Маладзейшыя сучаснікі Саламеі Русецкай, вядомыя авантурысты XVIII стагоддзя граф Сен-Жэрмен, шэвалье д'Эон, Казанова, герцагіня Кінгстон, Каліёстра, Месмер, якія праславіліся сваімі прыгодамі пры еўрапейскіх дварах, былі прадстаўнікамі паўнапраўнага на той час дваранства. Іх апісанні ахоплівалі жыццё вышэйшых слаёў грамадства, не апускаліся да дробязяў штодзённага жыцця нізоў.
У адрозненне ад іх Русецкая ўваходзіла ў палацы з чорнага, а не з параднага ўвахода. Ёй, чалавеку нешляхетнага паходжання і рамяства, былі адчыненыя дзверы не ў залы і гасцёўні, а ў людскія, дзіцячыя і спальный пакоі — туды, дзе знаходзіліся хворыя. Прадстаўніца трэцяга саслоўя, яна апісвае не шыкоўнае жыццё маёмасных людзей, а клопаты пра кавалак хлеба для сябе і сваіх дзяцей. Відаць, гэтая «проза жыцця» і надае каштоўнасць запіскам лекаркі.
Падарожніца адзначала і тое, што бачыла сама, і тое, што гаварылі вакол. Часам яна называе імёны тых, ад каго пачула тую ці іншую гісторыю. Ад шляхціча Якубоўскага, напрыклад, даведалася пра Мазепу, ад кіеўскага каменданта Касцюрына, генералаў Харвата і Глебава[54] гісторыю пеўчага, апасля графа Кірылы Разумоўскага.
У сваіх меркаваннях аб Расіі, як і аб іншых краінах, Русецкая абапіралася на звесткі, набытыя пры двары манарха і ў дамах магнатаў, што надае яе запіскам пэўную абмежаванасць. Так, малюючы эпізоды прыдворнага жыцця, расказваючы аб змене імператараў у Расіі, аб прыходзе да ўлады Анны Іванаўны, а пазней Лізаветы Пятроўны, аб магутным уплыве фаварытаў Бірона і Разумоўскага, Саламея трактуе падзеі з пазіцый, прынятых пры царскім двары. 3 дакументаў вядома, што ў Пецярбурзе «спакой для добрых людзей хадзіць і ездзіць» захоўваўся зусім не так, як піша Русецкая. Менавіта ў часы валадарання царыцы Анны Іванаўны паліцыі і арміі давялося ўзмацніць сваю дзейнасць, каб навесці парадак у сталіцы — настолькі пачасціліся выпадкі рабавання.
Разам з тым лекарка не замоўчвае ўласцівых імператрыцы жорсткасці, нецярпімасці, самавольства. Яна расказвае пра жудасны «Ледзяны дом» на Няве, куды для пакарання быў змешчаны князь Галіцын, пра спаленне рускага афіцэра, якога абвінавацілі ў вераадступніцтве[55].
У Русецкай была перавага іншаземкі: яна фіксавала нярэдка тое, што тутэйшаму чалавеку здаецца агульнавядомым і нявартым увагі. Мноства побытавых дэталяў, яркі эмацыянальны аповяд пра асабістыя прыгоды, пра жорсткае абыходжанне туркаў і нагайцаў з іншымі народамі прыдунайскіх краін надаюць дзённіку асаблівую прыцягальнасць. Запісы прасякнуты шчырасцю і зычлівасцю да розных народаў. У Саламеі няма праяў нацыянальнай высакамернасці, яна хваліць шырыню натуры рускіх і туркаў, норавы якіх у каталіцкай Рэчы Паспалітай было прынята крытыкаваць.
Апісанне падзей, нораваў людзей іншых краін для аўтаркі не самамэта, а фон для выкладу ўласных перажыванняў. Саламея, бясспрэчна, магла апусціць некаторыя падрабязнасці свайго жыцця (напрыклад, сувязь з «амаратам»), але ўсё ж расказвае пра гэта, магчыма, з разлікам на спачуванне чытачак дзённіка.
Саламея вызначалася рашучасцю і смеласцю. Яна не баялася прабірацца праз тэатр ваенных дзеянняў, цераз раёны, што кішэлі разбойнікамі. Не баялася лячыць запушчаныя хваробы, хоць загадзя ведала, што няўдача можа каштаваць ёй жыцця.
3 дзённіка прасочваецца заўсёднае імкненне аўтаркі ўзбагачаць свае веды. Саламея назапашвала прыёмы лекавання яшчэ змалку ў вёсцы, вучылася ля свайго першага мужа, урача па спецыяльнасці, у «вавілонскага» лекара, урача-італьянца — усюды, дзе толькі магла. Ёсць згадкі, што Русецкая збіралася абагульніць свой вопыт у кнізе і выдаць яе, але пакуль даследчыкі не натрапілі на яе след. Паказальна, што бурнае, насычанае жыццё правёў не мужчына-афіцэр, шукальнік прыгод, а жанчына, якая змагла набыць спецыяльнасць і займала пэўнае грамадскае становішча на той час, калі жанчыны не мелі ніякіх сацыяльных правоў, асабліва на Усходзе.
© OCR: KaMyHiKaT.org, 2012 © Інтэрнэт-версія: KaMyHiKaT.org, 2012 © PDF: KaMyHiKaT.org, 2012