Раздзел чатырнаццаты

Нізка нагнуўшы галаву і выпрастаўшы спіну, ён набіраў хуткасць, быццам паволі сталеючы шторм, дабіваючыся максімуму, нязменнага і на схілах, і ў нізінах, і праз лес, і ўздоўж хрыбтоў. Ён ведаў, што ніхто не здолее спаборнічаць з ім адзін на адзін, але яму даводзілася спаборнічаць з тэхнічнай перавагай праследвальнікаў: яны былі больш экіпіраваныя для праследавання, чым ён для ўцёкаў. Перш за ўсё, чацвёра на аднаго, а гэта былі амаль вырашальныя абставіны, калі трэба было прабіваць сцежку. Рою даводзілася, не збаўляючы тэмпу, самому таптаць сабе сцежку, часцей лыжамі. А чацвёра праследвальнікаў маглі рабіць гэта па чарзе, даючы адпачынак тром іншым. Ужо гэтая перавага пазбаўляла Роя надзеі пратрымацца больш за два-тры дні: пасля гэтага, калі не пачне ісці снег, яны дакладна дагоняць яго.

— Ну што ж ты, снег! — сказаў ён, на імгненне падымаючы ў неба натруджаную лямкамі галаву.

Але ў небе не было ні хмурынкі, і Рой уключыў і надвор'е ў пералік сваіх ворагаў, пагарджаючы і ясным небам і застылай марознай бесклапотнасцю.

Рой ні разу не прыпыніўся, не азірнуўся. Ён узяў на ўлік паток свайго часу. Каб не паддацца ні на крок сваім праследвальнікам, яму трэба было выціснуць з кожнай хвіліны ўсю прастору, што ўкладвалася ў яе, кожны крок, цвёрды снег, строга разлічаны ашаламляльны спуск па крутым схіле. Ніхто не дагнаў бы яго адзін, і ён хацеў скарыстаць гэтую адзіную сваю перавагу як адзіны шанц на выратаванне. Да высокага водападзельнага хрыбта паміж возерам Фей і Сярэбранай рэчкай ён яшчэ цешыў сябе спадзяваннем, што абодва патрулі не заўважылі яго слядоў і, магчыма, зусім за ім не гоняцца. Але тыя некалькі хвілін, якія ён прабыў на грэбені, каб аддыхацца і агледзецца, паказалі, што ягоны след выяўлены і пагоня пачалася.

Ён ведаў і яшчэ адну іхнюю перавагу. У іх былі палявыя біноклі, а яму даводзілася напружваць зрок на неадольныя для вока дыстанцыі, і не толькі каб знайсці іх, але і каб яшчэ раз праверыць, ці гоніцца за ім яго прыяцель і непрыяцель-інспектар, ці гэта толькі выпадковае падабенства. І зноў ён не мог вырашыць дакладна, і зноў ішоў наперад, прыгнечаны гэтай нявысветленасцю становішча. Калі сярод іх не было інспектара — гэта была проста адчайная гонка з прадстаўнікамі закону. Але калі гэта быў сапраўдны інспектар з Сент-Элена — тады Рой супернічаў не толькі з законам. Гэта была адкрытая сутычка з адзінай сілай, якая магла адабраць у яго ўсё — не толькі па закону, але і як стаўку дваццацігадовай барацьбы, з якой Рой да гэтага часу выходзіў пераможцам. «Калі гэта скончыцца?» — пытаўся Рой сам у сябе. Ён толькі што пазбавіўся такой жа небяспекі ў заказніку, а зараз аказалася, што ён мусіў весці новую барацьбу ўсё ў той жа вайне. Калі гэта скончыцца? Тады, калі ён вернецца? Калі схаваецца ў сваёй паляўнічай хаціне альбо дома ў Сент-Элене? Ці там усё пачнецца спачатку? Няўжо Эндзі, у рэшце рэшт, пераможа яго? Яго розум працаваў гэтак жа хутка, як і яго кароткія дужыя ногі, якія рабілі адзін цяжкі крок за другім і перасоўваліся наперад, але без нейкай пэўнай канчатковай мэты.

— Дзе ж ты, снег, дзе ты, палярная завіруха? — шаптаў ён.

Але надвор'е было па-ранейшаму яснае, і адвячоркам ён ужо ведаў, што яны ідуць па яго следзе. Але ён быў занадта знясілены, каб хавацца, і лёг у сваім спальніку на першым жа свабодным ад снегу месцы сярод скал. Ён прагна з'еў халоднага гарошку проста з бляшанкі і запіў яго зялёнай гарохавай вадкасцю. Усю правізію ён упакаваў у мех зверху, але частка яе правалілася на дно, і зараз ён паспрабаваў прыкінуць, як доўга хопіць яму ежы.

Пры велізарнай эканоміі — дні на тры, вырашыў ён. Тры дні велізарнай эканоміі, і пастаянны голад.

Яшчэ не світала, а ён ужо быў у дарозе і да поўдня пераправіўся цераз Сярэбраную рэчку. Двойчы ён бачыў за сабой людзей, але яны былі далёка і адставалі ўсё больш. За ноч іхняя перавага знікла, бо з надыходам цемры ім, як і яму, давялося спыніцца. Акрамя таго, яны не маглі ісці нацянькі, бо не ведалі, куды скіруе Рой, а таму не маглі ні разлічыць, ні прадбачыць яго маршрут. Ім проста даводзілася ісці па яго слядах і, магчыма, чакаць самалёта.

Неба магло прынесці Рою і вялікую небяспеку і вялікую палёгку, і ён няспынна сачыў за ім. Па-першае, у прадбачанні самалёта, які мог выявіць яго і адразу загубіць. Па-другое, у спадзяванні на снег, які прыкрыў бы яго сляды і даў бы яму магчымасць звярнуць на поўдзень і дабрацца дадому. Пакуль не пачаўся снегапад, ён не мог паварочваць на поўдзень і тым самым адкрыць ім сваю канчатковую мэту. Яму даводзілася арыентавацца на захад, на захад ад Сярэбранай рэчкі, нават на паўночны захад ад яе; даючы такога кругаля, ён спадзяваўся пераканаць праследвальнікаў, што хоча дабрацца да стаянак лесарубаў, якія былі раскіданы ў раёне лесараспрацовак на паўночным захадзе адсюль, у суседняй акрузе.

Пераправіўшыся цераз Сярэбраную рэчку, ён пакінуў межы заказніка, але гэта не ратавала яго ад небяспекі. Нават болей — гэта стварала дадатковую небяспеку: зараз ён знаходзіўся ў зусім невядомай яму краіне сярод хрыбтоў і гор, нізін і лясных масіваў, дзе ніколі не быў. Трымаць правільны накірунак зараз яму дапамагаў толькі маленькі компас у пятліцы, а арыентавацца — толькі ўласнае адчуванне мясцовасці. Уся надзея была на тое, што калі яны ведалі гэты край і звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, які ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назіранні над няроўнасцю зямной кары. Мімаходзь азіраючыся па баках, ён мог уявіць сабе, якія пад'ёмы і спускі чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схілаў і хрыбтоў і нечаканых глыбокіх нізін, і на гэта накладваўся дзіўны малюнак зямлі пад зямлёй, уяўленне пра дзікую сілу, схаваную пад гэтымі гранітнымі схіламі, пра пакуты і сутаргі, у якіх нараджалася гэтая краіна і якія, наколькі ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца і перарадзіць яе. Дзіўная гэта была часам краіна, снегавы ложак заснулых веліканаў, краіна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступіць супраць яго.

Ён адхіліўся далёка, надта далёка на захад і вырашыў рызыкнуць і папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькі на два дні. Праследвальнікі ўсё адно ведалі, дзе яго шукаць. Гук стрэлу ім не дапаможа і не прыспешыць іх. Рой застрэліў двух зайцаў і курапатку і вечарам, пад прыкрыццём вялікай сасны, распаліў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькі здолеў, а рэшткі схаваў на заўтра. Затым растапіў крыху снегу ў кацялку і заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.

А снегу ўсё не было.

Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго. Ён ведаў, што далей на захад ісці нельга, адтуль яму ўжо не прабіцца да сваёй хаціны, бо праследвальнікі будуць і спераду і ззаду. Ён вышукваў на хрыбце аголеныя схілы, дзе б згубіліся яго сляды, дзе ён мог бы павярнуць на поўдзень; але ветру не было, каб сагнаць снег з хрыбтоў, і сама большае, што ён мог зрабіць, — гэта цягнуць за сабой піхтавую галінку, каб хоць крыху загладзіць сляды.

Ён спрабаваў і іншыя хітрыкі, хоць яны і забіралі ягоны час: напрыклад, ісці ўлукаткі, а затым старанна загладжваць сляды метраў на пяцьдзесят. Ён ахвяраваў на гэтыя хітрыкі каштоўны час, але ў сваім адчайным імкненні адарвацца ад пагоні хапаўся за любыя сродкі.

У тым, якія бескарысныя яго хітрыкі, ён пераканаўся, калі выйшаў на адкрытае месца'і адразу ж пачуў стрэл, а затым убачыў, як куля стукнулася аб скалу крыху ніжэй за яго. Ён бачыў і чалавека, які зрабіў гэты папераджальны стрэл. Гэта быў той мажны: сам інспектар альбо яго двайнік, чалавек, якога Рой баяўся зараз больш за ўсё іншае.

— Ну дзе ж снег?! — крычаў Рой у неба.

Неба было шэрае, але марознае, і ўвесь дзень мароз мацнеў. Рой адчуваў гэта таму, што быў змучаны і пастаянны пот ахалоджваў яго цела, замарожваючы бялізну. Толькі ў час руху ён развіваў у целе дастаткова цяпла, але як толькі спыняўся, яго трэсла, ён губляў апошнія сілы, і, відаць, набліжаўся час, калі праследвальнікі яго дагоняць.

Яго ахапіла вострае пачуццё нянавісці да марозу і да акаляючай цішыні, і да глыбокага снегу, які хапаў яго за ногі і аддаваў ворагу. Ён ненавідзеў кожны пад'ём, які патрабаваў дадатковых высілкаў, і кожны лес, які загароджваў яму адносна лёгкі шлях па раўніне. Ён усё часцей думаў, ці не кінуць яму ўсю здабытую пушніну, ці не аблегчыць свой груз. Але тое, што прымушала яго рухацца наперад, пакідала гэты груз на спіне. У гэтай пушніне было апраўданне ўсяго, і кінуць хоць частку яе менавіта зараз — азначала занадта шмат у чым прызнацца хоць бы самому сабе. Розум падказваў яму схаваць пушніну, а затым вярнуцца па яе летам. Але што б ні казаў яму розум, ён ведаў, што калі пакіне тут пушніну, ён ніколі па яе не вернецца, што ён страціць адзін са стымулаў уцякаць. Пушніна ў мяху за спіной была не проста грашамі — гэта была напружанасць усіх сіл і перамога над кпінамі прыроды, якая была супраць яго і абыякавай рукой прытрымлівала снег і дапамагала яго ворагам. Ён ненавідзеў неба, скалы, дрэвы, азёры, аленяў, якія кожны дзень перабягалі яму дарогу, дзікабраза пад дрэвам, скунса на ягонай сцежцы, лісу і яе сляды на снезе, рысь, ваўка і рыжую вавёрку. Уся краіна стала яго ворагам, і ў смяротнай стомленасці ён гатовы быў ненавідзець яе да самага свайго канца.

А пасля ён ледзь не заплакаў ад роспачы, калі пачуў і ўбачыў блакітны гідраплан. Гідраплан не быў падобны на малінаўку, як самалёт Ласона, не, гата была цяжкая качка з непрыемным рыкаючым гукам, магутная машына, якая то апускалася зусім нізка, то ўзлятала ўгару, вышукваючы яго, таму ён імкнуўся ісці толькі праз лес, з марным спадзяваннем схавацца, марным таму, што для арыентацыі яму ўсё роўна даводзілася выбірацца на адкрытую мясцовасць. Яна лёгка знаходзіла яго і са свістам кружылася над ім, але ўжо вечарэла, і Рой зноў хаваўся ў лесе і надоўга адрываўся, а ёй даводзілася адлятаць на начлег яшчэ да наступлення цемры, і Рой выйграў яшчэ адзін дзень для перамогі альбо паражэння.

— Ну вось, нарэшце і адолеў мяне прыяцель-інспектар! — сумна ўсміхнуўся Рой.

Ён пасмяяўся з прыяцеля-інспектара і зрабіў тое, на што інспектар ніколі не пайшоў бы. Калі сцямнела, Рой прадоўжыў свой шлях. Гэта была рызыка, на якую не пайшоў бы ніводзін лесавік. Ісці па такой мясцовасці ў цемры было небяспечна не толькі само па сабе (калі спатыкнешся, можна адразу сарвацца і зламаць сабе шыю), было небяспечна і тым, што міжволі беручы ўлева, можна лёгка прыйсці менавіта туды, дзе найбольшая пагроза. Гэта быў сляпы шлях без усялякіх арыенціраў, напралом, праз усе хрыбты і нізіны. Гэта быў шлях навобмацак, калі давяраеш толькі інстынкту і компасу — гэтаму безнадзейнаму спалучэнню супярэчлівых імпульсаў. Рой так стаміўся за гэты начны пераход, што сон здаўся адзіным, чаго мог хацець чалавек. Ногі яго падкошваліся, і ён дарагой цаной плаціў за сумніўную перавагу адарвацца ад пагоні максімум на пяць-шэсць міль. Але зараз для яго гэта быў адзіны шанц, і ён ішоў і падаў у цемры, настойліва ішоў на захад, усё яшчэ не асмельваючыся павярнуць на поўдзень, усё яшчэ чакаў снегу, які павінен жа быў калі-небудзь пайсці.

Чатыры мілі ён не змог адолець і, не прайшоўшы і трох, скінуў сваю ношу на снег, выцягнуў з яе спальнік і вырашыў, што раніцай не ступіць і кроку. Хай прыходзіць інспектар. Хай будзе што будзе. Памітусіўся, і хопіць. Лёгка хацець прыстанішча ў Сент-Элене, калі яно магчыма, але зараз гэта недасягальная мара. Занадта высокая цана за ганьбу, якая яго чакае. Не, хопіць! І ён дазволіў сабе вялікую раскошу: больш не трэба будзе думаць пра Сент-Элен, сустракацца з Эндзі, не давядзецца пераносіць усё тое горкае і пакутлівае, што падрыхтавана яму ў канцы гэтага шляху. Заўтра інспектар можа з'явіцца і забраць яго; заўтра ён гатовы прыняць усё: цяжар жыцця, паражэнне, якое яго аблегчыць, і яго канец.

Апошнім намаганнем ён расклаў спальнік і, як толькі залез у яго, заснуў, неверагодна стомлены.

Загрузка...