У 1812 годзе французскі імператар Напалеон пачаў вайну з царом Аляксандрам I. Расейскія гісторыкі называюць тую вайну Айчыннай, гэта значыць такой, калі, баронячы Радзіму, супроць захопнікаў падымаецца ўвесь народ. Але для Беларусі вайна 1812 года была інакшаю. Нашыя продкі не лічылі Расейскую імперыю сваёй Айчынай. Яны не хацелі бараніць краіну, якая пазбавіла іх народ незалежнасці. Шмат хто з беларусаў спадзяваўся, што Напалеон дапаможа адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае.
Для паходу на Расею французскі імператар падрыхтаваў велізарнае 600-тысячнае войска. Напалеон называў гэтую збройную сілу Вялікай арміяй. Хоць войска лічылася французскім, але французаў у ім было меней за палову. Астатнія жаўнеры паходзілі з розных іншых краінаў.
Напалеон быў выдатным палкаводцам і да вайны з расейскім царом Аляксандрам здолеў усталяваць сваю ўладу амаль над усёй Еўропай.
У купальскую ноч 1812 года Вялікая армія пераправілася цераз Нёман, па якім тады праходзіла расейская мяжа.
Праз чатыры дні Напалеон ужо ехаў па вуліцах Вільні. Былая сталіца Вялікага Княства сустракала французскага імператара як вызвольніка. Жанчыны закідвалі яго кветкамі, юнакі пыталіся, як запісацца ў ягонае войска.
Першы пад сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі ў горад увайшоў беларускі кавалерыйскі полк князя Дамініка Радзівіла.
У тыя дні ў сэрцах жыло шмат светлых надзеяў і спадзяванняў. Мала хто задумваўся, чаму адмовіўся ўдзельнічаць у вайне Тадэвуш Касцюшка, што жыў тады ў Францыі.
Напалеон разлічваў паасобку разбіць расейскія арміі недалёка ад мяжы і прымусіць Расею падпісаць мір. Але царскія генералы вырашылі не ўступаць у вырашальную бітву, пакуль не аб’яднаюць свае войскі. Французы ж імкнуліся сарваць гэты план. Каля гарадоў Кобрына і Міра, блізу вёсак Гудзевічы на Гарадзеншчыне, Салтанаўка на Магілеўшчыне ды ў іншых мясцінах беларускай зямлі з першых дзён вайны ішлі крывавыя баі.
У ліпені вялікая бітва адбылася каля вёскі Клясціцы, што пад Полацкам. Сам Полацак французы занялі без цяжкасцяў. Адсюль адкрываўся шлях на расейскую сталіцу Санкт-Пецярбург. Дарогу туды абараняў корпус царскага генерала Вітгенштэйна.
У Вітгенштэйна было 18 тысяч салдатаў і 108 гарматаў, а ў французскага маршала Удзіно — 25 тысяч конніцы з пяхотай і 114 гарматаў. Тры дні на беразе ракі Дрысы кіпела бітва. Расейцам усё ж удалося спыніць наступ напалеонаўскіх палкоў на Пецярбург.
Пад Клясціцамі быў смяротна паранены таленавіты царскі генерал Якаў Кульнёў. Напалеон умеў высока цаніць мужнасць і адвагу праціўніка. Даведаўшыся пра геройскую смерць генерала, французскі імператар паслаў у Парыж адмысловага ганца з лістом, дзе называў Якава Кульнёва адным з найлепшых афіцэраў расейскай кавалерыі.
Сёння імем генерала Кульнёва называецца адна з полацкіх вуліцаў.
Роўна праз месяц пасля Вільні Напалеон уступіў у Віцебск. На падыходах да горада, каля мястэчка Астроўна, расейскія войскі зноў сустрэліся з французамі. Бой быў такі цяжкі, што на дзесяці вёрстах ад Астроўна да Лучосы забіты ці паранены ляжаў на кожным метры дарогі.
У Віцебску французскі імператар рыхтаваўся да свайго дня нараджэння. Ён быў у гуморы. Нягледзячы на цяжкія страты, ягоныя войскі прайшлі ад Нёмана сотні вёрстаў і набылі яму пяць мільёнаў новых падданых.
У беларускіх гарадах вывешвалі партрэты французскага імператара. Газеты пісалі пра добраахвотнікаў, што запісваюцца ў Вялікую армію, і пра ахвяраванні на яе патрэбы. Князёўна Радзівіл ахвяравала дзесяць валоў і дванаццаць бараноў, а нейкі небагаты шляхціч з-пад Наваградка — рэшата яек і некалькі фунтаў масла. Такіх прыкладаў было шмат.
На пачатку вайны зычліва сустракалі напалеонаўскіх жаўнераў і беларускія сяляне. Яны марылі атрымаць свабоду ад прыгону, а таму дапамагалі французам, паказвалі ім дарогу, разам нападалі на маёнткі верных цару памешчыкаў.
Гэтым часам у напалеонаўскім войску служылі прыкладна 25 тысяч беларусаў.
Вядома, што ў свой першы віцебскі дзень Напалеон адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены вайсковымі картамі стол і абвясціў: “У гэтым горадзе я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй адпачынак і займуся ўладкаваннем гэтай краіны. Паход 1812 года — закончаны!”
Хто ведае, што сталася б, каб французскі імператар сапраўды спыніўся? Аднак неўзабаве ён перадумаў і тамсама, у Віцебску, пастанавіў ісці на Маскву.
Хоць прамінула ўсяго паўтара месяца вайны, прыхільнікі Напалеона ў нашай краіне адзначалі яго дзень нараджэння ўжо зусім не так радасна, як віталі пачатак паходу.
Заняўшы беларускія і летувіскія землі, Напалеон аб’явіў іх вызваленымі ад расейскага прыгнёту і не скупіўся на шчодрыя абяцанні.
Не ўсе разумелі, што французскі імператар вёў сваю гульню. Ён марыў пра панаванне над усім светам, а лёс таго ці іншага падуладнага народа мала хваляваў яго.
За абяцанне аднавіць Вялікае Княства Літоўскае Напалеон патрабаваў 100-тысячнае войска і велізарную колькасць харчовых прыпасаў для сваёй арміі. Часовы ўрад Княства не стаў гаспадаром краіны, а мусіў быў падпарадкоўвацца французскім камісарам.
Сяляне марна чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права. Замест гэтага ён падпісваў усё новыя і новыя загады пра паборы. Французскія аддзелы ездзілі па вёсках, пакідаючы за сабою пустыя каморы, хлявы і адрыны. Пад выглядам добраахвотных ахвяраванняў салдаты збіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць пудоў жыта і аўса.
У жніўні Напалеон выдаў указ, згодна з якім яго Вялікая армія павінная была атрымаць ад беларускіх губерняў 53 тысячы кароў і 628 тысяч тон збожжа.
Надзеяў на Напалеона заставалася ўсё менш і менш. Сяляне браліся за косы ды сякеры і стваралі партызанскія аддзелы, каб бараніцца ад рабункаў.
Паспяховымі нападамі на французаў праславіліся беларускія партызаны з прыдзвінскай вёскі Жарцы. Сялянка Хадора Міронава некалькі разоў адважна выпраўлялася ў заняты французамі Полацак і прыносіла адтуль важныя звесткі для расейскага штаба.
Напярэдадні вядомай Барадзінскай бітвы французскі імператар вымушаны быў накіраваць ажно дзесяць тысяч жаўнераў на дапамогу свайму 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны трымалі ў аблозе.
Напалеонаўскаму войску ўдалося заняць Маскву, але разбіць царскую армію, якою камандаваў Кутузаў, ён так і не здолеў. У кастрычніку французы пачалі адступаць. Неўзабаве расейскія войскі з дапамогаю партызанаў выбілі іх з Полацка, Віцебска, Магілева, Менска ды іншых беларускіх гарадоў.
Недалёка ад Барысава французы з вялікімі стратамі пераправіліся цераз раку Бярэзіну. Іх адступленне ўсё больш нагадвала ўцёкі. Ад магутнай Вялікай арміі засталіся галодныя, абмарожаныя купкі жаўнераў, што панура брылі на захад, туды, адкуль прыйшлі.
У беларускім мястэчку Смаргонь Напалеон пераапрануўся ў чужы мундзір і пад чужым імем пакінуў войска, спяшаючыся ў Парыж. Ён казаў сваім прыдворным, што праз год прывядзе трыста тысяч жаўнераў і ўсё адно паставіць Расею на калені.
Гэтыя планы не здзейсніліся. Недзе на беларускай зямлі, магчыма на дне аднаго з нашых шматлікіх азёраў, застаўся ляжаць кінуты Напалеонам пад час уцёкаў яго залаты скарб.
У 1812 годзе Беларусь страціла мільён жыхароў, чвэрць усяго насельніцтва. Адны загінулі ў баях, другія памерлі ад голаду і пошасцяў. Тысячы нашых землякоў, што служылі ў напалеонаўскім войску, мусілі адступіць за мяжу і ваяваць на чужыне за чужыя інтарэсы.
Пасля вайны 1812 года тыя, хто марыў вызваліць Бацькаўшчыну, зразумелі, што трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы.
1. Чаму для Беларусі вайна з Напалеонам не была Айчыннай?
2. Раскажы пра пачатак вайны і першыя бітвы на беларускай зямлі.
3. Чаму беларусы ішлі служыць да Напалеона?
4. Колькі нашых землякоў служыла ў ягоным войску?
5. Якое рашэнне прыняў французскі імператар у Віцебску?
6. Чаму беларусы зразумелі, што Напалеону нельга верыць?
7. Як нашыя сяляне бараніліся ад рабункаў чужаземных жаўнераў?
8. Чым скончыўся напалеонаўскі паход?
9. Якія страты прынесла Беларусі вайна 1812 года?