Не ў Рым вядуць дарогі...


ВІЗІТОЎКА

Спытаюцца: «Адкуль ты?

Скуль ты родам?»

I адкажу:

— З палескай той раўніны,

Якая з даледавіковых часаў

Пароднена і з доляй, і з нядоляй.

О, нездарма яна, мая старонка,

I Белым возерам глядзіць,

Як вечнасць,

I Чорным возерам глядзіць,

Як памяць...

Бярозаўшчына!

Жылкаю блакітнай

Пульсуе Ясельда ў цябе на скроні.

Вясёлыя гаі твае бярозавыя

Нітуюцца з барамі ды з дубровамі,

Каб з травамі, імхамі, чаратамі

Няўзнак на ўвесь зеленасвет Еўропы важыць.

А ці ж не так і чалавечы лёс твой

Панітаваны з лёсам чалавецтва,

Мая Бярозаўшчына?!

Колькі тысяч

Дзяцей сваіх ахвяравала ты

I землям іншым, і народам іншым!..

I апыналіся бярозаўцы твае,

Чарнявыя ды русыя,

Натоўпам безаблічных бежанцаў ці эмігрантаў...

Выдатна патраплялі змазалелыя іх рукі

Выпешчваць каву на плантацыях Бразіліі,

Вылузваць вугаль з нетраў Чылі,

Выдойваць буйваліц у пампах Аргенціны,

Вылоўваць жэмчуг у прадоннях Палінезіі...

Але з гадамі выяўлялася, што з дна

Нядольнага туляння здабываўся імі

Адным-адзіны скарб:

Туга няшчадная

Па крыку кнігаўкі

Над лотацева-залатым разводдзем,

Па аксамітных азярынах лёну сіняга,

Па далікатным

Бэзава-ружовым цвеце бульбы,

Па васілёчку ў жыце ды буслянцы на страсе..

Не адбалець такому болю.

Шукалі хлеба на чужыне,

Чужынцамі ж падцятая, падмятая

Зямля радзінная была

Для самых лепшых,

Для адданейшых сыноў, дачок сваіх

Злавеснейшым

Канцэнтрацыйным лагерам «Бяроза»:

Як люта катавалі там, як праглі ўсмерціць

Самую думку, мару згаладалых

Пра іх найсаладзейшы хлеб —

Хлеб долі-волі

На прадзедамі тканым,

Адбеленым ад глуму чорнага абрусе

Матчынай мовы...

Век не прыцьмець у памяці людской

Ні Мальчы прамінулага стагоддзя,

Засечанай да смерці бізунамі

За бунт супроць улад;

Ні расстраляным карнікамі Осаўцам

За тое, што найпершымі ў раёне

Калгасам выйшлі сустракаць вясну;

Ні Здзітаву, вядомаму яшчэ

Ў часы Іпацьеўскага летапісу, сёння ж

Бяссмертна ўслаўленаму Здзітаўскаю абаронай;

Ні юнаму Белаазёрску,

Што рукатворным сонейкам расцвіў,

Каб не вярнуўся болей змрок былога.

Бярозаўшчына

Ўмелі пастаяць

За гонар свой, за песеннае заўтра твае дзеці —

Твае Альшэўскія ды Кутнікі, Труцькі,

Вячоркі, Руцічы, Хвядчэні

Барушкі, Коласы ды Салаўі,

Іх мноства, нескароных,

Хоць былі

I ямішчы пры кляштары ў Бярозе,

I ўрочышча Смалярка, і траншэі

Утульналесай Броннае Гары,

Дзе тысячамі гінулі бязвінна

Славяне й неславяне,

Дзе па-зверску

«Звышчалавекі» нішчылі людзей.

Яшчэ й цяпер

Зялёную травінку з тых мясцін

Прыкусіш задуменна — й толькі потым,

I толькі потым сцяміш, скуль ён, гэты

Саленаваты прысмак на губах...

О ты, бяссмертны кругабег Жыцця!

Ды шчасна ўсведамляць, што на Зямлі,

Усюды, ўсюды, пад любым сузор'ем

А некалі ж ды выспее пара,

Калі любое селішча людское,

Як наша вёска Горыч,

Збудзе горыч

І назавецца Светачам нарэшце!

Гляджу на жытнія разлогі кута роднага

І думаю:

Хай ясніцца Твой дзень,

Хай непарушна мірным будзе неба

Над шчырай працай і над адпачынкам

Дзяцей Тваіх неваявітых, працавітых,

Хай зоркамі дастатку й хараства

Дамы іх свецяцца,

Як свецяцца іх душы!

Ім ёсць чым ганарыцца,

Ёсць чым жыць, I што апець,

I што яшчэ стварыць!

1986


БЕЛААЗЁРСК

Ці бачыў ты хоць раз Белаазёрск,

Калі на дахі мякка ноч прысядзе,

Павее казкай ад старых азёр

I пойдуць песні поруч па абсадзе?

Тады глядзіш на родны, любы кут

I цэлы свет гатоў у сведкі клікаць:

Ці столькі зор насыпалася тут

На дол з каўша Мядзведзіцы Вялікай,

Ці гэта ў небе, бы ў люстэрку тым,

Адбітак зыркі ўсіх агнёў Палесся?..

Белаазёрск мой, сон мой залаты,

Мая

яшчэ не складзеная

песня!

1962


КРАСАВІК У САКАХ

Сустрэчы — што? Выпадак? Немінучаець?

О як было далёка да вясны

У доме тым пры возеры гаючым,

Што песціла і вергла ў продань сны!

Ішлі праз ноч агні палоскай вузкай

Да зор, на подзіў рэдкіх, угары.

«Пагавары са мной па-беларуску!

Пагавары!..»

Каля балкона кажаны ляталі,

Сам у сябе ўзіраўся карагач,

Адказвала сабачым брэхам далеч

На знерваваны чайчын покліч-плач.

А над усім —

Над сцішанасцю золкай,

Над кажанамі, што гусцілі змрок,

Усходзіла гарачай чыстай зоркай

Матчына мова, —

І відушчаў зрок.

Хай бед людскіх не развясці рукамі —

Успыхне слова выйсцем пра запас.

...Цвілі так блізка вочы васількамі,

І жыта,

Жыта абступала нас...


НЕ Ў РЫМ ВЯДУЦЬ ДАРОГІ

Так хораша

не можа доўга быць —

Недаўгавечна шчасце чалавечае.

Адказваць на каханне часта нечым,

Хоць ненатольна прагнецца любіць.

Так хораша не можа доўга быць.

Пакуль

адчужанасць не знае нас,

Пакуль

адно ў адно мы пераліты,

Пакуль

між трох мільярдаў на Зямлі ты

Адзіны мне,

і я ў цябе — адна.

Адчужанасць яшчэ не знае нас.

Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць,

А да вякамі снёнай узаемнасці.

Не бачыла, як ты масты свае масціў,

Ды помніла, што я цябе знайду.

Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць.

1976


ЗА СОСНАМІ—МОРА

Пляменніку Руслану

І

Упарта, пругка

сэрца мора б’ецца.

У памяць — хвалю шызую — ступі:

Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца —

Трывогам месца саступіў.

У цяглых сосен праз гушчэўе веек

Глядзіць сцярожка неба сінізна.

О, боязь за другога чалавека!..

Адна ты робіш чалавека з нас.

Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш.

На поўдні зноў хмурына усплыла...

На золку чайкі, як жанчыны, плачуць,

Страсаюць цішу з белага крыла.

II

Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом,

Выплываючы з мора.

Колькі вас, для каго сёння не прынясло

(Як і ўчора)

Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі,

Ні хвіліны жадання

Нескарона рассунуць

(хоць на крок)

берагі

Свайго існавання...

След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк

Каляроваю пенай.

Акунаюцца целы ў хвалі

(лёсы ў быццё)

Раўнадушна і лена.

З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе.

І спрасонак

Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень

На вёслах пунсовых.

III

«Табе лягчэй: ты ўжо змірылася».

...Ківаю галавою згодна,

Сачу, як цвёрда і лагодна

Выводзіць мора штось кірыліцай.

Такое мернае, пакорнае

Сваім дыханнем галубіным.

...Трагічным знакам бур глыбінных —

Палоска

на ўзбярэжжы

чорная.

IV

Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях,

Прымервалася, выбірала,

Нарэшце —

Спружыніста ўскочыла,

Рассмяялася белазуба,

Падалася ўсім целам —

І вось

Пасяродку ўтравелага лета,

Як суніцы,

Зоры збіраю, —

Так ускінула хваля крутая мяне.

Упіваюся сілай сваёй нечаканай,

Халадзею ад думкі,

Што гэта ўсяго на імгненне.

Я падоўжу ўладу над часам! —

Я замкну чароўную хвалю,

Абгараджу, прыпыню!

...Ні прасторы галавакружнай,

Ні зор.

Смяецца над загародкамі

Стыхія.

V

На ўзморы туман беспрасветна-густы,

Аж сонцу на неба не ўзбіцца.

Замкнёны рашуча на ключ залаты

Чаканні, каторым не збыцца.

І кінуты ключ залаты у ваду,

У горкую продань марскую.

І зманьвай не зманьвай цяпер —

не прыйду,

Гукай не гукай —

не пачую...

VI

Не да мора прыбеглі сосны —

З мора выбеглі свет паглядзець.

У трывозе за лёс людзей

Зелянеюць яны

і сохнуць.

VII

Хвалюецца салёная разлога,

Дзень, як бурштын, хаваючы на дне.

Усё ўспамінам стане,

і дарогу

Перамяце, засыпле ранні снег.

А ўдома загудзе на ветры голле,

У волкай цемры цяжка зашуміць —

І уваскрэсне,

І падкоціцца да горла:

Стрывожанае мора,

Дзюны.

Мы...

11-18.07.1975

Дубулты


ПУШКІН У МІХАЙЛАЎСКІМ.

Па атрыманні ліста ад Дэльвіга

«Ах, мілы Дэльвіг!..

У каторы раз

Прыехаць абяцаешся, а час —

Сняжынка да сняжынкі —

У сумёты

Нагортваецца на маім двары...

Калі б вы толькі ведалі, сябры,

Якая тут сумота і самота!..

Як холадна і голадна без вас!..

Жывіцца, нібы вязню, успамінам!..

Не адпускаюць дупіу боль і віны,

А радасць не залучыш пра запас...

Яе да скону чалавек жадзён.

Да д'ябла цяжка гэта — быць шчаслівым,

Калі і ў хмелю канавана бачыць,

Што ўласны лёс бяссільны сам зыначыць...»

Глядзеў у вузкае акно паўдзён,

Як стражнік,

пэўны і немітуслівы.

І клаўся цень ад рамы крыжам шэрым

На стол з.лістотай скрэсленай паперы.


МІНСК, 30 СТУДЗЕНЯ 1980

Нахалолы вечар на двары

Моўчкі пералічвае сняжынкі.

Усміхайцеся, мае сябры,

Гаварыце шумна, без упынку!

Дыскутуйце ў лад і неўпапад!

Сёння сэрца

тонка сэрца чуе:

Развярэдлівы трывогапад

На планеце днюе і начуе...

Радасці непрыядальны смак —

Бо дарогі гора не пытае.

Гэта й нашай лучнасцю няўзнак

На зямлі пагода высвітае.

Поплеч, бліжай, блізкія мае!

Чалавека шмат што згубай страшыць.

Хай жыцця парукай устае

Поўнік дабраты й любові нашай!

Вечар за сняжынкамі цікуе.

Чуеце?..

Зноў

аўтамат

такуе!..


ГАТЭЛЬ «МІНСК», 374

Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі,

Як рупныя тры пчолкі,

Што з венчыка да венчыка,

З травінкі да сярожынкі,

Ад коціка ракітнага

Да сонцасходнага падбелу,

Ад звішнявелай, прахалоднае кісліцы

(Салодкай, як кляновік)

Да полымя ліловага пралескі —

Тры пчолкі шчыравалі —

Тры дні і ночы —

І неслі ў цёмны вулей майго сэрца

Пылок —

Сухі, гаркавы, залачавы —

Нектар

Маіх нябёсаў і зямлі:

Прыхільнасць і любоў сябрыны.

Мёду

слязіначка

свеціцца:

Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі...

1977


У ЛЮСІНЕ

А возера, як вока, поўнае

Глядзіць у сцішанасць маю.

Усё, што я люблю, што помню я,

Глыбока ў сэрцы прытаю.

Перагуло, перамалолася.

За ўсё заплачана спаўна.

Маўчаць дубы Якуба Коласа.

Якая далеч ім відна

За гэтым возсрам, за лёсамі?..

Падснежнікавая пара,

Не дай астацца безгалосаю

Каля яднальнага кастра!..

1982


I ТЫ — РАДЗІМА

Башкірыя! Зноў раннія снягі

Імкнуць з нябёсаў на твае разлогі,

А ты зычліва сцелеш мне пад ногі

Кілім гасціннасці найдарагі.

Башкірыя! Не бачыла яшчэ

Ні гор-лясоў тваіх, ні Агідэлі[3],

Ды ўжо мяне так шчодра абагрэлі

Агні твае ў імзе маіх начэй.

Башкірыя! Калі яшчэ вясна

З яе магутнай, жыватворнай ласкай?!.

Але цвіце дзівоснейшая краска

Душы тваёй, і мне цвіце яна!

Услухваюся ў песню: о, як шмат

У ёй журбы!.. Нібы ў бярозы ніцай...

Башкірыя! Мы ўжо не чужаніцы.

I ты — Радзіма. Дзякую. Рахмат.

1985


НА АДВІТАННЕ 3 БАШКІРЫЯЙ

Паэту

Асылгужы Багуманаву

Скажу яшчэ раз «дзякуй» краю гэтаму

За радасць лучнасці з харошымі людзьмі,

За песню цёплую курая[4], мне напетую

У самых весніцах пяклівае зімы.

Шмат што адпрэчу, шмат забуду я, ды знаю:

Ужо мне помніць, каб жыла хоць сто гадоў,

Як чуйная душа трысціны той — таго курая —

Трысцінку мыслячую прагла ўкрыць ад халадоў.

Вялізная Зямля мая, мая маленькая!..

Пад кронай сонца —

пад трывог адвечнай кронай!

Усюды марыш ты і верыш так жалейкава,

Усюды дзецям тваім трэба ласка, абарона...

1986


ДАРОЖНАЕ. ПА СВЯЦЕ ПАЭЗІІ Ў КРОШЫНЕ

Паварот адзін, другі, шчэ трошкі —

I схаваўся між палёў-лугоў

Задуменна вераснёвы Крошын

З самавітай люднасцю яго.

Крошын той, што тут завуць Крашынам,

Шчэ куточак роднае зямлі,

Дзе ліхота лёс людскі крышыла,

Дзе ліхоту людзі амаглі.

Дзе суровай праўдаю нямрушчай

Павявае нават ад кладоў,

Што народнай памяці не струшыць

Коламі няцямства і гадоў.

Дзе, каб душы памаразь не ўкрыла,

Злётвае даверліва да рук

З жырандолі Паўлюка Багрыма

Чорны ад зажытага жаўрук.

...Цёмная дарога ў даль збягае,

Над дарогай — зорнае шыццё,

Побач — ты, каб знала я, — о, знаю! —

Што такое шчасце і жыццё.

1985


СКРЫПАЧ

Уцёк у мушлю музыкі,

а так глыбока,

так глыбока,

што да яго балкона на другім паверсе

не дапясці

ўжо ніякім воклікам

вячэрняга Парыжу.

Стаіць сабе скрыпач і грае

на ўласным беразе —

нямога для бадзяжнікаў аглухлых —

іншасвету:

у мушлі музыкі.


НА РЮ ДЭ КОНСЭРВАТУАР

Юнак з юначкай гэтыя не тут ужо,

не ў скверы гэтым,

хоць постаці іх сплеценыя і навідавоку.

Зыншапланечаныя ўласнымі абдымкамі,

цалункамі,

яны ўжо ў недасяжжы

для косых позіркаў прахожых,

маўклівага дакору іх, асуды, абурэння, —

зэро, нуль абсалютны ўсё гэта зараз

абраннікам спякотных сфераў

мілосных.

Яны йшчэ вернуцца з нябёсаў тых сюды,

на пде сіе Сошегуаіоіге,

ды ім адным,

адзіна ім гучацьме —

як загучала —

раскута жарсцевая, незямная фуга

кахання.


У БЕЛАСТОКУ

У хмары бялёсай прамень патанае.

Хаця ўжо да ўлады прыйшоў красавік —

Па-над Беластокам Пан Бог вытрасае

Свой белы, станчэлы нашчэнт пухавік.

Кружляюць сняжынкі і рэдка, і вяла,

I хоцькі-няхоцькі — а ўміг растаюць.

З-пад бурага лісту вясёлыя джалы

Травінак

да сэрца майго дастаюць.

Баліць, уцалелае ў зімняй аблозе,

Трапеча ў струмку зноў нясмешных надзей

На сэнс і на сонца ў мусовай дарозе,

На неадзінотнасць сваю між людзей.

Сняжынкі ў паветры. Вяснушкі на шчоках.

Астуда і ласка

майго

Беластоку.

1992


СЕДЛІЦЫ

Стаю на каменным ходніку

Паміж рынкам і стадыёнам.

З правага боку

Раз-пораз накочваецца

Рык утрапёны

Вернікаў мускульнай сілы.

З левага боку

Напірае, хістаецца

Нябачная брыла

Галасу барахольнага.

Пасяродку

Бясконца цячэ

Заклапочаны люд шпаркаструмны.

А наўпрост,

На сцяме майстэранькі

Па наладзе газавых плітаў

I падгонцы ключоў

Буйналітарная абвестка:

Zakład stolarski

TRUMNY

I адрас,

На які не зважае

Чалавечы мурашнік.

Сумна.

1992


НА КАРЦІНАХ УРШУЛЫ

На карцінах Уршулы Люке

Барукаюцца з ветрам дрэвы,

Каб спакойна, патульна жылося

Невідочна-прысутным бюргерам

У мурах-камяніцах іхных:

Шчытна тоўпяцца мураванкі

На карцінах Уршулы Люке,

I ўцякае пад мостам Шпрэвэ,

I пад гнётам свайго пачварства

Вывінаецца, і пруцянее,

Распадае глумлівы спрут,

Што берлінскай сцяною зваўся, —

I хрыстосуюцца ў нябёсах

Мужна выстаялыя дрэвы.

На карцінах Уршулы Люке

Так звычайна ўсё —

а шматмерна,

Лаканічна —

а так яскрава,

Красамоўна.

Як і выява

Тых кладоў, маляваных мастачкай

Пад Варонежам ці пад Самарай

(а магла б і ў Белаазёрску,

ці ў любой беларускай мясціне —

маем скрозь мы такія пагосты):

Пад аголеным небам —

нямыя

Земляныя гарбочкі, а кожны,

Кожны — загарадкай апяты:

Клеткі, клеткі...

I тут — клеткі, клеткі...

— Нашым людзям цяжка даўмецца,

Што я гэта намалявала, —

Уздыхае Уршула.

1995


ДА СУСТРЭЧЫ!

Маўклівым развітальным клінам

Ляцелі гусі над Берлінам,

А мы па Мюллерштрасэ йшлі

І ўслед за выраем гусіным

Вачыма ўзрушана вялі.

Адкуль вы, гусі? З Беларусі?

Куды вы, гусі? Ў цёплы край?..

Няма адказу. Знай цярусіць

Сняжок з нябёсаў, быццам гусі

Свой пух страсаюць на "бывай",

Халодны пух ляціць - не тае,

І на плячах не растае.

Так і Айчыну замятае...

Даўно старонка дарагая

Нам на цяпло сваё скупая.

Любові ад людзей чакае.

Не ўмеюць людзі грэць яе.

Мы заўтра вернемся дадому.

У непагадзь, у безладзь, стому.

З чужыны - бы на чужыну...

Вам, птахі верныя, вядома,

Як цяжка з золі, з ледалому

Выдабываць крыльмі вясну.

Да стрэчы, гусі!

Загрузка...