5. Цуд

Чаму адным цуд беларушчыны адкрыўся, а іншым – не? Такое пытанне задаў мой прыяцель на пачатку 1990-х.

Я ведаю людзей, якія гэты свой цуд нясуць усё жыццё як вялікую інтымную таямніцу. І калі дзеляцца ім з кімсьці, дык рэдка, і то з самымі блізкімі.

Іх не бачылі ў натоўпах са сцягамі ці на трыбунах з’ездаў. Больш за тое, яны ў сваіх палітычных, напрыклад, поглядах могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі.

Яны ахоўваюць сваю таямніцу ад якіх-кольвек цэтлікаў. Але гэта якраз і правакуе даць азначэнне. Самае простае з якіх: «О, беларус пайшоў».

Так, беларус. А ты хто? Пытанне, якое можа траўмаваць іншага чалавека, бо ён разумее, што дзесьці нешта прапусціў ці памыліўся, калі праз сваю рацыянальнасць абіраў сабе самаазначэнне. А часцей – пазбываўся самаідэнтыфікацыі.

І тады беларус ператвараўся ў трактар «Беларус». Дакладней, імітаваў з сябе машыну, як на сто працэнтаў рацыянальную і функцыянальную рэч. Аднак тут ёсць нюанс – трактарамі кіруюць, і кіруюць людзі.

А чалавек – гэта яшчэ і пачуцці: любоў і нянавісць, памкненні і ўчынкі, мары і планы, рух – жыццё.

І калі чалавек абіраў для сябе ролю безасабовага трактара, ён аўтаматычна аддаваў свой лёс у чужыя рукі.

І толькі з тымі, хто адкрыў і захаваў у сабе цуд, зрабіць нічога нельга. Бо імі немагчыма кіраваць.

Загрузка...