высокі, плячысты, сівы, чырванатвары, ён да хрусту перапляце вузлаватыя сялянскія пальцы і застыне ля дошкі, нібы мармуровая глыба. Слухае, а што ты варты. Любіў пафіласофстваваць аб прыгажосці матэматыкі, скрытай ад гультаёў за сям’ю пячаткамі. Летам і зімой купаўся ў Лошы, чым выклікаў наша здзіўленне — пра «маржоў» тады мы і чуць не чулі. Іван Дамінікавіч быў першым і, здаецца, адзіным да гэтага часу настаўнікам раёна, узнагароджаным ордэнам Леніна.

Кудысьці выехаў з раёна наш Цярэнці Мікітавіч Крыўко. Ціха, разважліва, моршчачы свой сакратаўскі лоб, ён расказваў нам жыццяпісы беларускіх пісьменнікаў, вучыў спасцігаць хараство купалаўскага «Кургана», коласаўскай «Новай зямлі», вершаў Багдановіча і раманаў Чорнага. Па святах (о, маралізатары, не кідайце толькі ў нас каменнем!) мы бралі паўлітэрку і ішлі да яго ў цесную кватэрку, пераробленую з былой крамы. Цярэнці Мікітавіч загадваў жонцы засмажыць яешню, і можна было ўдоваль пагаварыць, аб чым хочаш, пачціва паспрачацца. Не ўсе з нас, хто спрабаваў тады рыфмаваць, звязалі свой лёс з літаратурай, але штосьці ад тых спрэчак у кожнага засталося.

…Як добры сон, успамінаецца наш дружны, хоць і разнамасны дзесяты клас. Трое вясковых хлопцаў, сямёра пераважна местачковых дзяўчат. Халодная драўляная школа на ўзлессі, ля могілак. Навагоднія вечары, на якіх рэзалі польку Адась Урбановіч, цяпер паважаны гродзенскі медык, ці наняты «збоку» Зыгмусь Дамброўскі. Пастаноўкі «Несцеркі» і «Хто смяецца апошнім» (тэкст «Несцеркі», чамусьці на рускай мове, прыслаў нам сам Вольскі, і мы потым яго перакладалі на беларускую мову). Перадвыбарныя выезды на санках з канцэртамі ў вёску. Перапіска з балгарскімі школьнікамі. Розныя прыемныя і непрыемныя, але сёння ўсё роўна прывабныя здарэнні. Разляцеліся выпускнікі таго, 1951, года па ўсёй краіне, а двое трапілі ажно ў Польшчу. Толькі Вера Дубіцкая і Іван Дарашкевіч вярнуліся ў свой раён, каб працаваць настаўнікамі.

Ля выстаўкі вучнёўскай тэхнічнай творчасці знаходжу Веру Дубіцкую — цяпер ужо Веру Адольфаўну, выкладчыцу геаграфіі Варонскай васьмігодкі. У яе былым доме, даўно ўжо знесеным, часта збіраліся мы ў вольную хвіліну. Стары Дубіцкі расказваў розныя гісторыі. Перад смерцю ён чамусьці прасіў, каб на пахаванні заспявалі «Ермака». Застаўшыся адна, маці, простая санітарка райбальніцы, дала дзецям адукацыю. І цяпер у сям’і Дубіцкіх двое настаўнікаў, урач, наборшчыца друкарні.

— Ну як, — пытаюся ў Веры, загадзя спадзеючыся на станоўчы адказ, — задаволена ты цяпер сваёй прафесіяй, сваім выбарам жыццёвага шляху?

— Не зусім, — чую збянтэжаны адказ. — Табе, як аднакласніку, магу прызнацца, што, калі б на тое мая сіла, змяніла б прафесію. Пайшла б на лекара.

— Чаму?

— Цяжка працаваць. Кожны дзень мучышся. Паставіш невуку, які не хоча або не можа вучыцца, двойку — будзеш дрэнным настаўнікам. Знізіш працэнт паспяховасці школы. Паставіш як патрыёт школы тройку — зусім разбэсціцца вучань. І іншыя, гледзячы на яго. Троечнікам прыходзіцца ўжо ставіць чацвёрку, чацвёрачнікам — пяцёрку. А што выдатнікам?

Працэнт паспяховасці? Хіба ён жывы? Пра яго столькі ж пісалі… Хаця, з другога боку, які выбраць іншы крытэрый работы школы?

Цікава, ці будзе гэты няшчасны працэнт фігураваць у дакладзе загадчыка райана? У выступленнях? Трэба паслухаць.

Спачатку — вітаюць маладых настаўнікаў. Узбуджаныя, загарэлыя, модна апранутыя, з кветкамі і віншавальнымі паштоўкамі ў руках яны займаюць першыя рады ў зале. У школы раёна прыбылі шэсцьдзесят два выпускнікі інстытутаў і універсітэтаў! Раённы калектыў педагогаў прыкметна «памаладзеў». Прыгадваю, што пры панскай Польшчы ў трыццаці чатырох пачатковых школах і чатырох школах другой ступені (сярэдняй не было ніводнай) на Астравеччыне працавала ўсяго каля пяцідзесяці настаўнікаў — менш, чым цяпер прыбыло за адзін год. І зусім ніякага параўнаныя з больш аддаленымі часамі. У 1777 годзе на Астравеччыне было ўсяго пяць парафіяльных школ — у Астраўцы, Быстрыцы, Варнянах, Гервятах і Міхалішках, дзе разам вучылася шаснаццаць дзяцей шляхты і трыццаць чатыры — сялян, а выкладалі малапісьменныя арганістыя (у Варнянах, праўда, па ланкастэрскай сістэме).

Сёння, як аб гэтым гаварылася ў дакладах загадчыка райана Леаніда Уладзіміравіча Батуры і сакратара райкома камсамола Івана Іванавіча Санько, на Астравеччыне сем сярэдніх і дваццаць чатыры васьмігадовыя школы, з тры дзесяткі пачатковых (лік пачатковых увесь час скарачаецца, бо ссяляюцца вёскі, ды і менш родзіцца дзяцей). Выкладае ў іх звыш пяцісот педагогаў, а вучыцца пад шэсць тысяч школьнікаў. А якія добрыя, цікавыя справы ў вучняў, пра што мы калісьці і не марылі. Займаюцца на ўчастках рознымі доследамі, перапісваюцца з вучонымі. Вывучаюць трактар і аўтамабіль. Ездзяць на экскурсіі ў Маскву і Ленінград, Мінск і Вільнюс. Сустракаюцца з равеснікамі з Манастыршчанскага раёна Украіны і Швянчонскага раёна Літвы. Дапамагаюць ташкентцам у пошуках магіл узбекскіх салдат, што загінулі, вызваляючы Беларусь. Збіраюцца на спаборніцтвы механізатараў, злёты турыстаў. Праводзяць зборы на тэму «Слаўся, Прынёманскі край!».

Называюцца прозвішчы лепшых. Тых, хто працуе з поўнай аддачай. Заслужаных настаўнікаў БССР Гурскай, Катасонавай, Новікавай, Прохаравай, Пырачкіна, Пяткевіча, Філатавай. Выкладчыцы біялогіі ў Варнянскай школе-інтэрнаце Казакевіч, у якой тэорыя арганічна спалучаецца з практыкай. Настаўніцы з Гір Шакола, якая добра наладзіла кабінетны спосаб навучання. Урэшце, прозвішчы тых, у каго ўсе вучні вучацца на чатыры і пяць…

Толькі на чатыры і пяць? Усе вучні і кожны год? І ніводнага дэбіла? Не, тут нешта не так. Ці не пахадзіў тут той жа няшчасны працэнт? Па раёну ён з году ў год расце. Памятаецца, дваццаць год назад, калі, будучы на практыцы, я пісаў аб такой жа жнівеньскай нарадзе, Астравецкі раён займаў па паспяховасці пятнаццатае месца ў вобласці. З трохсот васьмідзесяці вучняў Варнянскай школы тады не паспявала сто сем, кожны чацвёрты. Сёння паспяховасць па раёну складае дзевяноста дзевяць працэнтаў.

Дык чаму ж тады разам з павелічэннем працэнта паспяховасці зніжаецца колькасць выпускнікоў, якія паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы? У 1973 годзе з двухсот шасцідзесяці дзесяцікласнікаў паступіла трыццаць шэсць, сёлета ж з трохсот дваццаці — толькі дваццаць! Усяго шэсць працэнтаў пры сярэдніх чатырнаццаці-пятнаццаці па краіне! Што тут: недахоп ведаў, правінцыяльная няздольнасць перамагчы ў конкурсе ці падзенне «прэстыжнасці» вышэйшай адукацыі? Прадстаўніца Гродзенскага педінстытута дацэнт Кукоўская настойліва заклікала настаўнікаў, каб тыя агітавалі вучняў паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Калі такое бывала?

І яшчэ праблема: паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, асабліва ў педагагічныя, пераважна дзяўчынкі. Жанчын сярод педагогаў раёна — чатырыста дзевяці) чалавек. Семдзесят сем працэнтаў пры сярэдняй лічбе па краіне семдзесят пяць. У чым справа? Куды ідуць хлопцы, на якіх усё ж падае і будзе падаць асноўны цяжар навукова-тэхнічнай рэвалюцыі?

Даклады і выступленні закраналі і іншыя балючыя, праблемныя пытанні. Усенавуч выконваецца ўсяго на дзевяноста працэнтаў. Астравецкі раён тут адстае ад іншых. Слабейшыя вучні пасля васьмі класаў ідуць у тэхнічныя вучылішчы, якія не даюць сярэдняй адукацыі. Відаць, такіх вучылішчаў увогуле не павінна быць. Хочаш пасля васьмі набыць прафесію — набывай адначасова і сярэднюю адукацыю!

А з якімі працоўнымі навыкамі ўступаюць у жыццё тыя, хто пасля дзесяцігодкі рашыў застацца ў родным калгасе? Такіх з кожным годам усё больш. Але ці кожны з іх зрабіў выбар свядома? Прафарыентацыя часам праводзіцца няўмела. У школу, расказваў адзін прамоўца, запрасілі старую даярку. А яна раіць: дзетачкі ж вы мае, не ідзіце ў калгас, будзеце ўсё жыццё мучыцца, як я, рукамі працаваць… Працаваць рукамі? У век механізацыі? У тым і бяда, гаварылі і дакладчык, і прамоўцы, што ў школе вучань прывучваецца пераважна да ручной працы. Уручную апрацоўваюцца школьныя дзялянкі, збіраецца ўраджай. У лепшым выпадку — зааруць трактарам. Значыць, трэба шырэй уводзіць механізацыю, а для гэтага — мацаваць сувязі з калгасамі. Бо неспрактыкаваныя выпускнікі могуць расчаравацца ў сваім выбары.

З прамоўцаў асабліва запомніліся тры: дырэктар Гервяцкай дзесяцігодкі Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч, завуч па някласнай рабоце Спондаўскай дзесяцігодкі Іван Мікітавіч Мартынаў і намеснік старшыні райвыканкома Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Стрыманы і падцягнуты Эдуард Міхайлавіч бездакорнай, хоць крыху і архаізаванай мовай (падумалася: інтэлігент у пятым пакаленні) падрабязна расказваў, як у іх наладжана вытворчае навучанне. Іван Мікітавіч, поўная супрацьлегласць яму — гарачы, рухавы, заклікаў паляпшаць работу школьных музеяў і вывучаць гераічнае мінулае, палемічна адстойваў свайго вучня, круглага сірату, якому старшыня калгаса не хацеў даць накіраванне ў інстытут. Змагаючыся за гэтага вучня, Мартынаў абапёрся на дапамогу ажно Івана Фролавіча Клімава, з якім яго звязвае партызанская дружба. І дабіўся свайго: вучань паступіў у ветінстытут, куды яго і цягнула… Расціслаў Арсенцьевіч Герт з глыбокім веданнем спраў гаварыў аб перспектывах, аб новых школьных будынках, якія ўзнімуцца ў Астраўцы, Варнянах, Падольцах, на станцыі Гудагай (праўда, у гэтых перспектывах ёсць такое, што і насцярожвае: 10 васьмігодак будзе пераведзена ў пачатковыя школы, а гэта значыць, што яшчэ сотні калгаснікаў, дзецям якіх далёка будзе да школы, кудысьці пераедуць, часцей за ўсё за межы раёна). Біў трывогу з поваду таго, што толькі дваццаць працэнтаў спецыялістаў, у тым ліку дваццаць пяць працэнтаў настаўнікаў — выхадцы са свайго раёна (у Карэліцкім раёне — семдзесят). А чалавек, не звязаны глыбокімі каранямі з месцам сваёй работы, часта яго мяняе.

— Вось вы часта скардзіцеся, што падае прэстыж настаўніка, што не здымаюць перад вамі шапку, як пяцьдзесят год назад. А што вы самі робіце, каб умацаваць гэты прэстыж? — пытаў у прысутных Расціслаў Арсенцьевіч. — Які прыклад вы паказваеце дзецям? Не забывайце, што раней настаўнік быў адзіным спецыялістам у вёсцы, цяпер жа — дзесяткі. І вы павінны вылучацца сярод іх сваімі ведамі, паводзінамі, удзелам у грамадскім жыцці.

На жаль, і ў дакладах, і ў выступленнях вельмі бегла і агульна («належыць», «трэба рашуча ўзняць», «наш абавязак») гаварылася пра маральнае і эстэтычнае выхаванне маладога пакалення. Таму варта было б канкрэтна паглядзець, як вучні ведаюць літаратуру, мастацтва. Правесці нейкую сацыялагічную анкету, ці што? Трэба наконт гэтага параіцца з Леанідам Уладзіміравічам Батурай. І задаць яму некаторыя з тых «чаму», што ўзніклі ў час нарады. Асабліва наконт працэнтаманіі.

Але калі мы вечарам сустрэліся, дыскусіі ў нас не атрымалася. Леанід Уладзіміравіч, чалавек, як я пераканаўся, мэтанакіраваны, напорысты і не дужа ўступлівы, ахвотна пагаджаецца:

— Працэнт паспяховасці — сапраўды не лепшы крытэрый. Атрымоўваецца, нібы настаўнік сам ставіць ацэнку за сваю працу. Суб’ектывізм тут непазбежны.

— Але ж гэты суб’ектывізм скіраваны толькі ў адзін бок — у бок завышэння. Пра гэта ведаюць лодары — і не працуюць у чвэрці. Не чытаюць мастацкія тэксты. Навошта? Тройка будзе. І на другі год не пакінуць.

— Што зробіш. Націскаюць на нас — ціснем і мы на працэнт. А дзе знайсці іншы, больш дакладны крытэрый?

— Знайсці можна. Напрыклад, ацэнкі, атрыманыя выпускнікамі пры паступленні ў інстытуты і тэхнікумы, — наколькі яны адпавядаюць прастаўленым у атэстатах.

— Уступныя экзамены — таксама ў нейкай ступені латарэя. Ды і не можам мы арыентавацца толькі на тых, хто паступае. Многія застаюцца ў калгасах.

— З цягам часу, можа, экзамены, хаця б вусныя, стануць прымаць вылічальныя машыны. Тады ацэнкі стануць больш аб’ектыўныя.

— А што загадаеце рабіць з тымі, хто не хоча вучыцца?

— «Литературная газета» ўжо не раз пісала: ставіць двойкі. Пераводзіць з двойкай у наступны клас. Ставіць двойкі ў непаўнацэнным атэстаце. Тады патрабавальнасць стане большая. Цяпер многа гавораць аб перагрузцы школьнікаў. Я не спрачаюся: такая перагрузка сапраўды існуе, бо ў праграмах шмат другараднага. Але ж вучні слухаюць аб сваёй перагружанасці — і лынды б’юць. Калісьці мы здавалі чатырнаццаць экзаменаў. Былі пераводныя іспыты. На сачыненнях ніхто не клаў нам мастацкія тэксты. І нічога, здавалі, паступалі. Не шэсць, не дзесяць працэнтаў, як цяпер, а восемдзесят — сто. З дзесяці чалавек нашага класа Зыта і Яніна Букель, Ядвіга Анімуцкая, Вера Дубіцкая, Аляксандра Капылова, Віта Кузьменка і Іван Дарашкевіч сталі настаўнікамі, Антаніна Шмань — лекарам, Часлаў Мекін — спецыялістам-чыгуначнікам.

— Аргумент непераканаўчы. Колькі тады было выпускнікоў у раёне?

— У 1948 годзе — дзевяць, 1949 годзе — шэсць, 1951 годзе — дзесяць чалавек.

— Вось бачыце. Тады вучыўся той, хто імкнуўся. А сёння сярэднюю адукацыю павінны атрымаць усе. Педагагічны «шлак» расце.

— Згодзен. Але згадзіцеся і вы, што жаданне вучыцца ў інстытуце, асабліва сярод хлопцаў, цяпер меншае. Ці не звязана гэта неяк з агульным ростам дабрабыту? Вучня не запалохаеш, як раней, што калі ён не будзе вучыцца, то пойдзе пасвіць свіней або трэсці гной. Ён стане трактарыстам ці шафёрам і будзе атрымоўваць рублёў дзвесце ў месяц. А колькі цяпер у сярэднім атрымоўвае настаўнік?

— Сярэдняя зарплата па раёну, калі лічыць і дырэктараў, і завучаў, складае сто трыццаць дзевяць рублёў з капейкамі.

— А ў будаўніцтве, я бяру афіцыйныя звесткі, сярэдні заработак па краіне — сто шэсцьдзесят чатыры рублі, на транспарце — сто пяцьдзесят сем рублёў. Вось і падае прэстыжнасць прафесіі настаўніка, культработніка. Нядаўна ў Мінску выйшла кніжка Р. Грабеннікава «Проблемы культуры современного села». Там прыведзены табліцы прэстыжнасці той ці іншай прафесіі, складзеныя на аснове сацыялагічных апытанняў у вёсцы. Дык па іх прэстыжнасць настаўніка складае ўсяго трыццаць працэнтаў, а механізатара — дваццаць два працэнты, палявода — пятнаццаць працэнтаў. Праз восем год пасля заканчэння школы тыя, хто адразу пайшоў працаваць, адчуваюць сябе лепш за тых, у каго ёсць дыплом. Вось і ідуць моцныя галовы туды, дзе можна зарабіць больш. І не праз пяць год, а неадкладна. У педінстытуты паступагоць пераважна дзяўчаты і то не заўсёды з лепшых вучаніц. Кола замыкаецца: сярэдні настаўнік будзе пладзіць сярэдненькіх вучняў і вьшускнікоў. Чым гэта пагражае для навукова-тэхнічнай рэвалюцыі?

— Ну, адразу ўсім павысіць зарплату нельга. Ды, як кажуць, не хлебам адзіным жыве настаўнік. Акрамя матэрыяльных стымулаў у нас ёсць яшчэ маральныя.

— А мы часта карыстаемся гэтымі стымуламі? Цяпер я чытаю аповесць Генрыха Далідовіча «Усё яшчэ наперадзе». Напісана яна пра маладога настаўніка, які пасля інстытута прыехаў у сельскую школу. Вось як разважае галоўны герой — і я цалкам падзяляю яго думку: «Гэта вельмі добра, што ў нас шануюць рабочых людзей. Але ці часта вы бачылі, каб хвалілі ці ўзнагародзілі медалём ці ордэнам настаўніка ў дваццаць ці дваццаць пяць…, а працу яго мала хто бачыць, калі не лічыць казённых заўваг інспектара… Вось чаму адны настаўнікі папрацуюць у школе і ўцякаюць, другія — б’юцца сумленна і свету не бачаць, а трэція — робяць сабе паціху, напаўсілы ды грабуць капейку». Скажыце, Леанід Уладзіміравіч, колькі ў раёне настаўнікаў, узнагароджаных ордэнам Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга?

— Чатыры чалавекі маюць ордэн «Знак Пашаны», 3 чалавекі — медаль «За працоўную адзнаку», трыццаць два чалавекі — значок «Выдатнік народнай асветы». Ёсць яшчэ розныя граматы…

— А дэпутатаў райсавета колькі з настаўнікаў?

— Адзін.

— Вось бачыце. Не прыкмячаем мы яшчэ па-сапраўднаму настаўніка, слаба цэнім яго цяжкую працу. Мне сёння спадабалася, як вы віталі маладое папаўненне. Звяртаючыся да новых настаўнікаў, Ганна Мікітаўна Ігнатовіч сказала: «Жадаю вам дажыць у нашым раёне да пенсіі». Усё правільна. Але вось пажылая настаўніца, якая сядзела побач са мной, настаўніца заслужаная, пра яе часта ў газеце пішуць, з горыччу шапнула: «Хто іх тады ўспомніць! Хто іх пасадзіць на першыя рады з кветкамі, калі споўніцца дваццаць пяць год іх работы ў школе!» Пасля сённяшняга свята пачнуцца для папаўнення будні. То кватэры няма, то дроў не даюць, то старшыня адмовіцца ў райцэнтр падвезці, як аб гэтым днямі «Правда» пісала.

— У нас многія старшыні пачынаюць разумець, што ад школы, ад таго, каго яны выпусцяць, залежыць заўтрашні дзень калгаса. Вазьміце вы Руновіча. Калгас імя Янкі Купалы сярэдненькі. А ўсё-такі знайшоў сродкі, каб пабудаваць і школу, і дом для настаўнікаў.

— І многа такіх у раёне?

— Не надта. Іншы, як куркуль, ціснецца, не разумее, што кожны рубель, зэканомлены на школе, на настаўніку…

— На культуры ўвогуле!

— …На культуры, потым адгукнецца дзесяткамі і сотнямі рублёў страт, адгукнецца бракаробствам, несумленнай працай. Па-сапраўднаму мы не паставім асвету, пакуль не станем глядзець на яе як на сферу вытворчую, прадукцыйную. Не разумею, чаму так лічыцца, што настаўнік нічога матэрыяльнага не стварае. Інжынер стварае тэхніку. Настаўнік жа стварае галоўную вытворчую сілу, фарміруе чалавека! А мы часам хочам рабіць навукова-тэхнічную рэвалюцыю без настаўніка.

Рассталіся мы прыміраныя, амаль аднадумцамі. Палеміка сапраўды не атрымалася.

— Жыццё мяняецца, — працягваў разважаць Леанід Уладзіміравіч, калі мы выйшлі на начную вуліцу. Ішоў жнівеньскі зарапад, ледзь прыкметны ў святле ліхтароў. — Мяняецца і ставіць усё новыя праблемы. Раней адбою не было ад заяў у школы-інтэрнаты. Цяпер жа ў Варнянах пустуе некалькі дзесяткаў месцаў. Прыедзеш да бацькоў, угаворваеш, а яны кажуць: мы не такія бедныя, каб аддаваць з вачэй дзіця, даіць дзяржаву. Можа, і маюць рацыю. А з аблана патрабуюць: запаўняй! А не то на «кавёр» выклічам, стружку здымем… Цікава, у літаратуразнаўстве з вас таксама стружку здымаюць?

— Чаму ж, бывае.

І мне чамусьці прыгадалася, як першы раз у жыцці з мяне здымалі «стружку». Тут, у Астраўцы. У кабінеце першага. Праўда, не вельмі строга, больш з гумарам.

…Неяк яшчэ пры буржуазнай Польшчы жыла ў нашых Расолах старая і адзінокая жанчына Міхаліна Грамашэўская. Зямлі крыху мела, лесу, залатнікоў закапаных. Наняла маладога парабка Івана Верам’я. А потым усё пачалося, як у «Пясках» Серафімовіча. Старая, мусіць, паабяцала Івану, што апіша на яго хутар, і павяла ў касцёл браць шлюб. Уся вёска дзівілася з таго вяселля. І смяяліся з Івана, і шкадавалі яго: маладосць на залатнікі прамяняў. Верамей спадзяваўся, што жонка працягне год-два і аддасць богу душу. А яна трымалася. Нават рэўнавала: з сякерай бегала, калі ён каму ўсміхнецца, на картах варажыла, калі ён паедзе з вяскоўцамі на рынак. З выгляду жылі бедна. Дом старэнькі, скасабочаны, на падлозе бруду на палец. Сабака — і той шкілет, адны косці. «Гэта ён ад злосці такі, ад злосці», — апраўдваўся Верамей. Увогуле ён любіў прыкінуцца гэтакім тупаватым прастачком, ашукаць іншага. Прыйдзе ў млын, бывала, завоз вялізны, на суткі, а ён просіцца: «Прапусціце, браткі, без калейкі, жонка па старасці скончылася, хаваць трэба, пірагі пячы». Людзі, вядома, ведаючы яго лёс, прапускалі. А ён змеле, вернецца дахаты, напячэ посных блінцоў і падаé на ложак:

— На, еш, вашэця, гэта ўжо астаткі. Пара сказаць, дзе вашэця залатнікі прыхавала.

Старая цыркала па аднаму залатніку. Ён іх зашыў пад падэшву ў бот — каб ніхто не ўкраў. Неяк у вайну ішоў пешшу ў Вільнюс, падэшва пратапталася, а залатнікі сеяліся па дарозе. Сусед ішоў і падбіраў. І падсмейваўся над Верам’ём.

І вось пачалася калектывізацыя. Аддаць зямлю, за якую заплачана маладосцю? Нізавошта! Прыйдуць Верам’я агітаваць, а ён ляжыць на ложку, закіданы анучамі, трасецца. «Не рушце яго, — кажа старая Міхаліна, — яго гарачка травіць, у яго запаленне паловы мазгоў…» Пастаяць і пойдуць.

Аднойчы, пасля чарговага такога візіту, адчуваючы, што ў ягоную хворасць ніхто не паверыць, бо ўсе бачылі, як ён толькі што заганяў слупкі для плота, прыбягае ён да нас і просіць:

— Дай, браток, нейкіх таблетак, а то мяне грып бярэ. Бачу: прыкідваецца, дурня строіць. Чым тут яго правучыць? Ага. Дастаю пачку пургену і спакойна так падаю:

— Іх трэба піць адну за другой. Тры мінуты пройдуць — і наступную. Але ж у дзядзькі зэгарка дома няма. Таму піце тут. Я буду глядзець на зэгарак.

Што тады пачалося! Назаўтра Верамей пабег у Астравец: Мальдзісёнак хацеў атруціць! Вось як вы заганяеце ў калгасы… Пасярэдзіне ўрока ў клас убег знерваваны дырэктар і загадаў мне:

— У кабінет да Максіма Логвінавіча, хутчэй! Не думаў я, што вы так школу зганьбіце!

А я і не ведаю, у чым справа. Асцярожна рыпаю дзвярыма першага — сакратаркі ў прыёмнай тады яшчэ не было. За сталом сядзіць чалавек з сіваватым чубам. Насуплена глядзіць паўз акуляры. Побач яшчэ нехта, потым даведаўся: пракурор. Злосная ўсмешка першага не прадвяшчае нічога добрага.

— Ну, скажы нам, юнаша, — кажа ён нізкім басам, — як ты людзей труціш…

Скончылася, вядома, смехам:

— Ну ідзі, юнаша, грызі навукі. Толькі больш гэтай ерундзісцікай не займайся. А то пурген з мыш’яком перапутаеш.

З таго часу я не раз слухаў Максіма Логвінавіча, гаварыў з ім. І заўсёды здзіўляў ён аргументаванасцю і праматой суджэнняў. Прамата часам пераходзіла ў рэзкасць, але рэзкасць заслужаную і справядлівую. Памятаю, неяк у навагоднюю ноч жаніўся распешчаны сынок вельмі паважаных бацькоў. Усё раённае начальства было ўжо ў зборы, а Максім Логвінавіч усё не ішоў. Паслалі адных пасланцоў, другіх. Урэшце за паўгадзіны да Новага года паехалі за ім у вазку самі маладыя. Прыязджаюць. Максім Логвінавіч адзінока сядзіць за недапітай чаркай і патэльняй смажанай бульбы.

— Апранайцеся хутчэй, даражэнькі Максім Логвінавіч! Вы ж сватам у нас.

— Не буду сватам на такім вяселлі. Хіба ты не бачыла, за каго ідзеш? Ён жа нават нагі тваёй не варты…

Якраз Максім Логвінавіч Язычэнка і праводзіў на Астравеччыне калектывізацыю. Трывала ўвайшоў у народную памяць. Пасля яго было многа першых. Іх памятаюць цьмяна, а яго ўспамінаюць.

Назаўтра іду ў драўляны домік, у якім вось ужо год з дваццаць пяць жывуць Каіса Яўгеньеўна Гарына і яе муж, Максім Логвінавіч Язычэнка. На панадворку буйна цвітуць з густам пасаджаныя кветкі. На ўсёй Астравеччыне садавіна якраз не ўрадзіла, а тут яблыні стаяць, цяжарныя яблыкамі.

Максім Логвінавіч узняўся са спартанскага жалезнага ложка, адклаў кніжку ваенных мемуараў. Павітаў такім жа густым басам. Тыя ж самыя валявыя абрысы твару. Толькі чуб увесь пасівеў і на пераноссі больш маршчынак.

Расказвае Максім Логвінавіч Язычэнка:

— Ці люблю ваенныя мемуары? Вядома, люблю. Бо сам вайну прайшоў. Застала яна мяне знянацку. Да вайны самым мірным чалавекам быў — загадваў асветай у Лёзне, дырэктарстваваў у адной віцебскай школе. А тут немцы пачалі горад бамбіць. Кажуць, каля Віцебска варожы дэсант высадзіўся. Развітаўся я з Каісай Яўгеньеўнай, тваёй вучыцелькай, і пайшоў добраахвотнікам у знішчальны батальён. Выбраліся з горада, а дзе немцы, не ведаем. Ідзём на світанні праз жыта. Толькі-толькі пачало каласіцца, расістае такое. Раптам заціўкалі кулі. Вяду за сабой у атаку — я ж палітрук. Тут — нечым гарачым у плячо. Ляжу ў разоры. А скрозь кволыя каласочкі відаць: недзе далёка выкочваецца на неба барвовае сонца. І не разумею, сонца гэта ці крывавыя кругі ў вачах плывуць.

Пасля той раны неяк ачуняў. Пачаў партызаніць, камісарыць. На Мсціслаўшчыне, Аршаншчыне. За лінію фронту, у Маскву лётаў. Назад з важнымі заданнямі скідвалі.

Як я ў Астравец трапіў? Дзесьці ў сорак восьмым выклікалі з Крычава ў Мінск і прапануюць: паедзеш першым у Астравец. Той самы Астравец, які ты вызваляў у трыццаць дзевятым. З калектывізацыяй там нелады. Далей трох батрацкіх калгасаў не зрушацца. Я і згадзіўся. Да мяне ў Астраўцы першым быў Мацюшаў. Чалавек сумленны, але з людзьмі гаварыць не ўмеў. Прыйдзе да яго хто, а ён павесіць галаву на стол і маўчыць. Адвучыліся людзі да яго хадзіць. Прыехаў, сяджу дзень, сяджу тыдзень — нікога. Тады сабраў сакратароў, Лук’янава, Волкава: давайце самі па людзях станем хадзіць і ездзіць. Па тых калгасах, што на паперы нібы ёсць, а на самай справе іх няма. Старшыня жарнельскага калгаса так і пісаў у даведцы для райфа: «Паведамляем вам, што ў нашым калгасе калгаснікаў няма». Ерунда, канешно, выходзіць. Прыязджаем мы ў Ізабеліна на сход, а тут нехта свіран падпаліў. Усе і разбегліся. Прыехалі другі раз — нікога з дарослых няма, толькі дзеці з-за вуглоў выглядваюць. Тут мне прыдаўся вопыт дваццаць дзевятага года, калі, будучы страхагентам, я сходы ў Чашніцкім раёне праводзіў. У тую калектывізацыю, у трыццаць першым, у партыю ўступіў.

Самае цяжкое было не заявы сабраць, а жывёлу і пасевы абагуліць, межы разараць. Сітуацыі былі ну прама, як ва «Узнятай цаліне». Неяк звоняць з Вароны: бабы прагналі трактарыстаў, пяском ім вочы засыпалі. Выклікаю Іванова: паехалі! Прыязджаем, глядзім: стаяць каля сельсавета два трактары. «Што вы, хлопцы, баб спалохаліся?» — смяюся трактарыстам. Яны ў амбіцыю, завялі маторы. Каля Сыманель зноў жанчыны затрымалі. Старшыня Варонскага сельсавета Малання Сенюць, тады дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, мне на дапамогу прыбегла. Нічога не выходзіць. Адна нібы памірае на дарозе, другая ёй валяр’янку нясе. Дзяцей папрыводзілі. Вэрхал, крык. А тут, як на той грэх, першы сакратар абкома Клімаў наехаў. «Што ты, Малання, з народам не ўмееш гаварыць?» — пытаецца. І праўда, не ўмела, болей пра сябе думала. Узялі тады мы ўсе і пайшлі паперадзе, а трактары за намі. Жанчыны разгубіліся, адсталі. Так і пачалі першую калгасную сяўбу ў Сыманелях.

А то прыязджаю ў Гальчуны. Чую крык. Аказваецца, жанчыны нарвалі крапівы, выпацкалі яе ў каламазь і давай ганяцца за Смаляком. Тады ён калгас там арганізоўваў. Разбегліся, убачыўшы нас, па полі. А мы за самай злой… Дагналі, той жа жыгучкай нажгалі і яшчэ за хуліганства для страху абяцалі пасадзіць.

Самы трагічны дзень у маім сакратарстве? Такіх было многа. Тады ў раёне банды лютавалі. Едзем мы з Івановым у Быстрыцу адной дарогай, а вяртаемся другой, каб з тропу збіць. Яшчэ да мяне тут расхадзіўся Яцман, сын крамніка з Міхалішак. Хеўру сабе падабраў. Рабаваў, забіваў. У яго была карта Астраўца з крыжыкам каля кожнай хаты, дзе жыло начальства. Раз Яцман даведаўся, што ў Валэйкішках, а можа, у Слабодцы, не помню ўжо, наш старшыня райплана Мікалай Сцяпанавіч Калгушкін будзе рабіць даклад. Калгушкін паехаў не адзін, узяў з сабой участковага Міхаля, лейтэнанта міліцыі Сташкевіча, двух «ястрабкоў». Толькі пачаў даклад, як бандыты акружылі хату і падпалілі яе. Калгушкін смелы быў хлопец, даўся ў акно. За акном стаялі двое з вінтоўкамі. Ён кінуў гранату і прабіўся. А Міхаль са Сташкевічам загінулі.

Пасля гэтага начальнік раённай міліцыі Вячкілеў рашыў у што б там ні стала ўзяць Яцмана. Падабралі адчайнага хлопца, Васіля Камарэнку. Ён пераадзеўся, пачаў хадзіць па вёсках, нібы гадзіннікі рамантуе. Зайшоў да сястры Яцмана і пачаў жаліцца: растратчык ён, саветы яго шукаюць. Сястра і паверыла. Камарэнка ўвайшоў у давер Яцмана. «Пойдзем у Гервяты, — шэпча неяк яму, — я ведаю там багатага старога, прыкокнем яго, а грошы возьмем!» Камарэнка даў знаць Вячкілеву. У хаце старога зрабілі засаду. Але Яцман па дарозе яшчэ захацеў забіць гранатай старшыню Гервяцкага сельсавета Сільвестрава. Камарэнку не было другога выхаду, прыйшлося прыбраць бандыта. А яго банду ліквідавалі каля Навасадаў.

Потым аб’явіўся Вінцук Карвецкі, дэзерцір з Чырвонай Арміі. Уцягнуў у банду двух сваіх братоў. Стараўся запалохаць людзей. Прыйшлі ноччу да аднаго кандыдата ў дэпутаты, вывелі на вуліцу, загадалі раздзецца, нацерлі спіну цёркай і пасыпалі соллю. Потым аблілі дом нечым, падпалілі і сказалі: «А цяпер можаш служыць саветам».

Самы трагічны дзень, відаць, быў, калі людзі Карвецкага забілі ў Дайлідках Калгушкіна і Ушакевіча. Хто такі Ушакевіч? Іван Аляксандравіч, старшыня Якентанскага сельсавета. З цікавай сям’і быў. Яго дзядзька, Уладзімір Іванавіч Ушакевіч, стаяў на чале Якентанскага сельсавета яшчэ да вайны. У сорак першым схаваў у страсе свайго хлява сельсавецкую пячатку і штамп. Колькі трымалі ў турме, нічога не выдаў. Не выдалі людзі і яго. У гады акупацыі па-ранейшаму лічыў сябе старшынёй. Пячаткай завяраў дакументы для акружэнцаў. Многіх людзей выратаваў тады. Пасля вайны я бачыў тую пячатку ў райвыканкоме. Бацька Івана Аляксандравіча таксама быў камуністам, старшынёй калгаса.

Ну, значыць, едзе Калгушкін у Якентанскі сельсавет. «Не фарсіце, хлопцы, — гавару яму, — не сядайце ў прэзідыум, сярод людзей растварыцеся». Не паслухаў. «Што, — абураецца, — на сваёй зямлі ад некага буду хавацца?!» Прыехалі ў Дайлідкі, пачалі сход. А тут Карвецкі са сваёй хеўрай. Спачатку спалілі сельсавет, перарэзалі тэлефон на Астравец. Потым акружылі хату. Ушакевіча забілі ў прэзідыуме адразу, Калгушкіна толькі ранілі ў правую руку. Ён выцягнуў пісталет, прытаіўся ў цемнаце, бо лямпу разбілі. Бандыты смела заходзяць у сярэдзіну, свецяць ліхтарыкам у твар мёртвага Ушакевіча. А Калгушкін тым часам страляе з левай, кладзе аднаго падлюгу. Ну і зрашэцілі яны яго потым! Дванаццаць ран мы налічылі. Калгушкіна і Ушакевіча ўрачыста хавалі ў Астраўцы. Працэсія з вянкамі выцягнулася на кіламетр. Бацька Ушакевіча не вынес усяго і праз чатыры дні памёр.

Гібель Калгушкіна і Ушакевіча была, як бы сказаць, кульмінацыяй класавай барацьбы. З пяцідзесятага ўсё супакоілася. Пачалі падбіраць кадры. Памятаю, доўга не маглі знайсці старшыню ў «Шляху Леніна». Прыгледзеўся я да Андрушкевіча. Выцягнуў яго раз з пошты, павазіў па палях — згадзіўся. І добра кіраваў. Потым, з «Чырвонай зары», пачалося ўзбуйненне калгасаў. Замест ста дзесяці стварылі трыццаць. Таксама цяжка было: пакуль конь стаіць у сваёй вёсцы, ён яшчэ нібы напалову свой. Багатыя калгасы не хацелі лучыцца з беднымі. Хаця якое там багацце. Працадзень у тры кілаграмы збожжа і адзін рубель — на старыя! — лічыўся ўжо высокім. Але мы бачылі перспектыву. Гаварыў усім, што жыццё іншым будзе. Не верылі мне. Але цяпер сустрэнуся з людзьмі, і мне не сорамна ім у вочы глядзець.

На развітанне бяру з Максіма Логвінавіча цвёрдае слова, што ён пастараецца напісаць падрабязныя мемуары. Такі жыццёвы матэрыял не павінен прапасці. Аднекваецца: няма літаратурнага таленту. «А нашто ваша Каіса Яўгеньеўна? — кажу. — Дапаможа».

Прыгадаўшы Каісу Яўгеньеўну, я адначасна ўспомніў, што сёння засядаюць філалагічныя секцыі настаўніцкай канферэнцыі. Іду на беларускую. Праходзіць яна ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры Астравецкай дзесяцігодкі. На сценах — партрэты класікаў. Старанна падабраныя кніжныя стэнды. Выстаўка лепшых сачыненняў. Вядзе пасяджэнне гаспадыня гэтага кабінета Ганна Мікітаўна Ігнатовіч. За партамі — адны жанчыны. Праўда, спачатку сядзеў і адзін мужчына, але к канцу кудысьці знік. Фемінізацыя сярод беларусазнаўцаў няўмольна набліжаецца да ста працэнтаў. Большасць апранута неяк па-дамашняму, па-вясковаму. Куды ім цягацца ў модзе з «фізічкамі» ці «англічанкамі». Пайшлі яны ў інстытут (пераважна на завочнае аддзяленне) з вёскі, вярнуліся туды ж, ці, дакладней, зусім з яе не выязджалі і цяпер разрываюцца паміж праверкай сшыткаў, прысядзібным участкам, дзецьмі, грамадскімі даручэннямі. Часам бягуць у школу ў тым жа адзенні, што даілі кароў. Слухаю даклады — добрасумленныя, карысныя, але без палёту думкі, без праблем. Ды і адкуль палёт, калі няма асаблівага часу і імкнення сачыць за навінкамі?! На раён, пераважна для бібліятэк, ідзе пяцьдзесят восем экземпляраў «Полымя», семдзесят экземпляраў «Літаратуры і мастацтва». Да настаўніка яны амаль не даходзяць. А які ж, прабачце, выкладчык літаратуры без літаратурных выданняў.

Сумленна нясуць яны сваю ношу, сумленна стараюцца навучыць пісьменнасці. Але ці здольны запаліць у душы падлетка нязгасны праметэеў агонь, любоў да прыгожага?


Загрузка...