НЕКАТОРЫЯ ПЫТАННІ КНІГІ


Навошта змагацца са шклом? Навошта бавіць час у барах і школах? Навошта ўжываць у вялікай колькасці мікробаў і мамантаў на сняданак? Чаму мне не стае манайскіх бананаў? Адчуваеш, як бурбочуць птушкі на шпалерах? Бачыш, як адстрэльваюць тут качак, як мушак? Сухія бульдогі на балконах — хіба звычайная з'ява? Напэўна, суседка згубіла на сонцы свае лінзы? Мабыць, афрыкоза — гэта кракадзіл Генюсь? Цалкам верагодна, што мара мая, як труна з тварагу? Няўжо ў нас няма ворагаў? Тубыльскія відарысы - гэта што за пасека? Чуеш, як недзе ў асобы галаву адсякаюць? Прызнайся - у каюце каюк — па горле прайшоў якарны крук? А можа, гэта крычаць піяністы-правакатары? Ці гэта аповед пра піянераў, што жылі сярод балотных анархістаў? Хіба варэнне можа быць сёння кіслым? Гэта ты разганяў вёсламі сок? Козы біліся з афрыкозамі? Гэта фокус? Ці ўкусіў камар-сука? У лядоўні прыхаваны мус? Гэта наш сум? Я, здаецца, люблю плюхацца ў тазіку? Альбо мне далі па галаве мячыкам? Напэўна, у кардонным пачку чыпсы? А можа, на галаву мне сыплецца сон? Вулкан разборкі пачаў клеіць? Там жа былі цюлені? Ці гэта былі падземныя алені? Мне падалося, ці гэта Ленін? Як вам спіцца, таварыш Сталін? На крышталіках расталы лёд? Русізмы і паланізмы — мой афрыканскі плед? Я ўжо маразматычны дзед?

Удакладні: ты мая белая гарачка? Альбо на фінцы матляецца рачок? Мой кот — літаратурны качок? У турнэ п'юць каньяк бочкамі? Ці гэта маленькія галюнікі — саранча і конікі? Прызнайся-прызнайся — я ўжо потны гопнік? Ці на маім мундзіры залатыя пагоны? Можа, на труну нагадзіла варона? Страляць баронаў? Страляць дэмакратаў? Страляць камуністаў? А можа, пойдзем гуляць у футбол? Ты футурыст ці валідол? Ты гітарыст ці салідол? Навошта крычаць пра майго сябра Крыстофера Леандора? Ён расплёў коскі Кэры Кізу? Няўжо Юкка на ледаколе паплыў на Паўночны полюс? У дзяўчынкі флюс? Хіба мінус — гэта вельмі дрэнна? Зрэдку бык на арэне? Я спадзяюся, гэта ўсміхаецца мурэна? Гэта мая адрэзаная мурынская рука? Можа, я японскі урка? Бачыш гэты неба круг? Там скачуць пунсовыя кенгуру? Магчыма, гэта тубыльцы з племя Гуру? Хіба на Беларусі няма сваіх фальклорных гуртоў? Памяць пра кларнет і агромністы торт? Табе надакучыла глядзець мне ў рот? Я — вырадак? Я — вурдалак? Што, у мяне на руках крывавы лак? А можа, каля горада трупы і шлак? А можа, з акна падаюць бомбы са шкла?

ЗМІЙ ВІШ

2000 г.


Загрузка...