Паход генерала Зекендорфа * Паўстанне супраць асманскай няволі * Адступленне аўстрыйцаў * Крывавая расправа над сербамі * Выкуп нявольнікаў * Фіяска трансільванскага князя * Уцёкі з Відзіна
Неўзабаве з Босніі прыйшла вестка пра смерць Хальпіра. Паехадь туды, каб забрадь яго маёмасць, Саламеі не выпала. Летам 1737 года Аўстрыя і Венгрыя ўступілі ў вайну, якую ўжо два гады вяла Расія супраць Турцыі, на баку рускіх.
Рускія войскі тым часам ажыццявілі два паспяховыя паходы ў Крым (1736–1737 гады) і заваявалі крэпасць Азоў ля вусця Дона. Туркам даводзілася весці вайну яшчэ і з персамі ў Іраку.
Скарыстаўшы паднявольнае становішча сербаў і балгараў у Асманскай імперыі і спекулюючы на гэтым, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» і венгерскі кароль Карл VI заклікаў народы да паўстання, абяцаючы ім свабоду веравызнання.
Аўстрыйскія войскі рушылі ад Белграда на поўдзень Сербіі. Генерал-фельдмаршал аўстрыйскай армй Ф. Зекендорф уступіў у перагаворы з турэцкім гарнізонам у цытадэлі сербскага горада Ніша. Турэцкі камендант капітуляваў, забяспечыўшы сабе вольны выхад з цытадэлі. Славяне падтрымалі аўстрыйцаў. Сербскія паўстанцы захапілі горад Нозі Пазар, а балгары ўзняліся супраць туркаў у вобласці, што непасрэдна прылягала з захаду да Сафіі.
Вялікую цікавасць уяўляюць запіскі Русецкай пра падзеі аўстра-турэцкай вайны, тым больш што крыніц па яе гісторыі надзвычай мала. «Тым часам прыйшоў загад ад імператара (султана), каб паша мой паехаў і адабраў у немцаў (аўстрыйцаў) Ніш, тую крэпасць, што ўзяў Зекендорф. А той Зекендорф за колькі тыдняў да таго заключыў пакт з балгарамі і сербамі, гэта значыць з воласцю або правінцыяй Нішскай, бо ў гэтай мясцовасці і пасяленняў тых жыхароў было на пяцьдзесят міляў з гарадамі, і мястэчкамі, і вёскамі, дзе людзей на некалькі мільёнаў (?) багатых знаходзілася, вельмі мужных, маладых, спрытных, як і старых, і жанчын, і дзяцей; кожны з нас можа тое зразумець, якая гэта велізарная прастора — ад Белграда да Сафіі. Усе гэтыя воласці паўсталі супраць туркаў, бо ім той генерал Зекендорф даў такую параду: «Не бойцеся туркаў, дапамагайце мне, я ўжо Ніш узяў, вазьму і Сафію, і Відзін-Турэцкі[16], нават Стамбул.» I так гэтыя бедныя хрысціяне паверылі таму генералу Зекендорфу і ўзнялі паўстанне супраць туркаў, і парэзалі некалькі тысяч туркаў».
Але туркі здолелі адбіць напад аўстрыйцаў на сваім левым флангу ў Босніі, нанеслі ім паражэнне спачатку пад Банялукай, а потым у заходняй Сербіі пад Валевам. Выявілася няздольнасць імперскіх военачальнікаў. Сярод іх не было знакамітага палкаводда Яўгена Савойскага[17], які выгнаў некалі туркаў з паўночнай Сербіі. Зенкендорф спрабаваў узяць Відзін, але туркі разбілі імперскія войскі ды дваццаць тысяч сербскіх паўстанцаў, прымусіўшы іх адступіць.
Саламея піша пра заканчэнне летняй кампаніі 1737 года ў Сербіі: «А той генерал (Зекендорф) узяў у аднаго пашы сто тысяч чырвоных злотых і без усялякай на тое патрэбы загадаў узняцца па трывозе і ціха памаршыраваў са сваімі немцамі з Ніша, і яны пацягнуліся да нямецкай мяжы, а ключы ад Нішскай крэпасці адаслаў майму пашу Кюпру-улу, а мой паша быў хворы, і яму паклалі пад падушку ключы ад Нішскай крэпасці».
Тут Саламея паўтарыла распаўсюджаныя тады чуткі пра подкуп Зекендорфа. Золата сапраўды мела вялікую цану для гэтага «скупога рыцара», які, між іншым, пазбягаў раскошы. На самой справе Ніш здаў туркам не Зекендорф, а іншы генерал — Нікалаус Даксат дэ Марэз. Шэсць тысяч аўстрыйцаў пад яго камандаваннем былі абложаныя шматлікім турэцкім войскам. Даксат прасіў Зекендорфа аб дапамозе, але, так і не дачакаўшыся яе, мусіў здаць цытадэль: неставала правіянту і людскіх сіл. За здачу Ніша аўстрыйскія ўлады пакаралі Даксата смерцю. Зекендорфа арыштавалі і адправілі ў Вену. Прыдворная рада прыцягнула яго да судовай адказнасці, але генерал быў апраўданы.
Пра вынікі паўстання сербаў і балгараў Саламея піша: «Тым часам прыйшоў зноў новы загад ад турэцкага двара, каб за тое паўстанне, якое яго ўласныя падданыя ўчынілі супраць свайго валадара, туркі іх тры дні і тры ночы рэзалі, пачынаючы ад хлопцаў, якім 18 гадоў, да мужчын, якім пяцьдзесят гадоў, а каму шэсцьдзесят або семдзесят, або восемдзесят, каб таго не знішчалі, гэтаксама як і хлопчыкаў ад году да 18 гадоў не чапалі, толькі ў няволю бралі, і жанчын, і дзяўчат, і ўсіх старых жанчын.
I так сталася, што туркі выразалі хрысціян тры дні і тры ночы ў палях, у лясах, у дамах, дзе толькі ні спатыкалі, і мой паша меў той загад ад турэцкага цара, што ён хоча ведаць: ці шмат яго падданых у гэтай крывавай вайне загінула, і таму мой паша загадаў туркам толькі хрысціянскія галовы звозіць у Сафію для падліку, колькі іх забітых, і турэцкаму цару пра тое паведаміць.
I такую бачыла я кару божую на бедных хрысціян, такая была гара чалавечых хрысціянскіх галоў, нібы велізарная карчма; наверх па галовах патрэбна была лесвіца, і кожная хрысціянская галава лічылася пашою ў адну адзінку.
I так туркі па палях і лясах ездзілі з вялізнымі кашамі і галовы забітых хрысціян адразалі, і іх прывезлі да сябе і пасля гэтых трох дзён старым і дзецям малым можна было шукаць бацькоў і братоў сваіх, як і бацькам можна было шукаць галовы сыноў сваіх; ах, мой божа, што я тым часам за жальбу і страх мела, калі была у тым горадзе… Быў там чалавек высокай годнасці, святар праваслаўны ці епіскап, бо праваслаўныя ўладыкам яго называлі, і яго ў той жудаснай сечы павесілі».
Русецкая прызнаецца, што была ашаломлена страшэнным відовішчам расправы над блізкім ёй славянскім народам і вырашыла пакінуць службу ў пашы. Пераапрануўшыся для бяспекі ў адзенне янычара, лекарка ўзяла з сабою дачку і слуг і накіравалася ў Відзін.
У Відзіне сканцэнтраваліся асноўныя сілы асманскіх войск. Яны размяшчаліся ў крэпасці Баба Віда, збудаванай на падмурках колішняга рымскага ўмацавання. Чатыры квадратныя вежы стаялі па кутах цытадэлі, што велічна ўзвышалася над Дунаем. Яе атуляў глыбокі роў з вадою. Ужо колькі разоў аўстрыйцы спрабавалі ўзяць Відзін, але без поспеху.
Значныя страты аўстрыйцам туркі нанеслі пад горадам Краёвай (на паўднёвым захадзе цяперашняй Румыніі), захапіўшы шмат палонных. Саламея бачыла, як вялі закаваных у ланцугі аўстрыйскіх салдат і афіцэраў, шэрагамі па дзвесце чалавек, а ў кожным турэцкім доме знаходзіліся аўстрыйскія нявольнікі або нявольніцы.
Лекарка выкупіла ў турэцкага палкоўніка Мехмет-агі Кул-улу чатырох палонных афіцэраў: паручнікаў Карла Яравіну, Тэадора Котнера, Антона Ермянціну і прапаршчыка Фартуната-Ежэфа Піхельштэйна, а таксама жонку аднаго аўстрыйскага паручніка. Яна пасяліла іх у сваім доме і дамовілася з Кул-улу, што той даб'ецца ў відзінскага пашы Хайваза Мехмет-пашы дазволу напісаць палоннікам лісты дадому, сваім родным, каб тыя прыслалі выкуп за іх. Кур'ер адвёз лісты ў Вену, і неўзабаве ў Відзін прыйшлі грошы. Толькі за Фартуната Піхельштэйна ніхто нічога не прыслаў. Трое паручнікаў растлумачылі Саламеі, што Піхельштэйн жыве далёка ад Вены, пошта да яго сваякоў павінна ісці цераз гарады Грац і Лайбах (па-славенску Градзец і Любляна) у мястэчка Піхельштэйн. Там жылі яго бацькі, да якіх ліст яшчэ, відаць, не дайшоў. Саламея адпусціла палонных паручнікаў і жанчыну, а прапаршчыку давялося суправаджаць лекарку далей у яе вандроўках. Тады яна яшчэ не ведала, што гэты змушаны спадарожнік стане яе другім мужам.
Знаходжанне ў зоне ваенных дзеянняў для маладой жанчыны было справаю небяспечнай і рызыкоўнай. Яна вылечыла па загадзе Хайваза Мехмет-пашы трансільванскага князя Йожэфа Ракачы (ён прыехаў у Відзін у сакавіку 1738 года), кандыдатуру якога на венгерскі трон падтрымліваў вялікі везір[18] Асманскай імперыі Еген Махамед-паша. Князь спрабаваў заляцацца да маладой прывабнай жанчыны, але безвынікова, тады ён абвінаваціў лекарку ў шпіёнстве на карысць аўстрыйцаў. «А тым часам крывавыя войны ішлі, — піша Русецкая, — і мноства зусім невінаватых людзей паша загадаў пакараць жорсткаю смерцю за шпіёнства».
Не ўзяўшы пашпарт у пашы, лекарка разам з дачкою, слугамі і палоннікам адплыла з Відзіна ўніз па Дунаі ў горад Рушчук (па-балгарску Русе), дзе стаяла магутная турэцкая крэпасць. Тут Саламею арыштавалі. Ад смерці яе зноў уратавалі залатыя рукі — яна паспяхова вылечыла сына султанскага скарбніка. Здарылася так, што ў ноч, калі арыштавалі лекарку, вельмі кепска стала дваццацідвухгадоваму сыну скарбніка: цяжкі ацёк павек, твару, языка. Трое русенскіх дактароў нічым не маглі дапамагчы хвораму. За лячэнне ўзялася Саламея, і на трэці дзень малады чалавек змог расплюшчыць вочы, а праз сорак дзён быў абсалютна здаровы.
Лекарка атрымала дазвол ехаць у Расію; на гэты раз мэтай яе падарожжа было вызваленне двух турэцкіх афіцэраў з Русе, што трапілі ў рускі палон пад Азовам.