2. Пошук

СССР стаяў як снег пад нечакана раннім і моцным вясновым сонцам. Людзі раптам убачылі, колькі непатрэбшчыны хавалася пад сумётамі.

На вачох знікалі пісьмёны на ледзяной корцы, якія для людзей ужо даўно былі пазбаўленыя сэнсу: «Камунізм», «Слава КПСС!», «Жыць у вяках!».

На аголенай зямлі пачыналі вымалёўвацца новыя словы, для многіх жаданыя: «Незалежнасць», «Адраджэнне», «Жыве вечна!».

Жаданыя, але не напоўненыя зместам. Словы, якія ўспрымаліся хутчэй інтуітыўна, бо большасць людзей папросту не мела патрэбнага досведу, каб пабачыць за гэтымі словамі штосьці, што можа мець канкрэтную вартасць.

Пакуль адныя разгублена шукалі ў талым брудным снезе рэшткі сваіх спадзяванняў, іншыя пачыналі працаваць на нанова адкрытай, ужо рыхлай, але яшчэ халоднай зямлі.

Маё, сваё, наша. Мая краіна, свая будучыня, наша справа. Як па мне, найбольшага дасягнулі тыя, хто перарос пратэст, і пайшоў далей: у шукальнікі-першаадкрывальнікі-нановастваральнікі.

Пратэст быў патрэбны як штуршок. Тыя, хто застаўся «анты-», антысавецкім, напрыклад, так і заселі ў ім нібы ў багне, зрабіўшыся сваім уласным праціўнікам навыварат.

Новая краіна прыдумлялася і рабілася па-над «анты-».

Новыя мары і новыя крокі да стварэння свайго ўласнага Дому. Масавыя пратэсты, якія пачаліся ў сярэдзіне 1990-х, – гэта акурат пратэсты супраць забароны новай мары. І знішчэння ўжо адшуканага і толькі-толькі створанага – свайго.

Загрузка...