10. Быць асобаю, быць кімсьці

У дзень галасавання на рэферэндуме 1995 года я дзяжурыў на адным з участкаў у Ленінскім раёне Менска. Сярод іншага вырашаўся лёс нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Да позняй ночы мы сядзелі з ахоўнікам-міліцыянтам у холе школы нумар 55. Натуральна, разгаварыліся. «А па мне хоць майткі драныя будуць над Домам Урада, галоўнае – каб нармальна плацілі», – са спакойным цынізмам патлумачыў сваю пазіцыю старэйшы лейтэнант. Потым запытаўся:

– А чаму вы па-беларуску гаворыце?

– Бо я беларус.

– …

Пад трохкроп’ем я ўзнаўляю завісанне праграмы ў галаве суразмоўцы. Кшталту: «А я тады хто?».

Твая пазіцыя можа выклікаць і раздражненне, і адкрытую агрэсію. Бо ты як бы намякаеш чалавеку з «таго боку» – а ён хто? Проста нехта? Ці хтосьці? Калі хтосьці – то як можа вызначыцца?

Проста чалавек? Ужо няблага. Тады чаму ён нервуецца з беларускай мовы, якую чуў калі не ад бацькоў, дык ад дзядоў? Ды хоць бы праз абвесткі ў грамадскім транспарце кожны дзень?

Бо яно не прынята – размаўляць беларускай мовай? Традыцыя не такая? Ці дзесьці ўнутры сябе чалавек разумее, што «нешта тут не так», дзесьці ў яго хіба, і яму няёмка гэта прызнаваць?

У Беларусі быць палякам, літоўцам, габрэем ці татарынам – гэта таксама ўчынак. Савецкі каток прайшоў па ўсіх. А быць расейцам?

Неяк я рабіў апытанне на вуліцах Менска. Пытанне было такое: «Ці існуе ў Беларусі расейская дыяспара?».

Сустрэў адну кабету сярэдняга веку, на выгляд і па маўленні настаўніцу вясковай школы. Яна мне адказала па-расейску, але з цудоўным беларускім вымаўленнем:

– Ды што вы! Яны ўсе даўно асіміляваліся!

У зрусіфікаванай Беларусі расейцы асіміляваліся? Так! Бо мова, дакладней, выбар той ці іншай мовы – гэта толькі вынік больш глыбокіх працэсаў.

У БССР асіміляваліся амаль усе – увасобіліся ў савецкага чалавека. Таму калі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х людзі абіралі свае тоеснасці, яны рабілі гэта нанова, амаль з нуля.

Этнічны беларус мог па-расейску плакацца, маўляў, «такую страну развалілі», а сын ці дачка расейскіх інжынераў з Ленінграда перапісвалі ў пашпарце імя паводле беларускай мовы і хадзілі з бел-чырвона-белым значком у касцёл на беларускамоўныя службы (у праваслаўных цэрквах беларускамоўных службаў не было).

«Мяне бацькі навучылі быць культурным», «Мяне бацькі навучылі паважаць іншых», «Мяне бацькі навучылі самастойна думаць».

Быць кімсьці. Быць асобай. Да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ты прыходзіш пасля «я», «сваё», «наша супольнае».

Загрузка...