— Пасьля ўчорашняй навальніцы на полі набралася шмат вады. Зараз яна ўся цячэ сюды, да намёту. Думаю, што сёньня будзем поўны дзень змагацца з вадой — адводзіць яе кудысьці, ці ў лес, ці да трубы. А зараз з поля рака шырынёй два мэтры неўзабаве прыцячэ да нас.

У намёце чыста прыбрана, акенцы ўпрыгожаныя штучнымі кветкамі. Гэта Люда Паклонская апошнімі днямі займалася ўладкаваньнем.

ЛЮДА: Я ў Курапатах начую трэцюю ці чацьвертую ноч. Тут даволі складана, я зараз проста хварэю. Гэта ня тое што хатнія ўмовы — тут ані нармалёвай вады, ані памыцца хлопцам, нічога...

— А як бацькі ставяцца да таго, што Вы тут?

— Мая маці ня супраць. Аднойчы яна сказала, што калі б ёй было дваццаць гадоў, яна таксама знаходзілася б тут, разам з намі. Яна ведае, што мы не дарэмна тут знаходзімся й змагаемся.

Алесь Гетман прапаноўвае мне каву зь вялікага тэрмасу. Гэта адзін з падарункаў, што надоечы прынес у Курапаты старшыня Беларускага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы.

ГЕТМАН: Ён прывез лекі, харчы, расьцяжку вельмі цікавую, пастанову Ўсебеларускага зьезду. Абяцаў дапамагчы нам вопраткай і новым намётам. Бо наш сёньняшняй ноччу цалкам працёк.

Алесь Гетман кажа, што дапамога вопраткай і абуткам будзе вельмі своечасовай. Многія валанцёры знасілі ў Курапатах па чатыры-пяць параў ботаў, ня кажучы ўжо пра вопратку.

Калі я сыходзіла з Курапатаў, хлопцы разварочвалі расьцяжку, што прывез Генадзь Грушавы. На белым фоне чырвонымі літарамі напісана: «З нашай дзяржавай гавораць стагодзьдзі! Не давай сабе загінуць, народзе!»


1 сакавіка 2002

У ПРАЕКТУ РЭКАНСТРУКЦЫІ ДАРОГІ КАЛЯ КУРАПАТАЎ НОВЫ НАВУКОВЫ КІРАЎНІК

Ім стала дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага архітэктарка Мая Кляшторная.

Ганна Соусь:

Гэтае рашэньне было прынятае на паседжаньні ў Дэпартамэнце аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэсмесьнік дырэктара Дэпартамэнту Ігар Чарняўскі:

— Замена навуковага кіраўніка была праведзеная з прапановы цяперашняга падрадчыка прадпрыемства «Магістральаўтадор» і з ініцыятывы Менскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ведаючы, што Мая Тодараўна на грамадзкіх асновах вельмі многа ўвагі надае ўрочышчу Курапаты і фактычна вырашае многія пытаньні, напрыклад, у справе ліўневай каналізацыі, мы прынялі рашэньне аб замене навуковага кіраўніка.

Папярэдні навуковы кіраўнік праекту архітэктар Мікалай Емяльянаў, як сьцьвярджаюць прадстаўнікі «Магістральаўтадору», фактычна ня браў удзелу ні ў распрацоўцы праекту, ні ў назіраньні за яго ажыцьцяўленьнем. Тады як Мая Кляшторная вырашала ўсе спрэчныя пытаньні паміж заказчыкам і грамадзкасьцю.

Мая Кляшторная — архітэктарка паводле адукацыі, у 1959 годзе закончыла Менскі архітэктурны тэхнікум, потым вучылася ў Маскоўскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце і Ўсесаюзным завочным інжынэрным інстытуце. Больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў арганізацыі «Белпрампраект» у аддзеле генэральнага плянаваньня, дзе займалася пытаньнямі горадабудаўніцтва.

Яе лёс шчыльна зьвязаны з Курапатамі. Хутчэй за ўсё, ва ўрочышчы быў расстраляны ейны бацька — беларускі паэт Тодар Кляшторны. Да таго ж спадарыня Мая сама — былы вязень ГУЛАГу, узначальвае зараз Мартыралёг Беларусі. На сваё прызначэньне Мая Кляшторная адрэагавала наступным чынам:

— Я ніколі не хацела, каб мая праца была адзначаная нейкімі пасадамі, але ж буду працягваць тое, што й рабіла раней. Нам трэба канчаткова вырашыць пытаньне пра межы ўрочышча. Сёньня ў мяне якраз павінна быць сустрэча наконт статусу гэтай зямлі. Калі сёньня ня прыйдзем да нечага пэўнага, я пайду да Паўлава і буду ўжо весьці размову аб тым, што Курапаты павінны ўваходзіць у межы гораду. І потым трэба распрацаваць праект ахоўнай зоны, яго таксама няма. Мы ня ведаем, якія нормы павінны быць, прыкладам, адлегласьць ад урочышча да плянаваных аўтастаянак ды іншых аб’ектаў. Гэта ўсё ўжо трэба разглядаць разам з ахоўнай зонай.

Мая Кляшторная кажа, што за гэтую працу ёй ня трэба ніякай платы, а калі яна й будзе, то пойдзе на карысьць мэмарыялізацыі Курапатаў.


1 сакавіка 2002

ПАЧАЎСЯ СУД НАД АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ

У Менскім раённым судзе разглядалася адміністрацыйная справа Ўладзімера Плотнікава ў зьвязку з падзеямі ў Курапатах 9 лістапада.

Любоў Лунёва:

Сёньня ў суд разам з Уладзімерам Плотнікавым прыйшлі некалькі чалавек, якія летась абаранялі крыжы ў Курапатах. Тады 9 лістапада Ўладзімера Плотнікава затрымалі ў жывым ланцугу. Судзьдзя аштрафаваў Уладзімера на 150 мінімальных заробкаў завочна. Абласны суд скасаваў гэтую пастанову як незаконную. Цяпер у судзе будуць апытваць спадара Плотнікава, міліцыянтаў і сьведкаў. Адвакат Вера Страмкоўская напачатку паседжаньня хадайнічала, каб справу спынілі, бо скончыўся тэрмін Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, прыцягнуць чалавека да адказнасьці можна толькі на працягу двух месяцаў. Але судзьдзя абвесьціў, што справу трэба разгледзець, каб высьветліць, ці было правапарушэньне. Гаворыць Уладзімер Плотнікаў:

— Мяне абурыла, што калі я пачаў казаць па-беларуску, дык судзьдзя адразу пачаў перакладаць усё сакратарцы. Сам я нарадзіўся ва Ўсурыйску Прыморскага краю. Я расеец, але мяне абражае, як абыходзяцца зь беларускай мовай на яе роднай беларускай зямлі.

13 сакавіка судзьдзя Зьмiцер Грыцэль апытае ўсіх сьведкаў і вынесе пастанову.


2 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРАЎ У ЛЯГЕРЫ СТАЛА БОЛЬШ

Сяржук Высоцкі гаворыць, што з надыходам вясны ў абаронцаў адкрылася «другое дыханьне».

Альгерд Невяроўскі:

Над лягерам па-ранейшаму лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Сёньняшняй ноччу там знаходзіліся дзевяць валанцёраў. Раніцай многія зь іх разьехаліся па сваіх справах, а ў лягер прыйшлі тры актывісты Маладога Фронту, якія нарыхтоўвалі дровы. Гаворыць Алег Корбан:

— Сёньня мы з Маладога Фронту дапамагаем у дзяжурстве й абароне Курапатаў. Трэскі тут нарыхтоўваем і пілуем дровы. А яшчэ сёньня выпускаюць з турмы Васю, і мы яго сустрэнем.

18-гадовы Васіль Парфянкоў — асоба ў курапацкім лягеры вядомая й паважаная. Ён абараняе Курапаты амаль зь першых дзён. За ўдзел у маладзёвай акцыі «Беларусь — у Эўропу!» 14 лютага суд пакараў Васіля 10 суткамі арышту. Сёньня многія абаронцы паехалі да спэцпрыёмніка сустракаць спадара Парфянкова.

Валанцёры Антон Шкурынскі й Алег Гнедчык гавораць, што цяпер жыхарам лягеру стала лягчэй, бо ёсьць харчы й дровы, а таксама фактычна скончылася эпідэмія грыпу. Сёньня ў лягер прыйшоў і адзін зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Ужо пераадолены той крызыс, пра які казалі.

Псыхалягічны, эмацыйны. Больш людзей сюды прыходзіць, больш людзей начуе. Курапацкая варта зараз знаходзіцца на моцнай хвалі.

— А, што, на вашую думку, надало другое дыханьне гэтаму чыну?

— Перамога — і гэта ўжо стала зразумела самім курапацкім абаронцам. Прыйшла вясна, а вясна — гэта наш беларускі час. Вясной мы абвяшчалі незалежнасьць, я маю на ўвазе ўгодкі БНР. Вясной адбывалася вельмі шмат падзеяў, важных для краіны. І гэта адчуваецца — аўра пераможцаў вітае над абаронцамі Курапатаў, і гэтага нельга не заўважыць.


3 сакавіка 2002

У ГРАМАДЗКУЮ КАМІСІЮ ПАСТУПІЛА КАЛЯ 30 ПРАПАНОВАЎ

Але, на думку Ірыны Жыхар, сярод іх няшмат цікавых і арыгінальных.

Альгерд Невяроўскі:

Камісія ў справе мэмарыялізацыі пры грамадзкіх ініцыятывах «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і «Моладзь у абарону Курапатаў» абвясьціла конкурс 19 лютага, і за гэты час у камісію паступіла каля 30 прапановаў. Свае праекты даслалі асобныя грамадзяне са Смургоняў, Віцебску, Менску, аднак камісія пакуль вылучыла толькі адну істотную прапанову, аўтар якой — менскі гісторык Нэлі Герасімава. Гаворыць сакратарка камісіі Ірына Жыхар:

— Яна як гісторык лічыць, што ў Курапатах трэба зрабіць перазахаваньні. Бо нельга месцы расстрэлаў раўняць зь месцамі пахаваньняў. Чалавек ведае, што сыдзе ў магілу, і перад магілай у яго няма аж такога страху. А на месцы расстрэлаў людзі адчувалі жах, страх і моцную трывогу. Таму яна прапануе зрабіць у Курапатах перазахаваньні й толькі пасьля будаваць мэмарыял.

Хаця сябры камісіі і прызналі прапанову спадарыні Герасімавай арыгінальнай, але канчатковай згоды ў гэтай справе няма. Частка камісіі пагаджаецца перазахаваць ахвяраў у агульнай магіле, іншыя ж лічаць, што ня варта чапаць парэшткі.

Было таксама шмат тэлефанаваньняў. Многія пагаджаюцца з канцэпцыяй мэмарыялізацыі, прапанаванай грамадзкай камісіяй. Гэта значыць, што ў Курапатах мусіць быць усталявана шмат крыжоў, пабудаваны цэнтральны помнік памяці ахвяраў, а таксама належным чынам добраўпарадкаваная тэрыторыя ўрочышча. Ірына Жыхар ды іншыя сябры камісіі пакуль ня надта задаволеныя тым, як ідзе грамадзкае абмеркаваньне.

ЖЫХАР: Я думаю, што людзі проста прызвычаіліся. Бо курапацкая тэма ня новая, яна як бы старая, у тым сэнсе, што больш за 10 гадоў на слыху. З тае пары шмат часу прайшло й не адбылося галоўнага — краіна й нацыя не пакаяліся за тыя грахі, якія былі ў савецкія часы.

Конкурс праектаў будзе працягвацца два месяцы, і цягам гэтага часу сябры камісіі абяцаюць знайсьці аптымальны варыянт.


4 сакавіка 2002

162 ДНІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Ва ўрочышчы былі 10 валанцёраў. Сярод іх — Васіль Парфянкоў, у якога пазаўчора скончыўся тэрмін зьняволеньня ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Ганна Соусь:

Сёньня ў Курапатах лесьнікі Ждановіцкага лясьніцтва нарэшце пачалі высечку сухіх дрэваў. Абаронцы мяркуюць, што цяпер дроваў ім хопіць аж да лета.


5 сакавіка 2002

ЛЯ ЎРОЧЫШЧА АКТЫВІЗАВАЛІСЯ БУДАЎНІЧЫЯ ПРАЦЫ

Самазвалы звозяць друз на дарогу. Абаронцы мяркуюць, што з прыходам вясны будаўніцтва кальцавой дарогі пойдзе больш шпаркімі тэмпамі.

Ганна Соусь:

Сёньня ва ўрочышчы лесьнікі Ждановіцкага лясьніцтва працягвалі высякаць сухія дрэвы. Алесь Гетман кажа:

— Мы дамовіліся зь лесьнікамі, што сырыя дрэвы пойдуць на крыжы. Дапамога нам таксама патрэбная, бо гэтыя дрэвы трэба пераносіць з другога боку лесу. Учора да нас двойчы завітвалі міліцыянты, мы іх павіншавалі з Днём міліцыі. Дачыненьні зь міліцыяй цяпер нармальныя — яны ставяцца да нас з павагай.

Што да адносінаў з будаўнікамі, дык, паводле Сержука Мацкойця, іх можна назваць стабільна-спакойнымі.

МАЦКОЙЦЬ: Яны да нас прыходзяць і параіцца, і проста паразмаўляць. Надоечы адбыўся паказальны выпадак — прыходзіў прадстаўнік Расейскай праваслаўнай царквы, якая будуе на гары побач з урочышчам каплічку. Ён папрасіў, каб мы дазволілі правесьці кабэль з электрычнасьцю й тэлефоннай сувязьзю ў абыход ляснога масiву. Паабяцаў, што й да нас правядуць электрычнасьць і тэлефон.

Сёньня ў намёце валанцёраў зьявілася новая канапа, якую прывез старшыня гарадзкой рады Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна. Але надыходзіць час абеду, і Каця Карпенка пачынае абіраць бульбу.

— Што вы сёньня будзеце гатаваць?

КАЦЯ: Гэта не да мяне. Гетман, што мы сёньня будзем гатаваць?

ГЕТМАН: Капусту.

— А якія звычайна ў дзяўчат тут абавязкі?

КАЦЯ: Посуд памыць, бульбу абабраць, прыбрацца...

— А што найбольш складана для дзяўчыны ў лягеры?

КАЦЯ: Калі тут сядзіш, усё павінна быць добра, і нічога ня можа быць складаным...

На ложку ляжыць гітара. Некаторыя абаронцы Курапатаў, у тым ліку й Каця, часта вечарамі сьпяваюць пад яе. Многім тут вельмі падабаецца песьня «Kein Russland», якую напісаў адзін з актывістаў Зьміцер Захарэвіч.


6 сакавіка 2002

МІХАСЬ ЧАРНЯЎСКІ ПРА БУДУЧЫНЮ КУРАПАТАЎ

Трэба ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных і зрабіць сьцяну памяці, на якой будуць напісаныя імёны ахвяраў.

Ганна Соусь:

Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук археоляг Міхась Чарняўскі не спадзяецца на тое, што пры цяперашняй уладзе стануць вядомыя імёны тых, хто аддаваў загады й расстрэльваў бязьвінных людзей у Курапатах, як, дарэчы, і імёны іхных ахвяраў. Але ў будучыні, калі будуць рассакрэчаныя архівы КГБ, праўда стане вядомай.

ЧАРНЯЎСКІ: Калі ведаць па сьпісах, хто тут расстраляны, то паводле генэтычных кодаў можна будзе вылічыць, узяўшы аналіз тканак жывога чалавека — унука ці праўнука. Гэта вялікія грошы. Але каб такое не паўтарылася, трэба й грошы выдаткаваць. Тады ўжо нейкую вялікую сьцяну трэба рабіць, і на гэтай сьцяне пісаць усе прозьвішчы...

Міхась Чарняўскі бачыць будучы мэмарыял у Курапатах такім:

— Ня варта нешта будаваць на магілах, бо сам лес, схілы й ямы напоўненыя пакутамі. Гэтая мясьціна ўжо ёсьць мэмарыялам. Там толькі павінна быць чысьценька, і людзі павінны хадзіць моўчкі са зьнятымі капелюшамі. І канечне, каб магілы былі нейкім чынам пазначаныя. Там будуць рабіць апорныя сьценкі. Я там паставіў бы знак — ня больш за 60 км хуткасьці. І вось на гэтых сьценках проста выклаў бы велізарнымі літарамі «Курапаты» зь левага й з правага боку, каб кожны, хто ехаў, прыпыняў рух.

Сам Міхась Чарняўскі ўпершыню даведаўся пра Курапаты ў другой палове 70-х гадоў ад Зянона Пазьняка, які працаваў тады ў аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі. Тады археолягі асьцерагаліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар’ер.

ЧАРНЯЎСКІ: Быццам ніхто ня ведае, дзе расстрэльвалі, але чамусьці, калі выдзяляюць зямлю пад кар’ер, дык якраз там, дзе расстрэльвалі.

Паводле Міхася Чарняўскага, гэткі кар’ер быў зроблены пад Вялейкай, дзе ў 1941 годзе перад наступам немцаў расстрэльвалі палітычных вязьняў, і яшчэ шмат дзе ў Беларусі. Што да Курапатаў, якія ўлады не пасьпелі й ня здолелі зраўняць зь зямлёй, дык Міхась Чарняўскі дагэтуль памятае свае пачуцьці, калі ўпершыню трапіў ва ўрочышча:

— Успомніў нашых археолягаў, нашую інтэлігенцыю найперш. І была такая думка, што во тут — нашае Адраджэньне 1920-х гадоў.

Сам Міхась Чарняўскі таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. У 70-я гады, калі ва Ўкраіне пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да мясцовых патрыётаў, якіх называлі «нацыяналістамі», ён распачаў збор грошай у іх падтрымку. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося разгружаць цэмэнт і працаваць мулярам. Пасьля гэтага шмат гадоў імя Міхася Чарняўскага выкрэсьлівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасьці надрукавацца.


7 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ ДАБУДОЎВАЮЦЬ ПАДЗЕМНЫ ПЕРАХОД

З самай раніцы тут ішоў моцны дождж. Калі я падышла да падземнага пераходу, дык заўважыла, што ў ім хаваюцца ад дажджу рабочыя.

Ганна Соусь:

Ужо трэці дзень у Курапатах працуе брыгада будаўнікоў з Барысава.

БУДАЎНІК: Бэтанаваць усё будзем, потым гідраізаляцыю рабіць, засыпаць і гэтак далей.

— А Вы ведалі, што ў Курапатах людзі жывуць ужо пяць месяцаў?

— Хто тут ведаў...

— А як Вы ставіцеся да таго, што моладзь пратэстуе, сочыць за будаўніцтвам, пад бульдозэры клаліся раней... Ці варта гэта рабіць?

— Канечне, трэба. Гісторыю абараняць трэба.

Калі дождж крыху сьціх, будаўнікі падышлі да стэнду «Курапаты — дарога сьмерці» каля намёту валанцёраў і пачалі чытаць пра гісторыю гэтага месца.

У намёце абаронцаў цяпер стала больш утульна. Зьявілася невялічкая канапа, якую прывез Уладзімер Кішкурна. Каля намёту складзеныя дровы, якія валанцёры пілавалі ўчора. Але жыцьцё ў лягеры не выглядае спакойным. Гаворыць Цімох Сугака, які правёў у Курапатах ужо больш за два з паловай месяцы:

— Учора быў вельмі напружаны дзень. Тры разы прыходзілі нейкія п’яныя. Прапаноўвалі нам выпіць. Казалі нам: «Чаго вы тут сядзіце? Гэта ўсё роўна нічога ня вырашыць». Нешта падобнае было перад падзеямі 8 і 9 лістапада...

Сёньня ў лягеры я засьпела Антося Шкурынскага. Учора лекары паставілі яму дыягназ — вострая форма бранхіту. Я запыталася ў Антося, як ён пачуваецца?

ШКУРЫНСКІ: Нармалёва, толькі кашляю, жару ўжо няма. Там настойваюць на шпіталізацыі, але я мяркую, што калі буду лекавацца дома ці на нейкай кватэры, вынік будзе той самы. Тут у мяне ёсьць антыбіётыкі й вітаміны.

— Як паставіліся лекары да Вас, калі даведаліся, што Вы абараняеце Курапаты?

— Там сказалі: «Мы ведаем, хто ты такі». А ў іх на стале «Белорусская газета» ляжыць з рэпартажам пра абаронцаў.


8 сакавіка 2002

У АБАРОНЦАЎ АМАЛЬ СКОНЧЫЛІСЯ ХАРЧЫ

У жыхароў курапацкага лягеру зноў складанае фінансавае становішча.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня дабрацца да лягеру абаронцаў было вельмі складана з прычыны моцнага сьнегу й ветру. Нават будаўнікі спынілі працу й схаваліся ў сваіх вагончыках. А ў намёце цёпла і прыбрана, пах мімозаў. Хлопцы-валанцёры (а іх у лягеры было васьмёра) віншавалі сваіх сябровак Іру Вяткіну й Кацю Карпенку з жаночым днём. Дзяўчаты амаль штодня прыходзяць у Курапаты, гатуюць ежу, прыбіраюць намёт і ўсяляк дапамагаюць хлопцам Як валанцёры будуць сьвяткаваць сёньняшні дзень? Гаворыць Каця Карпенка:

— Гэта будзе ня тут. Людзі, якія зараз тут знаходзяцца, пойдуць сьвяткаваць у іншае месца. А тут будзе замена.

Тым часам валанцёры пачалі абедаць. Я заўважыў, што елі яны толькі макарону й запівалі гарбатай. Гаворыць старшы ў лягеры Васіль Парфянкоў:

— Апошнім часам з харчаваньнем цяжкавата. Вось сёньня 10000 нам падкінулі, дык трохі закупілі, а так было цяжка. Учора нават хлеба тут не было.

Хлопцы фактычна на апошнія грошы купілі дзяўчатам кветкі. Іра Вяткіна кажа, што такі падарунак для яе яшчэ больш каштоўны:

— Яны думаюць пра нас, не забываюць, што сёньня сьвята. Гэта вельмі прыемна. Насамрэч значна больш прыемна, чым звычайна.

Амаль штодня сюды прыходзіць мужчына сталага веку, спадар Яўген. Ён дапамагае моладзі, а таксама спадзяецца стаць афіцыйным вартаўніком будучага Курапацкага мэмарыялу.

ЯЎГЕН: Мяне прыцягвае тое, што тут сапраўды ёсьць прыкметы барацьбы. Мы адстаялі гэтую тэрыторыю, быццам бы падведзены нейкі статус пад яе. А ў будучыні я мяркую тут уладкавацца на працу, калі тут будзе нейкая ахова ці што.

Сёньня валанцёры разам з рабочымі лясьніцтва пілавалі дрэвы, якія пойдуць на ацяпленьне намёту, а таксама на пабудову побач з Курапатамі праваслаўнай капліцы.


9 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ПАНІХІДА

На месцы будучай праваслаўнай капліцы была адслужаная паніхіда памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

Альгерд Невяроўскі:

Сьвятар праваслаўнага прыходу зь мікрараёну Зялёны Луг айцец Уладзімер Стукач, які апякуецца Курапатамі, гаворыць, што капліца там будзе пабудаваная, бо яму ды й іншым вернікам быў адмысловы Боскі знак. Каля 30 вернікаў са Сьвята-Ўваскрасенскай царквы разам з айцом Стукачам прыйшлі ва ўрочышча на жалобны малебен-паніхіду.

9 сакавіка паводле праваслаўнага календара — г.зв. бацькоўская субота, дзень, калі перад Вялікім Пастом Царква ўзгадвае памерлых продкаў і асабліва — бязьвінна загінулых. Вернікі сабраліся каля праваслаўнага крыжа й курапацкай магілы, якраз насупраць таго месца, дзе закладзеныя падмуркі будучай капліцы Вобразу нерукатворнага Збавіцеля. Гаворыць айцец Уладзімер:

— Кожную бацькоўскую суботу, а сёлета іх пяць, мы праводзім набажэнства ў Курапатах, бо тут у нас месца памінаньня ўсіх, хто загінуў.

— Айцец Уладзімер, чаму пабудова капліцы актывізаваная менавіта цяпер?

— Як грошы зьявяцца, так і робім. Мы, натуральна, просім, каб усе, хто можа, ахвяравалі нам на гэтую справу, бо грошай мала. Мы будуем галоўны храм Хрыстовага Ўваскрашэньня ў Зялёным Лузе, а тут у нас падвор’е. Капліца названая ў гонар Збавіцеля нерукатворнага вобразу й бязьвінна забітых на беларускай зямлі.

Падмуркі капліцы былі закладзеныя паўтара года таму, і гэтай справе папярэднічала містычная гісторыя. Айцец Уладзімер разам са сваімі вернікамі апякуецца курапацкімі магіламі ўжо даўно. І вось аднойчы яны прыйшлі ў Курапаты адпраўляць паніхіду па загінулых, і, як гаворыць сьвятар, у часе набажэнства ўсе сабраныя ўбачылі на небе выяву Ісуса Хрыста, які блаславіў вернікаў. Тады й вырашылі пабудаваць на гэтым месцы капліцу. Празь нейкі час гэтае рашэньне вернікаў падтрымаў і мітрапаліт Філарэт. Праўда, пакуль грошай хапіла толькі на падмуркі. Але айцец Уладзімер перакананы, што капліца будзе-такі пабудаваная сіламі саміх вернікаў. Нядаўна будаўнікі дарогі пагадзіліся пракласьці на ўзгорак да падмуркаў бажніцы тэлефонную ды іншыя камунікацыі.

Паводле айца Ўладзімера, нейкага супрацоўніцтва паміж вернікамі й валанцёрамі няма — проста дапамагаюць адны адным па-суседзку. Сьвятар Стукач пакуль не ўзгадняў свой праект і з грамадзкай ініцыятывай «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», бо фармальна капліца будзе знаходзіцца па-за межамі Курапатаў. Аднак айцец Уладзімер гаворыць, што ўзгадняць будзе, каб усе помнікі ў Курапатах выглядалі гарманічна.

Удзень у лягеры было некалькі добраахвотнікаў. На набажэнства яны не прыйшлі, але, паводле старшага ў лягеры Васіля Парфянкова, гэта ня нейкі палітычны дэмарш. Проста ў хлопцаў было вельмі шмат гаспадарчых справаў.


10 сакавіка 2002

У ЛЯГЕРЫ АБАРОНЦАЎ ГУЧЫЦЬ ГІТАРА

Калі я падыходзіў да лягеру, пачуў беларускія песьні.

Ягор Маёрчык:

Кажа старшы ў лягеры Дзяніс Більдзюк:

ДЗЯНІС: Тут амаль кожны другі, як высьветлілася, паэт. Вельмі ціха ўначы гучала гітарная музыка. Зьявілася нават чорная сумная курапацкая рамантыка. Ноч прайшла спакойна. Сядзелі два амонаўцы, вельмі ўважліва слухалі, спрабавалі штосьці зразумець.


11 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ КАЖУЦЬ ПРА «КУРАПАЦКІ СЫНДРОМ»

Рок-музыка Хведар Жывалеўскі мяркуе, што ўжо ня варта і ўдзень і ўначы пільнаваць Курапаты, а трэба рабіць іншыя захады дзеля захаваньня нацыянальнага нэкропалю.

Ганна Соусь:

Нягледзячы на тое, што на гарадзкіх вуліцах ужо амаль суха, каля лягеру валанцёраў дагэтуль лужыны. Сёньня будаўнікі зь менскага прадпрыемства «Інтэрвэстбуд» рабілі гідраізаляцыю падземнага пераходу. Паводле галоўнага інжынэра прадпрыемства Валера Міхайленкі, у будаўнікоў склаліся прыязныя дачыненьні з валанцёрамі.

МІХАЙЛЕНКА: Нармальна мы ставімся да ўсяго гэтага. Кантактуем з усімі людзьмі. Ніякіх эксцэсаў у нас тут не было.

У лягеры валанцёраў я сустрэла рок-музыку Хведара Жывалеўскага. За ўдзел у падзеях 8 і 9 лістапада ён трапіў за краты на сем дзён. Апошнім часам Хведар зрэдку прыходзіць у Курапаты.

ЖЫВАЛЕЎСКІ: Тут няма ўжо чаго трымацца, няма з кім змагацца, няма за што змагацца. Ужо ўсё прайшло, і больш ня будзе той хвалі, што была раней. Хутка можа й сыдзем. Я дык дакладну сыду.

Хведар Жывалеўскі мяркуе, што трэба выкарыстоўваць новыя формы, каб прыцягнуць увагу да Курапатаў:

— Ёсьць пляны зрабіць фэстываль «СуПкультура». Тым больш, што зараз будуць цёплыя дні, і гэта можна будзе ладзіць на прыродзе. Думаю, што можна было б зрабіць ідэйны працяг Курапатаў. Працягнуць гэтую тэму ўжо не пасядзелкамі й бойкамі з уладай, а пэрформансамі й гэтак далей.

Але зь меркаваньнем Хведара ня згодныя іншыя валанцёры. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Наадварот, тут варта знаходзіцца. Зараз будзе цёпла, у лесе пачнуць піць, забруджваць урочышча, і трэба сачыць, каб нічога гэтага не было. Нават калі пабудуюць дарогу, тут усё роўна будзе наш адмысловы патруль хадзіць.

28 лютага Васіль павінен быў ісьці ў войска, але ў гэты дзень яму давялося адбываць пакараньне ў прыёмнікуразьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у акцыі Маладога Фронту на Дзень сьвятога Валянціна. Цяпер Васіль пойдзе ў войска, магчыма, толькі ўвосень. Зараз увесь свой час ён аддае Курапатам.

ПАРФЯНКОЎ: Гэта, можна сказаць, мой другі дом.

Гэтак думаюць многія абаронцы. Хведар Жывалеўскі нават кажа пра «курапацкі сындром».

ЖЫВАЛЕЎСКІ: Курапацкіх можна пазнаць па бляску ў вачах. Я гэта й назваў «курапацкім сындромам». Гэта ўсё ў сьвядомасьці адкладваецца. Як гэта ў людзей бывае — хто з вайны прыйшоў, хто з Курапатаў...


12 сакавіка 2002

БАЖ ЛАДЗІЦЬ ГРАМАДЗКІЯ СЛУХАНЬНІ

У слуханьнях па мэмарыялізацыі Курапатаў, якія наладзіла Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, узялі ўдзел усе зацікаўленыя.

Ганна Соусь:

У Музэі Янкі Купалы сёньня сабраліся ўсе, каго хвалюе лёс Курапатаў: пісьменьнік Янка Брыль, валанцёры і актывісты грамадзкіх ініцыятываў, сябры Беларускага камітэту міру, прадстаўнікі «Белгіпрадору» і «Магістральаўтадору», архітэктары, мастакі, скульптары, сьвятары, археолягі, лідэры палітычных партыяў. Абмяркоўваліся дзьве канцэпцыі мэмарыялізацыі. Адну зь іх, пра якую Радыё Свабода ўжо не аднойчы падрабязна паведамляла, выпрацавалі грамадзкія ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і «Моладзь у абарону Курапатаў» Гаворыць мастак Васіль Шаранговіч, які на пачатку 1990-х узначальваў журы конкурсу на праект помніку ў Курапатах:

— Што такое Курапаты ў сэнсе мэмарыялізацыі? Акрамя палітычнай падасновы, гэта месца захаваньня, гэта могілкі. Што вызначала такое месца спакон вякоў? Агароджа, брама, капліца й крыжы, што характэрна для ўсіх беларускіх могілак.

Другую канцэпцыю прапанаваў Беларускі камітэт міру Гэта «Мэмарыял пралітай крыві» — збудаваньне непадалёк дарогі ў выглядзе падковы, якая сымбалізуе такія паняцьці як удача, шанцаваньне, дабрабыт і прымірэньне Гаворыць старшыня Камітэту міру Іван Кірычэнка:

— Мы аддалі свае прапановы ў чатыры інстанцыі — прэзыдэнту, прэм’еру, кіраўнікам абедзьвюх палат парлямэнту. Нам паведамілі, што парлямэнт прыняў нашыя прапановы, абмяркоўвае іх і мае намер вынесьці іх на наступную сэсію.

Мастак Аляксей Марачкін:

— Як мы да гэтага ставімся? Ці як прымірэньне й пакаяньне, ці як да помніка ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта фактычна помнік генацыду нацыі. А зараз я бачу, што ідзе прыніжэньне праблемы, ужо заяўка й канцэпцыя ляжаць на стале ў тых, хто вырашае лёс Курапатаў.

Сваё меркаваньне даслаў удзельнікам сёньняшняга сходу пісьменьнік Васіль Быкаў. Ягоныя словы перадае паэт Сяргей Законьнікаў:

«Я пазнаёміўся зь дзьвюма канцэпцыямі ўвекавечаньня Курапатаў. Абедзьве яны слушныя. Важнасьць і мэтазгоднасьць іх не выклікаюць сумневу. Мне падаецца важным улічыць патрабаваньні грамадзкіх ініцыятываў аб вынясеньні за межы ахоўнай зоны храмавага будаўніцтва розных канфэсіяў. І самае галоўнае, каб гэтае ўвекавечаньне ажыцьцявілася як мага хутчэй, не было ў чарговы раз «завалакічанае». Мабыць, ня трэба занадта спадзявацца на ўлады. Трэба ўсю справу весьці з удзелам і пад кантролем грамадзкіх арганізацыяў. Асабліва маладзёвых, якія тую справу даволі выпакутавалі, пранёсшы праз паліцэйскі тэрор і сьцюжу зімы. Посьпехаў ім».


13 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ НЕ ПАГАДЖАЮЦЦА З КАНЦЭПЦЫЯЙ КАМІТЭТУ МІРУ

Паводле валанцёраў, ідэю мэмарыялу ў выглядзе падковы прапануюць людзі, якія ніколі не былі ў Курапатах.

Ганна Соусь:

На шляху ва ўрочышча я сустрэла Алеся Гетмана. Ён ішоў на суд над Уладзімерам Плотнікавым.

ГЕТМАН: Суд ідзе яшчэ за падзеі 8 і 9 лістапада. І мяне запрасілі ў якасьці сьведкі. Там ідзе ня суд, а «судзілішча», наколькі я ведаю.

Учора валанцёраў наведалі журналісты з рэгіянальных газэтаў — «Берасьцейскага кур’ера» й «Магілёўскага тыднёвіка».

Сёньня ў лягеры гаварылі пра ўчорашнюю дыскусію ў Купалаўскім музэі. Гаворыць Глеб Вязоўскі:

— Падкова разьлічаная на вялікую колькасьць людзей. Дзе яны яе тут паставяць? Давядзецца палову лесу высекчы, а мы гэтага не дамо зрабіць. Як яны казалі — гэта сымбаль удачы й пакаяньня. Але ж якое пакаяньне павінны мы тут несьці, альбо тыя, каго расстрэльвалі? Мне падаецца, што спадар Кірычэнка ўвогуле ня быў у Курапатах і не ўяўляе, што тут і як, колькі тут месца...

З Глебам згодныя й іншыя актывісты — Васіль Парфянкоў і Антось Шкурынскі. Апошні, дарэчы, ужо ачуняў пасьля хваробы й пачуваецца цяпер значна лепш. Мінулую ноч у лягеры правёў Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Абаронцы Курапатаў павінны сказаць вельмі важныя словы наконт мэмарыялізацыі Курапатаў. Узьнікла пагроза таго, чаго мы найбольш апасаліся — што ўсё будзе проста загаворанае. Чаму беларусы павінны каяцца за расейскі камунафашызм, які зьнішчаў беларускі народ? Калі пачынаецца гаворка пра пакаяньне, прымірэньне й згоду, якая ў выніку разбурае самую сутнасьць галоўнай думкі, то мы гэтага не прымаем і будзем супрацьстаяць, як супрацьстаялі гэтаму вандалізму. Гэта той самы вандалізм, толькі палітычны.

Абаронцы вырашылі заставацца ва ўрочышчы й пасьля таго, як будзе пабудаваная дарога, каб сачыць, як будзе адбывацца мэмарыялізацыя нацыянальнага нэкропалю.


13 сакавіка 2002

ПЛОТНІКАВУ ДАЛІ ШТРАФ

У Менскім раённым судзе за абарону Курапатаў пакараны сябра КХП БНФ Уладзімер Плотнікаў.

Любоў Лунёва:

Судзьдзя Зьміцер Грыцэль аштрафаваў Уладзімера Плотнікава на 150 мінімальных заробкаў. Гэта апошняя справа на затрыманага ўдзельніка падзеяў 8 і 9 лістапада.

Раней Уладзімера Плотнікава судзілі завочна, і таму абласны суд скасаваў рашэньне як незаконнае. Спадар Плотнікаў абвінавачваецца ў супраціве міліцыянтам і парушэньні адміністрацыйнага заканадаўства. Падчас суду сакратарка паседжаньня прызналася, што ня ведае беларускай мовы. Судзьдзя вымушаны быў абвесьціць перапынак, каб замяніць яе на іншую. Праз паўгадзіны высьветлілася, што ніхто з сакратароў Менскага раённага суду не валодае дзяржаўнай мовай. Давялося працягваць працэс у ранейшым складзе. Уладзімер Плотнікаў не прызнаў сябе вінаватым.

ПЛОТНІКАЎ: Я сам у Курапатах усталяваў тры крыжы. На адным крыжы зрабіў шыльдачку і напісаў там імёны маіх дзядзькоў: «Мурашка Мікалай, Мурашка Ўладзімер і Мурашка Віктар». У 1937-м іх забралі, і мы нічога пра іх лёс ня ведаем. Я вырашыў паставіць крыжы, каб прыходзіць туды, як на могілкі. 9 лістапада, калі прыйшоў, убачыў, што крыжы зьнішчаныя. Гэтых барбараў не спыніла нават тое, што іх асьвяціў сьвятар.

Судзьдзя, заслухаўшы ўсіх сьведкаў і прагледзеўшы апэратыўную відэастужку, прызнаў Уладзімера Плотнікава правапарушальнікам На думку адвакаткі Веры Страмкоўскай, прысуд вынесены з парушэньнем адміністрацыйнага заканадаўства.

СТРАМКОЎСКАЯ: Сёньняшні прысуд супярэчыць ня толькі адміністрацыйнаму заканадаўству, але й Канстытуцыі Беларусі. У нас ёсьць тэрмін разгляду адміністрацыйных справаў у судах. Гэтая справа павінна быць спыненая, бо скончыўся тэрмін разгляду. Судзьдзя спаслаўся на нейкую пастанову пленуму Вярхоўнага суду, але, калі я папрасіла паказаць мне гэтую пастанову, як юрыст юрысту — ён ня здолеў гэтага зрабіць.

Уладзімер Плотнікаў будзе абскарджваць прысуд. Хутчэй за ўсё, будзе прызначанае новае разьбіральніцтва.


13 сакавіка 2002

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ЗЬВЯРНУЎСЯ ДА АБАРОНЦАЎ

У «Лісьце да моладзі, што пільнуе Курапаты» Зянон Пазьняк піша:

«Я б вам параіў, усім маладым патрыётам Беларусі, гуртавацца шырэй у справе аховы Курапатаў. Народны Мэмарыял вымагае ў цяперашніх умовах комплекснага дагляду і пільнаваньня. Бо небясьпека падсьцерагае Курапаты ня толькі з боку рэжыму, але і з боку карысьлівых людзей ягонай «апазыцыі», што навучыліся існаваць за кошт імітацыі палітычнай дзейнасьці. Крытэр тут адзін, і ім трэба кіравацца: у Курапатах нічога нельга будаваць (ні дарог, ні пляцовак, ні бункераў, ні іншых пабудоваў, ні савецкіх «мэмарыяльных комплексаў», ні цэркваў, ні касьцёлаў, ні мячэтаў ды сынагог. Тут не павінна быць ніякага бэтону, асфальту ды жалезьзя). Курапаты ўжо ёсьць Народны Мэмарыял. Ён існуе. Гэта магілы, лес і крыжы. І кожны тут можа паставіць свой памятны крыж. Гэта наша народная традыцыя. Так адзначаецца наша памяць».


14 сакавіка 2002

СЭМІНАР АБ’ЯДНАНЬНЯ «ДЫЯРЫЮШ»

На месцах усіх масавых расстрэлаў і пахаваньняў у Беларусі варта правесьці эксгумацыю, каб потым распачаць крымінальную справу й дасьледаваньне, як гэта рабілася калісьці ў Курапатах. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі навуковага сэмінару «Месцы масавых пахаваньняў і расстрэлаў у Беларусі».

Ганна Соусь:

Сэмінар, наладжаны грамадзкім аб’яднаньнем «Дыярыюш», адбыўся ў габрэйскім цэнтры на вуліцы Інтэрнацыянальнай, акурат паміж будынкамі КГБ, пракуратуры й вайсковай пракуратуры. Дарэчы, прадстаўнікі гэтых установаў былі афіцыйна запрошаныя на сэмінар, але ўдзелу ў ім не ўзялі.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, у 48 гарадах і мястэчках Беларусі вяліся масавыя расстрэлы людзей з 1928 па 1941 гады. У многіх гарадах у сярэднім ад трох да чатырох такіх месцаў, а, прыкладам, у Менску іх 12. Ігар Кузьняцоў склаў адмысловую мапу, дзе пазначыў усе меркаваныя месцы расстрэлаў. Афіцыйна прызнаным месцам масавых расстрэлаў ёсьць толькі Курапаты. Астатнія ў большасьці вызначаліся паводле сьведчаньняў людзей, бо архівы КГБ па-ранейшаму засакрэчаныя. Якім чынам магчыма надаць афіцыйны статус іншым месцам масавых расстрэлаў і пахаваньняў? Гаворыць археоляг Мікола Крывальцэвіч:

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: У многіх краінах сьвету, у тым ліку і ў суседняй Польшчы, ёсьць цэлы кірунак у археалёгіі — гэтак званая мілітарная археалёгія, і спэцыялісты-археолягі, якія займаюцца менавіта эксгумацыяй магілаў, месцаў расстрэлаў, баёў. Трэба ствараць такі кірунак і ў Беларусі, таму што ў нас, як нідзе, вельмі шмат месцаў пахаваньняў. Пра многія такія месцы дакумэнтаў не захавалася, пакуль, ва ўсялякім разе, іх няма. І адзіны мэтад — гэта праз эксгумацыю здабываць гэтыя зьвесткі.

Цяпер афіцыйна ладзіць раскопкі дзеля пошуку парэшткаў мае права адмысловы батальён пры Міністэрстве абароны, які шукае парэшткі ахвяраў войнаў Але магчымы й іншы варыянт. Паводле Алега Іова, археолягі могуць атрымаць ад Інстытуту гісторыі гэтак званы «адкрыты ліст» ці дазвол на правядзеньне археалягічных раскопак, а потым зарэгістраваць яго ў Дэпартамэнце аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

ІОЎ: Можна атрымаць адкрыты ліст на выведкі ў любым раёне Беларусі, закласьці шурф і паглядзець, што там. Каб гэта зрабіць, трэба, каб нехта паказаў, дзе гэта было. І зафіксаваць усё. Практычна так і пачыналіся Курапаты. Гэткія ж раскопкі можна правесьці блізкім часам ужо ў Лошыцы. Але гэта запатрабуе працы ня толькі археолягаў, але й іншых спэцыялістаў.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Гэта патрабуе работы вялікай колькасьці экспэртаў для дасьледаваньня парэшткаў, клеймаў, гільзаў. Калі мы капалі Курапаты, там працавала цэлая група экспэртаў, зьвязаных з пракуратурай. Мэдыкі працавалі з парэшткамі, адмыслоўцы з Гандлёвай палаты ладзілі экспэртызу клеймаў. Трэба рабіць заключэньне. Без экспэртных заключэньняў такіх спэцыялістаў мы проста ня здолеем легалізаваць, засьведчыць свае высновы. Трэба працаваць зь дзяржаўнымі органамі. І вось тут паўстае праблема.

Што да ўшанаваньня такіх месцаў, дык, паводле Валянціны Вяргей, у большасьці зь іх пачынаючы з 1989 году намаганьнямі людзей усталяваныя невялікія помнікі. Звычайна гэта крыжы альбо камяні. Усе гэтыя памятныя знакі сфатаграфаваныя, уся інфармацыя пра іх сабраная ў электронным выглядзе ў аб’яднаньні «Дыярыюш».


15 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ ПААБЯЦАЛІ ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ, ШТО НЕ ДАЗВОЛЯЦЬ У КУРАПАТАХ НІЧОГА БУДАВАЦЬ

У тым ліку й «падкову», прапанаваную Беларускім камітэтам міру.

Ганна Соусь:

Раніцай у лягеры я засьпела дзевяцігадовага Аляксея. Перад заняткамі ў школе (а ён вучыцца ў другую зьмену) хлопчык наведаў лягер валанцёраў Аляксей жыве непадалёк і часта бывае ва ўрочышчы.

— Што ты ведаеш пра гэтае месца?

— Што тут загінулі нашыя продкі.

— А хто табе распавёў пра Курапаты?

— Мае бацькі.

— Як ты ставісься да таго, што тут ідзе вахта памяці?

— Трэба памінаць нашых продкаў... Я дапамагаў тут — крыжы рабіў, ваду насіў...

Аляксей пытаецца ў абаронцаў, хто зь іх пойдзе на сёньняшнюю акцыю з нагоды Дня Канстытуцыі, бо сам вельмі хоча ўзяць у ёй удзел. Але валанцёры вырашылі заставацца ў лягеры. Гаворыць Алесь Гетман:

— У Беларусі Канстытуцыя ніколі не выконвалася. Калі ў судзе пачынаеш размаўляць па-беларуску, табе прапануюць перайсьці на расейскую мову, тады як у Канстытуцыі запісана, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Які можа быць Дзень Канстытуцыі, калі Канстытуцыя не выконваецца?

Валанцёры падтрымалі прапанову археолягаў Інстытуту гісторыі распачаць дасьледаваньне іншых месцаў масавых расстрэлаў і пахаваньняў. Дзяніс Більдзюк упэўнены, што моладзь магла б дапамагчы навукоўцам.

ДЗЯНІС: Трэба давесьці да людзей, што такіх месцаў было шмат, што не з усёй Беларусі людзей везьлі ў Курапаты. Я заклікаю моладзь усёй Беларусі бараніць такія месцы, бо, як мне падаецца, яны ўсё ж будуць нішчыцца, калі паспрабуюць раскрыць злачынства, што адбывалася за сталінскім рэжымам. І такія спробы былі, у той жа самай Лошыцы. Я знаёмы з чалавекам, які жыве ў Лошыцы. І ён мне шмат распавядаў, як спрабавалі ўвогуле зьнесьці Лошыцу, пабудаваць там дамы. Сьляды замятаюць, як могуць...

Надоечы Дзяніса выключылі з унівэрсытэту за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Цяпер ён часова працуе на рынку й вучыцца на курсах газазваршчыкаў. Некалькі дзён таму ён зрабіў адмысловую мэталічную ручку на дзьверцы «буржуйкі» з надпісам — БПС.

Абаронцы паказалі мне ліст Зянона Пазьняка, які атрымалі некалькі дзён таму. Алесь Гетман ад імя валанцёраў выказаў падзяку Зянону Пазьняку за падтрымку:

— Зянон Пазьняк — першаадкрывальнік Курапатаў, мы працягваем варту, якую ён распачаў. Ён просіць, каб мы не дазвалялі тут нічога будаваць. Мы яму гэтае абяцаем — нічога не дамо будаваць, ніякіх «падковаў» тут ня будзе.


16 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ УСТАЛЯВАНЫЯ 20 НОВЫХ КРЫЖОЎ

Міліцыянты, што патрулююць урочышча, зноў патрабавалі, каб валанцёры зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, але жыхары лягеру адмовіліся выканаць іхнае патрабаваньне.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску даволі цёплае сонечнае надвор’е. У Курапацкім лесе сышоў апошні сьнег і высахла зямля. Зважаючы на гэта, актывісты КХП БНФ арганізавалі сёньня ва ўрочышчы талаку й добраўпарадкавалі тэрыторыю мэмарыялу. Напярэдадні яны прывезьлі ў Курапаты 20 новых крыжоў. Гаворыць сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо:

— Сёньня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі прыйшлі ў Курапаты, каб усталяваць яшчэ шмат крыжоў. Гэта ў нас пачынаецца першая талака. Яна будзе праводзіцца рэгулярна, кожную суботу.

— Чыім коштам зробленыя крыжы?

— Сябры КХП зьбіралі ахвяраваньні. Самі прыносілі і давалі хто там тысячу, хто дзьве. І таму гэта крыжы ад людзей, якія ведаюць, шануюць гэта месца і хочуць дапамагчы, чым могуць.

Сябрам КХП БНФ актыўна дапамагалі добраахвотнікі з курапацкага лягеру. Сёньняшняй ноччу ў намёце было 10 чалавек. Раніцай тут зьявіліся амонаўцы і пачалі выстаўляць валанцёрам свае патрабаваньні. Гаворыць старшы ў лягеры Алесь Гетман:

— Прыйшлі два амонаўцы і пачалі папярэджваць, каб мы зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, які вісіць каля намёту. Мы, як заўсёды, адмовілі ім. Яны настойліва патрабавалі, але так жа настойліва ім было адмоўлена.

— Яны вам не пагражалі, што будуць нейкія рэпрэсіі?

— Не пагражалі, але мы бачылі, што па радыёстанцыі яны выклікалі сваю базу. Зараз вы бачыце, што зьбіраецца шмат людзей, а для іх гэта заўсёды жахліва.

Сёньня ў Курапаты таксама прыехалі некалькі лесьнікоў, каб дапамагчы валанцёрам у нарыхтоўцы дроваў. Лесьнікі пілавалі сухія дрэвы й канём везьлі іх у лягер. Лясьнік Алесь Трафімаў тлумачыць, чаму ён у выходны дзень бясплатна дапамагае валанцёрам:

— Я такі ж беларус, як і ўсе. Я лясьнік. Атрымалася так, што мне далі тут участак. Я кірую тут тры гады. Хлопцаў я ня крыўджу.

— Вы, як я разумею, выразаеце сухастой?

— Сухастой і толькі сухастой, бо мне сырое нельга.

— Скажыце, як вы ставіцеся да таго, што тут маладыя людзі, дзяўчаты вось ужо палову году жывуць у гэтым намёце і абараняюць урочышча?

— Я вітаю гэта. Я сам беларус.


17 сакавіка 2002

П’ЯНЫЯ ХУЛІГАНЫ СПРАБАВАЛІ ЎЧЫНІЦЬ БОЙКУ

З надыходам цёплага надвор’я ў абаронцаў Курапатаў зьявіліся дадатковыя праблемы Ва ўрочышча ўсё часьцей сталі прыходзiць асобы, якія спрабуюць арганізаваць тут пікнікі.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў лягеры былі толькі два валанцёры — лідэр Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі й ягоны калега Ільля Ядранцаў. Усе астатнія абаронцы мэмарыялу, стомленыя працяглым дзяжурствам, былі накіраваныя дадому адпачываць. Сёньня тут пабывала некалькі групаў менскіх жыхароў, якія цікавіліся гісторыяй Курапатаў Але з пацяпленьнем у валанцёраў зьявіліся й праблемы. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Стала больш людзей прыходзіць, стала больш даступным гэтае месца, але больш пацягнулася й гарадзкіх маргінальных элемэнтаў. Людзей, якія прыходзяць «адпачыць на прыроду» з гарэлкай. Гэта новыя праблемы. Так што на будучыню, відавочна, трэба будзе не зьмяншаць, а павялічваць колькасьць валанцёраў.

Учора ўвечары адбылася сутычка валанцёраў з падпітай кампаніяй хуліганаў, якія хацелі арганізаваць ва ўрочышчы пікнік. Гаворыць Ільля Ядранцаў:

— Недзе прыблізна а палове на восьмую вечара зьявілася кампанія з трох маладзёнаў. Усе яны былі нападпітку. Было відавочна, што яны зьбіраліся прысесьці й нешта выпіць. Мы іх адразу папрасілі адсюль сысьці. Яны ў адказ: «А што вы тут робіце? Хто вы такія, і чаму у вас нейкі сьцяг не такі, няправільны?» Пасьля адзін зь іх ударыў нашага хлопца. Мы іх сілай супакоілі. Яны сыходзілі з пагрозамі вярнуцца зь вялікай колькасьцю людзей, спаліць уначы намёт, і ўвогуле ўсіх пазабіваць. Такім трэба даваць рэальны адпор. Гэта месца, дзе такога не павінна адбывацца.

Міліцыянтаў, якія патрулююць Курапаты, у часе сутычкі з хуліганамі ва ўрочышчы чамусьці не было. Яшчэ валанцёрам пастаянна прыходзіцца тлумачыць ня надта сьвядомым аматарам выгулу сабак, чаму гэтага нельга рабіць у Курапатах. Аднак, паводле валанцёраў, большасьць наведнікаў Курапатаў усё ж такі ведае, як трэба паводзіць сябе цывілізаваным людзям у мэмарыяльным месцы Абаронцы лічаць, што на адносіны людзей да Курапатаў паўплывала й іхная паўгадавая вахта.


18 сакавіка 2002

ГІСТОРЫЯ ШУМІЛІНСКІХ КУРАПАТАЎ

Недалёка ад вёскі Мікалаева ў Шумілінскім раёне Віцебскае вобласьці пахаваныя больш за 1000 чалавек, якіх расстралялі на самым пачатку мінулай вайны.

Браніслава Станкевіч, Віцебск:

Жывыя дагэтуль сьведкі колішняй трагедыі ўзгадваюць, як у ліпені 1941 году паўзь іхную вёску рухалася вялікая калёна зьняволеных. Іх пераводзілі з Заходняй Беларусі далей на ўсход. Як потым стала вядома, большасьць вязьняў была пакараная за непадпарадкаваньне новай савецкай уладзе.

У Мікалаеве канваіры надумаліся прыпыніць калёну на адпачынак. Але нечакана наляцелі нямецкія самалёты… Напалоханыя людзі кінуліся ў розныя бакі, ды ахоўнікі загадалі ўсім палегчы проста на дарозе Калі самалёты адляцелі за небасхіл, канваіры параіліся ды вырашылі расстраляць ацалелых вязьняў, каб ня йсьці далей з рызыкаю, што тыя могуць разьбегчыся пры наступным налёце Трупы вырашылі запісаць на рахунак фашыстаў. І канваіры зноў загадалі ўсім легчы на дарозе ды пачалі расстрэльваць безабаронных людзей… Тутэйшым жыхарам было загадана ноччу перавезьці ўсіх расстраляных у бліжэйшы сасоньнік. Адны капалі вялікую яміну, другія перавозілі нябожчыкаў на калёсах, па 10 чалавек на возе…

У 1942 годзе немцы зацікавіліся абставінамі расстрэлу людзей. Зноў-такі сіламі тутэйшага насельніцтва яны вырашылі зрабіць перазахаваньне За прымусовы ўдзел у гэтым штодня давалі пачак цыгарэт ды бутэльку шнапсу. У новую брацкую магілу перавезьлі парэшткі блізка 800 чалавек. Але клопат пра іх ня быў праяваю гуманнасьці – немцы шукалі на трупах каштоўнасьці, якія забіралі сабе…

Потым захопнікі адступілі, а месца пахаваньня й сёньня выглядае такім, якім яго пакінулі ў часе вайны Пасьля вызваленьня ў Мікалаева былі прыяжджалі сваякі забітых, хто змог нешта даведацца пра апошні прытулак сваіх блізкіх, але большасьць пахаваных тут людзей дагэтуль застаюцца невядомымі.

Пры канцы 1980-х гадоў, калі пачыналася «галоснасьць», пра шумілінскае пахаваньне зьявіліся два артыкулы ў беларускім друку – у раённай газэце «Герой працы» ды ў рэспубліканскім часопісе «Полымя». Тады раённыя ўлады паабяцалі неяк ушанаваць памяць забітых, але хутка забыліся на свае абяцаньні.

Сёлета ў вёску Мікалаева наведаліся сябры Таварыства Беларускае Мовы з суседняга, Бешанковіцкага раёну Яны запісалі ўспаміны відавочцаў трагедыі, а ўлетку вырашылі адправіць на гэтым месцы жалобную імшу ды ўсталяваць памятныя крыжы.


19 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЎЛАДКАВАЛІСЯ НА ПРАЦУ НА РЫНАК

Сёньня абаронцы павесілі на дрэвы новы транспарант-расьцяжку: «Тут пакояцца астанкі тысяч грамадзян Беларусі — нявінных ахвяр расейскага камунафашызму».

Ганна Соусь:

Амаль штодня хто-небудзь прыходзіць наведаць Курапаты й падтрымаць валанцёраў. Сёньня я засьпела ў лягеры пэнсіянэра спадара Васіля. Першы раз ён трапіў ва ўрочышча ў 1988 годзе на Дзяды, з тых часоў наведвае Курапаты некалькі разоў на год.

ВАСІЛЬ: Гэтае памятнае месца павінна быць у сэрцы кожнага беларуса.

— Скажыце, калі ласка, ці хто-небудзь з вашых родных пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў?

— Стрыечны дзядзька быў высланы на Беламорканал... Тут у Курапатах павінен быць нейкі добры помнік. Гэтую мясьціну трэба наведваць хаця б некалькі разоў на год — калі памінаюць памерлых продкаў — на Радаўніцу й на Дзяды.

Некаторыя валанцёры з прычыны пастаяннага дзяжурства ў Курапатах згубілі працу альбо былі адлічаныя з навучальных установаў. І сёньня актывісты Васіль Парфянкоў і Цімох Сугака адшукалі кампрамісны варыянт працаўладкаваньня. Распавядае Дзяніс Більдзюк:

— Гэтае месца стала такім звыклым для хлопцаў, што яны тут жывуць, можна сказаць. Знайшлі нават працу паблізу на рынку «Аквабел», будуць там цягам дня грузчыкамі, а ўвечары вяртацца сюды.

Валанцёраў падтрымалі кінэматаграфісты са студыі «Тацяна» і рэжысэр Юры Хашчавацкі. Я заўважаю на стале ў намёце місу зь вінэгрэтам. Гэта — пачастунак ад жанчын са студыі «Тацяна», якія надоечы наведалі лягер. Тлумачыць Антось Шкурынскі:

— Прыходзіла жанчына са здымачнай групы «Тацяна» й прынесла нам вячэру — рыбу, вінэгрэт, бліны. Абяцалі прыйсьці ўсёй групаю. І яшчэ яны прынесьлі пірог ад рэжысэра Юр’я Хашчавацкага. Вельмі смачны пірог з тварагом і курагой. Дзякуй яму. Хай сам прыходзіць.

Старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы паабяцаў прывезьці сёньня абаронцам новую вопратку й абутак.


20 сакавіка 2002

«КУРАПАТЫ ПАДОБНЫЯ ДА КАРПАТАЎ»

Украінец Анатоль Татарскі мяркуе, што беларускія Курапаты ў нечым падобныя да Карпатаў, дзе змагаліся з бальшавікамі байцы Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі.

Ганна Соусь:

Жыве Анатоль Татарскі ў доме насупраць урочышча, і зь ягоных вокнаў часам бачны бел-чырвона-белы сьцяг ля намёту валанцёраў. Спадара Татарскага я ўпершыню сустрэла ў Курапатах летась 25 верасьня, на другі дзень пасьля таго, як распачалася вахта памяці. З таго часу ён неаднойчы прыходзіў сюды падтрымаць валанцёраў. Праўда, апошнія некалькі месяцаў ня можа выйсьці з кватэры з-за хваробаў. Але сустракаецца з валанцёрамі спадар Анатоль амаль штодня — менавіта ў ягоную кватэру актывісты ходзяць па ваду.

Анатоль Татарскі гаворыць пра Курапаты з хваляваньнем:

— Курапаты для мяне як Карпаты. Разумееце? У Карпатах ляжаць восемдзесят тысяч нашых хлопцаў, якія змагаліся з камунаю.

Нарадзіўся Анатоль Татарскі каля Львова. У часе другой усясьветнай вайны ўступіў ва Ўкраінскую Паўстанцкую Армію. За гэта ў 1946 годзе яго арыштавалі. Спадар Анатоль паказвае мне сваю працоўную кніжку — з 1946 па 1954 гады ён працаваў крапільшчыкам у паўночна-ўсходнім рудаўпраўленьні Паўднёва-ўсходняга горнахімічнага камбінату. Анатоль Татарскі тлумачыць:

— ГУЛАГ гэта... Яны ж ня могуць напісаць горад... Паштовы горад Андзіжан, паштовая скрыня 200. Усё, і ніякага адрасу. Дабывалі ўранавую руду — чаму нас туды завезьлі. Цуд, мне хутка 74 гады ў траўні будзе, як я пасьля ўрану застаўся жывы? Восем гадоў працаваў з уранам...

Пасьля вызваленьня Анатоль Татарскі працаваў у Сыбіру, потым жыў у Вільні, зь цяжкасьцю вярнуўся ў Львоў (яго там доўга не хацелі прапісваць), а ў 1973 годзе пераехаў у Менск. Анатоль Татарскі, як і многія вязьні ГУЛАГу, дагэтуль не рэабілітаваны.

ТАТАРСКІ: Не імкнуўся я, нікуды не хадзіў. Ведаеце, я баюся нават сёньня хадзіць па Менску. Зьнянацку падыдзе кагэбіст і забярэ...

Адразу, як у Курапатах пачалася вахта памяці, у Анатоля Татарскага склаліся прыязныя дачыненьні з валанцёрамі.

ТАТАРСКІ: Я зьдзіўляюся, што яны такія ёсьць. Таму што тут і так ужо беларускую мову зьнішчылі, усе школы Лукашэнка пазачыняў. Ва Ўкраіне яшчэ сьцяг жоўта-блакітны вісіць, а беларускага ўжо няма. А як можа быць дзяржава безь яго? Мяне зьдзіўляюць гэтыя хлопцы. А я зь беларусамі заўсёды...

Анатоль Татарскі спадзяецца дажыць да таго часу, калі Курапаты стануць сапраўдным мэмарыялам.


21 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЗАПРАШАЮЦЬ УСІХ АДЗНАЧЫЦЬ ПАЎГОДЗЬДЗЕ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Апошнім часам у лягеры абаронцаў багата наведнікаў.

Ганна Соусь:

Надоечы сюды завіталі прадстаўнікі Беларускага камітэту міру, каб, як мяркуюць валанцёры, заручыцца падтрымкай моладзі перад заўтрашнім паседжаньнем, на якім чарговы раз будзе абмяркоўвацца канцэпцыя мэмарыялізацыі Курапатаў Некаторыя валанцёры паставіліся да гэтага візыту не зусім прыязна. Гаворыць Цімох Сугака:

— Прыходзіў кіраўнік Камітэту, пачынаў пра «падкову» распавядаць. Калі ён зайшоў, я прынцыпова не ўставаў з ложка.

Але канфлікту не адбылося. Працягвае Антось Шкурынскі:

— Гаварылі, вось мы такія добрыя, усім дапамагаем. І вы таксама добрыя, пад трактары кідаліся. Давайце што-небудзь тут пабудуем. Асабліва ў палеміку зь імі не ўступалі. Ня сталі тлумачыць, што ніякага будаўніцтва з тэхнікай мы тут не дазволім. Яны гэта і так добра ведаюць. Яны зайшлі ў намёт, а потым пагаварылі з двума палкоўнікамі ў адстаўцы.

Антось зьвярнуў увагу на тое, што прадстаўнікі Камітэту міру нават не падняліся на Курапацкі ўзгорак — туды, дзе большасьць пахаваньняў. У нядзелю 24 сакавіка споўніцца паўгода, як у Курапатах пачалася бестэрміновая вахта памяці. Валанцёры хочуць у гэты дзень сабраць ва ўрочышчы як мага больш людзей — усіх, хто спрычыніўся да абароны нацыянальнага нэкропалю. Распавядае Люда Паклонская:

— Тут будзе сход, прысьвечаны паўгодзьдзю нашага знаходжаньня ў Курапатах. Я запрасіла спадара Скіргайлу, каб ён пайграў нам на дудзе. Павінны прыйсьці й Павал Севярынец, і Сяржук Высоцкі, і ўсе абаронцы. Будзем шчыра радыя ўсіх бачыць.

Большасьць валанцёраў плянуе ўзяць удзел у акцыі з нагоды Дня Волі. Гаворыць Цімох Сугака:

— Абаронцы вырашылі, што пойдуць шэсьцем разам з КХП БНФ.

Цімоху сёньня споўнілася дваццаць гадоў. Раніцай ён прымаў віншаваньні ад сяброў.


22 сакавіка 2002

ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА І КАМІТЭТ МІРУ ВЫПРАЦАВАЛІ АГУЛЬНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ

Сёньня адбылося абмеркаваньне гэтай канцэпцыі на сядзібе Таварыства Беларускай Мовы.

Ганна Соусь:

Пасьля грамадзкіх слуханьняў наконт будучага мэмарыялу ў Курапатах, грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і Беларускі камітэт міру супольна выпрацавалі адзіную канцэпцыю мэмарыялу. Вось яе асноўныя палажэньні: у Курапатах павінен быць узьведзены мэмарыял бязьвінна загінулых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які мусіць мець агульнанацыянальны статус. Па ўсім пэрымэтры яго належыць устанавіць агароджу, ямы-магілы трэба пакінуць цалкам некранутымі. Цяперашні Крыж Пакутаў i памятныя знакі ўшанаваньня ахвяраў павінны застацца дамінантай будучага мэмарыялу. Дапускаецца магчымасьць лякальнага пэрсаніфікаванага ўшанаваньня ахвяраў. Мастацкае ўвасабленьне мэмарыялу павінна прадугледжваць прымальнасьць для розных веравызнаньняў.

ВЯЧОРКА: Мэмарыял ствараўся натуральным чынам, і такая самая натуральнасьць ягонага напаўненьня павінна прадугледжвацца й надалей. Рэальна магільныя яміны ўшаноўваюць крыжамі. І гэтаксама было б натуральна, калі б нехта мусульманскага вызнаньня ўганараваў камянём тую ці іншую мясьціну. Ёсьць прасека, якая стыхійна сталася месцам самых розных спосабаў ушанаваньня. Там ёсьць амэрыканская лава, якая, відаць, і была прыдуманая як вобраз, які сапраўды паядноўвае ўсіх, які ўласьцівы для могілак. Там і стала б, хутчэй за ўсё, калектыўнае месца ўшанаваньня.

У часе абмеркаваньня ўзьніклі спрэчкі наконт назвы мэмарыялу. Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч, лідэр БПС Сяржук Высоцкі й скульптар Алесь Шатэрнік мяркуюць, што ў канцэпцыі павінна быць пазначана: мэмарыял ахвярам бальшавіцкага генацыду. Аднак большасьць сяброў грамадзкай ініцыятывы схіляецца да таго, што ў канцэпцыі трэба ўжываць агульнавядомы тэрмін «ахвяры палітычных рэпрэсіяў», а паняцьце бальшавіцкага генацыду трэба даць у адмысловай прэамбуле да праекту канцэпцыі. Тэкст канцэпцыі будзе ў хуткім часе падрыхтаваны і агучаны 25 сакавіка, у панядзелак, пасьля чаго прадстаўнікі ўсіх грамадзкіх арганізацыяў падпішуць праект канцэпцыі і дашлюць прэм’ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму. Грамадзкасьць таксама будзе дамагацца стварэньня рэспубліканскай камісіі, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, інтэлігенцыі, грамадзкіх ініцыятываў і арганізацыяў. Плянуецца, што рэспубліканская камісія зоймецца правядзеньнем міжнароднага конкурсу на найлепшы праект мэмарыялу ў Курапатах, зборам сродкаў на яго, а таксама будзе кантраляваць будаўніцтва мэмарыялу.


23 сакавіка 2002

ТАЛАКА Ў КУРАПАТАХ

У суботу сябры КХП БНФ ладзілі талаку. Яны ўсталёўвалі крыжы й парадкавалі тэрыторыю.

Ганна Соусь:

Талака распачалася а 12-й гадзіне. Гаворыць прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал:

— Працягваецца стварэньне народнага мэмарыялу, лесу крыжоў. Мы лічым, што менавіта такі мэмарыял павінен існаваць у Курапатах. Не патрэбныя тут жалезабэтонныя монстры.

Валанцёры таксама бралі ўдзел у добраўпарадкаваньні ўрочышча. Прыкладам, Антось Шкурынскі адкопваў рыдлёўкай крыжы ў насыпу дарогі, якія засыпалі будаўнікі.

— Што зь імі будзеце рабіць далей? У іншае месца пераносіць?

— Не. Хопіць ужо. Мы памылкова дазволілі, каб гэтыя крыжы завалілі пяском. Цяпер такога не павінна быць. Проста будзем выцягваць будаўнікоў з машын і тлумачыць ім гэта.

Раніцай Курапаты наведаў прафэсар Дэвід Гаўнт з Унівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму, які таксама зьяўляецца дырэктарам Школы Балтыйскіх і Ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў. Прафэсар Дэвід Гаўнт — гісторык і займаецца дасьледаваньнем цёмных бакоў гісторыі. Паводле спадара Гаўнта, у сьвеце добра ведаюць пра Курапаты. Раней ён сам шмат чытаў пра гэтае месца, але сёньня на свае вочы пабачыў лясны масіў, дзе ляжаць парэшткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Як распавёў мне навуковец Андрэй Катлярчук, які таксама працуе ў Школе Балтыйскіх і Ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў, гэта ўжо ня першы візыт швэдзкіх навукоўцаў у Курапаты. Два тыдні таму Курапаты наведала група швэдзкіх археолягаў.

КАТЛЯРЧУК: Былі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю Швэцыі Уля Ульфсан і Джэкі Тэфэндар, а таксама галоўны спэцыяліст па часе вікінгаў на ўсходзе Эўропы, прафэсар Стакгольмскага ўнівэрсытэту Інгмар Янсан. Пад-час размовы гаворка зайшла таксама пра Курапаты, бо ўсе ведаюць, што археолягі займаліся гэтым пытаньнем

— Зянон Пазьняк і Мікола Крывальцэвіч. І мы былі тут. Уля Ульфсан сказаў мне, што ён быў у Латвіі, Літве й Эстоніі ў такіх самых мясьцінах, але найбольш моцнае ўражаньне пакінулі менавіта Курапаты. Вось гэтая дарога, вось гэтыя крыжы ад людзей, неафіцыйныя. Археолягі сказалі, што яны хочуць зрабіць сэмінар у Швэцыі й распавесьці пра гэтую археалягічную экспэдыцыю, пра Курапаты, бо гэта — таксама археалёгія, але якая моцна кранае сэрцы.

Заўтра споўніцца паўгода, як у Курапатах пачалася бестэрміновая вахта памяці. Гаворыць Люда Паклонская:

— На заўтра вырашылі нічога такога не прызначаць, таму што яшчэ невядома, каго затрымаюць на Дзень Волі, а каго не, і хто сюды прыйдзе. У любым выпадку тут будуць зьбірацца людзі. Усё ж афіцыйна мы тут знаходзімся з 24 верасьня з 6 гадзін вечара. Прыходзьце, калі ласка. Будзем шчыра радыя бачыць.


24 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ АДЗНАЧАЮЦЬ ДЗЕНЬ ВОЛІ

24 сакавіка споўнілася роўна паўгода, як добраахвотнікі вартуюць мэмарыял.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня раніцай у лягеры было шэсьць валанцёраў, якія правялі там мінулую ноч. Настрой у хлопцаў і дзяўчат сьвяточна-трывожны, бо большасьць зь іх зьбіраецца ехаць у цэнтар Менску на шэсьце з нагоды Дня Незалежнасьці і канцэрт у парку Янкі Купалы. Трывожацца валанцёры з тае прычыны, што гэтыя акцыі не дазволеныя ўладамі, і кожнага ўдзельніка можа затрымаць міліцыя. Тым ня менш, валанцёры цьвёрда вырашылі браць удзел у сьвяткаваньні. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Трэба паказаць уладам, што ёсьць яшчэ людзі, якія могуць прыйсьці і сказаць ім: «Не!» Якія могуць выйсьці на вуліцу і нешта зрабіць. Ня толькі тут, у Курапатах, але і ў горадзе.

Такім чынам, у лягеры засталіся толькі двое дзяжурных. У гэты час у Курапаты прыйшла невялікая экскурсія. Настаўнік гісторыі зь менскай школы №74 Павал Баркун прывёў на Дзень Незалежнасьці ў Курапаты некалькі сваіх вучняў.

БАРКУН: Гэта цікава мне, і я намагаюся прышчапіць цікавасьць да гэтага маім вучням. Ёсьць у мяне цікавы курс –гісторыя Беларусі. У гэтым курсе не хапае ўражаньняў, атмасфэры гісторыі Беларусі. Вось і намагаюся нейкую такую атмасфэру тут знайсьці.

А вось чаму зацікавіліся гісторыяй Курапатаў дзевяціклясьнікі Зьміцер Пласкавіцкі і Марына Ковель.

ПЛАСКАВІЦКІ: Мне ўвогуле падабаецца гісторыя Беларусі, хочацца даведацца пра тых, хто тут ляжыць. А таксама пра людзей, якія тут пікетуюць, намагаюцца захаваць гэтыя магілы.

КОВЕЛЬ: Проста цікава ведаць гісторыю нашай краіны.

Сёньня мінула роўна 6 месяцаў з таго дня, калі добраахвотнікі распачалі варту ва ўрочышчы. Гаворыць Іра Вяткіна:

— Мы хацелі гэта адзначыць, прыгатаваць нешта смачнае зь ежы, але сёньня ж акцыя, Дзень Волі, і таму вырашылі, што потым, можа, у панядзелак як-небудзь адзначым, сымбалічна.


25 сакавіка 2002

ПРЫНЯТЫ КАНЧАТКОВЫ ВАРЫЯНТ КАНЦЭПЦЫІ

Cябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і Беларускага камітэту міру прынялі канчатковы варыянт канцэпцыі Мэмарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў «Курапаты».

Ганна Соусь:

Менавіта з такой назвай пагадзілася большасьць удзельнікаў сустрэчы. Гаворыць мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч:

— Гаворкі пра мэмарыял вяліся адразу ж зь першых дзён, як толькі праўда пра Курапаты сталася вядомая шырокай грамадзкасьці. Спадзяюся, што на гэты раз давядзем да лягічнага завяршэньня.

Цягам гэтага тыдня канцэпцыя будзе абмеркаваная ў розных палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях. Плянуецца, што 1 красавіка адбудзецца яе падпісаньне прадстаўнікамі гэтых арганізацыяў, пасьля канцэпцыя будзе дасланая прэм’ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму. Працягвае каардынатарка грамадзкай ініцыятывы Ірына Жыхар:

— Мы будзем зьвяртацца ў Савет Міністраў, бо толькі ён на сёньняшні дзень мае паўнамоцтвы стварыць рэспубліканскую камісію з удзелам дзяржаўных чыноўнікаў і творчай інтэлігенцыі, куды будуць уключаныя сябры грамадзкіх арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў.

З канцэпцыяй мэмарыялу не пагадзіліся сябры Беларускай Партыі Свабоды, якія прысутнічалі сёньня на паседжаньні. Лідэр партыі Сяржук Высоцкі прапанаваў свій варыянт прэамбулы.

ВЫСОЦКІ: Мы ня лічым, што гэты дакумэнт павінен быць залішне мяккім да ўлады, бо па апошніх падзеях відаць, што свае абяцанкі ўлады вельмі хутка забіраюць назад. Нам не патрэбныя тут мільённыя датацыі. Фактычна трэба пабудаваць агароджу й браму.

— Вы мяркуеце, што ня трэба зьвяртацца да прэм’ер-міністра?

— Не. Я лічу, што ад уладаў патрэбнае проста прызнаньне, на якім можна будзе грунтавацца. Трэба разумець, што гэта часовая ўлада.


26 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ ПАДСУМОЎВАЮЦЬ ВЫНІКІ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Валанцёры мяркуюць, што шэсьць мэдалёў, атрыманых у часе ўчорашніх урачыстасьцяў з нагоды Дня Волі, трэба падзяліць на ўсіх.

Ганна Соусь:

Выгляд Курапатаў выклікае цяпер супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку — засыпаныя пяском крыжы, амаль дабудаваны падземны пераход, у якім можна пабачыць разьбітыя бутэлькі й бруд. А з другога боку — каля 40 крыжоў уздоўж прасекі, якія ўсталявалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, і пазначаныя галінкамі й камянямі месцы, дзе ў выходныя будуць пастаўленыя новыя крыжы. А таксама перагароджаная дарога, па якой міліцэйскія машыны звычайна заяжджалі ва ўрочышча.

Распавядае Антось Шкурынскі:

— Сюды ўвечары 24 сакавіка прыехалі 12 «зуброўцаў» з Барысава. Праслухалі праграму Радыё Свабода а шостай гадзіне. Убачылі міліцыянтаў, сталі ў ланцуг, перагарадзілі дарогу, і як толькі міліцыянты зьехалі, адразу ўсталявалі калы.

У намёце валанцёраў цяпер вісяць два гліняныя мэдалі — з тых, што ўручылі ўчора абаронцам Курапатаў на ўрачыстым паседжаньні з нагоды Дня Волі. Мэдалямі й ганаровымі дыплёмамі былі ўзнагароджаныя Ірына Вяткіна, Павал Севярынец, Сяржук Высоцкі, Глеб Вязоўскі, Генадзь Дранковіч і Сяржук Мацкойць. Сёньня некаторыя валанцёры выказвалі прапановы падзяліць гэтыя мэдалі на шмат кавалкаў, каб сымбалічную ўзнагароду атрымалі ўсе абаронцы Курапатаў. Працягвае Сяржук Высоцкі:

— Атрымалі прадстаўнікі розных арганізацыяў. Мэдаль, які перадалі, напрыклад, мне, я ўспрымаю як узнагароду ўсёй Беларускай Партыі Свабоды. Гэта ўзнагарода ня толькі мне, але й астатнім 49 сябрам незарэгістраванай БПС, якія былі найбольш задзейнічаныя ў курапацкай варце.

Як адзначалі ў часе ўчорашняй цырымоніі, абарона Курапатаў — гэта першая перамога ў XXI стагодзьдзі. А вось як ставяцца да гэтага самі валанцёры. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Курапаты — гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна жыць пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам, размаўляць вольна па-беларуску. Гэта й ёсьць галоўны вынік.

Я гартаю курапацкую кнігу водгукаў і прапановаў і бачу ў ёй шмат запісаў, у якіх падсумоўваюцца вынікі шасьцімесячнага знаходжаньня ва ўрочышчы. Вось адзін зь іх:

«Шмат чаго адбылося за гэты час. Але ж галоўнае — мы, прадстаўнікі розных арганізацыяў, разам! І ў адрозьненьне ад «старой апазыцыі», мы ня лаемся й ня рвем адзін аднаму горла».


27 сакавіка 2002

НАВУКОЎЦЫ — ПРА СВАЁ БАЧАНЬНЕ КУРАПАТАЎ

У Менску прайшло грамадзкае абмеркаваньне мастацкага аздабленьня будучага мэмарыялу.

Альгерд Невяроўскі:

Грамадзкае абмеркаваньне сымболікі курапацкага мэмарыялу наладзілі грамадзкія арганізацыі Архіў найноўшае гісторыі, «Дыярыюш» і Рэлігійнае аб’яднаньне прагрэсіўнага юдаізму. У дыскусіі бралі ўдзел прэзыдэнт гэтага аб’яднаньня Якаў Басін, гісторык культуры Вацлаў Арэшка, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, намесьнік старшыні БНФ прафэсар Юры Хадыка ды іншыя вядомыя асобы, што ўваходзяць у грамадзкую ініцыятыву «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Гаворыць Якаў Басін:

— Праблема ў тым, што няма ніякіх сур’ёзных крытэраў, каб нейкім чынам вызначыцца па гэтай тэме. Гэта праз тое, што да нашага часу рэлігійныя сымбалі дамінуюць у масавай сьвядомасьці. Напрыклад, крыж — гэта хрысьціянскі сымбаль. Наўрад ці юдэі пагодзяцца, каб іхныя пахаваньні апынуліся пад крыжам. А што рабіць з мусульманамі?

Такую думку падзяляе й гісторык Ігар Кузьняцоў, які доўгі час займаецца тэмай масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Беларусі. Паводле Кузьняцова, праблема сымболікі курапацкіх пахаваньняў вельмі сур’ёзная, бо акрамя хрысьціянаў, юдэяў і мусульманаў у тых магілах ляжаць і атэісты-камуністы, і якім чынам ушаноўваць іхную памяць — ставіць чырвоную зорку, ці што?

Прафэсар Юры Хадыка прапаноўвае свой варыянт агуль-награмадзянскага помніку ахвярам Курапатаў:

— Павінен быць сьціплы, ляканічны сымбаль. І з улікам таго, што загінулі людзі розных веравызнаньняў і нацыянальнасьцяў, праблема складаная. Я думаю, што ўсіх бы задаволіў роўнаканцовы грэцкі крыж. Ён быў сымбалем не ўкрыжаваньня, не хрысьціянства, а быў сымбалем агню, уваскрашэньня й вечнасьці. Першыя хрысьціяне яго выкарыстоўвалі ня ў зьвязку з укрыжаваньнем, а якраз у зьвязку з канцэпцыяй уваскрашэньня.

Думку пра тое, што цэнтральны курапацкі помнік мусіць быць пазбаўлены выразнай канфэсійнай сымболікі, падзяляюць і іншыя навукоўцы. Нават пастар царквы Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Зьміцер Мамойка лічыць, што мэмарыял найперш мусіць нагадваць пра кароткае зямное жыцьцё чалавека. Аднак удзельнікі абмеркаваньня ўважаюць, што мэмарыял ня мусіць быць і знакам прымірэньня паміж ахвярамі й катамі, бо каты дагэтуль не пакаяліся ў сваіх злачынствах. Гаворыць Вацлаў Арэшка:

— Памяць пра тых, хто забіваў, пра катаў — гэта яшчэ адна важная частка мэмарыялу. І нацыянальны помнік ахвярам рэпрэсіяў ня можа быць бяз гэтага напаміну. Без таго, што ня будзе названы сам факт існаваньня гэтых катаў. Катаў, якія не былі ніколі пакараныя і ў пэўнай ступені засталіся сымбалем дзяржаўнай палітыкі.

Хаця ўдзельнікі абмеркаваньня й адзначалі, што ў беларусаў дагэтуль няма агульнанацыянальнага грамадзянскага сымбалю, тым ня менш, усе яны прызналі, што галоўнай ідэяй будучага помніку мусяць стаць паняцьці «смутак і адкупленьне». Удзельнікі таксама пагадзіліся, што пасьля таго, як мэмарыял будзе збудаваны, трэба спыніць стыхійнае ўсталяваньне ў Курапатах крыжоў, каб ня ўносіць у цэльны ансамбаль элемэнты эклектыкі.


28 сакавіка 2002

СЯБРЫ КХП БНФ ПРЫВЕЗЬЛІ Ў КУРАПАТЫ КРЫЖЫ

Алесь Чахольскі й Уладзімер Юхо выгружаюць з машыны вялікія сасновыя крыжы.

Ганна Соусь:

Сакратар управы партыі Алесь Чахольскі запрашае ўсіх прыходзіць у суботу ў Курапаты а дванаццатай гадзіне на талаку.

ЧАХОЛЬСКІ: Запрашаем з рыштункам, бярыце сякеры, граблі, рыдлёўкі... Прыйдзе час, і сапраўды тут будзе мэмарыял, але ня зараз, таму што тое, што плянуюць розныя «камітэты» і гэтак далей, абсалютна ня ўлічвае сёньняшняй сытуацыі пры дыктатуры. Яны ня ўлічваюць, што гэтая дарога будзе прыбраная адсюль, як толькі будзе ўсталяваная нармальная дэмакратычная ўлада. І тады будзе іншая канцэпцыя гэтага мэмарыялу. Зараз трэба ставіць толькі крыжы.

Алесь Чахольскі мяркуе, што варта прымацаваць да крыжоў, якія стаяць уздоўж прасекі, шыльды з імёнамі расстраляных у Курапатах. Гэткім чынам трэба ўшанаваць і памяць людзей, якія стваралі БНР і паклалі жыцьцё на адраджэньне Беларусі. Паводле спадара Чахольскага, новыя крыжы зробленыя на ахвяраваньні людзей.

ЧАХОЛЬСКІ: Партыя распачала збор сродкаў. І людзі з розных куткоў Беларусі ахвяруюць грошы на сьвятую справу. Мы будзем і далей усталёўваць крыжы, таму я вас заклікаю ахвяраваць. Грошы можна прыносіць на адрас: праспэкт Ф. Скарыны 133—147. Запэўніваю, што ніводная капейка, акрамя як на гэтую справу, нікуды ня пойдзе.

Каля падземнага пераходу з боку ляснога масiву ляжаць горы жвіру. Уладзімер Юхо вельмі занепакоены тым, як вядзецца будаўніцтва:

— Як сьпяшаюцца, забіваюць ужо палі, працягваюць засыпаць нават тыя крыжы, да якіх сказалі, што ня дойдуць. Мы будзем ставіць яшчэ крыжы па алеі, афармляць кампазыцыю, якую нам дапамаглі зрабіць мастакі суполкі «Пагоня». А наверсе ўздоўж дарогі будзем усталёўваць жалезныя крыжы.

Што да валанцёраў, дык надоечы да іх ізноў завіталі школьнікі адной менскай школы — настаўніца зрабіла для іх экскурсію ў Курапатах Учора ж ва ўрочышчы адбыўся надзвычайны інцыдэнт. Распавядае Ірына Вяткіна:

— Нейкі хлопец дзіўнага выгляду прыйшоў у лягер, але мы яго адправілі адсюль. А потым да нас прыйшла жанчына й сказала, што недалёка ляжыць чалавек. Хлопцы падышлі i ўбачылі, што ён ляжыць з адкрытымі вачыма й не варушыцца. Мы выклікалі «хуткую дапамогу», і лекары сказалі, што ў яго быў прыступ.

Ірына Вяткіна мяркуе, што гэты хлопец быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў, і непакоіцца, што з надыходам цёплага надвор’я моладзь зь мікрараёну зноў паспрабуе наладжваць у Курапатах пікнікі і гэткія інцыдэнты могуць паўтарыцца.


30 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ ПАЎСТАЛА КРЫЖОВАЯ АЛЕЯ

На чарговай талацэ актывісты КХП БНФ усталявалі дзясяткі крыжоў на цэнтральнай алеі мэмарыялу.

Валер Каліноўскі:

Некалькі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў ды беспартыйных грамадзянаў прыйшлі сёньня з рыдлёўкамі і граблямі на традыцыйную курапацкую талаку. Жанчыны прыбіралі леташнюю лістоту і сьмецьце, мужчыны ўсталёўвалі крыжы. Цяпер на цэнтральнай алеі — 60 моцных сасновых крыжоў стандартнага памеру, яны цалкам зьмянілі вонкавы выгляд мэмарыялу.

Алесь Чахольскі, сакратар управы КХП БНФ, распавёў Радыё Свабода пра канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў, якой кіруецца ягоная партыя:

— Мы пачалі стварэньне гэтага мэмарыялу ў 2000 годзе, калі адбылося крыжовае шэсьце ў Курапаты. Зараз фактычна гэта і ёсьць помнік. Далей на нашых талоках штосуботы крыжы будуць усталёўвацца непасрэдна на магілах у гэтым лесе, каля дарогі. Кожная душа павінна быць увасобленая ў крыжы.

Спадар Чахольскі сказаў, што крыжы неўзабаве будуць пафарбаваныя і асьвечаныя. Актыўны ўдзельнік талакі пэнсіянэр Аляксандар Тарала перакананы, што спадзявацца на дзяржаўныя мэмарыяльныя знакі ў Курапатах ня варта:

— Трэба рабіць тут народны помнік, а не каб дзяржава рабіла. Спачатку дзяржава забівала тут людзей, а зараз помнік хоча рабіць. Я думаю, што трэба, каб кожны прынес свой крыж і паставіў у памяць тых, якія тут загінулі, невінаватых людзей.

Тым часам у Курапацкі лес пацягнуліся аматары пікнікоў і шашлыкоў. На заўвагі ўдзельнікаў талакі, што тут нельга праводзіць гулянкі, яны проста не рэагуюць. Асабіста мне ўдалося пагаварыць зь сям’ёй, якая ў Курапацкім лесе, адразу за крыжамі зьбірала сок зь бярозаў. На пытаньне, ці не бянтэжыць іх, што ў гэтай зямлі ляжаць целы закатаваных людзей, маладыя людзі адказалі, што невядома, хто тут яшчэ ляжыць, што пахаваньні былі даўно, шэсьцьдзесят гадоў таму, у гэтай зямлі няма ўжо крыві, адны косткі, а бярозавік яны тут назапашваюць штогод. Непадалёк прыбірала леташняе лісьце Жана Цішурова, яна мяркуе, што патрэбны яшчэ немалы час, каб выхаваць павагу да гэтага месца ва ўсіх, хто сюды прыходзіць бавіць час.


31 сакавіка 2002

ВЯЛІКДЗЕНЬ АДЗНАЧЫЛІ ПРАЦАЙ

Усе жыхары курапацкага лягеру, а іх там сёньня было больш за дзесяць чалавек, прыбіралі тэрыторыю ўрочышча ад сьмецьця.

Альгерд Невяроўскi:

Разам зь лесьнікамі Менскага лясьніцтва яны высякалі сухастой ды іншы непатрэбны хмызьняк, а таксама засыпалі пяском калюжыны з вадой. Я ня мог не задаць хлопцам і дзяўчатам пытаньне, ці будуць яны ўвогуле адзначаць Вялікдзень. І атрымаў даволі нечаканы адказ Гаворыць старшы ў курапацкім лягеры Алесь Поклад:

— Мы адзначаем яго працай. Я лічу, што ў гэты дзень, таксама як і на Радаўніцу, трэба ўспомніць аб тых людзях, якія загінулі за нас, мабыць, за мяне асабіста ці за тых сяброў, якія тутака знаходзяцца. Мы прыбіраем крыжы, могілкі, зьбіраем сьмецьце.

Працягвае Сяргей Мацкойць:

— Мы плянуем увечары згатаваць сьвяточную вячэру, зразумела, бяз моцных напояў, таму што ў нас тут гэтая рэч забароненая.

Учора ўвечары валанцёры былі вымушаныя ўжыць сілу, каб выправадзіць з Курапатаў двух п’яных мужчынаў, якія спрабавалі ўварвацца ў намёт і патрабавалі ад хлопцаў пачастунку.


1 красавіка 2002

ЗВАРОТ ДА ЎРАДУ

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў падпісалі зварот да ўраду Беларусі, у якім прапануюць стварыць адмысловую дзяржаўную камісію ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў.

Альгерд Невяроўскі:

Паводле канчатковага варыянту канцэпцыі мэмарыялізацыі прапануецца захаваць усе тыя мэмарыяльныя знакі, якія ўжо ўсталяваныя ў Курапатах, а таксама выканаць пастанову ўраду ад 1989 году, паводле якой мусіць быць усталяваны помнік ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што ў Курапатах ня варта будаваць пампэзных помнікаў — галоўнае, каб гэтае месца набыло адпаведны ахоўны статус, было добраўпарадкаванае і агароджанае.

Як паведаміла Ірына Жыхар, пад зваротам да ўраду й прэм’ера Генадзя Навіцкага падпісаліся цэнтар «Супольнасьць», Беларускі камітэт міру, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Беларускі Гельсынскі камітэт, праваабарончы цэнтар «Вясна» ды іншыя арганізацыі У склад дзяржаўнай камісіі акрамя чыноўнікаў павінны ўвайсьці вядомыя навукоўцы й грамадзкія дзеячы Кажа Ірына Жыхар:

— Калі здаровы сэнс — галоўная падстава дзейнасьці ўраду, то, натуральна, ён прыслухаецца да звароту. Я думаю, што нязручна будзе ўраду й прэм’еру йсьці супраць грамадзтва.

А вось меркаваньне гісторыка культуры Вацлава Арэшкі:

— Галоўнае, што беларускае грамадзтва на гэтай глебе сапраўды знайшло агульную тэму для размовы, для салідарнасьці. А як удасца… Я думаю, што наўрад ці ва ўрадзе зараз ёсьць шмат цікавасьці да гэтай справы, і мне здаецца, што яны б ахвотна выкарысталі ўсё гэта супраць апазыцыі.

Рэзка супраць дамовы з урадам у справе мэмарыялізацыі Курапатаў выступаюць КХП БНФ і Партыя Свабоды. Гаворыць намесьнік старшыні КХП Сяргей Папкоў:

— Мы лічым, што помнік ёсьць. Гэта крыжовы помнік народнай памяці. Таму ўсе гэтыя кабінэтныя паседжаньні не даюць для людзей ніякага плёну. Беларусы павінны памятаць пра тыя злачынныя гады. Кожны можа й павінен прыехаць і паставіць там крыж. А зрабіць спробу нешта там уладкаваць і, як некаторыя прапануюць, абмежаваць доступ людзям ставіць там крыжы — то гэта й назваць прыстойным словам немагчыма.

Прадстаўнікі гэтых партыяў лічаць, што абмеркаваньне канцэпцыі мэмарыялу павінна быць больш шырокім, а ў цяперашніх уладаў браць грошы на яго пабудову амаральна. Тым ня менш, зварот грамадзкасьці будзе перададзены ва ўрад ўжо заўтра.


2 красавіка 2002

БУДАЎНІКІ ЗАСЫПАЮЦЬ КРЫЖЫ КАЛЯ НАСЫПУ ДАРОГІ

Валанцёры спрабуюць супрацьстаяць далейшаму пашырэньню трасы й просяць дапамогі.

Ганна Соусь:

Апошнімі днямі будаўнікі падсыпаюць жвір на ўчастак кальцавой дарогі ля Курапатаў. Пры гэтым існуе небясьпека, што крыжы, усталяваныя тут раней, неўзабаве будуць засыпаныя. Валанцёрка Каця Карпенка некалькі разоў спрабавала спыніць рабочых.

КАРПЕНКА: Я проста пачала адкопваць крыжы. Падышлі будаўнікі, галоўны інжынэр лаяўся маскальскімі мацюкамі на нас, крычаў, каб крыжы не адкопвалі, што іх трэба ўвогуле выкапаць і аднесьці куды-небудзь, бо іх усё роўна закапаюць.

— Што вы мяркуеце рабіць далей?

— Раней была дамова пра тое, што гэтыя першыя крыжы ня будуць засыпаць. Калі яны іх будуць засыпаць як зараз, пакрысе, то мы будзем іх адкопваць. А калі будуць дзейнічаць нахабна, то яны будуць закопваць крыжы разам з намі.

Апошнімі днямі ў лягеры абаронцаў было багата замежных наведнікаў — нарвэжцы й французы, прыходзілі чэскія кінэматаграфісты. Не абмінаюць лягер і беларусы. Прыкладам, старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы чарговы раз прывез валанцёрам харчоў. Завіталі ў Курапаты й актывісты з Барысава. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Прыяжджалі сюды два «зуброўцы» з Барысава. Яны, як даведаліся, што тут зараз няшмат народу (нас сёньня тры чалавекі начавалi), дык паабяцалі, што з Барысава на выходныя будуць прыяжджаць заўжды тры-чатыры чалавекі.

Валанцёры цяпер актыўна займаюцца фізычнымі практыкаваньнямі. Працягвае Антось Шкурынскі:

— Адпрацоўваем сьценкі, клін, робім фізычныя практыкаваньні — бег, куляньне, адцісканьне.

— А дзеля чаго гэта трэба ў Курапатах?

— Каб у выпадку нейкіх непрыемнасьцяў зь міліцыяй альбо зь іншымі засланымі людзьмі ўсім трымацца разам.


Гэтыя засьцярогі не беспадстаўныя. Тлумачыць Сяржук Высоцкі:

— Ускладнілася становішча ў Курапатах. Шмат людзей ідуць, так бы мовіць, на прыроду. 31 сакавіка былі сутычкі зь імі. 30 сакавіка сюды прыйшлі каля 25 маладых людзей нападпітку, агрэсіўныя такія. Я ня веру ў выпадковыя групаваньні маладых людзей, якія прыходзяць сюды, так бы мовіць, паштурхацца з палітычнымі. Звычайна іх нехта скіроўвае. Зараз ідзе новая форма вандалізму, калі пад’яжджае самазвал і высыпае жвір на крыжы. Нашыя падыходзяць туды пратэставаць, а ў гэты час пад’яжджае другі самазвал у іншым месцы. Фактычна гэта новая спроба пашырэньня трасы. І нам зараз тут патрэбная дапамога.

Сяржук Высоцкі заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс нацыянальнага нэкропалю, далучацца да бестэрміновай вахты памяці ў Курапатах.


3 красавіка 2002

БУДАЎНІКІ СПЫНІЛІ РАБОТЫ

Абаронцы дамагліся, каб будаўнікі праводзілі работы ахайна й не засыпалі жвірам крыжы.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску быў халодны й сонечны дзень. У курапацкім лягеры заставаліся толькі Антось Шкурынскі і Алег Гнедчык, якія беcпасьпяхова спрабавалі распаліць вільготнымі дровамі печку ў намёце. Валанцёры скардзіліся, што сёньняшняя ноч выдалася нечакана халоднай, і таму фактычна бяcсоннай для іх. У намёце начавалі тры чалавекі, і гэта, на іх думку, таксама вынік нечаканых халадоў.

АЛЕГ: Мы тут зіму ўсю перажылі. А тут два-тры чалавекі ўсё роўна будуць заставацца кожны дзень. Такога не было, каб нікога не заставалася ў Курапатах.

АНТОН: Холад ня можа зламіць нашую волю. Мы ўсё роўна будзем змагацца, колькі б нас ні засталося. Апошнімі днямі будаўнікі кальцавой дарогі працавалі >вельмі неахайна: робячы дарожны насып, засыпалі >жвірам крыжы. Валанцёры прыклалі шмат намаганьняў >супраць гэтага. Сёньня рабочыя ўвогуле пакінулі курапацкі >ўчастак дарогі Антон Шкурынскі працягвае:

— Спрабуем больш-менш культурна размаўляць з інжынэрамі і будаўнікамі. Будаўнікі кажуць: «Усе пытаньні да нашага начальства...»

Істотную дапамогу валанцёрам аказвае дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля» і яго старшыня Генадзь Грушавы Паводле спадара Грушавога, Курапаты сталі сымбалем, зь якога пачаўся беларускі дэмакратычны рух. Таму ён лічыць, што дапамагаць валанцёрам ёсьць ягоным маральным абавязкам. Гаворыць спадар Грушавы:

— Сёньня я разам зь дзецьмі. Там жа дзеці Чарнобыля, там сядзяць, гэта ж не дарослыя. Я бачу ў гэтых маладых людзях, якім сёньня 20, 22, 23 гады тых самых чарнобыльскіх дзяцей, якіх я 12 гадоў таму пачаў ратаваць ад радыяцыі.

Спадар Грушавы заклікаў валанцёраў цьвёрда стаяць на сваім і не саступаць больш ні сантымэтру курапацкай зямлі ўладам і будаўнікам.


4 красавіка 2002

АНАТОЛЬ БЕЛЫ ХОЧА ЎГАНАРАВАЦЬ АБАРОНЦАЎ

Старшыня клюбу «Спадчына» Анатоль Белы распавядае пра свае ранейшыя спробы ўсталяваць у Курапатах помнік «Пакутнікам Беларусі».

Ганна Соусь:

Ён мяркуе, што трэба нейкім чынам адзначыць усіх валанцёраў, якія нясуць вахту памяці.

БЕЛЫ: Я хацеў бы ўганараваць нейкім мэдалём. Зрабіць вялікі дыплём і ўнесьці ў яго імёны ўсіх гэтых людзей. Гэты мэдаль і дыплём захоўваць дзе-небудзь у музэі ці нейкім архіве, а астатнім выдаць дублікаты гэтага дыплёму.

У 1999 годзе з ініцыятывы клюбу «Спадчына» быў створаны грамадзкі камітэт, які ставіў на мэце ўзьвядзеньне ў Курапатах помніка «Пакутнікам Беларусі». Плянавалася, што помнік у форме Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай вышынёй больш за тры мэтры будзе ўсталяваны там на Дзень Волі 25 сакавіка 1999 году. У склад камітэту тады ўвайшлі Мартыралёг Беларусі, Асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты» ды іншыя арганізацыі. Быў нават адкрыты банкаўскі рахунак для ахвяраваньняў на помнік. Мінула тры гады. Помніка ў Курапатах дагэтуль няма. Чаму?

БЕЛЫ: Увесь удар быў накіраваны на мяне. Па-першае, паставілі пад сумнеў стварэньне такога помніка. Па-другое, паставілі пад сумнеў, што ўжо помнік робіцца. Па-трэцяе, аўтар помніка скульптар Мірончык як бы адмовіўся ад таго, што ён пачаў рабіць.

Анатоль Белы сьцьвярджае, што гэты помнік ужо зроблены:

— Хочаце, зараз паедзем, і я вам пакажу яго. Ён ужо зроблены — такі, як я і плянаваў. Я ня буду казаць, дзе быў зроблены й як. Я чакаю толькі зручнага моманту.

Але калі я выказала жаданьне паглядзець на крыж, Анатоль Белы, спаслаўшыся на занятасьць, адмовіў мне ў гэтым, паабяцаўшы паказаць крыж у іншы час. Ці зьбіраецца Анатоль Белы прапаноўваць свой помнік на конкурс, калі будзе створаная рэспубліканская камісія?

БЕЛЫ: Ні ў якім выпадку. Я ня веру ні ў якія камісіі, я ня веру ні ўва што.


5 красавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ ПРЫБІРАЦЬ КРЫЖЫ

У Курапатах дагэтуль ня вырашана, што рабіць з асьвечанымі крыжамі, якія трапілі ў насып дарогі.

Ганна Соусь:

Валанцёры не дазваляюць прыбіраць крыжы з насыпу, гэтаксама як і весьці іншыя земляныя работы ў лясным масіве. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Крыжы нельга прыбіраць зь зямлі. Будаўнікі, а дакладней улады самі сябе паставілі ў тупік. Яны працягваюць насыпаць трасу зьверху. З другога боку, каб разраўняць, ім трэба зрушыць крыжы. Узьнікае пытаньне, як гэта зрабіць?

Сяржук Высоцкі пакуль сам ня бачыць выйсьця з гэтай сытуацыі, але запэўнівае, што валанцёры не дазволяць кранаць крыжы. Будаўнікі таксама ня ведаюць, што рабіць. Гаворыць геадэзіст Віктар зь менскага прадпрыемства «Маналіт»:

— Нам кала не даюць тут забіць, ужо ня кажучы пра капаньне. Людзі ня могуць грошы зарабіць з-за таго, што ня можам тут капаць, тэхніку паставіць.

— А якія працы вам тут трэба рабіць?

— Трэба выкапаць траншэю, потым заліць бэтонам сьценку, потым усё будзе пліткай абкладвацца. Праектам усё ўжо прадугледжана. Падземны пераход робіцца менавіта для людзей. Што, на звычайных могілках трактар па сьмецьце не прыяжджае? А капаюць чым? Экскаватарам магілы капаюць. Прыкладам, на Паўднёвых могілках капаюць «Беларусам».

Але абаронцы не прымаюць такія аргумэнты. Вось меркаваньне Васіля Парфянкова:

— Крыжы асьвечаныя. Ніхто іх выкопваць не зьбіраецца. Натуральна, будзем вырашаць пытаньне з гэтай адсыпкай, з тым, што яны на гэты бок пясок сыплюць.

Валанцёры спадзяюцца, што ў суботу й нядзелю ў Курапаты прыйдзе больш людзей, і будаўнікам будзе складаней засыпаць крыжы пяском. Дарэчы, заўтра а дванаццатай гадзіне сябры КХП БНФ зноў будуць ладзіць у Курапатах талаку.


7 красавіка 2002

ВАСІЛЬ ШАРАНГОВІЧ СУПРАЦЬ КОНКУРСУ

Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, які калісьці ўзначальваў журы конкурсу на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах, мяркуе, што ня трэба абвяшчаць новы конкурс.

Ганна Соусь:

ШАРАНГОВІЧ: Я лічу, што гэта шлях у нікуды. Я глыбока ўпэўнены, ужо маючы горкі вопыт правядзеньня гэтых конкурсаў. Трэба менавіта з маладых творцаў з новым мастацкім мысьленьнем стварыць рабочую групу, выпрацаваць канцэпцыю, а яна, гэтая канцэпцыя ўжо лунае ў паветры, яна патрабуе толькі мастацкага ўвасабленьня. Калі гэта будзе прынятае, ня трэба ніякіх конкурсаў. Другая справа — менавіта шырокае абмеркаваньне з удзелам прадстаўнікоў розных канфэсіяў, грамадзкасьці, інтэлігенцыі, навукоўцаў, гісторыкаў. Вось гэта — шлях, які можна рэалізаваць.

Васіль Шаранговіч узгадвае падзеі дзесяцігадовай даўніны, конкурс на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах і праекты, якія тады прапаноўваліся. У большасьці, мяркуе мастак, яны не адпавядалі самой ідэі курапацкіх могілак і ўяўлялі сабой жалезабэтонныя канструкцыі, выкананыя ў рэалістычным стылі. Але безвыніковасьць конкурсу мастак зьвязвае з тым, што ён адбываўся, так бы мовіць, на пераломе часу, калі ў Беларусі зьмянялася ўлада Гаворыць Васіль Шаранговіч:

— Я быў ініцыятарам яшчэ аднаго, нават ня конкурсу... Я проста папрасіў маладога скульптара Валяр’яна Янушкевіча, мяркуючы, што малады чалавек можа гэта зрабіць бліжэй да нашага разуменьня... Што ж такое Курапаты? Гэта могілкі бязьвінна загінуўшых і невядомых людзей. Што такое могілкі ў разуменьні народу? Гэта месца пахаваньня, якое мае агароджу, капліцу й браму. Валяр’яну Янушкевічу быў прапанаваны тады менавіта такі падыход.

Васіль Шаранговіч мяркуе, што гэтую ідэю пасьля пэўнага ўдасканаленьня і трэба ажыцьцявіць:

— А зрабіць гэта могуць толькі маладыя, таленавітыя скульптары й архітэктары — той жа Валяр’ян Янушкевіч, які ўжо адчуў гэтую тэму. У нас ёсьць Аляксандар Дранец, Павал Лук. Я магу назваць шмат таленавітых людзей, якія б маглі ўдзельнічаць у стварэньні такога мэмарыялу, якія маюць і мастацкую падрыхтоўку, і талент, і сучаснае мысьленьне.


8 красавіка 2002

У ТАЛАЦЭ ЎЗЯЛІ ЎДЗЕЛ НЕКАЛЬКІ ДЗЯСЯТКАЎ ЧАЛАВЕК

Людзі высякалі кустоўе на магілах і парадкавалі тэрыторыю.

Ганна Соусь:

Нягледзячы на зусім не красавіцкае надвор’е — у суботу ішоў сьнег — з самай раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі на талаку. Прыкладам, сябра КХП БНФ Аліна Дуброўская прыехала з Койданава, каб узяць удзел у добраўпарадкаваньні ўрочышча.

ДУБРОЎСКАЯ: Я лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Сюды трэба ісьці й працаваць для нашай будучыні, для нашых продкаў...

Сёньня ў Курапатах працаваў і археоляг Мікола Крывальцэвіч. Чатырнаццаць гадоў таму ён разам зь Зянонам Пазьняком ладзіў раскопкі ва ўрочышчы. З таго часу спадар Крывальцэвіч кожны год прыбірае тэрыторыю могільніка перад Дзядамі й Радаўніцай.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Штосуботу на працягу красавіка з 11 гадзінаў мы ўсіх чакаем на талокі. Будзе высякацца кустоўе, сьцежка будзе рабіцца. Я думаю, што такія талокі напярэдадні Радаўніцы й Дзядоў стануць традыцыйнымі. Вось ёсьць адна магіла, вельмі глыбока раскапаная, яшчэ шмат гадоў таму вандалы гэта зрабілі. Мы яе не маглі засыпаць, таму што кусты вырасьлі вельмі вялікія. Трэба кустоўе высекчы, агаліць усю гэтую прастору — там шмат магіл у кустах пазарастала, а потым і крыжы паставіць, і ўпарадкаваць.

У талацэ бралі ўдзел і абаронцы. Да прыкладу, Сяржук Высоцкі раскідаў пясок на ўзгорку.

ВЫСОЦКІ: Гэты пясок, які быў насыпаны тады, калі адбылася цырымонія аднаўленьня амэрыканскага памятнага знаку, цяпер зьбіраецца да кучы, каб усё выглядала больш прыстойна.

А вось сябра КХП БНФ Мікола Капарыха высякае ў лесе хмызьняк.

КАПАРЫХА: Вось гэтыя кусты падцярэбім. Жанчыны сьмецьце зьбіраюць, каб можна было бачыць з дарогі, колькі тут крыжоў.

Ва ўрочышчы працавалі сябры самых розных палітычных партыяў і арганізацыяў. Паводле Міколы Крывальцэвіча, у Курапатах зусім няважна, да якіх арганізацыяў належаць людзі

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Тут жа супольная праца. І ў гэтым нашая сіла. Мы пакажам, што нешта здолеем зрабіць. І тут ёсьць для ўсіх магчымасьць папрацаваць і сказаць, што я — абаронца Курапатаў.


9 красавіка 2002

БУДАЎНІЦТВА ДАРОГІ МОЖА БЫЦЬ СКОНЧАНАЕ ПРАЗЬ МЕСЯЦ

Рабочыя кажуць, што завяршэньне ўсіх працаў каля ўрочышча магчымае ўжо празь месяц.

Ганна Соусь:

Калі ў будаўнікоў быў перакур, я зьвярнулася да іх з пытаньнем пра тэрміны працы. Мне адказвае гэадэзіст Мікола Гусакоў:

— Калі ня будуць перашкаджаць, то паспрабуем за месяц усё здаць.

— Маецца на ўвазе — і асфальт пакласьці?

— І асфальт, і добраўпарадкаваць, і гэтак далей. Людзі разумеюць, што будзе існаваць дарога, і будзе ўвага да іхных крыжоў, будуць замежныя госьці прыяжджаць і ня будуць хадзіць па балоце. Тут будзе падпорная мэмарыяльная сьцяна, якая сваім выглядам будзе нагадваць пра нашае мінулае.

А паводле валанцёраў, дагэтуль існуе небясьпека нацыянальнаму нэкропалю. Гаворыць Мікола Ткачэнка:

— Як гэта, каб па могілках нашых братоў, якіх рэпрэсавалі яшчэ за Сталіна, езьдзілі машыны? Зараз мне цікава сачыць за тым, каб нічога не парушалася, каб рабочыя не пашыралі дарогу яшчэ больш.

Апошнім часам выходзіць зь лягеру ўвечары стала небясьпечна. Надоечы Антось Шкурынскі пацярпеў ад невядомых хуліганаў.

ШКУРЫНСКІ: Увечары каля адзінаццаці гадзінаў вяртаўся ад шапіку з цыгарэтамі. На паўдарозе тры здаровыя хлопцы ўбачылі мяне. Адзін зь іх кажа: «А, гэта іхны начальнік», і адразу наляцелі й пачалі біць. Потым пабеглі на прыпынак, а я пайшоў у лягер. Хлопцы нашыя спужаліся, кажуць: «Што гэта з табой?»

— Як Вы цяпер адчуваеце сябе?

— Як стары дзед. Усё баліць.


10 красавіка 2002

СУТЫЧКА ВАЛАНЦЁРАЎ З РАБОЧЫМІ

Улады парушылі ранейшыя дамоўленасьці й далі рабочым распараджэньне засыпаць пяском курапацкія крыжы.

Любоў Лунёва:

Раніцай некалькі самазвалаў пад’ехалі да таго месца, дзе ўсталяваныя крыжы, і пачалі засыпаць іх пяском. Рабочыя не рэагавалі на пратэсты абаронцаў. Тады ў кабіны паляцелі камяні. Рабочыя былі вымушаныя спыніць працу. Намесьнік галоўнага інжынэра выклікаў міліцыю. Міліцыянты прапанавалі рабочым напісаць заявы, каб былі падставы для затрыманьня валанцёраў. Аднак ніводзін рабочы на гэта не пагадзіўся. Сяржук Высоцкі лічыць, што сёньня Курапаты паўсталі перад небясьпекай зьнішчэньня.

ВЫСОЦКІ: Бачыце, якая сур’ёзная сытуацыя. Падчас размовы яны прызналіся, што плянуюць насыпаць да самога лесу. Будуць засыпаць вось гэтую пляцоўку, дзе знаходзіцца намёт, усе крыжы, знак са сьцягам. Пра гэта мы даведаліся толькі сёньня. Ніхто нам пра гэта раней не паведамляў, больш за тое, нам казалі зусім іншае.

Некалькі крыжоў засыпаныя пяском амаль дарэшты. Калі заўтра будаўнікі зноў пачнуць сыпаць пясок, крыжы апынуцца цалкам пад насыпам дарогі. Заўтра — 200 дзён з пачатку абароны Курапатаў. Валанцёры заклікаюць грамадзкасьць бараніць нацыянальны нэкропаль.

ВЫСОЦКІ: Будзем зьвяртацца да іншых палітычных арганізацыяў. Да тых, хто можа быць нашым саюзьнікам, да грамадзкасьці, каб актывізаваць намаганьні. Насамрэч, зацішшам улады скарысталіся для чарговага наступу. Давайце ўжо дагледзім Курапаты. Паспрабуем зрабіць тое, што здолеем. Ня так многа часу засталося. Але ў нас няма ўпэўненасьці, што сёньня ўвечары, уначы альбо заўтра раніцай улады не давядуць сваю справу да канца і не засыплюць крыжы канчаткова.


11 красавіка 2002

АБАРОНА КУРАПАТАЎ ДОЎЖЫЦЦА 200 ДЗЁН

Валанцёры падсумоўваюць вынікі вахты памяці і заклікаюць грамадзкасьць далучацца да іхнага чыну.

Ганна Соусь:

Над Курапатамі лунае бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкай. Ужо больш за месяц міліцыянты нават не спрабуюць зьняць яго. Паводле валанцёраў, гэта ёсьць адным з вынікаў двухсотдзённага супрацьстаяньня. Дарэчы, сёньня ва ўрочышчы ніякім чынам гэтую дату не адзначалі — падставаў для радасьці было няшмат. Засыпаныя крыжы, вада, што бесьперапынна бяжыць са сьцёку ў бок Крыжа Пакутаў — гэта ўсё наступствы рэканструкцыі кальцавой дарогі.

Васіль Парфянкоў мяркуе, што цяпер пачынаецца найбольш складаны этап у вартаваньні Курапатаў — будаўнічыя працы павінны завершыцца цягам месяца, і таму патрэбны пільны кантроль за хадой будаўніцтва.

ПАРФЯНКОЎ: Нарэшце тут будуць будаваць мэмарыял, які абяцалі яшчэ ў 1989 годзе. Вось гэта галоўны вынік нашай вахты. А тое, што дарога — дык яе падсыпаюць, падсыпаюць і падсыпаюць. Усё, што мы раней тут адваявалі, усё засыпалі.

Васіль бярэ ўдзел у вахце памяці ўжо амаль пяць месяцаў.

Апошнім часам у лягеры паменела валанцёраў. Уначы тут было тры чалавекі. Існуюць праблемы й з харчамі. Працягвае Сяржук Высоцкі:

— Трымаемся толькі дзякуючы прыватным ахвяраваньням грамадзянаў і сямейным магчымасьцям. Нехта прыносіць малака, кавалак сала, хлеб.

Сяржук Высоцкі падсумоўвае вынікі двухсотдзённай варты:

— У выходныя дні, асабліва калі трошкі цяплей, каля сотні чалавек прыходзяць сюды, каб ушанаваць памяць продкаў, якія нявінна загінулі ад расейскага камунафашызму. У Курапаты прыходзяць маці з дочкамі, школьныя настаўнікі з вучнямі. Мэмарыялізацыя ў сэрцах людзей ужо адбылася. Гэта вялікая перамога, якой, я лічу, можна ганарыцца. Увага, пра якую мы не маглі марыць паўгода таму, бясспрэчна, існуе з боку простых беларускіх грамадзянаў.


12 красавіка 2002

АНТОН ШКУРЫНСКІ ШПІТАЛІЗАВАНЫ

Cёньня ў Курапатах начавалі тры чалавекі. Раніцай «хуткая дапамога» шпіталізавала Антона Шкурынскага, якога зьбілі мясцовыя хуліганы.

Любоў Лунёва:

Паколькі Антон мае расейскае грамадзянства, мэдыкі раней адмаўляліся класьці яго ў шпіталь бясплатна. Сёньня, калі стан здароўя хлопца значна пагоршыўся, лекары зьлітаваліся.


12 красавіка 2002

ЯЕ НАЗЫВАЮЦЬ БЕЛАРУСКАЙ МАЦІ ТЭРЭЗАЙ

Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча (а яна адна гадуе двух дзетак і даглядае хворую маці), Ірына Важнік часта прыходзіць у Курапаты, дапамагае валанцёрам.

Ганна Соусь:

Калі ўвосені распачалася вахта памяці, Ірына Важнік амаль штодня прыяжджала ва ўрочышча. Дапамагала валанцёрам, чым магла, і стала для іх за гэтыя амаль сем месяцаў ледзь ня самым блізкім чалавекам.

ВАЖНІК: Мяне, вядома, хвалюе лёс Курапатаў, але ж хвалюе й лёс гэтых хлапцоў і дзяўчат, якія трымаюць вахту. Чым магу, дапамагаю. Калі хто захварэе, цягну да сябе дадому. Што ёсьць, гарбаты дам папіць, пакладу... Канапу ставіла да батарэі, грэла ўзімку. Я не магла спаць спакойна ў сваёй цёплай хаце, усё думала, як яны там. А яны й мне дапамагаюць. Ведаюць, што ў мяне два дзіцяці, і жывем мы на адную зарплату, мужык мяне кінуў, ні капейкі не прыносіць, і маці ў мяне хворая. І яны прывозілі мне харчы дахаты, дапамагалі сьнег узімку прыбіраць...

Ірына раней была выхавацелькай у дзіцячым садку, але цяпер ёй даводзіцца працаваць прыбіральшчыцай — Ірына спадзяецца, што гэткім чынам яна здолее атрымаць асобную кватэру, бо жыве цяпер у камуналцы. Дарэчы, менавіта там некалькі дзён правёў валанцёр Антось Шкурынскі, якога надоечы жорстка зьбілі невядомыя Ірына здолела ўладкаваць яго ў шпіталь на лячэньне.

ВАЖНІК: Ратуючы іншых, ратуеш сябе. Вось цяжка, і туды трэба, і сюды, і грошы зарабляць, і я яшчэ прыбіраю хаты багаценькім. Здаецца, што ня будзе ані часу, анічога. Але ж калі падумаю пра іншых, тады й пра сябе забываю.

Калі Ірына Важнік прыходзіць у Курапаты, звычайна яна ўзгадвае пра брата свайго бацькі, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў. Пасьля вайны яго арыштавалі толькі за тое, што меў імя Адольф, і накіравалі ў Казахстан у лягер. Часам Ірына прыяжджае ў Курапаты на ровары са старэйшай дачкой Вольгай.

ВАЖНІК: Старэйшай Вользе 12 гадоў, дык яна наагул там хоча й начаваць. А малая, тры гады, а ўжо крычыць: «Жыве Беларусь!»

Калісьці сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Людміла Гразнова назвала Ірыну Важнік беларускай маці Тэрэзай, жанчынай са сьветлымі вачыма й сьветлым сэрцам. А вось як гаворыць пра сябе ў сваім вершы сама Ірына:


А я не хачу паднявольнай здавацца.

Не «граждане» мы, а свабодны народ.

Пакліча мой край за радзіму змагацца,

Пайду ў лясы адкапаць кулямёт.

А ўвечары выйду — улётку наклею,

Дзе чорным па беламу, я не баюсь,

Хай вечна ў душах ня гасьне надзея,

А ў сэрцы хай вечна «Жыве Беларусь!»


13 красавіка 2002

МІЛІЦЫЯНТЫ СПРАБУЮЦЬ ЗАПАЛОХАЦЬ ВАЛАНЦЁРАЎ

Сёньня міліцыянты ізноў спрабавалі запалохаць абаронцаў Курапатаў.

Альгерд Невяроўскі:

Яшчэ ўчора ўвечары ва ўрочышча прыехала Мая Кляшторная і паведаміла валанцёрам, што ўлады прынялі рашэньне праводзіць будаўнічыя работы на пляцоўцы, дзе стаіць Крыж Пакутаў. А ўжо сёньня з самай раніцы ў намёт, дзе знаходзіліся пяць добраахвотнікаў, прыйшлі міліцэйскія афіцэры. Яны заявілі, што хутка будуць абаронцаў высяляць. Валанцёры адразу ж патэлефанавалі актывістам грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ ды іншых арганізацыяў Неўзабаве ў Курапаты прыехалі Аляксей Марачкін, Мая Кляшторная, Мікола Крывальцэвіч ды іншыя вядомыя асобы, якія апякуюцца мэмарыялам Мая Кляшторная патлумачыла сытуацыю:

— Учора я сюды выяжджала з намесьнікам генэральнага дырэктара «Белаўтадору», і падрадчык быў, зь якімі мы дамовіліся, што сёньня яны прыедуць з геадэзістам, кіраўніцтва будзе «Белаўтадору» таксама. Геадэзіст павінен, згодна з маёй схемай і згодна з праектам, вызначыць граніцы работ. Таму што так ужо немагчыма. Сыплюць і сыплюць. А для чаго сыплюць? А потым лішні жвір, што зь ім будзе?

Мая Кляшторная запатрабавала, каб будаўнікі зрабілі належную дрэнажную сыстэму, якая будзе выводзіць ваду з тэрыторыі мэмарыялу. Будаўнікі пагадзіліся, але папрасілі перасунуць валанцёрскі намёт у іншае месца, бо ён замінае пракладцы дрэнажнай сыстэмы Гаворыць старшы ў валанцёрскім лягеры Сяржук Высоцкі:

— Няправільнае рашэньне. Няправільнае хаця б таму, што не было ўзгодненае з прадстаўнікамі іншых партыяў. Пры ўсёй павазе да аўтарытэту Маі Тодараўны Кляшторнай, яна не павінна была з будаўнікамі прымаць рашэньне без кансультацыі зь іншымі.

Думку спадара Высоцкага падтрымліваюць і многія актывісты КХП БНФ, якія ладзілі сёньня ў Курапатах талаку. Гаворыць сакратар управы КХП Уладзімер Юхо:

— Выконваецца той плян зьнішчэньня Курапатаў, і гэтыя падзеі паказваюць, што ад гэтага пляну не адступаюць пад выглядам таго, што будуць рабіць добраўпарадкаваньне. Па сутнасьці, сёньня нішчыцца самае галоўнае месца – Крыж пакутнікам Беларусі.


14 красавіка 2002

У КУРАПАТЫ ПАЦЯГНУЛІСЯ АМАТАРЫ ПІКНІКОЎ

Яны паляць вогнішчы і пакідаюць пасьля сябе сьмецьце; акрамя таго, канфліктуюць з абаронцамі.

Валер Каліноўскі:

У Курапацкім лесе цяпер чыста. Пасьля таго, як прайшло некалькі талокаў, тэрыторыя прыбраная. Зьявіліся першыя пралескі. Прыбраныя месцы ўпадабалі жыхары бліжэйшага мікрараёну Зялёны Луг, якія выбіраюцца ў Курапаты на шашлыкі. Сёньня апоўдні тут можна было налічыць пяць іхных вогнішчаў. На заўвагі абаронцаў аматары шашлыкоў звычайна ніяк не рэагуюць альбо адказваюць грубасьцю. Разам з актывістам КХП БНФ Уладзімерам Юхо мы падышлі да некалькіх такіх групаў. Малады мужчына нам адказаў, што яго зусім не хвалюе, што тут пахаваныя людзі ды, маўляў, яшчэ трэба даказаць, хто тут пахаваны. Дзьве жанчыны, відаць, дачка з маці, якія распалілі надзвычай вялікае вогнішча, таксама не зьбіраліся апраўдвацца.

— 20 год тут жывем, і ніхто ня бачыў, што тут магілы. Заўсёды мы тут адпачываем і будзем адпачываць, — адказала маладая жанчына, якая рабіла шашлык. Уладзімер Юхо лічыць, што гэтую праблему ўладам можна было >б вельмі лёгка вырашыць, калі б паставіць адпаведныя >шыльды да аштрафаваць парушальнікаў некалькі разоў. >Але міліцыя не рэагуе на звароты абаронцаў і не ахоўвае парадку ў мэмарыяльным лесе. Гаворыць Уладзімер Юхо:

— Нідзе адзнакі нават няма аб тым, што гэта Курапаты. Другое, улады па сутнасьці вот гэтыя ўсе гады, сем гадоў, заахвочваюць, каб людзі сюды ішлі.

Уладзімер Юхо сёньня асабіста назьбіраў колькі пакінутых менчукамі шампуроў Працягвае Васіль Парфянкоў:

— Ну, канечне, сутычкі зь імі былі, і не адна была сутычка. Але мы падыходзім, культурна тлумачым, маўляў, ня трэба, тут жа могілкі. Яны: «Да, усё. Добра-добра». Мы кажам, каб сьмецьця не пакідалі. Яны пагаджаюцца: «Добра. Мы за сабою ўсё прыбярэм». Пасьля там усё дап’юць – прыходзяць і пачынаюць разборкі. Зараз два чалавекі ўжо ляжаць у бальніцы. Адзін з апёкамі, у яго апёкі трэцяй ступені, ён упаў на печку ў намёце. Было яшчэ... Адзін пайшоў па цыгарэты, хлапец, каля пераходу падпільнавалі нейкія тры, зьбілі. Таксама ляжыць у бальніцы, зламаныя сківіцы, нос.

Васіль мяркуе, што іх вахта ў Курапатах працягнецца яшчэ як мінімум месяц І не выключае, што зноў будуць канфлікты з будаўнікамі, якія хочуць рабіць дрэнаж якраз там, дзе знаходзіцца намёт абаронцаў.


15 красавіка 2002

У ВЁСЦЫ ЧАРНАГУБАВА ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯРАЎ

Станіслаў Лісоўскі на сваю ініцыятыву й за свае грошы ўсталяваў помнік 67 рэпрэсаваным землякам у вёсцы Чарнагубава, што на Капыльшчыне.

Ганна Соусь:

Гэтая вёска — адна зь нямногіх, дзе ўшанавана памяць пра ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Гэта тры дубы з крыжамі й званамі й дзевяць мэталічных плітаў, а на іх надпісы — «1929—1937», «Сялянам і былой шляхце вёскі Чарнагубава — ахвярам палітычных рэпрэсіяў», «На гэтым месцы раней стаяла хата «кулака» Сьвінкоўскага», а таксама верш Сяргея Грахоўскага:


Мы тут жылі, касілі і аралі,

а нас, невінаватых пакаралі

за тое, што зямлю і вас любілі.

Больш за паўсотні сейбітаў забілі

у страшны трыццаць сёмы год.

Жыві і сьцеражыся, наш народ!


Помнік усталяваны ў 1996 годзе дзякуючы намаганьням Станіслава Лісоўскага. Ягоны дзед, якога ў трыццатыя гады расстралялі ў Курапатах, родам з гэтай вёскі. Спачатку Станіслаў Лісоўскі высьвятляў лёс дзеда – хадзіў па дзяржаўных установах, па архівах...

ЛІСОЎСКІ: Калі вычытаў аднойчы ў газэтах выказваньне Аляксандра Лукашэнкі накшталт: «ня я пасадзіў ахвяраў рэпрэсій», а гэта значыць, што гэта яго амаль не цікавіць, то я зразумеў, што трэба займацца самому гэтымі пошукамі. Я «аблазіў» менскае й віцебскае КГБ і даведаўся, дзе расстралялі аднаго дзеда, дзе расстралялі ягонага брата, дзе загінуў трэці брат. І паспрабаваў паставіць крыж. Потым мне падалося, што крыж — гэта слабавата для трох нармальных людзей, і я пачаў хадзіць па вёсцы, цікавіцца. Так зь цягам часу набралося аж 67 чалавек рэпрэсаваных — зь іх 29 расстраляна, 20 вывезьлі на Поўнач і ў Сыбір, пяць чалавек адседзелі ў турмах свае тэрміны й вярнуліся назад. Гэтыя лічбы мяне ўзрушылі надта моцна, і я вырашыў ставіць помнік.

Спадар Лісоўскі дадае — 67 рэпрэсаваных у вёсцы, дзе ўсяго было каля сотні хат. Сем гадоў спатрэбілася на тое, каб у Чарнагубаве зьявіўся помнік. У гэтым Станіславу Лісоўскаму дапамагалі многія людзі. Прыкладам, архітэктары Станіслаў Бандалевіч і Тацяна Пешкава зрабілі макет і праект помніка.

ЛІСОЎСКІ: Потым мне дапамаглі званы вытачыць, потым крыжы недзе зварыў, але самая цяжкая была справа, каб у вёсцы камянямі не закідалі. Калі я капаў гэтыя яміны, вакол мяне хадзілі людзі, глядзелі... Потым знайшоўся цудоўны чалавек — Віктар Татур, падключыліся Франусь Радкевіч, Аляксандар Сапежка і суседзі. Пачалі дапамагаць, і ўсё пайшло...

Станіслаў Лісоўскі гатовы дапамагчы ў справе ўшанаваньня памяці продкаў сваім землякам і ў іншых вёсках Капыльшчыны.

ЛІСОЎСКІ: Помнік такі зрабіць можа кожны з вас. Я яшчэ раз пытаюся, землякі! Мой хатні тэлефон 223-78-78. Калі захочаце ўзьняць пытаньне па сваіх вёсках (а ў 200 вёсках Капыльшчыны людзі былі рэпрэсаваныя), паведамце мне. І мы з вамі паціху знойдзем сьпісы рэпрэсаваных, гэта цяжкая справа. І мы з вамі ўшануем памяць нашых землякоў зь Семежава, Грозава... Нехта павінен пачынаць.


15 красавіка 2002

204 ДНІ ДОЎЖЫЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Будаўнікі дасталі з насыпу дарогі ўсе асьвечаныя крыжы й склалі іх ля намёту валанцёраў.

Ганна Соусь:

У лягеры дзяжурылі восем актывістаў. Як паведаміў Радыё Свабода Сяржук Высоцкі, валанцёры заўтра зьбіраюцца падаць у пракуратуру заяву наконт нападаў і зьбіцьця некаторых абаронцаў Курапатаў, што адбываліся цягам апошніх тыдняў.


16 красавіка 2002

МІЛІЦЫЯ ЗЬНІШЧАЕ ЛЯГЕР АБАРОНЦАЎ

Стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну затрымалі абаронцаў Курапатаў.

Любоў Лунёва:

Сярод іх адна дзяўчына. Усіх адвезьлі ў дзяжурную частку. Міліцыянты зьнесьлі намёт і пачалі зьнішчаць лягер абаронцаў Курапатаў.


16 красавіка 2002

УВЕЧАРЫ МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЎСІХ ВАЛАНЦЁРАЎ, ЯКІЯ НЕСЬЛІ ВАРТУ Ў КУРАПАТАХ

Міліцыянты зьнішчылі бел-чырвона-белы сьцяг, які некалькі тыдняў лунаў над лягерам.

Ягор Маёрчык:

У Курапаты вярнуўся Сяржук Высоцкі. Ад яго мы даведаліся апошнія навіны. Затрыманыя хлопцы знаходзяцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Мы таксама высьветлілі, што афіцыйныя асобы, якія адказваюць за рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі, адмаўляюць той факт, што яны папрасілі міліцыянтаў аказаць нейкі ціск на валанцёраў у Курапатах Сёньня ў пракуратуру Менскага раёну была пададзеная скарга на дзеяньні міліцыянтаў, якія парушылі закон (што да затрыманьняў).

Зараз у намёце знаходзяцца блізу дзесяці чалавек. З палітыкаў толькі Вячаслаў Сіўчык і Сяржук Высоцкі. Астатнія – шараговыя людзі, некаторыя зь іх прыйшлі сюды пасьля таго, як пачулі ў этэры нашага радыё пра тое, што адбывалася тут некалькі гадзінаў таму. Яны прыйшлі выказаць сваю падтрымку і салідарнасьць. За гадзіны, што мінулі пасьля міліцэйскага налёту, людзі пасьпелі аднавіць флагшток, і над Курапатамі зноў узьняўся бел-чырвона-белы сьцяг.

На ноч у Курапатах застануцца валанцёры, каб несьці вахту. Гэта новыя людзі, што прыйшлі дапамагчы, і тыя, каму пашчасьціла ня быць затрыманымі. Заўтра мусіць адбыцца прэсавая канфэрэнцыя на тэму сёньняшніх падзеяў. Людзі ў Курапатах зноў і зноў паўтараюць, што сёньняшнія падзеі – гэта дзікунства з боку ўладаў, і ўжо няма гаворкі пра нейкі кампраміс адносна пераносу намётаў Звонку ніякай дадатковай міліцэйскай аховы, новых сілаў ня бачна. Але людзі, што прыйшлі нядаўна з прыпынку грамадзкага транспарту, што на вуліцы Мірашнічэнкі, заўважылі некалькі машынаў зь людзьмі ў цывільным Дакладна невядома, ці выпадковыя гэтыя машыны.


16 красавіка 2002

АБАРОНЦЫ ПАДАЛІ ЗАЯВЫ Ў ПРАКУРАТУРУ

За рэканструкцыяй дарогі ля Курапатаў сёньня назіраў Вацлаў Нямковіч.

Ганна Соусь:

Сёньня я сустрэла ва ўрочышчы старшыню Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» Вацлава Нямковіча. Ён моцна ўражаны тым, як зьмяніліся Курапаты за амаль сем месяцаў будаўніцтва.

НЯМКОВІЧ: Уражаньні страшныя. Калі стаць вунь там на гары й паглядзець на гэтую шырокую пляху высечанага лесу, то гэта — самыя густыя яміны. Не зусім апраўданая гэткая вышыня дарогі, таму што там — пагорак, і яны павінны былі на ім зьняць які-небудзь мэтар, ня болей, і тут зьняць. Тады было б ніжэй, было б меней і работы, і зямлі.

Размаўляючы са спадаром Нямковічам, мы назіраем за рабочымі, што капаюць траншэю ля падземнага пераходу — тут будуць пракладзеныя высакавольтныя й тэлефонныя кабэлі для праваслаўнай капліцы, што будуецца цяпер на гары. Вацлаў Нямковіч мяркуе, што месца для падземнага пераходу было абрана вельмі няўдала.

НЯМКОВІЧ: Гэты пераход зрабілі ў самым балоце, у самым нізкім месцы, дзе вада стаіць. А з гэтага боку ён выходзіць на лясную палянку. Горш не прыдумаеш.

Вацлаў Нямковіч паказвае на некалькі дзясяткаў крыжоў, што ляжаць ля намёту валанцёраў — учора будаўнікі прыбралі іх з насыпу дарогі. Вацлаў Нямковіч працягвае:

— У мяне вельмі прыемнае ўражаньне, што людзі панесьлі крыжы ў Курапаты. І нясуць, нясуць, нясуць. Гэта сапраўды будзе людзкі мэмарыял. Месца тут дужа многа. Што сасна, то трэба крыж.

Ва ўрочышчы я засьпела сяброў руху «Зубар» з Барысава, якія вырашылі далучыцца да вахты памяці. Валанцёр Павал ужо ня першы раз прыяжджае сюды. Ён мяркуе, што крыжы, прыбраныя з насыпу дарогі, трэба будзе ўсталяваць у іншым месцы.

Сябры ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» падалі заявы ў пракуратуру Менскага раёну й Камітэт у бараць бе з арганізаванай злачыннасьцю ў сувязі з правакацыямі і зьбіваньнем валанцёраў. Тлумачыць Сяржук Высоцкі:

— Гэта для нас нейкі спосаб гарантаваць бясьпеку людзям. З другога боку, гэта перасьцярога ў тым пляне, што калі прыйдуць нейкія людзі й пачнуць гвалтоўныя дзеяньні, то нашыя дзеяньні павінны разглядацца як самаабарона й імкненьне дзейнічаць у рамках закону.


16 красавіка 2002

ЯК ЗАТРЫМЛІВАЛІ ВАЛАНЦЁРАЎ

А 19-й гадзіне вечара ў Курапаты прыехалі дзьве патрульныя міліцэйскія машыны.

Альгерд Невяроўскі:

З машынаў выйшлі высокія міліцэйскія чыны і накіраваліся ў намёт валанцёраў. Пра тое, што адбылося, распавядае сьведка Любоў Сакалоўская:

— У намёт увайшло міліцэйскае начальства з Савецкага РАУСу, яны былі ў цывільным, але я пэўна ведаю іх. Яны выгналі хлопцаў на вуліцу, абражалі іх, бамжамі абзывалі, выклікалі нейкую машыну, але я ўжо пабегла тэлефанаваць. Калі я прыйшла, хлопцаў ужо не было, і флагшток быў на зямлі. І сьцяга не было, напэўна яны сарвалі, бо дагэтуль сьцяг быў. Яны патрабавалі пасьведчаньняў ці пашпартоў і казалі, што мы вас забіраем для высьвятленьня асобы.

Нам стала вядома, што кіраваў гэтай апэрацыяй «праверкі пашпартоў» начальнік Савецкага райаддзелу міліцыі Менску спадар Бусло. Як вынік, міліцыянты затрымалі чацьвярых валанцёраў – Алеся Поклада, Васіля Парфянкова, Антона Шкурынскага і дзяўчыну Машу. Дзе цяпер затрыманыя – невядома. Дзяжурныя Савецкага райаддзелу міліцыі і найбліжэйшага да Курапатаў пастарунку міліцыі заявілі мне, што людзей з такімі прозьвішчамі з Курапатаў не прывозілі. Неўзабаве пасьля затрыманьня валанцёраў у Курапаты прыехалі актывісты палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў Вось як пракамэнтаваў затрыманьні Сяржук Высоцкі:

— Вельмі характэрна, што гэта адбылося менавіта сёньня, калі мы падалі заявы ў Камітэт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і ў пракуратуру. Мы падалі заявы пра тыя сыстэматычныя правакацыі й зьбіцьці, што адбываліся тутака. Два хлопцы, якіх забралі, – яны напярэдадні выйшлі са шпіталю, іх зьбіў невядома хто. Так вось, сёньняшнія падзеі – адказ улады на тое, як яна ставіцца да сваіх грамадзянаў.

А вось меркаваньне актывіста БНФ Вячаслава Сіўчыка:

— Гэтую атаку можна было прадбачыць. Улады рабілі ўсё, каб выцесьніць адсюль валанцёраў, і тое, што сёньня яны правялі зачыстку, – гэта невыпадкова. Наступ на Курапаты працягваецца. У нашай краіне апошнім часам, на вялікі жаль, мала што адбываецца. Натуральна, курапацкая варта была ўладам як стрэмка ў воку, яна іх раздражняла – аж да самых вярхоў.

Месцы затрыманых валанцёраў у намёце сёньня ноччу зоймуць іхныя калегі.


17 красавіка 2002

ВАХТА ПАМЯЦІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Пасьля ночы ўтрыманьня ў гарадзкім аддзеле міліцыі Васіля Парфянкова й Алеся Поклада адвезьлі ў суд Савецкага раёну.

Ганна Соусь:

Валанцёраў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся й пагражалі міліцыянтам фізычнай расправай.

Першае, што я ўбачыла сёньня раніцай у Курапатах — гэта бел-чырвона-белы сьцяг ля намёту валанцёраў. Мінулую ноч ва ўрочышчы правялі пяцёра абаронцаў, у тым ліку Вячаслаў Сіўчык і Сяржук Высоцкі. Дарэчы, у Сержука ўчора быў дзень народзінаў, але настрой зусім не сьвяточны з прычыны затрыманьняў сяброў ягонай партыі. Кажа Дзяніс Більдзюк:

— Усю ноч варту трымалі, чакалі, што будзе другі напад, можа, забіраць яшчэ нас будуць.

Учора ўвечары былі затрыманыя ня толькі Антось Шкурынскі, Алесь Поклад, Васіль Парфянкоў і Марыя Кантаўтайтэ. На падыходзе да лягеру міліцыянты затрымалі валанцёра Сержука Мацкойця.

МАЦКОЙЦЬ: Іду па насыпе. Да мяне падыходзяць два чалавекі ў цывільным і паказваюць пасьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі. Я працягваю ваенны білет. Яны нават яго не разгарнулі, зводзяць мяне з насыпу й перадаюць супрацоўнікам службы аховы. Прывезьлі ў Савецкі райаддзел, службу аховы, там пратрымалі недзе паўтары гадзіны. Потым завалаклі ў пастарунак на вуліцы Кальцова. Там на мяне склалі пратакол за тое, што я знаходзіўся на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі ў непрацоўны час, і таксама за парушэньне нейкага артыкулу Правіл дарожнага руху. Пасьля гэтага мяне выкінулі. Прайшло больш за тры гадзіны.

Загрузка...