2. Пошук і адкрыццё

– Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне – гэта як выйсці з пакою з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу. – Бацька вучыў, што варта шукаць праўду, спазнаваць, ацэньваць рэчаіснасць. – Разуменне таго, што я беларус, прыйшло да мяне раптоўна. Прага напоўніць жыццё родным і знаёмым, тым, што ў мяне адабралі, недадалі, была вельмі моцная. Тым, што адабралі, а я знайшоў! – Гэта было сапраўднае адкрыццё. – Ведаць, што ты не самотны. Ты – частка вялікай сілы. – Гэта было своеасаблівае адкрыццё – цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.

Сяргей Салаш: Я адкрыў новую планету

– З малых гадоў Беларусь для мяне – гэта Печы (раён вайсковага гарадка ў Барысаве), а таксама вёскі маіх бацькоў, што на Слонімшчыне і Дзятлаўшчыне.

Хаця маё станаўленне адбывалася па-за межамі Беларусі. Сем апошніх школьных гадоў я правёў у ГДР (зямля Мекленбург-Памеранія) і ў Ашхабадзе, дзе і атрымаў дыплом аб сярэдняй адукацыі. Бацька – вайсковец, падпалкоўнік. Таму нам давялося ладна павандраваць.

Але мне больш важнымі падаюцца самыя раннія пробліскі беларускасці. Пачынаючы ад першай кнігі, прачытанай самастойна па-беларуску – «Людзей слухай, а свой розум май» – яшчэ калі я жыў у Пячах, і перачытанай годзе ў 1987-м у Астраўцы, куды наша сям’я з ГДР прыехала на вакацыі да сваякоў. Былі і пошукі кніг пра Беларусь у жаўнерскай бібліятэцы ў вайсковай частцы ГСВГ (Групы савецкіх войскаў у Германіі). Тады я знайшоў кнігу нейкага беларускага пісьменніка. Сёння мне здаецца, што гэта быў Змітрок Бядуля. Былі і размовы з сябрамі-грузінамі, якія міжволі змусілі мяне з прыкрасцю зразумець, што я не ведаю роднай мовы.

Мае бацькі заўсёды імкнуліся вярнуцца на радзіму. Бывала, маці, быццам без дай прычыны, але возьме ды запытае мяне, ці ганаруся я тым, што я беларус? Мабыць, якраз у гэтыя моманты яна моцна сумавала па радзіме.

Дакладна магу сказаць, што ў сярэдзіне 90-х мяне ўжо непакоіў стан беларускай мовы ў грамадстве, і таму я адчуваў глыбокую нацыянальную абразу ад змены дзяржаўнай сімволікі.

Прасвятленне было не раптоўнае: пачыналася ўсё з часопіса «Беларуская мінуўшчына», які на самым пачатку 1994 года чытаў па складах і, можа, нават дзеля прыколу. Гэта як упершыню па-польску чытаць. Быццам зразумела ўсё, толькі ну надта складана. Але зацягнула як магнэсам…

А чытаць пачаў пасля спрэчкі з сябрам, які не мог мне давесці, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя, а я якраз хацеў гэтых доказаў. Сам сябар ніякіх «мінуўшчынаў» не чытаў. Яму хапіла ўрокаў гісторыі ў Пячанскай сярэдняй школе. Ён нічога толкам не ведаў, але быў перакананы, што ў Беларусі ўсё сваё было і ёсць. Мяне цяжка было пераканаць без аргументаў, да таго ж я досыць моцна быў абазнаны якраз у імперскай расейскай гісторыі. Вось таму і набыў часопіс па беларускай гісторыі, першы, які патрапіў на вочы. Мабыць, тады і адбылася канчатковая рэвалюцыя ў маёй свядомасці. Я хутка зрабіўся моўным радыкалам – паўсюль і заўжды размаўляў толькі па-беларуску. Сёння стаў спакайнейшы.

Як патлумачыць суайчыннікам, навошта ім нацыянальнасць? Якая ім практычная карысць?

Пытанні няпростыя. Заклінаннямі любіць мову, шанаваць продкаў і слаўную гісторыю не дапаможаш. Заклінаць можна ў дзіцячых садках, а з дарослымі людзьмі такія рэчы не пройдуць.

Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне – гэта як выйсці з пакоя з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу ці як адкрыць новую планету. Хіба дрэнна быць першаадкрывальнікам?

Вольга Рудніцкая: Кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая

– Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорца, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і нават твайго штодзённага існавання.

Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду.

А яшчэ ў нас была цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы «нацыянальная самасвядомасць» сталі аднымі з самых галоўных у маім жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.

Пасля часта падарожнічала, шмат у якіх краінах атрымалася пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш запэўнілася, што кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая.

Аляксей Валабуеў: На мяне паўплывала пачуццё справядлівасці

– Я вучыўся ў школе па «бел-чырвона-белых» падручніках. Але пасля школы ўвогуле не цікавіўся беларушчынай. Не магу сказаць, што на маё вяртанне ў «бел-чырвона-белы» свет паўплывалі нейкія палітычныя падзеі. Калі казаць папросту, дык нельга было трываць далей несправядлівасць. А «Белоруссия» – гэта несправядлівасць.

На жаль, я не размаўляю ўвесь час па-беларуску. Гэта звязана і з працай, і са старымі знаёмствамі. Комплекс яшчэ да канца не пераадолены:) А моўны комплекс, бадай, самы цяжкі. Ён вымагае ці не найбольшых высілкаў, каб ад яго вызваліцца.

Зрэшты, мова – гэта яшчэ далёка не ўся беларушчына. Натуральна, тут я маю на ўвазе архітэктуру, музыку, жывапіс, скульптуру і шмат чаго яшчэ.

Я не магу сказаць, што асяродак свядомых беларусаў – гэта проста клуб па інтарэсах. Гэта як паралельны свет, які, што праўда, усё часцей перасякаецца са сваёй паралеллю.

Іван Осіпаў: Я знайшоў адабранае

– Я нарадзіўся ў 1985 годзе ў Гомелі, але вырас ў вёсцы Абакумы. У дванаццаць год пачаў захапляцца гісторыяй, археалогіяй. Дарэчы, у школцы беларуская літаратура і мова мне падабаліся больш за расейскую літаратуру і мову. Калі меў пятнаццаць год, у Абакумы прыехалі археолагі і я пайшоў да іх памочнікам. Аднойчы яны пачалі мяне распытваць, што я ведаю не толькі пра блізкія, але і пра аддаленыя ад нас мясціны? Менавіта тады я неяк у адзін момант адчуў, як моцна звязаны з маёй вёскай ды яе наваколлем. І з гэтага адразу заняўся краязнаўствам.

Яшчэ праз два гады я зразумеў, што гісторыя маёй вёскі – гэта частка вялікай гісторыі ўсёй Беларусі, якая настолькі ж мне блізкая, як і мясцовая гісторыя.

Але канчаткова я вырашыў, што я беларус, калі прачытаў кнігу Леаніда Дайнекі «След ваўкалака». І аж спалохаўся, калі зразумеў, колькі ведаў мне бракуе.

Тады я пачаў скупляць беларускія кнігі, беларускую музыку, каб запоўніць пустоцце ўнутры сябе, каб вярнуць тое, што ў мяне адабралі, а я знайшоў!

Алесь Залескі: Паўплывала музыка

– Я нарадзіўся ў Растове-на-Доне, і калі не лічыць двух гадоў, калі гадаваўся ў бабулі ў Рэчыцы, увесь час жыў у Расеі. Бацькі мае расейскамоўныя. Не магу сказаць, што яны неяк паўплывалі на маю беларускасць. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця я адчуваў сябе расейцам і нават ганарыўся гэтым!

У канцы 2005 года я чарговым разам прыехаў з Піцера ў Рэчыцу на адпачынак, падчас якога звярнуўся да сябра-аднакласніка, каб той параіў мне які-небудзь беларускамоўны гурт – хацелася прывезці дадому якойсьці экзотыкі. У выніку набыў два CD гурта «Крама».

Спачатку я здзівіўся існаванню беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове не таму, што адказваюць на занятках па беларускай літаратуры, а таму, што любяць яе. Ну і галоўнае – беларускамоўная музыка, бо я і ўявіць не мог, што яна ёсць і што ў яе такія разнастайныя стылі! Гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзесьці праз два гады і мая першая песня на беларускай мове пад назвай «Пустэча» (гурт «Люэс») з’явілася ў сеціве.

Быць беларусам, усведамляць сябе беларусам – гэта адчуванне такога велізарнага шчасця, што больш нічога і не трэба, застаецца толькі памерці.

Віктар Казлоў: Мяне ўскалыхнула ідэя беларускай дзяржаўнасці

– У дзяцінстве ў мяне не было асаблівага адчування нейкай нацыянальнай прыналежнасці. Толькі бабуля і дзядуля размаўлялі на беларускай мове. Па-сапраўднаму я адчуў сябе беларусам толькі пасля вяртання з навучання ў Расеі. Гэта было ў 1991 годзе – акурат калі разваліўся Савецкі Саюз.

На радзіме мяне амаль адразу ўскалыхнулі ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці, самабытная культура, беларуская мова. Мы разам з жонкай пачалі «ісці» да беларускасці. Я пачаў зноў вывучаць беларускую мову, хоць і вучыў яе ў школе, але як нешта непатрэбнае.

Што праўда, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Мікалаеўне тады я палюбіў творы беларускіх літаратараў – Коласа, Купалы, Караткевіча, Крапівы…

Быць беларусам для мяне – гэта адчуваць, што беларусы – адзін з многіх народаў на Зямлі са сваёй самабытнай гісторыяй, традыцыямі і культурай. Ведаць, што шмат беларусаў змаглі запісаць сваё імя ў сусветную гісторыю – і ганарыцца гэтым.

Таня Анікеенка: Ведаць, што ты не самотны

– «Да пабачэння-пячэнне» – тое нешматлікае, што трымае мая галава яшчэ з дзіцячага садка. Відаць, гэтае самае «пячэнне», што так надзейна засела ў маіх звілінах і сталася адным з самых першых (калі не лічыць мамінага захаплення адраджэнскімі ідэямі падчас цяжарнасці мною) штуршкоў для майго пазнейшага ўсведамлення сябе беларускай.

Вядома, гэта жарт, але ж хто ведае, мо і ў ім ёсць частка праўды. Сапраўднае ж усведамленне з’явілася значна пазней. Вядома, і да гэтага было разуменне, што я належу да пэўнай нацыі, быў дзённік з абрысамі Беларусі, «дзяржаўны сцяг» і «дзяржаўны герб» над дошкаю ў класах, але…

Гэта быў дзявяты клас, я перайшла ў новую школу і патрапіла «ў добрыя рукі» да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Іванаўны Чырковай. Пазней у мяне з’явяцца «свядомыя» сябры, адпаведныя памкненні і веды. Але галоўным чалавекам у маім уласным «беларускім адраджэнні» была менавіта Алена Іванаўна, з якой і пасля заканчэння школы засталіся цудоўныя адносіны.

Што ж такое быць беларусам? Гэта значыць – ведаць, што ты не самотны. Ты – частка вялікай сілы са сваёю культурай, сваім менталітэтам, сваёю гісторыяй, якую, зрэшты, ты сам і ствараеш.

Марыя Дуброўская: Гэта было своеасаблівае адкрыццё

– Мы з маці даволі часта вандравалі ў краіны бліжняга замежжа, і там была выразна бачная ментальная розніца паміж беларусамі і расейцамі, палякамі, украінцамі. Нават у нейкіх дробязях можна знайсці адрозненні. Беларусы – рахманыя, спакойныя, больш даверлівыя, шчырыя…

Хаця да канца я ўсвядоміла сябе беларускай значна пазней, на першым курсе журфаку БДУ. Менавіта там я пазнаёмілася з сучаснай беларускай паэзіяй. Гэта было дзіўнае адкрыццё – цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.

У школе для таго, каб дзеці не любілі беларускую мову і літаратуру, зрабілі ўсё. Пасля яе Янка Купала і Якуб Колас выглядалі братамі-блізнятамі, жанчын у паэзіі не існавала ўвогуле, самым сучасным паэтам быў Рыгор Барадулін, а адзінай тэмай у літаратуры – «сялянская».

І вось журфак. Знаёмства з творамі Валярыны Куставай, Вольгі Гапеевай, Арцёма Кавалеўскага, Насты Кудасавай, Наталлі Кучмель, Анатоля Сыса… «Беларуская паэзія можа быць сучаснай» – год перад тым ніколі б не паверыла ў такія словы.

Пад уплывам літаратараў пачала вывучаць мову і сама пісаць вершы. Моўны запас папаўняўся з кожнай кнігай, я адкрывала для сябе новыя рыфмы, нечаканыя эпітэты, яркія метафары.

А як цяжка спачатку было размаўляць па-беларуску! Калі ў кожны сказ ублытваюцца расейскія словы, выразы ці калі ты не можаш перакласці думкі з расейскай мовы на беларускую.

Цяпер я часцей карыстаюся роднай мовай у размовах з беларускамоўнымі сябрамі, знаёмымі, але працягваю гаварыць і па-расейску. Я не лічу, што для таго, каб быць беларусам, неабходна размаўляць толькі на сваёй мове.

Можна шмат нагаварыць пафасных прамоваў наконт спадчыны, але самае галоўнае – зразумець, што самае каштоўнае для цябе тут, што гісторыя твайго жыцця, летапіс твайго дзяцінства застаецца разам з табой толькі на тваёй радзіме. Яна адзіная суправаджае цябе праз усё тваё жыццё.

Загрузка...