Незабыўны Янка Геніюш


У лютым 2002 года споўнілася сто гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша (1902-1979) — беларускага доктара, бібліяфіла, палітыка, мужа паэткі Ларысы Геніюш. Але аб гэтым юбілеі ніхто не ўспомніў ні ў Беларусі, ні на яго Радзіме — Беласточчыне.

Сёння мне хочацца кампенсаваць гэтую недарэчнасць і прыгадаць нашага земляка такім, якім ён быў і запомніўся тым, хто яго ведаў. Па характару Іван Пятровіч быў розны — то спакойны, то занадта рэзкі і гарачы ў выказваннях, то чулліва-лагодны, то вясёлы. Але найперш да канца сваіх дзён ён быў і застаўся шчырым беларусам, патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Дый іншым Янка Геніюш быць не мог. Тым больш, што побач з ім, нягледзячы на ўсе пакуты, цяжкія і шматгадовыя ростані, была слынная паэтка Беларусі Ларыса Геніюш. Яны разам дзялілі свае гора і радасці, здзекі і хваляванні, трывогу і неспакой. На надмагільным помнічку ў Зэльве, які пры жыцці ставіла яму сама Ларыса Антонаўна (цяпер ім дваім творчая інтэлігенцыя Беларусі паставіла новы помнік на Зэльвенскіх могілках), былі выбіты такія радкі:

Па сонца асветы ўзлятаў, нібы птах,

З палоскі сялянскае, вузкае.

Адзін толькі ведаў у жыцці сваім шлях

Пачэсны, цяжкі, беларускі.

Янка Геніюш нарадзіўся ў 1902 годзе 24 лютага ў Крынках на Беласточчыне. Дарэчы, у Крынках пачынаецца і ўвесь род Ларысы Геніюш, якая аб гэтым успамінае ў артыкуле “Крынкі” (“Маладосць”, 1997, № 1): “Казаў мой дзед Павел, што некалі прыйшлі туды ў пушчу два браты Мікалай і Міхал, якія і залажылі Крынкі. Ад Мікалая пайшлі Міклашэвічы, а ад Міхала — Міхайлоўскія — два старыя, адвечныя роды ў Крынках”. I калі Ларыса Антонаўна Міклашэвіч выйшла замуж за Янку Геніюша, то запыталася жартам у яго: “А дзе ж ты нарадзіўся?” — “Гдзе? У Крынках!” — адказаў Янка. I сапраўды... дзе ж яшчэ можна нарадзіцца на Беласточчыне, як не ў славутых Крынках.

3 Крынак шлях ляжаў у Прагу, куды Янка Геніюш прыехаў вучыцца. Ён паступіў у Карлаўскі універсітэт, а пасля яго заканчэння атрымаў медыцынскую адукацыю, стаў урачом-венеролагам. У тым жа 1935 годзе ў сям’і Геніюшаў нарадзіўся сын Юрка. Пабыўшы два гады дома, Ларыса з сынам пераязджае ў Прагу да Янкі.

Жыццё ў Празе было вельмі цікавым і разнастайным. Тут жылі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускія спевакі, кампазітары, мастакі, пісьменнікі. 3 імі ўсімі быў знаёмы Янка Геніюш, з многімі шчыра сябраваў. А яшчэ ён быў актыўным сябрам пражскага камітэта Беларускай народнай самапомачы.

Падчас акупацыі Прагі нямецкімі войскамі, са слоў Барыса Сачанкі, Янка Геніюш, “як старшыня сходу, падпісаў тэлеграму Адольфу Гітлеру ад “шчырых” беларусаў” (Барыс Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі, Мінск 1990, с. 24). На самой справе ўсё адбылося інакш. Вось як пра гэта ўспамінае Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі”: “Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту (Беларускай народнай самапомачы — С.Ч.). Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, не мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж (маецца на ўвазе Янка Геніюш — С.Ч.), які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі спяшаўся сюды з працы. Яму не далі яшчэ ні сесці, ні апомніцца, як ужо “выбралі” яго старшынёю сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж збялеў — ён бачыў подлы й хітры “ход” Ермачэнкаў... Тэлеграму акрэсліў Ермачэнка як ад “беларусоў у Празе” ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сведама... Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў “Беларускага камітэту самапомачы ў Празе”. Ермачэнка, як заўсёды, усміхаўся... I вось гэты архіў апынуўся ў Мінску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зроблена яшчэ адна подласць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашы подпісы былі выведзеныя пад капіроўку”... (Ларыса Геніюш, Споведзь, Мінск 1993, с. 43). У 1943 годзе ўсё той жа Ермачэнка адправіў Янку Геніюша ў Беларусь, у прыватнасці, у Слонім на лекарскую працу. Нядаўна Алег Лойка расказаў мне адзін цікавы эпізод з жыцця Янкі Геніюша ў акупіраваным немцамі Слоніме: “Падчас акупацыі ў 1943-1944 гадах мой бацька быў намеснікам слонімскага гебітартца (слонімскага райздрава), а гебіткамісаратрцам быў не хто іншы, як дзядзька Янка, спадар Іван Пятровіч Геніюш. Толькі па рэцэптах за подпісам майго бацькі выдаваліся ў слонімскай аптэцы лякарствы. Тыя лекі ішлі да партызанаў, і спадар Геніюш не мог таго не ведаць. А яшчэ Іван Пятровіч стаў героем у вачах майго бацькі, калі ён не ўскінуў руку дзеля прывітання слонімскага гебіткамісара Эрэна, п’ючы піва пры рэстараннай стойцы, калі ў рэстаран зайшоў Эрэн. Эрэн зрабіў на тое заўвагу, на якую дзядзька Янка зрэагаваў імгненна: “А хто тут гаспадар, мы ці вы?!” Праз некалькі дзён слонімскі арцтгэбіт узначальваў ужо не Геніюш: Эрэн прагнаў яго ў Баранавічы. Іншай меры пакарання Эрэн не дабіўся, бо за Геніюшам стаяла слава тых, хто падпісаў з Прагі ліст самому Гітлеру...”.

Пасля вайны ў 1948 годзе Янка і Ларыса Геніюшы былі незаконна пазбаўлены чэшскага грамадзянства і з Прагі іх вывезлі ў Беларусь. А праз год асуджаны Вярхоўным судом Беларусі на 25 гадоў няволі.

У 1956 годзе Геніюшы былі датэрмінова вызвалены і вярнуліся ў Зэльву, дзе пасяліліся ў хаце бацькоў Янкі па вуліцы Савецкай, 7а. Сам Іван Пятровіч уладкаваўся працаваць доктарам у мясцовай зэльвенскай бальніцы. У іх хаце часта гасцілі Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Данута Бічэль, Юрка Голуб, Алесь Траяноўскі, Мікола Канаш і многія іншыя пісьменнікі і сябры. Па-рознаму яны адносіліся да Івана Пятровіча, які пасля сталінскіх лагераў ненавідзеў камуністаў і савецкую ўладу, а яшчэ мацней любіў Беларусь і ўсё жыццё марыў аб яе незалежнасці ад Расіі. У 1963 годзе сям’ю Геніюшаў у Зэльве наведалі на новым “масквічы” Уладзімір Калеснік, Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч.

Пра сустрэчу ў доме Геніюшаў і асабіста пра Янку Пятровіча Уладзімір Калеснік пакінуў успамін у сваёй кнізе “Усё чалавечае” (Мінск 1993, с. 74-75): “Гэта быў задзірысты інтэлігент, прывыклы да асабістага суверэнітэту пад парасонам чэхаславацкай канстытуцыі, дзе пражыў добрыя два дзесяткі гадоў. Любіў ён дражніцца з субяседнікамі, пазіраючы на іх зверху. Свой арышт пасля вайны і ссылку ў Сібір Іван Пятровіч лічыў гвалтам над асобай, парушэннем грамадзянскіх свабод, а ўласныя палітычныя акцыі, якія і ў Еўропе падлягалі крымінальнай, а не маральнай ацэнцы, таксама называў сваёй асабістаю справай. Ён заяўляў, што Заходняя Беларусь была вызвалена не ў верасні 1939 года, а ў чэрвені 1941-га. Так ён апраўдваў свой удзел у арганізацыі ганебна вядомага звароту беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі да Гітлера, — падзякі за акупацыю Маравіі і Беларусі вермахтам. Не адчуваў Іван Пятровіч і скрухі за тое, што прыехаў у час акупацыі ў Беларусь у афіцэрскім мундзіры вермахта як вайсковы ўрач. Адным словам, мы пераканаліся ў ходзе спрэчак, што наш размоўца прыпісвае сабе тую абсалютную непагрэшнасць, якою касцёл надзяляе папу рымскага ды і то ў моманты, калі той выступае ex katedra, гэта значыць, афіцыйна, урачыста. Іван Пятровіч сам сабе прысвоіў непамыльнасць і на ўсе выпадкі і ва ўсім. Спрачацца з ім было бессэнсоўна, і Брыль першы, а мы за ім, перайшоў да ігнаравання гаспадаровых задзірыстых выпадкаў. Застаўшыся без апанентаў, Іван Пятровіч перайшоў ад палітыкі да паэзіі і выказаў добрую памятлівасць, знаёмства са зборнікамі беларускіх паэтаў, якія купляў ці не ўсе падрад. Ён меў памяць і на імёны, і на хлёсткія словы, на парадоксы, аксюмараны, гіпербалы. Не дзівіўся я пазней, даведаўшыся, што нашпігаванаму палітыкай і лірыкай урачу не ставала часу, а мо нават і ахвоты на медыцыну. Гаворка пра паэзію зняла нашу некантактнасць, да гутаркі падключылася Ларыса Антонаўна, і мы шчыра пагутарылі пра літаратурныя клопаты-спадзяванні. Паэтка аказалася менш ідэалагічна закамплексаванай, чым яе муж...”.

Гэта ўсё ж суб’ектыўная думка Уладзіміра Калесніка пра Янку Геніюша. Ды і не так часта ён з ім сустракаўся, гутарыў, спрачаўся. Больш шчыра пра Янку Геніюша расказаў у пісьме да мяне яго сябра са Жлобіна Мікола Канаш. Спадар Канаш вельмі часта наведваў Геніюшаў у Зэльве. I ўспомніць пра Янку яму было што: “Іван Пятровіч вельмі любіў беларускія кніжкі, сам шмат купляў, а таксама прасіў сяброў з другіх гарадоў. Калі я яшчэ жыў у Комі АССР, пасля лагераў, ён мне ў кніжнай лаўцы ў Зэльве падпісаўся на Беларускую савецкую энцыклапедыю і калі паступалі першыя тамы, дасылаў мне. Ён трымаў заўсёды сабаку, які быў прывязаны на ланцуг і ноччу бегаў ад ганку да хлява па нацягнутым дроце. Вельмі шкадаваў, калі не стала аўчаркі Альмы, якая была першым дэгустатарам цукерак, малочных прадуктаў, якія прыносілі суседзі. Усё гэта і стала прычынай смерці Альмы.

Іван Пятровіч працаваў лекарам у Зэльвенскай раённай паліклініцы, калі вярнуўся з Варкуты ў 1956 годзе. У яго кабінеце вісеў партрэт Францішка Скарыны, таму некаторыя хворыя пыталіся ў яго: “Хто гэта?”. З усімі жыхарамі Зэльвы Янка Геніюш размаўляў толькі па-беларуску. Часам чуў, як хворыя, перш, чым трапіць на прыём да яго, казалі: “3 лекарам гаварэце толькі па-беларуску, бо не дасць асвабаждзення”. Тых, хто казаў яму “здравствуйте”, Янка не чуў, а рабіўся глухім і нічога не казаў. А калі казалі яму “добры дзень”, ён здымаў з галавы капялюш і шчыра вітаўся. Іван Пятровіч быў вопытны доктар-практык. Ён добра разбіраўся ў неўралогіі, сексалогіі, венерычны хваробах, быў нядрэнны хірург і тэрапеўт, ведаў лекавыя травы. Зэльвенцы яго моцна любілі і цанілі...”.

19 лютага 1979 года Янкі Геніюша не стала. Ларыса Геніюш з вялікім болем у сэрцы напісала тады:

Апошні дотык рук на твары чую,

Тваіх знямоглых, цяжка схвараваных,

Апошні раз мой муж мяне цалуе,

З невысказаным да канца каханнем.

Залегла грозна цішыня ў хаце,

Не вымавіць таго, што чуе сэрца.

Хвораму целу з ложка не падняцца,

Няўмольна смерць суровая крадзецца

Як воск ад свечкі, памаленьку тае

Малы агеньчык, ужо амаль не свеціць,

Смерць, быццам злодзей моўчкі падступае,

Што ж, усё яшчэ смяротнае на свеце...

О, колькі раз я на тваіх далонях,

Выплаквала свой горкі боль да рання,

Як затрымаць жыццё тваё мне сёння,

Усё не дасказана яшчэ, не дакахана.

Не адлятай у нязнаную дарогу,

Не пакідай, каб сэрца не балела,

Здаецца мне, што дзён гэтых нямнога,

Пражытых разам мігам праляцела...

Прайшлі гады, а для мяне хвіліны,

Супольных мараў, сноў аб Беларусі,

У нас дзве душы, а шлях наш быў адзіны,

Як цяпер сама я застануся?

Сапраўды, шлях у Янкі Геніюша быў адзін — гэта шлях да Беларусі. Ён кахаў і любіў Беларусь па-свойму шчыра, як любілі яе тысячы ягоных сяброў і равеснікаў. Дарэчы, пра многіх наш зямляк напісаў цікавыя ўспаміны. На жаль, яны раскіданы па прыватных і розных іншых архівах свету.

2003 г.


Загрузка...