ПАЧАТАК ЗМАГАРНАГА ШЛЯХУ


Новая акупацыя? * Поплеч з братам * Першае зняволенне * Cyд i амністыя * Смерць бацькі * Юнацкія клопаты i справы * Сканчэнне сямігодкі * Пошук жыццёвай дарогі

Фронт пасунуўся на захад, i мірнаму люду быццам можна было перадыхнуць. Скончылася нялюдская фашыстоўская акупацыя, але вайна працягвалася. Найперш прайшла мабілізацыя ў войска. Гэта было звычна. І пад папярэдняй акупацыяй хлопцаў i маладых мужчын увесь час некуды мабілізавалі: у паліцыю, самаахову, Беларускую краевую абарону, у "рускія" ці "польскія" партызаны, на працу ў Нямеччыну. Большасць пайшла на фронт, каб легчы між руінаў Кенігсбэрга. Некагорыя, зноў жа па звычцы, падаліся ў лясныя сховы, каб там дачакацца чарговай змены ўлады. Частка каталіцкага насельніцтва, якая спадзявалася, што сюды вернецца Польшча, не прымала новай хады падзеяў. Беларускім жа патрыётам, асабліва моладзі, якія спадзяваліся адраджэння незалежнай Беларусі ў калатнечы сусветнай вайны, падавалася, што германская акупацыя мянялася на маскоўскую. Можа, асабліва шакавала ix тое, што беларускамоўных чыноўнікаў, настаўнікаў i паліцыянтаў папярэдніх трох гадоў зноў замянілі расейскамоўныя.

Гэтыя змены не маглі не закрануць i дзяцей з сям'і Лапіцкіх. Пасадзіўшы на фурманку жонку i дачку, выправіўся на Захад у выгнанне Вадзім. Алег спачатку далучыўся да стварэння беларускай партызанкі на Вялейшчыне, а затым увосень 1944 года перабраўся ў Вільню, дзе паступіў у праваслаўную духоўную семінарыю. Сыну святара, ды калі ў кіраўніцтве семінарыі былі бацькавыя знаёмцы, стаць яе навучэнцам, мабыць, не было складана.

Семінарыя знаходзілася непадалёку ад Вострай Брамы, у адным будынку з Беларускай гімназіяй. І вось сярод маладых навучэнцаў узнік беларускі падземны патрыятычны рух. Звестак пра яго амаль няма. Нават не ведаем, ці Алег стаў яго пачынальнікам, ці проста ўліўся ва ўжо дзейную структуру. Аднак сябрам яе быў актыўным. Сярод вядомых формаў дзейнасці падземнікаў быў друк i пашырэнне ўлётак. І да гэтай справы Алег наважыўся далучыць свайго малодшага брата Расціслава. Паміж Вільняй i Кабыльнікам менш за сотню кіламетраў, таму цяжкасцяў для кантактаў не было. Алег дастаўляў брату паперу i тэксты ўлётак, а той памнажаў ix на друкавальнай машынцы, якую аднекуль меў.

У канцы 1944 года работнікі МГБ выйшлі на след арганізацыі. У Вільні i па ўсёй беларускай частцы Віленшчыны пачаліся арышты. Былі схопленыя i браты Лапіцкія. Зняволеных перавезлі ў Менск, дзе распачаліся допыты. А на пачатку 1945 года адбыўся працэс над сямю дзясяткамі беларускіх патрыётаў, якія былі пераважна выпускнікамі Віленскай гімназіі i настаўнікамі. Алег быў засуджаны на дзесяць гадоў зняволення. Расціслаў як непаўналетні атрымаў тры гады. Адзін з асуджаных Віктар Казлоўскі пазней успамінаў, як з іхнага доўгага шэрагу, пастаўленага на турэмным калідоры перад адпраўкай на этап, выйшаў малады хлопец, павярнуўся да зняволеных i крыкнуў: "Браты! Нас нішчылі цары i каралі, здзекаваліся палякі, нас душылі немцы, знішчалі маскалі, але мы жылі, жывем i будзем жыць на нашай зямлі. І таму вышэй галаву, сябры, не падайце духам, мы пераможам! Жыве Беларусь!" На хлопца кінуліся ахоўнікі, звалілі на бетон i пачалі збіваць нагамі. Суседзі потым сказалі Казлоўскаму, што гэты хлопец — меншы з братоў Лапіцкіх[13].

Расціслаў зняволенне пачаў адбываць у Гомелі. Можа таму, што меў кароткі тэрмін? Шмат гадоў назад, калі я толькі падступаўся да тэмы мядзельска-смаргонскага падзем'я, адзін з былых палітвязняў Кастусь Шышэя пісаў мне, як яму, хвораму, дапамагаў быў у гомельскай турме нейкі Лапіцкі.

Пасля перамогі над Германіяй абвясцілі амністыю непаўналетнім i зняволеным на малыя тэрміны. Расціслава таксама адпусцілі, i ён вярнуўся ў Кабыльнік. Вярнуўся з першым, але ўжо багатым вопытам знаходжання ў савецкіх астрогах.

Апынуўшыся на волі, адпачыўшы лета ў бацькоўскай хаце, 1-га верасня Расціслаў пайшоў у шосты клас кабыльніцкай сямігодкі. Папраўдзе, вучыўся ён ужо даўжэйшы тэрмін. Але рэч у тым, што пры кожнай змене ўлады вучняў адсаджвалі на адзін клас ніжэй, "для перавучкі".

І гэтак ён скончыў у Кабыльніку 6-ты i 7-мы класы. Жылося цяжка. На самым пачатку 1946 года раптоўна памёр бацька, пакінуўшы сям'ю без ніякіх сродкаў існавання. Прыехаў новы бацюшка, i даволі прасторны папоўскі дом на Пастаўскай вуліцы Лапіцкія павінныя былі пакінуць. Добра, што знайшоўся непадалёку царквы пусты дамок. Сям'і святара павінны былі дапамагаць харчаваннем прыхаджане. Так яно спачатку i было. Але з'явіўся новы святар, праходзіў час, i тая дапамога станавілася ўсё скупейшай i радзейшай.

Цяжкасці цяжкасцямі, але юнацтва заўсёды знаходзіць свае забавы i радасці. У Расціслава шмат сяброў, але найбольш блізкі яму Часлаў (Чэх, Чэсь) Каспарэўскі. Хлопцы разам бегалі на недалёкую Нарач купацца. Абшуквалі наваколле ў спадзяванні знайсці зброю, каб пастраляць ці ўзарваць што-небудзь у лесе. Гэта былі небяспечныя, але любімыя забавы хлапчукоў у першыя паваенныя гады. Расціслаў недзе здабыў даведнікі па радыёсправе, знаходзіў ці майстраваў сам неабходныя дэталі i збіраў, часам разам з Чэхам, дэтэктарныя прыймальнікі. Сапраўдныя, якімі можна было пачуць нават "заходнія галасы". Паміж хатамі Каспарэўскіх i Лапіцкіх хлопцы нацягнулі драціну і, пасылаючы разрады току, перамаўляліся азбукай Морзе.

Пасля заканчэння сямігодкі перад юнакамі паўстала пытанне: што рабіць далей? Працягваць навучанне, ісці на працу? Расціслаў Лапіцкі i Часлаў Каспарэўскі ўвосень 1947 года пешкі пайшлі за 28 кіламетраў у Паставы паступаць у педагагічную навучальню. Позна даведаліся пра яе існаванне. Таму прыйшлі з вялікім спазненнем — другі месяц ішлі заняткі. Але з увагі на добрыя атэстаты хлопцаў пасля невялікага экзамену залічылі.

Умовы былі цяжкія. Нейкае харчаванне перападала ў сталоўцы навучальні, а з жытлом трэба было рупіцца самым. У класах было халодна, праз шчыліны залятаў снег. Каб неяк падкарміцца i абагрэцца, хлопцы на нядзелю пехатой вярталіся ў Кабыльнік. Неўзабаве Каспарэўскі зразумеў, што будучая настаўніцкая прафесія не для яго. Хлопца цягнула да тэхнікі. Лапіцкі ж застаўся ў навучальні даўжэй. Зразумела, што маладому навучэнцу старшакурснікі расказалі пра беларускае патрыятычнае падзем'е — Саюз беларускіх патрыётаў, у якім хлопцы i дзяўчаты з Пастаўскай i Глыбоцкай педагагічных навучальняў выступалі супраць русіфікацыі, за свабоду Бацькаўшчыны. Магчыма чуў i пра тое, як падземнікі кляліся на вернасць Беларусі перад гербам "Пагоня", намаляваным навучэнкай Алесяй Умпіровіч. Прыклад пастаўскай i глыбоцкай моладзі сведчыў Расціславу Лапіцкаму пра неабходнасць змагання супраць маскоўскага камунізму, які забівае чалавечую годнасць, пазбаўляе духоўнай i маёмаснай свабоды, нясе русіфікацыю.


Загрузка...