Бо люблю непаўторны свой род...



АЛЕКСА ДОЎБУШ

(Паэма-быль)


Уступ

Ноч такая празрыстая, нібы крыніца:

Дно — аснежаны луг, сівы лес — берагі.

Студзень...

Што ж аніяк не адсніцца мне,

Паляшучцы, падданай вясны, край другі?

Там сцяжынку завуць не сцяжынкан, а плаем,

Там з праваллем звянчана крутая гара,

Як замова, ляціць з паланіны бяскрайняе

Трэмбітанне душы пастуха-віўчара.

Там з-пад хмар беркут зоркі цікуе нядрэмна,

Каб не ўцёк Чарамош, гнеўны вязень цяснін.

Там легендамі ходзяць вякі пад'ярэмныя,

Каб паверыць, што ўсё-ткі збываюцца сны.

... Абступілі шашу горы, быццам мядзведзі, —

У падпалінах рыжых зялёная поўсць.

Несла «Волга» мяне да Карпат у адведзіны,

Як сваю, кожны ўзгорак вітаў: «Прошу, госць!»

Душы нашы таму й падуладныя чарам

Незнаёмых мясцін, незнаёмых людзей,

Што ва ўсім дарагое шукаем адчайна мы,

Што к далёкаму любасць

ад роднага йдзе.

Развязала мне свет старана беларусаў,

І да скону ужо гэты свет — на дваіх.

І не ў крыўду любімай цяпер прызнаюся я

Украіне ў найлепшых пачуццях маіх.

Калі колы машыны размотвалі вёрсты

Перш валынскіх,

пасля прыкарпацкіх шляхоў,

Я істотаю ўсёй адчувала абвострана

Пераплеценасць лёсаў — яе і майго.

У Бяроза-Картузскім канцлагеры вязнем

Траціў жыцце — за нас — Аляксандр Гаўрылюк.

У Айчынную брат мой вясёлы — за нас жа —

Лёг заўчасна ў Падольскую дзесьці зямлю.

І мой дом на Палессі,

і белая хата

Украінскай сястры — пад прыцэлам ракет...

Кожны дзень наш пад дзікай пагрозаю атамнай,

Кожны дзень — бітва Розуму

за белы свет.

І за свет нашых душ.

Не складала ніколі

Зброю зло, і ніколі само не складзе.

Па сягоння, дзе з боем, а дзе і спакойненька,

Ходзяць здрада,

насілле, падман між людзей.

Прыгажосць, справядлівасць пад вечнай атакай

Замаскованай подласці і ілжы.

І калі ты не хоч пасабляць і падтакваць ім,

Гнюсным сілам нялюдскім, —

не стой на мяжы!

Толькі там падымаць галаву зло не смее,

Дзе не зводзіць вачэй з яго

Чалавек.

... Студзень. Ноч.

Цішыня, быццам шкло...

Я ж, няўмелая,

У дваццаты вяду васемнаццаты век.

Есць усякія жыцці.

Адны вымяраюць

Круглым чэкам, кар'ераю сутнасць сваю.

А другія, няпраўдай аднойчы параненыя,

«Абы ціха...» — галоўным дэвіз прызнаюць.

Есць жа гэткія жыцці, што рэкам падобны,

Тым, што маюць пачатак, не маюць канца,

Што гадамі, стагоддзямі пояць, бяздонныя,

Прастака й мудраца.

Есць жа гэткія жыцці, што зоркам падобны,

Тым, што доўга па смерці праменяць святло.

Пра гуцульскага сына Алексу, пра Доўбуша

Мой бясхітрасны сказ,

што было — не было, —

Як Карпаты паведалі мне...


...Мы абяцаем, што адальюцца ваўкам авечкіны слёзы, ні адзін крык сіроцкі. ні адзін пісяг сіні ад нагайкі багацея не застанецца неадпомшчаны. Дзеля таго мы, апрышкі Зялёнай Верхавіны, жывём і дзеля таго ўзялі ў рукі барткі[5]. Амінь.

Алекса Доўбуш з пабрацімамі.

З ,,Маніфеста Доўбуша". Львоўскія архівы

рукапіскых матэрыялаў


...Алекса быў рослы, плячысты, цёмна-валосы, рухавы, з усмешлівым тварам, зыркімі вачыма, звонкім голасам...

З запісанага ў 1850 г. расказу Шымана.

120-гадовага жыхара сяла Выжне Жаб'е


Забыты плайчык[6] нёс з гарба на горб,

Го ўзбоччам лысым, то стаёным лесам,

То паўз акенцы «чортавых» азёр —

На Чарнагору нёс свайго Алексу.

Але цяпер, калі кулак сціскаў

Цяжкой сякеркі абушок сталёвы, —

На першабытнае бязладдзе скал

У лесуновай схованцы яловай,

На перапады між вяршынь крутых

У гонкастволлі грабаў і бучыны[7],

На неба, на арла, што ў ім застыў,

Глядзеў хлапец другімі ўжо вачыма.

Як у расінцы цэлы свет відзён,

Так і ва ўласнай крыўдзе раптам бачыш

Пакуту ўсіх людзей, і морак дзён,

І падсвядомасць прагі жыць іначай.

І хопіць іскру выкрасаць адну,

Каб узарваўся высушаны порах.

...Пра сестрыну заўчасную труну

Разнеслі вестку ўзрушаныя горы.

Узяў на вока панскі аканом,

Нібы вярбінку, ціхую дзяўчыну:

Усё дазволена, усё дано —

Ці першыя чыніць такія чыны?!

Не перанесла гвалту над сабой

Шаснаццацігадовая Паранька:

Знайшлі ў крыніцы за сялом на ранку...

Не зашумець вярбіначцы вярбой...

... Алекса бег.

Так малады алень

Шукае рады ад пагоні воўчай.

Так, вырваўшыся з-пад скалы, струмень

З шалёнай сілаіі шлях свой новы точыць.

Ці змог бы хто, зірнуўшы на выток,

Прадугадаць усё, што ён натворыць?

Адно спрадвеку ведама: паток,

Народжаны гарою, крышыць горы.

Сягоння галавою налажыў

Ад гострай барткі аканом паганы.

Цяпер ужо іначай мусіш жыць, —

Цяпер апрышкам быць наканавана...

Ну што ж!

На сцежцы той — не першы след.

Алекса Доўбуш да ўсяго гатовы:

Спаць на каменні,

з торбы есці хлеб,

А запіваць сцюдзёнаю вадою.

Ды хай не будзе пэўны аніхто,

Калі нагою лёгкі камень зрушыць

На круцізне галавакружнай, што

Не будзе сам тым каменем раздушаны!

Ды хай забудзе шляхта пра спакой, —

Даволі здзекаў з люду, нацярпеўся!

Забыты плайчык стараной глухой

На Чарнагору нёс свайго Алексу.


... на ім была шапка з паўлінавымі пёрамі, прамасленая чорная сарочка, чырвоныя нагавіцы, абуты ў пасталы, за шырокім поясам дзве пістолі, парахаўніца. капшук для табакі, сумка, ружжо цераз плячо.

З расказу Шымана


Сінелі рукі ў ледзяной вадзе.

На іх раз-пораз хукала Марычка,

І зноўку часта пранік ляскацеў,

І Чарамош лавіў той гук прывычны.

Пануры дзень, халодны, шэры дзень.

Дзяўчына мыла шорсткую бялізну.

Сплывала пена, гінула ў вадзе,

А думы ўсё ля аднаго віліся.

Каб знаць Марычцы, дзе цяпер Багдан...

За лета ўсё — ні жадненькае весткі.

Бы сам быльнёг пасеяў па слядах

Размоў кароткіх і спатканняў рэдкіх.

Прыйшоў са снегам, з ліўнямі сышоў —

Навек застаўся радасцю і болем.

Вясёлы, дужы, стройны, як бучок[8].

Ён не расказваў пра сябе ніколі.

Адкуль, ён, хто ён — от, батрак, найміт,

З адзіным правам; гнуць на панства спіну.

«Сяк-так даб'ю астатніх паўзімы,

А там падамся зноў на паланіну».

А ці пастушыў ён, ці дзе служыў —

Адно Марычка несумненна знала:

Той, за каго б яна жыццё паклала,

Не турбаваўся ёю, не тужыў.

На сто замкоў замкнуўся душны круг.

Адзіны, з болю — ў большы боль, масточак.

І падаў пранік з накалелых рук,

І дзень чарнеў пакутаю дзявочай...


Шырока вядома ў цэлым Пакуцкім і Прадгорскім краях злосць і дзёрзкасць халопа Доўбуша, які ўжо тры гады з кучаю назбіраных апрышкаў нападае на шляхту.

Каронны. гетман Іосіф Патоцкі

З універсала ад жніўня 1742 г.


Аднойчы ў наша сяло Аславы прыйшоў Доўбуш і ўзяў вялікі сундук грошай у пана. А потым едуць усе па сялу, ён і яго трыццаць хлопцаў, як якое-небудзь войска, і ўсе грошы раздаюць.

3 расказу жыхароў сяла Чорныя Аславы


І ўжо хадзілі па Карпацці ўсім

Пра бессмяротнасць мсціўцы казкі-байкі;

Пра тры сярэбраныя валасы,

Што бераглі яго ад кулі й барткі;

Пра зелле-чары, што сівы дзядок,

Зрабіў надрэз у далані юначай,

Паклаў у рану, каб нідзе нішто

Не адвярнула ад хлапца удачы.

Як трудна, людзі, усвядоміць нам

Маўклівую, як атам, нашу сілу...

... Не першы дзень стары блукаў, ды знаў,

Што ён не мае права не асіліць

Любой дарогі і любых нягод,

Пакуль не знойдзе Доўбуша, не ўмоліць

Яго малітваю сяла ўсяго,

Каб збараніў ад панскае сваволі.

Ке бачыла Падольская зямля

Такого, ях Златніцкі, жываеда.

За правіну найменшую сялян

Да смерці сек,

у здзеках меж не ведаў.

Быў ротмістрам шляхецкіх карных войск,

Дзе ні з'яўляўся, лютаваў, як турак.

Насілле, згубу ўсюды нёс з сабой,

Не думаючы пра свае хаўтуры.

... Стары знямогся, сеў перапачыць.

Дрыжалі ногі ў хадаках абдзёртых.

Дастаў сухар, вадою размачыў,

Перахрысціўся і паднёс да рота.

Навокала — вяршыні ды лясы

У шчодрым сонцы й красавіцкім ветры.

Зусім блізенька падпірала сінь

Нязрушна-велічна гара Гаверля.

Так не вязаўся мірны краявід

У смузе пяшчотнай весняга разліву

З пякельнай ношай крыўды, слёз, крыві

У сэрцы ў пасланца па справядлівасць.

Канаюць людзі пад ярмом чужым, —

Чаму ж вы, горы, так спакойна спіце?!

Нямое рэха ўзносіла ў душы

Імёны Мухі, Грывы, Цеслі, Пынты.[9]

О не, не спалі горы. Іх сыны

Цану сабе і волі сваёй зналі!

Не закаваць свабоду ў кайданы,

Не вынішчыць яе на гострых палях.

Стары падняўся: божа, блаславі,

Хай будзе шлях раба твайго нядоўгі.

Усё вышэй альпійскіх лугавін

Сцяжынка падала яму пад ногі.


... з апрышкамі сваімі па розных сёлах мас сховань і прытулак.

З універсала гетмана Іосіфа. Патоцнага, 1742 г.


... Бо нічога не хачу браць, толькі адпомсціць пану, а усю гаспадарку раздзялю паміж вамі...

Доўбуш—панскаму слузе. Львоўскія архівы рукапісных матэрыялаў

Спрасонку ўздрыгнуў парк на ціхі свіст,

I —

ледзь стрымаў зялёны ўсклік здзіўлення:

У браму —

дзе ж падзеўся вартавы? —

Бясшумна ўскочылі трынаццаць ценяў.

Рассыпаліся паміж дрэў, кустоў, —

Няўжо не чуюць ваўкадавы? —

Да камяніцы крокаў сто, не далей...

Разнесла сціша перазовы соў...

Святлом трывожным бліснула акно

Златніцкіх спальні.

Кучаравы явар,

Што ўкаранеў пад самаю сцяной,

Ажно знямеў ад згледжанае явы:

Сярод пакоя, як вясновы гром,

Стаяў Алекса Доўбуш!

На падлозе ж

Павержаны пан ротмістр дзіка роў,

Ірваўся з рук апрышкаў у знямозе.

Павіс шматамі далікатны шоўк...

— Твой верх, рабуй, нягодны ты поднужэк![10]

— Не па чырвонцы я сюды прыйшоў, -

Па ненавідніцкую тваю душу!

Грыміш ключамі ад раллі і хат,

Ад паланін, лясоў і цэркваў нават,

Ды на адно забыў ты: не запхаць

У кішэнь ключы ад дум пакутных нашых.

Ты рагатаў, што стогны, дзікі плач

Табе мілей, чым музыка любая, —

Цяпер на ўласнай скуры ты пабач,

Якія «смешныя» твае забавы...

І з гэтым словам Доўбуш свечку ўзяў...

Схіснуўся спалатнелы пан Златніцкі:

«Як смее гэты збуйца[11] і басяк!..»

Але зірнуў у твар яму

і ніцма,

Кулём упаў у ногі:

— Пашкадуй!

— Не я суджу, зямля мая тут судзіць!

... Услед апрышкам свежы вецер дзьмуў,

Услед з двароў сачылі ўдзячна людзі, —

У старане, як сена стог, палаў

Бездапаможна

выкляты фальварак.

А золак гойдаў песню напалам

З настоем маю роснага і гары:

Е у мяне топір, топір, та й кована бляшка,

Ек топірцем помахаю — ні пана, ні ляшка'.


...таго халопа немагчыма іначай супакоіць, як агаласіць універсалы і пад пагрозаю канфіскацыі маёмасці прымусіць шляхціцаў загадаць сялянам «злавіць дзе-небудзь у сяле» Алексу Доўбуша.

З пісьма аднаго з шляхціцаў Корчына


Пад столлю калыхаўся шызы дым.

Віск, рогат, крыкі — вэрхал неймаверны!

Ледзь паспяваў да ўсіх карчмар руды.

А праз расчыненыя насцеж дзверы

Падходзіла ўсё больш і больш людзей.

У куце, скраю, на стале дубовым —

На ўслоне ногі —

ліха віскацеў

Скрыпач-басіст; з ім поруч, адмыслова

Устрэсваючы бубнам, выбіваў

Такт палкай калымыйкі барабаншчык, —

Танцорскі шал вясёлкай развіваў

Святочныя кіптары, сукні, гачы[12].

Як кветку, хлопец песню падкідаў,

Пабліскваючы чорнымі вачыма:

Ой, заграй ми, музиченько,

Най си потанцюю.

Ой, присунься, файна рибко,

Най тя поцілую!

У адказ ляцеў, як горная вада,

Задзірысты і колкі смех дзяўчыны:

Цілував-ес, мій миленький,

Губки прилипали.

Тепер мені твоі губки

Від серця відпали!

Ды не губляўся парубак ліхі,

Круцей ламала весялінка бровы:

Каламутна вода в річці,

Ходім до кирниці.

Не хороша дівчинонька,

Ходім до вдовиці!

Але і тут зухвалец зноў-такі

Наскакваў на гарэзную суровасць:

На городі дві тополі,

Третя до ніх хвіэ.

Не май,не май, мій миленький,

На мене надіі'!

Бесперастанку за даўкім сталом

Мужчыны чаркі Доўбушу цягнулі.

— Табе і хлопцам каб гараз было!*

— Каб нашы ва'рагі зямлёй дыхнулі!

— Браток Алексіку, каб я так жыў,

А дай жа я цябе хоць пацалую! —

Усё лез даўно ўжо «цёпленькі» мужык. —

Мо больш з табою я не пабалюю!

Карчма хадзіла ходырам гульбы...

Ніхто, апроч Алексы, не прыкмеціў,

Як у парозе лірнік стаў сляпы

З падлеткам, што вадзіў яго па свеце.

Абодва босыя. Цераз плячо

Па зрэбнай торбе у таго й д'ругога...

Матнуў рукою Доўбуш:

— Эй, хлапчо!

Вядзі сюды старога! —

крыкнуў строга.

... І пацякла —

цякла рака тугі,

І стыла ў жылах кроў ад тых заплачак

З пратэстам струн,

і ўсё чамусь другім,

Маленькім, вартым жалю, кожны ўбачыў;

Сябе, суседа, горы і лясы,

І нават бога, гвалтам адбіранага...

І не хаваў ніхто сваён слязы, —

Музыка не мінаў ніводнай раны...

Траха змяніўся песні-сказу лад,

Прыйшла ў акорды ўзнёслая ўрачыстасць —

І загудзела Байдзіна страла

Няўмольнай помстаю цару-турчыну.

Не трэба ні царэўначкі твае,

Ні хцівай міласці, ані багацця.

Запомні, нехрысць: сын не прадае

Сваю матулю, а Радзіма ж — маці!

Спяваў музыка,

і Алекса чуў,

Як з кожным словам,

з кожнай новай нотай

Натхнёная трагічая журбота

Будзіла дзёрзка гордасць уваччу

За свой народ, за гэтую зямлю...

«Прэч, здрадлівыя цяжкія сумненні,

Што кроў бязвінных на маім сумленні —

Сто крат крывёй віноўных акуплю!..»

І стол аж застагнаў ад кулака,

Ды ўздрыгнуў раптам Доўбуш непрывычна.

— Багдан?!

Хілілася да вушака —

У твары ні крывіначкі —

Марычка...


Калі б якая-небудзь група сялян аберагала, або якой-небудзь ядой забяспечвала, або папярэджвала пра небяспеку Доўбуша і іншых апрышкаў, такая група без усякай літасці будзе цалкам выразана.

З універсала гетмана Іосіфа Патоцкага, 1742 г.


Адкуль яно, шчымлівае, плыло?

Чыёю позвай радасці і смутку?

Растрэсенае ў выемцы сяло

Прыціхла пад мярэжаю танюткай

Няпэўнан сіні самых ранніх зор.

А трэмбітанне, скарга-трэмбітанне

То поўніла журбой увесь прастор,

То замірала ў аблачынцы дальняй

І зноў лілося з залатых вяршынь,

Пранізанае дагараннем сонца...

Чаму ніколі так не даражыў

Алекса гэтай сцішанасцю соснаў,

Кажнюткай рыскаю хрыбтоў нямых,

Гаючым іх дыханнем,

як сягоння?

Нібыта й праўду асаблівы міг

Жыцця свайго ў сваіх трымаў далонях.

Залішняя раскоша, як пятля!

Калі штодня між смерцю й жыццем ходзіш...

Нашто трэмбіта голасам здаля

Вярэдзіць тое, што забыта? Годзе!..

Наструнена стаіўся лес наўкруг,

Захліпваўся струмочак за палянай...

Не баранілася Марычка рук,

Даўно аплаканых, заўжды жаданых.

Ручною птушкай прыпадала да

Каханага, хавала твар на грудзях.

Не па каменні носіцца бяда,

Але і радасць ходзіць жа — па людзях!

Усё адкрэслена, як непатрэб:

Багацце, безвыходнасць, муж настылы.

Нібы зняла з душы атрутны грэх,

Які, як жорны, ўсе гады насіла.

Не верылася, што яе Багдан

І ёсць Алекса Доўбуш, пра якога

Народ спяванкі гордыя складаў,

Каго бярог, як мог,

ад ліха злога.

Без каранёў вялікіх не бываць

Вялікім дубу, хоць з пароды й гэтай!

Хмялела небывала галава

Ад паху зелля,

смол,

за дзень нагрэтых,

І калацілі сэрцы, як званы...

Шапталі ўсё, шапталі вусны нешта,

І ўсё лаўчыўся месяц-перасмешнік

Заглянуць у пячору з вышыні...


На сёмуху прыйшоў да мяне ў Расток Алекса Доўбуш і пачаў мяне пытацца; «Што ты тут робіш, ці маеш жонку?» Я адказаў, што не маю, служу ў атамана на млыне. Пытаў мяне: »Адкуль ты сюды зайшоў?» Я адказаў, што з Шашораў, Каламыйскага павета. Потым стаў намаўляць: “Хадзем са мной, нікога ў цябе тут няма: ні братоў, ні жонкі...” і я згадзіўся.

3 паказанняў на судзе злоўленага апрышка Васіля Мельніка


То помніце, без знаку не страляць!

Яшчэ раз папярэдзіў Доўбуш хлопцаў.

Салдат Пшэлуськага відно здаля:

Пабліскваюць іх ружжы, збруя ў сонцы.

На нейкі момант вершнікаў прыкрыў

Гарысты выступ...

Але вось нарэшце —

На камяністай, небяспечнай сцежцы —

Налева скалы, справа ўніз абрыў —

З'явіўся першы карнік, ведучы

З апаскаю гнядога за сабою...

Другі... чацвёрты...

Атаман маўчыць —

Зарана падаваць сігнал да бою.

Дваццаты... соты...

Вось і ўвесь атрад

У вернай, у пагібельнай лавушцы!

Пара...

Якога д'ябла там, пара!

Але паўзуць, паўзуць хвіліны...

З вусця ж

Цясніны дзікаіі на шырокі плай

Ужо ідуць, выслізгваюць смалякі[13]!

— Што сталася?

— Чаму ты не страляў?

— Навошта выпусцілі сучых ляхаў?!

У позірках і недаўменне й злосць.

А Доўбуш, непадкупны, смутны Доўбуш

З разморанай, балючаю якойсь

Усмешкаю

стаіць перад натоўпам

Абураных апрышкаў,

саматой, і:

— То, браткі, не ляхі — нашы людзі...

Я блізка быў і чуў,

як між сабой

Гутарылі яны... Па жонцы нудзіць

Адзін ды па пакінутых малых...

А дрўгі — прокляць, кажа, служба наша.

Як ні прасіўся, дзе там, не ўмаліў,

Сілком аддаў у рэкруты пан, кажа.

Каб свая волейка, у гэты ж міг

Усё кінуў-рынуў бы, дахаты дунуў...

І сціснуў сэрца жаль: паб'ём іх мы —

А хто ж тады іх дзетак прагадуе?..

— А нас яны памілавалі б, га?! —

Гнеў у вачах апрышкаў, асуджэнне.

«Чужыя ўсе, чужыя...»

і туга,

Празрыстая да галавакружэння,

Туга і стома нейкая

усёй

Істотай Доўбуша запанавала.

Знянацку, як далёкі сон праз сон,

Спяванка да свядомасці дапала:

Візьми, мамо, піску в жменю,

Посій його на каменю...

Калі ён чуў яе і ад каго?

Схавацца, паляжаць бы ціха-ціха...

А спеў, нібы раствораны смугой

Жаўронак, ціха памяць пакалыхваў:

Як той, мати, пісок зійде,

Тоді твій син з війни прийде...


Року божага 1742, трэцяга дня месяца мая Даўгапольскі атаман Міка-лай Дзядушка пацярпеў ад Алексія апрышка, Доўбушам названага. Каторы Доўбуш спачатку яго мукамі суровымі мучыў, а потым главу яго сякераю адсек і хароміну з трупам спаліў, главу ж з сабою ўзяў і ніхто не ведае, толькі ён сам, дзе яе падзеў.

Запіс у царкоўнай кнізе сяла Даўгаполля

Як Маўка-вераснянка, у сваім

Расшыта-нахарошаным убранні

Пад вартаю спагаднаю хваін

Каля пячоры ад самога рання

Марычка Леся выглядала.

Ен

Сягоння мог і не прыйсці на стрэчу.

Але яна чакаць гатова вечнасць.

Даверліва, як шчырую далонь,

Працягвала бярозка жоўты ліст.

Пашорхвала чырвоная ігліца.

На людзі несла восень — пахваліцца —

Барвовы, з празалотаю, кілім.

У пастражэлай сіняве нябёс

Марудна хмаркі, белыя ягняткі,

Таўклі капыцікамі час...

І рос

Марычкін неспакой ад кожнай згадкі

Пра учарашні вечар Дзвінчукоў,

Пра змову куркулёў у іхняй хаце.

Хутчэй бы хоць Алекса ўжо ішоў!

Цяпер яму так трэ асцерагацца...

І шапкі злотых панству не шкада

За Доўбуша — так даўся ён у знакі.

А покі ёсць каму купляць,

відаць,

І тыя будуць, хто гатоў прадаць

Сваё сумленне за трыццатку звякаў...

Намовіліся ўчора: Мачарнак

З Мікулічына, нейкі лысы Грубас,

Сцяпан Дзвінчук — вясковая ўсё «знаць» —

Самім расправіцца з Алексам.

Рупіць

Спакусны кус, бо грошы «задарма»,

Ды шчэ ў прыдачу абяцанка волі.

А потым... Гэты ж збуйца-атаман

І з імі, як з Дзядушкам з Даўгаполля,

Мог паквітацца барткай і агнём —

Ляжы й трасіся, што — твая чарга мо...

Марычка ўскочыла; з-за камянёў

Данёсся шоргат, быццам пад нагамі.

Нікога... Падалося...

Колькі год

Яна ўжо тут сядзіць так і чакае?..

Крадком рысіным з-за пярэстых гор

Падходзіла — без любага — змярканне...


За варту і абарону ўрадавымі войскамі шляхецкіх памесцяў ад апрышкаў і паўстаўшых сялян вызваліць на пяць гадоў (1742—1747) ад усялякіх дзяржаўных падаткаў усе маёнткі гетмана Юсіфа Патоцкага на Галіцкай зямлі.

Пастанова сейміка галіцкай шляхты ад II верасня 1742г.


Бывай, паточак! Дзякуй, што паіў,

Як роска, чыстай, дужаю вадою,

Што несмяротным голасам сваім

Усю зімоўку ад бязлюддзя гоіў.

Да пабачэння, неруш! За прыём,

За ласку, за прытулак ратавальны

Тваёй глушы няздралівай — чалом!

Паблаславі дарогу душ апальных...

Прыгожыя, хоць ты ваду з іх пі,

Убраныя абое па-гуцульску,

У ззянні веснавосці не скупым

Марычка і Алекса йшлі на Вузкі,

На захаваны ў пушчы хутарок:

Там, у сям'і старога пабраціма

Аж да наступнай замятухі зімняй

Марычцы віць цяпер клубкі трывог.

Ішлі.

Па лесе, па крутых я'рах

Сям-там пракідваліся латкі снегу.

Але на дрэвах моцная кара

Ледзь стрымлівала буйства сакабегу.

Але чым ніжай, тым усё часцей,

Тым пераможней сонца прарастала,

Бы сімвалам абуджаных надзей,

Травой, жаўронкам, вадаграем талым.

Алексу ж ціха поўніла тугой,

Што ні цяпер, ні заўтра — аніколі,

Нідзе не могуць прычакаць яго

Зямныя радасці звычайнай долі

Вяскоўца, мужа і гаспадара, —

О як бы ён пайшоў цяпер з сявенькай!..

Ды мусіш лета восьмае падрад

Барозны класці па крыві і енках...

А тут яшчэ нібы дарогу хто

Пераступіў — няўдача за няўдачай:

То прыйдуць у пусты фальварак, то

Яшчэ ў засаду трапяць у прыдачу.

Ранейшыя сябры — хто на калах

Паў ў Станіславе, а хто — ў сутычках.

А новым хлопцам толькі каб была

Ліхая слава лёсаў непрывычных,

Каб ні адну карчму не абмінуць,

Ля маладзіц пыхліва пафагоніць.

Таму і атаману ўсё ў віну:

І страты, і пралікі, і пагоні...

Выходзіць, марна пёрся на ражон,

Сабе і людзям веку прыкарочваў...

Канчаць...

Пайсці ў Малдавію...

Няўжо

Не знойдзецца спакойнага куточка?

Няволя, баршчына... Пачварны цмок...

Яго са свету звесці не апрышкам...

Сысці ў Малдавію, прыдбаць дамок...

Як будзе рада бедная Марычка!..

Але не так, не ціха адысці!

Яшчэ ўтварыць такое нешта трэба,

Каб жах не перастаў паноў трасці

Пасля й таго, як скліча яго неба!

Абмысліць толькі добра ўсё спярша.

... Не ведаў Доўбуш, што на Стогу дзікім,

Гары, куды ён думкай паспяшаў,

Пабітыя ляжалі пабрацімы...


...Ноч была цёмная, і грамада баялася Ісці за ім. Толькі на другі дзень (24 жніўня) арандатар, сабраўшы грама-ду, прайшоў па следу і знайшоў яго ледзь жывога ў кустах. Ніякай зброі пры ім не знайшлі, ніякіх упрыгожванняў, на ім была толькі парахаўніца з клямраю, фляга пазалочаная, талісман, два медальёны і бутэлечка, у якой былі міро і святыя дары, кавалак срэбра, дзве срэбныя іголкі, крыж рускі раэны, 9 зе-ран пшаніцы ў вузельчыку, пёры ўсяля-кіх птушак. Усё гэта было ў скураным капшуку...

З пісьма губернатара М. Ябланава Яна Каляндоўскага ад 7 верасня 1745 г.


— Як пан бог дасць, — нядбала адказаў

Сцяпан Дзвінчук на бацькаву вымову,

Што сын пайшоў па гастрыі ляза.

«Як пан бог дасць...» Але якія словы

Умясцілі б Дзвінчука звярыны страх

Прад немінучай,

адчуваў ён, помстай,

Які з вясны прыліп, нібы кароста,

Калі правёў ён карнікаў атрад

На канусовы непрыступны Стог,

Мясціну збору Доўбушавых мсціўцаў.

Ды атаман жывы... Не дзіва, што

За змову Мачарнак ўжо паплаціўся...

Даўно не голены, як следзь, худы,

Панурым воўкам, чорны і вусаты,

Сядзеў Дзвінчук на ганку сваёй хаты,

Глытаў нервова тытунёвы дым

І ў роспачы патлівай разумеў,

Што гэтак не магло цягнуцца доўга,

Што нехта, ён ці, менш надзеі, Доўбуш,

Павінен згінуць, — мір між імі — смерць.

Пры жонцы то было шчэ паўбяды:

Не мог жа Доубуш рабаваць каханку!

Але шчэ летась павялі сляды

Той гадаўкі — у горы.

Галадранкі

Не шкода — шкода гонару свайго:

Смяюцца людзі, што не ўгледзеў бабы!

... Зусім змяркалася. Сяло кругом

Пад жнівеньскія шаты рэдкіх грабаў

І соснаў

з каміноў вяло дымы...

Раптоўна каля брамы злобным енкам

Заеліся сабакі

У той жа міг,

Як ветрам, здзьмула Дзвінчука ў сенкі.

А ў вокны, пераляканыя ўжо,

Заглядвалі апрышкі, і Дзвінчыха

Бажылася, што сын Сцяпан — ой, ліха! —

Яшчэ чамусьці з поля не прыйшоў.

А ў хату адмаўлялася пусціць...

І голас, што, здалося, з дрэў змёў лісце:

— Шчэ не страчалася ў маім жыцці

Такіх дзвярэй, каб мне не паддаліся!

І закрактаў ледзь не жалезны цёс

Пад Доўбуша плячом і цяжкім друкам.

Шчэ намаганне — і напэўна б знёс,

З крукоў сарваў бы, —

ды агняна грукнуў

У шчыліну стрэл здрадніцкі з сянец!..

І хістануўся атаман з праклёнам,

Стаў асядаць...

«Няўжо такі канец?!»

Але адвёў рукой сяброў схілёных,

Збялелых Байчука й Арфенюка,

Падняўся. Хрыпла загадаў:

— Паліце!

Калі ж ніяк апрышкава рука

Агню не ўмела выкрасаць, —

не ўзліўся,

Прытушана ўсміхнуўся і кіўнуў:

— Хадзем, я шчэ магу... Хай іх скарае...

Лямантавала за сцяной старая...

Байчук па шыбах барткай садануў,

З адчаем вылаяўся,

і з двара

У ноч ступілі

з Доўбушам,

бы ў вечнасць.

А з неба жнівеньскага

Шляхам Млечным

Вяла жальбу трэмбіта па гарах...

1971


МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА

Я прысак. Тлен. Унежывелы попел.

Хто ў ім пазнае брэсцкага падсудка?

Я толькі цёмны попел. Тлену грудка.

Няма нічога, кром жыцця і смерці.

Я мёртвы ўжо. Не бойцеся мяне.

Мне ўжо ўсё роўна, міг ці веіс міне.

Больш не баляць мне спечаныя вусны.

Не вырвецца нечалавечы крык

Так, як тады, як кат мне рваў язык.

Больш не пякуць абвугленыя рукі

Так, як тады, як пажыраў агонь

У іх высновы роздуму майго.

Лаёлы служкі, вы пасатанелі:

Зраўняны ўжо і Лышчыцы з зямлёй —

А вас жахае нават попел мой!

Глядзіць у бок Тартарыі гармата:

I прысак мой адстрэліце туды.

Мне ўсё адно. Ні мукі. Ні жуды.

Багі ў Тартар нізрыньвалі тытанаў.

Выходзіць, не зусім нікчэмства я,

Калі туды дарога і мая?

О хлусы, крывадушнікі «святыя»,

Не верыце ж ні ў рай, ні ў пекла вы —

Ды выгадна ў ярме трымаць жывых!

Што, Сімяоне з Полацка, ты скажаш,

Як дападзе й да царавых палат

І ад майго кастра нясцерпны чад?

Паўторыш зноў, што ганьба, «егда можем,

Але не хошем знатн»? Сцвердзіш зноў

Навуку — як аснову ўсіх асноў?..

Што я адстайваў? Права быць сабою.

Свабодна мысліць. Ісціну шукаць.

Пра ўсё свабодна ўголас меркаваць.

Што я набыў? Расправу па даносу:

Сэрвета, Бруна ды Ваніні лёс.

У нас не ісціна ў цане, — данос!

Няма ў прыродзе слепага выпадку.

Заканамерна глумства на зямлі,

Як плодзяць глумства нават каралі.

Хіба даўно Ян Казімір Нячая

За здраду мог у золаце купаць,

Каб толькі Белай Руссю ўспанаваць?

Але ж кароль — зямны намеснік Бога!

Хіба Гасподзь сцярпець бы гэта змог,

Калі б ён існаваў на свеце — Бог?!

Ды ён тут ні за што ўжо не карае.

Бо мерай усяго ёсць чалавек:

Сам вершыць суд, сам творыць цуд і здзек.

Хіба даўно вялікі гетман Кішка

«Всех белорусцев с сущими младенцы»

Намерываўся «высечь» — да каленца?!

Маўляў, не ўзносся, отчыч, над васалам,

Не выяўляй, халопе, нораў свой, —

За волю, веды плацяць галавой!..

Папраўдзе, Сімяоне, «ложь господствует,

Попрася благость, злоба торжествует».

А мы жывем, адно пакуль зямнугм.

Чым меней праўды, тым гусцейшы морак.

Уладам гэта толькі на руку —

Трымаць люд паспаліты ў каўпаку.

Усё жывы закон Старога Рыма:

Што не здавольвае валадара —

Бясследна знішчыць, нематой скараць!

Праследуеце нават попел, попел

Таго, хто не адрокся й на судзе,

Што — ад матэрыі жыццё ідзе.

I што Зямля — не боскі цэнтр Сусвету,

Што так, як Сонца, Месяц, і яна

З прычын рэальных існуе здаўна.

Няма нічога, кром жыцця і смерці.

Мне ўжо ўсё роўна, міг ці век міне.

Шлях праўды не закончыцца на мне.

Я тлен. Заўчасны попел. Багасловы!

О, вам і попел гэты — што чума,

Бо цвердзіць:

Бога — вашага — няма!

1987


МАЛІТВА АПАНАСА ФІЛІПОВІЧА

Маці Божая,

Царыца Нябесная,

Багародзіца Дзева Прасвятая Купяціцкая,

Адзіна Чыстая і Блаславёная,

Над юдоллю зямной Схілёная,

Узры мя,

Сляпога сярод сляпых,

Пачуй мя,

Глухога сярод глухіх,

Святлом невячэрнім

Вочы мае прасвятлі,

Гласам вяшчунным

Вушы мае адамкні!..

О Ўладарыня Усемагутная,

Нявеста ненявесная!

І думкаю, і душою пакутнаю

Да Цябе прыпадаю,

Малю-благаю,

Не за сябе, нэндзнага, грэшнага —

За Твой люд няўцешны:

Загаі, Чыстая,

Душы занямогу!

Не маем іншыя дапамогі,

Не маем іншыя спадзевы,

Апрача Цябе,

Прачыстая Дзева,

Убогіх заступніца,

Маркотных суцешніца,

Грэшных паратоўніца,

Хрысціян усіх атуліцелька і збавіцелька!

Не ўтаю ад Цябе стогну свайго,

Слёз крывавых:

Нясцерпна бачыць,

Якую над людам

Апастаты чыняць расправу,

Як гібее ўвесь край нядольны:

Калі раб у веры,

Дык у чым жа вольны?!.

Пяць дзесяткаў гадоў ад унеі праклятай,

А нямаш супакою,

А ўсё люцее нянавісць

Брата да брата.

Ды і як ён, той супакой магчымы,

Калі гэтыя лжэлюбцы-папежнікі,

Бесаносцы з ваўчыным нутром пад аўчынай,

Яхідны падступныя, крывасловы,

Пасягнуўшы на веру прадзедную,

Пасягнулі на сам на жывот наш,

На звычаі, на быт наш і мову?!

Толькі лепей памерці з Богавай ласкаю,

Чымся мусім

Даць адступнікам веру нашу

З грудзей нашых выдзерці і змірыцца,

Што няма Русі ў Русі!

Бо не за еднасць паміж языцамі

Рупяцца душахваты,

А жэ на золаце піць і есці,

Седзячы і на зямлі нашай

У сваіх залатых палатах!

Бо не дзеля ўзвялічвання духу

У Бозе адзіным

Усіх дазвання

Святая царкоўная мова наша ў пагардзе,

А тутэйшая руськая —

У асмяянні!

Школы брацкія драпежна зводзяцца,

Езуіцкія ж, бы саранча, плодзяцца,

Жэ лягчэй было канонікам лысым ды прэлатам

Дажэрці нянавідных ім «схізматаў».

I дажыраюць, дадушваюць нас

Уруганнем, забойствамі, кайданамі

Лёкаі сатаны — лаціняне!..

Ці не ён се,

Багалюб Златавусны,

Голасам маці-царквы нашаіс плакаў:

«Гора мне, беднай,

Гора няшчаснай,

Рукі ў ковах,

Ярмо на шыі,

Путы на нагах,

Ланцуг на бёдрах,

Меч над галавой абаюдавостры,

Глыб-вада пад нагамі,

Па баках агонь неўгасальны,

Зусюль страх,

Зусюль праследаванні...»

I нямаш міру нам,

Ні душэўнага, ні цялеснага,

Нямаш збавення,

Толко гнеў і лжа,

Только руіны-нырышчы і паглумленне...

Светлазарная Багародзіца Дзева,

Крыніца вечнай патолі,

Выбаў з лютага болю:

Чужакі чужакамі,

Але і айчынныя пастухі ўжо

Для авец сваіх сталі ваўкамі!

Не абаронцы ўжо -

Хульнікі,

Не бяссрэбранікі —

Нясытыя срэбралюбы,

З багацеем, а не з Лазарам жыці хочучы,

I ўвесь статак піхаюць да прорвы, да згубы!

Васіліскі нячыстай унеі

Не зжахнуліся славы здрайцаў цярлецкіх, пацеяў —

Будзі род іх пракляты! —

Жахаюцца славы «схізматаў»...

Бо аслеплены прагай славы й нажывы,

Негторппхіігае ілжывыя!

Царыца Нябесная,

Агідзітрыя Дабрачынная,

Навучы, навучы мя,

I ўмацуй, умацуй мя

У трыванш, ў люоові,

Днесь, і прысна, і на векі вякоў Міласэрдая!..

Я не ведаю,

Што мне тут наканована,

Але ведаю,

У Каго і ў Што веру я.

Да Цябе гарнуся,

Табою хвалюся,

Бо есмь раб Твой,

Да не ўстыдаюся!

А што з братчыкамі,

З «налівайкамі» аз у хаўрусе —

Ні пад агнём, ні пад кулямі

Не раскаюся!

Амін.

1988


МАНАЛОГ КАХАНАЙ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

«...галубка... чарнабровая мая... мая галубка...

галубка... чарнабровая мая... мая галубка...»

О божухна неміласэрны!..

Костусь!..

Не па свайму мяне абраў ты росту.

Не па свайму. Ты дужы. Я слабая.

Ты смерць прыняў за ўвесь гаротны люд.

А я адно табой была жывая.

А мне адзіна ты быў сонцам тут.

Цябе няма —

і сонца мне пагасла.

І не сарваць бязлітаснай пятлі

Цяперка з долі і маёй уласнай,

Як з долі нашай роднае зямлі.

Шторанку б'юць па сэрцы барабаны:

Я зноў на плошчы думкамі ў гурбе,

Дзе ў кожным новым вязні дацкаваным

Кат зноў і зноў, зноў вешае — цябе!

Кастусь, Кастусь! Саколе мой адзіны...

Паглянь з-пад зорак на Варшаўскі шлях,

Як тысячамі гоняць пабрацімаў

На катаржную згубу ў кайданах.

Ты з імі, ў іх. Для іх ты быў — як з крыцы.

Са мною ж ты...

«Марыська, заспявай

Любімую маю, што пра ўдавіцу...»

Цяпер яе галосіць цэлы край!..

«Прывыкайце, чорны вочы,

Адны начаваці:

Няма майго міленькага,

Не з кім размаўляці.

Няма майго міленькага,

Няма гаспадара,

Каму бы я пасцелечку

Пухаву паслала...»

Я знала: шчасце наша немагчыма,

Пакуль лютуе самаўладства гнусь.

Тваёй любоўю, верай і айчынай

Адна была жанчына — Беларусь.

Кастусь, Кастусь! Няўжо не збыцца мроі,

Няўжо дарма жывіла люд яна:

Каб не ўнямелай наймічкай —

сястрою

Суседкам стала наша старана?!

Каб разам з імі знебыла галечу,

Нароўні годна свой вяршыла лёс,

Каб ані цар, ні пан не смеў калечыць

Душы яе, аслеплае ад слёз.

Так прадзірацца праз такія церні,

Ускласці столькі жыццяў на алтар

Свабоды —

і няўжо з такога зерня

Не ўскаласуе годнай волі дар?!

Гараць, гараць двары, сялібы, вёскі,

Паўсюль балюе царскі глум і здзек,

Сціскае грудзі пах крыві і воску,

I ўжо няўцям, дзе звер, дзе чалавек...

«Навярніся, мой міленькі,

Да з таварышамі,

Калатніце міраедаў,

Каб яны не ўсталі!..»

Не вернешся. I я ўжо не крануся

Твайго крутога, мужнага чала.

I ласкаю тваёй не загаруся.

Адшчыравала радасці пчала.

Не разамкну няшчаднай скрухі кола.

Не адбаліць табой душа мая.

Не адгучыць ва мне твой сумны голас:

«Галубка, чарнабровая мая...»

Ён мой навекі — скарб пяшчоты гэтай,

Што мне ў суцеху ў смерці вырваў ты.

Хай над тваім апошнім запаветам

Закаркалі ўжо груганы лухты, —

Яшчэ не ўсе так подла, нізка ўпалі,

Каб слаць цару халуйства адрасы;

Яшчэ не ўсіх так моцна закавалі,

Каб зноў не ўзняць сякеры ці касы;

Яшчэ твой воблік родны Беларусі.

Кастусь, мой Костусь, любы мой Кастусе...

1987


МАНАЛОГ КАМІЛЫ МАРЦІНКЕВІЧ

Дзіва што! Канешне, я вар'ятка!

Ну, бо як жа — панна, а нашу

Простую сялянскую апратку

I павагі да яе прашу!

Ах, якая сарамота, ах, —

Гэта ж проста жах!

А яшчэ — ў касцёле, звонка, зычна

Пасярод малельнай цішыні

Заспявала гімн патрыятычны:

«Роўнасць людзям, божа наш, вярні!»

Ах, якое святатацтва, ах, —

Гэта ж проста жах!

А яшчэ — пры лютым пры тэроры

Тут, дзе праўда аплыла крывёй,

Не хачу сваё затойваць гора —

Па братах забітых смутак мой!

Ах, якая непрыстойнасць, ах, —

Гэта ж проста жах!

А яшчэ — гатова без вагання

I сама ў шарэнгі тыя стаць,

Хто за незалежнае дыханне

На цара пасмеў сякеру ўзняць!

Ах, ну што ж, як розуму няма —

Ёсць і багадзельня, і турма!..

Хай! Скажу адно шчэ на астатку:

Я не ўгну, панове, галавы!

Зразумее люд сваю вар'ятку:

Покуль пратэстуе — ён жывы!

1957


БАЛАДА ПАМЯЦІ

Цвіла пяшчотным лёнам неба сінь.

Жаданая, чаканая, уладная,

Ішла —

не ў госці йшла, а назусім

Да чалавека

Радасць Безаглядная.

Ёй бачылася ўжо, як шумна ў дом

Увойдзе гаспадыняй раным-раненька.

...Сурова заступіў дарогу дот,

Аброслы мёртвым зеллем і крываўнікам.

1975


ГОЛАС ЧАЦВЁРТАЙ

Усё гудуць на земным доле,

Гудуць пякельныя віры...

Хацела аднаго ад долі:

Душою з небам гаварыць.

...Ні ў кім, ні ў чым не паўтарыцца.

Скіпела ў слёзку — і няма...

Такому толькі там забыцца,

Дзе памяць знішчана сама.

Зноў сад магутна раскашуе

На попеле і на крыві.

Адно мяне, бярозку тую

Чацвёртую —

не ажывіць.

Калі ад душ кара адстане?

Крычы, мой лёс, пячы, шчымі,

Каб людзі ў шматмільярдным стане

Нарэшце зваліся людзьмі!

1983


ЯШЧЭ НЕ ДАРЭШТЫ

- Адкуль ты?

- З Беларусі.

- Беларус?

Ківаеш галавою: ну канешне!

I стане сэрцу соладка чамусь,

Хоць застанешся і спакойны знешне.

I песні ж беларускай не спяеш,

I хто такі — не ўпомніш — Каліноўскі:

Без гэтага нябедна пражывеш!..

Невераемна, што яшчэ... але ж

Шчэ соладка пры згадцы: край бацькоўскі...

1986


ВЯСНА ВОСЕМДЗЕСЯТ СЁМАГА

I зноў жывільны лівень мые

Ад хлуду мёртвага зямлю.

На думцы зноў сябе лаўлю:

Сплываюць дні мае нямыя.

Зямля не ходзіць у пазыку

Па сілу нанава радзіць.

Душы злачынна немай быць,

Як свет турбот такі вялікі.

Як дапякае палынова

Яшчэ і гэтая журба:

Жнем тое, што дала сяўба, —

Вось і ўмірае наша мова...

Калісь «халопскаю» панамі

Была ўсмак збэшчана яна.

Ды ўсё ж да смерці даўніна

Яе не ссекла бізунамі.

Уваскрасала жаўрукова

I на Палессі, і ў Ляўках,

На вуснах голі-мужыка

I ў Саўнаркоме Чарвякова.

Мы вольныя. Мы без прымусу

Савецкі лад жыцця пяём.

Між роўных роўныя жывём

З былінным імем — беларусы.

Чаго ж тады камяк у горле

Пры згадцы даўняга радка,

Радка Мацея Бурачка:

«Шануйце мову, каб не ўмёрлі»?..

1987


СУЗЯМЕЛЬЦЫ

Мае добрыя людзі,

Суайчыннікі,

Сузямельцы...

Вы і цяпер, як некалі,

Не так Бога баіцеся,

Як начальніка!

Пазавугаллю толькі

Прынцыповасць сваю выяўляеце,

Бы хвігу ў кішэні.

Цела недасканалае ваша ў руках

Невукаў дыпламаваных,

Крыўда ж духу народнага вашага,

Як лісцікам фігавым, хлусліва прыкрыта

Плакатнаю дружбай народаў.

Бедныя людзі мае, вы і цяпер,

Як за памяццю прадзедаў,

Пастаяць за сябе рызыкуеце толькі тады,

Калі вас давядуць да краю.

Што, калі нават гэтыя

Зернейкі годнасці спадчыннай

Па-рабску маўкліва

Паможаце вытруціць

I ў вашых дзецях?

Бедныя людзі мае,

Суайчыннікі,

Сузямельцы...

1988


НЕ ЧУЕ

Усшэсця Госпадава дзень,

Вялічанне Ўсёмоцы Духа.

Прыпятых да зямлі людаей

Слоў шаматкая пацяруха,

Спаклонліва цалуе крыж

Хто целам, хто душой калекі,

І вочы кожнага - наўзвыш,

І модлы кожнага - пра лекі.

А строгасць воблікаў Святых

Тысячагоддзі ўсцяж вястуе:

Гасподзь схіляецца да ўсіх,

Ды

духам ніцых

Ён не чуе.


НАБАЛЕЛАЕ

Не слова спасут, а их применение.

А. I. Рэрых

Дзіва з дзіў для чалавека: ён часовы,

Бюракрат жа несмяротны на пасту!

Колькі звону пра размах перабудовы,

Колькі лоску на чарговую лухту!

Покуль пуста ў кашальках у нас і ў крамах,

Покуль чэргі ёсць, і хабары, і блат,

Хто дудзіць «вярхам», што выканаў Праграму,

Той сумленнаму працаўніку — не брат!

Трэба помніць гэта, людзі, трэба помніць,

Каб, узняты плёнам нашых мазалёў,

Не пасмеў чыноўны хам сабе выкоўваць

Панцыр з медалёў!

Край і так ужо даведзены да краю

Пад маўчанне наша, бы ні да казны

Нам, ні нават да таго, за што ўміраюць

На чужой чужыне родныя сыны...

Мы не падкія да плётак і сенсацый.

Працінае ж душы сталіншчыны жах,

Каб вучыліся за годнасць мы змагацца,

Каб у рабстве не трымаў нас болей страх.

Не народ слуга ў чыноўніка, чыноўнік

Служка люду паспалітага свайго!

Мы забыліся пра гэта і віноўны

За трагічны свет усе да аднаго.

Трэба ўцяміць гэта, людзі, трэба ўцяміць,

Што апошні шанец маем сёння мы,

Каб устаць за праўду й стаць гаспадарамі

На зямлі без ашукальніцкай чумы.

1988


ТУТ, І ЦЯПЕР

Тут,

і цяпер

няўступна ўнушаецца,

што паныласць -

нармальны стан чалавека,

а прыязная ўсмешка -

гэта шчырасць

маскі.

Тут;

і цяпер

ваявіта даводзіцца,

што хлусня -

гэта чыстая праўда,

што ж да праўды самой,

то яе

увогуле не існуе,

а, значыцца,

няма і хлусні.

Тут,

і цяпер

расхлябенены

усе дзверы постраху,

каб замкнуліся вусны

на пытанні

пра духаўздымнае вызваленне,

магчымае тут,

і цяпер.

Покуль ёсць адважнікі,

будуць і баязліўцы.

Покуль ёсць баязліўцы -

будуць адважнікі.

Лунае высокае рэха:

Яднаймася!

Тут, і цяпер!


ПЕСНЯ КАСІНЕРАЎ

Заходзіць барвовае сонца,

Бы наша скіпелая кроў,

Пралітая не за чырвонцы —

За край без паноў і цароў.

Дрыжы, распадлелае панства,

Як рэха паўторыць стакроць:

Нянавідна

вашае лганства,

Нясцерпны

бізун і аброць!

Ёсць воля і ў лютым прыгоне,

Мы маем з чаго выбіраць:

З'яднацца пад сцягам Пагоні

Ці тупа, як быдда, канаць.

Дрыжы, распадлелае панства,

Як рэха паўторыць стакроць:

Нянавідна

вашае лганства,

Нясцерпны

бізун і аброць!

Пашчэрблены ў ярасці косы

Аб шаблі й штыкі маскаля:

Ужо не памрэ безгалоса

Пакутніца наша зямля!

Дрыжы, распадлелае панства,

Як рэха паўторыць стакроць:

Нянавідна

вашае лганства,

Нясцерпны

бізун і аброць!

Заплача бяроза над намі,

Тужліва сасна загудзе,

Барвовае сонца на памяць

У лёс Беларусі ўпадзе...

Дрыжы, распадлелае панства,

Як рэха паўторыць стакроць:

Нянавідна

вашае лганства,

Нясцерпны

бізун і аброць!

1988


ЛАЎЦАМ ЧОРНАГА КАТА Ў ЧОРНЫМ ПАКОІ

Не давымотвайце мне сілы,

Не падпіхайце да мяжы,

Дзе шлях мой па зямельцы мілай

Упрэцца ў сумныя крыжы —

I стане ў свеце крыжам болей:

О, як дажыць хацела б я

Да дня, калі змагу без болю

Аб Беларусі запяяць!..

Калі пабачу, што зямную,

Дзівосную красу яе

Больш пустадомак не спляндруе,

А мову пан не аплюе

Чыноўнаю ілжывай фразай,

Што дбае пра культуру ён,

А сам па-беларуску й сказу

Не вымавіць здаўна-давён,

Хоць нарадзіўся тут і вырас

На гэтай прадзеднай зямлі,

Што ўсім нам дадзена навыраст,

Каб дасканаліцца маглі

Не ў спусташэнні, а ў любові.

О, як дажыць хацела б я

Да дня, калі змагу без болю

Аб Беларусі запяяць!..

1988


ПЯЦЬ ГАЛАСОЎ

- Каб збавіцца мне ад душэўных ран,

Забыць мне трэба пра Афганістан,

Пра славу і няславу ў той вайне,

Пра маладосць у цынкавай труне.

- Каб збавіцца мне ад душэўных ран,

Забыць мне трэба пра чарнабылян,

Кім сталі ўсе мы на зямлі айчыннай,

I выміраем ад жуды злачыннай.

- Каб збавіцца мне ад душэўных ран,

Забыць мне трэба пра ганебны зман,

Якім людзей аблутваць не зракліся

Халопы нават і пасля Тбілісі.

- Каб збавіцца мне ад душэўных ран,

Насыпаць трэба волатны курган

На ўсё, што знаем пра сябе сягоння,

Пра нашы Курапаты і Пагоню.

- На волатны курган сядаў груган.

Хто ўмёр — маўчаў,

Жывы — нямеў ад ран.

А гнеў патрабаваў крыві за кроў.

Крый Бог нам абяспамяцець ізноў!

1989


* * *

...Змушаліся ногі хадзіць

Толькі па адной-адзінай дарожцы.

Змушаліся вочы бачыць

Толькі адным-адзіны куточак свету.

Змушалася галава дбаць

Толькі пра выжыванне.

Як вымушалася,

Так з чалавечкам і сталася:

Замест веры ў сябе —

Толькі боль, боль у сэрцы,

Абмежаваным смяротна.

1990


А ХТО ЗАМАХНЕЦЦА...

Мы – творства руіны.

Мы любім руіну:

і жывімся ёю ж бо,

і пустацвецім,

і хто замахнецца на нашу айчыну,

хай мае на ўвеце:

былое жыве –

не бяскрыўдна блукае

дзень-ноч самапасам

па друзе зляжалым.

Атругаю марыва

засцерагаем,

раздвоеным джалам:

у блёкаце

задзірванела ўзбуялым,

правітым ажынай

на сцежках вужыных,

ніхто

не зачэпіць тут

беспакарана

нас –

творства руіны,

нас –

творцаў руіны.


НАКІДАЮЦЬ...

Вецер водарыць упарта

Першацветаваю цнотай.

...Накідаюць мне пагарду.

Свет не варты пашаноты.

На стаптаны поплаў выйду -

У сіле шарону ранне.

...Накідаюць мне агіду.

Свет не варт замілавання.

Што мінецца хмараў навісь -

Суцяшэннейка слабое.

...Накідаюць мне нянавісць.

Сэрца плача па любові.


НЕЎНІКНЁНАСЦЬ

Няпэўны час,

Няпэўная душа.

Зацемраных людзей нясцерпна шкода...

Святое Слова, што было спярша,

Не як Любоў у іх,

А як выгода.

Знішчае брата ўладалюбны брат,

Сястра зняслаўліваецца сястрою,

Пыхлівай самасці барвовы чад

Зацьміў усе іх зоркі над зямлёю.

Але яны гараць, яны гараць,

Не сцерці іх з касмічнае разлогі!

Святло іх прыме —

змушана прыняць!—

У мілажалю ўскрэслы люд убогі!

I чыстым сэрцам ясна ўбачыць ён

Сябе гаспадаром ва ўласным доме,

I ў муках знойдзецца і сэнс, і плён,

I ўжо на збыткі не аддасца доля.

1992


МАЛІТВА ЗА ЎСІХ

О, каб далося і мне

Стацца для вас травою,

Той травой,

Што на горка-зняможлівай,

Сцюдзенай вярсце

Рызыкоўна праточваецца

Праз кару буралісту,

Цвіце

Ацаляльнаю барваю

Зеляною.

О, каб далося і вам

Стацца нямарнай надзеяй,

Што, як бы ні мэнчыў усіх

Злыбедны турботаварот,

Вы будзеце помнІць, што вы ~

БЕЛАРУСКІ НАРОД

Жывы на нябёсах,

Які і на прахлай зямлі

Не згібее.

Усемагутныя Сілы Ўсявышнія!

Вамі трыманая і прасвятляная,

Сёння за ўсіх малю:

Уздольніце нас,

Коснаязыкіх і запамарочаных,

Прамаўляць ачышчальнае і найлучлівейшае:

"Люблю!


ВЯЧОРНАЯ МАЛІТВА

Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх:

Сягоння я з сабой не саўладала,

Не ўтаймавала каламуты шалу,

Нянавісці да чалавека

З мазгамі хворымі.

Даруй мне, Божа:

Упершыню ў жыцці аж так варожа

Смяротны выдыхнуўся мной праклён...

Я помню запавет: "Не асудзі".

Я ведаю: Табой судзіма буду, —

Няхай жа воля здзеецца Твая! -

Але даруй, што поскудзь гэту, Юду,

Адродка гэтага любіць не здольна я!

Калі ён з роднай мацеры, маньяк,

Па-сатанінску здзекуецца, дужы,

Ірве язык ёй, адцінае вушы,

Вымае вочы, гвалціць памяць, —

Як,

О Госпадзе, як розуму не страціць,

Гэта ўсё бачачы,

Бяссілы

Суняць, ацяміць, здаць дактарам яго?!

Хоць лек ніякі ўжо тут не паможа...

Даруй мне, Божа,


* * *

Любоў мая, укрый мяне

Хоць позіркам замілаваным:

Хай, зноў табой паратаваная,

Душа хоць трохі адпачне.

Нікчэмны свет, аблудны свет

Агідзеў да ванітавання:

За ўладу подлае змаганне —

I сцяг яго, і запавет.

I гінуць праўды светлячкі

Пад выштукаваным абцасам,

I людзі з цемрай зноў сам-насам,

Ужо, здаецца, на вякі...

Укрый мяне, любоў мая,

Хоць позіркам замілаваным,

Каб, зноў табой паратаваная,

Жыццё як ёсць прымала я.

1989


БУДЗЕМ!

Не знемагайма ў адчаі, сябры,

Не знемагайма.

Сцюжа люцее на нашым двары:

Пры вогнішчах духу чувайма.

Не ўпершыню зліхадзеены мор

Так пагражае

Краю прыкляклых братоў і сясцёр,

Беларускай дзяржаве.

Не ўпершыню "спагадае" сусед,

Хочучы ў сплату

Нашы - за свой дабрачынны абед —

Спрадвечныя мову і хату.

Будзем адхукваць зынелую рунь,

Колькі магі ёсць,

Дзеля ўмалоту і шляху ў зару

Вольнасці,

а не ў магілу.

Будзем!


* * *

Калі б замовіла свой страх,

Калі б яго я пазбылася,

Душа не чэзла б у мурах,

Душа купалася б у ясі.

Надарваецца ж гэткі цуд:

Бы збоч самой сябе стаю я,

А ўсё, што мне балела тут,

Як падаліст, ля ног шумуе.

Не вусцішна ні за сябе,

Ні за радню, ні за сябрыну,

Ні за бяссілую Айчыну:

Хіжак ёй печань не дзяўбе.

Бо годны вызначаны шлях,

І ланцугі сарваны з духу,

І рух разгортвае абсяг

Бязмежжа

за вяршыняй скрухі...

Надарваецца ж гэткі міг!..


МІЖ КВЕЦІВАМ СНЕГУ Й ПЯШЧОТНАЙ СНЯЖНІЦАЮ ВІШНІ

Максіму Багдановічу

— Ен быў Тваім братам, —

сказала сястрыца Данута. —

Абыдзены шчасцем,

шчэ больш безнадзейны ў пакутах.

Скажы пра Яго!.. Памаліся. I будзеш пачута.

А мне — зацяло... Хоць сябе й пачуваю сястрою.

Самотай Паэтавай сэрца самотнае крою.

Між квецівам снегу й пяшчотнай сняжніцаю вішні

Адшчодрыў палёту Яму над юдоллю Ўсявышні.

Крылаты заўжды асмяецца бяскрылымі ўсімі,

Зняважыцца імі, адпрэчыцца імі, Максіме.

Мінецца зямное — і немач, і пыха, і зверства,

I стома змагання, і ў лепшую долю няверства.

Адно не міне, не замосціцца — прорва самоты

Духоўнай істоты ў шуканні Красы між марноты.

Ці ж толькі ад жалю да нашае нэндзы краёвай

Бог вусны Твае растуліў беларускаю мовай?!

Не на прамінанне блукае вярэдліва рэха

Між цёплай сняжніцаю вішні і квецівам снегу!..

1997


* * *

Асвойваем юдоль мы ненамарна:

у кожнага зярняці — пэўны шлях.

Нічога, што йшчэ так абложна хмарна:

вясны ўжо квет завязаны ў палях!

Не пойдзе ён у пустацвет;

не згіне

Узгадаваны працай

волі плод:

аддадзены адроджанай Айчыне,

саміх нас не аддасць на глум, на звод.

Здабудзем долю, радасцю багатай,

сагрэем душы ўсіх

цяплом сваім.

Яшчэ прыластаўчыцца наша свята,

Яшчэ прытульна будзе люду ў ім!


АДКАЗ "ПЕРШАЦВЕТУ" НА ЯГОНУЮ АНКЕТУ

— Што ўплывала на Вас, калі Вы пачалі пісаць на беларускай мове?

— Які свет Вы хацелі б стварыць у сваёй творчасці і якой Вы хацелі б стварыць сябе ў гэтым свеце?

Што ўплывала, калі пачала

Я пісаць беларускаю мовай?

Канаванай парою пчала

Назапашвае ўзятак мядовы.

Канаванай,

Наспелай парой.

Спела ў часе й маё шчыраванне...

Сёння поклік настойлівы той

Я акрэсліла б як павітанне

Усяго, што амыла душу

I жывою вадою, і мёртвай.

Перад істай, бадай, не зграшу,

Як скажу:

Змалку ведала цвёрда,

Што

Люблю непаўторны свой род

I яго анідзе не зракуся,

Як бы лёс ні падгорчываў мёд

Прыналежнасці да Беларусі.

Давялося ж бо павандраваць

Мне й па розных дарогах няблізкіх:

Свет умее ў палон сэрца браць,

I вязніцай не стала калыска

Майго голасу ў свеце зямным.

Дзячу долі за ўсе пуцявіны,

Дзе жаўронкавы час, і савіны

Мяне моцніў вяртаннем маім

У ціхмяны мой край, да жытла

Каля шэрага поля й балота,

Каб адчуць — зноў і зноў! — я магла

Наўзвышальную дзею тайноты

Ўласнай злітнасці з гэтай зямлёй,

З песні ейнае ладам смутлівым,

З той адвечнай гаворкай, якой

Свет шматстайняць і родныя Нівы

(мая вёска, мае карані).

Гадаванка палескае глебы,

Я папросту не мела патрэбы

З Музай мовай чужой гаманіць.

Хоць даніну і я аддала

Вершаваннем калісь па-расейску:

Беларуская ж мова была

Між "культурных",

Бы й сёння,

"Плебейской"...

Гарда гэтая, можа, найбольш

На мой выбар тады паўплывала:

Творства ўласнае стала маёй

Сталай формай пратэсту на боль,

На знявагу, пахлебства, хлусню.

Вопыт людства ды ўласны наш вопыт

Прымушаюць нас у глыбіню

Кожнай з'явы глядзець.

Ўсякі клопат

Чалавека

на пэўнай зямлі,

Ў пэўным часе ды ў пэўным суполлі

Ёсць высілкам на той араллі,

Дзе ўсёлюдская творыцца доля.

Дасканаліць самога сябе

Азначае спрыяць дасканаллю

Свету цэлага, дзе зноў за даллю

Толькі далеч пакліча цябе.

Усміхаюцца людзі ў адказ,

Калі часам з усмешкай зазначу,

Што й падлогі мыццё нам аддзячыць,

Калі мыем мы — не напаказ...

Свет любові, ладу, чысціні

Ва ўзаемінах чалавечых,

Свет павагі і дабрыні —

Толькі ён можа дух наш увечніць.

Як умела, стварала яго,

Як пасільвала, як патрапляла.

А які мне набытак з таго?

Спадзяюся, ў сабе ўтаймавала

Я хоць ноту гардыні зямной.

Навучаюся не мітусіцца,

Спакайнець, не ірвацца душой

Да таго, што не можа тут збыцца.

Як вучуся й дагэтуль святліцца,

Дзякуй верным сябрам за цяпло

На жыццёвых пранозлівых проймах:

Так хачу, каб ім вольна было!

Каб Святло іх трымала ў абдоймах!

1994


ПАЛЁТ НАД ЖЫТАМ. УДОМА

Ніхто не дзівуецца

лёту майму па-над жытам,

Дый хто б дзіваваўся,

калі анідзе ні істоты

Бязяюдна.

Бязмоўна.

Бязвеўна.

Бязмежна разліты

Спакой ціхамірны.

Ні тлуму, ані адзіноты.

За полем даспелым,

за хвойнікам срэбназялёным

Мой дом, дзе ўсё - новае:

сцены, і столь, і масніцы.

Чакаюць у шафе расчыненай

строі-абновы.

А свежая стружка ў кутку

так духмяніць жывіцай!

І босым нагам цёпла-цёпла

на жоўтай падлозе.

І дыхаецца лёгка-лёгка:

ну вось я і ўдома,

Дзе ўсё навакола мяне

і ўва мне

прайнялося

Нарэшце-ткі сонцам,

так з'яўленым,

а невідомым...

Загрузка...