Але ж ці гарантуюць будаўнікі, што яны не адновяць работаў у Курапатах, пакуль ва ўрадзе будуць разглядаць гэтае пытаньне? Гаворыць генэральны дырэктар прадпрыемства «Магістральаўтадор» Анатоль Лыцін:

— Не, такіх гарантыяў я даваць не магу. У межах паласы, дзе праведзеныя археалягічныя раскопкі, дарога будзе будавацца.

Паводле спадара Лыціна, будаўнічыя работы ў Курапатах будуць адноўленыя праз 7–10 дзён. Гэта сталася асноўным вынікам сёньняшняй сустрэчы грамадзкасьці з будаўнікамі. Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка, гэта можна было прадказаць.

СІЎЧЫК: Узровень прадстаўніцтва з боку ўлады не дазваляў спадзявацца на нейкія вынікі. Прыйшоў начальнік будоўлі, які абсалютна шчыра сказаў, што ад яго не залежыць адказ на самае галоўнае пытаньне — пройдзе кальцавая дарога праз Курапаты ці не?

Грамадзкасьці трэба падтрымліваць тых людзей, якія кругласутачна знаходзяцца ў Курапатах, і не дапусьціць, каб рэжым зьнішчыў гэты мэмарыял.

Асобную пазыцыю ў справе Курапатаў займае КХП БНФ. Гаворыць намесьнік кіраўніка партыі Сяргей Папкоў:

— Сёньня стаіць галоўнае пытаньне — усё ж прымусіць урад весьці дарогу ў абыход Курапатаў. Іншых пытаньняў зараз нельга ставіць. Не даваць ім зачэпкі. Вось на гэтым мы стаім, і на гэтым будзем бараніць Курапаты.

Адметна, што ў часе сёньняшняй сустрэчы генэральны дырэктар «Магістральаўтадору» не пацікавіўся меркаваньнямі тых людзей, што ўжо амаль месяц нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства. Слова прадстаўнікам «Зубра» й Беларускай Партыі Свабоды.

СЯБАР «ЗУБРА»: Мы застанемся, таму што яны робяць сваю палітыку, а мы проста баронім косткі нашых суайчыньнікаў. І мы іх не аддамо, што б яны там ні вырашылі, на якія б пагадненьні ні пайшлі.

СЯБАР БПС: Справа ў тым, што з тых, хто займаецца Курапатамі, сюды прыходзяць толькі адзін Юхо і жанчыны, у большасьці з КХП БНФ, партыі Зянона Пазьняка.

Разам з будаўнікамі ў Курапаты сёньня прыехалі й міліцыянты на чале з намесьнікам кіраўніка абласной міліцыі Ігарам Уладыкам. І на пытаньне Радыё Свабода пра тое, што будуць рабіць міліцыянты, калі будуць адноўленыя будаўнічыя работы, а моладзь працягне вартаваць Курапаты, ён адказаў наступным чынам:

— Мы будзем рабіць тое, што належыць.

— Больш канкрэтна.

— Тлумачу, што мы будзем рабіць тое, што павінны рабіць.

Гэтым усё сказана.


24 кастрычніка 2001

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ РЫХТУЮЦЦА ДА АПОШНЯГА СУПРАЦІЎЛЯЦЦА БУДАЎНІКАМ

На сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня лягер абаронцаў Курапатаў некалькі разоў наведвалі міліцыянты з раённай управы ўнутраных справаў. Адзін зь іх, маёр, пакінуў свой нумар тэлефону і параіў тэлефанаваць, калі тут нешта здарыцца. Міліцыянты таксама паабяцалі, што будуць прыходзіць сюды некалькі разоў на дзень і адсочваць сытуацыю.

Цяпер абаронцы Курапатаў рыхтуюцца да зімы – сякуць дровы, хутка будзе ўсталяваны вялікі вайсковы намёт з «буржуйкай», бо ночы сталі вельмі халодныя Прыкладам, учора ўначы было каля 5 градусаў марозу, і сагрэцца было магчыма толькі каля вогнішча.

Наагул цяпер пачынаецца найбольш складаны этап для абаронцаў Курапатаў. Калі першыя дні была вялікая цікавасьць, людзі прыходзілі сюды, прыносілі харчы, дапамагалі хто чым можа, дык цяпер трымацца становіцца ўсё цяжэй Не хапае харчоў, а часам і проста ўвагі грамадзкасьці. У лягеры часта гавораць пра тое, што пра іх проста забыліся. Побач са мной знаходзіцца актывіст руху «Зубар» Мікіта Сасім.

САСІМ: Першая хваля цікавасьці спала, і зараз тут мала хто зьяўляецца.

— Хутка могуць пачацца будаўнічыя працы. Які настрой у вас, што будзеце рабіць?

— Будзем заставацца тут да апошняга. Пакуль будзем жывыя, дарогі тут не пабудуюць. Да маразоў мы зараз рыхтуемся, хутка паставім намёт зь печкай – будзе цёпла. Адзінае, чаго хацелася б папрасіць, каб людзі сюды прыходзілі хаця б падтрымаць нас.

— Чаго патрабуеце ў першую чаргу?

— Добра было б, каб людзі прынесьлі коўдры. А так усё нармалёва, ежы пакуль што хапае, сядзім…

Я яшчэ дадам, што цяпер у Курапатах зьявіўся плякат «А вы паставілі крыж у абарону Курапатаў?» і заклік «Ідзеце ў Курапаты – там кожны дзень павінны быць людзі. Рэжым задумаў зьнішчыць самую балючую старонку нашай нацыянальнай памяці. Стаўце крыжы, баранеце сьвятыню». Дарэчы, пра крыжы. Сёньня я была сьведкай, як будаўнікі фатаграфаваліся побач з крыжамі. Магчыма, яны сьпяшаліся зрабіць здымак на памяць, бо хутка ім давядзецца накіроўваць тэхніку на гэтыя крыжы.


25 кастрычніка 2001

У АДКАЗ НА ЗАКЛІК, ЯКІ ПРАГУЧАЎ У ЭТЭРЫ СВАБОДЫ, У КУРАПАТЫ ЗНОЎ ПАЦЯГНУЛІСЯ ЛЮДЗІ

На тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Учорашні заклік не зьмяншаць увагу да лягеру абаронцаў Курапатаў, які прагучаў у нашай праграме, быў пачуты. Сёньня ад раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі. Прыкладам, я была сьведкай, як адна пэнсіянэрка, спадарыня Ніна, прынесла бульбу, нехта іншы прынес печыва. Кальцавая дарога цяпер зачыненая для руху транспарту, і актыўная будоўля ідзе ўжо ў ста мэтрах ад Курапатаў, насупраць аўтобуснай станцыі. Дарэчы, сёньня раніцай на станцыі зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, які вывесілі сябры руху «Зубар».

28 кастрычніка, у нядзелю, КХП БНФ ладзіць шэсьце а 12-й гадзіне ад гадзіньнікавага заводу і ў 15 гадзін – жалобны мітынг у Курапатах. Потым будуць яшчэ мерапрыемствы – 30 кастрычніка і 3 лістапада. Мерапрыемстваў шмат, але пакуль не відаць вялікай актыўнасьці грамадзянаў. Побач са мной намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык.

— Вячаслаў, можа варта было наладзіць адно, але масавае мерапрыемства?

— Натуральна, у сёньняшніх умовах лепш было б, каб было адно масавае мерапрыемства, але чарговы раз, на жаль, спрацаваў суб’ектыўны фактар – а менавіта тое, што пазыцыя розных палітычных партыяў і групаў не ўзгадняецца. Таму маем, што маем. Часткова віна ляжыць на ўсіх кіраўніках палітычных партыяў. Таму я лічу, што трэба па магчымасьці браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. Наша задача – як можна дапамагчы маладым і самім паўдзельнічаць.

— Чаму ня шмат палітычных сілаў праявілі ўвагу да таго, што адбываецца ў Курапатах?

— На жаль, прызначэньне Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам мела кепскія наступствы для беларускага грамадзтва. Грамадзтва зараз у пэўнай ступені разгубленае, і актыўнасьць дастаткова нізкая. Вы ж бачыце, чыімі сіламі адбываецца абарона Курапатаў, бачыце, што робіцца ў Акадэміі Навук – там наагул ніякіх пратэстаў няма. У гэтай сытуацыі мусіць адбыцца кансалідацыя ўсіх беларускіх сілаў, бо наперадзе нас чакаюць цяжкія часы, і супрацьстаяць акупацыі можна толькі агульнымі сіламі.


26 кастрычніка 2001

МОЛАДЗЬ ВЫРАШЫЛА СТВАРЫЦЬ СВІЙ АРГКАМІТЭТ АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ

Як сёньня, напярэдадні нядзельнага мітынгу, выглядаюць Курапаты? На простай тэлефоннай сувязі — наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Добраўпарадкаваньне Курапатаў працягваецца і зараз. Сёньня сябры КХП БНФ працавалі на пагорку. Яны зноў майстравалі крыжы, я бачыла, як намесьнiк старшыні партыі Сяргей Папкоў працаваў сякерай. Ён гэта вельмі спрытна робіць, і яго калегі кажуць, што ён можа зрабіць вялікі крыж за 40 хвілін – гэтак яго некалі навучыў бацька На думку сяброў КХП БНФ, у нядзельным шэсьці возьмуць удзел каля 1000 чалавек. Гэта будуць ня толькі сябры КХП БНФ, але і сябры Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар», Маладога Фронту, прыедуць таксама людзі з рэгіёнаў.

Сёньня сябры маладзёвых арганізацыяў, якія ўжо больш за месяц вартуюць Курапаты, абмяркоўвалі ідэю стварэньня свайго ўласнага аргкамітэту. Яны не задаволеныя тым, як цяпер актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» вядуць перамовы з уладамі Чым менавіта яны не задаволеныя? Я гэтае пытаньне пераадрасоўваю сябру БПС Алесю Гетману.

— Ці ня лічыце вы, што гэта можа пашкодзіць ідэі абароны мэмарыялу?

ГЕТМАН: Мы не спрабуем стварыць раскол паміж партыямі і групамі, якія ўваходзяць у камітэт. Справа ў тым, што ў нас да іх няма даверу, бо яны зьявіліся тут пару разоў, і да таго ж яны заклікалі нас сысьці і не бараніць Курапатаў. Таму моладзь і партыя КХП БНФ вырашылі стварыць свой аргкамітэт, які ўвесь час знаходзіцца ў Курапатах, а не засядае недзе за круглымі сталамі.

— Гэта азначае, што вы ня пойдзеце нi на які кампраміс і што вы не дапусьціце, каб кальцавая дарога прайшла праз Курапаты?

— Мы ні ў якім выпадку не дапусьцім, каб дарога прайшла праз Курапаты. Адзін кампраміс для нас – гэта каб дарога пайшла ў абыход.

Дадам яшчэ, што будаўніцтва кальцавой дарогі працягваецца і з кожным днём набліжаецца да Курапатаў. Разьлічваюць, відаць, на тое, што стане халодна і людзі доўга тут ня выседзяць. Апрача таго, калі ўсё будзе зроблена, і застанецца толькі невялікі кавалак ля Курапатаў, дык нічога не застанецца, як пачаць працаваць і на ім.


27 кастрычніка 2001

МІНІСТАР ЗАЯВІЎ, ШТО ДАРОГУ ПРАЗ КУРАПАТЫ ПАБУДУЮЦЬ

Будаўнікі абяцаюць паставіць мэмарыяльныя знакі на кальцавой дарозе ля Курапатаў, але будаўніцтва працягнуць. Пра гэта распавёў намесьнік міністра транспарту й камунікацыяў Аляксандар Мінін.

Любоў Лунёва:

Спадар Мінін распавёў пра сытуацыю, якая склалася ў Курапатах:

— Калі распрацоўвалі праект кальцавой дарогі, я разглядаў гэтае пытаньне. Я сустракаўся са старшынём аб’яднаньня «Курапаты» Вацлавам Нямковічам. Я ўдзячны яму за тое, што ён перадаў нам мапы меркаваных пахаваньняў. Мы дасьледавалі гэтыя матэрыялы і з улікам іх прынялі рашэньне пра будаўніцтва кальцавой дарогі з пасоўваньнем у бок гораду. Ну, а цяпер пачалося супрацьдзеяньне розных грамадзкіх групаў. Мы ў працэсе рэалізацыі праекту адразу пачалі выкарыстоўваць археалягічныя распрацоўкі. З Інстытуту гісторыі запрасілі гісторыкаў, археолягаў. Гэты праект суправаджалі таксама прадстаўнікі Камітэту гісторыка-культурнай спадчыны ды іншыя грамадзкія арганізацыі.

На мінулым тыдні археалягічная праца ў Курапатах была скончаная. Вось у мяне заключэньне, падрыхтаванае Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук. Яно пацьвердзіла, што на месцы плянаванага будаўніцтва ніякіх пахаваньняў няма. Так што праца будзе весьціся пад наглядам. Больш за тое, дарожнікі пабудуюць два пераходы і спэцыяльныя пляцоўкі. У Курапаты стане лягчэй дабірацца гарадзкім транспартам. Будуць распрацаваныя памятныя знакі.

Калі пачнецца актыўнае будаўніцтва, спадар Мінін не сказаў.

МІНІН: У нас канкрэтна былі вызначаныя прагматычна-хрысьціянскія падыходы, якія заключаюцца ў наступным: калі ў працэсе будаўніцтва мы знойдзем нейкія парэшткі, то мы іх пахаваем на іншым месцы адпаведна заканадаўству. Што тычыцца даты, дык рашэньне аб рэканструкцыі дарогі было прынятае ў 2000 годзе. А наконт актыўнага будаўніцтва — дык праца і так вядзецца няспынна.

Цяпер дарожная тэхніка ўшчыльную праедзе ля месца пахаваньняў, а бульдозэры аддзяляе ад крыжоў пара дзясяткаў мэтраў.


28 кастрычніка 2001

ШЭСЬЦЕ Ў КУРАПАТЫ ПРАЦЯГВАЛАСЯ ТРЫ ГАДЗІНЫ

Больш за 1000 чалавек узялі ўдзел у шэсьці, прысьвечаным Дзядам.

Альгерд Невяроўскі:

Удзельнікі шэсьця на Курапаты, арганізаванага актывістамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, пачалі зьбірацца сёньня аб 11-й гадзіне недалёка ад прахадной Менскага гадзіньнікавага заводу. У асноўным гэта былі прадстаўнікі КХП і Партыі БНФ, Маладога Фронту, руху «Зубар», Партыі Свабоды, Мартыралёгу Беларусі, былі й проста жыхары сталіцы.

Адзін з арганізатараў акцыі, намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў патлумачыў, чаму шэсьце й мітынг з нагоды Дзядоў адбываюцца менавіта сёньня.

ПАПКОЎ: Сёньня апошняя нядзеля кастрычніка, Дзяды адзначаюцца ў канцы кастрычніка, і сёньня вельмі важна, каб Дзяды адбыліся да таго, як улады пачнуць работы па пашырэньні дарогі праз Курапаты. Гэта вельмі важна, каб прымусіць правесьці дарогу па-за Курапатамі.

Тым часам удзельнікі шэсьця пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й транспарантамі з надпісамі «Дзяды», «Абаронім Курапаты!», «Ушануйма ахвяраў Курапатаў!» ды іншымі сталі ў калёну й рушылі па праспэкце Скарыны ў бок мэмарыялу. Наперадзе калёны людзі несьлі звон і сьпявалі беларускія песьні. Удзельнікі акцыі несьлі больш за 20 крыжоў, каб усталяваць іх на магілах расстраляных. Гаворыць Алесь Блізьнюк з Радашкавічаў:

— У мяне ў Курапатах пахаваны, па зьвестках сваякоў, стрыечны дзед. У 1937 годзе яны жылі ў Ігумене (цяпер называецца Чэрвень), і прыйшлі да яго энкавэдысты, забралі, і ён зьнік. І толькі ў 1957 годзе прыйшлі дакумэнты, зь якіх вынікала, што ён пахаваны недзе ва ўрочышчы Курапаты.

А вось як патлумачыла свой удзел ва ўшанаваньні продкаў 15-гадовая вучаніца адной зь менскіх школаў Марыя Еліна:

— Я бяру ўдзел у гэтай акцыі, бо мы павінны стаяць за сваю Радзіму. Некаторыя людзі думаюць, што гэта ня важна, што гэта ня іхная будучыня, але трэба ўсё ж стаяць за яе.

А вось меркаваньне былой зьняволенай сталінскіх лягераў Надзеі Дземідовіч:

— Сярод іх мог быць і мой бацька. Але, на шчасьце, ён сядзеў у слонімскім астрозе, і там гараджане гэты астрог вызвалілі, ён ня трапіў у Курапаты. Мог бы й трапіць, калі б яшчэ пару дзён праіснавала савецкая ўлада. Я вельмі многа перацярпела, была ў лягеры. Там нас зьнішчалі, гэта ў Казахстане, у Кенгіры, і я паклялася, што колькі буду жыць — буду памятаць іх увесь час.

Сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч, які йшоў наперадзе калёны, сказаў, што асьвеціць усе крыжы, што ўсталявалі на магілах расстраляных, і будзе маліцца за іхныя душы. За тры гадзіны ўдзельнікі шэсьця прайшлі 10 кілямэтраў. Увесь час іх суправаджала некалькі міліцыянтаў, але паколькі акцыя была дазволеная ўладамі, яны не перашкаджалі ўдзельнікам.


28 кастрычніка 2001

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ХАЙ ДУША КОЖНАГА РАССТРАЛЯНАГА Ў КУРАПАТАХ УВАСОБІЦЦА Ў КРЫЖ

Жалобнае шэсьце на Дзяды скончылася сёньня мітынгам у Курапатах. На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Тут сабралася больш за паўтары тысячы чалавек. Гэта сябры КХП БНФ, БНФ «Адраджэньне», Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар» і проста шараговыя грамадзяне. Яны прыйшлі ў Курапаты з кветкамі і крыжамі. Гараць зьнічы. Вось толькі што адбылося набажэнства па бязьвінна загіблых людзях, якое правялі два сьвятары – ксёндз Ігар Лашук з парафіі Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Менску і айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Бацькаўшчыне. Цяпер на мітынгу зачытваюць ліст Зянона Пазьняка, які ён даслаў адмыслова на Дзяды ў Курапатах. Ліст чытае сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал. Зянон Пазьняк піша пра тое, што гэта першыя Дзяды ў трэцім тысячагодзьдзі, і менавіта цяпер узьнікла вялікая пагроза, што Курапаты будуць зьнішчаныя.

«Я хачу сказаць, што ня раз казаў: будуйма ў Курапатах усім народам народны мэмарыял, хай кожная несьмяротная душа, расстраляная ў Курапатах, увасобіцца ў крыж».

Гэта словы зь ліста Зянона Пазьняка. Людзі, якія выступаюць на мітынгу, кажуць, што яны цяпер знаходзяцца літаральна на лініі фронту, бо робяцца ўсе захады, каб зьнішчыць гэтае сьвятое месца. Дарэчы, менавіта сёньня працягваюцца будаўнічыя працы. Будоўля наблізілася літаральна на 10 мэтраў да мяжы Курапатаў і не спыняецца нават у час мітынгу Пра гэта зараз гаворыць у сваім выступе спадар Беленькі. Не абышлося без інцыдэнтаў. Нейкі п’яны юнак спрабаваў крычаць «Слава Расеі», але яго хутка выгналі з Курапатаў іхныя абаронцы.

— Ганна, ці літасьцівае надвор’е да абаронцаў Курапатаў сёньня, і як выглядае зараз сам мэмарыял? Ці пабольшала крыжоў?

— Тут зараз даволі вільготна, надвор’е не зусім добрае. Крыжоў вельмі шмат – больш за сто. Вось сёньня, калі праваслаўны і каталіцкі сьвятары асьвячалі крыжы, яны асьвячалі ня толькі тыя, што тут былі, але й тыя, што людзі несьлі падчас шэсьця 10 кілямэтраў. Прынесеныя сёньня крыжы потым будуць усталяваныя на магілах.


29 кастрычніка 2001

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІСЯ ЛЮДЗІ КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫГЛЯДУ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна, раніца таксама. Затое паменела валанцёраў, якія нясуць варту. Уначы тут было чатыры чалавекі, а калі я ўдзень прыехала ў Курапаты, тут ля вогнішча сядзеў толькі адзін сябра руху «Зубар». Пазьней ізноў пачалі прыходзіць людзі, і цяпер тут каля дзесяцi чалавек.

Удзень некалькі гадзінаў над Курапатамі кружыў гелікоптэр, часам вельмі нізка – 10 мэтраў над зямлёй. Некаторыя з валанцёраў мяркуюць, што гэта спроба запалохаць абаронцаў. А дзесьці а 14-й гадзіне сюды пад’ехалі хлопцы ў скуранках і залатых ланцугах. Яны пачалі распытваць, колькі грошай атрымліваюць валанцёры за тое, што знаходзяцца тут, цікавіліся, ці беларусы ляжаць у гэтых магілах, а можа – габрэі? Наогул, паводзілі сябе вельмі нахабна. А потым паведамілі, што хутка сюды прыедуць амонаўцы і ўсіх разгоняць. Некаторыя абаронцы мяркуюць, што гэта быў невыпадковы візыт, бо каб выкінуць адсюль людзей, уладам неабавязкова зьвяртацца да АМОНу – можна зьвярнуцца па дапамогу да крымінальных структураў. Дарэчы, тут згадваюць пра выказваньні Лукашэнкі ў Гомелі, калі ён казаў пра шчыльныя дачыненьні паміж уладамі і крымінальнікамі.

Сёньня 29 кастрычніка. У гэты дзень у 1937 годзе ў Курапатах пачаліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. У такі самы дзень быў забіты і Браніслаў Тарашкевіч. Побач са мной сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо.

ЮХО: Раней тут выступалі і Ніл Гілевіч, і Васіль Быкаў, і Генадзь Бураўкін. Таму і зараз, калі будаўнічая тэхніка падышла зусім блізка да Курапатаў, трэба, каб інтэлігенцыя ўзьняла свой голас і каб ён быў пачуты. Аб Курапатах сёньня ведае ўвесь сьвет, і толькі беларускія ўлады нічога ня хочуць чуць і хочуць руйнаваць помнік.

Вось толькі што зноў пралятаў гелікоптэр… Нагадаю, што заўтра, 30 кастрычніка, ва ўсім сьвеце паводле рашэньня ААН будзе адзначацца Мiжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У Беларусі сёлета ўпершыню пад эгідай грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» пройдзе тыдзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.


29 кастрычніка 2001

РАДА БНР ВЫКАЗАЛА ПАДТРЫМКУ АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ

У Нью-Ёрку пад старшынствам Івонкі Сурвіллы адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк:

Прэзыдыюм Рады БНР выказаў падтрымку беларускім патрыётам, якія выступілі ў абарону Курапатаў. Паводле словаў старшыні Рады Івонкі Сурвіллы, спрыяць захаваньню Курапатаў – сьвяты абавязак кожнага сумленнага беларуса.


30 кастрычніка 2001

У КУРАПАТАХ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ

30 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў У Беларусі на прапанову грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» праводзіцца тыдзень памяці. Сёньня ў Курапатах усталёўваюць і асьвячаюць крыжы. На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня ў Курапатах сабралося каля 100 чалавек. Людзі прыйшлі з кветкамі і крыжамі, прынесьлі бел-чырвона-белыя сьцягі. Сярод прысутных — тыя, чые продкі былі расстраляныя сталінскімі катамі. Прыкладам, у кіраўніцы Мартыралёгу Беларусі Маі Кляшторнай, якая цяпер побач са мной, бацьку расстралялі менавіта 30 кастрычніка. Сёньня ж у Курапаты прыйшлі і тыя, хто стаўся ахвярамі палітычных рэпрэсіяў ужо ў наш час. Непадалёк стаяць Павал Севярынец, які нядаўна выйшаў з-за кратаў, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка ды іншыя Толькі што быў усталяваны крыж у памяць беларускіх археолягаў, расстраляных у 1937-м. Побач са мной археоляг Мікола Крывальцэвіч.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: 27 жніўня 1937 году ў Менску былі расстраляныя тры беларускія археолягі, што працавалі ў сэктары археалёгіі Інстытуту гісторыі. А сэктар і складаўся тады з трох чалавек. Гэта Сяргей Дубінскі, Аляксандар Ляўданскі і Аляксандар Каваленя. Яны былі арыштаваныя ў траўні, а Дубінскі ў ліпені 1937 году. Па-сутнасьці, гэтыя людзі пачалі акадэмічную беларускую археалёгію, якая ў той час станавілася на ногі і рабілася навукай у многіх краінах сьвету, у тым ліку і ў нас. З гібельлю гэтых людзей была перарваная натуральная хада станаўленьня беларускай навукі. Наша археалёгія адрадзілася толькі ў 60—70-я, а можа і ў 80-я гады. Тады ж, у 30-я гады, беларуская акадэмічная навука згубіла каля 150 навукоўцаў.


31 кастрычніка 2001

АБАРОНЦЫ ЗНОЎ НЕ ДАПУСЬЦІЛІ БУДАЎНІКОЎ ДА ПРАЦЫ ЛЯ МАГІЛАЎ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Гэтая ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна. Абаронцы правялі яе ў вайсковым намёце з «буржуйкай», які быў усталяваны ўчора. Было нарэшце цёпла. Сёньняшні дзень прайшоў таксама без асаблівых здарэньняў. Галоўны яго вынік валанцёры фармулююць так: «Яшчэ адзін дзень мы не дазволілі будаваць побач з Курапатамі кальцавую дарогу». Будаўнікі сюды не падыходзяць і, дарэчы, міліцыянты таксама. Дагэтуль над Курапатамі лунае бел-чырвона-белы сьцяг, які ўсталявалі яшчэ ў нядзелю. Гэта ўжо чацьверты сьцяг. Тры папярэднія прымусілі зьняць міліцыянты. З 24 верасьня, калі пачалося кругласутачнае дзяжурства, праз варту ў Курапатах прайшло ўжо больш за 100 сяброў Маладога Фронту, БПС і «Зубра», а таксама проста моладзі, што не ўваходзіць ні ў якія арганізацыі Некаторыя правялі ў Курапатах дзень ці два, а некаторыя два-тры тыдні.

Курапаты, апроч усяго іншага, натхняюць на творчасьць. Прыкладам, калі я сёньня прыйшла сюды, Федзя Жывалеўскі сядзеў ля вогнішча і пісаў вершы. Ён правёў у Курапатах каля трох тыдняў. У яго тут нарадзіўся не адзін верш. Я папрасіла яго прачытаць нешта:


Стамляюся. Чорныя думкі прэч.

Складана ў экстрыме заставацца сабою.

Ня варта скарыстоўваць мяне быццам рэч,

Бо ў целе яшчэ торгаецца нешта жывое.

Холадна спаць на бацькоўскіх касьцях,

Склаўшы на дровы цяжкія галовы.

Восеньская мыш зрабіла замах

У ахілесаву пяту маёй цёмнай паловы.


Жыцьцё ў Курапатах праходзіць у надзвычайных клопатах. Валанцёры рыхтуюцца да зімы. Колюць дровы, назапашваюць харчы, зьбіраюцца заставацца тут да апошняга.


1 лістапада 2001

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТЫ ПРЫЙШЛІ ДЫПЛЯМАТЫ З ПОЛЬСКАЙ АМБАСАДЫ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Нягледзячы на моцны вецер і дождж, у Курапатах сабралася каля 20 чалавек. Сёньня Дзяды. Курапаты наведалі прадстаўнікі польскай амбасады. Яны прыйшлі са сьвечкамі і кветкамі, каб ушанаваць памяць палякаў і іншых людзей, што былі тут расстраляныя. Дарэчы, гэта быў першы візыт у Курапаты акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў з таго часу, як тут узьнік лягер абаронцаў.

Ад моцнага дажджу парваўся цаляфан над альтанкай, сарваўся адзін намёт. Гэта была, як тут кажуць, ноч на выжываньне. Тут заставаліся 20 чалавек, якія гэта вытрымалі. Сёньня раніцай над аўтобуснай станцыяй «Зялёны Луг» і над дамамі мікрараёну залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Апоўдні іх зьнялі камунальныя службы. Будаўнічыя работы не спыняюцца. Па ўсім відаць, хутка яны прыйдуць і ў Курапаты Але і абаронцы не зьбіраюцца сыходзіць. Сёньня вось у вайсковым намёце рабілі насьціл.

Побач са мной Арына Шыкурава з руху «Зубар». Яна правяла ў Курапатах ужо 28 дзён. Як Вы мяркуеце, ці выкарыстаюць улады сілу, каб сагнаць вас адсюль?

— Пакуль што Дзяды – дык мы думаем, што ў гэты тыдзень нас браць ня будуць. Але будаўнікі кажуць, што ўжо заўтра прыйдзе АМОН і нас прагоняць.

— Чаму вашая вахта менавіта кругласутачная? Вы не баіцёся непагадзі, не баіцёся за здароўе?

— Наконт здароўя вы маеце рацыю. У нас на валасах бывае іней, бывае мы плаваем на паралёне ў лужынах у намётах. Паўцякалі нават пацукі і наш любімы сабачка Маскалька, які сеў у 53 тралейбус.

— Што кажуць вашыя бацькі?

— Па-рознаму. Некаторыя ад бацькоў хаваюць, кажуць, што сядзяць у кампутарным клюбе. Іншым бацькі дапамагаюць. Чаму мы ноччу сядзім? Таму што ёсьць вандалы, якія могуць скінуць крыжы, а на раніцу прыйдуць будаўнікі. Таму мы і днём і ноччу глядзім, каб у Курапатах быў парадак.

Галубы па-над Курапатамі — нібы душы ахвяраў.


Першыя крыжы на месцы будаўнічых работ.


Будаўнiчыя работы працягваюцца


Першыя намёты.


2 лістапада 2001

СЁНЬНЯ — ДЗЯДЫ

Сёньня — дзень, калі беларусы памінаюць сваіх памерлых.

Сяргей Абламейка, Прага:

Менавіта на Дзяды 1987 году ў Менску адбыўся першы за савецкім часам антысавецкі мітынг, у якім мне давялося браць удзел. Тады на мітынгу ўпершыню ўспаміналі рэпрэсаваных у 30-я гады беларускіх дзеячоў. Менавіта на Дзяды 1988 году быў разагнаны мітынг у Курапатах – і якраз з таго моманту фактычна бярэ адлік беларускі дэмакратычны рух і новае беларускае адраджэньне. Той разагнаны мітынг стаў пачаткам канца камунізму ў Беларусі. Дзяды і Курапаты сёньня памятаюць усе, каму дарагія ідэалы вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.


2 лістапада 2001

УНАЧЫ БЫЎ ПАДПАЛЕНЫ НАМЁТ АБАРОНЦАЎ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня Дзяды. Нягледзячы на тое, што вось ужо чацьверты год Дзень памяці продкаў не зьяўляецца выходным днём, сёньня з раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі. Марыя Мінкевіч прыйшла з кветкамі і сьвечкамі, каб памянуць бацьку і трох дзядзькоў. Іх арыштавалі ў лютым 1938 году і ўжо празь месяц расстралялі. Пазьней Марыя Мінкевіч зьвярнулася ў архівы КГБ і даведалася пра тое, што ейны бацька і дзядзькі былі расстраляныя ў Менску, хутчэй за ўсё, у Курапатах. А вось Вера Іванавіч дагэтуль ня ведае, дзе пахаваны яе бацька Міхал Коршак, якога таксама арыштавалі ў 1938 годзе, але штогод яна прыходзіць менавіта ў Курапаты. І Вера Іванавіч, і Марыя Мінкевіч вельмі ўдзячныя валанцёрам, якія ўжо больш за месяц нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства і не дазваляюць будаваць дарогу на костках іх бацькоў.

Дарэчы, учора ўвечары тут адбылося надзвычайнае здарэньне. Нехта звонку падпаліў дах намёту. Пра тое, як гэта адбылося, распавядзе сябра БПС Цімох Атрошчанкаў:

— Сёньня ўначы, а палове на другую, мы заўважылі, што дах намёту ў нас гарыць. Калі мы выбеглі яго тушыць, насупраць намёту на дарозе стаяла белая «Волга» з танаваным шклом. Адно шкло было апушчанае, і адтуль здымалі на камэру ўсё, што мы рабілі, як тушылі пажар.

— Як вы ацэньваеце гэтае здарэньне?

— Я мяркую, што гэта была правакацыя. Яны вывучалі нашыя дзеяньні, хацелі паглядзець, колькі людзей у намёце. Штучнасьць падпалу відавочная, бо калі мы палівалі агонь вадой, ён разгараўся яшчэ больш – відаць, было ўжытае нейкае хімічнае рэчыва.

— Такім чынам, вам пагражае рэальная небясьпека?

— Так. Каб мы спалі, мы маглі б нават згарэць у гэтым намёце.

— А вы ня думалі папрасіць дапамогі ў праваахоўчых органаў, каб падтрымаць парадак у Курапатах?

— Мы ім не давяраем.

У Курапатах чакаюць Сержука Сокалава-Воюша. Ён абяцаўся сёньня ўвечары прыехаць і пасьпяваць валанцёрам свае песьні. Заўтра пад эгідай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» адбудзецца шэраг мерапрыемстваў – на Кальварыйскіх могілках, у Лошыцкім парку, у парку Чалюскінцаў і ў Курапатах. Сюды прыйдуць людзі з кветкамі і сьвечкамі.


2 лістапада 2001

НЕВЯДОМЫЯ МАГІЛЫ АХВЯРАЎ І КАТАЎ

Сёньня сотні месцаў масавага пахаваньня ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі ня будуць ушанаваныя наведнікамі, там ня будуць запаленыя сьвечкі, ускладзеныя вянкі. Бо ніхто ня ведае, дзе гэтыя пахаваньні, гаворыць Аляксандар Лукашук.

Алена Цiхановiч:

Са мной побач у студыі мой калега Аляксандар Лукашук, які быў у ліку арганізатараў Мартыралёгу Беларусі, зьяўляўся сябрам камісіі Вярхоўнага Савету ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў; плёнам ягонай працы ў архівах сталі некалькі кніг і дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных палітычным рэпрэсіям у Беларусі Аляксандар, што мы ведаем з дакумэнтаў пра месцы масавых пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў?

— Не нашмат больш, чым пра верагодныя месцы пахаваньня вядомых людзей, якія зьніклі ў Беларусі за апошнія два гады. Вядомыя некаторыя месцы пахаваньняў – але заўсёды дзякуючы людзкой памяці, працы археолягаў, а не архіўным дакумэнтам. Але гэта не азначае, што такіх дакумэнтаў не было.

Наркамат унутраных справаў быў моцна бюракратызаванай арганізацыяй і падрабязна дакумэнтаваў сваю дзейнасьць. Тут дзьве праблемы: захаванасьці дакумэнтаў і доступу да архіву. Падчас кароткай адлігі ў канцы 1991— 1992 гадоў, каілі дасьледчыкі мелі доступ да архіву КГБ, яны – і я ў тым ліку – ніколі ня мелі доступу да каталёгу. Мы проста ня ведалі, што ёсьць у гэтым архіве, бо замовіць матэрыялы можна было толькі паводле прозьвішча. Так рабілі сваякі ахвяраў, якія прыходзілі ў прыёмную КГБ на вуліцы Камсамольскай, і ім паказвалі нейкія часткі справаў забітых. Як сябра камісіі Вярхоўнага Савету, я, як і дасьледчыкі з Акадэміі Навук, Саюзу Пісьменьнікаў, навучальных установаў, мог замовіць некаторыя справы – але таксама трэба было ведаць імя чалавека. Атрымаць матэрыялы можна было толькі з рук спэцыяльнага супрацоўніка. Але ж напэўна там былі іншыя архівы – перапіска, дакумэнтацыя аддзелаў, службаў, раённых управаў, у тым ліку расстрэльнай каманды. Пазьней старшыня КГБ генэрал Шыркоўскі заявіў, што КГБ – гэта ня хатачытальня, і абмежаваны доступ у архівы стаў яшчэ больш абмежаваным. Кіраўніцтва КГБ пры гэтым заяўляла, што ніякіх дакумэнтаў пра месцы расстрэлаў не захавалася.

— Наколькі верагодна, што дакумэнтальныя зьвесткі ўсё ж засталіся?

— У 50-я гады, пасьля сьмерці Сталіна і арышту Берыі, з архівамі «працавалі». Мне расказваў адзін былы чэкіст, які служыў тады на Поўначы, як яны, маладыя лейтэнанты ГБ, цягалі мяхі з картатэкай – справамі ахвяраў – у кацельню, і палілі там. Памятаю, ён скардзіўся, што дрэнна гарэлі – былі туга спрэсаваныя. У адзін мех уваходзіла да 10 тысячаў картак. Я таксама бачыў у архіўных справах спробы выкрасьліць, замазаць імёны тайных асьведамляльнікаў, якія датуюцца тым самым часам. Але калі гаварыць пра дакумэнтальныя сьляды месцаў расстрэлаў – яны, безумоўна, засталіся. Напрыклад, справаздачнасьць гаражу і мэханічных майстэрняў НКВД, выдачы рыштунку, расклады дзяжурстваў – пры дастатковай колькасьці падобных ускосных дакумэнтаў можна знайсьці ўсё, што заўгодна – было б жаданьне.

— Такім чынам, у дзясяткі месцаў пахаваньня сёньня, на Дзяды, ніхто ня прыйдзе – бо невядома, куды дакладна ісьці.

— Гэта так. Сёньня многія ня ведаюць, куды ісьці. Можна проста паставіць сьвечку ў сваім акне ў памяць ахвяраў, гэта будзе годна і дарэчы. Тут ёсьць яшчэ адна акалічнасьць – у гэтых месцах масавага пахаваньня ляжаць і людзі, якія самі працавалі ў НКВД ці партыйных органах, праводзілі раскулачваньне, высылкі ў Сыбір, арганізоўвалі рэпрэсіі, пакуль самі не патрапілі ў іх жорны. Камуністаў не хавалі на спэцмогілках, кідалі ў тую ж яму. Я не прыхільнік выслоўя, што сабаку сабачая сьмерць. Але не выпадае дараваць, зьмяшаць у адно памяць пра катаў і ахвяраў. Каты засыпалі магілы, палілі дакумэнты, арыштоўвалі архівы з адной мэтай – каб пра гэта ня помнілі, каб можна было ім надалей рабіць сваю справу. І апошнім часам, пасьля зьнікненьня вядомых у Беларусі людзей – Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага, такая памяць – таксама адметнасьць нашых беларускіх Дзядоў на пачатку ХХІ стагодзьдзя.


2 лістапада 2001

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: НА ДЗЯДЫ Я ХАЦЕЎ БЫ ДАЛУЧЫЦЦА ДА ТЫХ, ХТО ПАСТАВІЦЬ СЬВЕЧКІ Ў КУРАПАТАХ

На простай тэлефоннай сувязі ў Франкфурце-на-Майне – народны пісьменьнік Васіль Быкаў:

— Старасьць – гэта, канечне, стан адзіноты. Як казаў адзін вельмі добры расейскі пісьменьнік: «Застаўся адзін, бо сябры разышліся па магілах». Гэта сапраўды так – у жыцьці застаецца ўсё менш, затое ў магілах усё большае. Але большае таксама і ў памяці. Што да мяне, дык памяць мая шмат дзе: і ў ваенных магілах, і ў пасьляваенных. Нядаўна я наведаў пратэстанцкі храм у Франкфурце – царкву Сьвятога Мікалая, дзе паставіў сьвечкі па двух Мікалаях, памерлых у Беларусі. Гэта па памерлым у мінулым годзе маім браце Мікалаі, а таксама па нядаўнім нябожчыку Мікалаі Матукоўскім.

Я хацеў бы сказаць, што, апрача дарагіх магілаў блізкіх, для беларусаў ёсьць яшчэ ўсеагульны нацыянальны сакральны сымбаль – Курапаты. Хаця сымбалі ў нас не ў пашане, яны традыцыйна бурацца кожнага часу, кожнае стагодзьдзе – і касьцёлы, і цэрквы, і могілкі, але затое ёсьць літаратура, ёсьць пісьменнасьць, гістарыяграфія, дзе ўсё гэта надзейна захоўваецца. І нават у гэтым сэнсе я хацеў бы сказаць, што і Курапаты, незалежна ад таго, ці будуць яны нейкім чынам ушанаваныя ўладамі – што, канечне, вельмі сумнеўна – тым ня менш, яны ўжо ёсьць. Ёсьць сакральны вялікі сымбаль нацыянальнай гісторыі Беларусі. Таму сёньня я хацеў бы далучыцца да тых, хто паставіць сьвечкі ў Курапатах.


2 лістапада 2001

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ДЗЯДЫ ДЛЯ МЯНЕ ЗЬВЯЗАНЫЯ З КУРАПАТАМІ І НАРАДЖЭНЬНЕМ БНФ

На простай тэлефоннай сувязі ў ЗША – Зянон Пазьняк:

— Дзяды мне напамінаюць менавіта аб стварэньні Беларускага Народнага Фронту. Менавіта на Дзяды, 30 кастрычніка 1988 году, адбылося хрышчэньне БНФ. Тады, як многія памятаюць, ЦК КПБ падрыхтаваў велізарную правакацыю супраць Фронту. Былі кінутыя ўнутраныя войскі, былі кінутыя тысячы міліцыянтаў, ужываўся газ. Зьбіраліся проста дабіваць людзей, а потым зваліць на Народны Фронт, назваўшы нас фашыстамі, і потым атрымаць мэдалі з Масквы і расправіцца такім чынам зь беларускім адраджэньнем. Гэтае хрышчэньне тады БНФ вытрымаў. Для мяне асабіста гэта было вялікае палітычнае выпрабаваньне.

Што датычыць духоўнага ўсьведамленьня гэтага сьвята, то я лічу, што гэты дзень ёсьць вельмі важным у чалавечым жыцьці, бо ён падводзіць чалавека да разуменьня сэнсу існаваньня. Увогуле лічыцца, што калі людзі пачалі задумвацца над памяцьцю роду, калі яны вылучаліся з прыроды, тады пачала вылучацца і культура. Думаючы аб продках, чалавек пачынае думаць і аб будучым, усьведамляе сябе гістарычнай істотай. Людзі пачалі разумець гісторыю… Вось у гэтым сэнсе Дзяды вельмі важныя і для кожнага чалавека, каб усьвядоміць сваё жыцьцё і параўнаць яго, бо ніхто ня вечны і ніхто ня ведае, што будзе потым, і як трэба жыць, каб было так потым, як мяркуюць мудрыя людзі…


2 лістапада 2001

ЛЯ ГОМЕЛЬСКІХ КУРАПАТАЎ УЛАДЫ ПАЧАЛІ БУДАВАЦЬ АДСТОЙНІК

Сёньня а 17-й гадзіне на 9-м кілямэтры шашы Гомель-Чарнігаў сябры БНФ правялі жалобны мітынг.

Казімер Яноўскі, Гомель:

Тут некалькі гадоў таму гомельскія дэмакраты ўстанавілі чорны крыж з адмысловай таблічкай. Аднак невядомыя вандалы сарвалі таблічку, а ўлады побач з крыжам распачалі будаўніцтва адстойніку для сьцёкаў.

Напярэдадні мітынгу маладафронтаўцы прыбралі месца ля крыжа, а сябра КХП БНФ Уладзімер Шыцікаў аднавіў надпіс: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкай дыктатуры ў 1919—1940 гадах».


3 лістапада 200

ДЗЯДЫ. ПРАЦЯГ

У Беларусі працягваюць адзначаць дзень памяці продкаў Сёньня паводле праваслаўнага календара бацькоўская субота. Многія ізноў прыйшлі на могілкі.

Валер Каліноўскі:

Курапацкі лес сустрэў Дзяды прыбраным і ўпарадкаваным. Сёньня тут ціха. Машыны ня езьдзяць па прылеглым участку кальцавой дарогі, выкарыстоўваючы паралельную трасу. Людзі прыходзяць, каб ускласьці кветкі да магілаў, запаліць сьвечкі. Некаторыя чакаюць сьвятара, каб замовіць памінальную малітву па сваіх рэпрэсаваных родзічах Як, напрыклад, менская пэнсіянэрка Тацяна Бароўская, дзядзька якой ляжыць у адной з курапацкіх

магілаў.

БАРОЎСКАЯ: Яго ў 37-м годзе схапілі... Мы кожны год прыходзім на Дзяды. Прыйдзе сьвятар альбо ксёндз, хачу я падаць, каб памаліліся.

Тацяна Андрэеўна нарадзілася ў вёсачцы побач з Курапатамі і была сьведкаю масавых расстрэлаў у 30-я гады.

БАРОЎСКАЯ: Яны прывозілі ўвечары. Машыны заходзілі цішком. Аўчаркі былі вялікія. Дротам было абгароджана. А мы тут гулялі, і кароўкі нашыя. Нас тады тут восем домікаў у вёсцы той да вайны было…

Тацяна Бароўская нэгатыўна ацэньвае спробы ўладаў пашырыць за кошт Курапатаў кальцавую дарогу. Тым часам моладзь працягвае варту ў ацепленым вайсковым намёце. Рыхтуецца да чарговай ночы. Мінулая ноч прайшла спакойна. А пазамінулаю невядомыя спрабавалі спаліць намёт ды здымалі гэта на відэа. Як сьведчыць Алесь Гетман зь Беларускай Партыі Свабоды, маральны ціск на абаронцаў Курапатаў працягваецца, але, нягледзячы на гэта, штоноч паўтара-два дзясяткі актывістаў маладзёвых арганізацыяў нясуць дзяжурства. Яны мяркуюць, што пасьля памінальных сьвятаў сытуацыя можа абвастрыцца. Гаворыць Алесь Гетман:

— Маё адчуваньне, што ідзе здача Курапатаў уладам. Таму мы прапануем сярод моладзі, гэта Малады Фронт, «Зубар» і Беларуская Партыя Свабоды, мы прапануем зрабіць свой камітэт «Моладзь у абарону Курапатаў». КХП БНФ будзе ў нас як кансультант. Сытуацыя такая, што ўлады, мабыць, пойдуць усё ж такі на штурм. Але мы адсюль ня сыдзем, пакуль ня зробім сваё, пакуль не даб’емся, каб дарога пайшла ў абыход Курапатаў.

Лідэр іншай арганізацыі, прадстаўнікі якой нясуць варту ў Курапатах, Маладога Фронту, Павал Севярынец, распавёў Радыё Свабода пра пляны маладзёвага камітэту.

СЕВЯРЫНЕЦ: На пачатку наступнага тыдня, у панядзелак, маладзёвыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у абароне Курапатаў, правядуць нараду, пасьля якой запросяць сюды прадстаўнікоў грамадзкага камітэту «За ўратаваньне Курапатаў», якія дзейнічаюць у крыху іншых сфэрах, у горадзе, дзеля таго, каб пачуць, што думаюць грамадзкія дзеячы, археолягі, тыя, хто гэтую ініцыятыву запачаткоўваў. Бо цяпер, пасьля Дзядоў паўстае пытаньне, што рабіць далей. Маладыя людзі гатовыя абараняць Курапаты і крыжы ў Курапатах да апошняга. Паралельна Малады Фронт зьбірае подпісы сярод жыхароў бліжэйшых мікрараёнаў, сярод студэнтаў і сярод аўтамабілістаў. Агульная лічба гэтых подпісаў ужо за тысячу. Розныя катэгорыі насельніцтва, па-рознаму ацэньваючы гэтую праблему, прыходзяць да адной высновы: патрэбна аб’езная дарога, і патрэбны мэмарыял у Курапатах.


5 лістапада 2001

МОЛАДЗЬ У АБАРОНУ КУРАПАТАЎ

Сёньня актывісты Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і руху «Зубар» вялі перамовы аб стварэньні аргкамітэту «Моладзь у абарону Курапатаў».

Ганна Соусь:

У склад аргкамітэту ўвойдуць прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, якія ўжо 43 дні нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства і не дазваляюць будаваць кальцавую дарогу. У якасьці кансультантаў выступяць прадстаўнікі КХП БНФ.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, адзін з кіраўнікоў Беларускай Партыі Свабоды Алесь Гетман і актывіст руху «Зубар» Яўген Афнагель плянуюць заўтра сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», каб атрымаць ад іх, так бы мовіць, справаздачу: чаго яны дасягнулі ў выніку перамоваў з уладамі. Перамовы гэтыя доўжыліся больш за месяц.

ГЕТМАН: Мы зьбіраемся дзейнічаць у якасьці альтэрнатывы, бо, як мы лічым, яны ня выканалі таго, што ад іх патрабавалася. Прайшла інфармацыя, што яны з намі быццам бы дамовіліся, нібыта мы згодныя, каб тут будавалася дарога, аднак такіх перамоваў увогуле не вялося. Таму мы зьбіраемся выказаць ім недавер.

Апошнім часам абаронцы Курапатаў адчуваюць, што за імі пільна сочаць Увесь час побач зь лягерам праяжджаюць аўтамабілі з зацененым шклом, непадалёк стаіць адзін той самы белы фургон. Валанцёры мяркуюць, што ў ім разьмешчаная тэхніка для праслухоўваньня. Увогуле тут чакаюць наступу і пэўным чынам рыхтуюцца да яго: у вайсковым намёце, у якім жывуць абаронцы, вялікімі лічбамі пазначаныя тэлефоны ўсіх незалежных СМІ. Тут разумеюць, што адзінае, што можа ўратаваць тых, хто нясе кругласутачнае дзяжурства, гэта ўвага грамадзкасьці. Бо толькі калі тут увесь час будуць знаходзіцца людзі, улады ня здолеюць пабудаваць у гэтым месцы кальцавую дарогу і сагнаць адсюль людзей.


6 лістапада 2001

ЗНАК ІНІЦЫЯТЫВЫ «МОЛАДЗЬ У АБАРОНУ КУРАПАТАЎ» – КРЫЖ ПАКУТАЎ

У Курапатах прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, якія ўжо 44 дні нясуць тут кругласутачнае дзяжурства, абвесьцілі пра стварэньне ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў».

Ганна Соусь:

Прэсавая канфэрэнцыя адбылася непасрэдна каля Крыжа Пакутаў. Менавіта ён абраны знакам ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў». Як зазначыў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, сябры маладзёвых арганізацыяў урэшце вырашылі аб’яднацца й заявіць пра канчатковыя мэты доўгатэрміновай акцыі ў Курапатах.

СЕВЯРЫНЕЦ: Моладзь, якая абараняе Курапаты, лічыць, што любыя работы ў гэтым раёне немагчымыя, крыжы, усталяваныя людзьмі, недатыкальныя. З гэтай мэтай учора мы прынялі сумесны зварот да міжнароднай супольнасьці. А канчатковыя мэты ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» — пабудова кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў, альбо другі варыянт — двума рукавамі: адзін бок па гэтай дарозе безь яе пашырэньня, без таго, каб кранаць крыжы, проста ўпарадкаваньне, і другі — па гэтак званай бэтонцы. Яшчэ адна наша мэта — дамагчыся стварэньня ў Курапатах сапраўднага мэмарыялу. Прычым на аснове крыжоў, усталяваных грамадзкасьцю.

Павал Севярынец адзначыў, што маладзёвая ініцыятыва ня ёсьць альтэрнатывай грамадзкай ініцыятыве «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», якая зрабіла шмат карыснага, але з прычыны адсутнасьці згоды сярод ейных актывістаў ня здолела прыняць канчатковага рашэньня — дамагацца будаўніцтва дарогі ў аб’езд альбо пагаджацца з тым, што прапануюць улады. Гаворыць Павал Севярынец:

— Будзем праводзіць паралельную юрыдычную працу разам з грамадзкай ініцыятывай. Яны падаюць заявы ў Генэральную пракуратуру, мы будзем зьвяртацца ў мясцовыя пракуратуры, у міжнародныя юрыдычныя структуры. Думаю, што толькі дапаможам тым людзям, якія ўжо заняліся гэтай працай. Першай пра дапамогу нам заявіла Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ.

Паводле Паўла Севярынца, ініцыятыва «Моладзь у абарону Курапатаў» адкрытая для ўсіх іншых партыяў і арганізацыяў. Сваю падтрымку ёй ужо выказала ў тэлефоннай размове і старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. А вось меркаваньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка:

— Гэта якраз тыя людзі, якія ахвяруюць і сваім часам, і здароўем, бо ў такіх умовах вытрымаць паўтара месяца вельмі цяжка. Яны ўвесь час рызыкуюць, што могуць сутыкнуцца з гвалтам улады. І таму я заклікаю ўсіх падтрымаць ініцыятыву моладзі, бо яны даказалі ўжо, што Курапаты можна абараніць, спыніць будаўніцтва магчыма. І зараз трэба не разважаць, а прыходзіць і дапамагаць у Курапатах, ставіць крыжы, павялічваць колькасьць валанцёраў, дапамагаць моладзі, прыносіць харчаваньне, каб тут была цёплая вопратка.

Разам з кругласутачным дзяжурствам актывісты ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» плянуюць працягнуць збор подпісаў за будаўніцтва кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў. За гэта ўжо падпісаліся каля 1000 жыхароў мікрараёну Зялёны Луг, паўтысячы студэнтаў і больш за 300 аўтамабілістаў.


7 лістапада 2001

П’ЯНЫЯ МАЛАДЗЁНЫ ПАТРАБАВАЛІ КЕЛІХІ, КАБ «АДПАЧЫЦЬ» У ЛЕСЕ

Сёньня, нягледзячы на тое, што ва ўсёй Беларусі выходны дзень, каля Курапатаў працягваліся будаўнічыя работы. Сёньня ж тут сябры КХП БНФ робяць і ўсталёўваюць крыжы.

Ганна Соусь:

Большасьць сяброў партыі прыехалі ў Курапаты з набажэнства, якое адбывалася ў царкве ў Ратамцы. Набажэнства было ў памяць ахвяраў рэвалюцыі і камуністычнага тэрору.

Крыжы сёньня ўсталёўвалі з другога боку дарогі, блізу мікрараёну: на тых участках, дзе яшчэ можа прайсьці будаўнічая тэхніка. Побач са мной сакратар Сойму КХП БНФ Валеры Буйвал.

БУЙВАЛ: Я б назваў тых, хто працуе зараз на трактарах і прывозіць у Курапаты горы зямлі, разбуральнікамі, а небудаўнікамі. Але мы тут, мы ставім крыжы, нашыя сябры будуць бараніць Курапаты.

Сёньня ў Курапатах не абышлося без інцыдэнту. А палове на чацьвертую сюды прыйшлі п’яныя хлопцы і сталі патрабаваць ад валанцёраў, каб тыя далі ім келіхі, маўляў, зьбіраюцца ісьці ў лес – «адпачываць». Паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Адзін зь іх прадставіўся ахоўнікам начнога клюбу «Мэркуры», які знаходзіцца ў Зялёным Лузе. Ён папярэдзіў абаронцаў, што гэта «іхная тэрыторыя, іхнае месца адпачынку» і пагражаў хуткай расправай Гэтыя людзі правакавалі бойку, але яна не адбылася, бо побач было некалькі дзясяткаў сяброў КХП БНФ, гэта спыніла п’яных.

Цяпер валанцёры мяркуюць, што неўзабаве тыя могуць зьявіцца зноў, калі тут ня будзе людзей сталага веку Уначы тут звычайна каля дзесяці чалавек, яны здольныя сябе абараніць.


8 лістапада 2001

БУЛЬДОЗЭРЫ ПАВАЛІЛІ ЎСЕ КРЫЖЫ КАЛЯ ЛЯСНОГА МАСІВУ

Некаторыя людзі спрабавалі спыніць будаўнічую тэхніку. Прыкладам, Уладзімер Юхо трымаўся за крыж, казаў, што паставіў яго па сваім дзеду. Але яго схапілі і павялі амонаўцы.

Ганна Соусь:

Таксама затрыманы Яраслаў Сьцешык, сябра руху «Зубар» Тэхніка працягвае працаваць, засталіся крыжы з другога боку дарогі, але й іх пачынаюць зносіць Я запыталася ў аднаго з будаўнікоў, што ён адчувае, калі едзе на крыжы? Ён гаворыць: нам загадалі, мы будзем выконваць загад.

Тут увогуле вельмі нэрвовая атмасфэра, некаторыя дзяўчаты плачуць. Пакуль грамадзкасьці мала. Патэлефанавалі ўсім прадстаўнікам палітычных партыяў і заклікалі хутчэй прыяжджаць.

— Ганна, ці абаронцы ня йдуць на канфлікт з будаўнікамі?

— Вырашылі, што на канфлікт ня пойдуць, будуць проста стаяць і глядзець. Міліцыянты, дарэчы, самі крыжоў не здымаюць.

— Ці ўдалося пацьвердзіць інфармацыю ў прадстаўнікоў міліцыі, што сапраўды нехта быў забіты ў лесе побач з урочышчам?

— Гэтую інфармацыю яны не пацьвярджаюць і не абвяргаюць. Хутчэй за ўсё, гэта была падстава, каб сюды прыехала міліцыя. Міліцыянты нічога не гавораць пра нябожчыка. Галоўнае, што трэба здымаць крыжы, паводле іх. Трэба будаваць дарогу.

Зараз бачна, што падыходзяць жыхары мікрараёну Зялёны Луг, яны спрабуюць падысьці да лягеру валанцёраў, але гэта зрабіць складана, бо дарога перакрытая тэхнікай і міліцыянтамі.


8 лістапада 2001

УКЛЮЧЭНЬНЕ А 18.30. ДЗЯСЯТКІ ЛЮДЗЕЙ ВЫЙШЛІ НА ДАРОГУ, КАБ СПЫНІЦЬ ТЭХНІКУ

Прыкладна 20 хвілінаў таму людзі зрабілі жывы ланцуг. У гэтым ланцугу стаялі ўсе абаронцы Курапатаў, сябры Маладога Фронту, руху «Зубар», Беларускай Партыі Свабоды, Вячаслаў Сіўчык, Ірына Жыхар, Зьміцер Бандарэнка, іншыя.

Ганна Соусь:

Яны выкрыквалі: «Жыве Беларусь!» і прастаялі хвілінаў пяць. Пасьля гэтага некалькі дзясяткаў амонаўцаў накінуліся на іх і пачалі зьбіваць. Я на свае вочы бачыла, як зьбівалі Рыгора Кійка, яго білі вельмі моцна Я зараз у вайсковым намёце знаходжуся, вось зайшлі міліцыянты. Яны загадваюць усім выйсьці з намёту. Раней было затрымана каля дзесяцi чалавек, і вось зараз пачаўся наступ на тых, якія засталіся ў намёце. Шмат міліцыянтаў у касках. Ланцуг супраць тэхнікі ўжо разагнаны, крыжы ўсе паваленыя, іх зьвезьлі ў кар’ер на сьметнік. Абаронцы зьбіраюцца застацца на ноч. Вось Глеб Вязоўскі тут, яго зьбілі, ён ляжыць з акрываўленым тварам. У часе затрыманьня зьбілі журналістку Натальлю Радзіну.


8 лістапада 2001

ЛЯГЕР АБАРОНЦАЎ РАЗАГНАНЫ. ЯК ГЭТА АДБЫВАЛАСЯ

Дзесьці а 16-й гадзіне ў Курапаты прыехалі міліцыянты. Да валанцёраў падышоў намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну Яўген Абакунчык.

Ганна Соусь:

АБАКУНЧЫК: Ёсьць заключэньне і дырэктара Інстытуту гісторыі прафэсара Сташкевіча, і кіраўніка работ Іова. Калі вы за дзесяць хвілін не прыбераце ўсіх перашкодаў, што замінаюць работам, мы вымушаныя будзем зрабiць захады прымусовага характару. Вось — час пайшоў.

ХЛОПЕЦ: Чакайце, калі мы нічога не прыбіраем, то што здарыцца?

АБАКУНЧЫК: Ёсьць адміністрацыйная адказнасьць — за пікетаваньне.

У тую хвіліну ў Курапатах ужо знаходзілася некалькі соцень міліцыянтаў. Усё, што адбывалася далей, яны здымалі на відэакамэры. Да Курапатаў падагналі будаўнічую тэхніку. Празь дзесяць хвілінаў будаўнікі пачалі прыбіраць крыжы. Адразу за імі ехалі бульдозэры. На той момант у Курапатах было ўсяго зь дзясятак людзей. Многія былі разгубленыя. Каця Карпенка проста плакала:

КАЦЯ: Ну як яны маглі гэта зрабіць? Я не разумею... Як у іх магло сумленьня хапіць? Няўжо яны не разумеюць, тут людзі пахаваныя...

Я падышла да будаўнікоў, што валілі крыжы.

— Што вы адчувалі, калі крыжы здымалі?

— А нічога, нам сказалі — у нас работа.

Сябар руху «Зубар» Яраслаў Сьцешык спрабаваў спыніць будаўнікоў, ён узяўся за крыж, на які ехаў бульдозэр і не адыходзіў ад яго. Яраслава Сьцешыка адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламілі рукі, кінулі тварам у зямлю ды пачалі біць. Ад некаторых зь іх сыходзіў пах сьпіртнога. Спрабаваў спыніць тэхніку й сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо.

ЮХО: Мой дзед пахаваны тут!

ЛЮДЗІ: Ды пусьціце яго, што вы яго трымаеце! Пусьціце чалавека!

ЮХО: Вось тут я паставіў свайму дзеду крыж! Мой бацька інвалід вайны, у 1941-м прыняў бой пад Беластокам! Дзед мой пахаваны тут, я паставіў яму крыж!

МІЛІЦЫЯНТ: Усе адышлі!

ЛЮДЗІ: Адпусьціце яго! Што вы робіце! Фашысты! Вас усе праклянуць! Дзеці, унукі праклянуць! Уладзімера Юхо амонаўцы зьбілі і занесьлі ў міліцэйскі >аўтобус.

Я паспрабавала зьвярнуцца да міліцыянтаў па тлумачэньні й атрымала наступны адказ:

МІЛІЦЫЯНТ: Ды мы ня слухаем вас — мы глуханямыя. На гэты момант у Курапатах ужо знаходзілася каля ста >чалавек. Сюды прыехалі апазыцыйныя палітыкі, грамадзкія дзеячы, простыя людзі. Але хутка міліцыянты перагарадзілі дарогу, і трапіць у Курапаты было ўжо немагчыма. Неўзабаве некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на >дарогу і зрабілі жывы ланцуг, каб не дазволіць праехаць >будаўнічай тэхніцы. У ланцугу былі Вячаслаў Сіўчык, >Зьміцер Бандарэнка, Ірына Жыхар, Павал Севярынец, сябры Беларускай Партыі Свабоды, Маладога Фронту і «Зубра».

ГАЛАСЫ: Жыве Беларусь! Жыве! Жыве Беларусь! Рукі прэч ад Курапатаў! Адразу пасьля гэтага амонаўцы пачалі зьбіваць гэтых людзей. Я бачыла, як білі й кідалі тварам у бруд мастака Рыгора Кійка, а потым яго, усяго ў крыві, вялі да міліцэйскага аўтобуса. Зьбілі Зьмiтра Бандарэнку, Глеба Вязоўскага ды іншых. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Далей амонаўцы пачалі валіць вайсковы намёт, а каб ім не перашкаджалі людзі, што яшчэ заставаліся ў Курапатах, выкарысталі атрутны газ. Сымбалічна, што ў 1988 годзе ўсё пачыналася ў Курапатах з газу «Черёмуха», а ў 2001-м менавіта газам скончылася змаганьне за Курапаты.

Кругласутачнае дзяжурства ў Курапатах доўжылася 46 дзён.


9 лістапада 2001

РАНІЦАЙ НАД УРОЧЫШЧАМ ЛЁТАЎ ГЕЛІКОПТЭР

Абаронцы Курапатаў гавораць, што а 8-й раніцы ў небе зьявіўся гелікоптэр, яны выказваюць меркаваньне, што ў ім быў Аляксандар Лукашэнка.

Ганна Соусь:

Будаўнічыя работы скончыліся недзе а 18-й гадзіне. Сюды ўвесь час прыходзяць людзі. Міліцыянты сышлі разам з будаўнікамі. Усталяваныя ўначы наноў 15 крыжоў захаваць не ўдалося.

Будаўнічыя працы пачаліся ад раніцы, прычым будаўнікі прыйшлі на працу адразу зь міліцыянтамі. Абаронцы спрабавалі спыніць тэхніку, і ў выніку былі затрыманыя 11 чалавек, сярод якіх Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец, Сяргей Папкоў, Уладзімер Юхо, іншыя. Пасьля былі затрыманыя два актывісты руху «Зубар». Валеры Буйвал і Ўладзімер Раманцоў, якія спрабавалі ўратаваць крыжы, былі схопленыя і адвезеныя ў «варанку» ў невядомым кірунку. Усяго былі затрыманыя каля 20 чалавек.

А 12-й гадзіне ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі, але міліцыянты зрабілі ланцуг, каб не дапусьціць іх да абаронцаў. Сёньня Курапаты наведалі Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Зьміцер Бандарэнка, Аляксей Кароль, Аляксей Марачкін, Людміла Гразнова. Заўтра ў Курапатах адбудзецца талака.


9 лістапада 2001

У СУДЗЕ МЕНСКАГА РАЁНУ СУДЗЯЦЬ ЗАТРЫМАНЫХ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ

Уладзімера Юхо, Уладзiмера Плотнікава, Васiля Парфянкова, Лявона Cадоўскага, Міколу Вязьміна і Віктара Кавешнікава затрымалі ўчора пад-час разгону акцыі ў Курапатах.

Любоў Лунёва:

Іх прывезьлі ў суд у другой палове дня. Усіх затрыманых абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку пад-час правядзеньня вулічных акцыяў і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Пакуль старшыня суду разьмяркоўваў адміністрацыйныя справы, намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну імкнуўся не пусьціць журналістаў да кабінэтаў судзьдзяў, а перад адвакатамі ўвогуле зачыняў дзьверы ў кабінэт.Журналісты зьвярталіся да судзьдзяў, каб спыніць міліцэйскае свавольства.

Васiля Парфянкова судзьдзя Генадзь Руноў аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 тысяч рублёў).

ПАРФЯНКОЎ: Для мяне гэта вялікія грошы, амаль увесь заробак. Я працую ў сёмым аўтобусным парку аўтасьлесарам.

Уладзімер Юхо патрабаваў, каб ягоную справу вялі на беларускай мове. Судзьдзя адмовіў яму. Гаворыць Уладзімер Юхо:

— Я прасіў весьці паседжаньне на беларускай мове, але мне адмовілі на той падставе, што ў нас дзьве мовы. Судзьдзя казаў, што судовае справаводзтва вядзецца толькі на расейскай мове. Тады я запатрабаваў, каб гэты судзьдзя не праводзіў паседжаньне, а справу перадалі іншаму судзьдзю.

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва спадара Юхо, але суд перанес на іншы тэрмін. Справу Віктара Кавешнікава суд накіраваў у міліцыю, каб міліцыянты перарабілі пратакол — яны няправільна пазначылі частку артыкулу. Паводле заканадаўства Віктара Кавешнікава павінны вызваліць з судовай залі, але замест гэтага міліцыянты пасадзілі яго зноў у міліцэйскі «варанок».

Тым часам да будынку суду прывезьлі Вячаслава Сіўчыка, Цімоха Сугаку, Андрэя Будзька, Хведара Жывалеўскага і Паўла Севярынца Разгляд іхных справаў прызначылі на розныя тэрміны, бо яны патрабавалі адваката. Гаворыць Павал Севярынец:

— Затрымлівалі вельмі груба. Людзі з крыжамі альбо каля крыжоў стаялі, пакуль іх бульдозэры не засыпалі пяском да пояса. Амонаўцы сьмяяліся зьверху. Потым яны атрымалі загад: людзей зь пяску дастаць і адвесьці ў аўтобус. Нас прывезьлі ў Менскі раённы аддзел. Там было яшчэ шэсьць чалавек. Трымалі ўвесь дзень. Толькі пад вечар прывезьлі ў суд.

Хутчэй за ўсё, тым, хто затрыманы паўторна на апазыцыйных акцыях, пагражаюць суткі арышту. Усім, хто слухае «Свабоду», хачу перадаць: ні гэтым, ні тэхнікай, ні штрафамі, ні суткамі, ні фізычнай сілай нас не спыніць.

На гэты час у міліцэйскім пастарунку на Старабарысаўскім тракце трымаюць некалькіх сяброў Партыі Свабоды, вядомае прозьвішча толькі аднаго зь іх — Алеся Цялегiна. А ў Савецкай управе ўнутраных справаў знаходзяцца больш за дваццаць сяброў маладзёвага руху «Зубар». Некаторых зь іх жорстка зьбілі амонаўцы. Супрацоўнікі міліцыі да некалькіх чалавек выклікалі «хуткую дапамогу».


9 лістапада 2001

МЕНЧУКІ РЭЗКА КРЫТЫКУЮЦЬ УЖЫВАНЬНЕ СІЛЫ СУПРАЦЬ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ

Некаторыя выказваюць думку, што Бог пакарае тых, хто руйнуе крыжы й накіроўвае тэхніку на магілы.

Альгерд Невяроўскі:

Я наведаў Курапаты сёньня ўдзень. Перад кардонам АМОНу, які не прапускаў на тэрыторыю ўрочышча прадстаўнікоў Маладога Фронту, КХП БНФ, руху «Зубар», Беларускай Партыі Свабоды ды іншых арганізацыяў, стаяла й шмат жыхароў прылеглага да Курапатаў мікрараёну Зялёны Луг. Нехта прыйшоў паназіраць зь цікаўнасьці, а нехта адкрыта спачуваў маладым людзям і абураўся дзеяньнямі міліцыі Вось меркаваньні людзей сярэдняга веку Юрыя Вогнева й Валера Азарава:

ВОГНЕЎ: Па-першае, гэта парушэньне правоў чалавека, і наагул, я лічу, зьнішчаюцца рэшткі дэмакратыі ў Беларусі.

— Прагучаў заклік валанцёраў да іншых апазыцыйных арганізацыяў, каб бараніць Курапаты. Ці будзеце ўдзельнічаць у гэтай акцыі?

ВОГНЕЎ: Наконт таго, каб удзельнічаць, я яшчэ ня ведаю, бо я не магу кінуць працу, але маральна я разам з гэтымі людзьмі і нават гатовы аказаць ім матэрыяльную дапамогу, калі будзе патрэба. Я гатовы аддаць частку свайго заробку.

АЗАРАЎ: З боку міліцыі гэта ж проста нейкі бардак атрымліваецца. Гэта ж адразу было бачна. Супраць дзяцей ставіць здаровых мужыкоў — гэта проста несур’ёзна.

Жыхарак дому, што насупраць Курапатаў, Сьвятлану й >Соню абурае найперш тое, што дарога пройдзе каля іхных >вокнаў, але й маральны аспэкт праблемы для іх вельмі >важны:

СЬВЯТЛАНА: Гэта мой дом, мая жыльлёвая плошча, мае дзеці.

СОНЯ: Мы ўжо паўгода пратэстуем, і што далей? З гэтага нічога не атрымалася. Подпісы назьбіралі й аддалі. Лук шэнка пераступіў цераз нас. Як можна ісьці праз жывых людзей? Якія б ні былі іхныя прынцыпы, жыцьцёвыя погляды — гэта амаральна.

СЬВЯТЛАНА: Гэта жудасна — гэтыя мянтоўскія кардоны. Мы тут жывем ужо больш як 20 гадоў. У нас ніхто не пытаўся, вось гэтую дарогу рабіць тут ці не. Зьбітыя людзі. Гэта ж фашызм.

А вось меркаваньне пэнсіянэркі Валянціны Трэмбіцкай, што таксама жыве побач з Курапатамі, і якая паўтара месяца чым магла дапамагала абаронцам мэмарыялу:

— Дарогу можна было рабіць на паўкілямэтра ад Курапатаў. Ня трэба было гэтага скандалу. Ня трэба было бойні. Ня трэба было зьбіваць гэтых дзяцей. Ня трэба, каб яны два месяцы сядзелі ля вогнішча, гібелі тут у холадзе, у голадзе. Але яны змагаліся, як яны казалі, за магілы нашых продкаў. Мэта дзяржавы, можа й не дзяржавы, але аднаго чалавека — зьнішчыць памяць аб Курапатах, аб загінуўшых нашых дзядах і бацьках!

Яшчэ адна жыхарка Зялёнага Лугу Лізавета Жукоўская перакананая, што тых, хто нішчыць крыжы, пакарае Бог:

— Асабіста я на баку гэных бээнэфаўцаў і гэнага саюзу моладзі! Я супраць таго, што на чалавечых костках тут будуюць дарогу. Я жыву тут з 1981 году. Я бачыла тут чарапы. 8–10-гадовыя хлопчыкі капаліся ў зямлі, бегалі з чарапамі, у якіх была дзірка ў патыліцы. А тады мы нават ня чулі, што гэта за назва такая — Курапаты. Разумееце? Трэба шанаваць памяць гэтых рэпрэсаваных людзей. Я праваслаўная, хрысьціянка. Гэта вялікі грэх. Прырода іх пакарае. Іх пакарае Бог.

І толькі адзін мужчына сталага веку ў часе апытаньня выказаў думку, што нічога страшнага ў Курапатах не адбываецца, і там мусіць прайсьці кальцавая дарога.


9 лістапада 2001

КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ АПЭРАТЫЎНА АДРЭАГАВАЛА НА ПАДЗЕІ Ў КУРАПАТАХ

Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі сёньня тэрмінова накіравала на адрас сваёй штаб-кватэры ў Вене адмысловую справаздачу пра падзеі ў Курапатах.

Уладзімер Глод:

Паводле супрацоўніцы КНГ Бэаты Разуміловіч, якая была непасрэднай сьведкай згаданых сутыкненьняў, справаздачу даслалі, каб сьвет апэратыўна даведаўся пра падзеі ў Курапатах. Спадарыня Разуміловіч падкрэсьліла, што КНГ АБСЭ ў гэтым выпадку вырашыла не чакаць, пакуль надыдзе час для звычайнай справаздачы.


9 лістапада 2001

УЛАДЫ АДДАЮЦЬ ПЕРАВАГУ БУЛЬДОЗЭРАМ І ПАЛКАМ

Такая галоўная думка многіх беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якія прыйшлі ўчора ўвечары на абарону курапацкіх крыжоў і магіл.

Валер Каліноўскі:

Заплянаванага паседжаньня грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» з абмеркаваньнем далейшай тактыкі 8 лістапада не адбылося. Сытуацыя прымусіла ўсіх сабрацца ля бульдозэраў, што нішчылі курапацкія крыжы. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што гэткае разьвіцьцё падзеяў можна было прагназаваць, але разьлічвалі ўсё ж на іншае.

ВЯЧОРКА: Можна было спадзявацца, што пасьля выбараў (калі, здавалася б, Лукашэнка ўмацаваў свае пазыцыі) рэжым праявіць дастатковы розум і запросіць усё ж людзей на размову. Усе мы, каму дарагі лёс Курапатаў, рыхтаваліся да такой размовы. Усе спадзяваліся, што ўдасца дамагчыся мэмарыяльнага статусу запаведніка Курапаты.

Вінцук Вячорка зазначыў, што адказу на гэтыя звароты так і не было, і цяпер трэба зьвяртацца ня толькі ў пракуратуру, але і ў міжнародныя арганізацыі — у прыватнасьці, у ЮНЭСКА.

ВЯЧОРКА: Цяпер самае важнае — ня здаць Курапаты ў цэлым. Ня здаць Курапаты як знак нашай пакуты і нашай памяці з ХХ стагодзьдзя.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць, што гэты гвалт сьведчыць пра тое, што ўлады ня будуць прыслухоўвацца да грамадзкасьці, да лістоў інтэлігенцыі, жыхароў Менску.

БЯЛЯЦКІ: Гэта бяспраўе — бо рабіць гэта ўначы, выстраіўшы міліцыю, паставіўшы кардоны для пабудовы дарогі — мабыць, такога яшчэ не было. Замест таго, каб працягнуць дыялёг, паспрабаваць знайсьці нейкае прымальнае рашэньне, улады вырашылі проста гвалтам працягнуць тое, што яны пачалі рабіць

Мастак Аляксей Марачкін падпісваў лісты ва ўрад у абарону Курапатаў.

МАРАЧКІН: Сатана тут правіць баль. Я думаю, што час усё расставіць на месцы. Зараз яны тут пад аховай АМОНу, бульдозэры тут разьяжджаюць, нішчаць крыжы — гэта вельмі балюча. Балюча за тое, як руйнуюць нашу памяць. Калі-небудзь гэтыя грахі адгукнуцца і на тых людзях, што тут на бульдозэрах, і на тых, што нас акружылі, каб мы не прайшлі.

Аляксей Марачкін лічыць, што ўсё адно нельга апускаць рук. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец падтрымлівае думку спадара Марачкіна:

СЕВЯРЫНЕЦ: Гэта сатанізм проста. І людзі, якія забіралі абаронцаў Курапатаў, яны за гэта адкажуць — не перад намі, а перад Богам.

Гаворыць Аляксей Кароль:

— Пад салодкія размовы пра дыялёг і пра магчымасьці зьмяніць сытуацыю проста б’юць маладых. Гэта жахліва. Пад тымі ж самымі Курапатамі — сымбалю лепшага (ці горшага) не прыдумаеш.

— Вы лічыце, грамадзтва не змагло адстаяць Курапаты?

— Не змагло.

— Чаму?

— Шмат прычынаў. І сярод іх — апатыя грамадзтва, ягоная абыякавасьць. І параза на выбарах.

Аляксей Кароль мяркуе, што сёньняшняя падзея вельмі важная — магчыма, пераломная ў новай гісторыі Беларусі. Адзін зь лідэраў БНФ Вячаслаў Сіўчык стаяў у ланцугу, што быў разагнаны АМОНам. Яму пабілі акуляры.

СІЎЧЫК: Я думаю, што ўлада, здольная на такія дзікунствы — апаганьваць памяць ахвяраў Курапатаў — гэтая ўлада ня мае ніякай будучыні. І што б ні казалі, той час ужо ніколі ня вернецца — будуць заўжды людзі, якія адкрыта выходзяць і не баяцца зьверстваў сёньняшняй улады.

Старшыня Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная плакала і спачатку сказала, што яна проста зьнямела.

КЛЯШТОРНАЯ: Прымаў рашэньне адзін чалавек — гэта Лукашэнка. Таксама як і дэпутатаў выкідалі з будынку Вярхоўнага Савету на пачатку ягонай дзейнасьці, а зараз можна ўсё выкінуць зь дзяржавы. А ягоная дзяржаўная дзейнасьць — вось яна, будаўніцтва. Гэта тыя ж самыя стройкі, куды людзей гналі, і на кожным мэтры дарогі трупы ляжалі.

Адзін зь лідэраў КХП Сяргей Папкоў быў у такім жа настроі.

ПАПКОЎ: Баліць сэрца, не магу нічога нават і сказаць. Гледзячы на гэты гвалт, на гэта ўсё — пад покрывам ночы заўжды зладзейства рабілася. Як і ў 1937–1941 гадах забівалі тут, так і цяпер топчуць душы забітых людзей. Зараз зноў будзем арганізоўваць людзей, на месцы зламаных крыжоў будзем зноў ставіць крыжы, будзем усё рабіць, каб спыніць гэта.


9 лістапада 2001

ШТО РАБІЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ МІНУЛАЕ ПЯТНІЦЫ

У Курапатах працягваецца процістаяньне. Людзі зноў усталёўваюць крыжы і спрабуюць спыніць будаўніцтва.

Ганна Соусь:

Раніцай будаўнікі прыйшлі на працу разам зь міліцыянтамі й адразу ж сустрэлі супраціў абаронцаў Курапатаў Пра тое, як гэта адбывалася, распавядае актывістка Партыі БНФ Ірма Табушава:

— Прыблізна каля 10 гадзінаў моладзь і дарослыя выйшлі й перакрылі дарогу. Павал Севярынец сярод іх быў адзіны з крыжом. Пад’ехаў чырвоны аўтобус, зь якога выйшлі дзясяткі два амонаўцаў. Падышлі да моладзі, сталі яе ціснуць, зьбіваць і скідаць на адхон. Зьверху машыны сыпалі пясок. Тут пачаўся хапун. Першымі схапілі Ўладзімера Юхо і Лявона Садоўскага. Астатнія мужчыны, якіх білі, круцілі, усё ж лезьлі пад гэты пясок і стаялі пад машынамі. Тут пачалі забіраць і астатніх.

Усяго раніцай у Курапатах затрымалі 11 чалавек. Тым часам будаўніцтва дарогі працягвалася. Самазвалы высыпалі пясок. Амонаўцы не дазвалялі людзям падыходзіць да будаўнічай тэхнікі. Тады некалькі жанчын, каб выказаць свой пратэст, пачалі сьпяваць. 15-гадовы Рацібор Бягун, які жыве ў Зялёным Лузе, не хаваў свайго адчаю:

— Я сёньня сюды прыйшоў, бо проста немагчыма назіраць збоку за тым, што тут робіцца. Калі я быў малы, бацька вадзіў мяне сюды. І я нібы піў усё гэтае адраджэньне Беларусі. Курапаты для мяне — гэта вельмі каштоўнае месца. Сёньня для мяне гэта сьвятыня.

Дзесьці апоўдні ў Курапаты прыйшло некалькі соцень чалавек. Але яны ня здолелі прайсьці да ляснога масіву, бо дарогу перакрылі амонаўцы. Людзі былі вельмі абураныя.

Вось што паведаміў Зьміцер Бандарэнка:

— Учора ўначы подла ламалі крыжы, і пралілася кроў мастака Рыгора Кійка. Гэта што — не сатанізм? Калі гэта на могілках будавалі дарогі? Задумайцеся пра сваіх дзяцей, пра сваіх унукаў да сёмага пакаленьня.

ЖАНЧЫНА: Што Вы робіце, фашысты!

МІЛІЦЫЯНТ: Ідуць будаўнічыя работы. За невыкананьне законных патрабаваньняў работнікаў міліцыі ёсьць адміністрацыйная й крымінальная адказнасьць.

Людзі прастаялі так некалькі гадзінаў, спрабуючы прайсьці ў Курапаты. Але амонаўцы на чале з падпалкоўнікам Юрыем Падабедам не дазвалялі прайсьці. У натоўпе з другога боку дарогі стаялі Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Аляксей Кароль, Людміла Гразнова, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя палітыкі. Прыйшоў сюды й мастак Рыгор Кійко, якога ўчора жорстка зьбілі міліцыянты.

КІЙКО: Усяго вывазілі ў бруд. Ледзь не задушылі. Мне на твар селі пяць чалавек, не было чым дыхаць. Білі па пятках гэтымі палкамі. Рукі цяпер як плеці вісяць. Гэтак у гестапа ня робяць, крымінальнікаў так не затрымліваюць. Хай Бог зь імі разьбіраецца.

Сёньня стала вядома, які мэмарыял плянуюць зрабіць у Курапатах улады. Актывістка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ірына Жыхар сустрэлася зь вядучым спэцыялістам Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколам Дайнэгам. Нядаўна спадар Дайнэга атрымаў ліст з адміністрацыі прэзыдэнта за подпісам памочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Посахава. Той прапаноўвае Камітэту разгледзець праект мэмарыялу ў Курапатах старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў спадара Лапіцкага.

ЖЫХАР: Спадар Лапіцкі выступіў з ініцыятывай, якую падтрымлівае сёньня спадар Посахаў — стварыць тут мэмарыял. У сваім лісьце Лапіцкі піша, што трэба зьнесьці ўсе крыжы, што існуюць у Курапатах — ня толькі тыя, што стаяць тут, але й тыя, што на магілах, што ўсе ахвяры былі атэістамі. Я хачу сказаць, што гэта жах, і жах тое, што гэта падтрымлівае сёньня адміністрацыя прэзыдэнта. Усё паказвае на тое, што будзе створаны мэмарыял ахвярам фашыстоўскага генацыду.

Зь пятнаццаці крыжоў, што раніцай былі ўсталяваныя ў Курапатах, цяпер засталося толькі дзесяць, некаторыя зь іх давялося выкопваць і ўсталёўваць у іншым месцы, каб іх не павалілі бульдозэры. Крыжы дапамагаў усталёўваць айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, які асьвяціў у Курапатах каля сотні крыжоў. Сёньня ўсю ноч побач з крыжамі будуць гарэць сьвечкі. Заўтра ў Курапатах а 12-й гадзіне адбудзецца талака. Абаронцы запрашаюць прыйсьці на яе ўсіх, каго хвалюе лёс нацыянальнага нэкропалю Курапаты.


10 лістапада 2001

У ТАЛАЦЭ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛI НЕКАЛЬКІ СОЦЕНЬ ЧАЛАВЕК

Адбылося таксама набажэнства і асьвячэньне крыжоў.

Ганна Соусь:

У Курапатах гучала жалобная музыка. На талаку прыйшлі некалькі соцень чалавек. Міліцыянтаў сёньня было больш як учора і пазаўчора. Яны былі паўсюль — каля лягеру валанцёраў, на дарозе, у полі, у дварах дамоў. Будаўнікі працавалі пад аховай міліцыянтаў. Дзесьці апоўдні сябры руху «Зубар» зрабілі жывы ланцуг акурат насупраць ланцугу міліцыянтаў. «Зуброў» было каля 20 чалавек, міліцыянтаў утрая больш. Хлопцы і дзяўчаты трымалі ў руках запаленыя сьвечкі. Гаворыць жанчына сталага веку спадарыня Дар’я:

— Гэтыя міліцыянты проста ня ведаюць, чаму мы тут стаім. Мы хочам ім патлумачыць, што нельга так рабіць. Калі мы забудземся на тое, што было, у нас ня будзе будучыні.

Сёньня 48-ы дзень, як у Курапатах ідзе кругласутачнае дзяжурства. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец кажа, што гэтая акцыя будзе працягвацца і моладзь будзе сачыць, каб будаўнічыя работы вяліся на 15–20 мэтраў ад дарогі. Гаворыць Павал Севярынец:

— Людзі будуць падыходзіць, будуць назіраць за тым, як ідзе гэтае будаўніцтва, будуць усталёўваць крыжы, якія, на наш погляд, павінны стаць асновай грамадзкага мэмарыялу ў Курапатах. І ніякія міліцыянты, ніякія дарожныя будаўнікі тут, у прынцыпе, не перашкодзяць. Крыжы будуць зьяўляцца і на дарозе, уначы і ўдзень. Гэтай дарозе спакою ня будзе.

Паказальна, што на месцы, дзе пачаўся Беларускі Народны Фронт, дзе пачалося духоўнае адраджэньне Беларусі канца ХХ стагодзьдзя, зноў супрацьстаяньне, зноў зьбіраецца моладзь. І гэтае новае пакаленьне, відаць, зможа не паўтарыць памылак палітыкаў старэйшага пакаленьня.

А вось як ацэньвае вынікі паўтарамесячнай акцыі ў Курапатах лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

— Гэта ўрок для ўсяго беларускага грамадзтва: што далей так змагацца з Лукашэнкам нельга. Патрэбныя іншыя людзі, іншыя падыходы. І беларуская моладзь якраз гэта й паказвае. На сілу трэба адказваць сілай, на гвалт трэба адказваць чынам нацыі. Тут — найлепшая частка моладзі, якая мае волю да барацьбы, яна фактычна ратуе сумленьне ўсёй згвалчанай, прыніжанай нацыі.

Дарэчы, сёньня нейкі мужчына ў цывільным пагражаў арыштам аднаму зь сяброў гэтай партыі Алесю Гетману. Нагадаю, што ўчора Алеся затрымалі, але праз чатыры гадзіны выпусьцілі.

Сёньня ў Курапатах ізноў рабілі і ўсталёўвалі крыжы. Але гэта не спадабалася начальніку Бараўлянскага аддзелу міліцыі Генадзю Васілеўскаму. Узьнікла спрэчка. Што да іншых інцыдэнтаў зь міліцыяй, дык варта згадаць наступны. Адна дзяўчына хацела падараваць кнігу пра Курапаты кіраўніку менскага АМОНу Юр’ю Падабеду, але той проста ўцёк ад яе. Але ж галоўнай падзеяй сталася набажэнства, якое правёў айцец Леанід Акаловіч.

АКАЛОВІЧ: За месца гэтае Курапацкі лес і за ўсе месцы й краіны, за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

ЛЮДЗІ: Госпадзе памілуй.

Айцец Леанід Акаловіч асьвяціў крыжы.

АКАЛОВІЧ: Асьвячаюцца акрапленьнем сьвятой вады гэтыя курапацкія пакутніцкія крыжы, у імя Айца й Сына й Сьвятога Духа, Амен. Хай стаяць вечна як напамін пра ахвяры страшэнных пакутаў. Абарані, Божа, нашу Беларусь ад падобнага.

На той час, калі рыхтаваўся матэрыял, не было вядома пра новыя затрыманьні ў Курапатах. Але намесьнік старшыні Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што ўлады могуць ізноў выкарыстаць сілу.

СІЎЧЫК: Цалкам магчыма, таму што ідуць увесь час пагрозы, увесь час ладзяцца нейкія дробныя правакацыі. Але ж я ня думаю, што сёньня гэта галоўнае. Самае галоўнае, што адбылося сёньня — ізноў былі асьвечаныя крыжы, было дастаткова многа людзей. Гэта паказвае, што мы працягваем барацьбу за наш мэмарыял.

У Курапатах сёньня гучалі беларускія песьні. Жанчыны падыходзілі да міліцыянтаў і сьпявалі ім пра сапраўдныя беларускія сымбалі. І, вядома, сёньня ў Курапатах гучаў «Магутны Божа».


10 лістапада 2001

ЗАХОДНІЯ ДЫПЛЯМАТЫ ЎЗРУШАНЫЯ ПАДЗЕЯМІ Ў КУРАПАТАХ

Прадстаўнікі замежных амбасадаў усе дні канфлікту ў Курапатах наведваліся на месца падзеяў ды пісалі справаздачы ў свае сталіцы.

Валер Каліноўскі:

Найбольш апэратыўна адрэагавала на падзеі Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. Яе прадстаўніца Бэата Разуміловіч асабіста сачыла за канфліктам.

РАЗУМІЛОВІЧ: АБСЭ на гэта пазірае з гледзішча правоў чалавека. Мы працягваем сачыць за сытуацыяй. Учора мы выслалі ў Вену ў штаб-кватэру АБСЭ сваю справаздачу з гэтай нагоды. Наша афіцыйная інфармацыя будзе паведамленая ўжо зь Вены. А ў гэты момант мы сочым за разьвіцьцём.

Тым ня менш, місія АБСЭ не абмяжоўваецца справаздачамі і зьвяртаецца да беларускага ўраду са зваротамі, парадамі, у тым ліку і адносна сытуацыі з Курапатамі. Гаворыць Бэата Разуміловіч:

— Мы напісалі ліст у Міністэрства культуры з прапановай растлумачыць сытуацыю зь іхнага гледзішча. Мы чакаем адказу. Але адказу пакуль няма.


11 лістапада 2001

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА КУРАПАТЫ

«Дарога праз магілы», «Лукашэнку патрэбная шаша, а ня могілкі» – пад гэткімі загалоўкамі вядучыя польскія газэты зьмяшчаюць сёньня артыкулы пра будаўніцтва аўтамабільнай дарогі праз Курапаты.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава:

Найбольш масавая польская «Gazeta Wyborcza» ў матэрыяле «Навошта Курапаты», распавядае, як міліцыя напярэдадні зьліквідавала намёты актывістаў беларускай апазыцыі, якія спрабавалі абараніць ад будаўніцтва аўтастрады месца спачыну ахвяраў масавых рэпрэсіяў НКВД.

«У чацьвер вечарам жыхары менскага раёну Зялёны Луг бездапаможна назіралі, як бульдозэры цягнулі ў балота дзясяткі каталіцкіх і праваслаўных крыжоў. Каля дзясятка людзей, якія баранілі Курапаты, затрымала міліцыя, некаторыя былі жорстка зьбітыя», — піша газэта.

«Міліцыянты атакуюць намёты, якія паставілі беларусы ў Курапатах, каб абараніць гэтую мясцовасьць ад плянаў ураду, які хоча збудаваць тут новую аўтастраду», – гаворыцца ў матэрыяле «Лукашэнку патрэбная шаша, а ня могілкі», які зьмяшчае сёньня газэта «Życie».

«Гэтая акцыя ўладаў ёсьць доказам таго, што цяперашні беларускі рэжым прадстаўлены вандаламі, бо толькі вандалы ці сатаністы могуць зьнішчаць крыжы ды не зьвяртаць увагі на чалавечыя магілы», — цытуе «Życie» сябра Маладога Фронту Аляксея Шэіна.

«Апазыцыянэры змагаліся ў чацьвер з амонаўцамі за крыжы, усталяваныя на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах», — паведамляе ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік «Rzeczpospolita».


12 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ ПАРУШАЮЦЬ ДАМОЎЛЕНАСЬЦІ З ГРАМАДЗКАСЬЦЮ

Уздоўж дарогі ў Курапатах на адлегласьці 22 мэтры ад восі дарогі стаіць ужо каля 40 крыжоў. Гэта мяжа, за якой ня могуць весьціся будаўнічыя працы. Такая дамоўленасьць была дасягнутая на сустрэчы абаронцаў з будаўнікамі.

Ганна Соусь:

Гэта было вызначана на сустрэчы, але сёньня ўвечары я была сьведкай таго, як прараб прапаноўваў валанцёрам забраць гэтыя крыжы, бо яны ўсё ж перашкаджаюць весьці будаўнічыя работы. Сёньня ў Курапатах будаўнікі працуюць без аховы міліцыянтаў, але міліцыя знаходзіцца непадалёк, яны сядзяць у машынах і пільна сочаць за ўсім, што адбываецца.

Сёньня ў Курапатах высякалі і карчавалі дрэвы. Гэта рабілі будаўнічыя брыгады з Магілёва Яны будуць пракладаць дарогу да пагорку. Пазьней іх зьменяць будаўнікі зь Берасьця.

Сёньня актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і валанцёры сустракаліся з будаўнікамі. У выніку перамоваў былі вызначаныя шэсьць наглядальнікаў, якія штодзень будуць сачыць, як ідуць будаўнічыя работы. Гэта прадстаўнікі трох арганізацыяў – Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Ірына Жыхар, Мая Кляшторная ад Таварыства Беларускай Мовы, Сяргей Сахараў з «Дыярыюшу», а таксама тры назіральнікі ад партыі БНФ – Сяргей Міхноў, Уладзімер Кішкурна і Андрэй Церашкоў. Заўтра з раніцы яны пачнуць наглядаць за будаўнічымі працамі. Але сёньня ўжо ідзе археалягічны нагляд за будаўніцтвам. Вось толькі што з Курапатаў сышлі Андрэй Мяцельскі і Алег Іоў, археолягі з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Як зазначыў у размове са мной старшы навуковы супрацоўнік Мяцельскі, калі ў выніку будаўніцтва будуць знойдзеныя пахаваньні, будаўнічыя працы адразу будуць прыпыненыя. Аднак, як лічаць археолягі, гэта малаверагодна, паколькі, як яны кажуць, пахаваньні знаходзяцца ў 80—100 мэтрах ад дарогі.

Два дні таму сюды прыехала прадстаўніца «Мэмарыялу» з Санкт-Пецярбургу Аляксандра Рэзьнікава. У пятніцу яна ўбачыла ў тэлевізары, як разбураюцца Курапаты, адразу набыла квіток на цягнік і прыехала ў Менск. Два дні і дзьве ночы яна правяла тут, у лягеры валанцёраў. Аляксандра Рэзьнікава вельмі абураная тым, што адбываецца ў Курапатах. Яна расказала мне пра месца ля Санкт-Пецярбургу, яно называецца Левашова, гэта таксама месца расстрэлаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, падобнае да Курапатаў. Але ў тым месцы пабудаваны мэмарыял, туды прыходзяць людзі, і ўлады зь вялікай павагай ставяцца да яго. Рэзьнікаву зьдзівіла, што ў Курапаты найперш прыходзяць ня людзі сталага веку, у каго былі рэпрэсаваныя сваякі, а моладзь, і гэта, на яе думку, вельмі сымбалічна.


12 лістапада 2001

10 СУТАК АРЫШТУ ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ

Такі прысуд вынесьлі лідэру Маладога Фронту за абарону крыжоў у Курапатах. Іншых затрыманых пакуль караюць штрафамі.

Любоў Лунёва:

Сёньня ў суд Савецкага раёну Менску і ў суд Менскага раёну міліцыянты прывезьлі больш за дваццаць затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Судзьдзя Генадзь Руноў больш за пяць гадзінаў разглядаў справу Паўла Севярынца. Прысуд — дзесяць сутак арышту.

Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода:

— Столькі каштуе сёньня правасудзьдзе, столькі каштуе, на думку ўрадавых чыноўнікаў, памяць, столькі каштуе сама праблема Курапатаў. Мяне абурыў апошні сьведка — міліцыянт, начальнік Бараўлянскай міліцыі сп. Васілеўскі. Мала таго, што ён прыйшоў у суд нецьвярозы, дык яшчэ адкрыта і нахабна хлусіў.

Лідэр Маладога Фронту будзе адбываць пакараньне ў будынку на Старабарысаўскім тракце, бо спэцразьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна, дзе звычайна адбываюць пакараньне менскія апазыцыянэры, прызначаны толькі для тых, каго асудзілі ў менскіх гарадзкіх судах. У гэтым жа судзе адказнага сакратара КХП БНФ Уладзімера Юхо аштрафавалі на пяць мінімальных заробкаў. Валеры Буйвал і Алесь Раманоўскі заявілі хадайніцтвы, каб у суд выклікалі амонаўца, які іх затрымліваў. Яны заявілі, што будуць удзельнічаць у працэсе толькі пасьля таго, як зададуць яму некалькі пытаньняў. Паколькі суд задаволіў гэтыя хадайніцтвы, працяг справы адбудзецца заўтра. А Лявон Садоўскі павінен будзе заплаціць штраф 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 000 рублёў) Яму слова:


— Я не зразумеў, за што мне дваццаць мінімалак. За тое, што бараніў Курапаты? Крыжы свайго рэпрэсаванага дзеда? Тое, што амонаўцы і міліцыянты на мінулым паседжаньні блыталіся ў паказаньнях, сьведчыць пра хлусьню зь іхнага боку. Я спадзяваўся, што суд улічыць усе гэтыя акалічнасьці. Калі пачуў, што судзьдзя схільны аштрафаваць, папрасіў, каб замянілі штраф на арышт. Дзе я вазьму такія грошы? Але судзьдзя не пагадзіўся на гэта.

У Савецкі суд Менску супрацоўнікі міліцыі прывезьлі сяброў Маладога Фронту, маладзёвага руху «Зубар» і Беларускай Партыі Свабоды. Вось іх прозьвішчы: Андрэй Ягораў, Яўген Афнагель, Ірына Кашталян, Мікола Ткачэнка, Юрась Фабішэўскі, Яраслаў Сьцешык, Раман Казакевіч, Мікіта Сасім, Уладзіслаў Валадзько, Алесь Цялегін, Генадзь Дранковіч, Вераніка Купчанка і Яўген Клімаў.

Амаль усе яны запатрабавалі адваката, і з гэтае прычыны суды над імі перанесьлі. Толькі студэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўген Клімаў адмовіўся ад адваката і атрымаў штраф — сем мінімальных заробкаў (гэта 53 000 рублёў). Сярод затрыманых была дзяўчына, грамадзянка Расеі Вераніка Купчанка. Яна наўмысна прыехала ў Менск, каб бараніць Курапаты Вось як яна патлумачыла свой учынак:

— Я грамадзянка Расеі. Калі даведалася пра Курапаты і пра тое, што там адбываецца — адразу прыехала ў Менск. Гэта ж блюзьнерства. Я вырасла на Сахаліне, на гэтай высьпе раней было шмат палітрэпрэсаваных. Там і цяпер жывуць іхныя нашчадкі. Гэтая тэма для мяне вельмі блізкая.

Суды будуць працягвацца тыдзень, але большасьць зь іх адбудзецца ў чацьвер.


12 лістапада 2001

ХВЕДАР ЖЫВАЛЕЎСКІ ДАСТАЎ 7 СУТАК АРЫШТУ

Ён асуджаны судом Менскага раёну. Судзьдзя Аляксандар Тачкар вынес гэты прысуд, хоць Хведар студэнт і неўзабаве яму трэба здаваць іспыты.

Любоў Лунёва:

Хведар Жывалеўскі будзе адбываць пакараньне разам з Паўлам Севярынцам у будынку на Старабарысаўскім тракце, дзе ўмовы ўтрыманьня значна горшыя, чым нават у сумнавядомым спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна.


12 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ ПРАЦУЮЦЬ У КУРАПАТАХ БЕЗ ПРАЕКТУ

Пра гэта сёньня даведаліся актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты».

Альгерд Невяроўскі:

Актывісты грамадзкай ініцыятывы сустракаліся сёньня раніцай з прадстаўнікамі будаўнічых і праектных арганізацыяў, што вядуць работы на курапацкім участку кальцавой дарогі. Падчас размовы высьветлілася, што будаўнікі пашыраюць дарогу без праекту.

Прадстаўнікі будаўнічых арганізацыяў толькі на словах запэўнілі актывістаў ініцыятывы, што дарога будзе пашырацца ня больш як на 22 мэтры ў бок Курапатаў. Праблема грамадзкага кантролю за дзеяньнямі будаўнікоў і стала галоўнай на сёньняшнім вечаровым паседжаньні грамадзкай ініцыятывы.

Будаўнікі пагадзіліся, каб за іхнай працай наглядалі грамадзкія назіральнікі, і прараб нават зарэгістраваў 6 актывістаў ад БНФ, ТБМ ды іншых арганізацыяў. Але ніякага афіцыйнага статусу гэтыя назіральнікі ня маюць. Актывісты ініцыятывы вызначылі шэраг патрабаваньняў да ўладаў, якія агучыў лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

— Працы вядуцца без праекту, што ёсьць найгрубейшым парушэньнем будаўнічых нормаў і правілаў, і тэхнікі бясьпекі, і заканадаўства, і здаровага сэнсу. З гэтага вынікае, што трэба спыніць усе будаўнічыя працы, пакуль ня будзе гэтага самага канчатковага праекту. Тыя, хто рэальна дзяжурыць у Курапатах, павінны займець афіцыйны статус, каб там была пастаянна дзейная група, у якой быў бы хоць нейкі статус.

Сябры ініцыятывы прынялі зварот да грамадзкасьці з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў уладаў супраць абаронцаў мэмарыялу, а таксама звароты да кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага і ў пракуратуру, каб яны патлумачылі, чаму будаўніцтва такога сур’ёзнага аб’екту як кальцавая дарога вядзецца без праекту.

На паседжаньні вырашылі правесьці на наступным тыдні сустрэчу прадстаўнікоў грамадзкасьці з чыноўнікамі ўраду, праектных установаў і Міністэрства ўнутраных справаў, у выніку якой мусіць быць падпісаны пратакол, які б рэглямэнтаваў правы й абавязкі абодвух бакоў, у тым ліку ў справе добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў. Прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, што аб’яднаныя ў ініцыятыву «Моладзь у абарону Курапатаў», прапанавалі распачаць конкурс на стварэньне ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Гэтую ініцыятыву падтрымалі. Паводле сакратаркі грамадзкай ініцыятывы Ірыны Жыхар, памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў ужо накіраваў у Камітэт па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны прапанову паставіць у Курапатах помнік ахвярам фашыстоўскіх рэпрэсіяў. Каб перашкодзіць гэтым плянам уладаў, сябры ініцыятывы вырашылі зьвярнуцца да разгляду праектаў помніка ў Курапатах, што стварылі яшчэ на пачатку 1990-х гадоў Будуць таксама зьбіраць сродкі на пабудову ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Мастакі суполкі «Пагоня» ўжо вырашылі ахвяраваць на пабудову помніка ў Курапатах усе грошы, што яны зарабілі на выставе сваіх твораў.


13 лістапада 2001

НАЗІРАЛЬНІКІ Ў КУРАПАТАХ СОЧАЦЬ ЗА БУДАЎНІЦТВАМ ДАРОГІ

Сёньня высьветлілася, што будаўнікі ня маюць праекту пабудовы падпорнай сьценкі.

Ганна Соусь:

Дагэтуль побач з будаўнікамі ўвесь час можна пабачыць міліцыянтаў. Але ў лягер валанцёраў яны цяпер не заходзяць, пільнуюць абаронцаў Курапатаў здалёк. Распавядае сябар Беларускай Партыі Свабоды Алесь Гетман:

— Дзесьці да 11-й начы дзяжурыла машына міліцыі, іх зьмянілі амонаўцы.

— Ці былі пагрозы?

— Начальнік «Белпалку», які тут кіруе, учора сказаў Аляксею, што адзін ужо тут дахадзіўся з сотавым, глядзі, хутка й цябе таксама... Будаўнікі казалі, што трэба будзе прыбіраць некаторыя крыжы. Мы кажам, што ня будзем гэта рабіць, прыбірайце самі. А яны нам кажуць, што заўтра ўзвод АМОНу прывядуць.

Валанцёры ўвесь час сочаць за тым, як адбываецца пашырэньне кальцавой дарогі. Кантактаваць з будаўнікамі часам бывае не зусім проста. Распавядае сябар руху «Зубар» Мікіта Сасім:

— Учора ўвечары прыйшоў адзін зь іх у нецьвярозым стане. Намагаўся даведацца, колькі нас, чаго мы хочам, чаго сядзім, колькі нам плацяць. Мы пагналі яго, сказалі: прыходзь сюды цьвярозы, тады паразмаўляем.

— Вы сочыце за тым, як ідзе будаўніцтва?

— Канечне. У некаторых месцах яны залазяць за межы, якія стварылі самі для сябе.

Сёньня за будаўнічымі працамі ў Курапатах афіцыйна назіраў Уладзімер Кішкурна. Ён высьветліў, што будаўнікі ня маюць праекту пабудовы падпорнай сьценкі. Я спрабавала паразмаўляць з будаўнікамі, хацела запытацца ў іх, як яны адчуваюць сябе пасьля таго, як накіравалі тэхніку на асьвечаныя крыжы. Падышла да сіняга мікрааўтобуса, у ім знаходзіліся шасьцёра начальнікаў, у тым ліку й прараб будоўлі, зь якім я раней ня раз гаварыла. Ніхто не пажадаў назваць сваіх імёнаў і пасадаў.

— Калі скончыцца будаўніцтва на гэтым участку?

— Калі скончыцца, тады і ўбачыце.

— Чаго хаваецеся? Тэма галосная. Усе тэлеканалы паведамляюць.

— Ёсьць заказчык, тэлефануйце яму.

— А вы хто?

— А мы так проста прыехалі паглядзець, палюбавацца на прыроду.

— Вы ж маеце дачыненьне да будаўніцтва?

— Я тут выпадкова.

— Я колькі разоў да Вас з гэтым мікрафонам падыходзіла...

— Гэта нехта падобны.

— Дзяўчынка, не перашкаджайце. Тут працаваць трэба.

Тэма гучыць? Нічога не гучыць, усё ўжо прагучала...

— Калі людзі тут жывуць і сочаць за будаўніцтвам...

— Напэўна гэтым людзям тут цікава жыць.

— Ёсьць тут каму наглядаць. Ёсьць тут Інстытут гісторыі, спадар Іоў — ён адмыслова за гэтым назірае.

Ня мела посьпеху й спроба паразмаўляць з экскаватаршчыкамі.

БУДАЎНІК: Да нас расстрэльвалі, пасьля нас будуць расстрэльваць. Машына вось зламалася. Цётка, не перашкаджай працаваць.

Сяброўка КХП БНФ Вера Ціцянкова прыходзіць у Курапа-ты амаль штодня. Яна мяркуе, што трэба працягваць пільнаваць будаўніцтва.

ЦІЦЯНКОВА: Адно — насыпаць вал, а другое — яшчэ іншыя работы, каб яны не пайшлі далей, бо дарога ўжо пайшла... На жаль. Але пад наглядам міліцыі чаго толькі ня зробіш у гэтай дзяржаве. Калі мы сюды прыйшлі 21 верасьня, будаўнікі размаўлялі зусім інакш. Тады яны казалі, што не, на крыжы мы ня пойдзем, мы бачым, што тут ёсьць пахаваньні. А зараз яны нават ня хочуць размаўляць. Таму што ім няма чаго сказаць. Яны празь нешта пераступілі. Шкада, што так адбылося. Відаць, сам наш народ вінаваты, бо дзеці стаялі як маглі. Пакуль такі народ, так і будуць яны таптацца па костках.


13 лістапада 2001

ПРАЦЯГВАЮЦЦА СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ

Сёньня ў судзе Менскага раёну судзілі прэсавага сакратара КХП БНФ Валерыя Буйвала, намесьніка лідэра БНФ Вячаслава Сіўчыка і сябра арганізацыі «Зубар» Юрася Фабішэўскага.

Любоў Лунёва:

Судзьдзя Аляксандар Тачкар апытваў амонаўцаў, якія затрымлівалі Валерыя Буйвала На пытаньне: «Чаму вы хапалі людзей?» амонавец Яўген Зяневіч адказаў: мы людзі маленькія, нам загадалі — мы выканалі загад. Ці было правапарушэньне з боку ўдзельнікаў акцыі, амонаўцы адказаць ня здолелі. Яны спаслаліся на загад кіраўніцтва, якое прымусіла іх пісаць рапарты на затрыманых. Падчас перапынку ў слуханьнях Валеры Буйвал паведаміў Радыё Свабода:

— Ідзе савецкі суд — «самы гуманны суд у сьвеце». Але ўсе думкі, канечне, ня тут. Дзякуй за падтрымку ўсім, хто прыйшоў падтрымаць, дзякуй калегам-журналістам. Толькі думкі зараз у Курапатах. Трэба інфармаваць грамадзкасьць, трэба падымаць людзей, трэба паведамляць пра гэтую нашу нацыянальную трагедыю па ўсім сьвеце. Вось гэта — самая галоўная праблема.

Пасьля прагляду апэратыўнай відэастужкі Валеры Буйвал заявіў у судзе, што яна груба змантажаваная праваахоўчымі органамі. Судзьдзя перанес далейшы разгляд справы на заўтра, бо вырашыў апытаць у якасьці сьведкі маёра Iгара Зяневіча, які кіраваў разгонам людзей у Курапатах.

Наступным судзілі Вячаслава Сіўчыка. На суд прыйшоў апэратар расейскай тэлекампаніі TV6 Уладзімер Андронаў Ён прынес відэасюжэт пра Курапаты ад 9 лістапада, які трансьляваўся ў той дзень у вечаровым выпуску навінаў. Такім чынам, у судзе зьявілася дзьве відэавэрсіі падзеяў таго дня. Далейшы разгляд справы Вячаслава Сіўчыка перанесены на заўтра.


14 лістапада 2001

МЕНСКІ РАЁННЫ СУД АПРАЎДАЎ ВЯЧАСЛАВА СІЎЧЫКА

Суд Менскага раёну апраўдаў намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка. Астатніх затрыманых караюць штрафамі й арыштамі.

Любоў Лунёва:

Сёньня пасьля трохдзённага разьбіральніцтва судзьдзя Аляксандар Тачкар спыніў адміністрацыйную справу на Вячаслава Сіўчыка. Падставай для апраўданьня сталіся дзьве відэастужкі. Першую перадалі ў суд супрацоўнікі праваахоўчых органаў, другую — апэратар расейскага тэлеканалу TV6 Уладзімер Андронаў. Відэастужкі абверглі сьведчаньне начальніка Бараўлянскай міліцыі Генадзя Васілеўскага. Раней судзьдзя Генадзь Руноў, грунтуючыся на сьведчаньнях менавіта гэтага міліцыянта, пакараў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца дзесяцьцю, а Хведара Жывалеўскага — сямю суткамі арышту.

Вячаслаў Сіўчык мае намер прыцягнуць да адказнасьці маёра Васілеўскага за ілжывыя сьведчаньні ў судзе.

СІЎЧЫК: Менавіта са сьведчаньняў спадара Васілеўскага вынікае, што я зьдзейсьніў правапарушэньне паводле 167 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу. Мяне абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Васілеўскі дадаў сьпіс з 11 чалавек і казаў, што іхныя прозьвішчы былі высьветленыя ў РАУСе. Таму я лічу, што трэба падаваць скаргі на рашэньні судоў і на дзеяньні маёра Васілеўскага, які нахабна хлусіў у судзе. Я буду намагацца прыцягнуць да адказнасьці спадара Васілеўскага. Тым больш, што менавіта пасьля ягонага «бліскучага» выступу ў судзе Павал Севярынец атрымаў 10 сутак арышту.

Цімох Сугака зь Беларускай Партыі Свабоды за абарону Курапатаў пакараны штрафам 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 000 рублёў).

СУГАКА: Я працаваў спачатку на будаўнічым рынку ва Ўруччы, а потым і ў Ждановічах. Калі начальства даведалася пра тое, што я бараніў Курапаты, мяне звольнілі. Цяпер вось далі 20 мінімалак. Цікава, што раней Хведару Жывалеўскаму далі 7 сутак арышту, а мы ж былі затрыманыя разам за тое, што стаялі на каленях. Невядома, чаму суд вырашыў даць мне больш мяккае пакараньне. У мяне няма такіх грошай. Спадзяюся, што мне дапамогуць.

А ў справе Валерыя Буйвала прысуд яшчэ не абвешчаны. Заўтра цягам дня ў двух судах — Савецкім гарадзкім і Менскім раённым — будуць судзіць 12 затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Гэта юнакі й дзяўчаты з Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і руху «Зубар».


14 лістапада 2001

АРХЕОЛЯГІ ВЫСТУПІЛІ З ЗАЯВАЙ

Археолягі, што назіраюць за будоўляй, мяркуюць, што пахаваньням пакуль нічога не пагражае. Але іх непакоіць, што цяпер у Курапатах улады шукаюць «нямецкі сьлед» і не рассакрэчваюць вынікаў сьледзтва 1997–99 гадоў З гэтай нагоды яны й выступілі з адмысловай заявай.

Ганна Соусь:

У Курапатах сёньня экскаватары працавалі на пагорку. Гэтым займаліся будаўнічыя брыгады зь Берасьця. Магілёўскія рабочыя каля лягеру валанцёраў рабілі шурфы, бо хутка тут пачнуць будаваць падземны пераход. Некаторыя будаўнікі прапаноўвалі валанцёрам сваю дапамогу, казалі, што могуць выкапаць яміны для крыжоў, якія тут будуць усталёўваць у суботу й нядзелю.

Раніцай за працай будаўнікоў сачыў археоляг Віктар Кудрашоў з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Мне не давялося сустрэцца зь ім, але пра вынікі ягонага назіраньня мне распавёў старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Алег Іоў.

ІОЎ: Зараз экскаватар акуратна здымае верхні слой глебы, недзе 20–25 сантымэтраў па адхоне — дзе Курапацкі ўзгорак. Паводле словаў Кудрашова, калі б там былі магілы, яны былі б бачныя. Але нічога няма, там пясок, жвір. Ён размаўляў сёньня з прарабам, і той сказаў, што яны будуць дасыпаць дарогу на 70 сантымэтраў і ня будуць кранаць Курапацкага ўзгорку. Мы сочым ня толькі за тым, каб не было магілаў, але й каб бульдозэры не заяжджалі за межы тычак.

Я запыталася ў Алега Іова, навошта было праводзіць месяц таму ў Курапатах дадатковыя археалягічныя раскопкі, калі было вядома, што за 15–20 мэтраў ад дарогі няма пахаваньняў? Тым больш, што менавіта на высновы навукоўцаў з Інстытуту гісторыі й спасылаліся міліцыянты, калі тыдзень таму ўжылі сілу супраць абаронцаў Курапатаў Спадар Іоў адказаў гэтак:

— Паводле нашай дамовы зь «Белгіпрадорам» раскопак не павінна было быць. І гэтыя раскопкі я праводзіў менавіта на просьбу Маладога Фронту й грамадзкай ініцыятывы. Сам я не хацеў раскопак весьці. Я проста казаў, што, відаць, там нічога няма, на 90 адсоткаў.

Дагэтуль у Курапатах застаюцца амонаўцы. Гаворыць сябар Беларускай Партыі Свабоды Алесь Гетман:

— Дзьве машыны АМОНу тут знаходзяцца. Нармальна да нас ставяцца, размаўляем зь імі. Супраць нас нічога ня маюць. Яны тут выступаюць як ахова будаўнікоў. Ад нас ахова.

Валанцёры пільнуюць будоўлю, і ўжо дасягнулі пэўных вынікаў. Прыкладам, яны не дазволілі будаўнікам перанесьці тычкі з 22 на 26 мэтраў ад восі дарогі. Cёньня ж будаўнікі пагадзіліся перанесьці ў іншае месца аўтобусны прыпынак, які, паводле пляну, мусіў знаходзіцца побач зь лясным масiвам. Распавядае Аляксей Капэлян:

— Сёньня рабочы інжынэрнай службы сказаў, што нам прасьцей перанесьці прыпынак на 5 мэтраў, чым валіць гэтыя дрэвы й спрачацца з вамі. Ён таксама прагаварыўся: сказаў, што той плян, паводле якога яны будуюць дарогу, — стары і ўжо адменены, і праекту на гэтую дарогу ўвогуле не існуе.

Нагляд за будоўляй валанцёраў і археолягаў будзе весьціся штодня. Да таго ж археолягі, удзельнікі працы ўрадавых камісіяў у справе Курапатаў 1988 і 1993 гадоў выступілі з заявай, у якой выказваюць занепакоенасьць апошнімі выступамі дзяржаўных СМІ на гэтую тэму. У гэтых артыкулах актыўна навязваецца грамадзтву думка пра тое, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры фашыстоўскіх расстрэлаў другой усясьветнай вайны, і пры гэтым замоўчваецца афіцыйная выснова ўрадавай камісіі 1988 году аб Курапатах як месцы масавага зьнішчэньня людзей органамі НКВД. Да таго ж засакрэчаныя вынікі сьледзтва 1997—99 гадоў.

Археолягі заклікаюць усіх зацікаўленых асобаў узяць удзел у выпрацоўцы і абмеркаваньні праекту стварэньня Народнага мэмарыялу памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Курапатах. Гэтую заяву падпісалі археолягі Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў, Андрэй Мяцельскі, Валянціна Вяргей, Лявон Калядзінскі, Міхась Чарняўскі, Віктар Кудрашоў і Аляксандар Мядзьведзеў.


15 лістапада 2001

МАСТАКІ ПРАДАЮЦЬ ТВОРЫ, КАБ ЗБУДАВАЦЬ МЭМАРЫЯЛ У КУРАПАТАХ

У Менску адкрываецца дабрачынная мастацкая выстава-продаж, сродкі ад якой пойдуць на будаўніцтва мэмарыялу ў Курапатах. Паводле арганізатараў, сярод якіх культурніцкая камісія БНФ і гарадзкая арганізацыя ТБМ, гэта акцыя не палітычная.

Ягор Маёрчык:

Выстава-продаж распачынае працу ў менскай галерэі «Золата». Цягам тыдня тут можна будзе набыць 18 новых твораў жывапісу, графікі й скульптуры вядомых беларускіх мастакоў Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Сяргея Цімохава, Пётры Русака і Юрыя Хілька. Адзін з арганізатараў выставы мастак Генадзь Драздоў кажа, што ў гэтай акцыі некалькі мэтаў:

— Па-першае, зрабіць такую камэрцыйную выставу, каб назьбіраць сродкаў для пабудовы мэмарыялу. І, па-другое, гэта запусьціць інфармацыйную хвалю, каб яшчэ раз нагадаць людзям, што ёсьць праблема ў Курапатах. Паколькі дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі, якія могуць гаварыць наўпрост, абмежаваныя і кантакт з шырокімі коламі таксама абмежаваны — гэта адзін са шляхоў, каб прыйсьці да людзей.

Учора грамадзкая ініцыятыва «Моладзь у абарону Курапатаў» абвесьціла конкурс найлепшага праекту мэмарыялу. У журы ўвайшлі мастакі, скульптары і палітыкі. Вызначэньне найлепшага праекту адбудзецца пасьля конкурсу эскізаў.


15 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ Ў КУРАПАТАХ ПЕРАСТУПІЛІ ПРАЗ 22-МЭТРОВУЮ МЯЖУ

Яны парушылі ранейшую дамоўленасьць пра тое, што працы будуць весьціся не далей, чым за 22 мэтры ад дарогі.

Ганна Соусь:

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў адзін з пабудаваных участкаў Менскай кальцавой дарогі. У Курапаты, найбольш праблемную для ўладаў будоўлю, ён не прыехаў. Лукашэнка заявіў, што рэканструкцыя дарогі мусіць завершыцца ўжо ў наступным годзе, і зьвярнуўся да кіраўнікоў Менску й Менскай вобласьці Міхаіла Паўлава й Мікалая Дамашкевіча: «Вы не павінны расьцягваць будоўлі!»

Будаўнічыя работы ў Курапатах ідуць шпарка. Сёньня тут напалову прысыпалі жвіром крыжы, якія былі ўсталяваныя за 22 мэтры ад дарогі, і зьяўляліся, так бы мовіць, мяжой, за якой нельга весьці будаўнічыя работы На тэрыторыі ляснога масiву ўвесь дзень стаяла машына з амонаўцамі. Гэтым быў вельмі абураны сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо, ён нават спрабаваў прагнаць міліцыянтаў.

ЮХО: Заехаў АМОН на машыне ў мэмарыяльную зону. А гэтага нельга. Яны кажуць, што быў вусны загад, каб іхная спэцмашына стаяла каля лягеру.

Побач зь лягерам цяпер АМОН раённай міліцыі, а з другога боку дарогі — гарадзкі. Раённыя амонаўцы маюць неблагія дачыненьні з валанцёрамі. Часам кавы разам вып’юць, потым распачнуць дыскусію пра Курапаты. Валанцёры спрабуюць паўплываць на сьвядомасьць гэтых людзей.

Сёньня на Курапацкім пагорку земляныя работы не вяліся, будаўнікі здымалі асфальт. Раніцай тут пабываў археоляг Алег Іоў.

ІОЎ: Учора яны зьнялі 40 мэтраў з правага боку дарогі, сёньня я думаў, што будуць здымаць астатнія, а яны ніякіх земляных працаў не праводзяць. Толькі на тым баку здымаюць дзірван, але не з узвышша, а з плоскай мясцовасьці. Большасьць пахаваньняў — на ўзвышшы. І калі яны здымаюць дзірван і ёсьць магіла, то адразу будзе бачная такая чорная пляма памерам ад 2 да 4 мэтраў. Будуць бачныя рэчы... Тады адразу трэба спыняць будаўніцтва.

Паводле Алега Іова, археолягі будуць наглядаць за будаўніцтвам да 31 сьнежня, менавіта да гэтага тэрміну мусяць скончыцца земляныя працы на ўчастку ля Курапатаў. Але назіраньне можа працягнуцца й далей.

ІОЎ: Аднавіць нагляд можна будзе, калі тут будуць парадкаваць тэрыторыю — пракладваць дарожкі, рабіць сьценку, нейкія дэкаратыўныя прылады, крыжы, надпісы «Курапаты», шыльды...

Ужо 53 дні ў Курапатах кругласутачна дзяжураць сябры маладзёвых арганізацыяў. З кожным днём халаднее, і ахоўваць Курапаты становіцца ўсё цяжэй. Гаворыць валанцёр Глеб Вязоўскі:

— Мы зьвяртаемся да грамадзкасьці з просьбай усталёўваць крыжы на месцы зьнесеных, а таксама па ўсім урочышчы. Мы зьвяртаемся да людзей, каб яны прыходзілі сюды, каб дапамаглі нам, хто чым можа. У суботу а першай гадзіне тут будзе набажэнства, а ў тры пачнецца набажэнства ў нядзелю. Хай людзі прыходзяць, дапамагаюць. Гэта трэба нам усім. Людзі тут ужо стаміліся, некаторыя па тыдню сядзяць...

Глеб кажа, што валанцёры будуць заставацца ў Курапатах, пакуль тут ня скончацца будаўнічыя работы.


15 лістапада 2001

СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ ПЕРАНЕСЬЛІ НА ЗАЎТРА

У Савецкім судзе Менску думалі судзіць дванаццаць затрыманых абаронцаў Курапатаў. Але разгляд перанесьлі на заўтра, бо не было сьведкаў ад міліцыі.

Любоў Лунёва:

Ва ўправе ўнутраных справаў Савецкага раёну судзьдзям патлумачылі, што ўвесь асабовы склад міліцыі нясе службу на Камароўскім рынку. Туды сёньня наведваўся Аляксандар Лукашэнка. Супрацоўнікі міліцыі зранку ачапілі рынак і прылеглыя да яго вуліцы.

У другой палове дня некаторыя міліцыянты прыйшлі ў суд, але гэтага было недастаткова для разьбіральніцтва. Гэта ня першы выпадак, калі суды адкладаюць, бо няма сьведкаў з боку міліцыі.


16 лістапада 2001

ЧАСОПІС «ECONOMIST» ПРА КУРАПАТЫ

«Храбусьценьне касьцей» – артыкул пад такой назвай, прысьвечаны Беларусі, друкуе часопіс «Economist». У ім гаворыцца ня толькі пра пабудову кальцавой дарогі на месцы масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага тэрору ў Курапатах, але і пра сучасную палітычную сытуацыю ў краіне.

Кастусь Бандарук, Прага:

Сучаснасьць у Беларусі змрочная. З часу, як уладарны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ў верасьні быў пераабраны на другі тэрмін у выніку сфальшаваных выбараў, – піша «Economist», — без эфэктыўнай апазыцыі ў самой краіне і за мяжою, таксама дрэнна выглядае і будучыня. Больш за тое, цяпер нават мінуўшчына праблематычная. Дамарослая філязофія Лукашэнкі – сумесь параноі, русафіліі і савецкай настальгіі, не пакідае нават месца памяці аб масавых забойствах часоў Сталіна ў 1937—41-м гадах, у выніку якіх была зьнішчаная беларуская эліта і пракладзены шлях да пасьлеваеннай русiфікацыі краіны Зараз у Курапатах непадалёк ад Менску ўлады будуюць дарогу па найбольш вядомых магілах тых жахлівых гадоў. Беларускія дысыдэнты знайшлі гэтыя магілы ў 1988 годзе. Яны лічаць, што там пахаваныя як мінімум 250 тысячаў ахвяраў савецкага тэрору. Беларускія ўлады называюць лічбу «ўсяго» некалькі тысячаў і кажуць, што гэта ахвяры нацыстаў. Сем тыдняў таму пачаліся пратэсты невялікіх групаў людзей, у якасьці галоўнага аргумэнту ўлады ўжылі бульдозэры і АМОН.


16 лістапада 2001

У КУРАПАТАХ ЗАСЫПАЮЦЬ ПЯСКОМ КРЫЖЫ

Усталяваныя ўздоўж дарогі крыжы будаўнікі ўсё больш засыпаюць пяском.

Ганна Соусь:

Сёньня за некалькі гадзінаў я налічыла ля ўрочышча каля 20 самазвалаў зь пяском. Будаўнікі падвышаюць узровень дарогі, пры гэтым прысыпаюць пяском крыжы. Як распавёў мне сёньня адзін з майстроў будоўлі, хутка давядзецца прыбіраць усе крыжы, што ўсталяваныя на адлегласьці 22 мэтры ад восі дарогі. За тым, як сёньня засыпалі пяском крыжы, назірала пэнсіянэрка спадарыня Вольга.

ВОЛЬГА: Гэта — жах. Нармальны чалавек гэта ўсё ня можа вытрымаць. І галоўнае, што гэта ўсё непрадумана. Паставілі, засыпалі, крыжы гэтыя зьнялі. А далей што?

Да таго ж будаўнікі сёньня павалілі колькі крыжоў (адзін >зь іх мэталічны), якія былі ўсталяваныя з другога боку дарогі за Курапацкім узвышшам. >Археоляг Алег Іоў сёньня назіраў за тым, як працаваў экскаватар на пагорку.

ІОЎ: Але ён профіль ня робіць, а здымае ў ніжняй частцы дзірван на 20 сантымэтраў. Я тут з раніцы. Рэшткаў пахаваньняў тут няма. Цяпер экскаватар паехаў далей, на самы канец, далей ад пахаваньняў, таму там, канечне, нічога ня будзе. Падагналі машыну, якая будзе здымаць асфальт.

Алег Іоў наступным чынам патлумачыў, чаму будаўнікі прысыпаюць пяском крыжы:

— Яны, канечне, не павінныя заходзіць за гэтыя тычкі, таму сантымэтар сюды, сантымэтар туды. МАЗ ня так высыпле гэты пясок, і калі яго трамбуюць, ён трошкі рассыпаецца. Але ж я бачу, што яны тут занадта заходзяць.

За будаўніцтвам працягваюць сачыць і валанцёры. Мінулай ноччу тут было 11 чалавек. Увесь час дзьме вельмі моцны вецер, і нават вайсковы намёт ледзь вытрымлівае. Але валанцёры сыходзіць не зьбіраюцца. Гавораць Люда Паклонская з «Маладых сацыял-дэмакратаў» і Аляксей Капэлян.

ЛЮДА: Сьнег увечары. А тут цёпла. Увесь час распальвалі печку. Да Новага году пасядзім...

АЛЯКСЕЙ: Канечне, каб тут зьбіралася больш народу, было б лепей. У нас няроўныя сілы зь імі змагацца. Вось каб сабралася 400, 500 чалавек — іншая справа. Яны б глядзелі на гэта інакш. Але пратрымаемся й кантраляваць іхную работу будзем.


17 лістапада 2001

АБАРОНЦЫ ЗЬВЯРТАЮЦЦА ПА ДАПАМОГУ ДА ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Яны працягваюць варту ў вельмі цяжкіх умовах. Аднак, нягледзячы на холад і хваробы, не зьбіраюцца пакідаць Курапаты.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня будаўнічыя работы пачаліся а палове дзявятай раніцы. Больш дзясятка самазвалаў, бульдозэраў і экскаватараў пад аховай амонаўцаў павялічвалі насып дарогі. Побач, у вайсковым намёце й каля вогнішча знаходзіліся 12 валанцёраў зь Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар», Маладога Фронту й арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты», якія ўсю мінулую марозную ноч правялі ў Курапатах.

Пра тое, як прайшла ноч, распавядае старшы лягеру валанцёраў Алесь Гетман, які ўчора прыехаў ва ўрочышча з суду, дзе быў аштрафаваны на 10 мінімальных заробкаў за абарону мэмарыялу 9 лістапада:

— Адзінае дрэнна, што пачалі людзі хварэць, і народ, я так бачу, пачынае трохі сьціхаць. Курапацкі сындром супрацьстаяньня народу і ўладаў сьціхае.

Днямі маладзёвы курапацкі аргкамітэт абвесьціў конкурс на стварэньне ва ўрочышчы помніка ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў Да канца году валанцёры зьбіраюцца ўсталяваць у Курапатах праваслаўную й каталіцкую каплічкі, а таксама памятны знак у гонар закатаваных там габрэяў. Алесь Гетман праз Радыё Свабода зьвярнуўся да слухачоў з наступнымі словамі:

— Мы зьвяртаемся да арганізацыяў, да Чырвонага Крыжа з просьбай дапамагчы цёплымі рэчамі. Таму што людзі прыходзяць ва ўсім чыстым, і гэта ўсё брудзіцца. Я ведаю, што многія могуць дапамагчы – коўдрамі ці спальнікамі. Бо становіцца ўжо вельмі халодна.

Сёньня ж у Курапатах адбыўся малебен за душы палеглых там людзей, а таксама за здароўе абаронцаў мэмарыялу, які адправіў айцец Леанід Акаловіч. У набажэнстве ўдзельнічала каля 20 чалавек. Пасьля сябры КХП БНФ і валанцёры ўсталявалі ва ўрочышчы 4 крыжы, што былі паваленыя бульдозэрамі некалькі дзён таму. Міліцыянты абаронцам не перашкаджалі. Аднак, калі ва ўрочышчы зьявілася здымачная група расейскага тэлеканалу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета, у Курапаты прыехалі тры дадатковыя міліцэйскія машыны. Цягам сёньняшняга й заўтрашняга дня група Паўла Шарамета будзе здымаць тут сюжэты для дакумэнтальнага фільму пра распад СССР і жыцьцё ў цяперашняй Беларусі.


18 лістапада 2001

ВА ЎРОЧЫШЧЫ ПРАЦАВАЛА ЗДЫМАЧНАЯ ГРУПА ПАЎЛА ШАРАМЕТА

Будаўнікі парушаюць раней дасягнутыя дамоўленасьці. Сёньня раніцай яны пачалі высякаць лес.

Альгерд Невяроўскі:

Будаўнікі пачалі высякаць дрэвы з боку мікрараёну Зялёны Луг а 8-й гадзіне раніцы, калі ў лягеры валанцёраў знаходзілася ўсяго некалькі чалавек. Астатнія абаронцы, што правялі там мінулую ноч, паехалі адпачываць дахаты. Будаўнікі рэзалі дрэвы бэнзапіламі і адмаўляліся тлумачыць, дзеля чаго яны гэта робяць. Аднак, група валанцёраў на чале зь лідэрам Партыі Свабоды Сержуком Высоцкім патрабавала ад начальніка будаўніцтва гэтага ўчастку спадара Задарожнага тлумачэньняў. Урэшце начальнік адказаў, што яны, маўляў, чысьцяць месца для пракладкі новага вадаправоду ад возера Цна ў Зялёны Луг.

Пры гэтым спадар Задарожны заявіў, што ні пра якія дамоўленасьці з грамадзкасьцю ён ня чуў і выконваць іх не зьбіраецца. Гаворыць Сяргей Высоцкі:

— Будаўнікам абазначылі новую мяжу высечкі, і сёньня яны паглыбіліся далей у лясны масiў. Як вядома, пахаваньні тут з абодвух бакоў – і з правага, і зь левага. Вось сёньня яны ўлезьлі ў левы бок.

Неўзабаве ў Курапаты прыехалі супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч ды іншыя грамадзкія назіральнікі. Пачалі разьбірацца, хто дазволіў высякаць прыдарожныя дрэвы. Начальнік участку прызнаўся, што ніякага праекту ў яго няма, аднак спыняць работы ён ня будзе, маўляў, можаце скардзіцца начальству, якое зьявіцца на аб’екце заўтра. Пры гэтым да назіральнікаў падышоў падпалкоўнік, камандзір роты АМОНу й заявіў:

— Вы маеце паўнамоцтвы... а я маю паўнамоцтвы забясьпечыць ахову работам. Калі трэба будзе, я прывяду сюды яшчэ два ўзводы, але працу забясьпечу.

Тым ня менш, высечка лесу была спыненая. Сёньня ў Курапатах працавала здымачная група расейскага тэлеканалу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета, якая здымае фільм, прысьвечаны 10-м угодкам распаду СССР. На думку спадара Шарамета, улады ў Беларусі зусім не зьмяніліся, і пра гэта трэба пастаянна нагадваць сьвету. Гаворыць Павал Шарамет:

— Мы вырашылі зьняць тое, што зараз адбываецца ў Курапатах, бо трэба фіксаваць усё грамадзка значнае, што цяпер адбываецца ў Беларусі. З аднаго боку, вандалізм у Курапатах — гэта чарговае злачынства рэжыму, а з другога — тое, што людзі спрабуюць абараніць магілы, сьведчыць, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі існуе.

Сёньня ж у Курапатах адбыўся малебен, у якім брала ўдзел каля 50 чалавек, а мінулай ноччу валанцёры ўсталявалі яшчэ 8 новых крыжоў.


19 лістапада 2001

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПАТРАБУЕ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ

Сёньня ўвечары прайшла сустрэча актывістаў грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» з прадстаўнікамі дзяржаўных установаў.

Альгерд Невяроўскі:

Актывісты ініцыятывы ладзілі гэтую сустрэчу для таго, каб вырашыць з уладамі пытаньні аховы гістарычнага помніка, якім ёсьць Курапаты. Першапачаткова плянавалася, што сустрэча адбудзецца ў канфэрэнц-залі гатэлю «Юбілейны». Гаворыць арганізатарка сустрэчы Ірына Жыхар:

— Сёньня да нас быў званок зь «Белінтурысту». Паведамілі пра тое, што на Машэрава, 19 прарвала трубы й сустрэчу праводзіць немагчыма.

Сябры ініцыятывы таксама зьвярталіся ў Фэдэрацыю прафсаюзаў з просьбай даць памяшканьне, але безвынікова. Сустрэчу правялі ў рэдакцыі газэты «Рабочы», і на яе не прыйшла большасьць запрошаных дзяржаўных чыноўнікаў. Аднак нават тыя, што прыйшлі – аўтар праекту пашырэньня дарогі Мікалай Крэчэтнікаў з установы «Белгіпрадор» і дырэктар інстытуту «Менскград» Аляксандар Калантай – распавялі шмат цікавага. Гаворыць Мікалай Крэчэтнікаў:

— Праектаваньне, будаўніцтва й рэканструкцыя кальцавой дарогі адбываецца ў паскораным тэмпе, хутчэй за прадугледжаныя тэрміны. Нас паставілі ва ўмовы, што мы павінны запраектаваць рэканструкцыю дарогі і яе пабудаваць за адзін год. Да лістапада наступнага году кальцавая дарога павінна быць пабудаваная. Адпаведна праектная дакумэнтацыя мусіць быць распрацаваная да сьнежня сёлета. Праектная дакумэнтацыя будзе выпрацоўвацца паралельна з будаўніцтвам дарогі.

Ня дзіва, што непасрэдна ў часе будаўніцтва ў папярэдні праект уносяцца розныя зьмены, кшталту пракладкі вадаправоду ды іншых камунікацыяў, і дзеля гэтага рабочыя праводзяць несанкцыяваную высечку лесу ў Курапатах ды іншыя працы.

Праўда, аўтар праекту спадар Крэчэтнікаў, а таксама прадстаўнікі арганізацыі «Магістральаўтадор» запэўнівалі прадстаўнікоў грамадзкасьці, што добраўпарадкуюць тэрыторыю Курапатаў, зробяць на дарозе падпорныя сьценкі і могуць за кошт дзяржавы абгарадзіць урочышча.

Але чыноўнікі раілі не сьпяшацца з пабудовай агароджы й выпрацаваць яе добры праект. Дырэктар дзяржаўнага інстытуту «Менскград» Аляксандар Калантай нават прапанаваў грамадзкасьці выпрацаваць свой праект мэмарыялу ў Курапатах і даць яго на разгляд нечарговай навуковай рады ягонай установы, якая можа адбыцца ўжо ў наступную сераду. Грамадзкая ініцыятыва падтрымала гэтую прапанову. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

Загрузка...