3. Гонар і годнасць

– Думаў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным. – Беларусам я менавіта стаў. – Для мяне Беларусь – нібы населеная выспа. – У маёй сям’і ніколі не размаўлялі па-беларуску, але з дзяцінства нас вучылі паважаць родную мову. – Жаданне размаўляць па-беларуску было ў мяне заўсёды. Перашкаджала толькі тое, што «не разумеюць», «не падтрымліваюць», «будуць смяяцца». – Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць.

Юрась Новікаў: Гонар і годнасць

– Малым жыў я з бацькамі ў былой Усходняй Прусіі, на Калінінградчыне, ці, па-нашаму, на Каралявеччыне. Вучыліся ў нашай школе беларусы, расейцы, украінцы, башкіры, азербайджанцы, татары, цыганы ды шмат хто яшчэ.

Але для нас, шкаляроў, рэальна існавалі толькі дзве нацыянальнасці: «рускія» і «нярускія». «Нярускія» – тыя, хто размаўляе сярод іншых сваёй мовай (у нас так рабілі толькі цыганы і літоўцы), а ўсе астатнія – «рускія».

Аднаго лета адпачывалі мы з татам на моры, на Куршскай касе паміж Балтыкай і залівам, куды Нёман упадае. Усё там было добра: і мора, і дзюны, і сонца. Вось толькі кармілі ў сталоўцы той базы адпачынку малавата. А гэта ж памежная зона, транспарту няшмат, па крамах у суседняе мястэчка часта не паездзіш…

Наракалі на гэта ўсе, кожны сняданак, абед ды вячэру наракалі. А мы з татам па абедзе ішлі ў тамтэйшы буфет і куплялі кавалак сала ды да яго цыбулькі ці часнычку, і хлеба бралі.

Таму ў нас праблемы недаядання не было. А вось усе астатнія сварыліся, збіраліся скардзіцца на адміністрацыю, бадзяліся галодныя, злыя, але сала таго не куплялі. Не куплялі ані, хоць бы з голаду пухлі. Вось з таго часу я і зразумеў упершыню, якая ёсць вялікая розніца паміж намі і гэтымі незразумелымі расейцамі.

Загрузка...