Cяржук Мацкойць адразу пасьля гэтага паехаў у Курапаты, узяўшы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, які валанцёры павесілі сёньня раніцай замест папярэдняга невялічкага штандару — падарунка фатографа Ўладзімера Кармілкіна. Прыкладна апоўдні стаў вядомы лёс Алеся Поклада й Васіля Парфянкова. Іх пратрымалі ноч і раніцу ў гарадзкім аддзеле міліцыі, потым склалі пратакол, а прыкладна а дванаццатай гадзіне адвезьлі ў суд Савецкага раёну. Валанцёры запатрабавалі адваката, і суд над імі быў перанесены на заўтра.

З суду абаронцы адразу ж прыехалі на прэсавую канфэрэнцыю, якая ладзілася з нагоды ўчорашніх падзеяў. Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў распавялі, што іх затрымліваў асабіста начальнiк Савецкага райаддзелу міліцыі Бусло, які, дарэчы, зараз афіцыйна ў адпачынку, і ягоны намесьнік Гуранкоў. Варта заўважыць, што тэрыторыя Курапатаў належыць да Менскага раёну, і таму незразумелы ўдзел гарадзкіх міліцыянтаў ва ўчорашніх падзеях Распавядае Алесь Поклад:

— Паводзілі сябе жорстка. Спыталіся, чаго ты сюды прыйшоў? Адказваю, што я тут жыву. Яны кажуць, што зараз зьменяць мне месца жыхарства. Потым былі выкрыкі. Ударылі Васіля па твары. Атрымаў ён таксама дубінкай. Калі прыехаў УАЗік, усім сказалі па адным выходзіць. Антось сказаў, што яму таксама па назе ўдарылі. Потым нас усіх завезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі. У мяне быў пашпарт з сабой, у Васіля — таксама. Па кампутары праверылі, усё было нармалёва. Потым нас звазілі ў наркалягічны дыспансэр. Далей нейкі міліцыянт забраў Антося й Машу й павёў некуды, а нам сказаў чакаць. Закінуў у пакой — мэтар на мэтар прыкладна...

Алесь Поклад пры гэтым адчуваў сябе вельмі кепска — у яго зламаная рука і вялікія апёкі на сьпіне, але гэтыя акалічнасьці міліцыянтаў не цікавілі. У выніку валанцёраў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Тлумачыць Васіль Парфянкоў:

— У пратаколе запісана — аказвалі супраціў міліцыі, пагражалі фізычнай расправай і нецэнзурна лаяліся. Пры гэтым іх было восем здаровых ілбоў, а нас — дзяўчына й тры хлопцы, у аднога зь якіх страсеньне мозгу, у другога — сьпіна ў апёках і зламаная рука, у мяне вывіхнутая нага. І мы ім пагражалі фізычнай расправай...

Суд над Васілём Парфянковым і Алесем Покладам адбудзецца заўтра. Тым часам палітыкі занепакоеныя сытуацыяй вакол Курапатаў. Паводле актывіста Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка, улады ў хуткім часе паспрабуюць ізноў разагнаць лягер абаронцаў.

СІЎЧЫК: Наступным днём і наступнай ноччу ў Курапатах будуць нейкія падзеі. Бачна, што дзесьці наверсе рэжыму прынятае рашэньне зьліквідаваць лягер. Бачна, што гэта ня здолелі зрабіць нейкімі легальнымі шляхамі, таму будзе «беспредел». Адразу пасьля прэсавай канфэрэнцыі валанцёры Алесь >Поклад і Васіль Парфянкоў паехалі ў Курапаты — надалей >бараніць нацыянальны нэкропаль.


17 красавіка 2002

ДВУХ АБАРОНЦАЎ БУДУЦЬ СУДЗІЦЬ ЗАЎТРА

Затрыманую ўчора ў Курапатах 16-гадовую Марыю Кантаўтайтэ трымаюць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку для непаўнагадовых на вуліцы Акрэсьціна.

Любоў Лунёва:

Марыю пасьля сьмерці бацькоў прывёз зь Літвы да сябе ў Смалявіцкі раён ейны дзядуля. Адміністрацыя прыёмніка чакае брата Марыі, каб аддаць яму сястру пад подпіс. Антон Шкурынскі, грамадзянін Расеі, утрымліваецца ў асобнай камэры. Паколькі Антон ня мае пашпарту, ён можа правесьці 30 сутак у спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна — для высьвятленьня асобы. Акрамя гэтага, супрацоўнікі прыёмніка будуць праводзіць праверку, ці не знаходзіцца Антон у крымінальным вышуку. Раней ён зьвяртаўся па дапамогу ў справе аднаўленьня згубленага пашпарту ў расейскую амбасаду, але, паводле ягоных словаў, атрымаў адмову. У амбасадзе нам адмовіліся даць інфармацыю на гэты конт. Васіля Парфянкова і Алеся Поклада, якіх міліцыянты абвінавачваюць у дробным хуліганстве, будуць судзіць заўтра ў Савецкім раённым судзе Менску.


17 красавіка 2002

РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ БАРАНІЦЬ КУРАПАТЫ

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася да суродзічаў.

Спадарыня Сурвілла піша ў сваім звароце: «Няма таго дня, каб не прыйшла якая прыкрая зьвестка зь Беларусі. Найбольш цяжка ўспрымаць весткі пра злачынствы, зьдзек з усяго беларускага, нячэснасьць тых, хто нясе адказнасьць за долю нашага народу, за адсутнасьць свабоды, за страх, за нялюдзкія ўмовы жыцьця.

Апошняя вестка – арышт абаронцаў Курапатаў і нішчэньне іхнага лягеру. Што чакае цяпер маладых герояў? Што для іх прыдумаў «прэзыдэнт»? Адно ёсьць пэўнае: вялікае расчараваньне кожнага беларуса, які яшчэ верыў, што ён можа нейкім чынам нешта зьмяніць на лепшае ў жыцьці свайго народу.

Ня менш праймае аднак і сам факт перарваньня вахты. Бо ж гэта значыць, што ўлады будуць рабіць тое, што ім захочацца ў Курапатах, каб сьцерці зь людзкой памяці сотні тысяч ахвяраў сталінскага тэрору». Івонка Сурвілла зьвяртаецца да беларусаў: «Ідзеце бараніць хлапцоў і дзяўчат, якія на працягу шасьці месяцаў баранілі ня толькі магілы вашых дзядоў, але і ваш гонар, гонар беларускага народу. Памятайце, што зьдзек з гэтых маладых людзей – гэта зьдзек з нашай гістарычнай памяці, з нашага народу, з нашай беларускасьці. Мы ня можам быць пасіўнымі гледачамі гэтага зьдзеку».


17 красавіка 2002

БУДАЎНІКІ СПРАБАВАЛІ ЗААТАКАВАЦЬ МЭМАРЫЯЛ

Пры падтрымцы міліцыі яны пераступiлі мяжу мэмарыялу й папсавалі пляцоўку перад Крыжом Пакутаў. Экскаватар пакінуў тэрыторыю мэмарыялу толькі пасьля таго, як там зьявіліся актывісты грамадзкіх арганізацыяў і замежныя дыпляматы.

Альгерд Невяроўскі:

А палове пятай вечара на курапацкую пляцоўку побач з намётам заехаў экскаватар. У той час у лягеры знаходзіліся чатыры валанцёры, якія як маглі пратэставалі супраць уварваньня будаўнічай тэхнікі на тэрыторыю ўрочышча. Экскаватар езьдзіў каля галоўнага Курапацкага крыжа прыкладна паўгадзіны й пакінуў глыбокія каляіны на зямлі.За дзеяньнямі экскаватаршчыка з дарогі назіралі міліцыянты з Савецкага райаддзелу Менску, але дзеяньням ягоным не перашкаджалі.

Тэхніка пакінула галоўную курапацкую пляцоўку толькі пасьля таго, як ва ўрочышча прыехалі актывісты палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Гаворыць Алесь Чахольскі:

— Працягваецца зьнішчэньне Курапатаў. Ніякіх дамоваў з гэтымі ўладамі быць ня можа. Курапаты – гэта наша сьвятыня. Без усялякіх падставаў увялі тэхніку, хаця раней было катэгарычна заяўлена, што тэхнікі ў Курапатах быць не павінна. Відавочная яшчэ адна задумка ўладаў – падвесьці трубу пад Крыж Пакутаў і зрабіць тут балота. Хочуць прынізіць гонар беларуса, зноў зьдзекуюцца з ахвяраў, расстраляных расейскімі бальшавікамі ў гэтым лесе.

Абаронцы перакананыя, што і ўчорашняе затрыманьне >валанцёраў, і сёньняшні наступ будаўнічай тэхнікі перасьледуюць адну мэту – выдаліць з урочышча тых, хто перашкаджае пракладаць праз пляцоўку трубу вадаводу.


18 красавіка 2002

МАЯ КЛЯШТОРНАЯ ДАМАГАЕЦЦА СПЫНЕНЬНЯ БУДАЎНІЧЫХ РАБОТ

Яна кажа, што рашэньне аб заезьдзе будаўнічай тэхнікі на тэрыторыю мэмарыялу прынялі галоўны інжынэр гэтага ўчастку і прараб.

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай у Курапатах Мая Кляшторная разам зь вядучым спэцыялістам Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколам Дайнэгам высьвятлялі, на якой падставе ўчора будаўнічая тэхніка заяжджала на пляцоўку каля Крыжа Пакутаў.

КЛЯШТОРНАЯ: Для таго, каб працягваць будаўнічыя работы па выхадзе з танэля, яны пазбавілі сябе магчымасьці зрабіць праезд уздоўж дарогі, таму што зрабілі ўжо адсыпку гэткіх тэрыконаў, якія маглі б быць і пазьней. Таму тут зрабілі разваротную пляцоўку на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Гэта проста нахабнае рашэньне. Яно было прынятае галоўным інжынэрам гэтага ўчастку й прарабам. І толькі таму, што няма распрацоўкі праекту, які б арганізоўваў гэтае будаўніцтва. Мы дамовіліся, што заезд будзе толькі з гэтага боку. Як яны будуць гэта вырашаць — гэта іхная справа, там спуск у іх ёсьць. А на пляцоўку ніякага заезду ня будзе.

Мая Кляшторная гаворыць пра неабходнасьць пабудовы дрэнажнай сыстэмы, бо цяпер з прычыны сьцёку вады забалочваецца пляцоўка паміж курапацкай шыльдай і Крыжом Пакутаў. Але ж выкананьню работаў перашкаджае намёт валанцёраў. Спадарыня Мая спрабуе пераканаць валанцёраў прыбраць намёт альбо перанесьці яго ў іншае месца.

КЛЯШТОРНАЯ: Будаўніцтва па ўпарадкаваньні ня мае тут страшных наступстваў. І таму, калі на 70—80 сантымэтраў будзе падсыпка, крыжам гэта ніяк не перашкодзіць. Што датычыць намёту, то лічу, што ўжо тут тэрмін знаходжаньня ў гэтым намёце, відаць, скончыўся. Калі людзі не зразумеюць, што толькі гэта й замінае таму, каб канчаткова прывесьці гэтую пляцоўку ў парадак, што ж — значыць адстаялі, добраўпарадкаваньня гэтай пляцоўкі не адбудзецца.

Мікола Дайнэга гэтаксама ўпэўнены, што ня варта замінаць добраўпарадкаваньню ўрочышча.

ДАЙНЭГА: Добраўпарадкаваньне, якое тут адбудзецца, было прадугледжанае яшчэ пры першым нашым узгадненьні з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук. Камітэт архітэктуры прапаноўваў «бэсэраўскай пліткай» выкласьці тэрыторыю пляцоўкі перад Крыжом Пакутаў. Але ж мы параіліся, і вырашылі, што ня трэба гэтага рабіць, трэба проста засеяць траўку, як гэта было, так і павінна застацца. А вось добраўпарадкаваньне трэба правесьці, і як мага хутчэй, бо бачыце — вада ўсё цячэ й цячэ...

Валанцёры, што былі сёньня ў лягеры, не супярэчылі аргумэнтам спадарыні Кляшторнай і спадара Дайнэгі. Гаворыць Дзяніс Більдзюк:

— Калі ўсё будзе нармалёва, то можна будзе намёт зьняць, калі скончацца ўсе працы. Тут да дрэнажу яшчэ далёка, я так разумею. А калі дарогу пакладуць, можна й дрэнаж пасьля.

Дзяніс кажа, што мінулую ноч у лягеры правялі пяць валанцёраў. Сытуацыя была больш-менш спакойная, толькі некалькі разоў увечары і ўначы прыяжджалі міліцыянты. Сёньня лягер наведаў намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Менскага раёну Ігар Зяневіч Ён высьвятляў акалічнасьці, зьвязаныя з папярэднімі нападамі й зьбіцьцём валанцёраў У размове зь ім высьветлілася наступнае: 15-мэтровая паласа ўздоўж дарогі належыць гораду, а ўсё, што далей — Менскаму раёну. Рашэньне пра гэта, паводле спадара Зяневіча, было прынятае сёлета напрыканцы лютага. Я нагадваю маёру міліцыі, што намёт валанцёраў знаходзіцца на тэрыторыі Менскага раёну, але ж пазаўчора менавіта ў ім затрымлівалі валанцёраў супрацоўнікі Савецкага райаддзелу міліцыі.

ЗЯНЕВІЧ: Галоўнае, каб парадак быў, каб людзям было спакойна, каб яны маглі прыйсьці й адпачыць, і аддаць даніну памяці.

Ігар Зяневіч быў адным з тых, хто кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў у часе падзеяў 8—9 лістапада.


19 красавіка 2002

УЧОРА ЎНАЧЫ ЗГАРЭЎ НАМЁТ ВАЛАНЦЁРАЎ

Адзін з актывістаў Алесь Поклад атрымаў моцныя апёкі і цяпер знаходзіцца ў аддзяленьні рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі.

Ганна Соусь:

Прыехаўшы раніцай у Курапаты, я ўбачыла асмаленыя рэшткі вайсковага намёту, які прастаяў ва ўрочышчы больш за пяць месяцаў — захавалася толькі «буржуйка» й мэталічныя прадметы. У валанцёраў Ірыны Вяткінай i Васіля Парфянкова твары былі ў сажы, яны разгублена стаялі побач з рэшткамі намёту. Распавядае Васіль:

— Уначы засталося толькі тры чалавекі, таму мы ня выставілі начную варту. Каля трох гадзінаў ночы прачнуліся ад дыму. Я адразу выскачыў з гасьніцай, пабачыў, што гарыць вось гэты вугал намёту, і полымя пераходзіць далей, на дах. Некалькі разоў зьбілі полымя гасьніцай, але яна скончылася. Пачалі шукаць Алеся, ён увечары лёг на адно месца, потым перавярнуўся, апынуўся на другім месцы. Мы падумалі, што ён выбег. Выбеглі з Ірынай на вуліцу й пачулі крыкі. Давялося парваць фортку, намёт і выцягнулі яго. Ён вельмі моцна абгарэў — шыя, рукі, ногі.

— Выклікалі міліцыю?

— Выклікалі. Адразу прыехалі міліцыянты, хвілін празь дзесяць. Потым прыехала «хуткая» праз 40 хвілінаў, потым пад’ехалі пажарныя. Ім засталося толькі вугольле заліць.

Працягвае Ірына Вяткіна:

— Прачнулася ад дыму. Штурханула Васіля, што гарым... Потым сядзелі ля намёту, калі Васіль успомніў, што там былі балёны з прапанам... Міліцыянты казалі, маўляў, вы самі падпалілі намёт.

Раніцай, даведаўшыся пра падпал намёту, у Курапаты адразу прыбег Сяржук Высоцкі, крыху пазьней прыехалі Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Яўген Скочка ды іншыя актывісты Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Калі ўсе прыёмы аказаліся неэфэктыўнымі — ад пагрозаў, ад шантажу, розных зьбіваньняў, ад арыштаў, ад таго, што пачалі скрадаць людзей — цяпер вось да гэтага дайшлі. Ня трэба вялікай мужнасьці й вялікай падрыхтоўкі, каб падкрасьціся ўначы, трошкі лінуць на намёт і падпаліць яго.

Паводле Паўла Севярынца, гэтая акцыя адбылася невыпадкова менавіта зараз, бо да заканчэньня земляных работаў засталося зусім мала часу.

СЕВЯРЫНЕЦ: Варта ў Курапатах будзе працягвацца. У якой форме, мы гэта вырашым. І абавязкова знойдзем тых людзей, якія гэта зрабілі. Наконт гэтага няхай дараваньня не чакаюць. Тое, што робіцца — падпальваньне жывых людзей у намёце — так гітлераўцы рабілі падчас вайны. Так рабілі энкавэдэшнікі.

А вось меркаваньне Вячаслава Сіўчыка:

— Відавочна, што сам Лукашэнка ставіў задачу зьнішчыць мэмарыял, і гэтая трагедыя, якая адбылася сёньня пад раніцу — гэта ўжо заключны этап.

Я зьвярнулася ў Менскі раённы аддзел міліцыі, каб высьветліць пункт гледжаньня міліцыянтаў на гэтае здарэньне.

— Скажыце, калі ласка, ці ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі са спаленьнем намёту?

ДЗЯЖУРНЫ: Праводзіцца праверка, справа яшчэ не ўзбуджалася.

Варта заўважыць, што апошнімі днямі многім абаронцам Курапатаў пагражалі невядомыя асобы, якія называлі сябе арганізацыяй «Сумленьне Курапатаў». Яны патрабавалі, каб валанцёры сышлі з урочышча. Дарэчы, учора нехта, прадставіўшыся сябрам арганізацыі «Сумленьне Курапатаў», патэлефанаваў асабіста мне на мабільны тэлефон і папрасіў аб сустрэчы. Я дамовілася стэлэфанавацца пазьней, але больш званкоў не было.

Што да іншых вэрсіяў здарэньня. Валанцёры часам палілі ў намёце, пэўную небясьпеку ўяўляла і старая «буржуйка», якой ацяпляўся намёт. Раней было некалькі выпадкаў, калі ад іскраў «буржуйкі» запальваўся дах. Але гэта — толькі вэрсіі.


19 красавіка 2002

АЛЕСЬ ПОКЛАД — У РЭАНІМАЦЫІ

Найбольш пацярпелы ад падпалу намёту 24-гадовы Алесь Поклад з моцнымі апёкамі знаходзіцца ў рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі.

Альгерд Невяроўскі:

Аляксандра Поклада прывезьлі сёньня ў апёкавы цэнтар Менскага шпіталю хуткай дапамогі прыкладна а пятай гадзіне раніцы і адразу ж зьмясьцілі ў рэанімацыйную палату інтэнсіўнай тэрапіі. Гаворыць загадчык апёкавага цэнтру шпіталю Ўладзімер Дарафеенка:

— Пастаўлены папярэдні дыягназ — тэрмічная хвароба, тэрмічныя апёкі полымем (паводле словаў пацярпелага). Апёкі каля 15%. Пашкоджаныя твар, рукі, ногі. Каля 15% цела — апёкі 1, 2, 3 ступені. Дэталі глыбіні й плошчы апёкаў высьветляцца сёньня пасьля перавязкі.

— Уладзімер Міхайлавіч, наколькі сур’ёзныя гэтыя апёкі, і колькі часу Аляксандар можа прабыць у вас?

— Мне цяжка даваць прагнозы, бо ў кожнага хворага хвароба працякае па-свойму. Могуць быць знойдзеныя нейкія спадарожныя хваробы, могуць быць нейкія складанасьці. Пасьля сёньняшняй перавязкі пад наркозам мы ўбачым глыбіню й плошчу апёкаў. Пасьля гэтага зможам зрабіць нейкі папярэдні прагноз.

Загадчык апёкавага цэнтру, дзе ляжыць Аляксандар Поклад, аднак, прагназуе, што лячэньне пацярпелага зойме ня менш за тры тыдні. Уладзімер Дарафеенка не выключае, што Алесю спатрэбіцца перасадка скуры й пераліваньне крыві, але дадае, што пра гэта пакуль казаць рана. У шпіталі ёсьць усе неабходныя прэпараты для лячэньня Алеся Поклада, а таксама кроў для пераліваньня. У рэанімацыю да Поклада нікога не пускаюць, але паводле словаў Уладзімера Дарафеенкі, ягонаму жыцьцю нічога не пагражае.

ДАРАФЕЕНКА: Я не лічу гэты выпадак нейкім экстраардынарным, бо ў нашае аддзяленьне паступаюць вельмі цяжкія хворыя. У нас і цяпер ляжаць хворыя з апёкамі скуры плошчай на 50 і 70%. І перад, і пасьля апэрацыі. Таму гэты выпадак у сэнсе цяжкасьці лячэньня для нас не ўяўляе нечага асаблівага.


19 красавіка 2002

ЗША ЗАКЛІКАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ СПЫНІЦЬ ГВАЛТ У КУРАПАТАХ

Сёньня амбасада ЗША ў Беларусі выдала прэс-рэліз з нагоды нядаўніх падзеяў.

«Злучаныя Штаты моцна занепакоеныя нядаўнім гвалтам ва ўрочышчы Курапаты Учора невядомыя нападнікі падпалілі адзін з намётаў, у выніку моцныя апёкі атрымаў чалавек, які ў ім спаў, ён цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў крытычным стане», – адзначаецца ў прэсавым рэлізе У сёньняшнім прэсавым рэлізе амбасада ЗША ў Беларусі заклікае беларускія ўлады «правесьці вартае даверу расьсьледаваньне гэтага і другіх выпадкаў гвалту і зрабіць захады, каб прыцягнуць нападнікаў да адказнасьці і абараніць мірных удзельнікаў пратэсту».


20 красавіка 2002

У КУРАПАТАХ ПРАЙШЛА ТАЛАКА

Ва ўрочышчы супольна працавалі некалькі дзясяткаў сяброў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Ганна Соусь:

У Курапатах на папялішчы ўсталяваны адмысловы жалобны звон. Фатограф Уладзімер Кармілкін стукае па ім.

КАРМІЛКІН: Курапатаўцы зрабілі свой жалобны звон з каструлькі. Тут, я лічу, курапацкая Хатынь.

Мы стаім разам над папялішчам і разьбіраем абсмаленыя рэшткі рэчаў валанцёраў. Сяржук Мацкойць пералічвае, што загінула ў полымі:

— У Васі згарэла выходная куртка са значкам БПС. У Ірыны Вяткінай пагарэлі амаль усе рэчы. А ў Антося Шкурынскага загінулі наагул усе рэчы. Згарэла таксама маё пасьведчаньне майстра спорту. Глядзіш на гэтае папялішча, пачынаеш разьбіраць і знаходзіш такія рэчы, як фотаапарат. Вось я трымаю на далоні бел-чырвона-белы значак, абгарэлыя ключы ад кватэры. Фактычна з усяго курапацкага абозу цэлай засталася толькі антэна, якую мы выкарыстоўвалі ў часе праслухоўваньня Радыё Свабода. Неверагодна, але застаўся цэлым наш інфармацыйны курапацкі стэнд.

Сяржук Мацкойць разам зь іншымі валанцёрамі правёў у Курапатах ноч. Ня спалі, сядзелі ля вогнішча й размаўлялі. На полі ўсю ноч стаяла міліцэйская машына. Разам з актывістамі ў Курапатах была Любоў Сакалоўская.

САКАЛОЎСКАЯ: Я вырашыла, што гэта для мяне важнейшае, чым тая акцыя на Якуба Коласа. Маё месца тут. Правяла ў Курапатах ноч, дапамагала моладзі. Хадзілі ў краму, кармілі іх, паілі гарбатай. Нас было дзевяць чалавек.

Мінулую ноч у Курапатах правёў і Павал Севярынец. Я >даводжу да яго апошнюю інфармацыю з прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацый, паводле якой >запаленьне намёту адбылося з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з полымем невядомымі асобамі. Павал >адказвае наступным чынам:

— Вэрсія, фактычна, адна. Гэта беларускія спэцслужбы. Мы паспрабуем высьветліць, чыімі рукамі. Гэта было зроблена адмыслова напярэдадні 19 красавіка, за 10 дзён да завяршэньня земляных работ, напярэдадні ўрачыстага завяршэньня вахты памяці.

— А вэрсію выпадковага запальваньня намёту вы выключаеце цалкам?

— Мы выключаем цалкам. Я быў напярэдадні ўвечары ў лягеры. Я бачыў, што печка была нераспаленая, таму што было дастаткова цёпла. Сьвечкі, якія мы прынесьлі, тушылі, як толькі клаліся спаць...

Паводле Паўла Севярынца, неўзабаве ў Курапатах будзе ўсталяваны новы намёт. Ужо расплянаваны графік дзяжурстваў ва ўрочышчы актывістаў Беларускай Партыі Свабоды й Маладога Фронту. У суботу з самай раніцы ва ўрочышча пачалі прыходзіць людзі на талаку. Спачатку абмяркоўвалася ідэя прыбраць рэшткі намёту, але потым вырашылі пачакаць. Гаворыць археоляг Мікола Крывальцэвіч:

— Папялішча можна будзе пакінуць, агарадзіць невысокім плотам, пакінуць найбольш уражальныя галавешкі, паставіць невялікі крыжык і невялічкую таблічку, што гэта азначае. Гэта ўсё ўвайшло б у Курапацкі комплекс.

На талаку ў Курапаты прыйшла Арына Вячорка разам з чатырохгадовай дачкой Ружанай.

АРЫНА: Курапаты для мяне — сьвятое, таму што майго дзеда Васіля, хаця й ня тут, расстралялі ў 1937 годзе. Я б хацела, каб тут была дошка, дзе можна было б разьмесьціць фотаздымкі й памятныя лісты пра родных, якія пацярпелі.

Разам з Арынай Вячоркай прыбіралі тэрыторыю ўрочышча сябры Кастрычніцкіх радаў Партыі БНФ і Таварыства Беларускай Мовы. Гаворыць Ян Грыб:

— Прыехалі пакланіцца, памаліцца, і карыстаючыся тым, што на дзяржаўным узроўні абвешчаны суботнік, мы таксама вырашылі тут папрацаваць.

Як ужо павялося, на талаку ў Курапаты прыйшлі сябры КХП БНФ. Сябра сойму партыі Пятро Шашкель паказвае на новыя крыжы, што былі загадзя прывезеныя ва ўрочышча.

ШАШКЕЛЬ: Штосуботу а дванаццатай гадзіне сябры нашай партыі прыходзяць сюды, каб усталёўваць чарговы раз крыжы. Учора было падрыхтавана сорак крыжоў, якія мы павінны тут усталяваць.

Я рухаюся далей у лес і бачу, як Уладзімер Кішкурна высякае хмызьняк.

КІШКУРНА: Сяку гальлё — сьляды лукашызму.


Васіль Парфянкоў на пажарышчы валанцёрскага намёту.


Ірына Вяткіна і Васіль Парфянкоў разьбіраюць рэшткі згарэлага намёту.


Айцец Леанід Акаловіч зь вернікамі ў Курапатах.


21 красавіка 2002

У КУРАПАТАХ НОВЫЯ НАМЁТЫ

Месца згарэлага заўчора намёту абгароджанае. Побач зьявіліся два новыя, меншыя.

Валер Каліноўскі:

Сёньня апоўдні, калі я прыйшоў у Курапаты, абаронцы адбіваліся ад грубых слоўных нападак трох мужчын, гадоў па 30—35, на выгляд трэніраваных і каротка падстрыжаных. Яны прадставіліся мясцовымі жыхарамі, якім абаронцы мэмарыялу нібыта перашкаджаюць тут гуляць зь дзецьмі. Яны груба правакавалі і спрабавалі запалохаць абаронцаў. Даводзілі ім, што ўсё роўна тут пройдзе дарога, што крыжы тут не патрэбныя.

ГАЛАСЫ: Вот тут крест стоит, например… Это чья-то могила или что? Зачем он здесь стоит? Для чего его здесь поставили? Мне просто интересно. Те, кто здесь сидят. Они здесь сидят за деньги.

Відавочна было, што гэтая тройка зьявілася сюды невыпадкова. За 30 мэтраў за гэтым назіралі два міліцыянты. Але на хуліганскія выкрыкі і грубую лаянку незнаёмцаў яны прынцыпова не рэагавалі. Абышлося ўсё, відаць, таму, што ў лягер абаронцаў прыйшло даволі шмат людзей. Гэтак лічыць Вячаслаў Сіўчык.

СІЎЧЫК: Мне здаецца, я не магу гэтага сьцьвярджаць, але мне ўсё-такі здаецца, што гэта прадстаўнікі нейкіх сілавых структур.

Думку Вячаслава Сіўчыка падзяляе і Мікалай Рымараў, чалавек пэнсійнага ўзросту, які таксама сёньня прыйшоў у Курапаты.

РЫМАРАЎ: Гэта правакатары. Яны маглі і намёт падпаліць, і зьбіць хлопцаў. Чаго заўгодна можна ад іх чакаць.

Мікалай Рымараў асабіста пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў. У валагодзкіх лягерах загінуў ягоны бацька Асон Рымараў, жыхар вёскі Сілівонаўка Жлобінскага раёну. Расстраляныя былі і браты спадара Рымарава, якія працавалі настаўнікамі.

РЫМАРАЎ: Я сюды ня першы раз прыходжу. Бо няма мне больш куды хадзіць. У такіх самых лясах, як гэты, пахаваны мой бацька, у Валагодзкай вобласьці, браты мае таксама ў лесе ляжаць.

Гэтай ноччу ў лягеры несьлі варту шэсьць валанцёраў. Гаворыць адна зь іх, Ірына:

— Ноч больш спакойная была. Увечары тут нейкія хлопчыкі зь дзяўчатамі ішлі, яўна зь пікніка, і адзін зь іх яўна парываўся сюды, на нашага хлапца кідаўся, абяцаў, што заўтра сюды прыйдуць. Крычаў, адзін ваш намёт спалілі, я і гэтыя спалю...

Людзі, якія сёньня гулялі побач, адмыслова падыходзілі да абаронцаў, каб выказаць сваю падтрымку. Самі абаронцы асэнсоўваюць пэрспэктывы сваёй доўгатэрміновай акцыі. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

— Я думаю, што вахта ўсё роўна працягнецца.


22 красавіка 2002

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Суд над Васілём Парфянковым перанесены на 26 красавіка.

Ганна Соусь:

Раніцай у лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра — Сержука Мацкойця.

МАЦКОЙЦЬ: Начавала нас пяць чалавек. Ноч прайшла ціха, спакойна, без эксцэсаў. Адзінае што — пад раніцу згасла нашае «любімае» акенца на восьмым паверсе, трэцяе ад пачатку дому. У нас ёсьць падазрэньні, што менавіта з гэтага акна й назіраюць за абаронцамі. Яно пачало гарэць з самага пачатку варты… Адзінае, што сёньня данімала — гэта холад. У намёце спаць было практычна немагчыма. Сёньня чакаем актывізацыі будаўнікоў… Галоўнае, каб падыходзілі людзі, таму што, я гляджу, цікавасьць да гэтага месца паціху страчваецца. А людзі тут неабходныя для працы й начной варты.

Сяржук распавёў, што астатнія валанцёры накіраваліся ў суд, дзе на сёньня прызначаны разгляд справы Васіля Парфянкова. Ля суду Савецкага раёну поўна людзей — усе чакаюць, калі прывязуць удзельнікаў акцыі 19 красавіка, і таму ўвага да справы Васіля крыху меншая. Судзьдзя Руслан Казадаеў пераносіць разгляд справы на 26 красавіка. Сытуацыю тлумачыць адвакатка Вера Страмкоўская:

— Зараз справа адкладзеная, але, хутчэй за ўсё, яе перададуць у Менскі раённы суд.

Вера Страмкоўская паведаміла, што ў сувязі з усім гэтым зноў накіраваная скарга пракурору Менскай вобласьці. Далей я іду ў Менскі шпіталь хуткай дапамогі, каб высьветліць стан здароўя Алеся Поклада Гаворыць загадчык апёкавага цэнтру Ўладзімер Дарафеенка:

— Стан здароўя — сярэдняй цяжкасьці. Сёньня была перавязка. Застаецца ўсё тое ж — 15% агульнай плошчы, 1, 2 і 3 ступень апёкаў. Адчувае сябе нядрэнна.

— Колькі часу ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпіталі?

— Прагнозы можа даць, напэўна, толькі Гасподзь Бог. Мінімум — тры тыдні, а можа й больш.

Сёньня ж Васіль Парфянкоў і Сяржук Высоцкі наведалі пацярпелага сябра ў шпіталі. Прынесьлі яму сокаў і адмысловую трубачку, каб піць, бо сам Алесь Поклад яшчэ ня ў стане самастойна харчавацца. Валанцёры напісалі Алесю запіску са словамі падтрымкі. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Калі я пайшоў перадаваць гэтую паперу, ён спытаў: «Як вы? Як Ірына?» Я яму адказаў, што ўсё добра, лепш клапаціся пра сябе, а не пра нас, і хутчэй папраўляйся.

ВЫСОЦКІ: Відавочна, што патрэбныя грошы, каб забясьпечыць нармальны догляд Алесю, для таго, каб потым забясьпечыць лекі. Мы вымушаныя зараз зьвярнуцца з тым, каб цэнтралізавана распачаць збор сродкаў менавіта на дапамогу Алесю Покладу.


23 красавіка 2002

УНАЧЫ Ў КУРАПАТАХ ЗНОЎ ЗЬЯВІЛІСЯ НЕВЯДОМЫЯ

Яны хадзілі каля лягеру, а калі да іх спрабаваў наблізіцца адзін з валанцёраў — уцяклі.

Альгерд Невяроўскі:

Ад самай раніцы на курапацкім участку дарогі працаваў бульдозэр, які рабіў канчатковы дарожны насып. Крыжы, што стаялі пад гэтым насыпам, валанцёры выкапалі, каб паставіць іх у іншым месцы ўрочышча. Дарожныя рабочыя гавораць, што зробяць насып хутка й ахайна, не пашкодзіўшы іншых крыжоў, бо атрымалі ад начальства такі загад.

У лягеры зараз стаяць два маленькія намёты, валанцёры маюць цёплыя коўдры ды спальны мех. Але бальшыня абаронцаў ня сьпіць усю ноч — грэюцца каля вогнішча й вартуюць лягер. Пасьля нядаўняга падпалу намёту валанцёры не дазваляюць сабе расслабіцца. Сёньняшняй начы ў Курапатах знаходзіліся Яўген Скочка, Ірына Вяткіна, Васіль Парфянкоў і Сяргей Мацкойць. Учора ў Курапаты нечакана прыехала вялікая дэлегацыя польскіх турыстаў. Распавядае Васіль Парфянкоў:

— Яны езьдзілі ў Хатынь, і сюды заехалі. Іх жанчына прывезла, дык казала, што такія экскурсіі будуць сюды заяжджаць кожны тыдзень. Тут такая сымбалічная скрыня на лекаваньне Алеся Поклада, грошаў трохі туды накідалі. Яны былі вельмі абураныя тым, што тут робіцца. Казалі, што нельга тут будаваць дарогу.

Турысты паставілі зьнічы каля крыжоў, сярод якіх ёсьць і польскі. А сёньня ўначы каля гэтых крыжоў зьявіліся невядомыя Распавядае Сяргей Мацкойць:

— Сёньня, недзе а 4-й гадзіне мы зь Яўгенам заўважылі, што загарэліся зьнічы. Я пайшоў паглядзець. Не дайшоўшы да польскага крыжа мэтраў 70—80, я заўважыў постаць, якая хуткім крокам спрабавала сысьці. Калі я крыкнуў: «Хто ў лесе?» — пачуў крокі яшчэ аднаго чалавека. Я зразумеў, што гэта былі добра падрыхтаваныя людзі ў камуфляжнай вопратцы, бо іх амаль не было відаць. На пяску каля польскага крыжа й на дарозе засталіся адбіткі вайсковых ботаў з надпісам «Otika».

Іншыя валанцёры таксама лічаць, што, хутчэй за ўсё, такім чынам спэцслужбы выпрабоўваюць іхныя нэрвы. Бо навошта было б хавацца людзям, якія нічога не зрабілі, а проста запалілі зьнічы на магілах? Сёньня раніцай абаронцы зьбіралі ў лесе дровы для вогнішча на наступную ноч. Старшы ў лягеры Яўген Скочка знайшоў вырытыя з магілаў чалавечыя косткі. Гаворыць Яўген Скочка:

— Гэтыя косткі — фрагмэнт тазу чалавека... бярцовая костка, ключыца, два пазванкі, рэбры. Яшчэ ёсьць фрагмэнты костак, ня можам разабрацца якія. Яны валяюцца па паверхні. Бачна, што людзі, якія ходзяць на талокі, добраўпарадкоўваюць, ня ведаю, ці яны знаходзяць, але ў сьмецьці ня бачна костак. Калі знаходзяць косткі, то іх трэба зносіць у лягер.

Валанцёры лічаць, што ўсе курапацкія магілы павінны быць умацаваныя, а знойдзеныя косткі — урачыста перазахаваныя.


24 красавіка 2002

СПОЎНІЛАСЯ СЕМ МЕСЯЦАЎ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Сёньня адбылося перазахаваньне чалавечых парэшткаў, што былі знойдзеныя ў Курапацкім лесе.

Ганна Соусь:

За сем месяцаў вахты валанцёрам давялося шмат выцерпець — амонаўскія дубінкі й зімовую сьцюжу, падпал намёту й міліцэйскія пастарункі, галодныя дні й абыякавасьць часткі грамадзтва да іхнай справы. Цяпер наступае апошні этап у вартаваньні Курапатаў — да заканчэньня земляных работаў на кальцавой дарозе засталося менш за месяц. І менавіта цяпер ва ўрочышчы былі знойдзены чалавечыя парэшткі — сьведчаньне даўніх злачынстваў. Разам зь Сержуком Мацкойцем я іду ў лес, мэтраў з дваццаць ад прасекі, далей за каталіцкі крыж.

МАЦКОЙЦЬ: Вось мы зараз амаль на тым месцы, дзе былі знойдзеныя гэтыя косткі. Гэта чэрап зь дзьвюма ўваходнымі кулявымі адтулінамі. Яго знайшоў спадар Юхо. Астатнія косткі былі знойдзеныя мной і Яўгенам Скочкам. Яны не былі нічым прысыпаныя. Мы іх сабралі менавіта на гэтым пятачку літаральна за некалькі гадзінаў.

— Чаму ж яны не былі знойдзеныя ў часе талокаў, бо тут людзі хадзілі, высякалі хмыз?..

— Справа ў тым, што чалавеку недасьведчанаму вельмі складана пазнаць косткі. Яны вельмі падобныя да галінак, і таму проста маглі іх не заўважыць. Па-другое, цалкам верагодна, што гэтыя косткі зьявіліся пасьля раскопак так званых «чорных археолягаў». І трэцяе, таксама верагодна, што гэтыя косткі проста вымывае дажджом.

Мінулую ноч у лягеры правялі шэсьць валанцёраў — Сяржук Мацкойць, Ірына Вяткіна, Павал Севярынец, Яўген

Скочка, Вячаслаў Сіўчык і Васіль Парфянкоў. У Курапаты працягваюць ісьці людзі. Сёньня ўрочышча наведаў расеец Уладзімер Селанцеў разам з жонкай.

СЕЛАНЦЕЎ: З Курапатамі... увогуле, у мяне тут нікога няма, але ж зьвязвае гісторыя. Яна нікому не даецца ў запас, яна пачынае ізноў паўтарацца.


25 красавіка 2002

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Валанцёры плянуюць заставацца ва ўрочышчы да заканчэньня будаўнічых работ.

Ганна Соусь:

Участак дарогі ля Курапатаў падрыхтаваны для ўкладкі асфальту. А ў лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра — Васіля Парфянкова.

ПАРФЯНКОЎ: Ноч прайшла спакойна. Міліцыя ў лесе стаяла, было пяць чалавек міліцыянтаў. Нас начавала шэсьць чалавек. Было ціха, спаць у намёце зараз нармалёва.

Пакуль мы гаворым, у лягер падыходзіць сяржант зь Менскага райаддзелу міліцыі. Ён — адзін з тых, хто дзяжурыць ля ўрочышча. Міліцыянт распытвае нас пра Курапаты й вахту памяці, а пасьля скардзіцца, што яму ўжо на тры тыдні затрымліваюць выплату заробку. Уладзімер Юхо браў удзел ва ўчорашнім перазахаваньні чалавечых парэшткаў, знойдзеных у Курапацкім лесе:

ЮХО: Паклалі парэшткі разам у чыстую прасьціну. Адбылася маленькая імша па загінулых, і па гэтым чалавеку, які быў ахвярай НКВД. Захавалі на глыбіню прыкладна 1,5 мэтра з усімі пашанамі ў тым месцы, дзе былі знойдзеныя гэтыя парэшткі.

Сёньня Курапаты наведаў Сяргей Шынкевіч з Партыі БНФ.

ШЫНКЕВІЧ: Мае дзяды не па прамой лініі былі зьнішчаныя бальшавікамі, раскулачаныя. Зь дзьвюх вялікіх сем’яў выжыла толькі адна дзяўчынка. Усе загінулі, я ня ўпэўнены, што ў Курапатах, можа ў Сыбіру ў месцы такога кшталту, як Курапаты. Мы людзі ўсё ж, ня быдла, павінны па-людзку ставіцца да сваіх продкаў, да сваёй мінуўшчыны, каб гэта не паўтарылася ў будучыні.

Сёньня ж я патэлефанавала намесьніку начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Менскага раёну Ігару Зяневічу. Ён кажа, што крымінальная справа з прычыны пажару ў намёце не заведзеная. Спадар Зяневіч схіляецца да вэрсіі неасьцярожнага абыходжаньня з агнём. А ў прэсавай службе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў мне паведамілі, што прычына ўзгараньня намёту — парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі пры карыстаньні газавым прымусам.


26 красавіка 2002

АБАРОНЦЫ БЯРУЦЬ УДЗЕЛ У ЧАРНОБЫЛЬСКІМ ШЛЯХУ

Cярод іх — ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС Сяржук Мацкойць.

Ганна Соусь:

Мінулую ноч у лягеры абаронцаў было сем валанцёраў. Сяржук Мацкойць кажа, што з самай раніцы зьявіліся наведнікі.

МАЦКОЙЦЬ: Да нас падышоў міліцыянт, якога накіравалі сюды на пост. Сам ён — участковы з Мачулішчаў. Мы зь ім прайшліся, паразмаўлялі. Відаць, што чалавек упершыню ў Курапатах і ўспрымае блізка да сэрца ўсё тое, што тут адбылося. Можна сказаць, сапраўдны супрацоўнік міліцыі, а ня тыя мянты, якія звычайна нас сустракаюць на акцыях. Прыехалі сёньня муж з жонкай з Глыбокага. Замацавалі абразок і бел-чырвона-белы сьцяжок на дрэве.

Для Сержука Мацкойця 26 красавіка — сумная гадавіна, бо шаснаццаць гадоў таму пятнаццацігадовым падлеткам, прыпісаўшы сабе адзін год, ён паехаў на Чарнобыльскую электрастанцыю.

МАЦКОЙЦЬ: На трэці дзень пасьля аварыі я апынуўся сярод ліквідатараў. Як там жартавалі, ёсьць тры варыянты дурняў — круглы дурань, квадратны дурань і добраахвотнік. Вось я быў у трэцяй катэгорыі. Амаль месяц я там прабыў, атрымаў артыкул 18. Але ж мне давялося кінуць гэтае пасьведчаньне тут у Менску пасьля таго, як даведаўся, што ліквідатарам №1 у Саюзе ліквідатараў стала небезьвядомая фігура Аляксандра Лукашэнкі. Зараз я ўваходжу ва ўкраінскую Раду ліквідатараў «Зныч».

Сяржук Мацкойць узгадвае падзеі шаснаццацігадавой даўніны:

— У асноўным я працаваў як дазымэтрыст. Праверка радыяцыі на КПП, праверка радыяцыі ў самім горадзе Славуцічы і высьвятленьне ачагоў найбольшага выпраменьваньня з наступнай іх ліквідацыяй. Чарнобыльскі шлях — гэта сумная гадавіна, кожны год я бяру ўдзел у гэтай акцыі.

Сёньня будаўнікі капалі траншэю ля падземнага пераходу для падпорнай сьценкі. Раней плянавалася, што гэта будзе рабіцца пры дапамозе тэхнікі, але ўрэшце было прынятае рашэньне выкапаць траншэю рыдлёўкамі, бо нельга, каб на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці працавала будаўнічая тэхніка. Гаворыць будаўнік Васіль:

— Капаем траншэю. Няма экскаватара, тым больш, што тут вада, усё затопіць, трэба хутка рабіць. Сёньня зробім.

Сёньня меўся адбыцца суд над валанцёрам Васілём Парфянковым. Але чарговы раз суд быў перанесены — на 16 траўня. Цяпер справу Васіля і Алеся Поклада будзе разглядаць суд Менскага раёну. Што да стану здароўя апошняга, то, паводле дзяжурнага лекара апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі, ён па-ранейшаму цяжкі. Алесь дагэтуль застаецца ў рэанімацыі.


27 красавіка 2002

У КУРАПАТАХ — ЧАРГОВАЯ ТАЛАКА

Раніцай тут сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. Людзі выкарчоўвалі хмызьняк.

Любоў Лунёва:

Некалькі чалавек усталёўвалі крыжы. Уладзімер Юхо з Валерыем Буйвалам рыхтавалі крыжы ўздоўж дарогі, каб іх пафарбаваць. Уладзімер Кішкурна працаваў сякерай.

КІШКУРНА: У мяне тут расстраляныя два дзядзькі. Адзін у 1937 годзе, а другі ў 1938-м. Праз тры дні. Там шыльдачка і крыж... Мы выкарчоўваем гэтыя кусты, бо яны тут усё запаланілі — не прайсьці, нічога не відаць. Тут будзе прыгожа. Можна будзе прыйсьці, памянуць сваіх продкаў, а не хавацца. Вунь некалькі купак па дзесяць чалавек. Сядзяць, п’юць, вогнішчы на магілах. Побач зь імі міліцыя. Яна правярае нас, не дазваляе нам тут знаходзіцца, а гэтым кажа: «Гуляйце, хлопцы». Ну, гэта ж браты па розуму.

Тут адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец.

КАВАЛЕЦ: Мы прыходзім сюды, каб уладкаваць гэтае месца, каб паставіць крыжы на тых месцах, якія зьяўляюцца пахаваньнямі. Тут багата ляжыць людзей, якія палеглі як патрыёты Беларусі.

Мікалай Стоцiк, мужчына вельмі сталага веку, разам з >Анатолем Крываротам усталёўвае крыж.

СТОЦIК: Я прынес крыжы, каб ушанаваць памяць загінулых ад бальшавіцка-камуністычнай улады. З майго роду шмат людзей пацярпелі ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў. І з матчынага, і з бацькавага. Амаль нікога не знайшоў... Толькі ведаю, дзе мая сястра ляжыць. Каля ракі Ула.

Людзі разьлічваюць да Радаўніцы правесьці яшчэ дзьве талакі, каб прыбраць тэрыторыю народнага мэмарыялу ад хмызьняку й сьмецьця.


28 красавіка 2002

ВАЛАНЦЁРАЎ ВЫКЛІКАЛІ Ў МІЛІЦЫЮ

У іх узялі паказаньні пра напады на лягер абаронцаў урочышча.

Альгерд Невяроўскі:

Прычынай сёньняшняга выкліку валанцёраў у пастарунак сталі іхныя нядаўнія заявы ў міліцыю і пракуратуру. Абаронцы патрабуюць, каб было распачатае сьледзтва па фактах нападаў на іх. На думку Сержука Высоцкага, сёньняшнія допыты істотна адрозьніваюцца ад таго, на які два дні таму яго выклікалі ў міліцыю Савецкага раёну. Бо тых сьледчых найперш цікавілі не акалічнасьці падпалу намёту і нападу на валанцёраў, а чаму Высоцкі стварыў незарэгістраваную партыю.

Апошнім часам істотна пагоршыўся стан здароўя Алеся Поклада. Ён у цяжкім стане па-ранейшаму знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні.

Раніцай, калі Сержука Высоцкага і ягоных сяброў выклікалі ў міліцыю, у лягеры заставаўся толькі адзін валанцёр, Уладзімер Сас. Пад праліўным дажджом спадар Сас спрабаваў падтрымліваць агонь у вогнішчы, накрыўшы яго вялікім кавалкам бляхі. Уладімер гаворыць, што ноч была досыць цяжкай для пяці валанцёраў з прычыны кепскага надвор’я. Валанцёры заклікаюць усіх пазычыць ім плашчы-накідкі ці цырату, каб вартавыя мелі магчымасьць схавацца ад дажджу, не адыходзячы ад вогнішча.


29 красавіка 2002

АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ПАТРЭБНАЯ ДОНАРСКАЯ КРОЎ

Абаронцу Курапатаў 24-гадоваму Алесю Покладу, які ўжо адзінаццаты дзень знаходзіцца ў рэанімацыі, тэрмінова патрэбная донарская кроў.

Ганна Соусь:

Як паведаміла лекарка Дыяна Сіротава, стан Алеся паранейшаму цяжкі, дагэтуль захоўваецца высокая тэмпэратура, штодзень яму пераліваюць плязму. Заўтра Алесю будзе зробленая апэрацыя нэкратаміі, гэта значыць — прыбіраньне нэкратычных тканак. Паводле лекаркі, Алесю патрэбная кроў ня менш як 15 донараў. Сябры Беларускай Партыі Свабоды й Маладога Фронту зьвяртаюцца да прафэсійных донараў ды іншых людзей з заклікам дапамагчы Алесю Сярод актывістаў гэтых арганізацыяў ужо знайшлося некалькі чалавек, гатовых здаць сваю кроў.

Донары павінны быць паўнагадовыя, мець менскую прапіску, даведку пра флюараграфію за апошнія паўгода, даведку пра стан здароўя, узятую ў тэрапэўта ў паліклініцы па месцы жыхарства з указаньнем хваробаў за апошні год Група крыві можа быць любая. Кроў прымаюць у шпіталі хуткай дапамогі на першым паверсе ў аддзяленьні пераліваньня крыві з 8.30 да 11.30.


29 красавіка 2002

ВАЛЯНЦІНА ТРЫГУБОВІЧ: МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫЯ ПАВІННА ІСЬЦІ ПАКРОКАВА

Старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская пэрспэктыва» Валянціна Трыгубовіч падкрэсьлівае, што галоўнае, каб мэмарыялізацыя была даведзеная да лягічнага завяршэньня.

Ганна Соусь:

Улетку мінулага году ў бюлетэні грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская пэрспэктыва» былі надрукаваныя ўспаміны ўдзельнікаў самага першага мітынгу ў Курапатах. Паводле Валянціны Трыгубовіч, гэта было прадчуваньне таго, што неўзабаве Курапаты ізноў стануць гарачай тэмай для грамадзкасьці.

Мастацтвазнаўца спадарыня Трыгубовіч разам зь іншымі актывістамі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў. Цяпер канцэпцыя, падпісаная прадстаўнікамі 14 грамадзкіх аб’яднаньняў, дасланая ў Савет міністраў. Тым часам сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (дарэчы, партыя не падпісала канцэпцыю) працягваюць на талоках усталёўваць уздоўж прасекі крыжы.

ТРЫГУБОВІЧ: Мы ўвесь час зыходзілі з таго, што ў Курапатах пахаваныя хрысьціяне, мусульмане, юдэі й атэісты. Гаворка ў мэмарыяльным пляне ідзе пра тое, каб ушанаваць памяць менавіта ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. І тут трэба знайсьці нейкі адэкватны мастацкі вобраз. На сёньняшні дзень ніхто з нас ня можа сказаць канкрэтна, як гэты вобраз павінен выглядаць. Але пэўная частка людзей ужо для сябе рашэньне прыняла — яны дружна засяляюць Курапаты крыжамі, і такім чынам як бы манапалізуюць права хрысьціянаў на гэтую тэрыторыю. Як мы ні спрабуем завязаць кантакты зь юдэйскай, мусульманскай абшчынай, яны не далучаюцца да гэтай справы, менавіта праз гэтую агрэсіўную такую хрысьціянскую забудову. Патрэбны далейшы дыялёг. Я не лічу, што тое, што робіцца цяпер у Курапатах, ёсьць найлепшым выйсьцем. Устаноўка крыжоў уздоўж прасекі, так бы мовіць, явачным парадкам, гэта таксама праява таталітарызму.

Валянціна Трыгубовіч схіляецца да пакрокавых дзеяньняў у мэмарыялізацыі Курапатаў:

— Канцэпцыя гатовая, яна накіраваная ў Савет міністраў.

Мы чакаем кроку зь іх боку. У свой час грамадзкасьць накіравала шэраг лістоў у пракуратуру, і мы атрымалі адказы. Нішто не праходзіць бясьсьледна. Зьвярну вашую ўвагу нават на выступ Лукашэнкі перад парлямэнтарамі. Ён сказаў: «Там пахаваныя людзі». Ня ворагі народу. Гэта значыць, што нават зь яго боку ўжо зроблены нейкі крок наперад. Каб не было гэтага змаганьня за Курапаты, каб не стаялі там маладыя валанцёры, каб ня стукаліся нашыя актывісты ва ўсе чыноўніцкія дзьверы, нават гэтага мы б сёньня ня чулі.

Але ж галоўнае, паводле Валянціны Трыгубовіч, каб справа мэмарыялізацыі Курапатаў была даведзеная да лягічнага завяршэньня:

— Калі справа не даведзеная да канца, яна вяртаецца, і кожны раз абрастае нейкімі праблемамі, крыўдамі, і рабіць яе цяжэй. Таму для сябе й іншых хочацца паставіць такое пытаньне. Калі што-небудзь пачынаеш, ці трэба даводзіць гэта да лягічнага завяршэньня? На вялікі жаль, мы яшчэ гэтага ня ўмеем рабіць.


30 красавіка 2002

АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ЗРАБІЛІ АПЭРАЦЫЮ

Трое донараў ужо здалі кроў для пацярпелага ад апёкаў валанцёра.

Ганна Соусь:

Лекар апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі Валянцін Машэль ахарактарызаваў стан Алеся Поклада як цяжкі й кампэнсаваны. Сёньня Алесю зрабілі апэрыцыю нэкратаміі — прыбралі нэкратычны струп. Паводле Валянціна Машэля, ужо сёньня да іх прыходзілі донары здаваць кроў для Алеся.

МАШЭЛЬ: Прыходзілі тры чалавекі. Маці Алеся кажа, што прыйдуць яшчэ людзі, бо яны цяпер афармляюць даведкі ў паліклініках. Толькі нам ня трэба, каб сюды ішлі натоўпам. Трэба тры-чатыры чалавекі штодзень.

Валянцін Машэль запэўніў, што ампутацыя Алесю не пагражае.

МАШЭЛЬ: Паклалі яго на добры францускі ложак. Прыбралі струп, зараз раны будуць падсыхаць, інтаксыкацыя паменшыцца, будзе крыху лягчэй. Хутчэй за ўсё, спатрэбіцца перасадка скуры.

Цяпер да падзеяў у Курапатах. Сёньня раніцай я засьпела ва ўрочышчы валанцёра Віталя Апета з Крупак. Ён распавёў, што мінулую ноч у лягеры правялі тры актывісты. Віталь ужо ня першы раз прыяжджае на дзяжурства ў Курапаты.

АПЕТ: З Крупак сюды на пару дзён прыяжджаў яшчэ Аляксей Сарока.

Будаўнікі цяпер працуюць над узьвядзеньнем падпорнай сьценкi. Пакрысе завяршаецца й будаўніцтва падземнага пераходу. Будаўнік Ігар ня можа дакладна сказаць, калі завершацца працы, бо ўсё залежыць ад таго, як хутка ім падвозяць будаўнічыя матэрыялы. Спадар Ігар з павагай ставіцца да валанцёрскай вахты.

ІГАР: Раней ведалі па чутках, але цяпер убачылі, што тут людзі былі забітыя, расстраляныя. Мы ўвесь час ходзім праз гэты лес да нашых бытовак...

Будаўнік Уладзімер зь менскага будаўнічага трэсту №1 упэўнены, што ў Курапатах нарэшце будзе ўзьведзены мэмарыял, і ягонае стварэньне пачынаецца з мастацкага афармленьня падземнага пераходу.

УЛАДЗІМЕР: Сьценку гэтую робяць мэмарыяльную, як на Нямізе. Цалкам бэтон зь зялёным адценьнем і гранітныя ўстаўкі будуць. Гэтак сама й з другога боку. І думаю, што паставяць і помнік, калі ўжо ўсе працы скончацца.


1 траўня 2002

АКТЫВІСТЫ БСДП ПРЫБРАЛІ ТЭРЫТОРЫЮ Ў КУРАПАТАХ

Гэткім чынам яны адзначылі 1 траўня — Дзень працы.

Ганна Соусь:

Сёньня некалькі дзясяткаў сяброў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі працавалі ў Курапатах Гаворыць актывіст партыі археоляг Міхась Чарняўскі:

— Гэта нашая памяць, гэта нашая пакута. Гэта адзінае, што нас зьвязвае (а мала што зьвязвае), як народ у нацыю.

Аляксей Кароль й Павал Знавец высякаюць хмызьняк на магілах. Спадар Кароль тлумачыць, чаму актывісты ягонай партыі вырашылі сёньня папрацаваць у Курапатах:

— Зыходзячы з магчымасьцяў і з нашай памяці й нашай віны перад тымі, хто калісьці быў рэпрэсаваны рэжымам, мы вырашылі прыйсьці сюды й крыху папрацаваць. Гэтаксама гэта даніна павагі да тых, хто трымае тут вахту больш за сем месяцаў. Сапраўды, каб іх тут не было, я думаю, што не было б ужо паловы гэтага ўрочышча.

Павал Знавец:

— Тут расстраляныя дзясяткі тысяч людзей, і мы вось сячэм хмызьняк, ходзім па касьцях нявінна забітых. Трэба хоць нейкі парадак тут захоўваць. Замест мітынгаў і маёвак у нас працоўная маёўка, як у сапраўдных сацыял-дэмакратаў.

Мінулую ноч у Курапатах правялі чацьвёра валанцёраў. >Гаворыць адзін зь іх, Уладзімер Сас:

— Ноч прайшла даволі трывожна, нейкія гукі чуліся ў лесе. Мы былі ўвесь час насьцярожаныя.

Уладзімер Сас распавёў, што пасьля таго, як яны падалі заяву ў пракуратуру з прычыны нядаўніх нападаў на валанцёраў, да іх адмыслова быў прыстаўлены міліцыянт. Сёньня, калі да валанцёраў пачаў чапляцца п’яны будаўнік, гэты міліцыянт загадаў яму пакінуць урочышча.


2 траўня 2002

АЛЕСЬ ПОКЛАД ДАГЭТУЛЬ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў РЭАНІМАЦЫІ

Стан абаронцы па-ранейшаму цяжкі.


Ганна Соусь:

Спачатку я завітала ў аддзяленьне пераліваньня крыві Менскага шпіталю хуткай дапамогі. Лекары кажуць, што сёньня ўжо адзін чалавек здаў сваю кроў для Поклада. На трэцім паверсе шпіталю, у апёкавым цэнтры Алесем апякуецца лекар-рэаніматоляг Валянцін Машэль.

МАШЭЛЬ: На гэты момант ягоны стан цяжкі, стабільны. Невялікая тэндэнцыя да паляпшэньня. Далейшы прагноз рабіць пакуль складана. Праляжыць ён тут даволі доўга. Спатрэбіцца перасадка скуры, пераліваньне крыві, плязмы. Мы прасілі, каб прыходзілі хаця б тры донары штодзень, каб здалі кроў чалавек дваццаць пяць. На дадзены момант нашыя заяўкі на кроў для Поклада цалкам выконваюцца.

У палаце разам з Алесем яшчэ тры чалавекі. Алесь адчуваў сябе дрэнна й нават ня здолеў пагаварыць са мной. Побач зь ягоным ложкам сядзела сястра. Апошнім часам яна альбо маці ўвесь час разам зь ім. Сястра Алеся Поклада адмовілася размаўляць са мной, спаслаўшыся на тое, што цяпер у іхнай сям’і складаны пэрыяд, і яны ня хочуць публічнасьці.

Сыходзячы з апёкавага цэнтру, я сустрэла лідэра БПС Сержука Высоцкага, ён ішоў наведаць Алеся.

ВЫСОЦКІ: Зьбіраюся пагаварыць з загадчыкам аддзяленьня, таму што Алесю трэба дапамагаць. Знайшоўся, я лічу, вельмі высакародны чалавек — Генадзь Грушавы, які кажа, што можа дапамагчы перавесьці Алеся ў платнае аддзяленьне, каб палепшыўся догляд.

Сяржук Высоцкі надоечы хацеў сам здаць кроў для Алеся Поклада, але высьветлілася, што гэта немагчыма, бо калісьці ён перанес хваробу Боткіна.

ВЫСОЦКІ: Ня так мала людзей, якія хочуць здаць кроў, тэлефануюць мне нашыя сябры й прыхільнікі зь іншых беларускіх арганізацыяў, найперш Маладога Фронту. Але многія людзі, што прыходзяць, перахварэлі на нейкія інфэкцыйныя захворваньні, прыкладам, на Боткіна.


3 траўня 2002

КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІ ЖАНЧЫНЫ ЗЬ МЮНХЕНУ

Некаторыя зь іх адмовіліся ад паездкі ў Хатынь.

Ганна Соусь:

Нямецкія прадстаўніцы міжнароднай арганізацыi «Terre des Femmes», што значыць «Зямля жанчын», сёньня раніцай прыехалі ў Курапаты. Большасьць зь іх даведаліся пра гэтае месца толькі цяпер, калі прыехалі ў Беларусь на запрашэньне фонду «Дзецям Чарнобыля». Жанчыны былі моцна ўражаныя тым, што пабачылі ва ўрочышчы — яміны-магілы ў лесе, шэраг крыжоў, спалены намёт валанцёраў... Гаворыць Ліана Лінхоф:

— Я лічу, што вельмі важна ўшанаваць такія месцы. І тое, што тут супрацьстаяць таму, каб людзі памяталі мінулае, што тут будуецца дарога — гэта, канечне, вельмі дрэнна і ўражвае вельмі нэгатыўна.

А вось меркаваньне Маліны Майстар:

— Гэта вельмі сумна, што тут ідзе такі ціск на людзей. Нават узьнікае пагроза жыцьцю гэтых людзей. З другога боку, я вельмі радая, што менавіта моладзь пачала абараняць мінулае, абараняць сваю краіну.

Старшыня Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная, якая распавядала нямецкім жанчынам пра Курапаты, зазначыла, што, на жаль, на постсавецкай прасторы дагэтуль належным чынам не былі асуджаныя злачынствы камуністычнага рэжыму і пакаяньня не адбылося. Паводле Маі Кляшторнай, гэта невыпадкова, што напярэдадні 8 і 9 траўня, Дня Перамогі, нямецкія наведнікі прыехалі ў Курапаты .

КЛЯШТОРНАЯ: Вайна паказала, што ніводзін бок ня меў рацыі. І гэта адчуваюць людзі новага пакаленьня. Сёньня, напрыклад, я сустрэлася з жанчынамі, якія адмовіліся ехаць у Хатынь, яны прыйшлі сюды, у Курапаты. Яны вырашылі даведацца й зразумець, што ж тут... Тое, што наш фашызм нарабіў, гэта нават і параўнаць нельга...

Адна з кіраўнікоў фонду «Дзецям Чарнобыля» Ірына Грушавая не хавала сваіх пачуцьцяў, гаворачы пра Курапаты:

— Мне гэта неабыякава, таму што два мае дзяды загінулі ў Сыбіры праз сталінізм, былі закатаваныя ў лягерах. Мая маці вырасла як дзіця ворагаў народу...

Фонд «Дзецям Чарнобыля» ўвесь час дапамагае валанцёрам — і харчаваньнем, і вопраткай. Дарэчы, два новыя намёты ва ўрочышчы — гэта таксама іхная дапамога. Валанцёры, што былі сёньня ва ўрочышчы, вельмі ўдзячныя нямецкім жанчынам за падтрымку Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Вельмі важна, што яны пабачылі. Усе яны сказалі, што Курапаты для іх — гэта адкрыцьцё.


4 траўня 2002

ТАЛАКА ПЕРАД РАДАЎНІЦАЙ

Cёньня ў Курапатах сябры КХП БНФ ладзілі чарговую талаку.

Ганна Соусь:

Вольга Кацянкова бярэ ўдзел амаль у кожнай такой талацэ.

КАЦЯНКОВА: Вельмі сумна глядзець на гэтую дарогу — яна пашыраная ў бок менавіта масавых пахаваньняў. Гэта зроблена ўладамі адмыслова. І людзей, якія тут вартавалі, проста выкарыстоўвалі, каб зрабіць выгляд, што ўлады нешта дамаўляюцца з грамадзкасьцю. Нічога яны не дамаўляліся, зрабілі ўхіл дрэнажнай трубы ў бок Крыжа, пашырылі дарогу, засыпалі ўсе крыжы... Шкада...

Уладзімер Юхо адмыслова прыехаў на талаку зь лецішча. Ён штодзень наведвае ўрочышча.

ЮХО: Будзем прыбіраць. Таксама заплянавалі сёньня прапітку крыжоў. Яны ставіліся ў сырым выглядзе, зараз яны падсохлі, i мы будзем рабіць прапітку. Потым будзем іх фарбаваць перад Радаўніцай. А на наступнай талацэ паставім апошнія 50 крыжоў, што заплянавалі, будзем заканчваць нашую кампазыцыю.

Сёньня — Вялікая субота, і Ангеліна Масюта вырашыла яе правесьці менавіта ў Курапатах. МАСЮТА: У Бібліі сказана, што не субота для чалавека, а чалавек для суботы. Сапраўды, у Курапатах набываеш нейкую духоўную моц, бо тут — нашае мінулае, нашая гісторыя. І таму мы прыходзім сюды кожную суботу, робім працу, а душа адпачывае.

Валанцёрская вахта ў Курапатах працягваецца. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Ноч прайшла спакойна, начавала сем чалавек. Каля трох гадзінаў ночы нехта шастаў па лесе. Мы нікога не знайшлі. Невядома, хто тут быў і чаго хацеў.

Разам з Васілём сёньня дзяжурыў студэнт БДУ Мікола Цяцёркін.

ЦЯЦЁРКІН: Мне здаецца, што менавіта тут ёсьць беларушчына. Я ня бачу нічога іншага ў горадзе. Мне падабаецца мець сваю дзяржаву, і я лічу, што, можа, адсюль менавіта й пачнецца нашая дзяржаўнасьць.


5 траўня 2002

ВЯЛІКДЗЕНЬ

Сёньня ў Курапатах жыхары мікрараёну Зялёны Луг ладзілі пікнікі.

Ганна Соусь:

Удзень я налічыла каля дваццаці пікнікоў. Гучала музыка, смажыліся шашлыкі, лілося піва й гарэлка. На пытаньне, чаму гэткім чынам вырашылі адзначыць Вялікдзень у Курапатах, некаторыя людзі адказвалі адназначна — сёньня сьвята, мы ўжо прызвычаiліся адпачываць у Курапацкім лесе.

ЖАНЧЫНА: Прыйшлі адпачыць.

МУЖЧЫНА: Па-першае, сьвята, адпачыць, а па-другое, ушанаваць памяць нашых продкаў. Кажуць, што тут вельмі вялікія пахаваньні. Ёсьць такое сьвята — Радаўніца, дык тады таксама на магілах п’юць, памінаюць, як яшчэ.

Валанцёры спрабавалі тлумачыць, што на гэтым месцы нельга ладзіць пікнікі, але дарма. Некаторыя рэагавалі на звароты вельмі агрэсіўна. Міліцыянтаў сёньня ва ўрочышчы не было. Валанцёрку Вольгу Куўшынаву моцна ўразіла, як на месцы згубы людзі адзначаюць Вялікдзень.

КУЎШЫНАВА: Маю ўнікальную магчымасьць на ўласныя вочы назіраць, як народ сьвяткуе Вялікдзень, як паляцца вогнішчы, як смажацца шашлыкі на касьцях людзей, расстраляных падчас сталінскіх рэпрэсіяў.

Разам з Вольгай мы разглядаем невялічкія фартушкі, якія ўвосень зрабілі адмыслова для курапацкіх крыжоў вучні менскай 110-й школы. Учора ўвечары невядомыя асобы пазрывалі гэтыя фартушкі і павалілі некалькі крыжоў. Распавядае спадар Яўген, які быў сьведкам гэтага вандалізму:

— Мы заўважылі, як нейкая кампанія накіроўваецца сюды, да лягеру, і зьявілася падазрэньне, што адбываецца нешта дрэннае. Пайшлі туды... Яны, відаць, нас заўважылі, выйшлі на сьцежку й роўна пайшлі да нас. Калі мы запыталіся, што вы робіце, яны сказалі, што шукаюць дзяўчыну. А мы падышлі і ўбачылі паваленыя крыжы, на польскім падпалілі стужкі, фартухі абарваныя, паваленыя мэталічныя крыжы, спрабавалі расхістаць драўляныя. Мы ўсё паправілі...


7 траўня 2002

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Актывісты абмяркоўваюць, як супрацьстаяць пікнікам на магілах.

Ганна Соусь:

Раніцай я засьпела ў Курапатах сем валанцёраў — яны чакалі нямецкіх студэнтаў, так званых «альтэрнатыўшчыкаў». Гэта маладыя людзі, якія замест службы ў войску працуюць у шпіталях, інтэрнатах ды іншых сацыяльных установах. Плянавалася, што нямецкія юнакі возьмуць удзел ва ўпарадкаваньні ўрочышча. Дзяніс Більдзюк распавёў мне пра інцыдэнт, што адбыўся ўчора ўвечары:

— Было гадзін адзінаццаць. Хлопчык зь лесу вылез, пабіты моцна. Увесь твар апухлы. Сьцьвярджаў, што на яго ў лесе кінуўся нейкі дзядзька, прыставіў нож да горла і зьбіў яго. Прычым не абрабаваў яго, а проста зьбіў. Вось такі выпадак. Ноч прайшла спакойна, у лягеры было пяць чалавек.

Апошнім часам валанцёры абмяркоўваюць, якім чынам і калі завершыць вахту памяці. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Мы раіліся зь людзьмі, якія зрабілі свой унёсак у курапацкі чын. Усё ж вырашылі, што цяпер прыпыніць яго будзе няправільна. На фоне нядаўніх падзеяў — выкраданьня людзей, зьбіцьцяў, падпалу намёту... Цяпер сысьці да завяршэньня земляных работ — гэта даць падставу тым жа ворагам казаць: «Вось яны тут сядзелі, столькі намаганьняў прыклалі й нічога ня выседзелі». Натуральна, што раней ці пазьней адсюль трэба будзе сыходзіць. Мяркую, што да канца траўня давядзецца тут быць — дачакацца завяршэньня земляных работ.

Хутка сьвяточныя дні, і валанцёры чакаюць, што жыхары суседняга мікрараёну зноў масава пойдуць у Курапацкі лес на пікнікі Гаворыць Цімох Атрошчанкаў:

— Усё ж трэба тлумачыць людзям, што гэта ня тое месца, дзе можна зьбірацца й рабіць пікнікі. Калі гэта не дапамагае, трэба дзейнічаць іншымі сродкамі.

— Якімі іншымі? Выклікаць міліцыю?

— Магчыма, выклікаць міліцыю, магчыма, самім выводзіць зь лесу. Калі людзі нармалёвыя, то ім можна нешта растлумачыць, нават калі яны п’яныя, хаця нармалёвыя людзі сюды ня прыйдуць на пікнікі...

Што да пабытовых складанасьцяў, дык пасьля падпалу вайсковага намёту іх паболела. Люда Паклонская гатуе на вогнішчы макарону з тушанінай і распавядае мне пра цяперашняе жыцьцё-быцьцё:

— Даволі складана, уначы халодна спаць у маленькіх намётах. Варта зараз на вуліцы. Таксама на вуліцы знаходзяцца ўсе рэчы. Намёты маленькія. Усё ж пад дахам было прасьцей.

Сёньня я зьвязалася па тэлефоне з загадчыкам апёкавага цэнтру Ўладзімерам Дарафеенкам. Ён распавёў, што Алесю Покладу стала крыху лепей, але хлопец яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, і яму дагэтуль робяць пераліваньне крыві. Паводле лекара, трэба, каб кожны тыдзень пяць-шэсьць чалавек здавалі кроў для Алеся.


8 траўня 2002

НЯМЕЦКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ ПРЫБРАЛІСЯ Ў КУРАПАТАХ

Урочышча наведала вялікая дэлегацыя маладых немцаў, якія выконваюць альтэрнатыўную вайсковую службу.

Альгерд Невяроўскі:

Яны прыехалі ў Беларусь у гістарычную вандроўку, каб наведаць месцы масавых рэпрэсіяў нацысцкага й камуністычнага рэжымаў ды дапамагчы ва ўпарадкаваньні гэтых мэмарыялаў. Яны ўжо наведалі Хатынь, Дальву й Трасьцянец. Такую праграму для хлопцаў падрыхтаваў кіраўнік іхнай групы Вольф Юнк, які ўжо даўно наведвае Беларусь і шчыльна працуе з фондам «Дзецям Чарнобыля».

Сёньня маладым немцам паказалі магілы ахвяраў камуністычнага тэрору ды распавялі гісторыю тых рэпрэсіяў. Яны былі вельмі ўражаныя тым, што пачулі й пабачылі Гаворыць Маркус Пуршкэ:

— На жаль, маім першым уражаньнем было тое, што гісторыя беларускага народу настолькі фатальная, што народ дагэтуль ня можа даць гэтаму ўсяму рады. І тое гора, тая барацьба, якую ён цяпер перажывае, каб вярнуць сваю праўдзівую гісторыю, гэта прыносіць, на маю думку, столькі ж пакутаў, як і самі тыя жахлівыя падзеі вялікага

тэрору.

Маладыя немцы вельмі высока ацанілі тое, што іхныя беларускія раўналеткі бароняць мэмарыял ад разбурэньня. Гаворыць Даніэль Шольц:

— Натуральна, вельмі цяжкае ўражаньне пакінула гэта ўсё, асабліва Алея Крыжоў. І з боку гэтых хлопцаў, што бароняць Курапаты, гэта вельмі адважны чын.

Нямецкія хлопцы зрабілі ў Курапатах шмат фотаздымкаў і абяцалі распавесьці пра чын маладых беларусаў сваім сябрам і знаёмым, а таксама нямецкім мэдыям. Немцы прывезьлі абаронцам харчы і разам з валанцёрамі прыбіралі тэрыторыю мэмарыялу. Вольф Юнк быў вельмі задаволены, што ягоным хлопцам сталі больш блізкія праблемы Беларусі, бо менавіта на гэта й разьлічаная замежная праграма для прадстаўнікоў нямецкай альтэрнатыўнай службы. Сёньня ноччу ў Курапатах было пяць чалавек, і старшы ў лягеры Яўген Скочка гаворыць, што ноч прайшла спакойна. Актыўнасьць выяўлялі толькі міліцэйскія патрулі, якія некалькі разоў прыяжджалі ў Курапаты і сачылі за парадкам ва ўрочышчы.

Валанцёры турбуюцца пра стан здароўя свайго сябра Алеся Поклада. Сёньня для яго здаў кроў Васіль Парфянкоў:

ПАРФЯНКОЎ: Здаў кроў, хацеў да яго падняцца. Мяне да яго не пусьцілі, а тыя 20 000 рублёў, што мне заплацілі за здачу крыві, я аддаў маці Алеся, якая ўвесь час каля яго знаходзіцца. Стан ягоны па-ранейшаму цяжкі.

Алесю Покладу робяць апэрацыі па выдаленьні зьмярцьвелых тканак скуры. Донарскую кроў для яго можа здаць кожны — у панядзелак, сераду й чацьвер з паловы на дзявятую да паловы на дванаццатую раніцы ў Менскім шпіталі хуткай дапамогі.


9 траўня 2002

«ГЭТА НЯ НАШ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ»

— мяркуюць некаторыя абаронцы.

Ганна Соусь:

Раніцай у Курапатах не адчувалася сьвяточнага настрою. Валанцёры нарыхтоўвалі дровы, займаліся штодзённымі справамі Многія абаронцы маюць сваё стаўленьне да Дня Перамогі. Гаворыць Зьміцер Захарэвіч:

— Канечне ж, мы ведаем, што такое Дзень Перамогі. Гэта зьвязана ня толькі зь перамогай 9 траўня. Існавала й незалежная «партызанка», ня толькі савецкая. Тыя людзі, якіх зараз лічаць здраднікамі, яны таксама ваявалі ня толькі супраць фашыстаў, а таксама змагаліся за вызваленьне нашай Радзімы ад Савецкага Саюзу.

Думку Зьмітра працягвае Ільля Ядранцаў:

— Час ужо ня той, але ўсё роўна — гэта ня наш Дзень Перамогі, перамога ня ў нашых сэрцах. Перамагла тая камуністычная сыстэма. Гэтая перамога столькі жыцьцяў нашых беларусаў забрала. Хаця б вось гэтае месца. На ім вайна таксама пачыналася — камуністы нішчылі нашых беларускіх патрыётаў. Было дзьве імпэрыі зла — Нямеччына й камуністы. Але імпэрыя ня можа існаваць вечна. Імпэрыя — гэта зло заўжды. А мы, беларусы — за сваю зямлю. Нам ня трэба ніякіх вялікіх ідэяў.

Сяржук Высоцкі ставіць пад сумненьне сам факт перамогі для беларускага народу:

— Ці была гэтая перамога для Беларусі? Мы згубілі ў гэты час Віленшчыну, Беласточчыну. Мы засталіся адзінай краінай-пераможцай, якая згубіла сваю тэрыторыю. Мы згубілі кожнага чацьвертага жыхара нашай краіны. Мой дзед ваяваў, дарэчы, меў ордэн, другі дзед ваяваў, кулямётчыкам быў, але я ад іх чуў такія думкі: «У свой час мы перамаглі адзін фашызм, а, відаць, другі фашызм давядзецца дабіваць вам». Трагедыя ў тым, што цяпер пануе рэжым, які будуецца на падмурку таго новага фашызму, які прыйшоў у Беларусь у 1944 годзе, калі сышлі нямецкія фашысты, а прыйшлі расейскія камунафашысты. Беларуская Партыя Свабоды спачувае незалежніцкаму руху, таму, які стаяў за беларускую дзяржаўнасьць, які змагаўся й з нацыстамі, і з камуністамі.

Паводле Сержука Высоцкага, дзень 9 траўня для валанцёраў будзе надта цяжкім. У другой палове дня ў Курапаты масава пойдуць на пікнікі жыхары суседняга мікрараёну. І давядзецца тлумачыць ім усім, чаму нельга піць гарэлку і смажыць шашлыкі на могілках. Ужо апоўдні ў Курапатах зьявіліся першыя аматары адпачынку на траве. Юнак і тры дзяўчыны пілі расейскае піва «Балтыка» непадалёк ад лавы Клінтана.

— Вы ведаеце, што гэта за месца?

ЮНАК: Так, Курапаты.

— Як вы мяркуеце, гэта нармальна — піць піва на магілах?

— Не... Проста больш няма дзе. Мы тут, каб бацькі не «засяклі».

— А вы сёньня нешта сьвяткуеце?

— Так, адзначаем 9 траўня.

Пасьля размовы з валанцёрамі хлопец і дзяўчыны сышлі з урочышча.


10 траўня 2002

АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ПАТРЭБНАЯ ДОНАРСКАЯ КРОЎ

Заўтра сябры КХП БНФ ладзяць чарговую талаку.

Ганна Соусь:

У курапацкім лягеры відавочныя наступствы начнога дажджу — паўсюль лужыны, на століку ляжаць змакрэлыя харчы, над вогнішчам сушыцца коўдра, ляжаць вільготныя дровы. Гаворыць Алена Жук:

— Усю ноч ішоў дождж, адным даводзілася хавацца ў пераходзе, другія ў намёце сядзелі, але ж, як заўсёды, падтрымлівалі вогнішча. Намёт працякаў, так што зараз коўдры мокрыя, усё мокрае... Вельмі шмат п’янога народу тут бадзялася. Мы да іх падыходзілі, прасілі, каб яны прыпыніліся, распавядалі пра гэтае месца. Некаторыя разумелі, другія — не. Гэта як заўсёды. Але ж большасьць разумела.

Алена згадвала падзеі ўчорашняга дня, калі ў Курапаты ішлі на пікнікі жыхары суседняга мікрараёну. Алена часьцяком прыходзіць у Курапаты, звычайна ўвечары і на ноч, бо раніцай ёй трэба ісьці на вучобу. Яна вучыцца ў БДУ на факультэце альтэрнатыўнай мэдыцыны. Курапаты для яе — ня проста месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, але й сымбаль супрацьстаяньня.

АЛЕНА: Мне падаецца, што гэта — адзінае, што ёсьць, што засталося ў беларускага народу. Гэта тое, што мы павінны вытрымаць да канца, мы павінны тут перамагчы ўладу, таму што іншых шляхоў зараз няма. Курапаты застаюцца адзінай надзеяй.

Мінулую ноч у Курапатах правялі некалькі валанцёраў з Барысава, актывістаў руху «Зубар». Адзін зь іх, Васіль, ужо ня першы раз дзяжурыць ва ўрочышчы.

ВАСІЛЬ: Я прыяжджаю, каб тут не маглі будаваць дарогу, каб па маіх продках ня езьдзілі машыны.

— А хто пацярпеў у Вас ад рэпрэсіяў?

— У майго дзеда расстралялі маці з бацькам. Яны жылі ў Менску, потымі пераехалі. Як дзед распавядаў, на яго вачах расстралялі маці й бацьку. Таму я тут і абараняю, каб такога ніколі не было.

Пацярпелы ад апёкаў абаронца Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі. Паводле лекара Валянціна Машэля, стан здароўя Алеся здавальняючы, але яму па-ранейшаму патрэбная донарская кроў.


11 траўня 2002

ТАЛАКА

Разам з валанцёрамі яе ладзілі прадстаўнікі палітычных партыяў і рухаў.

Любоў Лунёва:

Сабралося каля трох дзясяткаў чалавек. Гэта прадстаўнікі КХП БНФ, Маладога Фронту і Партыі Свабоды. Яны зьбіралі гальлё, усталёўвалі крыжы, у тым ліку і крыж, які прывезьлі беларусы зь Вільні. Высьветлілася, што ўначы невядомыя скінулі машыну тэхнічнага сьмецьця. Гаворыць Сяржук Мацкойць:

— Якраз за вагончыкамі будаўнікоў, дзе былая сьметніца была, сюды вось, бліжэй да бэтонкі, літаральна ад бэтонкі мэтраў 150, звалена машына сьмецьця, і відаць, што гэта тэхнічнае сьмецьце: і фільтры, і запчасткі ад трактароў, ды фактычна машына сьмецьця.

У размову ўступіла Мая Кляшторная:

— Я думаю, што гэтае сьмецьце якраз будаўнікоў. Некалькі чалавек забіваюць у зямлю калы. Гаворыць >Уладзімер Юхо:

— Мы сканчаем кампазыцыю пры ўваходзе з боку Зялёнага Лугу. Плошчу акаймляем крыжамі. Тут ужо будзе кампазыцыя закончаная. Застанецца толькі з боку Цны.

Сёньня ў Курапатах падчас працы ізноў знайшлі чалавечыя косткі. Гаворыць Валеры Буйвал:

— Рэгулярна знаходзяць парэшткі нашых пакутнікаў, чарапы прастрэленыя, косткі. Гэта ўжо стала штодзённасьцю Курапатаў. Хаваем. Таксама праводзіць багаслужбу сьвятар.

На самым версе курапацкага шляху стаіць Алесь Чахольскі.

Вось што ён распавёў мне:

— Каля гэтага камяня сустрэў чалавека. Стаіць моліцца. Мы зь ім пазнаёміліся. Аказалася, што ён трымаў справу свайго бацькі ў руках. Бацька ягоны расстраляны ў 1938 годзе. У яго ёсьць даведка, што ён расстраляны ў горадзе Менску. А менавіта, яму сказалі, што ён расстраляны тут. Вось бачыце, дзе бярозкі растуць. І там яміна. Ён кажа мне, што яму пастаянна бацька сьніцца, што ён сядзіць там. І папрасіў там дапамагчы яму і крыж усталяваць, ён шыльду зробіць.


13 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА РАДАЎНІЦЫ

Яны чакаюць, што заўтра ў Курапаты прыйдзе шмат людзей.

Ганна Соусь:

Будаўнічыя работы ля ўрочышча не вядуцца ўжо больш як тыдзень. За гэты час на схілах дарогі вырасла трава. Пэнсіянэр Эвальд Гатоўскі вырашыў прыйсьці сюды перад Радаўніцай, калі тут яшчэ няшмат людзей і можна спакойна пахадзіць, падумаць, узгадаць памерлых продкаў.

ГАТОЎСКІ: Мне здаецца, гэтыя людзі тут і ходзяць, тут адчуваецца дух гэтых людзей... Баліць сэрца, таму я імкнуся сюды прыйсьці, і памаўчу з гэтымі хлопцамі, пажадаю ім добрага здароўя, каб яны вытрымалі гэтую вахту, таму што гэтая вахта — гэта нашая несьмяротнасьць.

Эвальд Гатоўскі ўзгадвае, як дзесяць гадоў таму, працуючы рэжысэрам на Беларускім тэлебачаньні, ён здымаў відэаролік пра Курапаты. З таго часу спадар Гатоўскі ня можа забыцца на некаторыя курапацкія дрэвы, якія сваімі абрысамі нагадваюць людзей у пакуце Валанцёры, што сёньня дзяжураць у лягеры, абмяркоўваюць пікнікі. Гаворыць Вольга Куўшынава:

— Як ні дзіўна — выходныя дні, а тут у Курапатах усё досыць спакойна. Людзі так масава, як на Вялікдзень, чамусьці не зьяўляюцца. Калі паляць вогнішча, то адзінкі. І яшчэ адсюль зьніклі людзі, якія выступаюць супраць нас — можа, паехалі працаваць на агароды. Сюды цяпер падыходзяць толькі тыя, хто спачувае нашай справе.

Расповед Вольгі Куўшынавай працягвае Зьміцер, студэнт мэдычнага ўнівэрсытэту. Ён нядаўна далучыўся да вахты памяці ў Курапатах.

ЗЬМІЦЕР: Тое, што было зроблена за час курапацкай варты, нельга адразу пакідаць. Улічваючы, што зараз ня вельмі шмат людзей сюды ходзяць, таму што зараз сэсія, я вырашыў таксама зрабіць нейкі ўнёсак у гэтую справу.


13 траўня 2002

АБАРОНЦА ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ

Антона Шкурынскага трымалі ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна 28 сутак.

Ганна Соусь:

Амаль месяц Антон знаходзіўся за кратамі, але ён так дакладна і не зразумеў, за што сядзіць. Яго затрымалі 16 красавіка ў Курапатах і пасьля накіравалі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна дзеля высьвятленьня асобы, бо ён ня меў з сабой пашпарту.

ШКУРЫНСКІ: Даведацца, дзе я жыву і ці праўда тое, што я сказаў, было літаральна справай некалькіх хвілінаў. Яшчэ 16 красавіка яны патэлефанавалі зь міліцыі і спраўдзілі, што так, сапраўды ёсьць такі. Я таксама даваў поўныя пашпартныя зьвесткі. Можа, толькі пасьля гэтага ў іх узьнікла ўпэўненасьць, што я — гэта я.

У прыёмніку-разьмеркавальніку Антона чатыры разы выклікалі да сябе сьледчыя, бралі паказаньні з прычыны заявы ў пракуратуру, што раней падалі абаронцы Курапатаў. Ад іх жа ён і даведаўся пра спаленьне намёту й пра тое, што ягоны паплечнік па курапацкай справе Алесь Поклад знаходзіцца ў рэанімацыі. Антон Шкурынскі распавядае пра ўмовы зьняволеньня на Акрэсьціна:

— У асноўным камэры былі перапоўненыя. Мінімум дзевяць чалавек на восем месцаў, максымум 15 чалавек там было. Такі разнастайны калектыў — віетнамцы, афганцы, грузіны, азэрбайджанцы, армяне, расейцы, беларусы, украінцы. У мяне напэўна два тыдні балела галава даволі моцна. Цяпер, дзякуй Богу, нічога не баліць.

Некалькі месяцаў таму Антось зьвяртаўся ў расейскае консульства з прычыны страты пашпарту — яму параілі ехаць у Мурам, каб там аднаўляць дакумэнты. За час, што Антось Шкурынскі знаходзіўся на Акрэсьціна, ніхто з расейскай амбасады не пацікавіўся ягоным лёсам. Ля Акрэсьціна Антося сустракалі Сяржук Высоцкі й ягоны сябра валанцёр Дзяніс. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Гэта помста рэжыму чалавеку, які быў на Курапатах, які там шмат пратрымаўся. Ніякіх — ні крымінальных, ні адміністрацыйных абвінавачаньняў чалавеку. Фактычна за адсутнасьць пашпарту пратрымалі месяц у турме. А другое, пра што варта сказаць — гэта паводзіны расейскага боку, амбасады Расейскай Фэдэрацыі. Не было ні найменшага спачуваньня чалавеку. На нашыя званкі не было ніякай рэакцыі.

Антон Шкурынскі выйшаў на волю зь невялічкім пакункам з асабістымі рэчамі й некалькімі даведкамі. Па часе павінны вырашыцца ягоныя праблемы з дакумэнтамі. Усе рэчы Шкурынскага згарэлі ў намёце 19 красавіка. Але ён не губляе аптымізму. Антон зноў зьбіраеца ехаць у Курапаты.

ШКУРЫНСКІ: Курапаты для мяне — гэта квінтэсэнцыя беларускай барацьбы за незалежнасьць, месца, дзе сапраўды зь людзей вырастаюць патрыёты.


14 траўня 2002

АДБЫЛІСЯ ЖАЛОБНЫЯ НАБАЖЭНСТВЫ

Людзі згадвалі пакутнікаў, што ляжаць у курапацкай зямлі.

Ганна Соусь:

Сёньня ў Курапатах паміналі людзей, расстраляных тут бальшавіцкім рэжымам. Жалобныя ўрачыстасьці наладзілі сябры КХП БНФ. Ксёндз Пётар з Касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены справіў жалобнае набажэнства.

ПЁТАР: Зараз мы за ўсіх загінулых у Курапатах — незалежна ад таго, ці гэта католікі, праваслаўныя, пратэстанты, ці іншыя канфэсіі — сьпяваем «Нешпоры» — малітву, якая бярэ пачатак ад першых хрысьціянаў.

Жалобнае набажэнства справіў айцец Леанід Акаловіч. Ля Крыжа Пакутаў гучаць імёны бязьвінна загінулых у Курапатах:

АКАЛОВІЧ: Супакой душы рабоў тваіх, слугаў, курапацкіх пакутнікаў — Каранеўскага Язэпа, Ігнатоўскіх Юр’я і Валянціна, дзяцей вядомага акадэміка Ігнатоўскага, Сымона Рак-Міхайлоўскага... Тут расстраляныя таксама многія дзеячы Акадэміі Навук. Памяні, Божа, у сваім царстве Сяргея Дубінскага, Аляксандра Каваленю, Аляксандра Ляўданскага — беларускіх археолягаў. І шматлікую групу беларускіх пісьменьнікаў памяні, Госпадзе, у сваім валадарстве — Якава Бранштэйна, Анатоля Вольнага (Ажгірэя), Алеся Дудара (Далідовіча), Міхася Зарэцкага, Васіля Кавалёва, Тодара Кляшторнага, Майсея Кульбака, Юрку Лявоннага...

Каля сарака чалавек слухаюць моўчкі, гараць зьнічы, лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. А ў лесе ля дрэваў стаяць міліцыянты. Да жалобных мерапрыемстваў ва ўрочышча прыгналі зялёны «аўтазак».

Вось прытуліўшыся да дрэва, абапіраючыся на мыліцы, стаіць Надзея Дземідовіч. Маладой дзяўчынай пасьля вайны яна трапіла ў Кенгірскі лягер.

ДЗЕМІДОВІЧ: Для мяне Курапаты — заўсёды цяжкія ўспаміны. Тут столькі нявінных людзей загінула ні за што. Адчуваю тую цяжкасьць у грудзях, але яшчэ больш мне страшна, каб нас ізноў з Расеяй не злучылі, і каб зноў не пайшлі тыя Курапаты па ўсёй зямлі, як раней.

Сёньня ў Курапатах кожны гаварыў пра тое, што баліць. Рэжысэр Валеры Мазынскі ўзгадаў лёс Уладзіслава Галубка.

МАЗЫНСКІ: Яму якраз 120 год з дня нараджэньня. А калі ён загінуў, магчыма, тут вось, у гэтым лесе, яму было столькі, колькі мне цяпер. Ён ня быў палітыкам, ён сапраўды любіў беларускія танцы, любіў сьпяваць, пісаў для беларускай сцэны, езьдзіў на калымажках па вёсках, іграў спэктаклі й быў з гэтага шчасьлівы. І за тое, што ён быў з гэтага шчасьлівы, мы сёньня пішам, што 1937 год — гэта заканчэньне яго дзейнасьці.

Алесь Чахольскі гаворыць пра традыцыю беларусаў памінаць памерлых на Радаўніцу.

ЧАХОЛЬСКІ: У гэты дзень мы павінны прыходзіць да нашых продкаў, нявінна тут закатаваных, і ўшаноўваць іх памяць. Хто акрамя нас ушануе, скажыце, калі ласка? Ніхто, акрамя нас, беларусаў.

Сёньня ва ўрочышчы памінаў пакутнікаў і паэт Анатоль Вярцінскі.

ВЯРЦІНСКІ: У свой час я ўжо пісаў ад імя тых, каго няма ў жывых: «Вы нам не шкадуйце сумотных, журботных пачуцьцяў сваіх. Лепшая памяць для мёртвых — гэта любоў да жывых». Але я думаю, што тут недастаткова гаварыць толькі пра любоў, пра нашую вернасьць памяці нявінна забітых, тут трэба згадваць, што тут ня проста загінулыя, а тут забівалі людзей, забівалі нявінных.

Пры канцы жалобных урачыстасьцяў каталіцкі й праваслаўны сьвятары асьвяцілі Алею Крыжоў, якую цягам апошніх месяцаў усталявалі ўздоўж курапацкай прасекі сябры КХП БНФ.


15 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЗНОЎ ЗНАЙШЛІ ЧАЛАВЕЧЫЯ КОСТКІ

У актывістаў узьніклі непаразуменьні з будаўнікамі.

Ганна Соусь:

У Курапатах зноў знойдзеныя чалавечыя косткі. Распавядае Яўген Восіпаў:

— Мы прайшліся да лаўкі Клінтана. Непадалёк ляжала вось такая костка. Прайшлі празь лес, штурхнулі нагой лаўжы, і там былі косткі. Цьвёрдыя пароды асядаюць, глеба вільготная, ад дажджу вымакла.

Яўген Восіпаў разам зь іншымі актывістамі руху «Зубар» прыехаў у Курапаты з Барысава. Зь лютага яны рэгулярна бяруць удзел у дзяжурстве ва ўрочышчы. Сёньня ж у валанцёраў узьніклі праблемы з будаўнікамі. Гаворыць Сяржук Мацкойць:

— На аўтамашыне прыехаў чалавек, які прадставіўся прарабам будаўнікоў зь Берасьця, таксама падышоў прараб з нашага ўчастку дарогі. Пачаўся канфлікт з-за таго, што быццам бы нашыя людзі за час сьвятаў паздымалі іхную разьмётку. Але нашыя людзі гэтым не займаліся ніколі й ня будуць займацца. А ў лесе ёсьць дастаткова месцаў, дзе відавочная іхная разьмётка (вешкі, слупы) — і ляжыць паваленая тымі асобамі, якія прыходзяць сюды на шашлыкі. Ён пачаў нам пагражаць, што зараз быццам бы выкліча міліцыю, на трох любых чалавек пакажа пальцам і прыцягне да адказнасьці.

Апошнім часам дачыненьні паміж валанцёрамі й будаўнікамі сталі больш напружанымі Добраахвотнікі не дазваляюць капаць у лясным масіве траншэі пад падпорныя сьценкі. Але будаўніцтва кальцавой дарогі ля Курапатаў запавольваецца і зь іншых прычынаў. Сытуацыю тлумачыць будаўнік Уладзімер:

— Ня вырашылі яшчэ, як гэтую сьценку і гранітныя ўстаўкі рабіць. Таму вельмі марудна ўсё рухаецца. Увогуле, кальцавая павінна здавацца да 1 верасьня, а як там будзе... Усё зьвязана зь фінансаваньнем. Нам, менскім, яшчэ плацяць больш-менш, а віцебскія й магілёўскія працуюць тут за 130–150 тысяч. Карацей, няма грошай на дарогу.

Абаронца Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў апёкавым цэнтры. Надоечы яго перавялі з аддзяленьня рэанімацыі ў звычайную палату. У блізкім часе Алесю будуць рабіць апэрацыю перасадкі скуры.


Валанцёры мяняюць палотнішча сьцяга на флагштоку каля намёту.


Алея Крыжоў у Курапатах.



16 траўня 2002

У КУРАПАТЫ І ПАСЬЛЯ РАДАЎНІЦЫ ПРЫХОДЗЯЦЬ ЛЮДЗІ

Валанцёры выказваюць свае меркаваньні наконт таго, як доўга трэба ахоўваць Курапаты.

Ганна Соусь:

Стоячы блізу Крыжа Пакутаў, я размаўляю з Генадзем Дземчанкам. Ён распавядае пра лёс свайго дзеда, пацярпелага ад сталінскіх рэпрэсіяў.

ДЗЕМЧАНКА: Дзед адседзеў сем гадоў пасьля вайны ні за што. А бабуля з чатырма малымі дзецьмі... Можаце ўявіць, якое было жыцьцё, малыя ледзь не памерлі з голаду. А дзед таксама застаўся жывым выпадкова. Як ён казаў, працягнуў бы яшчэ тыдзень-два, і памёр бы з голаду. Але прыйшоў там нехта зь лягернага начальства й запрасіў яго на працу, бо дзед быў столяр. Спачатку іх падкармілі некалькі тыдняў, а потым яны пачалі працаваць — нешта будаваць гэтаму начальству. Вось так ён і застаўся жывы.

Генадзь Дземчанка сёньня каля гадзіны правёў у Курапатах — хадзіў уздоўж Алеі Крыжоў, узгадваў мінулае:

— Наведаў Курапаты, і неяк на душы стала сьвятлей, спакайней — вельмі прыгожыя крыжы ўкапаныя.

Што да валанцёрскага жыцьця ў лягеры, то тут усё па-ранейшаму — вахта працягваецца. Гаворыць Дзяніс Більдзюк:

— Ноч прайшла спакойна. Начавалі чатыры чалавекі.

— Якая цяпер асноўная задача валанцёраў?

— Галоўная задача — не дазваляць рабіць усялякія сьвяты на костках, я маю на ўвазе пікнікі й гэтак далей. І ранейшая місія — тлумачыць людзям, што гэта за месца, і чаго мы тут сядзім.

На сайце Радыё Свабода цяпер ладзіцца апытаньне. Наведнікам прапануецца пытаньне «Колькі яшчэ ахоўваць Курапаты?» і чатыры варыянты адказу: «Да заканчэньня пабудовы прылеглай часткі дарогі», «Да заканчэньня пабудовы ўсёй дарогі», «Да стварэньня мэмарыяльнага комплексу», «Пакуль кіруе Лукашэнка». Я папрасіла валанцёраў выбраць свой варыянт адказу. Антось Шкурынскі схіляецца да наступнага:

— Хутчэй за ўсё, да мэмарыялізацыі Курапатаў.


17 траўня 2002

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Мінулую ноч ва ўрочышчы начавалі сем валанцёраў.

Ганна Соусь:

Раніцай Яўген Скочка, які быў адказным за дзяжурства, перазахаваў у адну зь ямін-магілаў чалавечыя парэшткі, якія надоечы валанцёры знайшлі ва ўрочышчы.


17 траўня 2002

МІХАІЛ ЖДАНОЎСКІ ЗГАДВАЕ СВОЙ ФІЛЬМ

Усяго рэжысэр зьняў каля 50 фільмаў, сярод іх, бадай, найбольш вядомы — «Дарога на Курапаты», сцэнар якога напісаў Аляксандар Лукашук.

Ганна Соусь:

Міхаіл Жданоўскі ўзгадвае:

— Тэма ўзьнікла спантанна, калі пачалася эксгумацыя. Кіраваў усімі раскопкамі Зянон Станіслававіч. У нас ёсьць такі від працы — летапісны матэрыял. Мы проста езьдзілі ды здымалі, яшчэ без намеру зрабіць фільм. Потым здымалі мэдэкспэртызу. Калі я спрабаваў адшукаць людзей, так бы мовіць, з супрацьлеглага лягеру, то мне адзін са сьледчых сказаў так: «Вось табе ключ ад майго кабінэту ў Генэральнай пракуратуры, вось табе гадзіна, вось дакумэнты — сядай і працуй».

Тады ж Міхаіл Жданоўскі даведаўся й пра лёс свайго дзеда, расстралянага ў 1937 годзе. Адседзеў у сталінскіх лягерах і бацька рэжысэра. Спадар Жданоўскі згадвае, як у часе раскопак у Курапатах, калі знаходзілі чарговы прастрэлены чэрап, ён думаў пра свайго дзеда. Але вернемся да гісторыі стварэньня фільму:

— Алесь Адамовіч і Яўген Еўтушэнка папрасілі паказаць частку матэрыялаў на адным зь іхных паседжаньняў. Тут на студыі пачаўся пярэпалах — маўляў, нікуды за межы Беларусі мы гэты матэрыял ня можам выпусьціць. І тут загаварылі: «Як, ужо здымаюць?» Тады гэты матэрыял забралі на фільматэку. Але дырэктар студыі Гарбачоў выклікаў нас і кажа: «Я разумею, што вы ўсё роўна будзеце рабіць, прыдумайце нейкае выйсьце». Мастацкі кіраўнік нашай студыі Ўладзімер Халіп кажа: «Давайце назавем матэрыял неяк нэўтральна — «Вечная памяць».

З гэткай назвай і працягваліся здымкі. Разам зь Зянонам Пазьняком аўтары фільму апытвалі жыхароў вёсак, што недалёка ад Курапатаў. Міхаіл Жданоўскі не хацеў, каб фільм пра Курапаты атрымаўся выключна публіцыстычным.

— Фільм рабіўся як мастацкі твор. У мяне там няма ніводнай канкрэтнай асобы, мы нават Пазьняка там не называем, проста Зянон. Там ёсьць Кат, ёсьць Народ зь вялікай літары, ёсьць Судзьдзя, Сьледчы, Злачынца зь вялікай літары. І фільм наш заканчваецца фразай жанчыны, якая гаворыць пасьля ўсяго апатэозу, нібыта пачаліся новыя часы. Яна кажа: «Хто яго ведае. Неяк зь Зянонам размаўляла, а мінуць гады — як яно будзе? Як мой бацька казаў:

«Закон, што дышла — куды павярнуў, туды й выйшла». Уласна кажучы, народ не памыляецца.

На пачатку 1990-х фільм «Дарога на Курапаты» дэманстравалі па ўсім Савецкім Саюзе. Але Міхаіл Жданоўскі ня памятае, каб яго калі-небудзь паказалі па Беларускім тэлебачаньні. Калі ў Менску праходзіў фэстываль праваабарончага кіно, кінастудыя не дала для яго копію «Дарогі на Курапаты». Некалькі гадоў таму канал «Культура» хацеў купіць у беларусаў гэты фільм.

— Наш былы міністар Сасноўскі ніколі ня бачыў гэтага фільму. Паглядзеў і сказаў нашаму тагачаснаму дырэктару Сяргею Лук’янчыкаву: «Пакладзі ў сэйф». Гэта ж бессэнсоўна. Копія ёсьць у горадзе, у Маскве, у архіве ў Дзяржынску. Фільм існуе. Курапаты існуюць. Можа, самога Пазьняка забудуць, але праз Курапаты яго будуць помніць.

Цяпер рэжысэр Міхаіл Жданоўскі здымае фільм пра апэратара Сяргея Пятроўскага, які памёр паўтара года таму. Разам зь ім яны зьнялі шмат фільмаў, у тым ліку й «Дарогу на Курапаты».


18 траўня 2002

СЯБРЫ КХП БНФ ПРАВЯЛІ ЧАРГОВУЮ ТАЛАКУ

Будаўнікі ўзводзяць падпорную сьценку ля пагорку.

Ганна Соусь:

Гаворыць Уладзімер Юхо:

— Сёньня ў нас чарговая талака. Мы зьбіраемся ўпарадкаваць тэрыторыю — тую частку ад дарогі, якую яшчэ не пасьпелі апрацаваць. Калі будуць крыжы, будзем ставіць крыжы сёньня.

Працаваў сёньня ў Курапатах і Мікола Стоцік.

СТОЦІК: Для мяне Курапаты — гэта найвялікшы боль за ўсю маю нацыю. Ня толькі за тых маіх родзічаў, якіх бальшавікі забілі. Ня тут, у іншых месцах... Па бацькавай лініі ў мяне шмат родзічаў загінула, і па лініі маці таксама. Ейны брат зьнік ужо ў саракавых гадах, пасьля вайны. І бацька мой пацярпеў, я шмат пераплакаў. Але бацька мой быў інвалід, з адной ныркай, дык яго адпусьцілі.

Апошнімі днямі будаўнікі актыўна працуюць на ўзьвядзеньні падпорнай сьценкі ля Курапацкага пагорку. Як мяркуе Васіль Парфянкоў, гэта вельмі важны ўчастак дарогі, бо магілы знаходзяцца зусім блізка ад сьценкі.

ПАРФЯНКОЎ: Канфлікты былі зь імі невялічкія з-за гэтай сьценкі. Яны хацелі яшчэ рэзаць тут гару, але мы не далі ім гэтага, бо пайшлі бы косткі. Потым былі канфлікты з будаўнікамі з-за дошак. Яны хацелі на нас у суд падаць за тое, што мы скралі гэтыя дошкі. Вярнулі ім гэтыя дошкі, каб не было ніякіх праблемаў.

Будаўнікі забіваюць палі для падпорнай сьценкі ля Курапацкай гары. Мае суразмоўцы — будаўнікі з Магілёва Станіслаў і Валер.

СТАНІСЛАЎ: Мы пакуль толькі займаемся забіўкай паляў. Потым пасьля нас будзе рабіць нейкі «Маналіт». Будуць агароджваць плітамі, будзе нармальна, прыгожа.

— А Вы ведаеце, што тут зусім блізка ўжо магілы?

— Без паняцьця.

ВАЛЕР: Ня ведаю, я прайшоўся па гэтым лесе, тут не магілы, а нейкі сьвінарнік. Я толькі не разумею, чаму такі ажыятаж пачаўся, калі вашыя валанцёры білі шкло, камянямі кідаліся. Гэтым жа трэба карыстацца. Вось будуюць дарогу, будуць езьдзіць замежнікі, трэба ўпарадкаваць гэты лес, пачысьціць — чым сядзець там ля вогнішча, чакаць, пакуль скурыш гэты намёт. Вось бы пачысьцілі тут, зрабілі сьцежкі...

СТАНІСЛАЎ: Дарогі, масты ўсім патрэбныя — і ворагам, і добрым, усім людзям.


19 траўня 2002

АБАРОНЦЫ ЗЬБІРАЮЦЦА ЗЬМЯНІЦЬ ТАКТЫКУ АХОВЫ

Ня выключана, што замест начных вартаў яны будуць патруляваць тэрыторыю ўдзень і ўвечары.

Альгерд Невяроўскі:

Мінулай ноччу ў лягеры знаходзілася сем чалавек Але настрой у многіх валанцёраў ня вельмі аптымістычны. Ужо даволі даўно яны харчуюцца за кошт прыватных ахвяраваньняў і дзякуючы дапамозе фонду «Дзецям Чарнобыля». Сёньня ў іх зусім скончыліся грошы.

Кіраўнікі ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» бачаць, што валанцёры стаміліся ад паўгадовага жыцьця ў намётах і вырашылі зьмяніць тактыку абароны мэмарыялу. Да таго ж будаўнічыя працы на курапацкім участку дарогі апошнім часам амаль не вядуцца. Днямі пра зьмены ў справе абароны будзе абвешчана публічна. А вось што сказаў мне Васіль Парфянкоў:

— Стомленасьць пэўна ж адчуваецца, і людзей ужо ня так шмат стала. Адчуваюць, што хутка ўсё скончыцца. Няма такога ўздыму, што быў на пачатку вясны, калі намёт спалілі. Натуральна, што сысьці адсюль прыгожа, правесьці нейкую маніфэстацыю, шэсьце нейкае. Але калі мы й сыдзем, варта ня скончыцца. Раніцай і ўвечары будуць прыходзіць патрулі ды сачыць тут за парадкам.

Сяргей Высоцкі таксама лічыць, што зьмена тактыкі абароны зусім не азначае, што валанцёры дазволяць уладам рабіць у Курапатах усё што заўгодна.

ВЫСОЦКІ: Гаворка ня йдзе пра тое, што мы зьбіраемся сыходзіць з Курапатаў.


20 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРАМ ПАГРАЖАЛІ СКІНГЕДЫ

Учора а дзясятай вечара да лягеру абаронцаў наблізіліся пяцёра невядомых, адзін зь якіх трымаў у руках сякеру, а другі — нож.

Ганна Соусь:

Паводле Сержука Высоцкага, гэта былі прадстаўнікі скінгедаў. Валанцёры выклікалі міліцыянтаў з апорнага пункту, і тыя затрымалі нападнікаў, але празь некаторы час выпусьцілі.

Сёньня раніцай Курапаты наведалі прадстаўнікі Менскага раённага аддзелу міліцыі, якія высьвятлялі акалічнасьці ўчорашняга інцыдэнту.


20 траўня 2002

ГЕНАДЗЬ ГРУШАВЫ: КУРАПАТЫ НЯ МОГУЦЬ БЫЦЬ «ПРЫВАТЫЗАВАНЫЯ»

Старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» вітае ідэю наладжваньня дзённых пікетаў у Курапатах.

Ганна Соусь:

Генадзь Грушавы ўвесь час дапамагае абаронцам Курапатаў – харчамі, грашыма, вопраткай ды іншым чынам. Прыкладам, пацярпеламу ад апёкаў Алесю Покладу перадаваў грошы на лекі менавіта Грушавы. Да таго ж робіць ён гэта, пазьбягаючы ўсялякай публічнасьці.

ГРУШАВЫ: Я падкрэсьліваю, што гэта робіць ня фонд, які я ўзначальваю. Гэта раблю я асабіста, як асоба, як чалавек, які вельмі высока ацэньвае ўчынкі гэтай моладзі.

Генадзь Грушавы гаворыць пра рознае стаўленьне да курапацкай тэмы ў розных пакаленьняў:

— Сёньня Курапаты ня могуць быць, так бы мовіць, прыватызаваныя выключна толькі людзьмі, якія адкрылі Курапаты і зрабілі першыя крокі для таго, каб нацыя зразумела, што адбылося зь ёй 60—70 гадоў таму. Я сам належу да старэйшай генэрацыі, я добра разумею пачуцьці тых людзей, зь якімі я пазнаёміўся 15 гадоў таму ў Курапатах. А з другога боку, я адчуваю, наколькі ўсё ж важны, рашучы крок быў зроблены менавіта моладзьдзю ў той самы момант, калі Курапаты зноў паўсталі як пытаньне годнасьці нацыі.

— Напэўна, зусім хутка, магчыма, нават заўтра ў часе прэсавай канфэрэнцыі будзе абвешчана, што вахта памяці завяршаецца Але не сканчаецца, бо ўдзень будуць працягвацца дзяжурствы, а ўначы яны будуць прыпыненыя. Якое вашае меркаваньне – ці варта цяпер сыходзіць з Курапатаў?

— Гаварыць аб прыпыненьні гэтай вахты нельга. Мне падаецца, што трэба шукаць новыя формы. Тое, што сёньня гэта можа быць у выглядзе дзённых пікетаў, да якіх далучаюцца самыя розныя людзі, можа, гэта й адпавядае таму, што чакае грамадзтва. Месяцы вахты ў намёце ў самыя страшэзныя маразы... Гэта ўсё, так бы мовіць, прыелася, стала звычайным. А тыя людзі, якія не адважыліся далучыцца да гэтага, якім не хапіла мужнасьці й здароўя, ім, канечне, ня вельмі прыемна бачыць, што менавіта моладзь такую пазыцыю займае. Яны шукаюць іншыя варыянты. Можа, і трэба зрабіць гэты крок. Далучайцеся да гэтых пікетаў, прыходзьце ў Курапаты на дзень...


21 траўня 2002

АБАРОНЦЫ СПЫНЯЮЦЬ НАЧНЫЯ ДЗЯЖУРСТВЫ

Яны абвесьцілі на прэсавай канфэрэнцыі, што з 3 чэрвеня пераходзяць на дзённае патруляваньне нацыянальнага нэкропалю.

Ганна Соусь:

Летась 24 верасьня ўвечары васьмёра маладых людзей з крыжамі сталі перад бульдозэрамі, і менавіта з гэтага пачалася вахта памяці ў Курапатах, якая цягнецца ўжо амаль восем месяцаў. Гаворыць Павал Севярынец:

— Мы плянуем арганізаваць урачыстае зьняцьцё лягеру абаронцаў і прымеркаваць гэта да 3 чэрвеня — даты, калі ў 1988 годзе выйшаў знакаміты артыкул Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Якраз з гэтага артыкула й пачалася гісторыя ня толькі Курапатаў, але й нацыянальнага руху.

Як распавёў Сяржук Высоцкі, валанцёры вырашылі патрабаваць ад уладаў цывілізаванай, узгодненай з грамадзкасьцю мэмарыялізацыі Курапатаў.

ВЫСОЦКІ: Сёньня мы падалі заяву ў гарвыканкам, пасьля прэсавай канфэрэнцыі будзем падаваць заяву ў аблвыканкам, а 3 чэрвеня будзем падаваць зварот у Савет Міністраў. А 12—й гадзіне ў Курапатах адбудзецца мітынг, пасьля мы пойдзем у горад, прымем рашэньне, у якім месцы будзем разгортваць сьцягі, i пойдзем падаваць наш зварот уладам.

Дзённае патруляваньне будзе ладзіцца наступным чынам — групы з 3–4 чалавек некалькі разоў на дзень будуць абыходзіць тэрыторыю ўрочышча. Павал Севярынец тлумачыць:

— За колькі гадзінаў мы абыходзім усю тэрыторыю, глядзім, што зьмянілася, і калі штосьці сапраўды зьмянілася, мы паведамляем пра гэта ў аўтарытэтныя арганізацыі, Маі Кляшторнай, кіраўніку праекту спадару Крэчэтнікаву, ініцыятыве «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», грамадзкасьці. І калі спатрэбіцца, зьяўляемся там у большай колькасьці.

А вось меркаваньне валанцёраў, якія вытрымалі асноўны цяжар курапацкай вахты. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Крышку сумна сыходзіць адтуль. Прызвычаіліся ўсе, і як бы сталі адзінай сям’ёй. Але ж вечна там таксама не прасядзіш.

Працягвае Цімох Атрошчанкаў:

— Варта там было, канечне, сядзець — але вельмі цяжка. Ужо не адчуваецца такой падтрымкі ад грамадзтва.

А вось меркаваньне Дзяніса Більдзюка:

— Мы не сыходзім адтуль, працягваем варту, толькі зьмененыя яе формы. А так змаганьне працягваецца.

Плянуецца, што ў дзённым патруляваньні возьмуць удзел, акрамя сталых абаронцаў, сябры іншых грамадзкіх арганізацыяў. Прыкладам, пра ўдзел сяброў гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ заявіў сёньня Ўладзімер Кішкурна:

— Мы будзем далучацца да вахты, і як сябры сойму будзем ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня для ўсяго Беларускага Народнага Фронту.

Думку Ўладзімера Кішкурны працягвае актывіст Партыі БНФ Сяргей Міхноў. Дарэчы, вайсковы намёт, спалены 19 красавіка, быў ягонай прыватнай уласнасьцю.

МІХНОЎ: Адзін з асноўных набыткаў курапацкай справы — гэта тое, што ў грамадзтве адбылася кансалідацыя. Паўстала ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Калі б такая справа не атрымала такі вялікі розгалас у грамадзтве, то АМОН бы выкінуў абаронцаў адтуль за 30–40 хвілінаў.

Пра значэньне маладзёвай вахты памяці гаворыць і Валянціна Трыгубовіч:

— Тое, што маладыя аказаліся навідавоку і найбольш актыўнымі, гэта натуральна. Толькі, на маю думку, усё гэтае змаганьне можна ўявіць у выглядзе такога вялікага айсбэргу, дзе бачны пік — гэта моладзь і яе кругласутачная вахта, а ўвесь падмурак — гэта ўсе іншыя структуры, прэса, грамадзкія арганізацыі, партыі, асобныя людзі.

Паводле Маі Кляшторнай, адным з галоўных вынікаў курапацкага супрацьстаяньня ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг, што вось ужо некалькі месяцаў лунае ва ўрочышчы.

КЛЯШТОРНАЯ: Гэта месца, дзе сапраўды павінен быць наш сьцяг, адкуль яго ўвогуле нельга прыбраць, як і крыж. І калі хто гэта зробіць, то варта бараніць сьцяг на гэтым месцы.

Якім чынам паўплывае завяршэньне кругласутачнай вахты на хаду рэканструкцыі дарогі на гэтым участку? На гэтае пытаньне адказвае намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства «Магістральаўтадор» Сяргей Ісакаў:

— Можа, і былі нейкія непаразуменьні паміж будаўнікамі й валанцёрамі, але я мяркую, што стасункі засталіся нармальныя. Нам трэба добраўпарадкаваць гэтую пляцоўку. Мы праінструктуем нашых рабочых такім чынам, каб ні ў якім разе не было ніякіх парушэньняў — каб не пашкодзілі дрэвы, кусты ды ўсё астатняе. Усё пакінуць у тым выглядзе, як і цяпер, толькі ўпарадкаваць.


22 траўня 2002

ЦІ ЗАСТАНЕЦЦА Ў КУРАПАТАХ СЬЦЯГ?

Некаторыя будаўнікі мяркуюць, што ня варта спыняць кругласутачную вахту памяці.

Ганна Соусь:

Курапацкі бел-чырвона-белы сьцяг добра бачны на падыходзе да ўрочышча. Ён добра замацаваны бэтонам у адмысловым пастамэнце. Ці магчыма захаваць нацыянальны сымбаль пасьля пераходу на дзённае патруляваньне?

Раней міліцыянты неаднойчы здымалі бел-чырвона-белыя сьцягі валанцёраў. Аднак гэты, апошні, бадай, самы вялікі з усіх, лунае над Курапатамі больш за 40 дзён. Нагадаю, што яго ўсталявалі пасьля падпалу намёту. Дзяніс Більдзюк спадзяецца, што нацыянальны сымбаль застанецца ва ўрочышчы.

БІЛЬДЗЮК: Я мяркую, што яго трэба пакідаць на месцы, бо мы такімі намаганьнямі яго ставілі, што здымаць самім нельга.

— А які настрой у валанцёраў?

— Настрой такі ж самы. Нічога не зьмянілася. Пяць чалавек начавалі. Сяржук Высоцкі а трэцяй гадзіне пайшоў дахаты. І калі ішоў, то на «кальцы» пабачыў аўтобус з АМО-Нам.

Удзень Дзяніс з валанцёркай Веранікай удваіх дзяжурылі ва ўрочышчы. Вераніка вітае ідэю дзённага патруляваньня Курапатаў:

— На мой погляд, гэта было б лепш, чым тут суткамі дзяжурыць, таму што дарога ўжо практычна пабудаваная.

Крыху іншае стаўленьне да гэтага рашэньня ў некаторых >будаўнікоў, якія сёньня капалі траншэю для тэлефоннага >й высакавольтнага кабэляў для праваслаўнай капліцы, што >будуецца зараз на гары Гаворыць будаўнік Васіль:

— Тут зноў пачнуцца раскопкі, зноў прыйдуць марадзёры. Я лічу, што правільна яны тут сядзелі. Патруль прыйшоў, паглядзеў і сышоў, а на іншы пэрыяд могілкі застаюцца пустыя. За гэты час можа ўсё здарыцца — і раскапаць, і апаганіць магілы. Я за тое, каб лягер існаваў, як і раней.

Думку спадара Васіля не падзяляе ягоны калега будаўнік Рыгор:

— А я мяркую, што гэта ўсё бессэнсоўна. Сюды ніхто не палезе і капаць нічога ня будзе. Я ня ведаю, ужо амаль год сядзяць... Не капалі дагэтуль, і цяпер ня будуць капаць.


23 траўня 2002

ВАХТА ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Сёньня дзень народзінаў абаронцы Алеся Поклада. Ён дагэтуль знаходзіцца ў апёкавым цэнтры Менскага шпіталю хуткай дапамогі.

Ганна Соусь:

Алесевы паплечнікі наведалі яго ў шпіталі й павіншавалі са сьвятам.


24 траўня 2002

СПОЎНІЛАСЯ ВОСЕМ МЕСЯЦАЎ АД ПАЧАТКУ ВАХТЫ

Надоечы ўрочышча наведала дэлегацыя палякаў, чые бацькі былі расcтраляныя ў Катыні.

Ганна Соусь:

Валанцёры вывесілі два новыя лёзунгі, так званыя «расьцяжкі» – з патрабаваньнем мэмарыялізацыі Курапатаў.

Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Расьцяжкі прынес учора Сяржук Высоцкі. Учора прыяжджалі палякі, яны ехалі з Катыні й заехалі сюды. Гэта тыя палякі, чые бацькі былі расстраляныя ў Катыні. Іх шмат было, напэўна, чалавек дваццаць, поўны аўтобус. Калі яны даведаліся, што ў Алеся Поклада ўчора быў дзень народзінаў, дык яны грошы надавалі. Мы на іх купілі Алесю нармалёвы падарунак – набор для галеньня. Прыйшлі да яго, напэўна чалавек восем, і потым яшчэ да яго людзі йшлі й ішлі з раніцы да вечара.

Васіль кажа, што Алесь адчувае сябе крыху лепей, але яму яшчэ давядзецца шмат часу правесьці ў апёкавым цэнтры. А суд над самім Васілём чарговым разам перанесьлі – на 28 траўня. Антось Шкурынскі, які пасьля падзеяў 16 красавіка амаль месяц правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна, сёньня зьбіраецца нарэшце забраць свой пашпарт з аддзелу міліцыі Ён уладкаваўся на працу, і заўтра ў яго першы працоўны дзень.

ШКУРЫНСКІ: Заўтра – мая першая працоўная зьмена. Буду працаваць вартаўніком на аўтастаянцы ля мэтро «Пушкінская». Суткі праз тры.

Антось мяркуе, што гэткі рэжым працы дазволіць яму браць актыўны ўдзел у вахце памяці ва ўрочышчы, як цяпер, так і тады, калі распачнуцца дзённыя дзяжурствы.


25 траўня 2002

ТАЛАКА

На талаку сябры КХП БНФ прыехалі адразу пасьля ўскладаньня кветак да помніка Максіму Багдановічу з нагоды 85-й гадавіны сьмерці паэта.

Ганна Соусь:

Анатоль Крыварот бярэ рыдлёўку і пачынае капаць яміну пад крыж. Уладзімер Юхо распавядае, як будзе выглядаць кампазыцыя:

— Кампазыцыя не зусім закончаная. Будзем узгадняць з мастакамі з суполкі «Пагоня». Пачатковая ідэя ажыцьцяўляецца. Вось тут ля Крыжа Пакутаў будзе працягвацца гэтая алея з двух бакоў, каб адцяніць самы галоўны наш крыж, які быў пастаўлены ў 1989 годзе. І завершыцца кампазыцыя каля ўваходу ў мэмарыял. А потым Алея Крыжоў будзе працягвацца ў бок Цны.

Сёньня я сустрэла ў Курапатах 15-гадовага Рацібора Бегуна. Ён жыве недалёка і часьцяком наведвае ўрочышча.

БЯГУН: Усе падзеі, якія разгортваюцца тут, я бачу зь дзяцінства. Гэтае месца вельмі важнае для мяне. Тут загінула надта шмат бязьвінных людзей, каб гэтае месца проста так забываць.

У талацэ браў удзел і Віктар Кавешнікаў, актывіст КХП БНФ.

КАВЕШНІКАЎ: Курапаты, я спадзяюся, будуць падмуркам будучай беларускай нацыі. Усё гэта — справа не аднаго дня, не аднаго тыдня…

Думку Віктара Кавешнікава працягвае Зьміцер. У яго на кашулі значак з надпісам: «Размаўляй па-беларуску».

ЗЬМІЦЕР: Я лічу, што кожны сьвядомы беларус павінен браць чынны ўдзел у гэтай справе.

Сябры КХП БНФ плянуюць і ўлетку ладзіць талокі па суботах.


26 траўня 2002

СПРАВА АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ ЯШЧЭ НЯ СКОНЧАНАЯ

Курапацкія валанцёры рыхтуюцца да згортваньня свайго лягеру, якое павінна адбыцца праз тыдзень.

Альгерд Невяроўскі:

Мінулай ноччу ў лягеры знаходзілася шэсьць валанцёраў на чале зь Яўгенам Скочкам. Сёньня ў валанцёраў зноў скончыліся прадукты, але хлопцы гавораць, што гэта не вялікая праблема. Маўляў, калі 8 месяцаў вытрымалі, дык і апошні тыдзень пратрымаюцца. Праўда, пры гэтым дадаюць, што былі б удзячныя людзям за харчовую дапамогу.

Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Сумна, сумна будзе адсюль сыходзіць. Бо так ужо прывыклі і з хлопцамі як браты сталі. Але вечна таксама тут не праседзіш, і калі вырашылі, то трэба сыходзіць. Праўда, калі будзе трэба, зноў паставім намёт, і будзе зноў кругласутачная варта.

Сябры Васіля Антон Шкурынскі й Яўген Восіпаў таксама шкадуюць, што прыйдзецца згарнуць намёты. Гаворыць Антон Шкурынскі:

— Патрачаных тут сілаў не шкада, бо яны пайшлі на добрую справу.

А вось меркаваньне Яўгена Восіпава:

— Шкада ўсё пакідаць. Невядома, што тут будзе адбывацца. Зноў шашлычнікі будуць хадзіць у гэты лес. Я, натуральна, буду прыяжджаць у суботу і ў нядзелю. Бо я сам з Барысава.

Валанцёры ўжо пачалі прыбіраць тэрыторыю свайго лягеру ад сьмецьця. На думку Васіля Парфянкова, цяпер самае галоўнае – вывезьці з Курапатаў жалезныя рэшткі спаленага намёту. Кожны дзень у Курапаты прыходзяць менчукі й замежныя госьці. Усе яны выказваюць падтрымку й падзяку абаронцам.


27 траўня 2002

СЯБРЫ ПАРТЫІ БНФ ВОЗЬМУЦЬ УДЗЕЛ У ПАТРУЛЯВАНЬНІ

Адзін з крыжоў, што ўзвышаюцца ў Курапацкім лесе на пагорку, усталяваў некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ.

Ганна Соусь:

За гэтыя восем месяцаў я вельмі часта сустракала Ўладзімера Кішкурну ў Курапатах. То ён канапу валанцёрам прывозіць, то цёплую вопратку й спальныя мяхі, то сьвечкі й акумулятар для сьвятла, то сякеры з рыдлёўкамі. Узімку Ўладзімер Кішкурна аплачваў у лясьніцтве рахункі за сухія дрэвы для ацяпленьня намёту валанцёраў Дарэчы, знакамітую «буржуйку» ў вайсковы намёт прынес менавіта спадар Уладзімер.

КІШКУРНА: Калі я па ўзросту не магу да іх далучыцца — быць на вахце поўнымі суткамі, тыднямі, дык я хоць чым магу дапамагу — і маральна, і матэрыяльна.

Два дзядзькі Ўладзімера Кішкурны — Войцэх і Іосіф — былі расстраляныя ў Курапатах. Іосіф Кішкурна да 1935 году жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

КІШКУРНА: Іосіф, родны мой дзядька, у 1935 годзе пераяжджае ў Менск. Яму даюць кватэру, і ён працуе столярам. У 1938 годзе яго арыштавалі як польскага шпіёна і расстралялі. У гэты ж самы час арыштоўваюць майго бацьку. Як мне распавядалі пасьля вайны бацька з маці, тады яны проста цудам уратаваліся. Ён проста нічога не гаварыў. Яго пратрымалі за кратамі тры месяцы.

Як агента польскай выведкі ў 1938 годзе расстралялі й стрыечнага дзядзьку Ўладзімера Кішкурны Войцэха. Рэабілітавалі яго ў 1968 годзе, а Іосіфа Кішкурну — у 1959 годзе. Пра тое, што абодва дзядзькі былі расстраляныя ў Курапатах, Уладзімер Кішкурна даведаўся толькі пры канцы васьмідзясятых гадоў.

КІШКУРНА: Як Зянон распачаў раскопкі, зьявіліся публікацыі. У «Мінскай праўдзе» надрукавалі даведку з КГБ са сьпісам людзей, якіх расстралялі ў Курапатах. Вось адкуль я даведаўся, што там мае дзядзькі.

Некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна паставіў крыж у Курапатах па сваіх дзядзьках. Цяпер ён возьме актыўны ўдзел у дзённым патруляваньні, якое распачнецца 3 чэрвеня.

КІШКУРНА: Калі такая вахта будзе не кругласутачная, а пагадзінавая, мы здолеем далучыць да яе больш актывістаў. Мы разглядалі гэтае пытаньне на гарадзкой радзе і прынялі рашэньне, што, як будзе спыненая кругласутачная вахта (праўда, і гэтак нашыя сябры й начавалі ў Курапатах, і дапамагалі), мы возьмем удзел у дзяжурствах, і гэта будзе больш эфэктыўна.


28 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЎСТАЛЯВАЛІ КРЫЖЫ

Тыя крыжы раней будаўнікі прыбралі з адхону дарогі. У некаторых месцах насып пачаў прасядаць.

Ганна Соусь:

Трапіць у Курапаты цяпер складана, моцныя дажджы размылі глебу, поўна лужынаў, са сьцёку няспынна цячэ вада ў бок Крыжа Пакутаў. Сёньняшні дождж загасіў вогнішча валанцёраў. Самі добраахвотнікі сядзяць у маленькім намёце. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Моцны дождж пайшоў пад раніцу.

— А чым вы занятыя вось гэтыя апошнія дні перад тым, як будзе скончаная кругласутачная вахта?

— Усталявалі нанова крыжы, якія дасталі з адхону будаўнікі. Пяць — уздоўж адхону, і тры — на гары паставілі.

— Як будзе праходзіць цырымонія зьняцьця лягеру?

— Будзе невялічкі жалобны мітынг, выступяць людзі, і мы панясем свой зварот у Савет Міністраў, калі дойдзем датуль.

Насып кальцавой дарогі ўжо зарос высокай травой. У адным месцы яна прысыпаная зямлёй. Паводле Васіля Парфянкова, гэткім чынам будаўнікі прысыпаюць насып, які прасеў. Дарогу ля ўрочышча будавалі шпаркімі тэмпамі, нягледзячы на надвор’е. Часам сьнег прысыпалі зямлёй Валанцёры прагназуюць, што й надалей дарога будзе даваць усадку, і ня толькі насып, але й сама траса. Валанцёр Антось Шкурынскі крыху шкадуе, што хутка давядзецца спыняць кругласутачную вахту памяці ва ўрочышчы:

ШКУРЫНСКІ: Гатовы яшчэ паўгода тут праседзець дзеля сьвятой мэты. Так, канечне, трэба яшчэ й на працу, трэба і ў свой горад зьезьдзіць, але тут таксама патрэбныя людзі.


29 траўня 2002

ДА ЗАКАНЧЭНЬНЯ ВАХТЫ ЗАСТАЛОСЯ 5 ДЗЁН

Пакуль дзяжурства ва ўрочышчы па-ранейшаму працягваецца.

Ганна Соусь:

Паводле Сержука Высоцкага, валанцёры атрымалі адказ з пракуратуры Менскага раёну, у якім паведамляецца, што пракуратура ня будзе заводзіць крымінальную справу з нагоды шэрагу правакацыяў і зьбіцьця валанцёраў. Што да суду над Васілём Парфянковым, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве, то ён перанесены на 3 чэрвеня.


29 траўня 2002

ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА ПРАВЯДЗЕ ТАЛАКУ

Удзельнікі ініцыятывы хочуць супольна пазначыць межы мэмарыялу з боку гораду.

Ганна Соусь:

Сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» заклікаюць усіх прыходзіць у суботу й нядзелю аб 11-й гадзіне на талаку. Гаворыць каардынатарка ініцыятывы Ірына Жыхар:

— Урочышча Курапаты мы звычайна разглядалі з аднаго боку, — таго, дзе зараз ёсьць валанцёры. А тэрыторыі з боку Менску такой пільнай увагі не надавалі. І зараз там будаўнікі праводзяць кабэльныя сеткі, і нават праваслаўная царква нешта капае непасрэдна на самой тэрыторыі мэмарыялу. Яны зараз гатовыя проста ісьці па магілах, і нават ужо чуюцца такія воклічы: «Калі сустрэнем магілу, зробім перазахаваньне». У будаўнікоў у бюджэце закладзеныя такія выдаткі — слупы, каб вызначыць, дзе межы мэмарыялу. Мая Тодараўна Кляшторная, якая цяпер зьяўляецца навуковай кіраўніцай гэтага аб’екту, тэрмінова шукае магчымасьці, каб гэтыя слупы закупілі й прывезьлі менавіта на гарадзкі ўчастак мэмарыялу.

Ірына Жыхар заклікае ўсіх зацікаўленых прыходзіць 1 і 2 чэрвеня ў Курапаты з рыдлёўкамі, каб усталяваць гэтыя слупы й такім чынам пазначыць межы мэмарыялу. Грамадзкае аб’яднаньне «Дыярыюш» практычна падрыхтавала да друку кнігу пра Курапаты. Актывісты ініцыятывы зьбіраюцца распачаць збор ахвяраваньняў на выданьне гэтай кнігі накладам 10 тысяч асобнікаў. Ірына Жыхар тлумачыць:

— Цяпер у краіне жахлівая сытуацыя з падручнікамі гісторыі. Тэма бальшавіцкіх рэпрэсіяў наагул зьнікае з падручнікаў. Мы вырашылі ня проста шукаць грошы пад друк гэтай кнігі, а нават зрабіць цэлую кампанію для настаўнікаў гісторыі, для выкладчыкаў гісторыі ВНУ, для бібліятэкараў. Мы хочам 19 чэрвеня правесьці вялікую нараду з прадстаўнікамі творчых саюзаў, праектных іністытутаў, навукоўцамі, рэлігійнымі канфэсіямі й грамадзкімі арганізацыямі наконт таго, як зьбіраць гэтыя грошы.

Кампанія, якая распачнецца 19 чэрвеня, скончыцца 30 кастрычніка, у Міжнародны дзень ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.


30 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ЗАВЯРШЭНЬНЯ ВАХТЫ

Яны падсумоўваюць вынікі доўгатэрміновага дзяжурства.

Ганна Соусь:

У Курапатах паболела валанцёраў. Актывісты курапацкага чыну хочуць найбольш плённа правесьці ва ўрочышчы апошнія чатыры дні. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Мы змагаліся тут за ўшанаваньне памяці забітых людзей, і мы сыходзім не таму, што стаміліся ці там не хапала харчаваньня. Пытаньне ня ў стоме, а ў тым, што мы даем апошні шанец уладзе гэтым сыходам і завяршэньнем — знайсьці ў сабе нешта чалавечае.

Думку Сержука Высоцкага працягвае Генадзь Дранковіч:

— Мы захавалі гэтыя Курапаты, і мы даем шанец гэтай уладзе, гэтай дзяржаве й той жа самай апазыцыі прыняць пэўнае рашэньне.

Сёньня ў лягеры было пяцёра валанцёраў — яны абыходзілі лясны масіў, прыбіралі сьмецьце, абмяркоўвалі дэталі сыходу. Дагэтуль яшчэ ня вызначана, што рабіць з парэшткамі згарэлага вайсковага намёту і бел-чырвона-белым сьцягам. Папялішча, напэўна, давядзецца прыбраць, а вось пакідаць сьцяг ва ўрочышчы без нагляду небясьпечна. Некаторыя валанцёры шкадуюць, што кругласутачнай вахты памяці ня будзе, гаворыць Алег Гнедчык:

— Тут правялі шмат часу, як вялікая сям’я. Будзе, канечне, шкада, усе разыдуцца. Але будзем яшчэ сюды прыходзіць, толькі не начаваць, а ўдзень... Учора прыходзіў нейкі чалавек, вывярнуў крыж. Хлопцы за ім пабеглі, але злавіць не пасьпелі.

Алесь Поклад ужо больш за месяц знаходзіцца ў апёкавым цэнтры. Валанцёрка Стася Басава апошнія некалькі тыдняў амаль штодня наведвае свайго пацярпелага сябра.

БАСАВА: Ягоны стан збольшага нармальны. Ён патроху ідзе на папраўку. Але лекары пакуль не даюць камэнтароў наконт таго, як доўга ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпіталі.

— Можа, яму што-небудзь трэба?

— Яму прапісалі досыць шмат лекаў, якія каштуюць дастаткова дорага. Таму патрэбныя грошы. Трэба зьвязвацца зь ягонай маці, альбо пытацца на ўправе БНФ. Там ёсьць адмысловая скрыня для ахвяраваньняў Алесю Покладу.


31 траўня 2002

РЫГОР КІЙКО МЯРКУЕ, ШТО Ў КУРАПАТАХ ПАЎСТАЕ НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ

Сябры КХП БНФ апрацоўвалі крыжы адмысловымі рэчывамі.

Ганна Соусь:

Мастак Рыгор Кійко летась у верасьні адным зь першых пачаў рабіць і ўсталёўваць у Курапатах крыжы. Усяго тады ён змайстраваў зь бярвеньня больш за дваццаць вялікіх крыжоў. 8 лістапада ў часе вядомых падзеяў Рыгора Кійка й ягоную дачку Лілію жорстка зьбілі амонаўцы, а потым суд прызначыў мастаку выплаціць штраф. Сёньня раніцай спадар Кійко разам зь сябрамі КХП БНФ прыйшоў у Курапаты, каб апрацаваць адмысловымі рэчывамі крыжы, якія былі ўсталяваныя ўздоўж курапацкай прасекі.

КІЙКО: За паўгода мы ўсталявалі Алею, у якой больш за сто крыжоў. Нас кансультуюць мастакі з суполкі «Пагоня». Шмат крыжоў у саміх Курапатах — усталявана больш за 200 крыжоў. Людзі прыватна прывозяць, ёсьць крыжы з Польшчы і зь Літвы. Калі раней нельга было пазнаць, што тут месца расстрэлаў ахвяраў рэжыму, то цяпер людзі вельмі ўражаныя, што месца ўпарадкаванае.

У Рыгора Кійка, як і ў многіх беларусаў, родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў.

КІЙКО: Можа, хто-небудзь тут пакоіцца. Мой дзядзька, старэйшы брат майго бацькі, загінуў перад вайной. У матчыным родзе шмат людзей таксама пацярпелі.

Рыгор Кійка мяркуе, што ў Курапатах ня трэба ўзводзіць вялізных збудаваньняў, ва ўрочышчы цяпер натуральна паўстае мэмарыял з крыжоў. Спадар Рыгор з павагай ставіцца да кругласутачнай вахты моладзі.

КІЙКО: Цяпер ужо можна гэтую вахту спыніць, але трэба весьці дагляд. Уначы тут нічога ня здарыцца, а вось удзень трэба прыходзіць, бо будаўнікі працуюць, яны хочуць пракласьці трубу якраз ля Крыжа Пакутаў. А начную вахту тут павінна несьці міліцыя, бо гэта іх непасрэдны абавязак. Гэта мэмарыял, які ахоўваецца дзяржавай.

Сёньня я засьпела ў Курапатах Алега Радзюка разам зь ягонай васьмігадовай дачкой Барбарай. Яны прыйшлі апрацоўваць крыжы. Да заканчэньня кругласутачнай вахты памяці засталося тры дні. На адным з дрэваў вісіць абвестка, што 3 чэрвеня а другой гадзіне адбудзецца мітынг і шэсьце ад Курапатаў.


1 чэрвеня 2002

КУРАПАТЫ НАВЕДАЎ ТОМАС ВЕНЦЛАВА

На талацэ працавалі актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і сябры КХП БНФ.

Ганна Соусь:

Сябры КХП БНФ яшчэ ўчора ўвечары прывезьлі ва ўрочышча 40 крыжоў, а сёньня ўсталёўвалі іх блізу Крыжа Пакутаў i на пагорку. Гаворыць Алесь Чахольскі:

— Наша партыя працягвае ўсталяваньне крыжоў. Сёньня мы хочам закончыць афармленьне цэнтральнай Алеі. Далей будзем ставіць крыжы на магілах, уздоўж дарогі.

Уладзімер Юхо кажа, што трэба будзе працягнуць Алею Крыжоў да Цны.

ЮХО: З боку Цны зроблены пераход. І вядома, што, калі там будуць спыняцца машыны, то людзі пойдуць з гэтага боку ў раён Курапатаў.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і другія актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» сёньня прыйшлі ва ўрочышча з рыдлёўкамі й сякерамі.

Загрузка...