Дыктафон «Свабоды»

(журналісты — пра тое, што засталося па-за этэрам)


Ганна Соусь:

... 20 верасьня. Вечар. Дождж. Я еду ў таксоўцы ў Курапаты. Гадзіну таму скончыла рабіць рэпартаж з інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль у вушах — крыкі абураных людзей, якіх не пусьцілі паглядзець на цырымонію на Кастрычніцкай плошчы. «А дзе гэта Курапаты?» — голас кіроўцы адцягвае ўвагу. Таксіст зьвязваецца з дыспэчарамі, тыя таксама ня ведаюць... Пачынаю тлумачыць. Машына спыняецца на кальцавой дарозе. Ляжаць высечаныя дрэвы. Працуюць бульдозэр і экскаватар. Я выходжу з машыны й дастаю дыктафон...

... Праз тыдзень. У Курапатах гарыць вогнішча. Дымам прапахла ўся вопратка й валасы. А шостай у мяне жывы этэр з Курапатаў. Разам з Уладзімерам Юхо ідзем па лесе. Баюся выпадкова ступіць нагой у яміну-магілу. Халодна й страшна... На дарозе спыняецца вялікая фура, зь яе выходзіць мужчына з пакункам харчоў і аддае яго валанцёрам. Дастаю дыктафон... «Я беларус, і не хачу, каб нас больш стралялі... У Курапатах!» Дагэтуль памятаю твар таго мужчыны...

... 8 лістапада. Дождж. Бруд. Сьвятло ад міліцэйскіх відэакамэр сьлепіць вочы. Гук паваленага крыжа. Крыкі затрыманых. Кроў. Сьлёзы. Пах перагару. Паўсюль міліцэйскі колер. Дыктафон няспынна фіксуе падзеі — шкада, што ўсё ня можа трапіць у этэр...

... 9 лістапада. Раніца. У паліклініцы мне ставяць кропельніцу. Тэлефануюць валанцёры з Курапатаў — ізноў пачаўся разгон лягеру. Не магу дачакацца, калі ж яна дакапае... Сядаю ў таксоўку, галава яшчэ крыху кружыцца. Калі прыяжджаю ва ўрочышча, міліцыя ўжо затрымала абаронцаў. Дастаю дыктафон і пачынаю апытваць сьведкаў разгону. У Курапаты ідуць і ідуць людзі. Праз гадзіну ізноў пачынаецца супрацьстаяньне...

... 24 сьнежня. Вечар. Каляды. Мне тэлефануюць з Курапатаў. Капэлян перадае слухаўку будаўніку з Магілёва. «Хочам даць Вам інтэрвію, мы ня верым другім выданьням. Толькі Радыё Свабода гаворыць праўду пра Курапаты...» Раніцай прыяжджаю ва ўрочышча. Будаўнік, малады мужчына ўжо ў цывільнай вопратцы (сёньня вяртаецца дадому) чакае размовы. Ён быў у той будаўнічай брыгадзе, што працавала 8—9 лістапада. «Вось я ў газэтах чытаў пра тое, што нібыта пасьля гэтых падзеяў некаторыя будаўнікі звольніліся Гэта няпраўда. Мы ўсе засталіся працаваць. Няхай гэта прагучыць па «Свабодзе». Мой дыктафон піша ўсё...

... Вясна. Сонца й сьнег у Курапатах. Штодня адныя й тыя ж людзі ў лягеры. Стомленасьць і пэўная абыякавасьць. Усё цяжэй шукаць нейкі паварот для рэпартажу. Тут нічога не зьмяняецца. Дарога будуецца. Нешта зьмяніць ужо немагчыма. У лягеры — паўгалодная паўсядзёнка. Чакаюць невядома чаго... Часам адчуваньне, што Курапаты анікому ўжо непатрэбныя... «Як можна туды столькі хадзіць?» — дзівяцца калегі й сябры. Але раніцай ногі самі ідуць да прыпынку 24-га аўтобусу. Ад майго дому да Зялёнага Лугу на ім крыху больш за гадзіну... Дарогай трымаю ў руках дыктафон, праслухоўваю ранейшыя запісы, тыя, што не ўвайшлі ў сюжэт...

... 23 траўня. Гэта ня проста супадзеньне. У Алеся Поклада і ў мяне сёньня дзень народзінаў. Яго зараз віншуць у шпіталі калегі па курапацкай вахце. Пра свой дзень я пакуль маўчу. Як звычайна, пішу на дыктафон аднаго з курапацкіх сядзельцаў. Часам здаецца, што ўсё, зьвязанае з тэмай Курапатаў, наканавана мне лёсам. Думаю, што невыпадкова маімі настольнымі кнігамі тры гады запар былі старыя нумары часопісу «Новый мир» — «Архіпэляг ГУЛАГ». Увесь трагізм рэпрэсіяў адчуваю тут, каля ямаўмагілаў. А найбольш востра тады, калі некаторыя былыя вязьні ГУЛАГу, прыходзячы ў Курапаты, адмаўляюцца гаварыць на дыктафон. Яны дагэтуль баяцца...

... 3 чэрвеня. Ня веру, што гэта мой апошні дзень у Курапатах. Гэта толькі дзень заканчэньня вахты памяці, дзень сыходу валанцёраў. Майму дыктафону яшчэ шмат давядзецца працаваць у Курапатах...


Загрузка...