ПАДАРОЖЖА Ў ПЕЦЯРБУРГ

Шлюб з былым нявольнікам * З Нясвіжа да берагоў Нявы * Дапамога брыгадзіра Караулава * Уражанні ад паўночнай сталіцы * Удалае лячэнне — шлях да царскага двара


Па дарозе ў Расію, на Украіне, Саламея і выратаваны ёю прапаршчык павянчаліся і сталі мужам і жонкаю. Там Піхельштэйн паступіў на службу да вялікага літоўскага гетмана[19] князя Міхаіла Радзівіла, па мянушцы Рыбанька — так ён звычайна звяртаўся да іншых людзей. Князь вяртаецца ў Нясвіж і бярэ з сабою маладых, прызначыўшы Фартуната харужым, а Саламею «доктаркаю». Неўзабаве Саламея пакідае маленькую дачку ў бенедыкцінскім кляштары ў Нясвіжы і накіроўваецца ў Пецярбург. Яна забяспечыла сябе рзкамендацыйнымі лістамі рускага генерала Лівена, які быў тады ў ВКЛ, і жонкі магната Дуніна, уроджанай рускай князёўны Трубяцкой (яе цётка была замужам за князем Чаркаскім, кабінет-міністрам імператрыцы Анны Іванаўны).

У Рызе, якую лекарка назвала «дзівосным горадам», яна звярнулася да ліфляндскага генерал-губернатара Людольфа-Аўгуста Бісмарка. Гэта быў сваяк Эрнэста Бірона, усемагутнага фаварыта рускай імператрыцы. Бісмарк дазволіў Саламеі пабачыцца з турэцкімі палоннымі, якія знаходзіліся ў гарадской турме. Ад іх лекарка даведалася, дзе знаходзяцца русенскія туркі, пра вызваленне якіх збіралася паклапаціцца.

3 Рыгі шлях лекаркі ляжаў у Нарву. Як узнагароду за добрае лячэнне тут яна атрымала ад жонкі каменданта Шацілава Мар'і Юр'еўны ліст-рэкамендацыю ў Пецярбург да яе брата брыгадзіра[20] С. Ю. Караулава.

У тых, хто ўязджаў у маладую рускую сталіцу, старанна правяралі дакументы: такі быў указ імператрыцы Анны Іванаўны, што царавала ўжо дзевяты год. За горадам (а канчаўся ён на рацэ Фантанцы) пачасціліся выпадкі рабавання. У лясах за рэчкаю, уздоўж Перспектыўнага шляху ў кірунку да Аляксандра-Неўскага манастыра[21], на Нарвскай дарозе ўладальнікам лясных дзялянак загадала ссекчы дрэвы на трыццаць сажняў, «каб немагчыма было рабаўнікам рабіць нечаканыя драпежныя налёты».

Паперы Русецкай былі ў парадку. Ля каравульні, недалёка ад пад'ёмнага моста цераз Фантанку, вартавы пільна агледзеў падарожную, выдадзеную нарвскім камендантам на свабодны праезд. Ланцуговы мост са скрыпам апусціўся, і вазок падарожніцы павольна пакаціўся па вуліцах Пецярбурга.

Госця з цікавасцю разглядала незнаёмы горад: прыгожыя будынкі, акуратныя ўпарадкаваныя сады, вялікія плошчы, шырокія роўныя вуліцы. Уязджаючы на мост праз Вялікую Няву, Саламея вымушана была заплаціць за праезд. Адзіны пакуль што мост цераз гэтую раку пачынаўся ля Ісакіеўскай плошчы[22]. Яго зрабілі з баржаў-плашкоўтаў, пастаўленых на якары. Кожную вясну мост наводзілі, а ўвосень разбіралі. Для праходу суднаў мост разводзілі пасярэдзіне.

За мостам на Васільеўскім востраве бачыўся трохпавярховы будынак Летняга палаца. Не так даўно ён належаў усемагутнаму Меншыкаву. Палац не саступаў па сваёй прыгажосці Летняму палацу Пятра I, што стаяў ля ўваходу Фантанкі ў Няву. На франтоне меншыкаўскага палаца красаваліся вялікія статуі. Вазок лекаркі кіраваўся да 25-й лініі Васільеўскага вострава, да Шарамецьеўскага палаца — там здымаў кватэру брыгадзір Сямён Юр'евіч Караулаў.

Бадай, не было ніводнай рускай вайны, у якой не браў бы ўдзел за чвэрць стагоддзя адданай і вернай службы гэты смелы афіцэр. Ён вызначыўся ў марскім баі са шведамі пры Грэнгаме; у персідскім паходзе ўдзельнічаў у баях пад Дэрбентам, Баку і Рэштам. Караулаў быў чалавек адукаваны: за складзены вопіс персідскіх прыкаспійскіх правінцый атрымаў чын падпалкоўніка. У часы праўлення Анны Іванаўны служыў камендантам Кракава, удзельнічаў у аблозе Данцыга і ўзяцці Ачакава; тут быў паранены. На яго долю прыйшліся войны супраць Швецыі і Прусіі. Пад канец жыцця ён даслужыўся да звання генерал-паручніка і пасады чальца Ваеннай калегй.

Медыцынскія веды Саламеі вельмі спатрэбіліся ёй у доме брыгадзіра. Сям'і не шанцавала. Дзеці Караулава паміралі адзін за адным немаўлятамі. Якраз па прыездзе лекаркі жонка генерала нарадзіла сына, але хлопчык знаходзіўся ў цяжкім стане задухі (асфіксіі). Саламеі ўдалося ажывіць дзіця, накрыўшы яго дзежкай. Такое яна бачыла ў маладыя гады на радзіме, у Наваградскім краі.

Тры тыдні правяла лекарка ў гасцінных гаспадароў. Ёй казалі, што да імператрыцы патрапіць цяжка, што многія нават на працягу года не могуць падаць прашэнне.

Саламея прыехала ў Пецярбург, калі пры імператарскім двары панавала нямецкае засілле. Невялікага розуму, лянівая і малаадукаваная Анна Іванаўна мала клапацілася пра дзяржаўныя справы, а больш захаплялася балямі ды забавамі. Апірышчам яе трону былі ў асноўным прыбалтыйскія бароны нямецкага паходжання. На чале з Біронам і міністрам Остэрманам яны па сутнасці і кіравалі дзяржавай.

На думку Караулавых, дапамагчы Саламеі магла б княгіня Мар'я Юр'еўна Чаркаская, жонка адзінага тады рускага ў кабінеце міністраў імператрыцы, шасцідзесяцігадовага Аляксея Міхайлавіча Чаркаскага. Князь Чаркаскі карыстаўся пашанаю царыцы. Ён дапамог ёй пазбавіцца ад абмежавання імперскай улады некалькімі магнатамі-«вярхоўнікамі». Слабавольны, угодлівы і нерашучы, князь Чаркаскі ніякай ролі ў вырашэнні дзяржаўных спраў не іграў. Дзякуючы гэтаму ён перажыў не толькі Анну Іванаўну, але і кароткачасовае цараванне яе пляменніцы Анны Леапольдаўны і прадягваў служыць пры імператрыцы Лізавеце Пятроўне аж да самай смерці.

Міністр двара Анны Іванаўны А. П. Валынскі так характарызаваў Чаркаскага: «Сёння яго прызначаць, заўтра пастрыгуць — ён за ўсё пра ўсё маўчыць і нічога не гаворыць». Жонка Чаркаскага была дачкою аднаго з паплечнікаў Пятра I князя Юрыя Трубяцкога. Лекарку папярэджвалі, што княгіня вызначаецца цяжкім і злосным характарам, здзекваецца са сваіх слуг. Але іншага выйсця не было. Даводзілася ехаць на паклон да капрызнай княгіні. Адзіным спадзяваннем на поспех было тое, што Чаркаскай падабалася мець сярод сваёй прыслугі чужаземцаў. Як толькі жонка брыгадзіра акрыяла пасля родаў, яна разам з лекаркай паехала ў палац Чаркаскіх. Саламея піша, што палац стаяў на Мільённай вуліцы[23] непадалёку ад Зімовага палаца — трэцяга па ліку, які знаходзіўся на месцы цяперашняга Эрмітажнага тэатра.

Княгіня Чаркаская распытала Саламею, хто яна такая, а калі даведалася, што госця — лекарка, прыняла яе на службу. Вядома, паспрыялі гэтаму і рэкамендацыйныя лісты, якімі Русецкая запаслася ў Вільні. Жанчыну ўразіла раскоша і багацце Чаркаскіх. Сапраўды, яны належалі да вельмі багатых сямействаў у Расіі. Лекарка здолела палегчыць стан хваравітай княгіні, якую мучылі галавакружэнні. Менавіта з прычыны пакутнага галаўнога болю Мар'я Юр'еўна стала рэдка бываць у палацы Анны Іванаўны. А падазроная царыца звычайна не даравала няўвагі да сваёй персоны. Паздаравелая, вясёлая княгіня ў часе прыёму ў царскім палацыне забылася пахваліць Саламею.

У сваіх запісхах Саламея аддае шмат увагі апісанню Пецярбурга, звычаям рускіх людзей, згадвае папулярныя сярод насельніцтва расказы пра Пятра I, да асобы якога мела вялікую павагу, як і да ўсяго рускага.

Саламея піша, што «той імператар Пятро Аляксеевіч пры жыцці сваім краіну вельмі хораша і годна перарабіў, даў мундзіры войску свайму і муштры ім загадаў вучыцца, розных настаўнікаў, гэта значыць французаў, немцаў, італьянцаў і лаціннікаў, дзеля моў розных і бліску запрасіў у сваю краіну, гэта я сама бачыла ў Пецярбурзе; амаль у кожнага афіцэра або купца розныя настаўнікі і танцмайстры, амаль у кожным доме, не кажучы ўжо пра штаб-афіцэраў ці міністраў.

Ёсць розныя фабрыкі, я сама купляла аксаміт, градэтур[24], залатыя галуны, кутасы залатыя з фабрыкі з Пецярбурга; і там, дзе былі балоты і дрыгва, усюды паўставалі мураваныя і драўляныя дамы, дарогі ўтрамбаваныя пяском, на адной мілі пяць слупоў стаяць з надпісамі па-руску, па-нямецку і па-лацінску, куды ехаць і ці далёка, на дарозе часта стаяць аўстэрыі (корчмы) з мноствам выгод, і ўсё танна, нельга даражэй прадаваць, бо на дзвярах вывешана такса, мера вызначана, а бедным спадарожнікам і дарма даюць піць і есці.

Пецярбург такі прыгожы, такі велічны стаіць над ракой Нявой. Ён прыгажэйшы і больш прывабны, чым Стамбул і Вена, ў Аўстрыі. Які ён цудоўны і акуратны, такія доўгія вуліцы на некалькі сотняў[25] мураваных дамоў або палацаў, па даўжыні ўсе роўныя, у вышыню і адзін ля аднаго роуна стаяць, так, што здаюцца суцэльнай сцяною. Некаторыя палацы накрытыя меднаю бляхай. Каля кожнага дома растуць дрэвы (ліпы), каб у самы моцны дождж чалавек, ідучы, не прамок. Вуліцы такія шырокія, што шэсць карэт размінуцца могуць. Нідзе няма ніякага смецця ці бруду, бо калі просты селянін з горада выязджае, то мусіць даць дзве капейкі, а калі возьме смецце або гною, нават жменю, то ўжо дзвюх капеек не дае, а калі ў горад селянін уязджае, то мусіць прывезці дрэва або камень, а калі не прывязе, то павінны даць дзве капейкі, а тое дрэва і камень ідуць на рамонт маставых на маленькіх вуліцах.

Хлеб, мяса, рыба, сыр, масла — усё вельмі таннае, садавіны трохі нестае, але вялікая вольнасць і спакой для добрых людзей хадзіць і ездзіць. Людзі прыязныя, ветлівыя».

Такі ідылічны малюнак, вядома, не зусім адпавядаў тагачашай рэчаіснасці. Але не будзем вінаваціць у гэтым Русецкую. Суб'ектывізм тут непазбежны. Нічога дзіўнага ў тым, што на яе ацэнкі і высновы ўплывала асяроддзе багатых, заможных людзей, сярод якіх яна знаходзілася.

Загрузка...