Зязюля трапіла ў гэту вёску яшчэ як была дзеўкай. Паміж яе родным племенем i тутэйшым пачаліся былі тады звады. Недзе сагналі статак быдла, там спалілі паселішча, некага ранілі. А Зязюлю захапілі ў палон. Не паслухалася маці i далекавата адышлася ў пушчу — сама пайшлі баравікі; хацела насушыць на зіму пабольш. Быў ix там гурт дзяўчат, але ўсе ўцяклі, калі прыкмецілі чужакоў, а яна звіхнула нагу. I дасталася Зязюля маўкліваму воіну, у якога нядаўна памерла жонка, пакінуўшы хлопчыка-сіротку.
Спачатку бедавала дзяўчына-паланянка, намервалася не раз уцякаць. Але дзе ўцячэш, калі твае родныя за некалькі дзён шляху праз пушчу. A ў лясным гушчары на кожным кроку мядзведзі i рысі. Аднаму нават i дужаму мужчыну вялікая рызыка, а слабой дзяўчыне...
Пагаравала Зязюля, ды i абціхла. Чалавек, у чыю хату яна трапіла, аказаўся добрым i клапатлівым мужам. Да хлопчыка таксама прывыкла. Навучылася размаўляць па-тутэйшаму, пазнаёмілася з мясцовымі звычкамі. А як знайшліся i свае дзеці, i сябе пачала лічыць тутэйшай.
Учора Зязюля скончыла шыць абувакі са скуры зубрынай лабаціны. Цяпер яны віселі пад дрэвам, напханыя сухой травою. Высахнудь, стануцдь моцныя i цвёрдыя, як з дубу. Паслужаць мужу не адзін год. А сёння, як выпаў вальнейшы час, узялася за сваю любімую справу — пачала ляпіць гаршчок. У гэтым ёй падахвоцілася быць памагатай сяродашняя дачка, светлавалосая i блакітнавокая дзяўчынка гадоў васьмі, з рабацінкамі на твары, як i ў маці.
За хатай, пад кустом арэшніку, дзе было заценена i заўсёды вільготна, Зязюля разгарнула насланую кару. Адкрылася яма з запасам яшчэ летась накапанай гліны, перамарожанай за зіму, гатовай да ўжытку. Яна ўзяла некалькі камоў, паклала ў плыткае карыта, уліла туды вады. Потым з дачкой пачалі драўлянымі таўкачамі таўчы камы, каб атрымалася добра вымешаная вязкая маса.
Час ад часу Зязюля падсыпала ў карыта жарству, якой загадзя нацерла з перапаленага каменю. Гліна без такой дамешкі пры апале трэскаецца, i гаршкі развальваюцца.
Нарэшце глінянае цеста прыгатавана. Для спробы Зязюля раскатала тонкую кілбаску i спляскала яе. Атрымалася стужка. Памацаўшы яе, паціскаўшы ў пальцах, жанчына задаволена кіўнула галавою.
— Падыдзе,— сказала яна дачцэ.— Памыем зараз у рэчцы рукі i пачнём.
Затым Зязюля паклала каля сябе кавалак дошкі, выгладжанай i выскабленай нажом i скрабком. Дошку пасыпала дробным пяском, каб выраб не прыставаў да дрэва, i паклала на яе першы камяк гліны. Пачала яго пляскаць далонямі ў роўны круглы блінок. Краі блінка загнула ўверх, выраўняла. Атрымаўся быццам сподак — дно будучай пасудзіны.
Дачка сядзела побач i на вялікім лісце маці-мачыхі ляпіла свой гаршчочак, памерам мала большы за ўласны кулачок.
Пасля дна пачыналася самае складанае. Трэба было сфармаваць выпуклае брушка, шыйку, шырокі брыж. Потым падправіць паверхню вырабу, каб яна стала роўнай i гладкай. А затым ужо аздобіць гаршчок.
Перш чым распачаць работу далей, Зязюля задумалася, успомніўшы каторы раз, як гаршкі ляпілі ў яе роднай вёсцы. Там пласкадоннага посуду i не ведалі. Рабілі з дном вострым. A ў некаторых мясцінах — з закругленым. А таму, што ежу гатавалі на вогнішчах, уторкваючы пасудзіны паміж вугалямі i галавешкамі. Як ні падгаралі дровы, a такія гаршкі не куляліся. А тут агнішчы лепяць з гліны. I чэрані таксама гліняныя, роўныя i моцна апаленыя. На такі можна паставіць толькi гаршчок з плоскім дном. Дома яшчэ ляпілі аб'ёмістыя пасудзіны — для жалудоў, арэхаў, ягад, сушаных грыбоў. Тут такіх не робяць. Запасы трымаюць у плеценых з саломы кубельчыках.
Разуспаміналася Зязюля, разжалілася i нават слязой абвільгатнелі яе вочы — што зараз з мамаю, якая вучыла яе таямніцам глінянага рамяства? Але хутка схамянулася: край сонца ўжо кранаецца арэшнікавай вершаліны i хутка рыхтаваць абед для мужчын, якія павінны вяртацца з возера. Жанчына пачала скочваць гліняную кілбаску i пляскаць яе ў стужку, тонкую i шырокую. Зараз маці дапамагала, i дачка падтрымоўвала стужку, а Зязюля накладвала яе на дно, змацоўваючы краі кожнага наступнага вітка.
На вачах вышэлі сценкі гаршка, выпуклялася ягонае рудое брушка. Але Зязюля асабліва не спяшалася, бо трэба было, каб ніжнія віткі паспявалі падсохнуць i памацнець. Інакш пасудзіна распаўзецца, абсядзе пад цяжарам сырой гліны.
Пасля абеду, калі гаршчок быў амаль гатовы, у апошнюю гліняную кілбаску Зязюля закатала тоўстую нітку з авечай воўны.
— Каб мацней было,— растлумачыла.
Кілбаску прыляпіла да верху i пальцамі размяла так, каб атрымаўся ахайны, са скошаным краем, брыж.
Зараз жанчына ўзяла ў рукі авальную, зазубраную з аднаго канца, касцяную пласцінку. Абмочваючы яе ў пасудзіне з вадой, пачала раўняць, заскрабаць стыкі паміж віткамі стужкі. На паверхні сценак утваралася мноства драпін-баразёнак. Але затое самі сценкі раўнелі, набывалі дасканалейшую форму.
— Ну вось, амаль i гатовы наш гаршчок,— паведаміла яна сваёй памочніцы i сама ўзрадавалася, што праца, здаецца, удалася. Засталося толькі рэдка разведзенай глінкай замазаць драпіны. I няхай ноч падсыхае, a назаўтра можна будзе аздобіць яго ўзорам.
На наступны дзень усе Зязюліны дзеці селі наўкола яе, бо вельмі любілі глядзець, як маці ўпрыгожвае гаршкі. Да таго ж спадзяваліся, што можа i ім будзе дазволена правесці хоць маленькую рысачку.
Трымаючы падсохлы гаршчок у левай руцэ, Зязюля той жа касцяной пласцінкай пачала адціскаць на яго шыйцы глыбокія гарызантальныя баразёнкі. Закончыўшы гэту справу, узяла касцяное шыла i яго вастрыём ніжэй баразёнак прадрапала трохкутнікі, a ў трохкутніках — частыя паралельныя рысы. Такі ўзор азначаў узаранае i засеянае поле. Ён павінен быў паспрыяць, каб у сям'і заўсёды знайшлося што згатаваць у такім гаршку, каб яго ўласнікаў не спаткаў голад.
Задаволена агледзеўшы сваю работу, жанчына падумала і, крыху павагаўшыся, канцом палачкі пад самым брыжам гаршка зрабіла глыбокія круглыя копачкі. Так зауседы упрыгожвалі гліняны посуд у яе родным племені.
Зязюля, нарэшце, разагнула занямелую спіну. Адпачыла. Потым паклала выраб у цень пад паветку — каб падсох пару дзён, i пад страхам лупцоўкі загадала дзецям да яго не дакранацца.
А пасля вясковыя жанчыны знясуць у адно месца толькі што злепленыя свае гаршкі. Мужчыны раскладуць вялікае вогнішча i пачнуць гэту ляпніну абпальваць, стараючыся, каб пракальвалася яна раўнамерна. У канцы дроў будуць падкладаць усё менш, каб жар слабеў паступова, бо калі астудзіць раптоўна — гліна патрэскаецца. A калі зусім патухне вогнішча i астынуць круглабокія звонкія гаршкі, мужчыны асцярожна дастануць ix з вугалёў i раздадуць гаспадыням. А тыя будуць пазнаваць свае вырабы па асаблівасцях узору i цікаўным вокам пазіраць на посуд суседак — у каго лепш i прыгажэй.
* * *
— Як ты ўжо, напэўна, ведаеш,— сказаў я, перадаючы Івану Пятровічу чарговыя спісаныя аркушы паперы,— першы гліняны посуд на нашых землях з'явіўся ў самым пачатку новага каменнага веку, каля шасці тысячагоддзяў назад. Праз увесь неаліт амаль адзіным тыпам начыння ў нашых продкаў быў вастрадонны, часам акругладонны, гаршчок — як у цяперашніх турыстаў. У бронзавым жа веку посуд стаў больш разнастайны i рознапамерны — пласкадонныя гаршкі, міскі, кубкі, жбаны-гладышы, вушастыя кубкі, слоікі, шматвухія амфары, былі нават друшлякі-цадзілкі. I ўсё гэта ўпрыгожвалася арнаментамі. Але калі ў папярэдні час узор, як правіла, пакрываў усе сценкі вырабу, то зараз ён наносіўся пераважна ўверсе. У канцы эпохі арнаменты на посудзе паступова выходзяць «з моды»: яны бяднеюць, а то i зусім знікаюць. Гэта не значыць, што людзі перасталі любіць прыгожыя аздобленыя рэчы. Проста пачалі арнаментаваць нешта новае, напрыклад вопратку.
— Не зусім ты мяне пераканаў наконт заняпаду арнаментаў на гаршках, але, можа, яно было i так. А зараз скажы, як археолагі тлумачаць, што ў бронзавым веку посуд такі розны? Можа, гэта звязана з шырокім распаўсюджаннем земляробства i жывёлагадоўлі? Да лясной i рачной здабычы дабавілася тое, што чалавек гадаваў i вырошчваў у хлеве, загоне ці на полі. Значыць, ежа стала больш разнастайнай, трэба было яе па-рознаму гатаваць, ды i спажываць — таксама. Тое ж малако лепш піць з вушастага кубачка, чым сёрбаць з вялікай пасудзіны. Да таго ж, з кубачка — больш гігіенічна.
— Слушнае разважанне! — адзначыў я.— Даўно кажу, што табе пара кінуць здзекавацца з паддоследных сабак i заняцца самай цікавай навукай — археалогіяй.
— Ну не кажы — цікавая кожная навука, калі яна падабаецца, калі па душы.