Раздзел васемнаццаты

Падмытыя платы са снегу паваліліся, вераб'і адчайна мітусіліся ў гразі сярод скал і ў раскіслым тарфяніку. У лесе было шмат сініх соек, а ў кустах скакалі сініцы. На поле выйшлі людзі з канавакапальнікамі і плугамі, і ўжо блізка ад старой хаты Мак-Нэйраў Рой спыніўся, каб паназіраць за адным з работнікаў. Гэта быў Білі Эдвардс, ён кіраваў сваім канём. Рой здагадаўся, што ён трымае курс на далёкае поле, ці то ачышчаць, ці то прайсці карчавальнікам, ці то вывезці карчы. У яго не было нядобрых адносін да Білі Эдвардса, ён не мог дрэнна адносіцца ні да кога, хто ўзяўся б адрадзіць гэтую ферму, але ў ім расла сляпая незадаволенасць адзіным цагляным будынкам у Сент-Элене, які зараз валодаў ёй. Што патрэбна банку ад фермы? Што наогул хоча банк ад чалавека?

Усё больш заводзячы сябе, ён ішоў па раллі, каб было бачна, што яму напляваць на банк; выклік быў і ў тым, як шумна пачысціў ён ногі аб жалязяку і рэзка штурхануў нагой дзверы ў кухню. Пасля гэта з яго зляцела, і ён увайшоў у хату вельмі асцярожна.

Ён спадзяваўся ўбачыць Джыні на кухні. Але яе не было там.

— Місіс Эндрус! — сказаў Рой, каб заявіць аб сваёй прысутнасці.

Адказу не было. Рой агледзеўся. На кухні быў беспарадак, які з'яўляецца адзнакай жанчын, не прывыклых прыбіраць пасля сябе. На стале стаяла вядзерца з попелам, відаць, каб пасыпаць сцежку. Рой зняў яго, пасля склаў параскіданыя дровы ля печы. Затым сеў на куфар ля акна і пачаў чакаць. Спачатку ён падумаў, што трэба, відаць, пайсці, але занадта шмат намаганняў запатрабавала дарога сюды, і ён сцішыўся, залезшы з нагамі на куфар.

Усёй істотай Рой адчуваў, што сапраўды паляўнічы вярнуўся дамоў, і гэта пацягнула яго на сон, такі патрэбны яму зараз. Ужо цямнела, а ён усё спаў. Яго разбудзіў гучны крык.

— Рой! — пачуў ён. — Рой! — гэта было падобна на рыканне.

Упершыню за ўсё жыццё ў Роя пахаладзела ўсё нутро ад непераадоленага страху; Рой адчуў яго жалезны поціск: у роце з'явіўся непрыемны смак, губы высахлі і галаву нібыта сціснулі абцугамі. На імгненне ён увесь зледзянеў, але адразу ж усхапіўся і выпрастаўся, гатовы атрасці сонны кашмар.

— Рой!

Ля дзвярэй Эндрус — не чалавек, а гара.

— Рой!

Разгледзець адзін аднаго ў змроку яны не маглі.

Рой усё яшчэ не ўсведамляў, што адбываецца.

— Так! — холадна адказаў ён. — Гэта я.

— Ну, вядома ж, ты! — закрычаў Эндзі і кінуўся да стала, але адразу ж застыў, як па сігнале. Нават слабое, рэшткавае святло з акна перашкаджала яму, і ён пачакальна ўзіраўся з цемры.

Даволі доўга яны маўчалі і не рухаліся. Рой ліхаманкава думаў, як яму хутчэй абяззброіць Эндруса, але міжволі апынуўся ў абароне, вырашыў не лезці першым, менш гаварыць і проста чакаць.

Затым пакой зноў напоўніўся зычным голасам Эндруса:

— Мне сказалі ў бары, што ты вярнуўся. Я даўно хацеў убачыць цябе…

— Я ведаю, — сказаў Рой і адчуў на сваіх ляжках сутаргавую хватку ўласных пальцаў. Зараз ён быў гатовы на ўсё, так, ён вінаваты, так, яму страшна, але перш за ўсё ён напагатове. Даўшы ініцыятыву Эндрусу, ён чакаў, як вызначыцца ступень іх варожасці, але цікаўнасць перамагла, і ён зірнуў на Эндзі. Ён не мог бачыць яго выразна, але тое, што ён бачыў, выклікала ў яго дзіўнае і непатрэбнае тут пачуццё сімпатыі да гэтага магутнага цела, яго росту і аб'ёму, яго шумнага дыхання. Рой зноў адчуў усю нястрымнасць Эндруса. Той зараз быў гатовы на ўсё.

— Я хадзіў у лес… — пачаў Эндзі.

— І гэта ведаю, — адрэзаў Рой.

Прыхаваная варожасць у голасе Роя, здавалася, збіла Эндруса і крыху насцярожыла яго даверлівую бяспечнасць. Ён увесь аж затрымцеў ад крыўды.

— Ах, д'ябал! — сказаў ён і цяжка ўздыхнуў. — Трэба запаліць святло. — Ён пстрыкнуў запалкай і пайшоў проста да капцілкі, якую Джыні трымала на каміннай дошцы на той выпадак, калі сапсуецца газавая лямпа. Ён прынёс капцілку на стол, запаліў яе, сеў насупраць Роя і холадна спытаў:

— Як жывеш, Рой?

Толькі зараз Рой добра бачыў Эндруса і зразумеў, што воблік, які ён захоўваў у памяці, быў Эндзі іхняга юнацтва: бесклапотны малады бамбіза, шалёны сілач, захоплены гарлапан, нястомны анархіст. Да таго часу, калі Эндзі пакінуў Сент-Элен, ён стаў тоўстым і грубым, але Рой неяк забыўся пра гэта, і зараз выгляд гэтага мясніка з мясістым тварам і халоднымі вачыма ашаламіў яго. Ён усё ж спадзяваўся ўбачыць ранейшы воблік сябра.

— Ты, відаць, не чакаў, што я вярнуся, — абыякава заявіў Эндрус. Гэта гучала пагрозліва.

— Магчыма, — сказаў Рой і ўвесь напружыўся, бо адчуваў на сабе пільны позірк Эндзі, які ацэньваў яго.

— Здаецца, ты зусім не хочаш бачыць мяне, — закрычаў Эндзі.

— Не. — Рой усё яшчэ чакаў, адчужана і абыякава, ён не хацеў даходзіць да галоўнага. — Калі-небудзь ты ж павінен быў вярнуцца.

— Праўда, Рой.

Эндрус хацеў яшчэ нешта дадаць, але тут яны разам пачулі, як Джыні Эндрус за дзвярыма нешта гаворыць да сабакі, і абодва сядзелі моўчкі, пакуль яна не ўвайшла ў хату. Яна зірнула спачатку на Эндзі, затым на Роя. Пасля прычыніла дзверы, нібыта прымала выклік.

— Гэта з вамі прыйшла гэтая лайка? — спытала яна ў Роя.

— Са мною, — вінавата адказаў ён.

— Яна ўжо даўно швэндаецца па горадзе, — сказала місіс Эндрус. — Відаць, адбілася ад некага з індзейцаў.

Яна ні слова не прамовіла да Эндруса: нібы не заўважала яго, але, і не заўважаючы, прымала яго прысутнасць як непазбежнасць, і міжвольны позірк Эндзі даказаў гэта. Тым самым Рой быў нібыта адхілены, і ён з адчаем зірнуў на Джыні, каб пераканацца ў гэтым. Ён не рашыўся зірнуць ёй у твар, але назіраў за кожным рухам місіс Эндрус, за тым, як яна скідала чаравікі і здымала кароткую шэрую армейскую куртку. Калі скінула гэтую няўклюдную абалонку, яна стала той статнай і мілай жанчынай, якой ён прывык яе сабе ўяўляць, і тады ён зніякавела зірнуў ёй у твар. Кароткія кучаравыя валасы былі надта кароткія, твар пахудзеў: толькі гэта ён і заўважыў на яе тонкім твары, які заўсёды быў вуглаватым і вострым, і зараз нічога іншага ён на яе твары не прачытаў.

— Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнінай? — пачуў ён голас Эндзі.

— Так, — цвёрда сказаў Рой. — А Джыні прадае тое, што я злаўлю. — Яму трэба было хоць нейкім чынам уключыць у размову Джыні.

— Яна мне расказвала. — Эндрус пазіраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.

— Чаго ты вярнуўся, Эндзі? — незадаволена спытаў Рой.

— Не ведаю, Рой. Трэба ж было некалі вяртацца, вось і вярнуўся.

— Табе не трэба было вяртацца! Эндрус паціснуў плячыма:

— Магчыма. — Ён пачынаў злавацца.

Рою хацелася, каб Джыні падтрымала яго, але яна занялася вячэрай. Яна знарок выключыла сябе з гаворкі. Рой застаўся адзін.

— Ты хочаш застацца ў Сент-Элене? — спытаў ён у Эндзі з жаданнем як мага хутчэй усё высветліць і скончыць, злуючыся на Джыні і ідучы напралом.

Гэта для Эндзі было ўжо занадта.

— Ну і Рой, — закрычаў ён. — Што з табой сёння? Што з табой? — бушаваў ён. — Не, вы толькі падумайце! Я вось ужо колькі гадоў, як сышоў з горада, мог сто разоў памерці. Так, так! Джыні кажа, што ты і лічыў мяне мёртвым. І вось я вяртаюся. Вось я, тут. Прыходжу, каб пабачыць цябе. А ты сядзіш, як сыч, над вожыкам. Што з табой, Рой? Чаго ты злуешся? Ты не хацеў мяне бачыць?

Рой ледзь дыхаў.

— Што са мной? — недарэчна паўтарыў ён.

— Ага, што з табой?

У гэтым сярдзітым воклічы перад Роем уваскрос яго ранейшы сябар. Цяжар гадоў быў скінуты, узрост забыты, тлусты твар быў афарбаваны згадкамі; і Рой убачыў, што гэта ўсё ж Эндзі, Эндзі з халодным пустым позіркам, але недзе ўнутры — усё той жа няўрымслівы і непаседлівы Эндзі.

— Ты проста застаў мяне знянацку, — сказаў Рой, і губы яго скрывіліся ад усмешкі.

— Так, знянацку, але ж я думаў, што ты кінешся да мяне на шыю. Сябар Рой! Адзіны чалавек, які павінен узрадавацца мне. Ты горш за Джыні.

— А Джыні табе ўзрадавалася? — забыўшыся пра стрыманасць, спытаў Рой.

Круглыя вочы Эндруса абмацалі ўсяго Роя.

— Дык вось што цябе турбуе? — Эндзі адкінуў галаву і рассмяяўся так, што ажно закалаціўся стол, бразнуў рондаль на паліцы, заміргала лямпа. — Ну і дурань жа я! Як гэта я не здагадаўся! Джыні? — Эндрус павярнуўся, каб убачыць жонку, быццам ён толькі зараз успомніў пра яе, і пакруціў галавой. — Ах, Джыні! — сказаў ён. — Дык у чым справа? Хіба Рой не клапоціцца пра цябе? Хіба вы не валодаеце разам знакамітай пушной фірмай: Рой і кампанія? — Ён задаволена стукнуў цяжкай далонню па стале. Рой не верыў вушам. Вось яна, хвіліна, якой ён баяўся цэлыя дзесяць гадоў! Дык вось яна крыўда, дакор, абвінавачанне: некалькі з'едлівых слоў, паблажлівая ўсмешка.

— Аблапошылі Роя, — сказаў Эндзі, і ягоны смех сведчыў, што чакаць можна ўсяго.

— Перастань смяяцца, — сказала яму Джын Эндрус.

— Ведаеш, Рой, — сказаў Эндзі, зноў звяртаючыся да сябра. — Калі б у яе была сіла, яна схапіла б мяне за каршэнь і выпхнула за дзверы адразу ж, як я сюды заявіўся месяц таму. Тады яна зусім звар'яцела.

— Ты не маеш права асуджаць яе, — сказаў Рой, усё яшчэ не верачы сабе і не верачы ні ў што.

— А я яе не асуджаю, — сказаў Эндзі і пацягнуўся, выпрастаўшы свае ручышчы і расправіўшы грудзі, як мяхі. — Але чаго ёй вар'яцець? Павінна радавацца, што я ад яе своечасова сышоў. Праўда, Джыні?

— Не махай рукамі, — сказала яму Джыні, — а то высыплеш на сябе муку, і спыні гэтыя размовы.

— А ты ўсё яшчэ крыўдуеш на мяне, Рой, — спытаў Эндзі, тупаючы ля пліты.

Рой не крыўдаваў, ён, нарэшце, зразумеў і ўспрыняў як належнае, што Эндзі ніяк не хвалюе такое становішча. Ну ні кропелькі! Эндзі, несумненна, усё ведаў, але яго гэта быццам не датычыла. Яго міжвольны жарт быў выкліканы тым, што іхнія адносіны яго пацешылі, але за гэтым не было ні адабрэння, ні асуджэння, а тым больш выраку. Эндзі глядзеў на гэта дакладна так, як Рой на натуральны працэс ляснога жыцця. Гэта здзівіла Роя, — спачатку з'явілася адчуванне палёгкі, а затым і трывогі. Ён разумеў амаральнасць у прыродзе, але ў адносінах да самога сябе яна была непрыемная яму. Тут было нешта абыякавае, і, гледзячы на выцвілыя вочы сябра, ён бачыў у іх нешта халоднае і нечалавечае. І праўда: «Гэты хлопец — прыродны валацуга!» Нядзіўна, што ёні не гневаецца, і не асуджае. Эндзі Эндрусу рашуча на ўсё напляваць.

— Не, я на цябе не крыўдую, — сказаў Рой збянтэжана, але крыху супакоена. — А што ты рабіў усе гэтыя гады?

— З адной заварухі ў другую, — сказаў Эндзі, — усё больш у арміі.

— Не разумею, навошта табе армія? — сказаў Рой.

— Спачатку цяжка было, гэта праўда, але пасля пачалася вайна. Вось гэта была вайна, Рой! — Відаць, нават згадка пра гэта была для яго прыемнай, нават вочы на імгненне заззялі, і яго захапілі ўспаміны.

— Ты ўсё яшчэ ў арміі?

— Не. Некалькі месяцаў, як пакінуў.

— Зусім? — Рою хацелася скончыць хутчэй.

— Нібыта так, калі толькі зноў не прагаладаюся, — Эндзі меў на ўвазе сваю паўнату, ён паляпаў сябе па жываце і засмяяўся. — Я чуў, што ты быў у заказніку з Сахатым? — сказаў ён.

Джыні зірнула на яго.

— Цішэй, — сказала яна, — могуць пачуць.

— А як маюцца гэтыя валацугі, Сахаты і Зел? — спытаў Эндзі, які прапусціў міма папярэджанне Джыні, ён пазіраў на яе, як яна падышла да пліты і паставіла на агонь каву.

Рой таксама назіраў за Джыні. Яму хацелася ўстаць і самому зварыць каву, але ён прымусіў сябе сядзець на месцы.

— Нічога, жывуць. Яны пайшлі на поўнач, ратаваліся ад патрулёў.

— А чаму вярнуўся ты? — спытаў Эндзі.

Рой паціснуў плячыма.

— Ды вось рызыкнуў, — сказаў ён няпэўна.

— Тут цябе нічога не трымае, Рой? — загрымеў Эндзі.

Рой не адказаў.

— Ты ўпэўнены, што цябе тут нічога не ўтрымлівае?

— А што мяне можа трымаць? — нецярпліва агрызнуўся Рой.

Эндзі быў у захапленні.

— Не ведаю, Рой. Толькі ў цябе выгляд сямейнага чалавека, увесь заклапочаны, згорблены, зусім як Зел. Гэта нядобра…

Рою гэта не падабалася, і ён усё менш ахвотна адказваў на пытанні і на грубаватыя жарты. Эндзі быў ранейшы, але Рой ведаў, што сам ён ужо не ранейшы Рой; і гэта яшчэ больш бянтэжыла яго. Ён ужо страціў першапачатковы план і мэту гэтай сустрэчы — стыхійны напор гіганта Эндзі зваліў усё ў адну неверагодную кучу. Мо таму Джыні і вырашыла не ўмешвацца. А ў Эндзі проста не было за што зачапіцца, Рой не ведаў, як да яго падступіцца.

— Рой, — працягваў між тым Эндзі, — табе трэба было б нешта зрабіць, напрыклад, падацца ў Штаты. Тут ты зусім зарос мохам. Сядзіш так, нібыта і не збіраешся ўставаць з месца. Хопіць, Рой, пайшлі і атрасем пыл гэтай мясціны з нашых ног. Давай, Рой!

Пачуўшы гэты гарачы заклік, Джыні перастала збіраць вячэру і зірнула на мужчын; але ў гэты момант яны не помнілі пра Джыні. У гэтых словах захавалася былое захапленне, аднак Рой не зусім разумеў намер Эндзі.

— Не сядзі ля дамашняй печы, Рой, апячэшся, — настойваў Эндзі.

Толькі зараз Рой зразумеў: Эндзі спрабуе ўратаваць яго, уратаваць яго ад Джыні. Сямейнае жыццё, хата, клопаты, словам, усё тое, што было ўвасоблена ў Джыні, ад усяго гэтага Эндзі паказваў Рою шлях выратавання. Гэта была праява такога сяброўства Эндзі ў адносінах да Роя і такой абыякавасці ў адносінах да Джыні, што Рой засмяяўся, гледзячы на Эндзі, як ён смяяўся б, калі б слухаў лухту прыдуркаватага Джэкі Прата.

— Ты і на самай справе валацуга! — не вытрымаў Рой. — Табе толькі і бадзяцца па свеце, толькі і лезці на ражон.

— Ну і што? Гэта праўда, Рой! Пойдзем?

Рой пакруціў галавой і зноў засмяяўся.

— Не, дзякую!

— Ды ну цябе, Рой. Прысохнуць твае штаны да гэтага крэсла. Пайшлі адсюль. Пайшлі ў бар і вып'ем. — Эндзі ўжо стаяў у дзвярах. Рой устаў. Джыні паставіла капцілку на камін і, не апускаючы рукі, глядзела: не на Эндзі, на Роя. — Пайшлі, Рой! — клікаў Эндзі.

Рой хістаўся і вагаўся.

— Не, я застануся, — сказаў ён.

— Перастань. Пайшлі! Я тут не буду доўга. Пайшлі, Рой. Хоць раз нап'ёмся як след!

— У мяне і так ажно трашчыць галава, — сказаў Рой. — Мо заўтра.

— Заўтра мяне тут ужо мо не будзе.

— Дык ты сапраўды ў Штаты?

— Так, і зараз ужо назусім. Чаго мне вяртацца ў гэтыя правінцыяльныя гарадкі, тут мне няма месца, Рой!

Ён выразна адчуваў асалоду ўцёкаў і не пакідаў пасля сябе зусім нічога. Эндзі нічога не даваў, нічога і не патрабаваў. Ён проста сыходзіў — і сыходзіў так, нібыта і не вяртаўся, нібыта і раней ніколі не сыходзіў і ніколі тут не жыў. Ён яшчэ раз спытаўся ў Роя:

— Дык ідзём?

— Зараз не, — адказаў Рой.

Усё было зразумела, і Эндрус сказаў:

— Твая справа, Рой. Ты скончаны чалавек! — Ён памаўчаў, а затым засмяяўся сваім абыякавым смехам. І вось ужо ён пайшоў прэч, кінуўшы на развітанне: — Ну што ж! Значыцца, я спазніўся. Бывай, сябар. Бывай, Рой! — і не азіраючыся, не падумаўшы і хвіліну пра жыцці, якія пакідаў за сваімі плячыма, як тур, кінуўся проста праз гразь і ў тое ж імгненне знік у змроку. Рой паслухаў яго цяжкія крокі, але і гук іх растаў гэтак жа, як растаў у цемры Эндзі. Ён пайшоў — і ўсё было скончана.

А Рой усё яшчэ ў задуменні доўга стаяў ля вушака.

— Ідзіце, Рой, — паклікала яго Джыні. — Вячэра на стале.

Калі Рой увайшоў на кухню, уся няёмкасць яго з'яўлення тут зноў ахапіла яго. Ён сеў за стол, але ўспомніў, які ён брудны і растрапаны. Ён памыўся над ракавінай, выцер твар кухонным ручніком і хутчэй зноў сеў за стол, дзе чакала яго Джыні. Толькі зараз Рой заўважыў адсутнасць яе сына.

— А дзе Джок? — спытаў ён.

— Я адаслала яго ў Таронта да свайго бацькі, — сказала Джыні. — Я не хацела трымаць тут яго пры Эндзі.

— А ён бачыўся з Эндзі?

Яна адмоўна пакруціла галавой. Ей, здавалася, было нават непрыемна гаварыць пра Эндзі, але яна ўселася ў крэсла, паклала локці на стол і стала пільна пазіраць на Роя, прымушаючы яго зразумець, што зараз яны адны.

Пра вячэру забыліся.

— У Эндзі тут няма ніякага інтарэсу, Рой, — сказала яна. — Я яму спачатку спрабавала растлумачыць, але ён не слухае. Я і перастала.

Рой кіўнуў. Ён, зрэшты, зразумеў Джыні, яшчэ калі Эндзі быў тут. Яе прымушала маўчаць не тое, што яна прымала Эндзі, а тое, што ён для яе быў пустым месцам.

— Эндзі ўвесь час прыходзіў сюды? — спытаў ён, каб назаўсёды скончыць з гэтым.

— Я бачыла яго толькі два-тры разы, і ён прыходзіў сюды толькі пытацца пра цябе. Першы раз я спрабавала растлумачыць яму, але ён не слухаў. Тады я сказала яму, што не хачу яго больш бачыць. Я прагнала яго. Я ведала, што ён яшчэ ў горадзе, але не бачыла яго да мінулага тыдня. — Ён адчуваў злосць у яе голасе, і гэта надавала яму сілы.

— Пра што ён гаварыў? — спытаў Рой.

— Ні пра што. Зусім ні пра што, — сказала яна. Зараз яна была спакойная, клапатлівая, засцерагала Роя ад пакут сумлення, бо зараз у іх пачыналася барацьба з сабой. — Я сказала яму, што не хачу бачыць яго. Вось і ўсё. Вось і ўсё, што было, Рой, але яму было ўсё адно. Яго нічога не цікавіла, ён нават не слухаў мяне.

Рой усё яшчэ не верыў. Ён не рашаўся радавацца таму, што Джын Эндрус аб'явіла яму свой выбар. Яна дастаткова выразна сказала яму, што абараняла інтарэсы абодвух і сцвярджала іх права жыць так, як яны жылі, але ва ўсім гэтым было іншае.

— Не думаю, каб ён вярнуўся яшчэ раз, — сказала яна.

Тут Рой зразумеў, што становішча ў іх горшае, чым было раней.

Пакуль яны лічылі, што Эндзі прапаў і, магчыма, ніколі не вернецца, у іхніх адносінах была пэўнасць і яснасць. Зараз, калі ён усё ж вярнуўся і зноў пойдзе, становішча станавілася больш заблытанае, чым раней. Яны заўсёды будуць ведаць, што Эндзі ёсць, усё адно — далёка ці блізка. Зараз ён быў рэальнасцю, а не воблікам мінулага. Абыякавы разрыў Эндзі з гэтым мінулым зусім нічога для іх не мяняў; Эндзі нібыта злавіў іх у пастку, і Рой не бачыў ніякага выйсця, асабліва зараз, калі ў яго не было ўчастка. Сэм пайшоў, і ісці на поўнач не было сэнсу: нічога надзейнага не заставалася для яго ў Сент-Элене. Нават Джыні.

— Вячэра стыне, — сказала яна, здагадваючыся, пра што ён думае, і імкнучыся ўнушыць яму цярпенне. Няхай пазней сам ва ўсім разбіраецца.

— А дзе пушніна? — спытала яна.

— Я пакінуў яе ў Джэка.

Рой паспрабаваў есці, але кавалак станавіўся ў яго папярок горла, і ён пачаў прыглядвацца да Джыні так, як ніколі не глядзеў на яе раней. Ён глядзеў без звыклай ніякаватасці, нібыта меў нарэшце на гэта права.

— А ўсё-такі няхай бы ён лепш не вяртаўся, — сказаў Рой.

Гэта было сама большае, што ён мог сказаць, чым мог вымераць іхнюю бяду.

— Я ведаю, — сказала яна. — Але на гэты раз ён не вернецца.

Ён ведаў, што яна прапануе яму надзейнае сяброўства, абароненае ад любых чужых памкненняў. Гэта ён атрымаў, і ён ведаў гэта лепш, чым калі-небудзь. І ўсё адно гэта нічога не вырашала. Сапраўды скарб, схаваны ў тым, што яму прапаноўвалася, выслізгваў з ягоных рук. Затым зноў з'явілася злосць на Сэма, зноў успыхнуў ягоны бунт супраць лёсу; страта Сент-Элена і лесу ўвасобіліся ў адной гэтай жанчыне, у адной гэтай хаце, якая зараз належала банку.

— Як гэта яны вас тут пакінулі? — спытаў ён.

Джыні нібыта здзівілася пытанню, але пасля павольная ўсмешка паказала, што яна зразумела. Яна ўстала, абышла вакол стала і села каля Роя з падкрэсленай рашучасцю. Затым паглядзела на яго быццам з неразуменнем.

— Я думала, што Джэк расказаў…

— Што расказаў?

Яна зноў памаўчала.

— Спадзяюся, гэтым разам было добрае паляванне?

Рой ведаў цану гэтым яе спакойным словам: ён бачыў горад Таронта, чуў званок трамвайнага вагона, які вадзіў яе бацька, бачыў усіх гэтых гарадскіх жанчын, якія спяшаліся да сваіх пішучых машынак ці да прылаўкаў, каб абслугоўваць народ.

— А што? Чаму гэта так важна?

— Вось чаму. Я патраціла тыя шэсцьсот даляраў. Я купіла гэтую хату і ўчастак на чатыры акры. На аўкцыёне. Ён ішоў асобна, вось я і купіла яго, Рой.

Рой ляпнуў сябе па тоўстых каленях.

— Вы купілі старую хату?! — сказаў ён.

— Купіла.

Ён гатовы быў кпіць над лёсам, смяяцца. Раптам ён усё зразумеў. Яму вярталі ўсё яго жыццё, а Эндзі нібыта і не было. Вось яна, пэўнасць, якую ўвесь час у яго адбіралі. Джын уцягнула яго назад у жыццё, яна дала яму адзіна магчымы адказ — і менавіта тут, у Сент-Элене. Але свет зноў пагрозліва насоўваўся на яго.

— Чатыры акры гразі! — сказаў ён. — Вы хочаце зрабіць з мяне фермера? — Ён быў гатовы зноў растаптаць усё гэта.

— Не, Рой, не, — сказала яна. — Не кажыце, што я хачу зрабіць з вас фермера. Проста я купіла хату, вось і ўсё.

— Правільна, Джыні, — хуценька адказаў ён.

— Я зусім не хачу зрабіць з вас фермера, — паўтарыла яна.

— А ці ведаеце вы, што я не маю больш паляўнічага ўчастка, — сказаў ён.

— Я ведаю. Я бачыла ў горадзе Скоці і іншых.

— А мо і мне варта стаць фермерам, — бесклапотна прамовіў ён.

— Вы скончылі б, як і ваш брат Сэм.

Зараз ён цудоўна ведаў усё, усё, што паслалі яму багі, але яму хацелася падражніць яе.

— А што, калі я пайду на поўнач? — сказаў ён. — Тады вы, вядомая рэч, выправіцеся ў свой Таронта?

— Вы можаце ісці куды хочаце, — спакойна адказала яна. — Я выкупіла гэтую ферму. Я і буду ўтрымліваць яе. А вы ідзіце куды хочаце!

— І вы думаеце справіцца з фермай? — ён стараўся запалохаць яе. — Вы думаеце, што адна справіцеся з чатырма акрамі?

— І з гэтым спраўлюся, — сказала яна.

— Праўда, — сказаў ён супакоена. — Бадай што справіцеся!

— А як вы? — спытала яна са сваім гарадскім лаканізмам.

— Што я… — пачаў ён.

Яна чакала.

Затым ён раптоўна пайшоў да дзвярэй.

— Я хутка вярнуся, Джыні, — сказаў ён.

— Куды ты? — гукнула яна наўздагон.

— Пайду паталкую з інспектарам, — азваўся ён і ў тое ж імгненне знік за дзвярыма.

Яна назірала, як ён спускаўся з ганка, а індзейскі сабака — за ім. Яна чула, як ён клікаў сабаку, бачыла, як ён, высока ўздымаючы кароткія ногі, з плюханнем ішоў па гразі, нібыта гэта была паляўнічая сцежка, і чула, як ён смяяўся сваім ранейшым смехам.

Загрузка...