8 ТУБЫЛЬСКІЯ ВІДАРЫСЫ


ДЗЕНЬ МУМІФІКАТАРА

Перформанс «Забі маманта», зладжаны ў 2000 годзе ў менскім клубе «Альтэрнатыва», прайшоў праз доменныя печы, балоты і вакуум. Ён прымусіў задумацца ўсіх пра сэнс жыцця. Асабліва моцна ён прасвідраваў вузкалобых гопнікаў. Я і афрыканеры змуміфікавалі не толькі «Альтэрнатыву», але і прастору ўсіх клубаў. Труна і агромністая маска. Закляцці. Бой бубна. Сігналы космаса. Хтосьці зваліўся ў нірвану. Я зжаваў каля трыццаці лічынак, у ролі якіх выступілі гусіныя і курыныя яйкі. Літаратурныя крытыкі пляваліся. Атрымайце, эстэты!

Адным з апошніх акордаў у перформансе быў момант атручвання. Я памёр. Змярцвелае цела паклалі ў труну і вынеслі прэч. Ешце на здароўе. Але маманты вечныя. Ша!


ШЧЫТ ДУШЫ

«Літ-арт - 2000» засвяціў маю постаць на самым высокім дзяржаўным узроўні. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь я выставіў графічную працу «Паэма пра забойства конікаў» (70 х 100). Прафесары і аспіранты, балерыны і кінарэжысёры, мастакі і паэты хадзілі кругамі вакол майго шэдэўра. Я выставіў душы вялізны шчыт! Яны пазіралі на паганскія сімвалы і са страхам вырачалі вочы. На адлегласці дзесяць метраў я глядзеў на музейны тэатр і задаволена паціраў рукі. Ха-ха. Я таўраваў мазгі наведнікаў мастацтва! Я маляваў на матацыклах! Птушкі фіксавалі дзень на крылах! Я дазволіў спадару Малевічу паціснуць сваю руку! Я зрабіў у музеі закуток уркі! Я, гурман і эстэт, ажыццявіў вакханаліі фэст! Паўсюль мне салютавалі тэнісныя сэты!


САБАКІФЮРЭРА

21 красавіка 2000 года ў Гомелі ў Палацы культуры глухіх я правёў перформанс «Сабакі Фюрэра». Правінцыйная публіка была агаломшаная. Напярэдадні я раструшчыў сэрцы выкладчыкаў і студэнтаў Гомельскага Універсітэта сваімі афрыканічнымі вершыкамі... Ша! Карацей кажучы, Гомельшчына выла воўкам ад вішнёўшчыны. Я б сказаў яшчэ — смакавала алергію. Гэткі вось прыродны наркотык.

Але вернемся да «сабак». Я і афрыканскія браты (мастак Банько і літаратар Бахарэвіч) апранулі куклукскланаўскія капя- люшыкі і, гаўкаючы, выпаўзлі на сцэну.. Там я па нашай афрыканернай традыцыі зжаваў некалькі дзесяткаў курыных яек і здох. Ха-ха. Афрыканеры выцягнулі санітарныя насілкі, загрузілі на іх змярцвелае цела і вынеслі яго прэч. Вось вам канцлагер у мініяцюры! Страшна?! Ха-ха. Нюхайце мёртвае цела шамана! Гэта могілкавыя кветкі! Гэта легенды! Гэта памяць! Так-так, гэтыя напаміны вельмі смярдзяць учарашнім!


БОМБЫ № 1

У траўні 2000 года мяне зноў запрасілі наведаць Швецыю. Мяне чакала галерэя «Коnstakuten». Ша! Але дзеля паездкі патрабавалася віза. На гэты раз я рабіў яе праз Маскву. Як высветлілася потым, шведскае консульства адкрылася ў Менску літаральна на наступны дзень пасля майго ад'езду ў сталіцу Расіі. Ы-ы-ы!.. Але ж місіяй у сонечна-хмарную Маскву таксама былі ўзнагароджаны паэт Ілля Сін і мастак Артур Клінаў. Таму гора мы падзялілі на траіх. Ша! Па дарозе мы назюзюкаліся піва, брэндзі і гарэлкі, як цуцыкі. Мы тады цукеркі і цацкі з фільмаў жахаў нагадвалі. Таму нават пацукі нас пужаліся. Кружпялі таматнымі жулікамі. Мы кідаліся ў гадаў жукамі.

А потым я абрыгаў увесь цягнік. Правадніцы хадзілі ўсцешаныя. Бярыце гэтыя жывыя аўтографы! Захоўвайце святое! Памяць — гэта наша золата! Сін і Клінаў мне зайздросцілі. У іх страўнікі не гаўкалі. Небастык трымаў штыль лякалам. Шыхт маіх зубоў нагадваў штыкі. Я забіваў вар’ятных бізонаў і кітоў. Потым у Маскве я насіў марсіянскія маскі. Я ляпіў твары і чапляў да іх скальпы. Скалы развальваліся пад маімі, пальцамі. Ррррр-ы-ы-ы!!!


МАЯ НАГА

24 траўня 200 года, за два дні да Стакгольма, ў Магілёве з перформансам “Вочы фараона”. Выставачная зала па вуліцы Болдзіна рыхтавалася прыняць мяне з хлебам, соллю,шашлыком і кухлем гарэлкі. Ха-ха! Але мяне чакалі ворагі! Я падмануў тэрарыстаў!.. Ша! Я перакуліў усе планы патрыётаў-сатаністаў! Ша! Я заслаў замест сябе артыстаў! Ідэйных афрыканічных пацыфістаў! Афрыканеры павезлі ў Магілёў замест мяне маю запасную фаршыраваную нагу, якую я склаў з фаршу, ячменных камякоў і… пачку дражджэй. Фу-у! як смярдзела мая нага! Як сапраўдная нямытая бамжацінка! Вулічна-нямытая бужанінка! Гэта проста мара кожнай сэксуальна-заклапочанай жанчынкі!

Па рэспубліканскім радыё перадалі навіну… “Афрыканеры-перформеры прапаноўвалі пакаштаваць фаршыраваную нагу Зміцера Вішнёва…” Ха-ха. Адзін п’яны хлапец з’еў кавалак нагі. Кажуць, усе перапужаліся. Думалі — атруціўся. Выжыў. Ха-ха. Гэта ж жывыя лекі. Чарадзейныя смакі дзеля калекі.


БОМБЫ № 2

У самалёце кампаніі "Белавія" 26 траўня 2000 года я абрыгаў мастака Клінава. Потым доўга гучала яго сяброўскае: "У-у, сволач". Адбывалася гэтая дзея недзе над Балтыкай на падлёце да Стакгольма. Сцюардэсы былі ўсцешаныя і бегалі да мяне з пакецікамі кожныя пяць хвілін. Па самалёце гуляў мой ванілін. Я быў садыстам — я жаваў віртуальных дантыстаў. Я ўжо ўвайшоў у стан нірваны. Пачалося!

У галерэі "Коnstakuten" я паказаў перформанс "Культ асобы: шведскі варыянт". Афрыканер зрэзаў мяне са сцяны. Я зваліўся ў эпілепсіі. Я калаціўся і калаціў шведскія курыныя яйкі. Буржуйскія яйкі. Рукамі якарнымі я раздзяўбаў два шкляныя слоікі. 3 аднаго вываліліся ныркі. Шведы перапалохаліся. Ша! Ведай нашых! Сігналы ішлі з цемрачы. На столі высвечваліся сілуэты фараонаў. Афрыканер круціў фарай. Нам зайздросціў сам Рафаэль. Махаоны звальваліся ў эль. Я здох. Маё цела выцягнулі ў рэанімацыю. Я перадаў сусветнай буржуазіі інфармацыю. Я будаваў афрыканскі капіталізм. Усім вам клізмы!

На дзёслах ляжыць шкло. Я ведаю, што гэта смачна. Мачты і цукар. Ты лаешся рускім матам. Я буду ў садзе вучыць цябе тамагаўкам. Не будзеш болей сыпаць атруту ў шклянкі людзей і звяроў. На зебры скача душа Бога. Гэта сонца душавае. I таму душманы грызуць шайбу. Бо мая шайка — гэта шабаш са швабрай. Бо мая юшка — гэта жабры рыбы і слана вушы. Я на батарэях пабачыў творчасці батон. Таму тупаю па кнігах і карцінах вайсковымі ботамі. Я — Змій Віш. Я — атаман літаратурна-мастацкай лодкі.


Загрузка...