Слова жанчыны да Айчыны


Здалёку бачыцца ярчэй

Мая зямля, мая Айчына


1

Не папракай мяне, Айчына,

Па хвалях я бягу адна.

Слядоў шчаслівых не лічыла,

Пакутных — выпіла спаўна.

Не можа быць пакут бясконцых —

Жыццё мяняецца і свет.

Бягу туды, дзе многа сонца,

Тых змен хачу спазнаць сакрэт.

Бягу да роднай Беларусі —

Тым і жыву, і ганаруся,

Душы, Айчына, не парань!

Туман мне засцілае вочы,

А сэрца ўсё мацней стукоча...

Ты мачыхаю мне не стань!

2

Ты мачыхаю мне не стань:

З табой былі і будуць мары,

Лепш на сваю бяглянку глянь —

Маршчынкі заляглі на твары.

Глыбокія — змяняюць твар,

Душу маю — змяніць не могуць,

Душа, бы паланянка мар,

Мяне вяртае на дарогу.

Так бегчы можна толькі ў сне —

Тады, як цешышся вясне,

Шукаеш першацвет вачыма.

Ах, любы, родны, ціхі кут —

Прытулак шчасця і пакут,

Гадоў нямала за плячыма.

3

Гадоў нямала за плячыма.

Зусім адвыкла ад прынук.

Жыццё ўсё ж нечаму вучыла:

Галоўнае — жыць з працы рук.

Чароўнай мовы не забыла,

На ёй спявала, як магла.

І тое, што найбольш цаніла,

Дзеля нашчадкаў берагла.

А як пражыць без мовы роднай —

Сваёй, жывой, высакароднай,

Як абысці гнілую твань?

Любы народ без роднай мовы,

Бы конь кульгавы без падковы.

Агулам ты ўсяго не гань.

4

Агулам ты ўсяго не гань:

Не кожны можа ладзіць з часам,

Час высвятляе тую грань,

Якую успрымаем разам.

Святую спадчыну сваю,

Людскіх знаходак прыгажосць

Душою людзі пазнаюць —

Пакуль у ёй сумленне ёсць.

Ў душу глядзі, не памыліся,

Мы ад цябе не адракліся,

Імкнёмся да глыбіняў мора.

Вучыся дбаць аб нашым лёсе,

Каб нам хоць крыху лепш жылося, —

Ты ж — абаронца і апора.

5

Ты ж — абаронца і апора,

На лёс не будзем наракаць:

Той час меў асаблівы нораў,

Яго дарэмна папракаць.

Ні да кацапаў, ні да ляхаў

Ты не хіліся, будзь сабой.

І хай жалезнага Гулага

Рука не вісне над табой.

Гісторыю сваю ў скрыжалі

Яшчэ нашчадкі не ўпісалі,

І час назад не павярнуць.

Ўсё лепшае, што маюць людзі,

Тваім было, і ёсць, і будзе, —

Сумленнем нашым светлым будзь!

6

Сумленнем нашым светлым будзь,

Яно, як памяць, неабходна.

Мо дзесьці лепей запяюць —

Ды толькі не на мове роднай.

Чужыя мовы зведаў край,

Ды ні адна тваёй не стала.

Сваёй і моц, і сілу дай,

Каб слыннай між другімі стала.

Сваіх дзяцей — сваёй вучы,

Іх душы светлыя лячы.

Стань шчырай песняй над прасторам!

На Усход і Захад не глядзі,

Сваёй дарогаю ідзі!

Не стань пакутай, смуткам, горам.

7

Не стань пакутай, смуткам, горам,

Жывіцу мова ўсім дае.

Нямала ёсць славутых зорак,

Якія свецяць для яе.

На ёй народ пяе і плача,

Яна ад роднасці ідзе.

Для быдла, мо, — была быдлячай,

А песняй стала для людзей.

Так, песня ад вякоў лятала,

Пяшчотай сэрцы напаўняла, —

Глыбінь яе не баламуць.

Калі ж каго пакіне плён —

Пашлі наказ свой наўздагон:

Ты мовы продкаў не забудзь!

8

Ты мовы продкаў не забудзь,

Не адрачыся пад прымусам,

І за акцэнт не папракнуць

Тады, напэўна, беларусаў.

На глум не дай яе ніколі,

Не зневажай, не пагарджай:

Яна тваёю стала доляй,

Яе ты шчыра прывячай.

Жыць на чужыне не салодка, —

Трывожуся за мову продкаў,

За лёс яе мая трывога.

Для ўсіх краін на белым свеце

Свая заўсёды мова свеціць.

Нам слова дадзена ад Бога.

9

Нам Слова дадзена ад Бога,

Сваіх герояў узрасціла,

Свой абавязак несла строга,

За здраду ганьбіла, карыла.

Упэўнена, нас Бог пачуе,

І не засцеле цемра вочы.

На сцежку нас Ён накіруе —

З якой ніколі ўжо не збочым.

Мо жыць пачнём тады, як людзі,

І шчырасць гаспадарыць будзе,

І прападзе за лёс трывога.

Пакуль не здзейсненая мэта...

Не аднімай надзей паэта,

Хай будзе светлаю дарога.

10

Хай будзе светлаю дарога,

Крыху лягчэйшай для людзей,

Калі ж усё ідзе ад Бога —

Дык хіба ж мова прападзе?

Сыдуць у небыццё загады,

Залечыць час цяжкія раны,

Абы ніколі ўжо да ўлады

Не дабіраліся тыраны.

Хоць кажуць: «Бог не роўна дзеліць»,

Ды думкі ён затое спеліць, —

Збяруць нашчадкі ураджай.

Бягу за марай наўздагон,

І гэта — ні падман, ні сон, —

Хады маёй не асуджай.

11

Хады маёй не асуджай,

Даўно змахнула я слязіну,

Ды не пакінула свой край,

Дасць Бог — ніколі не пакіну.

Я да яго бягу і ў снах,

І ім, і словам ганаруся,

Я крылляў адчуваю ўзмах

І таленту сяброў дзіўлюся:

Не кідаюць цяжкія ношы,

І мову славяць не за грошы,

За моц яе — напагатове.

Каб крыллі моцныя займець,

Патрэбна сэрцам зразумець:

Душа пяе на роднай мове.

12

Душа пяе на роднай мове,

Нарочана ёй свет любіць,

Калі не будзе моцы ў слове,

Яна ніколі не ўзляціць.

І незаўважанаю будзе,

І не ўстрывожыць нашы сны,

І не пачуюць песень людзі,

І не заўважаць крок вясны.

З вясной душа сама спявае

І свет замшэлы абнаўляе —

Мы цешымся такой абнове.

Хто слова роднага не цэніць,

Душы сваёй ён не ацэліць:

Моц Бацькаўшчыны ў родным слове.

13

Моц Бацькаўшчыны ў родным слове,

Яго душою прыгубі —

Яго асновы і высновы

Ў краінах іншых не згубі.

Не дай сысці яму з дарогі,

І на абочыне не кінь,

Не дай яму спазнаць знямогі —

Надзею светлаю пакінь.

Калі яна прыносіць радасць,

Ты беражы яе ад здрады

І сэрцам шчырым прывячай.

Калі ж глухое сэрца будзе,

Аглухнуць і аслепнуць людзі, —

Не завядзі душу ў адчай.

14

Не завядзі душу ў адчай,

Я слову роднаму малюся.

І з ім — мяне не разлучай:

Да роднасці даўно хілюся.

Не, не старэе наша мова,

А ўзбагачае край і нас.

Хай сілу набірае слова,

А вартасць вывярае час.

Мо ў згодзе не заўжды з сабою, —

Пайду адчайна за Табою,

Як незалежная жанчына.

Не маю большай асалоды,

Як шчырай быць з усім народам,

Не папракай мяне, Айчына.

15

Не папракай мяне, Айчына,

Ты мачыхаю мне не стань.

Гадоў нямала за плячыма,

Агулам ты ўсяго не гань.

Ты ж абаронца і апора —

Сумленнем нашым светлым будзь.

Не стань пакутай, смуткам, горам,

Ты мовы продкаў не забудзь.

Нам Слова дадзена ад Бога.

Хай будзе светлаю дарога —

Хады маёй не асуджай.

Душа пяе на роднай мове,

Моц Бацькаўшчыны ў родным слове, —

Не завядзі душу ў адчай.


Загрузка...