О, Беларусь, свет белы пройдзеш —
Другіх такіх мясцін не знойдзеш.
* * *
Спавядаюся роднаму краю,
Тым, каго і люблю, і кахаю.
Спавядаюся дням шчаслівым,
Спавядаюся людзям зычлівым.
Гэта, можа, не толькі споведзь,
Гэта — з любай Айчынай повязь.
* * *
Папрашу я ў неба зорак,
Каб свяціліся ўначы.
Папрашу я ў поля кветак,
Каб прыгожым быў зачын.
Папрашу я вольных песень
У свавольнікаў-вятроў,
А ў цябе, мая матуля,
Папрашу я родных слоў.
* * *
Для радасці, на ўсё жыццё
Дала нам Бацькаўшчына мову,
Каб ёй вярталі адкрыццё,
І моц — радку, і сілу — слову.
Вяртанне
Дзяцінства маё і смяецца, і плача,
Вакол мяне дожджыкам цёплым скача.
Чатыры бярозкі махаюць з пагорка.
І соладка сэрцу, чамусьці, і горка.
Дык вось ты які, мой адзіны выток, —
Салодка-гаркавы маўклівы папрок.
* * *
Зноў вандрую па роднаму краю,
Падарунак ля сэрца хаваю.
Дзякуй, дзякуй табе, мой Божа,
За святое маё падарожжа.
За жаданыя тыя сустрэчы,
За сяброў, іх пагляд чалавечы,
За разумныя тыя размовы,
За глыточак матчынай мовы.
* * *
Плыве наш Нёман...
Крыху стаў шырэйшы,
Кудысьці зніклі злосныя віры.
І кожны чалавек тутэйшы
Раскажа, толькі з ім загавары.
Раскажа ён, як велічна, прыгожа
Ўзнялася старажытная Каложа,
Як адбіваецца ўрачыста
Мінуўшчына у водах чыстых...
Ах, Спадчына, што больш яшчэ
Праз душы нашыя цячэ!..
* * *
Здалёку бачыцца ярчэй
Мая зямля, мая Айчына,
І Нёман мой не так цячэ,
І гай не той перад вачыма.
Бягу, збіваючы расу,
П'ю родных даляў асалоду:
Ўбіраю веліч і красу,
Каб потым аддаваць народу.
* * *
Дзедаўскі край, дзедаўскі кут,
Як жа мне соладка мроіцца тут!
Мары, надзеі рэчкай плывуць,
Чыстай вады не баламуць!..
Ў рэчцы купаецца сонца прамень...
Дзедаўскі кут — спадчыны цень.
Спадчыны цуд — долі ўскалых,
Дзедаўскі кут — зрок наш і слых.
* * *
Не адарвацца мне ад краю —
Ўсё кветку-папараць шукаю.
Бярэ мяне часамі стома, —
А ці знайду? Мне невядома.
Магчыма, больш яна не госціць,
Занадта многа ў свеце злосці.
* * *
Імкнёмся далёкае шчасце спазнаці:
Не часта гасцюем у матчынай хаце.
На гэта ўсё часу чамусь не стае,
Мінаем мы тое, што сілу дае.
* * *
Айчына, гонар не губляй,
Шануй гаючы водар слова,
Ім сваю годнасць праслаўляй, —
Жыць матчына павінна мова.
Павінен сын яе вучыць,
Хоць на замежнае ўзяў моду.
Бо, калі слова замаўчыць,
Не стане і твайго народу.
Мой край святы
1
Малюся небу над Нявою,
На Поўнач вывела сцяжа,
Ды ачышчаецца Табою
Мая душа...
2
Малюся ціхім зорам і світанкам —
Так навучала, так жадала ты...
І стаў адзіным мне каханкам
Мой беларускі кут святы,
Дзе поўны велічнай красы
Лужок квяцісты срэбна-росны,
Мае маўклівыя лясы
І пошум рэчак ваданосны.
3
Дзе б ні бывалі, ні жылі,
А водар матчынай зямлі
З намі заўсёды —
Яе і захады, і ўсходы,
Росныя ранкі і калыханкі.
* * *
Да лесу тулішся,
На сонцы песцішся,
Зямля зялёная,
Ты ўся нявесцішся.
Мая спазнаная,
Людзьмі прывечана,
Пакуль ні з кім, ні з кім
Яшчэ не венчана.
* * *
Блакіт нябёсаў чысты і празрысты,
Якая звонкая і глыбіня, і вышыня!
Прыслухваецца месяц залацісты,
Праглядвае ваду, чакае дня.
А зорачкі ў пяшчотным трапятанні,
Склікаючы нябесную радню,
Таксама, як і месяц, у чаканні
Шлюць пазыўныя будучаму дню.
Плывуць аблокі, дрэў маўклівых цені
Дрыжаць, трапечуць там, у глыбіні,
І хочацца схіліцца на каленях
З малітваю да гэтай чысціні.
* * *
Беларусь, душа мая...
Чую песню салаўя,
Подых ветру, шум дажджу, —
Гэта змалку кожны чуў.
Дрэва корань разаўе,
Сонца фарбы разалье.
Ноч рассыплецца расой,
Дзень умыецца слязой.
Беларусь, душа мая,
Казка летняга жніўя.
Я цябе перахрышчу —
Ў сэрца дабрыню ўпушчу.
* * *
Пакуль яшчэ блакіт над дахам
І ўсё ідзе сваім парадкам,
Задумайся цяпер над шляхам,
Які пакінецца нашчадкам.
* * *
Жывіцай жывіцца жыццё,
З грудзей матулі п'е дзіцё
Незамянімую жывіцу.
З бярозы, елкі і сасны
Слязінкай праз кару сачыцца.
З глыбінь зямелькі... Ночы, дні
Працуюць, цягнуць карані
Так неабходную жывіцу,
Каб не з пачатку, а з канца
Жыццём салодкім паўтарыцца.
* * *
Наш голас паўторыцца рэхам,
А слова не стане смехам:
«Р» цвёрдае будзе гучаць.
Беларусы не могуць маўчаць.
Яны маюць гонар і годнасць
І зберагуць сваю роднасць.
* * *
Мой народзе неўміручы,
Не памрэ ніколі мова.
Бо настой ты п'еш гаючы —
Ад зайздроснікаў замову.
Хоць таўкуць цябе балюча
І адгэтуль і адтуль,
Мой народзе неўміручы
Загавораны ад куль,
Загавораны ад злога.
Дай, Бог, светлую дарогу!..
* * *
Мой лёс падзелены двума вякамі,
Сустрэчамі жыву я з землякамі.
Да іх душой збалелаю хілюся —
Сябе ў іх бачу і дзіўлюся
Цвярозасці неверагоднай
І повязі з Айчынай роднай.
* * *
А ўсё, з чаго хлеб спяку,
Я на ток валаку.
Мне ўсё гумно адкрыта:
Валаку пшаніцу і жыта.
Каб жарэбчык падрос,
Валаку ячмень і авёс.
Ну і лён валаку —
На кашулю дзіваку.
Будзе каго адзяваць,
Будзе з кім бедаваць.
* * *
Лес, абаронца мой разумны,
Ты не расказвай казкі сумнай
Пра тое, што амаль штовечар
Ў тваіх цянётах нехта енчыць.
Не гавары, што злыя цені
Кагосьці ставяць на калені,
Што хтось пятляецца наўзгад...
Ты вочы ўскінь на зоркапад,
Пад купалам, такі прыгожы,
Не страх — ён прыгажосць памножыць,
І стане радасным зачын...
А лепей, мудры, памаўчым...
* * *
Дарога дахаты бядою абжыта,
Была камяністаю — стала разбітай.
На той і другой ліхаманка трасе,
А ўвосень цярпі, калі ў гліну засеў.
Тут будзеш клясці і сватоў, і дзядоў
І выкажаш поўную лесвіцу слоў.
І, ссекшы апошнюю ў полі бярозку,
Зноў вернешся па дапамогу у вёску.
Там, дзе плачуць бярозы
Машына стала на дарозе
Каля нямых гранітных пліт,
Дзе і ў спякотны дзень марозіць
Зямлі няшчаснай краявід.
Насустрач выбеглі бярозы,
Напэўна, выказаць тугу.
Праз лісце праступаюць слёзы,
А я суняць іх не магу.
На захад сонейка спяшае,
Ідзе на спад спякотны дзень:
Дахаты ночка запрашае
І ад бярозак — доўгі цень...
Тулюся да галля шчакою,
Слязы стрымаці не магу,
Пагладзім роднае рукою,
Падзелім з ім сваю тугу.
* * *
Капаюць, коцяцца слёзы —
Плачуць бярозы...
Боль разлучыў на стагоддзі, навек
З мовай людскою,
З ласкай людскою —
З табой, чалавек.
* * *
Яшчэ такога ў свеце не было,
Каб так людзей здарэнне засмучала.
На сотні год спынілася жыццё,
І песня над мясцінай замаўчала.
Яшчэ такога ў свеце не было,
Каб так зямля-матуля гаравала,
Каб праз імгненне вымерла сяло,
І слёз, і могілак не стала.
* * *
Бацькаўшчына мая,
Роднасць светлая,
Дзе лета цеплыню ўплятае,
Дзе з клёнаў і бяроз злятае
Заўчасна лісце,
Дзе люд шукае з гора выйсця.
* * *
Краю мой рабінавы,
Лес мой верасовы,
Як мне шчырасць выказаць,
Дзе ўзяць тыя словы?
Песню спавядальную
Я табе спяваю,
Краю мой рабінавы,
Верасовы краю.
* * *
Айчына... Тут мяне ўзрасцілі,
Прыходзілі тут казкі ў сне.
Калі маленькую хрысцілі,
Імя тут падарылі мне.
Казалі: «Хай яно свяціцца,
Хай будзе доўгаю сцяжа».
Акроплены святой вадзіцай
Мае і цела, і душа.
* * *
Асвяці дарогі, сонца,
Па якіх пайшлі сыны,
Асвяці дарогі, месяц,
Каб не збочылі яны.
Пасвяціце хлопцам, зоркі,
Каб ім лёс не выпаў горкі.
Спагадай ім, стрэчны вецер,
Не затрушвай вочы смеццем.
* * *
Толькі сэрцам браць трэба
Хлеб з поля і зорачкі з неба.
І мроі, што недзе на донцы
Патрэбныя, нібы сонца,
Кожнаму беларусу...
Бяры без прымусу, прымай
І сам сабе дзіва стварай.
* * *
Мама, мама, не знікнеш ніколі
Ты з маёй рыфмаванай долі.
Будзеш жыць ты і ў песні, і ў слове,
Размаўляці на бацькавай мове,
Навучаць, каб была я дужай,
Каб любіла сыноў і мужа,
Каб наведвала край свой родны,
Найчасцей — тваё боскае Гродна.
Каб да сэрца радню хіліла,
За іх шчасце каб Бога маліла.
Каб пазыкі спаўна аддавала,
Каб людзей, як сябе, шанавала.
* * *
Пад снегам дрэмлюць леташнія травы,
Ім сняцца сонечныя дні.
Лясок над імі кучаравы
Таксама сонейка сасніў.
І гэты сон — такі салодкі —
Дзяцінства цёплы, светлы сон,
Нібы святочныя угодкі
Шчаслівых самых, лепшых дзён.
* * *
Айчына… Шчасце ці бяда?
Натхнення ты майго крыніца.
Якая ў Нёмане вада!
Такой ніколі не напіцца,
Хоць будзеш доўга, доўга піць.
Глыток адзін, другі і трэці…
Жыць весялей на белым свеце,
А смагі ўсё ж не наталіць.
* * *
Айчына-маці, кім мы сталі,
Хіба ж не за цябе каналі?
Чаму дасюль пануе гора?
Дзе тыя «залатыя горы»?
Скажы, Айчына, што мы маем?
Сябе згубілі і шукаем?..
Чаму душы сваёй не чуем?
Чаму ж сябе мы не шануем?
А можа, твой народ няздольны?..
Чаму дагэтуль паднявольны?
Успамінаючы Хатынь
Куды я думкаю лячу?
Аб чым сумую ці маўчу?
Лячу туды, у родны кут,
Смуткую ад зямных пакут…
На месцах хатак — каміны,
Як я, засмучаны яны.
Іх перазвоны сэрцы рвуць
І людзям не даюць заснуць.
Бяроза
Ты са мною, бярозанька белая,
Ты са мной, як Айчына, заўжды.
Твая чыстая кволасць нясмелая
Неразлучна ўплялася ў гады.
Мы з табой узрасталі пад ліўнямі,
Пад спякотаю разам былі…
Гаравалі з табой днямі дымнымі
І скрыжалі на плячах няслі…
Бралі сілу з айчыннай жывіцаю
З найчысцейшых крывіцкіх крыніц,
Каб была Беларусь белаліцаю
І ніколі не падала ніц.
* * *
Мы спадчыны не выбіраем —
Ад нараджэння ў нас жыве.
Ці ў краі мы, ці па-за краем, —
Яна ў душы і ў галаве.
Аб ёй мы мроім ў час вясновы,
Кароткай ночкай снім яе,
І доля наша з той высновы,
Якую спадчына дае.
Роздум
Мне б памаўчаць каля бярозы,
Пайсці ў вясновыя сады,
Змахнуць з павек вільготных слёзы,
На снезе захаваць сляды.
Наведаць родныя магілы,
Птушыны прывітаць прылёт,
Аддаць зямельцы роднай сілы —
Праліць на ёй салёны пот.
Працуючы, не мець спакою,
І з Божым запаветам жыць,
Сваёй уласнаю рукою
Свой дом ад зла абараніць.
Мне б захапляцца мовай, словам,
На роздум мець якісьці час,
Ды ў свеце гэтым грэшна-новым
Знайсці, зусім прапаўшых, нас.
Не сустракацца больш з хлуснёю,
З усімі ў ладкі не пляскаць,
А быць заўжды самой сабою,
Душу ў гадзіны не ўціскаць.
Рабіць ці горкім, ці салодкім
Сваё заўсёды адкрыццё…
І не пакажацца кароткім
Тады жыццё.