ПРЫГОДЫ НА УКРАІНЕ

Падступнасць каменданта Бякерскага * Калі каханне прыносіць гора * Цераз дзяржаўную мяжу — за срэбраны рубель * Візіт да апальнага генерала * Зладзейства "амарата" * Зняволенне ў Хоціне


Здавалася, дабрабыт і спакой нарэшце трывала ўвайшлі ў жыццё Саламеі. Сям'я была побач. Дзеці раслі, вучыліся, часам хварэлі, але гэта звычайна не дужа засмучала Саламею. Ёй, спрактыкаванай лекарцы, даволі лёгка ўдавалася пазбавіць ад нямогі сваіх блізкіх. Але, відаць, самім лёсам было наканавана гэтай жанчыне неспакойнае жыццё.

Тут, у Камянцы-Падольскім Саламея напоўніцу адчула на сабе самавольства мясцовых улад. Камендант замка генерал Дамінік Бякерскі пазычыў у лекаркі грошай. Пад заклад ён перадаў ёй сталовае срэбра, коней і іншыя каштоўныя рэчы. Але калі лекарка пачала збірацца ў дарогу і папрасіла вярнуць пазыку, генерал не аддаў грошай, больш таго — запатрабаваў назад і срэбра, і коней. Вядома, Саламея не згадзілася. За гэта камендант пасадзіў яе пад хатні арышт, апячатаў усю маёмасць і, зразумела, не даў пашпарт на выезд за мяжу.

У гэтым жа часе яе кінуў муж Фартунат Піхельштэйн. Бякерскі вырашыў выслаць Саламею ў горад Белая Царква ў пажыццёвае зняволенне. Аднак лекарцы ўдалося знайсці прытулак у дамініканскім кляштары.

Пераапрануўшыся ў чужое адзенне, Саламея ў 1743 годзе ўцякла з Камянца-Падольскага. У тым месцы запісак, дзе яна згадвае пра гэтыя падзеі, чуваць крык роспачы: «I так я засталася ў такім сіроцтве без дапамогі, без грошай, вось як абышлася са мною мая айчына…»[43]

Пасля доўгіх блуканняў і пакут лекарка нарэшце патрапіла ў Варшаву. Яна пераканала вялікага кароннага гетмана[44] Юзафа Патоцкага асудзіць незаконныя дзеянні каменданта Бякерскага. У выніку маёмасць ёй вярнулі.

Пасля гэтага Саламея вырашыла вярнудца ў Пецярбург, каб уладкавадца на службу да новай імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Шмат гора на той час прынёс ёй «амарат»[45], малады падольскі афіцэр-шлях-ціч, які быў маладзейшы за Саламею на сем гадоў. Імя яго лекарка не называе, а пазначае ў сваіх запісках толькі ініцыяламі I. М. С. Z.[46]

«Амарат» не толькі пражываў набыткі лекаркі, але быў вінаваты ў смерці старэйшага сына Саламеі. Ён замкнуў хдопчыка ў сырым халодным склепе, каб той не расказаў маці пра айчымавы п'янкі і забавы. Хлопчык прастудзіўся і памёр. Лекарка вырашыла пакінуць межы няўтульнага Польскага каралеўства і паехаць у Кіеў, які ўваходзіў у склад Расійскай дзяржавы. Дачку сваю яна змясціла ў львоўскі кляштар, а сама распачала клопаты аб пашпарце на выезд у Расію. Гетман Патоцкі, да якога яна звярнулася, адмовіў ёй выдаць падарожную. Становішча ўскладнялася і тым, што на руска-польскай граніцы усіх, хто праязджаў, змяшчалі на сорак дзён у лазарэт для каранціну, бо расійскія ўлады баяліся заносу ў краіну эпідэмічнай хваробы.

Лекарка павярнула з гасцінца да мястэчка Брусілава. Там якраз праходзіў кірмаш. На заезным двары Саламея пакінула сваіх слуг, рэчы, сына Станіслава. Апранула някідкую ўкраінскую сукенку, на галаву завязала хустку і ў такім уборы паспяшалася на рынак наймаць фурманку. Яна паказала фурману срэбраны рубель і папрасіла як мага хутчэй завезці яе ў Кіеў, нібы да сястры, запэўніўшы, што наступным днём яны абавязкова вернуцца назад.

Фурман што ёсць моцы паганяў коней. Яны паспяхова праехалі праз польскія вартавыя пасты і спыніліся на рускай мяжы. Насустрач ім выйшаў капітан, строга запытаў, хто такія і адкуль. Лекарцы ўдалося ўгаварыць капітана прапусціць іх у горад, не змяшчаючы ў лазарэт, маўляў, яны там доўга не затрымаюцца.

Капітан паверыў і прапусціў сані ў Кіеў. Раніцою яны былі ў горадзе. Расплаціўшыся з фурманам і сказаўшы яму адпачыць, Саламея пачала разважаць, што ёй рабіць далей. Бясспрэчна, прадстаўнікі ўлад пачнуць патрабаваць у яе пашпарт, цікавіцца, праз які пост яна праехала і дзе вытрымала сорак дзён каранціну. Яна разумела, што яе могуць арыштаваць і як пра асобу падазроную паведамяць генерал-губернатару Лявонцьеву. Таму яна вырашыла зноў пераапрануцца і ехаць да яго сама, каб папярэдзіць падзеі.

Фурман вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што з пакоя яго падарожніцы выйшла прыгожа апранутая прывабная жанчына з бранзалетамі і пярсцёнкамі на руках — як усё роўна не тая, у зрэбнай сукні і ботах, якую ён суправаджаў. Саламея, нібы князёўна, паважна села ў размаляваныя сані.

Сані крануліся з месца. Фурман сцебануў коней — толькі вецер у вушах ды снежныя іскры з-пад капытоў. Ля адчыненай брамы перад домам губернатара варта памкнулася спыніць няпрошаных гасцей, але сані заляцелі ў двор, і фурман стрымаў коней толькі перад самым ганкам. Не зважаючы на лакея ў прыходні, Саламея велічна праплыла далей і папрасіла ад'ютанта сказаць генерал-губернатару пра яе прыезд.

Генерал-аншэф Міхаіл Іванавіч Лявонцьеў даводзіўся стрыечным пляменнікам маці Пятра I Наталлі Кірылаўне Нарышкінай. Адважны і знаходлівы, ён праслужыў у рускай арміі паўстагоддзя, а пачынаў службу з Нарвскай баталіі. У бітве пад Палтаваю ён захапіў сем шведскіх сцягоў і насілкі Карла XII.

Лявонцьеў быў у ліку тых, хто ездзіў у Мітаву[47] запрашаць курляндскую герцагіню Анну Іванаўну, пляменніцу Пятра I, на рускі трон. Падчас няўдалага паходу ў 1735 годзе ў Крым у бязводным стэпе загінула каля тысячы салдат. За гэта Лявонцьева адправілі ў ганаровую ссылку ў Кіеў. Сучаснікі характарызавалі генерала як чалавека панурага і злога, занадта патрабавальнага да падначаленых, строгага да жорсткасці. Магчыма, лекарка ўжо чула пра тое. Яна кінулася губернатару ў ногі, прызнаючыся, што прыехала ў Кіеў без польскага пашпарта, не прайшла каранцін. Яна паказала ранейшыя паперы і даведкі, набытыя ў сталічным Пецярбурзе.

Русецкай удалося разжаліць генерала, падкупіць сваёй шчырасцю. Генерал сказаў, што ёй, даме і госці, можна дараваць такі ўчынак, яна, магчыма, не ведае царскіх указаў. Затое іх ведае фурман. Ведае капітан на вартавым пункце. Значыць, яны вінаваты і мусяць быць пакараныя.

Генерал запрасіў лекарку на абед. Пасля гэтага паслаў двух салдат і Саламею на заезны двор, дзе яна спынілася, каб адшукаць фурмана. Яшчэ не пад'ехалі да месца, як лекарка паслала салдат па гарэлку, а сама паспяшалася папярэдзіць фурмана пра небяспеку. «Уцякай, уцякай, а то цябе павесяць!» — крыкнула яна селяніну, як толькі ўвайшла ў дом. Фурман куляю выляцеў з хаты і шпарка пагнаў коней. Прыйшлі салдаты, сталі шукаць, але Саламея сказала, што «парушальнік» з'ехаў яшчэ раніцою.

Салдаты вярнуліся ні з чым. Генерал пачаў высвятляць, праз які пост праехала Саламея. Жанчына, вядома, ад усяго адмаўлялася, гаварыла, што нічога не памятае, бо ехалі ўначы. Лявонцьеў, разважыўшы, справядліва вырашыў, што гэта магло быць па дарозе з Брусілава на Васількоўскі пост. Русецкую пад канвоем накіравалі туды. Афіцэра, які прапусціў яе, доўга распытвалі, але ён ні ў чым не прызнаўся. Саламея таксама сцвярджала, што не ведае капітана, і гэта ўратавала яго ад пакарання.

Лявонцьеў дазволіў перавезці ў Кіеў свае рэчы. У Кіеве Саламея жыла спакойна, чакала адказу з Пецярбурга — яна звярнулася да імператрыцы з просьбаю дазволіць ёй прыехаць і заняцца лекарскаю справаю пры двары. А яшчэ яна вельмі хацела аддаць сына вучыцца ў гімназію пры Акадэміі навук. Станоўчы адказ прыйшоў цераз год. Але спадзяванням не суджана было збыцца. У Кіеў прыехаў «амарат» са сваім сябрам, абакраў Саламею і ў яе ж санях уцёк назад у межы Рэчы Паспалітай.

Генерал-губернатар даў Саламеі двадцадь рэйтараў[48], каб злавіць злодзеяў, але тыя паспелі перайсці мяжу. Рэйтары і фурман лекаркі, па яе словах, скрыгаталі зубамі ад злосці, што ўпусцілі рабаўнікоў, прыгаворваючы: «Ах, чорт, збег лях, хахол, злодзей…»

Каб атрымадь назад сваю маёмасць, Русецкай давялося ехаць у Рэч Паспалітую, у Камянец-Падольскі. Ёй сказалі, што «амарат» хаваецца ў тутэйшым кляштары. Калі Саламея зайшла на споведзь у касцёл, да яе нечакана з-за калоны выйшаў былы яе каханак. Ён папрасіў не ўзбуджаць судовай справы, абяцаў аддаць грошы і рэчы. Саламея паверыла яму, аднак «амарат» вярнуў лекарцы далёка не ўсё, што забраў.

Пасля ўсяго гэтага знясіленая, стомленая жанчына адмовілася ад думкі ехаць у Пецярбург. Яна засталася жыць у валынскім горадзе Дубна. Выдала замуж старэйшую дачку Канстанцыю. Перавезла з Львова ў Камянец-Падольскі сына Станіслава, які вучыўся ў школе. Але вандроўная душа Саламеі зноў клікала ў дарогу. Яна пераязджае ў малдаўскі горад Хоцін[49], размешчаны недалёка ад Камянца, на Днястры, але з другога боку мяжы, у турэцкіх уладаннях. Тут яна паспяхова лячыла самых розных людзей, але неўзабаве была абвінавачаная ў тым, што дапамагла аднаму жыхару Хоціна ўцячы за Днестр, у Рэч Паспалітую, і зняволеная. Дванаццацігадовы сын, даведаўшыся пра бяду, прыехаў у Хоцін і за грошы дамогся яе вызвалення.

Загрузка...