Раздзел адзінаццаты

Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца і задаволіў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнічаць на возеры Фей так, нібыта збіраўся раскінуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальніка і ніколі не браў з бабровай супольнасці больш за тое, што маглі аднавіць ацалелыя сем'і. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзічыны на сваіх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў іншых звераловаў, якія выбіралі свае бабровыя хаткі падчыстую. Зараз гэта ўжо быў інстынкт, і гэтак жа інстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставіў пастак там, дзе, ведаў, былі малыя альбо цяжарныя самкі. Затое ён актыўна лавіў там, дзе было верагодна злавіць найбольш сама старых і буйных самцоў.

Пасля першай жа разведкі вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купін, вакол рэдкіх зараснікаў елкі і на тысячы створаных бабрамі астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалі ў яго апошнія дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гі. Гадамі прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзічыны, і ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным і падманутым. А тут ён, нарэшце, кінуў выклік прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закіпела кроў — стукнула ў ногі, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяці квадратных мілях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калі-небудзь даводзілася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавіць сваімі дваццацю пасткамі за шэсць гадзін кароткага зімовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павінны быць шмат і іншых звяроў, якія палююць на бабра: ліса, рысь, норка. І хутка Рой пачаў ставіць пасткі на драпежнікаў вакол усяго балота, імкнучыся стварыць адзіную сістэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямі міляў і шырынёй на паўмілі; напачатку гэта яму ўдалося зрабіць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць і зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.

Кожны вечар усе яны вярталіся ў хаціну на строме, і па меры таго як накаплівалася пушніна, удача станавілася ўсё больш відавочнай. Каб справіцца са сваім уловам, ім даводзілася займацца скурамі вельмі позна. Як і Рой, Зел аб'явіў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавіць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавіў сваімі пасткамі баброў і ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела і Роя быў такім жа разнастайным, як і здабыча Мэрэя на яго паляўнічых сцежках. Мэрэй прыносіў менш пушніны, што было натуральна, бо пасткі і сіло на паляўнічых сцежках не маглі, вядома, даць столькі, колькі сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.

— Гэта не тое, — уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. — Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калі б хапала пастак. Калі б узяцца як след, мы праз два тыдні маглі б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш і не панесці. Эх, мала ў нас пастак!

— Ты заўсёды спяшаешся, — сказаў Мэрэй. — Твая пушніна нікуды ад цябе не ўцячэ.

— Яно то так, — пярэчыў Зел, — але хутка скончыцца масла і сала. — Зел быў галоўным кухарам: ён рабіў гэта лепш за ўсіх. — Ды і мука, мяса канчаюцца.

У першыя ж дні Мэрэю пашчасціла злавіць маладую лань; ён спрабаваў злавіць і другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, відаць, спалохала большую частку аленяў, якія чулі кожны іхні след на сваіх сцежках і станавіліся яшчэ больш чуйнымі. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то і дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца і пяць, і шэсць, але заўсёды яны паказваліся толькі на імгненне, былі далёка і адразу ж знікалі.

— Не плач, — сказаў Мэрэй Зелу такім тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваіх сяброў. — Не плач, будзе табе лань, калі гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.

— Гэта твайму жывату патрэбна шмат! — усклікнуў Зел. — Гэта ты ляжыш на адзіным ложку, а нам з Роем даводзіцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоці, калі раней ты збіраўся зайсці па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткі былі ўжо сабраныя!

Мэрэй нічога не запярэчыў, ён моўчкі адчыніў дзверы і высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла і ён не спыніў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хаціне было даволі змрочным і без гэтых сварак.

У хаціне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дыміла, а падчас моцнага ветру вялікая сасна пачынала хістацца і ўся хаціна з рыпеннем хісталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, і папаўненне запасу лягло на Роя, а зімой гэта было складана і цяжка. У іх было толькі адно вядро і для мыцця і для пітной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлічваў Мэрэй, калі выбіраў гэтае месца, аказалася гнілаватым, гарбата і кава аддавалі зямлёй і грыбамі, а Рой гэтага не любіў. Ім даводзілася эканоміць газу, і таму ў хаціне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.

На долю Роя выпала і падтрыманне чысціні: даводзілася прыбіраць рэшткі пасля разборкі жывёлін, якія затоптваліся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлівы смурод ад пушніны і кухарства. Каб зносіць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хаціна, а Мэрэю толькі і трэба было ад хаціны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цікавіла толькі як месца для харчавання і сну. Мэрэй быў неахайны і абыякавы, а Зел толькі неахайны, і ў іхнім таварыстве Рой лавіў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклівы. У хаціне ён быў маўклівы і кожны дзень з палёгкай сыходзіў уніз па заснежаным схіле, у марозны халадок возера Фей.

Краіна гэтая не траціла для Роя сваёй зачараванасці і — Рой гэта ведаў — ніколі не страціць. На заснежаных плато, калі ўзіраўся ў далёкія лясы і азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хаціне. Усё часцей і часцей Рой выбіраўся з азёрнай катлавіны, далей ад бабровай лоўлі на хрыбты і цераз іх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыі, у думках пракладваючы сцежкі вакол асобных пікаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбіраючы месцы, адно лепшае за другое, для хаціны, для волаку і для бліжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.

У гэтыя імгненні Сент-Элен уяўляўся яму толькі ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлікая дзятва. У малюнку, які ўзнікаў у яго ў думках, не было ні Сэма, ні Эндзі, ні нават Джын. Яна, відаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знікала са свядомасці, калі ён нечага пазбаўляўся, справядліва і назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблік, тым больш хацелася Рою ўявіць сабе Джыні Эндрус і тым большы неспакой гэта выклікала.

Вось пра што ён думаў, калі халодным змрочным днём сядзеў на вяршыні невялікай гары і пазіраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазірнуць паўзверх хрыбта. І як сягаў яго позірк, ён у думках пракладваў па лясах і плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калі побач з ім з'явіўся Мэрэй, і Рой ажно падскочыў, бо яго засталі знянацку. Ён быў падобны на аленя, які хоча кінуцца ў лес.

— Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку даліны, — спакойна прамовіў Мэрэй і сеў побач з Роем на сук піхты. — Што ты тут робіш? Падпільноўваеш дзічыну?

Рой пакруціў галавой і адчуў, як напружаны мускулы шыі і як сціснулася цела.

— Не, — сказаў ён, — проста я прыкідваў, як пракласці шлях адсюль проста ў Сент-Элен.

— Лепш за ўсё ісці вакольным шляхам, праз участкі Скоці і Індзейца Боба, — сказаў Мэрэй. — Калі нацянькі, то давядзецца доўга ісці па адкрытай мясцовасці. А што? Хіба ты збіраешся раз на тыдзень хадзіць туды?

— Не, проста так. Забаўляўся, — сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэніць яго планы ператварыць краіну Срэбных Даляраў у арганізаваную сістэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такіх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, і не толькі згодна з яго ўласным уяўленнем, але і ў вачах Роя і нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзіўся ў гэтай краіне як неад'емная яе частка, і для Мэрэя не існавала ні Сент-Элена, ні інспектараў, ні наогул чалавечых законаў.

— Калі надарыцца выпадак, — сказаў Мэрэй, — нам варта скіраваць на захад, на той бераг ракі, паглядзець, якія мясціны там. Днямі я быў там, і мне здалося, што там яшчэ вышэй. А ты не заўважыў, што чым вышэй, тым цяплей?

Рой кіўнуў галавой:

— Унізе каля возера зараз, відаць, градусаў на пяць халадней, чым тут. І сушэй. Рукі там проста дымяцца, калі знімеш рукавіцы. — Рой зірнуў на сваю руку і толькі зараз заўважыў у руцэ ў Мэрэя ружжо. — Ты што, на паляванні? — спытаў ён.

— Проста шукаў аленя, — і вялікая рука Мэрэя нецярпліва перахапіла ложа армейскай вінтоўкі. — У пастцы іх не дачакаешся. Вось убачу буйнога самца, і нам хопіць яго на некалькі тыдняў.

— Ох і пападзе табе ад Зела, калі захочаш страляць тут! — папярэдзіў Рой.

— Ану яго! Плаксівец! — са шкадаваннем сказаў Мэрэй. — Зайдзі ты з таго боку лесу, напярэймы, а я паспрабую выгнаць, — папрасіў ён Роя.

Уяўленне пра дарогу ў Сент-Элен у Роя даўно знікла. Ён сказаў: — Ну што ж, — і пайшоў за Мэрэем па снезе і па скалах на сама аленевую строму. Па дарозе ім сустракалася шмат слядоў, адбіткі капытоў, памёт, з'едзеныя верхавіны маладых клёнаў, але хоць яны прачасалі, падзяліўшыся, вялікую паласу лесу, нічога ім не трапілася. Нават і гэтае паляванне без ружжа давала Рою задавальненне, і ён упершыню ўсвядоміў, як сумна займацца толькі адловам баброў. Ён бачыў гэта і па Мэрэю. Мэрэй быў паляўнічы ад прыроды, у ім было мала ад звералова, і калі ён ішоў па гэтай краіне з ружжом у руках, гэта было апраўдана ўсім: і яго няўрымслівай галавой, і яго цвёрдым крокам, і яго моцнай рашучасцю забіць усё, што ні трапіць на мушку.

— Глянь, — раптам гучна зашаптаў Мэрэй.

Яны ляглі на зямлю за снежнай гурбай, як зайцы, што схаваліся ў канаве. Спераду і ніжэй, на ўскраіне замерзлага балота, паказаліся два вялікія цёмныя звяры. Яны былі напалову схаваныя за кустамі, але іх выдавала вялікая рагатая галава.

— Ат, д'ябал! — узбуджана прашаптаў Рой. — Гэта ж лось са сваёй каровай.

Мэрэй ужо папоўз убок, каб вылезці з валуноў і кустоўя, якія перашкаджалі яму прыцэліцца. Рой застаўся на месцы, аддаючы права дзейнічаць Мэрэю.

Але не паспеў Мэрэй выстраліць, як лось, адчуўшы чалавека, ірвануўся цераз лёд у балота, ласіха за ім. Гледзячы на высока ўзнятыя рогі, Мэрэй зразумеў, што скачкі станавіліся ўсё больш шырокімі і хуткімі. Але ласі былі занадта цяжкія, лёд пад імі трашчаў і ламаўся, амаль заглушыўшы першы безвыніковы стрэл Мэрэя. Яны ўжо мінулі замерзлае балота, і, адколваючы вялікія кавалкі лёду, лось ужо выбіраўся з вады, калі грымнуў другі стрэл. Але Мэрэй цэліўся не ў лася: бліжэй да яго была ласіха, якая яшчэ боўталася ў вадзе. У тое ж імгненне лось рэзка павярнуўся, убачыў, што адбылося з самкай, і кінуўся ў напрамку Мэрэя і Роя. Усім сваім масіўным целам ён урэзаўся ў замерзлае балота, нібыта і не заўважыў яго, вялізныя капыты ўздымалі фантаны белага раструшчанага лёду. Ён разбураў усё на сваім шляху. Калі выбраўся на зямлю, ён без прыпынку кінуўся на паляўнічых, ламаў дрэвы, адкідваў вялікія камякі снегу, з хуткасцю і злосцю шалёнага слана. Рой схаваўся за вялізны валун, лёг на зямлю, і, калі лось пранёсся міма, ён праз цяжкі грукат страшных капытоў пачуў гук стрэлу. Мэрэй прамахнуўся, грукат капытоў сціх удалечыні, і тады яны ўсталі, трывожна азіраліся.

— Я яго адразу ж забіў бы, — сказаў Мэрэй, — але я не ведаў, куды ты адскочыш, і прытрымаў стрэл, аднак, думаю, я яго ўсё ж падстрэліў. Вось дык махіна! — Марэй аж крычаў ад захаплення і, апераджаючы Роя, кінуўся ў халодную ваду да вялікай тушы, якая сцякала густой цёмнай крывёю на скрышаны лёд.

— Ну вось вам і мяса! — гучна крычаў Мэрэй.

Вядома, не мяса парушыла яго звычайную абыякавасць, і Рой гэта ведаў. Але, нягледзячы на гэта, Мэрэй страляў у ласіху таму, што мяса яе было больш прыемнае, чым у самца. На сваім участку кожны паляўнічы страляў бы, вядома, па самцу, бо звычайна ласіх бывае менш, але Мэрэй, нават калі б у яго быў свой участак, не прытрымліваўся гэтых правіл. Для яго адна жывёліна была варта другой.

— «Забаронена законам, — працягла прамовіў Рой, пераканаўшыся, што ласіха мёртвая, — паляваць, лавіць альбо іншым чынам знішчаць самак аленя любога ўзросту».

Але Мэрэй яго не слухаў. Ён яшчэ цешыўся забойствам і рыхтаваўся разбіраць тушу. Трэба было спачатку выцягнуць яе на цвёрдую зямлю. Раўняючыся сілай з жывёлінай, якую ён забіў, Мэрэй схапіўся за вялікую галаву, напружыўся і з дапамогай Роя зрушыў яе з месца, з цяжкасцю выцягнуў гэтыя трыста мёртвых кілаграмаў на бераг і задаволена выцер успацелы твар мокрым рукавом.

— «Таксама забаронена законам, — нараспеў і на ўвесь голас працягваў Рой, — страляць ці іншым спосабам знішчаць любога лася, які плыве ў вадзе любога возера альбо ракі».

— Які плыве! — паўтарыў Мэрэй. — Гэты дурны лось сам завёў сваю карову сюды. І яна засела. Інакш я напэўна прамахнуўся б.

Рой засмяяўся.

— Але ўсё адно ты забойца, Сахаты! — сказаў ён.

Мэрэй не стрываў:

— А ты часам бываеш падобны на інспектара ў паляўнічых штанах.

Гэты абмен кампліментамі надаў ім добрага настрою, і яны пачалі разбіраць ласіху, пакуль яна яшчэ не астыла. Яны не клапаціліся, каб разабраць яе па ўсіх правілах, а толькі паднялі тушу на дрэва — ад ваўкоў і адсеклі ад задняй часткі добры кавалак на першы час. Калі закончылі гэта, вымылі акрываўленыя рукі ў палонцы і выправіліся ў зваротны шлях. Яны пераможна пратоптвалі сабе сцежку ў снезе: ляжка ласіхі тырчала з заплечнага меха яе забойцы.

Іхняя ўзбуджанасць усё яшчэ не знікла, і ўсю дарогу яны жартаўліва перамаўляліся, як раптоўна іхнюю бесклапотную балбатню перапыніў стрэл.

Яны знерухомелі.

— Гэта не Зел, — сказал Рой. — Надта далёка!

— І нашмат больш на поўнач, — задумліва дадаў Мэрэй.

На поўнач — азначала, што стралялі ў глыбіні заказніка, значна глыбей, чым зайшлі яны самі.

— Ну вось, — прамовіў Рой, які ўсё яшчэ перажываў сваю радасную бесклапотнасць: — Гэта, відаць, нейкі абходчык адгукаецца на нашыя стрэлы, лічыць, што стралялі свае. І нам зараз застаецца спакойна сядзець і чакаць, калі нас зловяць.

Пасля гэткай філасофскай высновы яны працягвалі балбатаць, і іхняе шчаслівае ўзбуджэнне не магла парушыць нават думка пра незразумелы стрэл. Яны шумна ўваліліся ў хаціну, але тут іх сустрэў злосны Зел Сен-Клэр.

Ён абрынуў на іхнія галовы цэлую лавіну французскай і ангельскай лаянкі, абвінаваціў абодвух у ідыятызме і злосных намерах, гаварыў, што абодва яны ўступілі ў змову супраць яго, што яны ўцягнулі яго ў гэтую брудную справу і нагрузілі ўсёй цяжкай працай, што яны падманваюць яго, хлусяць і яшчэ Бог ведае што.

Гэта засмуціла Роя: ён бачыў, што Зел думае пра гэта сур'ёзна, а такіх важкіх і горкіх абвінавачванняў Рою не даводзілася чуць ні разу ў жыцці. Мэрэй дык проста паклаў свой ласіны кавалак на стол і пачаў рэзаць яго нажом, а косці секчы сякерай, на папрокі Зела ён адказваў толькі асабліва сярдзітымі ўдарамі гэтай маленькай, але смяротнай зброі. Калі Мэрэй, нарэшце, адрэзаў кавалак, дастатковы для вячэры, ён падаў яго Зелу, тым самым моўчкі запрашаючы яго заняцца сваёй справай. І тут раптам Зел сцішыўся і заплакаў ад прыніжэння. Ён схапіў мяса, шпурнуў яго ў сцяну і куляй выскачыў у марозную цемру. Мэрэй падняў мяса, вельмі марудна і старанна абцёр яго і паклаў на скавараду. Рой узяў вядро і пайшоў па ваду, а заадно зірнуць, як там Зел. Зел сядзеў каля азярца і плакаў, як малое дзіця. Рой спакойна пасядзеў каля яго, а пасля сказаў:

— Хопіць, Зел. Тут холадна.

Зел пайшоў за ім і пачаў кухарыць і падаваць на стол, моўчкі і старанна. Калі ўсе ўжо наеліся сакавітага і смачнага мяса, Зел, нарэшце, перапыніў маўчанне:

— А вы чулі той стрэл? — спытаў ён жаласліва.

— Відаць, яшчэ адзін галодны браканьер падстрэліў сабе аленя на вячэру, — разважна прамовіў Рой.

— А мне здалося, што гэта драбавік, — зазначыў Мэрэй.

— А мо гэта Самсонава пушка? — выказаў меркаванне Рой.

— Не, — сур'ёзна запярэчыў Зел. — Ён ніколі не кіне Скоці.

Рой усміхнуўся з уласнага жарту, але адчуваў, што яму не хапае Скоці і Самсона. Яму не хапала магчымасці адзін або два разы за сезон схадзіць да іх цераз раку, прадоўжыць спрэчку са Скоці альбо не першы раз выпрабаваць надзейнасць іхняга сяброўства, падбухторваючы аднаго супраць другога.

— Люблю я Скоці, — прамовіў ён. — Цяжка было б без яго Самсону.

Ніхто не падтрымаў гэткай праявы пачуццяў, і Рой выкінуў гэта з галавы. Яму не хапала і Джэка: Джэка ў лесе, Джэка ў Сент-Элене альбо проста Джэка ў любой сітуацыі. Пра гэта таксама варта было забыцца, і Рой са здзіўленнем пераканаўся, што яму гэта ўдаецца лёгка. Тут усё на свеце некуды адступала. Рой нібыта пераступіў, нарэшце, мяжу, і ў вялікай адзіноце гэтага жыцця мінулае пачынала адлушчвацца ад сённяшняга. Мінулае можна было згадваць і нават сумаваць па ім, але сапраўднае было вакол яго. Нават прымітыўная хаціна здавалася не такой і дрэннай, калі ў ёй спрачаліся. Калі Зел паводзіў сябе больш спакойна, а Мэрэй больш чалавечна, і ў гэткім невялікім прыстанішчы было дастаткова прасторна і ўтульна. Усё гэта было часцінкай сапраўднага, і Рой адчуваў, што варта дастойна пражыць і гэтае жыццё. Штораніцы, і з кожным днём усё мацней, ён жыў асалодай, як будзе ісці вакол возера, уверх па хрыбтах і куды-небудзь убок, наўздагад. Пакуль рухаліся яго ногі, ён быў шчаслівы, і Джэк, і Скоці, і Самсон, і Эндзі былі з ім як успамін дзяцінства; ён памятаў іх выразна, але з яго жыцця яны сышлі.

— Як справы з бабрамі? — спытаў у яго аднойчы раніцай Мэрэй, калі збіраўся ў звыклы паход. — Усё яшчэ хапае?

— Ледзь спраўляюся з імі, — адказаў Рой.

Мэрэй усміхнуўся:

— Ну што ж, значыць, хутка напакуем мяхі і назад?

Рой ведаў, што Мэрэй хітруе, але не паддаўся на гэта. Рой не спяшаўся ў зваротны шлях. У яго адчаі была і свая стомленая задаволенасць, прыняцце няшчасця, нават пэўная лёгкасць ад таго, што магутны лёс адразу вырашыў усе яго сумненні. Раней Рой ніколі не мірыўся з уварваннем лёсу ў яго жыццё, але цяпер непазбежнасць давала магчымасць глядзець на сябе збоку, здымала цяжар што-небудзь вырашаць і рабіць. Ён нават мог уявіць сабе Эндзі і Джыні і маляваць малюнак свайго вяртання ў Сент-Элен.

Эндрус, вядома, зазлуе. Часамі на яго не было супынку, і колькі разоў хлапчуком Рой зазнаваў на сабе цяжар яго кулака і ўдары галавой, якімі Эндзі частаваў яго падчас прыступу шаленства. Праўда, Эндзі звар'яцее. Ну і што? Што ён скажа? Рой ледзь не засмяяўся. Эндзі не прывык стрымліваць свой язык, вось ён і вылье ўсё на Роя: лаянку, праклёны, папрокі, знявагу, кпіны. Ён мог абразіць Роя, зрабіць яму балюча, больш балюча, чым хто іншы. Галоўны яго папрок Рою будзе ў вераломнасці, схаваным падмане, халодным разліку. Рою, які сам ніколі не шукаў выгады ў чужой бядзе, цяжка будзе ўсё гэта выслухаць. Але Эндзі вып'е асалоду сваёй помсты дарэшты, і Джыні таксама атрымае сваю долю. Тут малюнак цямнеў. Што зробіць Эндзі ў адносінах да Джыні? Ці кіне ён у твар ёй тыя ж знявагі, ці пакажа яе як распусніцу, а самога сябе як бязгрэшнага? Рой быў абураны, яго так і турзала ўскочыць і выставіць Эндзі контрабвінавачванні. Якое права мае Эндзі вяртацца і патрабаваць аднаўлення таго, ад чаго сам уцёк? Ва ўсім вінаваты сам Эндрус. Гэта ён улез у іхняе жыццё, ён здрадзіў ім. Але ці гэтак будзе разважаць Джыні? Яна павінна адчуваць тое ж, што і Рой! Яна ведае, што паміж імі існуе тое, да чаго няма справы Эндрусу, якія б ні былі на гэты конт законы краіны.

Калі б Роем кіравалі абурэнне і ўсведамленне ўласнай праваты, ён адразу ж пакінуў бы хаціну і накіраваўся б проста ў Сент-Элен. Але як толькі знікла пачуццё лёгкасці, прынесенае фаталізмам, Рой зноў станавіўся грэшнікам. Ён ведаў, што з вяртаннем Эндзі Эндруса вінаватым аказаўся ён сам, і Джыні, і ўвесь свет. Джыні была для яго страчана, як страчана была дзічына ў Муск-о-гі, і Сэм, і страчаны Сент-Элен. Нічога не засталося на свеце, куды Рой мог бы вярнуцца.

— Нешта ты стаў задумвацца, сябрук, — сказаў яму неяк Мэрэй, калі выходзіў з хаты. — Ты нечым заклапочаны?

Рой нічога не адказаў, паціснуў плячыма і пайшоў на сваё возера Фей.

Лоўля баброў яго раздражняла; здабыванне скуркі стала для яго дакучлівай павіннасцю, таму ён пачаў паскараць лоўлю такімі спосабамі, якіх ніколі раней не дазваляў сабе, як занадта згубных і спусташальных для бабра. З сабой ён меў каля дзесятка сіло, і ён пачаў ставіць іх петлі з дроту зусім блізка да выхада з хатак і на шлюзах каналаў, што азначала пагалоўнае знішчэнне. Гэткія спосабы палявання ў Муск-о-гі заўсёды выклікалі ў Роя агіду, але зараз ён са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што тут гэткае пачуццё ў яго не ўзнікае. Ён згадаў параграф, дзе гаварылася, што законам забараняецца любой асобе выкарыстоўваць сіло для лоўлі бабра ў любую пару года. Ды не было звыклага гумару ў тым, што ён абвяшчаў, быў толькі адкрыты цынізм, накшталт хуткасці і спрыту, з якім ён спраўляўся з сіло, каб хутчэй пакінуць балота дзеля новых блуканняў па хрыбтах, дзеля новых разведак і планаў, якія зараз займалі большую частку ягонага дня. Калі яго адольвала гэтая прага новых адкрыццяў, лоўля баброў здавалася яму марнай тратай часу, і чым бліжэй знаёміўся ён з гэтай краінай, тым большым станавілася нецярпенне закончыць аблоў, правесці яго інтэнсіўна, нават бязлітасна, каб толькі хутчэй вызваліцца і цалкам аддацца асваенню цудоўных прастораў краіны Срэбных Даляраў.

— Дзе ты прапаў? — аднойчы спытаўся ў яго Зел ціхім, светлым вечарам, калі яны засталіся ў хаціне ўдвух. — Разы са два я шукаў цябе на возеры Фей, але цябе там нібыта і не было!

Рой не хацеў распачынаць гаворку з Зелам.

— Відаць, блукаў недзе паблізу, — з сумам азваўся ён і адразу ж пашкадаваў пра гэта. — Я часта падымаюся на хрыбет, Зел, каб зірнуць, ці нікога няма вакол. Ды і холадна на гэтым балоце, не вытрымліваю.

— Вы з Сахатым толькі тым і заняты, каб блукаць невядома дзе, — прамармытаў Зел. — Дзе Сахаты? Яму даўно пара вярнуцца.

Але гэтай ноччу Мэрэй так і не вярнуўся. Зел занепакоіўся, а Роя гэта хоць і турбавала, аднак больш за ўсё пацяшала, калі ён уяўляў сабе, як Мэрэй зайшоў, нарэшце, так далёка, што і не вернецца за адзін дзень. Ён не думаў, што з Мэрэем нешта здарылася, ён быў вельмі вопытны лесавік. Іншым, больш гераічным часам, з Мэрэя мог атрымацца даследнік новых земляў, чалавек, які мог бы пракласці шлях, знайсці неверагодную колькасць скарбаў, адкрыць кантынент і не надаць асаблівай увагі свайму адкрыццю. Для Мэрэя гэта азначала б толькі наступны пагорак альбо наступную даліну, ён і зараз, верагодна, затрымаўся на нейкім з гэтых пагоркаў альбо ў якой-небудзь даліне, замарозіў сябе на трыццаціпяціградусным марозе, замест таго каб ляжаць на цёплым ложку, які Зел не забыўся адразу ж заняць. Аднак жа Рой зайздросціў Сахатаму.

— Ты пойдзеш шукаць яго? — спытаў Зел, калі прачнуўся марозным досвіткам.

— Не, — адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканічна.

Якраз апоўдні першага дня адсутнасці Мэрэя Рой заўважыў, калі выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схіле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечыні на крутым снежным схіле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў паміж двух ствалоў, і па нейкіх асаблівых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласці, што будаваў памост. І Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнік для пушніны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў і недасяжная для драпежнікаў.

— Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, — усміхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлічваць іхнюю пушніну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махінацыях Зела, пасля паціснуў плячыма і пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, і не раззлавала. Яму было абыякава, і дробны махляр Зел і яго пушны склад, — усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.

Некалькі разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вінтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасці ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагібельнай для іх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, і вярнуўся ён толькі праз суткі. Ён прыйшоў з першымі парывамі завірухі. Яго твар пунсавеў, калі ён нагой адчыніў дзверы і кінуў на падлогу бліскучую чорную шкуру вялізнага мядзведзя. Рой зачыніў дзверы, у якія рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся і строс з галавы і шыі тоўсты пласт снегу.

— Так атрымалася: ці мне загінуць, ці яму, — сказаў Мэрэй пра мядзведзя. — Вось я яго і забіў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезці, і я другім уляпіў яму ў горла. А тлусты! Стаіць раскірэчыўшыся, нібыта скунс, а такі тлусты, што і з месца не можа скрануцца.

— А што яшчэ прынёс? — спытаў Зел.

— Ат, дробязь, — сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькі скурак. — Лісяня ды кацяня, вось і ўся здабыча.

— І гэта за тры дні палявання! — заенчыў Зел.

Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хаціну, але зараз Мэрэй маўчаў, і гэта было папярэджанне Зелу і злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, які ляніва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, які гатовы кінуцца на дакучлівую нікчэмнасць і паваліць яго, затаптаць магутнымі капытамі. Рой бачыў гэта, і яму было ўсё роўна. Ён безуважна назіраў, чыя ж возьме, як назіраў бы за сустрэчай вавёркі і шашка, калі б яны задумалі падужацца. Для Роя гэта былі новыя адносіны да людзей, якіх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькі ведаў, што кожны з іх зараз самагодная адзінка і мяжа іхняй адчужанасці менавіта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылі, яны засталіся замкнутымі адзіночкамі: няма ў іх ні сяброўства, ні ўзаемнай дапамогі. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасці яго не кранала, і яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з іх.

Снег ішоў трое сутак, і часам напружанасць станавілася пагрозлівай. Чым больш спакойна і бесклапотна адмахваўся ад дакучлівай мухі Мэрэй, тым больш ядавітым і істэрычным станавіўся Зел. Паміж імі не ўзнікала сапраўднай спрэчкі, толькі дробныя сутычкі: каму галіцца першым альбо хто прынясе вады, ці хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калі Зел заявіў, што, як толькі скончыцца завіруха, ім трэба выбірацца з заказніка. Пушніны ў іх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулі ўвагу, і іх шукаюць.

— Яшчэ не выплакаў свайго воцату! — сказаў Мэрэй.

— А ты наогул не хочаш мець ніякіх стасункаў ні з чым, — з'едліва азваўся Зел, і твар яго скрывіла ад злосці. — Ты страціў рэшткі чалавечага аблічча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становішся лясным зверам і Роя цягнеш туды…

Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкі.

— А ты таксама страціў сваё ранейшае аблічча, Зел, — сказаў Мэрэй. — Пара табе садзіцца на зямлю ў Сэнт-Элене і заняцца фермерствам. Відаць, інспектар адбіў табе ўсе бэбахі. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмі прыдатнае!

— Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзіць кулю ў патыліцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, — адказаў Зел. — І калі ты думаеш, што я спалохаўся інспектара, можаш ашчаджаць сліну, гэтаму інспектару засталося нядоўга гуляць. А калі хочаш каму-небудзь параіць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свінарніку.

Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.

Іхняе маўчанне яшчэ больш распаліла шаленства Зела.

— Ты спытай у Роя, што ён будзе рабіць, калі Эндзі зразумее, хто займаў яго месца апошнія дванаццаць гадоў.

У Роя ў руках было бярозавае палена, і яно адразу ж прасвістала ў паветры і стукнулася ў сцяну хаціны, але Мэрэй своечасова спусціў з ложка тоўстую нагу і сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукішках, Рой быў падобны на «вадзянога быка», мускулы на шыі набрынялі і, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкія рукі віселі па баках, быццам гнеў яго знясіліў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў і ўздыхнуў.

— Ну, — сказаў ён і выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. — Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусім чорна. — Ён дастаў бутэльку спірту, пераступіў цераз скурчанага на падлозе Зела і стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. — Не прадыхнуць ад воцату! — дадаў ён, наліваючы ў два кубкі. — Вось вам. За тое, каб згінулі, нарэшце, закон і парадак.

Не закон і парадак, а думкі пра Сент-Элен, вось што трэба было заліць Рою віном. Удар Зела здзівіў яго мацней, чым ён мог чакаць, і, здавалася, перарэзаў апошнюю нітачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, і ўзяўся за бутэльку, адкінуўшы ўсялякія цуглі, і горыч праглынула ў ім рэшткі цвярозага гумару.

Загрузка...