УЗГАДАВАННЕ


Перадгісторыя, або пошукі радаводу * Сям'я касуцкага святара * Фармаванне светапогляду * Ваеннае ліхалецце i пярэбары ў Кабыльнік * Канец чарговай акупацыі

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута[8] на Вялейшчыне. Бацька — Аляксандар Лапіцкі — быў святаром мясцовай Петрапаўлаўскай царквы, маці — Настасся з роду Жабінскіх з Смаргоні.

Род Лапіцкіх мае шляхоцкія карані, быў разгалінаваны i карыстаўся гербам "Шранява". Некаторыя з ix нават дадавалі прыдомак — Шарэпы, значыць, былі Шарэпы-Лапіцкія. Вядома, што ў руска-турэцкую вайну 1877-1878 гг. пад Плеўнай загінуў падпалкоўнік Уладзімірскага палка Шарэпа-Лапіцкі. Дзед Расціслава Якуб Міхайлавіч — унтэр-афіцэр Чарнігаўскага палка, удзельнік адной з турэцкіх войнаў, кавалер медаля Св. Георгія i ордэна Ганны 3-й ступені, служыў начальнікам пошты ў мястэчку Гарадок над Бярэзінай-Нёманскай на Маладзечаншчыне. А тым часам гэта была немалая пасада. Выпускнікамі Магілеўскай мужчынскай гімназіі з Шарэпаў-Лапіцкіх былі Яўген (1880 г.) i Ўладзіслаў(1889 г.). З Лапіцкіх паходзіла i нямала праваслаўных святароў, у тым ліку i Мікалай Лапіцкі — мітрапаліт Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (26.01.1907 - † 08.08.1976).

Аляксандар Лапіцкі нарадзіўся ў 1889 годзе. Дарэчы, нейкі Аляксандар Лапіцкі ў 1913 годзе закончыў Магілеўскую духоўную семінарыю. Вельмі магчыма, што гэта i быў бацька Расціслава. Згодна з царкоўнымі канонамі выпускнік духоўнай навучальні, перш чым атрымаць прыход, мусіў быў жаніцца. Тады зразумела, чаму першае дзіця ў Лапіцкіх (Вадзім) нарадзілася ў пачатку 1915 года.

Аляксандар Лапіцкі з сваёй жонкай Настассяй, як i належыць хрысціянскаму святару, мелі нямала дзяцей — чацвёра. І ўсе яны вылучаліся разнастайнымі талентамі, падмацаванымі добрым выхаваннем, — сам бацька валодаў нотнай граматай i выдатна іграў на скрыпцы, a маці паводле адукацыі была настаўніцай.

Найстарэйшы сын Вадзім (23.02.1915 — † 1988, Гіжыцка, Польшча) быў выпускніком Віленскай кансерваторыі па класе скрыпкі. У часе нямецкай акупацыі ён актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурна-асветніцкім руху, затым ратаваўся ад бальшавікоў у Польшчы. Там урэшце асеў сярод перасяленцаў на землях былой Усходняй Прусіі, працуючы настаўнікам фізікі ў адной з школ Гіжыцка (колішні Лётцэн). Нават змяніў імя Вадзім на Ўладзіслаў.

У 1921 годзе ў Лапіцкіх нарадзіўся другі сын Ігар. Але ён вельмі рана, у шасцігадовым узросце, памёр.

Трэці сын Алег (26.12.1922, Касута - † 05.10.1979, Топар, Казахстан) сярэднюю адукацыю атрымліваў у Варшаве ў гімназіі імя Т. Рэйтана i на радзіме маці ў Смаргоні. У вайну спачатку настаўнічаў, а затым скончыў курсы кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі ў Альбярціне пад Слонімам i ўзначальваў арганізацыю СБМ у Лідзе. У завірусе падзей канца вайны быццам трапіў у Прусію, дзе меў вышкаленне ў дыверсійнай школе ў Дальвіцы, адкуль у другой палове 1944 года быў дэсантаваны ў Беларусь. Восенню таго ж года Алег ужо вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе актыўна далучыўся да падземнай арганізацыі беларускай моладзі. Пры канцы года быў арыштаваны, а на пачатку 1945 года асуджаны ў Менску i атрымаў 10 гадоў зняволення, якія цалкам адбыў ў савецкіх канцлагерах. Не маючы магчымасці ўладкавацца на Бацькаўшчыне, застаўся ў Казахстане, дзе, валодаючы выдатнымі музычнымі здольнасцямі, пераважна выкладаў музыку адораным дзецям. Актыўна ўдзельнічаў у гуртаванні беларусаў — колішніх палітвязняў. Загінуў ад рук забойцаў[9].

Праз год пасля Алега нарадзілася дачка Вольга (1923, Касута; зараз жыве ў Менску). Страціўшы яшчэ ў дзяцінстве ад шкарлятыны слых, яна здолела набыць адукацыю. Развіла ў сябе мастацкія здольнасці, пачала з 8-гадовага ўзросту пісаць вершы, пазней друкавалася ў берлінскай "Раніцы", маладзечанскай абласной i вялейскай раённай газетах, у беластоцкай "Ніве"[10]. Гадоў пяць таму частка вершаў пабачыла свет у яе ўласным зборніку.

Ну i найменшым сярод дзяцей Лапіцкіх быў Расціслаў.

Усе дзеді Лапіцкіх выраслі шчырымі вернікамі i адданымі беларускімі патрыётамі. Вера была ад бацькоў. Але адкуль узяўся патрыятызм? Бацька, як выхаванец духоўнай семінарыі i святар расейскай праваслаўнай царквы ўжо паводле азначэння павінен быў цурацца беларускасці. Праўда, i сярод праваслаўных святароў былі выняткі, хоць i радзейшыя, чым у каталікоў. Успомнім хоць бы прыхільнікаў беларусізацыі i вызвалення нашай царквы ад маскоўскай залежнасці — мітрапаліта менскага i беларускага Мельхісэдэка (Паеўскага) ці таго ж Мікалая Лапіцкага. Можа што было i з матчынага боку. Адзін з яе братоў Мікалай Жабінскі ўдзельнічаў у заходнебеларускім палітычным жыцці i быў знаёмы з Максімам Танкам, з якім некалі сядзеў "за палітыку" у польскай турме. Дарэчы, нейкі Мікалай Жабінскі ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя быў у беларускім патрыятычным руху ў Старадубе на Браншчыне.

Але бывае, што дзеці фармуюць свой светапогляд насуперак бацькам. У дадзеным выпадку гэтыя таленавітыя хлопцы i дзяўчына, уражлівыя i шчырыя, не маглі не адгукнуцца на покліч крыві. Бо пачуццё нацыянальнай супольнасці — ад калектыўнага інстынкту самазахавання. Вера ў Бацькаўшчыну, як i вера ў Бога, выходзіць з душы, з-пад сэрца, мозг толькі шліфуе яе i надае глыбіні.

Вучыцца Расціслаў пачаў у роднай Касуце, дзе якраз насупраць царквы стаяла мясцовая школа. Недзе ў 1938 годзе бацьку перавялі на новае месца святарскай працы — у мястэчка Мільча (Мільч) [11] на ўсходзе Вялейшчыны. Там у мясцовай школе нейкі час яшчэ вучыўся старэйшы Алег. Тут жа прадоўжыў свае навучанне i Расціслаў — Славік або Слаўка, як яго часам называлі. Школа была, як i ўсе ў 30-х гадах у Заходняй Беларусі, ужо цалкам польская, беларуская ж мова вывучалася толькі як прадмет. A настаўнікі мусілі сачыць, каб дзеці нават на перапынках не размаўлялі "па-мужыцку". Пад канец пачатковага навучання Расціслаў застаўся ў Мільчы без старэйшых братоў. Вадзім быў у Вільні. Алега, не спадзеючыся на ровень мясцовай адукацыі, бацькі адвезлі ўсталічную Варшаву. Хіба, можа, яшчэ заставалася ў сям'і Вольга.

З набліжэннем вайны, прадчуваючы напад Германіі на Польшчу, бацькі забралі Алега з Варшавы ў родныя мясціны маці — у Смаргонь. Але праз два гады нямецкія войскі запаланілі i Беларусь. На пачатку акупацыі айца Аляксандра пераводзяць на новае месца богаслужбы — у мястэчка Кабыльнік[12] на Мядзельшчыне ў Іллінскую царкву. Яго папярэднік па прозвішчы Бацян быў замардаваны, быццам за нейкую сувязь з мясцовымі габраямі.

Невядома, ці наведваўся да бацькоў у Кабыльнік найстарэйшы сын Вадзім. Не памятаюць кабыленцы i прыездаў дачкі. А вось Расціслаў трымаўся ўвесь час пры сям'і. Ды i Алег час ад часу бываў дома, працуючы спачатку ў нейкай суседняй вясковай школе, а затым займаючыся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. Расціслаў жа мог вучыцца ў Кабыльніку. Першы год акупацыі тут была польска-нямецкая школа. Але на другім, калі ўладу ў цывільнай адміністрацыі перанялі пераважна беларусы, яна стала беларуска-нямецкая.

Ад гадоў вайны i акупацыі ў Расціслава павінны былі застацца гнятлівыя ўражанні. Гітлераўскія салдаты, розныя дапаможныя батальёны з прыбалтаў, а таксама мясцовыя паліцыянты праводзілі карныя аперацыі супраць партызанаў i тых вёсак, дзе партызаны маглі знайсці падтрымку. Адбывалася таксама пагалоўнае вынішчэнне габраяў. Рабаўнічыя налёты на насельніцтва як "рускіх", так i "польскіх" партызанаў. Іх крывавыя сутычкі між сабой i з беларускай паліцыяй ператвараліся ў сапраўдную грамадзянскую вайну, у якой самымі пацярпелымі былі мірныя жыхары i асабліва дзеці. І вось пачатак ліпеня 44-га года. Немцы займаюць абарону пад Кабыльнікам, спрабуючы стрымаць наступ савецкага войска. Над мястэчкам пралятаюць "мэсэршміты", грымяць залпы "кацюш". Мясцовы жыхар выводзіць чырвонаармейцаў у тыл нямецкай абароны, i бой скончаны.


Загрузка...