Гетман Астрожскі і перамога пад Воршай


Новы вораг

Разбіўшы нямецкіх рыцараў пад Грунвальдам, нашыя прадзеды ўсталявалі мір на сваёй заходняй мяжы. Але неўзабаве ў Вялікага Княства Літоўскага з’явіўся небяспечны вораг на ўсходзе. Гэта была Расейская дзяржава, якую тады называлі Масковіяй або Маскоўшчынай.

Маскоўскія князі аб’ядналі расейскія княствы і пачалі прагна паглядаць на суседнюю краіну. Да гэтага Беларусь ніколі не была пад уладаю Масквы.

Масковія распачала з Вялікім Княствам бясконцыя крывавыя войны. Яе ваяводы часта нападалі на Полацак, Віцебск, Амсціслаў ды іншыя памежныя беларускія паселішчы. Іх абаронцы мужна біліся з ворагамі, частавалі тых з гарадскіх сценаў гарачай смалою і варам. Калі ўзяць горад не ўдавалася, захопнікі палілі навакольныя вёскі, гналі ў палон тысячы мірных жыхароў. Найперш палоннымі рабілі маладых і здаровых людзей — юнакоў і дзяўчат, а таксама добрых майстроў-рамеснікаў.

Як вы ўжо ведаеце, расейскія землі доўгі час былі ў татарскай няволі. Хоць яны і вызваліліся, парадкі ў Масковіі засталіся такія ж дзікія і жорсткія, як і пры татарах. Усе павінны былі слепа выконваць волю вялікага князя і называць сябе ягонымі халопамі — гэта значыць рабамі. Маскоўскія князі ваявалі не ўменнем, а колькасцю, чужую зямлю выпальвалі і ўчынялі над яе жыхарамі нялюдскія расправы. Невыпадкова на малюнках у тагачасных еўрапейскіх кнігах маскоўскія ўладары былі надзвычай падобныя на татарскіх ханаў.


Татарскія набегі

Велізарнай бядою ў тым часе былі для нашай Бацькаўшчыны і набегі ваяўнічых крымскіх татараў. Амаль штогод іхняя конніца ўрывалася на землі Вялікага Княства, рабавала і вяла людзей у рабства. Татары пакідалі за сабою попел пажарышчаў, целы забітых і нязмернае гора жывых.

Але штораз нашыя продкі давалі клятву адпомсціць ворагу і выпраўляліся ў пагоню. У 1506 годзе каля горада Клецка беларускае войска дагнала татарскую арду і разбіла яе ўшчэнт. Чатыры тысячы татараў трапілі ў той дзень у палон, а сорак тысяч жанчын, дзяўчат і дзяцей, палоненых ворагамі, атрымалі свабоду.

Асабліва шмат перамогаў над татарамі здабыў знакаміты беларускі ваявода Канстанцін Астрожскі.


Князь Канстанцін Астрожскі

Род Астрожскіх паходзіў ад князёў, што некалі валадарылі ў старажытным Тураве. Мужчыны з гэтага роду спрадвеку славіліся ваярскім майстэрствам.

Князю Канстанціну ад ранняй маладосці давялося ўдзельнічаць у барацьбе з крымскімі татарамі на землях Беларусі і Украіны. Ворагі вымаўлялі ягонае імя з павагаю і страхам. Аднаго разу Астрожскі захапіў у палон нават самога хана Махмет-Гірэя.

Беларускі ваявода ніколі не выходзіў насустрач татарскім аддзелам, калі яны пачыналі набег. Ён чакаў, пакуль ворагі будуць вяртацца са здабычаю назад. Выведнікі сачылі за імі і паведамлялі Астрожскаму, дзе арда рабаўнікоў спынілася на адпачынак.

Князь загадваў сваім коннікам загадзя нарыхтаваць харч, каб не распальваць уначы вогнішча. У цемры ваяры асцярожна абкружалі татарскі стан. Захопнікі ў гэты час рэзалі бараноў, смажылі мяса, спакойна балявалі і клаліся спаць. А як толькі ўзыходзіла сонца, на сонных татараў віхураю наляталі нашыя ваяры.

Канстанцін Астрожскі ваяваў так удала, што вялікі князь прызначыў яго найвышэйшым гетманам — начальнікам над усімі войскамі дзяржавы. Тады ваяводу было толькі 37 гадоў. Ніхто дагэтуль не атрымліваў гэткай важнай пасады ў такім маладым веку.

Тыя, хто верыў у незвычайны ваярскі талент новага гетмана, не памыліліся. Князь Канстанцін адолеў ворага ў шасцідзесяці трох бітвах.

Астрожскі не толькі бараніў Айчыну са зброяй у руках. Ён будаваў замкі, манастыры і цэрквы, адчыняў на свае грошы школы і шпіталі для хворых. Пра Астрожскага пісалі, што ён быў узорам таго, як трэба жыць і працаваць, каб быць пераможцам.

Найбольшую ж славу прынесла беларускаму гетману перамога над маскоўцамі пад Воршай.


Зноў вайна

Маскоўскі князь Васіль III абвясціў Вялікаму Княству новую вайну. Ягоным ваяводам удалося авалодаць Смаленскам. Крамлёўскаму ўладару здавалася, што ён без цяжкасцяў зойме ўсю Беларусь. Ён нават загадаў сваім падначаленым прыгнаць беларускае войска пугамі, як статак жывёлы, да маскоўскае брамы.

Сеючы на нашай зямлі смерць, ворагі захапілі Крычаў, Амсціслаў, Дуброўну і рваліся да Менска. Насустрач непрыяцелю выступіў гетман Астрожскі.

Маскоўскія ваяводы сабралі ўсю сваю збройную сілу на беразе рэчкі Крапіўны недалёка ад Воршы. У іх было 80 тысяч коннікаў. Гетман вёў з сабою толькі 30 тысяч конных і пешых ваяроў. Ведаючы гэта, чужынцы не сумняваліся, што здабудуць лёгкую перамогу.

Уначы перад бітваю Астрожскі падышоў да Дняпра і пераправіў свае аддзелы на другі бок ракі, дзе, расцягнуўшыся на некалькі вёрстаў, яго чакала расейскае войска. Частка конніцы перайшла раку ўброд. Для астатняга войска нашы майстры хутка навялі масты са звязаных, добра зашпакляваных бочак.

На досвітку 8 верасня 1514 года палкі Канстанціна Астрожскага ўжо стаялі ў баявым парадку насупраць ворага.

Зірнуўшы направа, найвышэйшы гетман бачыў беларускую конніцу. Пасярэдзіне са стрэльбамі-рушніцамі напагатове чакала пяхота, а злева рыхтаваліся да бою польскія конныя дружыны. Пяхоту прыкрывала частка гарматаў. Астатнія свае гарматы князь Астрожскі схаваў у засадзе.


Бітва на рэчцы Крапіўне

Загрымелі баявыя бубны, гучна заспявалі трубы-сурмы з турыных рагоў, і крывавая сеча пачалася.

Ваяры Канстанціна Астрожскага лёгка адбілі першую атаку маскоўскай конніцы. Гетман лётаў на сваім даўганогім жарабцы наперадзе і аддаваў загады. Пасля абмену атакамі маскоўскія ваяводы паспрабавалі абкружыць войска Вялікага Княства, аднак князь Канстанцін адразу разгадаў гэтую задуму.

Нарэшце гетман ускінуў над галавой булаву і павёў сваю конніцу ў рашучы наступ. Вершнікі з налёту ўрэзаліся ў варожыя шыхты і пачалі працаваць шаблямі і дзідамі. Астрожскі, як і раней, быў навідавоку, натхняючы сваіх.

Раптам адбылося нешта нечаканае. Коннікі Вялікага Княства развярнулі коней назад і па камандзе гетмана сталі паспешліва адыходзіць. Маскоўская конніца з радасным крыкам кінулася ў пагоню.

Вершнікі Астрожскага на ўсёй хуткасці несліся да блізкага лесу. І тут гетман зноў узмахнуў булавой. Ягоная конніца крута павярнула на два бакі і паімчала далей, а расейцы апынуліся перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.

Артылерысты ўдарылі па разгубленых ворагах трапнымі стрэламі. Тыя ў паніцы кінуліся ўцякаць, але палкі Астрожскага ўжо былі гатовыя да пагоні. Пяць міляў яны гналі і секлі непрыяцеля, спыніўшыся толькі тады, як надышла ноч. Шмат хто з чужынцаў патануў у Дняпры і Крапіўне, загінуў у балотнай дрыгве ды густых лясах.

У летапісах занатавана, што пад Воршай сустрэлі сваю смерць 40 тысяч захопнікаў. Дзесяць варожых ваяводаў і колькі тысяч ваяроў трапіла ў палон.

Вестку пра страшны разгром свайго войска маскоўскі князь Васіль III пачуў у Смаленску. Ён загадаў павесіць на гарадскіх валах усіх жыхароў, якія хацелі вярнуць свой горад у Вялікае Княства Літоўскае, а сам уцёк у Масковію.

Так развеяліся ягоныя мары пугамі прыгнаць нашае войска пад маскоўскія сцены.

Аршанская бітва засталася ў гісторыі як адна з найбуйнейшых у Еўропе XVI стагоддзя. Пасля паразы царскіх ваяводаў на рэчцы Крапіўне амаль усе захопленыя імі гарады былі вызваленыя.

Даведаўшыся пра падзеі пад Воршай, крымскія татары некалькі гадоў баяліся нападаць на Вялікае Княства Літоўскае.

У гонар сваёй выдатнай перамогі гетман Канстанцін Астрожскі на ўласныя грошы пабудаваў у сталіцы нашай дзяржавы Вільні праваслаўныя храмы святой Тройцы і святога Мікалая, якія захаваліся дасёння.


Памяць пра перамогу

Неўзабаве пасля разгрому захопнікаў нехта з тагачасных мастакоў стварыў карціну «Бітва пад Воршай». Цяпер гэтая карціна знаходзіцца ў Польшчы, у адным з музеяў Варшавы. На ёй можна ўбачыць, як нашае войска перапраўляецца цераз раку Дняпро, як яно рыхтуецца да бітвы і як б’е ворага.

На сваіх доўгіх дзідах беларускія коннікі трымаюць бел-чырвона-белыя сцяжкі. Гэта першы вядомы малюнак нашага нацыянальнага сцяга.

У гонар выдатнай перамогі на рэчцы Крапіўне беларускі народ склаў песню, у якой услаўляў гетмана Астрожскага і ягоных смелых ваяроў. У гэтай песні ёсць такія словы:

Ой, у нядзельку параненька

Ўзышло сонца хмарненька,

Узышло сонца над борам,

Па-над Сялецкім таборам.

А ў таборы трубы йграюць,

Да ваяцкае парады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Адкуль Воршы здабываці:

А ці з поля, а ці з лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

А ні з поля, а ні з лесу

Толькі з рэчкі невялічкі.

А ў нядзельку параненьку

Сталі хлопцы-пяцігорцы

Каля рэчкі на прыгорцы:

Гучаць разам з самапалаў,

З сяміпалых ад запалаў.

Б’юць паўсоткаю з гарматаў.

Масква стала наракаці,

Места Воршу пакідаці;

А як з Воршы уцякалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

“Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як наша слава тутака прапала;

Бадай высыхала да сканчэння свету,

Што нашай славанькі ўжо нету”.

Слава Воршы ўжо не горша.

Слаўся, пан Астрожскі!

Прамінула ўжо амаль пяцьсот гадоў, а памяць пра бітву пад Воршай жыве ў нашым народзе.

У 1992 годзе ў дзень слаўнай перамогі войска Астрожскага над захопнікамі тысячы беларусаў сабраліся ў Менску на плошчы Незалежнасці. Яны далі ўрачыстую вайсковую прысягу мужна і самааддана бараніць Беларускую дзяржаву ад любых яе ворагаў.


Пытанні і заданні

1. Якія новыя ворагі з’явіліся ў нашых продкаў пасля разгрому нямецкіх рыцараў пад Грунвальдам?

2. Раскажы, як Вялікае Княства Літоўскае змагалася з татарамі. Каля якога беларускага горада была разгромленая варожая арда?

3. Што ты ведаеш пра Канстанціна Астрожскага?

4. Якімі мірнымі справамі займаўся князь Астрожскі?

5. За што гаспадар Вялікага Княства прызначыў яго гетманам?

6. Колькі бітваў выйграў гетман Астрожскі? Дзе і калі ён здабыў самую славутую перамогу?

7. Раскажы пра Аршанскую бітву.

8. Якая вайсковая хітрасць дапамагла нашым прадзедам перамагчы ворагаў на беразе рэчкі Крапіўны?

9. Што адбылося ў дзень бітвы пад Воршай у 1992 годзе на менскай плошчы Незалежнасці?

Загрузка...