3 КНІГАЗБОРУ ПАЛКОЎНІКА АРТЫЛЕРЫІ

У Нацыянальным музеі ў Кракаве, у аддзеле імя Чартарыйскіх, пад нумарам 1482 захоўваецца надзвычай цікавы рукапіс XVIII стагоддзя. Мудрагелістая і доўгая назва яго[1], сугучная тагачаснаму сіылю барока, у сціслым выкладзе гучыць як «Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця». Аўтар дзённіка — лекарка Саламея Русецкая. Нарадзілася яна на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Наваградскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага[2].

Кіраўніцтва музея дало мне магчымасць атрымаць копію рукапісу і такім чынам азнаёміцца з ім. А ўпершыню яго апісаў гісторык Л. Глятман у канцы мінулага стагоддзя. Пазней дзённік даследавалі М. Ліпіньска, Г. Поляк, 3. Куховіч, Я. Рэйхман.

Пад загалоўкам рукапісу зроблена прыпіска на лацінскай мове пра тое, што ён «3 бібліятэкі Іаана дэ Вітэ, палкоўніка артылерыі»[3].

Запісы Саламеі Русецкай — гэта ўражанні ад убачанага і пачутага ў краінах, дзе пабыла нястомная вандроўніца. Жыццёвыя віхуры насілі яе па абшарах Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай[4], па землях «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі»[5], па Асманскай Турцыі. У дзённіку ёсць запіс і пра намер наведаць Іерусалім.

Звычайная побытная мова, арфаграфічныя памылкі, стылёвыя хібы сведчадь пра тое, што ў аўтаркі не было грунтоўнай адукадыі і сістэматызаваных ведаў, а гэта крыху звужае кола яе назіранняў. Няма ў запісках аналітычных высноў, і тым не менш яны падкупляюць шчырасцю, багаццем фактаў і падрабязнасцяў, якія даюць магчымасць бачыць з'явы ва ўсёй іх паўнаце. Свае мемуары Саламея Русецкая пісала па-польску, але яны літаральна насычаны беларусізмамі.

Шмат увагі падарожніца аддае апісанню ладу жыцця ў розных краінах, называе памеры сваіх ганарараў, піша пра кошт прадуктаў харчавання ў Стамбуле, Пецярбурзе, іншых гарадах.

Усё гэта сведчанні таго, што Русецкая не належала да багатых маёмасных людзей. Кавалак хлеба і прызнанне яна здабывала сваімі рукамі і розумам. Дзённік напісаны ў разліку не толькі на людзей заможных, але і на «беднякоў», як паведамляе сама лекарка.

Магчыма, у выкладзе Русецкай ёсць некаторыя перабольшванні, асабліва ў тых месцах, дзе гаворка ідзе пра незвычайныя здарэнні. Але ў цэлым яе запіскі пакідаюць уражанне праўдзіва і дакладна апісаных падзей. Шматлікія іншамоўныя выразы гавораць самі за сябе. Правільна яна называе раёны Стамбула і Вены, вуліцы, месцазнаходжанне дамоў і палацаў у Пецярбурзе. Беспамылкова ўказвае на пасады сваіх знаёмых і апекуноў. Такія дэталі мог ведаць толькі непасрэдны сведка і ўдзельнік падзей. Дзённік чытаецца як захапляльны прыгодніцкі раман.

Запіскі Саламеі Русецкай — багатая і цікавая крыніца па гісторыі і геаграфіі шэрагу краін Еўропы сярэдзіны XVIII стагоддзя. Хай не здзіўляе мноства цытат у кнізе. Зроблена гэта свядома, каб данесці да чытачоў галасы мінулага, яго фарбы і водар.

Загрузка...