Калі ён па звычцы асцярожна абмінуў далёкія фермы, Сент-Элен сустрэў яго поўнай цемрай: ні агеньчыка яму насустрач, і з вялікай гранітнай скалы ён мог толькі ўяўляць сонны горад. Нідзе нікога, і ніадкуль ніякага гуку. Хоць Рой вельмі дасканала прадумаў сваё начное вяртанне, яно яго не радавала. Нават інспектар — і той адолеў яго, прымусіў ісці крадком, як злодзея, і груз на яго плячах наўрад ці быў варты той ганьбы, якой за яго заплачана.
Падыходзячы да фермы, ён верыў, што знойдзе там Сэма. Усё было знаёма нават у цемры. Свіран, вяндлярня, дзіўныя сілуэты конных грабляў і плугоў, месіва ўжо расталага снегу — усё было ранейшым, ранейшым павінен быць і гаспадар. Сэм мусіў быць тут, і Рой без роздуму пераступіў парог кухні і ціха падняўся ў свой пакой.
Ён вобмацкам знайшоў лямпу там, дзе ёй і належала быць, і ўздыхнуў з палёгкай. Затым запаліў запалку, паднёс яе да кнота і, падняўшы лямпу, агледзеўся.
На імгненне святло асляпіла яго, але затым тое, што ён убачыў, аглушыла яго як абухом па галаве. На яго ложку спалі дзеці, акрамя таго, у пакоі былі яшчэ два ложкі і на іх іншыя дзеці, амаль падлеткі. Нейкі хлопчык спалохана выскачыў з-пад коўдры, і Рой, які спадзяваўся ўбачыць знаёмы твар, быў расчараваны.
— Не крычы, — сказаў Рой хлопчыку. — Я не ведаў, што вы тут. Я не ведаў, што Сэм з'ехаў. Толькі не крычы.
Хлопчык не закрычаў, але нехта з дзяцей ускрыкнуў, і Рой не ведаў, што яму рабіць. Калі той ускрыкнуў яшчэ раз, Рой паставіў лямпу на месца, патушыў і выйшаў. Поцемкам ён кулём скаціўся ўніз па лесвіцы і ледзь не згубіў свой мех, які зачапіўся ў кухонных дзвярах, а за яго спіной у хаце пачуліся крыкі і пачалася мітусня. Ён ішоў, пакуль не апынуўся на сорак чацвёртай расчыстцы, блізка ад старой хаты Мак-Нэйраў, дзе жыла Джын Эндрус. Тут ён спыніўся. Яго вабілі толькі дзве мясціны, і ён не ведаў, якую выбраць, не ведаў, куды яму пайсці, і яшчэ да канца не ўсведамляў бяды, якая яго спасцігла.
Пасля ў яго свядомасці застаўся толькі Джэк Бэртан.
Ідучы па полі і па калені правальваючыся ў снежную кашу, ён спрабаваў вызначыць сілу нанесенага яму Сэмам удару. Ён спрабаваў распаліць у сабе злосць і як мага больш рэзка ацаніць дэзерцірства брата, яму патрабаваліся гнеў і злосць, каб усвядоміць гэта як рэальнасць. Але як ні стараўся, не было ні гневу, ні болю. Была толькі слабасць у каленях і млоснасць. Сэм не пакінуў яму нічога, нават адчування спагады да самога сябе.
Ля хаты Джэка ён не адразу адважыўся крыкнуць, але пасля начная адзінота пераважыла яго хістанні.
— Джэк! — закрычаў ён. — Ты тут, Джэк?
Яму давялося паклікаць Джэка некалькі разоў, перш чым нехта адказаў. Нарэшце ў акне з'явілася місіс Бэртан і спытала, хто крычыць.
— Гэта Рой Мак-Нэйр, місіс Бэртан. Джэк дома?
Місіс Бэртан зрабіла яму знак праз двайное шкло, каб ён заходзіў. Ён вобмацкам зайшоў у цёмную кухню і чакаў, што нехта спусціцца да яго; і зноў з'явілася місіс Бэртан. У старым паліто на плячах, яна трымала ў руках газавую лямпу. Яна спынілася на верхняй прыступцы лесвіцы, і Рой зразумеў, што яна баіцца спусціцца, відаць, думае, што ён п'яны.
— Дзе Джэк, місіс Бэртан? — спытаў Рой.
— Ён пайшоў з рамонтнай камандай, — сказала яна.
— Яго няма?
— Яны каля Марлоў, ачышчаюць канавы, каб не затапіла дарогу, — растлумачыла яна.
— Я толькі што вярнуўся ў горад, — сказаў Рой. — У нашай хаце нехта чужы. Ці можна мне пераначаваць у вас на кухні?
— Там няма на што легчы, Рой, — сказала яна. — Вы можаце ўладкавацца ў другім пакоі. Там ёсць канапа.
— Дзякуй вам, місіс Бэртан, — сказаў Рой і, пазіраючы ўгору на гэтую сціплую цяжарную жанчыну, востра адчуў, што нават і ў гэтай хаце для яго няма нічога: няма апірышча ў здаровай упартасці фермера Джэка. Джэк яму быў вельмі патрэбны зараз, і Рой засердаваў, што яго няма. — Вы ідзіце спаць, — сказаў ён місіс Бэртан. — Мне нічога не трэба.
Яна сказала, што на канапе ёсць ватная коўдра і падушкі, і спытала, ці не дастаць яму яшчэ адну коўдру.
— Не. Ідзіце спаць, — стомлена паўтарыў ён. — Мне нічога не трэба.
Ён адразу ж заснуў, і змарыла яго не проста стома, а гора. Раніцай ён склаў коўдру і пайшоў, калі яшчэ ўсе спалі. Яму не хацелася сустракацца з місіс Бэртан альбо з кім-небудзь з яе пяці дзяцей, якія не стрымліваліся ў праяўленні сваіх пачуццяў. Акрамя таго, яму трэба было схаваць у надзейным месцы сваю пушніну; ён пайшоў у хлеў і ў цёмным кутку падцягнуў яе пад самую страху, скарыстаўшы вяроўку і блок, якімі Джэк падымаў туды летам свіныя скуры.
Было яшчэ рана, і Рой пайшоў па полі да дарогі, так і не ведаючы, куды яму зараз ісці. Сент-Элен быў для яго чужым горадам, пустым горадам, нават варожым горадам. Ён баяўся яго, зараз ён баяўся ўсяго; дэзерцірства Сэма пазбавіла яго ўсялякай мужнасці. Ён глядзеў на бліскучыя мокрыя валуны, што ўжо вылазілі з-пад снегу, назіраў за першымі чародкамі шпакоў, за вераб'ямі, якія мітусіліся па полі. Ён прайшоў міма пратэстанцкай царквы, голага ашаляванага зруба; Джэк назваў гэта сама нягеглым збудаваннем ва ўсім Сент-Элене. Зараз і ўвесь горад быў пануры. Ён стаяў мокры, панылы гэтым перадвясеннім часам, і вада, якая збіралася з лесу і пагоркаў, была такая актыўная, што гатова была змыць яго дарэшты.
— Хэло, Рой! — паклікаў яго нехта з грузавіка, што ехаў па дарозе.
Рой памахаў рукой.
— Вас падвезці?
Рой не помніў гэтага юнака. Мо малады Джонсан, альбо старэйшы сын Лэкстана, альбо нехта іншы з гарадской моладзі. Рой не пазнаваў яго.
— Не, — сказаў ён. — Мне недалёка.
Грузавік паехаў, а Рой усё ішоў па дарозе, не ведаючы куды. Калі выйшаў за межы горада, ён трапіў на чорную бясконцую стужку шашы. Гэтая бясконцасць дарогі цягнула яго за сабой. Ён адчуў спакусу — ісці, ісці ўсё наперад і наперад, пакідаючы тут усе цяжкасці. Ён ведаў, што гэта прыкладна тое ж, што дванаццаць гадоў таму зрабіў Эндзі Эндрус: стаў на дарогу і пайшоў куды вочы глядзелі. А чаму і не? Рой усё ішоў, але ведаў, што ідзе нікуды. Ён ішоў па дарозе, бо яму не было больш чаго рабіць, а калі сонца ўзышло і дарога стала дыміцца, ён павярнуўся і пайшоў назад у Сент-Элен.
Было толькі адно месца, дзе ён мог з'явіцца, і ён пайшоў туды. Апоўдні Рой быў ужо такі п'яны, што не мог вылезці з кутка бара. Ён разлёгся на ўвесь рост на паліцы з надпісам: «Мука і бабовыя», — часам стагнаў, як ад зубнога болю, але часцей смяяўся над карцінай на сцяне ў яго ў нагах, дзе быў намаляваны Сент-Элен. Карціна была адной з рэклам Дзюкэна, дакладней, плакатам, які заклікаў да вольнага жыцця на прыродзе, усхваляў лясную рамантыку іхняга канадскага горада. Рой не мог зразумець сапраўдны сэнс карціны, але агульнае ўражанне ў яго было, і галава паслужліва дапаўняла дэталі, якіх не хапала.
— Моцна трымаецца за сваё, — паўтарыў ён. — Моцна трымаецца стары гарадок.
— Чаму ты не ідзеш дамоў? — пытаў у яго амерыканец Клем ужо ў другой палове дня. — Ідзі, Рой. Ідзі дамоў.
— У мяне няма дома, — адказаў Рой. — Няма ў мяне хаты.
— Дык ідзі да Джэка Бэртана.
— Джэк пайшоў! — закрычаў ён. — Джэк пайшоў ратаваць горад ад паводкі.
Амерыканец адчапіўся, і Рой усю ноч праспаў на паліцы. Ён прачнуўся толькі раз, разбуджаны непераадольнай патрэбай зараз жа ўстаць і ісці да старой хаты Мак-Нэйраў, аднак нейкая інстынктыўная абачлівасць затрымала яго.
Ранкам Скоці і Самсон знайшлі яго там: ягоны твар быў шэры, вочы чырвоныя. Ён сядзеў ля дзвярэй на кукішках, падставіўшы галаву пад промні яркага сакавіцкага сонца.
— Вось дзе ён, наш знакаміты звералоў! — сказаў Самсон.
— Мы шукалі цябе, — сказаў Скоці. — Калі ты прыйшоў у горад?
Рой хацеў узяць сваю шапку, каб засланіць вочы, якія ён падняў на Скоці. Шапкі не было.
— Я вярнуўся нядаўна, — сказаў ён.
— Ну што ж, якраз своечасова, — сказаў Скоці, стройны і чысценькі, у гарадскім пінжаку і свежаадпрасаваных габардзінавых штанах. — Нас усіх склікае інспектар.
— Каго склікае? — спытаў Рой і, нарэшце, устаў.
— Усю кампанію, — патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада і валасы былі падпраўлены, і ён стаяў выпрастаны на ўвесь свой вялізны рост, і яго чырванашчокі здаровы твар ажно свяціўся. — Гэты інспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.
— Прыяцель-інспектар! — сказаў Рой і насупіўся. — Не хачу бачыць інспектара! Прыяцеля-інспектара! — крычаў ён. — Прыяцель-інспектар!
— Пайшлі, Рой. Калі ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.
— Што ён хоча? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — сказаў Скоці, — ён выклікаў сёння ўсіх трапераў Муск-о-гі. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсці самому і паглядзець. Які сэнс хавацца?
Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасці, нейкаму завяршэнню.
— Дзе мая шапка? — сказаў ён. — Дзе яна, Самсон?
Самсон знайшоў яе ў бары і нацягнуў Рою на галаву. Ішлі моўчкі. Рою не было што гаварыць, Скоці быў надта засмучаны выглядам Роя і яго бедамі. Час ад часу Самсон пазіраў на Скоці, круціў галавой і некалькі разоў падтрымліваў Роя, калі той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы інспектара, Рой спыніўся ля снежнай гурбы і пацёр мокрым снегам твар і рэдкія валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысціў з каленяў гразь, але, калі яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзілі да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.
У маленькай канторы інспектара ўжо сабраліся іншыя дзесяць трапераў Муск-о-гі. Са з'яўленнем Роя, Скоці і Самсона ў зборы былі ўсе трынаццаць. Тут былі людзі, якіх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавілі ў Муск-о-гі амаль побач. Усе даўнія сябры, якія віталі адзін аднаго грубаватымі жартамі сапраўдных лесавікоў.
— Хэло, Рой, — казалі яны. — Вось ён, граза каліфарнійскіх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!
Ніхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, і некаторыя не глядзелі на яго: яны ўжо ведалі пра Сэма. Яны ведалі пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ ні з кім не гаварыў пра дэзерцірства брата, і ніхто з іх не пачынаў гэтай гаворкі; ніхто не хацеў быць надакучлівым. «Ну як, яшчэ не злавіў ён цябе, Рой?», — звыкла гаварылі яны, ведаючы, што Рой любіць, калі яму нагадваюць пра паядынак з інспектарам.
Рой адказваў усім, але ў яго жартах не было запалу, і ён быў задаволены, калі яго пакінулі ў спакоі ў кутку побач з Індзейцам Бобам.
— У цябе ўсё нармальна, Рой? — спытаў індзеец.
Рой кіўнуў.
— Нармальна, Боб, — сказаў ён. — Як у бабра на плаціне!
Больш яны не размаўлялі, чакаючы з'яўлення інспектара.
Разам з грузнай фігурай інспектара ў пакоі з'явіўся яшчэ адзін камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк — той заолаг, які быў у Роя на пачатку зімы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукі, абяцала рашучыя меры.
— Пакуль пачаць пра справу, — сказаў інспектар, уважліва, амаль з асуджэннем пазіраючы ў іхнія твары, — я хачу сказаць вам вось пра што. Перад самымі Калядамі нехта з вас распачаў паляванне ў заказніку Срэбных Даляраў. Я гэта ведаю таму, бо быў там, і я ведаю, што гэта нехта з вас, бо ледзь не злавіў вінаватага. — Ён памаўчаў, даючы магчымасць задумацца над яго словамі, гатовы з неверагодным пры яго паўнаце спрытам схапіць вінаватага. — Аднаго з браканьераў мы злавілі, таго, за кім сачылі. Гэта Джэк Сэнбі з Шасці Рэк. Ён паляваў у заказніку, як у сябе дома. Але ў пагоні за ім мы напароліся яшчэ на цэлую кампанію. Іх было два ці тры чалавекі, і мне здаецца, што сярод іх Мэрэй і Сен-Клэр. Хто быў трэці — я яшчэ не ведаю. Толькі ведаю, што ён уцёк у Муск-о-гі з вялікай ношай незаконнай пушніны. Дык вось, калі я знайду гэтую пушніну ў некага з прысутных, абяцаю, што даб'юся для яго суровага турэмнага зняволення. Мне вельмі не хочацца, каб хто-небудзь з вас, сябры, трапіў у бяду, асабліва зараз. Але калі я злаўлю яго, не будзе ніякага патурання і ніякага апраўдання. Узяць скурку-другую звыш нормы — гэта адно, але рабаваць заказнік — гэта ўжо недаравальна. Таму, хто б гэта ні быў, няхай асцерагаецца. Закон не дрэмле!
Рой не зводзіў вачэй з інспектара. У мёртвай цішыні, якая наступіла пасля гэтай заявы, ён чакаў погляду-асуджэння. Чакаў і гатовы быў сустрэць не міргаючы, хоць вочы і былі чырвоныя, балелі. Але для інспектара Рой нібыта і не існаваў, ён ні разу нават не зірнуў у яго бок. Аднак Рой ведаў, што ўвесь гэты маналог быў адкрытым папярэджаннем яму. Інспектар ведаў, каго ён даганяў. Без слоў ён казаў Рою: «Я ведаю, што гэта ты, і я ледзь не злавіў цябе. Выкрываць цябе я не хачу, але не рабі нічога, што прымусіць мяне зрабіць гэта. Калі пушніна дзе-небудзь у цябе схавана, хай там і застаецца. Зараз я мог бы накласці на цябе руку, Рой, але я не хачу. Таму сцеражыся. Я цябе адпускаю!» Са шкадаваннем ці спачуваннем, але інспектар, нарэшце, адолеў яго, паклаў на абедзве лапаткі, а пасля сам падняў. Горшага і прыдумаць нельга: гэта была не дапамога, гэта было поўнае паражэнне.
— І яшчэ, — працягваў інспектар, — я так упэўнены, што Мэрэй і Сен-Клэр прымалі ў гэтым удзел, што атрымаў у паліцэйскім упраўленні акругі ордэр на іхні арышт. Кожны, хто дасць ім прытулак, будзе вінаваты ў патуранні ім, і лічыце гэта за афіцыйнае папярэджанне. Гэтым валацугам дарогі сюды няма, і ў тутэйшым лесе ім ніколі не паляваць. Пра гэта я паклапачуся.
Зноў панурае маўчанне. Інспектар усміхнуўся: ён, відаць, пашкадаваў, што стварыў такую напружаную атмасферу, але што-небудзь змяніць ужо не мог.
— Я не хачу вас крыўдзіць, звераловы, — сказаў ён, — таму што горшае яшчэ наперадзе, але я хачу, каб вы зразумелі, што ўсё мяняецца. Калі вы хочаце калі-небудзь паляваць у Муск-о-гі, шмат што трэба змяніць, таму не думайце, што я круты таму, што я інспектар. Я вымушаны прымаць крутыя меры таму, што ўся гэтая тэрыторыя, можна сказаць, вычарпана для звералова, і я проста спрабую ўратаваць рэшткі. — Ён кіўнуў на Бэрка, які стаяў побач. — Вось містэр Бэрк з Аховы пушных і рыбных рэсурсаў. Ён раскажа вам, што засталося ад нашага Муск-о-гі, а засталося няшмат. Ён скажа вам і пра пастанову, і думаю, што многім з вас яна будзе не даспадобы.
Бэрк не глядзеў на іх, здавалася, ён звяртаўся да жменькі дробязі, якую падкідваў на далоні.
— Вы ўсе за апошні год у розны час бачылі Ласона і мяне ў Муск-о-гі, і вы ведаеце, што праведзена надзвычай сур'ёзнае абследаванне дзічыны гэтага ўчастка. — Ён падняў вочы. — Вы, звераловы, ведаеце пра дзічыну больш за мяне, і вы ведаеце, як яе становіцца мала. Вы ведаеце, што пушніны ў Муск-о-гі не можа больш хапаць на жыццё трынаццаці трапераў на трынаццаці ўчастках. — Бэрк на імгненне затрымаў вочы на Роі, але быў падкрэслена абыякавы, трымаўся холадна. — Многія з вас, відаць, памятаюць, чым было звералоўства да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года, калі былі створаны заказнікі. Да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года гэта была шалёная гонка па азёрах, рэках і сцежках, і кожны трапер ставіў свае пасткі там, дзе хацеў, пакуль не сустракаў пасткі іншых. Тады ён збочваў, калі баяўся, альбо вычышчаў чужыя пасткі, калі быў дастаткова нахабны. Падзел усёй тэрыторыі Муск-о-гі на ўчасткі спыніў такое становішча. Ён даў вам трынаццаць пэўных участкаў, па, адным на кожнага. Гэта спыніла сваркі і драпежніцтва адзін супраць аднаго, але не знішчыла пагрозы залішняга аблову Муск-о-гі. Магчыма, калі б вы больш ашчадна абыходзіліся з вашымі ўчасткамі, дык там і зараз было б больш дзічыны, але не ўсе былі дбайнымі гаспадарамі. Некаторыя з вас ганяліся за кожным цэнтам, які можна было выціснуць з пастак, і вы спусташалі ўчасткі дарэшты. Я нікога не абвінавачваю, бо ведаю, што трапер сам сабе не вораг, я ведаю, што спусташалі ўчасткі вы не без падстаў. Але факт ёсць факт. Пушніны засталося хіба што на палову вас, і калі зараз не прыняць неадкладных мер, дык хутка яе не застанецца зусім. Мы меркавалі, што заказнік на Сярэбранай рацэ калі-небудзь уратуе Муск-о-гі, мы на гэта спадзяваліся.
Рою хацелася пратэставаць, апраўдвацца, але ён слухаў Бэрка, а яго траперскае сумленне мучыла яго.
— На няшчасце, — працягваў Бэрк, — заказнік не даў яшчэ жаданых вынікаў, часткова з-за браканьерства, але галоўным чынам таму, што ён яшчэ занадта малады. — Рой адзначыў гэта як частковае апраўданне яго віны, а Бэрк працягваў гаварыць: — Дык вось, паколькі няма надзеі захаваць увесь Муск-о-гі, я прыехаў сюды, каб паведаміць вам пастанову дэпартамента. Ці ёсць у вас пытанні, перш чым я абвяшчу яе?
Ніхто не скрануўся з месца, ніхто не прамовіў ні слова.
— Яна надта простая, — рэзка прамовіў Бэрк, апусціў свае манеткі ў кішэню і агледзеў прысутных, — і яна надта суровая: з трынаццаці ўчасткаў Муск-о-гі сем будуць закрыты, а шэсць захаваны. — Тут ён прыпыніўся, даючы магчымасць пярэчыць і пытацца, але пэўны час усе маўчалі.
Затым пачаў Самсон:
— А якія ўчасткі будуць закрыты?
Інспектар падаў Бэрку карту.
— Нам давядзецца закрыць тыя ўчасткі, дзе менш за ўсё засталося дзічыны, — сказаў Бэрк. — Зараз я назаву іх. — Ён вадзіў тоўстым пальцам па зялёнай карце Муск-о-гі і абвяшчаў канец аднаго ўчастка за другім, а траперы сачылі за гэтым пальцам, які абвяшчаў лёс кожнага з іх. Ён закончыў, лёс стаў вядомы. Участак Роя ацалеў, адзін з двух участкаў Скоці і Самсона быў закрыты, закрыты былі і ўчастак Індзейца Боба.
Але гэта не магло быць канчатковым рашэннем.
— А як жа быць нам? — сказаў нехта.
Многія незадаволена зашумелі, але тут умяшаўся інспектар.
— Містэр Бэрк толькі назваў закрытыя ўчасткі. Ён не сказаў, хто будзе карыстацца тымі, што засталіся. Нам здаецца, што вы павінны вырашыць гэта самі, паміж сабой. Вас тут трынаццаць, адкрытых участкаў шэсць, і мне здаецца, што адзіная магчымасць паступіць справядліва — гэта кінуць жэрабя. Як вы лічыце?
Зноў пачаўся шум.
— А вы прагаласуйце, — прапанаваў Бэрк.
Прагаласавалі, і большасць была за жэрабя.
— Лепш за ўсё зрабіць так, — прапанаваў Бэрк. — Той, чый участак аб'яўлены адкрытым, калі выцягне жэрабя, захавае свой участак. Той, чый участак закрыты, калі выцягне жэрабя, атрымае бліжэйшы з адкрытых участкаў. Добра?
— Добра! — Ім хацелася скончыць як мага хутчэй.
— Перш чым вы будзеце цягнуць жэрабя, — працягваў Бэрк, — я мушу паведаміць вам новыя правілы, якія дзейнічаюць падчас новага становішча. Нам вядома, што пры існуючай норме адлову немагчыма пражыць, таму мы хочам даць вам палёгку. Больш не будзе жорсткай нормы альбо сезонных абмежаванняў для бабра і андатры.
Гэта ім спадабался, і яны зашумелі з адабрэннем.
— Але, — працягваў Бэрк, — за кожны сезон будзе дазволена браць не больш як двух баброў і дзвюх андатраў з кожнай нары вашага ўчастка. Вы павінны кожны год самі вызначаць, колькі ў вас хатак і нор, і колькасць здабытых скурак не павінна перавышаць гэтую колькасць больш як удвая. Калі будзеце лавіць залішне, колькасць хатак зменшыцца, а разам і ваша норма. Калі будзеце разумна гаспадарыць, вы станеце звераводамі, колькасць хатак будзе з кожным годам павялічвацца, а з імі і ваша здабыча. Ну як, справядліва?
— Справядліва, — адгукнуліся яны і запатрабавалі цягнуць жэрабя.
— Павінен яшчэ дадаць, — дыпламатычна закончыў Бэрк, — што лоўля рыбы ў любы час забаронена на два гады.
Гэта была крутая мера, але іх больш цікавіла звералоўства, і яны зноў сталі падганяць з жараб'ёўкай.
Інспектар і Бэрк нарэзалі трынаццаць лісцікаў паперы, напісалі на шасці з іх адно слова «Участак» і склалі шэсць разоў.
— Пазычце нам сваю шапку, Рой, — папрасіў Бэрк, і цень усмешкі мільганула ў ягоных вачах.
На хвіліну ў іх прачнулася пачуццё гумару. Самсон сарваў з галавы ў Роя яго пашкуматаную шапку і кінуў Бэрку. Усе засмяяліся, а Рой з панурай ніякаватасцю прыгладзіў мокрыя валасы.
— Ну, давайце пачнем! — сказаў Бэрк і пачаў паволі абносіць шапку.
Першыя два выцягнулі пустыя паперкі і прамаўчалі. Трэцім цягнуў Льюіс Бэрк, старэйшы звералоў Муск-о-гі, дзіўнаваты маленькі ірландзец з сівой галавой і шэра-карычневым ад загару тварам. Ён лавіў звяроў у Муск-о-гі ўсё сваё жыццё і жыў лясным сычом, не пакідаючы свайго ўчастка. Пра яго паспелі ўжо забыцца і ўспомнілі толькі зараз, калі ён цягнуў жэрабя. Калі выцягнуў паперку, ён бездапаможна азірнуўся — ён не ўмеў чытаць.
— Табе пашанцавала, Лью! — закрычаў яму Скоці. — Участак твой!
Стары нічога не адказаў, толькі акуратна склаў лісток, нібыта гэта быў на самай справе законны дакумент на права валодання.
Затым падышоў Самсон, азірнуўся на Скоці і пацягнуў.
— Пуста, — сказаў ён. — Нічога няма.
Скоці міргнуў і асцярожна выцягнуў руку. Ён спачатку ўсміхнуўся, паказваючы падпісаны лісток, але затым зніякавеў.
— Я не вінаваты, — сказаў ён Самсону. — Праўда, не вінаваты!
— Рой, — хутка паклікаў Бэрк і падаў шапку.
Рой зірнуў на Бэрка і згадаў шалёную гонку па возеры Т, калі прыляцеў самалёт біёлагаў. У ягоных пальцах зараз было возера Т і яго хаціна, і ўвесь Муск-о-гі, і на імгненне ён убачыў, як вяртаецца туды і зноў шукае шчасце нават на ўсечанай тэрыторыі, у Муск-о-гі, які страціў палову свайго насельніцтва і большую частку дзічыны.
— Гэта ваша шапка, Рой, — сказаў Бэрк. — Смялей цягніце!
Рой пацягнуў — і Рой выйграў, і пачуліся вітанні ў гонар Роя, і ён зразумеў — перад ім толькі адно рашэнне: як і раней — лес. Не было ні Сент-Элена, ні Сэма, ні Эндзі, ні нават Джын. Пасля ён зразумеў, што выбраў сабе лясную адзіноту, і пачаў назіраць за Індзейцам Бобам.
Індзеец не прывык гуляць пры вырашэнні жыццёва важных пытанняў, азарт не быў характэрным для яго народа. Рабіць стаўкі яго прымушалі толькі вымушаныя адносіны з белымі людзьмі, але і тут закон адбіраў у яго аднолькавы шанц, як закон адбіраў, напрыклад, права ўжываць спіртное. Але зараз яму была навязана сама буйная гульня ў ягоным жыцці, і ён паглядзеў на Бэрка з пагардай індзейца не толькі да аднаго Бэрка, але і да ўсіх Бэркаў на свеце.
Боб прайграў, але, паміраючы, яго вочы і смяротна белыя губы нічога з ягоных пачуццяў не выявілі.
Тры іншыя надпісаныя лісцікі былі хутчэй трагедыяй, чым спрыяннем лёсу, і апошні выцягнуў п'яніца ірландзец, якога лес паступова губіў і зараз мог загубіць канчаткова.
— Так, з гэтым вырашылі, — сказаў інспектар, і ў яго быў выгляд чалавека, які таксама нешта страціў. — Застаецца дадаць няшмат. Новыя ўчасткі на поўначы па-ранейшаму адкрытыя і будуць адкрытыя да мая. Калі хто-небудзь з вас хоча паляваць там, я прыму заяву і абяцаю, што вы атрымаеце ўчасткі. Я ведаю, што гэта далёка і што амаль немагчыма жыць тут, у Сент-Элене, а паляваць там. Гэта, вядома, ужо не мой раён. Але я паспрабую дабіцца, каб быў вызначаны зручны шлях па рацэ Ўіп-о-Ўіл, каб за кошт урада былі ачышчаны волакі і нешта накшталт сцежак, каб кожны хоць раз за сезон мог дабрацца сюды пешкі і на лодцы. Я не ўпэўнены, што мне гэта ўдасца, але вось містэр Бэрк згодзен паклапаціцца пра гэта ў дэпартаменце. Дык вось, калі нехта хоча атрымаць участак на поўначы, запішыцеся ў мяне. Здаецца, усё.
Яны разыходзіліся няспешна, бо такі сход наўрад ці паўторыцца, і кожны меў што сказаць іншаму. Выключэннем быў Рой, і Рой пайшоў першы. Ідучы міма інспектара і Бэрка, ён спыніўся, каб узяць сваю шапку. Бэрк падаў яе Рою.
— За паляўнічае шчасце! — з усмешкай прамовіў ён, відаць, чакаючы, што Рой на гэта неяк адгукнецца.
Рой узяў шапку і ў прыязным позірку Бэрка ўбачыў магчымасць уласнага адраджэння. Ён мог вярнуцца да сваіх азёр, і лясоў, і звярыных сцежак. Мог вярнуцца да змены паляўнічых сезонаў і аднавіць свой паядынак са стыхіямі і з пушным інспектарам.
У адказ на заахвочвальную ўсмешку Бэрка ў ім расло жаданне мець усё гэта, і ўсё адно ён ведаў, што не вернецца. Калі няма для яго Сент-Элена, няма і Муск-о-гі, і вобраз Муск-о-гі стаў цьмяным. Рой адзеў шапку на галаву.
— Як палявалі, Рой? — спытаў інспектар.
— Добра.
— Пушніна, вядома, першагатунковая?
— Розная.
— А каму прадалі? — спытаў інспектар.
— Яшчэ пакуль нікому, — сказаў Рой і раптам прыняў рашэнне. — Ведаеце што, інспектар, — прамовіў ён. — Калі не будзе пярэчанняў, аддайце мой участак Індзейцу Бобу. Вы не будзеце супраць?
Інспектар не адразу зразумеў Роя.
— Навошта? — сказаў ён. — Вы атрымалі яго, а Боб возьме сабе ўчастак на поўначы.
Рой страціў цярпенне.
— Я адмаўляюся ад свайго ўчастка. Перадайце яго Бобу, калі, вядома, ён захоча.
Рой ведаў зараз, што жаданне адмовіцца ў яго ўзнікла яшчэ ў той момант, калі ён убачыў у руках індзейца чысты белы лісток. У гэты момант уласная перамога Роя стала для яго крахам, і зараз ён без шкадавання аддаваў участак Бобу. Яго не клапаціла, што ён парушыў закон ці паляваў у заказніку. Ён аддаваў участак Бобу таму, што не мог вярнуцца ў Муск-о-гі, аддаваў як усвядомлены ім доўг перад індзейцам і перад любым чалавекам, перад усімі людзьмі, якія ў сваю чаргу былі ў даўгу перад ім і выручылі б яго ў выпадку патрэбы.
— Хай бярэ яго, — сказаў Рой, — каб толькі іншыя не шумелі.
Інспектар паціснуў плячыма.
— Як хочаце, Рой. — Ён нічога не разумеў.
— Тады бывайце, — сказаў Рой.
— А чаму вы не хочаце, каб я запісаў на вас адзін з паўночных участкаў? — спытаў інспектар, які пачынаў нервавацца ад выбрыкаў Роя.
— Не трэба пра гэта, інспектар, — адказаў Рой.
— Дык вы не хочаце новага ўчастка?
— Не, — адказаў Рой. — Не хачу.
— Але чаму? — умяшаўся Бэрк.
Рой зірнуў на гэтага вучонага лесавіка і засумняваўся: ці ведае ён на самай справе, што такое лес? Як яму давесці, гэтаму Бэрку, што ён страціў Сент-Элен, а значыць, страціў і Муск-о-гі, страціў і поўнач. Як яму давесці, што куды б ён ні пайшоў, яго ўсюды чакае доля ляснога сыча, як расказаць гэтаму Бэрку пра ўсё?
— Чаму б вам не пайсці на поўнач? — не здаваўся Бэрк.
— Надта далёка.
— Вы ненармальны, — прамармытаў інспектар.
— Магчыма, — сказаў Рой і пайшоў.
Рой не еў ужо цэлыя суткі і ведаў, што, калі вып'е хоць кроплю, яму стане блага. Ён нацягнуў шапку так, каб засцерагчы вочы ад сонца, і ляжаў на лаўцы каля бара Клема. Ён не хацеў больш нічога вырашаць, ні пра што думаць. Яму было прыемна, тут на сонцы, і хацелася заснуць, але заснуць ён не паспеў. Нейкі бяздомны сабака абнюхаў яго і лізнуў твар, калі ён апусціў руку, каб пагладзіць яго. Пасля прыйшоў Самсон.
Самсон ссунуў ногі Роя з лаўкі.
— Куды гэта ты спяшаешся? — спытаў ён і сеў. — Мы шукалі цябе, а цябе няма.
— Я спаць хачу, — адказаў Рой.
— Інспектар кажа, што ты адмовіўся ад свайго ўчастка і не захацеў браць на поўначы. Гэта праўда? Ты на самай справе зрабіў гэта?
Рой перавёў погляд на бляклую пляму возера Гурон.
— Праўда, Самсон, — сказаў ён абыякава.
— Я яшчэ разумею, чаму ты аддаў свой участак, — сказаў Самсон. — Але чаму не ісці на поўнач? Гэтыя мясціны чакаюць такіх, як ты. Ты гадамі гаварыў пра тое, каб пайсці на поўнач. Дык што ж сталася, чаму ты перадумаў, калі ёсць такая мажлівасць?
Рою міжволі давялося разыгрываць Самсона.
— Старэю я, Самсон, для такіх прыгод, — сказаў ён. — Гэта для такіх дужых хлопцаў, як ты. — Рой успомніў, колькі разоў ён спрабаваў разлучыць Скоці з Самсонам і нічога не выходзіла. А як лёгка разлучылі іх абставіны.
— Што ты будзеш рабіць без Скоці? — спытаў ён здзекліва.
Вялікія далоні Самсона былі такія цяжкія, што сабака глуха забурчаў.
— Скоці адмовіўся ад свайго ўчастка і вырашыў ісці на поўнач разам са мной. Давай і ты з намі. Чаму ты не хочаш? Што з табой?
Рой не адказаў, але засмяяўся са Скоці, як смяяўся з Самсона. Смяяўся ён і з сябе, са сваіх спроб разлучыць іх.
— Дык што, Рой? — спытаў Самсон.
— Я вырашыў адпачыць, — адказаў Рой.
Самсон не адставаў ад яго, не пераставала яго рука церабіць сабаку. Але ад абодвух ён нічога толкам не дабіўся, ды тут з'явіліся Скоці і Джэк Бэртан.
— Так! — сказаў Рой. — Значыцца, з'явіліся яго экселенцыя айцец Малькольм і дарожны ўпаўнаважаны.
— Я прывёў Джэка, — дзёрзка пачаў Скоці, — каб хоць ён навучыў цябе. Паслухай, Рой. Ты аддаў свой участак Індзейцу Бобу, гэта твая справа, мяне гэта не турбуе, — эмацыянальнасць гэтага ідэаліста была надта яўнай і падкрэсленай. — Але навошта адмаўляцца ад новага ўчастка на поўначы? Што ты думаеш рабіць далей? Сядзець тут і паміраць?
— Пайшоў ты, Скоці, — панура прамовіў Рой.
Скоці адмовіўся ад уяўна гнеўнага тону.
— І чаму табе не пайсці на поўнач са мной і Самсонам? — пытаўся ён. — Чаму ты не папросіш інспектара запісаць цябе на адзін з тых участкаў?
Рой паглядзеў на толькі што наваксаваныя боты Скоці.
— А навошта табе ісці на поўнач? — спытаў ён у Скоці. — Ты ж выцягнуў свой стары ўчастак, навошта табе валачыся на поўнач?
— Не будзь упартым, Рой, — папрасіў Самсон. — Чаму ты не хочаш пайсці з намі?
— Але чаму б вам не пайсці зараз у бар і не напіцца? — спытаў Рой, і адразу ж закрычаў на іх, каб не думаць, якое гэта было б шчасце — пайсці на поўнач з Самсонам і Скоці, шчасце, якое ён не прымаў дзеля непазбежнай адзіноты, якая чакала яго ўсюды ў лесе. Калі ўжо нічога не было для яго ў Сент-Элене, дык нічога не было для яго і ў лесе. Як яны не могуць гэтага зразумець?
— Схадзіце, — крычаў ён ім, — схадзіце і добра напіцеся, пакуль вас не зжэрла ледзяная пустыня!
— Мо ты ўгаворыш яго, — сказаў Скоці Джэку. — Ты не маеш рацыі, Рой, і сам гэта добра ведаеш. — І ён павёў Самсона ў бар.
Рой адразу ж напаў на Джэка.
— Ну, — сказаў ён. — Выратавальнік дарог! Выратавальнік горада! Што яшчэ. ратаваць збіраешся? — Але атака была слабая.
— Мне паведамілі, што ўчора вечарам ты не знайшоў мяне, — сказаў яму Джэк, не звяртаючы ўвагі на яго горыч.
— Я нікога не знайшоў учора вечарам, — адказаў Рой.
Джэк сеў.
— Ты, вядома, заходзіў дамоў?
Рой павольна кіўнуў.
— Прыйшоў у свой пакой, а там чужыя дзеці. — Ён прыкрыў шапкай вочы і гаварыў вельмі спакойна. — Хто купіў ферму, Джэк? Нехта з Раселяў?
— Не. Яе купілі зямельныя агенты, а заплаціў, відаць, банк.
— Банк? А навошта яму хата фермера?
— Але ж гэта яшчэ даволі прыстойная ферма…
— Але навошта банку купляць яе? Банк — гэта ж проста будынак. Навошта яны скупліваюць фермы? Якая ў гэтым патрэба? — Рой, нарэшце, знайшоў падставу для незадаволенасці, але і гэта не давала палёгкі. — Што ж зрабіў Сэм? — пытаўся ён у Джэка. — Узяў і прадаў ім ферму?
— Не, быў аўкцыён, а банк даў больш за ўсіх.
— А каго яны пасялілі на ферме?
— Білі Эдвардса, — сказаў Джэк.
— Спачатку ён атрымаў майго каня, а зараз і ферму, ў дадатак!
— Ён добры фермер, Рой. Ён будзе на ёй як след працаваць.
— Вядомая справа! Таму, напэўна, банк і пасадзіў яго туды.
— Відаць.
— А як жа Сэм?
— Ты нічога не чуў пра Сэма?
— Не, — адказаў Рой.
— Сэм проста сышоў. — Джэк паціснуў плячыма. — Уцёк.
— Разам з Руф?
— Не, кінуў яе. Усё кінуў. Забраў палову грошай, адным цудоўным ранкам пайшоў на станцыю і знік. Знік!
— Зусім як Эндзі, — сумна, але без горычы прамовіў Рой.
— Так, падобна, — сказаў Джэк і замоўк у чаканні.
Рой павінен быў задаць гэтае пытанне. Зараз ён не мог не задаць яго.
— А што з Эндзі? Дзе ён?
— Недзе тут, — сказаў Джэк.
— А Джыні?
— Па-ранейшаму ў старой хаце Мак-Нэйраў.
Рой падняў шапку, і сонца асляпіла яго.
— Ты яе яшчэ не бачыў? — спытаў Джэк.
Рой пакруціў галавой.
— Яшчэ не, — сказаў ён. — А Эндзі з ёй?
Джэк паціснуў плячыма.
— Магчыма, — сказаў ён.
На імгненне Рою здалося, што Джэк мог бы сказаць больш, але той змоўк і неяк неахвотна ўсміхнуўся. Сабака зноў пачаў лашчыцца да Роя. Той механічна церабіў яго галаву, морду, шыю. Сабака быў, відаць, ручны і заскуголіў, калі рука Роя перастала гладзіць яго.
— Джэк, — вінаватым тонам сказаў Рой, успомніўшы, нарэшце, нешта важнае. — Я схаваў у тваім хляве пушніну.
Джэк кіўнуў.
— Я бачыў.
— Я яе забяру адтуль. Мо сёння вечарам.
— Калі захочаш, — сказаў Джэк.
— Не, сёння вечарам, — сказаў Рой.
— Ладна, — сказаў Джэк. — Мо пераначуеш у нас?
Рой кіўнуў.
— А як твая ферма? — спытаў ён.
— Становіцца падобнай на ферму, — сказаў Джэк.
— А сям'я?
— Нармальна, Рой. На будучы год адкрываем сярэднюю школу ў Марлоў. Учора гаварыў з адміністрацыяй.
— Марлоў? Гэта ж за дзесяць міль, — сказаў Рой. — Які сэнс для нас?
— Дзесяць міль? — Джэк паціснуў плячыма. — Арганізуем аўтобус.
— Фермер Джэк! — сказаў Рой, і гэтыя словы прабіліся ў яго пацяжэлую галаву. Яму захацелася падчапіць Джэка, пажартаваць наконт схаванай пушніны, наконт горада, наконт дарогі, наконт школы. Джэк быў тут і чакаў гэтага, амаль маліў Роя не адасабляцца. Дзіўнае гэта было маўчанне, але неўзабаве яно перарасло ў пераможную перадышку, бо менавіта гэтае маўчанне вярнула Рою пэўнасць, ад якой яму не было дзе схавацца. Гэта была пэўнасць Джэка, які ніколі не здаецца. Джэка і яго фермы, Джэка і яго школы — сярэдняй школы! Іменна тое, як Джэк сцвярджаў свае правы, уратавала Роя ў гэты вырашальны, апошні момант. Зараз ён не мог уцячы ад самога сябе.
— Добра, — прамовіў Рой і ўстаў. — Мне трэба ісці, Джэк.
Джэк ведаў, куды ідзе Рой, і ведаў, што яго чакае, але ён мог толькі сказаць:
— Бадай, трэба, Рой.
— Тады бывай, — сказаў Рой і пайшоў прэч не сваёй звыклай паходкай, а крыху хістаючыся, нібыта Блэк-энд-Блю яшчэ туманіла яму галаву. Джэк назіраў, як ён перайшоў дарогу і нацянькі пайшоў да старой хаты Мак-Нэйраў.